Белорусский журнал международного права и международных отношений 2004 — № 3


международные отношения

ВЫВУЧЭННЕ ГІСТОРЫІ МІЖНАРОДНЫХ АДНОСІН У БЕЛАРУСІ Ў 1980—1990-я гг.: АСНОЎНЫЯ НАКІРУНКІ ДАСЛЕДАВАННЯЎ

Аляксандр Гурын

Гурын Аляксандр Валер’евіч — аспірант кафедры міжнародных адносін факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага універсітэта

Традыцыі вывучэння і выкладання ў вышэйшай школе гісторыі міжнародных адносін і гісторыі знешняй палітыкі замежных краін у беларускай гістарычнай навуцы былі закладзены яшчэ ў першыя гады яе існавання. Аднак значныя поспехі ў гэтай галіне адносяцца да 1980-х і асабліва да 1990-х гг.

Развіццё беларускай гістарычнай навукі ў 1980-я гг. характарызавалася пашырэннем спектра даследаванняў, узмацненнем каардынацыі і павелічэннем колькасці навуковых распрацовак. Аднак яна з’яўлялася арганічнай часткай савецкага грамадазнаўства, таму праблематыка даследаванняў у асновным тычылася праблем гісторыі КПСС, гісторыі Расіі, прычым савецкага перыяду, гісторыі камуністычнага руху за мяжой і г. д. У той час, калі ў агульнасавецкай гістарычнай навуцы склаліся накірункі вывучэння праблем гісторыі міжнародных адносін, у Беларусі даследаванне зазначанай праблематыкі насіла эпізадычны характар.

Вывучэнне міжнароднай праблематыкі ў названы перыяд ажыццяўлялася беларускімі навукоўцамі ў тэматычна і храналагічна абмежаваных рамках. Асноўным крытэрыям для вызначэння іх тэматыкі сталі накірункі навуковых даследаванняў вядучых гісторыкаў, якія кіравалі навуковымі тэмамі кафедр ВНУ рэспублікі і аддзелаў Інстытута гісторыі АН БССР. Тым не менш у 1980-я гг. сфарміраваліся пэўныя традыцыі вывучэння гісторыі міжнародных адносін, былі дасягнуты значныя поспехі ў гэтай галіне. Так, па падліках аўтара, было выдана больш за 15 манаграфій, якія так ці інакш тычыліся міжнароднай праблематыкі; было абаронена больш за 15 дысертацый, у тым ліку 2 доктарскія. Дысертацыі распрацоўваліся і абараняліся па спецыяльнасці "Усеагульная гісторыя". Каардынацыю навуковых даследаванняў у Беларусі па сусветнай гісторыі, у тым ліку па тэматыцы міжнародных адносін, ажыццяўляў Навуковы савет па праблеме "Гісторыя СССР і БССР", які з’яўляўся органам Інстытута гісторыі АН БССР. Асноўнымі цэнтрамі міжнародных даследаванняў сталі гістарычны факультэт БДУ і Інстытут гісторыі АН БССР.

На рубяжы 1980—1990-х гг. пачаўся якасна новы перыяд у развіцці беларускай гістарычнай навукі, што было звязана з распадам СССР і станаўленнем незалежнай Рэспублікі Беларусь. Часткай працэсу перагляду пункту гледжання на сутнасць беларускай гістарыяграфічнай канцэпцыі ў 1990-я гг. стала фарміраванне беларускай школы міжнародных даследаванняў. Навукова-арганізацыйным і вучэбна-метадычным цэнтрам станаўлення гэтай школы па праву можна лічыць кафедру міжнародных адносін факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага універсітэта, якая была створана ў 1992 г. на гістарычным факультэце БДУ. Кафедра міжнародных адносін з’явілася першым у Беларусі вучэбным і навуковым цэнтрам у галіне выкладання і вывучэння міжнародных адносін. Зразумела, што складанне вучэбнага плана кафедры, тэматыкі і зместу вучэбных дысцыплін, асноўных накірункаў навукова-даследчай работы, кадравага патэнцыялу кафедры ажыццяўлялася на аснове фундамента, замацаванага ў 1980-я гг.

Карысным для далейшага развіцця міжнародных даследаванняў стала стварэнне ў сакавіку 1998 г. Савета па абароне доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый па спецыяльнасці "Гісторыя міжнародных адносін і знешняй палітыкі" пры БДУ, ядро якога склалі доктары гістарычных навук, прафесары А. А. Разанаў, У. Е. Снапкоўскі, А. А. Чалядзінскі, М. Э. Часноўскі, А. В. Шарапа (старшыня Савета). Так, у 1998—2001 гг. на пасяджэннях Савета былі абаронены 2 доктарскія і 8 кандыдацкіх дысертацый па праблемах гісторыі міжнародных адносін і знешняй палітыкі замежных краін. Абарона дысертацый таксама ажыццяўлялася па спецыяльнасцях "Гісторыя грамадскіх рухаў і палітычных партый" і "Усеагульная гісторыя". Увогуле ў 1990-я гг. па праблемах гісторыі міжнародных адносін і знешняй палітыкі замежных краін было абаронена больш за 20 дысертацый, у тым ліку — 4 доктарскія.

Другой тэндэнцыяй у галіне вывучэння гісторыі міжнародных адносін у 1990-я гг. стала пашырэнне геаграфіі даследаванняў. Калі ў 1980-я гг. яны ў асноўным вяліся ў навуковых і навучальных установах г. Мінска, то ў 1990-я гг. яны пачалі ажыццяўляцца ў ВНУ іншых гарадоў Беларусі. Гэта тэндэнцыя абумоўлена тым, што беларускія навукоўцы, якія абаранілі кандыдацкія дысертацыі ў 1980-я гг. у Мінску (В. А. Космач, М. В. Стралец і інш.), сталі ствараць свае даследчыя школы ў Брэсце, Віцебску, Гродна і г. д.

Такім чынам, нягледзячы на храналагічную, тэматычную і метадалагічную абмежаванасць міжнародных даследаванняў, у 1980-я гг. у рэспубліцы канчаткова сфарміраваліся іх асноўныя накірункі, якія больш дэталёва сталі вывучацца ў 1990-я гг. Азначым іх больш падрабязна.

Даследаванне міжнародных адносін і знешняй палітыкі еўрапейскіх дзяржаў у сярэднявечча. У галіне вывучэння міжнародных адносін у сярэдневяковай Еўропе ў 1980-я гг. плённа працаваў дацэнт кафедры гісторыі старажытнага свету і сярэдніх вякоў БДУ Ю. Я. Івонін. У 1984 г. ён абараніў у Ленінградзе доктарскую дысертацыю, прысвечаную перыяду станаўлення буржуазных адносін у Еўропе. У манаграфіі "У истоков европейской дипломатии нового времени", выданай у тым жа годзе, аўтар апісаў міжнароднае становішча на кантыненце ў XV—XVI стст., калі пачалося зараджэнне сучаснай дыпламатыі. Другая манаграфія Ю.Я. Івоніна "Становление европейской системы государств", надрукаваная ў 1989 г., стала ўдалай спробай на прыкладзе адносін Англіі і імперыі Габсбургаў разгледзець пытанні станаўлення еўрапейскай сістэмы дзяржаў, паказаць узнікненне і развіццё міжнародных супярэчнасцяў у Еўропе новага часу1. На рубяжы 1980—1990-х гг. Ю. Я. Івонін пакінуў Рэспубліку Беларусь і працягваў сваю працу ў навучальных установах Расійскай Федэрацыі.

У 1990-я гг. распрацоўка згаданай праблематыкі атрымала іншую накіраванасць: беларускія навукоўцы пачалі вывучаць міжнародныя адносіны ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе ў перыяд сярэднявечча. Так, на кафедры гісторыі Расіі Беларускага дзяржаўнага універсітэта была абаронена кандыдацкая дысертацыя па праблемах міжнародных адносін ва Усходняй Еўропе ў 30—80-я гг. ХVІ ст. Аўтар дысертацыі В. І. Бобышаў дэталёва даследаваў характэрныя рысы міжнародных адносін ва Усходняй Еўропе ў зазначаны перыяд, ахарактарызаваў самастойнасць знешняй палітыкі Вялікага княства Літоўскага2.

Вывучэнне міжнародных адносін у новы час стала адным з асноўных накірункаў навукова-даследчай работы кафедры новай і найноўшай гісторыі Беларускага дзяржаўнага універсітэта з моманту яе стварэння. Значны ўклад у вывучэнне праблем накірунку ўнёс загадчык кафедры (1937—1989), доктар гістарычных навук, прафесар Л. М. Шнеерсон. У сваіх навуковых працах, надрукаваных у 1980-я гг., навуковец ахарактарызаваў міжнароднае становішча ў другой палове 60-х гг.—першай палове 70-х гг. XIX ст., увесь комплекс праблем аўстра-руска-германскіх адносін гэтага перыяду. Пэўным падсумаваннем яго плённай працы ў галіне даследавання міжнародных адносін у 60—70-я гг. XIX ст. стала манаграфія "На перепутье европейской политики: австро-русско-германские отношения 1871—1875 гг." (Мн., 1984). На базе архіўных матэрыялаў, публікацый дыпламатычных і іншых дакументаў аўтар прааналізаваў асноўныя тэндэнцыі знешняй палітыкі Германіі, Аўстра-Венгрыі і Расіі пасля франка-прускай вайны, разгледзеў праблемы стварэння і дзеяння Саюза трох імператараў3. Даследаванне дадзенай праблематыкі таксама ажыццяўлялася кафедрай новай і найноўшай гісторыі на дысертацыйным узроўні. Так, аспірантка кафедры Н. В. Шульгіна выканала і ў 1988 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю "Австро-прусская война 1866 г. и общественное мнение Германии"4. У 1990-я гг. распрацоўка згаданага накірунку насіла эпізадычны характар.

Вывучэнню гісторыі міжнародных адносін міжваеннага перыяду прысвяціў свае даследаванні прафесар кафедры новай і найноўшай гісторыі БДУ Г. М. Трухноў. Вынікам яго плённай працы стаў цыкл манаграфій і артыкулаў па гісторыі міжнародных адносін у 1920—1930-я гг. 5  Даследаванне міжнародных адносін у Еўропе ў 1920-я гг. таксама ажыццяўлялі аспиранты, якія працавалі пад кіраўніцтвам прафесара Г. М. Трухнова. В. А. Космач прысвяціў сваю дысертацыю германа-савецкім навукова-тэхнічным і культурным сувязям; Т. І. Паваліхіна даследавала барацьбу паміж Францыяй і Англіяй вакол германскай праблемы ў часы Рурскага крызісу6. Вывучэнне праблем у гэтым напрамку знайшло свой лагічны працяг у 1990-я гг. Так, В. А. Космач абараніў у Маскве доктарскую дысертацыю аб асноўных накірунках знешняй культурнай палітыкі Германіі ў 1920—1930-я гг. Навуковец даследаваў тэарэтычныя і арганізацыйныя асновы германскай знешняй культурнай палітыкі ў часы Веймарскай рэспублікі, яе рэгіянальныя асаблівасці. У 1994 г. аўтарам была надрукавана манаграфія па гэтай праблематыцы7. Аспірант кафедры новай і найноўшай гісторыі БДУ М. М. Мязга абараніў кандыдацкую дысертацыю па праблемах савецка-польскіх адносін у 1920-я гг.8 

Германская тэматыка займала ў 1980—1990-я гг. значнае месца ў беларускай гістарыяграфіі ўсеагульнай гісторыі і гісторыі міжнародных адносін. Гэта абумоўлена як важным месцам Германіі ў сусветнай палітыцы, так і геаграфічнай блізкасцю Беларусі і Германіі, што спрыяла цесным кантактам беларускіх навукоўцаў з нямецкімі калегамі.

Вывучэнню германскай тэматыкі прысвяцілі сваю творчасць цэлы шэраг беларускіх навукоўцаў, у тым ліку М. Г. Елісееў, У. Е. Снапкоўскі і інш. Дацэнт кафедры новай і найноўшай гісторыі БДУ М. Г. Елісееў разгледзеў праблемы ўзаемаадносін паміж дзвюма германскімі дзяржавамі ў перыяд "халоднай вайны". У манаграфіі "Между конфронтацией и разрядкой. СвДП в партийной системе ФРГ" (Мн., 1989) на вялікім фактычным матэрыяле аўтар прааналізаваў удзел Свабоднай Дэмакратычнай партыі ФРГ у вызначэнні знешнепалітычнага курсу краіны; праблемы супрацоўніцтва ФРГ з ГДР, СССР і іншымі дзяржавамі. У. Е. Снапкоўскі абараніў кандыдацкую дысертацыю па праблемах узаемаадносін ГДР і ФРГ. У 1989 г. М.Г. Елісееў і У. Е. Снапкоўскі надрукавалі сумесную манаграфію "Два германских государства и европейская безопасность: история и современность". Аўтары апісалі гісторыю ўзнікнення і развіцця ГДР і ФРГ і іх месца ў еўрапейскай сістэме міжнародных адносін у 1949—1989 гг.9 

Манаграфія Г.А. Космача "Кризис германского либерализма в годы Веймарской республики: идеология и политика Немецкой демократической партии в 1918—1929 гг." (Мн., 1989) была прысвечана палітычнай барацьбе ў Германіі пасля Першай сусветнай вайны. Навуковец ахарактарызаваў сутнасць нямецкага лібералізму ў часы Веймарскай рэспублікі. У адной з глаў Г. А. Космач апісаў асаблівасці знешнепалітычнай дактрыны Нямецкай дэмакратычнай партыі, якая была скіравана на рэвізію Версальскага дагавора, перагляд усходніх межаў і г. д.10 

Праблемы гісторыі знешняй палітыкі Германіі, удзелу ГДР і ФРГ у міжнародных адносінах даволі актыўна даследаваліся беларускімі навукоўцамі на дысертацыйным узроўні. Так, М. В. Стралец вывучаў працэсы раззбраення ў Еўропе ў 1970—1980-я гг. і ўдзел у іх ГДР; С. І. Філіпенка — праблемы адносін Германіі і Лігі Нацый11.

У 1990-я гг. беларускія навукоўцы не страцілі інтарэсу да германскай тэматыкі, аднак даследаванні, што не дзіўна, былі пераарыентаваны на вывучэнне беларуска-германскіх адносін у розныя часы. Гэтаму прысвяцілі свае даследаванні А. У. Русаковіч, М. В. Стралец, У. В. Фральцоў, А. В. Шарапа і інш.12  Выкладчык кафедры міжнародных адносін БДУ У. В. Фральцоў дэталёва даследаваў уплыў усходнегерманскага фактару на ўнутраную і знешнюю палітыку ФРГ у 1990-я гг. і абараніў кандыдацкую дысертацыю па гэтай тэматыцы13.

Даследаванне міжнародных адносін у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе і знешняй палітыкі ўсходнееўрапейскіх краін з’яўляецца важнай і актуальнай задачай беларускай гістарычнай навукі. У 1980—1990-я гг. у згаданай галіне плённа працаваў Р. Р. Лазько, які абараніў кандыдацкую і доктарскую дысертацыі, надрукаваў шэраг манаграфій і публікацый па праблемах знешняй палітыкі Польшчы14. Р. Р.Лазько ў сваіх працах прадэманстраваў адначасова традыцыю і навацыю ў беларускай гістарычнай навуцы, у тым ліку ў асваенні і асэнсаванні трагічнага мінулага Польшчы. Галоўным навуковым дасягненнем распрацовак Р. Р. Лазько з’яўляецца тое, што ён упершыню ў беларускай гістарыяграфіі даследаваў знешнюю палітыку даваеннай Польшчы ў геапалітычным і культурна-цывілізацыйным кантэксце, улічваючы яе становішча на мяжы дзвюх цывілізацый і пад геапалітычным ціскам Германіі і СССР.

Польскую праблематыку таксама даследавалі Л. В. Лойка, М. Э. Часноўскі і інш. Прафесар М. Э. Часноўскі абараніў доктарскую дысертацыю і надрукаваў шэраг манаграфій, прысвечаных пераўтварэнням, якія мелі месца ў Польшчы ў 1990-я гг.; Л. В. Лойка даследаваў палітычную барацьбу ў Польшчы ў 1970—1980-я гг. Нямала ўвагі ў гэтых працах адводзілася вывучэнню знешняй палітыкі Польшчы ў 1980—1990-я гг.15 

Даследаванне знешняй палітыкі краін Азіі і Афрыкі з’яўляецца параўнальна новым накірункам навукова-даследчай работы беларускіх навукоўцаў.

Вывучэнне гісторыі арабскіх краін у 1980—1990-я гг. дзякуючы намаганням дацэнта, а потым прафесара і загадчыка кафедры новай і найноўшай гісторыі БДУ У. С. Кошалева стала адным з асноўных накірункаў навукова-даследчай работы ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Аўтарам упершыню ў беларускай гістарыяграфіі былі прааналізаваны некаторыя аспекты новай і найноўшай гісторыі Егіпта, у тым ліку и міжнародныя. У манаграфіі "Египет: уроки истории. Борьба против колониального господства и контрреволюции (1879—1981)" (Мн., 1984) У. С. Кошалеў на аснове арыгінальных дакументаў і твораў егіпецкіх і заходніх даследчыкаў апісаў барацьбу егіпецкага народа за незалежнасць. Была ахарактарызавана міжнародная дзейнасць Егіпта ў 1950-я гг., усталяванне кантактаў і падпісанне дагавораў з СССР і краінамі савецкага блока16. Творчасць У. С. Кошалева ў 1980-я і асабліва ў 1990-я гг. дазволіла адысці ад некаторых стэрэатыпных прадстаўленняў аб гісторыі Егіпта, вызначыць новыя і перспектыўныя накірункі навуковага пошуку ў згаданай галіне17.

У 1990-я гг. беларускія навукоўцы пачалі распрацоўваць новы для гістарычнай навукі накірунак — вывучэнне міжнародных адносін на Далёкім Усходзе. Так, дацэнт кафедры міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага універсітэта Н. Я. Аблава надрукавала манаграфію і шэраг артыкулаў аб ролі і месцы Кітайскай усходняй чыгункі (КВЖД) у міжнародных адносінах на Далёкім Усходзе ў першай палове XX ст.18 

Таксама ў 1990-я гг. вывучэнне праблем знешняй палітыкі краін Азіі і Афрыкі ажыццяўлялася на дысертацыйным узроўні, у першую чаргу замежнымі аспірантамі. Так, аналізу курдскага пытання ў міжнародных адносінах на Блізкім і Сярэднім Усходзе была прысвечана дысертацыя, абароненая ў 1999 г. Дзіба Кава Юсуфам; другі замежны аспірант Аль-Катуанех Ахмад Гані ў сваёй кандыдацкай дысертацыі прааналізаваў ролю Іарданіі ў развіцці міжнародных адносін на Блізкім Усходзе ў 1990-я гг.19  Вялікую цікавасць для беларускай гістарыяграфіі гісторыі міжнародных адносін на Блізкім Усходзе ўяўляе кандыдацкая дысертацыя, прысвечаная генэзісу палестынскай праблемы ў 1882—1917 гг., якую абараніў Д. Л. Шавелёў20.

Вывучэнне праблем еўрапейскай і сусветнай бяспекі бярэ свой пачатак у 1980-я гг., але дэталёва вывучацца згаданыя праблемы сталі толькі ў 1990-я гг. У кола інтарэсаў беларускіх навукоўцаў трапілі праблемы фарміравання новай сістэмы еўрапейскай і міжнароднай бяспекі і ролі Рэспублікі Беларусь у гэтай сістэме.

Зразумела, што ў 1980-я гг. распрацоўка накірунку была метадалагічна і ідэалагічна абмежаванай; тым не менш беларускія навукоўцы дасягнулі некаторых поспехаў у гэтай галіне. Так, А. А. Разанавым былі абаронены кандыдацкая, а потым доктарская дысертацыі, прысвечаныя заходнім канцэпцыям міжнароднай бяспекі; было надрукавана таксама некалькі манаграфій21. Супрацоўнікі кафедры новай і найноўшай гісторыі Беларускага дзяржаўнага універсітэта падрыхтавалі і выдалі пад кіраўніцтвам прафесара Л. М. Шнеерсона некалькі калектыўных прац, прысвечаных праблематыцы сусветнага рэвалюцыйнага працэсу і асноўным тэндэнцыям міжнароднага развіцця ў 1980-я гг.22 

Спыненне існавання двухполюснай сістэмы міжнародных адносін стала перадумовай выхаду праблемы бяспекі на першы план сярод актуальных пытанняў сусветнай палітыкі. Рэгіянальныя ўзброеныя канфлікты, праблема міжнароднага тэрарызму і іншыя пытанні дыктуюць неабходнасць пабудовы эфектыўнай сістэмы калектыўнай бяспекі на сусветным і рэгіянальным узроўні. Таму ў 1990-я гг. вывучэнне праблем міжнароднай бяспекі стала адным з галоўных накірункаў беларускіх цэнтраў міжнародных даследаванняў.

У межах зазначанага накірунку беларускія навукоўцы (Е. А. Дастанка, А. А. Разанаў, Л. М. Хухлындзіна, А. В. Шарапа і інш.) засяродзілі свае намаганні на распрацоўцы наступных праблем: фарміраванне новых сістэм еўрапейскай і міжнароднай бяспекі і роля ў іх Рэспублікі Беларусь23; інтэграцыйныя працэсы ў Заходняй і Цэнтральнай Еўропе24.

Праблема фарміравання новай сістэмы міжнародных адносін непарыўна звязана з тэорыяй міжнародных адносін. Незалежнасць Беларусі патрабавала пабудовы практычна з нуля тэарэтычных мадэляў знешняй палітыкі дзяржавы, палітычных працэсаў у сучасным свеце. З 1997 г. прафесарам кафедры міжнародных адносін БДУ А. А. Чалядзінскім было апублікавана некалькі навучальных дапаможнікаў па пытаннях тэорыі міжнародных адносін і фарміравання новай парадыгмы міжнародных адносін25.

Такім чынам, на мяжы XX і XXI ст. на Беларусі існуе значны навуковы патэнцыял у галіне даследавання праблем гісторыіі міжнародных адносін і знешняй палітыкі замежных дзяржаў. Шмат даследчыкаў прысвяцілі свае працы гэтай праблематыцы; быў выданы цэлы шэраг манаграфій, абаронены кандыдацкія і доктарскія дысертацыі. У 1980-я гг. у беларускай гістарычнай навуцы быў замацаваны закладзены яшчэ ў 1960-я гг. падмурак міжнародных даследаванняў; у 1990-я гг. даследаванні былі пашыраны і паглыблены.

Тым не менш, у гэтай галіне існуе і шэраг праблем. Па-першае, некаторыя тэмы даследаваліся толькі эпізадычна ці нават увогуле не даследаваліся: напрыклад, гісторыя міжнародных адносін у гады Першай сусветнай вайны; знешняя палітыка замежных краін пасля 1945 г. і г. д. Па-другое, трэба адзначыць вялікую распыленасць міжнародных даследаванняў у дадзены перыяд. Так, абарона дысертацый ажыццяўлялася ў межах 3 спецыяльнасцяў: "Гісторыя грамадскіх рухаў і палітычных партый", "Гісторыя міжнародных адносін і знешняй палітыкі", "Усеагульная гісторыя". Прычым нават стварэнне ў БДУ у 1998 г. спецыялізаванага Савета па абароне дысертацый у галіне гісторыі міжнародных адносін не прывяло да большай скаардынаванасці такіх даследаванняў. Па-трэцяе, для беларускай гістарыяграфіі неабходна фарміраванне ўласнай канцэпцыі і поглядаў адносна гісторыі міжнародных адносін і знешняй палітыкі замежных краін. Гэтыя працэсы развіваліся ў 1990-я гг. недастаткова. Вырашаць пералічаныя праблемы і шэраг іншых, абапіраючыся на падмурак, што быў закладзены ў 1980—1990-я гг., беларускім навукоўцам прыйдзецца ў новым тысячагоддзі.


1 Ивонин Ю. Е. Англия и Священная Римская империя в системе международных отношений конца XV—первой половины XVI в.: Дис. ... д-ра ист. наук. Л., 1984; Он же. У истоков европейской дипломатии нового времени. Мн.: Университетское, 1984; Он же. Становление европейской системы государств. Англия и Габсбурги на рубеже двух эпох. Мн., 1989.
2 Бобышев В. И. Международные отношения в Восточной Европе в 30—80-е гг. ХVІ ст.: Дис. ... канд. ист. наук. Мн., 2001; Бобышев В. И., Яновский О. А. Международные отношения в Центральной и Восточной Европе XVI в. в интерпретации польской историографии // Белорусский журнал международного права и международных отношений.1999. № 2. С. 40—43.
3 Шнеерсон Л. М. На перепутье европейской политики: Австро-русско-германские отношения 1871—1875 гг. Мн.: Універсітэцкае, 1984; Он же. Бисмарк и его противники в канун австро-прусской войны 1866 года // Вестник БГУ. Сер. 3. 1984. № 3. С. 24—27.
4 Шульгина Н. В. Австро-прусская война 1866 г. и общественное мнение Германии. Дис. ... канд. ист. наук. Мн., 1988.
5 Трухнов Г. М. Поучительные уроки истории. Три советско-германских договора (1922—1926 гг.). Мн.: Універсітэцкае, 1979; Он же. Рапалло в действии: из истории советско-германских отношений (1926—1929 гг.). Мн.: Універсітэцкае, 1982.
6 Космач В. А. Германо-советские научно-технические и культурные связи в 1922—1932 гг.: Дис. ... канд. ист. наук. Мн., 1984; Повалихина Т. И. Борьба между Англией и Францией вокруг германской проблемы в период Рурского кризиса 1923 года. Дис. ... канд. ист. наук. Мн., 1982.
7 Космач В. А. Внешняя культурная политика Германии в годы Веймарской республики (1919—1933 гг.): Дис. ... д-ра ист. наук. М., 1995; Он же. Внешняя культурная политика Германии в годы Веймарской республики (1919—1933 гг.). Мн.: БГПУ, 1994.
8 Мезга Н. Н. Политика Рапалло и польско-советские отношения в 1922—1926 гг.: Дис. ... канд. ист. наук. Мн., 1996.
9 Елисеев М. Г. Между конфронтацией и разрядкой. СвДП в партийной системе ФРГ. Мн.: Университетское, 1989; Елисеев М. Г., Снапковский В. Е. Два германских государства и европейская безопасность: история и современность. Мн.: Наука и техника, 1989; Снапковский В. Е. Политика ГДР в отношении ФРГ — важный элемент разрядки международной напряженности (70-е годы). Дис. ... канд. ист. наук. Мн., 1980.
10 Космач Г. А. Кризис германского либерализма в годы Веймарской республики: идеология и политика немецкой демократической партии в 1918—1929 гг. Мн.: Университетское, 1989.
11 Стрелец М. В. СДПГ и проблемы ограничения и сокращения вооружений в Европе (1969—1982 гг.).: Дис. ... канд. ист. наук. Мн., 1984; Филиппенко С. И. Германия и Лига Наций (1919—1926 гг.): Дис. ... канд. ист. наук. Мн., 1984.
12 Русакович А. В. Белорусско-германские отношения в 1990-х гг.: Дис. ... канд. ист. наук. Мн., 2000; Стрелец М. В. ФРГ и проблемы ограничения и сокращения вооружений в Европе (1949—1990). Брест: Издательство Лаврова, 1997; Фральцоў У. В. Беларуска-нямецкія адносіны ў 1990-я гады // Весці Акадэміі навук Беларусі. Серыя гуманітарных навук. 2001. №1. С. 59—62; Шарапо А. В. О некоторых аспектах внешнеполитической деятельности ФРГ на современном этапе // Белорусский журнал международного права и международных отношений. 1999. № 4. С. 49—52.
13 Фрольцов В. В. Восточногерманский фактор и его влияние на внутреннюю и внешнюю политику ФРГ в 90-е гг.: Дис. ... канд. ист. наук. Мн., 2001; Он же. Новые восточные земли ФРГ: особенности социально-экономической и политической трансформации в начале 90-х гг. // Гуманитарно-экономический вестник. 2000. № 1. С. 67—73.
14 Лазько Г. Г. Польско-французские отношения в годы подготовки Германией агрессии в Европе (1933—1937 гг.): Дис. ... канд. ист. наук. Мн., 1979; Ён жа. Перад патопам. Еўрапейская палітыка Польшчы (1932—1939 гг.). Мн.: БДУ, 2000; Ён жа. Еўрапейская палітыка Польшчы (1932—1939 гг.): Дис. ... д-ра ист. наук. Мн., 2001.
15 Лойко Л. В. Политическая борьба в Польше (1970—1980-е гг.). Мн.: Завігар, 1995; Часноўскі М. Э. Сістэмныя пераўтварэнні ў Рэспубліцы Польшча (1989—1999 гг.): Дис. ... д-ра ист. наук. Мн., 2000; Ён жа. Сістэмныя пераўтварэнні ў Рэспубліцы Польшча (1989—1999). Мн.: БДУ, 2000.
16 Кошелев В. С. Египет: уроки истории. Борьба против колониального господства и контрреволюции (1879—1981). Мн.:Университетское, 1984.
17 Кошелев В. С. Египет от Ораби-паши до Саада-Заглула. 1879—1924. М.: Наука, 1992.
18 Аблова Н. Е. История КВЖД и российской эмиграции в Китае (первая половина XX в.). Мн.: БГУ, 1999; Она же. Политическая ситуация на КВЖД после крушения Российской империи // Белорусский журнал международного права и международных отношений. 1998. № 4. С. 81—86.
19 Аль-Катуанех А. Г. Роль Иордании в развитии мирного процесса на Ближнем Востоке в 90-е гг.: Дис. ... канд. ист. наук. Мн., 2001; Дибо Кава Ю. Курдский вопрос в международных отношениях на Ближнем и Среднем Востоке (1918—1990 гг.): Дис. ... канд. ист. наук. Мн., 1999.
20 Шевелев Д. Л. Генезис палестинской проблемы. 1882—1917 гг.: Дис. ... канд. ист. наук. Мн., 2000.
21 Розанов А. А. Критический анализ основных направлений буржуазной фальсификации курса КПСС на разрядку международной напряженности: Дис. ... канд. ист. наук. Мн., 1982; Он же. Политика мира и мифы "советологии": критика буржуазных фальсификаций внешней политики КПСС. Мн.: Университетское, 1985; Он же. Антикоммунизм на службе милитаризма. Мн.: Вышэйшая школа, 1987; Он же. Западные концепции по военно-политическим проблемам международной безопасности (80-е гг.): Дис. ... д-ра ист. наук. М., 1990.
22 XXVI съезд КПСС о мировом революционном процессе. Мн.: Издательство БГУ, 1982; Великая победа и мировой революционный процесс. Мн.: Издательство БГУ, 1985; XXVII съезд КПСС об основных тенденциях международного развития. Мн.: Университетское, 1987.
23 Розанов А. А., Шарапо А. В. Безопасность: подходы Запада. Мн.: Завігар, 1994; Розанов А. А. НАТО в современной Европе. Мн.: Завігар, 2001; Хухлындина Л. М. Европейский союз: совместная политика в области безопасности и обороны // Беларусь в мире. 2000. № 3-4. С. 22—30.
24 Достанко Е. А. Европейская интеграция: процессы углубления и расширения. М.: РИО РТА, 1999; Она же. Общеевропейский процесс. Мн.: Академия управления при Президенте Республики Беларусь, 1999; Ходаков Д. А., Хухлындина Л. М. Интеграция: объединенная Европа или сообщество свободных европейских регионов? // Белорусский журнал международного права и международных отношений. 1999. № 4. С. 39—43.
25 Челядинский А. А. Теория международных отношений: В 2 ч. Ч. 1. Мн.: БГУ, 1997; Ч. 2. Мн.: БГУ, 2001.


Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter

Сообщество

  • (029) 3222740
  • Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
© 2019 Международное общественное объединение «Развитие». All Rights Reserved.