Версия для печати

Белорусский журнал международного права и международных отношений 2001 — № 1


международные отношения

БЕЛАРУСКАЯ ДЗЯРЖАЎНАСЦЬ

 І ДЫПЛАМАТЫЯ Ў XX ст.

Уладзімір Снапкоўскі

Снапкоўскі Уладзімір Еўдакімавіч — доктар гістарычных навук, прафесар кафедры міжнародных адносін факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага універсітэта

Ля вытокаў адраджэння дзяржаўнасці. У пачатку XX ст. слабасць нацыянальна-вызваленчага руху, які арыентаваўся больш на суседнія дзяржавы (Расію, Польшчу, Літву), чым на поўную дзяржаўную незалежнасць Беларусі, а таксама неспрыяльныя геапалітычныя абставіны абумовілі цяжкія, драматычныя шляхі адраджэння нацыянальнай дзяржаўнасці.

Спрыяльныя ўмовы для аднаўлення беларускай дзяржаўнасці склаліся ў канцы Першай сусветнай вайны, якая прывяла да аслаблення і распаду Расійскай імперыі. У гады вайны ідэя незалежнасці прайшла прыкметную эвалюцыю. У 1915 г. у Вільні браты Антон і Іван Луцкевічы стварылі Канфедэрацыю ВКЛ, палітычную арганізацыю, якая дамагалася ўтварэння Беларуска-Літоўскай дзяржавы на федэратыўнай аснове. У 1916 г. лідэры ўкраінскага (М. Грушэўскі) і беларускага (А. Луцкевіч) нацыянальнага руху вылучылі ідэю Злучаных штатаў ад Балтыйскага да Чорнага мора, ці Балтыйска-Чарнаморскай садружнасці. Паводле гэтага плана меркавалася стварэнне пасля заканчэння вайны эканамічнай і палітычнай супольнасці ў складзе незалежных дзяржаў — Беларусі, Літвы, Латвіі і Украіны. Гэта нечым напамінала мадэрнізаваную ідэю аднаўлення ВКЛ.

Але логіка падзей у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе вяла да стварэння нацыянальных дзяржаў. У 1917 г. група нацыянальных дзеячаў на чале з Вацлавам Ластоўскім адмовілася ад канфедэратыўных і федэратыўных планаў і выступіла за поўную дзяржаўную незалежнасць Беларусі ў яе этнаграфічных межах. Тым не менш большасць прадстаўнікоў нацыянальнага руху працягвала стаяць на пазіцыях аўтаноміі Беларусі ў складзе Расійскай дэмакратычнай федэратыўнай рэспублікі. Усебеларускі з’езд у снежні 1917 г. сфармуляваў ідэю Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) як аўтаномнай адзінкі Расійскай дэмакратычнай рэспублікі.

Незалежніцкія настроі ў беларускім нацыянальным руху ўзмацніліся пасля разгону бальшавікамі Усебеларускага з’езда ў снежні 1917 г. і падпісання ў сакавіку 1918 г. Брэсцкага мірнага дагавора паміж Савецкай Расіяй і дзяржавамі германскага блока. Беларускія дзеячы ўзялі курс на аддзяленне ад Расіі і абвяшчэнне дзяржаўнай незалежнасці Беларусі. 25 сакавіка 1918 г. была прынята Трэцяя Устаўная грамата БНР, паводле якой Беларусь абвяшчалася незалежнай і свабоднай дзяржавай, старыя дзяржаўныя сувязі з Расіяй скасоўваліся.

Веліч і трагедыя БНР. Беларуская Народная Рэспубліка з’явілася першай спробай адраджэння беларускай дзяржаўнасці ў XX ст. Яна нарадзілася ў неспрыяльных знешнепалітычных абставінах, ва ўмовах нямецкай акупацыі і непрызнання з боку бальшавікоў права беларускага народа на самавызначэнне. Пад уціскам знешніх абставін БНР не змагла аформіцца як суверэнная і незалежная дзяржава і даволі хутка яе кіруючыя органы павінны былі эмігрыраваць з тэрыторыі Беларусі. Яна не змагла атрымаць шырокага міжнароднага прызнання, а яе ўрад не здолеў вывесці беларускае пытанне на міжнародную арэну.

Разам з тым абвяшчэнне БНР і яе дзейнасць (як унутры краіны, так і за яе межамі) маюць вялікае гістарычнае значэнне. З прыняццем Трэцяй Устаўной граматы да народаў Беларусі 25 сакавіка 1918 г. беларуская нацыянальная ідэя ўвасобілася ў акт стварэння новай незалежнай дзяржавы. Канстытуіраванне БНР адбывалася на ўсіх беларускіх этнічных землях у форме дэмакратычнай, парламенцкай рэспублікі. Знешняя палітыка і дыпламатыя БНР былі накіраваны на міжнароднае прызнанне рэспублікі, абарону яе суверэнных правоў, барацьбу за незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі. Найбольш актыўна яны ажыццяўляліся ў 1918—1923 гг., потым працягваліся толькі ў форме эпізадычных актаў.

Адной з прычын унутранай слабасці БНР была адсутнасць адзінства поглядаў і дзеянняў у яе кіраўніцтве. Яно падзялялася паміж прыхільнікамі рознай знешнепалітычнай арыентацыі (на Расію, Польшчу, Германію, Літву), аслаблялася ўнутрыпалітычнымі і асабістымі (асабліва ў час эміграцыі) канфліктамі. Будаўніцтва незалежнай беларускай дзяржавы на ўласна нацыянальным грунце ва ўмовах слабасці нацыянальнай свядомасці насельніцтва і акупацыі розных частак яе тэрыторыі практычна ўсімі суседнімі дзяржавамі не магло прынесці поспеху. Але абвешчаны сімвал беларускай дзяржаўнасці ў выглядзе БНР зрабіу сваю справу. Гэтага не маглі не улічваць бальшавікі, калі вярнуліся ў Мінск у снежні 1918 г.

Знешнепалітычная дзейнасць БССР. Знешнепалітычныя меркаванні мелі вырашальнае значэнне ў планах ленінскага ўрада Савецкай Paciі па стварэнні Беларускай савецкай дзяржавы. У канцы 1918 г. ва ўрадзе РСФСР атрымала дамінаванне думка аб неабходнасці стварэння на заходніх межах савецкай дзяржавы ланцуга буферных савецкіх рэспублік, каб пазбавіць капіталістычныя краіны прамога кантакту з бальшавіцкай Paciяй. Абвяшчэнне Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь 1 студзеня 1919 г. мела сваёй мэтай з пункту погляду міжнароднага становішча Савецкай Paciі "замкнуть цепь советски самоопределившихся образований". Такі аргумент быў сфармуляваны І з’ездам КП(б)Б у сувязі з рашэннем аб пераўтварэнні Заходняй камуны ў самастойную ССРБ. Палітыка Савецкай Paciі ў беларускім пытанні з’яўлялася самым важным знешнепалітычным фактарам, які прадвызначаў дзяржаватворныя працэсы на тэрыторыі Беларусі.

У 1919—1929 гг. знешнепалітычная дзейнасць БССР зведала прыкметную эвалюцыю. Першы этап яе станаўлення ахопліваў 1919—1922 гг. У гэты час, асабліва ў 1921—1922 гг., адбыўся выхад Беларускай савецкай дзяржавы на міжнародную арэну. Але гэты выхад быў даволі сціплым і праяўляўся пераважна ва ўзаемаадносінах БССР з суседнімі дзяржавамі Усходняй Еўропы. Рэспубліка атрымала юрыдычнае прызнанне сваёй незалежнасці з боку РСФСР і іншых савецкіх рэспублік, а таксама Польшчы і Германіі. Адносіны дэ-факта падтрымліваліся з шэрагам еўрапейскіх краін. БССР прымала самы актыўны ўдзел у фарміраванні федэратыўных адносін з РСФСР і іншымі савецкімі рэспублікамі, складванні іх дыпламатычнага саюза, стварэнні Саюза ССР.

Знешнепалітычная дзейнасць БССР у 1919—1922 гг. адбывалася ў вельмі складаных міжнародных і ўнутраных умовах, кантэксце дзяржаватворных працэсаў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, замежнай інтэрвенцыі і вострай палітычнай барацьбы па пытаннях нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва на тэрыторыі Беларусі. Створаная па волі і ў знешнепалітычных інтарэсах Савецкай Расіі, Савецкая Беларусь выступала ў рэгіянальнай палітыцы як праваднік знешнепалітычнай лініі Масквы.

Для большасці кіраўнікоў БССР былі ўласцівы нацыянальны нігілізм і гатоўнасць ахвяраваць нацыянальна-дзяржаўнымі інтарэсамі беларускага народа на карысць справы рэвалюцыі ў Савецкай Расіі і ва ўсім свеце. Увогуле паняцці "нацыянальныя інтарэсы" ці "знешняя палітыка Беларусі" былі чужымі і незразумелымі для бальшавіцкага кіраўніцтва БССР, значная частка якога пры тым не была беларусамі па паходжанні. Незайздросная роля аб’екта замежнай палітыкі больш моцных дзяржаў і становішча буфернай дзяржавы паміж РСФСР і Захадам прадвызначылі падзелы тэрыторыі Беларусі ў 1919—1921 гг., самым глыбокім з якіх быў Рыжскі мір.

Дыпламатычная служба БССР фарміравалася таксама пад вырашальным уплывам РСФСР і ў кантэксце складвання федэратыўных адносін паміж дзвюма рэспублікамі. У рамках дыпламатычнага саюза савецкіх рэспублік БССР дэлегавала сваі знешнепалітычныя паўнамоцтвы РСФСР. Але адначасова рэспубліка ажыццяўляла і пэўныя самастойныя акцыі ў адносінах з суседнімі дзяржавамі.

Пасля ўваходжання ў склад СССР пачаўся новы этап знешнепалітычнай актыўнасці БССР. Яна ў адрозненне ад УССР не настойвала на захаванні свайго дыпламатычнага ведамства, як і ўвогуле знешнепалітычнай самастойнасці ў складзе СССР. З 1923 г. знешнепалітычная дзейнасць БССР хутка затухае і фактычна спыняецца. У 1920-я гг. развіваюцца замежныя эканамічныя і культурныя сувязі рэспублікі, але і яны значна аслабляюцца ў канцы дзесяцігоддзя. Суверэнітэт БССР набывае чыста фармальны і дэкларатыўны характар. З усталяваннем ваенна-бюракратычнай мадэлі сацыялізму ў СССР, умацаваннем унітарызму ў развіцці савецкай федэрацыі і нарастаннем пагрозы вайны рэспубліка пападае ў міжнародную ізаляцыю.

Дзве дзяржавы — дзве ідэі і дзве дыпламатыі. У 1918—1925 гг. адраджэнне і станаўленне беларускай дзяржаўнасці адбылося ў дзвюх формах — БНР і БССР. У той час, калі БНР з’яўлялася ўвасабленнем нацыянальнай ідэі, ідэі стварэння нацыянальнай дэмакратычнай дзяржавы, БССР сваім нараджэннем абавязана Савецкай Расіі і ідэям камунізму. Супрацьлегласць нацыяналізму і камунізму абумовіла варожыя адносіны паміж БНР і БССР і непрызнанне іх адна адной.

Характар абедзвюх беларускіх дзяржаў асабліва яскрава праяўляўся ў іх знешняй палітыцы. БНР дзейнічала ў інтарэсах беларускай нацыі, непадзельнасці і незалежнасці Беларусі, а цэнтр прыняцця знешнепалітычных рашэнняў знаходзіўся ў беларускіх руках. Стваральнікі БССР не лічылі беларусаў самастойнай нацыяй, кіраваліся камуністычнай ідэяй-утопіяй аб зліцці нацый і дзяржаў. Яны (маецца на ўвазе перш за ўсё плынь камуністаў-інтэрнацыяналістаў) выступалі з пазіцый нацыянальнага нігілізму і ахвотна ахвяравалі беларускімі тэрыторыямі дзеля інтарэсаў сусветнай рэвалюцыі і яе аплоту — Савецкай Расіі.

Уваходжанне БССР у склад СССР з’явілася, па сутнасці, вяртаннем у імперыю. Нягледзячы на фармальны суверэнітэт, канстытуцыйнае права выхаду з СССР, Савецкая Беларусь не мела рэальных правоў у савецкай унітарнай дзяржаве імперскага тыпу. Пасля кароткачасовай беларусізацыі ў 1930-я гг. узмацнілася русіфікацыя і барацьба з беларускім нацыяналізмам, які на самай справе быў слабай формай патрыятызму. У сталінскай імперыі беларуская дзяржаўнасць не мела перспектыў развіцця.

Але БССР, як саюзная рэспубліка ў межах СССР, аказалася больш трывалым дзяржаўным утварэннем, чым БНР. Яна праіснавала да 1991 г., даўшы пачатак новай беларускай дзяржаве пад назвай Рэспубліка Беларусь. Канец існавання СССР і "сацыялістычнай сістэмы" ўвасабляў сабой гістарычнае паражэнне камуністычнай ідэалагіі на вялікай частцы еўразійскай прасторы. Станаўленне новых незалежных дзяржаў адбывалася на ідэалагічным грунце адраджэння дзяржаўнага нацыяналізму, які мае патрыятычны, канструктыўны характар для народаў, што стагоддзямі былі прыгнечаны імперскай сістэмай улады, імперскай ідэалогіяй і вялікадзяржаўнай гістарычнай традыцыяй.

Рэспубліка Беларусь за дзесяцігадовы перыяд свайго існавання не выпрацавала дзяржаўнай, агульнанацыянальнай ідэалогіі, якая б змагла аб’яднаць асноўную частку эліты і беларускага грамадства. Палітычныя і інтэлектуальныя эліты іншых постсавецкіх дзяржаў з’яўляюцца больш кансалідаванымі вакол нацыянальнай ідэі, чым у сучаснай Беларусі. Гэта таксама адна з прычын вельмі павольнага працэсу трансфармацыі краіны, якая больш напамінае таптанне на месцы ці часам нават адкат назад, чым рух наперад.

У гады Другой сусветнай вайны Беларусь з’яўлялася аб’ектам геапалітычных "разборак", а потым і тэатрам ваенных дзеянняў паміж СССР і Германіяй. Гэтая вайна пачалася з гістарычна справядлівай для беларускага народа падзеі — уз’яднання Заходняй Беларусі з БССР, якая, аднак, была дасягнута сродкамі імперскай палітыкі, стала вынікам зговару дыктатарскіх рэжымаў Сталіна і Гітлера. Літаральна праз некалькі тыдняў уз’яднанай Беларусі давялося заплаціць за "вызваленчы паход" Чырвонай Арміі перадачай Віленшчыны з Вільняй, а потым і іншых беларускіх зямель, што былі ўключаны ў склад Літоўскай ССР. Гэта была ўжо плата Беларусі за інкарпарацыю Літвы ў склад СССР.

З пачаткам савецка-германскай вайны Беларусь спазнала іншы варыянт таталітарызму — нямецкі нацызм. У "Трэцім рэйху" Беларусь чакаў незайздросны лёс. Нацысты планавалі каланізаваць яе тэрыторыю, знішчыць большасць насельніцтва, астатніх беларусаў ператварыць у танную рабочую сілу. Існаванне без дзяржаўнасці і ўласнай нацыянальнай інтэлігенцыі — вось што нёс для Беларусі "новы парадак". Але як першая (1915—1918), так і другая (1941—1944) нямецкая акупацыя выкарыстоўвала заганы расійскай і савецкай нацыянальнай палітыкі ў Беларусі. Гэта праяўлялася ў падтрымцы з боку акупантаў беларускай мовы і ажыўленні нацыянальна-культурнай дзейнасці беларускіх арганізацый. Русіфікацыя і жахі сталінскага тэрору выклікалі пэўныя спадзяванні на нацысцкіх акупантаў з боку беларускага нацыяналізму і нарадзілі такую супярэчлівую з’яву, як калабарацыянізм.

Уздым беларускага нацыянальнага руху ў час вайны, які праяўляўся таксама ў партызанскай і падпольнай барацьбе, прымусіў Сталіна, савецкае кіраўніцтва шукаць сродкі кампенсацыі за самаахвярнае змаганне беларускага народа супраць фашызму. Гэта была адна з прычын, якія прывялі Беларусь у ААН. Але і гэта важнае дасягненне беларускай дзяржаўнасці было ў значнай ступені дэвальвіравана нягодным статусам дэлегацыі БССР у ААН як "дадатковага голасу" для СССР.

Другая сусветная вайна завяршылася для Беларусі вызваленнем ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і вяртаннем сваёй "роднай"таталітарнай савецкай сістэмы. Аб тым, хто ў беларускім доме і на беларускай зямлі сапраўдны гаспадар, Крэмль напомніў у 1944—1945 гг. падпісаннем пагранічных пагадненняў з "сатэлітнай" Польшчай аб перадачы ёй Беласточчыны і часткі Белавежскай пушчы. Гэты быў апошні падзел Беларусі перыяду 1918—1945 гг. Нават ганаровы статус дзяржавы — заснавальніцы ААН не выратаваў БССР ад чарговага падзелу.

Другая сусветная вайна мела для Беларусі з пункту погляду яе геапалітычнага становішча і знешнепалітычнай актыўнасці вельмі супярэчлівыя вынікі. За кожнае дасягненне ў справе ўмацавання дзяржаўнасці прыходзілася плаціць дарагую цану. Да гэтага, несумненна, спрычыніліся шэраг унутрысаюзных і міжнародных абставін. Беларусь, як саюзная рэспубліка, не магла адыгрываць сур’ёзнай ролі ні ў савецкай дзяржаве імперскага тыпу, ні на міжнароднай арэне. Уз’яднане 1939 г. і ўваход у Аб’яднаныя Нацыі 1945 г. сталі вынікам агульнасаюзнай ваеннай палітыкі і дыпламатыі, і былі выкарыстаны ў агульнасаюзных, вялікадзяржаўных інтарэсах.

Зразумела, што БССР унесла свой уклад у дасягненне гэтых задач, якія адпавядалі яе нацыянальна-дзяржаўным інтарэсам як саюзнай рэспублікі. Але ўсё ж такі галоўным "карыстальнікам", "спажыўцом" дасягненняў Беларусі, як і ўсіх астатніх саюзных рэспублік, быў саюзны цэнтр, савецкая вярхушка, якія "прыватызавалі" іх перамогі, асабліва перамогу над фашызмам у Другой сусветнай вайне. У гэтым сэнсе паляпшэнне міжнароднага становішча Беларусі ў выніку вайны было звязана з умацаваннем пазіцый СССР і ўключэннем у сферу яго стратэгічных інтарэсаў Усходняй Еўропы. У "халоднай вайне" СССР з Захадам Беларусі адводзілася свая роля.

Гэта была роля другога пасля "жалезнага трохвугольніка" (ГДР, Польшча, Чэхаславакія) пояса стратэгічнай абароны СССР, якую Беларусь выконвала разам з іншымі саюзнымі заходнімі рэспублікамі (Украінай і Прыбалтыйскімі рэспублікамі). На тэрыторыі Беларускай ваеннай акругі размяшчалася самая баяздольная групоўка войскаў і ваеннай тэхнікі, уключаючы тактычную і стратэгічную ядзерную зброю. Узровень мілітарызацыі Беларусі, які вымяраўся суадносінамі вайскоўцаў і цывільнага насельніцтва, быў адным з самых высокіх у свеце (1 да 43), пераўзыходзячы больш чым у 10 разоў адпаведны паказчык РСФСР. Начыненая танкамі, ядзернымі ракетамі, самалётамі і артылерыяй, Беларусь знаходзілася пад самым пільным прыцэлам ваеннага камандавання НАТО.

Знешнепалітычная дзейнасць БССР у пасляваенныя дзесяцігоддзі развівалася цалкам у рэчышчы савецкай знешняй палітыкі. Выхад Беларусі на міжнародную арэну ў сярэдзіне 1940-х гг. не пераўтварыўся ў актыўную знешнюю палітыку наступных дзесяцігоддзяў. Ён быў абмежаваны рамкамі ААН і некалькіх яе спецыялізаваных устаноў, а таксама трансгранічным супрацоўніцтвам з суседнімі дзяржавамі "сацыялістычнай садружнасці", перш за ўсё Польшчай. Беларусь, нягледзячы на свой ганаровы статус заснавальніцы ААН, не ўспрымалася ў свеце як незалежная і суверэнная дзяржава, а разглядалася як неад’емная частка савецкай звышцэнтралізаванай дзяржавы, якая толькі на паперы лічылася федэрацыяй. Знешнепалітычная дзейнасць (пра сапраўдную знешнюю палітыку рэспублік гаворкі ісці не магло) БССР не адпавядала нацыянальным інтарэсам Беларусі і яе народа. Гэтыя інтарэсы не маглі быць вызначаны і ўспрыняты камуністычнай наменклатурай у Мінску, якая адрознівалася найбольшай ступенню адданасці вялікадзяржаўным інтарэсам Крамля.

Другі выхад Беларусі на міжнародную арэну, які ахопліваў перыяд 1944—1990 гг., аказаўся, як і першы, незавершаным і малавыніковым. У параўнанні з дыпламатычнай актыўнасцю БНР і БССР канца 1910-х—пачатку 1920-х гг. знешнепалітычная дзейнасць БССР у пасляваенныя дзесяцігоддзі выглядала больш рэспектабельнай, паколькі рэспубліка атрымала самастойнае членства у ААН і некаторых іншых міжнародных міжурадавых арганізацыях. Але за ганаровым статусам заснавальніцы ААН хавалася незайздросная роля "дадатковага голасу" для дэлегацыі СССР.

Няпэўны і сумніўны палітыка-прававы статус БССР і УССР у складзе СССР даваў падставы заходнім вучоным у галіне міжнароднага права называць гэтыя дзве саюзныя рэспублікі — заснавальніцы ААН "дзяржавамі особнага роду", "полу- ці квазі-дзяржавамі". БССР у пасляваенныя дзесяцігоддзі не атрымала міжнародна-прававога прызнання як суверэнная і незалежная дзяржава. Яна не выступала на міжнароднай арэне як самастойны суб’ект міжнароднага права, еўрапейскай і сусветнай палітыкі. Рэспубліка не мела дыпламатычных адносін ні з адной дзяржавай свету, а яе прадстаўніцтвы пры міжнародных арганізацыях фактычна з’яўляліся філіяламі агульнасаюзных прадстаўніцтваў. Толькі дасягненне рэальнага суверэнітэту адкрывала перад Беларуссю перспектыву ўваходжання ў сусветную супольнасць дзяржаў.

Знешняя палітыка Рэспублікі Беларусь. Пасля абвяшчэння незалежнасці ў снежні 1991 г. пачаўся новы перыяд у гісторыі знешняй палітыкі Беларусі ХХ ст. Міжнародная палітыка краіны ў 1990-я гг. падзяляецца на два этапы ў залежнасці ад тыпу палітычнага рэжыму, які правіў. Першы этап ахоплівае 1990—1994 гг., калі існавала парламенцкая рэспубліка. Другі пачаўся з ліпеня 1994 г., калі быў уведзены інстытут прэзідэнцтва і першым прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь быў абраны Аляксандр Лукашэнка.

У адпаведнасці з Дэкларацыяй аб дзяржаўным суверэнітэце БССР, актамі аб ліквідацыі СССР і стварэнні СНД Вярхоўны Савет і ўрад Рэспублікі Беларусь заявілі аб будаўніцтве незалежнай дзяржавы і правядзенні самастойнай унутранай і знешняй палітыкі ў адпаведнасці з інтарэсамі краіны. Прынятая ў 1994 г. Констытуцыя Рэспублікі Беларусь замацавала абавязацельствы дзяржавы зыходзіць у знешняй палітыцы з агульнапрызнаных прынцыпаў і нормаў міжнароднага права, якія абвешчаны прыярытэтнымі над нацыянальным заканадаўствам. Канстытуцыйны статус атрымалі палажэнні аб пераўтварэнні Беларусі ў бяз’ядзерную зону і нейтральную дзяржаву.

Адразу пасля скасавання СССР пачаўся працэс міжнароднага прызнання Рэспублікі Беларусь. Яно адбылося на працягу апошніх дзён 1991—1992 гг. Па стану на 1 сакавіка 2000 г. Беларусь прызнана 144 дзяржавамі, са 133 з іх усталяваны дыпламатычныя адносіны. Рэспубліка Беларусь заключыла 831 двухбаковы міжнародны дагавор з замежнымі дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі. Значна пашырыўся ўдзел краіны ў міжнародных універсальных і рэгіянальных арганізацыях. На пачатак 2000 г. яна з’яўлялася паўнапраўным членам больш за 60 міжнародных міжурадавых арганізацый, яшчэ ў 10 яна мае статус назіральніка.

У пачатку 1990-х гг. прыярытэтнымі кірункамі знешняй палітыкі Беларусі з’яўляліся: умацаванне рэальнага суверэнітэту і незалежнасці, супрацоўніцтва з дзяржавамі СНД у "арганізацыі" постсавецкай прасторы, наладжванне добрасуседскіх адносін з суседнімі краінамі, пераўтварэнне Беларусі ў бяз’ядзерную і нейтральную дзяржаву, "вяртанне ў Еўропу" і развіццё сувязей з дзяржавамі Захаду.

Да сярэдзіны 1990-х гг. па ўсіх гэтых кірунках былі дасягнуты прыкметныя, а часам выдатныя вынікі. Асабліва трэба адзначыць уклад Беларусі ва ўмацаванне міжнароднай бяспекі ў галіне ядзернага раззбраення і контролю над узбраеннямі.

У 1990 г. Беларусь вылучыла ініцыятыву аб стварэнні ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе бяз’ядзернай зоны. У 1996 г. гэта прапанова была мадыфікавана прэзідэнтам А. Лукашэнкам у адказ на пашырэнне НАТО на Усход. Але, за выключэннем Расіі і Украіны, астатнія краіны рэгіёна, у тым ліку Польшча і дзяржавы Балтыі, не падтрымалі беларускую ініцыятыву, не жадаючы тым самым зачыняць для сябе дзверы ў НАТО.

Паспяхова развіваліся двухбаковыя адносіны Рэспублікі Беларусь с суседнімі краінамі і вялікімі дзяржавамі. Нягледзячы на тое што беларускія землі апынуліся ў выніку неаднаразовых падзелаў перыяду 1918—1945 гг. у складзе суседніх дзяржаў, урад Рэспублікі Беларусь заявіў аб адсутнасці тэрытарыальных прэтэнзій да іх. З Расіяй, Украінай, Польшчай, Латвіяй і Літвой падпісаны палітычныя дагаворы і дагаворы аб дзяржаўнай мяжы, якія замацавалі тэрытарыальны статус-кво.

Пасля абрання ў ліпені 1994 г. презідэнтам краіны А. Лукашэнка пачаўся новы этап у гісторыі суверэннай Беларусі і яе знешняй палітыкі. Істотныя змены адбыліся ў знешнепалітычнай дактрыне, механізме распрацоўкі і рэалізацыі знешняй палітыкі беларускай дзяржавы. А. Лукашэнка сфармуляваў наступныя знешнепалітычныя прыярытэты Беларусі: умацаванне суверэнітэту краіны; узмацненне шматбаковага і двухбаковага супрацоўніцтва з дзяржавамі СНД пры акцэнтаванні сувязей з Расіяй; развіццё адносін з краінамі Захаду, у тым ліку з краінамі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы; стварэнне спрыяльных перадумоў для супрацоўніцтва з міжнароднымі арганізацыямі.

Але галоўным вектарам знешняй палітыкі стала Расія. У канцы 1990-х гг. перакос усходняга вектара аказаўся настолькі моцным і відавочным, што беларускі прэзідэнт абвясціў курс на шматвектарную знешнюю палітыку. У пэўнай ступені гэта праявілася ў актывізацыі сувязей з краінамі Азіі і Паўночнай Афрыкі і ва ўступленні краіны ў 1998 г. у Рух недалучэння. У 1999 г. была таксама вылучана канцэпцыя стварэння "пояса добрасуседства" вакол Беларусі. Але палепшыць адносіны з Польшчай і краінамі Балтыі, як і нармалізаваць адносіны з дзяржавамі Еврапейскага саюза, з ЗША і Захадам увогуле не ўдалося.

Інтэграцыйная палітыка беларускага прэзідэнта разгортвалася на фоне паглыблення сацыяльна-эканамічнага і палітычнага крызісу ў краіне, перыядычнага абвастрэння гандлёвых і інфармацыйных войнаў паміж Беларуссю і Расіяй. Паскоранае сбліжэнне дзвюх краін, асабліва ў ваенна-палітычнай галіне, падрывала аморфные структуры СНД і выклікала падазронасць і недавер у суседзяй Беларусі. Унутры краіны яно суправаджалася крытыкай і пратэстамі з боку шырокіх грамадскіх колаў і палітычнай апазіцыі.

Паваротным пунктам у гісторыі суверэннай Беларусі з’явіўся канстытуцыйны рэферэндум, які адбыўся ў лістападзе 1996 г. Ён парадзіў зацяжны канстытуцыйна-палітычны крызіс у краіне і пагаршэнне адносін з Захадам. Міжнародная супольнасць, такія ўплывовыя міжнародныя арганізацыі, як АБСЕ, Савет Европы, Еврапейскі саюз, не прызналі ў якасці законных вынікі лістападаўскага рэферэндуму 1996 г. Яны заявілі аб непрызнанні новых дзяржаўных органаў, што былі створаны прэзідэнтам А. Лукашэнкам пасля рэферэндуму. Дзяржавы Захаду, пераважная большасць еўрапейскіх краін і міжнародныя арганізацыі прызнаюць Вярхоўны Савет 13-га склікання як адзіны легітымны заканадаўчы орган улады.

Пасля рэферэндуму Захад і міжнародныя арганізацыі ўвялі меры па абмежаванні адносін з Беларуссю і яе афіцыйнымі ўстановамі. Савет Еўропы прыпыніў яе статус спецыяльна запрошанай, а Еврасаюз і яго дзяржавы-члены — дзеянне рамачных пагадненняў 1995 г. ЗША аб’явілі палітыку "выбарчага ўдзелу", якая прадугледжвае прыпыненне кантактаў з беларускім кіраўніцтвам і падтрымку інстытутаў цывілізаванага грамадства ў Беларусі. Разам з тым Захад заявіў аб тым, што яго мэтай з’яўляецца не ізаляцыя Беларусі, а вяртанне яе ў сям’ю цывілізаваных еўрапейскіх краін, на шлях дэмакратыі і рыначных рэформ.

Міжнародныя пазіцыі Беларусі ў канцы 1990-х гг. пагоршыліся ў параўнанні з пачаткам дзесяцігоддзя. У выніку рэалізацыі пэўнай стратэгічнай лініі ў галіне ўнутранай і знешняй палітыкі краіна апынулася ў складаных міжнародных умовах. Назапашаны раней патэнцыял міжнароднага даверу і аўтарытэту быў растрачаны. Канстытуцыйныя палажэнні аб бяз’ядзернасці і імкненні да нейтральнага статуса падрываюцца неабдуманымі заявамі і дзеяннямі. Магчымасці добрасуседства і шырокага супрацоўніцтва па ўсіх геаграфічных напрамках абмежаваны арыентацыяй на Расію і Усход. Аб’яднанне з Расіяй пагражае незалежнасці Беларусі.

Вопыт развіцця незалежнай Беларусі, асабліва ў другой палове 1990-х гг., яшчэ раз даказвае непарыўную сувязь унутранай і знешняй палітыкі беларускай дзяржавы, унутраных і знешніх фактараў яе развіцця. Гэта дае падставы меркаваць, што дэмакратызацыя ўнутрыпалітычнага жыцця будзе весці да аслаблення і выхаду з міжнароднай ізаляцыі. З другога боку, уздзеянне ўплывовых дзяржаў і цэнтраў сілы з Усходу і Захаду на беларускі палітычны рэжым можа і павінна паўплываць на дасягненне нацыянальнай згоды паміж урадам і апазіцыяй і ў больш шырокім сэнсе садзейнічаць грамадска-палітычнаму прымірэнню.

Сутнасць і змест "беларускага пытання". Вынікам так званага "прававога Чарнобыля" ўнутры Беларусі і міжнароднай заклапочанасці ўнутрыпалітычным становішчам у краіне стала з’яўленне на парадку дня еўрапейскай палітыкі "беларускага пытання". Гэтае пытанне ўзнікла ў сістэме еўрапейскіх міжнародных адносін і, перш за ўсё, у сістэме міжнародных адносін рэгіёна Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, пасля сумнавядомага рэферэндуму 1996 г. як унутрыпалітычная праблема аднаўлення прынцыпаў дэмакратыі і падзелу ўладаў у краіне. Амаль адначасова змест "беларускага пытання" дапоўніўся фактарам інтэграцыі Беларусі з Расіяй, якая ўспрымаецца беларускімі нацыянальна-дэмакратычнымі сіламі, суседнімі дзяржавамі і міжнародным супольніцтвам як пагроза незалежнасці Беларусі і рэгіянальнай бяспецы.

Сёння "беларускае пытанне", як міжнародная праблема, складаецца з двух узаемазвязаных бакоў. Першы бок тычыцца міжнароднай заклапочанасці і, як следства, міжнароднай прысутнасці ў справе ўрэгулявання ўнутрыпалітычнага крызісу ў Беларусі. Інстытуцыянальным выражэннем гэтай прысутнасці з’яўляецца дзейнасць місіі АБСЕ ў Беларусі. Другі бок "беларускага пытання" тычыцца міжнародных і геапалітычных наступстваў беларуска-расійскай інтэграцыі, у прыватнасці намераў стварэння адзінай дзяржавы.

Для аслаблення негатыўнага ўплыву гэтага пытання на еўрапейскае міжнароднае асяроддзе неабходна ўзважаная, узгодненая і паслядоўная палітыка ўсіх знешнепалітычных актараў рэгіёна: Захаду, суседніх краін, міжнародных арганізацый і Расіі. Вырашальным фактарам уздзеяння на Беларусь застаецца Расія. Ад таго, наколькі Расія і Захад змогуць дасягнуць збліжэння ці прымірэння сваіх пазіцый па ўнутраных і знешніх аспектах "беларускага пытання", будзе залежаць далейшае развіццё становішча ў Беларусі і вакол яе.

"Беларускае пытанне", як праблема рэгіянальнай (усходнееўрапейскай) палітыкі, бачна ці нябачна прысутнічала на крутых паваротах еўрапейскай гісторыі ХХ ст. У пачатку стагоддзя яго сутнасцю было адраджэнне беларускай дзяржаўнасці, што стала магчыма ў выніку распаду Расійскай імперыі. Тады рэальнай незалежнасці дасягнуць не пашанцавала. Але пэўны і важны крок наперад на шляху да суверэнітэту быў зроблены. БНР увасабляла сабой нейкім чынам ідэальны вобраз беларускай нацыянальна-дэмакратычнай дзяржавы, да якой імкнуліся змагары за незалежнасць. Замест гэтага ідэалу беларускім "нацыянал-камуністам" з "дапамогай" бальшавіцкага ўраду ўдалося стварыць у межах новай савецкай імперыі "аўтаномную" БССР. У параўнанні з "Паўночна-Заходнім краем" Расійскай імперыі "беларуская савецкая дзяржаўнасць" у межах Саюза ССР мела несумненна больш высокі прававы і дзяржаўна-палітычны статус. Але ён быў яшчэ вельмі далёкі, як ужо адзначалася, ад статуса суверэннай і незалежнай дзяржавы.

"Беларускае пытанне" зноў з’явілася на парадку дня еўрапейскай палітыкі напярэдадні і ў гады Другой сусветнай вайны. Беларусь зноў стала аб’ектам геапалітычных "разборак", на гэты раз паміж Савецкім Саюзам і фашысцкай Германіяй. У чарговыя падзелы беларускіх зямель былі таксама ўцягнуты Літва і Польшча. Савецка-германская вайна 1941—1945 гг. справакавала грамадзянскую вайну ў Беларусі і падзел беларускага грамадства на "абаронцаў сацыялістычнай Айчыны" і "калабарацыяністаў", якіх аказалася некалькі сот тысячаў, прымусовае перасоўванне жыхароў Беларусі на Усход і Захад. Вызваленне Беларусі ад нямецкай навалы і вяртанне сюды этнічна роднай савецкай сістэмы азначала часовае (на поўстагоддзя) закрыццё "беларускага пытання".

У канцы ХХ ст. "беларускае пытанне" зноў узнікла як міжнародная праблема. Незалежная Беларусь, якая паўстала на руінах савецкай імперыі і якая атрымала поўнае міжнароднае прызнанне як суверэнная і незалежная дзяржава, адчувала востры дэфіцыт унутранай легітымнасці і міжнароднай ідэнтычнасці. На постсавецкай прасторы і еўрапейскай арэне Беларусь выступала як краіна парадоксаў і феноменаў. Гэта дзяржава, якая атрымала міжнароднае прызнанне, але якая адначасова застаецца "унутрана непрызнанай" з боку былой дэнацыяналізаванай камуністычнай наменклатуры, што фактычна захавала сваі кіруючыя пазіцыі, і нямалай часткі яшчэ больш дэнацыяналізаванага грамадства. Гэтыя ўплывовыя палітычныя і грамадскія колы мараць аб адраджэнні савецкай імперыі хаця б у выглядзе "Саюза Беларусі і Расіі".

Негатыўныя знешнепалітычныя выклікі, асабліва для рэгіёна Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, што зыходзілі і зыходзяць з гэтага інтэграцыйнага праекта, абумовілі, як ужо адзначалася, знешні бок сучаснага "беларускага пытання". Сваім унутраным бокам гэтае пытанне павернута да неабходнасці павороту краіны на шлях дэмакратыі, які абралі краіны рэгіёна. Моцная геапалітычная залежнасць Беларусі ад Расіі ўскладняе гэты дэмакратычны паварот і выбар на карысць нацыянальна-дэмакратычнай дзяржавы.

Разам з тым міжнародна-палітычнае асяроддзе вакол Беларусі зараз значна больш спрыяльнае, чым гэта было ў пачатку і сярэдзіне стагоддзя. Ідэі і рэальная практыка беларускай незалежнасці карыстаюцца шырокай міжнароднай падтрымкай і сімпатыяй. Такога спрыяльнага для Беларусі знешнепалітычнага акружэння не было ў часы БНР, даваенны і пасляваенны перыяд існавання БССР.

Больш моцнымі сталі ўнутраныя нацыянальна-дэмакратычныя сілы, якія аб’ядноўваюць сёння найбольш адукаваныя, нацыянальна свядомыя, сацыяльна, эканамічна і дэмаграфічна актыўныя станы беларускага грамадства. Такога моцнага ўнутранага патэнцыялу прыхільнікаў незалежнасці і свабоды ў Беларусі не было раней.

Усё вышэйсказанае дае пэўны гістарычны аптымізм спадзявацца на тое, што ў пачатку ХХІ ст. "беларускае пытанне" будзе вырашана ў інтарэсах незалежнасці і дэмакратыі ў Беларусі, дзякуючы чаму яно знікне з парадку дня еўрапейскай палітыкі. Гэта будзе таксама азначаць набыццё Беларуссю ўсё большага падабенства да дзяржаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, да якіх яна належыць і геаграфічна, і гістарычна, і цывілізацыйна.

Гісторыя змагання за беларускую дзяржаўнасць у ХХ ст. напамінае гегелеўскую трыяду. Спачатку была БНР (тэзіс). Яе змяніла дзяржава-антыпод БССР (антытэзіс). На змену БССР потым прыйшла Рэспубліка Беларусь (сінтэз). У гістарычнай перспектыве Рэспубліка Беларусь будзе ўсё больш арганічна спалучаць і ўвасабляць лепшыя рысы дзвюх сваіх папярэдніц — БНР і БССР, пераўтвараючыся ва ўсё больш "нармальную" еўрапейскую дзяржаву.

 
 
3
2
1
Телефоны "горячей линии"
Памятка для украинцев