журнал международного права и международных отношений 2007 — № 1


международные отношения

Да пытання аб стварэнні польскага консульства ў Мінску ў сярэдзіне 40-х — канцы 50-х гг. ХХ ст.

Анатоль Вялікі

Аўтар:
Вялікі Анатоль Фёдаравіч — кандыдат гістарычных навук, дацэнт, дактарант кафедры гісторыі Беларусі Беларускага дзяржаўнага універсітэта імя Максіма Танка

Рэцэнзенты:
Космач Генадзь Аркадзьевіч — доктар гістарычных навук, прафесар, загадчык кафедры ўсеагульнай гісторыі Беларускага дзяржаўнага універсітэта імя Максіма Танка
Салькоў Анатоль Пятровіч — кандыдат гістарычных навук, дацэнт, загадчык кафедры паўднёвых і заходніх славян гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта

Гісторыя беларуска-польскіх дыпламатычных адносін сягае ў 20-я гг. XX ст. і звязана найперш з Рыжскім дагаворам, паводле ўмоў якога ў Мінску павінна было адкрыцца консульства Другой Рэчы Паспалітай. Яго адкрыццё стала выкананнем умоў Рыжскага дагавора аб ўстанаўленні дыпламатычных адносін паміж РСФСР, УССР і БССР з аднаго боку і Польшчай — з другога [4, с. 117]. Аднак пытанне аб яго арганізацыі было вырашана толькі пасля стварэння СССР. 13 снежня 1923 г. польскі ўрад прыняў да ведама натыфікацыю аб стварэнні СССР. У адказ Польшчы было прадастаўлена права неадкладнага адкрыцця генеральных консульстваў у Харкаве і Мінску. Існаванне польскага консульства ў Мінску замацоўвалася консульскай канвенцыяй, падпісанай ў Маскве 18 ліпеня 1924 г. [7, с. 11].

Роўна праз 20 год, у 1944 г., зноў узнікла пытанне аб адкрыцці генеральнага консульства Польскай Рэспублікі ў Мінску. Аднак яно з’явілася ў зусім іншай геапалітычнай сітуацыі. Польшча ўваходзіла ў арбіту ўплыву Савецкага Саюза і станавілася яго бліжэйшым саюзнікам. Гэты фактар патрабаваў ўстанаўлення дыпламатычных адносін на іншай аснове, чым гэта было ў часы Другой Рэчы Паспалітай. У ліпені 1944 г. Савецкі ўрад прызнаў дэ-факта Польскі камітэт нацыянальнага вызвалення (ПКНВ) у якасці часовага ўрада Польшчы. Аднак на гэты момант гаворка аб усталяванні паўнавартасных дыпламатычных адносін яшчэ не вялася, але для абодвух бакоў было відавочна, што гэта справа бліжэйшага часу. 31 снежня 1944 г. на VI чарговай сесіі Краёвай Рады Нарадовай (КРН) было прынята рашэнне аб пераўтварэнні ПКНВ у Часовы ўрад нацыянальнага адзінства. Кіраўніцтва Савецкага Саюза адрэагавала на гэты крок палякаў вельмі аператыўна. 5 студзеня 1945 г. наркамат замежных спраў СССР накіраваў у Люблін ліст, у якім паведамляў аб прызнанні Часовага ўрада Польшчы і жаданні абмяняцца пасламі [3, с. 211]. Напачатку 1945 г. у Маскве распачало дзейнасць пасольства Польшчы, якое ўзначаліў З. Модзелеўскі [12, s. 42].

Часовы ўрад Польшчы не жадаў абмяжоўвацца толькі пасольствам у Маскве і заявіў аб сваім намеры ўстанавіць непасрэдныя дыпламатычныя адносіны з мяжуючымі з Польшчай савецкімі рэспублікамі — Украінай, Беларуссю, Літвой. Аднак гэтую прапанову польскага ўрада наўрад ці жадала рэалізаваць на практыцы савецкае кіраўніцтва. Але і «адмахнуцца» адразу ад яе было няёмка, таму СНК СССР 6 ліпеня 1945 г. прыняў пастанову аб неабходнасці адкрыцця савецкіх консульстваў у Познані, Кракаве і Гданьску, а польскіх консульстваў у Кіеве, Мінску, Вільні. Аднак у наступныя гады міністэрства замежных спраў СССР і ПНР імкнуліся не ўзгадваць аб гэтым, і больш таго, у выдадзеным у 1974 г. сумесным савецка-польскім зборніку дакументаў замест слова «дыпламатычных» устаўлена слова «дэмакратычных». У выніку падмены атрымалася, што палякі імкнуліся «да ўстанаўлення нэпасрэдных дэмакратычных адносін» з Украінай, Беларуссю, Літвой. Адзначым, што, нягледзячы на «ўстанаўленне дэмакратычных адносін», паміж Польшчай і Украінай усё ж былі ўстаноўлены і дыпламатычныя адносіны — у Кіеве было адкрыта консульства Польшчы, а з Мінскам да пачатку 1970-х г. так і заставаліся «дэмакратычныя» адносіны. Пытанне аб намаганнях польскага боку адкрыць у Мінску консульства ПНР як у айчыннай, так і польскай гістарыяграфіі амаль што не распрацавана. Фрагментарныя звесткі аб гэтай спробе утрымліваюцца ў працы У. Снапкоўскага [5, с. 83].

Больш падрабязна, з выкарыстаннем дакументальнага матэрыялу з архіваў Польшчы прааналізаваў гэтую праблему Я. Шумскі [12]. Таму ўяўляецца неабходным больш падрабязна і ўсебакова прааналізаваць ініцыятывы польскага боку аб неабходнасці адкрыцця консульства ПНР у Беларусі, а таксама прааналізаваць, чаму саюзнае кіраўніцтва, паколькі гэта было ў яго кампетэнцыі, не дазваляла яго адкрыць.

Нягледзячы на «дэмакратычнасць» беларуска-польскіх адносін напрыканцы 1940-х — 1950-х гг., палякі ўсе ж не гублялі надзеі на адкрыццё польскага консульства ў Мінску. Вельмі актыўную пазіцыю ў гэтым пытанні займала як польскае пасольства ў Маскве, так і Міністэрства замежных спраў Польшчы. Польскія дыпламаты на розных узроўнях і пры любой магчымасці закраналі гэтае пытанне пры сустрэчах і размовах з высокапастаўленымі савецкімі дыпламатамі. Надзвычайную актыўнасць у гэтым накірунку праявіў польскі бок у сярэдзіне 1947 г. Так, 12 чэрвеня пасол Польскай Рэспублікі ў СССР М. Нашкоўскі сустрэўся на Смаленскай плошчы з міністрам замежных спраў СССР В. Молатавым і ў ходзе працяглай размовы з ім, у прыватнасці, абмяркоўвалася пытанне аб адкрыцці генеральнага консульства Польшчы ў Мінску. У справаздачы аб размове з В. Молатавым, накіраванай у МЗС Польшчы, М. Нашкоўскі з надзеяй паведамляў, што «…ён (Молатаў. — А. В.) прыхільна аднёсся да гэтай прапановы і абяцаў яе разгледзець» [11, k. 6].

19 чэрвеня, г. зн. літаральна праз тыдзень, саветнік польскага пасольства ў Маскве А. Юшкевіч пры сустрэчы з кіраўніком IV Еўрапейскага аддзела МЗС СССР А. Аляксандравым зноў закрануў гэтае надзвычай важнае для палякаў пытанне. На запыт, як рухаецца справа з адкрыццём польскага консульства ў Мінску, А. Аляксандраў адказаў, што прапанова польскага боку накіравана ў МЗС Беларусі і, у прынцыпе, урад Савецкага Саюза не бачыць перашкод для стварэння генконсульства [11, k. 9].

Прынцыповая настойлівасць палякаў, хутчэй за ўсё, пачала раздражняць Маскву, і ў жніўні 1947 г. палякам дыпламатычна далі зразумець, што яны марна спадзяюцца на хуткае адкрыццё ў Мінску генконсульства. 19 жніўня М. Нашкоўскі сустрэўся з А. Аляксандравым, які на запыт М. Нашкоўскага аб консульстве нічога канкрэтнага не адказаў, але яшчэ раз падкрэсліў, што ўрад Савецкага Саюза прынцыпова не супраць адкрыцця консульства ў Мінску. Аднак самае галоўнае крылася ў словах А. Аляксандрава, які распавёў М. Нашкоўскаму, што адкрыццё консульства ў Мінску затрымліваецца з-за тэхнічных прычын, найважнейшая з якіх заключаецца ў тым, што «…у знішчаным Мінску не маецца адпаведнага памяшкання для консульства» [11, k. 41]. Безумоўна, у 1947 г. Мінск яшчэ ляжаў у руінах, але для вопытнага дыпламата, якім з’яўляўся М. Нашкоўскі, гэтыя словы значылі, што спадзявацца на адкрыццё консульства ў Мінску не выпадае. У сувязі з несур’ёзным адказам аб тым, што ў Мінску не маецца адпаведнага памяшкання, магчыма адзначыць наступнае. Калі не ў Мінску, то ў прыгарадзе — у Лошыцы мелася выдатнае памяшканне для консульства. Справа ў тым, што ў 1947 г. у Беларусі заканчвала сваю дзейнасць Місія Адміністрацыі дапамогі і аднаўлення Аб’яднаных Нацый (ЮНРРА), якая якраз і размяшчалася ў Лошыцы ў 1946—1947 гг. Сядзіба ў Лошыцы спецыяльна перад прыездам амерыканцаў была выдатна адрамантавана і магла б быць выкарыстана пад консульства. Аднак тут было відавочна палітычнае рашэнне, таму палякам і адмовілі ў адкрыцці генконсульства з-за такой надуманай прычыны.

У сувязі з настойлівымі патрабаваннямі палякаў аб адкрыцці консульства ў Мінску лагічна паўстае пытанне, для чаго гэта рабілася? Галоўнай мэтай яго стварэння, як адзначалася ў запісцы МЗС Польшчы (май 1947 г.), з’яўлялася: «…прадастаўленне магчымасці польскім грамадзянам права на рэпатрыяцыю ў індывідуальным парадку, а таксама аказанне ім у пэўных выпадках консульскай дапамогі» [10, k. 1]. Неабходна пагадзіцца з гэтай высновай польскага МЗС. Абмен насельніцтвам паміж БССР і Польшчай, ажыццяўлены ў 1944—1946 гг., паказаў, што ў заходніх абласцях Беларусі засталося каля 300 000 палякаў, якія не паспелі рэпатрыявацца [6, c. 381]. Улічваючы гэты факт, палякі небеспадстаўна спадзяваліся, што з гэтай колькасці пэўнай частцы ўдасца рэпатрыявацца ў індывідуальным парадку. Каб не «ганяць» людзей у Маскву, а пасля 1946 г. менавіта праз Маскву ажыццяўлялася рэпатрыяцыя, генконсульства ў Мінску магло б значна хутчэй афармляць усе неабходныя дакументы тым, хто жадаў выехаць у Польшчу. Гэта па-першае. Па-другое, консульства мела б магчымасць эфектыўна працаваць з беларускімі палякамі, г. зн. з тымі палякамі, якія не пажадалі ці не змаглі выехаць у Польшчу і засталіся ў Беларусі. Аднак ні першае, ні другое не ўваходзіла ў планы саюзнага кіраўніцтва, таму ў Мінску і не знайшлося «неабходнага памяшкання» пад польскае консульства.

У наступныя гады (да 1956 г.), зразумеўшы, што адкрыць консульства ў Мінску не ўдасца, палякі ўжо так актыўна і завострана гэтае пытанне перад кіраўніцтвам Міністэрства замежных спраў СССР не ставілі. Адзінае, што яны рабілі, у штогадовых справаздачах пасольства Польшчы ў СССР заўсёды падкрэслівалася, што «…і па цяперашні час застаецца актуальным адкрыццё консульства ў Беларускай ССР» [8, k. 43].

Палітычная адліга і распачаўшаяся масавая рэпатрыяцыя палякаў з СССР у Польшчу ў 1955—1959 гг. зноў актуалізавала пытанне аб адкрыцці консульства ў Мінску. Польскае пасольства ў Маскве падрыхтавала даволі падрабязную службовую запіску «Справа стварэння консульства ў Мінску», у якой абгрунтоўвала неабходнасць яго адкрыцця. Аднак у адрозненні ад прапаноў, якія вылучалі палякі ў канцы 1940-х г., у другой палове 1950-х гг. яны больш грунтоўна тлумачылі неабходнаць яго адкрыцця. Па іх меркаваннях, «Ажыўленне і далейшае пашырэнне ўсебаковых беспасрэдных кантактаў паміж ПНР і БССР вымагае лепшай арганізацыі і каардынацыі пачынанняў абодвух бакоў, чаго не можа зрабіць консульства ПНР у Маскве. …Дэпартамент (консульскі. — А. В.) прапануе звярнуцца да савецкага боку з прапановай стварэння консульства ПНР у Мінску… Прававой асновай для прадстаўлення савецкаму боку дыпламатычных лістоў служыць савецка-польская консульская канвенцыя ад 21 снежня 1958 г., якая ўрэгулявала консульскія адносіны паміж нашымі краінамі. За стварэнне ў Мінску польскага консульства сведчаць як консульскія патрэбы, так і палітычна-культурныя. …Неабходна таксама прыняць пад увагу надта вялікае адставанне ў інфармаванасці беларускага грамадства аб Польшчы і грамадства Польшчы аб Беларусі, як найпрыязнейшай савецкай рэспубліцы, якая суседнічае з Польшчай. Аналіз работы генконсульства ў Кіеве паказвае як багата можа зрабіць консульства ў гэтым накірунку. Неабходна таксама падкрэсліць, што на тэрыторыі Беларусі, пасля заканчэння рэпатрыяцыі палякаў у Польшчу… застанецца вялікая колькасць палякаў, інтарэсы якіх бараніла б консульства. Польскае консульства магло б аказваць дапамогу палякам у арганізацыі іх грамадска-культурнага жыцця… Належыць нагадаць, што перад вайной у Мінску існавала консульства, дзейнасць якога распаўсюджвалася на ўсю Беларусь. У сувязі з вышэйадзначаным дэпартамент просіць аб узгадненні з савецкім бокам пытання аб адкрыцці консульства ў Мінску» [2, c. 194—200; 12, s. 44].

Аднак спадзяванні палякаў былі надта аптымістычнымі. Нягледзячы на хрушчоўскую адлігу, саюзнае кіраўніцтва з нейкай незразумелай упартасцю адмаўляла палякам у адкрыцці консульства ў Мінску. Відавочнае сведчанне, што Масква не толькі зацята ўпарцілася адкрыццю консульства, а ўвогуле ігнаравала беларускае МЗС, утрымліваецца ў перапісцы паміж міністэрствам замежных спраў СССР і БССР з нагоды візіта пасла Польшчы ў СССР Т. Гедэ ў Беларусь, які адбыўся ў сярэдзіне снежня 1957 г. Вось што паведамляў 9 снежня 1957 г. намеснік міністра замежных спраў БССР П. Астапенка першаму сакратару ЦК КПБ К. Мазураву: «Надзвычайны і паўнамоцны пасол Польскай Народнай Рэспублікі ў СССР Т. Гедэ звярнуўся з нотай (sic!) у пратакольны аддзел МЗС СССР, у якой выказаў жаданне выехаць у Мінск на 3—4 дні ў суправаджэнні некаторых супрацоўнікаў свайго пасольства для таго, каб нанесці візіт МЗС БССР… Пратакольны аддзел і IV Еўрапейскі аддзел МЗС СССР паведамілі нам, што зварот пасла задаволены. …Па маючых звестках як у МЗС БССР, так і пры візітных размовах з афіцыйнымі асобамі рэспублікі пасол, хутчэй за ўсё, будзе закранаць наступныя пытанні: 1. Пытанне аб адкрыцці консульства ПНР у Мінску. Верагодна, што пасол у якой-небудзь форме паставіць гэтае пытанне. У МЗС БССР будзе адказана, што мы даложым аб гэтым ураду» [1, арк. 295].

Адразу ж пасля завяршэння візіта палякаў П. Астапенка накіроўвае К. Мазураву справаздачу аб яго выніках. Цікава адзначыць, што П. Астапенка толькі адзін раз узгадаў, што палякі нагадалі беларусам аб неабходнасці стварэння польскага консульства. Ён паведамляў: «12 снежня мною было дано снеданне ў гонар пасла. У гэты ж дзень пасол даў абед, на які запрасіў усіх асоб, з якімі ён сустракаўся ў час свайго візіта ў Мінску (20 чалавек). …На абедзе Попелем была кінута рэпліка, што ў Мінску не хапае польскага консульства. З гэтым, як нам падалося, пагадзіўся пасол (выдзелена мной. — А. В.)» [1, арк. 306].

Як вынікае з апошняй запіскі П. Астапенкі, пытанне аб адкрыцці консульства ў Мінску было ўзнята вось у такой своеасаблівай «форме» і ў такой своеасаблівай абстаноўцы. Безумоўна, дыпламатычны абед — гэта працяг і неад’емная частка працы дыпламата. Аднак нагадваць беларусам аб консульстве напрыканцы візіта, ды прытым і не паслом, а Упаўнаважаным польскага ўрада ў справах рэпатрыяцыі М. Попелем. Тут, як кажуць, няма каментару. З запіскі таксама вынікае, што Т. Гедэ, сустракаючыся ў Мінску з вышэйшымі дзяржаўнымі асобамі — Старшынёй Савета Міністраў БССР М. Аўхімовічам (10 снежня), старшынёй Мінскага гарвыканкама В. Шарапавым (11 снежня), намеснікам Старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Ф. Сурганавым (12 снежня), так і не адважыўся закрануць у размовах з імі пытанне аб адкрыцці консульства Польшчы ў Мінску. Хутчэй за ўсё, вопытны дыпламат Т. Гедэ разумеў, што калі ён звяртаўся ў Пратакольна-консульскі аддзел МЗС СССР за дазволам выехаць у Мінск (нагадаем, што з 1944 г. у БССР існавала сваё ўласнае Міністэрства замежных спраў і ў адпаведнасці з дыпламатычным пратаколам Т. Гедэ павінен быў бы звярнуцца за дазволам менавіта ў беларускае МЗС), то тым больш звяртацца да беларусаў з пытаннем аб адкрыцці консульства зусім безнадзейная і бессэнсоўная справа. Вось таму і прамаўчаў польскі пасол наконт гэтага пытання ў час свайго візіта ў Мінск. Адзінае, што ён прапанаваў, гэта пашырыць пагранічныя ды культурныя сувязі паміж знаходзячыміся па абодвух баках мяжы абласцямі Беларусі ды ваяводствамі Польшчы.

У 1959 г. пасля заканчэння рэпатрыяцыі пасольства ПНР у Маскве падрыхтавала запіску «Справа савецка-польскіх консульскіх адносін», у якой даволі песімістычна разглядала перспектывы адкрыцця консульства ў Мінску. Падкрэсліўшы, што польскія консульствы ў Маскве і Кіеве не могуць выканаць задачы па абароне правоў палякаў у СССР, а таксама дапамагчы ім у галіне культуры (школьнае будаўніцтва, забеспячэнне падручнікамі, кніжкамі і г. д.), пасольства ў сувязі з заканчэннем рэпатрыяцыі выказалася ўсё ж за неабходнасць пашырэння консульскай сеткі ў СССР. Аднак, відаць, ужо страціўшы надзею на адкрыццё консульства ў Мінску, пасольства падкрэсліла: «Як нам падаецца, больш абгрунтаваным будзе зараз не адкрыццё консульства, а інфармацыйна-культурнага цэнтра ў Беларусі (Мінску)» [9, k. 24]. Разам з тым, як падкрэслівалася ў запісцы, польскі бок меў поўнае права адкрываць свае консульствы ў СССР, бо гэта выцякала з падпісанай 21 снежня 1958 г. консульскай Канвенцыі паміж СССР і Польшчай, артыкул 2 якой вызначаў, што «Кожны з дамаўляючыхся бакоў мае права ствараць консульствы на тэрыторыі другога дамаўляючага боку ў адпаведнасці з гэтай Канвенцыяй» [9, k. 24]. Аднак, калі для палякаў гэта быў міжнародна-прававы дакумент, які меў сілу, то для Масквы гэта была «папера», не абавязковая для выканання, тым больш, што гэта датычыла Польшчы, бліжэйшага сатэліта, прапановы якога можна было ігнараваць.

Усё ж намаганні польскага боку адкрыць консульства ў Беларусі ажыццявіліся напачатку 1970-х гг. Консульства ПНР у Мінску было адкрыта 1 верасня 1972 г. на аснове консульскай Канвенцыі, падпісанай паміж Польшчай і СССР 27 мая 1971 г. [12, s. 44]. З яго адкрыццём скончыўся перыяд «дэмакратычных адносін» і рэспублікі сталі на шлях усталявання непасрэдных дыпламатычных адносін.

Неаднаразовыя спробы польскага боку ініцыіраваць пытанне перад саюзным кіраўніцтвам аб адкрыцці консульства ПНР у Мінску не мелі поспеху. Масква, маючы выключнае права вызначэння і кантроля за знешнепалітычнай дзейнасцю, выкарыстоўвала яго зыходзячы са сваіх унутраных інтарэсаў і логікі. Логіка заключалася ў тым, што Крэмль не хацеў «пускаць» Варшаву ў Беларусь, дзе мелася найбольшая колькасць палякаў ад іх агульнай колькасці ў Савецкім Саюзе. Беларуска-польскія ўзаемаадносіны, абмежаваныя прыгранічнымі сувязямі Гродзенскай і Брэсцкай абласцей з ваяводствамі Польшчы, штогадовыя дэкады польскай культуры ў БССР, а беларускай — у ПНР ды інш. выконвалі галоўным чынам прапагандысцкія функцыі, мелі лакальнае і другараднае значэнне. Адкрыццё консульства ПНР «выводзіла» беларуска-польскія адносіны на новы, значна вышэйшы міждзяржаўны ўзровень, давала патэнцыяльную магчымасць пашырэння і паглыблення беларуска-польскіх узаемаадносін, а таксама разгортвання культурна-адукацыйнай працы сярод беларускіх палякаў. Аднак Масква ў сярэдзіне 1940-х — канцы 1950-х гг. не пайшла на такі крок і адмаўляла палякам у адкрыцці консульства ПНР у Мінску.

ЛІТАРАТУРА

1. Дакладныя запіскі, даведкі і справаздачы па пытаннях навукі, культуры і мастацтва. 10 студз. 1957 — 13 снеж. 1957 г. // Нац. архіў Рэсп. Беларусь. Фонд 4п. Воп. 62. Спр. 469.
2. Документы и материалы по истории советско-польских отношений: в 12 т. Т. XI: январь 1956 г. — декабрь 1960 г. / ред. кол.: И. И. Костюшко [и др.]. М.: Наука, 1983.
3. Парсаданова, В. С. Советcко-польcкие отношения в годы Великой Отечественной войны. 1941—1945 гг. М.: Наука, 1982.
4. Снапкоўскі, У. Е. Гісторыя знешняй палітыкі Беларусі: вучэб. дапам. для студэнтаў фак. міжнар. адносін: у 2 ч. Ч. 2. Ад канца XVIII да пачатку XXI ст. Мінск: БДУ, 2004.
5. Снапкоўскі, У. Е. Знешнепалітычная дзейнасць Беларусі. 1944—1953 гг. / пад рэд. Ю. П. Броўкі. Мінск: Бел. навука, 1977.
6. Советский фактор в Восточной Европе. 1944—1953 гг.: в 2 т. Т. 1. 1944—1948 гг. / отв. ред. Т. В. Волокитина. М.: РОССПЭН, 1999.
7. Цынкевіч, В. М. Палітычныя ўзаемадачыненні паміж БССР і Польскай Рэспублікай у 1921—1929 гг.: аўтарэф. … дыс. канд. гіст. навук: 00.07.15. / БДУ. Мінск, 2004.
8. Biuro konsularne w Moskwe. 1949 r. // Archiwum Ministerstwa Spraw Zagranicznych. Zespul 20. T. 71. W. 5.
9. Biuro konsularne w Moskwe. 1959 r. // Archiwum Ministerstwa Spraw Zagranicznych. Zespul 20. T. 843. W. 66.
10. Departament polityczny. Wydzial radziecki. Wniosek o utworzeniu polskich placowek konsularnych w Minsku, Wilnie, Charkowie. 1947 r. // Archiwum Ministerstwa Spraw Zagranicznych. Zespul 6. T. 520. W. 33.
11. Notatki z rozmow dyplomatow polskich w Moskwe z przedstawicelami MSZ ZSRR // Archiwum Ministerstwa Spraw Zagranicznych. Zespul 6. T. 521. W. 33.
12. Szumski, J. Z historii utworzenia placowek dyplomatycznych w BSRR (w swietle dokumentow archiwum MSZ RP) // Magazyn Polski kwartalnik naukowo-spoleczno-kulturalny. 2005. N 2. S. 42—44.


Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter

Сообщество

  • (029) 3222740
  • Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
© 2019 Международное общественное объединение «Развитие». All Rights Reserved.