журнал международного права и международных отношений 2011 — № 1


международные отношения

Знешнепалітычная гісторыя Беларусі ў даследаваннях беларускіх навукоўцаў (1990—2005 гг.)

Аляксандр Гурын

Аўтар:
Гурын Аляксандр Валер'евіч — кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры канстытуцыйнага і міжнароднага права Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь

Рэцэнзенты:
Снапкоўскі Уладзімір Еўдакімавіч — доктар гістарычных навук, прафесар кафедры міжнародных адносін факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта
Мазарчук Дзмітрый Валер'евіч — кандыдат гістарычных навук, дацэнт, намеснік дэкана факультэта кіравання Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь

На хвалях перабудовы и атрымання Рэспублікай Беларусь незалежнасці пачаўся якасна новы перыяд у развіцці айчыннай гістарычнай навукі. Часткай працэсу трансфармацыі ў галіне гістарычнай навукі стала фарміраванне беларускай школы міжнародных даследаванняў. Адным з яе галоўных накірункаў з'яўляецца вывучэнне гісторыі знешняй палітыкі Беларусі. У савецкія часы такія даследаванні ў асноўным тычыліся аналізу знешнепалітычнай дзейнасці БССР і яе сувязяў з краінамі сацыялістычнай супольнасці. Зразумела, што іншыя гістарычныя перыяды, акрамя перыяду пасля 1944 г., практычна засталіся па-за полем зроку беларускіх даследчыкаў.

У 1990-я гг. тэматыка навуковых інтарэсаў беларускіх даследчыкаў у гэтай галіне значна змянілася: яны сягнулі ўглыб вякоў, да пачаткаў беларускай дзяржаўнасці. Працягваючы вывучэнне сувязяў Беларусі з замежнымі краінамі ў перыяд пасля 1944 г., яны больш увагі сталі надаваць знешнепалітычнай гісторыі Беларусі ў 1920-я гг.; знешняй палітыцы Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Некаторыя з тэм упершыню з’явіліся ў беларускай гістарыяграфіі; напрыклад гісторыя дыпламатычнай дзейнасці ВКЛ і БНР, вектары знешняй палітыкі незалежнай Беларусі і інш.

Гістарыяграфія знешняй палітыкі Беларусі была і застаецца адным з маладаследаваных кірункаў ва ўсім комплексе айчынных гістарычных ведаў, асабліва гэты тычыцца перыяду 1990-х гг. Тым не менш, шэраг аспектаў стану даследавання знешнепалітычнай гісторыі Беларусі сталі прадметам навуковых прац айчынных навукоўцаў С. Ф. Свілас [33], У. Е. Снапкоўскага [37], У. Я. Улаховіча [41]. Аднак спецыяльных распрацовак стану міжнародных даследаванняў у галіне знешнепалітычнай гісторыі Беларусі ў 1990—2005 гг., за выключэннем шэрагу прац аўтара гэтага артыкула, у Беларусі не ажыццяўлялася. Таму асноўная мэта гэтага артыкула — прааналізаваць стан міжнародных даследаванняў у галіне знешнепалітычнай гісторыі Беларусі ў 1990—2005 гг. Задачамі артыкула з’яўляюцца: вызначэнне асноўных тэндэнцый развіцця, навуковых дасягненняў і актуальных праблем функцыянавання азначанага накірунку гістарычнай навукі; даследаванне аб’ектыўных і суб’ектыўных прычын спецыфікі яе развіцця ў азначаны перыяд.

У 1990—2005 гг. у гісторыі знешняй палітыкі Беларусі працягвалі даследавацца накірункі, якія аформіліся ў савецкія часы, але сталі распрацоўвацца і новыя для айчыннай навукі напрамкі. Разгледзім іх больш падрабязна.

Даследаванне знешняй палітыкі старажытна-беларускіх дзяржаў, Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай стала актыўна ажыццяўляцца ў Беларусі ў асноўным ў 1990-я гг. Літоўская, польская, руская і савецкая гістарыяграфія разглядалі гісторыю беларускай дзяржаўнасці тэндэнцыйна, аднабакова, з улікам перш за ўсё ўласных палітычных інтарэсаў, а не з пазіцыі навуковай аб’ектыўнасці. Магчымасць адыходу ад абавязковых установак і ацэнак і аднаўлення гістарычнай праўды адкрылася ў канцы 1980-х гг., калі беларускія гісторыкі змаглі свабодна пісаць аб самастойнасці знешняй палітыкі беларускіх дзяржаў перыяду Сярэдневякоўя. Навуковых распрацовак па гэтай тэматыцы з’явілася няшмат, хаця назіралася відавочная тэндэнцыя ўзмацнення цікавасці да дыпламатычнай гісторыі ВКЛ.

Гісторыі старажытнабеларускіх дзяржаў, Вялікага княства Літоўскага прысвяцілі манаграфіі У. А. Арлоў [3], М. І. Ерамаловіч [10], В. К. Чаропка [44] і іншыя беларускія гісторыкі. У сваіх гістарычных нарысах гэтыя аўтары на падставе дадзеных летапісаў, археалогіі, мемуарнай і навуковай літаратуры прасачылі гістарычнае развіццё старажытнай і сярэдневяковай Беларусі, дзейнасць дзяржаўных дзеячаў мінулага; прааналізавалі розныя аспекты знешнепалітычнай і дыпламатычнай гісторыі Беларусі.

Розныя аспекты знешнепалітычнай дзейнасці Вялікага княства Літоўскага і яго ўзаемаадносін з суседнімі краінамі даследавалі на дысертацыйным узроўні У. І. Канановіч [14], Л. В. Мікалаева [26], Б. І. Сідарэнка [34], А. М. Янушкевіч [48] і інш.

Шмат увагі беларускія навукоўцы звярнулі на падзеі вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гг. Так, Г. М. Сагановіч ўпершыню ў беларускай гістарыяграфіі прааналізаваў падзеі вайны, якая з палітычных прычын да таго часу заставалася невядомай як навукоўцам, так і шырокаму колу беларускай грамадскасці [32].

Даследаванне дыпламатычнай гісторыі старажытнай Беларусі, ВКЛ і Рэчы Паспалітай ажыццяўляў У. Е. Снапкоўскі; вынікі яго працы знайшлі сваё адлюстраванне ў публікацыях, надрукаваных у навуковых часопісах [35—39].

Павялічылася зацікаўленасць беларускіх даследчыкаў падзеламі Рэчы Паспалітай, міжнароднымі аспектамі ўключэння земляў былога ВКЛ у склад Расійскай імперыі і знаходжанне Беларусі ў яе складзе. Праблемам інкарпарацыі Беларусі ў Расійскую Імперыю ў канцы XVIII ст. прысвечаны даследаванні Я. К. Анішчанкі [2], А. У. Ерашэвіча [9] і інш.

Міжнародныя аспекты дзяржаваўтваральных працэсаў на тэрыторыі Беларусі і знешнепалітычная дзейнасць БНР і БССР у 1918—1920-я гг., а таксама ў міжваенны перыяд пачалі таксама дэталёва вывучацца толькі ў 1990-я гг.

Як і ў 1980-я гг., большасць манаграфій, апублікаваных у межах гэтага кірунка, непасрэдна не тычылася гісторыі міжнародных адносін. Яны былі прысвечаны гістарычным падзеям, звязаным з узнікненнем БНР і БССР. Сярод іх трэба адзначыць даследаванні І. М. Ігнаценкі [13], В. А. Круталевіча [18], У. Ф. Ладысева [21], С. С. Рудовіча [30] і інш.

Цікавай з’яўляецца манаграфія А. В. Ціхамірава [42], якая стала першым глыбокім айчынным даследаваннем гэтага перыяду. У манаграфіі В. А. Космача і Д. У. Раманоўскага [17] разгледжана супрацоўніцтва БССР і Германіі ў 1920-я гг.

Знешнепалітычным аспектам дзейнасці БНР і БССР прысвечаны дысертацыі, якія абаранілі ў 1990-я гг. Л. А. Кавалёва [15], В. Г. Мазец [23], Д. А. Мігун [25], Т. Я. Паўлава [28], В. М. Цынкевіч [43] і інш.

Знешнепалітычная дзейнасць БССР пасля 1944 г. з’яўляецца найбольш даследаванай тэмай беларускай гістарыяграфіі міжнародных адносін. Аднак толькі ў 1990-я гг. гісторыкі змаглі адысці ад савецкай метадалогіі і пачаць даследаванне знешнепалітычнай дзейнасці БССР гэтага перыяду, грунтуючыся на новых дакументах, з пункту гледжання нацыянальнай гістарыяграфічнай канцэпцыі. Адной з галоўных тэм пры даследаванні гэтых праблем засталося супрацоўніцтва БССР з замежнымі краінамі. У гэтай галіне працавалі В. В. Барысенка [4], В. М. Важнік [5], Л. Г. Каралёнак [16], С. В. Ксянзоў [20], Л. П. Мірачыцкі [27], В. Г. Шадурскі [46] і інш.

У працах У. Е. Снапкоўскага ўпершыню ў беларускай гістарыяграфіі праведзены глыбокі і крытычны аналіз знешнепалітычнай дзейнасці БССР ў 1944—1953 гг. Па гэтай тэматыцы ён абараніў доктарскую дысертацыю і апублікаваў манаграфію [35; 39].

Знешнепалітычныя аспекты вызначэння савецка-польскай мяжы і ўрэгулявання праблемы абмена насельніцтвам даследаваў А. Ф. Вялікі [7].

Цікавасць да праблемы ўдзелу Беларусі ў рабоце ААН захавалася і ў 1990-я гг. Пачалі выкладацца адпаведныя спецыяльныя курсы ў вышэйшай школе. Беларускімі вучонымі былі напісаны навуковыя працы ў гэтай галіне, сярод якіх трэба зазначыць манаграфію У. Е. Снапкоўскага «Путь Беларуси в ООН: 1944—1945 гг.», дзе даследавана праблема першапачатковага членства рэспублік СССР у ААН, складаны шлях БССР у гэту арганізацыю [36].

Пасля абвяшчэння незалежнасці Рэспублікі Беларусь ў 1991 г. у айчынная гістарычнай навуцы сфарміраваўся новы кірунак даследаванняў — вывучэнне знешняй палітыкі рэспублікі. З распадам СССР звязаны самыя значныя змены ў беларускай гуманітарнай навуцы; упершыню беларуская гістарыяграфія пачала развівацца больш актыўна. З іншага боку, неабходнасць ажыццяўлення ўласнага знешнепалітычнага курсу патрабавала дэталёвага вывучэння знешняй палітыкі незалежнай Беларусі, што немагчыма без пабудовы тэарэтычных мадэляў у гэтай сферы.

Асноўнай праблемай, з якой сутыкнулася маладая беларуская дыпламатыя, стала вызначэнне прыярытэтаў знешняй палітыкі краіны, што было немагчыма без навуковага аналізу. Ужо ў 1993 г. быў надрукаваны артыкул «Прыярытэты знешнепалітычнай стратэгіі Беларусі», дзе аналізаваліся варыянты развіцця розных кірункаў яе знешняй палітыкі [29].

Беларускія вучоныя даследавалі праблемы супрацоўніцтва Беларусі з асобнымі замежнымі краінамі. Так, А. У. Русаковіч прааналізаваў беларуска-германскія адносіны ў 1990-я гг. [31]. Культурныя сувязі Беларусі з краінамі Цэнтральнай і Заходняй Еўропы ў 1945—1990-я гг. даследаваў В. Г. Шадурскі [46].

У кандыдацкай дысертацыі Д. А. Крывашэя ахарактарызаваны прававыя асновы і механізмы ажыццяўлення шматбаковых культурных сувязяў Рэспублікі Беларусь у 1991—1996 гг. [19]; эканамічныя, навукова-тэхнічныя і культурныя сувязі Беларусі і Францыі ў 1971—1999 гг. асветлены ў кандыдацкай дысертацыі Л. У. Ляховіч [22].

М. Э. Часноўскі даследаваў месца краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ў міжнародных адносінах у 1990-я гг. Шэраг прац навукоўца быў прысвечаны адносінам Беларусі і краін рэгіёна, у тым ліку аналізу узаемаадносін Беларусі і Польшчы ў 1990-я гг. [45].

У 1990-я — пачатку 2000-х гг. айчыннымі навукоўцамі было распачата даследаванне ўсходняга вектара знешняй палітыкі Беларусі. Найбольш паспяхова гэтую тэматыку распрацаваў В. М. Мацэль, які абараніў доктарскую дысертацыю і апублікаваў некалькі навуковых прац, у тым ліку манаграфію [24].

Адносіны незалежнай Беларусі з міжнароднымі міждзяржаўнымі арганізацыямі займаюць важнае месца ў працах айчынных гісторыкаў і палітолагаў. Гэтую праблематыку даследавалі А. І. Гардзейчык [8], А. Г. Ермаловіч [11] і інш.

Нарэшце, найбольш даследаванымі ў 1990-я гг. былі адносіны Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі, праблемы пабудовы саюзнай дзяржавы у працах, напрыклад, А. І. Гардзейчыка [8], А. В. Шарапы [47] і інш.

Сталай формай міжнароднага навуковага супрацоўніцтва ў галіне даследавання расійска-беларускіх адносін можна лічыць «круглыя сталы» беларускіх і расійскіх вучоных, якія праводзяцца штогод з 1998 г. па чарзе ў Мінску і Маскве на базе факультэта міжнародных адносін БДУ і Інстытута міжнародных эканамічных і палітычных даследаванняў РАН. Па выніках сустрэч друкуюцца матэрыялы «круглых сталоў» і заключныя дакументы [6].

Пэўны ўклад у даследаванне асаблівасцей знешняй палітыкі незалежнай Беларусі ўнесены Цэнтрам міжнародных даследаванняў БДУ, якім было праведзена некалькі навуковых канферэнцый, прысвечаных гэтым пытанням, з выданнем зборнікаў навуковых прац (напр., [1]).

Такім чынам, у 1990—2005 гг. беларускімі вучонымі даследаваліся наступныя тэмы ў галіне гісторыі знешняй палітыкі Беларусі:

— знешняя палітыка старажытнабеларускіх дзяржаў, Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай;

— міжнародныя аспекты дзяржаваўтва-ральных працэсаў на тэрыторыі Беларусі і знешнепалітычная дзейнасць БНР і БССР ў 1918—1920-я гг., а таксама ў міжваенны перыяд;

— знешнепалітычная дзейнасць БССР пасля 1944 г.;

— знешняя палітыка незалежнай Беларусі.

У 1990-я гг. на базе вядучых беларускіх навуковых і навучальных устаноў (Інстытут гісторыі НАН Беларусі і БДУ) распрацоўваліся пэўныя даследчыя накірункі ў галіне гісторыі знешняй палітыкі Беларусі. Праблематыка даследаванняў стала больш разнастайнай: пачалося вывучэнне знешнепалітычнай гісторыі Беларусі часоў Сярэдневякоўя, новага і навейшага часу; упершыню на навуковым узроўні была прааналізавана дзейнасць БНР.

Некаторыя тэмы па знешнепалітычнай тэматыцы вывучаліся не досыць актыўна, напрыклад: супрацоўніцтва БССР з краінамі Захаду ў 1980-я гг.; сувязі Беларусі з краінамі Азіі і Афрыкі ў 1990-я гг.; удзел краіны ў рабоце АБСЕ і большасці спецыялізаваных устаноў ААН і г. д.

Шмат вучоных прысвяцілі свае працы праблемам гісторыі знешняй палітыкі Беларусі; было выдадзена больш за 20 манаграфій, прыкметна павялічылася кола даследчыкаў гэтай праблематыкі, пашырылася тэматыка іх прац, аднак колькасць дактароў навук у гэтай галіне з улікам змены пакаленняў не змянілася (В. М. Мацэль, У. Е. Снапкоўскі, В. Г. Шадурскі). У азначаны перыяд было абаронена тры доктарскія і больш за 20 кандыдацкіх дысертацый па гісторыі знешняй палітыкі Беларусі. Прычым абарона ажыццяўлялася не толькі па спецыяльнасці «Айчынная гісторыя», а і па новай для беларускай навукі спецыяльнасці «Гісторыя міжнародных адносін і знешняй палітыкі».

Вядучым цэнтрам у галіне знешнепалітычных даследаванняў у рэспубліцы стала кафедра міжнародных адносін БДУ, на базе якой фарміравалася айчынная школа даследчыкаў знешняй палітыкі і замежных сувязей Беларусі (адпаведныя структурныя адзінкі Інстытута гісторыі НАН Беларусі ўжо ў другой палове 1990-х гг. змянілі накірункі навуковых даследаванняў, якія былі характэрны для Інстытута ў 1980-я гг.).

Вельмі важным для далейшага развіцця і каардынацыі даследаванняў у азначанай галіне стала фарміраванне ў 1990-я гг. новай навуковай і вучэбнай дысцыпліны «Гісторыя знешняй палітыкі Беларусі». Важкі ўклад у гэты працэс унёс прафесар У. Е. Снапкоўскі, які апублікаваў дзве часткі навучальнага дапаможніка па дысцыпліне [38]. А. В. Ціхаміраў надрукаваў у 2003 г. навучальна-метадычны комплекс «Беларусь у міжнародных адносінах 1772—2002 гг.» [40].

У 1990-я гг. упершыню ў беларускай гістарычнай навуцы пачалося выданне шматтомнага зборніка дакументаў і матэрыялаў па гісторыі знешняй палітыкі Беларусі, што было вельмі карысным для развіцця міжнародных даследаванняў у краіне. У 1997—2004 гг. былі выдадзены першыя 7 тамоў зборніка, якія змяшчалі матэрыялы па гісторыі знешняй палітыкі Беларусі з 1917 па 1995 г. [12].

З 1991 па 2005 г. вывучэнне гісторыі беларускай знешняй палітыкі стала важным накірункам міжнародных даследаванняў у рэспубліцы. У гэтай сферы была праведзена вялікая праца па стварэнню ўласнай навуковай канцэпцыі. Айчынныя даследчыкі сутыкнуліся з шэрагам цяжкасцяў, але і дасягнулі значных поспехаў.

На базе акрэсленых у артыкуле даследчых накірункаў можна прыйсці да наступных высноў:

— айчынная грамадска-палітычная навука ў галіне знешнепалітычнай гісторыі Беларусі больш чым за 10 год самастойнага развіцця дасягнула значных навуковых поспехаў: было апублікавана некалькі манаграфій, абаронена больш за 20 дысертацый, у тым ліку 3 доктарскія. У цэлым аформіліся галоўныя накірункі шэрагу новых для айчыннай гістарыяграфіі даследаванняў (знешняя палітыка старажытнабеларускіх дзяржаў, Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, знешняя палітыка незалежнай Беларусі і інш.). Пры гэтым, не ўсе вектары знешняй палітыкі Беларусі знайшлі сваё адлюстраванне ў працах беларускіх даследчыкаў, некаторыя тэмы толькі пачынаюць вывучацца на навуковым узроўні;

— беларуская навука ў сферы вывучэння гісторыі знешняй палітыкі Беларусі пазбегла рэзкай палярызацыі думак, якая мела месца ў агульнай гісторыі Беларусі, што паспрыяла яе арганічнаму і выніковаму развіццю ў разглядаемы перыяд;

— беларуская навука ў галіне вывучэння гісторыі і актуальных праблем знешняй палітыкі краіны развівалася ад пэўнай сумбурнасці і выпадковасці даследаванняў у першай палове 1990-х гг., калі тэматыка прац у асноўным вызначалася навуковымі інтарэсамі вядучых даследчыкаў, да большай упарадкаванасці і сістэмнасці ў другой палове 1990-х гг. Гэта прывяло да стварэння трывалай навукова-метадычнай базы для далейшага даследавання і выкладання знешняй палітыкі Беларусі; былі апублікаваны навучальныя дапаможнікі, зборнікі дакументаў і матэрыялаў, энцыклапедычныя выданні. Усё гэта дае магчымасць сцвярджаць наяўнасць самастойнага кірунка міжнародных даследаванняў — знешнепалітычнай гісторыі Беларусі.

Літаратура

1. Актуальные вопросы международных отношений и внешней политики Беларуси: материалы науч. семинаров, янв.—дек. 2002 г. / редкол.: К. Байер [и др.]. — Минск: Тесей, 2003. — 215 с.
2. Анішчанка, Я. К. Інкарпарацыя: літоўская правінцыя ў падзелах Рэчы Паспалітай / Я. К. Анішчанка. — Мінск: Хурсік, 2003. — 470 с.
3. Арлоў, У. А. Таямніцы полацкай гісторыі / У. А. Арлоў. — Мінск: Навука і тэхніка, 1994. — 463 с.
4. Борисенко, В. В. Участие Беларуси во внешнеэкономических связях Советского Союза (1971—1985 гг.): автореф. дис. … канд. ист. наук: 07.00.02 / В. В. Борисенко; Белорус. гос. пед. ун-т им. М. Танка. — Минск, 2001. — 19 с.
5. Важник, О. Н. БССР и Польская Народная Республика: экономические, научно-технические и культурные связи в 1949—1979 гг.: автореф. дис. … канд. ист. наук: 07.00.15 / О. Н. Важник; Белорус. гос. ун-т. — Минск, 2005. — 21 с.
6. Вопросы международных отношений и внешней политики Республики Беларусь: материалы VI «круглого стола» «Белорус.-рос. отношения в современ. междунар. контексте» и цикла семинаров «Актуал. вопр. междунар. отношений и внеш. политики Респ. Беларусь» / редкол.: В. А. Астапенко [и др.]. — Минск: Юнипак, 2004. — 133 с.
7. Вялікі, А. Ф. Ажыццяўленне абмена насельніцтвам паміж БССР і Польшчай, 1944—1946 гг.: аўтарэф. дыс. … канд. гіст. навук: 07.00.02 / А. Ф. Вялікі; Беларус. дзярж. пед. ун-т ім. М. Танка. — Мінск, 2002. — 21 с.
8. Гордейчик, А. И. Политические и экономические взаимоотношения Республики Беларусь и Российской Федерации в 1-й половине 1990-х гг.: автореф. дис. … канд. ист. наук: 07.00.05 / А. И. Гордейчик; Белорус. гос. ун-т. — Минск, 1998. — 19 с.
9. Ерашэвіч, А. У. Уплыў Напалеонаўскіх войнаў на грамадска-палітычнае жыццё Беларусі (1799—1815 гг): аўтарэф. дыс. … канд. гіст. навук: 07.00.02 / А. У. Ерашэвіч; Ін-т гісторыі НАН Беларусі. — Мінск, 2003. — 20 с.
10. Ермаловіч, М. І. Старажытная Беларусь: Полацкі і Навагародскі перыяд / М. І. Ермаловіч. — Мінск: Мастац. літ., 2001. — 366 с.
11. Ермолович, А. Г. Проблемы отношений с ОБСЕ в контексте национальной безопасности Республики Беларусь / А. Г. Ермолович // Веснік ГрГУ. Сер. 1. — 2000. — № 2. — С. 81—88.
12. Знешняя палітыка Беларусі: зб. дак. і матэрыялаў / Мін-ва замеж. спраў Рэсп. Беларусь [і інш.] Т. 1—7 / склад.: У. М. Міхнюк [і інш.]. — Мінск, 1997—2004.
13. Игнатенко, И. М. Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии / И. М. Игнатенко. — Минск: Наука и техника, 1992. — 254 с.
14. Канановіч, У. І. Дыпламатыя Вялікага княства Літоўскага ў 1480 — першай чвэрці XVI ст. (Адносіны з Вялікім княствам Маскоўскім і Крымскім ханствам): аўтарэф. діс. … канд. гіст. навук: 07.00.02 / У. І. Канановіч; Ін-т гісторыі АН Беларусі. — Мінск, 1995. — 16 с.
15. Ковалёва, Л. А. Внешнеполитическая деятельность Советской Белоруссии в 1919—1929 гг.: автореф. дис. … канд. ист. наук: 07.00.02 / Л. А. Ковалёва; Ин-т истории АН Беларуси. — Минск, 1993. — 26 с.
16. Королёнок, Л. Г. Беларусь и Великобритания: экономические, научно-технические и культурные связи в 1970—2003 гг.: автореф. дис. … канд. ист. наук: 07.00.15 / Л. Г. Королёнок; Бел. гос. ун-т. — Минск, 2004. — 21 с.
17. Космач, В. А. Советская Беларусь и Германия в 1917—1932 гг.: кампании солидарности, торговля, культурный обмен (уроки истории для современности) / В. А. Космач, Д. В. Романовский. — Витебск: Изд-во ВГУ им П. М. Машерова, 2001. — 156 с.
18. Круталевич, В. А. История Беларуси: становление национальной державности / В. А. Круталевич. — Минск: Право и экономика, 2003. — 592 с.
19. Крывашэй, Д. А. Развіццё культурных сувязей Рэспублікі Беларусь з краінамі Цэнтральнай і Заходняй Еўропы (1991—1996): аўтарэф. дыс. … канд. гіст. навук: 07.00.02 / Ін-т гісторыі АН Беларусі. — Мінск, 1999. — 19 с.
20. Ксензов, С. В. Сотрудничество Белорусской ССР и восточно-европейских стран (на материале общественно-политических организаций Белоруссии, 80-е годы): автореф. дис. … канд. ист. наук: 07.00.01 / С. В. Ксензов; Белорус. гос. ун-т. — Минск, 1992. — 22 с.
21. Ладысеў У. Ф. Паміж Усходам і Захадам: станаўленне дзяржаўнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі (1917—1939 гг.) / У. Ф. Ладысеў, П. І. Брыгадзін. — Мінск: БДУ, 2003. — 307 с.
22. Ляхович, Л. В. Франция и Беларусь: экономические, научно-технические и культурные связи в 1971—1999 гг.: автореф. дис. … канд. ист. наук: 07.00.03 / Л. В. Ляхович; Белорус. гос. ун-т. — Минск, 2001. — 22 с.
23. Мазец, В. Г. Беларуская Народная Рэспубліка: абвяшчэнне і дзейнасць (1918 год): аўтарэф. дыс. … канд. гіст. навук: 07.00.02 / В. Г. Мазец; Ін-т гісторыі АН Беларусі.— Мінск, 1995. — 18 с.
24. Мацель, В. М. Политика Республики Беларусь на востоке и юге Азии (1991—2002 гг.): автореф. дис. … д-ра ист. наук: 07.00.15 / В. М. Мацель; Дипломат. акад. МИД России. — М., 2005. — 38 с.
25. Мигун, Д. А. Политика Германии в отношении Беларуси (1914—1922 гг.): автореф. дис. … канд. ист. наук: 07.00.03 / Д. А. Мигун; Белорус. гос. ун-т. — Минск, 2001. — 19 с.
26. Мікалаева, Л. В. Арганізацыя знешняй палітыкі Вялікага княства Літоўскага ў кан. XV — сяр. XVI ст.: аўтарэф. дыс. … канд. гіст. навук: 07.00.02 / Беларус. дзярж. ун-т. — Мінск, 2003. — 19 с.
27. Мірачыцкі, Л. П. Беларуска-югаславскія культурныя і навуковыя сувязі / Л. П. Мірачыцкі. — Мінск: Навука і тэхніка, 1992. — 215 с.
28. Павлова, Т. Я. Внешнеполитическая деятельность Белорусской Народной Республики в 1918—1920 гг.: автореф. дис. … канд. ист. наук: 07.00.05 / Т. Я. Павлова; Белорус. гос. ун-т. — Минск, 2001. — 20 с.
29. Разанаў, А. А. Прыярытэты знешнепалітычнай стратэгіі Беларусі / А. А. Разанаў, А. А. Чалядзінскі, А. В. Шарапа, І. І. Сачанка // Беларус. гіст. часопіс. — 1993. — № 2. — С. 65—71.
30. Рудовіч, С. С. Час выбару: праблема самавызначэння Беларусі ў 1917 г. / С. С. Рудовіч. — Мінск: Тэхналогія, 2001. — 200 с.
31. Русакович, А. В. Белорусско-германские отношения в 1990-х гг.: автореф. дис. … канд. ист. наук: 07.00.05. / А. В. Русакович; Белорус. гос. ун-т. — Минск, 2000. — 20 с.
32. Сагановіч, Г. М. Невядомая вайна: 1654—1667 / Г. М. Сагановіч. — Мінск: Навука і тэхніка, 1995. — 144 с.
33. Свилас, С. Ф. Историография и источники по истории внешнеполитической деятельности БССР в 1954—1990 гг. / С. Ф. Свилас // Белорус. журн. междунар. права и междунар. отношений. — 2003. — № 4. — С. 40—44.
34. Сидоренко, Б. И. Земли Восточной Беларуси во внешней политике Великого княжества Литовского и Московского княжества в 1500—1537 гг.: автореф. дис. … канд. ист. наук: 07.00.02 / Б. И. Сидоренко; Ин-т истории НАН Беларуси. — Минск, 2005. — 24 с.
35. Снапковский, В. Е. Внешнеполитическая деятельность Белорусской CCР (1944—1953 гг.): автореф. дис. … д-ра ист. наук: 07.00.02 / В. Е. Снапковский; Инст. истории АН БССР. — Минск, 1992. — 45 с.
36. Снапковский, В. Е. Путь Беларуси в ООН: 1944—1945 гг. / В. Е. Снапковский. — Минск: Наука и техника, 1994. — 141 с.
37. Снапкоўскі, У. Е. Аб навуковых даследаваннях аддзела нацыянальных і міжнародных адносін Беларусі Інстытута гісторыі НАН Беларусі (1960—1990-я гг.) / У. Е. Снапкоўскі // Белорус. журн. междунар. права и междунар. отношений. — 2000. — № 1. — С. 72—75.
38. Снапкоўскі, У. Е. Гісторыя знешняй палітыкі Беларусі: вучэб. дапам. для студэнтаў міжнар. адносін: у 2 ч. — Мінск: БДУ. Ч. 1. — 2003. — 281 с.; Ч. 2. — 2004. — 303 с.
39. Снапкоўскі, У. Е. Знешнепалітычная дзейнасць Беларусі у 1944—1953 гг. / У. Е. Снапкоўскі. — Мінск: Беларус. навука, 1997. — 207 с.
40. Тихомиров, А. В. Беларусь в международных отношениях 1772—2002 гг.: учеб.-метод. комплекс / А. В. Тихомиров. —Минск: Веды, 2003.— 248 с.
41. Улахович, В. Е. Становление и развитие концептуальных основ внешней политики Республики Беларусь: источники и историография / В. Е. Улахович // Журн. междунар. права и междунар. отношений. — 2007. — № 2. — С. 27—36.
42. Ціхаміраў, А. В. Беларусь у сістэме міжнародных адносін перыяду пасляваеннага ўладкавання Еўропы і польска-савецкай вайны (1918—1921 гг.) / А. В. Ціхаміраў. — Мінск: Экаперспектыва, 2003. — 400 с.
43. Цынкевіч, В. М. Палітычныя ўзаемадачыненні паміж БССР і Польскай Рэспублікай у 1921—1929 гг.: аўтарэф. дыс. … канд. гіст. навук: 07.00.15 / В. М. Цынкевіч; Беларус. дзярж. ун-т. — Мінск, 2004. — 20 с.
44. Чаропка, В. К. Уладары Вялікага княства / В. К. Чаропка. —Мінск: Беларусь, 2002. — 608 с.
45. Часноўскі, М. Э. Беларуска-польскія адносіны ў 1996—1999 гг. / М. Э. Часноўскі // Беларус. гіст. часопіс. — 2000. — № 3. — С. 16—21.
46. Шадурский, В. Г. Культурные связи Беларуси со странами Центральной и Западной Европы (1945—1990-е гг.) / В. Г. Шадурский. — Минск: БГУ, 2000. — 283 с.
47. Шарапо, А. В. Беларусь и Россия в XXI веке / А. В. Шарапо // Белорус. журн. междунар. права и междунар. отношений. — 2003. — № 3. — С. 43—45.
48. Янушкевіч, А. М. Першая Інфлянцкая вайна і яе ўплыў на развіццё сацыяльна-палітычных працэсаў у Вялікім княстве Літоўскім: аўтарэф. дыс. … канд. гіст. навук: 07.00.02, 07.00.03 / А. М. Янушкевіч; Ін-т гісторыі НАН Беларусі. — Мінск, 2002. — 20 с.


Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter

Сообщество

  • (029) 3222740
  • Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
© 2019 Международное общественное объединение «Развитие». All Rights Reserved.