журнал международного права и международных отношений 2010 — № 2


международные отношения

Эканамічная эміграцыя беларусаў у ЗША (1918—1939 гг.)

Вольга Коваль

Аўтар:
Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра. — кандыдат гістарычных навук, асістэнт кафедры гісторыі Беларусі і паліталогіі Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага універсітэта

Рэцензенты:
Палуян Іван Васільевіч — доктар гістарычных навук, прафесар кафедры гісторыі Беларусі і паліталогіі Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага універсітэта
Русаковіч Андрэй Уладзіміравіч — кандыдат гістарычных навук, дацент кафедры міжнародных адносін факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага універсітэта

Гісторыя беларускай эміграцыі сёння з’яўляецца актуальнай і запатрабаванай тэмай. Паміж сусветнымі войнамі беларусы ехалі за мяжу як па палітычных, так і па эканамічных прычынах. Эканамічная эміграцыя, як правіла, мае добраахвотны характар, выезд за мяжу з’яўляецца ўласным выбарам асобы. Геапалітычная сітуацыя, эканамічныя працэсы ў свеце і характар палітыкі польскага ўраду аказалі непасрэдны ўплыў на актыўнасць эміграцыі беларусаў у краіны Еўропы, Паўночную і Паўднёвую Амерыку ў перыяд з 1918 па 1939 г.

Тэма працоўнай эміграцыі беларускага насельніцтва ў міжваенны перыяд распрацавана слаба. Для шырокага вывучэння дадзенай тэматыцы даследчыкам не хапае гістарычных крыніц, крыніцазнаўчая база беларускай эканамічнай дыяспары нешырокая. Шэраг матэрыялаў па гісторыі беларускай эміграцыі захоўваецца ў замежных архівах і бібліятэках, таму яшчэ не выкарыстоўваецца гісторыкамі ў поўнай ступені.

Каштоўнымі даследаваннямі тэорыі фарміравання дыяспар і метадалогіі навуковых падыходаў да эміграцыйных працэсаў сталі манаграфіі замежных аўтараў. Сур’ёзнай тэарэтычнай работай па працэсу развіцця эміграцыі з’яўляецца кніга З. І. Левіна «Менталітэт дыяспары» [9]. Абапіраючыся на сістэмны і сацыякультурны аналіз, аўтар падрабязна вывучае стадыі існавання замежнага грамадства эмігрантаў розных народаў. Манаграфія Н. Ван Хіара «Новыя дыяспары» [16] — гэта сучасны погляд заходняй гістарыяграфіі на міграцыйныя працэсы ў ХХ ст.

Прычыны і асаблівасці эміграцыі з тэрыторыі гэтак званых «усходніх крэсаў» міжваеннай Польшчы шырока распрацаваны ўкраінскімі гісторыкамі. Яны падрабязна і дэталёва вывучаюць мінулае сваёй эміграцыі, некаторыя спецыялісты звяртаюцца таксама да беларускага замежжа. Украінскі гісторык С. П. Качараба у сваіх публікацыях [5—7] дэталёва даследуе тэндэнцыі і асаблівасці эканамічнай украінскай эміграцыі міжваеннага часу. Высновы аўтара карысныя і для беларускай гісторыі дыяспары.

Сярод беларускіх даследчыкаў дадзенай тэматыкі варта адзначыць публікацыі У. Снапкоўскага [13] і Г. Сяргеевай [14]. Падрабязны аналіз палітычнай міжваеннай эміграцыі дазваляе ацаніць ступень уплыву вядомых дзеячоў замежжа на беларускае грамадства ў Амерыцы. Існуе шэраг даследчыкаў сярод прадстаўнікоў беларускай дыяспары. Беларускі эмігрант В. Кіпель у сваёй кнізе «Беларусы ў ЗША» [8] намагаецца вывучыць ролю дзейнасці дыяспары ў Амерыцы, аднак матэрыял мае публіцыстычныя высновы, напоўненыя эмоцыямі і суб’ектыўнымі перакананнямі.

Мэтай артыкула з’яўляецца аналіз колькаснага і сацыяльнага складу беларускай міжваеннай эканамічнай эміграцыі ў Злучаных Штатах Амерыкі, вызначэнне ступені яе кансалідаванасці і палітычнай актыўнасці, даследаванне сувязей з прадстаўнікамі іншых славянскіх дыяспар.

Беларусы ў міжваенны час ехалі зарабляць грошы не толькі ў Еўропу, але і пераплывалі праз акіян. Эканамічная хваля беларускай эміграцыі ў перыяд з 1918 па 1939 г. была накіравана ў Канаду, ЗША, Францыю, Германію, Аргенціну, Бразілію, Парагвай, Уругвай, Бельгію і іншыя краіны. На арганізацыю жыцця беларускага грамадства за мяжой аказвалі непасрэдны ўплыў заканадаўства краіны-рэцыпіента, стаўленне ўрада да новых грамадзян дзяржавы, сусветныя эканамічныя рэаліі.

Гісторыя Злучаных Штатаў Амерыкі неразрыўна звязана з эміграцыйнымі працэсамі, таму дадзеная краіна з’яўляецца поліэтнічным грамадствам. Для апісання этнічнай сітуацыі ў ЗША часта выкарыстоўваюць вобраз плавільнага катла (melting-pot) ці салата [12, с. 52]. Працяглы час амерыканскі ўрад намагаўся спрыяць фарміраванню неабходнай эміграцыйнай кан’юнктуры, каб у ЗША ехалі працаваць лепшыя прадстаўнікі розных народаў са сваімі сем’ямі. Менавіта Злучаныя Штаты сталі адной з асноўных краінаў міжваеннай эканамічнай эміграцыі беларусаў.

Міжваенная эміграцыя была рознай па інтэнсіўнасці: у 20-я гг. ХХ ст. выехала значна больш беларусаў, чым у 30-я гг. Памяншэнне колькасці эмігрантаў тлумачыцца зменамі ў заканадаўстве ЗША і праявамі сусветнага эканамічнага крызісу, вынікам якога стаў высокі ўзровень беспрацоўя ў краіне. Неабходна падкрэсліць, што праявы крызісу ў Злучаных Штатах з’явіліся задоўга да афіцыйных звестак. У 1920-я гг. змены законаў пра эміграцыю ў Амерыку былі выкліканыя ростам узроўню беспрацоўных у дзяржаве.

Амерыканскі ўрад старанна наглядаў, каб у краіну прыязжалі выключна здаровыя і адукаваныя людзі. Таму тым, хто намагаўся эміграваць у ЗША, было неабходна падаць у амерыканскае консульства наступныя дакументы: 1) пісьмовую заяву; 2) пасведчанне пра месца пражывання за апошнія 5 гадоў; 3) пасведчанне маральнасці; 4) даведку з месца працы ці пасведчанне пра шлюб; 5) пасведчанне аб нараджэнні; 6) даведку пра медычны агляд урачамі карабельнай лініі [6, с. 157]. З пералічаных дакументаў можна зрабіць выснову, што амерыканскі ўрад юрыдычна адбіраў для эміграцыі ў ЗША выключна станоўчых асоб, якія маглі аддана працаваць на карысць новай радзімы.

Неабходна падкрэсліць, што ў консульствах ЗША супрацоўнікі рабілі дадатковую праверку граматнасці і здароўя жадаючых эміграваць. Не давалі дазволу на пераезд у ЗША асобам, хворым на туберкулёз, эпілепсію, з псіхічнымі захворваннямі, а таксама палітычна непажаданым грамадзянам, людзям з невысокай культурай побыту. У тым выпадку, калі кандыдатура адпавядала ўсім патрабаванням, чалавеку давалі індывідуальную амерыканскую візу.

У 1921 г. быў прыняты «закон Дзілінгхема», які ўвайшоў у гісторыю пад назвай «закон квоты» (Quota Act). Галоўнай ідэяй дакумента было ўстанаўленне штогадовага кантынгенту эмігрантаў у ЗША [5, с. 307]. Сенатар Дзілінгхем прапанаваў унесці папраўку ў закон менавіта па дакладнаму абмежаванню колькасці эмігрантаў у ЗША. Дадзены закон прадугледжваў абмежаванне гадавой лічбы эмігрантаў 3 % ад этнічнай групы грамадзян ЗША на падставе перапісу насельніцтва 1910 г. [11, с. 143]. Некаторыя групы насельніцтва маглі ехаць у Амерыку па-за квотамі. Напрыклад, не траплялі ў дадзеную катэгорыю жонкі грамадзян Амерыкі ці дзеці, якія ехалі да сваіх бацькоў. Гэты дакумент фактычна паклаў аснову юрыдычнаму абмежаванню эміграцыі ў Злучаных Штатах.

«Закон Дзілінгхема» абмяжоўваў эміграцыйны паток беларусаў у рамках квоты на эміграцыю польскіх грамадзян. Фактычна магчымасць выехаць у міжваенны час у Злучаныя Штаты, каб палепшыць свае матэрыяльныя ўмовы, заставалася ў жыхароў Заходняй Беларусі, якая ўваходзіла ў склад Польскай дзяржавы. У 1920-я гг. вялікі працэнт эмігрантаў у ЗША складалі жонкі і дзеці тых беларусаў, якія паспелі выехаць да ўвядзення дакладных абмежаванняў на эміграцыю, часта блізкіх сваякоў амбасады і консульствы накіроўвалі ў Амерыку па-за квотамі.

Пасля заканчэння тэрміну «закона Дзілінгхема» ў 1924 г. быў прыняты новы дакумент, вядомы ў гісторыі як «закон Джонсана». Квоту для польскіх грамадзян паменшылі, яна склала ўжо 2 % ад этнічнай групы грамадзян Злучаных Штатаў на падставе перапісу насельніцтва 1910 г. [11, с. 143]. З 1929 г. на эміграцыйны працэс у ЗША пачаў аказваць уплыў сусветны эканамічны крызіс. З ростам беспрацоўя ў Амерыцы ўрад пачаў ствараць юрыдычныя перашкоды для магчымых новых эмігрантаў, нават распачалі мерапрыемствы па дэпартацыі тых, хто ўжо прыехаў, але не здолеў знайсці сабе працу.

Амерыканскае консульства падрабязна і індывідуальна разбірала кожную справу жадаючых эміграваць. Часта грамадзян Польшчы, у тым ліку беларусаў, прасілі даказаць, што тыя маюць неабходную суму грошай і здольныя сябе ўтрымліваць у ЗША. Безумоўна, далёка не ўсе беларусы маглі назбіраць грошай, што не давала ім магчымасці выехаць у Амерыку. Шматлікія заканадаўчыя абмежаванні на эміграцыю ў ЗША прымусілі ініцыятыўных людзей з Еўропы шукаць іншыя магчымасці выехаць у гэтую краіну. Менавіта ў міжваенны час павялічалася эміграцыя з Польшчы ў Канаду, што тлумачыцца планамі эмігрантаў патрапіць праз яе тэрыторыю ў Злучаныя Штаты.

Статыстыка беларускай эміграцыі ў Злучаныя Штаты Амерыкі міжваеннага часу не можа быць дакладнай. Некаторыя людзі здолелі патрапіць ў краіну нелегальна, асабліва пасля ўвядзення дакладных квот на эміграцыю. Існуе падрабязная статыстыка польскіх грамадзян, якія выехалі ў ЗША з 1918 па 1939 г. У лік польскіх эмігрантаў уваходзяць жыхары гэтак званых «усходніх крэсаў» — беларусы і ўкраінцы. Нажаль, не была ўведзена ў анкету графа, якая б дакладна дазваляла ўстанавіць нацыянальнасць. Менавіта таму лічбы беларусаў, якія эмігравалі ў ЗША, могуць мець толькі прыблізны характар.

У сваёй кнізе «Беларусы ў ЗША» даследчык беларускай дыяспары на Захадзе В. Кіпель пазначае: «Беларусаў, што эмігравалі паміж войнамі, было мала — усяго колькі тысячаў» [8, с. 40]. В. Кіпель лічыць, што немагчыма акрэсліць масштаб беларускай эміграцыі пачатку ХХ ст., бо дакументы эміграцыйных службаў і Бюро перапісаў ЗША не маюць дакладнай інфармацыі аб нацыянальнасці новых амерыканскіх грамадзян у дадзены перыяд. Безумоўна, лічбу беларускай эміграцыі міжваеннага часу можна назваць больш канкрэтна, чым падае В. Кіпель, калі абапірацца на польскую дакументацыю.

Украінскі гісторык С. П. Качараба ў сваёй манаграфіі падлічвае, што з 1919 па 1938 г. у ЗША эмігравала з Польшчы 54 736 яўрэяў (58,8 %), 32 710 палякаў (35,2 %), 2890 украінцаў (3,1 %), 2698 немцаў, чэхаў, беларусаў, расіян [6, с. 167]. На аснове распрацовак украінскіх даследчыкаў і польскай статыстыкі можна зрабіць выснову, што ў міжваенны час у Злучаныя Штаты Амерыкі выехала не больш за 1000 беларусаў. Гэта невысокая лічба нават для ўсяго паўночнаамерыканскага напрамку беларускай эміграцыі. Напрыклад, у Канаду за гэты перыяд выехала каля 15 000 беларусаў, што дазваляе параўнаць масштаб эміграцыі. Асноўнай прычынай вялізнага скарачэння колькасці беларускіх эмігрантаў у Амерыку з’яўляюцца новыя законы, якія мэтанакіравана гэту колькасць памяншалі.

Пры ўдакладненні актыўнасці беларускай эміграцыі ў краіны свету важнае значэнне мае веравызнанне асоб. Большасць праваслаўных эмігрантаў з міжваеннай Польшчы былі беларусамі. Менавіта на аснове дадзеных пра веравызнанне ў гісторыкаў ёсць магчымасць не аб’ядноўваць беларускую эміграцыю з яўрэйскай. Польская статыстыка мае дакладныя звесткі пра колькасць праваслаўных эмігрантаў, рыма-каталікоў, грэка-каталікоў, пратэстантаў і іудзеяў. Пры даследаванні тэндэнцый і асаблівасцей беларускай дыяспары важна не адносіць да эміграцыі беларусаў яўрэйскае насельніцтва, якое пражывала на тэрыторыі Заходняй Беларусі і выехала за мяжу.

Прынцыповым пытаннем пры вывучэнні беларускай эміграцыі з’яўляецца яе сацыяльны склад. Колькасць інтэлігенцыі дыяспары непасрэдна ўплывала на палітычную, культурную і адукацыйную актыўнасць. Польская статыстыка дазваляе вылучыць тэндэнцыю, што «гандаль», «рамяство» і «вольныя прафесіі» за мяжой, як правіла, прадстаўлялі эмігранты з Польшчы, якія былі яўрэямі і палякамі па нацыянальнасці [15, с. 19]. Даследчыца гісторыі беларускай дыяспары Г. Сяргеева адзначае, што ў міжваенны час палітычная плынь (а гэта найперш інтэлігенцыя) канцэнтравалася галоўным чынам у Чэхаславакіі, Літве, Латвіі, а працоўная, сялянская эміграцыя асела пераважна на амерыканскім кантыненце [14, с. 25]. Беларускія эмігранты ў ЗША часта з’яўляліся малазямельнымі сялянамі, якія ехалі за мяжу, каб уладкавацца там на цяжкую і малааплочваемую працу, якая між тым прыносіла большы прыбытак, чым гаспадарка на радзіме.

Пры даследаванні працэса сацыяльнай адаптацыі беларусаў у Злучаных Штатах Амерыкі неабходна падкрэсліць шчыльныя сувязі з прадстаўнікамі расійскай, украінскай і польскай дыяспар. Беларусы часта ўключаліся ў мерапрыемствы, якія арганізоўвала больш колькасная і кансалідаваная эміграцыя. Асабліва актыўна развіваліся кантакты з украінскай дыяспарай, мова і культура якой здавалася ў Амерыцы блізкай і зразумелай. Паміж беларусамі і ўкраінцамі не ўзнікала вострых палітычных спрэчак і канфліктаў, іх ядналі пеўчая культура, кухня, фальклор.

Пра агульныя з украінскай дыяспарай мерапрыемствы неаднойчы пісалі прэса беларускіх эмігрантаў і перыядычныя выданні на радзіме. Напрыклад, хрысціянска-дэмакратычная газета «Беларуская крыніца» (1928. № 47), якая выходзіла ў Вільні, на сваіх старонках пазначала, што нашы сяляне, якія выехалі на пачатку стагоддзя ў Злучаныя Штаты Амерыкі і Канаду, добразычліва былі сустрэнуты ўкраінскімі эмігрантамі [10, c. 367]. Пра беларуска-ўкраінскія праекты пісалі таксама газета «Беларуская трыбуна» і часопіс «Амерыканскі беларус», якія выдавалі беларускія эмігранты ў Чыкага.

Нават у перыяд сусветнага эканамічнага крызіса эміграцыя ў Злучаныя Штаты цалкам не спынілася. У час масавага беспрацоўя канфлікты паміж мясцовымі кадрамі і эмігрантамі часам набывалі такую вастрыню, што пераўтвараліся ў крывавыя бойкі [7, с. 58]. Амерыканскія працоўныя рабілі ўсё магчымае, каб эмігранты не маглі стварыць ім канкурэнцыю. У гэты складаны ў эканамічных адносінах час павялічалася эміграцыя членаў сямей тых беларусаў, якія паспелі ўладкавацца і наладзіць жыццё ў Злучаных Штатах Амерыкі.

Беларусы, якія ехалі ў ЗША, часта былі вымушаны прадаваць сваю маёмасць і гаспадарку, каб аплаціць квіткі на карабель, дакументы і распачаць сваё жыццё за акіянам. Кошты на іх маёнткі спецыяльна збіваліся агентамі, бо не заўсёды ў гаспадароў было дастаткова часу для гандлю.

Пасля 1925 г. эміграцыя ў ЗША ажыццяўлялася для грамадзян Польшчы толькі праз парты на Балтыйскім моры. Падарожжа ў Злучаныя Штаты праз Гдыню ці Гданьск было нязручным для саміх эмігрантаў, але прыбытковым для польскай эканомікі. Мораплаўныя кампаніі таксама былі зацікаўленыя ў актыўнасці эміграцыі. Яны паўсюдна размяшчалі сваю рэкламу, праводзілі шырокую прапаганду сярод насельніцтва, распавядаючы пра забяспечанае жыццё за мяжой. Увядзенне дакладных квот на эміграцыю ў ЗША негатыўна паўплывала на іх бізнес. Былі выпадкі, калі карабель з людзьмі прыбываў у Амерыку, а квота за месяц ужо была выбраная, тады ўсе пасажыры вымушаны былі чакаць наступнага каляндарнага месяца на палубе.

Палітычная беларуская эміграцыя ў Злучаных Штатах Амерыкі не была самай актыўнай у дыяспары паміж сусветнымі войнамі. Прадстаўнікі палітычнай хвалі эміграцыі намагаліся кансалідаваць беларусаў, пашырыць кірункі іх дзейнасці. У 1921 г. у Нью-Йорку былі створаны Беларускі нацыянальны камітэт і Беларускае прэсбюро, у 1923 г. у Чыкага была заснавана Беларуска-амерыканская нацыянальная асацыяцыя пад старшынствам Я. Варонкі [13, с. 217]. Няма дакументальных крыніц, на аснове якіх можна сцвярджаць, што прадстаўнікі пералічаных арганізацый здолелі абудзіць палітычную актыўнасць беларускай дыяспары ў ЗША. Неабходна адзначыць, што сваю прапаганду ў Амерыцы праводзілі не толькі нацыяналістычныя, але і левыя, прасавецкія арганізацыі. Сярод беларусаў былі прадстаўнікі розных палітычных партый і часам супрацьлеглых пазіцый.

Акрамя таго, часта беларусы траплялі пад уплыў рускай ці польскай дыяспары, што было звязана з дзейнасцю касцёла і праваслаўнай царквы. На старонках газеты «Амерыканскі беларус» адзначалася дадзеная тэндэнцыя: «Інтэлігентаў у беларускай калоніі вельмі мала, таму, напэўна, беларусы ў Амерыцы падпарадкоўваюцца чужым, варожым беларускай справе людзям. Беларусы-каталікі маюць некалькі ўрачоў, адвакатаў, інжынераў, але тыя, канешне, лічаць сябе "палякамі"» [4, с. 4]. Для эканамічнай хвалі эміграцыі ў параўнанні з палітычнай характэрна больш хуткая адаптацыя ў новай краіне, часта зліццё з іншымі народамі. Пры кантактах з палякамі і расіянамі ў Амерыцы беларусы пачыналі сябе атаясамліваць з дадзенымі нацыямі, яны фактычна ўліваліся ў іх дыяспару.

Працэс сацыяльнай адаптацыі беларусаў у Злучаных Штатах Амерыкі быў складаным. Новым жыхарам дзяржавы неабходна было засвоіць амерыканскую сістэму маральных каштоўнасцей, іншыя нормы паводзінаў у грамадстве і ўвесь час імкнуцца дамагчыся роўнасці ў сацыяльна-эканамічных правах. Асаблівую складанасць прадстаўляў індывідуалістычны лад жыцця, які не заўсёды правільна ўспрымаўся эмігрантамі. Акрамя таго, беларусам важна было як мага хутчэй засвоіць англійскую мову, амерыканскае заканадаўства, традыцыі новай радзімы, што часта патрабавала нямалых намаганняў і часу.

Прэса беларускай дыяспары ў ЗША міжваеннага перыяда была нешматлікай, працяг выхаду газет і часопісаў налічваў толькі некалькі нумароў. Перыядычныя выданні спынялі свае існаванне па прычыне адсутнасці фінансаў, бо выдаўцы не знаходзілі неабходнае кола чытачоў для сваіх газет і часопісаў сярод працоўнай беларускай эміграцыі. Выдаўцамі прэсы беларускай дыяспары сталі палітычныя эмігранты, аднак яны намагаліся акупаць перыёдыку за кошт рэкламы, таму далёка не ўсе матэрыялы былі прысвечаныя вострым палітычным пытанням. Прыкладам часопіса беларускай эміграцыі, дзе было апублікавана некалькі дзесяткаў разнастайных рэклам, было выданне «Амерыканскі беларус», падрыхтаванае да друку ў Чыкага [1]. Газеты і часопісы былі разлічаныя не толькі на палітычных дзеячоў за мяжой, але і на працоўную эміграцыю.

Мяркавалася, што прэсу пачнуць набываць і тыя беларусы, якія пераехалі ў ЗША на пачатку ХХ ст., таму большасць артыкулаў была апублікавана на рускай мове. Газета «Беларуская трыбуна» амаль у кожным нумары размяшчала рэкламную інфармацыю пра свае мэты і задачы на эміграцыі, дзе асабліва падкрэслівалася: «"Беларуская трыбуна" лічыцца з характарам старой беларускай эміграцыі ў Паўночнай Амерыцы — выдаецца на рускай мове, пры гэтым адводзіць адпаведнае месца і артыкулам на англійскай і беларускай мове» [3, с. 4]. Сярод газет і часопісаў амерыканскіх беларусаў можна назваць: «Праўда» (Нью-Йорк), «Амерыканскі беларус» (Чыкага), «Беларуская трыбуна» (Чыкага).

Галоўная крыніца ўнутраных спрэчак у дыяспары — гэта амбіцыі яе эліты, барацьба за ўладу і ўплыў [9, с. 62]. Сярод прадстаўнікоў палітычнай беларускай эміграцыі ў ЗША можна вылучыць шэраг актыўных асоб міжваеннага часу, аднак гэта не былі дастаткова забяспечаныя і амбіцыйныя людзі, якія маглі б аб’яднаць беларусаў для разнастайных мерапрыемстваў. Сярод беларускіх палітычных дзеячоў у міжваенны перыяд можна назваць Я. Варонку, Я. Чарапука, Я. Тарасевіча [13, с. 217]. На працягу 20-х гг. ХХ ст. у розных штатах і гарадах існавала каля дзесяці невялікіх беларускіх арганізацый, якія праіснавалі зусім нядоўга [2, с. 103]. Аднак са шматлікіх беларускіх арганізацый, створаных па ўсёй Амерыцы, сваю дзейнасць працяглы час ажыццяўляла толькі адна, якая размяшчалася ў штаце Ілінойс.

Палітычнае жыццё беларускай дыяспары ў Злучаных Штатах Амерыкі ў міжваенны час было слабым. У дадзены перыяд толькі пачаў фарміравацца амерыканскі перыядычны друк беларускай эміграцыі. Прадстаўнікі эканамічнай хвалі з Заходняй Беларусі ў працэсе індывідуальнай адаптацыі часта далучаліся да дзейнасці іншых славянскіх дыяспар.
Разам з тым, эміграцыя ў поліэтнічнае амерыканскае грамадства дазваляла беларусам ужо ў другім пакаленні не адчуваць сацыяльную дыскрымінацыю і ўспрымаць сябе грамадзянамі Амерыкі.

Такім чынам, беларуская міжваенная эміграцыя ў Злучаных Штатах Амерыкі была ў асноўным эканамічнай, большасць эмігрантаў паходзілі з тэрыторыі Заходняй Беларусі, якая знаходзілася пад уладай Польшчы. Вывучэнне паўночнаамерыканскага напрамку беларускай эміграцыі спецыялістамі на сучасны момант толькі пачынаецца, таму важнымі з’яўляюцца пытанне колькасці эмігрантаў, механізм атрымання амерыканскай візы, заканадаўства Злучаных Штатаў, сацыяльны склад прадстаўнікоў дыяспары, працэс індывідуальнай адаптацыі.

Супрацоўнікі амерыканскага консульства ў міжваенны час дакладна адсочвалі кантынгент эмігрантаў у ЗША, выбіралі здаровых, маральна ўстойлівых асоб. Скарачэнне колькасці эмігрантаў тлумачыцца разнастайнымі зменамі заканадаўства ЗША і праявамі сусветнага эканамічнага крызіса. Беларусы ў Амерыцы праходзілі складаны працэс сацыяльнай адаптацыі, што прымушала іх наладжваць кантакты з прадстаўнікамі іншых народаў. Беларускія эмігранты далучаліся да працы больш колькасных і кансалідаваных дыяспар. Асаблівае значэнне мелі ўзаемасувязі беларусаў і ўкраінцаў у Злучаных Штатах Амерыкі. Узровень палітычнай актыўнасці беларускай дыяспары ў міжваенны перыяд быў мінімальны.

Літаратура

1. Американский белорус (Чикаго). 1930. № 1.
2. Беларуская дыяспара: нарысы гісторыі і сучаснага стану / М. М. Бацян [і інш.]. Мінск: Трыалета, 2006.
3. Белорусская трибуна // Белорусская трибуна (Чикаго). 1932. № 10.
4. Белорусы в Америке // Американский белорус (Чикаго). 1930. № 1.
5. Качараба, С. П. Від свободи імміграції до реструкціонізму: вплив законодавства США на українську еміграцію наприкінці ХІХ у першій третині ХХ століття / С. П. Качараба // Вісник Львів. ун-ту. Сер. історична. Вип. 39-40. Львів, 2005. С. 300—313.
6. Качараба, С. П. Еміграція з Заходної України 1919-1939 / С. П. Качараба. Львів: Львів. нац. ун-т ім. Івана Франка, 2003.
7. Качараба, С. Українська еміграція. Еміграційний рух зі Східної Галичини та Північної Буковини у 1890—1914 рр. / С. Качараба, М. Рожик. Львів: Рівненська друкарня, 1995.
8. Кіпель, В. Беларусы ў ЗША / В. Кіпель. Мінск: Беларусь, 1993.
9. Левин, З. И. Менталитет диаспоры (системный и социокультурный анализ) / З. И. Левин. М.: Ин-т востоковедения РАН; Изд-во «Крафт+», 2001.
10. Мірачыцкі, Л. Беларуска-ўкраінскія культурныя сувязі у замежным свеце / Л. Мірачыцкі, Г. Сяргеева // Українська еміграція. Історія і сучасність: матеріали міжнар. наук. конф., присвячених 100-річчю еміграції українців до Канади / упоряд. Ю. Сливка. Львів: Каменяр, 1992. С. 367—368.
11. Мярчук, В. М. Адміністрацыйна-прававыя асновы эміграцыі з тэрыторыі Заходняй Беларусі / В. М. Мярчук // Веснік Брэсц. ун-та. Сер. гуманітар. і грамад. навук. 2009. № 4. С. 141—148.
12. Семёнова, Л. Н. Страницы истории белорусской диаспоры в Канаде в первой половине ХХ в. / Л. Н. Семёнова // Иппокрена. 2007. № 3. С. 51—58.
13. Снапкоўскі, У. Эміграцыя. Фарміраванне і дзейнасць арганізацыі беларускай эміграцыі. Сацыяльна-палітычныя плыні (1918—1939 гг.) / У. Снапкоўскі // Полымя. 1995. № 11. С. 196—221.
14. Сяргеева, Г. Беларуская дыяспара ў гады Другой сусветнай вайны / Г. Сяргеева // Кантакты і дыялогі. 1996. № 9. С. 25—31.
15. Шваб, А. Г. Еміграція з Волині 1921—1939 рр.: автореф. дис. ... канд. іст. наук: 07.00.01. Історія України / А. Г. Шваб. Чернівці: Волин. держав. ун-т ім. Лесі Українки, 1996.
16. Van Hear, N. New diasporas. The mass exodus, dispersal and regrouping of migrant communities / N. Van Hear. Oxford: University of Oxford, 1998.


Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter

Сообщество

  • (029) 3222740
  • Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
© 2019 Международное общественное объединение «Развитие». All Rights Reserved.