Версия для печати

журнал международного права и международных отношений 2008 — № 3


международные отношения — трибуна молодых

Татары і цыганы на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага: прававы і сацыяльны статус

Яўгеній Чэрвінскі

Аўтар:
Чэрвінскі Яўгеній Васільевіч — курсант следча-экспертнага факультэта Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, пераможца конкурса работ для студэнтаў і аспірантаў па праблематыцы, якая звязана з пытаннямі бежанцаў

Сёння Рэспубліка Беларусь з’яўляецца поліэтнічнай краінай, у якой, паводле перапісу 1999 г., этнічныя меншасці складаюць каля 20 % ад усяго насельніцтва [5, с. 45]. Пытанне, як на нашай тэрыторыі з’явіліся гэтыя супольнасці, патрабуе глыбокага аналізу. На працягу стагоддзяў на тэрыторыю Беларусі па розных прычынах прыходзілі шматлікія народы. Адбывалася гэта ў розных формах: ад простай міграцыі да прымусовага перасялення падчас ваенных паходаў. Усё залежыла ад гістарычных умоў развіцця грамадства, палітыкі той ці іншай краіны адносна свайго насельніцтва, ад тых, хто кіраваў (шляхта, магнаты) дзяржавай, і шмат іншага. Аднымі з самых цікавых гістарычных меншасцей з’яўляюцца татары і цыганы.

У артыкуле аўтар спрабуе прадставіць храналогію з’яўлення татараў і цыган на землях Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ), адносіны да іх з боку дзяржавы, прававы статус і сацыяльную структуру меншасцей. Найбольш вядомымі даследчыкамі ў гэтай сферы можна назваць Я. Гембіцкага [2], І. Даніловіча [3], З. Даўгялу [4], А. Мухлінскага [6] і інш.

Асноўнымі крыніцамі па вывучэнню становішча татараў у Беларусі з’яўляюцца перш за ўсё прывілеі вялікіх князёў літоўскіх і каралёў Рэчы Паспалітай, Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588 гг.

Татары на беларускіх землях пасяліліся напрыканцы XIV—XV стст. у выніку ўнутрыпалітычных канфліктаў у Залатой Ардзе. Прычым з’явіліся яны на землях ВКЛ не як захопнікі, а былі запрошаны для службы ў яго войска. Першапачаткова гэта былі прадстаўнікі ардынскай палітычнай эліты са сваімі паплечнікамі, якія пацярпелі паражэнне ў барацьбе за ўладу [5, с. 47—48]. Татары, у большасці прадстаўнікі шляхетных татарскіх родаў, якія сяліліся ў ВКЛ, прыходзілі з Залатой Арды і Крыма. Прычыны міграцыі былі розныя: напрыклад, запрашэнне на ваенную службу, стан ваеннапалонных, уцёкі ад міжусобіц.

У 1387 г. на тэрыторыі ВКЛ апынуўся зрынуты Цімурам падчас міжусобіцы ў Залатой Ардзе хан Тахтамыш. Ён прыйшоў да Вітаўта са сваёй сям’ёй, паплечнікамі, атрадам. Хан прапанаваў літоўскаму князю дапамагчы яму, Тахтамышу, атрымаць золатаардынскі трон у абмен на далучэнне да ВКЛ залежнай ад Арды Маскоўскай дзяржавы [1, с. 19].

У 1387 г. Вітаўт зрабіў рэйд у Кіпчакскія стэпы і накіраваў у Літву некалькі тысяч паланёных татараў з сем’ямі, жывёламі. Улетку 1389 г. ён адправіўся з войскам у Крым і ўзяў у палон некалькі сот караімскіх сем’яў. Акрамя Вільні, татары былі паселены ў раёне Трок, Ашмян, Крэва, Ліды, на мяжы з Тэўтонскім ордэнам [9, с. 36—39]. Таксама іх паселішчы існавалі ў раёне Менска, Свету, Койданава, Мсціслава. Пазней, пасля разгрому татараў пад Клецкам М. Глінскім у 1506 г., палонныя былі паселены ў Клецку, Менску і іншых месцах [6, с. 19].

Заснаваўшы паселішча для татараў, кіраўніцтва дзяржавы стварыла спрыяльныя ўмовы для развіцця іх культуры, а таксама сацыяльнай аховы. Знатнае паходжанне і ваенная служба на карысць вялікага князя дазволілі татарам арганічна ўвайсці ў сістэму феадальных зносін ВКЛ.

6 жніўня 1399 г. на рацэ Ворксле (Украіна) войска Вітаўта сустрэлася з конніцай хана Цімура Кутлага, на дапамогу якому падышоў хан Едыгей. 12 жніўня адбылася бітва, якая скончылася паражэннем ВКЛ. Пасля няўдачы на Ворксле краіна апынулася пад сур’ёзнай пагрозай з поўдня — з боку татараў і з поўначы — з боку крыжакоў. Аднак аб’яднанне ВКЛ з Каронай Польскай і разгром Лівонскага ордэна пад Грунвальдам адкрылі новыя перспектывы для захавання і ўмацавання дзяржавы. У Грунвальдскай бітве татары ўнеслі свой ўклад ў разгром крыжакоў. Па некаторых дадзеных, сякера татарскага хана Багардзіна рассекла чэрап магістра Лівонскага ордэна Ульрыка фон Юнгінгена [8, с. 92—93].

Сацыяльны падзел аселых у ВКЛ татараў амаль супадаў з іх племянным падзелам: 1) вышэйшая група, самая малая па колькасці, складалася з царэвічаў і князёў, ці бэкаў ханскіх родаў; 2) другая група складалася з мурзаў, уланаў і юшынаў, была прывілеяванай у сваіх ордах, розныя вышэйшыя пасады ў войску належалі яе прадстаўнікам; 3) у трэцюю ўваходзілі жаўнеры, якія наймаліся вялікімі князямі ці прысылаліся ханамі для вайсковай дапамогі і заставаліся на далейшае жыццё ў краіне. Да іх трэба аднесці таксама казакаў, пераважную колькасць добраахвотных асаднікаў і палонных татараў [6, c. 22—24].

Татары, якія належалі да вышэйшай групы, — царэвічы і князі, ці бэкі, надзяляліся на Беларусі дварамі і вёскамі з падданымі. Уланы, мурзы і юшыны атрымлівалі пераважна двары і пусткі, але ў значна меншай колькасці, чым прадстаўнікі першай групы. Жаўнеры, добраахвотныя асаднікі і палонныя татары ў валасцях атрымлівалі такія надзелы зямлі, прыбытак з якіх мог задаволіць толькі іх сціплыя патрабаванні. Палонным татарам, паселеным пераважна ў мястэчках і гарадах, давалася зямля пад сядзібы і гароды. Пры гэтым татары надзяляліся зямлёю, якая была вызвалена ад падаткаў і спагнанняў. Царэвічы і князі, ці бэкі, як татарскія казакі, атрымлівалі двары ў спадчыннае ўладанне, а вёскі — у леннае. Уланам, мурзам і юшынам двары і вёскі даваліся толькі ў леннае ўладанне. Простыя татары, якія былі паселены ў валасцях, атрымоўвалі надзелы зямлі таксама ў леннае ўладанне. Татары, якія атрымалі зямлю, былі абавязаны несці татарскую земскую службу. У выпадку абвяшчэння «посполитого рушенья» усе яны павінны былі з’яўляцца на вайну ўзброенымі, на конях і служыць без пенсіі [8, с. 25].

Згодна аднаго з артыкулаў Літоўскага Статута 1529 г. татарам і яўрэям забаранялася выступаць на судзе сведкамі супраць хрысціян, а артыкулам 6 (раздз. XII) забаранялася купляць хрысціян у няволю. Абмежаванне праў татараў Статутам 1529 г. тлумачыцца тым, што гэтая рэдакцыя Статута была складзена для замацавання ў заканадаўстве праў і прывілеяў паноў. Забараняючы татарам і яўрэям выступаць сведкамі ў судзе, паны імкнуліся забраць іх зямлі, што здзяйснялася магнатамі больш ці менш рашуча ў залежнасці ад таго, наколькі яўрэі і татары мелі магчымасць разлічваць на абарону караля і наколькі сам кароль эканамічна залежаў ад магнатаў і шляхты і карыстаўся павагай сярод насельніцтва. Гэта пацвярджаецца Статутам другой рэдакцыі (1566 г.), дзе забаранялася прызначэнне яўрэяў і татар на дзяржаўныя пасады [2, с. 9—10].

Адным з народаў, якія на працягу стагоддзяў жывуць на тэррыторыі Беларусі, з’яўляюцца цыганы. Згодна цыганскіх паданняў яны належаць да народа сінтэ, але звычайна называюць сябе «рома». Гэты своеасаблівы народ, нягледзячы на адсутнасць сваёй дзяржавы, захаваў мову і традыцыі. Аднак цыганы добра валодаюць мовай таго народа, сярод якога жывуць.

Першы дакумент, у якім згадваюцца цыганы на Беларусі, датуецца 25 мая 1501 г. Гэта прывілей вялікага князя літоўскага Аляксандра. Прывілей захоўваўся ў Нясвіжскім архіве Радзівілаў і быў надрукаваны ў Вільні Даніловічам у працы аб цыганах на польскай мове [3, с. 183].

Усебаковы аналіз прывілея Аляксандра дазваляе зрабіць наступныя вывады:

1) у цыган, якія былі ў ВКЛ у 1501 г., быў адзін войт. Вялікакняская грамата лічыць адпавядаючым справе пісаць «войт Васіль і яго цыганы» — гэта выразна падкрэслівае нейкую асобную ўладу названага Васіля над цыганамі [4, с. 28]. І недарма ён атрымлівае зацверджанне ў сваім урадзе ад вышэйшай улады ў дзяржаве. Гэта сведчыць аб існаванні арганізацыі паміж цыганамі;

2) цыганы ў 1501 г. з’яўляюцца для літоўска-беларускай улады досыць вядомымі з боку іх арганізацыі. Значыць, было добра вядома, хто і адкуль гэтыя вандроўныя людзі. Мала гэтага, было вядома аб нейкіх даўніх правах, звычаях і даўніх княскіх лістах цыганам на свабоду ва ўсіх землях і валасцях вандраваць, жыць і карыстацца забяспячэннем дзяржаўнага законапарадку.

Паколькі ў грамаце згадваюцца «даўнія лісты», «правы і звычаі», можна выказаць здагадку, што цыгане пражывалі ў ВКЛ і раней, да паказанай пастановы;

3) відаць, што гэтыя адносіны не маглі ўтварыцца раптам у 1501 г. Нявольна думка схіляецца да таго, што спатканне з княскім дваром, з літоўска-беларускім урадам было не ў часы Аляксандра Казіміравіча (1492—1501), а значна раней і што цыганы мелі ад літоўска-беларускага князя і ўраду дзеля свайго жыцця на Беларусі такія граматы, якія ў 1501 г. лічыліся «даўнімі лістамі», «даўнімі правамі». На жаль, у гэтым прывілею не паказаны даты гэтых «даўніх лістоў».

На падставе ўсяго сказанага, трэба прыйсці да перакананняў, што цыганы з’явіліся на беларуска-літоўскай тэрыторыі значна раней, чым у часы вялікага князя Аляксандра. Магчыма, пры яго бацьку Казіміру (1444—1492), а можа і ў часы Вітаўта (1392—1430). Прыйшлі яны сюды як вольны народ, і ім была аказана значная дапамога дзеля наладжвання самастойнага жыцця ў межах дагэтуль невядомай ім краіны.

Большасць цыганоў качавалі, што абумоўлівала і стыль іх жыцця. Гэта адмоўна ўспрымалася ўладамі і карэнным насельніцтвам краін. У актавых дакументах сустракаюцца эпітэты «жебраки», «люди ненужные и праздные», «воры», «проводники для злого дела» [4, с. 27—28]. Улады спрабавалі забараніць цыганам качаваць, але беспаспяхова. У еўрапейскіх дзяржавах да канца XVI ст. існавалі жорсткія законы, накіраваныя супраць цыганоў. Яны паўсюдна падвяргаліся ганенням, забойства цыгана не лічылася злачынствам.

Больш спакойным было становішча гэтай этнічнай групы на тэрыторыі ВКЛ. Тут цыганы славіліся як добрыя кавалі, конюхі, ювеліры, музыкі, спевакі, танцоры, варажбіты. Гістарычныя крыніцы сведчаць, што цыганы, як і татары, перасяліўшыся на тэрыторыю ВКЛ, адразу былі надзелены значнымі правамі і самакіраваннем. Такім чынам, палітыка аўтарытэтных колаў дзяржавы дазволіла стварыць асобыя ўмовы для прышлага народа, спрыяльныя для самастойнага развіцця.

Аднак з паловы XVI ст. назіраецца пералом у адносінах улады да цыганоў. У Польшчы ўжо ў 1557 г. быў выдадзены закон з адзначэннем цыган як «людзей непатрэбных» [4, с. 29]. Пад уплывам актавых дакументаў мяняюцца адносіны і на Беларусі. Тут у 1565 г. абвешчана ўрадам наступнае: «Калі які стараста выганіць цыганоў, каб іх ніхто не прымаў» [4, с. 30—31].

У 1566 г. прыняты закон, якім было забаронена забіраць цыганоў у войска. Цыганы, якія жабравалі, звальняліся ад падаткаў. Злодзеяў і шпіёнаў прапаноўвалася выганяць. Усе іншыя цыганы, якія заставаліся ў дзяржаве і не імкнуліся выходзіць па-за яе межы, павінны былі заставацца пад панамі, князямі, шляхтай або гаспадаром. У 1577 г. было абвешчана: «цыганы маюць быць выгнаны з зямлі і ніколі не прыпушчаны да яе» [4, с. 30]. Цыганы папалі ў шэраг бяспраўных: яны не мелі права карыстацца прадуктамі спажывання з зямлі.

Усе гэтыя законы і актавыя дакументы знайшлі працяг у артыкуле 35 Статута 1588 г. (раздз. XIV) «Аб цыганах» [7, с. 196—207]. У раздзеле 14 (арт. 35) забараняўся ўваход у землі вандроўных цыган, асуджалася іх схільнасць да падману і г. д. За парушэнне артыкула Статута прадугледжваўся штраф гаспадару ў памеры 12 драбяз [7, с. 207]. Застаецца пытанне: чаму цыганы не пакінулі ВКЛ пасля таго, калі адносіны паміж уладай і імі сталі напружанымі? Мабыць, становішча цыганоў у ВКЛ з’яўлялася лепшым, чым у іншых краінах? Для адказу на гэтае пытанне трэба глыбей прааналізаваць гістарычныя крыніцы не толькі ВКЛ, але і іншых краін, на тэрыторыі якіх размяшчаліся цыгане.

Такім чынам, можна адзначыць, што татары, якія прыйшлі на тэрыторыю Беларусі, граючы значную ролю у дзяржаве, с цягам часу перайшлі ад нацыянальнай супольнасці да сацыяльнай групоўкі, якая займала дастаткова высокае месца ў краіне. Татары, якія належалі да вышэйшай групы — царэвічаў і князёў, ці бэкаў, амаль прыраўноўваліся да мясцовых магнатаў, мелі практычна тыя ж правы, сацыяльнае становішча.

Аглядаючы гістарычны шлях, якім прайшлі цыганы на Беларусі, трэба адзначыць, што ён быў складаным і цяжкім. Цыганы маюць надзвычай багатую гісторыю і, нягледзячы на палітыку дзяржаўных дзеячаў, не страцілі сваю самабытнасць, паўплываўшы на культуру, звычаі і побыт насельніцтва ВКЛ. Яны паклалі сваю «манету» ў агульную скарбонку нашай краіны, паспрыяўшы стварэнню талерантнага шматэтнічнага грамадства. На жаль, грунтоўных даследаванняў па гэтай праблеме пакуль недастаткова. Трэба спадзявацца, што яна прыцягне большую цікавасць даследчыкаў.

Літаратура

1. Акты, издаваемые Виленскою комиссиею для разбора древних актов. Т. 31: Акты о литовских татарах. Вильна: Тип. «Русский почин», 1906.
2. Гембіцкі, Я. Да пытання аб сацыяльна-эканамічным стане беларускіх татар у сярэднявеччы // Зап. аддз. гуман. навук БАН. Мінск, 1929.
3. Данилович, И. Цыгане // Северный Архив. СПб.: Типография Н. Греча, 1826. № 2. С. 180—195.
4. Даўгяла, З. І. Цыганы на Беларусі // Наш край. 1926. № 12. С. 23—34.
5. Захарэвіч, С. А. Традыцыйная культура этнічных меншасцей Беларусі ў XIV—XVIII cтст. // Бел. гіст. часопіс. 2005. № 10. С. 45—50.
6. Мухлинский, А. О. Исследование о происхождении и состоянии литовских татар. [Репринт. изд.]. Минск, 1993.
7. Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 / пер. на сучасную бел. мову А. С. Шагун. Мінск: Беларусь, 2005.
8. Тарасаў, К. Памяць пра легенды. Постаці беларускай мінуўшчыны. Мінск: Полымя, 1990.
9. Черты из истории и жизни литовского народа / Виленский губернский статистический комитет; сост. А. Мухлин. Вильна: Тип. Осипа Завадского, 1854.

 
 
3
2
1
Телефоны "горячей линии"
Памятка для украинцев