Белорусский журнал международного права и международных отношений 2002 — № 3


международные отношения

АБ НАВУКОВЫХ ДАСЛЕДАВАННЯХ КАФЕДРЫ МІЖНАРОДНЫХ АДНОСІН ФАКУЛЬТЭТА МІЖНАРОДНЫХ АДНОСІН БДУ (1992—2002 гг.)

Аляксандр Гурын, Уладзімір Снапкоўскі

Гурын Аляксандр Валер’евіч — аспірант кафедры міжнародных адносін факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага універсітэта
Снапкоўскі Уладзімір Еўдакімавіч — доктар гістарычных навук, прафесар кафедры міжнародных адносін факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага універсітэта

На рубяжы 1980—1990-х гг. пачаўся якасна новы перыяд ў развіцці беларускай гістарычнай навукі, што было звязана з распадам СССР і станаўленнем незалежнай Рэспублікі Беларусь. Часткай працэсу значных пераўтварэнняў у развіцці айчыннай гістарычнай навукі ў 1990-я гг. стала фарміраванне беларускай школы міжнародных даследаванняў. Навукова-арганізацыйным і вучэбна-метадычным цэнтрам станаўлення гэтай школы па праву можна лічыць кафедру міжнародных адносін факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага універсітэта, якая была створана ў 1992 г. на гістарычным факультэце БДУ. Кафедра міжнародных адносін з’явілася першым у Беларусі вучэбным і навуковым цэнтрам у галіне выкладання і вывучэння міжнародных адносін.

Складванне вучэбнага плана кафедры, тэматыкі і зместу вучэбных дысцыплін, асноўных накірункаў навуковых даследаванняў, кадравага патэнцыялу кафедры ажыццяўлялася не на пустым месцы. У Беларусі ў савецкія часы, асабліва ў 1960—1980-я гг., сфарміраваліся пэўныя традыцыі выкладання і вывучэння міжнародных адносін. Гэтыя традыцыі развіваліся ў межах двух галоўных цэнтраў адукацыі і навукі рэспублікі — Белдзяржуніверсітэта і Акадэміі навук. Асаблівасцю развіцця беларускай гістарыяграфіі міжнародных адносін з’яўляецца тое, што цэнтрам вывучэння гісторыі міжнародных адносін быў БДУ (кафедра старажытнага свету і сярэдніх вякоў і кафедра новай і навейшай гісторыі гістарычнага факультэта). Даследаванне гісторыі знешняй палітыкі Беларусі (на прыкладзе Беларускай ССР) ажыццяўлялася ў Інстытуце гісторыі Акадэміі навук БССР. У 1970-я і асабліва ў 1980-я гг. знешнепалітычная тэматыка пачала распрацоўвацца асобнымі даследчыкамі ў іншых установах вышэйшай адукацыі Беларусі: Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце, Гомельскім і Гродзенскім універсітэтах.

Вывучэнне універсальнай гісторыі міжнародных адносін ажыццяўлялася ў БДУ ў тэматычна і храналагічна абмежаваных рамках. Гэта гісторыя міжнародных адносін у Еўропе ў другой палове XIX ст., звязаная з працэсам аб’яднання Германіі (Л. М. Шнеерсон), гісторыя еўрапейскіх міжнародных адносін у ХХ ст., звязаная з узнікненнем Першай сусветнай вайны ў Еўропе (М. П. Палетыка), міжваенным перыядам (Д. С. Клімоўскі, Д. Б. Мельцар, Г. М. Трухноў і інш.), пасляваеннымі часамі (германская праблематыка, праблемы бяспекі, асносіны СССР з замежнымі дзяржавамі) (М. Г. Елісееў, Л. В. Лойка, А. А. Разанаў і інш.).

Што датычыцца навуковага вывучэння знешнепалітычнай дзейнасці Беларускай ССР, то гэтая тэматыка пачала распрацоўвацца беларускімі гісторыкамі і правазнаўцамі ў 1960-я гг. У гэты час былі абаронены першыя кандыдацкія дысертацыі па знешнепалітычнай дзейнасці БССР перыяду 1940—1960-х гг. і міжнароднай правасуб’ектнасці рэспублікі і апублікаваны першыя навуковыя манаграфіі па гэтай тэматыцы. У 1970—1980-я гг. беларускія гісторыкі і правазнаўцы абаранілі тры доктарскія (С. Д. Вайтовіч, М. С. Верабей і Ю. П. Броўка) і каля 20 кандыдацкіх дысертацый аб знешнепалітычнай актыўнасці і міжнародных сувязях БССР у пасляваенныя гады. У 1982 г. сектар гісторыі еўрапейскіх сацыялістычных краін Інстытута гісторыі АН БССР быў перайменаваны ў аддзел гісторыі замежных сувязей БССР.

Нягледзячы на пашырэнне кола даследчыкаў і тэматыкі, спецыялізацыя ў галіне вывучэння універсальнай гісторыі міжнародных адносін, а таксама знешнепалітычнай дзейнасці і замежных сувязей БССР заставалася абмежаванай храналагічна, тэматычна і метадалагічна. Напрыклад, даследаванняў гісторыі знешняй палітыкі Беларусі да ХХ ст. не праводзілася, вучэбных курсаў ці спецкурсаў па гэтай праблематыцы, уключаючы знешнепалітычную дзейнасць БССР, не чыталася.

Кафедра міжнародных адносін БДУ лагічна ўспрыняла дзве вышэйазначаныя традыцыі і лініі развіцця беларускай гістарыяграфіі міжнародных адносін: даследаванне універсальнай гісторыі міжнародных адносін і даследаванне гісторыі знешнепалітычнай дзейнасці БССР.

Стварэнне кафедры міжнародных адносін у 1992 г. было абумоўлена шэрагам прычын. Па-першае, новая кафедра стваралася ў мэтах падрыхтоўкі ўласных беларускіх спецыялістаў для Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь. Па-другое, кафедра павінна была стаць вучэбна-метадычным цэнтрам вышэйшай школы краіны ў галіне міжнародных адносін. Па-трэцяе, на базе кафедры трэба было стварыць навукова-арганізацыйны цэнтр, які б каардынаваў намаганні беларускіх даследчыкаў у галіне міжнародных адносін.

У 10-гадовым перыядзе дзейнасці кафедры міжнародных адносін можна выдзеліць два этапы. Першы звязаны з пачаткам існавання кафедры і акрэсліваецца 1992—1995 гг. У гэты час кафедра міжнародных адносін аднаасобна складала аддзяленне міжнародных адносін БДУ. Другі перыяд пачынаецца з кастрычніка 1995 г. і звязаны з гадамі станаўлення і развіцця факультэта міжнародных адносін БДУ.

Кафедра міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага універсітэта была заснавана на гістарычным факультэце 1 верасня 1992 г. У першыя гады свайго існавання яна сабрала ў свой склад лепшых спецыялістаў Беларусі, якія прафесійна працавалі ў галіне вывучэння знешнепалітычных праблем. З моманта стварэння кафедры тут працуюць дактары гістарычных навук, прафесары А. В. Шарапа (загадчык кафедры і адначасова дэкан факультэта міжнародных адносін з моманта стварэння факультэта), А.А.Разанаў і А.А.Чалядзінскі. Усе трое абаранілі доктарскія дысертацыі ў перыяд 1982—1991 гг. па тэматыцы, якая была звязана з палітычнай сістэмай ГДР (А. В. Шарапа), міжнародным камуністычным рухам і міжнароднымі адносінамі ў Лацінскай Амерыцы (А. А. Чалядзінскі), праблемамі міжнароднай бяспекі (А. А. Разанаў). У верасні 1993 г. на кафедру прыйшоў з Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі доктар гістарычных навук, прафесар У. Е. Снапкоўскі, які абараніў у 1993 г. доктарскую дысертацыю па знешнепалітычнай дзейнасці БССР у 1944—1953 гг. З першых гадоў існавання кафедры тут працавалі кандыдаты гістарычных навук, дацэнты Н.Я.Аблава, Л.В.Лойка, С. В. Свілас, Л. М. Хухлындзіна. З другой паловы 1990-х гг. калектыў кафедры папоўнілі кандыдаты гістарычных навук, дацэнты А. І. Гардзейчык, В. А. Елфімаў, Р. М. Турарбекава, М. Э. Часноўскі, В. Г. Шадурскі, кандыдаты палітычных навук, дацэнты А. А. Дастанка і Ю. І. Малевіч.

У снежні 2000 г. адразу два супрацоўнікі кафедры дацэнт М. Э. Часноўскі і дацэнт В. Г. Шадурскі паспяхова абаранілі доктарскія дысертацыі па новай для беларускай гістарычнай навуцы спецыяльнасці "Гісторыя міжнародных адносін і знешняй палітыкі". Тэмай доктарскай працы М. Э. Часноўскага былі сістэмныя пераўтварэнні ў Рэспубліцы Польшча ў 1989—1999 гг. В. Г. Шадурскі падрыхтаваў дысертацыйнае даследаванне аб культурных сувязях Беларусі з краінамі Цэнтральнай і Заходняй Еўропы ў 1945—1990-я гг. Пасля атрымання ступені доктара гістарычных навук М. Э. Часноўскі і В. Г. Шадурскі працуюць на кафедры ў якасці прафесароў, павялічыўшы яе высокі якасны склад. У 2001 г. пасля паспяховай абароны кандыдацкай дысертацыі на тэму аб ролі ўсходнегерманскага фактару ва ўнутранай і знешняй палітыцы ФРГ 1990-х гг. у склад кафедры быў залічаны старшы выкладчык У. В. Фральцоў.

У першыя гады існавання кафедры вызначыліся асноўныя накірункі яе навуковых даследаванняў: вывучэнне праблем гісторыі знешняй палітыкі Беларусі ХХ ст. (знешнепалітычнай дзейнасці БНР, БССР і Рэспублікі Беларусь); даследаванне асобных праблем універсальнай гісторыі міжнародных адносін і знешняй палітыкі замежных краін у XX ст., а таксама тэорыі міжнародных адносін.

У 1993—1994 гг. у межах распрацоўкі прыярытэтных накірункаў знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь прафесарамі А. А. Разанавым, А. А. Чэлядзінскім, А. В. Шарапам быў падрыхтаваны шэраг артыкулаў у айчынных і замежных навуковых выданнях1. Супрацоўнікі кафедры таксама падрыхтавалі шэраг аналітычных матэрыялаў для МЗС Рэспублікі Беларусь.

У 1994—1995 гг. супрацоўнікі кафедры апублікавалі манаграфіі, з якіх пачаўся адлік кафедральнай кніжнай прадукцыі. Гэта былі працы А. А. Разанава і А. В. Шарапы "Безопасность: подходы Запада", У. Е. Снапкоўскага "Путь Беларуси в ООН: 1944—1945 гг.", Л. В. Лойкі "Политическая борьба в Польше (1970—1980-е гг.)". Н. Я. Аблава надрукавала артыкулы аб ролі і месцы Кітайскай усходняй чыгункі (КВЖД) у міжнародных адносінах на Далёкім Усходзе ў 1940—1950-я гг.2 У. Е. Снапкоўскі ажыццявіў публікацыю артыкулаў аб знешнепалітычнай дзейнасці БССР у сярэдзіне і другой палове 1940-х гг.3

Важным накірункам навуковых даследаванняў кафедры міжнародных адносін стала вывучэнне тэорыі міжнародных адносін. Перад навукоўцамі паўстала неабходнасць перагляду поглядаў на сутнасць сістэмы міжнародных адносін, якая пачала фарміравацца пасля заканчэння "халодной вайны" і распаду СССР, асэнсавання новай архітэктуры еўрапейскай і сусветнай бяспекі. У гэтым накірунку супрацоўнікі кафедры распрацоўвалі новыя падыходы да вывучэння геапалітычнага становішча Рэспублікі Беларусь і вызначэння найбольш важных вектараў яе знешняй палітыкі, характарыстыкі асаблівасцей новай сістэмы міжнародных адносін. Гэту тэматыку распрацоўвалі Л. В. Лойка, А. А. Разанаў, У. Е. Снапкоўскі, А. А. Чалядзінскі і інш.4

1 кастрычніка 1995 г. на аснове аддзяленняў "Міжнародныя адносіны", "Міжнароднае права" і "Міжнародныя эканамічныя адносіны", якія ўваходзілі ў склад гістарычнага, юрыдычнага і філасофска-эканамічнага факультэтаў БДУ, быў створаны факультэт міжнародных адносін БДУ. У пачатку 2002/2003 навучальнага года на факультэце працавала 11 кафедр, якія ўваходзілі ў склад некалькіх аддзяленняў. З 1995 г. кафедра міжнародных адносін забяспечвае навучальны працэс факультэта міжнародных адносін у выкладанні курсаў па гісторыі міжнародных адносін, знешняй палітыкі Беларусі і актуальных праблемах сучасных міжнародных адносін.

Кафедра міжнародных адносін застаецца асноўным навучальна-метадычным і навукова-даследчым падраздзяленнем факультэта. У яе склад уваходзяць шэсць дактароў гістарычных навук, прафесароў; пяць кандыдатаў гістарычных навук, два кандыдата палітычных навук, з якіх шэсць з’яўляюцца дацэнтамі і адзін старшым выкладчыкам; два старшых лабаранта. Па сваім кадравым патэнцыяле кафедра з’яўляецца адным з самых кваліфікаваных падраздзяленняў БДУ і ўсёй сістэмы вышэйшых навучальных устаноў Беларусі.

З 1996 па 2000 г. у межах рэалізацыі агульнафакультэцкай навуковай праграмы "Міжнародныя аспекты развіцця Рэспублікі Беларусь" кафедрай распрацоўваліся наступныя тэмы навуковых даследаванняў: "Эвалюцыя сучасных міжнародных адносін", "Рэспубліка Беларусь і праблемы міжнароднай бяспекі", "Інтэграцыйныя працэсы ў Заходняй Еўропе", "Беларуска-расійскія адносіны", "Рэспубліка Беларусь і міжнародныя арганізацыі". У межах азначаных тэм на кафедры паступова фарміраваліся накірункі навуковых даследаванняў.

Да канца 1990-х гг. на кафедры міжнародных адносін склаўся кваліфікаваны выкладчыцкі і навуковы калектыў, які мог на высокім узроўні забяспечваць навучальны працэс на аддзяленні і ўсім факультэце, а таксама даследчую працу па гісторыі і сучасных праблемах міжнародных адносін. У межах кафедры паступова сфарміравалася спецыялізацыя супрацоўнікаў адносна тэматыкі даследаванняў, што спрыяла складванню асноўных накірункаў навукова-даследчай работы кафедры. Кафедра заняла месца вядучага вучэбнага і навуковага цэнтра Рэспублікі Беларусь у справе выкладання і вывучэння гісторыі, тэорыі і актуальных праблем міжнародных адносін і знешняй палітыкі Беларусі і замежных дзяржаў.

Праз дзесяцігоддзе пасля стварэння кафедра захавала асноўныя накірункі даследаванняў. Сёння можна вызначыць два галоўных накірункі, якія аформіліся яшчэ у першыя гады работы:

— вывучэнне гісторыі знешняй палітыкі Беларусі і актуальных праблем знешнепалітычнай дзейнасці Рэспублікі Беларусь;
— даследаванне гісторыі міжнародных адносін і знешняй палітыкі замежных краін; праблем тэорыі міжнародных адносін.

У межах азначаных накірункаў супрацоўнікі кафедры засяроджваюць свае намаганні на распрацоўцы наступных буйных даследчых праблем:

— праблемы фарміравання новай сістэмы еўрапейскай і міжнароднай бяспекі і роля НАТО, роля і месца Рэспублікі Беларусь у еўрапейскай і міжнароднай сістэме міжнародных адносін (А. Разанаў, У. Снапкоўскі, Л. Хухлындзіна, А. Чалядзінскі);
— гісторыя міжнародных адносін і знешняй палітыкі Беларусі ў ХХ ст. (Н. Аблава, У. Снапкоўскі);
— інтэграцыйныя працэсы ў Заходняй, Цэнтральнай і Паўночнай Еўропе (А. Дастанка, Ю. Малевіч, Л.Хухлындзіна);
— Рэспубліка Беларусь і міжнародныя арганізацыі (А. Гардзейчык, А. Дастанка, В. Елфімаў, А. Разанаў, У. Снапкоўскі, Л. Хухлындзіна);
— беларуска-расійскія адносіны (А. Гардзейчык, А. Разанаў, У. Снапкоўскі, А. Шарапа, А. Чалядзінскі);
— міжнародныя адносіны ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе і знешняя палітыка Польшчы (Л. Лойка, М. Часноўскі);
— тэарэтычныя аспекты развіцця міжнародных адносін (Ю. Малевіч, Р. Турарбекава, А. Чалядзінскі, М. Часноўскі);
— міжнародныя культурныя сувязі і знешняя культурная палітыка Беларусі ў другой палове ХХ ст. (В. Шадурскі);
— знешняя палітыка асобных замежных дзяржаў і рэгіёнаў: Германіі (А. Русаковіч, У. Фральцоў, А. Шарапа), ЗША (А. Разанаў, В. Елфімаў), Польшчы (М. Часноўскі), Францыі (В. Шадурскі), Казахстана і Цэнтральнай Азіі, Блізкага і Сярэдняга Усходу, Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёна (Ю. Малевіч, Р. Турарбекава);
— гістарыяграфія знешняй палітыкі Беларусі і міжнародных адносін (С. Свілас, У. Снапкоўскі, В. Шадурскі).

Галоўным вынікам працы па зазначаных накірунках стаў шэраг публікацый у беларускіх і замежных навуковых выданнях5. Супрацоўнікі кафедры прымалі актыўны ўдзел у падрыхтоўцы артыкулаў для "Энцыклапедыі гісторыі Беларусі", універсальнай "Беларускай энцыклапедыі", "Дыпламатычнага слоўніка-даведніка" і іншых энцыклапедычных выданняў. Шмат увагі надаецца характарыстыцы галоўных накірункаў знешнепалітычнай дзейнасці Беларусі і асобных замежных краін6.

Праблема фарміравання новай сістэмы міжнародных адносін непарыўна звязана з тэорыяй міжнародных адносін. Незалежнасць Беларусі патрабавала пабудовы практычна з нуля тэарэтычных мадэляў знешняй палітыкі дзяржавы, палітычных працэсаў у сучасным свеце. З 1997 г. А. А. Чалядзінскім выдадзены некалькі навучальных дапаможнікаў па пытаннях тэорыі міжнародных адносін і напісаны шэраг артыкулаў па пытаннях фарміравання новай парадыгмы міжнародных адносін7.

Спыненне існавання двухполюснай сістэмы міжнародных адносін стала перадумовай выхаду праблемы бяспекі на першы план сярод актуальных пытанняў сусветнай палітыкі. Рэгіянальныя ўзброеныя канфлікты, праблема міжнароднага тэрарызму і іншыя пытанні дыктуюць неабходнасць пабудовы эфектыўнай сістэмы калектыўнай бяспекі на сусветным і рэгіянальным узроўні. Навуковыя публікацыі супрацоўнікаў кафедры ў гэтым накірунку зроблены з улікам замежнага вопыту8.

Стварэнне згаданай сістэмы залежыць ад паспяховай эвалюцыі постсацыялістычных краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Заканамернасці і асаблівасці ўзаемасувязі паміж працэсамі ўнутранай трансфармацыі ў Польшчы і яе інтэграцыяй у заходнееўрапейскія структуры, выразнай зменай рэгіянальнага геапалітычнага ўплыву ў 1990-я гг. прасочаны ў манаграфіі М. Часноўскага "Сістэмныя пераўтварэнні ў Рэспубліцы Польшча (1989—1999)" (2000). Надрукаваны шэраг артыкулаў па актуальных пытаннях еўрапейскай і сусветнай бяспекі: пашырэння НАТО на ўсход, стварэння без’ядзернай зоны ў цэнтры Еўропы9. Асабліва трэба адзначыць манаграфіі А. Разанава аб дзейнасці Паўночнаатлантычнага альянса пасля заканчэння "халоднай вайны": "НАТО: проблемы трансформации и расширения" (1996), "НАТО в современной Европе" (2001), "Европейская безопасность и НАТО" (2002).

Міжурадавыя міжнародныя арганізацыі адыгрываюць важную ролю ў сучасных міжнародных адносінах: Рэспубліка Беларусь мае немалы вопыт супрацоўніцтва з міжнароднымі арганізацыямі. Наша дзяржава з’яўляецца адной з заснавальніц ААН, удзельнікам большасці спецыялізаваных устаноў ААН, СНД, АБСЕ і іншых міжнародных арганізацый. Пытанні ўзаемаадносін Беларусі з міжнароднымі арганізацыямі займаюць важнае месца ў навучальным працэсе і навукова-даследчай рабоце кафедры. Асаблівая ўвага надаецца вывучэнню ролі асноўных міжнародных арганізацый у сусветнай палітыцы, інтэграцыйных працэсаў у Еўропе і свеце10.

Аналіз навуковых даследаванняў кафедры не можа быць дасканалым без разгляду вывучэння праблем гістарыяграфіі. Пакуль гэтая важная навуковая праблематыка прадстаўлена толькі некалькімі артыкуламі С. Свілас, У. Снапкоўскага, В. Шадурскага11. Такое становішча абумоўлена хутчэй за ўсё тым, што традыцыйным цэнтрам вывучэння гістарыяграфіі з’яўляецца гістарычны факультэт БДУ. Тым не менш, неабходна і больш глыбокае, спецыялізаванае вывучэнне беларускай гістарыяграфіі міжнародных адносін на факультэце міжнародных адносін.

Развіццю навуковых даследаванняў на кафедрах міжнароднага профілю і на ўсім факультэце міжнародных адносін садзейнічалі новыя формы арганізацыі навуковай дзейнасці. У снежні 1996 г. выйшаў першы нумар "Белорусского журнала международного права и международных отношений". У гэтым часопісе, які хутка стаў аўтарытэтнай трыбунай навуковай думкі беларускіх вучоных-міжнароднікаў, актыўна друкуюцца супрацоўнікі кафедры міжнародных адносін.

У сакавіку 1998 г. быў створаны Савет па абароне доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый па спецыяльнасці "Гісторыя міжнародных адносін і знешняй палітыкі" пры БДУ, ядро якога склалі дактары гістарычных навук, прафесары кафедры міжнародных адносін А. А. Разанаў, У. Е. Снапкоўскі, А. А. Чалядзінскі, М. Э. Часноўскі (вучоны сакратар), А. В. Шарапа (старшыня Савета). У 1998—2001 гг. на пасяджэннях Савета абаронены 2 доктарскія і 8 кандыдацкіх дысертацый. Пры кафедры дзейнічаюць магістратура, аспірантура і дактарантура, у межах якіх беларускія і замежныя грамадзяне рыхтуюць дысертацыйныя працы.

Супрацоўнікі кафедры ўсталявалі дзелавыя кантакты з іншымі беларускімі дзяржаўнымі і недзяржаўнымі цэнтрамі даследавання міжнародных адносін: цэнтрам міжнародных даследаванняў БДУ, выкладчыкамі розных факультэтаў БДУ, якія выкладаюць ці вывучаюць міжнародныя праблемы, Інстытутам гісторыі НАН Беларусі, кафедрай знешняй палітыкі Акадэміі кіравання, Аналітычным цэнтрам "Стратэгія", Беларускім інстытутам бяспекі і развіцця, Міжнародным інстытутам палітычных даследаванняў і інш. Прафесары кафедры міжнародных адносін А. А. Разанаў, У. Е. Снапкоўскі, А. А. Чалядзінскі з’яўляюцца членамі Савета па абароне доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый па палітычных навуках пры БДУ.

А. А. Разанаў, У. Е. Снапкоўскі, А. А. Чалядзінскі ўвайшлі ў склад часовага навуковага калектыву вучоных БДУ, які быў створаны ў межах цэнтра міжнародных даследаванняў з мэтай распрацоўкі праекта Канцэпцыі знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь. Дзяржаўны заказ на падрыхтоўку праекта быў дадзены МЗС Рэспублікі Беларусь. У канцы 2001 г. гэты дакумент быў падрыхтаваны і прадстаўлены ў дырэктыўныя органы, дзе атрымаў станоўчую ацэнку. Мяркуецца ўнясенне праекта Канцэпцыі знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь у парадак дня сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Кафедра міжнародных адносін ажыццяўляе міжнародныя кантакты з замежнымі калегамі і цэнтрамі міжнародных даследаванняў, удзельнічае ў міжнародных адукацыйных і навуковых праектах і праграмах. Яе супрацоўнікі выязджаюць на міжнародныя канферэнцыі і семінары, навуковыя і педагагічныя стажыроўкі.

Сталай формай міжнароднага навуковага супрацоўніцтва можна лічыць "круглыя сталы" беларускіх і расійскіх вучоных, якія праводзяцца штогод з 1998 г. па чарзе ў Мінску і Маскве на базе факультэта міжнародных адносін БДУ і Інстытута міжнародных эканамічных і палітычных даследаванняў РАН. У студзені 2002 г. у Маскве адбыўся апошні, пяты "круглы стол". У склад беларускай дэлегацыі вучоных уваходзілі прафесары кафедры міжнародных адносін, дактары гістарычных навук А. В. Шарапа (кіраўнік дэлегацыі), А. А. Разанаў, У. Е. Снапкоўскі, А. А. Чалядзінскі, прафесар кафедры міжнароднага права факультэта міжнародных адносін БДУ, доктар юрыдычных навук Ю. П. Броўка, намеснік начальніка Упраўлення МЗС Рэспублікі Беларусь, выкладчык кафедры міжнародных адносін (па сумяшчальніцтву), кандыдат гістарычных навук А. І. Гардзейчык, начальнік цэнтра міжнародных даследаванняў БДУ У. Я. Улаховіч, начальнік інфармацыйна-аналітычнага цэнтра факультэта міжнародных адносін Ф. З. Прыбыткоўскі. Па выніках сустрэч друкуюцца матэрыялы "круглых сталоў" і заключныя дакументы.

Свой 10-гадовы юбілей калектыў выкладчыкаў і супрацоўнікаў кафедры міжнародных адносін (з моманту стварэння кафедры на ёй працуе таксама старшы лабарант Н. А. Дабржанская, да якой пазней далучылася старшы лабарант Н. М. Скварцова) сустракае з пачуццём абгрунтаванай гордасці за выдатныя дасягненні ў галіне стварэння і развіцця беларускай навуковай школы міжнародных даследаванняў, да ўмацавання аўтарытэту якой кафедра і факультэт міжнародных адносін прыклалі значныя намаганні.

Спіс кніжных публікацый супрацоўнікаў кафедры міжнародных адносін факультэта міжнародных адносін БДУ (1992—2002 гг.)

Спіс дысертацый, якія абаронены супрацоўнікамі і аспірантамі кафедры міжнародных адносін факультэта міжнародных адносін у Савеце БДУ па абароне доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый па спецыяльнасці "Гісторыя міжнародных адносін і знешняй палітыкі" БДУ (1998—2001 гг.)


Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter

Сообщество

  • (029) 3222740
  • Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
© 2019 Международное общественное объединение «Развитие». All Rights Reserved.