журнал международного права и международных отношений 2005 — № 4


международные отношения

ДЫПЛАМАТЫЧНАЯ СЛУЖБА ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА Ў АПОШНЯЙ ТРЭЦІ XVI ст.

Сяргей Лашкевіч

Аўтар:
Лашкевіч Сяргей Анатольевіч — аспірант кафедры міжнародных адносін факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага універсітэта

Рэцэнзенты:
Шадурскі Віктар Генадзьевіч — доктар гістарычных навук, прафесар, намеснік дэкана факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага універсітэта
Канановіч Уладзімір Ільіч — кандыдат гістарычных навук, вядучы архівіст Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі

Доўгі час у гістарычнай навуцы лічылася, што пасля падпісання Люблінскай уніі ў 1569 г. дыпламатычная служба Вялікага княства Літоў-скага (ВКЛ), як і наогул яе дыпламатыя, перастала існаваць. Дыпламатычныя захады ВКЛ у другой палове XVI—першай палове XVII стст. атаясамліваліся са знешняй палітыкай і дыпламатыяй Польскай Кароны, тым самым як бы падкрэслівалася несамастойнасць, падпарадкаванасць міжнароднай палітыкі ВКЛ польскім уплывам.

Аднак пасля падпісання Люблінскай уніі ўзаемадачыненні паміж ВКЛ і Польшчай у значнай ступені заставаліся такія ж, як і пры персанальных уніях да 1569 г.1 Адасобленасць урадаў, у тым ліку ведамстваў замежных спраў, фінансаў, войска і, галоўнае, тэрыторыяў, захоўвалася. Кожная з дзяржаў Рэчы Паспалітай асобна абараняла свае межы, а істотныя праблемы знешняй палітыкі заставаліся часта ўласнымі праблемамі ВКЛ ці Польшчы2. Княства на працягу разглядаемага перыяду праводзіла актыўную і самастойную знешнюю палітыку. Іншая справа, што ўнія з Польшчай унесла пэўныя карэктывы ў знешнепалітычную дзейнасць краіны. Польшча і ВКЛ, маючы сумеснага манарха, мусілі каардынаваць свае дзеянні на міжнароднай арэне3.

Знешнепалітычны механізм Вялікага княства Літоўскага ў рамках Рэчы Паспалітай. Роля караля ў дыпламатыі Рэчы Паспалітай час ад часу мянялася, але ўвогуле назіралася тэндэнцыя да абмежавання паўнамоцтваў манарха ў знешнепалітычнай дзейнасці. Гэта было абумоўлена агульнадзяржаўнымі працэсамі, якія былі накіраваны на павялічэнне ролі шляхты ў дзяржаўным кіраванні і абмежаванне ўлады караля.

У 1572 г. памёр Жыгімонт Аўгуст II і на трон Рэчы Паспалітай быў запрошаны Генрык Валезы, які знаходзіўся на троне нядоўга, але для дыпламатыі як Кароны, так і Княства часы яго кіравання былі значнымі. Генрык Валезы распачаў рэформу дзяржаўнага ладу, галоўнаю прыкметаю якой было абмежаванне ўлады караля і павялічэнне ролі магнатаў і шляхты. У гісторыю гэта рэформа дзяржаўнага ладу ўвайшла пад назвай «Генрыхаўскія артыкулы».

«Генрыхаўскія артыкулы» — гэта акты абмежавання вярхоўнай улады ў Рэчы Паспалітай соймам, прынятыя ў 1574 г. пры абранні каралём і вялікім князям Генрыка Валезы. Яны складаліся з 18 пунктаў, паводле якіх кароль не меў права прызначаць сабе пераемніка, мець зносіны з замежнымі краінамі, назначаць паспалітае рушэнне. Кароль пазбаўляўся заканадаўчага і судовага права. Манарх абавязваўся падтрымліваць рэлігійны мір у краіне, знаходзіўся пад апекай 16 сенатараў, а калі не выконваў узятых абавязкаў, то ўсе жыхары Рэчы Паспалітай рабіліся вольнымі ад падпарадкавання і вернасці каралю4.

Стэфан Баторы (1576—1586) не ўнёс істотных змен, якія б датычыліся знешнепалітычнай дзейнасці і дыпламатыі краіны. Заняўшы месца свайго папярэдніка ён павінен быў пацвердзіць «Генрыхаўскія артыкулы», так як гэта было абяцаннем шляхецкаму саслоўю пры ўмове выбрання яго на трон Рэчы Паспалітай. Сенатары і шляхта ВКЛ у гэтым вусным дагаворы адыгрывалі першасную ролю.

Стафан Баторы за часы свайго праўлення праявіў дыпламатычную актыўнасць, якая была перш за ўсё накіравана на паспяховае завяршэнне Лівонскай вайны і нейтралізацыю татар. Шляхта ВКЛ у цэлым падтрымлівала яго знешнепалітычную дзейнасць, якая давала шансы ВКЛ вярнуць страчаныя землі, што былі адабраныя падчас Лівонскай вайны з Маскоўскай дзяржавай.

Жыгімон III Ваза (1587—1632) пацвердзіў на каранацыйным сойме абмежаванасць свайго ўплыву на знешнепалітычную дзейнасць краіны. Паводле канстытуцыі ён не меў права без ведама сената заключаць мір альбо аб’яўляць вайну. Канстытуцыя 1593 г. «аб паслах іншаземных» вызначыла моманты, якія былі звязаны з прыняццем дыпламатычных прадстаўнікоў Турцыі, татараў і Масквы падчас адсутнасці караля. Аб іх прыездзе патрэбна было неадкладна паведаміць арцыбіскупу гнездзенскаму, потым сенатары маглі выслухаць паслоў, адкрыць прывезеныя імі лісты і даць адказ на іх. Паслы з іншых краін пры адсутнасці караля Рэчы Паспалітай павінны былі чакаць яго вяртання.

Паслабленне ўлады манарха павялічыла значнасць агульнадзяржаўнага сойму ў палітычным жыцці Рэчы Паспалітай. Месцам правядзення соймаў стала Варшава. Вальны сойм мог разглядаць любыя пытанні, якія выносіліся на паседжанне каралём альбо сенатам. Выключнай кампетэнцыяй сойма з’яўлялася выбранне манарха, аб’яўленне мабілізацыі войска, збор сродкаў на вядзенне вайны, заключэнне ваенных саюзаў, прыняцце найбольш значных заканадаўчых актаў. Пастанова сойма ўступала ў сілу пры ўмове падтрымкі яе ўсімі членамі заканадаўчага органа. Кожны дэпутат мог выкарыстаць права вета5.

Пашырэнне кампетэнцыі сойма адлюстравалася і на знешняй палітыцы. У XVI ст. сойм мог вы-слухоўваць паслоў замежных краін і абмяркоўваць важныя знешнепалітычныя праблемы. У XVII ст. ён атрымаў выключнае права зацвярджаць мірныя дагаворы і саюзы, вырашаць пытанні, звязаныя з утварэннем прадстаўніцтваў Рэчы Паспалітай за мяжою і замежных прадстаўніцтваў у Рэчы Паспалітай, удзельнічаць у складанні дыпламатычных дакументаў. Сойм зацвярджаў кандыдатуры паслоў і кантраляваў іх дзейнасць. У 1613 г. сойм атрымаў права аб’яўляць вайну.

У другой палове XVI ст., пасля праведзеных унутрыдзяржаўных рэформ у ВКЛ, адчуваецца ўзмацненне пазіцый павятовых соймікаў у знешнепалітычнай дзейнасці. У 1564 г. Жыгімонт Аўгуст II на Бельскім сойме ВКЛ выдаў прывілей, згодна з якім у Княстве на ўзор Кароны Польскай уводзілася дзейнасць павятовых соймікаў. Шляхта ВКЛ атрымала як асабістыя, так і палітычныя правы. На першым месцы сярод палітычных правоў было права выбару караля і вялікага князя літоўскага. Тым самым шляхта магла рэалізаваць свае знешнепалітычныя інтарэсы.

Юрыдычна правы павятовых соймікаў былі замацаваны ў другім Статуце ВКЛ 1566 г., дзе было запісана, што мэтай павятовага сойміка з’яўляецца вядзенне ўнутрыпавятовых спраў на месцы, а таксама абарона земляў ад знешняй пагрозы.

Наступнай дзяржаўнай установай, дзе шляхта ВКЛ магла рэалізаваць свае знешнепалітычныя інтарэсы, быў вальны сойм Княства. Як правіла ён праводзіўся ў Вільні, Гародні, Навагрудку, Бярэсці, Менску, Бельску6. У склад вальнага сойму пасля рэформаў першай паловы 60-х гг. XVI ст. уваходзілі ўсе паны-рады (біскупы, ваяводы, кашталяны, маршалкі — земскі і дворны, гетман найвышэйшы, падскарбі), асобныя князі і паны па персанальных запрашэннях і прадстаўнікі павятовай шляхты. У часы паседжанняў сойм падзяляўся на дзве палаты: кола паноў-рады і шляхецкае кола. Ад кожнага павятовага сойміка на вальны сойм накіроўваліся па два прадстаўнікі, якія і складалі другую палату парламента. Кожная палата сойму разглядала справы асобна.

Гетман ВКЛ з’яўляўся галоўным начальнікам над узброенымі сіламі Княства. Поўнае вызначэнне яго функцый і юрыдычнае афармленне інстытута гетманства як дзяржаўнай пасады адбылося ў 20-х гг. XVI ст. Сумесна з іншымі інстытутамі дзяржаўнай улады гетманы Княства адыгрывалі важную ролю ў знешнепалітычным механізме і дыпламатыі Рэчы Паспалітай.

Інстытут гетманства ВКЛ складаўся з пасад вялікага гетмана і польнага гетмана Княства. У 1566—1578 гг. дзейнічала пасада гетмана Інфлянтаў. Гетманы не ўваходзілі ў сенат Рэчы Паспалітай па пасадзе, але паколькі яны спалучалі свае пасады з ваяводскімі ці кашталянскімі, то былі там прадстаўлены. Прымаючы актыўны ўдзел у пасяджэннях Сената РП, гетманы ўплывалі на выпрацоўку знешнепалітычнай лініі Рэчы Паспалітай. Акрамя таго, яны ўдзельнічалі ў пасяджэннях Рады ВКЛ, якая была месцам каардынацыі знешняй палітыкі Княства. Польны гетман з’яўляўся намеснікам вялікага гетмана. Пры ім і гетмане Інфлянтаў існавалі пасады польных пісараў, у абавязкі якіх уваходзіла справаводства, у тым ліку і дыпламатычная перапіска7.

Асабліва значнай роля вялікіх і польных гетманаў была ў адносінах Рэчы Паспалітай з паў-днёва-усходнімі суседзямі (Асманская імперыя, Крымскае ханства, Дунайскія княствы), дзе яны вырашалі пытанні вайны і міру. У выпадку ўзнікнення канфліктнай сітуацыі вялікі каронны гетман меў права накіроўваць паслоў, каб даведацца аб прычынах канфлікту8.

Канцылярыя як цэнтральны орган кіравання знешнепалітычнай дзейнасцю Княства. Працэс фарміравання велікакняжацкай канцылярыі істотна не адрозніваўся ад працэсу станаўлення кароннай канцылярыі9. Канцылярыя Княства з’яўлялася добра ўпарадкаванай дзяржаўнай установай з выразным размежаваннем сваёй унутранай дзейнасці. Галоўнай мэтай дзейнасці канцылярыі быў удзел у рэалізацыі дзяржаўных функцый кіравання, правасуддзя і рэгулявання заканадаўства.

Канцылярыя ВКЛ падзялялася на два вялікіх аддзелы: вялікую і малую канцылярыі. На чале вялікай канцылярыі стаяў канцлер, меншай кіраваў падканцлер.

У абавязкі канцлера ўваходзіла дакладаць вялікаму князю і радзе аб дзяржаўных справах. Ён вёў перагаворы з замежнымі краінамі, кіраваў штатам служачых канцылярыі, сачыў за правільным афармленнем дакументаў, быў галоўным захавальнікам кніг, у якія запісвалі копіі дакументаў, што выходзілі з дзяржаўнай канцылярыі, і якія з цягам часу стварылі аснову архіўнага комплекса ВКЛ пад назвай «Метрыка ВКЛ». Канцлеру даручалася таксама падрыхтоўка найбольш важных дзяржаўных дакументаў, напрыклад земскіх прывілеяў. Ён быў захавальнікам дзяржаўнай пячаткі. За разглядаемы перыяд на чале канцылярыі Княства стаялі тры канцлеры, якія фактычна распрацоўвалі і праводзілі ў жыццё знешнепалітычную лінію ВКЛ. Гэта Мікалай Юр’евіч Радзівіл (1566—1579), Астафій Валовіч (1579—1587), Леў Сапега (1589—1623)10.

Доўгі час улада канцлера ў канцылярыі была неабмежавана. І толькі на каранацыйным сойме 1574 г. шляхта Рэчы Паспалітай выступіла за прыняцце канстытуцыі адносна правоў канцылярыі. Фармальна повадам для гэтага паслужыла барацьба палітычных груповак за пасаду падканцлера канцылярыі Кароны. Пасля зацвярджэння соймам канстытуцыі канцлер страціў права без каралеўскага подпісу выдаваць прывілеі на маёнткі і ўласнасць.

У 1566 г. у сувязі з пашырэннем справаводства ў дзяржаўнай канцылярыі ВКЛ і неабходнасцю пастаяннага знаходжання захавальніка дзяржаўнай пячаткі пры гаспадары была ўведзена пасада падканцлера, як роўная пасадзе канцлера. Функцыі яго былі такія ж, як і ў канцлера, ён быў захавальнікам малой дзяржаўнай пячаткі11.

Каб стаць канцлерам дзяржаўны дзеяч павінен быў прайсці па службовай лесвіцы адпаведныя прыступкі, паколькі дадзеная пасада вымагала ад канцлера ўсебаковай адукаванасці. На прыкладзе кар’еры Льва Сапегі можна разгледзіць шлях да канцлерскай пасады. У 1580 г. ён атрымаў пасаду сакратара ВКЛ, у наступны год стаў найвышэйшым пісарам велікакняжацкай канцылярыі, у 1584 г. ўзначаліў пасольства ў Маскву. У наступны год быў прызначаны падканцлерам. У 1589 г. манарх Рэчы Паспалітай прызначыў Л. Сапегу на пасаду канцлера ВКЛ.

Пад кіраўніцтвам пячатараў у канцылярыі працавалі рэгенты, сакратары, пісары, дзякі, талмачы (перакладчыкі). Найбольш уплывовай фігурай сярод іх быў рэгент. Гэта пасада з’явілася напрыканцы XVI ст. Першым рэгентам быў Аляксандр Корвін Гасеўскі, прызначаны на гэту пасаду ў 1596 г. У абавязкі рэгента ўваходзіла праўка і перадача на подпіс велікакняжацкіх, канцлерскіх і падканцлерскіх дакументаў. Ён выконваў абавязкі натарыуса, прымаў дакументы, якія паступалі ў канцылярыю. На яго былі ўскладзены абавязкі метрыканта — ён сачыў за станам і захаванасцю кніг Метрыкі, выдаваў выпісы з іх. Рэгенты прызначаліся на пасаду канцлерам і падканцлерам, зацвярджаліся гаспадаром і дзяліліся адпаведна на рэгентаў вялікай і меншай канцылярыі. У выпадку смерці канцлера ці падканцлера яны выконвалі іх абавязкі. З прызначэннем новага пячатара рэгент складваў свае паўнамоцтвы.

Асноўная праца па арганізацыі і вядзенню справаводства была ўскладзена на пісараў, сакратароў і дзякаў. Да 1566 г. колькасць пісараў у канцылярыі не была вызначанай. Рэарганізацыя, праведзеная Жыгімонтам Аўгустам, абмежавала іх колькасць да пяці, і яны атрымалі назву «пісараў вялікіх», у адрозненне ад пісараў скарбовых і польных. Да таго ж да ліку пісараў вялікіх належаў і падскарбі земскі. Калі у 1586 г. з пасады пайшоў Венцлаў Агрыпа, колькасць пісараў была скарочана да чатырох12.

Пісары вялікія ў другой палове XVI ст. з’явіліся найбольш кваліфікаванымі служачымі канцылярыі. Яны амаль заўсёды прысутнічалі на пасяджэннях рады, не толькі выконваючы там канцылярскія абавязкі, але і валодаючы правам голасу. З іх ліку прызначаліся канцлеры і падканцлеры. Так, Астафій Валовіч, які займаў пасаду пісара ў 1551—1566 гг., затым быў прызначаны падканцлерам (1566—1579) і канцлерам (1579—1587). Леў Сапега, пісар вялікі з 1581 г., у 1585 г. атрымаў пасаду падканцлера, у 1589 г. — канцлера, якую трымаў да 1623 г.; Габрыэль Война, пісар вялікі ў 1585—1589 гг., быў прызначаны падканцлерам у 1589 г.13

Пасада сакратара ўзнікла адначасова з пасадай пісара. Пры заняцці пасады сакратары прыносілі прысягу, згодна з якой абяцалі выконваць загады гаспадара, сенатараў і пячатараў. У другой палове XVI ст. сакратары мелі права прысутнічаць на пасяджэннях рады, што асабліва замацоўвалася ў прывілеях на сакратарства. Але нельга адназначна сцвярджаць, што сакратарства з’яўлялася ўзнагародай пісарам за службу ў канцылярыі. У XVI ст. сакратарства часта давалася асобам, якія да таго ніколі не займалі пісарскую пасаду. У некаторых выпадках гэту пасаду атрымоўвалі асобы, якія ўжо мелі сакратарскае званне. Напрыклад, Ян Чыж быў прызначаны сакратаром у 1588 г., а пасаду пісара скарбовага ён заняў толькі ў 1590 г.

Галоўнае адрозненне сакратароў ад пісараў заключалася ў тым, што сакратарскі ўрад, асабліва ў другой палове XVI ст., меў на ўвазе выкананне абавязкаў, якія часта ніякім чынам не былі звязаны са справаводствам у дзяржаўнай канцылярыі.

Акрамя пісараў і сакратароў у справаводстве канцылярыі актыўны ўдзел прымалі дзякі. Дзякі лічыліся ніжэйшымі служачымі канцылярыі, выконвалі большай часткай чарнавую работу. Разам з тым у гэты час блытаніна ў назвах гэтых урадаў была распаўсюджанай з’явай, адны і тыя ж асобы маглі называцца адначасова і дзякамі, і пісарамі.

Арганізацыя і структура пасольстваў. Пасол у Вялікім княстве Літоўскім з’яўляўся асабістым прадстаўніком вялікага князя і сенатараў. Ён выконваў разнастайныя даручэнні як унутры краіны, так і за яе межамі. Дзейнасць пасла на гаспадарскай службе рэгламентавалася пераважна звычаёвым правам. Статут 1588 г. адлюстроўвае палажэнне аб недатыкальнасці пасла.

Найлепш для ролі пасла падыходзілі асобы, якія былі заняты ў сферы дзяржаўнага кіравання, або асобы, што служылі на гаспадарскім двары. Часта функцыі дыпламатаў бралі на сябе супрацоўнікі велікакняжацкай канцылярыі. Да дыпламатычнай дзейнасці прыцягваліся таксама асобы і з найбліжэйшага палітычнага акружэння караля Рэчы Паспалітай — сената дзяржавы14.

Духоўныя асобы ВКЛ таксама адыгрывалі важную ролю пры фармаванні пасольстваў. Каталіцкія біскупы накіроўваліся ў якасці паслоў і ў Маскоўскую дзяржаву. Але трэба адзначыць, што ўдзельная вага асобаў духоўнага сану, занятых на дыпламатычнай службе ВКЛ, была значна ніжэйшай, чым у Кароне і заходніх краінах, у выніку таго факту, што ў другой палове XVI—першай палове XVII стст. Княства засяродзіла сваю дыпламатыю на дзвюх дзяржавах: Маскоўскай і Швецыі.

Пасольства ўтваралася з мэтай вырашэння канкрэтнага знешнепалітычнага пытання. Адразу ж пасля вяртання дамоў пасольства распускалася і паслы вярталіся да сваёй асноўнай дзейнасці. Такім чынам, пасольствы ў разглядаемы час мелі разавы характар. Безумоўна, што не ўсе асобы, якім здарылася выканаць адну місію, потым зноў прыцягваліся да дыпламатычнай дзейнасці. На гэту акалічнасць уплывала не толькі кваліфікацыя, але і сталы век пасла. Нярэдка маладому чалавеку пасля выканання адной місіі прыходзілася гадамі чакаць новага прызначэння.

Арганізацыя пасольстваў адбывалася наступным чынам. Кароль звычайна сам прызначаў кандыдатуру пасла ў замежную краіну. Пра гэта ён інфармаваў сенат для зацвярджэння. Як правіла, кандыдатура пасла ці ганца, што была напярэдадні прапанавана манархам, не сустракала з боку сената пярэчанняў. Падчас перыяду бескаралеўя падбор кандыдатуры даручаўся сенату. Напрыклад, у час першага бескаралеўя 1572—1573 гг. Рада ВКЛ ад свайго імя накіроўвала пасольствы ў Маскву і ў Францыю.

У практыцы дыпламатычных адносін ВКЛ з Масквой замацаваліся дзве мовы — польская (калі пасольства дзейнічала ад Кароны ці агульнага сойма) і руская (старабеларуская), калі паслы выступалі ад Княства. Маскоўскі цар і яго прадстаўнікі адказвалі на рускай мове. Гэта ж традыцыя ўсталявалася і ў адносінах з татарамі: кожны бок карыстаўся сваёй мовай. Калі справа датычылася афіцыйных дакументаў, то адзін складаўся на польскай мове, а другі — на рускай ці татарскай. У адносінах з Турцыяй прымянялася польская, лацінская, італьянская і турэцкая мовы у залежнасці ад наяўнасці перакладчыка.

Праблема размеркавання знешнепалітычных паўнамоцтваў паміж Вялікім княствам Літоўскім і Польшчай. У складзе Рэчы Паспалітай паміж Каронай і Княствам склалася даволі выразнае размеркаванне знешнепалітычных абавязкаў і паўнамоцтваў. Гэта выцякала з розных дзяржаўна-палітычных інтарэсаў абедзвюх краін, што ў сваю чаргу было абумоўлена іх розным геапалітычным становішчам. Адносіны з Турцыяй, Крымскім ханствам, Персіяй, Ватыканам, еўрапейскімі дзяржавамі знаходзіліся ў руках Кароны. Да кампетэнцыі Княства належалі дыпламатычныя справы з Маскоўскай дзяржавай і Інфлянтамі. Адпаведным чынам была арганізавана і дыпламатычная служба Рэчы Паспалітай. Улады Кароны і Княства высылалі паслоў у замежныя пасольствы ад імя ўсёй Рэчы Паспалітай, духоўных і свецкіх уладаў. Звычайна дэлегацыі фарміраваліся соймам Рэчы Паспалітай, які ўлічваў знешнепалітычныя прыярытэты Кароны альбо Княства15.

Асаблівая значнасць у ВКЛ, як і ў Рэчы Паспалітай, надавалася дачыненням з Маскоўскай дзяржавай, што прывяло да ўзнікнення практыкі двайнога кіраўніцтва пасольствамі, якія накіроўваліся ў Маскву: польскую дэлегацыю ўзначальваў прадстаўнік Кароны, а літвінскую — прадстаўнік Княства. Абодва паслы мелі аднолькавыя тытулы і паўнамоцтвы, што ўказвалася ў выдадзеных інструкцыях і вярыцельных граматах. У дачыненнях з Масквою паслы і камісары ВКЛ у складзе адзінай дэлегацыі Рэчы Паспалитай звычайна мелі колькасную і службовую перавагу над калегамі з Польшчы. Але такое становішча існавала толькі да сярэдзіны XVII ст.16

Падзел дыпламатычнай працы паміж Каронай і Княствам адбіваўся ў практыцы апячатвання дыпламатычных дакументаў. Пасольскія паўнамоцтвы, інструкцыі, дыпламатычныя лісты і іншыя дакументы выдаваліся праз канцылярыі Кароны ці Княства і мелі адпаведныя пячаткі абедзвюх дзяржаваў. Прыкладна на працягу аднаго стагоддзя пасля 1569 г. кіроўныя асобы Княства пільна сачылі за захаваннем такой практыкі і хутка рэагавалі на выпадкі такога парушэння17.

Пераважную большасць паслоў Рэчы Паспалітай у еўрапейскія і паўднёвыя краіны складалі прадстаўнікі Польшчы. Так, у Стамбул і Бахчысарай накіравалі аднаго пасла (прадстаўніка Польшчы), у Ватыкан таксама аднаго (прадстаўніка Польшчы), да імператара Святой Рымскай імперыі — двух (па адным з Кароны і Княства), у Маскву — трох (два ад Княства, адзін ад Кароны).

Інструкцыі паслам даваліся ці толькі ад імя караля і вялікага князя, ці ад яго імя і імя Рэчы Паспалітай18. Польскія рэзідэнты ў Маскве лічыліся афіцыйна прадстаўнікамі караля Польшчы, але аналіз іхняй дзейнасці паказвае, што яны прадстаўлялі не толькі інтарэсы Кароны, але і ўсёй Рэчы Паспалітай. Пры падрыхтоўцы пасольства для адпраўкі за мяжу ўсе справы і дакументы прадстаўлялі сенатарам Рэчы Паспалітай канцлеры: каронны ці літвінскі. Апошні меў кампетэнцыю найперш у справах пасольстваў да Расіі. Да сярэдзіны XVII ст. у дачыненнях з Расіяй практыкавалася выдача паслам дзвюх асобных вярыцельных граматаў: ад імя караля і ад імя сенатараў Рэчы Паспалітай.

Спецыфіка палітычнай сістэмы Рэчы Паспалітай вызначала і спецыфіку яе дыпламатыі. У адрозненні ад іншых краін таго часу пасольства Рэчы Паспалітай магло прадстаўляць не толькі манарха але і ўсю Рэч Паспалітую. Пасольства, якое накіроўвалася ад імя караля і Рэчы Паспалітай, лічылася больш высокім чым, напрыклад, пасольства, якое накіроўвалася толькі ад імя караля. Рэч Паспалітая мела практыку накіроўваць часовыя пасольствы для вырашэння канкрэтных задач. Першыя ж пастаянныя пасольствы Рэчы Паспалітай з’явіліся толькі ў сярэдзіне XVII ст. у якасці прадстаўніцтваў караля. Напрыклад, да сярэдзіны XVII ст. прадстаўніцтвы існавалі ў Рыме, Неапалі, Мадрыдзе, Лондане, Гаазе, Вене. Форма спецыяльных дыпламатычных стасункаў існавала паміж Швецыяй і ВКЛ. Праўда, Княства інфармавала караля аб змесце дыпламатычных лістоў і прасіла параіць, што ў якім выпадку рабіць.

Такім чынам, арганізацыя дыпламатычнай службы Рэчы Паспалітай улічвала неаднароднасць і розную накіраванасць знешнепалітычных і геапалітычных інтарэсаў Кароны і Княства. Разам з тым па меры ўзмацнення пазіцый польскай магнатэрыі і аслаблення ўплыву літвінскай арыстакратыі на справы Рэчы Паспалітай адбывалася цэнтралізацыя знешнепалітычнай дзейнасці ўсёй канфедэрацыі, якая пры гэтым усё больш станавілася падобнай да федэрацыі.


1 Ehrenkreutz, S. Separatyzm czy ciazenie Litwy ku Polsce po unji lubelskiej // IV Zjazd historykow polskich w Poznaniu 1925. Sekcja IV. Lwow, 1925. S. 5.
2 Wojcik, Z. Tendencje separatystyczne w Wielkim Ksiestwie Litewskim w XVII wieku // Belarus, Lithuania, Poland, Ukraine. The Foundations of historical and cultural Traditions in East Central Europe. Lublin, 1994. S. 58—59.
3 Wielhorski, W. Polska a Litwa. Stosunki wzajemne w biegu dziejow. Londyn, 1947. S. 156.
4 Тихомиров, А. В. Внешнеполитический механизм и организация дипломатической службы Речи Посполитой и Великого княжества Литовского в 1569—1795 гг. // Белорусский журнал международного права и международных отношений. 1998. № 3. С. 53.
5 Rzonca, J. Rzeczpospolita Polska w latach 1596—1599. Wybrane zagadnienia polityki wewnetznej i zagranicznej. Opole, 1990. S. 167.
6 Rachuba, A. Wielkie Ksiestwo Litewskie w systemie Parlamentarnym Rzeczypospolitei w Latach 1569—1763. Warszawa, 2002. S. 152.
7 Uzednicy centralni i dostojnicy Wielkiego Ksiestwa Litewskiego XIV—XVIII wieku: Spisy / Opracowali Henryk Lulewicz i Andrzej Rachuba. Kornik, 1994. S. 40.
8 Polska sluzba dyplomatyczna od XVI do XVIII w. Warszawa, 1966. S. 151.
9 Кулаковский, П. Канцелярія руськоі (волинськоі) метрики 1569—1673 рр. Студія з історіі украінського регіоналізму в Речі Поспалитій. Острог—Львів, 2002. C. 86.
10 Uzednicy centralni i dostojnicy Wielkiego Ksiestwa Litewskiego XIV—XVIII wieku. S. 52—53.
11 Рыбакоў, А. «смотрел тое справы подканцлерий наш» [пра функцыі дзярж. (вялікакняж.) канцылярыі ў ВкЛ у XVI ст.] // Беларуская мінуўшчына. 1997. № 5. С. 8.
12 Там жа. С. 9.
13 Uzednicy centralni i dostojnicy Wielkiego Ksiestwa Litewskiego XIV—XVIII wieku. S. 123.
14 Polska sluzba dyplomatyczna od XVI do XVIII w. S. 175.
15 Снапкоўскі, У. Е. Пра калізіі знешнепалітычных інтарэсаў польскай Кароны і Вялікага Княства ў складзе Рэчы Паспалітай // Спадчына. 1995. № 3. С. 190.
16 Там жа. С. 191.
17 Dyplomaci w dawnych czasach. Relacji staropolskie z XVI—XVIII stulecja. Opracowali Adam Przybas i Roman Zelewski. Krakow, 1959. S. 86.
18 Тихомиров, А. В. Внешнеполитический механизм и организация дипломатической службы Речи Посполитой и Великого княжества Литовского в 1569—1795 гг. С. 54.


Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter

Сообщество

  • (029) 3222740
  • Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
© 2019 Международное общественное объединение «Развитие». All Rights Reserved.