Белорусский журнал международного права и международных отношений 1998 — № 4


международные отношения

ПАЛIТЫКА РАСII АДНОСНА КРАIН ЦЭНТРАЛЬНАЙ I УСХОДНЯЙ ЕЎРОПЫ: ПОГЛЯД З ВАРШАВЫ

Мечыслаў Часноўскi

Часноўскі Мечыслаў Эдвардавіч — кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры міжнародных адносін, намеснік дэкана факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага униіверсітэта

У польскiм грамадстве пастаянна стаiць пытанне аб доўгатэрмiновай стратэгii ў адносiнах да вялiкага ўсходняга суседа. Часам падкрэслiваецца, што расiйскi вектар можа аказацца карысным, паколькi аслабленая Расiя патрабуе польскай падтрымкi. Шматлiкiя апаненты гэтай плынi не адмаўляюць узаемна добрасуседскiх адносiн, але перасцерагаюць супраць прарасiйскасцi. Апошняя непазбежна створыць умовы для адраджэння неаiмперскай палiтыкi, свабоды манеўру Расii ў Сярэдняй Еўропе i, як вынiк, патрэбу ўзнаўлення барацьбы палякаў за суверэнiтэт ва ўмовах сапернiцтва звышдзяржаў. Польская знешнепалiтычная дактрына вызначае, што ў любым выпадку з боку Расii зыходзiць небяспека1. Зразумела, што палiтыка Расii адносна краiн сярэднееўрапейскага рэгiёну вывучаецца надзвычай уважлiва. Аднак, варта зазначыць, аналiтыкi засяроджваюцца пераважна на яе паўсядзённых знешнепалiтычных кроках, ствараючы сцэнарыi "на патрэбу дня". Абагульняючых прац не хапае.

Галоўныя мэты

Сярод польскiх спецыялiстаў-мiжнароднiкаў iснуе згода, што з 1993 г. галоўныя напрамкi расiйскай знешняй палiтыкi стабiлiзавалiся i застаюцца нязменнымi. Яны скаардынаваны ў дакументах мiнiстэрстваў замежных спраў i нацыянальнай абароны, службаў бяспекi i пацверджаны ў шматлiкiх выказваннях расiйскiх палiтыкаў. Iх падтрымлiвае апазiцыя, як парламенцкая, так i пазапарламенцкая. На першае месца Масква вывела мэту рэiнтэграцыi абшару былога СССР з улiкам спецыфiкi балтыйскiх дзяржаў, патэнцыялу i намераў Украiны, нацыянальна-культурнай адметнасцi краiн Сярэдняй Азii.

Пасля этапу дынамiчных прававых дзеянняў, якi нарадзiў больш за 1000 дакументаў, што рэгулююць на паперы функцыянаванне СНД, расiйскiя палiтыкi зрабiлi стаўку на прагматызм. Гэта азначае вылучэнне на першы план рэальнага кантролю над усiм абшарам i больш лагодны нацiск у палiтычнай сферы. Гаворка вядзецца пераважна аб тым, каб Расiя магла быць цалкам упэўнена, што праблемы бяспекi гэтага абшару будуць вырашацца разам з ёю i з апорай на яе ваенны патэнцыял; каб Расiя захавала максiмальны кантроль над камунiкацыямi i энергетычнымi лiнiямi перадач; каб яна мела свабодны доступ да стратэгiчнай сыравiны i каб ключавыя галiны набраўшых моц дзяржаў Садружнасцi былi звязаны з расiйскай гаспадаркай. Аптымальны вынiк такога працэсу прывядзе да сiтуацыi, пры якой па пытаннях бяспекi i эканамiчнага супрацоўнiцтва якой-небудзь дзяржавы цi рэгiёну СНД кожнаму партнёру найвыгадней будзе размаўляць з Масквой. У той жа час напружанасць i канфлiкты па-за межамi Расiйскай Федэрацыi не ўключаюцца ў сферу яе непасрэднай кампетэнцыi i адказнасцi.

Асобныя польскiя аналiтыкi сцвярджаюць, што дзеля захавання глабальнага ўплыву Расii на руку драматычная сiтуацыя ў краiнах еўрапейскай часткi былога СССР2 , дзе паўсюдна з 1994 г. паглыбiўся эканамiчны спад. Вызваленая ад дзяржаўнага рэгулявання эканомiка не знаходзiць здольнасцi для самастойнай дзейнасцi. Не падлягае сумненню, што краiны, якiя ад веку ўваходзiлi ў ядро iмперыi (Украiна, Беларусь), перажывуць найбольшыя цяжкасцi ў стварэннi нацыянальнай эканомiкi. Абвастрэнню цяжкасцей спрыяе недахоп адвагi i рашучасцi, каб разгарнуць рэформы, увёўшы стабiлiзацыйныя праграмы, цвёрдую i ўпарадкаваную грашовую палiтыку, як гэта зрабiлi Польшча i краiны Вiшаградскай групы.

Сiтуацыя пагаршаецца, нават ствараецца ўражанне яе безнадзейнасцi. Грамадства гэтых краiн усвядомiла, што ўжо змарнавана некалькi год. Увядзенне дынамiчнай стабiлiзацыйнай палiтыкi пагражае расцягнуць гэты перыяд яшчэ на пэўны час. З-за працяглага эканамiчнага спаду з'явiлiся сiмптомы генеральнага павароту да адзяржаўленай i рэгуляванай эканомiкi, вяртання да адзiнага палiтычнага i гаспадарчага арганiзма. У многiх краiнах былога блоку цяжкасцi рэфармавання выклiкаюць iмкненне адмовiцца ад рынку. Расiйская палiтыка дазiраванай дапамогi (манеўравання "энергетычным кранам") спрыяе такiм настроям. Прыклад беларускага рэферэндуму ў 1995 г. паказвае, што ў рэгiёнах, сцiсла звязаных з iмперскiм мiнулым Расii, усё гэта можа падвесцi да ўцёкаў ад незалежнасцi3.

Дасягненне мэты рэiнтэграцыi абшару былога СССР пад эгiдай Расii, па меркаваннi Варшавы, разглядаецца як першая ўмова правядзення расiйскай знешняй палiтыкi на iншых кiрунках.

Сярод гэтых iншых кiрунках на першы план выводзiцца вяртанне пазiцый сусветнай дзяржавы. Гэта азначае палiтычнае ўраўнаважанне са Злучанымi Штатамi Амерыкi па пытаннях, што датычаць акрэслення сусветнага парадку. Задача гэта няпростая з улiкам унутранай няўстойлiвасцi i непераадоленых дагэтуль вынiкаў распаду камунiстычнай iмперыi, але для большасцi сённяшнiх расiйскiх палiтыкаў яна ўяўляецца вартай калi не вырашэння, то хоць бы спробы.

Безумоўна, гэтая амбiцыйная задача знаходзiць свой выраз i ў еўрапейскай палiтыцы Расii. У прапаноўваемых Масквой з 1993 г. новых адносiнах у Еўропе застаюцца нязменнымi два элементы:

  • для ЗША адводзiцца роля адной з важных дзяржаў, а не сусветнага лiдэра, гарантуючага стабiльнасць i бяспеку кантынента;
  • Расiя займае пазiцыю, роўную ЗША (часам СНД параўноўваецца з НАТА i ЕС), i мае права ўплыву на важнейшыя еўрапейскiя рашэннi.

Адначасова iнтэнсiўна развiваюцца двухузроўневыя адносiны з вядучымi еўрапейскiмi дзяржавамi — Германiяй, Францыяй i Вялiкабрытанiяй, з аднаго боку, i еўрапейскiмi iнтэграцыйнымi структурамi, з другога, з нацiскам на расiйскi нацыянальны iнтарэс як вызначальнiк напрамку i спосабу вядзення палiтычнага курса. У гэтым кантэксце выразна праглядаецца iмкненне Расii да рэалiзацыi еўрапейскай палiтыкi з пазiцыi "raison d'etat" (дзяржаўнага iнтарэсу). Яе поспех азначаў бы аслабленне заходнiх iнтэграцыйных тэндэнцый i вяртанне да палiтыкi раўнавагi сiл цi нават стварэння шансаў для новай гульнi звышдзяржаў, што гарантавала б Расii вырашальную ролю на кантыненце.

Паводле ацэнак польскiх вайсковых аналiтыкаў, у Расii захавалi пэўны ўплыў палiтычныя сiлы, якiя бачаць у НАТА патэнцыяльнага ваеннага працiўнiка. Тым не менш пасля распаду СССР Масква распачала работу над новай абарончай дактрынай. У ёй зроблены спробы дастасавацца да заходнееўрапейскiх нормаў; няма спасылак на палажэнне з часоў Гарбачова аб "свеце без ядзернай зброi". Расiйская Федэрацыя пацвердзiла былое абавязацельства не ўжываць першай ядзерную зброю i адначасова пераняла еўрапейскую фiласофiю запалохваючых якасцей гэтай зброi.

Распрацоўка новай расiйскай дактрыны была прыспешана пасля кастрычнiцкiх падзей 1993 г. у Маскве. Ва ўведзеных папраўках знайшлiся сюжэты як аб магчымых знешнiх працiўнiках, так i аб унутранай пагрозе. Адгэтуль запiс аб эвентуальным ужываннi армii ў спрэчках на ўласнай тэрыторыi. Прынцыпам абароннай палiтыкi ў дактрыне папярэднiчаюць сфармуляваныя каноны знешняй палiтыкi. Важнейшы з iх: Расiя i далей застаецца сусветнай дзяржавай, нiколi не адмовiцца ад iнтарэсаў глабальнага характару i будзе захоўваць ранейшы ўплыў на фармiраванне палiтычнай сiтуацыi ў свеце. Расiя выказваецца за стратэгiчнае партнёрства з НАТА, але не жадае дапусцiць залiшняга скарачэння ўласных узброеных сiл. Яна трактуе ўвесь постсавецкi абшар як сваю сферу бяспекi i лiчыць любую дзейнасць па недапушчэннi ўнутранай iнтэграцыi дадзенай сферы за парушэнне яе ўласных iнтарэсаў. Расiя не вызначае нiякую дзяржаву як свайго ворага, але падрыхтоўваецца да абароны ва ўсiх напрамках4.

З моманту ўступлення Я. Прымакова на пасаду мiнiстра замежных спраў большы нацiск стаў рабiцца на падтрымку шматполюснай канструкцыi сусветнага парадку. Масква iмкнецца, хоць i без вялiкага поспеху, вярнуць пазiцыю аднаго з пасрэднiкаў у рэгiянальных канфлiктах (у былой Югаславii, на Блiзкiм Усходзе, на Карэйскiм паўвостраве, у пакiстана-iндыйскiм дыялогу).

Месца Сярэдняй Еўропы

У лiстападзе 1993 г. на Савеце па знешняй палiтыцы мiнiстр А. Козыраў заявiў, што прыярытэтам Расii з'яўляюцца добрасуседскiя адносiны з краiнамi Усходняй Еўропы, а перамены, што там адбылiся, патрабуюць ад РФ новага акрэслення сваiх нацыянальных iнтарэсаў у гэтым рэгiёне. Масква вырашыла распрацаваць новыя, больш адкрытыя прынцыпы знешняй палiтыкi адносна саюзнiкаў па былым Варшаўскiм дагаворы5.

У Варшаве такi намер быў успрыняты як натуральны, паколькi ад часу распаду СССР Сярэдняя Еўропа ўвогуле не ўзгадвалася ў галоўных напрамках расiйскай знешняй палiтыкi, а канцэпцыя пашырэння НАТА i ЕС на Усход ужо стала галаўным болем расiйскiх палiтыкаў. Аднак, нягледзячы на шматлiкiя абяцаннi, згаданая праграма не была прадстаўлена, за што, мiж iншым, расiйскае МЗС неаднаразова пападала пад крытыку апазiцыi i незалежных экспертаў. Я. Прымакоў пакуль што ўсяго толькi абмежаваўся абвяшчэннем распрацоўкi праграмных прынцыпаў палiтыкi адносна Цэнтральнай i Усходняй Еўропы (ЦУЕ).

Цi азначае гэта, што Расiя не мае адносна рэгiёну нiякай палiтыкi, што рухаецца па гэтым абшары без дарожных указальнiкаў? Пазiтыўны адказ на гэтае пытанне Варшава палiчыла б памылкай. Адсутнасць такой палiтыкi толькi ўяўная. Мэты расiйскай стратэгii даволi ясныя, стабiлiзаваўся набор iнструментаў для iх дасягнення. Расiя пагадзiлася з распадам савецкай iмперыi. Але гэта зусiм не азначае згоды на далучэнне былых саюзнiцкiх дзяржаў да структур, якiя для расiйскай дзяржавы застаюцца вонкавым светам. Найвыразней такая пазiцыя была прадстаўлена ў лiсце, накiраваным у канцы лета 1993 г. кiраўнiкам буйнейшых краiн Захаду (ЗША, ФРГ, Францыi i Вялiкабрытанii) прэзiдэнтам Б. Ельцынам. Ён пажадаў, каб адносiны заходнiх дзяржаў i iнстытутаў з Расiяй былi "на некалькi градусаў цяплейшымi", чым з дзяржавамi былога Варшаўскага дагавору. У Польшчы не сумняваюцца, што гэтае пажаданне актуальнае i сёння.

У гэтым кантэксце цiкавы змест укладаецца ў расiйскую формулу: "ЦУЕ павiнна стаць расiйскiм мостам, а не бар'ерам на Захад". Лiчыцца, што Расiя па-за абшарам СНД iмкнецца стварыць пояс прыязных дзяржаў, павязаных з ёю эканамiчна i гатовых адносна важнейшых еўрапейскiх праблем заўсёды ўлiчваць яе iнтарэс. З гэтага пункту погляду ўключэнне групы сярэднееўрапейскiх краiн у НАТА цi ЕС, безумоўна, не знойдзе згоды.

Варшава не хавае ўласнага непакою, што афiцыйныя прынцыпы расiйскай абарончай палiтыкi — толькi заслона, а на справе дактрына ацэньвае Польшчу як непрыязную дзяржаву. У пацвярджэнне прыводзяцца выказваннi асобных расiйскiх палiтыкаў i генералаў. "Усялякiмi палiтычнымi метадамi не дапусцiць таго, каб Польшча аказалася прынятай у НАТА" — нiбыта такая фармулёўка, па дадзеных польскай прэсы, змешчана ў праекце згаданага дакумента. Яго аўтарам названы былы мiнiстр абароны П. Грачоў. На адпаведны запыт польскага боку расiйскiя мiнiстэрствы замежных спраў i абароны адмовiлiся пацвердзiць цi абвергнуць наяўнасць антыпольскага запiсу6. Апроч гэтага, трывогу выклiкае i адсутнасць адкрытых планаў дыслакацыi шматлiкiх вайсковых злучэнняў, якiя ў апошнiя гады выведзены з Германii, Польшчы, Чэхii i ў значнай частцы "аселi" непадалёку заходняй мяжы, асаблiва ў Калiнiнградскай вобласцi.

Дзеля заспакаення грамадскай думкi польскiя палiтыкi падкрэслiваюць, што ў Расii цывiлiзаваныя прынцыпы палiтыкi толькi зараджаюцца. Няма яснай канцэпцыi знешняй, абарончай i iнш. стратэгii. Сярод расiйскага кiраўнiцтва ўсё зводзiцца да барацьбы за "доступ да вуха Ельцына". Нават адносна згоды Масквы на флiрт краiн Сярэдняй Еўропы з НАТА няма адзiнства. У гэтым кантэксце маскоўскiм прымiрэнцам з Польшчай доўгi час называўся былы кiраўнiк адмiнiстрацыi прэзiдэнта С. Фiлатаў7.

На пачатку 1994 г. мiнiстр А. Козыраў заявiў, што дзяржавы ЦУЕ, якiя праз два стагоддзi заставалiся ў моцнай звязцы з Расiяй, i надалей знаходзяцца ў сферы яе iнтарэсаў; ён заклiкаў не асцерагацца ў выказваннi такой пазiцыi8.

У Варшаве выводзяць з усяго згаданага асноватворную задачу расiйскай палiтыкi: процiстаяць такiм зменам у мiжнародных зносiнах сярэднееўрапейскага рэгiёну з заходнiмi структурамi, якiя мелi б трывалы характар i абыходзiлi Расiю9. Менавiта адсюль выцякае мноства расiйскiх iнiцыятыў адносна еўрапейскай архiтэктуры бяспекi. Сярод iх: перакрыжаваныя гарантыi Расii (СНД) i Захаду для краiн Сярэдняй Еўропы; адмова ад пашырэння НАТА на Усход, якое вядзе да знiкнення паласы фактычна нейтральных дзяржаў пры заходняй мяжы Расii; кадыфiкацыя агульнай сiстэмы еўрапейскай бяспекi на падставе Хельсiнкскага Заключнага акта i Парыжскай Хартыi для новай Еўропы; паэтапнае пашырэнне Заходнееўрапейскага саюза аж да ператварэння яго ў "заходне-усходнi еўрапейскi саюз ад Атлантыкi да Урала"; наданне Савету Еўропы вырашальных функцый у галiне бяспекi i iнш. 5 лютага 1998 г. мiнiстр замежных спраў ФРГ К. Кiнкель выявiў, што Я. Прымакоў прапанаваў гарантаваць бяспеку Сярэдняй Еўропе не праз уключэнне яе ў НАТА, а праз сiстэму двухбаковых гарантыйных дагавораў. Пазней дадзеная прапанова была ўдакладнена гатоўнасцю перагледзець пазiцыю з умовай, што ў Сярэдняй Еўропе паўстане без'ядзерная прастора, якая ахопiць таксама Украiну i Беларусь.

Такое багацце канцэпцый, на думку польскiх палiтыкаў, павiнна дэманстраваць добрую волю расiйскага боку, а па сутнасцi адцягваць любое рашэнне Захаду, весцi гульню на час.

Не ўсюды ў рэгiёне намаганнi Расii даюць плён. Таму дзеля аслаблення празаходняй i праiнтэграцыйнай палiтыкi дзяржаў Сярэдняй Еўропы Масква прадпрымае дыферэнцыйную падтрымку знешнепалiтычных канцэпцый краiн рэгiёну. Яна заключаецца ў прапанове аргументаў дзеля пошуку "ўласнага шляху" i карыснасцi аднаўлення былых сувязей.

Што датычыць апошняга, то ўпор робiцца на знешнеэканамiчныя рычагi. Пасля эпахальнага рашэння СССР — увесцi з 1.01.1990 г. валюту ў якасцi адзiнага плацёжнага сродку ў разлiках з партнёрамi па СЭУ — Расiя сарыентавалася, што замест наплыву валюты страцiла клiентаў на свае тавары. У канцы 1992 г., калi ўсе дзяржавы ЦУЕ ясна акрэслiлi свае празаходнiя iмкненнi, Масква адступiла, прапанаваўшы пакрыццё ўзаемных даўгоў у нацыянальных валютах. Адпаведныя пагадненнi былi заключаны з Балгарыяй (1992 г.) i Славакiяй (1993 г.). Нягледзячы на iснуючыя ва ўсiх дзяржавах рэгiёну праблемы з валютай, дадзеная сiстэма ўсё ж не спрацавала i большасцю была адхiлена.

Мiж iншым, па сцвярджэннi польскiх аналiтыкаў, яна задумвалася як iнструмент дапаўняльны, якi б садзейнiчаў больш аб'ёмнаму супрацоўнiцтву. Так, у лютым 1993 г. мiнiстр знешнеэканамiчных сувязей С. Глаз'еў прапанаваў надаць краiнам ЦУЕ i Манголii статус назiральнiкаў пры СНД, без узгаднення з Варшавай заявiў, што расiйскi ўрад разважае над увядзеннем прынцыпаў свабоднага гандлю з Польшчай. Пазней расiйскiм кiраўнiцтвам былi агучаныя прапановы аб стварэннi ўсходнееўрапейскага аграрнага рынку i зносе бар'ераў для свабоднага цячэння сельскагаспадарчых прадуктаў; аб стварэннi свабоднай эканамiчнай зоны на тэрыторыi былых сацыялiстычных краiн; аб аб'яднаннi Цэнтральнаеўрапейскай асацыяцыi свабоднага гандлю (ЦЕАСГ) з абшарам вольнага гандлю СНД. У асобных выпадках прапановы пападалi на падрыхтаваную глебу; напрыклад, у снежнi 1995 г. быў падпiсаны мемарандум аб стварэннi зоны свабоднага гандлю памiж Расiяй i Славакiяй. Iдэя падалася заманлiвай i для балгарскага прэм'ера Ж. Вiдэнава: па яго iнiцыятыве прадстаўнiкi краiны ўвайшлi ва ўтвораную ў сакавiку 1993 г. групу буйных фiрм, банкаў i бiржаў Расii, Украiны, Беларусi i Югаславii, аб'яднаную ў Славянскi эканамiчны саюз, мэтай якога з'яўляецца духоўнае адраджэнне славянскiх народаў.

Адносна Польшчы расiйская iдэя выкарыстання эканамiчных рычагоў дзеля аднаўлення глабальнага ўплыву не праходзiць. Наадварот, яна аддалiлася пасля падпiсання ў лютым 1998 г. прадстаўнiкамi шасцi балтыйскiх дзяржаў (Швецыi, Данii, Расii, Лiтвы, Латвii i Польшчы) пагаднення аб стварэннi самага буйнога ў Еўропе еўрарэгiёна "Балтыка"10.

Апроч паслядоўнай палiтыка "размякчэння" структур рэгiёну, арыентаваных на заходнiя нормы, Расiя iмкнецца прыцягнуць сярэднееўрапейскiя дзяржавы да супрацоўнiцтва ў выбраных галiнах эканомiкi. Да iх належаць аграрны сектар, носьбiты энергii i ВПК. У сельскагаспадарчай сферы Расiя абяцае аферты велiзарнага рынку, якi не запёрты якаснымi абмежаваннямi i дзе магчымыя бартэрныя i клiрынгавыя кантракты. Носьбiты энергii выкарыстоўваюцца як рычаг умацавання залежнасцi ад паставак газу, нафты, а таксама тэхналогii i матэрыялаў для атамных электрастанцый. Атрымаўшы ў спадчыну пакет савецкiх даўгоў у большасцi краiн ЦУЕ, Расiя прапануе, прынамсi, хоць бы частковы зварот пастаўкамi ўзбраення (самалёты Мiг-29, баявыя верталёты, танкi Т-72, бронетранспарцёры), перадачай адпаведных тэхналогiй.

У адносiнах да асобных краiн выкарыстоўваецца культурна-iдэалагiчны фактар (панславiзм, праваслаўнае адзiнства, антызаходнi нацыяналiзм), якi падмацоўваецца нядаўнiмi партыйна-персанальнымi ўзаемасувязямi.

Афiцыйная Варшава ўспрымае як факт, што Расiя не пазбавiлася намераў ад узнаўлення сферы нядаўнiх уплываў аж да рэстаўрацыi былой iмперыi. Але, з улiкам рэалiй, могуць скласцi выключэнне з былых савецкiх рэспублiк хiба што Лiтва, Латвiя i Эстонiя. А з былых дзяржаў-сатэлiтаў Расiя магла б пагадзiцца са стратай уплываў у Польшчы, Чэхii i Венгрыi. Пры ўмове, што да дрэйфавання гэтых дзяржаў на Захад не далучацца iншыя, асаблiва Украiна i Беларусь. Расiя, напэўна, значна вастрэй запратэстуе, калi дзесьцi ўзнiкне спакуса ўмантаваць у адзiную структуру Польшчу, Украiну i Беларусь.

Такiм чынам, адпаведна высноваў польскага боку, большасць праграмных прынцыпаў i дзеянняў Крамля ў Сярэдняй Еўропе заклiканыя ствараць i мацаваць групы нацiску, якiя павiнны супрацьстаяць празаходняй арыентацыi рэгiёну ЦУЕ, а ў бягучай палiтыцы даваць Расii эканамiчныя перавагi.

Адносiны да пашырэння НАТА на Усход

У мiнулыя дзесяцiгоддзi Польшча незалежна ад сiтуацыi, нават маючы фармальны суверэнiтэт, заўсёды сутыкалася з абмежаванай магчымасцю вырашэння ўласнага лёсу. Пагэтаму сёння там не шукаюць альтэрнатывы выбранай пасля 1989 г. празаходняй палiтыцы. Дапускаюць яе эластычнасць, лiчачы магчымымi кампрамiсы i нават уступкi, але не адыход ад прынцыпаў. Якая-небудзь iншая палiтыка, напрыклад усходняя — больш адкрытая на Расiю, прымальная толькi пры ўмове моцнай апоры, у тым лiку арганiзацыйнай, на еўрапейскiя структуры, перад усiм на Еўрапейскi саюз i Атлантычны пакт.

Згаданае iмкненне блiзкае да ажыццяўлення. Як вядома, Польшча, Чэхiя i Венгрыя ў снежнi 1997 г. на самiце ў Бруселi атрымалi афiцыйнае запрашэнне ў НАТА. Канчатковае рашэнне будзе прынята на сустрэчы ў вярхах дзяржаў альянса ў Вашынгтоне ў 1999 г. Гэта падзея не паўплывала на пазiцыю расiйскага кiраўнiцтва: яно па-ранейшым пярэчыць пашырэнню НАТА на Усход. Можна меркаваць, што палавiнчатае рашэнне, прынятае ў Бруселi, якраз прадыктаванае iмкненнем далiкатна змянiць гэту пазiцыю на працягу двух год.

У Варшаве спадзяюцца, што вычакальная палiтыка павiнна даць плён у вырашэннi наступнай, вельмi iстотнай для палякаў, праблемы ўваходу балтыйскiх краiн у НАТА насуперак волi Расii11. Па аналогii нагадваюць, што тры гады таму ў Вашынгтоне гаварылi, што Расiя нiколi не пагодзiцца на ўваход Польшчы ў НАТА. Цяпер тое самае гавораць ужо аб балтыйскiх дзяржавах. Па сцвярджэннi З.Бжэзiнскага, калi праз пяць год паўстане ў парадак дня праблема пашырэння НАТА за кошт балтыйскiх краiн, то за 15 год з'явiцца пытанне аб прыёме ў Пакт Украiны. I Расiя будзе вымушана да гэтага прыстасавацца. Бо такая рэчаiснасць, а Масква ў рэшце рэшт пагаджаецца з цвёрдай рэчаiснасцю12. Сёння Расiя, падкрэслiваюць атлантысты, дзяржава вялiкая, але адсталая i замучаная шматлiкiмi цяжкасцямi. Думаючы аб яе будучынi, трэба прадбачваць, што на паўднёвым усходзе расце i хутка развiваецца рэгiянальная звышдзяржава, а ўвесь поўдзень — гэта дзяржавы iсламскiя з магутным тылам. Апошнiя з'яўляюцца для Расii значна большай пагрозай, чым яна для iх. Крэмль мусiць лiчыцца з гэтым штораз больш, бо калi лёгкадумна трапiць у якiя-небудзь авантуры, то вынiкам будзе значна большая i горшая Чачня, хоць i з той малой Расiя не дала рады. Пагэтаму Расiя пагодзiцца з рыўком не толькi балтыйскiх дяржаў, але, у свой час, i Украiны на Захад.

I ўсё ж адзiнства адносна пашырэння НАТА на Усход у польскiм грамадстве не iснуе.

Там даволi моцная плынь працiўнiкаў уваходу ў Паўночнаатлантычны блок13. Сваю пазiцыю яе прыхiльнiкi падмацоўваюць шматлiкiмi аргументамi. Важнейшы сярод iх — апраўданая небяспека ад рэакцыi Расii. Пашырэнне НАТА замыкае перад ёй дзверы ў Еўропу, спiхвае ў Азiю. Для расiйскiх рэфарматарскiх сiл гэта сiгнал, што Захад недаацэньвае iх высiлкi. Адначасова гэта вада на млын кансерватыўных, нацыяналiстычных i аўтарытарных колаў, якiя бачаць у Еўропе ворага. Калi нават Расiя пагодзiцца з пашырэннем НАТА як з фактам рэчаiснасцi, то не пагодзiцца з гэтым духоўна, а незадаволенасць расiян выкарыстаюць працiўнiкi дэмакратыi i Еўропы. Расiя пойдзе лiхiм i агрэсiўным курсам. Трэба будаваць масты, падтрымлiваць дэмакратычныя i рынкавыя сiлы, а не антаганiзаваць краiну пашырэннем заходняга ваеннага блоку.

Сёння Расiя не пагражае Сярэдняй Еўропе, сцвярджаюць антынатаўцы. Яна слабая i занадта занятая праблемамi трансфармацыi, каб думаць аб падпарадкаваннi дзяржаў, якiя не належалi да СССР. Але Маскве патрэбна пачуццё бяспекi, каб трансфармацыю — нашмат цяжэйшую i бурную, чым у iншых посткамунiстычных краiнах — давесцi да канца. Яна мусiць мець "шэрую паласу", аддзяляючаю ад НАТА, каб не адчуваць сябе iзаляванай. У працiўным выпадку верх возьмуць нацыяналiсты, i тады настане сапраўдная бяда ў гэтай частцы Еўропы. НАТА не забяспечыць яе ўнутранай стабiльнасцi. Гэта саюз вайсковы, накiраваны супраць Расii як ворага, што вiдавочна, i расiяне аб гэтым ведаюць. Такi саюз не патрэбны сёння сярэднееўрапейскiм дзяржавам. Гiстарычны вопыт вучыць, што Расiя рэдка дзейнiчае праз непасрэдную агрэсiю, а падпарадкоўвае сабе краiны праз закулiсныя дзеяннi прарасiйскiх сiл, праз агентуру i марыянеткi. I перад такiмi дзеяннямi рэгiён не ўратуецца нiякiм ваенным саюзам.

Расiя цяжка iдзе да дэмакратыi, а пашырэнне НАТА ўвогуле схiлiць яе да адбудовы агрэсiўнай iмперыi, варожай да аб'яднанага Захаду. Пагэтаму лепшай дапамогай у пераўтварэннi Расii ў дэмакратычную дзяржаву павiнна стаць адхiленне варожасцi, падтрымка дэмакратычных iнстытутаў, развiццё бiзнесу. Тут Польшча, як лiдыруючая ў трансфармацыi краiна, можа вельмi шмат зрабiць, але павiнна таксама пазбавiцца як неразумнага страху перад Расiяй, так i спецыфiчна польскага пачуцця вышэйшасцi адносна расiян. Ёсць апасеннi, што, калi Польша акажацца ў НАТА, беспрычыннае i раздражняльнае для расiян польскае пачуццё вышэйшасцi яшчэ больш узмоцнiцца14.

Разам з тым, трэба падкрэслiць, антынатаўская плынь лiчыць рух Еўрапейскага саюза на Усход вельмi пажаданым працэсам, якi пашырае сферу дэмакратыi, свабоднага рынку i дабрабыту, не нацэльваючы супраць нiкога ваеннага вастрыя. Еўрасаюзу трэба пастаянна пашырацца на Усход, ахапiць не толькi сярэднееўрапейскiя краiны, але i балтыйскiя, потым Украiну, а па меры развiцця дэмакратыi i рынку — таксама i Расiю (адметна, што Беларусь пры гэтым не ўзгадваецца. — М.Ч.)15.

Як бачна, у Польшчы дастаткова дзеячоў, палiтычных i грамадскiх, якiя засяроджваюцца на праблеме: альбо-альбо. Альбо ўваход у НАТА, альбо развiццё добрасуседства з Расiяй. Але на афiцыйным узроўнi пераважае пазiцыя, што вялiкiм шансам для Польшчы было б спалучэнне працэсу ўваходжання ў НАТА з фармiраваннем больш прыязных адносiн з Расiяй, якiя асноўваюцца на прынцыпе партнёрства i павагi да самастойнасцi. З хвiлiны ўваходу ў НАТА i ўсведамлення бяспекi польскiя страхi перад Расiяй павiнны знiкнуць. Тут праглядваецца аналогiя з працэсам паяднання Германii i Францыi цi Германii i Польшчы. Менавiта НАТА, а не васальная пазiцыя або затрыманне ў неакрэсленай "шэрай паласе", нясе шанс развiццю польска-расiйскiх палiтычных i эканамiчных стасункаў.

Такiм чынам, у польскiм грамадстве няма адзiнай ацэнкi пазiцыi Расii адносна пашырэння НАТА на Усход. Погляды сходзяцца ў наступным: еўрапейскi лад канца ХХ ст. яшчэ не збудаваны; надалей краiнам ЦУЕ пагражае лёс суб'екта ў гульнi звышдзяржаў; такi стан можа працягвацца настолькi доўга, наколькi рэгiён застанецца "шэрай паласой" палiтычнай i эканамiчнай слабасцi, а звышдзяржавы будуць яму ахвяроўваць сумнiўныя гарантыi.

Асаблiвасцi расiйска-польскiх адносiн

У геапалiтычным сэнсе на вызначэнне курсу развiцця Польшчы, як i заўсёды ў мiнулым, вырашальны ўплыў аказваюць альбо Усход, альбо Захад. У гэтым кантэксце польская дзяржава iмкнецца працягваць гiстарычную лiнiю недапушчэння альянсу Германii з Расiяй без удзелу Польшчы. Вырашэннем гэтай дылемы, адпаведна польскiм намерам, была б важкая пазiцыя абодвух вялiкiх суседзяў у сiстэме еўрапейскага супрацоўнiцтва з актыўным i ўплывовым удзелам Польшчы.

Але з 1994 г. адбываецца працэс расiйска-германскага зблiжэння. Вядома, без пасрэднiкаў. Вось чаму размову ў Боне на пачатку студзеня 1994 г. кiраўнiкоў германскага i расiйскага знешнепалiтычных ведамстваў К. Кiнкеля i А. Козырава аб перспектыве восi Бон — Масква старшыня камiсii па знешняй палiтыцы Сейму РП Б. Герэмек палiчыў дастаткова небяспечнай з'явай для Польшчы i заклiкаў суайчыннiкаў уважлiва назiраць за гэтым працэсам. Герэмек вызначыў, што дырэктывай польскай знешняй палiтыкi павiнна быць адсочванне пагроз, процiдзеянне i адначасова захаванне рэалiзму ў ацэнцы сапраўднай пагрозы16.

Непакой з нагоды рэстаўрацыi ў Польшчы iмперскага ўплыву Расii — пастаянны спадарожнiк ацэнкi палякамi знешнiх i ўнутраных крокаў сваёй вялiкай усходняй суседкi. Такое пачуццё не пакiдае iх пасля вядомых падзей восенi 1993 г. Вось, напрыклад, адно з тыповых уражанняў сярэдняга паляка. Чацвер, 23 верасня. Расiя мае двух прэзiдэнтаў, двух мiнiстраў абароны i па два мiнiстры на iншыя ключавыя ведамствы — бяспекi i ўнутраных спраў. З аднаго боку Ельцын з дэкрэтам аб роспуску парламента, з другога — Руцкой, ануляваўшы дэкрэт Ельцына. Калi Ельцын прайграе ў палiтычнай барацьбе, то... Польшча акажацца зноў сярод лiдэраў перамен. Працяглы час пры апытаннях каля 70 % рэспандэнтаў выказваюць апасенне перад расiйскай ваеннай пагрозай, 65 % — сцвярджаюць аб палiтычнай пагрозе.

Кастрычнiцкiя (1993) падзеi ў Маскве польскiя аналiтыкi разглядалi ў кантэксце змены не толькi ўнутранай, але i знешняй палiтыкi. Штурм маскоўскага Белага дома быў названы вяртаннем дыктатуры, але не ранейшага крывавага дыктату ўзурпатара. Калi б iнакш, то Руцкога i Хасбулатава застрэлiлi папросту падчас арышту. Аднак калi пад паняццем дыктатуры разумець засяроджанне ўлады ў адных руках i абмежаванне грамадзянскiх свабод, то менавiта такi стан у Маскве аднатавала афiцыйная Варшава. Па падлiках уплывовага часопiса "Wprost", 500 забiтых i сама меней 700 раненых — такiм быў вынiк баёў17. Штурм паставiў Б. Ельцына ў залежнасць ад ваеннага комплексу i вымусiў трацiць мiльёны долараў, каб утрымаць гэты комплекс у стане задавальнення генералаў. Пазiцыя генералiтэту адразу адбiлася i на палiтыцы да суседзяў РФ, падставай чаго з'явiўся згаданы вышэй лiст Ельцына да ўрадаў дзяржаў — членаў НАТА.

Гэты лiст, па меркаваннi тагачаснага мiнiстра абароны РП Я. Анышкевiча, падоўжыў, хоць i не перакрэслiў, шлях Польшчы, Чэхii i Венгрыi ў структуры НАТА. Крэмль яскрава акрэслiў думку, што паспешнае прыняцце сярэднееўрапейскiх краiн у Паўночнаатлантычны саюз не выклiча расiйскага энтузiязму. Асобныя расiйскiя палiтыкi запатрабавалi, каб гэта ўсвядомiлi i афiцыйныя колы Заходняй Еўропы, раптам зажадаўшыя дапоўнiць "сям'ю" новымi членамi. "Удакладненне" афiцыйнай пазiцыi прэзiдэнта Б.Ельцына было пачатае артыкулам у газеце "Сегодня", дзе прадстаўнiк МЗС В. Елагiн сфармуляваў пытанне: "Чаго не зразумелi ў Варшаве?" Там, у прыватнасцi, падкрэслiвалася: "Складаецца ўражанне, што ў некаторых замежных колах заява расiйскага прэзiдэнта ацэнена як найважнейшы вынiк афiцыйнага вiзiту ў Варшаву. Тым часам не заўважана, што ў падпiсанай супольнай дэкларацыi рашэнне Польшчы аб намеры далучыцца да НАТА звязваецца з працэсам агульнаеўрапейскай iнтэграцыi. Было б добра, калi ў Варшаве яшчэ раз уважлiва прачытаюць дэкларацыю"18. Змена настрою ў Крамлi i спробы iнтэрпрэтацыi "несвядомага абяцання Ельцына ў Варшаве" адразу былi аднатаваны на Захадзе. Асаблiвы непакой там выклiкала пазiцыя расiйскага Генеральнага штаба, якi перасцярог супраць пашырэння НАТА, "выкарыстаўшы часовае аслабленне Расii".

Дыктатура Ельцына была акрэслена як шкодная i для Польшчы. Але вiна за тое, што Ельцын стаў адмаўляцца ад абяцання не супрацiўляцца ўступленню Польшчы ў НАТА, ускладалася i на польскiх палiтыкаў, якiя незвычайна раструбiлi па свеце аб сваiм поспеху, не замацаваўшы яго ў Маскве нiякiмi дыпламатычнымi дзеяннямi. Як бы ўсклалi спадзяванне на тое, што ўсё беспаваротна вырашыў прэзiдэнт Л. Валенса.

Паводле ацэнкi вядомага польскага палiтолага В. Кучыньскага, падзеi ў Маскве мелi агульнарасiйскiя каранi. Гэта быў не звычайны путч, а мяшанка з элементамi народнага паўстання супраць уладаў, абвiнавачаных у саўдзеле ў разбурэннi iмперскай дзяржавы. Другая прычына: Расiя аказалася прыкладам краiны з расцягнутым шляхам да рынкавай эканомiкi i запозненай гаспадарчай трансфармацыяй з-за небяспекi сацыяльных катастроф. Там, па сцвярджэннi палiтолага, вырашана за лепшае лагодзiць тэрапiю, каб пазбегнуць шоку — спаду прадукцыi, iнфляцыi, банкруцтва прадпрыемстваў, беспрацоўя i да т. п. Лiчыцца, што ўсе гэтыя праблемы становяцца вынiкам занадта хуткага адыходу ад сацыялiстычнай планавай эканомiкi, як гэта аказалася ў Польшчы19. У рэшце Расiя дайшла да "шоку без тэрапii". Грамадства спазнала ўсе нягоды, але размiнулася з перавагамi, якiя прыносiць радыкальнае лячэнне: паляпшэннем стану рынку i спадам iнфляцыi.

Па меркаваннi мiнiстра замежных спраў Б. Герэмека, трэба лiчыць небяспечнымi чутныя на Захадзе галасы, што важнейшай мэтай у Расii з'яўляецца парадак, а не працэсы дэмакратычных перамен.

Мы становiмся сведкамi гiстарычнага парадоксу. У свой час расiйская iмператрыца Кацярына II у прыняццi Канстытуцыi Рэчы Паспалiтай угледзела "французскую заразу". Зараз у асяроддзi польскiх уладных структур паглыбляецца пачуццё непакою ад так званага "ўсходняга вiруса". Яго ўздзеяннем гатовы патлумачыць самыя разнастайныя ўнутраныя праявы грамадскага незадавальнення, непавагi да закона, не кажучы ўжо пра хiстаннi ў эканомiцы. I хоць аптымiсты заспакойваюць, што для сённяшняй Польшчы чых з Захаду больш грозны, чым грып з Расii, тым не менш "усходнi вiрус" грамадская думка атаясамлiвае з "чумой ХХ веку", якая "пазбаўляе эканамiчны арганiзм ад ахоўных функцый i адначасова блiскавiчна падточвае дяржаўную i ўладную тканку". Найлепшым прыкладам уладарання "чумы" называецца Расiя. Яе разнавiднасць акрэслена як "алiгархiчна-крымiнальная ўлада" або "карупцыя на службе дэмакратыi"20.

У адрозненне ад небяспекi рэстаўрацыi расiйскага палiтычнага ўплыву, Варшаву фактычна перастала турбаваць праблема эканамiчнай залежнасцi ад вялiкай усходняй суседкi. Як вядома, буйнейшым гандлёвым партнёрам Польшчы быў Савецкi Саюз. Але з пачатку 90-х гг. палякi змаглi экспартаваць у Германiю, Галандыю, Iталiю больш, чым у Расiю. Толькi дзякуючы продажы газу i нафты Расiя захавала пазiцыi ў польскiм iмпарце. Па стане на сярэдзiну 1993 г. ужо 68 % польскага экспарту накiроўвалася ў краiны Заходняй Еўропы. Расiя ўладкавалася толькi на трэцiм месцы, набываючы крыху больш за 5 % польскiх тавараў i паслуг. Самы значны абвал у гандлi Польшчы з Усходам наступiў у 1991 г. Тады ўзаемныя абароты склалi 2,3 млрд дол.

Iстотныя змены адбылiся ў структуры абмену з Расiяй. У iмпарце пераважыла энергетычная сыравiна (70 %), у экспарце амаль знiклi iнвестыцыi i павялiчылася доля спажывецкiх i харчовых тавараў. У першай палове 90-х гг. Польшча штогод закупляла ў Расii 2/3 неабходнага для гаспадаркi газу (6 млрд куб. м) i 40 % (5 млн т) нафты. Перасцярогi адносна "закручвання крана" i палiтычных праяў залежнасцi Польшчы ад расiйскiх паставак сыравiны не вельмi непакояць Варшаву. Пераважае думка, што нiхто ў Крамлi не адмовiцца ад некалькiх мiльярдаў долараў, гарантавана паступаючых за продаж газу i нафты. Дапускаецца, што палiтычны хаос i неразбярыха ў Расii могуць яшчэ больш паменшыць польскi экспарт у гэтую краiну.

Палякi iнакш, чым расiяне, разумеюць лiбералiзацыю замежнага гандлю. Паводле iх назiранняў, на Усходзе яна зводзiцца да ўвядзення новых кантынгентаў, лiцэнзiй i сертыфiкатаў дзеля атрымання максiмальных даходаў; да мiнiмуму зводзiцца iмпарт. Замежны гандаль цалкам лiмiтуецца адмiнiстрацыйнымi загадамi. У Польшчы галоўным крытэрыем гандлю з замежжам лiчыцца забеспячэнне ўнутраных патрэб.

Польскi бок за кароткi час пераканаўся ў супярэчлiвасцi прынятага на пачатку 1998 г. рашэння аб абмежаваннi паездак усходнiх суседзяў у краiну. Аднак такое рашэнне наспявала працяглы час. Яшчэ ў студзенi 1993 г. МЗС РП выказалася за ўвядзенне вiзаў разам з запрашэннямi для грамадзян былога СССР (без балтыйскiх краiн) i нестабiльных посткамунiстычных краiн. На пытанне: цi належыць увесцi вiзы для грамадзян СНД i некаторых дзяржаў Сярэдняй Еўропы, станоўчы адказ далi 40 %, адмоўны — 27 % апытаных палякаў. Працiўнiкi вiзавага парадку рабiлi акцэнт на штучным ускладненнi ўезду ў краiну i сцвярджалi, што турыстычны рух з "дапамогай" вiзаў нiдзе ў свеце не апраўдаўся. Прыхiльнiкi вiзаў аргументавалi сваю пазiцыю тым, што, пакуль на Усходзе пануе страшны эканамiчны крызiс, точацца грамадзянскiя войны i ўладарыць усемагутная мафiя, датуль дзеля абароны польскай дзяржавы патрэбна ўжываць усе даступныя сродкi.

Польскае грамадства пазбавiлася небяспекi iдэалагiчнага ўцiску з боку Расii, уласцiвай для пачатку 90-х гг., у прыватнасцi, верагоднасцi экспарту камунiзму з Усходу. Больш таго, пераважае меркаванне, што смута ў самой Расii хоць працягнецца некалькi дзесяцiгоддзяў, але паварот да камунiзму i там ужо немагчымы. Тое, што сёння лiчыцца камунiзмам у Расii, Украiне цi на Беларусi — гэта толькi настальгiя па "старым добрым часе" iмперыi. Няма ўжо нi ўмоў для яе адбудовы, нi грамадскай падтрымкi для такога шляху. Напрыклад, тыпова iмперская i няўдала закончаная для Расii вайна ў Чачнi не мела грамадскай падтрымкi. Адбудова iмперыi ўцягнула б Расiю ў так драматычныя i грозныя для яе канфлiкты з суседзямi, што аказалася б па-за яе палiтычнай i эканамiчнай цэласнасцю. Расiя мае толькi адзiн выбар: адкрытасць для Еўропы, згоду на бясспрэчныя факты, на страту сфер уплыву, суверэнiзацыю дзяржаў-васалаў. Вынiкам будзе пераўтварэнне яе ў нармальную нацыянальную дзяржаву.

Дарэчы, польская грамадскасць надзвычай востра рэагавала на ваенныя дзеяннi ў Чачнi. Шырокi размах набыў збор гуманiтарнай дапамогi насельнiцтву гэтай рэспублiкi. У маi 1995 г. створанае ў Кракаве таварыства Чачэнскi iнфармацыйны цэнтр рыхтавала ў эфiр радыёпраграмы для жыхароў Каўказа. У Агульнапольскi савет па радыёвяшчаннi i тэлебачаннi была накiравана заява аб зацвярджэннi канцэсii радыё "Вольны Каўказ". Стварэнне згаданага радыё разглядалася грамадскай думкай як адзiн са спосабаў процiдзеяння чалавеказабойству ў Чачнi. Сваёй задачай радыёпраграма абвясцiла iнфармаванне дзеля садзеяння прыпыненню вайны. Перадачы рыхтавалiся на чачэнскай, расiйскай, армянскай, грузiнскай i польскай мовах. Фiнансавую дапамогу радыёпраграме гарантавалi розныя публiчныя фармiраваннi i асобы Польшчы, у першую чаргу — "Салiдарнасць"21. Супраць стварэння падобнага радыёвяшчання рэзка выступiла Дзярждума Расii. Узнiкла верагоднасць таго, што ўлады Кракава свядома цi не рыхтавалi скандал у адносiнах памiж Варшавай i Масквой. У рэшце рэшт радыё "Вольны Каўказ" не разгарнула дзейнасцi.

Падводзячы вынiк, трэба зазначыць, што сярод грамадскасцi i ў кiраўнiчых колах Польшчы назiраецца пастаянная цiкавасць да палiтыкi Расii. Усведамляецца адзiнства расiйскiх элiт у поглядах на палiтыку краiны ў Сярэдняй Еўропе. Усе знешнепалiтычныя крокi Масквы правяраюцца "на антыпольскасць". Ад важнейшых расiйскiх унутрыпалiтычных падзей, эканамiчных рашэнняў iмкнуцца пачуць рэха, адбiтае ў сярэднееўрапейскiм рэгiёне. Лiчаць важнейшай мэтай не дапусцiць расiйска-германскага зблiжэння без удзелу Польшчы. Раўнiва рэагуюць на антынатаўскую рыторыку расiйскiх палiтыкаў, хоць па меры прасоўвання ў заходнiя структуры крыклiвы лозунг аб безумоўным праве Польшчы схавацца пад ахоўным парасонам НАТА, не пытаючы нiчыёй згоды, пакрысе замяняецца прагматычнай вычакальнай пазiцыяй. Перыядычныя спробы Масквы запаволiць геапалiтычны паварот краiн Сярэдняй Еўропы ў заходнiм напрамку, цi нават аднавiць там свой уплыў падаграюць у Варшаве рашучасць абараняць уласную сувярэннасць, але адначасова адбудоўваць эканамiчнае супрацоўнiцтва i пазбягаць дзеянняў, што даводзяць да абвастрэння адносiн у палiтычнай плоскасцi. З доляй жарту палякi гавораць: не хацелi б баяцца Расii, але Расii, якой могуць не баяцца, пакуль што няма.

1 Гл.: Miedzy polityka a strategia. Warszawa, 1994. S. 12.
2 Известия. 1998. 4 апр.
3 Wprost. 1995. 28 maj. S. 46.
4 Wprost. 1993. 31 pazdz. S. 4.
5 Независимая газета. 1993. 13 нояб.
6 Wprost. 1993. 31 pazdz. S. 4.
7 Там жа. С. 9.
8 W strone nowego partnerstwa — Polsko-Rosyjska konferencja, Krakow, 23—25 lutego 1994. Krakow, 1994. S. 28.
9 Polska w srodowisku miedzynarodowym: Problemy wspolzaleznosci. Warszawa, 1993. S. 213.
10 Wprost. 1998. 1 marz. S. 9.
11 У пач. 1994 г. Лiтва першай сярод дзяржаў былога СССР падала фармальную заяўку аб прыёме ў НАТА.
12 Wprost. 1998. 1 marz. S.72.
13 Згаданая плынь грунтуецца на ацэнках шырока вядомага ў Польшчы Рычарда Пайпса — уплывовай асобы Захаду, працiўнiка пашырэння НАТА. Р. Пайпс, амерыканскi гiсторык i палiтолаг, нарадзiўся ў Польшчы ў 1923 г. у яўрэйскай сям'i. У кастрычнiку 1939 г. сям'i Пайпсаў удалося праз незалежную яшчэ Лiтву выехаць на Захад i далей у ЗША. Зараз Р. Пайпс — пенсiянер-прафесар Гарвардскага унiверсiтэта, адзiн з найлепшых знаўцаў Расii i былога СССР. Быў галоўным саветнiкам Р. Рэйгана па савецкiх справах на першым этапе яго прэзiдэнцтва. За сваю ролю ў фармiраваннi тагачаснай палiтыкi ЗША адносна камунiстычнага блоку адзначаны прэзiдэнтам Л. Валенсам Камандорскiм крыжам ордэна Заслугi РП.
14 Справа ў тым, што з часоў сярэднявечча палякi празвалi расiян маскалямi. I зараз у працяг гэтай традыцыi "маскалём" называюць... смярдзючыя аэразолi для знiшчэння шкоднiкаў i не самыя шляхетныя людскiя недахопы. У шырокiм ужытку выказванне Напалеона: "Паскрабiце расiянiна i знойдзеце татарына". Паляк ахвотна ўвасабляе д'ябла ў постацi немца, але ў польскiм слоўнiку антынямецкiх мянушак няма так абразлiвага слова, як выдуманае для вызначэння расiян — кацапы. Польскiя адносiны да немцаў гiстарычна былi непрыхiльныя, але ахопленыя комплексам нiзшасцi. Адносна расiян, наадварот, авалодвала пачуццё высшасцi. Праз прызму немца паляк адчуваў аддаленасць ад Еўропы, польскую асобнасць; праз прызму расiян пачуваўся еўрапейцам i адгароджваўся ад Азii.
15 Wprost. 1998. 22 lut. S. 71.
16 Wprost. 1994. 9 stycz. S. 2.
17 Wprost. 1993. 17 pazdz. С. 49.
18 Cегодня. 1993. 4 нояб.
19 Wprost. 1993. 17 pazdz. S. 63.
20 Wprost. 1998. 30 sierp. S.3.
21 Wprost. 1995. 28 maj. S. 28.


Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter

Сообщество

  • (029) 3222740
  • Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
© 2019 Международное общественное объединение «Развитие». All Rights Reserved.