журнал международного права и международных отношений 2012 — № 2


международные отношения

Пачатак палітычнай барацьбы ў ААН па пытанні прыёму новых членаў (1946—1947 гг.)

Уладзімір Снапкоўскі

Аўтар:
Снапкоўскі Уладзімір Еўдакімавіч — доктар гістарычных навук, прафесар кафедры міжнародных адносін факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта

Рэцэнзенты:
Шарапа Аляксандр Віктаравіч — доктар гістарычных навук, прафесар, загадчык кафедры міжнародных адносін факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта
Лазько Рыгор Рыгоравіч — доктар гістарычных навук, прафесар, загадчык кафедры ўсеагульнай гісторыі гістарычнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны

Савецкая гістарыяграфія дзейнасці ААН у асвятленні пытання прыёму новых членаў зыходзіла з палітыка-ідэалагічных установак, якія апраўдвалі і прыхарошвалі дзеянні савецкай дыпламатыі і адначасова асуджалі і крытыкавалі дыпламатычны курс заходніх дзяржаў. Гэтыя трактоўкі былі зафіксаваны ў афіцыйных савецкіх выданнях («История дипломатии», «История внешней политики СССР», «Советский Союз в Организации Объединенных Наций») і публікацыях гісторыкаў і юрыстаў-міжнароднікаў, у тым ліку і беларускіх. У постсавецкай гістарыяграфіі, перш за ўсё ў яе найбольш прадстаўнічым расійскім аддзеле, перагляду старых падыходаў у даследаванні пытання прыёму новых членаў у ААН у першыя гады яе дзейнасці не адбылося. Асобных даследаванняў па гэтай праблематыцы не заўважана. Дадзены артыкул уяўляе спробу больш узважанага і збалансаванага адлюстравання палітычнай і дыпламатычнай барацьбы паміж СССР і заходнімі дзяржавамі па пытанні прыёму новых членаў, якое паўстала ў 1946 г. спачатку ў Савеце Бяспекі, а потым і ў Генеральнай Асамблеі.

ААН была задумана яе заснавальнікамі як універсальная арганізацыя, у якой прадстаўлены дзяржавы, што належаць да розных сацыяльна-эканамічных і палітычных сістэм. У Статуце ААН (п. 1 арт. 4) адзначаецца: «Прыём у члены Арганізацыі адкрыты для ўсіх іншых міралюбівых дзяржаў, якія возьмуць на сябе абавязацельствы і якія, на думку Арганізацыі, могуць і жадаюць гэтыя абавязацельствы выконваць» [22, c. 146]. З гэтага вынікае, што прыёму ў ААН падлягаюць: 1) дзяржавы; 2) калі яны з’яўляюцца міралюбівымі; 3) прымаюць на сябе абавязацельствы, выкладзеныя ў Статуце; 4) могуць выконваць гэтыя абавязацельствы; 5) жадаюць іх выконваць.

Частка пералічаных умоў мае суб’ектыўны характар, паколькі яны залежаць ад выражэння волі дзяржавай, якая прэтэндуе на ўступленне ў ААН: маюцца на ўвазе прыняцце абавязацельстваў, якія ўтрымліваюцца ў Статуце, і жаданне гэтыя абавязацельствы выконваць. Астатнія ўмовы носяць аб’ектыўны характар. Прызнанне таго, што дзяржава-кандыдат выконвае пералічаныя вышэй умовы, з’яўляецца прэрагатывай Генеральнай Асамблеі і Савета Бяспекі, якія прымаюць рашэнне па пытанні прыёму новых членаў згодна з названымі пастановамі Статута. Трэба падкрэсліць, што Статут у пытанні членства ў ААН, як і ў іншых абласцях, не прадугледжвае ніякай дыскрымінацыі ў адносінах да дзяржаў у залежнасці ад іх грамадскага і дзяржаўнага ладу [19, c. 56].

Статутам ААН (п. 2 арт. 4) прадугледжаны спецыяльны механізм для прыёму ў члены Арганізацыі. Спачатку неабходна атрымаць рэкамендацыю Савета Бяспекі, якая прымаецца 9 (раней 7) галасамі, уключаючы галасы ўсіх пастаянных членаў Савета; затым Генеральная Ассамблея, зыходзячы з рэкамендацыі Савета Бяспекі, большасцю ў 2/3 галасоў можа вынесці пастанову аб прыёме. Гэта азначае, што для прыёму ў ААН новага члена патрэбна станоўчае рашэнне абодвух галоўных органаў Арганізацыі, пры гэтым без рэкамендацыі Савета Бяспекі, прынятай на аснове прынцыпа аднагалоснасці пастаянных членаў, прыём у члены ААН не можа быць здзейснены.

Умова, згодна з якой дзяржава — кандыдат у члены ААН павінна быць «міралюбівай», была накіравана супраць недапушчэння ў Арганізацыю былых «варожых дзяржаў». Але гэта адкрывала шлях да суб’ектыўнай інтэрпрэтацыі. Вядомы англійскі даследчык, аўтар «Гісторыі Аб’яднаных Нацый» І. Луард пісаў у сувязі з гэтым: «Тэарэтычна большасць членаў прызнавала, што Арганізацыя павінна быць як мага больш універсальнай: гэта павінна быць адной з яе пераваг перад Лігай (Нацый. — У. С.). Але на практыцы яны захавалі права выключаць любы ўрад, які ім асабліва не падабаўся, на падставе таго, што ён не адпавядаў гэтай кваліфікацыі. Кожны член Арганізацыі мог скарыстацць свой голас з гэтай мэтай, калі ён гэтага хацеў. А што тычыцца пастаянных членаў, такім голасам было вета» [30, p. 361].

Амаль усе дзяржавы-члены больш ці менш рашуча выказваліся за рэалізацыю прынцыпа ўніверсальнасці ў практыцы ААН. Толькі гамінданаўскі Кітай адкрыта аспрэчваў важнасць гэтага прынцыпу, сцвярджаючы, што прынцып універсальнасці «не з’яўляецца адным з асноўных прынцыпаў Статута», што ўніверсальнасць — гэта толькі «якасны крытэрый пры вырашэнні пытання аб прыёме новых членаў» [19, c. 57].

Адрозненні ў пазіцыях дзяржаў-членаў па праблеме прымянення прынцыпа ўніверсальнасці і тлумачэння палажэнняў Статута наглядна выявіліся ў пытанні аб прыёме новых членаў у ААН. ЗША, Вялікабрытанія і іншыя заходнія краіны з самага пачатку дзейнасці ААН процідзейнічалі прыёму ў яе краін, якія выбралі сацыялістычны шлях развіцця, і адначасова падтрымлівалі ўступленне ў Арганізацыю краін, роднасных ім па сацыяльнай прыродзе. З дапамогай такой дыскрымінацыйнай у адносінах дзяржаў іншай сацыяльнай сістэмы палітыкі заходнія дзяржавы імкнуліся захаваць за сабой большасць галасоў у ААН і ізаляваць невялікую групу краін Усходняй Еўропы — Савецкі Саюз, УССР, БССР, Польшчу, Чэхаславакію і Югаславію, якія былі членамі — заснавальнікамі ААН. Рэалізацыя такіх намераў прывяла б да адмовы ад прынцыпа ўніверсальнасці, так як азначала б прыняцце ў ААН дзяржаў толькі адной сацыяльнай сістэмы. Такая палітыка не адпавядала інтарэсам міжнароднага супрацоўніцтва.

Для характарыстыкі пазіцыі СССР у пытанні прыёму новых членаў даследчыкі раней часта прыводзілі выказванне вядомага савецкага навукоўца ў галіне міжнароднага права Г. І. Марозава, які адзначаў: «Савецкі Саюз, строга кіруючыся Статутам ААН, нязменна галасаваў за прыём новых членаў ААН. Нягледзячы на тое, што палітычны і грамадскі лад гэтых дзяржаў адрозніваўся ад савецкага, нягледзячы на тое, што з некаторымі з іх ён не меў у той час дыпламатычных адносін» [10, c. 148]. Аднак гэтае сцвярджэнне не адпавядае рэальнасці, бо, па-першае, СССР не галасаваў «нязменна» за прыём новых членаў, а па-другое, як раз адсутнасць у некаторых краін (Трансіарданія, Партугалія, Ірландыя) дыпламатычных адносін з СССР выкарыстоўвалася апошнім у якасці перашкоды для іх дапушчэння ў ААН. Аб гэтым падрабязней будзе сказана ніжэй.

Не зусім дакладным, на наш погляд, з’яўляецца сцвярджэнне савецкіх аўтараў і аб тым, што дэлегацыі «сацыялістычных краін у ААН дабіваліся поўнай рэалізацыі прынцыпа ўніверсальнасці, які ахопліваў усе краіны, што жадалі быць прынятымі ў ААН…» [19, c. 58]. На самой справе Савецкі Саюз, адмовіўшыся ад унесенай у 1946 г. прапановы ЗША аб адначасовым прыёме ў ААН групы краін з розным сацыяльным ладам, настаяў на індывідуальным падыходзе да кожнай дзяржавы-кандыдата і першым прымяніў вета ў пытанні прыёму новых членаў, заблакіраваўшы прыняцце Трансіарданіі, Партугаліі і Ірландыі. І ў наступныя гады СССР неаднаразова прымяняў права вета ў пытаннях прыёму, але ўжо ў адказ на дыскрымінацыйныя дзеянні заходніх дзяржаў і Кітая ў адносінах да ўсходне-еўрапейскіх краін і МНР і абараняючы тым самым іх і свае вялікадзяржаўныя інтарэсы.

Пазіцыя дэлегацыі СССР па пытанні прыёму новых членаў была сфармуліравана ў дырэктывах для савецкай дэлегацыі на 1-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН, зацверджаных Палітбюро ЦК УКП(б). Адпаведны пункт дырэктывы гучаў наступным чынам: «П. 7. О приеме новых членов в Организацию. В случае внесения в Совет Безопасности предложений о приеме в Международную Организацию некоторых нейтральных стран (например, Швеции, Швейцарии, Португалии) Советская делегация должна занять отрицательную позицию в отношении этого предложения. Мотивировать эту позицию следует тем, что первая половина первой Сессии Ассамблеи должна быть посвящена вопросам формирования органов Международной Организации. Вопрос же о приеме новых членов требует времени для предварительного изучения, тем более, что имеются факты, что на территории таких стран, как Швеция, Швейцария и Португалия, скрывались и продолжают скрываться военные преступники» [23].

Як вынікала з гэтай устаноўкі, савецкая дэлегацыя павінна была заняць негатыўную пазіцыю ў сувязі з прапановамі аб прыёме ў ААН нейтральных краін, абгрунтоўваючы яе тым, што гэта пытанне не першачарговае і патрабуе папярэдняга вывучэння. Да таго ж на тэрыторыі краін-кандыдатаў хаваліся ваенныя злачынцы. Як паказалі наступныя падзеі, дэлегацыі СССР не ўдалося адкласці гэта пытанне на пазнейшы тэрмін. Ёй давялося таксама змяніць і сваю аргументацыю.

Першымі заявы аб прыёме ў ААН у 1946 г. падалі Албанія і Мангольская Народная Рэспубліка, а за імі ў парадку чарговасці: Афганістан, Ірландыя, Трансіарданія, Партугалія, Ісландыя, Таіланд і Швецыя. У заяве прэзідэнта Народнай Рэспублікі Албанія на імя старшыні і віцэ-старшыняў Генеральнай Асамблеі ад 25 студзеня 1946 г. звярталася ўвага на велізарныя ахвяры, панесеныя албанскім народам падчас доўгай і напружанай барацьбы супраць дзяржаў «восі» і пацвярджалася гатоўнасць Албаніі прыняць на сябе ўсе абавязацельствы, вызначаныя Статутам ААН [4, c. 58]. У заяве прэм’ер-міністра замежных спраў МНР на імя Генеральнага сакратара ад 24 ліпеня 1946 г. адзначалася, што мангольскі народ прымаў удзел у барацьбе Аб’яднаных Нацый супраць фашысцкіх дзяржаў, аб’явіў вайну Японіі 10 жніўня 1945 г. і прыняў удзел у ваенных аперацыях супраць яе [4, c. 54].

У ліпені 1946 г. Савет Бяспекі заснаваў Камітэт па прыёму новых членаў у якасці свайго дапаможнага органа з мэтаю разгляду заяў аб прыёме і прадстаўлення прапаноў Савету. У Камітэт увайшлі па аднаму прадстаўніку ад кожнай дзяржавы — члена Савета Бяспекі. Даклад Камітэта аб прыёме новых членаў разглядаўся Саветам 16, 28 і 29 жніўня 1946 г.

Прадстаўнік ЗША Х. Джонсан, які выступіў першым на пасяджэнні Савета 16 жніўня, прапанаваў рэкамендаваць Генеральнай Асамблеі прыём усіх 8-мі дзяржаў, якія падалі заявы, але выказаў асцярогу наконт Албаніі і Манголіі, менавіта адносна іх гатоўнасці прыняць на сябе абавязацельствы, накладзеныя Статутам ААН [15, c. 25]. Прапанова ЗША была падтрымана Генеральным сакратаром ААН Тругвэ Лі і большасцю членаў Савета. Супраць выступілі прадстаўнік Савецкага Саюза А. А. Грамыка, які выказаўся за абмеркаванне кожнай заявы асобна, з улікам усіх фактаў і абставін, што тычыліся дадзенай заявы, а таксама прадстаўнік Аўстраліі [15, c. 28—30]. Калі высветлілася, што прапанова ЗША не будзе прынята, Х. Джонсан адклікаў ўсіх 8 дзяржаў прапанаваў таксама 29 жніўня прадстаўнік Мексікі, але і ён быў вымушаны адклікаць яе з той жа прычыны.

Савет Бяспекі разглядзеў кожную заяву асобна, як прапанаваў СССР, запрасіўшы прадстаўнікоў Грэцыі і Югаславіі прыняць удзел у абмеркаванні заявы Албаніі. Прадстаўнік Грэцыі папрасіў Савет не рэкамендаваць Албанію ў склад ААН, пакуль паміж Грэцыяй і Албаніяй не будуць вырашаны пагранічныя пытанні і наладжаны нармальныя ўзаемаадносіны [15, c. 38—44]. За прыём Албаніі выступілі прадстаўнікі СССР, Польшчы і Югаславіі.

Пры абмеркаванні заявы Манголіі прадстаўнік Вялікабрытаніі А. Кадоган сказаў, што «урад Знешняй Манголіі фактычна мае дыпламатычныя адносіны толькі з дзвюма дзяржавамі» (СССР і Кітаем. — У. С.), што Манголія яшчэ не набыла вопыту ў міжнародных справах, дастатковага для ўдзелу ў рабоце ААН. Таму ён выказаўся за адтэрміноўку рашэння па заяве МНР [8; 15, c. 49]. У падтрымку заявы МНР выступілі прадстаўнікі СССР, Кітая і Егіпта. Пасля таго, як прапанова ЗША адкласці галасаванне па заяве Албаніі была адвергнута прадстаўніком Савецкага Саюза, Вялікабрытанія адклікала аналагічную прапанову наконт заявы МНР.

Пры абмеркаванні заявы Трансіарданіі А. А. Грамыка заявіў: «Савецкі ўрад не можа падтрымаць прапанову аб прыёме Трансіарданіі ў члены Аб’яднаных Нацый. Трансіарданія не мае нармальных дыпламатычных адносін з Савецкім Саюзам. З гэтай прычыны савецкі ўрад не можа лічыць, што цяпер, пасля заканчэння вайны, краіна, якая не мае нармальных адносін з СССР, адпавядае патрабаванням, якія прад’яўляюцца краінам, што падалі заявы аб уступленні ў Аб’яднаныя Нацыі» [15, c. 50]. Па аналагічных матывах СССР выступіў супраць прыёму ў члены ААН Ірландыі і Партугаліі.

Большасць членаў Савета Бяспекі (ЗША, Вялікабрытанія, Францыя, Аўстралія, Бразілія, Егіпет, Нідэрланды, Мексіка) расцанілі патрабаванне Савецкага Саюза мець нармальныя дыпламатычныя адносіны з ім у якасці ўмовы прыёму ў ААН як супярэчлівае Статуту. Такая пазіцыя СССР сапраўды супярэчыла нормам міжнароднага права і Статуту ААН, у якім нічога не гаварылася аб тым, што наяўнасць дыпламатычных адносін з пастаянным членам Савета Бяспекі з’яўляецца адной з умоў прыёму ў члены ААН. Прадстаўнік Аўстраліі Г. Эват заўважыў на 2-й сесіі Генеральнай Асамблеі, што калі б патрабаванне СССР «было абсалютнай умовай, то з ліку членаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый была б выключана даволі вялікая колькасць краін» [21, c. 157]. Прадстаўнік Польшчы не падтрымаў патрабаванне СССР, прапанаваўшы адкласці разгляд заяў Партугаліі і Трансіарданіі і падтрымаць заяву Ірландыі [15, c. 54—56, 59]. 29 жніўня 1946 г. у Савеце Бяспекі адбылося галасаванне. Савет рэкамендаваў Генеральнай Асамблеі прыняць у Арганізацыю Афганістан, Ісландыю і Швецыю, і ў лістападзе 1946 г. гэтыя тры дзяржавы былі прыняты ў ААН. У снежні таго ж года членам ААН стаў Таіланд. Рэкамендацый па астатнім дзяржавам-кандыдатам прынята не было. ЗША і Вялікабрытанія адмовіліся галасаваць за прыём Албаніі і МНР, а Савецкі Саюз галасаваў супраць Трансіарданіі, Партугаліі і Ірландыі. Польшча ў адрозненне ад СССР галасавала за прыём Ірландыі [8; 15, c. 73—75].

Такім чынам, з 9 краін, якія падалі заявы аб прыёме ў члены ААН, у Арганізацыю былі прыняты толькі 4. Астатнія 5 дзяржаў-кандыдатаў не былі дапушчаны ў ААН у выніку як адмоўнай пазіцыі СССР (Трансіарданія, Ірландыя, Партугалія), так і рэакцыі ў адказ на дзеянні Савецкага Саюза з боку ЗША і Вялікабрытаніі (Албанія і Манголія).

Трэба адзначыць, што недружалюбная лінія ЗША ў адносінах да Албаніі выявілася яшчэ да галасавання ў Савеце Бяспекі. З пачатку 1946 г. Вашынгтон выступаў супраць прыёму Албаніі ў ААН, бо бачыў у гэтым, як пісаў старшыня амерыканскай місіі ў Тыране 28 лютага 1946 г., толькі тое, што гэта «дабавіць яшчэ адзін голас савецкаму блоку» [28, c. 254]. На негатыўную пазіцыю ЗША ў пытанні прыёму Албаніі ўказаў і прэм’ер-міністр Албаніі ў размове са старшынёй амерыканскай місіі 18 лютага 1946 г. [28, c. 243].

Некалькі пазней заходнія дзяржавы знайшлі больш «важкія» прычыны для адмовы ў прыёме Албаніі ў ААН. Першай з іх быў інцыдэнт у праліве Корфу. Ён адбыўся ў кастрычніку 1946 г., калі на мінах у праліве падарваліся два англійскія эсмінцы, якія ўторгліся ў албанскія тэрытарыяльныя воды. Англійскі ўрад у студзені 1947 г. звярнуўся ў Савет Бяспекі са скаргай на Албанію. У гэтых умовах вялікае значэнне мела савецкая дыпламатычная, палітычная і маральная падтрымка Албаніі. Па прычыне цвёрдай пазіцыі Савецкага Саюза, які падкрэсліў, што «у Савета Бяспекі няма падстаў для таго, каб прызнаць Албанію вінаватай» [3, c. 316], Савет не змог прыняць рэзалюцыю, якая ўскладала б адказнасць за інцыдэнт у праліве Корфу на албанскі ўрад. Другім аргументам, які выкарыстоўваўся Вялікабрытаніяй і ЗША для недапушчэння Албаніі ў ААН, было абвінавачванне Балканскім камітэтам па расследаванні пагранічных інцыдэнтаў паміж Грэцыяй і яе паўночнымі суседзямі ў тым, што Албанія разам з Югаславіяй і Балгарыяй вінавата ў распальванні грамадзянскай вайны ў Грэцыі [16, c. 161—162].

Абмеркаванне пытання аб прыёме новых членаў адбылося ў Палітычным камітэце 2-й часткі 1-й сесіі Генеральнай Асамблеі. Прадстаўнікі СССР, УССР і БССР падкрэслілі, што Савет Бяспекі дапусціў «сур’ёзную памылку», адмовіўшы ў рэкамендацыі Албаніі і МНР. Яны прывялі шматлікія факты, якія раскрывалі ўклад гэтых дзвюх краін у агульную справу Аб’яднаных Нацый. Старшыня дэлегацыі БССР К. В. Кісялёў у сваім выступленні 7 лістапада 1946 г. назваў рашэнне Савета Бяспекі «актам несправядлівасці», прынятым «без усялякіх на тое падстаў», і адзначыў, што Савету неабходна перагледзець пытанне аб прыёме Албаніі ў члены ААН [1, c. 317, 320]. Што тычылася Манголіі, то прадстаўнік БССР напомніў вынікі плебісцыта, які адбыўся там 29 кастрычніка 1945 г. (у выніку плебісцыта ўсе 100 % грамадзян МНР, якія прымалі ўдзел у галасаванні, аддалі свае галасы за дзяржаўны суверэнітэт. 12 студзеня 1946 г. урад Кітая, які на працягу многіх гадоў не прызнаваў незалежнасці Манголіі і прэтэндаваў на яе землі, быў вымушаны прызнаць незалежнасць МНР, а 12 лютага 1946 г. паміж дзвюма краінамі быў заключаны Дагавор аб дружбе), і сказаў, што цяпер няма ніякіх дадзеных «за» адхіленне заявы МНР аб прыёме яе ў Арганізацыю Аб’яднаных Нацый [1, л. 323; 26]. К. В. Кісялёў адзначыў, што сапраўднымі прычынамі, па якіх заходнія дзяржавы не жадаюць прыёму Албаніі і МНР у ААН, з’яўляюцца народна-дэмакратычныя рэжымы ў гэтых краінах. За перагляд пытання аб адмове ў прыёме Албаніі і МНР выказаўся і старшыня дэлегацыі Індыі В. Л. Пандзіт [25].

Парадак прыёму новых членаў, калі патрабавалася прытрымліванне прынцыпу адзінагалосся пастаянных членаў Савета Бяспекі, с пачатку дзейнасці ААН быў пастаўлены пад сумненне і выклікаў нездаволенасць з боку асобных дзяржаў. Так, дэлегат Аргенціны на 2-й частцы 1-й сесіі Генеральнай Асамблеі заявіў, што Асамблея мае права выносіць канчатковыя рашэнні па пытанню аб прыёме новых членаў большасцю ў 2/3 галасоў. На яго думку, «Генеральная Асамблея не абавязана прымаць рэкамендацыі Савета Бяспекі… Кожнае іншае тлумачэнне дало б магчымасць адной дзяржаве перашкодзіць любой іншай дзяржаве ў прыёме ў Арганізацыю» [13, c. 3]. Гэтая аргументацыя была паўторана прадстаўніком Аргенціны на 2—4-й сесіях Генеральнай Асамблеі. Прадстаўнік Аўстраліі таксама прапанаваў у 1946 г. кіравацца пры выпрацоўцы правіл працэдуры аб прыёме новых членаў прынцыпам, згодна з якім на Генеральнай Асамблеі «ляжыць галоўная і канчатковая адказнасць за прыём новых членаў на ўсіх яго стадыях» [13, c. 33].

Супраць прапаноў Аргенціны і Аўстраліі выступілі прадстаўнікі як усходнееўрапейскіх, так і заходніх краін, у тым ліку ЗША і Францыі. Прадстаўнік УССР Л. П. Мядзведзь заявіў, што ён шкадуе аб спробах некаторых аратараў настроіць Савет Бяспекі супраць Генеральнай Асамблеі з дапамогай формулы: «Савет Бяспекі — гэта вета, а Генеральная Асамблея — гэта грамадская думка» [13, c. 14]. Прапановы аб тым, каб Генеральная Асамблея прымала рашэнні аб прыёме новых членаў без папярэдняй рэкамендацыі Савета Бяспекі не атрымала падтрымкі і на 2-й частцы 1-й сесіі Генеральнай Асамблеі.

19 лістапада 1946 г. Генеральная Асамблея прыняла рэзалюцыю № 35 (1), у якой рэкамендавала Савету Бяспекі перагледзець заявы аб прыёме ў члены ААН, якія былі пададзены Албаніяй, Манголіяй, Трансіарданіяй, Ірландыяй і Партугаліяй, і вызначыць у адносінах да кожнай з гэтых краін, наколькі яны адпавядаюць крытэрыю, што прадугледжаны артыкулам 4 Статута [14, c. 60]. Савет прыняў гэтую рэкамендацыю і даручыў Камітэту па прыёму новых членаў перагледзець заявы вышэй названых дзяржаў. У Камітэт таксама былі перададзены заявы аб прыёме, якія паступілі ў 1947 г. ад Венгрыі, Аўстрыі, Румыніі, Йемена і Балгарыі. Разгледзеўшы ўсе гэтыя заявы, Камітэт прадставіў свой даклад Савету Бяспекі 18 жніўня 1947 г. На пасяджэнні Савета, якое адбылося ў той жа дзень, было вырашана разгледзець і паступіўшую заяву Пакістана.

18 і 21 жніўня 1947 г. на пасяджэннях Савета Бяспекі адбыўся разгляд заяў дзяржаў-кандыдатаў. Прадстаўнік Сірыі і Генеральны сакратар ААН Т. Лі прапанавалі, каб Албанія, МНР, Трансіарданія, Ірландыя, Партугалія, Йемен і Пакістан былі адразу ж прыняты ў ААН, а Венгрыя, Італія, Румынія, Аўстрыя і Балгарыя былі прыняты, як толькі мірныя дагаворы з гэтымі дзяржавамі ўвойдуць у сілу [5, c. 194]. Але гэтая прапанова была адхілена прадстаўніком Кітая, які настойваў на разглядзе заяў індывідуальна. Таму Савет Бяспекі стаў абмяркоўваць кожную заяву асобна.

Выступіўшы пры абмеркаванні заявы Албаніі, А. А. Грамыка зноў прывёў шматлікія даныя пра ўклад народа гэтай краіны ў агульную справу барацьбы з фашысцкімі дзяржавамі. Прадстаўнікі Вялікабрытаніі і ЗША паўтарылі свае антыалбанскія аргументы адносна інцыдэнта ў Корфу і распальвання грамадзянскай вайны ў Грэцыі. Прадстаўнік Польшчы Ю. Кац-Сухі адзначыў, што адмова ў прыёме Албаніі на падставе прычын, прыведзеных прадстаўнікамі ЗША і Вялікабрытаніі, супярэчыць прынцыпам Статута і правілам працэдуры. Паколькі па абодвух спрэчных пытаннях не былі прыняты канчатковыя прапановы Міжнароднага Суда і Савета Бяспекі, то гэта, на думку польскага прадстаўніка, не магло служыць падставай для недапушчэння Албаніі ў склад ААН [16, c. 162]. Аднак аргументы СССР і Польшчы не былі прыняты да ўвагі і галасамі Вялікабрытаніі, ЗША, Аўстраліі і Бельгіі заява Албаніі была адхілена.

Пры разглядзе заявы МНР выступілі прадстаўнікі СССР і Кітая. А. А. Грамыка адзначыў, што Манголія нядаўна выйшла на міжнародную арэну, яе незалежнасць прызнана СССР і Кітаем. Ён асабліва падкрэсліў, што МНР прыняла непасрэдны ўдзел ва ўзброенай барацьбе саюзнікаў супраць Японіі, адправіўшы сваю армію разам з савецкімі ўзброенымі сіламі ў Маньчжурыю. Савецкі прадстаўнік звярнуў увагу на рэзкую змену пазіцыі Кітая, які ў 1946 г. падтрымаў прыём МНР у ААН, а ў 1947 г. вылучыў пярэчанні ў Камітэт па прыёму новых членаў. Іх сутнасць заключалася ў абвінавачванні МНР ва ўварванні на кітайскую тэрыторыю ў чэрвені 1947 г. у раёне Сіньцзянскай правінцыі. А. А. Грамыка назваў гэтыя пярэчанні неабгрунтаванымі, адзначыўшы, што раён, на які прэтэндуе Кітай, знаходзіцца на тэрыторыі МНР [16, c. 162—163]. На неабгрунтаванасць гэтых абвінавачванняў указала і газета «Нью-Йорк Таймс» [31]. Прадстаўнік Кітая ў Савеце Бяспекі Цзян заявіў, што «Манголія з’яўляецца часткай Кітая», абвінаваціў МНР у «неміралюбнасці» і выступіў супраць яе прыёму ў ААН [16, c. 163]. Супраць прыёму МНР галасавалі таксама ЗША і Вялікабрытанія.

Падчас разгляду заяў Трансіарданіі, Ірландыі і Партугаліі прадстаўнікі Савецкага Саюза ў Савеце Бяспекі і Камітэце па прыёму новых членаў зноў выклалі ўжо вядомую пазіцыю наконт гэтых краін, якія не мелі дыпламатычных адносін з СССР. Былі выказаны таксама сур’ёзныя сумненні адносна сапраўднай незалежнасці Трансіарданіі, адзначаны сяброўскія адносіны Ірландыі і Партугаліі з дзяржавамі фашысцкага блоку і франкісцкай Іспаніяй [16, c. 162—166; 18, с. 7—10]. Па гэтых прычынах СССР галасаваў супраць прыёму Трансіарданіі, Ірландыі і Партугаліі ў ААН. Такім чынам, у адносінах да заяў Албаніі, Манголіі, Трансіарданіі, Ірландыі Савет Бяспекі ў жніўні 1947 г. рэкамендацый не прыняў. Паўтарылася сітуацыя 1946 г.

Калі Савет Бяспекі падышоў да разгляду новых заяў, якія паступілі ад Аўстрыі, Балгарыі, Венгрыі, Італіі, Румыніі і Йемена, то прадстаўнік Сірыі, у той час старшыня Савета, і прадстаўнік СССР прапанавалі адкласці галасаванне па іх заявах да ратыфікацыі адпаведных мірных дагавораў. А. А. Грамыка адзначыў, што пакуль мірныя дагаворы не ўвойдуць у сілу, не будзе і законнага базіса для таго, каб Савет выносіў рашэнне аб прыёме гэтых краін у ААН [16, c. 167]. Акрамя таго, гэты фармальны бок пытання мог паўплываць на вынікі галасавання ў Генеральнай Асамблеі. Аднак заходнія дзяржавы адхілілі прапановы Сірыі і СССР і настаялі на разглядзе кожнай асобнай заявы.

Пры абмеркаванні заяў Балгарыі, Венгрыі і Румыніі прадстаўнікі ЗША і Вялікабрытаніі выразілі сумненні ў тым, што гэтыя тры краіны задавальняюць умовам прыёму ў ААН, бо ў іх «парушаюцца асноўныя правы і свабоды чалавека, а іх урады не з’яўляюцца прадстаўнічымі» [16, c. 208, 214—215]. Акрамя таго, супраць Балгарыі было вылучана дадатковае абвінавачванне ў «неміралюбнасці», што выражалася, на думку Вялікабрытаніі і ЗША, у распальванні грамадзянскай вайны ў Грэцыі. У прыватнасці, мелася на ўвазе адмова балгарскага ўрада ад супрацоўніцтва з Балканскім камітэтам, створаным Саветам Бяспекі для раследавання пагранічных інцыдэнтаў уздоўж паўночнай мяжы Грэцыі. Прадстаўленае Савету Бяспекі ў ліпені 1947 г. заключэнне гэтага камітэта, у якім віна за распальванне грамадзянскай вайны ў Грэцыі ўскладалася на Албанію, Балгарыю і Югаславію, было выкарыстана празаходняй большасцю ў Камітэце па прыёму новых членаў для абгрунтавання адмовы ў прыёме Балгарыі ў члены ААН [11, с. 67—68; 18, c. 10, 14, 30].

Гэта азначала, што ЗША і Вялікабрытанія ў пытанні прыёму краін Усходняй Еўропы кіраваліся не прынцыпамі ўніверсальнасці ААН і юрыдычнымі довадамі, а палітычнымі матывамі. З гэтай мэтаю выкарыстоўваліся аргументы аб парушэнні пералічанымі краінамі палажэнняў мірных дагавораў аб правах чалавека, на ўключэнні якіх у тэксты дагавораў настаялі пры іх падпісанні ЗША. Урад Вялікабрытаніі ў ноце, накіраванай румынскаму ўраду 21 ліпеня 1947 г., зазначаў, што ён «будзе супраціўляцца допуску Румыніі ў ААН да таго часу, пакуль яна не пажадае выконваць свае абавязацельствы згодна з мірным дагаворам» [6, c. 149, 164].

На пасяджэнні Савета Бяспекі, якое адбылося 21 жніўня 1947 г., было праведзена галасаванне, у выніку якога заявы Балгарыі, Венгрыі і Румыніі былі адхілены або прамым выкарыстаннем права вета з боку ЗША (супраць Балгарыі і Венгрыі), або ўскосным, калі заходнія дзяржавы ўстрымаліся ад галасавання па кандыдатуры Румыніі і яна не набрала патрэбнай большасці галасоў. Савецкі Саюз пры галасаванні адносна кандыдатур трох краін Усходняй Еўропы ўстрымаўся [16, c. 208, 214—215].

Блакіруючы доступ у ААН краін Усходняй Еўропы, якія, як сцвярджаў амерыканскі дэлегат Э. Сцівенсан на 2-й сесіі Генеральнай Асамблеі, «не падыходзяць для прыёму ў ААН» [27], заходнія дзяржавы настойвалі на прыняцці ў Арганізацыю дзяржаў, блізкіх ім па сацыяльнай прыродзе. Так, пытанне аб прыёме Італіі і Фінляндыі было штучна адарвана заходнімі краінамі ад пытання аб прыняцці Балгарыі, Венгрыі і Румыніі, хоць мірныя дагаворы з пяццю гэтымі краінамі былі падпісаны адначасова 10 лютага 1947 г.

Разам з тым пазіцыя Вялікабрытаніі і ЗША ў адносінах да прыярытэтнасці прыёму Італіі ў ААН мела цалкам вызначанае палітыка-прававое абгрунтаванне, якое базіравалася на рашэннях Патсдамскай канферэнцыі. Згодна з імі ўрады СССР, ЗША і Вялікабрытаніі разглядалі падрыхтоўку мірнага дагавора з Італіяй як першачарговую задачу СМЗС і адзначалі, што заключэнне такога дагавора «робіць магчымым для трох Урадаў выканаць іх жаданне падтрымаць просьбу Італіі аб прыняцці ў члены Арганізацыі Аб’яднаных Нацый» [2, c. 352]. Падставай для вылучэння Італіі першай у вырашэнні пытанняў аб заключэнні мірных дагавораў і аб дапушчэнні ў ААН тры дзяржавы палічылі наступныя моманты: Італія першай з дзяржаў «восі» разарвала адносіны з Германіяй, вызваліўшыся самастойна ад фашысцкага рэжыму, зрабіла значны ўклад у паражэнне Германіі, дасягнула вялікага прагрэссу ў аднаўленні дэмакратыі.

У дачыненні да Балгарыі, Венгрыі і Фінляндыі ў рашэннях Патсдамскай канферэнцыі было запісана: «Заключэнне мірных дагавораў з прызнанымі дэмакратычнымі ўрадамі ў гэтых дзяржавах дазваляе таксама тром урадам падтрымаць іх просьбу аб прыняцці ў члены Арганізацыі Аб’яднаных Нацый» [2, c. 352]. На думку аўтара, дух і буква раздзела Х Патсдамскіх пагадненняў сведчаць аб тым, што СССР, ЗША і Вялікабрытанія аддавалі прыярытэт Італіі перад іншымі былымі саюзнікамі Германіі ў заключэнні мірнага дагавора і допуску ў ААН.

Падчас дыскусіі ў ААН па пытанні аб прыёме ў Арганізацыю былых саюзнікаў Германіі СССР, з аднаго боку, ЗША і Вялікабрытанія — з іншага, па-рознаму трактавалі тэкст раздзела Х Патсдамскіх пагадненняў. Савецкі Саюз лічыў, што ЗША і Вялікабрытанія тым самым узялі на сябе катэгарычнае абавязацельства падтрымаць просьбы ўсіх дзяржаў, з якімі былі заключаны мірныя дагаворы, аб іх прыёме ў ААН. Заходнія дзяржавы адказвалі, што фармулёўкі Патсдамскіх пагадненняў прадугледжвалі толькі магчымасць, а не абавязковасць падтрымкі заяў Балгарыі, Венгрыі, Румыніі, Італіі і Фінляндыі і адвяргалі абвінавачванні СССР у парушэнні імі ўзятых на сябе абавязацельстваў. Уяўляецца, што ў дадзеным выпадку пазіцыя ЗША і Вялікабрытаніі ў большай ступені адпавядала рашэнням Патсдама, чым савецкі падыход. Ва ўмовах, калі яго палітычныя і юрыдычныя аргументы аказаліся даволі абмежаванымі, Савецкі Саюз быў вымушаны, абараняючы інтарэсы краін, што ўваходзілі ў сферу яго ўплыву, — Балгарыі, Венгрыі і Румыніі, галасаваць супраць прыёму ў ААН Аўстрыі і Італіі, якім пратэжыравалі іншыя пастаянныя члены Савета Бяспекі.

У сувязі з цяжкім становішчам, у якім апынуўся Савет Бяспекі, прадстаўнік ЗША Х. Джонсан вылучыў 21 жніўня 1947 г. праект рэзалюцыі, згодна з якім рашэнне пытання аб прыёме новых членаў перадавалася б на вырашэнне Асамблеі. Амерыканскі дэлегат матываваў сваю прапанову імкненнем пераадолець тупік, у якім апынуўся Савет, а таксама прадухіліць далейшыя затрымкі на нявызначаны тэрмін ў пытанні прыёму новых членаў [16, c. 216].

Палітычны сэнс гэтай прапановы быў відавочным: адхіліць Савет Бяспекі, у якім СССР меў права вета, ад вырашэння пытання аб прыёме новых членаў і аддаць яго вырашэнне выключна Генеральнай Асамблеі, дзе заходні блок меў большасць. У выпадку яе рэалізацыі ЗША атрымлівалі магчымасць ажыццяўляць поўны кантроль над дзейнасцю ААН з дапамогаю «машыны галасавання». Англійская газета «Манчестэр гардзіан» пісала наконт гэтага 18 верасня 1947 г.: «Калі будуць прыняты прапановы ЗША, то Арганізацыя Аб’яднаных Нацый ператворыцца ў амерыканскую лігу, накіраваную супраць Савецкага Саюза і дзяржаў Усходняй Еўропы». Прадстаўнік СССР у Савеце Бяспекі А. А. Грамыка указаў на «абсалютную бессэнсоўнасць» прапановы Х. Джонсана, якая супярэчыла прадугледжанаму Статутам парадку разгляду заяў аб прыёме [16, c. 219]. Таму прадстаўнік ЗША палічыў за лепшае зняць свой праект рэзалюцыі, каб пазбегнуць адмоўнага галасавання СССР.

Прадстаўнік Польшчы Ю. Кац-Сухі назваў абвінавачванні ЗША і Вялікабрытаніі супраць Балгарыі, Венгрыі і Румыніі «галаслоўнымі і бездоказнымі». Ён указаў і на крывадушную пазіцыю Вялікабрытаніі, якая дэманстравала, з аднаго боку, моцную трывогу адносна выканання Албаніяй і Балгарыяй рэкамендацый ААН, а з другога — глядзела праз пальцы на выкананне рэзалюцый у адносінах да Іспаніі, Інданэзіі, недапушчальнасці выкарыстання эканамічнай дапамогі ў якасці палітычнага сродку («дактрына Трумэна») [16, c. 219].

Па выніках абмеркавання дзяржаў-кандыдатаў, якое адбылося ў жніўні 1947 г., Савет Бяспекі рэкамендаваў да прыёму Йемен і Пакістан, якія былі прыняты ў члены ААН на 2-й сесіі Генеральнай Асамблеі.

25 і 29 верасня 1947 г. Савет Бяспекі абмеркаваў заявы Венгрыі, Італіі, Румыніі, Балгарыі і Фінляндыі, якая звярнулася з просьбай аб прыёме 19 верасня 1947 г. Прадстаўнік ЗША прапанаваў уключыць у парадак дня толькі пытанне аб пераглядзе заявы Італіі, мірны дагавор з якой на той час ужо ўвайшоў у сілу. Ад імя дэлегацыі ЗША ён заявіў аб «сваім цвёрдым перакананні ў тым, што Італія ў поўнай меры заслугоўвае, каб Савет Бяспекі вітаў неадкладнае прыняцце яе ў члены Арганізыцыі Аб’яднаных Нацый» [17, c. 52]. Але амерыканскі прадстаўнік адначасова нічога не сказаў аб неабходнасці прыёму ў ААН Балгарыі, Венгрыі, Румыніі, як і Фінляндыі, мірныя дагаворы з якімі ўжо набылі моц. Прапанова ЗША была падтрымана Вялікабрытаніяй і іншымі заходнімі краінамі.

Міністр замежных спраў Польшчы Э. Мадзалеўскі зрабіў іншую прапанову: па прычыне таго, што дзяржавы, якія падпісалі мірныя дагаворы, прынялі на сябе абавязацельства падтрымаць іх заявы аб прыёме ў ААН у аднолькавай для ўсіх пяці былых саюзнікаў Германіі фармулёўцы, прыём Балгарыі, Венгрыі, Румыніі, Італіі і Фінляндыі можа быць ажыццёўлены толькі разам [17, c. 54]. А. А. Грамыка падтрымаў польскую прапанову, нагадаўшы, што Патсдамская канферэнцыя аднолькава аднеслася да ўсіх гэтых краін без якой-небудзь дыскрымінацыі ў адносінах да іх. Ён ахарактарызаваў прапанову ЗША і Вялікабрытаніі разглядаць заяву Італіі асобна як іх ухіленне ад Патсдамскіх пагадненняў. Савецкі прадстаўнік заявіў, што «хоць СССР не мае пярэчанняў супраць прыняцця Італіі ў Арганізацыю Аб’яднаных Нацый, ён не можа пагадзіцца прыняць адну толькі Італію» [17, c. 55].

Але прадстаўнікі ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і Кітая настаялі на абмеркаванні і галасаванні па кожнай заяве паасобку. Пры гэтым прадстаўнік Вялікабрытаніі А. Кадаган расцаніў намер СССР падтрымаць просьбу Італіі пры ўмове прыняцця заяў астатніх чатырох урадаў як «гандлярства» [17, c. 57]. А. А. Грамыка запярэчыў яму і адзначыў, што такім жа «гандлярствам» займаліся год назад ЗША, калі прапанавалі прыняць у ААН яшчэ большую колькасць краін адначасова [17, c. 70—71].

Пры разглядзе заяў Балгарыі, Венгрыі і Румыніі прадстаўнікі ЗША і Вялікабрытаніі выступілі супраць іх прыёму, абвінаваціўшы ўрады гэтых краін у парушэнні правоў чалавека, уразанні дэмакратычных свабод, а значыць, і ў парушэннях мірных дагавораў, падпісаных гэтымі краінамі. Так, прадстаўнік Вялікабрытаніі пры абмеркаванні заявы Венгрыі адзначыў, што «цяперашні венгерскі рэжым не выклікае даверу ні ў адносінах да павагі асноўных правоў у сацыяльнай і палітычнай сферы, ні ў адносінах да яго гатоўнасці і здольнасці выконваць накладаемыя Статутам абавязацельствы» [17, c. 66]. Асабліва моцнае пярэчанне ўсіх трох заходніх дзяржаў вызвала кандыдатура Балгарыі, дзе прайшлі хваля палітычных арыштаў сярод лідэраў апазіцыі, суд і пакаранне смерцю Н. Петкава. Нават Францыя, якая раней прыхільна выказвалася на карысць усіх дзяржаў-кандыдатаў, у сувязі з пакараннем смерцю Н. Петкава выступіла супраць дапушчэння Балгарыі ў члены ААН [17, c. 78]. Балгарыя абвінавачвалася і ў тым, што яна адмовілася кіравацца прынцыпамі і правіламі Статута пры вырашэнні грэчаскага пытання.

Прадстаўнікі СССР і Польшчы расцанілі тлумачэнне ўрадам ЗША падзей унутрыпалітычнага жыцця ў краінах Усходняй Еўропы і праведзеных урадамі гэтых краін мер па забяспячэнню ўнутранай бяспекі як умяшальніцтва ва ўнутраныя справы Балгарыі, Венгрыі і Румыніі. Абвінавачванні ў адрас гэтых краін яны назвалі неабгрунтаванымі і галаслоўнымі. Польскі прадстаўнік Ю. Кац-Сухі адзначыў, што пытанне аб уключэнні або няўключэнні некаторых партый, што карыстаюцца прыхільнасцю асобных вялікіх дзяржаў, у склад балгарскага ўрада не можа мець уплыў на членаў Савета Бяспекі ў вызначэнні іх адносін да прыёму гэтых дзяржаў у члены Арганізацыі. Адносна разнагалоссяў паміж Балгарыяй і Грэцыяй ён адзначыў, што гэтае спрэчнае пытанне, якое яшчэ павінна быць разгледжана на 2-й сесіі Генеральнай Асамблеі, нельга прыводзіць у якасці доваду для недапушчэння Балгарыі ў ААН [17, c. 79].

Пры разглядзе заявы Венгрыі Ю. Кац-Сухі прывёў шэраг вытрымак з паведамленняў старшыні еўрапейскага аддзела Калумбійскай радыёвяшчальнай кампаніі Говарда Сміта, апублікаваных пасля яго тыднёвай паездкі па Венгрыі ў газеце «РМ» і вядомых прадстаўнікам ЗША і Вялікабрытаніі. Сутнасць сваёй інфармацыі аб унутрыпалітычным становішчы ў Венгрыі Г. Сміт выказаў сказам: «Я старанна шукаў пацверджанняў ушчамлення грамадзянскіх свабод. Пэўных доказаў я не знайшоў» [17, c. 79—80]. Аднак у канцы 1980-х гг. венгерскія і савецкія гісторыкі прызналі, што Кампартыя Венгрыі (КПВ) падчас выбараў у Нацыянальны Сход у 1947 г. ажыццяўляла маніпуляцыі з так званымі «блакітнымі лісткамі» з мэтаю забеспячэння сабе перамогі на выбарах. Шляхам падману КПВ заняла вядучае месца ва ўрадавай кааліцыі [24, c. 13].

1 кастрычніка 1947 г. у Савеце Бяспекі адбылося галасаванне, якое падвяло вынік вострай і напружанай дыскусіі. Заявы Венгрыі і Румыніі, супраць якіх ніхто не галасаваў, не атрымалі неабходных сямі галасоў членаў Савета і былі адхілены. Супраць Балгарыі галасавалі Вялікабрытанія і Францыя, таму яе заява таксама не была прынята. Савецкі Саюз і Польшча галасавалі за прыём Венгрыі, заява якой была пастаўлена на галасаванне першай, але пасля адхілення яе заявы яны змянілі сваю пазіцыю ў адносінах да Румыніі і Балгарыі і ўстрымаліся па іх заявах. ЗША ўстрымаліся пры галасаванні ўсіх трох заяў краін Усходняй Еўропы, а Францыя выступіла за прыём Венгрыі і Балгарыі. Заявы Італіі і Фінляндыі атрымалі па 9 галасоў, але былі адхілены Савецкім Саюзам [17, c. 90—91].

Наклаўшы вета на прыём Італіі і Фінляндыі, супраць якіх у Савецкага Саюза не было ніякіх прынцыповых пярэчанняў, савецкая дэлегацыя адвергла палітыку дыскрымінацыі, якая праводзілася ЗША і Вялікабрытаніяй у адносінах да Балгарыі, Венгрыі і Румыніі. А. А. Грамыка асудзіў палітычную гульню ў сувязі з прыёмам новых членаў і падкрэсліў, што рашэнне аб прыёме пяці вышэйназваных краін у ААН павінна прымацца адначасова [17, c. 90—91]. У сваім выступленні 7 лістапада 1947 г. у Палітычным камітэце 2-й сесіі Генеральнай Асамблеі ён заявіў: «Матывы, па якіх прадстаўнікі Злучаных Штатаў і Вялікабрытаніі адводзілі просьбу Балгарыі, Венгрыі і Румыніі аб прыёме гэтых краін у Арганізацыю, з’яўляюцца неабгрунтаванымі і прадыктаваны інтарэсамі, якія не маюць нічога агульнага з інтарэсамі Аб’яднаных Нацый» [27, c. 271].

Вынікі галасавання ў Савеце Бяспекі выкрылі сутнасць палітыкі дыскрымінацыі, якая праводзілася ЗША і Вялікабрытаніяй у адносінах да кандыдатаў на прыём у ААН, несправядліва падзеленых імі, па выказванню Ю. Кац-Сухога, «на прывілеяваныя і непрывілеяваныя, на любімыя і нелюбімыя» [17, c. 72]. Яшчэ адным доказам таго, што пытанне аб прыёме новых членаў выкарыстоўвалася ЗША і Вялікабрытаніяй у карыслівых палітычных мэтах, была іх адмова сумесна з Кітаем ад правядзення перамоў паміж пастаяннымі членамі Савета Бяспекі дзеля пераадолення тупіка. Такая прапанова выказвалася дэлегацыяй Польшчы [17, c. 91].

Абмеркаванне ў Савеце Бяспекі пытання аб прыёме новых членаў супала па часе з пачаткам 2-й сесіі Генеральнай Асамблеі. Яна адкрылася ў абставінах абвастрэння «халоднай вайны» паміж Савецкім Саюзам і заходнімі дзяржавамі, што не магло не адлюстравацца на выступленнях дэлегацый на пленарных пасяджэннях і ў камітэтах, на прынятых Генеральнай Асамблеяй рашэннях. На першым жа пленарным пасяджэнні дзржаўны сакратар ЗША Д. Маршал выбраў у якасці аднаго з галоўных аб’ектаў крытыкі «злоўжыванне» правам вета ў Савеце Бяспекі, што, па яго словах, перашкодзіла Савету выканаць яго непасрэдныя функцыі, асабліва ў пытанні аб прыёме новых членаў. У сувязі з гэтым ён прапанаваў адмяніць патрабаванне адзінагалосся ў адносінах да пытанняў, названых у главе VI Статута (мірнае вырашэнне спрэчак), і пытанняў аб прыёме новых членаў [21, c. 13—14].

Яшчэ далей пайшоў старшыня дэлегацыі Аргенціны Х. Арсе, які зноў прапанаваў надзяліць Генеральную Асамблею правам прымаць у члены ААН і без станоўчай рэкамендацыі Савета Бяспекі [20, c. 181]. Аднак гэтая прапанова не атрымала падтрымкі ў Першым камітэце, у тым ліку і з боку ЗША. Затое прадстаўнік ЗША Э. Сцівенсан падтрымаў прапанову Канады аб тым, што пастаянныя члены Савета Бяспекі павінны ўстрымлівацца ад прымянення права «вета» у адносінах да дзяржаў, якія падалі заявы і атрымалі ўхваленне Асамблеі. Ён заявіў, што ЗША гатовыя «адмовіцца ад прынцыпа адзінагалосся па ўсіх пытаннях, звязаных з прыёмам новых членаў» [20, c. 189]. Такі падыход задавальняў заходнюю большасць у Савеце Бяспекі, якая магла ў такім выпадку на свой выбар ажыццяўляць і рэгуляваць прыём новых членаў. Гэта разумелі многія дэлегацыі, таму амерыканская прапанова не была прынята [11, c. 81].

Дэлегацыі Украіны, Беларусі, Польшчы, Чэхаславакіі і Югаславіі на 2-й сесіі Генеральнай Асамблеі падтрымалі пазіцыю Савецкага Саюза і выступілі супраць палітыкі дыскрымінацыі адных дзяржаў і фаварытызму ў адносінах да іншых. У выступленні на пасяджэнні Палітычнага камітэта 8 лістапада 1947 г. старшыня дэлегацыі БССР К. В. Кісялёў прааналізаваў кандыдатуры дзяржаў, якія падалі заявы аб прыёме ў ААН, і паказаў негрунтоўнасць пазіцый тых дэлегатаў, якія дамагаліся прыёму капіталістычных і супрацівіліся прыёму народна-дэмакратычных дзяржаў. У сувязі з гэтым ён падвергнуў крытыцы заяву старшыні дэлегацыі Аргенціны Х. Арсе аб тым, што Італія, Партугалія, Ірландыя, Трансіарданія, Аўстрыя і Фінляндыя павінны быць прыняты ў ААН, а Албанія, МНР, Румынія, Балгарыя, Венгрыя не заслугоўваюць гэтага і таму разгляд іх заяў трэба адкласці на год [26].

Пасля грунтоўнага абмеркавання пытання аб прыёме новых членаў на пленарных пасяджэннях і ў Першым камітэце 2-я сесія Генеральнай Асамблеі 17 лістапада 1947 г. прыняла 8 рэзалюцый. Польская рэзалюцыя рэкамендавала пастаянным членам Савета Бяспекі пракансультавацца для дасягнення пагаднення аб прыёме ў ААН новых членаў. Астатнія рэкамендавалі Савету Бяспекі перагледзець пытанне аб прыёме Партугаліі, Ірландыі, Трансіарданіі, Аўстрыі, Італіі і Фінляндыі [12, c. 14—16]. Савецкі Саюз і краіны Ўсходняй Еўропы падтрымалі толькі рэзалюцыю Польшчы і галасавалі супраць астатніх рэзалюцый.

Асобна трэба спыніцца на рэзалюцыі, прынятай па ініцыятыве Бельгіі, у якой змяшчаўся зварот да Міжнароднага Суда даць кансультатыўнае заключэнне па наступнаму пытанню: ці мае права з юрыдычнага пункту гледжання член ААН абумоўліваць сваю згоду пры галасаванні заяў аб прыёме меркаваннямі, не прадугледжанымі ў пункце 1 артыкула 4 Статута. «У прыватнасці, — гаварылася ў рэзалюцыі, — ці можа такі член Арганізацыі, прызнаючы, што дадзеная дзяржава адпавядае ўмовам, выкладзеным у гэтым артыкулы, абумовіць, акрамя таго, падачу свайго голасу на карысць гэтай дзяржавы тым, што разам з гэтай дзяржавай павінны быць прыняты ў лік членаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый іншыя дзяржавы?» [12, c. 15]. Мэта дадзенай рэзалюцыі заключалася ў тым, каб вызначыць з дапамогаю Міжнароднага Суда — аднаго з галоўных органаў ААН, — наколькі адпавядае артыкулу 4 Статута пазіцыя СССР, які абумоўліваў прыём Італіі і Фінляндыі дапушчэннем у ААН Балгарыі, Венгрыі, Румыніі. Іншымі словамі, размова ішла аб тым, наколькі правамерным і абгрунтаваным быў «пакетны» прынцып, які адстойваўся Савецкім Саюзам пры прыёме новых членаў.

Прыняцце рэзалюцыі і ўзняцце пытання перад Міжнародным Судом, супраць чаго пярэчылі дэлегацыі СССР, УССР, БССР, краін Усходняй Еўропы і некаторых іншых краін (рэзалюцыя была прынята 40 галасамі супраць 8 пры 2, што ўстрымаліся), было, як адзначалі савецкі юрыст-міжнароднік С. Б. Крылоў і польскія вучоныя Л. Гелберг і І. Сухі, яшчэ адным крокам заходняй большасці на шляху пошуку скрытых форм рэвізіі Статута, асабліва тых яго палажэнняў, якія ўстанаўлівалі прынцып адзінагалоснасці вялікіх дзяржаў у Савеце Бяспекі [9, c. 41; 29, s. 112]. Трэба адзначыць, што іншай трактоўкі гэтай рэзалюцыі польскія і савецкія вучоныя даць не маглі. Яны прама сцвярджалі, што вылучэнне пытання як быццам чыста юрыдычнага і абстрактнага ў сапраўднасці адлюстроўвала канкрэтную палітычную мэту: паказаць у нявыгадным святле пазіцыю Савецкага Саюза і прымусіць яго тым самым адмовіцца ад абароны інтарэсаў краін Усходняй Еўропы ў пытанні прыёму іх у члены ААН. Сама фармулёўка пытання не адпавядала сутнасці разнагалоссяў, узнікшых у сувязі з прыёмам новых членаў, і змяшчала патрэбны заходняй большасці адказ.

Старшыня дэлегацыі СССР А. Я. Вышынскі ў прамове на пленарным пасяджэнні 2-й сесіі Генеральнай Асамблеі 17 лістапада 1947 г. выступіў з тлумачэннямі пазіцыі Савецкага Саюза па пытанні аб прыёме новых членаў. Ён сказаў, што большасць Генеральнай Асамблеі, калі яна рэкамендуе прыняць адны краіны і адмаўляе ў прыёме іншым, кіруецца не юрыдычнымі правіламі, не Статутам, а палітычнымі матывамі. Таму і СССР вымушаны кіравацца палітычнымі матывамі. У гэтай сувязі А. Я. Вышынскі заўважыў: «У такім выпадку пытанне, якое вы тут хочаце паставіць Міжнароднаму Суду, трэба было б дапоўніць і сказаць: ці мае права большасць, якая вырашае прыняць адны дзяржавы, не прымаць іншыя дзяржавы, якія задавальняюць усім патрабаванням Статуту?» [3, c. 316].

Старшыня савецкай дэлегацыі растлумачыў матывы, згодна з якімі СССР выступаў супраць прыёму ў ААН шэрагу дзяржаў, але зрабіў гэта ва ўласцівай яму манеры пракурорскай дыпламатыі. Ірландыя і Партугалія не павінны быць прыняты як «прыспешнікі фашызму» (хоць фармальна яны трымаліся нейтралітэту ў гады Другой сусветнай вайны. — У. С.), Трансіарданія — як «даволі дзіўная», «не самастойная, не суверэнная дзяржава». Адсутнасць дыпламатычных адносін СССР з гэтымі краінамі ўжо не ставілася ў якасці перашкоды для іх прыёму ў ААН. У адносінах Аўстрыі былі прыведзены больш важкія падставы, паколькі яна знаходзілася пакуль у стане перамір’я і пад кантролем іншых дзяржаў. Галасаванне супраць Італіі, як ужо адзначалася, тлумачылася тым, што з 5 былых сатэлітаў Германіі была вырвана і пастаўлена ў прывілеяванае становішча толькі гэтая краіна, а астатнія 4 былі адсунуты на другі план [3, c. 204].

У заключэнне свайго выступлення А. Я. Вышынскі назваў усе рэзалюцыі за выключэннем польскай, прынятыя Генеральнай Асамблеяй, «пустым гукам», якія «нічога не могуць даць». Ён заўважыў, што калі гэтыя рэзалюцыі вернуцца ў якасці рэкамендацый у Савет Бяспекі, савецкая дэлегацыя, як і раней, будзе змагацца з імі [3, c. 204]. Гэта азначала фактычна далейшае «зацвердзяванне» пазіцыі СССР у пытанні прыёма новых членаў.

Такім чынам, да канца 1947 г. сярод пастаянных членаў Савета Бяспекі выразна вызначыліся два супрацьлеглых падыходы па пытанні прыёма новых членаў. З аднаго боку, Савецкі Саюз даў усім зразумець, што ён да таго часу не адмовіцца ад свайго вета ў адносінах да кандыдатур, якія падтрымліваліся Захадам, пакуль не будуць ухвалены ўсе пяць заяў аб прыёме, пададзеныя краінамі Ўсходняй Еўропы і Манголіяй. Гэта быў так званы «пакетны», або ўзаемаўвязаны падыход. З другога боку, заходнія дзяржавы выказаліся за тое, каб разглядаць кожную заяву аб прыёме асобна, у адпаведнасці з вартасцю кожнай дзяржавы («індывідуальны», або ізаліраваны падыход). Гэта дазваляла ім блакіраваць прыём камуністычных краін па усялякіх падставах: парушэнне правоў чалавека, «непрадстаўнічы» характар урадаў гэтых краін, празмерна «цяжкія» абавязацельствы гэтых урадаў перад СССР, якія абмяжоўвалі іх суверэнітэт, «неміралюбнасць» гэтых краін і г. д. Трэба прызнаць, што гэтыя падставы мелі пад сабою дастаткова трывалую глебу (некарэктныя паводзіны Албаніі ў яе спрэчцы з Вялікабрытаніяй з-за інцыдэнта ў Корфу, умяшанне Албаніі і Балгарыі ва ўнутраны грэчаскі канфлікт на баку Кампартыі Грэцыі, маніпуляцыі КПВ з вынікамі выбараў у Нацыянальны Сход Венгрыі, іншыя выпадкі парушэнняў правоў чалавека і дэмакратыі ў Балгарыі і Румыніі). Рэалізуемы заходнімі дзяржавамі «індывідуальны» падыход ставіў іх у выгаднае становішча перад Савецкім Саюзам, які яны маглі крытыкаваць за «безадказнае» выкарыстанне або злоўжыванне правам вета.

У ААН пачалася працяглая бітва вакол спіса заяў аб прыёме, якіх хутка стала 20. Пяць кандыдатур (Албанія, Балгарыя, Венгрыя, Румынія, Манголія) падтрымлівалі Савецкі Саюз і краіны Ўсходняй Еўропы, астатнія за рэдкім выключэннем (Індыя, Эфіопія) — заходні блок. Характэрызуючы напружанае становішча, якое склалася вакол пытання аб прыёме ў ААН новых членаў, І. Луард адзначаў: «Вельмі хутка разгарэлася бітва не толькі паміж Усходам і Захадам, але і паміж Генеральнай Асамблеяй і Саветам Бяспекі. Генеральная Асамблея, дзе дамінаваў Захад, падтрымлівала заходнія кандыдатуры. Яна патрабавала, каб кожная кандыдатура разглядалася асобна і ў адпаведнасці з яе вартасцю. Яна асабліва асуджала выкарыстанне вета ў пытаннях прыёму: зразумелая пазіцыя, так як устрыманне ад вета азначала магчымасць прыёму заходніх кандыдатур, у той час як камуністычныя кандыдатуры, чыю вартасць большасць аспрэчвала, не маглі быць прыняты» [30, p. 367].

За паўтара года (з ліпеня 1946 г. да канца 1947 г.) пытанне аб прыёме новых членаў ператварылася ў прадмет вострай канфрантацыі паміж Савецкім Саюзам, з аднаго боку, і заходнімі дзяржавамі разам з Кітаем — з іншага, у Савеце Бяспекі, паміж 6 дэлегацыямі ўсходне-еўрапейскіх краін і заходняй большасцю — ў Генеральнай Асамблеі. У яго вырашэнне быў уцягнуты яшчэ адзін галоўны орган ААН — Міжнародны Суд. З фармальна-юрыдычнага пытання, якім яго спачатку ўяўлялі вялікія дзяржавы, яно перарасло ў важнае палітычнае пытанне, у пытанне аб будучым ААН, складзе і растаноўцы сіл у Арганізацыі. Такая метамарфоза з пытаннем аб прыёме новых членаў сінхронна супала з пачаткам «халоднай вайны», і нядзіўна, што гэтае пытанне стала адной з арэн барацьбы паміж СССР і заходнімі дзяржавамі.

Спатрэбілася цэлае дзесяцігоддзе для таго, каб шляхам узаемных уступак і кампрамісаў вярнуцца да «пакетнай» формулы і пераадолець тупік у пытанні аб прыёме ў ААН новых членаў. У 1955 г. у ААН былі прыняты 16 новых членаў, у тым ліку Албанія, Балгарыя, Венгрыя і Румынія. Гэтая падзея стала важнай вехай у гісторыі ААН і стварыла прэцэдэнт для далейшага пашырэння членскага складу Арганізацыі.

Літаратура

1. Архив МИД БССР. Выступления делегатов Белорусской ССР на заседаниях 2-й части 1-й сессии Генеральной Ассамблеи ООН.
2. Внешняя политика Советского Союза в период Великой Отечественной войны. Документы и материалы. Т. ІІІ. — М., 1947.
3. Внешняя политика Советского Союза. Документы и материалы. 1947 год. Ч. ІІ. — М., 1952.
4. Доклад Совета Безопасности Генеральной Ассамблее за период с 17 января по 15 июля 1946 г. Доп. № 1. — Нью-Йорк, 1947.
5. Доклад Совета Безопасности Генеральной Ассамблее за период с 16 июля 1947 г. по 15 июля 1948 г. Доп. № 2. — Нью-Йорк, 1948.
6. Жигня, К. Л. Империалистическая политика США и Великобритании в отношении Болгарии и Румынии (1944—1947 гг.) / К. Л. Жигня. — Кишинев, 1987.
7. Известия. — 1946. — 30 авг.
8. Известия. — 1946. — 31 авг.
9. Крылов, С. Б. Международный Суд Организации Объединенных Наций: вопросы международного права и процесса в его практике за десять лет — 1947—1957 / С. Б. Крылов. — М., 1958.
10. Морозов, Г. И. Организация Объединенных Наций: основные международно-правовые аспекты структуры и деятельности / Г. И. Морозов. — М., 1962.
11. Мунтян, М. А. Борьба Советского Союза за прием в ООН Болгарии, Венгрии и Румынии / М. А. Мунтян. — Кишинев, 1972.
12. Объединенные Нации. Официальный отчет второй сессии Генеральной Ассамблеи. Резолюции. 16 сентября — 29 ноября 1947 г. — Нью-Йорк, 1947.
13. Объединенные Нации. Официальные отчеты второй части первой сессии Генеральной Ассамблеи. Первый комитет. Краткие отчеты заседаний 2 ноября — 13 декабря 1946 г. — Нью-Йорк, 1958.
14. Объединенные Нации. Резолюции, принятые Генеральной Ассамблеей на второй части первой сессии с 23 октября по 15 декабря 1946 г. — Нью-Йорк, 1947.
15. Объединенные Нации. Совет Безопасности. Официальные отчеты. Первый год. Вторая серия. № 1—20. — Нью-Йорк, 1946.
16. Объединенные Нации. Совет Безопасности. Официальные отчеты. Второй год. № 70—86. — Нью-Йорк, 1947.
17. Объединенные Нации. Совет Безопасности. Официальные отчеты. Второй год. № 87—108. — Нью-Йорк, 1947.
18. Объединенные Нации. Совет Безопасности. Официальные отчеты. Второй год. Особ. доп. № 3. — Нью-Йорк, 1947.
19. ООН: итоги, тенденции, перспективы. — М., 1970.
20. Организация Объединенных Наций. Генеральная Ассамблея. Официальные отчеты. Вторая сессия. Первый комитет. Краткие отчеты заседаний. 16 сентября — 19 ноября 1947 г. — Нью-Йорк, 1964.
21. Организация Объединенных Наций. Пленарные заседания Генеральной Ассамблеи. Стенографические отчеты. Вторая сессия. Т. І. 16 сентября —13 ноября 1947 г. — Нью-Йорк, 1947.
22. Организация Объединенных Наций: сб. док. М., 1981.
23. Проект директивы для советской делегации на первой сессии Генеральной Ассамблеи Организации Объединенных Наций // Российский государственный архив социально-политической истории. — Ф. 17. — Оп. 162. — Д. 38. — Л. 5—6.
24. Ритко, Э. К вопросу о характере революционных процессов в Венгрии (40—50-е годы): автореф. дис. ... канд. ист. наук / Э. Ритко. — М., 1989.
25. Сов. Белоруссия. — 1946. — 13 нояб.
26. Сов. Белоруссия. — 1947. — 12 нояб.
27. Советско-болгарские отношения. 1944—1948 гг. Документы и материалы. — М., 1969.
28. СССР и страны народной демократии. Становление отношений дружбы и сотрудничества 1944—1949 гг. — М., 1985.
29. Gelberg, L. Zagadnienia członkowstwa ONZ / L. Gelberg, J. Suchy. — Warszawa, 1953.
30. Luard, E. A History of the United Nations. Vol. 1: The Years of Western Domination 1945—1955 / E. Luard. — London, 1982.
31. The New York Times. — 1947. — 23 Aug.


Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter

Сообщество

  • (029) 3222740
  • Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
© 2019 Международное общественное объединение «Развитие». All Rights Reserved.