Белорусский журнал международного права и международных отношений 2000 — № 1


международные отношения

АБ НАВУКОВЫХ ДАСЛЕДАВАННЯХ АДДЗЕЛА НАЦЫЯНАЛЬНЫХ I МIЖНАРОДНЫХ АДНОСIН БЕЛАРУСI IНСТЫТУТА ГIСТОРЫI НАН БЕЛАРУСI (1960—1990-я гг.)

Уладзiмiр Снапкоўскi

Снапкоўскі Уладзімір Еўдакімавіч — доктар гістарычных навук, прафесар кафедры міжнародных адносін факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага універсітэта, загадчык аддзела нацыянальных і міжнародных адносін Беларусі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

У даваенны перыяд iснавання iнстытута гiсторыi АН БССР знешнепалiтычная праблематыка не знайшла адлюстравання у даследаваннях яго супрацоўнiкаў. У другой палове 1940-х—пачатку 1950-х гг. былi зроблены спробы стварыць у iнстытуце падраздзяленне, якое займалася б праблемамi ўсеагульнай гiсторыi, у тым лiку мiжнароднымi адносiнамi. У 1946 г. быў адкрыты сектар усеагульнай гiсторыi (загадчык — акадэмiк М. Н. Нiкольскi), у 1951 г. — сектар навейшай гiсторыi (загадчык — канд. гiст. навук Э. М. Паздняк). Аднак з-за адсутнасцi кадраў i неадпаведнасцi асноўным накiрункам навуковай дзейнасцi iнстытута гiсторыi АН Беларусi, якiмi з'яўлялiся вывучэнне "ўнутранай" гiсторыi БССР, гэтыя навуковыя падраздзяленнi не змаглi разгарнуць сваю працу i былi хутка скасаваны. Пытаннi знешнепалiтычнай дзейнасцi i мiжнародных сувязей Беларусi навейшага часу заставалiся па-за ўвагай вучоных iнстытута, у тым лiку iх абагульняючых прац па гiсторыi Беларускай ССР, што былi выдадзены у 1950—1960-я гг.

Разам з тым у першай палове 1960-х гг. два супрацоўнiка iнстытута гiсторыi абаранiлi першыя кандыдацкiя дысертацыi па замежных сувязях БССР. Гэта былi С. Д. Вайтовiч ("Белорусская ССР в борьбе за мир и сотрудничество между народами (1945—1962)". Мн., 1963) i В. С. Талстой ("Сотрудничество Белорусской ССР и Польской Народной Республики (1944—1963)". Мн., 1964). У другой палове 1960-х гг. яны надрукавалi асобныя манаграфii на падставе абароненых дысертацый. Кнiгi С. Д. Вайтовiча i В. С. Талстога былi першымi навуковымi выданнямi па знешнепалiтычнай дзейнасцi Беларусi, што былi выдадзены у рэспублiцы. У 1964 г. у Маскве выйшла у свет кнiга "Белорусская ССР на международной арене", якая была падрыхтавана калектывам супрацоўнiкаў МЗС БССР пад кiраўнiцтвам мiнiстра замежных спраў К. В. Кiсялёва. Яна разглядала пераважна актыўнасць рэспублiкi у ААН. Такiм чынам, у 1960-х гг. былi створаны перадумовы для фармiравання акадэмiчнага падраздзялення па вывучэннi мiжнароднай дзейнасцi БССР.

Гэтыя перадумовы былi рэалiзаваны фактам стварэння у структуры iнстытута гiсторыi АН БССР у 1969 г. сектара гiсторыi еўрапейскiх сацыялiстычных краiн (СГЕСК). Галоўнымi прычынамi стварэння сектара з'яўлялiся не столькi навуковыя, колькi палiтычныя матывы. Пасля падзей у Чэхаславакii у 1968 г. савецкае кiраўнiцтва нiбыта зразумела неабходнасць навуковага даследавання "брацкiх" сацыялiстычных краiн, якiя час ад часу сутрасалiся ад вострых палiтычных крызiсаў. З улiкам геаграфiчнай блiзкасцi Беларусi да гэтых краiн i выконваючы адпаведныя рэкамендацыi ЦК КПСС, бюро ЦК КПБ прыняло рашэнне аб стварэннi сектара. Перад iм былi пастаўлены задачы "распрацоўкi пытанняў, што датычылiся месца БССР на мiжнароднай арэне, яе ўдзелу у супрацоўнiцтве СССР з замежнымi дзяржавамi, а таксама некаторых аспектаў сацыялiстычнага будаўнiцтва у брацкiх краiнах i заканамернасцей развiцця сусветнай сацыялiстычнай сiстэмы" (Архiў аддзела нацыянальных i мiжнародных адносiн Беларусi iнстытута гiсторыi НАН Беларусi). Нягледзячы на назву, прыярытэтным накiрункам сектара адразу быў вызначаны аналiз замежных сувязей БССР.

Незабяспечанасць сектара квалiфiкаванымi кадрамi па спецыялiзацыi асобных краiн Усходняй Еўропы, iх адток у ВНУ па прычыне больш высокай аплаты працы, цяжкасцi з выданнем навуковай прадукцыi па праблематыцы еўрапейскiх сацыялiстычных краiн (гэта лiчылася прэрагатывай маскоўскiх акадэмiчных устаноў) прывялi да таго, што з пачатку свайго iснавання СГЕСК сканцэнтраваўся на даследаваннi двух- i шматбаковых сувязей БССР з асобнымi краiнамi "сацыялiстычнай садружнасцi" i дзейнасцi рэспублiкi у ААН. Але задача вывучэння навейшай (пасля 1945 г.) гiсторыi асобных еўрапейскiх сацыялiстычных краiн, падрыхтоўкi кандыдатаў навук i замацавання iх за адпаведнымi краiнамi не здымалася. У 1970-я гг. па гэтай тэматыцы абаранiлi кандыдацкiя дысертацыi 4 супрацоўнiка сектара: А. Е. Пятруннiкаў (удзел камсамола Балгарыi у сацыялiстычным будаўнiцтве 1960—1965 гг.), М. Г. Крэканэ (прафсаюзы Румынii у 1945—1947 гг.), А. С. Кароль (дапамога СССР антыфашысцка-дэмакратычным сiлам Усходняй Германii у 1945—1947 гг.), У. Е. Снапкоўскi (палiтыка ГДР адносна ФРГ у 1970-я гг.).

Тым не менш асноўным накiрункам працы сектара з'яўлялiся пытаннi знешнепалiтычнай дзейнасцi i мiжнародных сувязей Беларусi пасля 1944 г., калi БССР разам з iншымi саюзнымi рэспублiкамi атрымала знешнепалiтычныя паўнамоцтвы. У 1970—1980-я гг. удзел БССР у працы ААН у галiне забеспячэння мiжнароднага мiру i бяспекi грунтоўна даследаваў С. Д. Вайтовiч. Ён таксама вывучаў сувязi БССР з развiваючымiся краiнамi i яе замежныя эканамiчныя адносiны. Усяго па гэтай тэматыцы вучоны надрукаваў 7 iндывiдуальных манаграфiй i 1 у сааўтарстве. У 1978 г. С. Д. Вайтовiч абаранiў у Маскве доктарскую дысертацыю па тэме "Беларуская ССР у барацьбе Савецкага Саюза супраць каланiялiзму, за незалежнасць, прагрэс i бяспеку развiваючыхся краiн (1945—1970 гг.)" i стаў першым у рэспублiцы доктарам навук па праблематыцы мiжнароднай дзейнасцi БССР.

У 1970 г. С. Д. Вайтовiч, М. С. Верабей i В. С. Талстой выпусцiлi кнiгу "Сотрудничество Белорусской ССР с социалистическими странами", якая з'яўлялася першай манаграфiяй супрацоўнiкаў СГЕСК. Пачалося вывучэнне двухбаковых сувязей рэспублiкi з усходнееўрапейскiмi краiнамi. Л. П. Мiрачыцкi падрыхтаваў кандыдацкую дысертацыю аб супрацоўнiцтве БССР i Чэхаславакii у 1956—1961 гг. i апублiкаваў у 1981 i 1992 гг. 2 манаграфii аб беларуска-чэхаславацкiх i беларуска-югаслаўскiх культурных i навуковых сувязях ад iх вытокаў i да нашых дзён. В. П. Жукаў выдаў у 1974 г. кнiгу аб удзеле БССР у супрацоўнiцтве СССР з ГДР у 1956—1972 гг., якая была падрыхтавана на падставе кандыдацкай дысертацыi. Г. Г. Сяргеева абаранiла кандыдацкую дысертацыю аб беларуска-балгарскiх узаемасувязях i надрукавала у 1976 г. адпаведную манаграфiю, якая ахоплiвала перыяд 1960—1975 гг. Кандыдацкая дысертацыя В. П. Галубовiча была прысвечана беларуска-венгерскаму супрацоўнiцтву 1960—1970-х гг., адпаведная праца А. М. Рэзнiка — узаемасувязям БССР i ГДР у 1970—1980-я гг., А. А. Лашкевiча — развiццю вышэйшай школы Балгарыi у 1944—пачатку 1960-х гг. Такiм чынам, да канца 1970-х гг. супрацоўнiкi сектара даследавалi двухбаковае супрацоўнiцтва БССР з шэрагам еўрапейскiх краiн "сацыялiстычнай садружнасцi" — Польшчай, ГДР, Балгарыяй, Чэхаславакiяй i Венгрыяй.

Паралельна вялася распрацоўка пытанняў шматбаковага супрацоўнiцтва БССР з сацыялiстычнымi краiнамi. Э. А. Лейкiн вывучаў iнтэрнацыянальныя сувязi беларускай моладзi, А. С. Ляднёва — рабочага класа, Г. Г. Сяргеева — навуковае супрацоўнiцтва, i. А. Захарчанка — трансгранiчнае супрацоўнiцтва абласцей БССР i адпаведных адмiнiстратыўна-тэрытарыяльных адзiнак еўрапейскiх сацыялiстычных краiн. Па гэтай тэматыцы яны апублiкавалi адпаведныя манаграфii (i. А. Захарчанка разам з М. С. Вераб'ём). У 1980-я гг. пашырылася даследаванне знешнепалiтычнай дзейнасцi рэспублiкi у галiне мiру i бяспекi, якое разглядалася праз прызму яе ўдзелу у ажыццяўленнi знешняй палiтыкi СССР. Гэтая праблематыка знайшла адлюстраванне у манаграфiчнай прадукцыi Э. А. Лейкiна (барацьба БССР за мiр, раззбраенне i мiжнародную бяспеку), У. Е. Снапкоўскага (дзейнасць БССР у ААН у 1945—1985 гг.), Л. У. Языковiч (БССР i ЮНЕСКА).

Пэўным падсумаваннем дваццацiгадовай працы сектара, якi з 1983 г. стаў называцца сектарам гiсторыi замежных сувязей БССР, з'явiлася выданне у канцы 1980-х гг. 2 калектыўных манаграфiй. У кнiзе "БССР и социалистические страны: укрепление дружбы, сотрудничества, братства (1945—1987 гг.)" прааналiзаваны грамадска-палiтычныя, у тым лiку i на мiжнароднай арэне, эканамiчныя, культурныя i навуковыя сувязi рэспублiкi з сацыялiстычнымi краiнамi. Праца "В едином строю борцов за мир" разглядала ўдзел беларускай грамадскасцi у руху прыхiльнiкаў мiру.

Трэба адзначыць, што гэтыя, як i iншыя, працы супрацоўнiкаў сектара не былi пазбаўлены сур'ёзных метадалагiчных недахопаў, аднабаковасцi, спрошчанасцi, параднасцi, схематызму, замоўчвання адных i штучнага выпячвання iншых гiстарычных падзей, скажэнняў, зададзенасцi вынiкаў даследавання. Гэтыя хiбы тэарэтычнага i метадычнага характару былi ўласцiвы для ўсёй савецкай гiстарычнай навукi, у тым лiку для савецкай школы даследчыкаў знешняй палiтыкi СССР i мiжнародных адносiн.

З разгортваннем працэсаў перабудовы, дэмакратызацыi i галоснасцi навукоўцы аддзела рабiлi захады па павышэнню навуковага ўзроўню даследаванняў, наблiжэнню iх да рэальных патрэбнасцей беларускага грамадства. У снежнi 1989 г. У. Е. Снапкоўскi надрукаваў у акадэмiчнай газеце "За передовую науку" артыкул "Мы многого еще не знаем", дзе крытычна разгледзеў стан вывучэння мiжнароднай дзейнасцi БССР, выказаўся за даследаванне яе "белых плямаў", адмову ад старых догмаў i стэрэатыпаў, укараненне новых падыходаў у даследчыцкай працы. Новыя канцэптуальныя палажэннi у гэтай галiне гiстарычнай навукi былi вылучаны У. Е. Снапкоўскiм i Г. Г. Сяргеевай у шэрагу iх артыкулаў i падсумаваны у сумесным артыкуле "Знешнепалiтычныя аспекты суверэнiтэту Беларусi: гiстарычны агляд" (Весцi АН Беларусi. Серыя грамадскiх навук. 1992. ь 2). На рубяжы 1980—1990-х гг. адбываецца пераход даследчыкаў знешнепалiтычнай дзейнасцi Беларусi на пазiцыi нацыянальна-дзяржаўнай канцэпцыi гiсторыi Беларусi.

Супрацоўнiкi аддзела не стаялi у баку ад бурлiвага грамадскага жыцця. Некаторыя iх грамадска-палiтычныя акцыi патрабавалi грамадзянскай мужнасцi. Старшыя навуковыя супрацоўнiкi аддзела Л. П. Мiрачыцкi i В. С. Талстой былi у лiку 28 прадстаўнiкоў творчай i навуковай iнтэлiгенцыi рэспублiкi, што падпiсалi 15 снежня 1986 г. лiст на iмя Генеральнага сакратара ЦК КПСС М. С. Гарбачова у абарону беларускай мовы. З канца 1980-х гг. супрацоўнiкi аддзела пачалi паступова пераходзiць на беларускую мову у сваёй даследчай працы i публiчных зносiнах i выступленнях. У 1990 г. упершыню штогадовая справаздача аддзела была падрыхтавана па-беларуску. З 1990 г. пераважная большасць публiкацый аддзела друкуецца на беларускай мове.

У пачатку 1990-х гг. у сувязi са змяненнем структуры iнстытута гiсторыi сектар гiсторыi замежных сувязей БССР быў рэарганiзаваны у аддзел гiсторыi нацыянальных адносiн i культуры Беларусi савецкага перыяду. У 1993 г. са складу аддзела вылучыўся сектар нацыянальна-культурнага развiцця Беларусi XX ст. З гэтага часу аддзел стаў называцца аддзелам нацыянальных i мiжнародных адносiн Беларусi. З моманту стварэння аддзела яго загадчыкамi былi: доктар гiстарычных навук, прафесар А. М. Мацко (1969—1973); кандыдат гiстарычных навук В. С. Талстой (1973—1982); кандыдат гiстарычных навук Г. Г. Сяргеева (1982—1995). З кастрычнiка 1995 г. аддзел узначальвае доктар гiстарычных навук, прафесар У. Е. Снапкоўскi.

Тэматыка аддзела прыцярпела значныя змены у сувязi з набыццём Беларуссю незалежнасцi i неабходнасцю вывучэння мала цi зусiм недаследаваных праблем навейшай гiсторыi Беларусi. Адным з такiх "белых плямаў" была гiсторыя беларускай дыяспары. У 1990—1995 гг. аддзел выканаў тэму "Гiсторыя беларускай эмiграцыi", па вынiках якой была падрыхтавана i здадзена у выдавецтва абагульняючая праца па гiсторыi беларускай эмiграцыi ад часоў ВКЛ да 1991 г. Падрыхтаваны таксама зборнiк дакументаў i матэрыялаў па гiсторыi беларускай дыяспары у 2 тамах, якi ахоплiвае перыяд з другой паловы XIX ст. да 1991 г. У 1995—1999 гг. аддзел выканаў тэму "Сучасная беларуская дыяспара". Прааналiзавана культурна-нацыянальнае жыццё беларусаў Расii, Украiны, краiн Балтыi, Польшчы, узаемадачыненнi памiж дыяспарай i Бацькаўшчынай у 1990-я гг.

Упершыню прафесiйныя гiсторыкi Беларусi ажыццявiлi комплекснае вывучэнне жыцця i дзейнасцi беларусаў замежжа як важнай i неад'емнай часткi беларускага этнасу. Тым самым быў лiквiдаваны iстотны прагал у беларускай гiстарычнай навуцы, распрацавана метадалогiя i методыка даследавання беларускай дыяспары i эмiграцыi з пазiцый нацыянальна-дзяржаўнай канцэпцыi гiсторыi Беларусi. Завершанае даследаванне мае не толькi навукова-пазнавальную, але i сацыяльна-практычную значнасць. Яно закладвае навуковы фундамент як пад распрацоўку нацыянальнай канцэпцыi "Беларуская дыяспара", так i пад рэалiзацыю ўзважанай урадавай палiтыкi Рэспублiкi Беларусь адносна беларускiх арганiзацый замежжа, якая павiнна быць накiравана на кансалiдацыю беларускага нацыянальнага супольнiцтва.

У 90-я гг. супрацоўнiкi аддзела дасягнулi значных вынiкаў у вывучэннi асобных праблем гiсторыi знешняй палiтыкi Беларусi i беларускай эмiграцыi. У 1993 г. У. Е. Снапкоўскi абаранiў доктарскую дысертацыю па тэме "Знешнепалiтычная дзейнасць Беларускай ССР (1944—1953 гг.)", па вынiках якой ён надрукаваў 2 манаграфii аб шляху Беларусi у ААН i яе дыпламатычнай актыўнасцi у азначаны перыяд. У гэтых працах упершыню у айчыннай i постсавецкай гiстарыяграфii знешнепалiтычная дзейнасць саюзнай рэспублiкi (у дадзеным выпадку БССР) разглядаецца не як iлюстрацыя да агульнасаюзнай дыпламатыi, а як самастойны прадмет даследавання, праз прызму нацыянальных iнтарэсаў Беларусi. Л. А. Кавалёва абаранiла кандыдацкую дысертацыю аб знешнепалiтычнай дзейнасцi БССР у 1919—1929 гг. У 1994 г. А. В. Цiхамiраў абаранiў кандыдацкую дысертацыю па тэме "Беларуская эмiграцыя. 90-я гг. XIX ст. — 1917 г.", у якой упершыню прааналiзаваў этапы i тэндэнцыi эмiграцыйных працэсаў у Беларусi, а таксама арганiзацыйныя формы жыцця эмiграцыi на чужыне. Пазней У. Е. Снапкоўскi i А. В. Цiхамiраў аб'ядналi свае намаганнi у распрацоўцы навукова-папулярнага нарыса па гiсторыi геапалiтыкi i дыпламатыi Беларусi XX ст. У 1999 г. А. В. Цiхамiраў завяршыў цiкавае, наватарскае даследаванне па знешнепалiтычных аспектах станаўлення беларускай дзяржаўнасцi у перыяд пасля завяршэння Першай сусветнай вайны у лiстападзе 1918 г. да заключэння Рыжскага мiру у сакавiку 1921 г.

Г. Г. Сяргеева плённа вывучала гiстарычныя i сучасныя пытаннi жыцця i дзейнасцi беларускай дыяспары, у тым лiку яе ўзаемаадносiны з Бацькаўшчынай, дзяржаўнай мiграцыйнай палiтыкi Рэспублiкi Беларусь i становiшча беларусаў у Расiйскай Федэрацыi. А. С. Ляднёва аналiзавала дзейнасць беларускай нацыянальнай школы за мяжой пасля Другой сусветнай вайны. Л. У. Языковiч займалася асвятленнем рэлiгiйнага жыцця эмiграцыi i беларускага нацыянальнага руху у Польшчы у 1944—1980-я гг. Л. П. Мiрачыцкi разглядаў беларускую дыяспару у краiнах Балтыi i гiсторыка-культурныя сувязi народаў Беларусi i Балтыi. А. М. Рэзнiк працаваў над вывучэннем грамадска-палiтычных i навукова-культурных поглядаў прадстаўнiкоў БНР у 1918—1925 гг. i дзейнасцi беларускай эмiграцыi у Еўропе у 1925—1939 гг. Т. А. Папоўская даследавала беларускую эмiграцыю у Францыi, Аргенцiне i iншых краiнах.

Сiламi супрацоўнiкаў аддзела нацыянальных i мiжнародных адносiн напiсаны тэксты па праблематыцы беларускай дыпламатыi i дыяспары для "Нарысаў гiсторыi Беларусi" (Мн., 1995. Ч. 2), 4—6-й кнiг даследчага праекта "Гiсторыi Беларусi" у 6 кнiгах, якi завершаны на аўтарскiм узроўнi калектывам iнстытута гiсторыi НАН Беларусi. Тэматыка аддзела шырока прадстаўлена яго навукоўцамi на старонках "Энцыклапедыi гiсторыi Беларусi", унiверсальнай "Беларускай энцыклапедыi", "Беларусiкi-Альбарутэнiкi" i iншых навуковых i папулярных выданняў.

Аддзел ажыццяўляў падрыхтоўку прапаноў i экспертызу дакументаў па свайму профiлю, што паступалi у НАН Беларусi з боку дзяржаўных органаў Рэспублiкi Беларусь — Мiнiстэрства замежных спраў, Дзяржкамiтэта па справах рэлiгiй i нацыянальнасцей, Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу, Нацыянальнай камiсii па справах ЮНЕСКА i iнш. Ён забяспечваў рэалiзацыю навуковай часткi дзяржаўнай праграмы "Беларусы у свеце", што была зацверджана урадам Рэспублiкi Беларусь (выконвалася у 1993—1997 гг.). У 1998 г. падрыхтавана разгорнутае заключэнне на праект канцэпцыi "Беларуская дыяспара", што быў распрацаваны па заказу Дзяржкамiтэта па справах рэлiгiй i нацыянальнасцей. Супрацоўнiкi аддзела ўдзельнiчалi у экспертнай падрыхтоўцы дакументаў Першага i Другога з'ездаў беларусаў свету, сустрэч беларусаў блiзкага замежжа.

Аддзел падтрымлiвае цесныя сувязi з вышэйшай школай, выдавецтвам ""Беларуская энцыклапедыя" i некаторымi iншымi навукова-асветнымi i грамадска-культурнымi ўстановамi i арганiзацыямi. Загадчык аддзела У. Е. Снапкоўскi працуе прафесарам факультэта мiжнародных адносiн БДУ, старшы навуковы супрацоўнiк Л. У. Языковiч — загадчыкам аддзела выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя", старшыя навуковыя супрацоўнiкi А. С. Ляднёва i А. В. Цiхамiраў працуюць па сумяшчальнiцтву у ВНУ г. Мiнска.

Разам з тым у навукова-даследчай, арганiзацыйнай i выдавецкай працы аддзела iснуюць пэўныя хiбы i аб'ектыўныя цяжкасцi. Кiраўнiцтву iнстытута i аддзела ўдалося захаваць, нягледзячы на значныя скарачэннi, кадравы патэнцыял навукоўцаў, хоць некаторыя з iх працуюць на палову стаўкi. У 1995—1999 гг. склад аддзела стабiлiзаваўся на ўзроўнi 8 навуковых супрацоўнiкаў, у лiку якiх былi 1 доктар i 6 кандыдатаў навук. У сувязi з натуральным працэсам старэння востра стаiць праблема папаўнення аддзела квалiфiкаванымi супрацоўнiкамi у працаздольным узросце. У апошнiя гады з боку выдавецтваў, рэдакцый часопiсаў i газет назiралася тэндэнцыя ахалоджання iнтарэсу да праблематыкi беларускай дыяспары, пэўнага суб'ектывiзму пры ацэнцы рукапiсаў. Фiнансавыя цяжкасцi iнстытута гiсторыi i ўсёй НАН Беларусi не дазволiлi давесцi да стадыi публiкацыi рукапiсы калектыўнай манаграфii па гiсторыi беларускай эмiграцыi i зборнiка дакументаў па дыяспары.

За 30-гадовую гiсторыю свайго iснавання аддзел нацыянальных i мiжнародных адносiн Беларусi ператварыўся у адзiн з вядучых навуковых цэнтраў краiны па праблемах гiсторыi знешняй палiтыкi Беларусi XX ст. i беларускай дыяспары. На яго базе склалася аўтарытэтная школа даследчыкаў, якая аказвае значны ўплыў на стан гiстарычных ведаў у РБ па вышэйазначанай тэматыцы.

Дадатак

Спіс кніжных публікацый супрацоўнікаў аддзела нацыянальных і міжнародных адносін Беларусі Інстытута гісторыі НАН Беларусі (1966—2000 гг.)


Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter

Сообщество

  • (029) 3222740
  • Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
© 2019 Международное общественное объединение «Развитие». All Rights Reserved.