Белорусский журнал международного права и международных отношений 2004 — № 4
международные отношения
ЗНЕШНЕПАЛІТЫЧНАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ БЕЛАРУСКАЙ ССР: ПАРТЫЙНА-ДЗЯРЖАЎНАЯ СІСТЭМА КІРАВАННЯ І ДЫПЛАМАТЫЯ (1950—1980-я гг.)
Уладзімір Снапкоўскі
Снапкоўскі Уладзімір Еўдакімавіч — доктар гістарычных навук, прафесар кафедры міжнародных адносін факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага універсітэта
Фарміраванне партыйна-дзяржаўнай сістэмы кіравання замежнымі сувязямі БССР. У сярэдзіне 1950-х гг. з’явiлiся першыя прыметы станоўчых змен савецкага кіраўніцтва да мiжнародных кантактаў. Дзеля іх пашырэння і лепшай арганізацыі ў рэспубліцы быў створаны шэраг дзяржаўных і грамадскіх структур:
пастаянная камісія па замежных справах Вярхоўнага Савета БССР (створана ў 1960 г.), спецыяльныя падраздзяленні ў Савеце Мiнiстраў, Дзяржплане, міністэрствах, ведамствах, установах, прадпрыемствах, грамадскіх арганізацыях. Пры Савеце Мiнiстраў БССР былі створаны Упраўленне па замежным турызме, Камісія садзейнічання экспарту і Група па культурных і эканамічных сувязях. Пачалі сваю працу Беларускае аддзяленне Усесаюзнай гандлёвай палаты, Упраўленне ўпаўнаважанага Міністэрства знешняга гандлю СССР. Навукова-тэхнічны камітэт Савета Мiнiстраў БССР займаўся папулярызацыяй і ўкараненнем у народную гаспадарку навукова-тэхнічных дасягненняў і перадавога замежнага вопыту, які вывучалі беларускія спецыялісты ў час замежных паездак. У 1960-я гг. структурныя перабудовы ў сувязі з развіццём замежных эканамічных і навукова-тэхнічных сувязей рэспублікі працягваліся. У Кіраўніцтве справамі Савета Мiнiстраў БССР была створана група знешнеэканамічных сувязей і выставак, у Дзяржаўным камітэце Савета Мiнiстраў БССР па каардынацыі навукова-даследчых работ — аддзел замежных сувязей. У структуры Дзяржплана БССР працавалі аддзелы замежных сувязей, экспарту і імпарту.
Актывiзацыi мiжнародных кантактаў насельнiцтва садзейнiчала стварэнне новых грамадскiх арганiзацый. У 1951 г. быў заснаваны Беларускi рэспубліканскі камiтэт абароны мiру, у 1958 г. — Беларускае таварыства дружбы i культурнай сувязi з замежнымi краiнамi (БТДКС) і Камiтэт маладзёжных арганiзацый БССР, у 1964 г. — Беларускае таварыства па культурных сувязях з суайчыннiкамi за мяжой. Агульнае кіраўніцтва дзяржаўнымі ўстановамі і грамадскімі арганізацыямі, занятымі ў сферы замежных сувязей, ажыццяўляў Цэнтральны камітэт Кампартыі Беларусі. Аператыўнае кіраўніцтва гэтымі сувязямі па партыйнай лініі ажыццяўляў аддзел адміністрацыйных органаў ЦК КПБ, а з 1972 г. — наваствораны аддзел замежных сувязей ЦК КПБ. Сярод дзяржаўных устаноў каардынацыю дзейнасці па замежных сувязях і міжнародным супрацоўніцтве праводзіла Міністэрства замежных спраў БССР.
Рэспубліканская сістэма міжнародных сувязей была часткай агульнасаюзнай сістэмы, на верхавіне якой стаялі ЦК КПСС і яго Палітбюро, Прэзідыум Вярхоўнага Савета і Савет Міністраў СССР. Прадстаўнікі БССР на пасяджэннях Палітбюро і пленумаў ЦК КПСС, з’ездах і канферэнцыях КПСС, сесіях Вярхоўнага Савета СССР і яго камісіях па замежных справах, у Прэзідыуме Вярхоўнага Савета і Савеце Міністраў СССР удзельнічалі ў абмеркаванні і вырашэнні пытанняў агульнасаюзнай знешняй палітыкі. Намеснік Старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР — Старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР у адпаведнасці з прынцыпам ратацыі адносна саюзных рэспублік выконваў і такую важную дыпламатычную функцыю, як прыём вярыцельных грамат у кіраўнікоў замежных дыпламатычных місій, акрэдытаваных у СССР. У пэўных выпадках падчас "адлігі" прадстаўнікі БССР удзельнічалі ў перагаворах з замежнымі дзяржавамі ў складзе дэлегацый СССР. Напрыклад, старшыня Савета Міністраў БССР К. Мазураў уваходзіў у склад агульнасаюзных дэлегацый на Маскоўскай (1954) і Варшаўскай (1955) нарадах сацыялістычных краін па пытаннях міру і бяспекі ў Еўропе, у выніку якіх была створана Арганізацыя Варшаўскага Дагавора.
Але ўвогуле ўдзел прадстаўнікоў БССР у распрацоўцы і прыняцці знешнепалітычных рашэнняў на ўзроўні Саюза меў досыць фармальны характар. Усе больш ці менш важныя знешнепалітычныя рашэнні СССР прымала Палітбюро ЦК КПСС, у якім да таго ж існавала вузкае кола асоб, якое і вырашала фактычна найважнейшыя пытанні ўнутранай і знешняй палітыкі краіны. Канстытуцыйна-прававога механізму ўзгаднення знешнепалітычных інтарэсаў саюзных рэспублік і Цэнтра (Саюза ССР) савецкая федэрацыя не распрацавала.
Формы і змест, кірункі, стыль і метады замежных сувязей БССР вызначаліся савецкім палітычным рэжымам і міжнародным асяроддзем, якое характарызавалася "халоднай вайной" паміж Савецкім Саюзам і заходнім светам. Савецкае кіраўніцтва, навязаўшы аўтарытарна-бюракратычныя рэжымы краінам Усходняй Еўропы, стала на шлях абмежавання міжнароднага супрацоўніцтва, палітычных, эканамічных, культурных і грамадскіх сувязей паміж "сацыялістычным лагерам" і астатняй часткай свету. Больш таго, пры І. Сталіне фактычна не развіваліся і не пашыраліся сувязі паміж партыйнымі і дзяржаўнымі ўстановамі, грамадскімі арганізацыямі СССР і краін "маладой дэмакратыі" на мясцовым, рэгіянальным, міжасабовым узроўні. "Жалезная заслона", якая падзяліла Еўропу, была заклікана нейтралізаваць шкодныя для рэжыму заходнія, "буржуазныя" ўплывы, уздзеяння якіх на заходнія савецкія рэспублікі, у тым ліку на Беларусь, Крэмль асабліва асцерагаўся.
Партыйна-дзяржаўная сістэма кіравання замежнымі сувязямі сфарміравалася ў рэспубліцы ў другой палове 1950—пачатку 1960-х гг. Яе галоўнай мэтай было забеспячэнне інтарэсаў палітычнага рэжыму, які правіў краінай. Дзякуючы замежным кантактам, што пачалі развівацца з другой паловы 1950-х гг., савецкае кіраўніцтва імкнулася палепшыць міжнародны імідж "першай краіны сацыялізму", узмацніць прапаганду "савецкага ладу жыцця" і "пераваг сацыялістычнай сістэмы" сярод як краін "народнай дэмакратыі", дзе толькі што адбыліся антыкамуністычныя паўстанні (ГДР, Венгрыі і Польшчы), так і заходняй грамадскасці, шакіраванай антысталінскімі выяўленнямі ХХ з’езда КПСС. Пашырэнне замежных сувязей і міжнароднага супрацоўніцтва ў часы "адлігі" і пасля яе мела таксама сваёй мэтай атрыманне доступу да найноўшых дасягненняў навукі і тэхналогіі заходніх дзяржаў, выкарыстанне замежнага навукова-тэхнічнага вопыту ў інтарэсах развіцця савецкай эканомікі.
Характэрнымі рысамі савецкай партыйна-дзяржаўнай сістэмы кіравання замежнымі сувязямі былі: жорсткі кантроль партыйна-дзяржаўнага апарата над усімі формамі замежных кантактаў і культурных абменаў, дзяржаўнымі і грамадскімі арганізацыямі, якія дзейнічалі ў гэтай сферы; дазіраванне і рэгламентацыя міжнародных інфармацыйна-культурных і гуманітарных абменаў і кантактаў (падаўленне іншадумства, цэнзура, глушэнне замежных радыёстанцый, дзейнасць спецсховішчаў у бібліятэках, кантроль над замежнымі і айчыннымі турыстамі); матэрыяльная і маральная падтрымка лаяльных СССР палітычных і грамадскіх дзеячаў, прадстаўнікоў навукі, культуры і мастацтва; абмежаванне ў міжнародных кантактах дзейнасці, накіраванай на пашырэнне нацыянальных культур, традыцый і моў нерасійскіх народаў СССР.
Знешнепалітычныя паўнамоцтвы і дзейнасць вышэйшых органаў улады БССР. Да пачатку 1960-х гг. сфарміравалася сістэма дзяржаўных органаў знешніх зносін БССР, якая складалася з унутрыдзяржаўных і замежных органаў. Да ўнутрыдзяржаўных органаў знешніх зносін адносіліся Вярхоўны Савет і яго Прэзідыум, Савет Міністраў і Міністэрства замежных сувязей. Замежныя кантакты ажыццяўлялі ў той ці іншай ступені таксама іншыя міністэрствы і ведамствы, у тым ліку Міністэрства культуры, Міністэрства вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, Дзяржаўны камітэт па друку. Замежныя органы знешніх зносін БССР дзяліліся на пастаянныя (пастаяннае прадстаўніцтва ББС пры ААН) і часовыя (дэлегацыі на міжнародных канферэнцыях).
У пасляваенныя гады ў сувязі з развіццём знешніх зносін рэспублікі Вярхоўны Савет і яго Прэзідыум сталі больш актыўна займацца пытаннямі знешнепалітычнай дзейнасці і замежных сувязей Беларусі. Пашырылася дзейнасць Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР па ратыфікацыі міжнародных дагавораў і пагадненняў, падпісаных прадстаўнікамі БССР. З 1946 па 1955 г. ён ратыфікаваў пяць мірных дагавораў з былымі саюзнікамі фашысцкай Германіі ў Еўропе і 10 міжнародных канвенцый і пагадненняў. З 1956 па 1970 г. колькасць ратыфікаваных міжнародных актаў узрасла да больш 30. У 1971—1985 гг. Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР ратыфікаваў 25 міжнародных дагавораў, канвенцый і пагадненняў.
1 ліпеня 1955 г. Вярхоўны Савет БССР, зыходзячы з Дэкларацыі Вярхоўнага Савета СССР ад 9 лютага 1955 г. аб устанаўленні непасрэдных сувязей з парламентамі замежных краін, прыняў пастанову аб стварэнні парламенцкай групы БССР і ўступленні ў Міжпарламенцкі саюз. Спецыяльная нарада дэпутатаў Вярхоўнага Савета БССР стварыла парламенцкую групу БССР, зацвердзіла палажэнне аб ёй і прыняла зварот да дэпутатаў Вярхоўнага Савета БССР аб уступленні ў Міжпарламенцкі саюз. Але па невядомых прычынах гэта ініцыятыва засталася нерэалізаванай. Парламенцкая група Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь уступіла ў МПС у 1995 г.
Канстытуцыя БССР 1978 г. вызначыла наступныя знешнепалітычныя паўнамоцтвы Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР: ратыфікацыя і дэнансацыя міжнародных дагавораў БССР; назначэнне і адкліканне дыпламатычных прадстаўнікоў БССР у замежных дзяржавах і пры міжнародных арганізацыях; прыём вярыцельных грамат і адзыўных грамат акрэдытаваных пры ім дыпламатычных прадстаўнікоў замежных дзяржаў.
У адпаведнасці з новым Рэгламентам Вярхоўнага Савета БССР ад 13 сакавіка 1980 г. былі пашыраны і канкрэтызаваны функцыі Камісіі па замежных справах. Яна, у прыватнасці, займалася падрыхтоўкай і папярэднім разглядам знешнепалітычных пытанняў, якія ўносіліся ў парадак дня пасяджэнняў Вярхоўнага Савета і яго Прэзідыума; папярэднім разглядам, па даручэнню Прэзідыума, прадстаўленых на ратыфікацыю ці дэнансацыю міжнародных дагавораў і пагадненняў БССР і падрыхтоўкай прапаноў па гэтых пытаннях; распрацоўкай, па даручэнню Вярхоўнага Савета, яго Прэзідыума, а таксама па ўласнай ініцыятыве, праектаў законаў БССР і іншых актаў Вярхоўнага Савета і яго Прэзідыума і прапаноў па знешнепалітычных пытаннях; заслухоўваннем паведамленняў і дакладаў міністэрстваў, ведамстваў, іншых рэспубліканскіх арганізацый аб іх дзейнасці па развіцці сувязей з замежнымі дзяржавамі, а таксама дыпламатычных прадстаўнікоў БССР у замежных дзяржавах і пры міжнародных арганізацыях па пытаннях іх дзейнасці.
У верасні 1979 г. Камісія па замежных справах Вярхоўнага Савета БССР разгледзела пытанне аб развіцці сяброўскіх сувязей паміж гарадамі БССР і замежных краін. Прынятая пастанова рэкамендавала выканкамам гарадскіх саветаў народных дэпутатаў і мясцовым аддзяленням БТДКС павысіць эфектыўнасць сувязей з гарадамі капіталістычных і тых краін, што сталі на шлях развіцця, супрацоўніцтва з іх грамадскасцю.
У кастрычніку 1984 г. Камісія разгледзела пытанне аб рабоце Гандлёва-прамысловай палаты БССР па аказанні садзейнічання ў развіцці знешнеэканамічных сувязей рэспублікі. У прынятай пастанове дэпутаты рэкамендавалі прэзідыуму Гандлёва-прамысловай палаты павысіць эфектыўнасць мерапрыемстваў па пашырэнні знешнеэканамічных сувязей рэспублікі, "максімальна выкарыстоўваць усе формы супрацоўніцтва з дзелавымі коламі замежных краін для прапаганды міралюбівай знешняй палітыкі КПСС, умацавання даверу паміж народамі, стварэння спрыяльных умоў для развіцця ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва". Як бачна, любыя пытанні, нават пытанні знешнеэканамічных зносін, выкарыстоўваліся беларускімі парламентарыямі для прапаганды палітыкі КПСС.
Увогуле праца Вярхоўнага Савета БССР і яго Прэзідыума ў галіне знешняй палітыкі не была актыўнай і разнастайнай. Пасля сесій Вярхоўнага Савета 1944—1945 гг., якія абмяркоўвалі пытанні стварэння рэспубліканскага НКЗС і выхаду БССР на міжнародную арэну, беларускі парламент да 1990 г. не разглядаў знешнепалітычнай праблематыкі ў шырокім плане.
Паводле Канстытуцыі БССР 1978 г. рэспубліканскі Савет Міністраў ажыццяўляў кіраўніцтва ў галіне зносін БССР з замежнымі дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі ў парадку, устаноўленым Саюзам ССР. Беларускі ўрад прымаў рашэнні аб падпісанні БССР міжнародных дагавораў і пагадненняў, уступленні ў міжнародныя арганізацыі і ўдзеле ў міжнародных канферэнцыях, сумесныя з ЦК КПБ пастановы па пэўных знешнепалітычных пытаннях, выступаў са знешнепалітычнымі заявамі. Праўда, у азначаны перыяд была зроблена толькі адна падобная заява — гэта заява Савета Міністраў БССР ад 1 лістапада 1956 г. з асуджэннем траістай агрэсіі Вялікабрытаніі, Францыі і Ізраіля супраць Егіпта.
Аператыўным кіраўніцтвам міжнароднымі сувязямі рэспублікі займалася Міністэрства замежных спраў БССР. Яно ажыццяўляла зносіны рэспублікі з замежнымі дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі; падтрымлівала кантакты з дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі іншых дзяржаў, якія знаходзіліся на тэрыторыі СССР, а таксама з замежнымі консульствамі на тэрыторыі БССР; каардынавала зносіны дзяржаўных устаноў рэспублікі з дзяржаўнымі ўстановамі замежных краін; аказвала дапамогу дзяржаўным і грамадскім рэспубліканскім арганізацыям у ажыццяўленні эканамічных, навуковых, культурных і іншых сувязей з замежнымі краінамі; забяспечвала выкананне міжнародных дагавораў, у якіх удзельнічала БССР; кіравала замежнымі органамі знешніх зносін рэспублікі.
Нягледзячы на пашырэнне мiжнародных сувязей рэспублiкi ў другой палове 1950-х—1980-я гг., пэўную эвалюцыю зместу i форм, яны не паднялiся на якасна новую ступень, а iх узровень, практычныя вынiкi не адпавядалi эканамiчнаму, навукова-тэхнiчнаму i культурнаму патэнцыялу, запатрабаванням сацыяльна-эканамiчнага i культурнага развiцця Беларусi. Пасля 1944 г. размеркаванне кампетэнцыi ў сферы мiжнародных сувязей памiж рэспублiкамi i Саюзам не зведала значных змен. У Канстытуцыi СССР 1977 г. i прынятых затым канстытуцыях саюзных рэспублiк артыкул аб праве саюзных рэспублiк мець зносiны з замежнымi дзяржавамi, заключаць з iмi дагаворы i абменьвацца дыпламатычнымi i консульскiмi прадстаўнiцтвамi быў дапоўнены правам удзельнiчаць у дзейнасцi мiжнародных арганiзацый. БССР практычна мела гэта права пасля падпiсання Статута ААН, i таму канстытуцыйныя змены практычна не ўмацавалi юрыдычную базу мiжнародных зносiн рэспублiкi. Тым больш, што вызначэнне асноў мiжнароднай дзейнасцi было даручана Цэнтру.
Няпэўны палітыка-прававы статус БССР і УССР у складзе СССР даваў падставы заходнім вучоным у галіне міжнароднага права называць гэтыя дзве саюзныя рэспублікі — заснавальніцы ААН "дзяржавамі особнага роду", "паў- ці квазідзяржавамі". БССР у пасляваенныя дзесяцігоддзі не атрымала міжнародна-прававога прызнання як суверэнная і незалежная дзяржава.
Артыкул 28 Канстытуцыi БССР 1978 г. зацвердзiў, што рэспублiка "ў знешнепалiтычнай дзейнасцi кiруецца мэтамi, задачамi i прынцыпамi знешняй палiтыкi СССР, вызначанымi Канстытуцыяй СССР". Канстытуцыя СССР 1977 г. адносіла да кампетэнцыі Саюза ССР устанаўленне агульнага парадку і каардынацыю адносін саюзных рэспублік з замежнымi дзяржавамi і мiжнароднымі арганiзацыямі; прадстаўніцтва СССР у міжнародных адносінах; сувязі СССР з замежнымi дзяржавамi і мiжнароднымі арганiзацыямі; знешні гандаль і іншыя віды знешнеэканамічнай дзейнасці на аснове дзяржаўнай манаполіі. Закон СССР аб парадку заключэння, выканання і дэнансацыі міжнародных дагавораў 1978 г. канкрэтызаваў і пашырыў паўнамоцтвы саюзных рэспублік у рэалізацыі міжнародна-прававой кампетэнцыі Саюза ССР. Але ўвогуле прававыя асновы нацыянальна-дзяржаўнага будаўнiцтва СССР у галiне мiжнароднай дзейнасцi, закладзеныя ў сталiнскiя часы, закансервавалiся, акасцянелi ў гады застою, не былi дапоўнены неабходнымi юрыдычнымi, палiтыка-дыпламатычнымi i арганiзацыйна-практычнымi мерапрыемствамi.
Асноўныя кірункі дзейнасці БССР у ААН. Пасля смерці І. Сталіна пачаўся новы этап пасляваеннай мiжнароднай дзейнасцi БССР, які ахоплiвае 1954—1980-я гг. У гэты перыяд адбывалася пэўная эвалюцыя гэтай дзейнасцi, але значных, якасных змен не назiралася. У сярэдзiне 1950-х гг. наступіла разрадка мiжнароднай напружанасцi, "жалезная заслона" была крыху прыўзнята, што стала магчымым пасля прыходу да ўлады новага савецкага кiраўнiцтва. Знешнепалiтычны дыктат Крамля ў адносiнах да саюзных рэспублiк аслабеў, пашырылiся магчымасцi ўдзелу Беларусi ў мiжнародным жыццi. Калi ў 1944—1959-х гг. яна падпiсала 54 мiжнародных дагавора, канвенцыi i пагаднення, то к 1985 г. iх колькасць узрасла да 160. Амаль усе яны былi шматбаковымi i заключалiся ў рамках ААН i яе спецыялiзаваных устаноў. У гэты прамежак часу БССР прымала ўдзел у рабоце амаль 70 міжнародных арганізацый і іх органаў. Для падтрымання рэгулярных кантактаў з імі былi адкрыты пастаянныя прадстаўнiцтвы БССР у ААН у Нью-Йорку (1958), Еўрапейскiм аддзяленнi ААН у Жэневе, пры ЮНЕСКА ў Парыжы (1962), мiжнародных арганiзацыях у Вене.
Пашырылася і кола спецыялiзаваных устаноў ААН, у якiя разам з СССР i Украiнай уступiла Беларусь. У 1954 г. яна стала членам Мiжнароднай арганiзацыi працы i ЮНЕСКА, у 1957 г. — МАГАТЭ, у 1974 г. — Сусветнай арганiзацыi iнтэлектуальнай уласнасцi, у 1985 г. — Арганiзацыi Аб’яднаных Нацый па прамысловым развiццi (ЮНІДО). У 1974—1975 гг. БССР была непастаянным членам Савета Бяспекi ААН, у 1950—1980-я гг. неаднаразова выбiралася ў ЭКАСАС, розныя функцыянальныя i дапаможныя органы ААН, якiя займалiся пытаннямi раззбраення, эканамiчнага i сацыяльнага супрацоўнiцтва, правоў чалавека, становiшча жанчын, аховы навакольнага асяроддзя.
Па iнiцыятыве i пры актыўным удзеле дэлегацыi БССР у мiжнародных арганiзацыях прынята нямала канструктыўных рашэнняў, якiя спрыялi недапушчэнню новай вайны, паслабленню мiжнароднай напружанасцi, пашырэнню ўзаемаразумення памiж народамi. БССР стала ўдзельнiцай важных дагавораў, якiя стрымлiвалi гонку ўзбраенняў: аб забароне выпрабаванняў ядзернай зброi ў атмасферы, касмiчнай прасторы i пад вадой (1963), аб прынцыпах дзейнасцi дзяржаў па даследаванні i выкарыстанні касмiчнай прасторы (1967), аб забароне размяшчэння на дне мораў i акiянаў i ў яго нетрах ядзернай зброi (1971), аб забароне распрацоўкi, вытворчасцi i назапашвання бактэрыялагiчнай (бiялагiчнай) i таксiчнай зброi i iх знiшчэнні (1972). Разам з тым яе ўдзел у працэсе кантролю над узбраеннем насiў фармальны характар, паколькi ўсе пытаннi падпiсання i рэалiзацыi мiжнародных дагавораў вырашалiся саюзным кiраўнiцтвам. У 1968 г. БССР падтрымала ў Генеральнай Асамблеі праект Дагавора аб нераспаўсюджваннi ядзернай зброi, аднак не стала ўдзельнiцай гэтага дагавора. Мiж тым значная частка савецкага ядзернага патэнцыялу размяшчалася на тэрыторыi Беларусi. Праблему далучэння да Дагавора аб нераспаўсюджваннi прыйшлося вырашаць у 1990-я гг.
Выступаючы за сацыяльны прагрэс i захаванне правоў чалавека, БССР стала сааўтарам Дэкларацыi сацыяльнага развiцця (1969), Дэкларацыi аб выкарыстаннi навукова-тэхнiчнага прагрэсу ў iнтарэсах мiру i на карысць чалавецтва (1975). Яна падпiсала i ратыфiкавала Канвенцыю аб непрымяненнi тэрмiнаў даўнасцi да ваенных злачынстваў i злачынстваў супраць чалавецтва (1969). Па прапанове БССР Генеральная Асамблея ААН ухвалiла з некаторымi папраўкамi прынцыпы мiжнароднага супрацоўнiцтва ў адносiнах адшукання, арышту, выдачы i пакарання асоб, вiнаватых у ваенных злачынствах i злачынствах супраць чалавецтва (1973). БССР стала ўдзельнiцай Мiжнароднага пакта аб грамадзянскiх i палiтычных правах, Мiжнароднага пакта аб эканамiчных, сацыяльных i культурных правах, Мiжнароднай канвенцыi аб лiквiдацыi ўсiх форм расавай дыскрымiнацыi (1965). Рэспублiка стала сааўтарам рэзалюцый Генеральнай Асамблеi ААН аб забароне выкарыстання замежных наймiтаў супраць нацыянальна-вызваленчага руху i барацьбы народаў за незалежнасць (1968). Па прапанове дэлегацыi БССР Генеральная Асамблея ААН прыняла рэзалюцыю аб абароне асоб, якiя затрыманы цi пазбаўлены волi за барацьбу супраць апартэiду, расiзму i расавай дыскрымiнацыi, каланiялiзму, агрэсii i замежнай акупацыi (1977).
Важным кiрункам дзейнасцi дэлегацый СССР, УССР, БССР у ААН была барацьба супраць каланiялiзму. Актыўнасць у гэтай галiне дыктавалася жорсткай логiкай "халоднай вайны", iмкненнем набыць больш саюзнiкаў, сяброў у барацьбе з заходнiм iмперыялiзмам. БССР была ў лiку iнiцыятараў Дэкларацыi аб прадастаўленнi незалежнасцi каланiяльным краiнам i народам (1960), паслядоўна выступала за яе поўнае ажыццяўленне.
Пачынаючы з канферэнцыi ў Сан-Францыска i да распаду СССР у ААН ажыццяўлялася практыка падзелу працы памiж трыма савецкiмi дэлегацыямi. У той час як дэлегацыя СССР вырашала стратэгiчныя мэты i вылучала глабальныя прапановы, украiнскiя i беларускiя дыпламаты выконвалi асобныя, тактычныя задачы. БССР курыравала пытаннi, звязаныя з юрыдычнай адказнасцю ваенных злачынцаў, узаемасувяззю памiж правамi чалавека i навукова-тэхнiчным прагрэсам. Што тычылася спецыялiзаваных устаноў ААН, то тут найбольш актыўна беларускiя прадстаўнiкi дзейнiчалi ў ЮНЕСКА. Беларускi вопыт дзяржаўнай арганiзацыi ў сiстэме адукацыi, навукi i культуры атрымаў станоўчую ацэнку вышэйшых органаў ЮНЕСКА i шэрага краiн Азii, Афрыкi i Лацiнскай Амерыкi.
У якасцi члена Мiжнароднай арганiзацыi працы, ЮНЕСКА, МАГАТЭ i iншых мiжнародных арганiзацый рэспублiка ўдзельнiчала ў вызначэннi напрамкаў iх дзейнасцi, прыняццi важных рашэнняў па пашырэнні раўнапраўнага супрацоўнiцтва ва ўсiх сферах жыцця, а таксама далучалася праз iх да сусветнага вопыту. Але выкарыстоўваўся ён ва ўмовах загадна-адмiнiстрацыйнай сiстэмы далёка не ў поўную меру.
Аглядаючы набыткi знешнепалiтычнай дзейнасцi, нельга абысцi i такiя хiбы, як прамаруджванне ў далучэннi да асобных мiжнародных пактаў цi iх ратыфiкацыi, неадпаведнасць рэспублiканскага заканадаўства некаторым палажэнням мiжнародных пактаў (асаблiва па правах чалавека), падпiсаных Беларускай ССР. Так, стаўшы членам Мiжнароднай арганiзацыi працы ў 1954 г., рэспублiка толькi ў 1965 г. ратыфiкавала Канвенцыю адносна забароны працы жанчын на падземных работах. Толькi ў 1988 г. яна далучылася да Канвенцыi аб ахове сусветнай культурнай i прыроднай спадчыны чалавецтва, распрацаванай ў ЮНЕСКА ў 1972 г. Парушэннем мiжнародных пактаў стала адсутнасць у краiне i рэспублiцы заканадаўчага замацавання права свабоднага перамяшчэння грамадзян, iх выезду за мяжу i вяртання. СССР, УССР і БССР галасавалі супраць стварэння Міжнароднай арганізацыі па справах бежанцаў і Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў, адмовіліся ад узелу ў іх працы і не падпісалі Канвенцыю аб статусе бежанцаў ад 25 ліпеня 1951 г.
Характар i маштабы знешнепалiтычнай дзейнасцi рэспублiкi вызначалiся агульнымi працэсамi развiцця мiжнароднага становiшча, процiборствам дзвюх сiстэм i iх ваенна-палiтычных саюзаў. У "халоднай вайне" з Захадам СССР аказаўся ўцягнутым у знясiльваючую гонку ўзбраенняў, рэгiянальныя канфлiкты (Карэя, Блiзкi Усход, Індакiтай, Куба, Афрыка, Камбоджа, Афганiстан). Пазiцыi СССР i ўсяго "савецкага блока" пагоршылiся ў сувязi з уводам савецкiх войскаў у Венгрыю (1956), Чэхаславакiю (1968), Афганiстан (1979). Гэтыя дзеяннi, якiя павiнна была апраўдваць беларуская дэлегацыя ў ААН, накладвалi негатыўны адбiтак на вобраз Беларусi ў свеце.
Хоць сфера знешнепалiтычнай дзейнасцi БССР (як i УССР) была шырэй, чым iншых саюзных рэспублiк, але практычна ўсе пытаннi адносiн рэспублiкi з замежнымi дзяржавамi, мiжнароднымi арганiзацыямi вырашалiся савецкiм урадам i саюзнымi органамi. Дыктат Цэнтра вынiкаў з палажэння Канстытуцыi СССР аб аднясеннi да кампетэнцыi Саюза ўстанаўлення агульнага парадку ва ўзаемаадносiнах рэспублiк з замежнымi дзяржавамi, неразмежаванасцi функцый саюзных i рэспублiканскiх органаў, пасiўнасцi партыйна-дзяржаўнага кiраўнiцтва БССР. Спробы пашырыць правы саюзных рэспублiк у сярэдзiне 1950-х i 1960-х гг., другой палове 1970-х гг. (пераважна ў галiне гаспадарчай дзейнасцi) былi абмежаванымi, непаслядоўнымi, супярэчылi iнтарэсам камандна-адмiнiстратыўнай сiстэмы i практычна не паўплывалi на мiжнародныя зносiны рэспублiк. Знешнепалiтычная дзейнасць БССР развiвалася ў агульным рэчышчы мiжнароднай дзейнасцi СССР, скаардынаванай палiтыкi краiн — членаў Варшаўскага дагавора i СЭУ.