Белорусский журнал международного права и международных отношений 2005 — № 3


международные отношения

АРГАНІЗАЦЫЯ ДЫПЛАМАТЫЧНАЙ СЛУЖБЫ Ў ВКЛ У КАНЦЫ XIV—ПАЧАТКУ XVI стст.

Віктар Цішчанка

Аўтар:
Цішчанка Віктар Васільевіч — аспірант Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

Рэцэнзенты:
Казакоў Юрый Леанідавіч — кандыдат гістарычных навук, дацент, намеснік дэкана гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта
Канановіч Уладзімір Ільіч — кандыдат гістарычных навук, супрацоўнік Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі

Дыпламатыя заўсёды была адным з галоўных сродкаў рэалізацыі знешняй палітыкі дзяржавы. Дыпламатычная служба ВКЛ уключала сваіх супрацоўнікаў, этыкет і дакументацыю. Аднак дзяржава яшчэ не мела спецыяльных устаноў для такога віда дзейнасці. Дыпламатычныя адносіны з іншымі дзяржавамі з’яўляліся традыцыйнай формай ажыццяўлення знешняй палітыкі. Асноўным відам дзейнасці дыпламатыі ВКЛ былі перамовы. У залежнасці ад спосабу іх правядзення вылучаліся: абмен дыпламатычнымі лістамі і граматамі, пасольствамі і непасрэдная сустрэча манархаў. Перамовы маглі быць двухбаковымі і шматбаковымі; палітычнымі, якія вяліся на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў, і дыпламатычнымі, якія ажыццяўляліся ўпаўнаважанымі пасламі [1; 2, s. 132—135; 3, с. 164—165].

У канцы XIV—пачатку XVI стст. дыпламатычнымі контрагентамі ВКЛ з’яўляліся Тэўтонскі ордэн (Прусія), Інфлянты (Лівонія), Заволжская Арда, Крымскае ханства, Нагайская Арда, Польшча, Маскоўская дзяржава, Цвер, Вялікі Ноўгарад, Пскоў, Валахія, Венгрыя, Чэхія і інш. Інтэнсіўнасць іх з цягам часу змянялася. Пасля ліквідацыі крыжацкай пагрозы кіраўніцтва ВКЛ пачало арыентавацца пераважна на ўсходні і паўднёвы напрамкі. З канца XV ст. галоўнымі сталі адносіны з Маскоўскай дзяржавай і Крымскім ханствам.

У ВКЛ, як і ў большасці тагачасных еўрапейскіх краін, акрамя дзяржаў Апенінскага паўвострава, не існавала інстытута сталых паслоў-рэзідэнтаў, якія б пастаянна знаходзіліся пры двары іншаземнага ўладара. Пасольствы насілі толькі часовы характар [4, с. 7—8; 5, с. 44, 49]. Не існавала і прафесійных дыпламатаў, як і спецыяльных устаноў, дзе б іх рыхтавалі. Будучыя дыпламатычныя дзеячы атрымлівалі неабходныя веды і вопыт у асноўным на практыцы. Пры Аляксандры Казіміравічы ў ВКЛ узрасло значэнне дыпламатычнай дзейнасці. ВКЛ імкнулася праз перамовы вырашыць спрэчныя пытанні з Масквой, знайсці саюзнікаў у сваёй барацьбе і нейтралізаваць прыхільнікаў Масковіі. Асабліва інтэнсіўныя кантакты ВКЛ падтрымлівала з Маскоўскім княствам, Вялікай і Крымскай ардой, Польшчай і Тэўтонскім Ордэнам [6, с. 57—58, 63—64, 223—225; 7, с. 118—120, 122—136, 147, 212—214].

У сярэднявеччы ўсеагульным было перакананне, што манарх — адзіны суб’ект суверэннасці ў дзяржаве, які узначальваў дыпламатычную службу і меў выключнае права прадстаўляць краіну на міжнароднай арэне. Усе афіцыйныя дыпламатычныя кантакты ВКЛ з іншымі дзяржавамі належалі да кампетэнцыі вялікага князя і падтрымліваліся ад яго імя і з яго дазволу. Неад’емным атрыбутам імені ўладара, да якога накіроўваліся замежныя пасольствы і які сам іх адпраўляў, быў яго тытул. У ім увасабляліся рэальныя ўладанні манарха, які насіў гэты тытул. Маглі ўплываць і прэтэнзіі на пэўныя тэрыторыі. У ВКЛ пытанне тытулатуры вярхоўнага ўладара мела сваю спецыфіку, паколькі з 1447 г. і да канца разглядаемага перыяду, за выключэннем 1492—1501 гг., калі асобным уладаром у краіне быў Аляксандр Казіміравіч, вялікія князі літоўскія адначасова з’яўляліся і каралямі польскімі. На паўнату тытула, ужыванага дыпламатычнымі контрагентамі ВКЛ у адносінах да вялікага князя, значны ўплыў аказваў узровень адносін з імі [8, с. 80, 110, 139, 145, 165, 261]. Незалежна ад мовы напісання на першым месцы ў тытулатуры гаспадара ВКЛ заўсёды стаяў тытул караля польскага і як больш высокі ў пэўным сэнсе засланяў тытул вялікага князя.

Усе міжнародныя дагаворы набывалі юрыдычную сілу толькі пасля замацавання іх асабістай прысягай і пячаткай гаспадара. Адзін з актаў Віленска-Радамскай уніі ў студзені 1401 г. быў выдадзены ад імя Вітаўта [9, s. 71—73]. Таксама як адна з грамат Гарадзельскай уніі 1413 г. выдавалася ад імя Ягайлы і Вітаўта [10, с. 212]. У 1440 г. вялікім князем Казімірам быў падпісаны дагавор з Ноўгарадам [6, с. 244—245]. У 1494 г. Аляксандр падпісаў мірны дагавор з вялікім князем маскоўскім Іванам ІІІ, а ў 1509 г. — Жыгімонт Стары — з Васілём ІІІ [8, с. 111—137; 11, с. 60—62].

Але ў рэчаіснасці любое дыпламатычнае мерапрыемства ў гэты час з’яўлялася звычайна вынікам сумеснай дзейнасці гаспадара і яго дарадцаў (буйных князёў і паноў). Так, аб гэтым сведчыць праект дагавора паміж ВКЛ і Ордэнам, складзены ў 1396 г., дзе магістр патрабаваў, каб акт быў замацаваны клятвай не толькі Вітаўта, але і вышэйшай знаці [9, s. 42]. На дагаворы паміж Ордэнам і ВКЛ на востраве Салін у кастрычніку 1398 г. разам з пячаткай вялікага князя прысутнічалі і пячаткі яго князёў і баяр у якасці паручыцеляў [9, s. 55]. У 1427 г. для перамоў з наўгародскім пасольствам Вітаўт сабраў савет з «высших бояр» [9, s. 757].

Грамадзянская вайна 30-х гг. XV ст., пэўны перыяд рэгенства пры малалетнім Казіміры, буйнамасштабныя раздачы зямель свецкім і духоўным феадалам вялікімі князямі, частыя ад’езды вялікага князя Казіміра ў Польшчу, калі ён быў адначасова польскім каралём, прывялі да пашырэння кампетэнцыіі ў дзяржаўных справах паноў-рады. У гады панавання Казіміра роля Рады ў дыпламатычных справах істотна ўзрасла. У 1444 г. магістр Тэўтонскага Ордэна Конрад фон Эрліхсхаусэн прапаноўваў вялікаму князю Казіміру прызначыць агульны з’езд для вырашэння памежных спраў. Казімір адказаў, што яму трэба абмеркаваць гэта ў Радзе [12, c. 47]. У канцы 1447 г. дагавор паміж Тэўтонскім Ордэнам і ВКЛ быў замацаваны прысягай вялікага князя, а таксама князёў і паноў. У данясенні магістру нямецкія паслы паведамлялі, што падчас перамоў Казімір раіўся з панамі-рады [5, c. 108]. Дагавор 1471 г. з Ноўгарадам быў за-ключаны ад імя Казіміра, але заканчваўся так: «А на томъ на всемъ, честны Король, крестъ целуй ко всему Великому Новугороду за все свое Княжество и за всю раду Литовскую» [13, с. 64]. У 1480 г. у Троках адбываліся перамовы з пскоўскай дэлегацыяй. Выслухаўшы яе прамову і патрабаванні, уладар ВКЛ адказаў: «Ино о всемъ о томъ хочомъ помыслити съ паны радою нашою и своимъ посломъ откажомъ» [14, стб. 344].

Аб узрастанні ўплыву велікакняжацкага атачэння ў сярэдзіне XV ст. сведчыць прызнанне за Радай замежнымі дзяржавамі права ўступаць у дыпламатычныя зносіны. У 1454 г. магістр Ордэна Людвік фон Эрліхсхаусэн скардзіўся радным панам на вялікага князя, які як польскі кароль пачаў вайну, і прасіў утрымаць яго ад варожых дзеянняў [15, s. 199]. У 1473 г. магістр Ордэна Хенрык фон Рыхтэнберг прасіў прабачэння ў Рады за тое, што не выслаў дэпутатаў на запланаваны для вырашэння спрэчных пытанняў з’езд [12, c. 47].

Калі вялікі князь знаходзіўся ў Польшчы, то паны-рада па яго даручэнні і з яго згоды замяшчалі манарха ў дыпламатычных справах. Але любыя дзеянні Рады, якія ажыццяўляліся супраць волі правіцеля, лічыліся незаконнымі. Аб кожным сваім кроку паны-рада павінны былі паведамляць манарху. Праўда, у надзвычайных сітуацыях, як гэта было пры ўзмацненні так званай апазіцыі Гаштольда,
частка Рады спрабавала праводзіць уласную дыпламатычную палітыку, якая была накіравана супраць Казіміра і Польшчы [15, s. 196; 16, s. 110; 17, s. 46—47]. Аднак гэтыя спробы Рады былі эпізадычнымі і няўдалымі [18, c. 10].

У гады панавання Казіміра Ягайлавіча Рада ператварылася з дапаможнага ў асобны дзяржаўна-палітычны інстытут, які абмяжоўваў уладу гаспадара. Вялікі князь да 1492 г. фактычна ажыццяўляў дыпламатычную дзейнасць разам з панамі-рады, знаходзячыся пад значным іх ўплывам. Прывілей 1492 г. юрыдычна замацаваў залежнасць вялікага князя ад Рады ў дыпламатычных справах. Артыкул 13 прадпісваў манарху накіроўваць пасольствы паводле парады радных паноў [10, с. 223]. Ён афіцыйна замацоўваў існаваўшую практыку сумеснага ажыццяўлення дыпламатычных кантактаў манархам разам з Радай, што яшчэ ў большай ступені, чым раней, абавязвала правіцеля вырашаць знешнепалітычныя праблемы сумесна з панамі-рады.

Крыніцы пасля 1492 г. цалкам пацвярджаюць супрацоўніцтва вярхоўнага ўладара і Рады ў дыпламатычных адносінах. У 1493 г. Аляксандр Казіміравіч паведамляў, што «виделося намъ и Радамъ нашымъ, шлемъ вжо отъ насъ пословъ до цара заволского». У 1495 г. манарх паведамляў Яну Ольбрахту, што наконт дагавора з палякамі ён размаўляў «с паны Радами... и казал... волю свою и пановъ Рады... поведити» [6, c. 71, c. 94]. У 1499 г. Аляксандрам Казіміравічам быў падпісаны мірны дагавор з малдаўскім ваяводам Стэфанам: «и на то записъ наш твоим послом есмо дали, и до тебе есмо …послали и перед твоими послы на том присягою нашою есмо к тобе ся утвердили со всеми паны Радою нашою». Пагадненне было замацавана пячаткамі вялікага князя і радных паноў [6, c. 141].

Пасольствы арганізоўваліся наступным чынам. Манарх сам вызначаў кандыдатуру пасла ці ганца, колькасны склад місіі і паведамляў аб гэтым панам-рады, якія ў абсалютнай большасці выпадкаў згаджаліся з яго рашэннем. Часам падбор кандыдатаў даручаўся Радзе [19, с. 142, 169]. Рбдныя паны паведамлялі манарху аб выбраных кандыдатах, пасля чаго апошнія атрымлівалі гаспадарскі загад на ад’езд за мяжу, а падскарбі земскі даваў «выправу» (матэрыяльнае забеспячэнне) паслам. Калі ж паны-рады ў час знаходжання ўладара ў Польшчы самастойна, ад свайго імя адпраўлялі пасольствы, то яны таксама паведамлялі аб гэтым вялікаму князю, а справа лічылася сумеснай. У выпадку адсутнасці прызначанага пасла ці ганца побач з гаспадаром ці Радай да абраных асоб высылаўся ліст з загадам збірацца ў дарогу, а таксама «навука» (інструкцыя) і іншыя неабходныя дакументы [18, с. 11; 19, с. 169; 20, с. 34].

У 1520 г. «навука» гаспадарскім паслам, якія адпраўляліся ў Маскоўскую дзяржаву, была дадзена вялікім князем і раднымі панамі. Але паны-рада маглі і самі складаць «навуку» паслам, як было ў 1507 г. [11, c. 8, 131—134].

Арганізацыя і адпраўленне пасольстваў звычайна ажыццяўляліся ў даволі вузкім коле дарадцаў вялікага князя, самых уплывовых членаў Рады, але афармляліся як вынік сумеснай дзейнасці ўсяе Рады. Здаралася і так, што спачатку пералічваліся рэальныя ўдзельнікі арганізацыі пасольстваў, а далей пісалася: «и отъ всихъ князей и пановъ рады господаря нашего» [8, с. 332—334; 19, с. 122; 20, с. 25].

З часоў панавання Аляксандра (з 1492 г.) Рада стала больш інтэнсіўна перапісвацца і абменьвацца пасламі з замежнымі рэспандэнтамі. Зносіны з польскай Радай насілі афіцыйны міждзяржаўны характар [6, с. 57, 61—62, 83—84]. Стасункі з Баярскай думай Маскоўскай дзяржавы былі паўафіцыйнымі. Да іх звярталіся пад час спынення афіцыйных дыпламатычных кантактаў, калі адбываліся ваенныя дзеянні. Нярэдка з такіх захадаў пачыналіся перамовы аб міры [8, с. 332—340; 18, с. 10—11]. Рада падтрымлівала дыпламатычныя сувязі з іншаземнымі манархамі: польскім каралём Янам Ольбрахтам, мазавецкімі князямі, крымкім ханам Менглі-Гірэем [19, с. 103—105, 109, 119—120, 123—124]. У той час, калі Аляксандр Казіміравіч, з’яўляючыся польскім каралём, знаходзіўся ў Польшчы, паны-рады самі выпраўлялі паслоў у іншыя краіны, забяспечваючы іх усім неабходным, высылалі «ўпамінкі» татарам [21, s. 281—282; 22, c. 36—38, 42, 47].

Часам такія адносіны набывалі форму прыватных кантактаў паміж асобнымі раднымі панамі і іх калегамі за мяжой, асабліва маскоўскімі баярамі. На практыцы ж за імі заўсёды стаяла гаспадарская Рада in corpore [4, с. 31; 23, с. 137]. Згодна традыцыіі кіеўскія ваяводы з’яўляліся дыпламатычнымі пасрэднікамі паміж крымскімі ханамі і вялікімі князямі ВКЛ [11, с. 117—119; 14, с. 326]. Але паны-рада, дзейнасць якіх з’яўлялася складовай часткай дыпламатыі ВКЛ [18, с. 10—11], заўсёды дзейнічалі ў паразуменні з манархам. Аб гэтым добра сведчыць прыклад 1500 г., калі радныя паны прасілі прабачэння ў польскага Сената за тое, што доўга не высылалі да яго свайго пасольства, «ино тая се речъ такъ долго естъ вмешкала для хоробы пана нашого» [6, с. 146].

Такім чынам, у разглядаемы прамежак часу вялікі князь фактычна ўзначальваў дыпламатычную службу ВКЛ. Ад імя манарха адпраўляліся пасольствы і да яго яны прысылаліся. Правіцель выпраўляў пасольствы, падбіраў паслоў, забяспечваў іх усім неабходным, прымаў іншаземныя пасольствы, заключаў міжнародныя пагадненні і г. д. Аднак усё пералічанае ён рабіў ці разам з панамі-рады, пераважна ў вузкім асяродку, ці пасля кансультацый з імі. Уплыў паноў-рады на манарха ў дыпламатычных справах з сярэдзіны XV да пачатку XVI ст. значна вырас. Сумеснае вырашэнне дыпламатычных спраў манархам і раднымі панамі было юрыдычна замацавана ў агульназемскім Прывілеі 1492 г. Рада разам з вярхоўным уладаром з’яўлялася аўтарам знешнепалітычнай праграмы краіны. Яна, з аднаго боку, задаволілася кантролем за рашэннямі гаспадара і не рабіла спроб перахапіць кіраўніцтва пасольскай службай, а з другога — была супраць канцэнтрацыі яго ў руках якога-небудзь аднаго раднага пана [18, с. 11]. Падчас адсутнасці ў ВКЛ гаспадар даручаў панам-рады дыпламатычныя справы, але пад уласным кантролем. Самія ж ураднікі без згоды вярхоўнага ўладара ў міжнародныя кантакты ўступаць не маглі.

Вялікія князі Казімір Ягайлавіч з 1447 г., Аляксандр Казіміравіч з 1501 г. і Жыгімонт Стары адначасова з’яўляліся і польскімі каралямі. Дзве краіны ў міжнародных адносінах прадстаўляла адна персона. У гэты час ВКЛ і Польшча ў дыпламатычных адносінах дзялілі сферы дзейнасці. ВКЛ арыентавалася на краіны Усходняй Еўропы, а Польшча — Цэнтральнай і Заходняй. Яны прадстаўлялі інтарэсы адзін аднаго за мяжой, што змяншала выдаткі на дыпламатычную дзейнасць [18, с. 8—9]. Аднак кожная з дзяржаў праводзіла асобны знешнепалітычны курс, які каардынаваўся з курсам партнёра па дынастычнай уніі толькі па пытаннях, якія закраналі інтарэсы абодвух краін. Тады ж, калі краіны кіраваліся асобнымі гаспадарамі, сфера дзейнасці іх дыпламатыі пашыралася, што было выклікана неабходнасцю падтрымліваць кантакты з тымі дзяржавамі, з якімі дагэтуль меў дачыненні іншы бок.

За мяжой пасол з’яўляўся адлюстраваннем свайго гаспадара, яго асабістым прадстаўніком. Пасол выконваў разнастайныя даручэнні ўладара. Аб значэнні гаспадарскага пасла яскрава сведчыў Статут 1529 г., які гарантаваў яго бяспеку пад час знаходжання на дзяржаўнай службе смяротным пакараннем [24, с. 33]. Пасламі звычайна былі бліжэйшыя паплечнікі вялікага князя — паны-рады. Таксама імі з’яўляліся служачыя гаспадарскай канцылярыі, прыдворныя шляхціцы, свецкія і духоўныя асобы. Але колькасць духоўных асоб на дыпламатычнай службе ВКЛ была ніжэйшай, чым у Заходняй Еўропе [20, с. 31—32]. Удзел мяшчан у дыпламатычных зносінах быў нязначным. Але часам асобныя прадстаўнікі гэтага саслоўя, галоўным чынам іншаземцы, выступалі ў якасці ганцоў ці талмачоў [8, с. 283; 21, s. 357—358, 378—380].

У залежнасці ад ранга дыпламаты выконвалі розныя функцыі. На ніжэйшым узроўні знаходзіліся ганцы, якія перавозілі дыпламатычную пошту. Яны набіраліся пераважна з шэраговай шляхты. Ганцамі маглі быць адпраўлены і некаторыя радныя паны, але часцей у гэтай ролі выступалі пісары, якія мелі доступ у Раду. Карэспандэнцыю дастаўлялі часам купцы і прыватныя асобы [25].

На больш высокай ступені ў пасольскай іерархіі знаходзіліся паслы. Яны падзяляліся на проста «паслоў» і «вялікіх паслоў». Звычайныя паслы маглі называцца таксама «пасланнікамі» ці «пасланцамі» [26, с. 295]. «Вялікія паслы» мелі паўнамоцтвы на заключэнне міжнародных пагадненняў. Пасламі і вялікімі пасламі прызначаліся паны-рады, самыя ўплывовыя асобы ў дзяржаве. Вялікімі пасламі да крымскага хана з-за моцнай небяспекі былі звычайна менш значныя радныя паны і ўраднікі. Тэрміны «пасол» і «вялікі пасол» выкарыстоўваліся ў адносінах з Маскоўскай дзяржавай і татарамі, а з краінамі Цэнтральнай і Заходняй Еўропы — тэрміны «nuntius» і «orator» [6, с. 61—62, 77—81; 20, с. 33].

Разам з дыпламатамі ехалі іх «почты», у асяроддзі якіх вылучаецца 4 тыпы прадстаўнікоў у залежнасці ад функцый пад час выканання місіі:

1) надзейныя сябры і сваякі паслоў, іх давераныя асобы, гаспадарскія шляхціцы — ганаровы эскорт дыпламатаў, якія выкарыстоўваліся і падчас аўдыенцый [8, с. 363—412];

2) пісары, сакратары, талмачы. Яны адказвалі за вядзенне пасольскай дакументацыі, займаліся падрыхтоўкай карэспандэнцый, прамоваў, тэкстаў пагадненняў, запісам хода перамоў, перакладам прамоваў і дакументаў;

3) прыставы і праваднікі. Прыставы забяспечвалі місіі ў дарозе ўсім неабходным, гарантавалі бяспечны праезд і з-за боязі шпіянажу ўважліва сачылі, каб паслы не мелі непатрэбных кантактаў з мясцовым насельніцтвам. Прыставы суправаджалі паслоў і ў месцы іх побыту [27, с. 210—211]. Яны меліся толькі ў краінах Усходняй Еўропы. У Заходняй Еўропе з-за большай бяспекі перамяшчэння інстытут прыставаў адсутнічаў. Па незнаёмай мясцовасці з пасламі ехалі праваднікі з мясцовых жыхароў. У 1421 г. Жыльберт де Лянуа, пасол двух каралёў — Генрыха V і Карла VI — перад сваім ад’ездам з ВКЛ атрымаў ад Вітаўта некалькі праваднікоў [28, с. 45—46]. Венецыянскі пасол Амброджо Кантарыні, які ехаў у Персію, у 1474 г. праязджаў праз ВКЛ, дзе да Кіева яго суправаджалі праваднікі вялікага князя. Калі Кантарыні ў 1477 г. вяртаўся з Персіі, у Троках Казімір таксама даў яму праваднікоў [29, с. 211, 212, 234];

4) асабістыя слугі дыпламатаў [8, с. 412—439].

У абмене пасольствамі павінна была быць раўнавага. За рэдкім выключэннем, два разы запар адпраўляць паслоў да аднаго і таго ж правіцеля было нельга. Адправіць паслоў першаму значыла апынуцца ў становішчы прасіцеля. Толькі пры ўступленні на прастол новага ўладара не было пагрозы для «чести» манарха, які першым адправіў пасольства [4, с. 57]. Вялікія паслы рухаліся павольней за простых паслоў, а апошнія — за ганцоў. З сённяшняга пункту гледжання і ганцы ездзілі не вельмі хутка. З Масквы да Вільні яны дабіраліся за 10—14 дзён [8, с. 199—201, 277—288]. Карэспандэнцыя з Крымам патрабавала яшчэ больш часу.

Усе выдаткі на адпраўленне сваіх і прыняцце замежных паслоў нёс дзяржаўны скарб ВКЛ. У кошт пасольстваў уваходзіла іх грашовае забеспячэнне, падарункі для іншаземнага ўладара і яго бліжэйшага атачэння. Жыхары мясцовасцей, праз якія пралягалі пасольскія маршруты, дастаўлялі дыпламатам прадукты харчавання і падводы. За выключэннем татарскіх краін, за мяжой паслы ВКЛ знаходзіліся на ўтрыманні прымаючага боку. Дыпламатычная служба вымагала значных матэрыяльна-грашовых выдаткаў. На яе патрэбы ішлі даходы з уладанняў вялікага князя, а таксама надзвычайныя падаткі («сярэбшчына», «пагалоўшчына»). Сродкаў заўсёды не хапала. Таму ў пасольствы імкнуліся высылаць заможных асоб, якія мелі магчымасці за свой кошт пакрыць значную частку расходаў, не чакаючы кожны раз іх неадкладнага звароту дзяржавай [14, с. 178; 30, s. 768—769].

Гаспадарская канцылярыя практычна забяспечвала дыпламатычную службу неабходнымі архіўнымі звесткамі і дакументамі, займалася падрыхтоўкай і адпраўленнем паслоў [20, с. 26, 31; 31, с. 394; 32, с. 36—38].

Пасольская дакументацыя ўмоўна падзялялася на тры групы:

1) асабістыя дакументы паслоў: а) «верыцельная» грамата ад імя манарха, які адпраўляў пасольства, у якой утрымліваліся звесткі аб паслах, пацвярджаліся іх асобы і паўнамоцтвы, указвалася мэта місіі. Да граматы прывешвалася гаспадарская пячатка; б) «мандат — дазвол паслам заключыць пагадненне» [8, с. 625; 18, с. 17—18]; в) «апасны» («глейтоўны») ліст гарантаваў ад імя прымаючага боку недатыкальнасць пасольства на сваёй тэрыторыі [8, с. 109]; г) «падарожныя» («падводныя», «праезджыя») лісты забяспечвалі паслоў падводамі і харчаваннем, а таксама фуражом для коней пад час дарогі [20, с. 40];

2) дакументы, прызначаныя для выканання пасламі дыпламатычнага даручэння: «навука» рэгламентавала паводзіны дыпламатаў на перамовах і аўдыенцыях [7, с. 134—136; 11, с. 8]. Пасольская «навука» асабліва не абмяжоўвала ініцыятыву паслоў ВКЛ, якія мелі дастаткова шырокі прастор у сваіх дзеяннях [7, с. 210—212];

3) вынікі пасольства: міждзяржаўныя дагаворы, справаздачы паслоў і інш. Калі заключалася перамір’е ці мір, то паслы атрымлівалі ад супрацьлеглага боку, пасля абраду крыжацалавання, «даканчальную» ці перамірную грамату. Паслы прывозілі яе да свайго ўладара, які таксама прыносіў прысягу на грамаце у прысутнасці прадстаўнікоў таго манарха, з якім заключалася пагадненне. У дакументах таго часу подпіс гаспадара ў параўнанні з пячаткай адыгрываў другасную ролю. Часта ён ўвогуле адсутнічаў [33, с. 40]. Кожны з манархаў пакідаў сабе на захаванне экзэмпляр дагавора другога боку. Абрад крыжацалавання, які ажыццяўляўся ім на тэксце дагавора, з’ўляўся абавязковай урачыстай ратыфікацыяй акта, адзінай надзейнай дыпламатычнай гарантыяй выканання дамовы [4, с. 28, 173, 175].

Пасля заканчэння місіі пасольства распускалася і паслы вярталіся да сваёй асноўнай, звычайнай дзейнасці. Вярнуўшыся дадому, дыпламаты рабілі справаздачу аб сваёй выправе, якая мела пераважна вусны характар [20, с. 42—43]. Асноўнай мовай дыпламатыі ВКЛ была старабеларуская. Таксама выкарыстоўваліся лацінская, татарская, нямецкая і польская мовы [34, s. 18; 35, s. 377—378].

Пасольствы ў ВКЛ прымаліся наступным чынам. Аб сваім набліжэнні паслы датэрмінова паведамлялі ваяводзе (намесніку) памежнага горада, ад якога атрымлівалі грамату з дазволам на ўезд. На мяжы іх сустракаў велікакняжацкі прыстаў, які са сваёй камандай суправаджаў пасольства амаль да самай Вільні, забяспечваючы яму праезд, харчаванне і бяспеку [27, с. 232]. У агульных рысах цырыманіял сустрэчы пасольстваў быў аднолькавым ва ўсіх еўрапейскіх краінах. Некалькі не даязджаючы да Вільні паслоў звычайна сустракаў вялікі прыстаў, адзін з членаў Рады, які суправаджаў іх у сталіцу. Па дарозе насустрач маглі выязджаць маршалкі і дваране. У час знаходжання на пасольскім двары паслы былі пад наглядам прыстава і яго каманды. З паведамленнем аб прызначанай аўдыенцыі да паслоў на падвор’е прыязджалі прыстаў, гаспадарскія маршалкі. Колькасць аўдыенцый у манарха залежала ад ранга дыпламата, характара місіі, адносін паміж краінамі. Хоць адзін раз сустрэча павінна была адбыцца, нават з простымі ганцамі. Паслы бывалі на аўдыенцыях не менш за два разы. Абавязковым лічылася прадстаўленне іх гаспадару і развітанне з імі. Самай урачыстай была першая аўдыенцыя, на якой пасол прадстаўляўся манарху, уручаў граматы і падарункі. Апошні прыём у гаспадара называўся «отпуск». Тут манарх развітваўся з пасламі, перадаваў паклон ці чалабіцце прыслаўшаму іх уладару, абяцаў выправіць з адказам сваіх дыпламатаў і даваў цалаваць руку на развітанне. Паслам маглі даваць і пісьмовы адказ. Без апошняга прыёма, на якім указваўся шлях следавання і даваўся праважаты, паслы не маглі ад’ехаць [4, с. 126; 26, с. 309]. Пасля гэтага адбываліся ўрачыстыя провады пасольства да таго месца, дзе яго сустракалі. Адтуль пасольская працэсія разам з прыставамі рухалася да мяжы.

У 1421 г. Жыльберт де Лянуа пасля прыбыцця ў г. Камянец абвясціў перад вялікім князем Вітаўтам (якога суправаджалі жонка, некалькі князёў і значная колькасць баяраў) сяброўскія прапановы англійскага і французскага каралёў, і прадставіў яму падарункі англійскага караля. Вітаўт аказаў дыпламату вялікую павагу, добра частаваў яго і тры разы заклікаў да сябе на абеды, пад час якіх сажаў Жыльберта де Лянуа за свой стол. Перад ад’ездам Жыльберта де Лянуа Вітаўт зрабіў яму вельмі добрыя падарункі: золата, срэбра, шубы, шапкі, тканіны, чашкі, зброя, коні [28, с. 45, 46]. Вяртаючыя з Персіі Амброджо Кантарыні 12 лютага 1477 г. прыбыў у Трокі, дзе ў той час знаходзіўся вялікі князь Казімір. 14 лютага ўладар ВКЛ, які даведаўся аб прыездзе дыпламата, прыслаў да Кантарыні двух «дваран-рыцараў» з тым, каб павіншаваць яго з прыбыццём і заклікаць на наступны дзень да сябе на абед, перад якім адбылася аўдыенцыя Кантарыні з Казімірам Ягайлавічам. 15 лютага 1477 г. вялікі князь прыслаў паслу ў падарунак дарагое адзенне і заклікаў у палац. Для Кантарыні Казімір прыслаў уласныя сані, якія былі запрэжаныя шасцю вельмі добрымі рысакамі. Чацвёра «каралеўскіх баронаў стаялі ва ўвесь рост на санных адводах», а іншыя ўрачыста суправаджалі ганаровага госця ў велікакняжацкую рэзідэнцыю. Калі Кантарыні ўвайшоў у палац, манарх правёў яго ў свае пакоі. Сам Казімір сеў на крэсла, а з двух бакоў ад гаспадара стаялі двое яго сыноў. У гэтым жа пакоі знаходзілася «шмат баронаў, знатных рыцараў і іншых сіньёраў». Уладар ВКЛ сустракаў дыпламата вельмі ветліва. Ужо седзячы перад Казімірам Кантарыні распавёў аб сваім небяспечным падарожжы. Яго аповяд цягнуўся больш за паўгадзіны. Пасля гэтага венецыянскі пасол падзякаваў вялікаму князю за падарунак і добрую сустрэчу. Казімір адказаў праз перакладчыка, што вельмі задаволены яго вяртанню, а таксама цікавым аповядам. Затым з ганаровым суправаджэннем дыпламата правялі ў іншую залу, дзе ўжо былі накрытыя сталы. Праз некаторы час туды прыйшоў і вялікі князь з сынамі і сеў за стол.
З правага боку ад яго сядзелі сыны, з левага — «польскі прымат», а побач з ім размясціўся Кантарыні, недалёка ад манарха. Шматлікія «бароны» расселіся за сталамі некалькі далей ад свайго ўладара. Іх было каля 40 чалавек. На абедзе, які цягнуўся каля дзвюх гадзін, было шмат ежы, якую падавалі на вялікіх талерках. Кожнай новай страве, якую падавалі да стала, нязменна папярэднічалі трубачы. Пад час абеда Казімір Ягайлавіч працягваў распытваць госця аб яго падарожжы. Калі банкетаванне скончылася і ўсе выйшлі з-за стала, дыпламат ужо стоячы атрымаў ад вялікага князя дазвол на ад’езд. Уладар ВКЛ, а таксама яго сыны, вельмі ўрачыста перадалі прывітанне манарху, якога прадстаўляў Амброджо Кантарыні. Перад тым як развітацца, Казімір загадаў правесці пасла з пашанай у прызначанае для яго памяшканне, а таксама распарадзіўся даць дыпламату правадніка. Акрамя гэтага загадаў, каб па ўсіх сваіх уладаннях Кантарыні «праводзілі і суправаджалі» і каб ён «усюды падарожнічаў у бяспецы». На наступны дзень (16 лютага 1477 г.) пасол пакінуў Трокі [29, с. 232—234].

У 1517 г., праз некаторы час пасля свайго прыбыцця на віленскі пасольскі двор, Сігізмунд Герберштэйн у суправаджэнні шматлікіх прыдворных на чале з Пятром Таміцкім быў праведзены да вялікага князя, які прыняў яго з вялікім гонарам, у прысутнасці многіх знатных вяльмож ВКЛ [27, с. 233].

Такім чынам, у канцы XIV—першай трэці XVI стст. дыпламатычная служба ВКЛ у цэлым насіла агульнаеўрапейскі характар, адпавядала свайму часу, гістарычнай эпосе і ўзроўню развіцця краіны. Нягледзячы на адсутнасць у дзяржаве спецыяльнай дыпламатычнай установы, яна спраўлялася з выкананнем ускладзеных на яе абавязкаў. У феадальнай дзяржаве, дзе важнейшую ролю адыгрывалі разнастайныя рытуалы, сімвалы і сімвалічныя цырымоніі, пасольскі звычай не быў толькі ўмоўнасцю. За дробязямі этыкету стаялі пытанні палітыкі краіны, яе ідыялогія, прэстыж вярхоўнай улады і проста псіхалогія і побыт людзей.

ЛІТАРАТУРА

1. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ). КМФ18, воп. 1, спр. 5, арк. 265—265 адв.
2. Wapowski, B. Kroniki Bernarda Wapowskiego z Radochoniec kantora katedr. krakowskiego. Czesc ostatnia czasy podlugoszowskie obejmujanca (1480—1535). T. II. Krakуw, 1874.
3. Полное Собрание Русских Летописей. Т. 32. М., 1975.
4. Юзефович, Л. А. «Как в посольских обычаях ведётся…» М., 1988.
5. Малиновский, И. А. Рада Великого княжества Литовского в связи с боярской думой древней России. Ч. 2. Вып. 1. Томск, 1904.
6. Литовская метрика. 5-я Книга Записей (1427—1506). Вильнюс, 1993.
7. Акты, относящиеся к истории Западной России, собранные и изданные Археографическою комиссиею: в 5 т. Т. 1. СПб., 1846.
8. Сборник Императорского Русского Исторического Общества. Т. 35. СПб., 1882.
9. Codex epistolaris Vitoldi Magni Ducis Lithuaniae, 1376—1430. Krakуw, 1882.
10 Гісторыя Беларусі ў дакументах і матэрыялах: у 4 т. Т. 1. Мн., 1936.
11. Акты, относящиеся к истории Западной России, собранные и изданные Археографическою комиссиею: в 5 т. Т. 2. СПб., 1848.
12. Цішчанка, В. Велікакняжацкая ўлада ў ВКЛ другой паловы XV—пачатку XVI стст. // Беларускі гістарычны часопіс. 2004. № 6. С. 44—49.
13. Акты, собранные в библиотеках и архивах Российской Империи Археографическою экспедициею. Т. 1: СПб., 1836.
14. Русская историческая библиотека. Т. 27. СПб., 1910.
15. Danilowicz, I. Srarbiec dyplomatow. T. II. Wilno, 1862.
16. Jana Dlugosza Kanonika Krakowskiego. Dziejow Polskich ksiag dwanascie. T. V. Ks. XII. Krakow, 1870.
17. Rozbior krytyczny Annalium Poloniae Jana Dlugosza z lat 1445—1480. T. II // Prace komisji nauk historycznych. Wroclaw; Warszawa; Krakow, 1965. № 12.
18. Банёнис, Э. Д. Посольская служба Великого княжества Литовского (середина XV в.—1569 г.): автореф. дис. … канд. ист. наук. Вильнюс, 1982.
19. Малиновский, И. А. Сборник материалов, относящихся к истории панов-рады Великого княжества Литовского. Томск, 1901.
20. Канановіч, У. І. Дыпламатыя ВКЛ у 1480—першай чвэрці XVI ст. (Адносіны з Вялікім княствам Маскоўскім і Крымскім ханствам): Дыс. … канд. гіст. навук. Мн., 1997.
21. Stosunki z Mengli-Girejem chanem Tatarow Perekopskich (1469—1515): Akta i listy wydal i szkicem historycznym poprzedil Kazimierz Pulaski // Stosunki Polski z Tatarszczyzna od polowy XV wieku. T. 1. Krakow; Warszawa, 1881.
22. Довнар-Запольский, М. В. Литовские упоминки татарским ордам. Скарбовая книга Метрики Литовской 1502—1509 гг. Симферополь, 1898.
23. Малиновский, И. А. Рада Великого княжества Литовского в связи с боярской думой древней России. Ч. 2. Вып. 2. Томск, 1912.
24. Статут Великого Княжества Литовского 1529 г. Мн., 1960.
25. НГАБ. КМФ-18, воп. 1, спр. 591, арк. 220 адв.—226.
26. Индова, Е. И. Русская посольская служба в конце XV—первой половине XVI вв. // Феодальная Россия во всемирно-историческом процессе: сборник статей, посвященных Л. В. Черепнину. М., 1972.
27. Герберштейн, С. Записки о Московии. М., 1988.
28. Путешествие по Литве в XV веке Жильберта де Лянуа // Вестник Западной России. 1867. Кн. 7. С. 38—47.
29. Барбаро и Контарини о России. К истории итало-русских связей в XV в. Л., 1971.
30. Historia dyplomacji Polskiej: w 5 t. T. 1. Warszawa, 1982.
31. Любавский, М. К. Литовско-Русский сейм. М., 1901.
32. Хорошкевич, А. Л. Посольская документация ВКЛ в конце XV—начале XVI вв. // Литовская Метрика: тезисы докладов межреспубликанской научной конференции, апрель 1988 г. Вильнюс, 1988.
33. Дзярновіч, А. І. Працэдура падпісання міжнародных дамоваў у пачатку XVI ст. (на прыкладзе саюзнай дамовы 1501 г. паміж Вялікім княствам Літоўскім і Лівоніяй) // Беларусь і свет: альманах. Т. ІІ. Мн., 2000. С. 34—44.
34. Pietkiewicz, K. Wielkie Ksiкstwo Litewskie pod rzadami Aleksandra Jagielloсczyka. Poznan, 1995.
35. Bardach, J. Z praktyki kancelarii litewskiej za Zygmunta Starego // Bardach, J. Studia z ustroju i prawa Wielkiego Ksiestwa Litewskiego XIV—XVI wieku. Warszawa, 1970. S. 351—378.


Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter

Сообщество

  • (029) 3222740
  • Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
© 2019 Международное общественное объединение «Развитие». All Rights Reserved.