Белорусский журнал международного права и международных отношений 2003 — № 1


международные отношения

САВЕЦКА-ПОЛЬСКАЯ МЯЖА ЯК ФАКТАР САЦЫЯЛЬНА-ЭКАНАМIЧНАГА I ПАЛIТЫЧНАГА РАЗВIЦЦЯ БЕЛАРУСКIХ ЗЕМЛЯЎ У 1921-1939 гг.

Валерый Цынкевiч

Цынкевiч Валерый Мiхайлавiч — аспiрант кафедры мiжнародных адносiн факультэта мiжнародных адносiн Беларускага дзяржаўнага унiверсiтэта

Савецка-польская мяжа, у прыватнасцi на яе беларускiм адрэзку, мела дзве вызначальныя асаблiвасцi — яна дзялiла сабою адзiны народ i праходзiла там, дзе дагэтуль мяжы нiколi не было. Акрамя таго, яна раздзяляла краiны з рознымi палiтычнымi i сацыяльна-эканамiчнымi сiстэмамi, якiя яшчэ нядаўна ваявалi памiж сабой, i варожасць цi насцярожанасць ва ўзаемаадносiнах працягвалася ўвесь разглядаемы перыяд.

Для правядзення мяжы на мясцовасцi (дэлiмiтацыя i дэмаркацыя) была створана расiйска-ўкраiнска-польская змешаная пагранiчная камiсiя з цэнтральнай сядзiбай у Мiнску. У складзе камiсii не было прадстаўнiкоў БССР, што неаднойчы выклiкала непаразуменнi з мясцовымi беларускiмi ўладамi з-за адсутнасцi каардынацыi ў дзеяннях, улiку iнтарэсаў мясцовага жыхарства пры правядзеннi размежавання. Наркамат замежных спраў БССР з вясны 1921 г. дамагаўся ўключэння ў склад камiсii беларускiх прадстаўнiкоў. 10 мая 1921 г. НКЗС РСФСР у тэлеграме на iмя А.Чарвякова адмовiў у задавальненнi гэтай просьбы на той падставе, што "пагранiчная камiсiя не мае да Беларусi нiякiх адносiн акрамя непасрэднай задачы правядзення гранiцы"1 . Усё ж беларускiя ўлады дамаглiся спачатку перайменавання камiсii 10 кастрычнiка 1921 г. у расiйска-ўкраiнска-беларуска-польскую2, а пасля i большага ўлiку iнтарэсаў мясцовых улад пры правядзеннi мяжы. Праца камiсii скончылася, у асноўным, 24 лiстапада 1922 г. (камунiкат аб заканчэннi асноўнай фазы працы), а фармальна — у лiпенi 1925 г., з падпiсаннем у Маскве пратакола аб канчатковым размежаваннi савецка-польскай гранiцы.

Непасрэдным вынiкам размежавання стала страта мясцовым насельнiцтвам значнай часткi зямлi i пабудоў, якiя засталiся за мяжой. 31 мая 1923 г. беларускi пасольскi клуб польскага сейма ўнёс тэрмiновую прапанову прыняць заканадаўчы акт аб надзяленнi зямлёй тых, хто яе страцiў у вынiку дэлiмiтацыi, за кошт падлягаючых парцэляцыi маёнткаў i пустуючых участкаў. Прапанова была адхiлена3 . Толькi некалькi год праiснавала i сiстэма пропуску пагранiчнага насельнiцтва ў спрошчаным парадку.

Прыгранiчныя раёны заўсёды з'яўляюцца своеасаблiвымi. Пры нармальных мiждзяржаўных узаемаадносiнах мяжа стымулюе развiццё гандлю, прыгранiчнай iнфраструктуры, але адначасова уводзяцца пэўныя абмежаваннi ў перамяшчэннi насельнiцтва, грузаў (т. зв. пагранiчны рэжым).

Што ж прынесла Беларусi мяжа, якiя падзялiла яе землi ў 1921 г. у Непасрэднымi вынiкамi размежавання былi наступныя з'явы.

Разрыў эканамiчных сувязяў мiж рэгiёнамi Беларусi, што прывяло да заняпаду асобных галiн вытворчасцi, асаблiва ў Заходняй Беларусi, пераарыентацыi на новыя рынкi сбыту. З-за адсутнасцi расiйскага рынку i канкурэнцыi з польскiмi вытворцамi прыйшлi ў заняпад многiя прадпрыемствы металаапрацоўчай прамысловасцi, гарбарнай (у Смаргонi, Вiлейцы, iншых гарадах) i па перапрацоўцы прадукцыi сельскай гаспадаркi.

Былi перарэзаны i транспартныя шляхi. Нягледзячы на тое, што, паводле артыкула 331 Версальскага дагавора, Нёман прызнаваўся мiжнароднай ракой ад г. Гродна да вусця5, з-за польска-лiтоўскiх супярэчнасцяў i цяжкасцяў з перасячэннем польска-савецкай мяжы рух па iм быў спынены, што перарвала i сплаў па рацэ драўнiны з БССР. Нягледзячы на неаднаразовыя намаганнi Лiгi Нацый, НКЗС СССР (а да яго стварэння — БССР i РСФСР) пытанне так i не было вырашана. Пасажырскi чыгуначны рух адбываўся ў пачатку 1920-х гг. толькi па лiнii Стоўпцы — Негарэлае (часовая ўмова 26 лiстапада 1921 г.), з 1924 г. быў адкрыты таксама рух праз станцыю Радашковiчы. У 1927 г. на ўсёй польска-савецкай мяжы iснавала толькi 16 дарожных пагранiчных пераходаў. Рух па многiх шасейных дарогах у разглядаемы перыяд быў цалкам спынены.

У пэўнай ступенi станоўчай мерай было будаўнiцтва стратэгiчных пад'яздных дарог — шасейных у СССР, шасейных i чыгункi Варапаева — Друя ў Заходняй Беларусi.

Усталяванне для значных тэрыторый як БССР, так i Заходняй Беларусi пагранiчнага рэжыму з абмежаваннем перамяшчэння асоб.

З польскага боку адносна надзейная ахова мяжы была наладжана толькi са стварэннем у жнiўнi 1924 г. Корпуса аховы пагранiчча (польская абрэвiятура — KOP) як асобнай структуры спецыяльна для гранiцы з СССР i Лiтвой, падпарадкаванай паралельна МУС Польшчы i Мiнiстэрству вайсковых спраў. Першыя аддзелы Корпуса былi разгорнуты ў лiстападзе 1924 г.6 Толькi ў перыяд з 1 лiстапада 1924 па 1 студзеня 1925 г. сiламi КОР было спынена 18 спроб узброеных банд перайсцi з СССР у Польшчу, 14 — з Польшчы ў СССР, захоплены 3 савецкiя салдаты, якiя парушылi мяжу, 73 асобы, якiя нелегальна перайшлi на тэрыторыю Польшчы i 349 кантрабандыстаў7. Паводле распараджэння прэзiдэнта Польшчы ад 23 снежня 1927 г. усталёўвалiся прыгранiчная сфера ад 2 да 6 км, куды патрабавалiся спецыяльныя дазволы на ўезд, i пагранiчная зона ў 30 км шырынёй, дзе ўводзiлiся абмежаваннi на знаходжанне iншаземцаў, асоб, пакараных у адмiнiстрацыйным цi судовым парадку. У 1936—1937 гг. былi ўведзены больш жорсткiя правiлы — рэгiстрацыя цягам 24 гадзiны ўсiх нетутэйшых, забарона начнога руху без дазволу, набыццё нерухомасцi толькi з дазволу ваяводы8.

З савецкага боку на працягу 1921—1922 гг. былi створаны пагранiчныя войскi, падпарадкаваныя ДПУ РСФСР (пасля — АДПУ СССР), падзеленыя на 7 акруг. На тэрыторыi БССР iснавала Заходняя акруга. З 25 лютага 1924 г. пачалася iх рэарганiзацыя, у вынiку якой да 1926 г. была сфармiравана стройная сiстэма аховы гранiцы пад кiраўнiцтвам Галоўнага ўпраўлення пагранiчнай аховы i войск АДПУ9. Паводле Палажэння аб ахове гранiц СССР, зацверджанага пастановай ЦВК СССР ад 7 лiстапада 1923 г., было створана 6 пагранiчных палос з асобнымi рэжымамi перамяшчэння глыбiнёй ад 4 м да 22 км. Заходняя (пасля — Беларуская) акруга была найбольш забяспечанай у матэрыяльна-тэхнiчным плане, а савецка-польская мяжа — найбольш ахоўваемым участкам. Менавiта тут у 1932 г. была ўпершыню ўведзена кантрольна-следчая паласа10, у 1934 г. створаны адзiн з першых авiяатрадаў, а ў 1936 г. пачалося будаўнiцтва назiральных вышак.

Памiж СССР i Польшчай быў заключаны шэраг дагавораў, якiя рэгламентавалi не толькi ўрэгуляванне пагранiчных спрэчак, але i пагранiчны рух, сплаў драўнiны па пагранiчных водных шляхах, прававыя адносiны на гранiцы — ад ачысткi пагранiчнай паласы i будаўнiцтва пагранiчных стаўбоў i капцоў да аховы бабровых хатак (гл. Пагадненне СССР i Польскай Рэспублiкi аб прававых адносiнах на дзяржаўнай гранiцы ад 10 красавiка 1932 г.).

Узмоцненыя рэпрэсii ў пагранiчных раёнах i чысткi ад "нядобранадзейных элементаў".

На тэрыторыi Польшчы з пагранiчнай паласы высялялiся непажаданыя асобы, у т. л. дзеячы беларускага руху (у канцы 1938 г. выселены былыя настаўнiкi Навагрудскай беларускай гiмназii А. Орша i М. Чатырка)11, камунiсты i iм спачуваючыя. Зямля з парцэляваных маёнткаў перадавалася асаднiкам-палякам.

Значна больш жорсткiя меры былi прыняты з савецкага боку. Яшчэ ў 1923 г. кiраўнiцтва ДПУ прапанавала Палiтбюро ЦК РКП(б) выселiць "непажаданыя элементы", у першую чаргу палякаў, лiтоўцаў, латышоў, з паласы на глыбiню 150 вёрст ад гранiцы. Але тады абмежавалiся высылкай толькi крымiнальных i яўна контррэвалюцыйных элементаў12. У сакавiку 1926 г. АДПУ былi праведзены масавыя арышты кантрабандыстаў у прыгранiчных раёнах. Масавыя рэпрэсii 1930-х гг. часта абгрунтоўвалiся неабходнасцю бяспекi ў пагранiчных раёнах. Былi ўведзены жорсткiя пакараннi за пераход мяжы. Многiя перабежчыкi з Заходняй Беларусi арыштоўвалiся як шпiёны i атрымлiвалi пакараннi ў 8—25 год папраўчых работ у лагерах цi смяротнае пакаранне13. 11 жнiўня 1937 г. быў выдадзены аператыўны загад НКУС СССР № 00485, якi паклаў пачатак шырокiм рэпрэсiям супраць палякаў, латышоў, прадстаўнiкоў iншых нацыянальнасцяў, якiя мелi незалежныя дзяржаўныя ўтварэннi. У адпаведнасцi з загадам прайшлi арышты перабежчыкаў з Польшчы, палiтэмiгрантаў, асоб, раней судзiмых за кантрабанду, уяўных польскiх шпiёнаў i сябраў Польскай вайсковай арганiзацыi14. Згодна з рашэннем Палiтбюро ЦК ВКП(б) з пагранiчных раёнаў БССР прызначалася выселiць 3—3,5 тыс. крымiнальных i контррэвалюцыйных элементаў15 . Паводле спецыяльных пастаноў ЦК КПБ ад 4 i 5 лiпеня 1935 г. з пагранпаласы выселена 9877 "антысавецкiх элементаў". Па пастанове ад 14 кастрычника 1935 г. на iх месца пераселена 200 сямей калгаснiкаў з усходнiх раёнаў БССР16. У канцы 1937—1938 г. з пагранiчных раёнаў БССР выселена яшчэ 12 000 чалавек.

Росквiт, асаблiва ў першай палове 1920-х гг., кантрабанды i бандытызму ў прыгранiчных раёнах.

Адсутнасць эфектыўнай пагранiчнай i мытнай варты ў 1921—1922 гг., татальны дэфiцыт у савецкiх рэспублiках, недахопы тарыфна-мытнай палiтыкi (калi кошт 1 кг сахарына ў Польшчы быў 4—5 руб., у пагранiчнай паласе БССР — 12—15, а ў Мiнску — 20 руб.) спарадзiлi магутную хвалю кантрабанднага гандлю. Толькi ў пачатку 1922 г. ва Упраўленнi ўпаўнаважанага Наркамата знешняга гандлю РСФСР пры СНК БССР быў створаны мытны аддзел, 13 студзеня 1922 г. — мiнская мытня, а ў маi 1922 г. арганiзавана Заходняя мытная акруга, у склад якой, пасля расфармiравання ў лiпенi 1923 г. Паўночна-Заходняй акругi, увайшлi ўсе мытнi на тэрыторыi БССР. За першае паўгоддзе 1922 г. Заходняя мытная акруга дала 86,6 % затрыманняў кантрабанды па ўсiх савецкiх рэспублiках17. За кантрабанду ў 1922 г. было затрымана 7130 чалавек, у 1923 г. — 12 083, за 10 месяцаў 1924 г. — 8581, а з кастрычнiка 1924 па кастрычнiк 1925 г. — 7128 чалавек18. Па ацэнках самiх мытнiкаў, яны затрымлiвалi толькi каля 5 % кантрабандыстаў. Да сярэдзiны 1920-х гг. беларуска-польская мяжа была на першым месцы па ўвозе кантрабанды. Везлi, перш за ўсё, вырабленыя скуры, сахарын, фарбы, швейныя iголкi, гузiкi, вырабы з шоўку, вывозiлi i выносiлi каштоўныя камянi, золата, пушнiну i шчацiнне19. Больш за 50 % затрыманых былi сялянамi з пагранiчных вёсак, якiя правозiлi кантрабанду ў бочках са смалой з подвойным дном, бутэлькi спiрта завязанымi вакол пояса, гадзiннiкi ў выдзеўбаных паленах. Жанчыны, апранутыя ў лахманы, вярталiся з Польшчы групамi па 20—30 чалавек у шоўкавым адзеннi, якое адразу ж перадавалi перакупшчыкам. Вулiца Нямiга ў Мiнску стала цэнтрам гандлю кантрабандным таварам, вядомым ва ўсiм СССР.

Перамагчы ў барацьбе з кантрабандай здолелi толькi ў сярэдзiне 1920-х гг. З савецкага боку была створана моцная мытная служба. 12 сакавiка 1923 г. арганiзавана Беларуская раённая камiсiя па барацьбе з кантрабандай. Уведзены жорсткiя карныя меры — паводле пастановы СНК РСФСР "Аб мытнай ахове", пацверджанай пастановай СНК БССР ад 10 лiстапада 1922 г., простая кантрабанда каралася канфiскацыяй груза i штрафам у 5-кратным памеры ад яго кошту, паўторная — высылкай на адлегласць не менш 50 км ад мяжы, а квалiфiкаваная (прафесiйная) — да 1 года турмы. Пасля былi прыняты яшчэ больш жорсткiя меры. У 1923 г. у Мiнску былi выкрыты дзве злачынныя групоўкi, якiя займалiся незаконным клеймаваннем кантрабанднага тавару. iх завадатары былi расстраляны. Упраўленне ўпаўнаважанага НКЗГ сваiмi закупкамi тавараў на гранiцы i продажам на рынках БССР i РСФСР збiвала цэны i рабiла кантрабанду менш выгаднай, да таго ж у 1921—1923 гг. разгарнуўся вялiкi па памерах легальны гандаль на пагранiчных пераходах20. Вышэйпералiчаныя меры прывялi да скарачэння спраў па кантрабандзе ў судах БССР з 670 у 1925 г. да 476 у 1926 г.21 У першай палове 1930-х гг. кантрабанда была зведзена амаль да нуля.

Трэба адзначыць, што акрамя адмоўнай, кантрабанда адыграла i пазытыўную ролю — яна дала заробак сотням сялян у цяжкi час пераходу да нэпу i дапамагла з меншымi стратамi, паступова, пераарыентавацца з усходняга на новыя рынкi невялiкiм прадпрыемствам Заходняй Беларусi.

Значныя перамяшчэннi бежанцаў, ваеннапалонных у першай палове 1920-х гг., якiя прынеслi вялiзную нагрузку гаспадарцы БССР i Заходняй Беларусi, распаўсюджванне заразных хваробаў.

Масавы абмен ваеннапалоннымi памiж Польшчай i савецкiмi рэспублiкамi пачаўся з сакавiка 1921 г., а бежанцамi — з красавiка. Для абмену ваеннапалоннымi i бежанцамi былi вызначаны толькi 2 пераходы — па лiнii Роўна — Шапятоўка i Мiнск — Баранавiчы. У канцы мая 1921 г. у Мiнску скапiлася каля 20 000 бежанцаў, якiя начавалi проста на чыгуначных пуцях. Сталi распаўсюджвацца хваробы. У лiпенi 1921 г. у Мiнску пачало працаваць аддзяленне змешанай рэпатрыяцыйнай камiсii па Заходняй вобласцi i БССР, якое праводзiла рэгiстрацыю бежанцаў непасрэдна ў БССР22. З сакавiка 1921 г. па верасень 1922 г. толькi ў Мiнску было зарэгiстравана каля 160 000 бежанцаў, а агульная колькасць адпраўленых за гэты час праз станцыю Негарэлае склала больш за 320 000 чалавек23. Рэгiстрацыя бежанцаў у БССР працягвалася да 20 жнiўня 1923 г.24 Аддзяленне рэпатрыяцыйнай камiсii ў Мiнску было ператворана ў консульства Польскай Рэспублiкi (з 1926 г. — Генеральнае консульства), якое праiснавала да канца 1930-х гг.

1 Бягучы архiў Мiнiстэрства замежных спраў Рэспублiкi Беларусь (далей — Бягучы архiў МЗС РБ), фонд НКЗС БССР, папка 2, л. 38.
2 Там жа. Папка 4, л. 114.
3 Новае жыцьцё. 1923. 31 сакавiка. С. 2.
4 Фришман В. Промышленность Западной Белоруссии. Мн., 1934. С. 18.
5 Budecki Z. Stosunki polsko-litewskie po wojnie swiatowej. 1918—1928. Warszawa, 1928. S. 74.
6 Dominiczak H. Granica wschodnia Rzeczypospolitej Polskiej w latach 1919—1939. Warszawa, 1992. S. 117.
7 Беларуская доля. 1925. 11 студзеня. С. 3.
8 Dominiczak H. Op. cit. S. 235.
9 Борьба на границе. 1917—1928 (Из истории пограничных войск СССР). М., 1980. С. 158.
10 На страже границ Отечества: История пограничной службы: Краткий очерк. М., 1998. С. 352.
11 Шлях моладзi. 1939. № 1. С. 6.
12 На страже границ Отечества: История пограничной службы: Краткий очерк. С. 324.
13 Gorelik J. Kuropaty. Polski slad. Warszawa, 1996. S. 76.
14 Канвэер сьмерцi. Мн., 1997. С. 84.
15 На страже границ Отечества: История пограничной службы: Краткий очерк. С. 363.
16 Процька Т. Вынiшчэнне сялянства. Мн., 1998. С. 93.
17 Нацыянальны архiў Рэспублiкi Беларусь (далей — НА РБ), ф. 6. воп. 1, спр. 203, л. 47.
18 НА РБ, ф. 147, воп. 1, спр. 25, л. 28.
19 Внешняя торговля по европейской границе (Статистический обзор). 1924. Вып. 12. С. 151.
20 Экономические отношения Советской России с будущими союзными республиками. 1917—1922. Документы и материалы. М., 1996. С. 229—231.
21 Весьцi Народнага камiсарыяту юстыцыi БССР. 1927. № 6-7. С. 14.
22 Бягучы архiў МЗС РБ, фонд НКЗС БССР, папка 4, л. 73.
23 НА РБ, ф. 6, воп. 1, спр. 103, л. 145.
24 Звезда. 1923. 26 июля. С. 2.


Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter

Сообщество

  • (029) 3222740
  • Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
© 2025 Международное общественное объединение «Развитие». All Rights Reserved.