Белорусский журнал международного права и международных отношений 2001 — № 3
международные отношения
ПРАБЛЕМА РЭПАТРЫЯЦЫІ БЕЖАНЦАЎ І АДКРЫЦЦЁ ПОЛЬСКАГА КОНСУЛЬСТВА Ў МІНСКУ (1921—1924 гг.)
Цынкевіч Валерый Міхайлавіч — другі сакратар Консульскага упраўлення Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь
Паводле прэлімінарнага дагавора ад 12 кастрычніка 1920 г. Расія і Украіна, з аднаго боку, і Польшча, з другога, "у адпаведнасці з прынцыпам самавызначэння народаў" прызналі незалежнасць Беларусі і Украіны. Гэтае палажэнне было замацавана артыкулам І мірнага дагавора з Польшчай ад 18 сакавіка 1921 г., які падпісалі ўпаўнаважаныя ўрада УССР і ўрада РСФСР "за сябе і паводле паўнамоцтва Урада БССР". Паколькі прызнаваць уласную незалежнасць Беларусі і Украіне было недарэчным, зразумела, што гэта перш за ўсё тычылася Польшчы і РСФСР.
Ужо пры абмене ратыфікацыйнымі граматамі ў Мінску 3 мая 1921 г. адбыліся перамовы аб узаемным адкрыцці дыпламатычных прадстаўніцтваў, прычым польскі бок прапанаваў адкрыць проста дыпламатычныя прадстаўніцтвы, а расійскі — паўнацэнныя пасольствы. 31 мая 1921 г. Рада Міністраў Польшчы зацвердзіла пастанову аб арганізацыі пасольстваў 1-га класа ў Маскве і Харкаве, і ў пачатку жніўня адбыўся абмен дыпламатычнымі прадстаўнікамі1. У лістападзе 1921 г. кіраўнік польскага дыппрадстаўніцтва прыбыў у Харкаў, а кіраўнік украінскага — у Варшаву2.
Польскі бок амаль адразу пачаў захады аб адкрыцці дыпламатычнага прадстаўніцтва ў БССР3. 13 жніўня 1921 г. паўнамоцны прадстаўнік урада БССР пры ўрадзе РСФСР (далей — паўпрэд) М. Мароз правёў сустрэчу з паўнамоцным міністрам Польшчы, акрэдытаваным пры ўрадзе РСФСР, Т. Філіповічам па просьбе апошняга, у ходзе якой Т. Філіповіч заверыў аб імкненні Польшчы жыць у міры з БССР і прапанаваў як мага хутчэй абмяняцца дыпламатычнымі прадстаўнікамі. М. Мароз пагадзіўся з прапановай і ў сваю чаргу падкрэсліў імкненне да міру беларускага ўрада. Далей былі абмеркаваны адносіны Польшчы да беларускага руху і перспектывы яго развіцця ў Заходняй Беларусі, прычым Т. Філіповіч, разумеючы антыпольскую накіраванасць пытанняў, пераконваў, што ніякага ўціску беларусаў у Заходняй Беларусі няма, і гэта проста дэзынфармацыя непрыхільнай да Польшчы прэсы, а пасля выбараў у новы Сойм, куды безумоўна ўвойдзе даволі шмат прадстаўнікоў меншасцяў, беларускае пытанне будзе вырашана. Пасля кароткай інфармацыі аб рыхтуемай канферэнцыі Прыбалтыйскіх дзяржаў, у якой брала ўдзел Польшча, размова скончылася4.
Аб сустрэчы М. Мароз неадкладна паведаміў у НКЗС БССР з запытам, ці трэба рабіць зваротны візіт, а таксама ў НКЗС РСФСР члену калегіі НКЗС В. Мянжынскаму. І тут выявілася памылка беларускага паўпрэда: даваць згоду на абмен дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі без узгаднення з расійскім урадам было заўчасным. Мянжынскі распарадзіўся перадаць у НКЗС БССР, што Беларусь павінна ўстрымацца на пэўны час ад пасылкі дыпламатычнага прадстаўніка ў Варшаву, бо Польшча імкнецца выслаць як мага больш сваіх прадстаўнікоў у савецкія рэспублікі, а гэта непажадана5. Мінск 29 жніўня 1921 г. у сваім адказе М. Марозу вызначыў, каб той па такіх пільных справах, як візіт прадстаўніка Польшчы, адразу зносіўся з НКЗС БССР і не рабіў ніводнага кроку без яго ўказанняў6.
Мінскія ўлады аказаліся больш асцярожнымі. 28 жніўня 1921 г. намеснік начальніка аддзела ўсходніх ускраін МЗС Польшчы Шмулінскі, які прыбыў ў Мінск па пагранічных справах (верагодна, прыняць удзел у працы змешанай пагранічнай камісіі) нечакана папрасіў сустрэчы са старшынёй СНК БССР А. Чарвяковым. Супрацоўнік польскага МЗС адразу выказаўся за абмен дыпламатычнымі прадстаўнікамі, прывёўшы як прыклад Украіну. Ён адзначыў, што ведае аб магчымасці даверу Беларуссю весці свае справы ў Польшчы Л. Карахану (паўпрэд РСФСР у гэтай краіне), але гэта не перашкаджае Варшаве прызначыць свайго прадстаўніка ў Мінск, прычым яна згодна адкрыць нават не пасольства, а генеральнае консульства. Шмулінскі, падкрэсліўшы неафіцыйны характар гутаркі, адзначыў аднак, што адносна дыппрадстаўніцтваў выказвае афіцыйны погляд свайго ўрада. А. Чарвякоў ухіліўся ад прамога адказу, заявіўшы, што згаданае пытанне ўрадам Беларусі яшчэ не вырашана. Польскі прадстаўнік у ходзе сустрэчы закрануў таксама тэму бандытызму (запэўніўшы, што Польшча не мае да яго ніякага дачынення), дапамогі галадаючым у Расіі і шэраг дробных пытанняў.
Відаць, гэта нечаканая сустрэча і вестка аб тым, што Л. Карахан у Варшаве ўжо паведаміў палякам аб гатоўнасці "па-сумяшчальніцтву" прадстаўляць інтарэсы БССР у Польшчы, былі з непрыемнасцю ўспрынятыя ў Мінску. У сваім лісце намесніку НКЗС РСФСР М. Літвінаву намеснік НКЗС БССР А. Бурбіс настойліва прасіў, каб Л. Карахан інфармаваў НКЗС БССР аб усіх прадстаўніках польскага ўрада, што едуць у Мінск, а таксама аб сваіх размовах адносна БССР з палякамі7.
З вышэйпададзенага напрошваюцца наступныя высновы: хоць улады БССР і не былі супраць абмену дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі з Польшчай, маскоўскі "цэнтр" (не афіцыйны, бо БССР намінальна лічылася незалежнай савецкай рэспублікай) вырашыў інакш. У выніку, каб пазбегнуць канфрантацыі з Масквой, БССР, замест адкрыцця свайго прадстаўніцтва ў Варшаве, даверыла прадстаўляць там свае інтарэсы паўпрэду РСФСР. Магчыма, прычынай гэтага з’явіліся боязь расійскага ўрада, што палякі будуць садзейнічаць беларускаму сепаратызму, а таксама пытанні бяспекі: Мінск быў памежным горадам і даволі значным транспартным і прамысловым цэнтрам.
Нягледзячы на тое, што дыпламатычнага прадстаўніцтва Польшчы ў 1921 г. у Мінску не з’явілася, там працавалі створаныя для выканання мірных дамоўленасцяў камісіі: да афіцыйнага роспуску 2 мая 1921 г. польска-расійска-украінская военна-пагадняльная камісія, а з сярэдзіны 1921 г. — змешаная пагранічная камісія. Паводле падпісанага 1 чэрвеня 1921 г. пратакола, у Мінску таксама працавала адна з пяці пагадняльных камісій па ліквідацыі пагранічных інцыдэнтаў. 24 студзеня 1922 г. у Варшаве быў падпісаны дадатковы расійска-украінска-беларуска-польскі пратакол, паводле якога разгляд і вырашэнне пагранічных канфліктаў даручалася адной камісіі, месцам яе сустрэч вызначаліся Мінск і Нясвіж.
Да таго ж у БССР перыядычна прыязджалі прадстаўнікі іншых камісій — змешанай рэпатрыяцыйнай (па звароце ў Польшчу эвакуіраванай у час вайны прамысловай маёмасці) і змешанай спецыяльнай (па звароце культурных каштоўнасцяў). Так, на пасяджэнні змешанай спецыяльнай камісіі 30 кастрычніка 1922 г. было ўзгоднена рашэнне аб пошуку польскіх культурных каштоўнасцяў. Над яго рэалізацыяй наглядалі польскія паўнамоцныя прадстаўнікі ў рэспубліках пад агульным кіраўніцтвам ксяндза Б. Усаса8.
Для кантактаў з імі ўрадам БССР быў прызначаны спецыяльны паўнамоцны прадстаўнік пры замежных арганізацыях (у 1923 г. ім з’яўляўся М. Стакоўскі)9.
Паводле ацэнак розных аўтараў, у час Першай сусветнай вайны з занятых германскімі і аўстра-венгерскімі войскамі заходніх тэрыторый Расійскай імперыі было вывезена ў глыб краіны 2—3,5 млн чалавек10. Па даных, якія прыводзіць У. Снапкоўскі, у маі 1918 г. у Расіі знаходзілася 2292 тыс. бежанцаў з Беларусі11. Паводле ж ацэнкі Я. Мірановіча, з Заходняй Беларусі ў бежанцы у 1915 г. было вывезена 1,4 млн чалавек12.
Зварот уцекачоў на радзіму пачаўся ў 1918 г. пасля падпісання Брэсцкага міру. Яшчэ ў студзені 1918 г. савецкія ўлады далі згоду на тое, каб усімі справамі польскіх уцекачоў займаўся А. Лядніцкі, упаўнаважаны для таго Рэгенцкай Радай. У той жа час, яны адносіліся да Рэгенцкай Рады як да прагерманскага марыянетачнага органа і не лічылі Лядніцкага дыпламатычным прадстаўніком. Пад націскам нямецкага пасла В. Мірбаха Г. Чычэрын 22 чэрвеня 1918 г. даў згоду на ўступленне з прадстаўніцтвам Рэгенцкай Рады ў дыпламатычныя адносіны дэ-факта, таму місія Лядніцкага працавала (таксама дэ-факта) як польская консульская пляцоўка. Пасля роспуску Рады адносіны да прадстаўніцтва рэзка пагоршыліся, яго пазбавілі памяшкання. Па просьбе польскага ўрада часова інтарэсы польскіх грамадзян, у тым ліку ўцекачоў, пачало прадстаўляць пасольства Даніі (нота ў НКЗС РСФСР пасла Даніі Х. Скавеніуса ад 7 снежня 1918 г.). Пасля забойства ў ноч з 1 на 2 студзеня 1919 г. на Беласточчыне польскімі жандарамі членаў выдаленай з Польшчы Расійскай місіі Чырвонага Крыжа супрацоўнікаў прадстаўніцтва Рэгенцкнай Рады ўзялі ў заложнікі13. У наступным зварот уцекачоў на радзіму паменшыўся і амаль спыніўся ў 1920 г. у сувязі з эскалацыяй савецка-польскай вайны.
Зразумела, што пасля вайны зварот уцекачоў стаў надзвычайна пільнай патрэбай. Дамова аб рэпатрыяцыі была падпісана ў Рызе 24 лютага 1921 г., яшчэ да заключэння міру. Акрамя таго, артыкулам VI Рыжскага дагавора было вызначана шырокае кола асоб, маючых права набыцця польскага ці, наадварот, расійскага і ўкраінскага грамадзянства. Паводле дагавора, асобы, якія дасягнулі на момант яго ратыфікацыі 18-гадовага ўзросту і "прыпісаныя да адной з гарадскіх, вясковых ці саслоўных супольнасцяў на тэрыторыі былой Расійскай імперыі, уваходзячай у склад Польшчы", лічыліся грамадзянамі Польшчы, калі яны ва ўсталяваным дагаворам парадку аптацыі выказвалі на тое сваё пажаданне. Яны набывалі права "бесперашкоднага выезду ў дзяржаву, на карысць якой апціравалі", разам з маёмасцю14.
Былі створаны дзве змешаныя рэпатрыяцыйныя камісіі — у Маскве і Варшаве, кожная з дзвюх дэлегацый (расійска-украінскай і польскай). Справамі рэпатрыяцыі ў Польшчы займалася Дзяржаўнае ўпраўленне па справах вяртання вязняў, бежанцаў і працаўнікоў (узначальваў надзвычайны камісар па справах рэпатрыяцыі У. Грабскі), у Расіі — Цэнтральны эвакуацыйны камітэт РСФСР. У БССР быў створаны і працаваў да 15 снежня 1922 г. Беларускі эвакуацыйны камітэт (Белэвак)15. Для ажыццяўлення рэпатрыяцыі і вяртання ваеннапалонных былі абсталяваны 2 пункты: на лініі Роўна — Шапятоўка і Баранавічы — Мінск16.
У Польшчы на пачатак 1921 г. знаходзілася 80 тыс. савецкіх ваеннапалонных і 30 тыс. інтэрніраваных грамадзянскіх асоб, а ў савецкіх рэспубліках — каля 1,5 млн уцекачоў і некалькі дзесяткаў тысяч палонных і закладнікаў.
Большая частка ўцекачоў і палонных вярталася праз Мінск. Першы абмен ваеннапалоннымі з Польшчай у Мінску адбыўся ўжо ў снежні 1920 г., а масавы абмен разгарнуўся з сакавіка 1921 г.: з Польшчы праз Мінск праследвала 8545 ваеннапалонных і 84 закладнікі, у Польшчу выехала 2594 ваеннапалонных. У красавіку праз Мінск выехаў у Польшчу першы эшалон уцекачоў — 1383 асобы. Паводле даклада аб працы расійска-украінска-польскай змешанай камісіі па рэпатрыяцыі па Заходняй вобласці і Беларускай рэспубліцы ад 3 кастрычніка 1921 г., у Мінску, пасля пачатку працы змешаных рэпатрыяцыйных камісій ў Маскве і Варшаве, хутка павялічылася колькасць рэпатрыянтаў. У канцы мая іх ужо было каля 20 тыс.; людзі начавалі на чыгуначных пуцях, у лесе, пачалі распаўсюджвацца эпідэміі. Для вырашэння праблемы з Масквы былі накіраваныя па 2 упаўнаважаных для тэрміновай праверкі і візіравання складзеных Белэвакам спісаў уцекачоў (ад расіян — Стакоўскі і Вайтыга, ад палякаў — Змечароўскі і Ляскевіч). Спачатку польскія прадстаўнікі адмаўляліся падпісваць спісы, спасылаючыся на адсутнасць паўнамоцтваў, але пасля некалькіх пасяджэнняў згадзіліся. Былі створаны заградатрады для змяншэння "самацёку" ўцекачоў да мяжы ў Мінск. У канцы ліпеня ў Мінску засталося ўсяго 5—6 тыс. уцекачоў. Палякі пасля месяца працы вярнуліся ў Маскву, як камандзіраваныя часова, разам з імі паехаў і М. Стакоўскі, каб дамагчыся адкрыцця сталага аддзялення змешанай рэпатрыяцыйнай камісіі.
Намаганні апошняга далі плён, і ў пачатку ліпеня 1921 г. у Мінск прыехалі ўжо пастаянныя ўпаўнаважаныя расійска-украінскай і польскай камісій, каб адкрыць аддзяленне змешанай камісіі па рэпатрыяцыі па Заходняй вобласці і БССР (ад кожнага боку — 1 упаўнаважаны і 4 чалавекі дапаможнага персаналу). Упаўнаважаныя мелі наступныя правы і абавязкі: нагляд за рэгістрацыяй рэпатрыянтаў, складанне спісаў памерлых, нагляд за выкананнем пагаднення аб рэпатрыяцыі, дапамога і апякунства над бежанцамі, наведванне лагераў, турмаў. Яны таксама мелі права непасрэднага звароту да мясцовых уладаў па вышэйпералічаных пытаннях, права пасрэдніцтва ў перапісцы рэпатрыянтаў з Польшчай, у тым ліку перасылцы дакументаў для рэпатрыяцыі, разгляд скаргаў, у тым ліку ад ваеннапалонных. Усе справы вырашаліся па ўзгадненні двухбаковай камісіі. Функцыі агульнай канцылярыі выконвала канцылярыя расійска-украінскай дэлегацыі. Польскія прадстаўнікі мелі права накладвання візаў на спісы, аказання матэрыяльнай дапамогі і да т. п. Кіраўніком расійскай дэлегацыі быў прызначаны Стакоўскі, польскай — Даманскі. У падкантрольную акругу ўвайшлі БССР, Віцебская, Гомельская і Смаленская губерніі РСФСР17.
Такім чынам, аддзяленне змешанай камісіі па рэпатрыяцыі з польскага боку фактычна пачало выконваць консульскія функцыі ў адносінах да польскіх грамадзян у вызначанай акрузе. Як да прадстаўніцтва Польшчы ў БССР адносіліся да яго і беларускія ўлады: "паўпрэд Польшчы ў справах рэпатрыяцыі" С. Цікоцкі (стаў кіраўніком польскай дэлегацыі ў канцы 1921 г.) запрашаўся НКЗС у якасці афіцыйнага госця на адкрыццё ІІІ Усебеларускага з’езда Саветаў)18. 21 ліпеня 1923 г. урад БССР менавіта польскай дэлегацыі аддзялення рэпатрыяцыйнай камісіі ў Мінску афіцыйна паведаміў аб уступленні БССР у СССР19. У той жа час асобныя функцыі дыпламатычнага і консульскага прадстаўніцтваў выконвалі і іншыя польскія дэлегацыі ў змешаных камісіях. Так, польская дэлегацыя змешанай пагранічнай камісіі ажыццяўляла выдачу, у парадку выключэння, віз. У пачатку 1922 г. з неафіцыйных крыніц беларускім уладам стала вядома, што палкоўнік Я. Клім — старшыня польскай дэлегацыі ў змешанай пагадняльнай камісіі — атрымаў паўнамоцтвы ад МЗС Польшчы весці з БССР перагаворы аб заключэнні гандлёвага польска-беларускага дагавора. А.Чарвякоў зрабіў адпаведны запыт намесніку НКЗС РСФСР Л. Карахану. Адказу не атрымаў і пазней спрабаваў праз паўпрэда БССР пры ўрадзе РСФСР М. Мароза даведацца, якую пазіцыю займаць па гэтым пытанні20.
Асноўная частка працы польскай дэлегацыі змешанай камісіі па рэпатрыяцыі прыпадала на забеспячэнне звароту ўцекачоў, ваеннапалонных і закладнікаў у Польшчу, правядзенне аптацыі польскага грамадзянства. Тэхнічная працэдура аптацыі на Беларусі выглядала наступным чынам: адпаведныя дакументы аб аптацыі польскага грамадзянства (заява, доказы аб праве на польскае грамадзянства: пашпарт, метрыка, а калі іх няма — пасведчанне аб выкананні вайсковай павіннасці, пасведчанне аб адукацыі і г. д.) здаваліся асобай у замежны пададдзел НКУС, які перадаваў іх польскаму ўпаўнаважанаму; той рабіў заключэнне, мае ці не асоба права на польскае грамадзянства. Калі мае — прызнаваў яго заяву правадзейнай і прасіў выслаць даведку аб адсутнасці расійскага (sic!) грамадзянства (па закону ад 20 студзеня 1920 г. "Аб праве польскага грамадзянства польскай дзяржавы" Варшава не прызнавала двайнога грамадзянства і грамадзянамі лічыла тых, хто пастаянна пражывае на тэрыторыі Польшчы і не мае іншага грамадзянства21). Далей дакументы перадаваліся зноў у НКУС, які праз НКЗС высылаў польскаму ўпаўнаважанаму аптацыйнае пасведчанне з дакументамі. Упаўнаважаны выдаваў сваё часовае пасведчанне аб прыналежнасці да польскага грамадзянства. Калі-некалі НКУС і НКЗС адхілялі заявы аб аптацыі польскага грамадзянства, часцей за ўсё на падставе таго, што мясцовасць, адкуль паходзіў чалавек, знаходзілася ў Літве (якая па дагаворы з РСФСР ад 12 ліпеня 1920 г. атрымала значную частку Заходняй Беларусі), Латвіі22.
Правілы аптацыі польскага грамадзянства былі распрацаваны НКЗС БССР і зацверджаны 12 кастрычніка 1921 г.23 Зразумела, яны тычыліся толькі беларускіх уладаў, і гэта выклікала непаразуменні, калі польскі прадстаўнік часам адмаўляўся прызнаць асобу грамадзянінам Польшчы на падставе сабраных НКУС матэрыялаў. Да таго ж польскія прадстаўнікі часта абвінавачваліся ў нежаданні пацвярджаць польскае грамадзянства праваслаўным і, асабліва, яўрэям24.
Справу ўскладніла таксама пастанова СНК БССР ад 27 кастрычніка 1921 г., паводле якой усе зносіны ўрадавых органаў БССР з прадстаўнікамі замежных дзяржаў павінны былі адбывацца праз НКЗС25. У цыркулярным лісце НКЗС БССР ад 5 снежня 1921 г. сцвярджалася, што, нягледзячы на папярэднюю пастанову СНК БССР, асобныя ўстановы працягваюць непасрэдна зносіцца з замежнымі дэлегацыямі, у прыватнасці з польскай. Вінаватым дакумент пагражаў прыцягненнем да адказнасці26. Ён быў прадубліраваны цыркулярам НКУС па сваіх аддзелах у павятовых выканкамах27.
Тым не менш, упаўнаважанымі змешанай камісіі па рэпатрыяцыі была зроблена значная праца па садзейнічанні выезду ўцекачоў. З сакавіка па кастрычнік 1921 г. у Мінску былі складзены спісы на выезд 116 911 уцекачоў. Агульная ж колькасць адпраўленых праз чыгуначную станцыю Негарэлае ў Польшчу за гэты перыяд склала: ваеннапалонных — 18 377, інтэрніраваных — 106, бежанцаў — 173 286. З Польшчы ў савецкія рэспублікі прыехалі, па адпаведных катэгорыях, 44 056, 232, 2051 чалавек28. Такім чынам, у згаданы перыяд амаль 2/3 уцекачоў, што вярталіся ў Польшчу праз Мінск — Баранавічы (адзін з двух магчымых пераходаў), праходзілі афармленне ў Мінску. Сітуацыя змянілася ў 1922 г., калі на поўную моц запрацавалі аддзяленні змешанай камісіі па рэпатрыяцыі ў РСФСР і УССР: у студзені 1922 г. у Мінску былі аформлены дакументы на выезд у Польшчу для 2555 чалавек, а транзітам праз Мінск прайшло ў Польшчу 11 246, з Польшчы — 209 чалавек29. У наступным месяцы непасрэдна з Мінска ў Польшчу выехала 1608 чалавек, праз Мінск у Польшчу транзітам — 14 848, а з Польшчы — 610 чалавек30. Паводле справаздачы Белэвака, за красавік — верасень 1922 г. у Польшчу выехала 13 449 зарэгістраваных непасрэдна ў БССР чалавек (з іх 12 047 — беларусы), транзітам праз Мінск выехала 90 793, а з Польшчы прыехала 4760 чалавек.
Да канца кастрычніка 1921 г. Польшча і савецкія рэспублікі фактычна скончылі абмен ваеннапалоннымі і закладнікамі. Да канца 1922 г. выехала і асноўная маса ўцекачоў, і Цэнтрэвак загадаў спыніць з 1 снежня 1922 г. у БССР рэгістрацыю ўцекачоў на эшалоны31. 11 студзеня 1923 г. НКЗС РСФСР перадаў паверанаму ў справах Польшчы ў РСФСР Р. Кнолю ноту аб заканчэнні працы змешанай рэпатрыяцыйнай камісіі. Расійскія дэлегаты адклікаліся з камісіі, неэвакуіраваныя з Польшчы грамадзяне перадаваліся ў веданне паўпрэдства РСФСР у Польшчы, а з 13 студзеня 1923 г. спынялася эшалонная адпраўка з Расіі ў Польшчу. Але ў Мінск працягвалі прыбываць бежанцы. У студзені 1923 г. на станцыі знаходзіліся 32 вагоны бежанцаў, якія нават не мелі дакументаў на адпраўку за мяжу32. Адпраўка бежанцаў аднавілася, у сярэдзіне красавіка з Мінска быў адпраўлены ўжо пяты з пачатку года цягнік з 500 уцекачамі33. Аднак выезд па спісах быў спынены, і 27 чэрвеня 1923 г. у Польшчу выехала першая група ўцекачоў са 100 чалавек, аформленая па новых правілах: кожны меў бежанскі білет з польскай і савецкай візамі34. Прыём заяў на аптацыю польскага грамадзянства праводзіўся НКУС БССР да 1 кастрычніка 1923 г., а рэгістрацыя бежанцаў — да 20 жніўня 1923 г.35 Як бачна, праца польскага ўпаўнаважанага не спынялася і ў 1923 г. (яго канцылярыя знаходзілася ў гэты час на Прэабражэнскай, 10, у былой гасцініцы "Мачыж"36).
25 чэрвеня 1924 г. была прынята рэзалюцыя змешанай расійска-украінска-польскай рэпатрыяцыйнай камісіі аб завяршэнні масавай рэпатрыяцыі з СССР. Астатнім рэпатрыянтам належала выязджаць у індывідуальным парадку на аснове пагаднення аб рэпатрыяцыі. У Польшчу, па афіцыйных даных, выехала 1,1 млн чалавек, з іх 65 % — беларусы і ўкраінцы37.
Польскі ўпаўнаважаны змешанай камісіі па рэпатрыяцыі выконваў такія консульскія дзеянні, як выпатрабаванне дакументаў, у тым ліку па маёмасці польскіх грамадзян у БССР, спрабаваў апякаць польскія нацыянальныя школы, касцёл. Яшчэ ў верасні 1921 г. Рада Міністраў Польшчы прызначыла 4 млн марак на польскія школы ў савецкіх рэспубліках, іх пераслалі ў консульствы ў Мінску і Харкаве для размеркавання38.
А вось выпатрабаванне дакументаў з Польшчы беларускія ўлады рабілі праз консульскі аддзел савецкага прадстаўніцтва ў Польшчы39, а перапіску аб звароце арыштаваных у Польшчы ці інтэрніраваных беларусаў НКЗС вёў з расійска-украінскай дэлегацыяй руска-украінска-польскай змешанай камісіі па справах ваеннапалонных, уцекачоў і закладнікаў у Варшаве40. Візы на выезд у Польшчу з гандлёвымі і іншымі мэтамі ставіла пасольства Польшчы ў Маскве41.
Значная частка перапіскі па выпатрабаванні дакументаў аб арыштах польскіх грамадзян, аб стане маёмасці асоб, пераехаўшых у Польшчу, аб запісах актаў грамадзянскага стану вялася польскім пасольствам у Маскве праз паўпрэдства БССР. Некаторыя запыты польскае пасольства рабіла напрамую ў НКЗС РСФСР, а той накіроўваў іх у беларускае паўпрэдства — як у выпадку з сяржантам Э. Мірковічам, які восенню 1921 г. перайшоў мяжу, быў арыштаваны, па польскіх даных, савецкімі ўладамі і ўтрымліваўся ў Мінску. Польскае пасольства зрабіла запыт у НКЗС РСФСР, той пераслаў у беларускае паўпрэдства, якое праз некаторы час адказала, што ў Мінскім цэнтральным доме грамадска-прымусовых работ і канцэнтрацыйным лагеры такога няма42. Іншыя асобы ў Польшчы, каб не ісці ў польскую армію, заяўлялі, што яны не з'яўляюцца польскімі грамадзянамі. Таму за аплату праз польскае пасольства ў Маскве адбывалася выпатрабаванне адпаведных дакументальных доказаў (выпіскі з метрычных кніг і г. д.). У БССР пасля вайны захавалася не вельмі шмат метрычных запісаў, да таго ж, паводле адказу НКЗС БССР паўпрэдству БССР у Маскве ад 31 сакавіка 1922 г., рымска-каталіцкія метрычныя кніжкі былі адасланы ў Петраградскі губернскі пададдзел ЗАГС43. (21 кастрычніка 1922 г. НКЗС ужо пісаў таму ж паўпрэдству для адказу на запыт пасольства Польшчы, што ўсе касцёльныя кнігі вывезены палякамі ў Польшчу44.) Таксама вялося шмат перапіскі з беларускімі ўладамі аб здарэннях з польскімі грамадзянамі і аптантамі на мяжы з Польшчай. НКЗС БССР выслаў 4 красавіка 1923 г. ноту ў польскае пасольства ў Маскве, у якой звярталася ўвага пасольства на тое, што польскія установы, суды, магістраты і іншыя сталі звяртацца ў Народны Камісарыят Замежных Спраў з рознымі запатрабаваннямі, прэтэнзіямі і даведкамі. Мінск інфармаваў польскае пасольства, што "ўсе гэтыя запатрабаванні польскіх установаў, як не залегалізаваныя належнымі ўстановамі Польскага Міністэрства Загранічных Справаў, будуць застаўлены без пасьледзтва", і адказы будуць давацца толькі на ноты пасольства Польшчы45. У адказ была атрымана нота польскага Charge d’Affaires (часовага паверанага), у якой запэўнівалася, што перапіска польскіх урадавых органаў з беларускімі будзе надалей весціся толькі праз "адпаведныя падлеглыя МЗС Польшчы органы"46.
Польскае пасольства ў РСФСР таксама назірала за станам польскай меншасці ў БССР. Суд у Мінску 29—31 мая 1922 г. над прадстаўнікамі каталіцкага касцёла ў БССР, якія супраціўляліся канфіскацыі царкоўных каштоўнасцяў для барацьбы з голадам, выклікаў ноту пратэсту з боку прадстаўніка Польшчы ў РСФСР С. Стэфаньскага47.
Наколькі вядома, сустрэч паўпрэда БССР пры ўрадзе РСФСР М. І. Мароза з кіраўніцтвам польскага пасольства ў Маскве больш не адбывалася. Толькі 28 снежня 1921 г. новы польскі пасол С. Стэфаньскі перадаў візітную картку48, пасля чаго, па ўзгадненні з НКЗС БССР, М. Мароз перадаў візітную картку ў адказ49.
Супрацоўнікі прадстаўніцтва польскай дэлегацыі ў змешанай рэпатрыяцыйнай камісіі ў Маскве карысталіся імунітэтам толькі пры выкананні імі сваіх службовых функцый. Як грамадзяне дзяржавы, у якой нядаўна скончылася вайна, яны знаходзіліся пад пільным наглядам. Практычна з кожным здараліся тыя ці іншыя непрыемнасці. Першы афіцыйны польскі ўпаўнаважаны Даманскі быў абвінавачаны ЧК у спекуляцыі і тайным вывазе за ўзнагароду золата і брыльянтаў багатых рэпатрыянтаў, таму яго хутка адклікалі з Мінска. Прыехаўшы на яго месца С. Цікоцкі, як ужо нагадвалася вышэй, быў абвінавачаны ў нежаданні пацвярджаць польскае грамадзянства праваслаўным і яўрэям.
А. Мерц, які замяніў Цікоцкага, не меў паўнамоцтваў весці аптацыю польскага грамадзянства. Таму НКЗС БССР зрабіў спецыяльны запыт у польскае пасольства ў Маскве дзеля надання яму адпаведных паўнамоцтваў50. 18 верасня 1922 г. пасольствам да паўпрэдства БССР пры ўрадзе РСФСР была выслана нота № 3203 з паведамленнем аб тым, што кіраўнік консульскага аддзела пры пасольстве Польшчы ў Маскве М. Самсон-Хіммельштэрна рэскрыптам міністра замежных спраў Польшчы ўпаўнаважаны да прыняцця на тэрыторыі БССР заяў аб выбары польскага грамадзянства і вырашэння пытанняў, з гэтым звязаных51. У той жа дзень была атрымана і другая нота пад № 3202: кіраўнік консульскага аддзела пры пасольстве Польшчы ў Маскве М. Самсон-Хіммельштэрна прызначыў членам польскай дэлегацыі пры змешанай камісіі па справах рэпатрыяцыі з правам працы на тэрыторыі БССР Аляксандра Мерца. Да ноты прыкладаліся для візіравання паўнамоцтвы Мерца.
Праца новага польскага прадстаўніка праз непрацяглы час выклікала скаргу ўпаўнаважанага расійска-украінскай дэлегацыі камісіі па рэпатрыяцыі ў Мінску М. Стакоўскага да старшыні расійска-украінскай дэлегацыі ў Маскве. Стакоўскі пісаў, што Мерц выкрэслівае са спісаў бежанцаў яўрэяў і "рускіх" (верагодна, праваслаўных) і прасіў замяніць яго52.
Аб тым, што супрацоўнікі ДПУ вялі пільны нагляд за польскім упаўнаважаным, сведчыць наступнае: 11 красавіка 1922 г., паводле акта начальніка аддзела АДПУ па станцыі Мінск, невядомы ноччу па пуцях прайшоў на перон, мінаючы пераход, з двума пакункамі ў руках. Яго затрымалі, папрасілі прайсці ў дзяжурную частку. Ён, пасля спрэчкі, пайшоў, пазней вырваўся, сеў да рамізніка і паехаў у горад. Гэта паўтаралася яшчэ двойчы, нарэшце пры складанні пратакола выявілася, што затрыманы — польскі ўпаўнаважаны Мерц. На другі дзень ў НКЗС паступіў ліст А. Мерца з іншай версіяй здарэння: хацеў выслаць дыппошту ў Маскву, спазніўся на хуткі цягнік, а лятучка з Негарэлага з польскім дыпкур’ерам не прыйшла, таму сам пайшоў напрасткі, быў затрыманы па дарозе, паказваў свае дакументы і прасіў выклікаць прадстаўніка НКЗС, але агенты ДПУ вырвалі з рук дыппошту і адпусцілі толькі пасля састаўлення пратакола. Верагодна, на гэтым інцыдэнт, у якім супрацоўнікі ДПУ праявілі надзвычайную пільнасць, быў вычарпаны, але 17 лістапада 1922 г. здарыўся новы: паводле ліста Мерца ў НКЗС, агент ДПУ на вакзале затрымаў яго ў час перадачы дыппошты, спрабаваў распакаваць, хоць усё ж не рашыўся, пакет. НКЗС, пасля адпаведнага адказу ДПУ, паведаміў, што нічога такога па зводках ДПУ не зафіксавана53.
12 студзеня 1923 г. упаўнаважаны расійска-украінскай дэлегацыі М. Стакоўскі высылае наступную тэлеграму: "Москва. Секретно. Наркомвнудел пред-Руд Ястребову. Копия Наркоминдел Ганецкому. В экспозитуре Польделегации ГРУ сего 12/1 15 ч. 30 мин. произведён обыск обнаруживший приказы войск запфронта дислокации частей запфронта и прочее дискредитирующее деятельность польпредставителя гражданина Мерца. Произведены аресты инструктируйте о правах гражданина Мерца". На другі дзень быў атрыманы наступны адказ Ганецкага: "Мерц экстерриториальностью не пользуется. Случае изобличающего материала арестовать можно. Проследите чтобы были соблюдены при допросе аресте необходимые формальности также корректность. Соглашению Уншлихтом также предлагаю арестованных вместе материалом выслать немедленно Москву ГПУ. Сообщите выполнение также фамилии арестованных". Мерц быў абвінавачаны ў шпіянажы, але калі польскі бок захацеў пабачыць доказы, савецкія ўлады адмовілі. У СССР па гэтай справе было арыштавана 25 савецкіх грамадзян. Справа набыла вялікі розгалас. Усе аддзяленні польскай дэлегацыі змешанай рэпатрыяцыйнай камісіі былі абвінавачаныя ў шпіёнстве54. У адказ палякі спынілі выдачу савецкім грамадзянам транзітных віз праз Польшчу да вызвалення А.Мерца са зняволення. Тады СССР запатрабаваў ліквідацыі аддзялення польскай дэлегацыі змешанай рэпатрыяцыйнай камісіі ў Мінску. Праз некаторы час Мерц быў выдалены ў Польшчу. 29 сакавіка 1923 г. пасольства Польшчы ў Маскве паведаміла паўпрэду БССР у РСФСР, што "ў сувязі з ад’ездам Мерца" з 24 сакавіка паўнамоцтвы выканання на тэрыторыі БССР абавязкаў, выцякаючых з пастаноў артыкула 6 Рыжскага дагавора і дадатку 2 да Дагавора, перададзены А. Зелязіньскаму55. Ненармальнасць становішча, калі консульскія функцыі выконвалі не ўпаўнаважаныя на тое аддзяленні польскіх дэлегацый у змешаных рэпатрыяцыйных камісіях, непакоіла МЗС Польшчы. У інструкцыі міністра А. Скшынскага для загранпрадстаўніцтваў у справе адносін з СССР ад 23 лютага 1923 г. падкрэслівалася незадаволенасць станам польска-савецкіх адносін: не наладжаны рух асоб і тавараў, гандаль у асноўным з’яўляецца нелегальным (кантрабандным), РСФСР не дае віз палякам, няма акрэсленага дагавора аб польскіх консульствах у СССР56.
29 мая 1923 г. польскі павераны ў справах Р. Кноль пісаў віцэ-міністру замежных спраў Г. Страсбургеру: "Часта наш агент у сталіцы маленькай савецкай дзяржавы можа быць не менш важнай асобай за прадстаўніка ў Маскве", бо "развіццё падзей ... ідзе ў ... спрыяючым для нас накірунку дэцэнтралізацыі, і, можа быць, нават мясцовага сэпаратызму". Таму гаварылася аб патрэбе ператварыць рэпатрыяцыйна-аптацыйнае агенцтва (sic!) у Мінску ў місію: "Я прапаную прыслаць мне дадатковыя даверчыя граматы ў якасці паверанага ў справах пры Беларускай рэспубліцы". Пасля іх уручэння ў Мінску пастаянна працаваў бы адзін з прадстаўнікоў польскага пасольства ў Маскве. Гэта "мела б важнае значэнне для непасрэдных зносін з беларускімі коламі дзеля інфармацыі і гарантавання недатыкальнасці, адсутнасць якой прывяла да такой непрыемнай справы Мерца"57.
Пытанне аб арганізацыі польскага прадстаўніцтва ў БССР было канчаткова вырашана толькі пасля стварэння СССР.
У маі 1923 г. на нарадзе ў НКЗС РСФСР прадстаўнікоў аддзелаў НКЗС СССР і прадстаўнікоў саюзных рэспублік па пытаннях стварэння СССР адзначалася, што дзейнасць рэспубліканскіх наркаматаў замежных спраў спыняецца, а праца ўпраўленняў упаўнаважаных НКЗС СССР у рэспубліках яшчэ не наладжана, таму пэўны час з моманту натыфікацыі аб стварэнні СССР усе зносіны рэспублік з замежнымі прадстаўніцтвамі прыдзецца весці праз саюзны НКЗС. Да таго ж дзейнасць замежных місій у рэспубліках спынялася да атрымання консуламі новых экзекватур ужо ад НКЗС СССР58.
6 ліпеня 1923 г. сесія ЦВК СССР зацвердзіла Дэкларацыю і Дагавор аб стварэнні СССР.
У паўпрэдства БССР у Маскве тэкст натыфікацыі аб уваходжанні БССР у склад СССР быў перададзены з суправаджальным лістом наступнага зместу: "Масква. Маланікіцкая, 18. Паўпрэду Беларусі Марозу. Даданую ніжэй тэлеграму Вам належыць перадаць паўнамоцным прадстаўнікам Польшчы і Германіі, з якімі Беларусь знаходзіцца ў адносінах дэ-юрэ, а таксама Эстоніі, Літве, Латвіі, з якімі Беларуссю ўсталяваны адносіны дэ-факта. Узгадніце Ваш візіт да паўпрэдаў з сакратаром Чычэрына Адамскім. Наркамзамспраў Чарвякоў"59. У самой ноце абвяшчалася наступнае: на моцы Дэкларацыі і Дагавора, прынятых БССР, РСФСР, УССР, ЗСФСР, ухваленых вярхоўнымі ўладамі рэспублік і зацверджаных ЦВК СССР 5 ліпеня 1923 г. у якасці Асноўнага Закона СССР, БССР увайшла ў склад СССР. Суверэнітэт БССР з гэтага часу абмежаваны Асноўным Законам. Міжнародныя адносіны БССР будзе надалей ажыццяўляць праз упаўнаважаныя на тое цэнтральныя ўлады Саюза. Усе міжнародныя дамовы, пагадненні, канцэсійныя дагаворы, якія дзейнічалі на тэрыторыі БССР, будуць захаваныя ў моцы і выконвацца СССР. Нота аб уваходзе БССР у склад СССР была перададзена 16 ліпеня 1923 г. у 16.30 паверанаму ў справах Польшчы ў РСФСР Р. Кнолю, у 22.00 — намесніку пасла Германіі Разову, 17 ліпеня — прадстаўнікам пасольстваў Літвы, Латвіі, Эстоніі, Чэхаславакіі, Аўстрыі, Італіі60. Як адзначаў М. Мароз у інтэрв’ю "Звезде", ноты былі высланы ўсім краінам, з якімі БССР падтрымлівала зносіны61. 21 ліпеня НКЗС БССР перадаў аналагічную ноту ў прадстаўніцтва польскай дэлегацыі ў змешанай рэпатрыяцыйнай камісіі. З 15 верасня 1923 г. паўпрэдства БССР пры ўрадзе СССР спыніла консульскую працу. Усе незавершаныя справы былі перададзены ў НКЗС СССР62.
Натыфікацыя аказалася поўнай нечаканасцю для палякаў: яшчэ 2 ліпеня Р. Кноль пісаў у Варшаву, што афармленне СССР адбудзецца няхутка. Пытанне аб прызнанні СССР было вынесена на пасяджэнне Рады Міністраў Польшчы 26 ліпеня. Адной з умоў прызнання вызначалася адкрыццё пры ўпаўнаважаных НКЗС СССР у Харкаве, Мінску і Тыфлісе аддзяленняў польскай дыпламатычнай місіі ў Маскве, якія мелі б права карыстацца ўсімі дыпламатычнымі прывілеямі. У сваім рапарце 6 жніўня 1923 г. Р. Кноль умовамі прызнання СССР прапанаваў зрабіць пацвярджэнне дзёейнасці ўсіх дагавораў на Закаўказзе, адкрыццё экспазітур (прадстаўніцтваў) польскага пасольства ў Харкаве, Мінску і Тыфлісе, прызнанне дзейснымі пашпартоў, выданых раней польскімі місіямі ў Закаўказзі і на Далёкім Усходзе63.
31 жніўня 1923 г. ураду СССР быў перададзены aide memorie міністра замежных спраў Польшчы М. Сейды, у якім выкладаліся афіцыйныя ўмовы прыняцця да ведама ноты аб стварэнні СССР: Рыжскі дагавор, а таксама ўсе пагадненні і канвенцыі з урадамі РСФСР, УССР і БССР захоўваюць моц; у Харкаве, Тыфлісе і Мінску павінны быць адкрыты пры ўпаўнаважаных НКЗС СССР экспазітуры польскай місіі ў Маскве; канчатковы тэрмін рэпатрыяцыі і аптацыі на тэрыторыі былой ДРВ і Закаўказзя працягваецца да 30 красавіка 1924 г.; павінны быць выплачаны кампенсацыі касе імя Мяноўскага ў Варшаве (мела ўчасткі нафтавага поля ў Баку) і Варшаўскаму дабрачыннаму таварыству (мела тры аб’екты нерухомасці ў Тыфлісе). Варшава абяцала паведаміць аб прыняцці да ведама натыфікацыі аб стварэнні СССР пасля таго, як Масква пісьмова паведаміць аб прыняцці ўмоў64.
12 верасня 1923 г. Старшыня ЦВК і СНК, наркам замежных спраў А. Чарвякоў распаўсюдзіў заяву аб перадачы ўраду СССР паўнамоцтваў БССР на вядзенне ўсіх міжнародных спраў65, а на наступны дзень Польшча атрымала ноту ўрада СССР, у якой адзначалася, што ў натыфікацыі аб стварэнні СССР ужо гаварылася, што новая дзяржава будзе выконваць усе міжнародныя пагадненні рэспублік, таму паўтор гэтага палажэння ў асобнай ноце лішні, таксама адхіляліся якія-небудзь кампенсацыі, што выцякаюць з факту ўступлення ЗСФСР у СССР. Нота з польскімі прапановамі ацэньвалася як спроба перагляду Рыжскага дагавора, якая магла выклікаць адпаведныя крокі па яго пераглядзе і з боку СССР66.
Пытанне аб адкрыцці польскіх прадстаўніцтваў на тэрыторыі СССР было абмеркавана на перагаворах у Варшаве кіраўніка заходняга аддзела НКЗС В.Коппа. У верасні 1923 г. у Германіі склалася рэвалюцыйная сітуацыя, таму для СССР было пажадана тэрміновае заключэнне пагаднення аб свабодным транзіце з Польшчай для верагоднай дапамогі "савецкім рэспублікам у Германіі". Яшчэ ў Маскве 8 кастрычніка В. Копп паведаміў польскаму пасольству аб папярэдняй згодзе на польскія ўмовы прызнання СССР, акрамя адной: адкрыцця консульства ў Тыфлісе. Ад Польшчы патрабавалася гарантаванне свабоды транзіту. У Варшаве 28 кастрычніка 1923 г. ён прадставіў праект дагавора аб узаемным свабодным транзіце, праект асноў гандлёвага дагавора, графік выплат Польшчы 30 млн залатых рублёў, прадугледжаных Рыжскім дагаворам, і згоду на абмен палітвязнямі (на выдачу Польшчы архіепіскапа Я. Цяпляка і 14 ксяндзоў, арыштаваных у сакавіку 1923 г.). Палякі добра разумелі прычыну нечаканых савецкіх уступак і зацягвалі перагаворы, чакаючы разгортвання падзей у Германіі. З падаўленнем рэвалюцыі ў Германіі перагаворы спыніліся.
Пазіцыя Польшчы ў справе прызнання СССР змянілася з фарміраваннем новага урада. Міністр замежных спраў Дмоўскі прызнаў пазіцыю свайго папярэдніка
М. Сейды памылковай і заняў больш гнуткую пазіцыю67. 13 снежня 1923 г. польскі ўрад прыняў да ведама натыфікацыю аб стварэнні СССР. У ноце ў адказ СССР "у мэтах далейшага афармлення сяброўскіх адносін" прадаставіў "польскаму ўраду, незалежна ад падлягаючай заключэнню консульскай канвенцыі, права неадкладнага адкрыцця генеральных консульстваў у Харкаве і Мінску"68. СССР таксама згадзіўся на працяг тэрмінаў аптацыі польскага грамадзянства.
20 лютага 1924 г. мінская газета "Звезда" паведаміла, што ў горадзе створана польскае генеральнае консульства, а генеральным консулам прызначаны Ян Карчэўскі, які ўжо прыехаў у Мінск. Консульства размясцілася ў гатэлі "Раяль" на Савецкай вуліцы69. Афіцыйна Я. Карчэўскі быў зацверджаны 25 сакавіка НКЗС СССР генеральным консулам Польскай Рэспублікі ў горадзе Мінску з консульскай акругай на ўсю тэрыторыю БССР. 26 красавіка ўпаўнаважаны НКЗС пры ўрадзе БССР М. Ітві разаслаў адпаведнае паведамленне наркаматам БССР з тлумачэннем, што Я. Карчэўскі мае права зносіцца праз упраўленне ўпаўнаважанага НКЗС СССР з савецкімі ўстановамі па справах генконсульства; перапіска генконсульства, канцылярыя і архіў з’яўляюцца недатыкальнымі; генеральны консул мае ўсе правы ў адпаведнасці з дыпкарткай НКЗС70.
У тым жа годзе ўступілі ў завяршальны этап савецка-польскія перагаворы аб заключэнні консульскай канвенцыі. На перагаворах польскі бок высунуў прапанову аб ператварэнні ўсіх існуючых рэпатрыяцыйных пляцовак (Петраград, Мінск, Кіеў, Адэса, Новамікалаеўск) у консульствы. На гэтым асабліва настойваў Генеральны штаб (у разведвальных мэтах), а таксама гандлёвыя колы Польшчы. У той жа час польскі бок не мог зацягваць перагаворы, бо выходзіў тэрмін, прызначаны на масавую рэпатрыяцыю, што цягнула за сабой закрыццё рэпатрыяцыйных пляцовак. Пацяпленне ў савецка-польскіх адносінах, што адбылося з фарміраваннем у снежні 1923 г. урада Грабскага, падпісанне 24 красавіка 1924 г. чыгуначнай канвенцыі, 25 чэрвеня 1924 г. — пратакола аб заканчэнні масавай рэпатрыяцыі садзейнічалі паспяховым перагаворам.
18 ліпеня 1924 г. у Маскве была падпісана консульская канвенцыя паміж СССР і Польшчай — першая для СССР з замежнай дзяржавай. Адначасова адбыўся абмен нотамі, у якіх адзначалася, што Польшча засноўвае консульствы ў Ленінградзе, Кіеве, Хабараўску і Тыфлісе, а ў Харкаве і Мінску мае ўжо консульствы ад часу прызнання СССР дэ-юрэ. СССР атрымліваў права на адкрыццё консульстваў у Львове, Данцыгу і Лодзі. У Тыфлісе і Данцыгу консульствы мелі статус генеральных. Калі б адзін бок пажадаў, то і другі аўтаматычна атрымліваў права адкрыць консульства, адпаведна, у Кракаве і Новамікалаеўску71. Для супрацоўнікаў консульстваў быў створаны новы тып імунітэту — нешта прамежкавае між дыпламатычным і консульскім72.
Консульская канвенцыя набыла моц у красавіку 1926 г.73 Наколькі вядома, консульствы ў Хабараўску і Лодзі не былі адкрыты бакамі. Таксама, паводле даных, прыведзеных у "Гісторыі польскай дыпламатыі", консульства ў Мінску было ператворана ў генеральнае толькі ў 1926 г., адначасова са стварэннем консульстваў у Ленінградзе, Кіеве і Тбілісі74.
Такім чынам, нягледзячы на настойлівае імкненне польскага боку адкрыць дыпламатычнае прадстаўніцтва ў Мінску, яно не было заснавана, перш за ўсё, з-за нежадання Масквы. У Мінску актыўна дзейнічалі толькі камісіі, створаныя ў адпаведнасці з Рыжскім мірным дагаворам. БССР, як памежная з Польшчай рэспубліка, была зацікаўлена ў разгортванні іх працы, перш за ўсё, у галінах рэпатрыяцыі бежанцаў і вырашэння прыгранічных канфліктаў. Таму менавіта аддзяленне рэпатрыяцыйнай камісіі паступова пачало выконваць функцыі польскага консульства. Тым не менш, афіцыйна консульства было адкрыта толькі пасля стварэння СССР, прычым Польшча фактычна вытаргавала права на яго адкрыццё ўзамен за дыпламатычнае прызнанне СССР. У далейшым існаванне консульства было замацавана савецка-польскай консульскай канвенцыяй 1924 г.
1 Kumaniecki J. Pokoj polsko-radziecki 1921. W-wa, 1976. S. 91.
2 Советская Украина и Польша. Харьков, 1921. С. 35.
3 Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусь (ССРБ) перайменавана ў Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку (БССР) з моманту стварэння СССР, але ў тэксце артыкула для зручнасці ўсюды згадваецца як БССР (гл. падрабязней: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (далей — НА РБ). Ф. 3, спр. 30, л. 27).
4 Знешняя палітыка Беларусі: Зборнік дакументаў і матэрыялаў. Мн., 1997. Т. 1 (1917—1922 гг.). C. 272—275.
5 Там жа. С. 275—276.
6 НА РБ. Ф.15, воп. 1, спр. 3, л. 54.
7 Знешняя палітыка Беларусі: Зборнік дакументаў і матэрыялаў. Т. 1. С. 281.
8 Materski W. Tarcza Europy. Stosunki polsko-sowieckie. 1918—1939. W-wa, 1994. S. 123.
9 НА РБ. Ф. 6, воп. 1, спр. 192, л. 38.
10 Карнялюк В. Гістарычная дэмаграфія першай сусветнай вайны: бежанства з заходніх губерній Расійскай імперыі (1914—1917 гг.) // Bialoruskie Zeszyty Historyczne. 1999. № 12. С. 36.
11 Снапкоўскі У. Эмігранты // Беларуская мінуўшчына. 1995. № 6. С. 61.
12 Мірановіч Я. Уступ // Бежанства 1915 года / Пад рэд. В. Лубы. Беласток, 2000. С. 7.
13 Materski W. Op. cit. S. 117.
14 Документы и материалы по истории советско-польских отношений. М., 1965. T. 3 (апрель 1920—март 1921). С. 466.
15 НА РБ. Ф. 6, воп. 1, спр. 132, л. 32.
16 Kumaniecki J. Repatriacja Polakow po wojne polsko-radzieckiej w latach 1921—1924 // Przeglad Wschodni. 1991. Z. 1. S. 140.
17 Бягучы архіў Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь (далей — Бягучы архіў МЗС РБ). Фонд НКЗС БССР, папка 4, л. 73.
18 НА РБ. Ф. 3, спр. 8, л. 46.
19 Historia Dyplomacji polskiej / Рod red. P. Lossowskiego. W-wa, 1995. Т. IV (1918—1939). S. 223.
20 НА РБ. Ф. 15, воп. 1, спр. 35, л. 74.
21 Акты Польской Республики за 1918—1921 гг. Варшава, 1921. C. 58—62.
22 НА РБ. Ф. 3, спр. 29.
23 НА РБ. Ф. 3, спр. 9, л. 36.
24 НА РБ. Ф. 3, спр. 9, л. 77.
25 Знешняя палітыка Беларусі: Зборнік дакументаў і матэрыялаў. Т. 1. C. 289.
26 Там жа. С. 291.
27 НА РБ. Ф. 3, спр. 9, л. 93.
28 НА РБ. Ф. 3, спр. 8, лл. 61—62.
29 НА РБ. Ф. 6, воп. 1, спр. 103, л. 142.
30 НА РБ. Ф. 6, воп. 1, спр. 103, л. 145.
31 Савецкая Беларусь. 1922. 6 ліп. С. 2.
32 Звезда. 1923. 22 янв. С. 3.
33 Звезда. 1923. 4 апр. С. 3.
34 Звезда. 1923. 17 июня. С. 2.
35 Звезда. 1923. 26 июля. С. 2.
36 Вся Белоруссия. Адресно-справочная книга-календарь на 1923 год. Мн., 1923. С. 155.
37 Kumaniecki J. Repatriacja Polakow po wojne polsko-radzieckiej w latach 1921—1924. S. 145.
38 Iwanow M. Pierwszy narod ukarany. Polacy w Zwiazku Radzieckim. 1921—1939. W-wa; Wroclaw, 1991. S. 248.
39 НА РБ. Ф. 3, спр. 8, л. 3.
40 НА РБ. Ф. 3, спр. 8, л. 21.
41 НА РБ. Ф. 15, воп. 1, спр. 10, л. 98.
42 НА РБ. Ф. 3, спр. 25, л. 175.
43 НА РБ. Ф. 15, воп. 1, спр. 32, л. 3.
44 НА РБ. Ф. 3, спр. 25, л. 265; ф. 15, воп. 1, спр. 32, л. 94а.
45 Бягучы архіў МЗС РБ. Спр. 32, л. 126.
46 НА РБ. Ф. 15, воп. 1, спр. 122, л. 42.
47 Proces ksiezy w Minsku. Minsk, 1922. S. 7.
48 НА РБ. Ф. 6, воп. 1, спр. 192, л. 162; ф. 15, воп. 1, спр. 10, л. 120.
49 НА РБ. Ф. 15, воп. 1, спр. 35, л. 7.
50 НА РБ. Ф. 3, спр. 26, лл. 13—31.
51 НА РБ. Ф. 15, воп. 1, спр. 32, л. 118.
52 НА РБ. Ф. 3, спр. 26, л. 28.
53 НА РБ. Ф. 3, спр. 26, л. 76.
54 Materski W. Op. cit. S. 123.
55 Бягучы архіў МЗС РБ. Спр. 35, л. 26.
56 Dokumenty z dziejow polskiej polityki zagranicznej. 1918—1939 / Pod red. naukowa T. Jedruszczaka i M. Nowak-Kielbikowej. W-wa., 1989. T. I. (1918—1932). S. 234—239.
57 Документы и материалы по истории советско-польских отношений. М., 1966. Т. 4 (апрель 1921—май 1926). С. 230—233.
58 НА РБ. Ф. 3, спр. 30, лл. 16—17.
59 Бягучы архіў МЗС РБ. Спр. 32, л. 136—139.
60 Там жа. Спр. 32, л. 164—165.
61 Звезда. 1923. 29 июля. С. 3.
62 НА РБ. Ф. 6, воп. 1, спр. 192. л. 155.
63 Historia Dyplomacji polskiej. T. IV. S. 227.
64 Знешняя палітыка Беларусі: Зборнік дакументаў і матэрыялаў. Мн., 1999. Т. 2 (1923—1927 гг.). C. 51—53.
65 Там жа. С. 55—56.
66 Там жа. С. 56—57.
67 Tommasini F. Odrodzenie Polski. W-wa, 1928. S. 153—154.
68 Документы внешней политики СССР. Т. VI. С. 542.
69 Знешняя палітыка Беларусі: Зборнік дакументаў і матэрыялаў. Т. 2. С. 77.
70 Там жа. С. 96—97.
71 Там жа. С. 105—106.
72 Materski W. Op. cit. S. 166.
73 Документы и материалы по истории советско-польских отношений. М., 1967. Т. 6 (1933—1938). С. 232.
74 Дашкевич В. Польско-советские отношения. 1921—1932 гг. // Очерки истории советско-польских отношений. 1917—1977. М., 1979. С. 110.