журнал международного права и международных отношений 2005 — № 3


международные отношения

ВЫВУЧЭННЕ ЗАХОДНЕБЕЛАРУСКАЙ ПРАБЛЕМАТЫКІ БЕЛАРУСКІМІ І ЗАМЕЖНЫМІ ГІСТОРЫКАМІ
(1930—2000-я гг.)

Людміла Дрожжа

Аўтар:
Дрожжа Людміла Чэславаўна — навуковы супрацоўнік Цэнтра сістэмнага аналіза і стратэгічных даследаванняў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

Рэцэнзенты:
Лакотка Аляксандр Іванавіч — доктар гістарычных навук, прафесар, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, дырэктар Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыяльнай акадэміі навук Беларусі
Свілас Светлана Францэўна — кандыдат гістарычных навук, дацент кафедры міжнародных адносін факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага універсітэта

Сёння асноўнай задачай беларускiх даследчыкаў з’яўляецца адлюстраванне гiсторыi сваёй краiны з пазiцыi «рацыi стану» яе народа, гэта значыць навукоўцы павiнны пiсаць гiсторыю Беларусi, зыходзячы з яе iнтарэсаў. Але ж найбольш складаныя пытаннi нашай гiсторыi, якія звязаны з яе барацьбой за дзяржаўную незалежнасць i самавызначэнне, аддавалiся на водкуп суседзям-апекунам — Расii i Польшчы. У рэчышчы гэтых падзей апынулася i справа далучэння тэрыторый «крэсаў паўночна- i паўднёва-ўсходнiх» Другой Рэчы Паспалiтай да БССР i суседняй УССР у вераснi—лiстападзе 1939 г.

У савецкi перыяд заходнебеларуская праблематыка вывучалася як з беларускiх нацыянальных пазiцый, так i ў рэчышчы расійска-савецкай вялікадзяржаўнай канцэпцыi «адзiнства савецкага народа». Дамiнуючымi тэмамi даследаванняў у 1940—1980-я гг. з’яўлялiся: вывучэнне дзейнасцi КПЗБ (КПП, КПБ(б)) i яе кiруючай ролi ў нацыянальна-вызваленчым i дэмакратычным руху супраць «польскiх акупантаў», сацыяльна-культурныя пераўтварэннi i поспехi ў сацыялiстычным будаўнiцтве пасля аб’яднання анексаваных Польшчай заходнiх абласцей Беларусi ў адзiную Беларускую Савецкую Сацыялiстычную Рэспублiку ў складзе СССР.

Напрыканцы 1939 г. i ў першае пасляваеннае дзесяцiгоддзе расiйскiя i беларускiя гiсторыкi У. Пiчэта, Г. Ягораў, А. Кляшчоў, Ц. Гарбуноў, Н. Каменская, Г. Барадач, К. Дамарад, I. Юхо1  асноўныя акцэнты ў сваiх працах рабiлi на барацьбе беларускага народа супраць «польскай экспансii» i «прягнёту паноў», а таксама вызваленчым паходзе Чырвонай Армii 17 верасня 1939 г., якi лiквiдаваў гiстарычную несправядлiвасць вынiкаў Рыжскага дагавора 1921 г. i вырашыў спрадвечную мару беларускага народа аб уз’яднаннi ў адзiную дзяржаву. У той жа час некаторыя даследчыкi iмкнулiся даказаць станоўчасць падзей верасня 1939 г. i для палякаў. У прыватнасцi, гiсторыкi Г. Барадач i К. Дамарад сцвярджалi, што каля 1 млн палякаў знайшлi ў СССР паратунак ад фашысцкай акупацыi2. Неабходна адзначыць, што гiсторыкi-прапагандысты з марксiсцкiх пазiцый даказвалi перавагу «савецкага ладу жыцця i дэманстравалi поспехi ў ажыццяўленнi ленiнска-сталiнскай нацыянальнай палiтыкi»3.

У другой палове 1950-х г. пасля развянчання культа асобы Сталiна i рэабiлiтацыі палiтвязняў гiсторыкi атрымалi рэальную магчымасць пашырыць крынiцазнаўчую базу сваiх даследаванняў i зрабiць iх больш навуковымi. У пачатку 1960-х—1970-я гг. тэматыка прац беларускiх навукоўцаў засталася аналагiчнай, толькi былi зроблены некаторыя абагульненнi i крыху змешчаны акцэнты. Гiсторыкi I. М. Iгнаценка, В. С. Кабяк, У. Ф. Ладысеў, А. М. Мацко, У. М. Мiхнюк, У. А. Палуян, I. У. Палуян, А. А. Сарокiн, I. О. Царук i iнш. пераканаўча канстатавалi поспехi сацыялiстычных пераўтварэнняў у Заходняй Беларусi i мiжнародны ўклад вызваленчага паходу Чырвонай Армii ў вераснi 1939 г. у справу калектыўнай бяспекi ад гiтлераўскай агрэсii4. Безумоўна, пазiтыўныя змены ў галiне прамысловасцi, сельскай гаспадаркi (надзяленне сялян зямлёй i «лiквiдацыя кулацтва як класа»), дэмакратычныя выбары ў Народны Сход, стварэнне сiстэмы народнай адукацыi i лiквiдацыя малаграматнасцi сярод мясцовага насельнiцтва спрыялi працэсу ўсталявання Савецкай улады у заходнiх абласцях Беларусi. Але ж тэза аб «завяршэннi пераўтварэння беларускай нацыi ў сацыялiстычную», якая была прадэкларавана ў акадэмiчным выданнi пяцiтомнай «Гiсторыi Беларускай ССР»5, прывяла да змены палiтыкi «паланiзацыi» на «саветызацыю» i «русiфiкацыю».

У 1970—1980-я гг. беларускiя даследчыкi І. П. Хаўратовiч, У. Ф. Ладысеў, У. М. Мiхнюк зрабiлi першыя спробы перыядызацыi гiстарыяграфii заходнебеларускай праблематыкі6. I. Хаўратовiч атаесамлявае дадзеную праблему з вывучэннем этапаў станаўлення i дзейнасцi КПЗБ. Ён прапануе вылучыць тры перыяды: першы — ад стварэння партыi ў 1923 г. i да яе роспуску ў 1938 г. — кароткi перыяд палiтыкi «беларусiзацыi» i пачатак усталявання марксiзму-ленiнiзму ў гiстарычных даследаваннях; другi — з 1938 па 1956 г., дзе мелi месца масавыя рэпрэсii супраць навукоўцаў; трэцi перыяд пачаўся з другой паловы 1950-х гг. пасля асуджэння культу асобы Сталiна ХХ з’ездам КПСС. Апошнi перыяд звязаны з iнтэнсiўным вывучэннем дзейнасці рэпрэсаваных прадстаўнікоў КПЗБ, БСРГ i iншых партый з вылучэннем шырокага кола архiўных крынiц.

У. Мiхнюк у гiстарыяграфiчным аглядзе па праблемах сацыялiстычных пераўтварэнняў у заходнiх абласцях БССР толькi тэматычна падзялiў працы навукоўцаў па дзесяцiгодках — ад 1940-х да 1970-х гг. Цiкавым з’яўляецца тое, што бадай упершыню ў беларускай гiстарыяграфii быў дадзены кароткi агляд «фальсiфiкацыi буржуазнымi гiсторыкамi» факта «вызваленчага паходу» Чырвонай Армii ў вераснi 1939 г. на тэрыторыі Заходняй Беларусi i Заходняй Украiны перад пагрозай фашысцкай агрэсii. Сусветная грамадскасць, на думку аўтара, успрыняла яго як «найважнейшы прагрэсiўны крок i паслядоўную праяву пралетарскага iнтэрнацыяналiзму»7.

У. Ладысеў у сваёй доктарскай дысертацыi па праблемах арганiзацыйнай дзейнасцi КПЗБ на барацьбу працоўных за дэмакратыю (1988) пры гiстарыяграфiчным аглядзе лiтаратуры па Заходняй Беларусi выдзялiў два перыяды: першы — канец 1920-х—сярэдзiна 1950-х гг.; другi — з сярэдзiны 1950-х i да пачатку 1980-х гг. У гэтыя часы былi рэабiлiтаваны несправядлiва абвiнавачаныя ў апартунiстычнай дзейнасцi вядучыя дзеячы КПЗБ, БСРГ, КПЗУ, КПП i iншых грамадскiх аб’яднанняў. У сваю чаргу, даследчык прапануе ў першым перыядзе вылучыць два этапы: першы — 1923—1938 гг. — тэрмiн дзейнасцi КПЗБ i яе роспуску; другi — пасля роспуску партыi i да яе рэабiлiтацыi ў 1956 г.8 

Такiм чынам, асноўнымi вехамi ў гiстарыяграфii заходнебеларускай праблематыкі даследчыкi савецкага перыяду называлi стварэнне КПЗБ, яе роспуск i рэабiлiтацыю. Гэта тлумачыцца дамiнуючым становiшчам гiсторыка-партыйнай тэматыкі ў савецкiя часы i увогуле дзейнасцi КПЗБ пад кiраўнiцтвам КПБ i КПП. I, нягледзячы на тое, што дадзеная праблематыка з’яўлялася вузлавой, неправамерна атаясамліваць перыядызацыю гiстарыя-графii КПЗБ з перыядызацыяй гiстарыяграфii Заходняй Беларусi з нагоды недасканалай крынiца-знаўчай базы i iдэалагiчнай накiраванасцi прац навукоўцаў.

У пачатку 2000 г. гiсторыкi-неапазiтывiсты В. Астрога, А. Смалянчук, В. Кушнер9, зыходзячы з адзначанага шырокага кола аспектаў, зрабiлi чарговую спробу перыядызацыi гiстарыяграфii гiсторыi Заходняй Беларусi 1921—1939 гг. Характэрна тое, што за аснову сваёй перыядызацыi яны ўзялi тыя ж прынцыпы, што i iх калегi ў ранейшыя гады. Напрыклад, В. Астрога скурупулёзна выдзяляе пяць перыядаў у вывучэннi савецкiмi даследчыкамi дзейнасцi КПЗБ, яе роспуску i рэабiлiтацыi (два перыяды — даваенныя i тры — пасляваенныя). В. Кушнер схематычна аналiзуе дасягненнi i недахопы савецкай гiстарыяграфii заходнебеларускай праблематыкі. Ён, безумоўна, мае рацыю, калi лiчыць, што праблемы беларуска-польскiх i савецка-польскiх адносiн у савецкiя часы вывучалiся ў рэчышчы руска(савецка)-цэнтрычнай канцэпцыi, дзе польска-беларускiм адносiнам адводзiлася фрагментарная роля. Да таго ж, акцэнтаванне гiсторыкаў на авангарднай ролi КПЗБ у нацыянальна-вызваленчым руху адсоўвала на другi план дзейнасць такiх грамадска-палiтычных партый i грамадскiх арганiзацый, як Беларуская сялянска-работнiцкая грамада, Беларуская хрысцiянская дэмакратыя, Таварыства беларускай школы, пасольскi клуб «Змаганне» i iнш.10

Найбольш дасканалай з тэматычнага i метадалагiчнага пунктаў гледжання з’яўляецца перыядызацыя беларускай гiстарыяграфii гiсторыi Заходняй Беларусi, прапанаваная гродзенскiм гiсторыкам А. Смалянчуком. Ён выдзяляе два савецкiя перыяды ў даследаваннi дадзенага пытання (першы — канец 1930—сярэдзiна 1950-х гг.; другi — другая палова 1950-х—канец 1980-х гг.) i трэцi — сучасны, пасля абвяшчэння суверэнiтэту i незалежнасцi Беларусi. На пачатку 1990-х гг., пасля зняцця сакрэтных грыфаў са шматлiкiх архiўных матэрыялаў і адмены партыйнага кантролю з навуковых даследаванняў, у гiсторыкаў з’явiлася рэальная магчымасць для плённай працы над раней закрытымi тэмамi гiсторыi перадваеннага часу i пераасэнсавання вядомых падзей. Гэта датычыцца факта сакрэтных пагадненняў памiж Гiтлерам i Сталiнам у жніўні 1939 г. аб размежаваннi сфер iнтарэсаў СССР i Германii у краiнах Балтыi i Польшчы; масавых арыштах, рэпрэсiях i дэпартацыi сярод мясцовага насельнiцтва, якое варожа ставiлася да «таталiтарнай палiтыкi саветызацыi» i iнш. Такiм чынам, пачала стварацца беларуская нацыянальная гiстарыяграфiчная традыцыя.

Падсумоўваючы шматлiкi вопыт айчыннай гiстарыяграфii заходнебеларускага пытання, мы маем рацыю вызначыць тры перыяды ў развiццi беларускай гiстарыяграфii гiсторыi Заходняй Беларусi. Першы — з канца 1920-х да 1956 г.; другi — з 1956 да канца 1980-х г.; трэцi, сучасны, які пачаўся на пачатку 1990-х гг. Характэрна тое, што такая перыядызацыя ў прынцыпе супадае з агульнапрынятай перыядызацыяй гiсторыi гiстарычнай навукi Беларусi11.

На нашу думку, у першым перыядзе неабходна выдзялiць два этапы. Першы этап прыпадае на канец 1920-х—1930-я гг., калi гiстарычная навука цалкам залежыла ад партыйна-iдэалагiчнай накiраванасцi. У гэты час у савецкiм перыядычным друку разгортвалася агiтацыйная прапаганда у падрымку партызанскага руху i стварэння КПЗБ, якая у сваю чаргу павiнна была кiраваць рэвалюцыйна-вызваленчым рухам насельнiцтва Заходняй Беларусi супраць прыгнёту польскiх паноў.

Другi этап прыпадае на 1930-я—першую палову 1950-х гг. Ён характарызуецца жорсткiм партыйна-дзяржаўным дыктатам, шматлiкiмi палiтычнымi рэпрэсiямi, у тым лiку i ў навуковым асяроддзi. Сур’ёзнай рэарганiзацыi, чысткам, а потым i лiквiдацыi ў 1938 г. падверглiся КПЗБ i КПП. Шмат навукоўцаў праходзiлi па справе Саюзу вызвалення Беларусi i Беларускага нацыянальнага цэнтра, што негатыўна паўплывала на савецкую iдэалагiчную машыну. Пасля вызваленчага паходу 17 верасня 1939 г. пытанне авангарднай ролi КПЗБ у нацыянальна-вызваленчым руху iгнаравалася i звужалася да канстатацыi агульных прычын яго станаўлення i развiцця. Увогуле у навуковых выданнях канца 1930-х—пачатку 1950-х гг. назiраўся схематызм i неаб’ектыўнае перабольшванне рэвалюцыйнай актыўнасцi мас у Заходняй Беларусi. Па-ранейшаму вельмi слабай заставалася крынiцазнаўчая база.

Другi перыяд — 1956—канец 1980-х гг. — быў самым плённым i даволі вынiковым у развiццi гiстарыяграфii заходнебеларускай праблематыкі. У гэтыя гады былi падрыхтаваны i абаронены болей за дваццаць кандыдацкiх i пяць доктарскiх дысертацый па вузлавой заходнебеларускай праблеме — авангарднай i кiруючай ролi КПЗБ у рэвалюцыйным руху. Шмат увагi па-ранейшаму надавалася сацыяльна-эканамiчнаму становiшчу працоўных Заходняй Беларусi i палiтыцы нацыянальнай асiмiляцыi з боку польскага ўрада. На падставе гэтых дысертацыйных прац было выдадзена больш двух десяткаў манаграфiй, сотнi навуковых i навукова-папулярных артыкулаў у перыядычным друку i энцыклапедычных выданнях. Нягледзячы на безагаворачнае панаванне ў савецкi перыяд марксiсцка-ленiнскай метадалогii, у другой палове 1980-х гг. у навуковых даследаваннях назiраецца перагляд папярэднiх канцэпцый савецкай гiсторыi на падставе плюралiзма поглядаў i вывучэння раней закрытых тэм і крынiц. Але, як i раней, больш прац насiла навукова-прапагандысцкi характар, аўтары амаль цалкам абапiралiся на пастановы партыйных органаў12.

Значны уклад у распрацоўку немарксiсцкай і несавецкай канцэпцыi заходнебеларускай праблематыкі ў 1970—1990-я гг. унеслi замежныя гiсторыкi беларускага паходжання i беларускія эмiгранты. Толькi на пачатку 1990-х гг. у айчынных навукоўцаў з’явiлася рэальная магчымасць пазнаёмiцца з навуковай спадчынай беларускiх «буржуазных нацыяналiстаў», раней схаванай у спецсховiшчах бiблiятэк13.

Першы сiстэматычны агляд гiсторыi Беларусi савецкага перыяду зроблены ў манаграфiях I. Любачкi «Беларусь пад савецкiм праўленнем 1917—1957» i М. Левiна «Стварэнне савецкай сiстэмы: Пытаннi сацыяльнай гicторыi мiжваеннай Расii»14. Аўтары крытыкуюць тэзы савецкiх гiсторыкаў аб «аднадушнасцi» прыняцця камунiстычнай iдэi беларускiм народам. Яны робяць высновы аб «чужым паходжаннi» бальшавiзму на Беларусi, неабгрунтаванасцi масавых рэпрэсiй супраць беларускiх нацыянал-камунiстаў у 1930-я г. i ператварэннi КПБ у правiнцыяльную арганiзацыю КПСС. У даследаваннях Я. Запруднiка, Я. Найдзюка, Я. Касяка, П. Урбана, Р. Шпурлука, польска-беларускiх гiсторыкаў М. Iванова, А. Латышонка, Я. Мiрановiча, В. Сляшынскага, I. Туронка, Я. Чыквiна15 і інш. па пытаннях мiжваеннай гiсторыi Беларусi зроблена выснова, што нi Польшча, нi СССР не мелi намеру задаволiць нацыянальныя памкненнi беларусаў, а змагалiся супраць беларускага нацыяналiзму. На iх думку, пасля аб’яднання ў адзiную дзяржаву грамадска-палiтычны, сацыяльна-эканамiчны, культурны суверэнiтэт БССР заставаўся фармальным. Ня-гледзячы на тое, што асобныя працы эмiгранцкiх вучоных нясуць адбiтак прапагандысцкага характару, не пазбеглi палiтычнай прадузятасцi, па шэрагу пытанняў беларускай гiсторыi новага i навейшага часу яны вызначаюцца высокiм навуковым узроўнем.

Увогуле сучасныя англамоўныя даследчыкi Дж. Шатуэл (J. Shotwell), М. M. Ласэрсан (М. Laserson), Р. Уат (R. Watt), Р. Рокет (R. Rockett), Р. Конэли (R. Connely), Г. Сэтан-Уатсан (H. Seaton-Watson), С. Газэр (S. Guthier), С. Бурант (S. Burant) і інш. надаюць пытанню нацыянальнай iдэнтыфiкацыi беларусаў у мiжваенны перыяд ключавое месца. Некаторыя з iх лiчаць, што раёны Усходняй Польшчы (Заходняй Беларусi. — Л. Д.) з’яўлялiся самай адсталай у эканамiчных адносiнах тэрыторыяй ІІ Рэчы Паспалiтай, якая не падтрымлiвала нацыянальных iмкненняў беларусаў, а праводзiла палiтыку «паланiзацыi» i «асiмiляцыi». Далучэнне гэтай тэрыторыі да БССР у 1939 г. замежныя гiсторыкi ацэньваюць як падзел Польшчы, анексiю яе зямель, акупацыю савецкiм войскам16.

Разам з тым, у замежнай гiстарыяграфii назіраюцца дзве тэндэнцыi ў вывучэнні беларускага нацыянальнага пытання. З аднаго боку, падкрэслiваецца, што прагрэс грамадства, з пункту гледжання тэорыi мадэрнiзацыi i сацыяльнай мабiлiзацыi, не прывёў «да канчатковага выкаранення палiтыкай русiфiкацыi нацыянальнай адметнасцi беларусаў»17. З другога боку, i сёння можна сустрэць меркаванне, што «беларусы дасюль наўрад цi гатовыя да незалежнага iснавання»18, бо яны да нядаўняга часу знаходзiлiся пад iншаземным уплывам i былi «дыскрэдытаваныя» як нацыя без гiсторыi19.

Што датычыцца сучаснага стана беларускай нацыянальнай гiстарыяграфii, цiкавай з’яўляецца канцэпцыя нямецкага гiсторыка-беларусiста Р. Лiнднэра. Аўтар канстатуе адначасовае iснаванне «нацыянальнага» i «iмперскага» варыянтаў беларускай гiстарыяграфii на рубяжы стагоддзяў. Даследчык адзначае, што ў міжваеннае дваццацігоддзе «патрыятычная» гістарыяграфія гісторыі Беларусі на «ўсходніх крэсах», хоць наўпрост і не пераследавалася, развівалася ў складаных умовах, падобных да тых, якія неўзабаве склаліся для нацыянальных гісторыкаў у БССР20. У постсавецкiм кантэксце Р. Лінднэр выдзяляе асабiсты «беларускi шлях», паколькi нацыянальная гiстарыяграфiя не прызнаецца кiруючай палiтычнай элiтай i трымаецца на гiстарычных i маральных каштоўнасцях позняга савецкага перыяду. З пункту гледжання нямецкага вучонага, сучасная беларуская гiстарыяграфiя па-ранейшаму застаецца арэнай барацьбы iнтарэсаў даследчыкаў i палiтычных сентэнцый.

У пачатку 1990-х гг. пасля распаду савецкай дзяржавы i станаўлення незалежнай i суверэннай Беларусi ў гiстарычнай навуцы з’явiлася рэальная магчымасць эфектыўна выконваць свае грамадскiя функцыi: пазнавання мiнулага i гiстарычнай асветы (гнасеалагiчную i эпiстымiялагiчную). На змену манаполii марксiзму-ленiнiзму i iдэалагiчнаму дыктату КПСС—КПБ прыйшлi прынцыпы гiстарызму i пазiтывiзму ў вывучэнні раней закрытых тэм. Гэта з’явiлася благадатнай глебай для якасна новых змен у гiстарычнай навуцы.

Мiж тым, савецкая гiстарычная навука знаходзiлася ў прамым падпарадкаваннi «уласных асоб», большасць з якiх былі перакананыя ў тым, што яны маюць магчымасць прыстасоўваць гiсторыю да сваiх асабiстых жаданняў. Акрамя гэтага гiсторыя ведае шмат прыкладаў так званага «мяккага канфармiзму», калi гiсторыкi прыстасоўвалiся да афiцыйнай канцэпцыi. У вынiку гэтага ўзнiк тэрмiн «афiцыйная гiстарыяграфiя».

Дадзеная тэндэнцыя знайшла сваё ўвасабленне ў Беларусi, дзе разам з «афiцыйнай» iснуе «нацыянальная» гiстарыяграфiя, прадстаўнiкамi якой з’яўляюцца шмат акадэмiчных i унiверсiтэцкiх вучоных-гiсторыкаў: М. П. Касцюк, У. I. Навiцкi, М. О. Бiч, У. М. Мiхнюк, У. Н. Сiдарцоў, Г. Сагановiч, А. Краўцэвiч i iнш. Дзякуючы iх намаганням у канцы 1990-х гг. была распрацавана нацыянальная канцэпцыя гiсторыi i гiстарычнай адукацыi ў Беларусi, вызначаны iнстытуцыйныя i метадалагiчныя парадзiгмы ў беларускай гiстарычнай навуцы, пазначаны пазiтыўныя тэндэнцыi ў росце кадравага патэнцыялу вучоных-гiсторыкаў у апошняе дзесяцiгоддзе21. У 1999—2001 гг. Iнстытутам гiсторыi НАН Беларусi i Беларускiм гiстарычным таварыствам (Гродна) былi арганiзаваны навуковыя канферэнцыi па актуальных пытаннях нацыянальнай гiстарыяграфii22. Аўтары дакладаў падкрэслiвалi, што сярод гiсторыкаў-прафесiяналаў адбылося падзяленне на «нацыяналiстаў-неапазiтывiстаў» празаходняй арыентацыi i «патрыётаў-аб’ектывiстаў», прыхiльнiкаў адзiнства народаў Беларусi i Расii. Увогуле у беларускай гiстарычнай навуцы намецiлiся пазiтыўныя тэндэнцыi кансалiдацыi вучоных вакол нацыянальнай навуковай гiстарыяграфiчнай школы i паступовае вызваленне ад шматгадовага ўплыву расiйскiх навуковых цэнтраў Масквы i Санкт-Пецярбурга.

Не абмiнула дадзеная тэндэнцыя i праблематыку даследаванняў гiсторыi Заходняй Беларусi. Яна значна пашырылася за кошт магчымасцей вывучэння раней закрытых тэм i архiўных матэрыялаў. Прадстаўнiк «афіцыйнай» гiстарыяграфiчнай традыцыi В. Кушнер умоўным рубяжом павароту да асвятлення гiсторыi Заходняй Беларусi з новых метадалагiчных пазiцый лiчыць 1993—1994 гг., калi былi надрукаваны артыкулы прафесараў У. Ладысева i А. Хацкевiча23, у якіх разглядаліся праблемы арыштаў i дэпартацый у заходнiх абласцях Беларусi ў 1939—1941 гг.

Гродзенскi гiсторык А. Смалянчук сучасным навуковым «прарывам» лiчыць перавыданне кнiгi замежных беларускiх даследчыкаў Я. Найдзюка i I. Касяка «Беларусь учора i сяньня» (Мн., 1993), дзе беларускi чытач упершыню атрымаў магчымасць пазнаёмiцца з несавецкай канцэпцыяй падзей 23 жніўня і 17 верасня 1939 г. аб падзеле сфер уплываў паміж СССР і Германіяй у лёсе Польшчы. Увогуле у апошняе дзесяцiгоддзе прадстаўнiкi сярэдняга i малодшага пакалення беларускiх навукоўцаў — В. Белазаровіч, I. Вабiшчэвiч, У. Даніловіч, С. Кабяк, У. Калаткоў, Ю. Кітурка, У. Кузняцоў, В. Кушнер, У. Ладысеў, Р. Лазько, А. Лiтвiн, А. Савіч, С. Сіткевіч, А. Смалянчук, У. Снапкоўскі, М. Сямёнчык, С. Токць, Я. Траццяк, Н. Улейчык, А. Ціхаміраў, В. Цынкевіч24 i iнш., прыступiлi да пераадолення недахопаў i стэрэатыпаў савецкай гiстарыяграфii заходнебеларускай праблематыкі. Яны з пазiцый гiстарызму i пазiтывiзму прааналiзавалi наступствы Рыжскага дагавору ў лёсе народаў Польшчы, Лiтвы, Беларусi i Украiны; палiтыкi «паланiзацыi i асiмiляцыi ўсходнiх крэсаў» ІІ Рэчы Паспалітай; вынiкi пакта Рыбентропа—Молатава 23 жнiўня 1939 г. у падзеле Польшчы памiж Гiтлерам i Сталiным i пачатку Другой сусветнай вайны; дзейнасць Армii Краёвай на тэрыторыi Беларусi ў 1939—1941 гг.25 Мiж iншым, замежнымi даследчыкамi i часткай беларускiх неапазiтывiстаў празаходняй арыентацыi сацыялiстычныя пераўтварэннi на захадзе Беларусi пасля далучэння да БССР трактуюцца як таталiтарная палiтыка саветызацыi. Неад’емнай яе часткай былi арышты i дэпартацыi супраць мясцовага насельнiцтва па нацыянальнаму i рэлiгiйнаму прызнаку, рэпрэсii у адносiнах да палiтычных лiдэраў КПЗБ, КПП i iншых грамадскiх дзеячаў. Прыхiльнiкi «нацыянальнай» гiстарыяграфiчнай традыцыi разам з тым лiчаць, што нельга iгнараваць станоўчыя вынікі гiстарычнага аб’яднання беларускага народа ў адзiную суверэнную дзяржаву БССР пасля гвалтоўнага падзелу па Рыжскаму дагавору 1921 г.

Такiм чынам, напачатку 1990-х гг. правамерна вылучыць трэцi, сучасны перыяд у вывучэннi беларускай гiстарыяграфiяй заходнебеларускай праблематыкі. У рэчышчы аналiзу дадзенага пытання патрабуюць удакладнення мiжнародна-прававыя, сацыяльна-эканамiчныя i культурныя аспекты, якiя будуць разгледжаны аўтарам у асобным артыкуле.

 


 

1 Гл.: Пичета, В. Исторические судьбы Западной Украины и Западной Белоруссии. М., 1939; Егоров, Г. Западная Белоруссия. М., 1939; Клещев, А. О десятилетии воссоединения белорусского народа в едином Белорусском советском государстве: доклад на юбилейной сессии Верховного Совета БССР 29 октября 1949 г. Мн., 1949; Гарбуноў, Ц. Год пад сцягам Саветаў: да гадавiны вызвалення Заходняй Беларусi ад панскай Польшчы. Мн., 1940; Гарбуноў, Ц. Уз’яднанне беларускага народа ў адзiнай Савецкай сацыялiстычнай дзяржаве. Мн., 1949; Каменская, Н. Уз’яднанне беларускага народа ў адзiнай Беларускай савецкай сацыялiстычнай дзяржаве. Мн., 1948; Бородач, Г. Коммунисты Белоруссии в борьбе за социалистическое переустройство сельского хозяйства западных областей БССР. 1939—1950. Мн., 1953; Барадач, Г., Дамарад, К. Калектывiзацыя сельскай гаспадаркi ў заходнiх абласцях Беларускай ССР. Мн., 1959; Юхо, И. Установление Советской власти в Западной Белоруссии в 1939 г. Мн., 1954.
2 Гл.: Барадач, Г., Дамарад, К. Назв. тв. Мн., 1959. С. 26.
3 Гл.: Каменская, Н. Назв. тв. С. 7—12.
4 Гл.: Игнатенко, И. М., Мацко, А. Н. Дорогой борьбы и созидания. Мн., 1979; Кобяк, В. С. Под знаменем пролетарской солидарности. Мн., 1979; Ладысеў, У. Ф. Шлях да свабоды: з гiсторыi рэвалюцыйна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусi ў 1919—1939 гг. Мн., 1978; Мацко, А. Н. Революционная борьба трудящихся Польши и Западной Беларуси против гнета буржуазии и помещиков, 1918—1939 гг. Мн., 1972; Михнюк, В. Н. Социалистические преобразования в Западных областях БССР (сентябрь 1939—июнь 1941 гг.): историографический очерк. Мн., 1979; Полуян, В. А., Полуян, И. В. Революционное и национально-освободительное движение в Западной Белоруссии в 1920—1939 гг. Мн., 1962; Полуян, В. А. Революционно-демократическое движение в Западной Беларуси (1927—1939 гг.). Мн., 1978; Сорокин, А. А. Освободительное и революционное крестьянское движение в Западной Белоруссии. Мн., 1970; Царюк, И. О. Деятельность КПБ по осуществлению социалистических преобразований и организации социалистического строительства в западных областях Белоруссии (сентябрь 1939—июнь 1941 гг.): автореф. дис. ... д-ра ист. наук. Мн., 1975; Царюк, И. О. В братском союзе. Мн., 1976.
5 Гл.: Гiсторыя Беларускай ССР: у 5 т. Т. 4 / пад рэд. I. М. Iгнаценкi [i iнш.]. Мн., 1975. С. 114.
6 Гл.: Ховратович, И. П. Историография КПЗБ и революционного движения в Западной Белоруссии // В авангарде революционной борьбы. Мн., 1974; Михнюк, В. Н. Указ. соч. Мн., 1979; Ладысев, В. Ф. Деятельность Компартии Западной Белоруссии по организации трудящихся масс на борьбу за демократию, подведение их к социалистической революции: автореф. дис. ... д-ра ист. наук. Мн., 1988.
7 Гл.: Михнюк, В. Н. Указ. соч. Мн., 1979. С. 7.
8 Гл.: Ладысев, В. Ф. Деятельность Компартии Западной Белоруссии по организации трудящихся масс на борьбу за демократию, подведение их к социалистической революции: автореф. дис. ... д-ра ист. наук / Инситут истории Академии наук Беларуси. Мн., 1988. С. 4—7.
9 Гл.: Астрога, В. А. Палiтычныя i нацыянальна-культурныя праблемы Заходняй Беларусi 1939—1941 гг. у гiстарыяграфii БССР (1939—1941 гг.) // Bialoruskie Zeszyty Historyczne. 2000. N 13. S. 158—170; Смалянчук А. Верасень 1939 г. у савецкай i беларускай гiстарыяграфii // Гiстарычны альманах. 2000. Т. 3. С. 77—89; Кушнер, В. Асвятленне гiсторыi Заходняй Беларусi 1921—1941 гадоў у сучаснай беларускай гiстарыяграфii // Bialoruskie Zeszyty Historyczne. 2000. N 13. S. 144—157.
10 Гл.: Кушнер, В. Асвятленне гiсторыi Заходняй Беларусi 1921—1941 гадоў у сучаснай беларускай гiстарыяграфii // Bialoruskie Zeszyty Historyczne. 2000. N 13. S. 144—145.
11 Гл.: Петрыкаў, П. Ц. Перыядызацыя гісторыі гістарычнай навукі ў БССР // Весці Акадэміі навук БССР. Серыя грамадскiх навук. 1990. № 6. С. 52—65.
12 Гл.: Ладысев, В. Ф. В борьбе за демократические права и свободы. Мн., 1988; Зелинский, П. И. Политическая работа КПЗБ в массах. 1923—1938. Мн., 1986; Мисаревич, А. На освобожденной земле. Политическая работа в западных областях Беларуси. (сентябрь 1939—июнь 1941). Мн., 1989; Полуян, И. В. Западная Беларусь в период экономического кризиса 1929—1933 гг. Мн., 1991; 50 лет воссоединения Западной Беларуси с Белорусской ССР в составе Союза Советских Социалистических Республик: материалы научно-практической конференции. Гродно, 1989.
13 Гл.: Сяргеева, Г. Гiстарыяграфiя Беларусi ў даследаваннях беларускай эмiграцыi // Энцыклапедыя гiсторыi Беларусi. Т. 3. Мн., 1996. С. 28—30.
14 Гл.: Lubachko, I. Belorussia under Soviet Rule 1917—1957. Lexington, 1972; Lewin, M. The Making of the Soviet System: Essays in the Social History of Interwar Russia. London, 1985.
15 Гл.: Urban, P. The Nationality Question // Studies on the Soviet Union. 1969. Vol. XIX; Урбан П. Сучасныя палітычныя тэндэнцыі ў савецкай гістарычнай навуцы // Беларускі зборнік. Кн. 7. Мюнхэн, 1957; Zsporluk, R. The Nations of the USSR in 1970 // Survey. 1971. Vol. 17, N 4; Запруднiк, Я. Беларусь на гiстарычных скрыжаваннях. Мн., 1996; Найдзюк, Я., Касяк, І. Беларусь учора i сяньня. Мн., 1993; Mirаnowicz, E. Historia Bialorusi. Bialystok, 2001; Turonek J. Bialorus pod okupacja niemiecka, 1941—1944. Warszawa, 1993; Туронак, Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй, 1941—1944. Мн., 1994; Јatyszonek, O. Bialoruski ruch narodowy a protestantyzm w II Rzeczypospolitej // Spoleczeсstwo bialoruskie, litewskie i polskie na ziemach Polnocno-Wschodnich i Litwa Wschodnia w latach 1939—1941: Materialy z konferencji naukowej, 24—26 listopada 1993, Warszawa. Warszawa, 1995. S. 33—40; Iwanow, M. The Byelorussians of Eastern Poland under Sowiet Occupations, 1939—1941 / K. Sword (ed.) // The Sowiet Takeover of the Polish Eastern Provinces, 1939—1941. London, 1991. P. 257—278; Iваноў, М. Праблема прыналежнасцi Вiльнi i беларускае нацыянальнае пытанне ў 1939 г. // Беларускi гiстарычны часопiс. 1994. № 1. С. 32—38; Czykwin, E. Bialoruska mniejsznosc narodowa jako grupa stygnatyzowana. Bialystok, 2000; Sleszynski, W. Okupacja sowiecka na Bilostocyсe w latach 1939—1941. Propaganda i indoktrynacja. Bialystok, 2001.
16 Гл.: Shotwell, J., Laserson, M. Poland and Russer 1919—1945. Westport, 1977; Watt, R. Bitter Glory: Poland and its Fate in 1918 to 1939. New York, 1979; Rockett, R. Ethnic Nationalities in the Soviet Union: Sociological Perspective in a Historical Problem. New York, 1981; Connely, B. Fifty Years of Soviet Federalism in Belorussia // The Soviet West: Interplay between Nationality and Social Organization / Ed. by Clem R. S. New York, Washington, London, 1975; Seaton-Watson, H. Aftermath of Empire // Journal of Contemporary History. 1980. Vol. 15, N 1; Guthier, S. The Belorussians: National Identification and Assimilation, 1897—1970 // Soviet Studies. 1977. Vol. 29, N 1, 2; Burant, S. R. Foreign Policy and National Identity: A Comparison of Ukraine and Belarus // Europe — Asia Studies. 1995. V. 47, N 7.
17 Гл.: Schroeder, G. E. Social and Economic Aspects of the Nationality Problem // The Last Empire: Nationality and the Soviet Future. Stanford (Calif.), 1986. P. 309; Golszewski, F. Weissrussland auf dem Marsch in die Vergangheit // Frankfurter Allgemeine Zeitung, 1995. N 194.
18 Гл.: Burant, S. R. Belarus and the «Belarusian Irredenta» // Nationalities Papers. 1997. Vol. 25, N. 4. P. 653.
19 Гл.: Lindner, R. Nationsbildung durch Nationalgeschichte. Probleme der aktuellen Geschichtsdiskussion in Weissrussland // Osteuropa, 1994. N. 6.
20 Гл.: Lindner, R. Historiker und Herrschaft: Nationsbildung und Geschichtspolitik in Weissrussland im 19 und 20. Jahrhundert. Munchen, 1999; Лінднэр, Р. Гісторыкі і ўлада. Нацыятворчы працэс і гістарычная палітыка ў Беларусі ХІХ—ХХ стст. / пер. з ням. Л. Баршчэўскага. СПб., 2003. С. 180.
21 Гл.: Біч, М. О. Аб нацыянальнай канцэпцыі гісторыі і гістарычнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь // Беларускі гістарычны часопіс. 1999. № 1. С. 15—24; Сагановіч, Г. Дзесяць гадоў беларускай гістарыяграфіі // Беларускі гістарычны агляд. 2001. Т. 8, сш. Ѕ. С. 215—229; Краўцэвіч, А. Праблемы гістарычнай навукі на Беларусі // Перспектывы. Гістарычны альманах. 2001. Т. 4. С. 6—13; Сидорцов, В. Н. Методология исторического исследования. Механизм творчества историка. Мн., 2000.
22 Гл.: Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: стан і перспектывы развіцця // Матэрыялы навуковай канферэнцыі, прысвечанай 70-годдзю Інстытута гісторыі НАНБ (Мінск, 6—7 кастрычніка, 1999 г.). Мн., 2000; Problemy historiografii ojczystej, 19—21 stycznia, 2001, Grodno // Bialoruskie Zeszyty Historyczne. 2001. N 15. S. 255—257.
23 Гл.: Кушнер, В. Асвятленне гiсторыi Заходняй Беларусi 1921—1941 гадоў у сучаснай беларускай гiстарыяграфii // Biaіoruskie Zeszyty Historyczne. 2000. N 13. S. 144—157; Ладысеў, У. Цяжкi шлях выпрабаванняў // Беларускi гiстарычны часопiс. 1994. № 1. С. 81—88; Хацкевiч, А. Арышты i дэпартацыi ў заходнiх абласцях Беларусi (1939—1941 гг.) // Беларускi гiстарычны часопiс. 1994. № 1. С. 89—94; № 2. С. 70—76; Хацкевiч А. Армiя Краёва: што мы пра яе ведаем // Звязда. 1993. 30 красавіка; Хацкевiч, А. Аб раззбареннi груповак Армii Краёвай у Нарачанскай i Налiбоцкай пушчах (1943—1944) // Беларускi гiстарычны часопiс. 1996. № 1. С. 96—105. № 3. С. 44—55.
24 Гл.: Белозорович, В. А. Аграрные преобразования в Западных областях Беларуси. 1939—1952 гг.: автореф. дис. ... канд. ист. наук. Мн., 1999; Вабiшчэвiч, А. Праблемы нацыянальна-культурнага жыцця заходнiх абласцей БССР у 1939—1941 гг. // Bialoruskie Zeszyty Historyczne. 2000. N 13. S. 118—130; Вабішчэвіч, А. Таварыства беларускай школы (1921—1936 гг.) // Беларускi гiстарычны часопiс. 1995. № 1. С. 86—92; Даніловіч, В. В. Дзейнасць арганізацыі «Змаганне» у Заходняй Беларусі (1927—1930 гг.): аўтарэф. дыс. ... канд. гіст. навук / Белдзяржпедуніверсітэт. Мн., 2000; Калаткоў, У. Грамадска-палiтычнае жыццё ў Заходняй Беларусi ў 1939—1941 гадах паводле сучаснай беларускай гiстарыграфii // Bialoruskie Zeszyty Historyczne. 2000. N 13. S. 192—194; Кітурка, Ю. В. Беларусь у палітычных канцэпцыях Ю. Пілсудскага і Р. Дмоўскага (1892—1908 гг.): аўтарэф. дыс. ... канд. гіст. навук / Белдзяржуніверсітэт. Мн., 2001; Кузняцоў, I. Палiтычныя рэпрэсii ў Беларусi ў 1939—1949 гадах // Bialoruskie Zeszyty Historyczne. 2000. N 13. S. 45—70; Кушнер, В. Асвятленне гiсторыi Заходняй Беларусi 1921—1941 гадоў у сучаснай беларускай гiстарыяграфii // Bialoruskie Zeszyty Historyczne. 2000. N 13. S. 144—157; Ладысеў, У. Ф. Памiж Усходам i Захадам: станаўленне дзяржаўнасцi i тэрытарыяльнай цэласнасцi Беларусi (1917—1939 гг.) / У. Ф. Ладысеў, П. I. Брыгадзiн. Мн., 2003; Ладысеў, У. Ф. Аб’яднанне беларускай нацыі (да 65-годдзя ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР) // Беларускі гістарычны часопіс. 2004. № 9. С. 3—13; Лазько, Р. Р. Перад патопам: Еўрапейская палiтыка Польшчы (1932—1939 гг.). Мн., 2000; Лiтвiн, А. Армiя Краёва на Беларусi: да праблемы вывучэння // Беларускi гiстарычны часопiс. 1994. № 1. С. 65—73; Мацко, А., Кобяк, С. Нелегкая дорога к единению // Беларуская думка. 1999. № 8. С. 87—94; Савіч, А. А. Рэвалюцыйны нацыянальна-вызваленчы рух у Заходняй Беларусі ў 1921—1939 гг.: гістарыяграфія праблемы: аўтарэф. дыс. ... канд. гіст. навук / Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэмии навук Беларуси. Мн., 2002; Ситкевич, С. А. Деятельность польского подполья на территории Беларуси (1939—1954 гг.): историография проблемы: автореф. дис. ... канд. ист. наук / Институт истории Национальной академии наук Беларуси. Мн., 2002; Смалянчук, А. Верасень 1939 г. у савецкай i беларускай гiстарыяграфii // Гiстарычны альманах. 2000. Т. 3. С. 77—89; Снапкоўскі У. Е. Беларуская дзяржаўнасць і дыпламатыя ў ХХ стагоддзі // Белорусский журнал международного права и международных отношений. 2001. № 1. С. 46—50; Снапкоўскі У. Е. Беларусь у геапалітыцы і дыпламатыі перыяду Другой сусветнай вайны і пачатку халоднай вайны (1939—1947 гг.) // Внешняя политика Беларуси в исторической ретроспективе. Мн., 2002. С. 80—92; Снапкоўскі, У. Е. Знешнепалітычная гісторыя Беларусі (канец XVIII—пачатак XXI ст.): спроба сінтэтычнага агляду // Белорусский журнал международного права и международных отношений. 2003. № 4. С. 34—39; Сямёнчык, М. Пытаннi рабочага руху ў Заходняй Беларусi 1921—1939 гг. у польскай гiстарыяграфii // Беларускi гiстарычны часопiс, 1999. № 3. С. 15—17; Сямёнчык, М. Рабочы рух у Заходняй Беларусі (1921—1939 гг.): аўтарэф. дыс. ... канд. гіст. навук / Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Мн., 2000; Токць, С. Арганiзацыя савецкай уладай агiтацыйна-прапагандысцкай работы ў Беластоцкай вобласцi (1939—1941 гг.) // Bialoruskie Zeszyty Historyczne. 2000. N 13. S. 131—143; Траццяк, Я. Рэлiгiйная i нацыянальная палiтыка КП(б)Б у Заходняй Беларусi ў 1939—1941 гг. // Bialoruskie Zeszyty Historyczne. 2000. N 13. S. 171—185; Тихомиров, А. В. Проблемы определения восточной границы Польши в 1920—начале 1921 г. // Белорусский журнал международного права и международных отношений. 2004. № 2. С. 49—61; Улейчык, М. Фармiраванне савецкай iнтэлiгенцыi ў заходнiх абласцях Беларусi (1939—1950 гг.) // Беларускi гiстарычны часопiс. 1999. № 3. С. 12—14; Цынкевіч, В. М. Палітычныя ўзаемадачыненні паміж БССР і Польскай рэспублікай у 1921—1929 гг.: аўтарэф. дыс. ... канд. гіст. навук / Белдзяржуніверсітэт. Мн., 2004.
25 Гл.: Назаўсёды разам: да 60-годдзя ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР / пад рэд. У. І. Навіцкага. Мн., 1999; Праблемы ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР: гісторыя і сучаснасць / адк. рэд. П. І. Брыгадзін, У. Ф. Ладысеў. Мн., 2000; Рыжскі мірны дагавор 1921 г. і лёсы народаў Усходняй Еўропы / пад навук. рэд. У. Ф. Ладысева. Мн., 2001; ХХ стагоддзе ў гісторыі палякаў і беларусаў. Мн., 2001; Внешняя политика Беларуси в исторической ретроспективе. Мн., 2002; Юзаф Пілсудскі ў гісторыі Польшчы і Беларусі / адк. рэд.-склад. К. І. Казак, Р. Р. Лазько. Мн., 2002.


Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter

Сообщество

  • (029) 3222740
  • Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
© 2019 Международное общественное объединение «Развитие». All Rights Reserved.