журнал международного права и международных отношений 2014 — № 2


международные отношения

Эканамічныя адносіны Польшчы і Літвы (2004—2013 гг.)

Даніл Пінькевіч

Аўтар:
Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра. — аспірант кафедры міжнародных адносін факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта

Рэцэнзенты:
Ціхаміраў Аляксандр Валянцінавіч — кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры міжнародных адносін факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта
Буча Андрэй Іванавіч — кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін Інстытута пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь


Артыкул прысвечаны даследаванню польска-літоўскіх эканамічных адносін у 2004—2013 гг. Асаблівая ўвага надаецца гандлёвым адносінам, дынаміцы і структуры ўзаемнага гандлю. Апісваюцца інвестыцыйныя плыні паміж Польшчай і Літвой, вылучаюцца асноўныя сферы інвеставання. Значная ўвага надаецца ролі энергетычных праектаў у польска-літоўскіх эканамічных адносінах. У артыкуле ажыццяўляецца спроба вызначыць уплыў палітычнага фактару на кожную з разгледжаных сфер, а менавіта: на двухбаковы гандаль, на ўзаемнае інвеставанне і на агульныя энергетычныя праекты Польшчы і Літвы за азначанае дзесяцігоддзе.


Адносіны паміж Польшчай і Літвой у перыяд з 2004 г. па сённяшні дзень характарызуюцца высокай інтэнсіўнасцю развіцця, якая праяўляецца як у палітычнай, так і ў эканамічнай сферы. Пры гэтым эканамічныя ўзаемадзеянні абедзвюх краін носяць прынцыповы характар, адначасова і знаходзячыся пад уплывам палітычнай кан’юнктуры, і фарміруючы яе.

У дадзеным артыкуле прадстаўлены аналіз некалькіх напрамкаў эканамічнай актыўнасці, мэтай якога з’яўляецца выяўленне асноўных заканамернасцей у польска-літоўскіх эканамічных адносінах у 2004—2013 гг. і іх суаднясенне з развіццём палітычных адносін. Такім чынам, разглядаюцца наступныя напрамкі: узаемны гандаль таварамі і паслугамі, інвеставанне і супрацоўніцтва ў энергетычнай галіне ў храналагічны перыяд з 2004 г., калі Польшча і Літва ўступілі ў ЕС, да 2013 г.

Неабходна адзначыць, што дадзеная тэма не з’яўляецца дастаткова распрацаванай не толькі ў беларускай, але і ў польскай, і ў літоўскай гістарыяграфіі. Так, публікацыі беларускіх аўтараў, прысвечаныя польска-літоўскім эканамічным адносінам, фактычна адсутнічаюць. Сярод жа прац на дадзеную тэматыку замежных навукоўцаў варта назваць артыкул літоўскага даследчыка В. Каткуса, у якім разглядаюцца асноўныя рысы польска-літоўскіх эканамічных адносін у 1990—2000 гг. [24], і публікацыю польскіх аўтараў С. Партыцкага і А. Мазыры, якія звяртаюць увагу на стратэгічныя асновы эканамічнай інтэграцыі паміж дзвюма краінамі [36]. Таксама неабходна згадаць артыкулы, прысвечаныя асобным аспектам знешнеэканамічнай дзейнасці Літвы [14] і Польшчы [44]. Акрамя таго, існуюць аналітычныя агляды і даклады ўрадаў дзвюх краін і міжнародных устаноў, прысвечаныя эканамічным працэсам у Польшчы і Літве [13; 16; 17; 35; 39; 42; 45].

Узаемны гандаль. Польшча з’яўляецца адным з асноўных гандлёвых партнёраў Літоўскай Рэспублікі. Пры гэтым тавараабарот паміж краінамі характарызуецца высокай дынамікай. Так, за апошняе дзесяцігоддзе гандлёвы абарот паміж краінамі павялічыўся ў абсалютным вызначэнні амаль у 4 разы: з 1122 млн еўра ў 2004 г. да 4302 млн еўра ў 2013 г. [20].

Станоўчай дынамікай характарызуецца кожны год, за выключэннем крызіснага 2009 г., калі аб’ём гандлю скараціўся на 30 %: з 3041 млн еўра ў 2008 г. да 2147 млн еўра [22; 26, s. 14]. Аднак ужо 2011 г. дазволіў казаць пра дасягненне дакрызіснага аб’ёму гандлю — 3470 млн еўра [18]. Сярэднегадавы прырост тавараабмену паміж краінамі на сёняшні дзень фіксуецца ў памеры каля 500 млн еўра і з’яўляецца стабільным на працягу апошніх гадоў, за выключэннем крызіснага 2009 г. Разам з тым дадзены паказчык адлюстроўвае таксама і запавольванне дынамікі ва ўзаемным гандлі. Так, калі ў 2004 г. прырост гандлёвага абароту склаў 39 %, то ў 2013 г. — толькі 12 %. Такім чынам, развіццё гандлю выглядае нераўнамерным па пяцігоддзях. Калі першыя пяць год азначанага перыяду прывялі да росту гандлю паміж краінамі на 300 %, то другое пяцігоддзе паказала чысты прырост толькі на 30 %. Часткова гэта тлумачыцца сусветным фінансава-эканамічным крызісам, які выпаў на другую палову азначанага дзесяцігоддзя. Але яшчэ адным важным фактарам з’яўляецца таксама і звышінтэнсіўны характар гандлёвых адносін паміж Польшчай і Літвой у першыя гады пасля ўступлення краін у ЕС і змяненне знешнегандлёвых прыярытэтаў Варшавы і Вільнюса пасля 2008 г.

Роля кожнай з краін у знешнім гандлі свайго партнёра павялічылася. Так, калі ў 2004 г. на долю Польшчы прыходзілася 4,8 % літоўскага экспарту і 7,6 % імпарту [20], то ў 2013 г. гэтыя паказчыкі склалі адпаведна 7,38 і 9,39 %. Пры гэтым у 2012 г. на долю Літвы прыходзіўся 1 % польскага імпарту і 2,1 % экспарту [19]. Варта адзначыць, што і гэтыя лічбы сталі вынікам росту, бо ў 2004 г. адпаведныя паказчыкі складалі 0,6 і 1,6 % [20]. Такое істотнае адрозненне паміж доляй Літвы і доляй Польшчы ў агульным знешнім гандлі адлюстроўвае аб’ектыўную розніцу паміж, з аднаго боку, маштабамі эканомік двух краін, а, з другога, — месцамі, якія займаюць той і другі стратэгічны партнёр у эканамічным жыцці свайго візаві.

Апроч таго, важна падкрэсліць, што баланс гандлю традыцыйна з’яўляецца станоўчым для Польшчы, пры тым што за разглядаемы перыяд ён вырас з 401 млн еўра да 677 млн еўра, а рэкордны паказчык на ўзроўні 1183 млн еўра быў зафіксаваны ў 2008 г. [20]. У рэтраспектыве за 10 год можна адзначыць, што літоўскі экспарт вырас у 5 разоў, у той час як польскі — толькі ў 3 разы. І гэта з улікам 2013 г., які паказаў адхіленне ад тэндэнцыі, калі рост польскага экспарту апярэджваў рост імпарту [35, s. 10].

Гандлёвы абарот Літвы і Польшы за 2004—2013 гг., млн еўра

pinkevich_t1

К р ы н і ц ы: [18; 19; 20].

Паводле дадзеных польскага «Статыстычнага штогодніка знешняга гандлю», у структуры літоўскага экспарту ў 2012 г. вылучаюцца наступныя тавары з аб’ёмам продажу больш за 100 млн еўра: мінеральнае паліва, змазачныя масла і аналагічныя матэрыялы — 259,6 млн еўра; прадукты харчавання і жывыя жывёлы — 155,8 млн еўра; хімічныя і спадарожныя тавары — 153,7 млн еўра; прамысловыя тавары, класіфікаваныя пераважна па матэрыялах, — 124,8 млн еўра [45]. Вядучыя катэгорыі польскага экспарту ў асноўным тыя ж, што і літоўскага, але аб’ём продажу па некаторых групах тавараў адрозніваецца да 10 разоў: прамысловыя тавары, класіфікаваныя пераважна па матэрыялах, — 506,2 млн еўра; хімічныя і спадарожныя тавары — 419,4 млн еўра; прадукты харчавання і жывыя жывёлы — 330,7 млн еўра; мінеральнае паліва, змазачнае масла і аналагічныя матэрыялы — 285 млн еўра. Сярод новых катэгорый, у параўнанні з літоўскім экспартам, вылучаюцца наступныя: продаж машын і транспартнага абсталявання — 435,5 млн еўра; продаж розных прамысловых тавараў — 233,8 млн еўра [45]. Пры гэтым варта адзначыць адсутнасць істотных структурных змяненняў у параўнанні з 2004 г. [43]. Такім чынам, асноўныя змяненні датычыліся менавіта аб’ёму, а не структуры гандлю таварамі паміж Польшчай і Літвою за азначаны перыяд.

На аснове дадзеных па гандлю паслугамі можна зрабіць паказальнае назіранне адносна прынцыповай розніцы ў значэнні, якое эканамічнае супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі мае для Польшчы і для Літвы. Згодна з інфармацыяй Цэнтральнага статыстычнага офіса Польшчы, у 2012 г. Літва здолела патрапіць у 10 найбуйнейшых партнёраў Польшчы па імпарце паслуг толькі ў 4 катэгорыях з 25 прадстаўленых у Штогодніку ведамства. Прычым істотны паказчык значыцца толькі ў катэгорыі «дарожны транспарт» — 72 млн еўра, які прывёў Літву на 10-е месца. На 3,4 млн еўра было аказана ўрадавых паслуг; сельская гаспадарка, горназдабыўная прамысловасць і паслугі апрацоўкі прадукцыі на месцах паказалі ў суме 1,5 млн еўра; а перапрацоўка адкідаў і ліквідаванне наступстваў забруджвання навакольнага асяроддзя — 380 тыс. еўра [45].

У экспарце паслуг Літва патрапіла ў спіс найбуйнейшых спажыўцоў толькі ў дзвюх катэгорыях (пры агульнай наяўнасці 28 катэгорый): турыстычныя паслугі — 225,3 млн еўра, будаўнічыя паслугі — 24,8 млн еўра [45].

Пры гэтым неабходна адзначыць, што ў адрозненне ад гандлю таварамі, дзе існуе істотны дысбаланс паміж партнёрамі (1050 млн еўра на карысць Польшчы), у гандлі паслугамі назіраецца парытэт каля 250 млн еўра з кожнага боку.

Такім чынам, фактычная адсутнасць Літвы ў спісе найважнейшых партнёраў па абсалютнай большасці прыярытэтных сфер адлюстроўвае агульны дысбаланс у польска-літоўскіх эканамічных адносінах.

Сярод прычын дысбалансу гандлёвых адносін адзначаюцца наступныя: большая актыўнасць і фінансавыя магчымасці польскага бізнесу ў параўнанні з літоўскім, інтэнсіўнае развіццё сельскай гаспадаркі пры граматнай крэдытнай палітыцы польскага ўраду, большы маштаб польскай эканомікі [24].

Інвестыцыі. Важную ролю ў эканамічных адносінах адыгрываюць інвестыцыі. Варта адзначыць, што на канец 2012 г. агульны аб’ём польскіх інвестыцый у літоўскую эканоміку склаў 1,4 млрд еўра, што дазволіла Польшчы заняць другое месца ў спісе буйнейшых інвестараў (паміж Швецыяй — 2,6 млрд еўра і Германіяй — 1,2 млрд еўра) пры агульным памеры прамых замежных інвестыцый у Літву 11,9 млрд еўра. Пры гэтым перыяд пасля 2004 г. адзначыўся істотнай актывізацыяй польскіх інвестараў. Так, па выніках 2005 г. сярод краін-інвестараў Польшча займала ўсяго толькі 14-е месца. На той момант польскія прадпрымальнікі ўкладалі сродкі ў асноўным у прамысловасць, сферу гандлю і паслуг, фінансавы сектар і нерухомасць [23, s. 12]. Пераломам стала рашэнне польскага нафтаперапрацоўчага гіганта «PKN Orlen» пачаць укладанні ў літоўскую эканоміку. Так, купля кампаніяй буйнейшага нафтавага канцэрна Літвы «Мажэйкю нафта» ў канцы 2006 г. дазволіла Польшчы заняць іншую пазіцыю ў спісе інвестараў. Велічыня ўкладанняў дасягнула 2,5 млрд дол. ЗША, што стала найбольш значнай сумай за ўсю гісторыю інвестыцый у Літву [23, s. 9; 26, s. 86].

Што тычыцца польскага нафтавага бізнэсу, то ён збіраўся і далей актыўна пранікаць у Літву. Так, кампанія «PKN Orlen» планавала пашырыць сферу дзейнасці. Неаднаразова (напрыканцы 2006 г. і ў лютым 2008 г.) у прэсе з’яўлялася інфармацыя пра зацікаўленасць «PKN Orlen» у куплі блакуючага пакета акцый літоўскага дзяржпрадпрыемства «Клайпедос Нафта», якое займаецца транспартыроўкай нафтрапрадуктаў, каб у далейшым пракласці трубаправод да тэрмінала ў Клайпедзе [3, с. 5]. Аднак ажыццявіцца гэтым планам двойчы не дазволіў урад Літоўскай Рэспублікі — уладальнік 70 % акцый кампаніі. «Клайпедос Нафта» паводле рашэння літоўскага сейму знаходзіцца ў спісе стратэгічна важных прадпрыемстваў Літвы, якія не падлягаюць прыватызацыі.

Пазней было заяўлена, што Літва не збіраецца прадаваць нафтатэрмінал, які, як адзначыў тагачасны міністр энэргетыкі А. Секмокас, мае стратэгічнае значэнне для нацыянальнай бяспекі краіны [2]. Гэтая інфармацыя прымусіла польскую карпарацыю задумацца пра продаж бізнэсу ў Літве. Так, напрыканцы 2009 г. гендырэктар «PKN Orlen» Д. Караўка адзначыў у інтэрв’ю «Financial Times», што адсутнасць кантролю над «Клайпедос Нафта» робіць немагчымым стратэгічнае развіццё бізнэсу «Orlen Lietuva» («Мажейкю нафта» атрымала новую назву ў 2009 г.) і прымушае задумацца пра продаж кампаніі [14].

Аднак, нягледзячы на дадзеныя выказванні, польскі бізнэс вырашыў захаваць кантроль над літоўскім заводам. Пры гэтым нафтаперапрацоўчы гігант шукаў новыя магчымасці для свайго стратэгічнага развіцця. Так, напрыканцы 2013 г. кіраўніцтва «Orlen Lietuva» заявіла пра гатоўнасць укласці 80 млн еўра ў будаўніцтва трубапровада з Мажэйкяя ў Клайпеду. Канцэрн ужо не патрабаваў кантролю над нафтавым тэрміналам і пагаджаўся на супрацоўніцтва з «Клайпедос Нафта» пры ўмове наяўнасці гарантый літоўскага ўраду [25].

Неабходна адзначыць, што кантроль польскага капітала над «Orlen Lietuva» істотна паглыбляе эканамічныя ўзаемадзеянні Польшчы і Літвы. Так, у лістападзе 2013 г. у літоўскіх СМІ з’явілася інфармацыя пра магчымы прыход у фінансавы сектар Літвы буйнога польскага дзяржаўнага банка «PKO Bank Polski». Пры гэтым адзначалася, што асноўнай прычынай зацікаўленасці банка ў Літве з’яўляецца абслугоўванне ім уладальніка «Orlen Lietuva», польскай карпарацыі «PKN Orlen». Паводле меркавання ўдзельнікаў літоўскага фінансавага рынку, з’яўленне буйнога замежнага ўдзельніка істотна павысіць канкурэнцыю на рынку і стане добрым стымулам для яго развіцця [1].

Варта адзначыць, што паводле дадзеных дзяржаўнай падатковай інспекцыі Літвы за 2013 г. «Orlen Lietuva» з’яўляецца найбуйнейшым падаткаплацельшчыкам краіны сярод юрыдычных асоб [16].

У 2010 г. прысутнасць польскага капіталу ў літоўскай нафтаперапрацоўчай галіне павялічылася пасля продажу кампаніяй «Hermis Capital» канкрольнага пакета буйнейшай нафтаздабываючай і нафтавыведчай групы ў Літве «Geonafta». Пакупніком стала другая па велічыні нафтаперапрацоўчая кампанія Польшчы «Lotos» [5].

Сярод іншых буйных польскіх інвестараў трэба адзначыць наступныя кампаніі: «Powszechny Zaklad Ubezpieczen», якая валодае 100 % акцый «PZU Lietuva» (страхаванне маёмасці, нерухомасці, транспарту); «WARTA», якая валодае 100 % акцый «Panevezio Stikles» (выпуск вырабаў са шкла); «Ceramika Opoczno», якая валодае 60 % акцый кампаніі «Dvarcioniu Keramika» (вытворчасць керамічнай пліткі); «Grupa Lotos», якая набыла буйнога дыстрыб’ютара маторных алеяў «UAB Lotos Baltija»; прыватны капітал, які валодае буйной вільнюскай кампаніяй «Tagatis» (вытворчасць харчовай прадукцыі) [42, s. 58—60].

У лістападзе 2013 г. Аддзел спрыяння гандлю і інвестыцыям польскага пасольства ў Літве ў другі раз правёў цырымонію ўзнагароджання прадпрыемстваў, якія «дасягнулі найбольшага поспеху ва ўсталяванні сяброўскіх эканамічных адносін паміж Польшчай і Літвой», распачатую ў 2012 г. [21].

Лепшым польска-літоўскім праектам была названа будаўнічая кампанія «Trakcja S.A.». Літоўскі холдынг «Vilniaus Prekyba», які валодае сеткай супермаркетаў «МАХІМА», перамог у намінацыі «Лепшыя літоўскія інвестыцыі ў Польшчу». А літоўская «дачка» буйнейшай нафтаперапрацоўчай кампаніі Польшчы «PKN Orlen» была прызнана лепшым польскім інвестыцыйным праектам у літоўскую эканоміку [21].

Пры гэтым некаторыя польскія эканамісты выказваюць меркаванне, што літоўскі бок не толькі не спрыяе развіццю таго ж «Orlen Lietuva», а наадварот робіць крокі, якія прыводзяць да зніжэння рэнтабельнасці прадпрыемства [36, p. 62].

Значна больш сціплымі з’яўляюцца ўкладанні літоўскіх бізнэсмэнаў у эканоміку Польшчы. Так, на канец 2012 г. агульны аб’ём літоўскіх інвестыцый склаў 237,5 млн еўра. Дзякуючы гэтаму паказчыку Польшча захавала чацвёртае месца сярод рэцыпіентаў літоўскіх інвестыцый, атрымаўшы долю ў 8,6 % [13]. Таксама з 2010 г. назіралася негатыўная дынаміка літоўскіх укладанняў у польскую эканоміку, калі аб’ём інвестыцый складаў 300,4 млн еўра, а колькасць інвестараў скарацілася са 172 да 156 [29].

Прычыны дысбалансу ва ўзаемным інвеставанні падобныя да прычын, адзначаных тэндэнцый у гандлёвым абароце, асноўнай з якіх з’яўляецца адрозненне ў магчымасцях польскай і літоўскай эканомік. Разам з тым літоўскі бок звяртае ўвагу на агульную прывабнасць Літвы для замежных капіталаўкладанняў [17]. Так, паводле індэксу прыбытковасці (BPI), які разлічваецца выданнем «Foreign Policy», па прывабнасці для замежных інвестыцый Літва апынулася на 2-м месцы сярод еўрапейскіх краін і на 16-м месцы сярод краін свету [34].

Таксама неабходна адзначыць важнасць палітычнага фактару ў забеспячэнні польскіх інвестыцый у эканоміку Літвы. Улічваючы скіраванасць асноўных фінансавых укладанняў на стратэгічную для Вільнюса сферу нафтаздабычы і нафтаперапрацоўкі, урад выступае ў ролі рэгулятара, які прымае рашэнне пра дапушчальнасць такіх інвестыцый, а таксама часам дае гарантыі, што служаць для запэўнівання польскага бізнэсу, пры гэтым не аддаючы ў яго рукі кантроль над усёй галіной.

Энергетычныя праекты. Вельмі важнай для Еўрапейскага саюза з’яўляецца тэма энергетычнай бяспекі. Палітыкі і Варшавы, і Вільнюса надаюць дадзенаму пытанню значную ролю. Пры гэтым шэраг праектаў, скіраваных на павышэнне энергетычнай бяспекі Польшчы і Літвы, грунтуюцца на ўзаемным партнёрстве.

Ключавым пытаннем энергетычнага супрацоўніцтва за азначаны перыяд стала абмеркаванне будаўніцтва новай літоўскай АЭС. У сувязі з закрыццём Ігналінскай АЭС у 2009 г. у Літве з’явіліся планы будаўніцтва новай АЭС у тым жа рэгіёне. Праектаваная магутнасць новай АЭС — 3200 МВт [10]. Да свайго закрыцця Ігналінская АЭС пастаўляла 80 % электраэнергіі краіны, таму пытанне будаўніцтва замены стала ключавым для літоўскай энергетыкі: у адваротным выпадку краіна вымушана цалкам залежаць ад імпарту энергіі з Расіі. Яшчэ ў другой палове 2006 г., у святле неабходнасці стварэння адзінага еўрапейскага абшару на аснове ўзаемнага супрацоўніцтва паміж краінамі, літоўскі бок звярнуўся да Польшчы з прапановай удзельнічаць у праекце. У адказ на гэта прэзідэнт Л. Качыньскі падчас свайго візіту ў Вільнюс у лістападзе 2006 г. заявіў, што Польшча як інвестар і саўладальнік акцый прыме ўдзел у будаўніцтве АЭС [12]. На той момант акрамя Літвы і Польшчы ў будаўніцтве АЭС (міжнародны праект «Ігналіна-2») былі задзейнічаны таксама Латвія і Эстонія. У сярэдзіне снежня 2006 г. быў падпісаны чатырохбаковы трактат аб узаемным супрацоўніцтве [38]. Польскі бок планаваў ускласці працу на гіганта галіны — кампанію «PSE» [10].

Улетку 2007 г. праходзілі літоўска-польскія перамовы аб сумесным удзеле ў будаўніцтве на ўзроўні кіраўнікоў урадаў і міністраў эканомікі. Ужо тады называлася прыкладная дата запуску новай АЭС — 2015 г. Аднак у ліпені 2007 г. міністр эканомікі П. Вужняк заявіў аб адмове Польшчы падпісваць дамову ў тым выглядзе, у якім яе прапаноўвала Літва. Ён запатрабаваў павялічыць долю Польшчы ў праекце, забяспечыўшы кожнаму з бакоў роўныя часткі (такім чынам, выступіўшы супраць вызначанай дамовай схемы: 34 % у Літвы і па 22 % у астатніх краін-удзельніц) [33]. Літва ж спаслалася на ўмову МАГАТЭ аб тым, што будаўніцтва будзе магчымым толькі ў выпадку, калі адной з краін будзе належаць найбольшая частка акцый [9]. Падпісанне дамовы было адкладзена. Аддзяленне «Greenpeace» у Польшчы выступіла наогул супраць ўдзелу краіны ў справе пабудовы атамнай электрастанцыі [41]. Аднак удзел польскіх тэхнічных прадстаўнікоў у сумеснай працы камісій чатырох краін працягнуўся.

Па падліках агульнай тэхнічнай камісіі чатырох краін-удзельніц, для пабудовы двух энергетычных блокаў АЭС магутнасцю 3200 МВт неабходныя капіталаўкладанні ў памеры каля 5 млрд еўра [30]. У кастрычніку 2007 г. літоўскі прэм’ер-міністр Г. Кіркілас заявіў, што гатовы падпісаць дамову з Польшчай на такіх умовах, але толькі пасля таго, як атрымае дазвол на будаўніцтва АЭС запланаванай магутнасці ад міжнародных органаў па ахове асяроддзя [9]. Такая згода была атрымана, пра што Г. Кіркілас паведаміў у лютым 2008 г. на сустрэчы прэм’ер-міністраў абедзвюх краін [32].

Далей праца вялася пераважна над вырашэннем тэхнічных момантаў, такіх як выбар тэхналогіі рэактара, а таксама пошук пастаўшчыкоў абсталявання і стратэгічных інвестараў. Трэба адзначыць, што актыўнасць у названых напрамках неаднаразова сутыкалася з рознымі складанасцямі. У прыватнасці, аналітыкі выказвалі сумненні адносна эканамічнай мэтазгоднасці праекта [6]; пасля аварыі на АЭС «Фукусіма-1» абвастрылася крытыка збоку эколагаў і пагоршылася ўспрыманне ідэі АЭС літоўскай грамадскасцю [8]; а міжнародны конкурс інвестараў для будаўніцтва Вісагінскай АЭС праваліўся з-за адсутнасці прапаноў ад стратэгічных інвестараў [31].

Акрамя таго, абвастрылася сітуацыя з магчымым удзелам Польшчы ў ажыццяўленні праекта АЭС. На пачатку 2009 г. польскі бок агучыў планы па будаўніцтве ўласнай АЭС [39, s. 17—18]. Пасля гэтага Варшава некалькі разоў выказвала сумненні адносна мэтазгоднасці свайго ўдзелу ў будаўніцтве Вісагінскай АЭС. 9 снежня 2011 г. прэс-служба польскай нацыянальнай энергакампаніі PSE канчаткова заявіла аб адмове ад удзелу ў праекце літоўскай АЭС. Сярод прычын такога рашэння былі названы непрымальныя ўмовы ўдзелу ў будаўніцтве, іншыя прыярытэтныя праекты кампаніі, магчымыя закупкі электраэнергіі ў Калінінградскай вобласці Расійскай Федэрацыі, а таксама планы па будаўніцтве польскай АЭС [7; 28].

Зрэшты значэнне гэтага рашэння было нівелявана адмовай Літвы ад ідэі будаўніцтва АЭС у выніку яе правалу на рэферэндуме ў кастрыніку 2012 г. Пры гэтым варта ўдакладніць, што з сярэдзіны 2013 г. літоўскі ўрад зноў пачаў размовы пра магчымасць аднаўлення працы над Вісагінскай АЭС [4].

Наступным важным элементам энергетычнай бяспекі і прынцыповым пытаннем польска-літоўскіх адносін з’яўляецца неабходнасць злучэння энергетычных сістэм Польшчы і Літвы [44, s. 38].

У энергетычным плане Літва дагэтуль з’яўляецца своеасаблівым «востравам» у Еўрасаюзе, а «мастом», які павінен звязаць яе з Заходняй Еўропай, з’яўляецца менавіта Польшча [39, s. 26]. Аднак польскі бок не быў зацікаўлены ў будаўніцтве энергамаста. Скептычнае стаўленне польскіх уладаў да гэтага праекта тлумачыцца бояззю, што праз Літву пачне паступаць таннейшая электраэнергія, якая прыходзіць з Расіі, што негатыўна адаб’ецца на ўсёй электраэнергетычнай галіне Польшчы і пагоршыць яе пазіцыі на еўрапейскім рынку (на сённяшні дзень Польшча з’яўляецца найбуйнейшым пасля Францыі экспарцёрам электраэнергіі ў Еўропе).

Брюсэль паслядоўна аказваў дыпламатычны ціск на Польшчу, падкрэсліваючы агульнаеўрапейскае значэнне праекта. У значнай ступені менавіта ціск збоку ЕС прымусіў Варшаву рабіць крокі па ажыццяўленні праекта. У сакавіку 2006 г. на сустрэчы з прэзідэнтам Літвы В. Адамкусам прэзідэнт Польшчы Л. Качыньскі прапанаваў Літве далучыцца да распрацаванага польскім урадам «Пакта аб энергетычнай бяспецы» [29]. Гэта стала падставай для таго, каб вярнуцца да абмеркавання пытання аб будаўніцтве «маста», якой прэзідэнт Літвы не прамінуў скарыстацца. Дамоўленасць аб падпісанні доўгачаканай дамовы аб энергетычным масце паміж дзвюма краінамі была дасягнута ў верасні 2006 г., аднак аніякіх пэўных крокаў у гэтым напрамку не прадпрымалася. Становішча ўскладнялася тым, што, пачынаючы з ліпеня 2007 г., афіцыйныя прадстаўнікі Польшчы сталі звяртаць увагу на залежнасць падпісання дамовы ад саступак Літвы ў пытанні аб долі Польшчы ў праекце Вісагінскай АЭС [33].

Аднак перамоўны працэс цалкам не быў спынены, хоць і ішоў вельмі няпроста. Праблему абмяркоўвалі кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў у тэлефонных размовах і на асабістых сустрэчах, а таксама непасрэдна кампаніі PGE і «Lietuvos Energija» (дамова аб супрацоўніцтве паміж гэтымі кампаніямі была падпісана яшчэ ў снежні 2006 г.). Перамовы канчаткова завяршыліся ў пачатку 2008 г. 11 лютага 2008 г. было вызначана стварэнне двухбаковага органа па тэхнічнай распрацоўцы маста, які павінен быў злучыць камунікацыі літоўскага г. Алітус і польскага г. Элк. Ён павінен ўяўляць сабой двухбаковую лінію электрасетак магутнасцю 400 кВт і трансфарматарную станцыю магутнасцю 1000 МВт на тэрыторыі Літвы [39]. 12 верасня 2011 г. «PSE Operator» падпісала дамову з польскай будаўнічай кампаніяй «PBE ELBUD Group» аб будаўніцтве электралініі па азначаным маршруце. Згодна з планамі бакоў праект павінен быць рэалізаваны да 2015 г. [37].

Магчымае збліжэнне энергетычных сістэм Польшчы і Літвы выявілася яшчэ ў адным напрамку. Па ініцыятыве літоўскага боку ў 2007 г. пачалося абмеркаванне сумеснага польска-літоўскага праекта па аб’яднанні сістэм газаправодаў краін. Згодна з папярэднімі адзнакамі экспертаў, будучы праект павінен стаць паспяховым не столькі ў камерцыйным плане, колькі ў сферы бяспекі. Далучэнне Польшчы да літоўскай газаправоднай сістэмы павялічыла б экспартныя магчымасці краіны, але толькі ў тым выпадку, калі б атрымалася ажыццявіць праект новага газавага тэрмінала ў Свіноўйсце (у студзені 2008 г. тэндэр на пабудову тэрмінала выйграла канадская фірма «SNC Lavalin Services»), а таксама далучыцца да праекту «Skanled» (у чэрвені 2006 г. Польшча падпісала дамову аб удзеле ў пабудове трубаправода «Skanled» для прапампоўкі прыроднага газу з Нарвегіі) [15, p. 8]. Паведамлялася, што абмеркаванне пытання аб аб’яднанні сістэм газаправодаў Польшчы і Літвы было запланавана на сустрэчы прэм’ер-міністраў абедзвюх краін у чэрвені 2007 г. Пазней рэалізацыя праекта была адкладзена на нявызначаны тэрмін па прычыне адсутнасці фінансавання [10]. З нешматлікіх дасягненняў у дадзеным напрамку ў апошнія гады можна адзначыць шэраг тэхнічных крокаў, асноўны з якіх — падпісанне ў 2012 г. Пагаднення аб правядзенні тэхніка-эканамічнага абгрунтавання газавага злучэння Польшча—Літва [11].

Заключэнне. Неабходна адзначыць у цэлым даволі высокую інтэнсіўнасць польска-літоўскіх эканамічных адносін у 2004—2013 гг. Аднак пры гэтым варта звярнуць увагу на няроўную дынаміку іх развіцця па пяцігоддзях. Перыяд 2004—2008 гг. характарызуецца істотнымі дасягненнямі ў сферы двухбаковага гандлю і ўзаемнага інвеставання. У 2009—2013 гг. дадзеная тэндэнцыя запавольваецца пад уплывам як знешніх, так і ўнутраных фактараў.

Польска-літоўскія эканамічныя адносіны характарызуе пэўны дысбаланс. Так, калі для Літвы Польшча з’яўляецца ключавым партнёрам, на якога прыходзіцца больш за 7 % экспарту і больш за 9 % імпарту, то значэнне літоўскай эканомікі для польскага боку фактычна з’яўляецца неістотнай. На долю Літвы прыходзіцца 1 % польскага імпарту і 2,1 % экспарту.

Падобная сітуацыя назіраецца таксама і ў сферы інвеставання. Асноўныя інвестыцыйныя патокі скіраваны з Польшчы ў Літву, што абумоўліваецца большымі магчымасцямі польскай эканомікі, а таксама большай актыўнасцю польскага бізнэсу. Пры гэтым інвестыцыі ажыццяўляюцца пераважна ў стратэгічныя галіны, такія як энергетыка або нафтаперапрацоўка. Па гэтай прычыне польскія інвестыцыі адыгрываюць стабілізуючую функцыю ў літоўскай эканоміцы, асабліва ў крызісныя часы, калі сродкі, укладзеныя ў фінансавы сектар, тэрмінова выводзяцца, тым самым аслабляючы эканоміку.

Разам з тым, вельмі значным з’ўляецца польска-літоўскае супрацоўніцтва ў энергетычнай галіне. Сярод магістральных праектаў — будаўніцтва энергетычнага «маста» паміж краінамі, а таксама злучэнне газавых трубапровадаў. У той жа час важна адзначыць, што супрацоўніцтва ў энергетычнай галіне з’яўляецца больш прынцыповым для Літоўскай Рэспублікі, для якой яно ўяўляе сабой ключавое пытанне бяспекі. Для Польшчы ж гэтыя праекты носяць другасны характар, што і выклікае шэраг цяжкасцяў. Менавіта ў такім ключы можна разглядаць прапанову некаторых польскіх палітыкаў увязаць энергетычнае супрацоўніцтва з вырашэннем пытанняў польскай меншасці ў Літве.

Пры гэтым праекты энергетычнага характару маюць агульнаеўрапейскую значнасць, чым тлумачыцца высокая ступень зацікаўленнасці Брюсэля ў наладжванні супрацоўніцтва паміж Польшчай і Літвой.

Такім чынам, можна адзначыць адносную незалежнасць развіцця эканамічных узаемадзеянняў ад стану палітычных адносін. Хаця другі перыяд — 2009—2013 гг. — характэрызуецца запавольваннем дынамікі эканамічных адносін, што супадае з этапам палітычных ускладненняў паміж Варшавай і Вільнюсам, можна сцвярджаць, што ў асноўным гэта стала вынікам міжнародных эканамічных працэсаў і сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу 2008—2009 гг.

Разам з тым, уплыў палітычных фактараў не з’яўляецца аднолькавым у розных сферах. Так, гандлёвыя адносіны найменш залежаць ад палітычных фактараў і ў першую чаргу адчуваюць уплыў сусветных эканамічных тэндэнцый. У сферы ж інвеставання палітычныя адносіны і непасрэднае ўмяшальніцтва ўрадаў краін з’яўляюцца вельмі важным фактарам пры прыняцці рашэнняў інвестарамі. А пры складанні і ажыццяўленні стратэгічных планаў па супрацоўніцтву ў энергетычных праектах Варшавы і Вільнюса палітычны аспект звычайна адыгрывае ключавую ролю.

Літаратура

1. В Литву может прийти крупный польский банк [Электронный ресурс] // DELFI. — Режим доступа: <http://ru.delfi.lt/news/economy/v-litvu-mozhet-prijti-krupnyj-polskij-bank.d?id=63338574>. — Дата доступа: 14.01.2014.
2. Литовский нефтекомплекс Orlen Lietuva в прошлом году потерпел убытков на 34,4 млн дол. США [Электронный ресурс] // Знамя юности. — Режим доступа: <http://zn.by/litovskii-neftekompleks-orlen-lietuva-v-proshlom-godu-poterpel-ubytkov-na-344-mln.html>. — Дата доступа: 14.01.2014.
3. Маутис, В. «Клайпедос нафту» не продадут / В. Маутис // Клайпеда. — 2006. — Декабрь. — C. 5—6.
4. Неверович обсудил с главой МАГАТЭ проекты Литвы [Электронный ресурс] // DELFI. — Режим доступа: <http://ru.delfi.lt/news/politics/neverovich-obsudil-s-glavoj-magate-proekty-litvy.d?id=61753739>. — Дата доступа: 14.01.2014.
5. Новый глава Игналинской АЭС — Янулявичюс из Hermis Capital [Электронный ресурс] // DELFI. — Режим доступа: <http://ru.delfi.lt/news/economy/novyj-glava-ignalinskoj-aes-yanulyavichyus-iz-hermis-capital.d?id=60821001#ixzz2whNavvrc>. — Дата доступа: 14.01.2014.
6. Официально представлен проект ВАЭС [Электронный ресурс] // Литовский курьеръ online. — Режим доступа: <http://old.kurier.lt/?r=12&a=7158>. — Дата доступа: 14.01.2014.
7. Польша отказалась от участия в строительстве новой АЭС в Литве [Электронный ресурс] // Информационное агентство «Интерфакс-запад». — Режим доступа: <http://www.interfax.by/news/belarus/1103142>. — Дата доступа: 14.01.2014.
8. Польша отказывается участвовать в проекте новой АЭС в Литве, экологи требуют остановки опасного проекта [Электронный ресурс] // Bellona. — Режим доступа: <http://www.bellona.ru/articles_ru/articles_2011/Poland-out-Visaginas>. — Дата доступа: 14.01.2014.
9. Премьер Литвы считает возможным построить новую АЭС до 2015 [Электронный ресурс] // BELLONA. — Режим доступа: <http://www.bellona.ru/news/news_2007/ignalina2015>. — Дата доступа: 14.01.2014.
10. Торгово-экономическое наступление и энергетический заслон: Польша в Литве [Электронный ресурс] // Информационное агентство «REGNUM». — Режим доступа: <http://www.regnum.ru/news/987076.html>. — Дата доступа: 25.05.2011.
11. Agreement on Feasibility study of the gas interconnection Poland-Lithuania (GIPL) is signed [Electronic resource] // Gas Transmission Operator GAZ-SYSTEM S.A. — Mode of access: <http://en.gaz-system.pl/centrum-prasowe/aktualnosci/informacja/artykul/201520/>. — Date of access: 14.01.2014.
12. A presidential meeting in Vilnius [Electronic resource] // Official page of The President of The Republic of Poland. — Mode of access: <http://www.president.pl/en/archive/news-archive/news-2006/art,145,a-presidential-meeting-in-vilnius.html>. — Date of access: 10.04.2014.
13. Bezpośrednie Inwestycje Zagraniczne w III kwartale 2012 r. — Litwa [Electronic resource] // Wydział Promocji Handlu i Inwestycji Ambasady Rzeczypospolitej Polskiej w Wilnie. — Mode of access: <http://vilnius.trade.gov.pl/pl/analizy_rynkowe/article/detail,507,LITWA_Bezposrednie_Inwestycje_Zagraniczne_w_III_kwartale_2012_r.html>. — Date of access: 14.01.2014.
14. Cienski, J. PKN Orlen presses on oil terminal / J. Cienski [Electronic resource] // Financial Times. — Mode of access: <http://www.ft.com/cms/s/0/9a9bd582-c6e8-11de-bb6f-00144feab49a.html>. — Date of access: 14.01.2014.
15. Construction of LNG Regasifi cation Terminal and External Port in Świnoujście [Electronic resource] // Gas Transmission Operator GAZ-SYSTEM S.A. — Mode of access: <http://en.gaz-system.pl/fileadmin/pics_en/Terminal_LNG/LNG_terminal_brochure.pdf>. — Date of access: 10.04.2014.
16. Daugiausiai į VMI sąskaitą sumokantys mokesčių mokėtojai [Electronic resource] // Lietuvos Respublikos finansų ministerijos. — Mode of access: <http://www.vmi.lt/cms/daugiausiai-i-vmi-saskaita-sumokantys-mokesciu-moketojai>. — Date of access: 14.01.2014.
17. Economy of the Republic of Lithuania [Electronic resource] // Office of the President of the Republic of Lithuania. — Mode of access: <http://www.president.lt/en/lithuania/economics.html>. — Date of access: 14.01.2014.
18. Exports, Imports in 2011 Statistics of the Republic of Lithuania [Electronic resource] // Official Statistics Department of Lithuania. — Mode of access: <http://osp.stat.gov.lt/documents/10180/1408381/Exports_imports_country_2011.pdf/bd6eacc6-014f-464d-8fa0-bced423860c2>. — Date of access: 20.01.2014.
19. Exports, imports in 2012 by country [Electronic resource] // Official Statistics Department of Lithuania. — Mode of access: <http://osp.stat.gov.lt/documents/10180/606987/Imp_exp_2012_01_12en.pdf/afd8cbcb-4e91-49e3-8bc0-2b4b376c82dd>. — Date of access: 15.01.2014.
20. Exports, Imports Statistics of the Republic of Lithuania 2004—2008 [Electronic resource] // Official Statistics Department of Lithuania. — Mode of access: <http://www.stat.gov.lt/en/pages/view/?id=1459>. — Date of access: 22.02.2013.
21. Firms Awarded in Vilnius for Contributing to Polish-Lithuanian Cooperation [Electronic resource] // Ministry of Foreign Affairs of Poland. — Mode of access: <http://www.mfa.gov.pl/en/news/firms_awarded_in_vilnius_for_contributing_to_polish_lithuanian_cooperation>. — Date of access: 25.01.2014.
22. Foreign trade in 2009, Exports, imports by country [Electronic resource] // Official Statistics Department of Lithuania. — Mode of access: <http://www.stat.gov.lt/en/pages/view/?id=2644>. — Date of access: 25.05.2014.
23. Informacja na temat współpracy gospodarczej państw regionu Morza Bałtyckiego [Electronic resource] // Departament Analiz i Prognoz Ministerstwa Gospodarki. — Mode of access: <http://www.mg.gov.pl/NR/rdonlyres/2556BC8A-2D6D-473D-AFF6-7E1A6ABE7798/48318/PRMB.pdf>. — Date of access: 03.03.2014.
24. Katkus, V. Lithuanian-Polish Economic Relations: Main Characteristics / V. Katkus // Lithuanian Foreign Policy Review. — 2001. — N 7. — P. 32—39.
25. Klaipedos nafta и Orlen Lietuva могут подписать меморандум о продуктопроводе [Electronic resource] // DELFI. — Mode of access: <http://ru.delfi.lt/news/economy/klaipedos-nafta-i-orlen-lietuva-mogut-podpisat-memorandum-o-produktoprovode.d?id=63153392>. — Date of access: 14.01.2014.
26. Krizys finansowy a handal zarganiczny / J. Świnarski [i inny]; Biuro Analiz Sejmowych. — Warsawa: Wydawnictwo Sejmowe, 2010. — 93 s.
27. Lech Kaczyński rozwieje obawy Litwinów [Electronic resource] // Rzeczpospolita. — Mode of access: <http://archiwum.rp.pl/artykul/604496-Lech-Kaczynski-rozwieje-obawy-Litwinow.html>. — Date of access: 10.04.2014.
28. Lenkijos sprendimas gali atitolinti elektros jungtį su Europa [Electronic resource] // DELFI. — Mode of access: <http://www.delfi.lt/verslas/energetika/lenkijos-sprendimas-gali-atitolinti-elektros-jungti-su-europa.d?id=52892135>. — Date of access: 14.04.2014.
29. Lithuanian direct investment abroad at the end of the years 2010-2012 by country [Electronic resource] // Statistics Lithuania. — Mode of access: <http://db1.stat.gov.lt/statbank/selectvarval/saveselections.asp?MainTable=M2030401&PLanguage=1&TableStyle=&Buttons=&PXSId=18785&IQY=&TC=&ST=ST&rvar0=&rvar1=&rvar2=&rvar3=&rvar4=&rvar5=&rvar6=&rvar7=&rvar8=&rvar9=&rvar10=&rvar11=&rvar12=&rvar13=&rvar14=>. — Date of access: 14.01.2014.
30. Lithuania picks Hitachi GE for nuclear plant plan [Electronic resource] // REUTERS. — Mode of access: <http://www.reuters.com/article/2011/07/14/lithuania-nuclear-idUSLDE76D10920110714>. — Date of access: 10.04.2014.
31. Lukaitytė, R. Lietuva be naujos AE — koks planas «B»? / R. Lukaitytė [Electronic resource] // DELFI. — Mode of access: <http://www.delfi.lt/verslas/energetika/lietuva-be-naujos-ae-koks-planas-b.d?id=39969927>. — Date of access: 10.04.2014.
32. Mickiewicz, R. Więcej energii z atomu / R. Mickiewicz [Electronic resource] // Rzeczpospolita. — Mode of access: <http://archiwum.rp.pl/artykul/737419-Wiecej-energii-z-atomu.html>. — Date of access: 10.04.2014.
33. Nuclear power share-out not delaying grid deal: Lithuania, Poland [Electronic resource] // SpaceDaily. — Mode of access: <http://www.spacedaily.com/reports/Nuclear_power_share-out_not_delaying_grid_deal_Lithuania_Poland_999.html>. — Date of access: 14.01.2014.
34. New investment index sends confusing message [Electronic resource] // Investvine. — Mode of access: <http://investvine.com/new-global-investment-index-sends-confusing-message/>. — Date of access: 14.01.2014.
35. Ocena sytuacji w handlu zagranicznym w 2013 roku [Electronic resource] // Departament Stratehii i Analiz Ministerstwa Gospodarki. — Mode of access: <http://www.mg.gov.pl/files/upload/8437/Ocena %20HZ %20za %202013.pdf>. — Date of access: 05.03.2014.
36. Partycki, S. Strategic Foundations of The Polish-Lithuanian Economic Integration in the Context of Real Actions / S. Partycki, A. Mozyro // The materials of the International Scientific Conference «Social Sciences for Regional Development 2012: Impact of the finacial capital on the region’s economic competitiveness» (8th—11th November, 2012) / Daugavpils University; ed. by V. Mensikovs. — Daugavpils: Akademiskais Apgads «Saule», 2013. — P. 56—64.
37. Poland picks contractor to build power link with Lithuania [Electronic resource] // Polish News Bulletin. — Mode of access: <http://www.pnb.pl/clientarea/cee-businessline/239387-lithuania_poland_picks_contractor_to.html/>. — Date of access: 14.01.2014.
38. Poland to join new Ignalina project «as soon as possible« [Electronic resource] // Bellona. — Mode of access: <http://bellona.org/news/nuclear-issues/nuclear-issues-in-ex-soviet-republics/2007-02-poland-to-join-new-ignalina-project-as-soon-as-possible>. — Date of access: 10.04.2014.
39. Polityka Energetyczna Polski do 2030 roku przyjęta przez Radę Ministrów w dniu 10 listopada 2009 roku [Electronic resource] // Ministerstwo Gospodarki. — Mode of access: http://www.mg.gov.pl/files/upload/8134/Polityka%20energetyczna%20ost.pdf>— Date of access: 14.01.2014.
40. Projekto darbai [Electronic resource] // LitPol Link Sp. — Mode of access: <http://www.litpol-link.com/lt/projektas/projekto-darbai/>. — Date of access: 10.04.2014.
41. Przełożona inwestycja w atom [Electronic resource] // Rzeczpospolita. — Mode of access: <http://archiwum.rp.pl/artykul/658847-Przelozona-inwestycja-w-atom.html>. — Date of access: 14.04.2014.
42. Puchalski, J. Zarys organizacji i działalności Biur Radców Handlowych, Wydziałów Ekonomiczno — Handlowych, Wydziału Promocji Handlu i Inwestycji Ambasady RP na Litwie w latach 1993—2006 / J. Puchalski [Electronic resource] // Wydział Promocji Handlu i Inwestycji Ambasady RP na Litwie. — Mode of access: <http://vilnius.trade.gov.pl/lt/download/file/f,13>. — Date of access: 02.07.2013.
43. Raport o stanie handlu zagranicznego w 2004 r. [Electronic resource] // Ministerstwo Gospodarki. — Mode of access: <http://www.mg.gov.pl/NR/rdonlyres/BE7F17AE-EE68-4306-9B26-B948DFE300A4/11925/Raphz_2005.pdf>. — Date of access: 25.05.2011.
44. [R]ewolucja energetyczna dla Polski: scenariusz zaopatrzenia polski w czyste nośniki energii w perspektywie długookresowej / G. Wiśniewski [i inny]; pod red. G. Wiśniewskiego // Raport Fundacji Greenpeace Polska. — Warsawa: Greenpeace Polska, 2013. — 52 s.
45. Rocznik Statystyczny Handlu Zagranicznego 2013 r. [Electronic resource] // Główny Urząd Statystyczny. — Mode of access: <http://osp.stat.gov.lt/documents/10180/1408381/Exports_imports_country_2011.pdf/bd6eacc6-014f-464d-8fa0-bced423860c2>. — Date of access: 14.01.2014.


Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter

Сообщество

  • (029) 3222740
  • Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
© 2019 Международное общественное объединение «Развитие». All Rights Reserved.