Белорусский журнал международного права и международных отношений 2001 — № 4


международные отношения

САВЕЦКАЯ ДЫПЛАМАТЫЯ І РЭПАТРЫЯНТЫ (1946—1955 гг.)

Уладзімір Снапкоўскі

Снапкоўскі Уладзімір Еўдакімавіч — доктар гістарычных навук, прафесар кафедры міжнародных адносін факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага універсітэта

1.Праблема бежанцаў і перамешчаных асоб у першыя пасляваенныя гады

На пачатку дзейнасці Беларускай ССР у ААН адным з прыярытэтных напрамкаў яе актыўнасці стала праблема бежанцаў і перамешчаных асоб. У першыя пасляваенныя гады яна набыла для Савецкага Саюза значнае сацыяльна-эканамічнае, палітыка-ідэалагічнае і прапагандысцкае значэнне. Гаворка ішла аб вяртанні на радзіму каля 7 млн савецкіх грамадзян1, прымусова вывезеных гітлераўцамі з СССР ці добраахвотна пакінуўшых тэрыторыю краіны пад страхам пакарання з боку савецкай улады за вольнае ці нявольнае супрацоўніцтва з нямецка-фашысцкім акупацыйным рэжымам, а таксама па іншых палітычных, ідэялагічных, рэлігійных і асабістых матывах. У канцы Другой сусветнай вайны большая частка гэтых людзей знаходзілася на тэрыторыі Германіі і Аўстрыі.

Савецкі ўрад быў вельмі зацікаўлены ў тым, каб рэпатрыіраваць мільёны сваіх грамадзян і ўключыць гэтую масу працаздольнага насельніцтва ў працэс пасляваеннага аднаўлення. Акрамя гэтых эканамічных і нават меркантыльных прычын сталінскі рэжым меў на ўвазе таксама міжнародныя палітыка-ідэалагічныя меркаванні на карысць як мага хутчэйшай і больш поўнай рэпатрыяцыі сваіх "падданых". Пад прыкрыццём "добраахвотнага" вяртання савецкіх людзей у "камуністычны рай" сталінскае кіраўніцтва хацела набыць сабе ў свеце вобраз дэмакратычнага і гуманнага ўрада, пад апеку якога быццам бы жадаюць з усіх сіл вярнуцца добрасумленныя грамадзяне, якія па волі лёсу апынуліся за межамі Бацькаўшчыны. Вось такім чынам, цынічна і крывадушна, таталітарная сістэма выкарыстоўвала любоў кожнага чалавека да сваёй Бацькаўшчыны, яго свяшчэннае права жыць на роднай зямлі.

Пры дапамозе розных сродкаў — абяцанак і пагроз, хлусні і прымусу — сталінскі рэжым даволі паспяхова ажыццяўляў рэпатрыяцыю. У савецкай зоне акупацыі ў Германіі органы Смершу хутка арыштавалі бежанцаў, ліквідаваўшы некаторых з іх. Пасля пэўнай фільтрацыі, якая павінна была выявіць здраднікаў, што супрацоўнічалі з гітлераўцамі, большасць людзей накіравалі ў канцлагеры ў СССР. Складаней вырашаліся справы з лагерамі для бежанцаў і перамешчаных асоб у зонах акупацыі заходніх саюзнікаў, якія былі арганізаваны ЮНРРА (Адміністрацыяй дапамогі і аднаўлення Аб’яднаных Нацый), дзе людзі забяспечваліся прытулкам, харчаваннем, вопраткай, медыцынскім абслугоўваннем. Савецкія рэпатрыяцыйныя місіі, перапоўненыя супрацоўнікамі органаў дзяржбяспекі, наведвалі гэтыя лагеры разам з супрацоўнікамі ЮНРРА і агітавалі ўсіх савецкіх грамадзян вярнуцца ў СССР. Беларускі эмігранцкі гісторык І. Касяк адзначае, што было шмат прыкладаў, калі бежанцы насуперак іх волі накіроўваліся ў савецкія лагеры з заходняй зоны акупацыі2.

У мемарандуме Генеральнай дэлегатуры Беларускай Цэнтральнай Рады ў Германіі да прэзідэнта ФРГ Т. Гауса, канцлера К. Адэнауэра і бундэстага ФРГ у сувязі з пастаўленым Савецкім урадам пытаннем аб рэпатрыяцыі з Заходняй Германіі былых савецкіх грамадзян, які быў абвешчаны ў верасні 1955 г., гаварылася, што грамадзяне СССР, што засталіся за мяжой, маюць дастаткова звестак аб лёсе тых, хто ў 1945—1946 гг. рэпатрыіраваліся ці былі рэпатрыіраваны ў Савецкі Саюз. "Ніхто з іх, — адзначалася ў мемарандуме, — ня толькі не пабачыў свае сем’і, але не пабачыў нават бацькаўшчыны, бо беспасрэдна ў самых жудасных абставінах быў зьнішчыны, або вывязены на Калыму, Варкуту, ці падобныя ім куткі сібірскае тайгі"3.

У выніку прымусовай і добраахвотнай рэпатрыяцыі да канца 1946 г. на радзіму вярнуліся 4 млн 980 тыс. савецкіх грамадзян4. Да 1 студзеня 1953 г. у СССР вярнуліся з улікам папярэдняй лічбы 5,5 млн савецкіх грамадзян5. Тым не менш значная іх колькасць не пажадала рэпатрыіравацца. Таму Савецкі ўрад прыкладаў вялікія намаганні, каб пры дапамозе ААН і яе спецыялізаваных устаноў забяспечыць па магчымасці максімальнае вяртанне сваіх грамадзян.

2.Пытанне аб бежанцах і перамешчаных асобах на І сесіі ГА ААН

Дыскусіі па праблемах бежанцаў і перамешчаных асоб набылі напружаны характар пачынаючы з 1-й часткі І сесіі Генеральнай Асамблеі ААН (студзень—люты 1946 г.). Прадстаўнік БССР у Трэцім камітэце Генеральнай Асамблеі Е. І. Уралава, указаўшы, што з 380 тыс. грамадзян БССР, якія былі вывезены ў Германію, больш за 200 тыс. вярнуліся на радзіму, выказала падзяку саюзнікам і асабліва польскаму ўраду за дапамогу пры іх рэпатрыяцыі. Яна падтрымала прапанову Югаславіі аб бежанцах і звярнула ўвагу на тое, што ваенныя злачынцы не павінны атрымліваць дапамогі і прыстанішча ад Аб’яднаных Нацый, а іх справы павінны разглядацца судамі краін, дзе яны здзейснілі злачынствы6.

Дэлегацыя СССР унесла праект рэзалюцыі па пытанні аб бежанцах, у якім Эканамічнаму і Сацыяльнаму савету (ЭКАСАС) рэкамендавалася пры распрацоўцы мерапрыемстваў па гэтым пытанні кіравацца наступнымі прынцыпамі: 1) дапамагаць хутчэйшаму вяртанню бежанцаў на радзіму; 2) на новым месцы жыхарства аказваць дапамогу толькі пры згодзе ўрада той краіны, грамадзянамі якой яны з’яўляюцца; 3) у лагерах для бежанцаў не дазваляць прапаганды супраць вяртання на радзіму; 4) стварыць асобны міжнародны орган па справах бежанцаў7.

Відавочна, што гэтыя прынцыпы зыходзілі з пэўнага падыходу савецкага кіраўніцтва да праблемы бежанцаў: не дазваляць у лагерах "антырэпатрыяцыйнай" прапаганды. Менавіта так Савецкі Саюз разглядаў дзеянні адміністрацыі лагераў, бежанцкіх арганізацый і заходніх сродкаў масавай інфармацыі, якія папярэджвалі жадаючых вярнуцца ў СССР аб тым, што на радзіме іх чакаюць не распасцёртыя абдымкі савецкай улады, а надзейная ізаляцыя і старанная праверка ў спецкантынгентах НКУС. Савецкі праект рэзалюцыі імкнуўся таксама пазбавіць "невяртальнікаў" усялякіх законных падстаў для жыхарства ў заходніх краінах і захаваць над імі юрысдыкцыю Савецкага ўрада.

Прадстаунік ЗША ў Трэцім камітэце Э. Рузвельт (удава прэзідэнта Ф. Рузвельта) прадставіла амерыканскі праект рэзалюцыі, які будаваўся на наступных прынцыпах: 1) не прымушаць да вяртання на радзіму пры ўмове кансультацыі з зацікаўленымі ўрадамі; 2) не процідзейнічаць выдачы і пакаранню ваенных злачынцаў8. Гэтыя прапановы падтрымалі прадстаўнікі Вялікабрытаніі, Францыі і іншых краін. Савецкія дэлегацыі, не жадаючы адмаўляцца ад сваіх пазіцый, выступілі за ўключэнне ў праект ЗША прынцыпаў, сфармуляваных у праекце рэзалюцыі СССР9.

Камітэт прыняў рэзалюцыю, асновай якой сталі прапановы ЗША, аднак былі ўлічаны і пазіцыі СССР. Яе абмеркаванне адбылося на пленарным пасяджэнні Генеральнай Асамблеі 12 лютага 1946 г. Прадстаўнік СССР А. Я. Вышынскі, падтрымаўшы праект рэзалюцыі Трэцяга камітэта, прапанаваў уключыць у яго папраўкі, якія надавалі дакументу зусім іншы характар: у лагерах для бежанцаў не дазваляць прапаганды супраць вяртання на радзіму; у склад персаналу лагераў прыцягваць прадстаўнікоў зацікаўленых дзяржаў (меліся на ўвазе СССР і яго саюзнікаў)10.

Супраць савецкіх паправак выступілі дэлегаты ЗША і Вялікабрытаніі. У прыватнасці, Э. Рузвельт падкрэсліла, што значная колькасць бежанцаў не жадае вяртацца да дому таму, што "разыходзіцца ў поглядах з урадамі", якія кіруюць у пэўных краінах. Яна таксама адзначыла, што савецкія папраўкі абмяжоўваюць чалавечыя правы і свабоды11. А.Вышынскі не пагадзіўся з прадстаўнікамі ЗША і Вялікабрытаніі і заявіў, што свабода слова ў лагерах для бежанцаў з’яўляецца падбухторваннем да здрады радзіме12. Дэлегацыя СССР адмовілася адклікаць свае папраўкі, і яны былі адхілены большасцю галасоў. Генеральная Асамблея зацвердзіла рэзалюцыю, прапанаваную Трэцім камітэтам.

Рознагалоссі па праблеме бежанцаў былі выкліканы супрацьлеглым падыходам Савецкага Саюза і Захаду да фундаментальных пытанняў аб правах і свабодах чалавека. Тым не менш, пры ўзаемным жаданні кампраміс паміж "савецкім блокам" (СССР, УССР, БССР, Польшча, Чэхаславакія і Югаславія) і заходняй большасцю быў магчымы. Аднак нежаданне савецкай дыпламатыі паступіцца прынцыпамі (што, канешне, наўрад ці было магчыма) не дазволіла дасягнуць узаемапрымальнага рашэння. Міністр замежных спраў БССР К. В. Кісялёў у сваіх успамінах пра падзеі І сесіі Генеральнай Асамблеі пісаў, што ЗША і Англія хацелі выкарыстаць праблему бежанцаў у сваіх інтарэсах, у мэтах барацьбы супраць СССР і яго саюзнікаў, спрабавалі перашкаджаць вяртанню савецкіх людзей на радзіму13. Такая трактоўка абмеркавання гэтай праблемы ў ААН выглядае аднабокай і спрошчанай.

У лютым 1946 г. БССР і УССР былі абраны ў склад Камітэта ЭКАСАС па справах бежанцаў і перамешчаных асоб і прынялі ўдзел у яго пасяджэннях у Лондане ў красавіку 1946 г. Прадстаўнік Беларусі В. П. Смоляр выступіў услед за дэлегатам СССР за стварэнне часовай спецыялізаванай установы па справах бежанцаў. Аднак адным з галоўных метадаў вырашэння гэтай праблемы ён лічыў заключэнне двухбаковых пагадненняў паміж зацікаўленымі дзяржавамі14.

Трэба адзначыць, што СССР адмаўляўся выкарыстоўваць механізм ЮНРРА для вяртання сваіх грамадзян, хаця на першым этапе дзейнасці ЮНРРА (да канца Другой сусветнай вайны) Савецкі ўрад лічыў важнай задачай гэтай арганізацыі аказанне дапамогі ў рэпатрыяцыі грамадзян Аб’яднаных Нацый, у тым ліку і СССР15. У пагадненнях паміж урадамі Беларусі і Украіны з ЮНРРА, заключаных у канцы 1945 г., не прадугледжвалася правядзенне аперацый з бежанцамі і перамешчанымі асобамі, таму ні ўрады рэспублік, ні місіі ЮНРРА ў гэтых рэспубліках не займаліся дадзенымі пытаннямі.

У афіцыйных матэрыялах ЮНРРА аб перамешчаных асобах беларусы не згадваюцца, хаця там ёсць звесткі аб літоўцах, латышах, эстонцах, паляках, украінцах, грамадзянах СССР увогуле16. Разам з тым, паводле распараджэння ЮНРРА па Еўропе аб рэпатрыяцыі ад 9 ліпеня 1946 г. сярод нацыянальнасцей Аб’яднаных Нацый згадваліся нацыянальнасці БССР, СССР, УССР17. Хутчэй за ўсё грамадзян БССР, ці беларусаў, статыстыка ЮНРРА адносіла да палякаў, украінцаў, грамадзян СССР увогуле.

У час работы 2-й часткі I сесіі Генеральнай Асамблеі (верасень—снежань 1946 г.) дэлегацыя БССР выступіла з рэзкай крытыкай праекта Статута Міжнароднай арганізацыі па справах бежанцаў (МАБ), які, на яе думку, не адпавядаў інтарэсам хуткага і разумнага вырашэння праблемы бежанцаў. Зыходзячы з вядомага падыходу Савецкага ўрада да праблемы бежанцаў, дэлегацыі СССР, УССР і БССР выказаліся супраць палажэнняў праекта Статута, згодна з якімі МАБ павінна была садзейнічаць перасяленню бежанцаў у краіны, якія не з’яўляліся краінамі іх паходжання18. Беларускі дэлегат В. Смоляр заявіў, што брытанскія і амерыканскія акупацыйныя ўлады і іх урады парушаюць суверэнныя правы ўрадаў, грамадзянамі якіх з’яўляюцца бежанцы і перамешчаныя асобы19. Беларуская дэлегацыя абараняла прапановы СССР да праекта Статута МАБ, у якіх рэкамендавалася аказваць дапамогу па каналах МАБ толькі тым асобам, што ўваходзілі ва ўзброеныя фарміраванні непрыяцеля, якія пажадаюць вярнуцца на радзіму20. На справе гэта азначала тое, што ўласаўцы маглі атрымаць дапамогу ад МАБ толькі ў тым выпадку, калі яны пажадаюць вярнуцца ў СССР, дзе іх разглядалі як здраднікаў і ваенных злачынцаў.

Беларуская дэлегацыя, лічачы асноўнай задачай МАБ садзейнічанне хутчэйшаму вяртанню бежанцаў і перамешчаных асоб на радзіму, унесла папраўкі да праекта яе Статута, а таксама прапанову аб далучэнні краін, з якіх паходзяць гэтыя асобы, да выяўлення ваенных злачынцаў, якія хаваліся пад маскай бежанцаў. Адначасова яна выступіла супраць прапановы Бельгіі аб стварэнні МАБ без удзелу СССР і краін Усходняй Еўропы21. Аднак папраўкі СССР, БССР, Польшчы і Югаславіі былі адхілены, і Трэці камітэт зацвердзіў Статут МАБ у яго першапачатковым выгдядзе, які адлюстроўваў канцэпцыю заходніх дзяржаў22. Таму дэлегацыі СССР, УССР, БССР, Польшчы і Югаславіі галасавалі супраць яго прыняцця.

Такім чынам, пазіцыя "савецкага блоку" ў адносінах да стварэння спецыялізаванай арганізацыі па справах бежанцаў змянілася на працягу 1946 г.: калі на 1-й частцы І сесіі Генеральнай Асамблеі ён выступаў за яе стварэнне, то на 2-й частцы — ужо супраць. Праблема бежанцаў стала адной з першых праблем, якія выклікалі на форуме ААН абвастрэнне адносін паміж былымі саюзнікамі па антыгітлераўскай кааліцыі.

3.Прымусовая рэпатрыяцыя і разгляд пытання на II сесіі ГА ААН

Супрацьлеглыя падыходы ўсходняга і заходняга блокаў да гэтага пытання выявіліся на ІІ сесіі Генеральнай Асамблеі (1947). Да гэтага часу, як пісаў дзеяч беларускай эміграцыі А. Калубовіч, увесь свет убачыў жахлівы лёс невядомай дагэтуль у гісторыі прымусовай рэпатрыяцыі, калі большая частка савецкіх грамадзян была выдадзена ўрадамі ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі ў рукі І.Сталіна23. Тым не менш савецкая дыпламатыя працягвала сцвярджаць, што заходнія дзяржавы перашкаджаюць рэпатрыяцыі. Так, прадстаўнік БССР І. І. Камінскі ў выступленні ў Трэцім камітэце 6 лістапада 1947 г. адзначыў, што правадзімая ЗША і Вялікабрытаніяй палітыка перашкоджвання рэпатрыяцыі выклікае трэнні паміж саюзнымі дзяржавамі. Ён ацаніў як бездоказныя выказванні Э. Рузвельт аб тым, што амаль усе перамешчаныя асобы, якіх на той час налічвалася каля 1 млн чалавек, не жадаюць вяртацца на радзіму24. Беларускі дэлегат назваў паклёпам тэзіс аб тым, што гэтыя асобы не жадаюць вяртацца па палітычных, рэлігійных і іншых перакананнях і што ўсе рэпатрыянты на радзіме праследуюцца. "Адзіны шлях выратаваць жыццё і здароў’е гэтых людзей, абараніць іх правы — гэта вярнуць іх на радзіму", — патэтычна сцвярджаў Камінскі25.

Беларуская дэлегацыя падтрымала праект рэзалюцыі СССР, які прадугледжваў спыненне вярбоўкі перамешчаных асоб для выкарыстання на работах у іншых краінах, "аздараўленне абстаноўкі" ў лагерах бежанцаў у акупацыйных зонах ЗША і Вялікабрытаніі, заахвочванне рэпатрыяцыі26. Аднак ён быў заблакіраваны заходняй большасцю. Заходнія саюзнікі, іх урады і грамадскасць пераканаліся, што з боку Савецкага Саюза праводзіцца прымусовая рэпатрыяцыя. У пачатку 1947 г. спыніла сваю дзейнасць ЮНРРА. Яе замяніла МАБ, якую заснавалі заходнія дзяржавы і ў якой не было савецкіх прадстаўнікоў. Савецкія місіі перасталі наведваць лагеры бежанцаў і прымусовая рэпатрыяцыя з боку СССР скончылася27.

4.Пытанне аб выдачы і пакаранні ваенных злачынцаў

З праблемай бежанцаў было шчыльна звязана пытанне аб выдачы і пакаранні ваенных злачынцаў. Адпаведная рэзалюцыя была прынята 13 лютага 1946 г. Генеральнай Асамблеяй ААН па ініцыятыве БССР. На ІІ сесіі Генеральнай Асамблеі дэлегацыя БССР патрабавала ад урадаў ЗША і Вялікабрытаніі выканання гэтай рэзалюцыі. У выступленні беларускага прадстаўніка М. Ф. Дзечкі было шмат эмоцый і гнеўных патрабаванняў адплаты ваенным злачынцам, але не хапала строгай юрыдычнай аргументацыі. Таму прадстаўнік Вялікабрытаніі Х. Шоўкрос абвінаваціў дэлегацыю БССР у парушэнні існуючага парадку вядзення пасяджэнняў "партызанскімі метадамі"28.

М. Дзечка на пленарным пасяджэнні Асамблеі 31 кастрычніка 1947 г. заявіў, што ўрад БССР мае спіс вялікай колькасці нямецка-фашысцкіх злачынцаў і іх памагатых, якія ўчынялі злачынствы на акупіраванай тэрыторыі Беларусі. Адзначалася, што пераважная іх большасць да цяперашняга часу не адшукана і застаецца не пакаранай. Частка з іх укрываецца ў лагерах для перамешчаных асоб, частка — бесперашкодна жыве ў заходніх зонах Германіі і Аўстрыі, дзе ствараюцца варожыя БССР арганізацыі. У іх ліку былі названы Беларускі нацыянальны камітэт у Мюнхене і Беларускі камітэт у Рэгенсбургу. М. Дзечка паведаміў, што з дзейнасцю гэтых "камітэтаў" звязаны прээідэнт Беларускай Цэнтральнай Рады, "палач беларускага народа" Р. Астроўскі, а таксама члены БЦР Ф. Кушаль, А. Калубовіч, С. Станкевіч, І. Дашкевіч, якія пры заступніцтве акупацыйных улад вядуць работу сярод перамешчаных асоб беларускай нацыянальнасці за невяртанне на радзіму29.

Калі прадстаўнікі ЗША і Вялікабрытаніі патрабавалі прадставіць ім юрыдычныя доказы здейсненых гэтымі і іншымі асобамі злачынстваў на тэрыторыі Беларусі, беларуская дэлегацыя не змагла прадставіць неабходныя дакументы. Акрамя спіса ваенных злачынцаў, аб якім казаў міністр замежных спраў БССР К.Кісялёў у лютым 1947 г. на нарадзе намеснікаў у Савеце міністраў замежных спраў (СМЗС) СССР, ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі і які ва ўстаноўленым парадку не быў перададзены заходнім дзяржавам, урад БССР не валодаў дакументаванымі і аформленымі адпаведна міжнароднаму праву доказамі ўчынення злачынстваў пэўнымі асобамі на тэрыторыі Беларусі30. Не выпадкова ў якасці матыву адказу ў выдачы ваенных злачынцаў улады ЗША і Вялікабрытаніі спасылаліся на недахоп доказаў віны той ці іншай асобы31.

Што датычылася Беларускага камітэта ў Рэгенсбургу, які ў заяве ўрада БССР на нарадзе намеснікаў у СМЗС ад 8 лютага 1947 г. быу названы "фашысцкім" і дзейнасць якога ён патрабаваў спыніць, то гэты камітэт уяўляў сабой размешчаны ў амерыканскай зоне беларускі лагер для перамешчаных асоб. На згаданай вышэй нарадзе прадстаўнік ЗША Р. Мэрфі ў сувязі з упамінаннем Беларускага камітэта заявіў, што ён патрабуе спецыяльнага расследавання з мэтай пацвярджэння правільнасці думкі ўрада БССР аб тым, што там ёсць фашысцкія злачынцы32. Р. Мэрфі папрасіў К. Кісялёва адказаць на пытанне: ці грунтуецца яго інфармацыя на спецыяльным расследаванні з боку БССР і якія крыніцы гэтай інфармацыі? К.Кісялёў мог толькі адказаць, што ўрад БССР мае даныя аб гэтым камітэце і пастараецца прыслаць дадатковыя звесткі аб ім галоўнакамандуючаму амерыканскай зоны акупацыі ў Германіі. Ён сказаў далей, што ўлады ЗША павінны распусціць гэтую арганізацыю, складзеную з асоб, якія дапамагалі гітлераўцам на тэрыторыі Беларусі, а часам і прымалі ўдзел у вынішчэнні беларускага народа. "Мы патрабуем выдаць нам гэтых асоб і мы іх будзем судзіць па законах нашай краіны", — заявіў прадстаўнік БССР33. Прадстаўнік ЗША ў сувязі з гэтым падаў рэпліку, што пакуль такая інфармацыя не была перададзена беларускімі ўладамі амерыканскаму боку34. Наколькі нам вядома, такая інфармацыя не была перададзена ЗША і ў далейшым.

ІІ сесія Генеральнай Асамблеі прыняла праект рэзалюцыі Вялікабрытаніі, згодна з якім устанаўлівалася новая працэдура выдачы ваенных злачынцаў. Урады краін, дзе былі ўчынены злачынствы, павінны былі зноў падаваць заявы аб выдачы ваенных злачынцаў і прадстаўляць вычарпальныя юрыдычныя доказы ўчынення злачынстваў.

Шэсць славянскіх краін і Эфіопія галасавалі супраць35. На сесіі не атрымала падтрымкі пазіцыя дэлегацыі БССР аб тым, што пад шыльдай "палітычных злачынцаў" хаваюцца ваенныя злачынцы. Большасць членаў Шостага (юрыдычнага) камітэта ўказала на неабходнасць адрозніваць паняцці "ваенны злачынец" і "палітычны злачынец"36. Гэта азначала, што савецкай дыпламатыі не ўдалося стварыць міжнародна-прававую базу для выдачы ваенных злачынцаў адпаведна сваім намерам.

Думка палітычных колаў беларускай эміграцыі адносна лёсу асоб, якія супрацоўнічалі з нямецкімі акупацыйнымі ўладамі ў Беларусі (калабарантаў), а потым апынуліся на Захадзе (усіх іх Савецкі ўрад лічыў ваеннымі злачынцамі), была выказана ў згаданым вышэй мемарандуме Генеральнай дэлегатуры БЦР у Германіі да кіраўніцтва ФРГ. У дакуменце ўказвалася, што на Захадзе апынуліся пераважна тыя асобы, якія працавалі ў самаўрадавых беларускіх установах і якія змагаліся супраць бальшавікоў у 1941—1945 гг. "Усе гэтыя людзі з’яўляюцца прынцыповымі праціўнікамі бальшавіцкага таталітарнага рэжыму і таму іх прымусовая рэпатрыяцыя ў СССР была б не гуманітарным актам, а ганебным бесчалавечным злачынствам", — падкрэслівалася ў мемарандуме37. Выказвалася ўпэўненасць, што ні нямецкія палітычныя колы, ні шырокая грамадскасць не стануць на гэты шлях.

5.Крытыка савецкімі дэлегацыямі дзейнасці МАБ

З абвастрэннем "халоднай вайны" пазіцыі Савецкага Саюза і Захаду па праблеме бежанцаў сталі яшчэ больш разыходзіцца. Сталінскі рэжым разглядаў гэтую праблему, адзначалася ў выдадзенай у 1951 г. савецкімі юрыстамі-міжнароднікамі кнізе, як імкненне "вярнуць хутчэй на радзіму штучна адарваных ад яе людзей, даўшы ім магчымасць самастойна вырашаць пытанне аб вяртанні на радзіму"38. Аднак на самой справе сталінскае кіраўніцтва выключала магчымасць для бежанцаў і перамешчаных асоб самастойна і добраахвотна вырашаць пытанне аб сваім далейшым лёсе, патрабуючы іх поўнай і неадкладнай рэпатрыяцыі.

Дэлегат БССР В. Смоляр у сваіх прамовах на 1-й частцы ІІІ сесіі Генеральнай Асамблеі рэзка крытыкаваў дзейнасць МАБ, якая, па яго словах, за амаль што двухгадовы тэрмін існавання "нічога не зрабіла для рэпатрыяцыі савецкіх грамадзян, стаўшы зброяй у руках англа-амерыканскіх акупацыйных улад, якія ўсяляк перашкаджаюць рэпатрыяцыі". Па гэтых прычынах дэлегацыя БССР выступіла супраць заключэння пагаднення паміж МАБ і ААН39.

Беларускі прадстаўнік А. С. Сцепаненка ў сваіх выступленнях на 8-й сесіі ЭКАСАС (люты—сакавік 1949 г.) падкрэсліваў, што МАБ ператварылася ў пасрэдніцкую кантору па вярбоўцы таннай рабочай сілы на цяжкія работы ў капіталістычных краінах, падмяніўшы сваю асноўную задачу па рэпатрыяцыі рассяленнем перамешчаных асоб40. Разам з дэлегацыямі СССР, УССР, Польшчы і Чэхаславакіі дэлегацыя БССР заяўляла, што неадкладнай задачай МАБ з’яўляецца поўнае завяршэнне рэпатрыяцыі бежанцаў на працягу 1949 г. Аднак ЭКАСАС прыняў рэзалюцыю, згодна з якой галоўнай задачай МАБ з’яўлялася ўжо не вяртанне людзей на радзіму, а рассяленне іх у іншых краінах. Галоўным аргументам заходняга блоку пры галасаванні гэтай рэзалюцыі было нежаданне бежанцаў вяртацца на радзіму41.

Дэлегат БССР В. В. Гаўрылюк на 9-й сесіі ЭКАСАС (жнівень 1949 г.) назваў гэты аргумент "смехатворным", адзначыўшы, што ў лагерах для бежанцаў вядзецца прапаганда супраць вяртання на радзіму, што жадаючых вярнуцца пераследваюць і забіваюць42. Магчыма, такія факты маглі мець месца, але ўсё ж асноўнай прычынай невяртання быў страх былых грамадзян СССР вяртацца ў краіну, дзе іх маглі чакаць рэпрэсіі, уціск і ГУЛАГ.

За перыяд з 1 ліпеня 1947 г. па 31 жніўня 1949 г. МАБ рэпатрыіравала 66 тыс. чалавек, у іншых краінах было расселена каля 600 тыс. бежанцаў і перамешчаных асоб43. Па стану на люты 1949 г. у СССР не вярнулася 120 тыс. савецкіх грамадзян з Прыбалтыкі, 74 тыс. украінцаў, каля 4 тыс. беларусаў, больш за 4 тыс. рускіх. Гэтыя лічбы прывёў В. В. Гаўрылюк на пасяджэнні Сацыяльнага камітэта 9-й сесіі ЭКАСАС 1 жніўня 1949 г.44 Ён заявіў, што ўрад БССР не спыніць сваіх патрабаванняў да МАБ і прэтэнзій да ўрадаў заходніх краін да таго часу, пакуль апошні бежанец з Беларусі не вернецца на радзіму45. Але гэтае сцвярджэнне аказалася простай рыторыкай.

Другі прадстаўнік БССР В. В. Скарабагаты ў выступленні на пленарным пасяджэнні 9-й сесіі ЭКАСАС 6 жніўня 1949 г. абвінаваціў МАБ і Інфармацыйны цэнтр ААН у Жэневе ў тым, што яны выкарыстоўваюць "недобрасумленную фальсіфікацыю пасквіляў на СССР і Польшчу", распаўсюджваючы "хлуслівую версію" аб ссылцы ў Сібір палякау, якія апынуліся на тэрыторыі Заходняй Беларусі пасля яе ўз’яднання з БССР у 1939 г.46 У дадзеным выпадку, мякка кажучы, беларускі дыпламат быў няшчырым, бо ў 1939—1941 гг. з Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны ва ўсходнія раёны СССР было дэпартыравана 1173 тыс. чалавек — каля 10 % насельніцтва гэтага рэгіёна, у тым ліку каля 400 тыс. палякаў47.

У сваім выступленні В. Скарабагаты выказаўся ў падтрымку праекта рэзалюцыі СССР: МАБ і ўрады краін — членаў ААН, на тэрыторыі якіх знаходзяцца бежанцы і перамешчаныя асобы, павінны прадставіць Генеральнаму сакратару ААН поўную інфармацыю аб гэтых асобах, уключаючы самыя дакладныя анкетныя даныя48. Прадстаўнік ЗША выступіў супраць такіх прапаноў, абгрунтоўваючы гэта тым, што яны могуць быць выкарыстаны для прыцягнення да адказнасці, адпаведна заканадаўствам СССР і краін Усходняй Еўропы, сваякоў бежанцаў і перамешчаных асоб, якія пражываюць у гэтых краінах. В.Скарабагаты расцаніў пярэчанні амерыканскага дэлегата як беспадстаўныя, адзначыўшы, што ў СССР няма такога заканадаўства49.

У дадзеным выпадку трэба меркаваць, што беларускі прадстаўнік або не ведаў асноў крымінальнага заканадаўства СССР, або свядома хлусіў. У сталінскія часы да крымінальнай адказнасці асобы прыцягваліся толькі за сам факт наяўнасці недобранадзейнага сваяка. Артыкул 633 Крымінальнага кодэкса БССР 1928 г. у рэдакцыі 29 чэрвеня 1934 г. (адпавядаў артыкулу 58Ів Крымінальнага кодэкса РСФСР 1926 г. у рэдакцыі 20 ліпеня 1934 г.) прадугледжваў ссылку на 5 гадоў у аддаленыя раёны Сібіры паўналетніх членаў сям’і ваеннаслужачага, які ўцёк за мяжу, нават у тым выпадку, калі яны нічога не ведалі аб плануемых уцёках, але знаходзіліся на ўтрыманні ўцекача ці проста сумесна пражывалі з ім да моманту ўчынення злачынства.

6.Беларускія прапановы аб бежанцах і беспадданых на ІV—V сесіях ГА ААН

Назапашаны беларускай дэлегацыяй вопыт і дыпламатычная актыўнасць у справе бежанцаў, меркаванні савецкага знешнепалітычнага кіраўніцтва пры падзеле працы паміж дэлегацыямі СССР, УССР і БССР стварылі падставы для таго, каб 23 лістапада 1949 г. беларуская дэлегацыя ўнесла на разгляд IV сесіі Генеральнай Асамблеі ААН праект рэзалюцыі аб бежанцах і беспадданых. У ім адзначалася, што рэзалюцыя 8 (І) Генеральнай Асамблеі ад 12 лютага 1946 г. цалкам не выканана; рэкамендавалася дзяржавам — членам ААН выканаць яе, каб поўнасцю закончыць рэпатрыяцыю перамешчаных асоб і бежанцаў на радзіму на працягу 1950 г.; прапанавалася ўрадам краін — членаў ААН, на тэрыторыі якіх меліся азначаныя асобы, і МАБ прадставіць Генеральнаму сакратару ААН поўныя звесткі аб такіх асобах на іх тэрыторыі, а таксама інфармацыю аб умовах іх жыцця; прапанавалася Генеральнаму сакратару ААН прадставіць да 10-й сесіі ЭКАСАС даклад аб атрыманых ад урадаў і МАБ паведамленнях50.

Як і чакалася, праект рэзалюцыі БССР не атрымаў падтрымкі. У сваю чаргу, беларуская дэлегацыя выступіла супраць прапановы Генеральнага сакратара аб стварэнні пасады Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў і ўзяцці на ўтрыманне ААН усіх асоб, якія знаходзіліся ў лагерах для перамешчаных асоб, а таксама супраць праекта рэзалюцыі Францыі па пытанні аб бежанцах51.

Гэтыя прапановы былі прыняты большасцю галасоў. Гаворачы аб прычынах невыканання рашэнняў ААН, беларускі дэлегат А. Сцепаненка адзначыў, што яны заключаюцца ў наўмысным нежаданні ўрадаў ЗША, Англіі і Францыі рэпатрыіраваць бежанцаў з акупацыйных зон Германіі і Аўстрыі ў краіны Усходняй Еўропы. Ён абвінаваціў заходнія дзяржавы ў тым, што яны выкарыстоўваюць сотні тысяч грамадзян Савецкага Саюза і краін народнай дэмакратыі ў палітычных мэтах, у барацьбе супраць СССР і народна-дэмакратычных дзяржаў52.

У сувязі з выказваннямі беларускага прадстаўніка аб цяжкім матэрыяльным і прававым становішчы перамешчаных асоб у Англіі яе прадстаўнік Д. Корлі-Сміт заявіў у Трэцім камітэце 10 лістапада 1949 г., што ўсе жадаючыя могуць свабодна паехаць і паглядзець, як жывуць і працуюць гэтыя асобы на новым месцы жыхарства. Ён таксама дадаў, маючы на ўвазе выступленні А. Сцепаненкі, што яго "пачынаюць надзвычайна стамляць гэтыя бясконцыя і злосныя нападкі"53.

На V сесіі Генеральнай Асамблеі дэлегацыя БССР двойчы — 22 лістапада і 12 снежня 1950 г. — уносіла праект рэзалюцыі аб бежанцах і беспадданых. Ён у асноўным паўтараў яе прапанову на IV сесіі, але быў пададзены ў больш катэгарычным тоне. У прыватнасці, прапанавалася адзначыць невыкананне ўрадамі ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і іншых краін рэзалюцыі ад 12 лютага 1946 г. аб садзейнічанні рэпатрыяцыі54. Натуральна, што ў такім выглядзе беларускі праект не мог быць прыняты заходняй большасцю. БССР выступіла таксама супраць стварэння апарата Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў, супраць рэзалюцыі аб бежанцах і перамешчаных асобах, ухваленай Трэцім камітэтам, а потым і Генеральнай Асамблеяй55.

7.Стварэнне УВКБ ААН і новыя прапановы БССР

1 студзеня 1951 г. адпаведна рэзалюцыі Генеральнай Асамблеі 319(IV) ад 3 снежня 1949 г. было створана Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў (УВКБ ААН) з мэтай ажыццяўлення міжнароднай прававой абароны бежанцаў і перамешчаных асоб і забеспячэння пастаяннага рэгулявання праблем бежанцаў. 13 лютага 1952 г. спыніла сваё існаванне МАБ. У рэзалюцыі ААН аб стварэнні УВКБ і яго статуце было асобна агаворана, што дзейнасць Вярхоўнага камісара не павінна мець палітычны характар56. Тым не менш СССР, УССР і БССР галасавалі супраць стварэння УВКБ ААН і адмовіліся ўдзельнічаць у яго працы. Савецкі Саюз крытыкаваў ЗША і іншыя дзяржавы Захаду за тое, што яны ў парушэнне Статута УВКБ ААН імкнуліся выкарыстаць яго каналы і сродкі ў сваіх палітычных мэтах, у прыватнасці, для аказання дапамогі "рэакцыйным элементам і контррэвалюцыянерам, якія хаваліся пад выглядам бежанцаў, для дыскрэдытацыі дэмакратычных пераўтварэнняў у некаторых краінах"57. Па гэтых прычынах СССР не падпісаў Канвенцыю аб статусе бежанцаў, прынятую 25 ліпеня 1951 г. у Жэневе Бельгіяй, Даніяй, ФРГ, Францыяй, Вялікабрытаніяй і іншымі заходнімі краінамі, адпаведна якой да катэгорыі бежанцаў былі аднесены і перамешчаныя асобы58.

На VI сесіі Генеральнай Асамблеі дэлегацыя БССР унесла 4 студзеня 1952 г. праект рэзалюцыі аб бежанцах і апатрыдах (асобах без грамадзянства) і праблемах дапамогі бежанцам. Яна зноў прапанавала адзначыць невыкананне ўрадамі ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і некаторых іншых краін рэзалюцыі ад 19 лютага 1946 г., асудзіць палітыку, якая праводзілася МАБ і працягвала праводзіцца УВКБ ААН і была накіравана на падмену рэпатрыяцыі “прымусовым перасяленнем перамешчаных асоб у іншыя краіны”, асудзіць спробы ЗША і іншых краін Захаду ўсялякімі спосабамі вербаваць перамешчаных асоб для падрыўной і дыверсійнай дзейнасці на тэрыторыі СССР і краін народнай дэмакратыі, рэкамендавала ўрадам прадставіць Сакратарыяту ААН поўныя звесткі аб бежанцах і перамешчаных асобах на тэрыторыі іх краін59.

Дадзены праект рэзалюцыі БССР спасціг лёс двух папярэдніх. Нават нейтральна настроеныя краіны не маглі пагадзіцца з прапановай асудзіць палітыку спецыяльных органау ААН — МАБ і УВКБ. Усе тры беларускія праекты абыходзілі маўчаннем карэннае пытанне: чаму грамадзяне СССР не жадаюць вяртацца на радзіму? Яны не былі і не маглі быць накіраваны на ліквідацыю прычын, якія перашкаджалі рэпатрыяцыі, паколькі гэтыя прычыны караніліся ў прыродзе сталінскага таталітарнага рэжыму. Беларускія прапановы былі накіраваны на ўстараненне вынікаў невырашанасці праблемы бежанцаў, якія бачыліся БССР выключна ў палітыцы заходніх дзяржаў і адпаведных органаў ААН. Беларускай дыпламатыі не хапала пачуцця рэалізму, калі запар на трох сесіях Генеральнай Асамблеі ўносіліся ўсё больш "асуджаючыя", усё больш бескампрамісныя, усё больш канфрантацыйныя праекты рэзалюцый.

Пры абмеркаванні праблем бежанцаў у Трэцім камітэце VI сесіі Генеральнай Асамблеі прадстаўнік БССР М. Е. Кусаў зрабіў 8 выступленняў. Выкананыя ў прапагандысцка-абвінаваўчым стылі, яны "выкрывалі", па яго словах, "паклёпніцкія заявы і двухсэнсавыя намёкі" па адрасу савецкіх рэспублік, зробленыя дэлегатамі Новай Зеландыі, Францыі, Аўстраліі, ЗША і Англіі60.

Цікава, як заходнія прадстаўнікі ставіліся да прамоў беларускага дэлегата? Напрыклад, прадстаўнік Аўстраліі падкрэсліў, што беларускі дэлегат "не меў аргументаў, а таму толькі лаяўся"61. Прадстаўнік Канады Р. Маршал, адзначыўшы нелагічнасць выказванняў М. Кусава, заявіла: "... дэлегат Беларускай Рэспублікі абвінавачвае нас у прымусовым вывазе перамешчаных асоб і вярбоўцы гэтых прымусова вывезеных грамадзян у свае арміі. Але як можна вербаваць у армію дзяржаў тых, хто сілай прывезены ў краіну?" М.Кусаў не згубіўся і адказаў, што ён размяжоўвае асоб, якія знаходзяцца ў лагерах МАБ, на сумленных і здраднікаў. Першых вывозяць пад прымусам, а другія з задавальненнем самі едуць у краіны Захаду62. Як бачым, абгрунтаванага адказу на заўвагу канадскага прадстаўніка Кусаў не даў.

Прадстаўнік Бразіліі назваў памылковымі заявы М. Кусава аб тым, што савецкія грамадзяне, якія працуюць у Бразіліі, атрымліваюць вельмі нізкую заработную плату і падвяргаюцца грубаму абыходжанню і моцнаму ўціску з мэтай перашкодзіць іх вяртанню на радзіму63. Резка негатыўна ацаніў праект рэзалюцыі БССР прадстаўнік Новай Зеландыі, які назваў яго "зводкай фактычных скажэнняу" і падкрэсліў, што яму вядома, чаму бежанцы і перамешчаныя асобы не жадаюць вяртацца на радзіму і што іх можа чакаць дома64. У адказ М.Кусаў прывёў факты аб шчаслівым жыцці беларусаў, якія вярнуліся на радзіму65.

На VII—IX сесіях Генеральнай Асамблеі дэлегацыя БССР ужо не вылучала ўласных прапаноў, але працягвала ў складзе "савецкага блока" галасаваць супраць рэзалюцый, якія ўхвалялі дзейнасць Вярхоўнага камісара па справах бежанцаў, і супраць прапаноў аб прадаўжэнні дзейнасці УВКБ ААН.

8.Паварот савецкай дыпламатыі да рэалізму ў справе бежанцаў

У сярэдзіне 50-х гг. у сувязі з прыходам да ўлады новага савецкага кіраўніцтва і пацяпленнем міжнароднага клімата пазіцыя Савецкага Саюза па праблеме бежанцаў стала больш рэалістычнай. На X сесіі Генеральнай Асамблеі дэлегацыя СССР двойчы ўносіла праекты рэзалюцый па дакладу Вярхоўнага камісара — 5 і 10 кастрычніка 1955 г. У апошнім, перагледжаным праекце адзначалася невырашанасць праз 10 год пасля заканчэння вайны праблемы бежанцаў і перамешчаных асоб, вялікая колькасць якіх усё яшчэ адарвана ад радзімы, пазбаўлена многіх правоў і не забяспечана працай, а многія дагэтуль утрымліваюцца ў лагерах. Падкрэслівалася важнае значэнне працаўладкавання тых з іх, якія ўсё яшчэ з’яўляліся беспрацоўнымі.

Дэлегацыя СССР прапанавала ажыццяўляць наступныя мерапрыемствы для хутчэйшага вырашэння праблемы бежанцаў: 1) даручыць Вярхоўнаму камісару заахвочваць і садзейнічаць хутчэйшаму вяртанню перамешчаных асоб і бежанцаў у краіны іх паходжання, кіруючыся пры гэтым прынцыпамі добраахвотнасці; 2) заклікаць урады краін, на тэрыторыі якіх знаходзяцца бежанцы і перамешчаныя асобы, правесці сярод іх неабходную растлумачальную працу ў мэтах хутчэйшага добраахвотнага вяртання на радзіму, а таксама садзейнічаць інфарміраванню гэтых асоб пра законы аб амністыі ці вызваленні ад адказнасці, а таксама абароне тых бежанцаў, якія "ў пэўных умовах нядобра паступілі ў адносінах да сваёй радзімы"66; 3) прапанаваць Вярхоўнаму камісару працягваць вышукваць іншыя рашэнні, акрамя вяртання на радзіму, для тых бежанцаў, якія адмаўляюцца добраахвотна вяртацца ў краіны іх паходжання67 (характэрна, што дадзенага пункта не было ў першым праекце рэзалюцыі). У перагледжаным праз 5 дзён праекце была знята фармулёўка аб недапушченні вядзення прапаганды супраць ААН ці асобных яе членаў, а таксама прапаганды варожасці да краін паходжання перамешчаных асоб і бежанцаў (меліся на ўвазе СССР і краіны Усходняй Еўропы)68.

Прапановы СССР сведчылі аб некаторых яго новых падыходах да вырашэння праблемы бежанцаў. Надавалася належнае значэнне працаўладкаванню бежанцаў і перамешчаных асоб у новых краінах іх жыхарства, прызнаваліся прынцып добраахвотнасці рэпатрыяцыі, а таксама неабходнасць пошуку іншых, акрамя рэпатрыяцыі, рашэнняў праблемы бежанцаў. Дэлегацыі СССР, УССР і БССР у сваёй прапагандысцкай рабоце сярод бежанцаў маглі абапірацца на Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 17 верасня 1955 г. "Аб амністыі савецкіх грамадзян, якія супрацоўнічалі з акупантамі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны 1941—1945 гг."69. Савецкая ініцыятыва мела пэўны прапагандысцкі поспех, аб чым сведчыла вяртанне ў СССР у гады "адлігі" невялікай колькасці былых савецкіх грамадзян, а таксама грамадзян ці патомкаў грамадзян былой Расійскай імперыі. Аднак асноўная маса бежанцаў і перамешчаных асоб знайшла другую радзіму ў заходніх краінах.

Гэты аб’ектыўны момант знайшоў адлюстраванне ў праекце рэзалюцыі 9 заходніх дзяржаў, у тым ліку ЗША і Англіі. Нягледзячы на тое, што дэлегацыі арабскіх і азіяцкіх краін унеслі некаторыя папраўкі да праекта рэзалюцыі СССР, якія былі прыняты савецкай дэлегацыяй, за яго на пасяджэнні Камітэта па сацыяльных, гуманітарных і культурных пытаннях было пададзена толькі 14 галасоў. 42 галасамі быў прыняты праект рэзалюцыі 9 краін. 14 дэлегацый, у тым ліку дэлегацыі СССР, УССР і БССР, пры яго галасаванні ўстрымаліся70. Гэта таксама сведчыла аб больш рэалістычным падыходзе Савецкага Саюза да праблемы бежанцаў у параўнанні з мінулымі гадамі, калі "савецкі блок" заўсёды галасаваў супраць прапаноў Захаду.

Чарговая няўдача савецкай дыпламатыі ў справе бежанцаў вымусіла кіраўніцтва СССР зняць гэта пытанне з павесткі дня прыярытэтаў сваёй знешняй палітыкі. Далейшая яго гальванізацыя не абяцала Савецкаму ўраду дыпламатычных і прапагандысцкіх поспехаў. Ён павінен быў задаволіцца тым, што ўсё ж такі значная колькасць савецкіх грамадзян вярнулася на радзіму. Што датычыла тых, хто не пажадаў вярнуцца, то ў савецкага кіраўніцтва, камуністычнай прапаганды быў ужо вычарпаны ліміт прывабных і спакуслівых заклікаў да суайчыннікаў, што апынуліся за мяжой, каб неяк заманіць іх назад. Бежанцы і перамешчаныя асобы з Савецкага Саюза, у тым ліку з Беларусі, рассяліліся ў краінах Заходняй Еўропы, Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі, Аўстраліі і сталі іх грамадзянамі. Паміж Бацькаўшчынай і беларускай эміграцыяй перыяду 40-х гг. утварыўся глыбокі роў.

1 Великая Отечественная война: 1941—1945. Энциклопедия. М., 1985. С. 609; Народная газета. 1991. 29 мая.
2 Kasiak I. Byelorussia: Historical Outline. London, 1989. P. 301.
3 Барацьба. Цэнтральны орган Беларускага Вызвальнага фронту. 1955. № 7. С. 2.
4 Народная газета. 1991. 25 мая.
5 Великая Отечественная война: Энциклопедия. С. 609.
6 Правда. 1946. 6 января.
7 Внешняя политика Советского Союза: Документы и материалы. 1946 год. М., 1952. С. 226.
8 Объединенные Нации. Генеральная Ассамблея: Официальные отчеты. 1-я часть І сессии. Заседания комитетов Генеральной Ассамблеи. Краткие отчеты заседаний. С. 63—65.
9 Там же.
10 Внешняя политика Советского Союза. 1946 год. С. 237—229.
11 Правда. 1946. 15 февраля.
12 Внешняя политика Советского Союза. 1946 год. С. 331.
13 Киселев К. В. Записки советского дипломата. М., 1974. С. 188—189.
14 Правда. 1946. 12 апреля; Белорусская ССР на международной арене. М., 1964. С. 42.
15 Воскресенский А. Что такое ЮНРРА // Война и рабочий класс. 1944. С. 24.
16 UNRRA. The History of the United Nations Relief and Rehabilitation Administration. V. 3. N.Y., 1950. P. 423.
17 Ibid. P. 398—399.
18 Белорусская ССР на международной арене. С. 63.
19 Правда. 1946. 13 ноября.
20 Правда. 1946. 11 ноября; Белорусская ССР на международной арене. С. 64—65.Белорусская ССР на международной арене. С. 64—65.
21 Белорусская ССР на международной арене. С. 64—65.
22 Объединенные Нации. Генеральная Ассамблея: Официальные отчеты. 2-я часть I сессии. Третий комитет. Краткие отчеты заседаний . 24 октября—12 декабря 1946 г. Нью-Йорк, 1946. С. 120, 130—131.
23 Калубович А. Восемь волн белорусской эмиграции // Неман. 1992. № 2. С. 150.
24 Архіў Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь (далей — МЗС РБ). Выступления делегации БССР на II сессии Генеральной Ассамблеи ООН. Л. 242—245.
25 Там жа. Л. 246.
26 Сборник предложений СССР, УССР и БССР, вносившихся в ООН в 1946—1950 гг. М., 1952. С. 164.
27 Kasiak I. Op. cit. P. 301.
28 Архіў МЗС РБ. Выступление делегации БССР на II сесии Генеральной Ассамблеи. Л. 163.
29 Там жа. Л. 234—237.
30 Внешняя политика Советского Союза: Документы и материалы. 1947 год. Ч. 1. М., 1952. С. 58—63.
31 Советская Белоруссия. 1947. 5 ноября.
32 Архіў МЗС РБ. Выступления делегации БССР на II сессии Генеральной Ассамблеи. Л. 20.
33 Там жа. Л. 20—21.
34 Там жа. Л. 21.
35 Советская Белоруссия. 1947. 5, 6 ноября.Архіў МЗС РБ. Выступления делегации БССР на II сессии Генеральной Ассамблеи. Л. 238—239.
36 Архіў МЗС РБ. Выступления делегации БССР на II сессии Генеральной Ассамблеи. Л. 238—239.
37 Барацьба. 1955. № 7. С. 2—3.
38 Международное право. М., 1951. С. 249.
39 Архіў МЗС РБ. Выступления делегации БССР на 2-й части III сессии Генеральной Ассамблеи. Л. 87—88.
40 Там жа. Л.311—318.
41 Там жа. Л. 323.
42 Там жа. Л. 323—325.
43 Международное право. С. 248.
44 Архіў МЗС РБ. Выступления делегации БССР на 2-й части III сессии Генеральной Ассамблеи. Л. 352.
45 Там жа. Л. 327.
46 Там жа. Л. 356.
47 Парсаданова В. С. Депортация населения из Западной Украины и Западной Белоруссии в 1939—1941 гг. // Новая и новейшая история. 1989. № 2. С. 26—44.
48 Архіў МЗС РБ. Выступления делегации БССР на 2-й части III сессии Генеральной Ассамблеи. Л. 358; Сборник предложений СССР, УССР и БССР, вносившихся в ООН в 1946—1950 гг. С. 166—168.
49 Архіў МЗС РБ. Выступления делегации БССР на 2-й части III сессии Генеральной Ассамблеи. Л. 358—359.
50 Сборник предложений СССР, УССР и БССР, вносившихся в ООН в 1946—1950 гг. С. 168.Объединенные Нации. Генеральная Ассамблея. Официальные отчеты. IV сессия. Третий комитет. Краткие отчеты заседаний с 20 сентября по 28 ноября 1949 г. Нью-Йорк. С. 177—179.
51 Объединенные Нации. Генеральная Ассамблея. Официальные отчеты. IV сессия. Третий комитет. Краткие отчеты заседаний с 20 сентября по 28 ноября 1949 г. Нью-Йорк. С. 177—179.
52 Архіў МЗС РБ. Выступления делегации БССР на IV сессии Генеральной Ассамблеи. Л. 354—355.
53 Обьединенные Нации. Генеральная Ассамблея. Официальные отчеты. IV сессия. Третий комитет. Краткие отчеты заседаний. С. 146.
54 Сборник предложений СССР, УССР и БССР, вносившихся в ООН в 1946—1950 гг. С. 168—169.
55 Архіў МЗС РБ. Выступления делегации БССР на V сессии Генеральной Ассамблеи. Л. 99—102.
56 Дипломатический словарь. Т. III. М., 1980. С. 501.
57 Там же.
58 Там же. Т. І. М., 1985. С. 117—118.
59 Архіў МЗС РБ. Поправки, вносимые делегацией БССР в ООН в 1946—1957 гг. Л. 16—17.
60 Архіў МЗС РБ. Выступления делегации БССР на VI сессии Генеральной Ассамблеи. Л. 282—284.
61 Там жа.
62 Там жа. Л. 284.
63 Объединенные Нации. Генеральная Ассамблея: Официальные отчеты. VI сессия. Третий комитет. Краткие отчеты заседаний. С. 163.
64 Там же. С. 161.
65 Архіў МЗС РБ. Выступления делегации БССР на VI сессии Генеральной Ассамблеи. Л. 285—286.
66 Сборник предложений СССР, УССР и БССР, вносившихся в ООН в 1953—1955 гг. М., 1956. С. 104—105.
67 Там же.
68 Там же. С. 103—104.
69 Сборник законов СССР и указов Президиума Верховного Совета СССР. 1938—1975. Т. 3. М., 1975. С. 411—413.
70 Правда. 1955. 12 октября.


Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter

Сообщество

  • (029) 3222740
  • Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
© 2019 Международное общественное объединение «Развитие». All Rights Reserved.