Белорусский журнал международного права и международных отношений 2000 — № 3


международные отношения

ПРАБЛЕМА РЭГIЯНАЛЬНАЙ СТАБIЛЬНАСЦI Ў ЦЭНТРАЛЬНАЙ I УСХОДНЯЙ ЕЎРОПЕ У КАНЦЫ ХХ ст.

Мечыслаў Часноўскi

Часноўскі Мечыслаў Эдвардавіч — кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага універсітэта

1.Сутнасць глыбiнных палiтыка-тэрытарыяльных трансфармацый

У ХХ ст. Еўропа i ў прыватнасцi яе сярэдзiнная частка тройчы перажыла глыбiнныя палiтыка-тэрытарыяльныя трансфармацыi, змяняўшыя яе геапалiтычны стан. Двойчы перадзел быў ажыццёўлены ў вынiку развязаных крывавых ваенных канфлiктаў, пераросшых у сусветныя войны. Так быў зламаны парадак, усталяваны яшчэ на пачатку XIX ст. Венскiм кангрэсам, а пазней — версальскi парадак, што паўстаў пасля Першай сусветнай вайны.

Сферы ўплыву з абодвух бакоў бiпалярнай сiстэмы мiжнароднай бяспекi аб'ектыўна распаўсюджвалiся на замарожванне iснаваўшага стану, а таксама абмежаванне прымусу, выпрацоўку кампрамiсаў i ўзгадненне мэт звышдзяржаў. Захаванне статус-кво азначала перш за ўсё прызнанне бакамi-сапернiкамi ўзаемных рубяжоў бяспекi, або прыблiзную сiметрычнасць кантролю над меншымi дзяржавамi i асобнымi рэгiёнамi. Уключэнне якога-небудзь абшару ў сферу ўплыву адной звышдзяржавы азначала, што ён не станавiўся прадметам спрэчак з другiм бокам. Хоць сферы ўплыву мелi стабiлiзацыйнае значэнне ў глабальным раскладзе сiл, аднак яны не адпавядалi праву i дэмакратычным правiлам мiжнароднага супрацоўнiцтва. Ва ўяўленнi залежных народаў i знешнiх назiральнiкаў яны былi iнструментам iмперскай палiтыкi, якая несла эксплуатацыю, абмежаванне суверэнiтэту i пагрозу захаванню нацыянальнай адметнасцi.

У савецкай сферы ўплыву ўтрыманне iснуючага мiжнароднага ладу адбывалася за кошт правоў i суверэннай роўнасцi дзяржаў сярэдзiннай паласы Еўропы. Апора бяспекi меншых дзяржаў на iерархiчную сiстэму падпарадкавання Маскве стварала ўражанне стабiльнасцi ў гэтай рэгiянальнай сiстэме мiжнародных адносiн. Пануючай дзяржаве часта прыходзiлася любой цаной утрымлiваць статус-кво на залежных тэрыторыях, у тым лiку прыбягаючы да сiлавога падаўлення праяў незалежнасцi. Паколькi такi жорсткi прымус супярэчыў дынамiцы ўнутраных i мiжнародных змен i патрабаваў штораз большых выдаткаў, звышдзяржава з часам пагаджалася на паступовае абмежаванне сваiх iнтарэсаў i ўплываў. Вiдавочна, так можна было ацанiць паводзiны СССР, якi ў 1980—1981 гг. згадзiўся на "самастойнае" пераадоленне крызiсу ў Польшчы, а пазней — на саступкi камунiстычнага рэжыму на карысць "Салiдарнасцi"1.

Абедзве глабальныя палiтыка-тэрытарыяльныя змены ХХ ст. хоць i задавальнялi патрэбы адных дзяржаўных цi нацыянальных аб'яднанняў за кошт другiх, але не ўзмацнялi пачуцця агульнай бяспекi i не забяспечвалi Еўропе стабiльнасцi. "Халодная вайна" завяршылася чарговым дзяржаўна-тэрытарыяльным перадзелам у сярэдзiннай паласе Еўропы. Ён аказаўся больш глыбокiм, чым калi-небудзь раней, хоць i ажыццявiўся без ваеннага ўмяшання. Фармiраванне мiжнароднага ладу ў посткамунiстычнай частцы Еўропы не гарантавала эфектыўных механiзмаў бяспекi ўдзельнiкам гэтага працэсу. Вынiкам дэмантажу блокавых структур было ўзнiкненне новых дзяржаў з неакрэсленай да канца палiтыка-уладнай арыентацыяй i цяжка распазнавальнай i непрадказальнай знешняй палiтыкай2.

Дзяржаўна-тэрытарыяльныя пераўтварэннi — новая з'ява ў Цэнтральнай i Усходняй Еўропе (ЦУЕ); пагэтаму мэтазгодна пытанне: цi здзейсненыя змены вядуць да стабiлiзацыi ўзнiкшага геапалiтычнага парадку, цi з'яўляюцца пачаткам яшчэ большай трансфармацыi? Якую пагрозу ўтойваюць новыя суадносiны сiл у рэгiёне i як належыць паступаць, каб умацаваць яго стабiльнасць у iмя мiжнароднай бяспекi. Вядома, трактуючы тэрмiн "стабiльнасць" не ў паўсядзённым разуменнi слова. Бо не стабiльнасць, а змена з'яўляецца нормай мiжнароднага жыцця, таму што менавiта яна выражае натуральныя тэндэнцыi развiцця3.

Адказваючы на гэтае пытанне, варта нагадаць канцэпцыю амерыканскага дыпламата i палiтолага Дж. Ф. Кенана. Яшчэ ў перыяд двухполюснага процiстаяння Еўропы, разважаючы аб праблемах еўрапейскай бяспекi ў ХХ ст., ён прыйшоў да высновы, што "трагiчны недахоп стабiльнасцi" з'яўляецца тыповай рысай Еўропы. Прычыну гэтага ён угледжваў у двух фактах: першы — цяжкасць знайсцi ў агульным укладзе Еўропы месца для аб'яднанай Германii; другi — цяжкасць знайсцi ўласнае месца ў мiжнародным парадку для групы новых дзяржаў, якiя ўзнiклi ў вынiку дэзiнтэграцыi былых iмперый, i канчаткова вырашыць праблему iх межаў.

Сфармуляваныя прычыны дэстабiлiзацыi Еўропы не адносяцца толькi да мiнулага. Было б памылковым перакананне, што згаданыя праблемы вырашаны. Яны толькi часткова аказалiся прыхаванымi сiстэмай адносiн, пануючай пасля Другой сусветнай вайны. Абедзве пагражалi паўстаць зноў, калi б гэта сiстэма раптоўна змянiлася. Рэчаiснасць 90-х гг. пацвердзiла гiпотэзу i нават перасягнула яе маштаб, выклiкаўшы не толькi ажыўленне старых праблем, але i iх памнажэнне. Так, не прадбачвалiся распад СССР i ўзнiкненне на яго абломках больш дзесяцi дзяржаўных арганiзмаў, што паставiла ў парадак дня праблему iх межаў, а таксама месца (асаблiва новага месца Расii) у агульнаеўрапейскiх структурах. Сiтуацыя на Балканах дэстабiлiзавала не толькi ўласны рэгiён. Яна павялiчыла вагу названых Дж. Ф. Кенанам патэнцыяльных прычын дэстабiлiзацыi Еўропы i асаблiва яе сярэдзiннай паласы. Таму згаданыя праблемы — месца аб'яднанай Германii i дасягненне ўласнай пазiцыi новапаўстаўшых дзяржаў у вынiку крушэння сацыялiстычнага лагера — выявiлi большую абвостранасць, чым прадбачвалася. Верагодна, у перспектыве яны будуць цяжкiмi для вырашэння, таму што выступiлi ў вострай форме i сваiм маштабам ахапiлi абсяжную тэрыторыю. Iх важкасць узрасла i ад таго, што на сучасным этапе ўвогуле адчуваецца павышэнне геапалiтычнай вагi рэгiёнаў. Ва ўмовах нераўнамернага эканамiчнага развiцця i забяспечанасцi прыроднымi рэсурсамi рэгiянальных дзяржаў гэта садзейнiчае фармiраванню новых эканамiчных i ваенна-палiтычных груповак4.

На сучасным этапе асноўныя вузлы стабiльнасцi ў ЦУЕ ўладкавалiся на геапалiтычнай восi, расцягнутай памiж заходнiмi i ўсходнiмi канцамi рэгiёна, i найперш датычацца двух- i шматбаковых адносiн памiж Германiяй, Польшчай, Беларуссю, Украiнай i Расiяй, а таксама ўздзеяння на iх у еўрапейскiм i еўраатлантычным вымярэннi. Паўночны i паўднёвы рэгiянальныя вектары, як i за рэдкiм выключэннем у мiнулым, не лiчацца вызначальнымi.

Згаданую сярэдзiнную паласу Еўропы насяляюць выразна адметныя народы, дзе заўсёды адкрыта праяўлялася рознiца iнтарэсаў, разумення i ацэнкi асобнымi грамадствамi сваiх i рэгiянальных мэт i спосабаў iх рэалiзацыi. Тут сутыкаюцца Захад з Усходам, каталiцызм i пратэстантызм з праваслаўем, традыцыi еўрапейскага дэмакратызму з уплывам азiяцкага дэспатызму, славянства з германскiмi, раманскiмi народамi i балтамi. Гэтыя разнавектарныя сiлы i грамадскiя плынi спрадвеку сцiраюцца i ўзаемапранiкаюць, таму iснуючыя тут дзяржавы — Расiю, Беларусь, Украiну, Польшчу, Германiю — варта назваць прасторай глыбокай узаемазалежнасцi i пастаяннага ўзаемадзеяння, што праяўляецца на аснове супрацоўнiцтва цi канфрантацыi i ўсiх прамежкаў памiж iмi.

Вынiкам структурнай трансфармацыi i канцэптуальнай пераацэнкi дзяржаўнай палiтыкi з'явiлася здабыццё ўсiмi дзяржавамi ЦУЕ магчымасцi непасрэднага ўдзелу ў мiжнародных стасунках. Гэта стала магчымым дзякуючы адхiленню iерархiчнасцi i субардынацыi на карысць адносiн роўнасцi i каардынацыi. Новая якасць запатрабавала ад вызваленых з-пад знешняй "апекi" дзяржаў рэгiёну неабходнасцi прыняцця непасрэднай адказнасцi за ўласную бяспеку, захаванне тэрытарыяльнай цэласнасцi i палiтычнай незалежнасцi.

Сваю бяспеку згаданыя дзяржавы не звялi толькi да катэгорыi выжывання. Гаворка iшла аб бяспецы ў больш шырокiм разуменнi патрэб i вартасцей. Яны iмкнулiся ў першую чаргу да хоць бы мiнiмальнай магчымасцi карыстацца матэрыяльным дабрабытам i цывiлiзацыйнымi перавагамi, якiх дасягнулi заходнiя краiны. Традыцыйныя каштоўнасцi: непарушнасць межаў, тэрытарыяльная цэласнасць i неўмяшанне ва ўнутраныя справы нiбыта адышлi на другi план. Вера ў доступ да прывiлеяў як вынiк iнтэграцыi прыкметна зменшыла ўражлiвасць на пагрозы для захавання нацыянальнай адметнасцi, палiтычнай самастойнасцi i эканамiчнай суверэннасцi. Новая "калегiяльнасць" не выклiкала такога пачуцця небяспекi, як тое, што звязвалася з былой блокавай залежнасцю. Гэта — цiкавая з'ява ў вобласцi палiтычнай псiхалогii. Мяркуецца, што ў ёй адлюстравалася частка памылак, якiх не ўдалося пазбегнуць у складаным працэсе пераўтварэнняў.

Памылкi найперш вынiкалi з новай iдэалагiзацыi знешняй палiтыкi, зведзенай да безальтэрнатыўнага i безумоўнага выбару цi заходняга (еўраатлантычнага), цi ўсходняга (расiйскага) напрамку. Такi выбар абвяшчаўся адзiна магчымым, што прывяло ў пачатку 90-х гг. да выразнай дыверсiфiкацыi iнтарэсаў на абшары ЦУЕ, страты сiлы i вычарпання дынамiкi ўласных субрэгiянальных i рэгiянальных працэсаў. Сярод краiн рэгiёна на гэтай аснове ўзнiклi своеасаблiвыя "супольнасцi эгаiзмаў". Пераход да новых уладных форм адбываўся ў выключна цяжкiх умовах, таму кожная з iх уласнымi намаганнямi iмкнулася стварыць механiзмы аздараўлення i аховы ў мэтах дасягнення для сябе як мага большых пераваг.

Рэгiён ЦУЕ атрымаў найбольш пераваг ад геапалiтычных змен у вобласцi свабоды i суверэнiтэту, але адначасова стаў складаным вопытным палiгонам, на якiм сутыкнулiся тэндэнцыi стабiлiзацыi i дынамiкi, працэсы дэзiнтэграцыi i аб'яднання, змяшалiся старыя падыходы з выклiкамi часу. Страх перыяду "халоднай вайны" перад пагрозай татальнай канфрантацыi змянiўся апасеннямi, якiя вынiкалi з перамяшчэння цэнтраў сiлы i магчымасцi новай змовы вялiкiх дзяржаў. Дзяржавы Сярэдняй Еўропы5 аказалiся ў сферы рызыкi, што вылiлася ў рашучыя "ўцёкi" з Усходу на Захад6. Былыя савецкiя рэспублiкi, апрача прыбалтыйскiх, засталiся ў сферы расiйскага ўплыву. Яны ўвайшлi ў асобную падгрупу рэспублiк, Садружнасць Незалежных Дзяржаў (СНД), якая — як i ў папярэднюю эпоху — стварыла ўласны свет, што функцыянуе на еўразiйскай прасторы. Гэты свет, аднак, непарыўна звязаны з Еўропай. Таму яе, найперш з палiтычных пазiцый, памылкова атаясамлiваць толькi з Захадам.

Стратэгiчныя мэты кожнай з дзяржаў ЦУЕ, безумоўна, супадалi, але iх лiдэры зусiм па-рознаму бачылi тэмп i спосабы рэалiзацыi задач бяспекi. Дэманстрацыйная заходняя скiраванасць часткi з iх давяла да своеасаблiвага спаборнiцтва i выказвання цiшком цi адкрыта права перавагi на шляху да еўрапейскiх структур. Сярод кiраўнiкоў Чэхii, Польшчы i Венгрыi адбывалася найбольш зацятая дэманстрацыя падрыхтаванасцi сваёй краiны да аб'яднання з Захадам. З сярэдзiны 90-х гг. таксама разгарнулася, яўнае i прыхаванае, непрыняцце iмi права на паскораную ўсходнюю iнтэграцыю шэрага краiн рэгiёна. Адначасова такую ж рэакцыю з боку ўсходнiх лiдэраў напаткаў празаходнi курс сярэднееўрапейскiх дзяржаў.

Калi iгнараванне асноў рэгiянальнай бяспекi з боку сярэднееўрапейскiх дзяржаў абумоўлiвалася знешнепалiтычным вектарам, то на паглыбленне дыферэнцыяцыi памiж краiнамi СНД уплывала пераважна рознанакiраванасць iх эканамiчных iнтарэсаў i растучыя разыходжаннi ў знешнеэканамiчнай арыентацыi. Адной з праяў такой асiметрыi стала гульня вакол iнтэграцыi, дакладней рэiнтэграцыi, постсавецкай прасторы. Асаблiва паспяхова дзейнiчала ў гэтым напрамку ў 1994—1997 гг. Беларусь, якая гуляла на супярэчнасцях унутры расiйскай улады i актыўна выкарыстоўвала iнтэграцыйную рыторыку. Поспехi беларускага кiраўнiцтва далi падставу некаторым расiйскiм палiтолагам ахарактарызаваць расiйска-беларускае ўзаемадзеянне праз вядомую метафару — "хвост круцiць сабакам"7.

Аб'ектыўная ацэнка сiтуацыi даказвае, што палiтычныя элiты не змаглi эфектыўна выкарыстаць шансы, набытыя ў вынiку распаду старой сiстэмы бяспекi. Растучая нецярплiвасць палiтыкаў, СМI i сапернiцтва посткамунiстычных краiн у дэманстрацыi "святых намераў" не спрыялi спакойнаму, метадычнаму i прафесiйнаму сумеснаму прасоўванню ў заходнееўрапейскiя структуры8. У гэтым кантэксце складванне цэнтра ўсходнееўрапейскай iнтэграцыi толькi ўскладнiла перспектывы рэгiянальнай бяспекi ў ЦУЕ.

2.Пункты супадзення i разыходжання Берлiна i Масквы на стан адносiн у рэгiёне

Уладкаванне дзяржаўных утварэнняў на iснуючай прасторы шматразова падвяргалася разнастайным зменам. Таму вось Захад — Усход у глабальным i рэгiянальным маштабе традыцыйна была лiнiяй вострага палiтычнага, iдэалагiчнага i ваеннага сапернiцтва памiж каалiцыйнымi блокамi, а таксама размешчанымi на ёй дзяржавамi, у першую чаргу памiж Германiяй (раней Прусiяй) i Расiяй (СССР). Звышдзяржаўны статус апошнiх гарантаваў iм незалежнасць i самастойнасць у рэалiзацыi ўласных мэт без пошукаў знешняй падтрымкi. Яны заставалiся тут адзiнымi пастаяннымi суб'ектамi, пры гэтым пазбаўляючы дзяржаўнасцi iншыя грамадствы ў розны час у той або iншай ступенi.

У мiжнародных структурах Еўропы як Расiя, так i Германiя былi дастаткова магутнымi, каб не абмяжоўваць свае палiтычныя i эканамiчныя апетыты толькi сваёй тэрыторыяй. Распаўсюджаны погляд, што яны i далей будуць iмкнуцца да пашырэння ўласных сфер уплыву за кошт мяжуючых дзяржаў. Аднак i Германiя i Расiя нiколi не былi настолькi моцнымi, каб у адзiночку ахапiць сваiм уплывам усю сярэдзiнную паласу Еўропы цi падпарадкаваць цалкам свайго галоўнага канкурэнта. Адсюль пастаяннай рысай iх узаемаадносiн быў стан цi канфрантацыi, цi пошуку пагаднення i падзелу ўплыву на падзяляўшым iх абшары. Iмперскiя паводзiны такога тыпу сёння страцiлi сэнс, але нельга цалкам выключыць нейкiя новыя iх праявы. Асаблiва тады, калi аднаўляецца традыцыйны ўплыў гэтых дзяржаў у структурах Еўропы, а логiка агульнаеўрапейскага развiцця прынцыпова не змяняецца9.

Такiм чынам, ЦУЕ вярнулася да практыкi папярэднiх стагоддзяў: суседства памiж Германiяй i Расiяй — дзвюма сiламi, якiя абумоўлiваюць меру пэўнасцi i бяспекi. Новы стан не стаў благаславеннем, але на гэты раз перастаў быць праклёнам. Гэта вырашыў не столькi характар дзяржаўнасцi абедзвюх краiн, колькi рашучая воля захавання iмi дэмакратычных правiл у мiжнародных адносiнах.

У канцы ХХ ст. размеркаванне геапалiтычных уплываў Расii i Германii ў сярэдзiннай паласе Еўропы адрознiвалася ад раней iснуючага. Расiя аказалася адсунутай ад лiнii Эльбы далёка на ўсход, аж да ўласных этнiчных межаў. Германiя ж, хоць i лiквiдавала расiйскi ўплыў на сваiм этнiчным абшары, распараджалася толькi тэрыторыяй, якую за ёй прызналi вялiкiя дзяржавы паводле Ялцiнска-Патсдамскай сiстэмы. Рэгiянальныя гегемоны, як нiколi раней, аказалiся раз'яднанымi — не толькi польскай тэрыторыяй, але i поясам незалежных дзяржаў, узнiкшых у вынiку распаду СССР. Памiж iмi склалася не толькi шырокая паласа падзелу, але i своеасаблiвы вакуум у сэнсе вялiкадзяржаўных уплываў i ўцягвання ў калектыўныя структуры бяспекi.

У сiстэме Захад — Усход перыяду "халоднай вайны" пастаянна iснавала германская праблема, але адсутнiчала праблема расiйская. У 90-я гг. сiтуацыя стала процiлеглай. Знiкла праблема германская ў традыцыйным разуменнi сродкаў пагрозы. Немцы перасталi ўспрымацца як непадкантрольная i непрадказальная сiла. Яны ператварылiся ў партнёра i праваднiка ў iмкненнях краiн Сярэдняй Еўропы да прыёму ў еўрапейскiя iнстытуты10 . Немцы не былi вымушаны шукаць саюзнiкаў у новай сiстэме бяспекi. Дзякуючы прыналежнасцi да Паўночнаатлантычнага пакта i Еўрапейскага саюза iх пазiцыя была моцнай i стабiльнай. Аднак Германiя аб'ектыўна вырастала ў новую звышдзяржаву, хоць свядомасць i псiхалогiя кантынента не былi падрыхтаваны да выканання ёй глабальнай адказнасцi. Праўда, немцы не iмкнулiся да выканання ролi палiцэйскага ў знешнiх адносiнах, аб чым сведчыла iх стрыманасць у час другой вайны у Персiдскiм залiве i ў станаленнi да югаслаўскай драмы. Тым не менш яны павiнны былi па-новаму акрэслiць сваю ролю ў мiжнародных адносiнах, прычым гэтак жа неадкладна, як посткамунiстычныя дзяржавы11.

I Германiя, i Расiя сталi дэманстраваць адмову ад былога тэрытарыяльнага экспансiянiзму i жаданне ўсталяваць адносiны з суседзямi на новых прынцыпах. Гэта дэкларавалася як заявамi кiраўнiцтва, так i заключанымi трактатамi, якiя ўзнялi адносiны Масквы i Бона з зацiкаўленымi дзяржавамi на небывалы ўзровень. Выразам гэтага ў палiтыцы ФРГ аказалася згода на iснуючы тэрытарыяльны статус i воля развiвацца разам з Еўропай, а не паралельна або супраць ёй. Гэты ў вышэйшай ступенi важны для Еўропы працэс быў пастаўлены пад пагрозу ў 1999 г. драматычнай эскалацыяй канфлiкту ў Косаве. Ён паказаў, што пры ўсiх дасягненнях у адносiнах памiж Расiяй i Захадам захоўваецца цэлы набор няпэўных уяўленняў i нязбыўшыхся жаданняў12.

Будзе дарэчы заўважыць, што косаўскi крызiс у чарговы раз пацвердзiў здольнасць рэгiёна ЦУЕ ўздзейнiчаць на мiжнародную сiтуацыю ў цэлым. Паводле ацэнак расiйскiх аналiтыкаў, дзеяннi ЗША ў Югаславii сталi спробай рэцыдыву "палiтыкi сiлы" i падрыву ўсёй сiстэмы сучаснага мiжнароднага права, у тым лiку ўвасобленага ў самой iдэi мiжнародна-прававога "Pax Europeana" ("мiру па-еўрапейску"), якой процiпастаўлялася новая, заснаваная не на праве, а на сiле, мадэль мiру — "Pax NATO"13.

Але i ў палiтыцы Расii з цяжкасцю ўсталёўвалася прызнанне незалежнасцi i самастойнасцi тых дзяржаў, якiя да апошняга былi ёй падпарадкаваны. Небяспечная з-за сваёй няўстойлiвасцi i схiльнасцi да экстрэмальнай рэакцыi, унёсшая ў мiжнародныя адносiны фактар непрадказальнасцi, Расiя стала i для дзяржаў Сярэдняй Еўропы найбольш сур'ёзным выпрабаваннем. Так, Масква не iгнаравала iмкнення гэтых краiн да членства ў Еўрапейскiм саюзе, але ўспрымала яго толькi ў палiтычным святле. Больш таго, ва ўмовах, калi толькi яшчэ рыхтавалася рашэнне аб прыёме новых членаў у НАТО, з расiйскага боку на адрас найбольш заўзятых прыхiльнiкаў Паўночнаатлантычнага блоку гаварылася, што калi ўжо яны не жадаюць нiякiх гарантый ад Расii, то ў рамках Еўрасаюза iх бяспека была б гарантавана i без натаўскага "парасону". У сярэднееўрапейскiх сталiцах такi падыход атаясамлiваўся з палiтыканствам i жаданнем процiпаставiць НАТО i ЕС14.

Перад Расiяй заставалася неабходнасць пераадолець складаную iмперскую спадчыну i адназначна акрэслiць сваю стратэгiю бяспекi. Гэты працэс зацягваўся даўжэй, чым чакалася. У гэтай сувязi абмяжоўвалася празрыстасць намераў i iмкненняў Расii адносна ўсяго рэгiёна ЦУЕ. Складванне Саюза Беларусi i Расii выклiкала сярод маладых дэмакратый, былых сатэлiтаў Масквы, уражанне пачатку рэалiзацыi ёю вялiкадзяржаўнай палiтыкi ў заходнiм кiрунку. Iх нецярплiвасць з-за няпэўнасцi сiтуацыi была абумоўлена палiтычна i маральна, але ўзбуджала раздражненне расiйскiх улад, якiя, паводле заходнiх аналiтыкаў, не хавалi сваiх iмперскiх намераў15.

3.Прынцыпы i формы рэгiянальнага ўзаемадзеяння

Згуртаванне Еўропы, будова ў ёй новага грамадска-палiтычнага парадку i шырокае развiццё супрацоўнiцтва меркавалiся з улiкам iнтарэсаў не толькi Расii i Германii, але i ўсiх дзяржаў сярэдзiннай паласы кантынента. Крах сацыялiстычнай сiстэмы ў Еўропе, лiквiдацыя "жалезнай заслоны" i неабходнасць перагляду папярэднiх прынцыпаў супрацоўнiцтва на лiнii Усход — Захад амаль усе дзяржавы ЦУЕ прызналi акалiчнасцю, якая спрыяе развiццю супрацоўнiцтва ў рэгiёне, дзе раней яно было немагчымым з-за пралягаючай тут лiнii падзелу кантынента. Невыпадкова, напрыклад, у пачатку 90-х гг. тут прыкметна ўзрасла актыўнасць Iталii. Па iтальянскай iнiцыятыве былi створаны пачаткi шматбаковага супрацоўнiцтва ў выглядзе "Пентаганале" (Iталiя, Аўстрыя, Югаславiя, Венгрыя, Чэха-Славакiя; 1989 г.), пазней "Гексаганале" (з далучэннем Польшчы) i ўрэшце Цэнтральнаеўрапейская iнiцыятыва (ЦЕI). На жаль, пазiтыўныя тэндэнцыi ў той перыяд аказалiся паралiзаванымi з-за выбуху югаслаўскага канфлiкту i павышанай увагi з боку ФРГ, якая ў палiтычнай вобласцi пераняла ад Iталii першапланавую пазiцыю на сярэднееўрапейскiм абшары16.

Самi дзяржавы ЦУЕ таксама прадпрымалi разнастайныя iнiцыятывы, накiраваныя на развiццё суседскiх сувязей. Узнiклi i развiвалiся аб'яднаннi субрэгiянальнага супрацоўнiцтва: Вiшаградская група (1991), Цэнтральнаеўрапейская асацыяцыя свабоднага гандлю (1993). Акцэнт на працэсы ў сярэдзiннай паласе Еўропы рабiўся ў дзейнасцi Савета дзяржаў Балтыйскага мора (1991), падчас традыцыйных з 1991 г. сустрэч франка-германа-польскага вышэйшага кiраўнiцтва (Веймарскi "трохвугольнiк"). Працяглы час мусiравалася iдэя стварэння арганiзацыi Балта-Чарнаморскага супрацоўнiцтва.

Зразумела, што ў змененых геапалiтычных умовах усе дзяржавы рэгiёна шукалi сваё новае месца. На жаль, дактрынальныя мэты асобных з iх аказалiся не толькi несуладнымi, але i ў многiм процiлеглымi. У вынiку адносiны памiж iмi працяглы час заставалiся ў стане зараджэння. Гэта вяло да моцнай зменлiвасцi i хiсткасцi ўзаемных адносiн памiж асобнымi дзяржавамi. Адначасова ў гэтых адносiнах, памiж аднымi i тымi ж дзяржавамi, праступалi цалкам iншыя парасткi — ад праяў канфрантацыйных да кааператыўных, ад спробаў навязвання партнёрам новых адносiн субардынацыi да каардынацыi i сапраўднага партнёрства, ад перасiльвання сябе i разрыву ранейшых сувязей да стварэння новай, больш рацыянальнай сiстэмы ўзаемазалежнасцi, даючай магчымасць фармiраваць новы стан раўнавагi i стабiльнасцi. Вядома, найбольшыя хiстаннi сталi ўласцiвыя тым дзяржавам, якiя толькi нядаўна атрымалi сваю мiжнародную суб'ектнасць.

Складванне новых — кааператыўных i дынамiчных — форм адносiн памiж дзяржавамi разгляданай паласы не з'явiлася аўтаматычным i спадарожным унутраным сiстэмным пераўтварэнням. Каб гэтыя адносiны ўладкоўвалiся згодна з iнтарэсамi ўсiх удзельнiкаў i патрэбамi мiжнароднай супольнасцi, яны заклiкалiся, з аднаго боку, ачысцiцца ад усялякiх анахранiчных традыцый, а з другога — будавацца на аснове прынцыпаў i норм мiжнароднага права пры шырокiм выкарыстаннi пазiтыўных дасягненняў тых дзяржаў, якiя ў сферы ўзаемаадносiн дасягнулi вышэйшых вынiкаў.

Ва ўмовах сярэдзiннай паласы Еўропы асаблiва важнымi перадумовамi правiльнага развiцця мiждзяржаўных адносiн заставалася рэалiзацыя ўсiмi суб'ектамi наступных палажэнняў:

— шанаванне права народаў на самастойнасць, дзяржаўны суверэнiтэт, незалежнасць i выбар свайго палiтычнага статуса, павага да iснуючых дзяржаўных межаў i звязаная з гэтым адмова ад любых тэрытарыяльных прэтэнзiй;

— пераадоленне ўплываў мiлiтарызму ва ўнутраных структурах i дэмiлiтарызацыя мiжнародных адносiн;

— пераадоленне нацыяналiзму i ўзаемных антыпатый разам з iмкненнем да трывалага яднання памiж народамi i кансалiдацыi грамадстваў на аснове iдэi ўзаемазалежнасцi i сумеснай адказнасцi;

— развiццё ўзаемнага карыснага супрацоўнiцтва ва ўсiх абласцях, як на двухбаковым, так i на шматбаковым узроўнi ў маштабе рэгiёна i па-за iм, знiшчэнне бар'ераў i штучных абмежаванняў пры адначасовым стварэннi супольных прадпрыемстваў i iнфраструктуры ў розных галiнах дзейнасцi17.

Рэалiзацыя гэтых палажэнняў мела вельмi вялiкае значэнне для ўсiх рэгiёнаў Еўропы, але нiдзе не была актуальнай так, як у цэнтры кантынента. Дарэмна было спадзявацца, што рэалiзацыя гэтых палажэнняў памiж усiмi дзяржавамi абшару будзе праходзiць у аднолькавым тэмпе i ахопiць усе напрамкi iснуючых памiж iмi адносiн. Аднак кожны поспех у iх рэалiзацыi iстотна ўплываў на паляпшэнне агульнага клiмату ва ўсiм рэгiёне — найперш у сэнсе ўмацавання пачуцця бяспекi сярод грамадскасцi i росту ўзаемнага мiждзяржаўнага даверу, пагэтаму кожны крок у згаданым напрамку павiнен быў не толькi пазiтыўна ацэньвацца, але i падтрымлiвацца ўсiмi суб'ектамi ЦУЕ. На жаль, добраахвотны вывад з тэрыторыi Беларусi i Украiны ядзерных узбраенняў, а таксама iнiцыятывы Мiнска па стварэннi без'ядзернага пояса ад Балтыйскага да Чорнага мора (i пазнейшая — па стварэннi ў ЦУЕ прасторы, свабоднай ад ядзернай зброi)18, мелi часовы эфект i не сталi для суседзяў асноватворнымi ўзорамi падыходу да будаўнiцтва дзяржаўнай бяспекi на працяглую перспектыву.

Такiм чынам, выпрацоўка i ажыццяўленне зацiкаўленымi дзяржавамi рэгiёна агульных i канкрэтных iнiцыятыў, не парушаючых iнтарэсаў заходняга i ўсходняга iнтэграцыйных цэнтраў, эфектыўна ўзмацняла нацыянальныя пазiцыi кожнай удзельнiцы. Практыка, аднак, даводзiла, што гэта не было i не стане простай справай. Складанасць праблемы бяспекi краiн сярэдзiннай паласы Еўропы абумоўлiвалася перапляценнем разнастайных невядомых, на якiх яна абапiраецца. Iмкненне гэтых краiн да ўмацавання ўласнай бяспекi за кошт iгнаравання стану i патэнцыяльнай рэакцыi дзяржаў-суседзяў хутчэй змяншала, чым павялiчвала шансы дасягнення пастаўленай мэты. Рэгiянальная супольнасць iнтарэсаў, выражаная на форумах рэгiянальных арганiзацый, не лiквiдавала сапернiцтва памiж дзяржавамi ЦУЕ ў асабiстых празаходнiх iнтэграцыйных iмкненнях. У сваю чаргу гэта акалiчнасць iграла на руку адраджэнню вялiкадзяржаўных амбiцый Расii адносна былой прасторы ўплыву. Дасягненню суладнасцi рэгiянальных iнтарэсаў мяшаў таксама нестабiльны працэс унутранага палiтычнага i эканамiчнага развiцця размешчаных тут краiн.

4.Вызначэнне пазiцый актараў адносна стабiльнасцi ў рэгiёне

Месца i геастратэгiчная роля дзяржаў, размешчаных у сярэдзiннай паласе Еўропы, падвяргалiся пастаянным зменам. Асаблiва ў гэтым вызначалася Германiя. Немцы сярод усiх дзяржаў Еўрапейскай Супольнасцi былi найбольш зацiкаўлены ў працэсах, што адбывалiся ў суседнiх з iмi ўсходнiх дзяржавах; адначасова яны ўяўлялi дастатковую эканомiка-фiнансавую сiлу, каб адпаведна стымуляваць праходзячыя там працэсы. Сучасная Германiя — гэта дзяржава, якая сваёй пазiцыi дасягнула разам з Еўропай, а не паасобку з ёй. Важнейшай справай усiх суседзяў Германii з'яўляецца тое, каб германская дзяржава далей развiвалася ў адзiным рытме з усёй Еўропай i каб дэмакратыя там заставалася стабiльнай. Калi так будзе, то немцы возьмуць на сябе пэўную частку адказнасцi за падтрымку працэсаў дэмакратызацыi i пераадолення эканамiчнага крызiсу ва ўсходняй частцы Еўропы. Такiм чынам немцы будуць не толькi ўплываць на ход працэсаў у сваiх суседзяў, але i акрэслiваць кшталт умоў свайго ўнутранага развiцця.

Кожная дзяржава ўсходняй часткi рэгiёна, якая iмкнецца да ўмацавання сваiх сувязей з Заходняй Еўропай, разлiчвае перш за ўсё на Германiю як рэгiянальнага лiдэра i геаграфiчнага суседа. На гэтым фоне варта адзначыць нарастаючую ролю Германii ва ўсiх дзяржавах ЦУЕ, яе ўплыў як у Польшчы, Украiне, Беларусi, дзяржавах Балтыi, так i ў Расii i нават у далёкiм Казахстане, дзе пражывае каля 1 млн немцаў.

Супрацоўнiцтва Германii з дзяржавамi сярэдзiннай паласы Еўропы не можа развiвацца раўнамерна. Яе прысутнасць у дадзенай частцы свету будзе ацэньвацца найперш у залежнасцi ад стратэгiчных iнтарэсаў самiх немцаў, але, разам с тым, i ў залежнасцi ад умоў, якiя асобныя дзяржавы будуць ствараць для гэтай прысутнасцi (у першую чаргу, унутраная стабiльнасць, адпаведная дзяржаўна-прававая iнфраструктура i карысны палiтычны клiмат для супрацоўнiцтва). Нельга аддавацца iлюзiям, што ў iмкненнi да супрацоўнiцтва з Германiяй не разаўецца сапернiцтва памiж асобнымi дзяржавамi. У iнтарэсах усяго рэгiёна, каб сапернiцтва не перарасло ў гульню за кошт iншых партнёраў. Будзе яшчэ горш, калi германская палiтыка паспрабуе выкарыстаць сапернiцтва для раздораў памiж дзяржавамi або для iх палiтычнага падпарадкавання. Гэта будзе весцi да размякчэння iснуючай палiтыка-стратэгiчнай раўнавагi рэгiёна i, ажыўляючы гiстарычныя прэцэдэнты, перашкаджаць Германii выконваць ролю сцягваючага абруча або памосту памiж усходам i захадам Еўропы.

Разам з Германiяй велiзарны ўплыў на сiтуацыю ва ўсiм сярэдзiнным поясе Еўропы аказвала Расiя, хоць характар гэтага ўплыву ў канцы ХХ ст. яшчэ не вызначыўся. Гэта дзяржава, ажыццяўляючы сваю чарговую вялiкую трансфармацыю, павiнна была канчаткова акрэслiць сваё новае месца ў структуры мiжнародных адносiн. Расiя працяглы час знаходзiлася на раздарожжы. Яе палiтычная элiта, шукаючы шляхi выхаду з цывiлiзацыйнага заняпаду, вяла спрэчкi не толькi аб унутраным кшталце дзяржавы, але i аб напрамках i спосабах сувязi са знешнiм акружэннем.

Новая Расiя несумненна iмкнулася да паглыблення сувязi з Еўропай на новых прынцыпах. На працягу 90-х гг. iх зблiжэнне стала беспрэцэдэнтным. Расiя знаходзiлася на шляху ўз'яднання з Еўропай, i, па словах дзяржаўнага мiнiстра МЗС ФРГ Л. Фолмера, "нiхто не радуецца гэтаму больш, чым мы, немцы"19. Аднак расiйскi эканамiчны i палiтычны патэнцыял, глабальны памер i еўрапейска-азiяцкая дваiстасць абцяжарвалi перабудову сувязей на еўрапейскi лад. Удзел Расii ў сцiслай эканамiчнай iнтэграцыi з Еўропай, як i цэласная еўрапеiзацыя ў сэнсе культурна-цывiлiзацыйным, заставаўся абмежаваным. Цяжка ўялялася, што агромнiстая Расiя можа ўвайсцi ў склад Еўрапейскага саюза (што ўсё ж не перашкаджала ўсталяванню з iм такiх адносiн, якiя мелi з ЕС ЗША i Японiя), тым больш, што яна ўступiць у субрэгiянальныя структуры тыпу Вiшаградскай групы. Зрэшты, сама Расiя iмкнулася стаць ядром асобнай iнтэграцыйнай групоўкi цi створанага вакол яе асобнага геапалiтычнага вузла.

Разам з тым еўрапейскiя дзяржавы не маглi iгнараваць той факт, што Расiя жадае быць перш за ўсё дзяржавай еўрапейскай i не пагадзiцца са спробамi iзаляцыi. У першую чаргу было непрымальным адгарадзiць яе ад працэсаў, уласцiвых рэгiёну ЦУЕ. У гэтым выпадку асаблiва пацярпелi б тыя вобласцi Расii, якiя непасрэдна мяжуюць з еўрапейскiмi дзяржавамi па-за СНД (Калiнiнградская вобласць, Санкт-Пецярбург, Карэлiя). Таму ўключэнне Расii ў сiстэму рэгiянальных развязак, верагодна, змякчала б негатыўныя вынiкi яе ўнутранай трансфармацыi i iх трансляцыю на суседнiя дзяржавы.

Новая сiтуацыя ў мiждзяржаўных адносiнах сярэдзiннага пояса Еўропы на рубяжы 80—90-х гг. прывяла да ўзнiкнення Беларусi i Украiны як самастойных дзяржаў. Пасля абвяшчэння незалежнасцi i прызнання мiжнароднай супольнасцю яны ўвогуле сталi важным фактарам агульнаеўрапейскай сiтуацыi. Дзякуючы значнаму людскому, эканамiчнаму i ваеннаму патэнцыялу, яны стварылi не толькi новы i iстотны элемент гэтай сiтуацыi, але i якасць, значэнне якой выявiцца ў будучынi. Па сутнасцi, незалежныя Украiна i Беларусь — вялiкiя невядомыя не толькi для знешняга свету, але i для самiх сябе, таму што iх унутраныя структуры i характар сувязей з вонкавым акружэннем знаходзiлiся ў пачатковых стадыях фармiравання.

Важнейшай справай для Беларусi i Украiны ў канцы 90-х гг. заставалася ўмацаванне iх незалежнасцi. Вiдавочным чынам гэта звязвалася з мадэрнiзацыяй унутраных структур гэтых дзяржаў, трансфармацыяй усёй сiстэмы палiтычных, эканамiчных, гуманiтарных асноў дзеля выхаду з зацяжнага крызiсу i выпрацоўкi ўласнага голасу ў пытаннях рэгiянальнай бяспекi. Поўная рэалiзацыя мэт была немагчыма без рашучага пераўтварэння iх адносiн з усёй Еўропай, яе iнстытутамi палiтычнай i эканамiчнай iнтэграцыi. Толькi ўключэнне Беларусi i Украiны ў асноўныя еўрапейскiя структуры, увязванне ў агульную сiстэму двух- i шматбаковых дагавораў забяспечвала поўную рэалiзацыю iдэi асабiстай незалежнасцi i прыналежнасцi да сям'i суверэнных народаў Еўропы.

З другога боку, умацаванне незалежнасцi Беларусi i Украiны цалкам залежала ад рацыянальнага афармлення адносiн з Расiяй, з якой яны гiстарычна звязаны настолькi глыбокiмi грамадскiмi i эканамiчнымi вузамi, што вынiкi гвалтоўнага i механiчнага разрыву маглi мець катастрафiчны канец для ўсiх адасобленых патэнцыялаў. На гэтай падставе ўяўляецца мэтазгодным тэзiс, што абодва непазбежныя накiрункi — еўрапейскi i расiйскi — Беларусь i Украiна маглi ўспрымаць не ў катэгорыi дылемы, а як выключна ўзаемазвязаныя рэалii. Расii, у сваю чаргу, мэтазгодна захаваць з гэтымi дзяржавамi ўсебаковыя i глыбокiя сувязi; яна павiнна была пагадзiцца з новай сiтуацыяй i захоўваць (нават падкрэслiваць) у адносiнах з iмi прынцыпы, абавязковыя для суверэнных суб'ектаў.

Усякае вяртанне Беларусi або Украiны да таталiтарнай сiстэмы, стварэнне дзяржаўных форм на аснове дамiнiравання нацыяналiстычных сiл, iмкненне да канфрантацыйнага вырашэння ўнутраных i знешнiх спрэчнасцей Еўропа трактавала б як iстотную рэгiянальную пагрозу, якая вымушае прадпрымаць адэкватныя высiлкi ў галiне бяспекi. Дэмакратызацыя ўнутранага жыцця ў гэтых дзяржавах, упарадкаванне заходнiх iзаляцыянiсцкiх тэндэнцый i мiрнае вырашэнне ўзаемных спрэчнасцей пазiтыўна ўплывала б на стан адносiн ва ўсiм рэгiёне. У тым лiку, на адносiны гэтых дзяржаў з непасрэднай заходняй суседкай — Польшчай, што спрыяла б усiм актарам у агульных намаганнях па ўзвядзеннi адзiнай Еўропы.

Асобую нiшу ў рамках разглядаемага геапалiтычнага ўкладу заняла Польшча як размешчаная ў цэнтры рэгiёна i адзiная дзяржава, мяжуючая з усiмi краiнамi сярэдзiннага пояса Еўропы. Гэта стварыла выгадныя ўмовы яе ўдзелу як у сiстэме заходняй iнтэграцыi, так i ў непасрэдным супрацоўнiцтве з кожнай дзяржавай абшару — без карыстання транзiтнымi паслугамi пасрэднiкаў. Такiя асаблiвасцi Польшчы, як тэрытарыяльнае прыляганне да прасторы ЕС i непасрэднае суседства з ФРГ, узмацнiлi аргументы для атрымання ёю статуса асацыiраванага члена ЕС i спрыялi актывiзацыi ўдзелу ў рэалiзацыi iдэi агульнаеўрапейскага супрацоўнiцтва.

Згаданыя якасцi сталi моцным шансам, якi, аднак, не заўсёды ўмела выкарыстоўваўся ва ўзаемаадносiнах з усходнiмi суседзямi, асаблiва пры спробах Варшавы iх "еўрапеiзацыi". Пакуль што слабая эканамiчна, яна была здольна максiмум выканаць функцыi своеасаблiвага калiдора ў еўрапейскiх кантактах. Польскi ўрад паспяшаўся ўявiць сваю краiну вузлом сiстэмы супрацоўнiцтва памiж дзяржавамi ўсяго пояса. Таму, напрыклад, аказалася мёртванароджаным дзiцем праграма эканамiчнага ўзаемадзеяння з Усходам, выпрацаваная ў сярэдзiне 90-х гг. мiнiстрам замежных спраў А. Аляхоўскiм.

Належыць падкрэслiць, што, жадаючы выкарыстаць свой шанс адыгрываць iстотную ролю ў сучасных мiжнародных адносiнах, Польшча павiнна не толькi шырока ўключыцца ў галоўную плынь агульнаеўрапейскiх працэсаў, але i быць крынiцай iнiцыятыў у дачыненнi да сваёй часткi кантынента. Ключавое значэнне будуць мець тыя з iх, якiя ўмацоўваюць стабiльнасць i сумесную бяспеку дзяржаў ЦУЕ i стымулююць эканамiчнае супрацоўнiцтва. Супольным iнтарэсам з'яўляецца, напрыклад, большая актыўнасць у наладжваннi рэальнай дзейнасцi створанага на ўсходнiм памежжы Польшчы i суседнiх абшарах Беларусi, Украiны i Расii ланцуга еўрарэгiёнаў "Карпаты", "Буг", "Нёман". Iх дзеянне заклiкана дапаўняць працэсы сацыяльна-эканамiчнай трансфармацыi i служыць мадэллю супрацоўнiцтва дзяржаў усходняй часткi Еўропы. Такiя iнiцыятывы, апроч карыснасцi ад пашырэння сувязей з суседнiмi дзяржавамi, могуць гарантаваць шырокi саўдзел у тых працэсах Захаду, якiя адносна ўсходняй часткi Еўропы перакрочваюць маштаб бягучых мiжнародных адносiн.

5.Пажаданыя i небяспечныя варыянты палiтыка-тэрытарыяльнай трансфармацыi рэгiёна

Для групы дзяржаў дадзенай часткi Еўропы, якiя хоць бы гiпатэтычна аказалiся аб'ектам уздзеяння магутных суседзяў, аб'ектыўна стваралiся перадумовы для згуртавання i супрацоўнiцтва як мiнiмум у вобласцi стварэння сiстэмы сумеснай бяспекi. Такое супрацоўнiцтва тым больш абгрунтаванае, паколькi вядома, што i iншыя iстотныя праблемы гэтай групы дзяржаў былi таксама аднолькавыя i маглi эфектыўней вырашацца на аснове ўзаемадзеяння з суседам. Разам з тым, гэтыя дзяржавы ў любым выпадку не павiнны былi ствараць штосьцi нагадваючае блок, якi адгароджвае iх ад Германii i Расii або ўскладняе супрацоўнiцтва. Ахоплiваючы шырэй, гаворка iшла аб супрацоўнiцтве на ўсёй геапалiтычнай восi Усход—Захад. Любая знешнепалiтычная канцэпцыя, у якой Польшча, Украiна цi Беларусь успрымалiся б як буферная прастора памiж Расiяй i Германiяй, у сваёй iстоце анахранiчная i вядзе да страты шансаў рэалiзацыi iдэi агульнаеўрапейскай бяспекi i супрацоўнiцтва.

Найбольш пажаданым варыянтам палiтыка-тэрытарыяльнай трансфармацыi рэгiёна ўяўляецца актыўнае ўцягванне ў агульнаеўрапейскую iнтэграцыю, якая можа стаць тым працэсам, што аслабляе тэндэнцыi гегемонii i падпарадкавання слабейшых дзяржаў, аказацца своеасаблiвай гарантыяй фармiравання дэмакратычных адносiн у шырокiм значэннi. Пагэтаму ўзнiкае пытанне, цi можа выканаць нагаданыя вышэй функцыi, асаблiва на ўсходнiм кiрунку, рэалiзацыя iдэi аб'яднання Еўропы ў яе дагэтуль iснаваўшым канцэптуальным выражэннi.

Паводле пераканання заходнiх аналiтыкаў, адзiнай рэальнай асновай яднання можа быць працэс адпаведнага ўмацавання Еўрапейскага саюза. З гэтым варта пагадзiцца толькi пры ўмове прыняцця Захадам да ўвагi iнтэграцыйных працэсаў на Усходзе як неад'емнай часткi агульнаеўрапейскiх. Справа няпростая для заходнiх лiдэраў, паколькi Еўрапейская супольнасць была сканструявана ў iншыя часы i дзеля iншых мэт. Каб вызначыць уласцiвае месца аб'яднанай Германii i новай Расii i адначасова трывала замацаваць гэтыя дзяржавы ў iнтэграцыйных структурах, яна павiнна змянiць свой ранейшы характар. Найперш ажыццявiць пэўныя крокi па паўнавартасным i ўсеабдымным уключэннi ў арбiту непасрэднага ўзаемадзеяння анклаваў iнтэграцыi не толькi Сярэдняй, але i Усходняй Еўропы, уключаючы Расiю. На жаль, практыкай не пацвярджалася гатоўнасць Захаду адпавядаць выклiкам рэчаiснасцi, перагледзець канцэпцыi ўласнай iнтэграцыi дзеля стварэння новага парадку ў маштабе кантынента.

Адной з важнейшых перадумоў рэгiянальнай стабiлiзацыi прызнаецца мiнiмалiзацыя i адхiленне ўзаемных польска-расiйскiх гiстарычных антаганiзмаў. Польскiя палiтыкi сцвярджаюць, што згаданы эфект магчымы выключна дзякуючы пазбяганню найгоршых сцэнарыяў развiцця ўнутрырасiйскай сiтуацыi20. Далей: Варшава безнадзейна зацягнула пошукi ўласнай палiтыкi адносна Беларусi. Частка польскiх палiтыкаў справядлiва лiчаць, што Захад раней часу адрокся ад Беларусi, а задачу сваю бачаць у тым, каб растлумачыць партнёрам: не ў iх iнтарэсах скiдваць гэтую краiну з рахункаў. Такая жорсткая i прамалiнейная палiтыка не стабiлiзуе рэгiён, а, насупраць, радыкалiзуе там антызаходнiя настроi. Беларусь застаецца "глухой" да нацiску Захаду таму, што не "прывязана" да яго трывала ў фiнансава-эканамiчных адносiнах21. Аднак Польшча прапануе для Мiнска не толькi нагаданы вышэй метад пернiка, але i метад пугi, лiчачы, што гэта адзiна прымальнае рашэнне. Такi падыход акрэслiўся з часу палiтычнага крызiсу, выбухнуўшага ў Беларусi восенню 1996 г. у сувязi з правядзеннем рэферэндума аб прыняццi новай канстытуцыi, якая пашырыла паўнамоцтвы прэзiдэнта. Варшава ўгледзела магчымасць паўплываць на беларускую знешнюю палiтыку. На афiцыйным узроўнi яна цалкам падтрымала iзаляцыянiсцкую тактыку заходнiх сталiц адносна ўлады Беларусi. Больш таго, паставiла пад сумненне раўнапраўны характар двухбаковых адносiн, калi польскi Сейм22 студзеня 1999 г. прыняў Пасланне да беларускага народа, у якiм фактычна праiгнараваў дзеючы орган прадстаўнiчай улады Рэспубл?к? Беларусь.

Выпрацаваць адносна Беларусi колькi-небудзь дзейсную мадэль двухбаковага ўзаемадзеяння Польшчы не ўдаецца 22 . Усё ж пры ўмове дасягнення стабiльнасцi i ажыццяўлення непазбежных унутраных пераўтварэнняў краiны Усходняй Еўропы у блiзкай цi аддаленай перспектыве выкарыстаюць памоставае становiшча Польшчы i стануць важнымi партнёрамi астатняй часткi кантынента ў эканамiчных i палiтычных сувязях.

З усяго вынiкае бясспрэчнае перакананне, што сярэдзiнная паласа кантынента будзе адыгрываць у дзеяннях Еўропы штораз большую ролю. Роля гэта будзе нарастаць разам з актыўнасцю Расii, у тым лiку як лiдэра СНД. Сярэдняя Еўропа зможа адыгрываць ролю пасрэднiка, але толькi тады, калi будзе згодная з iнтарэсамi i Заходняй Еўропы, i Расii23.

Такiм чынам, з пачатку 90-х гг. ЦУЕ ў трэцi раз у ХХ ст. перажывала перыяд глыбiнных палiтыка-тэрытарыяльных трансфармацый. Змянялася геапалiтычная канфiгурацыя рэгiёна, мiжрэгiянальных прастораў. З карты свету знiклi цэлыя дзяржавы, з'явiлiся новыя нацыянальныя i рэгiянальныя цэнтры ўплыву. Сусветныя справы ўсё больш пранiзвала эканомiка. Унiверсальны сэнс набывала праблема бяспекi. Разам з ваеннымi вiдавочнымi станавiлiся палiтычныя, эканамiчныя, экалагiчныя, iнфармацыйныя i iншыя кампаненты. Сцiралася ўласцiвае для ХХ ст. жорсткае размежаванне памiж Захадам i Усходам.

З другога боку, абвастралiся старыя i з'яўлялiся новыя пагрозы, здольныя ў выпадку няправiльных або эгаiстычных палiтычных рашэнняў падарваць бяспеку i нанесцi iстотны ўрон перспектыве ўстойлiвага развiцця мiжнародных адносiн. Рэгiянальная бяспека выяўляла ўласную хiсткасць з-за незавершанасцi структурных пераўтварэнняў ва ўсiх дзяржаўных суб'ектах абшару i непрадказальнасцi форм iх развiцця, дапушчальнасцi нават з'яў рэстаўрацыi нейкiх разнавiднасцей сацыялiзму.

У наступныя гады новыя формы ўзаемадзеяння ўздоўж восi Захад — Усход акрэслiлi характар геапалiтычнай пазiцыi кожнай дзяржавы рэгiёна i вызначылi стан яго бяспекi. Яны пасадзейнiчалi аднаўленню некаторых стэрэатыпаў традыцыйнага процiстаяння. Стала вызначацца новая размежавальная лiнiя, што пагражае падзялiць рэгiён i аднавiць падзел Еўропы. Пашырэнне НАТО на Усход узмацнiла згаданы працэс. Раз-пораз выбухаюць унутрырэгiянальныя спрэчкi, якiя лiхаманяць i без таго хiсткi геапалiтычны парадак у постсацыялiстычнай прасторы, новыя формы сапернiцтва ставяць на грань мiфа шанс дасягнення стабiльнасцi на ўсiм абшары ЦУЕ. Вiдавочна: здзейсненыя змены не абавязкова вядуць да большай стабiльнасцi паўстаўшага ў iх вынiку геапалiтычнага парадку, яны могуць даць стымул яшчэ большай трансфармацыi.

Геапалiтыка запатрабавала добрых i ўраўнаважаных адносiн у рэгiянальным укладзе з суседнiмi звышдзяржавамi. Аказалася, што, нягледзячы на пазiтыўныя перамены, гегеманiсцкiя iдэi ў Германii i Расii не выкаранены канчаткова. Не было гарантыi, што праблема дамiнiравання i вялiкадзяржаўнай экспансii ў палiтыцы абедзвюх дзяржаў належыць выключна мiнуламу. Расiя, як галоўны мiжнародны суб'ект рэгiёна, захавала непрадказальнасць у адносiнах з непасрэднымi заходнiмi суседзямi i былымi еўрапейскiмi сатэлiтамi Савецкага Саюза.

Нягледзячы на захаванне спрэчнасцей, з'явiўся шанс пераўтварэння рэгiёна ў абшар яднання. Пазiтыўны стан адносiн памiж усiмi дзяржавамi ЦУЕ набыў не толькi двухбаковае, але i агульнаеўрапейскае вымярэнне. Калi гэтыя дзяржавы выкарыстаюць iснуючыя шансы i будуць паслядоўна рэалiзоўваць узятыя ўзаемныя, а таксама выцякаючыя з iншых мiжнародных дагавораў i пагадненняў абавязкi (асаблiва у ваеннай сферы), то яны споўняць ролю стабiлiзатараў сiтуацыi ў гэтай частцы Еўропы. Уладкуецца iх уласны стан, зменшацца магчымасцi манiпуляцыi з боку знешнiх сiл, а разам узмацнiцца iх пазiцыя ў Заходняй Еўропе

1 Bielen S. Erozja starego systemu bezpieczenstwa // Bezpieczenstwo miedzynarodowe w Europie Srodkowej po zimnej wojnie / Red. J. Kukulka. W-wa, 1994. S. 14—15.
2 Bielen S. Przewartosciowania struktury i koncepcji bezpieczenstwa // Bezpieczenstwo miedzynarodowe w Europie Srodkowej po zimnej wojnie / Red. J. Kukulka. W-wa, 1994. S. 24.
3 Rychlowski B. Transformacja geopolityczna w srodkowej strefie Europy // Regiony graniczne. Wspуlzaleznosci i wspуlpraca. W-wa, 1993. S. 58.
4 Квашнин А. Основные вызовы в сфере безопасности // Международная жизнь. 1999. № 12. С. 69.
5 Тэрмiн, якi ў практыцы мiжнародных зносiн апошнiм часам вызначае сукупнасць былых еўрапейскiх дзяржаў — удзельнiц Арганiзацыi Варшаўскага Дагавора i Савета Эканамiчнай Узаемадапамогi.
6 Stefanowicz J. Zarys nowej "architektury bezpieczenstwa" // Polityka europejska Rzeczypospolitej Polskiej — oceny i wskazania. W-wa, 1991. S. 27.
7 Резникова О. Модернизация России и взаимодействие в СНГ // Мировая экономика и международные отношения. 2000. № 3. С. 61—62.
8 Bielen S. Przewartoscio wania struktury i koncepcji bezpieczenstwa. S. 26—27.
9 Rychlowski B. Transformacja geopolityczna w srodkowej strefie Europy. S. 60.
10 Woycicki K. Przedmurze, pomost, peryferium. Pytania dotyczace teorii "pomostu" // Polska w Europie. 1993. Zeszyt 12. S. 27.
11 Mazur Z. W poszukiwaniu nowej roli miedzynarodowej // Raport o jednoczeniu Niemiec. Poznan, 1992. S. 60.
12 Фолмер Л. Россия и Германия: перспективы сотрудничества // Мировая экономика и международные отношения. 2000. № 1. С. 79.
13 Торкунов А. Международные отношения после косовского кризиса // Международная жизнь. 1999. № 12. С. 45.
14 Поздняков В., Ганжа С. Новые страны на пороге Европейского союза // Международная жизнь. 1999. № 3. С. 37, 41.
15 Bielen S. Przewartosciowania struktury i koncepcji bezpieczenstwa. S. 26.
16 Kupecki R., Szczepaniak K. Polityka zagraniczna Polski. 1918—1994. W-wa, 1995. S. 75—76.
17 Rychlowski B. Transformacja geopolityczna w srodkowej strefie Europy. S. 63.
18 Гл. падрабязней: Розанов А.А. НАТО: проблемы трансформации и расширения. Мн., 1996. С. 61.
19 Фолмер Л. Россия и Германия: перспективы сотрудничества С. 79.
20 Kupecki R., Szczepaniak K. Polityka zagraniczna Polski. S. 69; Gazeta Wyborcza. 1999. 8 pazdz.
21 Кучинская М. Новая парадигма польской восточной политики // Pro et Contra. Том 3. № 2. М., весна 1998. С. 25.
22 Зайончковски Войцех. Восточная Европа в польской дипломатии // Pro et Contra. Том 3. № 2. М., весна 1998. С. 49.
23 Wyciechowska I. Miedzynarodowa regionalizacja Europy Srodkowo-Wschodniej // Regiony graniczne. Wspolzaleznosci i wspуlpraca. W-wa, 1993. S. 83.


Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter

Сообщество

  • (029) 3222740
  • Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
© 2020 Международное общественное объединение «Развитие». All Rights Reserved.