Белорусский журнал международного права и международных отношений 2004 — № 3


международные отношения

КУЛЬТУРА Ў ПРАГРАМАХ ЕЎРАПЕЙСКАГА САЮЗА

Дзмітрый Крывашэй

Крывашэй Дзмітрый Антонавіч — кандыдат гістарычных навук, старэйшы навуковы супрацоўнік аддзела нацыянальна-культурнага развіцця Беларусі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

1.Гісторыя еўрапейскага супрацоўніцтва і першыя культурныя праекты

7—10 мая 1948 г. па прапанове Еўрапейскага саюза федэралістаў у будынку галандскага парламента адбыўся з’езд прыхільнікаў федэрацыі Еўропы. У ім удзельнічалі 750 дэпутатаў, палітыкаў, людзей культуры і практыкаў праеўрапейскіх рухаў з 19 краін Еўропы, якія працавалі ў чатырох камісіях: Палітычнай, Эканамічнай, Грамадскай, Камісіі па культуры. Прысутныя цалкам падтрымалі ідэю пабудовы адзінай Еўропы, а канкрэтнымі вынікамі былі наступныя:

— пачатак еўрапейскага руху (1948);

— стварэнне Савета Еўропы (1949);

— стварэнне Еўрапейскага центра культуры (1950), дырэктарам якога стаў Дэніс дэ Раджэмонт (Denis de Rougemont).

За неабходнасць звароту да культуры пры фарміраванні адзінай Еўропы гаварылі самі бацькі-заснавальнікі. Робер Шуман у сваім палітычным завяшчанні "Pour l’Europe" пісаў: "Пакуль Еўропа стане ваенным саюзам ці эканамічным адзінствам, павінна быць супольнасць культурная ў самым прамым сэнсе гэтага слова... Еўропа з’яўляецца рэалізацыяй дэмакратыі ў хрысціянскім значэнні гэтага слова". Жан Манэ, другі стваральнік Супольнасці, у адным з выступленняў пад канец свайго жыцця сцвярджаў: "Калі б мог пачаць з пачатку, пачаў бы з культуры".

Як бачым, на самым пачатку руху за адзіную Еўропу праблемам культуры надавалася такое ж значэнне, як праблемам палітычным ці эканамічным. Ідэолагі будучай Еўропы разглядалі культуру як важны інструмент інтэграцыі, фундамент, на аснове якога спадзяваліся будаваць палітычнае і гаспадарчае адзінства. Адначасова неабходна заўважыць, што культура так і не знайшлася сярод прыярытэтаў працэсу стварэння адзінай Еўропы.

Пасляваенныя рэаліі патрабавалі канцэнтрацыі намаганняў на гаспадарчых праблемах. Першапачаткова ў 1951 г. было створана Еўрапейскае аб’яднанне вугалю і сталі (ЕАВС). А затым на падставе Рымскага дагавора (1957) былі створаны Еўрапейская эканамічная супольнасць (ЕЭС) і Еўрапейская супольнасць атамнай энергіі (Еўратам). Наступным крокам у інтэграцыі было аб’яднанне трох існуючых да таго часу саюзаў (ЕАВС, ЕЭС, Еўратам) у арганізацыю, якая атрымала назву Еўрапейскай супольнасці.

У гэты перыяд у сувязі з запланаванай ліквідацыяй абмежаванняў у сферы гандлю паміж дзяржавамі — членамі Супольнасці паўстала неабходнасць абмежавання свабоднага перамяшчэння мастацкіх вырабаў асаблівай важнасці для нацыянальных культур. Гэтае пытанне рэгулюе артыкул 36 Рымскага дагавора, які ўводзіць такія абмежаванні адносна нацыянальнай спадчыны, якая мае мастацкую, гістарычную ці археалагічную вартасць. Акрамя гэтага адзінага артыкула ў Дагаворы больш няма непасрэднага аднясення да пытанняў культуры. Аж да 1980-х гг. культура заставалася выключна кампетэнцыяй краін-членаў. Аднак пасля шэрагу сустрэч у Гаазе (1969), Парыжы (1972) і Капенгагене (1979) было пацверджана значэнне культуры для інтэграцыі.

Пачынаючы з 1974 г. у Еўрапарламенце вялася гаворка аб неабходнасці пашырэння дзейнасці Супольнасці на сферу культуры. З 1982 г. Супольнасці выступаюць са шматлікімі культурнымі ініцыятывамі, якія ў сваёй большасці, аднак, носяць сімвалічны характар. Узрастаючае разуменне значэння культуры знайшло сваё адлюстраванне ў запісах Урачыстай Штутгарцкай дэкларацыі аб Еўрапейскай уніі ад 19 чэрвеня 1983 г., якая датычыла кампетэнцыі найвышэйшага выканаўчага органа Супольнасці. У ёй утрымоўваўся раздзел "Культурнае супрацоўніцтва".

Уключэнне пытанняў культуры ў кампетэнцыю саюзных інстытуцый адбылося адносна позна. Прайшло дастаткова шмат часу, пакуль былі створаны адпаведныя інстытуцыйныя інструменты. Галоўным тлумачэннем факта сумеснай дзейнасці Супольнасцей у сферы культуры без наяўнасці неабходнай кампетэнцыі можа служыць хіба толькі тое, што створаны яны былі як гаспадарчыя садружнасці. Аднак з цягам часу пытанні культуры нельга было пакінуць цалкам збоку, нават з таго пункту гледжання, што пэўныя галіны, напрыклад, узрастаючы аўдыёвізуальны сектар (які аднойчы будзе стваральнікам найбольшых праблемаў), усё больш зрасталіся з эканомікай.

Аднак яшчэ ў 1982 г. у Рапарце Камісіі Еўрапейскіх супольнасцей гаварылася аб існаванні "сур’ёзнай розніцы ў пытанні магчымасці сапраўднай еўрапейскай культурнай акцыі". У рэальнасці сэнс заключаўся ў розным разуменні ролі культуры ў грамадстве. Найбольш яснае тлумачэнне давалі Францыя і Вялікабрытанія. Для Францыі роля культуры неад’емная ад місіі дзяржавы. Адсюль культура з’яўляецца натуральнай сферай публічнай палітыкі. Для Вялікабрытаніі культура — гэта сфера індывідуальных творчых актаў, якім рэгуляванне можа толькі пашкодзіць. Само паняцце "культурная палітыка" не выклікае даверу ў англічан.

Генезіс еўрапейскай інтэграцыі патрабаваў новых юрыдычных падстаў. У 1985 г. Камісія Еўрапейскіх супольнасцей ініцыявала разгляд перашкод, якія сталі на шляху да адзінага ўнутранага рынку. Вынікі знайшлі сваё адлюстраванне ў выглядзе "Белай кнігі аб увядзенні адзінага ўнутранага рынку ў 1992 г.". Адной з прычын павольнага развіцця інтэграцыі было названа палажэнне аб прынцыпе адзінагалоснага прыняцця падаўляючай большасці рашэнняў у Савеце. Для ліквідацыі перашкоды ў 1986 г. быў падпісаны так званы Single European Act, які ўстанавіў, што адзіны ўнутраны рынак будзе ўведзены рашэннем, прынятым большасцю галасоў (гэтая папраўка да Рымскага дагавора ўступіла ў сілу з 1987 г.).

У 1987 г. Камісія Еўрапейскіх супольнасцей выступіла з дакладам "A fresh boost for culture in the European Community" з мэтай развязання дыскусіі ў парламенце і Савеце. Камісія выказала ўпэўненасць у тым, што павелічэнне актыўнасці ў сферы культуры — палітычная, сацыяльная і эканамічная неабходнасць ў святле стварэння адзінага ўнутранага рынку і Еўрапейскага саюза. У дакладзе прыводзілася агульная праграма па пяці асноўных абласцях дзейнасці, якая з’явілася асновай далейшай работы ў сферы культуры.

У 1989 г. у рамках Супольнасці быў створаны спецыяльны Камітэт па культуры, у які ўвайшлі вядомыя ў Еўропе дзеячы культуры, перад усім кіраўнікі культурных установаў, а таксама шматлікія прадстаўнікі мастацтва і выдавецкай справы. У гэтым жа годзе Камітэт выдаў даклад "Культура для грамадзяніна Еўропы ў 2000 г.", які ўтрымоўваў доўгатэрміновую праграму ва ўсіх сферах культуры.

Напачатку 1990-х гг. ЕС фінансавала шэраг культурна арыентаваных праектаў. На першым месцы стаялі мерапрыемствы па ахове агульнаеўрапейскай спадчыны. У 1991 г. фінансаванне атрымалі 37 з 433 прапанаваных праектаў. Акрамя гэтага былі выдзелены сродкі на чатыры праекта па рэстаўрацыі гістарычных манументаў і мясцін у Партугаліі і Грэцыі. Акрамя гэтага былі выдзелены 150 стыпендый для стажыровак у міжнародных арганізацыях спецыялістаў-рэстаўратараў.

У 1992 г. уступіла ў дзеянне праграма "Калейдаскоп". Яна была прызначана прыцягнуць увагу да нацыянальнай, рэгіянальнай і мясцовай культуры ў Еўропе, актывізаваць культурнае супрацоўніцтва, падтрымаць сучасную мастацкую творчасць і ўяўленне аб адзінай еўрапейскай культурнай спадчыне. У межах праграмы праводзіліся мерапрыемствы па складанню агульнай статыстыкі ў галіне кніжнай справы, былі заснаваны еўрапейскія прэміі для пісьменнікаў і перакладчыкаў, фінансаваліся пераклады сучаснай літаратуры, падтрымлівалася дзейнасць ЕС у галіне абароны аўтарскіх правоў і інфармацыйна-тэхналагічнага міжбібліятэчнага супрацоўніцтва.

З 1985 г. дзейнічаў праект "Сталіца еўрапейскай культуры", з 1992 г. — праект "Еўрапейскі месяц культуры". Акрамя гэтага ў 1991 г. фінансаваліся такія праекты, як "Маладзёжныя аркестры ЕС", "Маладзёжная опера ЕС", "Хор ЕС", "Еўрапейскі паэтычны фестываль" і "Аркестр барока".

У 1990—1995 гг. дзейнічала праграма ЕС
"Медыя — 95". Праграма была накіравана на падтрымку развіцця малых і сярэдніх медыя-прадпрыемстваў, а таксама краін і культурных абласцей з недастатковым эканамічным патэнцыялам.

2.Маастрыхцкі дагавор

Карэнныя змены ў галіну міжнароднага культурнага супрацоўніцтва ў Еўропе ўнёс падпісаны 7 лютага 1992 г. Маастрыхцкі дагавор аб стварэнні Еўрапейскага саюза. Артыкул 128 даў прававую падставу для развіцця дзяйнасці Саюза ў галіне культуры. У ім былі акрэслены мэты і абмежаванні дзейнасці Саюза у галіне культуры. Гэты дакумент з’яўляецца галоўным дакументам для культурнай палітыкі Еўрапейскага саюза, з улікам невялікіх змен, уведзеных Амстэрдамскім дагаворам. У Дагаворы адзначаецца, што мэта дзейнасці Саюза ў галіне культуры — не стварэнне нейкай адзінай, наднацыянальнай, еўрапейскай культуры, а падтрымка захавання і развіцця нацыянальных культур краін-членаў. Адначасова падкрэсліваецца, што характэрнай рысай еўрапейскай культуры і яе багаццем з’яўляецца разнастайнасць, якая павінна быць захавана: "Супольнасць уносіць уклад у развіццё культур краін-членаў пры ўмове захавання іх нацыянальнай і рэгіянальнай разнастайнасці і адначасова надання ўвагі агульнай культурнай спадчыне". Гэтаму павінны служыць дзеянні краін-членаў і інстытуцый Супольнасці. Саюз падтрымоўвае таксама супрацоўніцтва паміж краінамі-членамі, "а таксама ў выпадку неабходнасці падтрымоўвае і дапаўняе іх дзеянні ў наступных сферах:

— удасканаленне і распаўсюджанне ведаў аб культуры і гісторыі еўрапейскіх народаў;

— захаванне і абарона культурнай спадчыны еўрапейскага значэння;

— некамерцыйны культурны абмен;

— мастацкая і літаратурная творчасць, у тым ліку ў аўдыёвізуальнай сферы".

У дагаворы адзначаецца накіраванасць Супольнасці на супрацоўніцтва "з трэцімі краінамі і міжнароднымі арганізацыямі ў сферы культуры, асабліва з Саветам Еўропы".

Як і іншыя прававыя акты, Маастрыхцкі дагавор прадугледжвае не гарманізацыю права краін-членаў у галіне культуры, а прыняцце рашэнняў, дырэктыў і рэкамендацый, якія датычаць культурнага сектара, і адбываецца на падставе кансенсуса: "У імя здзяйснення мэтаў дадзенага артыкула Савет:

— прымае разнастайныя меры ў адпаведнасці з працэдурай, якая замацавана ў артыкуле 189 б і пасля слуханняў у Камітэце рэгіёнаў адмаўляецца ад любой уніфікацыі прававых адміністрацыйных нормаў краін — удзельніц Саюза. У рамках устаноўленых у артыкуле 189 б працэдур Савет прымае рашэнні адзінагалосна: выдае рэкамендацыі, прапанаваныя Камісіяй, прынятыя аднагалосна".

Адзінай сферай, дзе патрабуецца гарманізацыя палажэнняў права краін-членаў і абавязковым з’яўляецца наднацыянальнае права Саюза, з’яўляецца аўдыёвізуальны сектар.

Дакумент надае культурнаму аспекту працэса інтэграцыі такую ж самую важнасць, як эканамічнаму ці прававому, прадпісваючы, што "Супольнасць улічвае ў сваёй дзейнасці культурныя аспекты ў адпаведнасці з іншымі палажэннямі дадзенай дамовы".

У гэты параграф былі ўнесены змены Амстэрдамскім дагаворам, падпісаным 2 кастрычніка 1997 г. Параграф быў перафармуляваны: "У дзейнасці, якая развіваецца на падставе іншых палажэнняў дадзенага Дагавора, Саюз бярэ пад увагу культурныя аспекты, маючы асабліва на ўвазе павагу і падтрымку разнастайнасці сваіх культур".

Маастрыхцкі дагавор уводзіць падставы субсідыарнасці, што азначае вырашэнне праблемаў на тым узроўні, на якім яны могуць быць вырашаны найбольш паспяхова, а не "выпіхванне" іх на ўзровень Саюза. Культура была вызначана як сфера, якая падлягае такой умове ў найбольшай ступені. Кампетэнцыі Саюза заставаліся толькі пералічаныя ў артыкуле 128 галіны, вынясенне якіх на еўрапейскі форум было акрэслена шматлікімі арганізацыйнымі ўмовамі. Памянуты артыкул 128 Дагавора гаворыць аб дзвюх найважнейшых задачах саюзных інстытуцый: аб ахове супольнай спадчыны Еўропы і аб ахове яе культурнай разнастайнасці. Гэтая другая мэта, ясна сфармуляваная, выражае клопат аб захаванні плюралізму. Аднак Дагавор не дае вызначэння паняццю "сумесная культурная спадчына". У дадатак да гэтага ў ранейшых і пазнейшых дакументах з’яўляюцца іншыя фармулёўкі, якія датычаць дадзенай праблемы.

Пасля падпісання Маастрыхцкага дагавора, у красавіку 1992 г., камісія ЕС апублікавала даклад пад назваю "Новыя перспектывы для культурнага дзеяння Супольнасці". Па сваёй сутнасці гэта была праграма дзеянняў на 1990-я гг. Адпаведна дакументу змест культурна-палітычнай дзейнасці бачыцца ў тым, што яна будзе садзейнічаць росквіту нацыянальных і рэгіянальных культур і адначасова ўмацоўваць пачуццё таго, што ў еўрапейцаў ёсць агульная культурная спадчына і агульныя культурныя каштоўнасці. Грамадзяне Еўропы павінны навучыцца разумець, цаніць і паважаць іншыя культуры так сама, як сваю ўласную.

3.Кампетэнцыя і дзейнасць еўрапейскіх інстытуцый

Адпаведна Маастрыхцкаму дагавору, Еўрапейскі саюз супрацоўнічае ў галіне культуры з трэцімі краінамі, а таксама міжнароднымі арганізацыямі, напрыклад, з Саветам Еўропы.

Еўрапейскі савет. Складаецца з кіраўнікоў урадаў і главаў дзяржаў. Збіраецца кожныя паўгода пад старшынствам адной з краін, выпрацоўвае агульныя палажэнні і накірункі палітыкі Саюза. У большасці выпадкаў Савет абмяжоўваецца прыняццем дэкларацый, якія з’яўляюцца палітычна, а не заканадаўча абавязковымі для краін-членаў.

Вызначае агульныя накірункі культурнай палітыкі. У фармальна прававым сэнсе гэта не орган Еўрапейскага саюза.

Савет Еўрапейскага саюза. З’яўляецца галоўным распарадчым органам. Складаецца з міністраў замежных спраў (Савет па агульных справах) і міністраў пэўнай галіны ("спецыяльныя саветы") — у залежнасці ад тэмы пасяджэнняў. У пытаннях культуры, выдаючы рэкамендацыі і рэзалюцыі, якія прымаюцца пры ўмове кансэнсусу, вызначае асобныя кірункі культурнай палітыкі.

Еўрапейская камісія. Як галоўны выканаўчы орган Саюза, складаецца са спецыяльных Генеральных дырэкцый, якія займаюцца вызначанымі сферамі праблемаў. У 1999 г. былая Генеральная дырэкцыя, што займалася інфармацыяй, камунікацыяй, культурай і аўдыёвізуальнымі медыя, была далучана да новай Генеральнай дырэкцыі — Адукацыі і культуры.

Савет Еўропы. Пастанова аб стварэнні Савета Еўропы была прынята на Еўрапейскім кангрэсе ў Гаазе 5 мая 1949 г. Савет Еўропы не з’яўляецца органам Еўрапейскага саюза. Яго кіруючыя органы знаходзяцца ў Страсбургу. Ён аб’ядноўвае ўсе еўрапейскія краіны. Адпаведна са статутам СЕ галоўнай задачай з’яўляецца дзейнасць на карысць большага адзінства краін-членаў з мэтаю абароны і здзяйснення ідэалаў і прынцыпаў, якія складаюць агульную спадчыну.

Актыўнасць Савета Еўропы канцэнтруецца:

— на развіцці еўрапейскай культурнай тоеснасці;

— ахове правоў асобы;

— развіцці міжнаронага супрацоўніцтва.

У 1954 г. была падпісана Еўрапейская культурная канвенцыя, якая акрэсліла асновы дзейнасці і супрацоўніцтва краін-членаў у гэтай сферы. Яны рэалізуюцца праз дакладна выпрацаваныя праграмы дзеянняў у асобных галінах культуры.

З 1985 г. дзейнічае Канвенцыя аб абароне архітэктурнай культурнай спадчыны Еўропы, а з 1992 г. — аналагічны дакумент, звязаны з археалагічнымі помнікамі. Савет Еўропы ўдзельнічае таксама ў падтрымцы кінематаграфічнай і тэлевізійнай прадукцыі. Ім прынята Канвенцыя аб трансгранічным тэлебачанні, якая акрэслівае агульныя прававыя нормы ў сферы перамяшчэння праз граніцы паслугаў у галіне тэлевізійных праграм. Пачынаючы з 1987 г. Савет Еўропы прызначае ўзнагароду Prix Europa для лепшай тэлевізійнай праграмы. Дапаўненнем гэтай дзейнасці з’яўляецца існуючы з 1988 г. фонд Eurimages.

Сярод найбольш буйных і важных праектаў неабходна выдзеліць так званы экзаменацыйны праект, які прадугледжвае аналіз нацыянальных сістэм культурнай палітыкі. У 1990-х гг. былі выдадзены агляды культурнай палітыкі Аўстрыі (1993), Эстоніі (1996), Фінляндыі (1994), Італіі (1995), Нідэрландаў (1994), Расійскай Федэрацыі (1997), Славеніі (1996), Харватыі (1998) і інш.

У 1997 г. пры Савеце Еўропы быў створаны даследчы аддзел па пытаннях культурнай палітыкі. Ён выдае і рэдагуе зборнік "Культурная палітыка ў Еўропе: асноўныя факты і тэндэнцыі", рыхтуе публікацыі, серыі кароткіх аглядаў і справаздач па асобных тэмах, прадстаўляе інфармацыю ў адказ на запыты адносна культурнай палітыкі, займаецца зборам дакументаў па культурнай палітыцы, стварае сетку кантактаў для тых, хто працуе ў галіне культурнай палітыкі.

У апошнія гады Савет Еўропы набыў асобае значэнне, асабліва для краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Далучэнне Рэспублікі Беларусь да Еўрапейскай культурнай канвенцыі 1954 г. у кастрычніку 1993 г. дазволіла атрымаць доступ да праграм еўрапейскага супрацоўніцтва ў галіне культуры, адукацыі, спорту, СМІ і інш. Савет Еўропы выдзяляў сродкі на стажыроўкі, кансультацыі, правядзенне міжнародных семінараў, канферэнцый і г. д. За няпоўныя 5 гадоў (верасень 1992 г. —снежань 1996 г.) больш за 300 прадстаўнікоў разнастайных галін улады Беларусі (сярод іх і прадстаўнікі ўстаноў культуры) прымалі ўдзел у канферэнцыях, семінарах, стажыроўках, арганізаваных у рамках СЕ.

Савет Еўропы наладжваў і фанансаваў аналагічныя мерапрыемствы і ў Беларусі. Сярод іх – Міжнародны семінар ІКАМОС па праблематыцы аховы паркаў і ландшафтаў (май—чэрвень 1995 г., Нясвіж), Міжнародны семінар "Трансрэгіянальныя і інтэрнацыянальныя аспекты культурнай палітыкі" (кастрычнік—лістапад 1996 г., Мінск) і інш.

Еўрапейскі фонд культуры. Быў створаны як незалежная арганізацыя non-profit 16 студзеня 1954 г. у Жэневе, а з 1960 г. штаб-кватэра была перанесена ў Амстэрдам. Мэтамі фонда з’яўляюцца:

— падтрымка еўрапейскага культурнага супрацоўніцтва на міжнароднай арэне ў сферах адукацыі, забавы, сацыяльных праблемаў, мастацтва і медыя;

— падтрымка еўрапейскага культурнага супрацоўніцтва праз гранты, праграмы і праекты.

4.Фінансаванне культуры

Крыніцамі фінансавання дзеянняў Супольнасці ў галіне культуры з’яўляюцца: бюджэт Союза, бюджэты краін-членаў, спонсарства. Паступленні з агульнага бюджэта Еўрапейскага саюза на культуру ў параўнанні з выдзяляемымі сродкамі на іншыя сферы з’яўляюцца невялікімі. Напрыклад, з агульнага бюджэту Еўрасаюза 1999 г. у 96 928,7 млн еўра на культуру прызначалася толькі 106,7 млн еўра.

Бюджэты краін-членаў на культуру выдзяляюць розныя сродкі. Гэта залежыць ад усталяваных гістарычных традыцый, мадэляў адносін паміж дзяржавай і сферай культуры, якія вызначаюць спосаб кіравання і прызначэнне дзяржаўных сродкаў. Заходнія мадэлі адрозніваюцца адна ад другой, а факт дамінавання рынкавага механізма не прадвызначае таго, як функцыянуе дзяржаўны сектар. Аб адрозненнях сведчыць ступень дэцэнтралізацыі дзяржаўнага жыцця, ступень удзелу грамадства ў прыняцці рашэнняў, а таксама прававы і эканамічны статус інстытуцый, якія ствараюць грамадскія даброты. Калі б задумацца, чаму ў Германіі маем такую значную дэцэнтралізацыю, а ва Францыі, наадварот, такую значную цэнтралізацыю, па-прастому мы б сказалі — уплывала на гэта гісторыя абедзвюх краін.

Спонсарства ў Заходняй Еўропе з’яўляецца адной з формаў падтрымкі культуры. Аднак у розных краінах існуюць розныя прававыя падставы. Напрыклад, у Вялікабрытаніі не могуць спонсарскімі быць затраты на закупку твораў мастацтва, а ў Даніі і Францыі ўдзел фірмаў у фінансаванні культурных праектаў павінен быць просты для ідэнтыфікацыі. Існуюць таксама заахвочванні ў відзе падатковых ільгот, а таксама іншыя выпрацаваныя спосабы прапаганды ідэі супрацоўніцтва бізнесу і культуры. У Вялікабрытаніі ў 1976 г. па прыкладу ЗША было створана па ініцыятыве бізнесменаў Таварыства па справах спонсарства мастацтва ў Вялікабрытані (Association for British Sponsorship for the Arts), што займаецца інфармаваннем людзей бізнесу і культуры аб магчымасцях супрацоўніцтва і ўзаемных карысцях, якія з гэтага атрымоўваюцца. Таварыства набыло вялікае значэнне ў аб’яднанні спонсараў і культуры.

У краінах Заходняй Еўропы з другой паловы 1980-х гг. маштабы развіцця спонсарства і іншых відаў падтрымкі культуры з боку прыватнага бізнесу значна ўзрастаюць. У дакуменце "Новы этап у падтрымцы культуры", прынятым Еўрапейскай камісіяй у 1987 г., а таксама ў наступных рэзалюцыях Савета міністраў ЕС і Еўрапейскага парламента асабліва падкрэслівалася неабходнасць заахвочвання супрацоўніцтва прыватнага бізнесу і ўстановаў культуры ў рамках ЕС у якасці важнага дадатку да эканамічнай і палітычнай інтэграцыі. Тэмпы росту спонсарства ў сферу культуры ў 1990—1992 гг. у еўрапейскіх краінах складалі ў сярэднім 5% у год.

У сакавіку 1991 г. з мэтай развіцця спонсарства на міждзяржаўным узроўні быў створаны Еўрапейскі камітэт па збліжэнню эканомікі і культуры (Comite Europeen pour le Rapprochement de l’Economie et de la Culture — CEREC). Камітэт аб’ядноўвае нацыянальныя арганізацыі спонсараў краін Еўропы і служыць інфармацыйным і кансультатыўным цэнтрам для кампаній, якія зацікаўленыя ў спонсарскіх праектах у розных краінах Еўропы.

У супрацоўніцтве з нацыянальнымі арганізацыямі спонсараў у галіне культуры CEREC садзейнічае гарманізацыі адносін паміж спонсарамі і ўстановамі культуры, а таксама сочыць за тым, каб дзяржава, спрыяючы спонсарству, не забывалася аб сваіх фінансавых абавязках адносна культуры.

У супрацоўніцтве з Еўрапейскай камісіяй і Еўрапарламентам Камітэт удзельнічае ў распрацоўцы уніфікаванай сістэмы падаткаабкладання для спонсараў і ахвярадаўцаў у рамках ЕС.

5.Еўрапейскія культурныя праграмы

Адпаведна з палажэннямі сваёй палітыкі ў галіне культуры, якія сфармуляваны ў Маастрыхцкім дагаворы, ЕС падтрымоўвае фінансава тыя дзеянні, якія маюць дачыненне да ўзаемнага пазнання культур і развіцця супрацоўніцтва ў гэтай галіне паміж краінамі-членамі. Адпаведна патрабаванням субсідыярнасці, яго дзейнасць не замяняе культурныя палітыкі дзяржаваў, а толькі дапамагае ім у атрыманні еўрапейскага вымярэння. Фінансаванне культуры ў Еўрапейскім саюзе адбываецца праз праграмы, на ўдзел у якіх падаюць заяўкі зацікаўленыя інстытуцыі і арганізацыі.

У сакавіку 2000 г. Еўрапарламент зацвердзіў новую праграму "Культура 2000"1, якая замяніла існуючыя да гэтага часу "Калейдаскоп" (культурнае дзеянне), "Аріане" (кніга і чытанне) і "Рафаэль" (культурная спадчына). Дакумент пачынаецца сцвярджэннем, што, па меркаванні Еўрапейскай камісіі, культура павінна быць у цэнтры працэсу інтэграцыі як яе фундамент. Нават калі бачыць у гэтай канстатацыі пэўную дозу дэкларатыўнасці, то параўноўваючы яе змест з артыкулам 128 Маастрыхцкага дагавора, неабходна заўважыць, што ранг культуры істотна паднімаецца. Сэнс сфармуляваных у новай праграме мэт зводзіцца да намаганняў на шляху пабудовы еўрапейскіх сувязей (праз тое, што аб’ядноўвае садружнасці Саюза) і адначасова аховы іх адметнасцей, ergo — культурнага плюралізму Еўропы. Планавалася, што праграма будзе садзейнічаць "узаемнаму знаёмству з культурай і гісторыяй еўрапейскіх народаў", транснацыянальнаму размеркаванню культуры і абмену дзеячамі культуры; культурнай разнастайнасці і развіццю новых форм выразнасці; ахове культурнай спадчыны, падтрымцы еўрапейскай культуры ў трэціх краінах, міжкультурнаму дыялогу з нееўрапейцамі. Новая культурная палітыка Еўрапейскага саюза павінна зменшыць новыя выклікі, звязаныя з пашырэннем ЕС, і выцякаючыя з гэтага праблемы большай нацыянальнай и культурнай разнастайнасці ўнутры Саюза.

Новая праграма выдзяляе тры асноўныя прыярытэты ў плануемых акцыях:

— наданне ўвагі ў юрыдычных сістэмах спецыфіцы культуры як матэрыі, якая цяжка пераносіць рэгуляванне толькі праз рынак;

— выкарыстанне культуры як фактара грамадскай інтэграцыі і пабудовы грамадзянскай супольнасці;

— выкарыстанне культуры для паляпшэння адносін Саюза з іншымі краінамі.

Першапачаткова на праграму запрошвалася 250 млн еўра, аднак Савет міністраў выдзеліў толькі 167 млн на пяць гадоў (2000—2004). У далейшым сваім развіцці праграма ЕС стане, зразумела, падобнай да нацыянальных ці рэгіянальных праграм, не будзе іх замяняць. Упершыню Еўрасаюз атрымаў кантралюемы Камісіяй "адзіны планава-фінансавы інструмент" культурнай палітыкі.

У праграме знайшлі сваё адлюстраванне ўсе магчымыя праблемы, звязаныя з культурай. Першы напрамак — "Стварэнне заканадаўчай структуры для падтрымкі культуры" прадугледжваў правядзенне дзейнасці, накіраванай на падтрымку культурнай разнастайнасці (кніга і чытанне, дзяржава і падтрымка культуры, ахова помнікаў прыроды і культурных месц, аўдыёвізуальная палітыка); садзейнічанне творчасці і культурнаму развіццю (аўтарскае і сумежныя правы, падаткі на тавары і паслугі культуры, спонсарства); падтрымку культурнага супрацоўніцтва і абмену (свабода развіцця прафесіяналаў у культурным сектары, свабода абмену таварамі і паслугамі культуры).

Другі накірунак — "Культура як інструмент асноўных палітык" ахопліваў мерапрыемствы па культурнаму развіццю і планаванню культуры (навуковае і тэхналагічнае развіццё; асобна тут выдзялялася праблема аховы навакольнага асяроддзя, стварэння спрыяльнага для спажыўца інфармацыйнага грамадства); структурныя дзеянні па пашырэнню індустрый культуры, стварэнню новых працоўных месц; пытанні развіцця вясковага сектару, садзейнічання пашырэнню культурнай дзейнасці ў сельскай мясцовасці; садзейнічання турызму як сродку пашырэння ведаў аб культурах, традыцыях і вобразах жыцця еўрапейцаў, навучання і распаўсюджвання ведаў (праграмы "Сократэс ІІ", "Леанарда да Вінчы ІІ" і "Моладзь за Еўропу ІV"), развіцця тэлекамунікацыі.

Трэці напрамак — "Культура ў адносінах Супольнасці з іншымі краінамі" — будаваў асноўныя прыярытэты культурнага супрацоўніцтва краін Супольнасці. На першае месца была пастаўлена задача развіцця супрацоўнітва паміж краінамі Супольнасці дзеля падтрымкі культурнай разнастайнасці, творчасці і развіцця ў Еўропе, затым прадугледжвалася развіццё двухбаковага і шматбаковага супрацоўніцтва з іншымі рэгіёнамі (як, напрыклад, Еўра-Міжземнаморскі рэгіён), садзейнічанне культурнаму развіццю ў краінах, што развіваюцца (Афрыка, Карыбскі рэгіён і краіны Ціхага акіяну), адкрытасць культурных праграм дзеля супрацоўніцтва еўрапейскіх краін, якія збіраюцца стаць членамі Еўрапейскага саюза, распаўсюджванне еўрапейскай культуры ў краінах — нечленах Супольнасці і ўзмацненне культурных сувязей з народамі — прадстаўнікамі краін-членаў, што пражываюць на тэрыторыі апошніх.

Найважнейшая змена ў падыходзе Еўрапейскай камісіі да культурных праграм заключаецца ў канцэнтрацыі на агульных аспектах еўрапейскай культурнай спадчыны, што павінна служыць паглыбленню інтэграцыі краін ЕС. Культура павінна не толькі разглядацца праз прызму выяўленчага мастацтва, музыкі ці літаратуры, але і ахопліваць народную культуру, масавую, а таксама штодзённую.

Новая праграма прызвана садзейнічаць супрацоўніцву паміж творцамі, дзеячамі культуры і культурнымі ўстановамі еўрапейскіх краін.

Культуру немагчыма аддзяліць ад палітыкі, эканомікі і іншых сфер. Яна з’яўляецца, як ужо гаварылася, усё больш паважаным сектарам занятасці і крыніцай прыбыткаў, дзе выпрацоўваецца ўсё больш значная частка нацыянальнага даходу, сферай знешняй палітыкі (у якасці культурнай дыпламатыі), вызначэннем грамадзянскай супольнасці (пабудовы ці адкрыцця супольнасцей людзей), інструментам прамоцыі і рэкламы для прадпрыемстваў, гарадоў, рэгіёнаў і г. д. Яна становіцца як бы карэлятам кожнай сферы індывідуальнай і групавой актыўнасці. У гэтых сферах культура не будзе закінута, бо з’яўляецца неабходнай.

Горад і Месяц культуры. Яшчэ на першай сустрэчы міністраў культуры Еўрапейскіх супольнасцяў у 1983 г. было прынята рашэнне аб штогадовым вызначэнні Еўрапейскага горада культуры. Канцэпцыя Горада культуры належыць міністру культуры Грэцыі — Меліне Меркуры — як спосаб стварэння найлепшага вобразу Супольнасці і стварэння з кожным разам больш сціслай сувязі паміж народамі Еўропы. Праграма ахоплівае разнастайныя культурныя мерапрыемствы і працягваецца ад 7 да 12 месяцаў. Кожны з гарадоў, які атрымоўвае тытул Еўрапейскага горада культуры, мае сваю асаблівасць у межах гэтых урачыстасцей і рыхтуе асобную і ўзгодненую частку сумеснага культурнага праекта, які ўмоўна называецца "раздзелам". Крыніцамі фінансавання з’яўляюцца нацыянальны і лакальныя бюджэты, дафінансаванне з боку Еўрапейскай камісіі, камерцыйнае спонсарства.

Еўрапейскі месяц культуры быў уведзены рашэннем міністраў культуры ў 1990 г., у сувязі з вялікай зацікаўленасцю праграмай "Еўрапейскі горад культуры", асабліва ў краінах, якія не былі членамі Супольнасці.

Eurimages. Гэта фонд, які падтрымлівае супрацоўніцтва ў галіне кінематаграфіі. Ён быў створаны рашэннем Савета Еўропы ў 1988 г. Спачатку ў ім удзельнічалі 12 краін-членаў, цяпер колькасць дасягнула 25 краін. Асноўнымі мэтамі фонда з’яўляюцца:

— культурная мэта, якая выражаецца ў падтрымцы і заахвочванні да прадукцыі кіна- і тэлефільмаў, што падкрэсліваюць агульныя карані і культуру краін, якія сумесна працуюць;

— эканамічная мэта, накіраваная на магчымасць і неабходнасць зваротнага інвеставання ў сферу кінематаграфіі, якая трактуецца як мастацтва, і атрыманне камерцыйнага поспеху.

Структурныя фонды. Акрамя таго, што структурныя фонды ствараюць крыніцу фінансавання праграм, накіраваных на эканамічнае і сацыяльнае развіццё рэгіёнаў, існуюць таксама фонды, накіраваныя на ахову культурнай спадчыны і іншых дзеянняў у галіне культуры. Культура знаходзіцца ў абшары іх зацікаўленасці, бо дзейнасць у гэтай сферы можа прынесці эканамічны і грамадскі эфект. У першую чаргу гэта Еўрапейскі сацыяльны фонд, Еўрапейскі фонд арыентацыі і гарантый сельскай гаспадаркі, а таксама Еўрапейскі фонд рэгіянальнага развіцця. У рамках праектаў, якія фінансуюцца праз структурныя фонды, — рэалізуемыя мерапрыемствы, накіраваные на развіццё турызму, звязаныя з выкарыстаннем розных культурных колераў еўрапейскіх гарадоў, што можа садзейнічаць іх ажыўленню і гаспадарчаму ўздыму. Напрыклад, з Еўрапейскага фонда рэгіянальнага развіцця была прафінансавана рэнавацыя гістарычных помнікаў сторага горада Лісабона. Аднак гэтымі фондамі могуць карыстацца толькі краіны — члены Саюза.

Праграма "муніцыпалітэты-блізняты". Гэта праграма Еўрапейскага саюза, у рамках якой рэалізуюцца абмены паміж пародненымі муніцыпалітэтамі (гмінамі), праводзяцца канферэнцыі, што датычаць супрацоўніцтва гмін-блізнят, а таксама навучанне для арганізатараў супрацоўніцтва гэтых гарадоў.

Перавагі аддаюцца праграмам па наступных тэмах: нацыянальныя меншасці; еўрапейскае грамадзянства; пашырэнне ЕС; супрацьдзеянне беспрацоўю; значэнне міжнародных кантактаў; навучанне мовам партнёраў.

Праграма прыгранічнага супрацоўніцтва (Cross-Border Cooperation). У межах гэтага праекта быў створаны Фонд малых еўрарэгіянальных праектаў. Яго мэтаю з’яўляецца развіццё лакальнага самакіравання, актывізацыя жыхароў прыгранічных рэгіёнаў, інтэнсіфікацыя культурнага абмену, а таксама ўзмацненне міжасабовых кантактаў у 10 еўрарэгіёнах.

Культурныя сеткі. Гэты праект становіцца ўсё больш значнай галіною культурнай палітыкі Саюза. Сеткі звязваюць людзей і спрыяюць паўстанню новых ідэй і форм мастацкага выяўлення. Таму іх развіццё таксама знаходзіцца ў полі зацікаўлення Еўрапейскага саюза, у сувязі з асновамі і мэтамі яго культурнай палітыкі. Сеткі стымулююць рознага роду абмены і формы супрацоўніцтва людзей культуры, дапамагаюць ім пазбегнуць ізаляцыі і пазнаёміцца з працаю і набыткамі творцаў культуры з іншых еўрапейскіх краін. Аб значэнні, якое надае ЕС развіццю культурных сетак, сведчыць, напрыклад, той факт, што з 1993 г. каля 20% бюджэту Саюза, які зарэзерваваны для культуры, прызначаецца на развіццё сеткі.

Сярод шматлікіх сетак найбольш значнымі з’яўляюцца:

— сетка ў галіне тэатру, музыкі і оперы;

— у галіне візуальных мастацтваў і мультымедыя;

— кнігі і чытання;

— культурнай спадчыны, кансервацыі і музеязнаўства;

— адміністрацыі, кіравання і культурнай палітыкі.

Праграмы Саюза ў пытаннях культуры сканцэнтраваны на ахове і пераацэнцы еўрапейскай спадчыны, а таксама рэінтэграцыі з сучаснасцю. Еўрапейскі саюз падтрымлівае шырокае развіццё інфраструктуры культуры, асабліва што тычыцца новых інфармацыйна-камунікацыйных тэхнік.

Далучэнне Беларусі да разнастайных культурных праграм Супольнасці дазволіць ёй скарыстаць з досвяду краін-членаў, у якіх ужо на працягу дзесяцігоддзяў культура развівалася ва ўмовах рынку і адкрытым грамадстве. Мадэлі культурнай палітыкі там вызначаюцца пагадненнем запатрабаванняў рынку з удзелам у высокай культуры, аховай нацыянальнай тоеснасці, а таксама – што ва ўмовах глабалізацыі вельмі істотна — аховай уласных рынкаў культуры.

Інтэнсіфікацыя дэбатаў аб культуры ў кантэксце палітыкі Еўрапейскага саюза і яго перспектываў сведчыць аб тым, што са спазненнем спаўняюцца прагнозы і надзеі Рабера Шумана, які пісаў у "Pour l’Europe": "Ніколі не перастану паўтараць, што адзінства Еўропы не будзе магчыма стварыць толькі ці галоўным чынам дзякуючы еўрапейскім інстытуцыям; іх стварэнне выцякае са спосабу мыслення. Не адракаліся і ніколі не адрачомся ад радзімы, не забудземся аб абавязку перад ёю. Аднак усё больш выразней разумеем, што над айчынай існуе агульнае дабро, больш важнае за нацыянальны інтарэс, гэта агульнае дабро, на якое абапіраюцца і ў якім сустракаюцца індывідуальныя інтарэсы нашых краін".

 


 

1 Communication from the Commission to the European Parlament, the Council and the Committee of the Regions: First European Community Framework Programme in Support of Culture (2000—2004) / Proposal for a European Parlament and Council decision establishing a single financing and programming instrument for cultural cooperation (Culture 2000 Programme). Luxembourg: Off. for Official Publ. of the European Communities, 1998.


Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter

Сообщество

  • (029) 3222740
  • Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
© 2019 Международное общественное объединение «Развитие». All Rights Reserved.