журнал международного права и международных отношений 2013 — № 4


международные отношения

Развіццё беларуска-літоўскіх адносін у 2000-я гг.

Андрэй Валодзькін

Автор:
Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра. — кандыдат гістарычных навук, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

Рэцэнзенты:
Бажанаў Уладзімір Аляксандравіч — доктар гістарычных навук, загадчык кафедры «Гісторыя, сусветная і айчынная культура» факультэта тэхналогій кіравання і гуманітарызацыі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта
Русаковіч Андрэй Уладзіміравіч — кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры міжнародных адносін факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта


На падставе праведзенага аналізу дынамікі палітычных кантактаў, развіцця дамоўна-прававой базы і эканамічных адносін Беларусі і Літвы ў артыкуле вызначаюцца асноўныя тэндэнцыі і этапы развіцця іх двухбаковых адносін у 2000-я гг. Аўтар прыходзіць да высновы аб прыярытэце ўзаемнай эканамічнай зацікаўленасці над разыходжаннямі ва ўнутранай і знешняй палітыцы абедзвюх краін, а таксама аб актывізацыі «беларускага вектара» знешняй палітыкі Літвы менавіта пасля дасягнення яе асноўнай доўгатэрміновай мэты на заходнім накірунку — далучэння да ЕС і НАТА.


Развіццё беларуска-літоўскіх адносін у 2000-я гг. уяўляе досыць цікавы прыклад паспяховай практычнай рэалізацыі абвешчаных кіраўніцтвам Беларусі яшчэ ў 1990-х гг. прынцыпаў добрасуседства і прагматычнага партнёрства ў знешняй палітыцы. Прагматызм тут трэба разумець, як імкненне перанесці ва ўмовах несупадзення базавых палітычных каштоўнасцей асноўны акцэнт адносін на сукупныя эканамічныя інтарэсы. І ў гэтым сэнсе адносіны Беларусі з Літвой у 2000-х гг. зайшлі значна далей, чым з іншымі заходнімі і паўночнымі суседзямі. Вядома, характар беларуска-літоўскіх адносін таксама шмат у чым залежаў ад знешніх фактараў і больш шырокага міжнароднага кантэксту (напрыклад, ад «пацяпленняў» ці «пахаладанняў» у адносінах паміж афіцыйным Мінскам і Захадам). Нават падчас сустрэчы з А. Лукашэнкам у 2009 г. Прэзідэнт Літвы Д. Грыбаўскайтэ адзначыла, што Літва «размаўляе з Беларуссю ў тым ліку і ад імя Еўрапейскай супольнасці» [11, с. 4]. Аднак ужо сам факт абмену візітамі на вышэйшым узроўні ў час дзеяння абмежаванняў ЕС на кантакты з вышэйшым кіраўніцтвам Беларусі сведчыць аб дасягненні досыць высокага ўзроўню двухбаковых сувязей і аб тым, што ўзаемныя эканамічныя інтарэсы і прагматычныя меркаванні сталі мацнейшымі за палітычныя рознагалоссі. Умоўна кажучы, Літва паслядоўна ішла ў ар’ергардзе еўрапейскай палітыкі абмежавання і згортвання сувязей з Беларуссю і ў авангардзе іх паляпшэння.

Характарызуючы распрацаванасць тэмы, трэба адзначыць, што сур’ёзных навуковых публікацый, прысвечаных развіццю беларуска-літоўскіх адносін у 2000-я гг. значна меней, чым тых, дзе даследавалася іх развіццё ў 1990-я гг. Большасць вядомых аўтару публікацый хутчэй варта аднесці да аналітыкі бягучых падзей, альбо пэўных (пераважна эканамічных) аспектаў двухбаковага супрацоўніцтва на працягу дастаткова кароткага (2—3 гады) прамежку часу. Сярод гэтых публікацый трэба адзначыць раздзел у манаграфіі А. Дайнэкі прысвечаны развіццю беларуска-літоўскіх эканамічных адносін у 2007—2008 гг. [4, с. 79—85], і прысвечаны гэтаму ж перыяду двухбаковых адносін артыкул беларускага гісторыка А. Ціхамірава [14]. Яшчэ адзін артыкул гэтага даследчыка змяшчае некаторы аналіз развіцця ў 1991—2001 гг. адносін Беларусі і Літвы [15]. Трэба ўзгадаць таксама інфармацыйны артыкул Т. Палежай, прысвечаны візіту Прэзідэнта Беларусі ў Вільнюс ў верасні 2009 г. і агляду асноўных паказчыкаў беларуска-літоўскага супрацоўніцтва на той час [11]. З літоўскай гістарыяграфіі праблематыкі адносін з Беларуссю ў разглядаемы перыяд аўтару вядомы толькі адна навуковая праца: калектыўны артыкул даследчыкаў Вільнюскага тэхнічнага ўніверсітэта імя В. Гедыміна аб уплыве далучэння Літвы да Еўрасаюза на двухбаковы літоўска-беларускі гандаль [19]. У цэлым жа з боку літоўскіх даследчыкаў не адзначаецца асаблівай зацікаўленасці да даследавання адносін Літвы з Беларуссю ў разглядаемы перыяд.

У якасці інфармацыйных крыніц для даследавання двухбаковых адносін выкарыстоўваліся статыстычныя матэрыялы Нацыянальнага статыстычнага камітэту Рэспублікі Беларусь [9], а таксама інфармацыя, змешчаная на афіцыйных сайтах Пасольства Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы [12; 16], Пасольства Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь [13] і Двухбаковай беларуска-літоўскай камісіі па гандлёвым і эканамічным супрацоўніцтве [5]. Аналіз развіцця дамоўна-прававой базы двухбаковых стасункаў грунтуецца на матэрыялах электроннай даведачна-прававой сістэмы «КансультантПлюс». У якасці дадатковых крыніц інфармацыі выкарыстоўваліся змешчаныя ў Інтэрнэце паведамленні айчынных і замежных інфармацыйных агенстваў [2; 3; 6; 8; 17], а таксама інтэрв’ю беларускага пасла ў Літве В. Дражына [7].

Развіццё беларуска-літоўскіх адносін аналізуецца ў артыкуле ў храналагічным парадку па трох асноўных напрамках: развіццё палітычных адносін, дамоўна-прававой базы і эканамічных сувязяў. У заключнай частцы артыкула на падставе даследавання дынамікі гэтых трох накірункаў супрацоўніцтва вылучаюцца этапы развіцця беларуска-літоўскіх адносін у 2000-я гг. і асноўныя тэндэнцыі кожнага з іх. Сярод метадаў даследавання асноўнае месца займалі колькасны і параўнальны аналіз, а таксама рангаванне і сістэма рэйтынгавай ацэнкі, якія дазвалялі для больш дакладнага аналізу ўсталяваць сувязь паміж колькаснымі і якаснымі паказчыкамі развіцця двухбаковых адносін.

Развіццё беларуска-літоўскіх палітычных кантактаў

На першую палову 2000-х гг. прыйшлася асноўная частка перыяду згортвання беларуска-літоўскіх палітычных кантактаў, які пачаўся яшчэ напрыканцы 1990-х гг. Так, пасля сустрэчы прэзідэнтаў дзвюх краін на кантрольна-прапускным пункце праз беларуска-літоўскую мяжу «Каменны Лог — Мядзінінкай» у лістападзе 1998 г. спыніліся палітычныя кантакты на вышэйшым узроўні; пасля візіту ў Літву прэм’ер-міністра Беларусі С. Лінга ў чэрвені 1999 г. — на высокім узроўні; а з лістапада 2000 г. — і на ўзроўні міністраў замежных спраў [1]. Згортванне кантактаў на ўсіх узроўнях адбывалася па ініцыятыве літоўскага боку. У гэты час Літва як раз распачала перамовы аб уступленні ў Еўрасаюз і разам з іншымі краінамі-кандыдатамі далучылася да агульнай палітыкі гэтага аб’яднання па згортванню палітычных кантактаў з вышэйшым кіраўніцтвам Беларусі і абумоўленасці іх аднаўлення вяртаннем нашай краіны на шлях ліберальна-дэмакратычных рэформ. З улікам таго, што па тэмпах рэструктурызацыі эканомікі дзеля выканання эканамічных крытэрыяў уступлення ў ЕС Літва саступала большасці краін-кандыдатаў, ёсць падставы меркаваць, што яе кіраўніцтва разлічвала кампенсаваць гэтае адставанне большай палітычнай лаяльнасцю да Брюсэлю, у тым ліку і ў пытанні адносін з Беларуссю.

2000 г. пачаўся з працоўных сустрэч намеснікаў міністраў замежных спраў Беларусі і Літвы, што адбыліся ў студзені ў Вільнюсе і Мінску. 4 красавіка Літву з працоўным візітам наведаў намеснік прэм’ер-міністра — міністр замежных спраў Беларусі У. Латыпаў [1]. Падчас візіту ён правеў перамовы з Прэзідэнтам Літвы В. Адамкусам і перадаў яму запрашэнне А. Лукашэнкі наведаць Беларусь, якое літоўскі бок пакінуў без адказу. Акрамя таго, У. Латыпаў сустрэўся з прэм’ер-міністрам Літвы А. Кубілюсам і міністрам замежных спраў А. Саўдаргасам. Па выніках гэтага візіту былі падпісаны міжурадавыя беларуска-літоўскія пагадненні аб супрацоўніцтве ў галіне чыгуначнага транспарту і транзіту з выкарыстаннем партоў і іншай транспартнай інфраструктуры Літвы. Разам з гэтым быў падпісаны сумесны мемарандум аб стварэнні Міжурадавай беларуска-літоўскай камісіі пад кіраўніцтвам міністраў замежных спраў дзвюх краін [1].

Яшчэ адна сустрэча міністраў замежных спраў Беларусі і Літвы адбылася 27 лістапада 2000 г. падчас пасяджанняў Савета міністраў замежных спраў (СМЗС) АБСЕ ў Вене. На гэтай сустрэчы новы міністр замежных спраў Літвы А. Валёніс выказаўся за развіццё «прагматычных адносін» паміж дзвюмя краінамі [1]. Пасля гэтага кантакты на ўзроўні міністраў замежных спраў спыніліся на некалькі гадоў.

У 2001 г. палітычныя сувязі паміж Літвой і Беларуссю падтрымліваліся толькі на ўзроўні намеснікаў міністраў замежных спраў. 6 сакавіка адбылася працоўная паездка ў Літву намесніка міністра замежных спраў Беларусі А. Сычова, падчас якой ён сустракаўся з намеснікам міністра замежных спраў Літвы О. Юсісам і абмеркаваў з ім магчымасці беларуска-літоўскага супрацоўніцтва ў міжнародных арганізацыях [1]. Падчас гэтай сустрэчы літоўскі бок пацвердзіў сваю згоду аказаць Беларусі падтрымку ў атрыманні статуса назіральніка ў Савеце дзяржаў Балтыйскага мора (СДБМ). Акрамя таго, беларуска-літоўскія кансультацыі на тым жа ўзроўні прайшлі ў Мінску 5—6 красавіка [1].

Яшчэ адной асаблівасцю развіцця двухбаковых адносін на мяжы 1990—2000-х гг. стала аднаўленне кантактаў на міжпарламенцкім узроўні. Хоць ў 1997 г. літоўскія парламентарыі абвясцілі, што ў іх няма партнёраў у Беларусі, адмовіўшыся такім чынам прызнаць легітымнасць створанага па выніках канстітуцыйнага рэферэндуму Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, у 1999—2001 гг. адбылася серыя візітаў у Беларусь літоўскіх парламентарыяў і парламенцкіх дэлегацый. Так, 3—5 сакавіка 1999 г. Мінск наведала парламенцкая дэлегацыя Камітэта па пытаннях сяла Сейма Літоўскай Рэспублікі. У снежні 2000 г. па ініцыятыве Б. Брадаўскаса, які прадстаўляў фракцыю сацыял-дэмакратычнай кааліцыі ў сейме Літвы, была створана парламенцкая група па сувязях з Беларуссю ў складзе больш як 20 дэпутатаў ад розных палітычных сіл [1].

Аднак развіццё міжпарламенцкіх кантактаў насіла досыць супярэчлівы характар. Па-першае, стварэнне парламенцкай групы па супрацоўніцтву з Беларуссю выклікала рэзкую крытыку з боку партыі кансерватараў і Міністэрства замежных спраў Літвы [1]. Па-другое, новы склад сейма, створаны па выніках парламенцкіх выбараў 2000 г. восенню таго ж года, выказаў падтрымку пазіцыі Еўрасаюза па непрызнанню Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у якасці легітымнага парламенту краіны [6]. Па-трэцяе, уключэнне ў лік межпарламенцкіх кантактаў наведвання Мінска дэпутатамі літоўскага сейма С. Дзмітрыевым і У. Арэхавым у пачатку лютага 2001 г. выклікала значныя пытанні. Бо хаця яны прыязджалі па запрашэнні дэпутата Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь А. Ваганава і падчас знаходжання ў Мінску сустракаліся з беларускімі парламентарыямі (у тым ліку са Старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублики Беларусь У. Канаплёвым), у інтэрв’ю агенцтву «Інтэрфакс» У. Арэхаў падкрэсліў, што іх дэлегацыя прадстаўляе не сейм Літвы, а літоўскую палітычную партыю (досыць маргінальную, як сведчыць вопыт яе ўдзелу ў парламенцкіх і муніцыпальных выбарах. — А. В.) «Саюз рускіх Літвы» [6].

І ўсё ж пэўны ўсплёск цікаўнасці да супрацоўніцтва з Беларуссю з боку літоўскіх парламентарыяў безумоўна меў месца. Акрамя згаданага прыезду ў Мінск прадстаўнікоў «Саюза рускіх Літвы» дэпутаты літоўскага сейма яшчэ двойчы наведвалі Беларусь на працягу 2001 г. Для афіцыйных сустрэч у міністэрствах сельскай гаспадаркі і аховы наваколля Мінск наведалі дэпутаты Сейму Б. Брадаўскас, В. Эйнарус і У. Арэхаў. Падчас свайго візіта ў нашу краіну яны таксама сустрэліся са старшынёй Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспубликі Беларусь па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы М. Чаргінцом. Начале дэлегацыі літоўскіх фермераў наведаў Беларусь і намеснік старшыні Сейму Літвы Р. Карбаўскіс [1].

2002—2004 гг. сталі перыядам максімальнага «замарожвання» літоўска-беларускіх палітычных кантактаў — наколькі дазваляе меркаваць наяўная інфармацыя, у гэты час яны спыніліся абсалютна на ўсіх узроўнях (табл. 1). Разважаючы аб падставах такой сітуацыі, варта ўзгадаць, што, па-першае, менавіта ў гэты час Еўрасаюз і Арганізацыя Паўночнаатлантычнага дагавору прымалі канчатковыя рашэнні аб тэрмінах і ўмовах прыняцця новых членаў з ліку краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і аб тым, хто канкрэтна з кандыдатаў войдзе ў наступны раунд пашырэння. Таму ключавой тэмай, што адцягнула на сябе амаль усю ўвагу літоўскіх палітыкаў, стала ўзгадненне ўмоў уступлення Літвы ў гэтыя арганізацыі. Па-другое, у самой Літве разгарэўся ўнутрыпалітычны крызіс — пасля непрацяглага і скандальнага прэзідэнцтва Р. Паксаса, якое скончылася імпічментам, некалькі месяцаў абавязкі кіраўніка дзяржавы выконваў А. Паўлаўскас, пасля чаго па выніках датэрміновых прэзідэнцкіх выбараў да ўлады ізноў прыйшоў В. Адамкус, які ўжо ўзначальваў Літву ў 1998—2002 гг.

Табліца 1

Колькасць сустрэч афіцыйных асоб Беларусі і Літвы

Узровень

2001

2002

2003

2004

2005

2006

2007

2008

2009

2010

Прэзідэнты

1

1

Прэм’еры

1

1

2

2

4

Міністры (МЗС)

1

4

2

Намеснікі МЗС

2

1

1

5

Парламентарыі

3

1

1

Усяго

5

0

0

0

2

1

7

6

6

6

К р ы н і ц ы: [1; 12; 13].

Першыя прыкметы «размарожвання» палітычных кантактаў дзвюх дзяржаў можна адзначыць у сярэдзіне 2005 г. Як адзначаецца ў даведцы беларускага пасольства ў Літве, 1—3 чэрвеня 2005 г. у Паланзе адбыліся «штогадовыя» палітычныя кансультацыі паміж міністэрствамі замежных спраў (МЗС) Беларусі і Літвы. Беларускую дэлегацыю узначальваў намеснік міністра замежных спраў А. Міхневіч, літоўскую — сакратар МЗС А. Янушка [12]. А 4—5 кастрычніка таго ж года падчас удзелу кіраўніка беларускага ўрада С. Сідорскага ў адкрыцці ў Вільнюсе беларускай прамысловай выставы «BELEXPO 2005» адбылася яго сустрэча з прэм’ер-міністрам Літвы А. Бразаўскасам [12]. Такім чынам, пасля шасцігадовага перапынку былі адноўлены палітычныя кантакты на высокім узроўні.

Аднак тэндэнцыя да аднаўлення палітычных кантактаў пакуль была няўстойлівай. У наступным 2006 г. яны ізноў падтрымліваліся толькі на ўзроўні намеснікаў міністраў замежных спраў, а колькасць візітаў скарацілася да аднаго — 31 жніўня з працоўным візітам Вільнюс наведаў намеснік міністра замежных спраў Беларусі А. Міхневіч.

Сапраўдны пералом у беларуска-літоўскіх палітычных адносінах адбыўся ўжо ў 2007 г. Гэты год стаў самым багатым на двухбаковыя сустрэчы афіцыйных асоб за ўсё дзесяцігоддзе — 5 разоў сустракаліся намеснікі міністраў замежных спраў і іншыя прадстаўнікі МЗС Беларусі і Літвы, па 1 разу — міністры замежных спраў і кіраўнікі ўрадаў дзвюх краін. Так, 7 сакавіка ў Вільнюсе сустрэліся намеснік міністра замежных спраў Беларусі А. Еўдачэнка і сакратар МЗС Літвы Л. Таллат-Кялпша. 5 красавіка з працоўным візітам Вільнюс наведаў намеснік міністра замежных спраў Беларусі В. Варанецкі. Восенню таго ж года В. Варанецкі і Л. Таллат-Кялпша сустракаліся яшчэ два разы — 11 кастрычніка падчас правядзення ў Вільнюсе канферэнцыі па бяспецы ў галіне энэргетыкі і 15 лістапада падчас правядзення ў Друскенінкае форуму па міжрэгіянальным супрацоўніцтве «Друскенінкай і Гродна. Пошук шляхоў узаемавыгаднага развіцця» [12]. 25 мая ў Мядзінінкае сустракаліся міністры замежных спраў Беларусі і Літвы С. Мартынаў і П. Вайтэкунас. А 21—22 чэрвеня ў Навагрудку адбыліся штогадовыя палітычныя кансультацыі МЗС дзвюх краін [12]. Але кульмінацыяй аднаўлення палітычных сувязяў у 2007 г. стала сустрэча 3 кастрычніка, падчас адкрыцця ў Вільнюсе беларускай прамысловай выставы «БеларусьEXPО 2007», беларускага прэм’ера С. Сідорскага з прэм’ер-міністрам Літвы Г. Кіркіласам і старшынёй літоўскага Сейму В. Мунцянам [12].

У адрозненне ад кароткага «ўсплёску» 2005 г. уздым палітычных адносін 2007 г. стаў больш працяглым і трывалым. Праўда, у наступныя гады колькасць сустрэч, як відаць з табл. 1, крыху паменшылася ў параўнанні з 2007 г. Але тут трэба звярнуць увагу не толькі на колькасць, але і на ўзровень кантактаў, бо сустрэчы на больш высокіх узроўнях, відавочна, мелі большае значэнне для развіцця сувязей дзвюх дзяржаў. Для ўліку абодвух гэтых паказчыкаў прапануецца аўтарская сістэма падліку іх сукупнага гадавога рэйтынгу, пабудаваная на падставе рангавання кантактаў па наступнай шкале: кожная сустрэча на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў ацэньваецца ў 10 балаў, кіраўнікоў урадаў — у 5, міністраў замежных спраў — у 3, намеснікаў міністраў і іншых прадстаўнікоў МЗС — у 2, парламентарыяў — у 1 бал. Вядома, такая шкала будзе даволі ўмоўнай, бо цяжка аб’ектыўна вызначыць у лічбавым эквіваленце, наколькі, напрыклад, кантакты на вышэйшым узроўні ў сярэднім пераўзыходзяць па сваёй значнасці для развіцця двухбаковых адносін кантакты на высокім узроўні. І усё ж гэтая сістэма дапамагае лепш зразумець агульныя тэндэнцыі паляпшэння беларуска-літоўскіх палітычных адносін у другой палове 2000-х гг. Таму аўтар лічыць яе выкарыстанне апраўданым і мэтазгодным. Карыстаючыся ёй, мы бачым, што нягледзячы на змяншэнне колькасці кантактаў у параўнанні з 2007 г. і захоўванне яе ў 2008—2010 гг. на адным узроўні, іх сукупны гадавы рэйтынг няўхільна павялічваўся за кошт павышэння ўзроўню сустрэч — 18, 22, 27 і 31 бал адпаведна. Так, у 2008 г. кіраўнікі ўрадаў Беларусі і Літвы С. Сідорскі і А. Кубілюс сустракаліся двойчы — у чэрвені ў Гродна і ў верасні ў Вільнюсе [12]. А міністры замежных спраў сустракаліся 4 разы. У 2009 г. таксама адбыліся дзве сустрэчы кіраўнікоў урадаў, а ў наступным 2010 г. яны сустракаліся 4 разы [12]. Аднак кульмінацыяй аднаўлення палітычных адносін стаў абмен візітамі кіраўнікоў дзяржаў у 2009—2010 гг., які адбыўся пасля 11-гадовага перапынку кантактаў на вышэйшым узроўні [11; 12].

Для больш поўнага аналіза тэндэнцый развіцця беларуска-літоўскіх палітычных сувязяў варта таксама ахарактарызаваць дынаміку візітаў з двух бакоў. Пры гэтым варта адзначыць, што візітаў з беларускага боку было больш, чым з літоўскага (14 і 10 адпаведна). І іх узровень быў значна вышэйшым (50 балаў супраць 31 паводле згаданай рэйтынгавай сістэмы). Парытэт быў дасягнуты толькі па візітах на вышэйшым узроўні. На ўсіх астатніх, акрамя парламенцкага, колькасць беларускіх візітаў у Літву значна пераўзыходзіла колькасць літоўскіх візітаў у Беларусь. І толькі візіты парламентарыяў былі выключна з літоўскага боку. Згаданыя тэндэнцыі, аднак, не даюць падставы сцвярджаць, што літоўскі бок быў менш зацікаўлены ў развіцці двухбаковых адносін, чым беларускі. Хутчэй гэта сведчыла аб імкненні літоўскіх афіцыйных асоб для дэманстрацыі лаяльнасці генеральнай знешнепалітычнай лініі Еўрасаюза мінімізаваць свае візіты ў Беларусь і сустракацца з беларускімі калегамі альбо падчас неафіцыйных мерапрыемстваў, ці «працоўных кансультацый» на сваёй тэрыторыі, альбо падчас шматбаковых форумаў на тэрыторыі трэціх краін.

Развіццё дамоўна-прававой базы беларуска-літоўскіх адносін

Трэба адзначыць, што развіццё дамоўна-прававой базы беларуска-літоўскіх адносін не супадала з дынамікай палітычных кантактаў — за 2001—2010 гг. было заключана больш пагадненняў і дамоўленасцяў, чым за папярэдняе дзесяцігоддзе (23 і 20 адпаведна). Сярод заключаных на працягу гэтага дзесяцігоддзя дакументаў была толькі адна міждзяржаўная дамова — «Аб рэжыме беларуска-літоўскай дзяржаўнай мяжы», падпісаная падчас візіту А. Лукашэнкі ў Вільнюс 16 верасня 2009 г. Асноўную ж массу складалі міжурадавыя і міжведамаственыя пагадненні. Прычым 5 з іх тычыліся ўнясення змяненняў у падпісаныя раней пагадненні — напрыклад, у міжурадавае пагадненне «Аб узаемных паездках грамадзян» ад 26 лістапада 2002 г. змены ўносіліся тройчы — у 2005, 2006 і 2007 гг. [гл.: 18].

Для вызначэння прыярытэтных накірункаў развіцця дамоўна-прававой базы прапануецца зноў скарыстацца рэйтынгавай сістэмай, якая будзе ўлічваць колькасць і ўзровень дакументаў, якія рэгулююць пытанні адной і той жа (альбо блізкіх) сфер супрацоўніцтва. Адпаведна, кожная міждзяржаўная дамова ацэньваецца ў 3 балы, міжурадавае пагадненне — у 2, міжведамаснае — у 1 бал. Атрыманыя на падставе гэтай методыкі вынікі сведчаць, што прыярытэтнымі накірункамі ў гэты перыяд былі: рэгуляванне ўзаемных паездак грамадзян (5 дакументаў з сукупным рэйтынгам 10 балаў), сувязей у галіне транспарту і транзіту (4 і 8 адпаведна), памежнае і мытнае рэгуляванне (3 і 7), адукацыя, навука і культура (4 і 5).

У якасці адметных асаблівасцей развіцця дамоўна-прававой базы беларуска-літоўскіх адносін у разглядаемы перыяд таксама варта адзначыць пачатак супрацоўніцтва ў двухбаковым фармаце ваенных ведамств Беларусі і Літвы (у 2003 г. паміж імі было заключана пагадненне «Аб абмене інфармацыяй аб палётах паветраных судоў») і паглыбленне распачатага яшчэ ў 1995 г. супрацоўніцтва нацыянальных банкаў дзвюх краін. У красавіку 2002 г. паміж Нацыянальным банкам Беларусі і Банкам Літвы быў падпісаны мемарандум аб узаемапаразуменні, а ў лістападзе таго ж года — пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне навучання персанала. Яшчэ адно пагадненне аб супрацоўніцтве паміж імі было заключана ў верасні 2009 г. [гл.: 18].

Акрамя таго, пасля далучэння Літвы да шэнгенскай прасторы і ўвядзення ёй у адпаведнасці з патрабаваннямі шэнгенскага пагаднення больш жорсткага візавага рэжыму для грамадзян Беларусі актуальнай тэмай стала падпісанне пагаднення аб спрошчаным парадку перасячэння мяжы жыхарамі 50-кіламетровай зоны ўздоўж беларуска-літоўскай дзяржаўнай мяжы. Пасля працяглых і даволі няпростых перамоў пагадненне «Аб парадку ўзаемных паездак жыхароў памежных тэрыторый Рэспублікі Беларусь і Літоўскай Рэспублікі» было ўрэшце падпісана 20 кастрычніка 2010 г. Закон аб яго ратыфікацыі быў прыняты Нацыянальным сходам Беларусі 10 студзеня 2011 г. Аднак з нагоды незавершанасці ўнутрыдзяржаўных працэдур, неабходных для ўступлення пагаднення ў сілу, яно дагэтуль не дзейнічае, і жыхары памежных тэрыторый вымушаны па-ранейшаму атрымліваць візы ў агульным парадку.

Развіццё эканамічных адносін

Пачатак дзесяцігоддзя характарызаваўся даволі няўстойлівымі тэндэнцыямі ў развіцці беларуска-літоўскага гандлю. Пасля рэзкага павелічэння двухбаковага таваразвароту і беларускага экспарту ў Літву ў 2000 г. у наступныя два гады назіраліся цалкам супрацьлеглыя тэндэнцыі — скарачэнне таваразвароту і беларускага экспарту пры адначасовым павелічэнні імпарту з Літвы. Аднак у 2002 г. гэтыя тэндэнцыі запаволіліся, а ў наступным, 2003 г. зноў змяніліся — пачаўся рост таваразвароту за кошт павелічэння як экспарту, так і імпарту. Прычым імпарт павялічваўся больш хуткімі тэмпамі, таму станоўчае для Беларусі знешнегандлёвае сальда з Літвой у 2001—2004 гг. няўхільна памяншалася. У 2005 г. тэмпы павелічэння таваразвароту захоўваліся прыблізна на тым жа ўзроўні, аднак структура яго росту змянілася — адбылося даволі значнае павелічэнне беларускага экспарту ў Літву пры адначасовым скарачэнні імпарту з гэтай краіны [1; 5].

Другая палова 2000-х гг. характарызавалася большай устойлівасцю дынамікі ўзаемнага гандлю. На працягу 2006—2008 гг. таваразварот павялічваўся вельмі хуткімі тэмпамі — на 100—140 млн дол. ЗША штогод за кошт павелічэння як экспарту, так і імпарту [5]. Прычым тэмпы росту беларускага экспарту ў Літву ўвесь гэты час апярэджвалі рост імпарту, што забяспечвала пастаяннае павелічэнне знешнегандлёвага сальда. На кароткі час гэтыя тэндэнцыі былі спынены ў 2009 г., калі ў беларуска-літоўскім гандлі адбыўся сапраўдны абвал — беларускі экспарт у Літву скараціўся больш як на 250 млн дол. ЗША, а імпарт — амаль на 40 млн. Аднак ужо ў наступным 2010 г. станоўчыя тэндэнцыі папярэдняга перыяду аднавіліся па ўсіх накірунках [16] (табл. 2).

Табліца 2

Аб’ёмы гандлю Беларусі з Літвой, млн дол. ЗША

 

2001

2002

2003

2004

2005

2006

2007

2008

2009

2010

Таваразварот

383,1

366,1

419,2

460,4

486,4

603,0

744,7

852,8

557,4

698,8

Экспарт

275,8

256,7

265,0

284,8

351,8

432,7

564,6

619,2

362,3

450,8

Імпарт

107,3

109,4

154,2

175,6

134,6

170,3

180,1

233,6

195,2

247,9

Сальда

168,5

147,3

110,8

109,2

217,2

262,4

384,5

385,6

167,1

202,9

К р ы н і ц ы: [1; 5; 9; 16].

Трэба адзначыць, што нягледзячы на значнае павелічэнне беларуска-літоўскага таваразвароту з 2001 па 2010 г., доля Літвы ў агульнай структуры знешнегандлёвага таваразвароту Беларусі няўхільна змяншалася да 2008 г. Толькі з 2009 г. пачала (вельмі нязначна) расці доля Літвы ў беларускім імпарце, а з 2009 г. — у экспарце [9].

Таварная структура беларуска-літоўскага гандлю на працягу 2000-х гг. таксама значна змянілася. Па інфармацыі Двухбаковай беларуска-літоўскай камісіі па гандлёвым і эканамічным супрацоўніцтве, таварная наменклатура ўзаемнага гандлю пашырылася ў 2000—2009 гг. прыблізна з 60 да 360 пазіцый. У структуры беларускага экспарту ў Літву 60 % складаюць прамежкавыя тавары, 17—20 % — сыравіна і 20—23 % — гатовая прадукцыя [5]. Асноўнымі пазіцыямі беларускага экспарту ў Літву на працягу 2000-х гг. з’яўляліся нафта і газавы кандэнсат, нафтапрадукты, мінеральныя (пераважна калійныя) ўгнаенні, пракат чорных металаў, прадукцыя хімічнай прамысловасці, трактары, драўніна і лесаматэрыялы [5]. Некаторыя пазіцыі на працягу разглядаемага перыяду фігуравалі ў графе як імпарту, так і экспарту. Так, да закрыцця Ігналінскай АЭС Беларусь імпартавала электраэнэргію з Літвы, а пасля, наадварот, стала экспартаваць яе ў гэтую краіну. У структуры беларускага імпарту з Літвы цяжэй вызначыць відавочныя прыярытэты. Калі казаць аб групах тавараў, варта вылучыць будаўнічыя матэрыялы (бетон, шлакавата, вырабы з штучнага каменя, арматура для трубаправодаў і г. д.), тыпаграфскую фарбу, рэфрыжэратарную тэхніку і некаторыя віды сельскагаспадарчай прадукцыі (асабліва карма для жывёлагадоўлі) [2].

Акрамя гандлю яшчэ адным важным накірункам развіцця эканамічных сувязей стала інвестыцыйнае супрацоўніцтва, прававая база якога была закладзена пагадненнем «Аб садзейнічанні ажыццяўленню і абароне інвестыцый» ад 5 сакавіка 1999 г. Дынаміка аб’ёмаў беларускіх інвестыцый у Літве адлюстравана ў табл. 3, літоўскіх у Беларусі — у табл. 4.

Табліца 3

Беларускія інвестыцыі ў Літве, млн дол. ЗША

 

2001

2002

2003

2004

2005

2006

2007

2008

2009

2010

Усяго

0,418

1,696

7,597

11,938

10,692

23,341

35,960

16,340

32,961

49,485

Прамыя

0,418

1,166

4,680

2,517

3,737

5,354

17,693

10,944

28,674

42,484

К р ы н і ц ы: [5; 9].

Табліца 4

Літоўскія інвестыцыі ў Беларусі, млн дол. ЗША

 

2001

2002

2003

2004

2005

2006

2007

2008

2009

2010

Усяго

0,0002

0,0889

0,0002

0,283

1,023

7,422

18,637

9,547

9,601

Прамыя

0,0002

0,0889

0,0002

0,079

0,074

0,085

4,763

9,524

К р ы н і ц ы: [5; 9]. 

З прыведзеных табліц бачна, што на працягу бадай што ўсяго дзесяцігоддзя (за выключэннем 2008 г.) рост аб’ёмаў літоўскіх інвестыцый у Беларусі моцна апярэджваў аб’ёмы беларускіх інвестыцый у Літве. Прычым у адрозненне ад апошніх, за выключэннем кароткага перыяду 2004—2006 гг., у іх структуры пераважалі прамыя інвестыцыі. У 2009 г. у Беларусі налічвалася 374 структуры з удзелам літоўскага капіталу, з іх 207 сумесных і 167 замежных прадпрыемстваў [7]. Сярод сфер, у якіх літоўскія інвестары праяўляюць найбольшую актыўнасць, варта вызначыць будаўніцтва (удзел у будаўніцтве гандлёва-забаўляльнага комплексу ў Жлобіне, шматфункцыянальнага комплексу на базе мінскага стадыёна «Трактар», транспартна-лагістычнага цэнтра ў Валожынскім раёне, рэканструкцыя і пашырэнне пляцовак «Беларусьфільма»), дрэваапрацоўку і вытворчасць мэблі (стварэнне прадпрыемства па вырабу мэблевых тканін у Гродне і Гродзенскай вобласці, вытворчасці драўляных паліўных гранул у Пастаўскім раёне, будаўніцтва вертыкальна інтэграванага дрэваапрацоўчага комплекса на тэрыторыі СЭЗ «Магілёў»), а таксама вытворчасць піва (буйныя інвестыцыі ў ТАА «Рэчыцапіва» і ААТ «Аліварыя») [2].

Беларускія інвестыцыі ў Літве былі скіраваны пераважна на стварэнне таварна-правадной сеткі (ТПС) беларускіх вытворцаў у гэтай краіне. У выніку, у Літве было створана 6 суб’ектаў ТПС з удзелам беларускага капіталу: ЗАТ «ТД БМЗ-Балтыя» (стваральнік — РУП «Беларускі металургічны завод» (Мінпрам), доля беларускага капіталу — 55 %), ЗАТ «Белвердзі» (ЗАТ «Пінскдрэў» (Беллеспаппрам), доля беларускага капіталу — 51 %), кампанія «Балткаліс» (РУП ВА «Беларуськалій» (канцэрн «Белнафтахім»), доля беларускага капіталу — 40 %), ЗАТ «Трансхема» (УП «Беларускі нафтавы гандлёвы дом» (канцэрн «Белнафтахім»), доля беларускага капіталу — 51 %), ТАА «Белтайер» (ААТ «Белшына» (канцэрн «Белнафтахім»), доля беларускага капіталу — 51 %), ЗАТ «Магатэкс-Балтык» (ААТ «Магатэкс» (канцэрн «Беллёгпрам»), доля беларускага капіталу — 51 %) [2; 17].

Нарэшце, важнае месца ў эканамічным супрацоўніцтве абедзвюх краін займалі пытанні транзіту. Літоўскі порт Клайпеда, як і раней, адыгрываў вельмі значную ролю ў транзіце беларускіх грузаў. І хоць у пачатку 2000-х гг. яму стварылі пэўную канкурэнцыю латвійскія парты Вентспілса і Рыгі, па выніках 2010 г. Клайпеда заняла першае месца па аб’ёмах перавалкі беларускіх грузаў сярод усіх партоў, паслугамі якіх карысталася наша краіна — 8 млн т (на 22 % болей, чым у 2009 г.). Для параўнання: праз Вентспілс у тым жа
годзе было транспартавана 6,5 млн т беларускіх грузаў, праз Нікалаеў — 2 млн т [17].

У сваю чаргу, тэрыторыя Беларусі мела вялікае значэнне для літоўскага транзіту ў паўднёвым і ўсходнім напрамках. Аб гэтым сведчыць распрацоўка праектаў па развіцці транзіту грузаў паміж рэгіёнамі Балтыйскага і Чорнага мораў. Яшчэ ў 2003 г. была арганізавана перавозка грузаў камбінаваным цягніком «Вікінг» па маршруце Ільічоўск—Калядзічы—Клайпеда. Беларусь, Літва і Украіна дамовіліся аб прадастаўленні грузаперавозкам з дапамогай гэтага цягніка рэжыму найбольшага спрыяння [17]. А 12 мая 2008 г. міністры транспарту згаданых трох дзяржаў падпісалі ў Вільнюсе пагадненне «Аб развіцці перавозак грузаў у накірунку Балтыйскае мора — Чорнае мора». Аднак далёка не па ўсіх праектах у галіне транзіту краінам атрымоўвалася ўзгадніць інтарэсы. Так, безвыніковымі былі перамовы аб ажыццяўленні праз тэрыторыю Беларусі транзіту ўкраінскай электраэнэргіі ў Літву, што расцягнуліся з 2008 па восень 2010 г. [3; 8; 10].

Заключэнне

Такім чынам, характарызуючы перыядызацыю развіцця беларуска-літоўскіх адносін у 2001—2010 гг., варта вылучыць два асноўных этапа, што адзначаліся шмат у чым супрацьлеглымі тэндэнцыямі, і невялікі пераходны перыяд паміж імі. Першая палова 2000-х гг. стала працягам перыяда згортвання палітычных адносін, які пачаўся яшчэ напрыканцы 1990-х гг. па ініцыятыве літоўскага боку. Палітычныя кантакты паступова спыніліся спачатку на вышэйшым, потым на высокім узроўні і ў рэшце рэшт дасягнулі амаль поўнага «замарожвання» ў 2002—2004 гг. Тым не менш, у гэты час працягваецца стварэнне дамоўна-прававой базы двухбаковых адносін, асабліва ў фармаце міжведамаственага супрацоўніцтва. Эканамічныя адносіны характарызаваліся няўстойлівымі, пераменнымі тэндэнцыямі, якія, аднак, вялі да няўхільнага скарачэння станоўчага для Беларусі сальда ў гандлі з Літвой.

Перыяд 2005—2006 гг. можна назваць пераходным, бо ён адзначаўся паступовым аднаўленнем палітычных адносін, аднак палітычныя кантакты яшчэ не набылі рэгулярны характар. У гэты час адзначаецца актывізацыя развіцця дамоўна-прававой базы, прычым у адрозненне ад папярэдняга перыяду міжурадавыя пагадненні колькасна пераважаюць міжведамаственыя. У гандлёва-эканамічнай сферы гэты перыяд таксама можна назваць пераходным ад няўстойлівасці першай паловы 2000-х гг. да тэндэнцый устойлівага нарошчвання беларускага экспарту і двухбаковага таваразвароту, характэрных для другой паловы дзесяцігоддзя.

Нарэшце, 2007—2010 гг. сталі перыядам максімальнага ўздыму беларуска-літоўскіх адносін ва ўсіх сферах. Аднаўленне палітычных кантактаў набывае паслядоўны, рэгулярны характар і закранае ўсе ўзроўні — ў тым ліку і вышэйшы (абмен візітамі кіраўнікоў дзяржаў у 2009—2010 гг.). Дамоўна-прававая база развіваецца даволі інтэнсіўна, хоць і не без пэўных цяжкасцей. Да міжурадавых і міжведамаственых пагадненняў у 2009 г. дадаецца адзіная за ўсё дзесяцігоддзе міждзяржаўная дамова. У эканоміцы назіраецца ўстойлівы і даволі хуткі рост узаемнага гандлю і станоўчага для Беларусі знешнегандлёвага сальда, які толькі часова спыніўся абвалам 2009 г., каб зноў аднавіцца ў 2010 г. Нарошчваюцца і аб’ёмы ўзаемных інвестыцый. Акрамя таго, у гэты час актывізуецца абмеркаванне рэгіянальных праектаў з удзелам трэціх краін па больш поўным выкарыстанні транзітнага патэнцыялу Беларусі і Літвы.

Літаратура

1. Белорусско-литовские отношения: справка // Текущий архив Министерства иностранных дел Республики Беларусь.
2. Беларусь — Литва: основа политики — экономическая выгода [Электронный ресурс] // Дело: бизнес-журнал. — Режим доступа: <http://delo.by/news/~shownews/export-litva-ekonomika>. — Дата доступа: 17.02.2013.
3. Беларусь пока отказывается от транзита украинской электроэнергии в Литву [Электронный ресурс] // TUT.BY: белорусский портал. — 19.02.2009. — Режим доступа: <http://news.tut.by/economics/129695.html>. — Дата доступа: 21.06.2013.
4. Дайнеко, А. Е. Беларусь в системе международных экономических отношений / А. Е. Дайнеко. — Горки, 2011. — 365 с.
5. Двусторонняя Белорусско-Литовская комиссия по торговому и экономическому сотрудничеству [Электронный ресурс] // Министерство экономики Республики Беларусь. — Режим доступа: <http://www.economy.gov.by/ru/f_economic/rabota_sovmestnyh_komissij/bilateral-belarusian-lithuanian-commission>. — Дата доступа: 17.02.2013.
6. Депутаты сейма Литвы посетили Беларусь с целью активизации сотрудничества [Электронный ресурс] // bymedia.net:информационно-образовательный портал. — 09.02.2001. — Режим доступа: <http://dossier.bymedia.net/index.php?option=com_apressdb&view=publications&layout=entry&id=8766>. — Дата доступа: 28.03.2013.
7. Дражин В.: Идет процесс интеграции в экономике Беларуси и Литвы [интервью Посла для БелТА, Е. Юркявичене] [Электронный ресурс] // Посольство Республики Беларусь в Литовской Республике. — Режим доступа: <http://lithuania.mfa.gov.by/rus/amb_int/~page__m12=1~news__m12=390914.txt>. — Дата доступа: 17.02.2013.
8. Кожемякин, А. Литва и Украина планируют провести переговоры с Минском о транзите электроэнергии / А. Кожемякин [Электронный ресурс] // TUT.BY: белорусский портал. — 14.10.2010. — Режим доступа: <http://news.tut.by/economics/200432.html>. — Дата доступа: 21.06.2013.
9. Основные показатели внешней торговли [Электронный ресурс] // Национальный статистический комитет Республики Беларусь. — Режим доступа: <http://belstat.gov.by/homep/ru/indicators/ftrade1.php>. — Дата доступа: 21.06.2013.
10. Переговоры о транзите нефти через Клайпеду зашли в тупик [Электронный ресурс] // Информационный портал Беларуси «МойBY». — 02.12.2010. — Режим доступа: <http://www.moyby.com/news/31792/>. — Дата доступа: 21.06.2013.
11. Полежай, Т. Беларусь — Литва: прагматичный разговор соседей / Т. Полежай // Беларус. думка. — 2009. — № 10. — С. 3—7.
12. Политические отношения [Электронный ресурс] // Посольство Республики Беларусь в Литовской Республике. — Режим доступа: <http://lithuania.mfa.gov.by/ru/bilateral_relations/> . — Дата доступа: 14.03.2013.
13. Связи Литовской Республики с Республикой Беларусь [Электронный ресурс] // Посольство Литовской Республики в Республике Беларусь. — Режим доступа: <http://by.mfa.lt/index.php?2044500973>. — Дата доступа: 17.02.2013.
14. Тихомиров, А. В. Белорусско-литовские отношения в 2007—2008 гг. / А. В. Тихомиров // Беларусь в современном мире: материалы VII Междунар. науч. конф., посвящ. 87-летию образования Белорус. гос. ун-та, 30 окт. 2008 г. / редкол.: В. Г. Шадурский [и др.]. — Минск: Тесей, 2008. — С. 56—58.
15. Тихомиров, А. В. Отношения Беларуси с соседними государствами Центральной и Восточной Европы (Польшей, Литвой, Латвией) в 1991—2001 гг. / А. В. Тихомиров [Электронный ресурс] // Белорусская цифровая библиотека. — 03.03.2006. — Режим доступа: <http://library.by/portalus/modules/belarus/print.php?subaction=showfull&id=1141347534&archive=1291800676&start_from=&ucat=20&>. — Дата доступа: 17.02.2013.
16. Торгово-экономическое сотрудничество [Электронный ресурс] // Посольство Республики Беларусь в Литовской Республике. — Режим доступа: <http://lithuania.mfa.gov.by/ru/bilateral_relations/trade_economic/>. — Дата доступа: 14.03.2013.
17. Транзитный потенциал Беларуси и Литвы — основа взаимодействия [Электронный ресурс] // EXPORT.BY: портал информационной поддержки экспорта. — Режим доступа: <http://export.by/resources/izdaniya_i_publikacii/tranzitnii_potencial_belarusi_i_litvi_—__osnova_.html>. — Дата доступа: 17.02.2013.
18. Электронная справочно-правовая система КонсультантПлюс: Беларусь [Электронный ресурс]. Технология Проф / ООО «ЮрСпектр», Нац. центр правовой информ. Респ. Беларусь. — Минск, 2013.
19. Lithuania — Belarus economic relations: How the EU accession impacted bilateral trade / R. Ginevičius [et al.] // Journal of Business Economics and Management — 2007. — Vol. 8, N 2. — P. 137—144.


Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter

Сообщество

  • (029) 3222740
  • Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
© 2019 Международное общественное объединение «Развитие». All Rights Reserved.