Белорусский журнал международного права и международных отношений 2003 — № 1
международные отношения
ПРЫЧЫНЫ АБВЯШЧЭННЯ ЛIТОЎСКА-БЕЛАРУСКАЙ ССР У ЛЮТЫМ 1919 г. (ГIСТАРЫЯГРАФIЯ ПРАБЛЕМЫ)
Малыхiна Людмiла Юр'еўна — старшы выкладчык кафедры сацыяльна-палiтычных i гiстарычных навук Брэстскага дзяржаўнага тэхнiчнага унiверсiтэта, аспiрантка гiстарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага унiверсiтэта
Што тычыцца прычын аб'яднання Беларускай ССР i Лiтоўскай ССР у адзiную дзяржаву, то адносна iх даследчыкi да апошняга часу ў галоўным былi i застаюцца амаль што аднадушнымi. i гэта тлумачыцца перш за ўсё тым, што прычыны такога кроку былi афiцыйна сфармуляваны ў пастановах i рашэннях ЦК РКП(б), выступленнях старшынi Усерасiйскага ЦВК Я. М. Свярдлова i прадстаўнiка ЦК РКП(б) у Беларусi А. А. iофе, якiя затым з рознай ступенню iмправiзацыi паўтаралiся ў рашэннях ЦБ КП(б)Б, Першага Усебеларускага з'езда Саветаў, Першага з'езда Саветаў Лiтвы, выступленнях i прамовах у студзенi—лютым 1919 г. старшынi ўрада Савецкай Лiтвы В. С. Мiцкявiчуса-Капсукаса, сакратара ЦБ КП(б)Б В. Г. Кнорына i iншых партыйных кiраўнiкоў.
Першай галоўнай прычынай аб'яднання ЛiтССР i БССР пры яго абвяшчэннi называлася неабходнасць умацавання абараназдольнасцi рэспублiк ва ўмовах навiсшай пагрозы вайны з Польшчай, а таксама аб'яднання намаганняў у барацьбе "з унутранай буржуазна-нацыяналiстычнай контррэвалюцыяй", за ўстанаўленне савецкай улады i абарону заваёў сацыялiстычнай рэвалюцыi. Пры гэтым акцэнт рабiўся на неабходнасцi стварэння "буфера" супраць iмперыялiстаў Антанты, "фарпоста пралетарскай рэвалюцыi на заходняй гранiцы Расii, якi быў прызваны перагарадзiць шлях iмперыялiстычным драпежнiкам у цэнтр рэвалюцыi — Савецкую Расiю" [1].
Калi прымалася рашэнне, быццам бы ўлiчвалася i агульнасць гiстарычнага мiнулага, эканамiчных умоў i iнтарэсаў абедзвюх рэспублiк, iх геаграфiчнага палажэння, аб чым гаварылася ў пастанове прэзiдыўма Усерасiйскага ЦВК аб прызнаннi незалежнасцi БССР, прынятай 31 студзеня 1919 г. [2] На пашыраным пасяджэннi ЦБ КП(б)Б 2 лютага 1919 г. старшыня Усерасiйскага ЦВК Я. М. Свярдлоў адзначыў, што "матывам утварэння адзiнай Беларуска-Лiтоўскай Рэспублiкi з'яўляецца iмкненне ЦК засцерагчы гэтыя рэспублiкi ад магчымасцi праяўлення ў iх нацыянальна-шавiнiстычных намераў" [3]. У рашэннях Першага з'езда Саветаў Лiтвы аб прычынах аб'яднання суседнiх рэспублiк гаварылася наступнае: "Жыва адчуваючы сваю непарыўную сувязь з усiмi савецкiмi сацыялiстычнымi рэспублiкамi, з'езд бачыць у злiццi Савецкай Лiтвы i Савецкай Беларусi толькi першы крок на шляху аб'яднання ўсiх сацыялiстычных рэспублiк у адзiны дзяржаўны арганiзм i даручае рабоча-сялянскаму ўраду Сацыялiстычнай Савецкай Рэспублiкi Лiтвы i Беларусi неадкладна ж уступiць у перагаворы з рабоча-сялянскiмi ўрадамi Расiйскай Сацыялiстычнай Федэратыўнай Савецкай Рэспублiкi, Латвii, Украiны i Эстляндыi на прадмет утварэння з усiх гэтых рэспублiк адзiнай Федэратыўнай Сацыялiстычнай Савецкай Рэспублiкi" [4].
Мы прывялi галоўныя матывы i меркаваннi, якiмi прадстаўнiкi ЦК РКП(б) i Усерасiйскага ЦВК афiцыйна тлумачылi неабходнасць аб'яднання Беларусi i Лiтвы напярэдаднi яго абвяшчэння.
Вядома, што савецкiя даследчыкi, якiя асвятлялi гiсторыю з так званых марксiсцка-ленiнска-сталiнскiх прынцыпаў i пазiцый Камунiстычнай партыi, не маглi крытыкаваць рашэннi высокiх партыйных iнстанцый, а толькi апраўдвалi iх мэтазгоднасць i справядлiвасць i каменцiравалi з той цi iншай доляю апалагетыкi. Больш таго, навукоўцы абавязкова падкрэслiвалi, што савецкi ўрад i бальшавiцкая партыя "паслядоўна праводзiлi мудрую ленiнскую нацыянальную палiтыку" ў iнтарэсах вызваленых народаў. Нярэдка такiя адвольныя каментарыi межавалi з даследчыцкiмi фантазiямi.
Так, пазней у лiтаратуры падкрэслiвалася, што аб'яднанне "адбылося на аснове такiх непарушных прынцыпаў ленiнскай нацыянальнай палiтыкi Камунiстычнай партыi, як добраахвотнасць злiцця i поўнае равенства аб'яднаўшыхся народаў". Сцвярджалася, што iнiцыятыва ЦК РКП(б) аб уз'яднаннi "была цалкам падтрымана як бальшавiцкiмi арганiзацыямi, так i шырокiмi працоўнымi масамi" [5], што "рэкамендацыi ЦК РКП(б) аб стварэннi Лiтоўска-Беларускай ССР былi пастаўлены ў Лiтве i Беларусi на шырокi народны рэферэндум". Быццам бы "ў гарадах i вёсках адбылiся сходы i мiтынгi працоўных, на якiх абмяркоўвалася пытанне аб аб'яднаннi Беларусi i Лiтвы ў адзiную Лiтоўска-Беларускую ССР: Абвяшчэнне Лiтоўска-Беларускай ССР з'явiлася важным крокам на шляху да добраахвотнага аб'яднання незалежных савецкiх сацыялiстычных рэспублiк у адзiную дзяржаву — СССР", як гэта пiсаў М. Л. iваноў [6]. Яно адпавядала "карэнным iнтарэсам лiтоўскага i беларускага народаў, цесна звязаных памiж сабою агульнасцю гiстарычнага шляху" [7].
У сваёй грунтоўнай манаграфii па гiсторыi Лiтоўска-Беларускай ССР Я. Н. Шкляр з пафасам пiсала аб тым, што яе ўтварэнне мела важнае значэнне нават "для ўмацавання рэвалюцыйнага руху ў Польшчы, перамогi там дыктатуры пралетарыята". Лiтоўска-Беларуская рэспублiка, на думку аўтара, дапамагла распаўсюджванню вопыта сацыялiстычнага будаўнiцтва на Захадзе [8].
Аналагiчныя думкi i ацэнкi выказвалi i лiтоўскiя гiсторыкi. Так, Б. Ю. Вайткявiчус, адзначаючы аграмаднае значэнне аб'яднання Лiтвы i Беларусi, падкрэслiваў, што "яно з'яўлялася пацвярджэннем правiльнасцi нацыянальнай палiтыкi Камунiстычнай партыi" [9].
Гэтыя галоўныя тэзiсы, якiя тлумачылi прычыны абвяшчэння Лiтоўска-Беларускай ССР, з некаторымi варыяцыямi i не прынцыповымi дапаўненнямi былi замацаваны ў савецкай гiстарыяграфii 20-80-х гг. ХХ ст. I толькi з пачатку 90-х гг. ацэнкi Лiтбела, яго месца i ролi ў гiсторыi нацыянальна-дзяржаўнага будаўнiцтва пачалi рэзка мяняцца на супрацьлеглыя.
Сучасныя ўмовы i стан развiцця айчыннай навукi дазваляюць даследчыкам свабодна, без iдэалагiчных i палiтычных зададзенасцей паглядзець на прычыны i матывы аб'яднання дзвюх суседнiх савецкiх рэспублiк у лютым 1919 г. Гiсторыкi адмаўляюцца ад абсалютызаваных вывадаў i ацэнак, iдэалагiчных клiшэ i штампаў, якiя раней замацавалiся ў навуцы. Паспрабуем i мы ў гiстарыяграфiчным аспекце паразважаць над прычынамi абвяшчэння Лiтоўска-Беларускай ССР. Пры гэтым адзначым, што з паступовым развiццём гiстарычнай навукi i назапашваннем ёю новых фактаў надуманасць i неадпаведнасць рэчаiснасцi многiх тлумачэнняў прычын аб'яднання Беларусi i Лiтвы станавiлiся ўсё больш спрэчнымi i цяпер увогуле з'яўляюцца вiдавочнымi.
Разгледзiм iх па парадку. i пачнем з тэзiса аб тым, што галоўнай прычынай аб'яднання дзвюх рэспублiк з'яўлялася жорсткая неабходнасць умацавання iх абараназдольнасцi з тым, каб вытрымаць узброенае наступленне Польшчы, спынiць яе агрэсiю супраць Савецкай Расii.
Тэзiс аб тым, што аб'яднанне дзвюх савецкiх рэспублiк па прапанове ЦК РКП(б) выклiкалася ваенна-абарончымi меркаваннямi, не вытрымлiвае крытыкi з навуковага пункту гледжання.
Па-першае. Нi Беларуская ССР, нi Лiтоўская Савецкая Рэспублiка не мелi сваiх узброеных сiл i ваенна-стратэгiчных рэсурсаў. Тыя нешматлiкiя вайсковыя фармiраваннi, што знаходзiлiся на iх тэрыторыях пасля адыходу кайзераўскiх акупантаў i ўступлення Чырвонай Армii, падпарадкоўвалiся яе галоўнакамандаванню. Камандуючыя Заходнiм фронтам, створаным у сярэдзiне лютага 1919 г., прызначалiся вышэйшым партыйна-савецкiм i ваенным кiраўнiцтвам РСФСР i былi адказныя перад iм. Ваенны камiсарыят Лiтоўска-Беларускай ССР не з'яўляўся кiруючым органам абароны. На гэта, дарэчы, звяртаў увагу яшчэ В. Г. Кнорын у артыкуле "Восемь месяцев Советской Белоруссии", надрукаваным у вераснi-кастрычнiку 1919 г. у газеце "Звезда". Тады ён пiсаў аб тым, што ваенны камiсарыят Лiтбела, "не з'яўляючыся органам, якi распараджаўся ваеннымi сiламi на фронце, не мог узяць на сябе адказнасцi за ход абароны, а потым за цяжкую катастрофу пад Вiльняй, якая выявiла ўсе слабыя бакi нашай ваеннай арганiзацыi" [10].
Па-другое. Колькасць штыкоў i шашак на савецкiм Заходнiм фронце была, па сутнасцi, сiмвалiчнай. Па даным, якiя прывёў Б. Вайткявiчус у сваёй манаграфii "Сацыялiстычная рэвалюцыя ў Лiтве 1918-1919 гг.", суадносiны ўзброеных сiл на Заходнiм фронце (у Лiтбеле) былi наступнымi: штыкоў 5:1, шашак 14:1 на карысць польскiх легiянераў [11]. У дакладзе галоўнага камандавання ў Рэўваенсавет РСФСР аб становiшчы на Заходнiм фронце на сярэдзiну чэрвеня 1919 г. паведамлялася наступнае: "Суадносiны сiл нашых i працiўнiка на гэтым участку цяперашняга Заходняга фронту былi, увогуле, не на нашу карысць. Усяго на гэтым фронце мы мелi каля 90 тыс. штыкоў i шашак пры 1941 кулямётах i 677 пушках супраць 273 тыс. штыкоў i шашак, каля 2400 кулямётаў i каля 750 пушак у працiўнiка" [12]. На тэрыторыi Лiтбела ў чэрвенi 1919 г. налiчвалася ўсяго 17 450 чырвонаармейцаў (пяхоты i коннiцы), а ў польскiм войску — 96 150 легiянераў [13].
Яшчэ горшым было матэрыяльна-бытавое забеспячэнне савецкiх войск, якiя знаходзiлiся на Заходнiм фронце. Так, на 1 лютага 1919 г. у войсках фронту запасаў прадуктаў было: мукi — на тры днi, мяса i рыбы — на пяць, гароднiны — на шэсць дзён. Яно не палепшылася i ў будучым. 18 лiпеня 1919 г. Савет Абароны Лiтоўска-Беларускай ССР накiраваў старшынi СНК РСФСР У. i. Ленiну тэлеграму наступнага зместу: "Цяперашняе становiшча на фронце з прадуктамi вельмi дрэннае. На базах нi фунта хлеба. У часцях — таксама" [14].
Такое нiкуды не вартае забеспячэнне войск Заходняга фронту ўплывала на яго баяздольнасць i маральна-баявы дух. Прадстаўнiк ЦК РКП(б) у Беларусi А. А. iофе 28 студзеня 1919 г. у лiсце Я. М. Свярдлову даводзiў: ":Нашы войскi, якiя тут знаходзяцца, па агульнай ацэнцы, нi чорту не вартыя, часткаю выклiкаюць боязь, што пабягуць пры першым выстрале", iншыя "настолькi разбэшчаныя, што грабяць мясцовае насельнiцтва горш за татар" [15].
Увогуле ўзброеныя сiлы Чырвонай Армii, якiя знаходзiлiся на тэрыторыi Беларусi i Лiтвы, значна ўступалi войскам Польшчы. i гэты факт прызнаюць як беларускiя, так i лiтоўскiя гiсторыкi [16].
Але справа была не толькi ва ўзброеных сiлах. Сам урад Лiтбела, як адзначаў у свой час М. i. Кулiчэнка, утрымлiваўся на грошы Масквы. У адным з дакументаў Наркамата фiнансаў Лiтоўска-Беларускай рэспублiкi гаварылася, што з часу яго ўтварэння i да захопу палякамi Вiльнi 21 красавiка 1919 г. ён атрымаў з РСФСР 200 млн рублёў, не ўлiчваючы сумаў, якiя атрымалi асобныя камiсарыяты на спецыяльныя патрэбы. Бюджэт ССР ЛiБ зацвярджаўся СНК РСФСР, фiнансаванне рэспублiкi ажыццяўляла Савецкая Расiя [17].
Далей. Кiраўнiцтва РСФСР добра валодала становiшчам на франтах грамадзянскай вайны i замежнай iнтэрвенцыi. i ў 1919 г. галоўныя сiлы Чырвонай Армii былi сканцэнтраваны на Усходнiм i Паўднёвым франтах, на якiх вырашаўся лёс Савецкай рэспублiкi i бальшавiцкай улады. У тых умовах Савецкая Расiя не змагла аказаць больш-менш iстотную ваенную дапамогу Лiтоўска-Беларускай ССР. Ратаваць становiшча трэба было, як бачым, iншымi сродкамi. i размова ж iшла, зразумела, не аб iнтарэсах БССР i Лiтоўскай ССР, якiя з'явiлiся на палiтычнай карце Еўропы па загаду з Крамля. Уся стратэгiя i тактыка кiраўнiцтва РСФСР была падпарадкавана адной-адзiнай мэце — усiмi сродкамi выратаваць i захаваць сваю бальшавiцкую ўладу. Гэта абумовiла i розныя дыпламатычныя, знешнепалiтычныя, нацыянальна-дзяржаўныя i iншыя манiпуляцыi. Адсюль, хутчэй за ўсё, i ўзнiкла iдэя стварэння выратавальнага "буфера" — аб'яднанай штучнай дзяржавы ў выглядзе Лiтоўска-Беларускай ССР [18]. Але для iншых мэтаў, таму што для ўмацавання абараназдольнасцi рэспублiк, як бачым, не было чаго аб'ядноўваць.
Больш таго, не можа не ўзнiкнуць лагiчнае пытанне: калi на самай справе размова iшла аб сапраўдным умацаваннi абараназдольнасцi савецкiх рэспублiк на Захадзе Савецкай Расii, то чаму аб'яднанне было зроблена з урэзанай Беларускай ССР, а не ў поўным складзе? У такiм выпадку "буфер" быў бы мацнейшым!
Калi ж "буфер" ствараўся для таго, каб перагарадзiць шлях польскаму наступленню на краiну Саветаў, то навошта ж было сталiцу Лiтбела размяшчаць у Вiльнi? У ваенна-стратэгiчных адносiнах на такую ролю больш падыходзiў Мiнск, якi быў акупiраваны польскiмi легiянерамi на тры з паловай месяцы пазней, чым Вiльня, якая была здадзена захопнiкам ужо 21 красавiка 1919 г.
Другой важнейшай прычынай абвяшчэння Лiтбела, на якой, услед за яго стваральнiкамi, акцэнтавалi ўвагу i даследчыкi, быццам бы было "iмкненне ЦК засцерагчы гэтыя рэспублiкi ад магчымасцi праяўлення ў iх нацыянальна-шавiнiстычных намераў" i патрэбнасць iнтэрнацыянальнага аб'яднання беларускiх i лiтоўскiх працоўных у iмя "хутчэйшага разгрому белагвардзейскага беларуска-лiтоўскага ўрада" [19].
Калi дапусцiць, што гэта было так на самай справе, то навошта ж было ўрэзваць толькi што створаную Беларускую ССР i, па сутнасцi, яе лiквiдаваць? Нацыяналiстычныя настроi i выступленнi такiм чынам не падаўляюцца. Наадварот, падобныя акцыi могуць толькi справакаваць рост нацыяналiзму, даць новыя iмпульсы для ўзмацнення нацыяналiстычных успышак сярод нацыянальна свядомай часткi пакрыўджанай i зняважанай нацыi. Уключэнне, а па сутнасцi анэксiя, адной паловы тэрыторыi Беларускай рэспублiкi (Вiцебскай, Магiлёўскай i Смаленскай губерняў) у склад Расiйскай дзяржавы, а другой (Гродзенскай i Мiнскай губерняў) — у склад Лiтоўска-Беларускай ССР не магло служыць умацаванню даверу беларускага народа да савецкай улады i бальшавiцкай партыi, якiя манiпулiравалi яго нацыянальна-дзяржаўнымi iнтарэсамi i ўжо другi раз пасля Брэсцкага мiру падзялiлi яго этнiчную тэрыторыю. i калi пра такое быццам бы станоўчае значэнне чарговага кроку ленiнскай нацыянальнай палiтыкi ў дзяржаўным будаўнiцтве — стварэнне ЛiтБел ССР — i пiсалi савецкiя гiсторыкi, то гэта адпавядала толькi адной з бальшавiцкiх мiфалагемаў.
У сучаснай айчыннай i лiтоўскай гiстарыяграфii, якую мы адлiчваем з пачатку 1990-х гг., такiя пункты гледжання i ацэнкi адвергнуты. Даследчыкi падкрэслiваюць, што сама iдэя i тым больш практыка падзелу Беларускай ССР i аб'яднання яе з Лiтоўскай рэспублiкай не адпавядалi i не маглi адпавядаць карэнным iнтарэсам нi беларускага, нi лiтоўскага народа. Прывядзем некаторыя з такiх выказванняў i заключэнняў. "Абвешчаная ў лютым 1919 г. Лiтоўска-Беларуская рэспублiка была штучным утварэннем без улiку iнтарэсаў як беларускага, так i лiтоўскага народа", — першым з айчынных даследчыкаў канстатаваў Я. А. Юхо [20]. "Лiтоўска-Беларуская ССР, альбо Лiтбел, створаная па волi знешнепалiтычных сiл, не была i не магла быць беларускай дзяржаўнасцю", — сцвярджалi Л. В. Лойка i Т. В. Лойка ў сваiм сумесным артыкуле [21]. В. i. Талкачоў у артыкуле, прысвечаным 75-годдзю Лiтоўска-Беларускай ССР, назваў яе "штучным дзяржаўным утварэннем" i, нават, "сур'ёзнай памылкай" бальшавiцкай партыi [22]. Утварэнне ЛiтБел ССР М. Л. iваноў назваў "няўдалым бальшавiцкiм эксперыментам" [23]. (Цiкава адзначыць, што значэнне ЛiтБел ССР М. Л. iваноў ацэньваў раней зусiм iнакш: "... абвяшчэнне Лiтоўска-Беларускай ССР дазволiла значна ўмацаваць абароназдольнасць рэспублiкi i з'явiлася дэманстрацыяй перад усiм светам паслядоўнага правядзення Камунiстычнай партыяй права нацый на самавызначэнне" [24]). У кнiзе У. Ф. Ладысева i П. i. Брыгадзiна адзначаецца "надуманасць i нежыццяздольнасць новага дзяржаўнага збудавання". Лiтбел аўтары называюць "аморфнай дзяржаўнасцю". Яны падкрэслiваюць, што "ўтварэнне Лiтоўска-Беларускай ССР не з'яўлялася арганiчнай патрэбнасцю двух народаў, якiя заўсёды былi добрымi суседзямi" [25]. В. А. Круталевiч i Я. А. Юхо ў вучэбным дапаможнiку для студэнтаў юрыдычных i гiстарычных спецыяльнасцей ВНУ ўтварэнне Лiтоўска-Беларускай ССР назвалi "яшчэ адным эксперыментам, праведзеным Савецкiмi ўладамi над беларусамi i iх дзяржаўнасцю" [26]. Пад першым эксперыментам, напэўна, падразумевалася абвяшчэнне БССР 1 студзеня 1919 г.
Ацэнкi Лiтоўска-Беларускай ССР у лiтоўскiх гiсторыкаў яшчэ больш скептычна-непрыязныя. Так, Ч. Лаўрынавiчус i Р. Мiкнiс савецкую дзяржаўнасць Лiтвы, створаную па iнiцыятыве Савецкай Расii i яе намаганнямi, разглядаюць "як прыклад фальсiфiкацыi дзяржаўнасцi ў гiсторыi" [27].
Пры абгрунтаваннi неабходнасцi i важнасцi аб'яднання дзвюх савецкiх рэспублiк гiсторыкi ў рэчышчы афiцыйнай матывацыi дарэмна паўтаралi выдумку стваральнiкаў Лiтбела аб неiснаваўшым белагвардзейскiм беларуска-лiтоўскiм урадзе, з якiм трэба было змагацца працоўным i бальшавiкам. У той час — канец 1918 г.-пачатак 1919 г. — размова магла iсцi толькi пра тое, што ў лiстападзе 1918 г. у вынiку дамоўленасцi памiж Вiленскай Беларускай Радай i прэзiдыумам Лiтоўскай Тарыбы пры лiтоўскiм урадзе было створана Мiнiстэрства беларускiх спраў, якое ўзначалiў былы старшыня Народнага Сакратарыяту БНР Я. Я. Варонка [28]. i нi больш! Нiякага сумеснага беларуска-лiтоўскага ўрада не iснавала.
Але ж калi такая белагвардзейска-нацыяналiстычная здань блукала над Беларуссю i Лiтвою, то з ёю трэба было неяк змагацца. i як у першым выпадку, калi была абвешчана Беларуская Народная Рэспублiка, бальшавiкi ў адказ абвясцiлi Беларускую Савецкую Рэспублiку, так i ў другiм — на "ўтварэнне беларуска-лiтоўскага ўрада" яны адрэагавалi абвяшчэннем Лiтоўска-Беларускай ССР.
Мiфалагiчнымi тэзiсамi ў гiстарычнай лiтаратуры, з дапамогай якiх абгрунтоўвалася мэтазгоднасць i неабходнасць аб'яднання Беларусi i Лiтвы, таксама былi i сцвярджэннi аб тым, што такое злiццё рэспублiк з'яўлялася добраахвотным, пры поўным равенстве аб'яднаўшыхся народаў, i яго аднадушна падтрымалi як бальшавiцкiя арганiзацыi, так i працоўныя Беларусi i Лiтвы.
Вядома, што такая "добраахвотнасць" iнiцыiравалася ЦК РКП(б) i вельмi энергiчна i жорстка праводзiлася ў жыццё яго прадстаўнiком А. А. iофе праз мясцовыя партыйныя арганiзацыi i камунiстаў. Але аб тым, што iдэя падзелу БССР i злiцця яе з Лiтоўскай ССР не была падтрымана нi беларускiмi нацыянальнымi дзеячамi, нi бальшавiцкiм кiраўнiцтвам БССР, савецкiя гiсторыкi доўгi час замоўчвалi цi падавалi гэта вульгарызавана перакручана. Лепшым узорам класава-iдэалагiчнай фальсiфiкацыi тых падзей з'яўляецца iх iнтэрпрэтацыя ў кнiзе А. М. Андрэева, якая ўбачыла свет яшчэ ў гады так званага культу асобы Сталiна [29]. Аўтар падкрэслiваў, што вырашэнне пытання аб аб'яднаннi брацкiх савецкiх рэспублiк праходзiла ў барацьбе са "злейшымi ворагамi народа, буржуазнымi нацыяналiстамi, якiя прабралiся шляхам абману ў кiруючыя партыйныя i савецкiя органы Лiтвы i Беларусi" [30]. Разам з "левымi камунiстамi", працягваў ганьбаваць "нацыяналiстаў" А. М. Андрэеў, яны спрабавалi сарваць ажыццяўленне пастановы ЦК РКП(б) i тым аблегчыць iмперыялiстам ЗША i Антанты звяржэнне савецкай улады. Пры абмеркаваннi ў ЦК КП Лiтвы пытання аб пасылцы лiтоўскай дэлегацыi на Першы Усебеларускi з'езд Саветаў нацыяналiсты выступалi супраць аб'яднання з Савецкай Беларуссю i патрабавалi ўключыць у склад Лiтоўскай ССР тэрыторыю Гродзенскай губернi [30].
А ў Беларускай ССР, на думку А. М. Андрэева, супраць аб'яднання з Савецкай Лiтвой выступалi "вялiкадзяржаўныя шавiнiсты". Яны пасылалi ў ЦК РКП(б) тэлеграмы з патрабаваннямi перагледзець рашэннi аб выдзяленнi са складу БССР Вiцебскай, Магiлёўскай i Смаленскай губерняў, а таксама спрабавалi даказваць немэтазгоднасць аб'яднання Беларусi з Савецкай Лiтвой [30].
У 1960-я гг. гэты аспект тэмы Лiтоўска-Беларускай ССР таксама закранаўся, але ўжо ў больш карэктнай форме. У манаграфii М. i. Кулiчэнкi, якая выйшла ў свет у 1963 г., адзначалася, што ЦБ КП(б)Б не пагадзiлася з пастановай ЦК РКП(б) аб вылучэннi са складу БССР трох губерняў i аб'яднаннi другой часткi з Лiтоўскай ССР i прасiла яго перагледзець сваё рашэнне [31]. i толькi з пачатку 1990-х гг. гэты сюжэт атрымаў больш поўнае i аб'ектыўнае асвятленне ў працах гiсторыкаў — Р. П. Платонава i М. С. Сташкевiча, В. А. Круталевiча [32]. У iх даследаваннях, а затым i ў вучэбнай лiтаратуры замацавалася ўяўленне аб тым, што iдэю аб'яднання дзвюх рэспублiк не прынялi нi прыхiльнiкi А. Ф. Мяснiкова, нi паплечнiкi Дз. Ф. Жылуновiча. Яны былi салiдарны толькi ў адным, калi выступалi за цэласнасць БССР i пратэставалi супраць яе падзелу. Але матывы ў кожнай з груп былi розныя: у першай — барацьба за ўладу, пасады, партфелi; у другой — барацьба за самастойную беларускую дзяржаву ў этнаграфiчных межах.
У сучасных публiкацыях гiсторыкаў развеяны яшчэ адзiн мiф савецкай гiстарыяграфii — аб поўным равенстве аб'яднаўшыхся народаў. Ён быў замацаваны ў працах гiсторыкаў 50-80-х гг. ХХ ст. Але дзеля справядлiвасцi заўважым тое, што яшчэ В. Г. Кнорын у згаданым ужо артыкуле адзначаў, што адразу пасля абвяшчэння Лiтоўска-Беларускай ССР "Вiльня i польска-лiтоўскiя работнiкi пачалi адыгрываць кiруючую ролю. Сталi фактычна вызначаючымi палiтыку аб'яднанай рэспублiкi" [33]. Такая ацэнка, вiдавочна, была заглушана агульным панегiрычным хорам савецкiх гiсторыкаў, аднадумна i аднадушна ўсхваляючых "мудрую нацыянальную палiтыку" бальшавiцкай партыi.
Рэчаiснасць лютага-сакавiка 1919 г. выглядала зусiм наадварот. У кiруючыя органы Лiтоўска-Беларускай ССР — ЦК КП(б) ЛiБ, ЦВК, СНК, Савет Абароны, наркаматы — беларускiя дзеячы практычна не папалi. Самую высокую пасаду ў кiраўнiцтве рэспублiкi двух народаў займаў выдатны беларус А. Р. Чарвякоў — яму даверылi быць толькi намеснiкам наркома асветы Лiтоўска-Беларускай ССР. "Лiтоўскiя камунiсты, заняўшы кiруючыя пасады ў Лiтоўска-Беларускай рэспублiцы, — пiсаў А. Бурбiс у запiсцы "Савецкая ўлада ў Беларусi", накiраванай у 1919 г. у ЦК РКП(б), — цiкавяцца непасрэдна Лiтвой. Беларуская работа цi зусiм не вядзецца, цi вядзецца на другiм плане. Фактычна ЦК КП(б) ЛiБ без адзiнага беларуса" [34].
Персанальны склад урада ЛiтБел ССР нават выклiкаў часовыя непаразуменнi ў некаторых палiтычных колах Польшчы. Цэнтральны Рабочы Камiтэт ППС (за подпiсам М. Недзялкоўскага) 4 сакавiка 1919 г. накiраваў лiст у ЦК РКП(б), у якiм гаварылася аб тым, што савецкi ўрад умешваецца ў справы Польшчы. "Такой спробай, бясспрэчна, — заяўлялася ў iм, — з'яўляецца факт утварэння ў Вiльнi польскага савецкага ўрада, а таксама i падтрымка, якую аказвае Расiя i савецкi ўрад Камунiстычнай Рабочай Партыi Польшчы. Мы катэгарычна настойваем на лiквiдацыi iснуючага ў Вiльнi быццам бы польскага ўрада, аб якiм польскi рабочы клас нiчога не ведае i якога ён не заклiкаў да жыцця" [35].
Аб "раўнапраўных" адносiнах да беларусаў у Лiтоўска-Беларускай дзяржаве сведчыць i той факт, што ў Вiльнi, яе сталiцы, выдавалiся газеты i часопiсы на лiтоўскай, польскай, iдыш i рускай мовах. На беларускай мове — нiводнага выдання.
Iншымi словамi, у аб'яднанай дзяржаве беларусаў i лiтоўцаў нiчога нацыянальнага беларускага не было.
I ўрэшце аргументацыю аб тым, што аб'яднанне дзвюх савецкiх рэспублiк быццам бы выклiкалася эканамiчнымi i iншымi прычынамi, так сказаць, унутранымi патрэбнасцямi, — сучасныя даследчыкi не выкарыстоўваюць. Больш таго, В. А. Круталевiч акцэнтаваў увагу на вывадзе аб тым, што рашаючай прычынай штучнага стварэння новай дзяржавы былi знешнепалiтычныя абставiны i мiжнароднае становiшча, якое склалася для Савецкай Расii. Унутраных, так сказаць, iманентных прычын для аб'яднання Беларускай ССР i Лiтоўскай ССР у студзенi — лютым 1919 г. не было [36].
У сучасных навуковых даследаваннях як беларускiх, так i лiтоўскiх гiсторыкаў больш не паўтараюцца i дэкларатыўныя заявы асобных папярэднiкаў аб тым, быццам бы пытаннi аб'яднання Беларускай ССР i Савецкай Лiтвы былi пастаўлены на шырокi народны рэферэндум i праводзiлiся мiтынгi i сходы працоўных, на якiх яны абмяркоўвалiся. Аказалiся пустым гукам i высокамоўныя прапагандысцка-iдэалагiчныя штампы аб тым, што стварэнне ЛiтБел ССР мела важнае значэнне для ўмацавання рэвалюцыйнага руху ў Польшчы, што яе абвяшчэнне з'яўлялася пацвярджэннем правiльнасцi нацыянальнай палiтыкi бальшавiцкай партыi i "важным крокам у стварэннi СССР". Апублiкаваныя ў зборнiках i выкарыстаныя ў даследаваннях дакументы i матэрыялы не пацвярджаюць гэтых даследчыцкiх iмправiзацый.
Абагульняючы сказанае, падкрэслiм тое, што нiводны з тэзiсаў аб прычынах абвяшчэння ЛiтБел ССР у студзенi-лютым 1919 г., якiя замацавалiся ў савецкай гiстарыяграфii, а менавiта: злiццё Лiтвы i Беларусi было абумоўлена неабходнасцю ўмацавання абараназдольнасцi гэтых рэспублiк i аб'яднання iх намаганняў у барацьбе з замежнай узброенай iнтэрвенцыяй i унутранай контррэвалюцыяй; агульнасцю гiстарычнага мiнулага, эканамiчных iнтарэсаў i геаграфiчнага iх становiшча; савецкiя рэспублiкi ў абмежаваных гранiцах добраахвотна iмкнулiся да аб'яднання ў брацкi саюз, — не вытрымаў выпрабаванняў часам.
У навуковых працах сучасных айчынных i лiтоўскiх гiсторыкаў прынята лiчыць, што няўдалы эксперымент над беларускай дзяржаўнасцю, якi не ўлiчваў iнтарэсаў як беларусаў, так i лiтоўцаў, адбыўся па прычыне неспрыяльных знешнепалiтычных абставiн для РСФСР i непасрэдна звязаны з рэальнай пагрозай агрэсii Польшчы супраць Савецкай Расii i выклiканым гэтым падзелам тэрыторыi БССР у сярэдзiне студзеня 1919 г. Зразумела, што пераход да такой даволi катэгарычнай пазiцыi змог адбыцца толькi ва ўмовах адмаўлення ад зашмальцаваных стэрэатыпаў гiсторыка-партыйнай навукi i дзякуючы асабiстай прынцыповай пазiцыi кожнага з даследчыкаў. Адначасова адзначым, што такi погляд пацвярджае ўпэўненасць тых даследчыкаў, хто па-ранейшаму прытрымлiваецца ленiнскай ацэнкi, сутнасць якой у тым, што ЛiтБел ССР стваралася як буферная дзяржава для таго, каб захаваць Савецкую Расiю i савецкую ўладу як аплот сусветнай сацыялiстычнай рэвалюцыi.
ЛIТАРАТУРА