журнал международного права и международных отношений 2008 — № 1
международные отношения
Навукова-асветныя кантакты беларускіх зямель з краінамі Заходняй і Цэнтральнай Еўропы ў першай палове XIХ ст.
Андрэй Самусік
Аўтар:
Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра. — кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры эканамічнай гісторыі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэта
Рэцэнзенты:
Сташкевіч Мікалай Стэфанавіч — доктар гістарычных навук, прафесар кафедры эканамічнай гісторыі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэта
Ляхоўскі Уладзімір Віктаравіч — кандыдат гістарычных навук, навуковы супрацоўнік аддзела вайсковай гісторыі і міждзяржаўных адносін Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі
Падзелы Рэчы Паспалітай і ўваходжанне Беларусі ў склад Расійскай імперыі першапачаткова амаль не змянілі яе агульнае культурна-асветнае развіццё. Мясцовае грамадства па-ранейшаму арыентавалася выключна на Заходнюю Еўропу, якая заставалася ўзорам для пераймання, а таксама месцам навучання і адпачынку прывіліяваных колаў насельніцтва. У выніку гэтага асаблівай павагай на беларускіх землях працягвалі карыстацца тыя з мясцовых ураджэнцаў, хто скончыў замежныя універсітэты. Ды і колькасць тут настаўнікаў з краін Цэнтральнай і Заходняй Еўропы з прычыны хуткага пашырэння асветніцкай справы ў Расійскай імперыі ўзрастала ўсё больш і больш.
На жаль, якраз гэты аспект мінулага айчыннай адукацыі дагэтуль у беларускай і замежнай гістарыяграфіі застаецца па-за рамкамі большасці даследванняў. Асветніцкая праца еўрапейцаў увогуле не стала прадметам аналізу ў сучаснай гістарычнай навуке. Што ж датычыцца нашых суайчыннікаў, якія прымалі ўдзел у развіцці міжнародных кантактаў, то ім прысвечаны толькі асобныя працы [10; 13; 14]. Прычым акцэнт зараз робіцца пераважна на даследванні біяграфій вядомых вучоных, педагогаў і мастакоў, а іх сувязі з сусветнай навуковай супольнасцю закранаюцца фрагментарна [5; 8; 12]. Падобны падыход характэрны і для тэматычных прац, прысвечаных вывучэнню гісторыі асобных напрамкаў беларускай навукі [2; 3], а таксама лёсу мясцовых вышэйшых навучальных устаноў [19; 21]. Аднак відавочна, што якраз комплексны аналіз усіх відаў навукова-асветнага ўзаемадзеяння беларускіх зямель з еўрапейскімі краінамі ў першай палове ХІХ ст. неабходны для больш дасканалага вывучэння праблемы станаўлення ў рэгіёне дзяржаўнай сістэмы народнай асветы.
Звязана гэта з тым, што менавіта ў азначаны перыяд роля тых жа выхадцаў з краін Цэнтральнай і Заходняй Еўропы ў айчыннай школьнай справе істотна ўзрасла. Калі ў XVII—XVIII стст. еўрапейскае паходжанне мелі, як правіла, хатнія настаўнікі і гувернёры, то з пачатку ХІХ ст. такія асобы працавалі практычна ва ўсіх тыпах тутэйшых навучальных устаноў. Менавіта замежныя настаўнікі пашыралі ў Беларусі найноўшыя педагагічныя ідэі і нават сталі заснавальнікамі новага віда школ — прыватных пансіёнаў. На ўсходнебеларускіх землях яшчэ ў час кiравання Паўла I пачалi сваю дзейнасць пансiёны пастара Вальборта ў Магiлёве, Цымермана ў Шклове, сям’i Лiнкаў у Дуброўне, ротмiстра Х. Кора ў Рагачове і інш. Дзейнiчалi яны цалкам самастойна i не кантралявалiся тутэйшымі прыказамі грамадскага апекавання альбо дырэктарамі народных вучылiшчаў. Расійскі акадэмік І. Севяргін, які па загаду Пецярбурга аглядаў навучальныя ўстановы ўсходу Беларусі ў 1803 г., пакінуў апісанне пансіёна ў в. Сухадорава (Бабiнавiчскi павет). Яго трымаў немец Г. фон Шрэтэр, які па сведчанню рэвізора быў «человеком основательным, степенным и сведущим». Школа знаходзілася пры палацы мясцовага памешчыка П’еро і мела вялікую вучэбную праграму (руская, французская, нямецкая і польская мовы, Закон Божы, геаграфія, гісторыя, архітэктура, геаметрыя, арыфметыка, фартыфікацыя, прыродазнаўства, фізіка, маляванне, музыка). Большасць курсаў вёў сам Г. фон Шрэтэр, але для польскай мовы, Закона Божага і музыкі ён запрасіў дадатковых настаўнікаў. Дадзены пансіён аказаўся сур’ёзным канкурэнтам навакольным манастырскім школам — нягледзячы на не вельмі зручнае размяшчэнне і высокую плату за навучанне (200 руб. штогод, у той час як манахі вучылі бясплатна), тут было 14 юнакоў і 5 дзяўчат [1, с. 106—107].
Запрашаліся еўрапейцы на працу і ў сярэднія навучальныя ўстановы. Згодна перапісу 1802 г., у спісах выкладчыкаў Літоўскай губерні маецца цэлы шэраг такіх асоб. У Віленскай гімназіі настаўнікам французскай мовы і малявання працаваў парыжанін В. д’Арэнкурт. У Жыровіцкай базыльянскай школе нямецкую мову выкладаў В. Дэсарж з Маравіі. Чэхам па паходжанню з’яўляўся прэфект Брэсцкай базыльянскай школы Й. Фішэр. Шмат працавала ў Беларусі і палякаў. Выкладчыцкі калектыў Слонімскай школы канонікаў рэгулярных, напрыклад, цалкам складаўся з ураджэнцаў гэтай краіны. Яе прэфект Д. Земброўскі нарадзіўся пад Кракавам. З таго ж краю былі родам настаўнік матэматыкі і фізікі Ю. Карокшталт, а таксама настаўнік 1-га класа Я. Крыстынякевіч. Настаўнік жа французскай і нямецкай моў Я. Косман паходзіў з Торуня. Пры гэтым першыя тры скончылі Кракаўскі універсітэт, а апошні — Торуньскую акадэмію. Мелі дыпломы еўрапейскіх навучальных устаноў і асобныя выкладчыкі з мясцовых ураджэнцаў. Так, у Магілёўскім галоўным народным вучылішчы курсы па замежных мовах вёў выхаванец універсітэтаў Берліна і Франкфурта-на-Одэры Ф. Бернацкі, а настаўнік права і красамоўства Брэсцкай школы В. Палонскі ў маладосці вучыўся ў Рыме [16, с. 227—238].
Разам з тым відавочна, што ў параўнанні з папярэднім стагоддзем становішча ў айчыннай адукацыйнай справе ўсё ж пачало паступова змяняцца. Большасць настаўнікаў (звыш 90 %) не толькі мела мясцовае паходжанне, але і скончыла віленскую Галоўную школу (былая езуіцкая акадэмія). Што ж да традыцыі запрашаць у школы на працу замежных спецыялістаў, то яна захавалася толькі з прычыны жадання ўлад штучна павысіць прэстыж асобных навучальных устаноў. У выніку гэтага ў 1823 г. сярод 337 настаўнікаў свецкіх гімназій і павятовых вучылішчаў Беларусі і Літвы было ўсяго 33 еўрапейца: 22 француза, 8 немцаў, 2 чэха і 1 англічанін. Прычым выкладалі яны даволі вузкае кола прадметаў: класічныя і еўрапейскія мовы, танцы, фехтаванне і маляванне [21, t. 2, s. 217].
Самадастатковасць айчыннай сістэмы адукацыі ў плане забеспячэння высокакваліфікаванымі выкладчыцкімі кадрамі тлумачыцца тым, што Вільня, нягледзячы на бурлівыя падзеі часоў другога і трэцяга падзелаў Рэчы Паспалітай, здолела захаваць за сабою статус вядучага цэнтра вышэйшай адукацыі ўсіх заходніх губерній Расійскай імперыі. Ужо ў 1796 г. тутэйшая Галоўная школа аднавiла сваю дзейнасць у поўным аб’ёме. Пры гэтым для папаўнення прафесарскага корпусу ў Вільню на працу былі запрошаны батанiк С. Юндзiл (у 1792—1795 гг. стажыраваўся ў Кракаве, Вене, Празе, Дрэздэне, на руднiках i горных заводах Венгрыi), заснавальнік айчыннай судовай медыцыны А. Бекю (выпускнік Кенігсбергскага універсітэта), а таксама мастак Ф. Смуглевiч (выхаванец акадэмii св. Лукi ў Рыме) [20, s. 268].
Рэарганізацыя віленскай Галоўнай школы ва універсітэт у 1803 г. прывяла да таго, што для запаўнення кафедр па новаму штату дадаткова спатрэбілася ажно 17 новых прафесараў. Акрамя таго, неабходна было падабраць 12 ад’юнктаў (чыталi курсы па дадатковых прадметах), 8 настаўнікаў замежных моў, «прыемных мастацтваў» i гiмнастыкi. Тагачасны рэктар універсітэта І. Страйноўскі знайшоў частковае вырашэнне дадзенай праблемы праз запрашэнне на гэтыя пасады еўрапейскіх навукоўцаў. З Вены прыехаў вядомы медык Й. Франк, з Дармштадта — выкладчык ветэрынарыі Л. Баянус, з Рыма — знаўца латыні П. Таренгі, з Фларэнцыi — прававед А. Капеллi, з Пецярбурга — прафесар рыторыкі Й. Саўндэрс, з Эдынбурга — філосаф Г. Абiхт i матэматык К. Лансдорф (хутка быў звольнены за тое, што прадаваў студэнтам рашэнні задач). Акрамя таго, адзін з хатніх настаўнікаў князей Чартарыйскіх у Пулавах — філолаг Г. Гродэк (выпускнік Гейдэльбергскага універсітэта) згадзіўся заняць пасаду прафесара антычнай літаратуры ў Вільні. Быў запрошаны на працу і А. Ле Брун, які калiсцi з’яўляўся прыдворным скульптарам караля Станiслава Аўгуста. Пры гэтым неабходна адзначыць, што ў Вільні працягвалі працаваць некаторыя з еўрапейцаў, якія прыбылі сюды яшчэ ў час існавання Рэчы Паспалітай: прафесары прыродазнаўства Ф. Шпітцнагель, анатоміі Й. Лабенвэйн, архітэктуры М. Шульц і хірургіі Й. Брыётэ, выкладчык французскай мовы Й. Пінабель, нямецкай мовы П. Альбрэхт, музыкі Й. Холанд, памочнік бібліятэкара Ф. Бовард. Апошні, дарэчы, акрамя непасрэдных сваіх абавязкаў па універсітэту стаў яшчэ і выдаўцом тутэйшай франкамоўнай газеты «Le Messager de Vilna». Запрашаліся еўрапейцы ў Віленскі універсітэт і ў далейшым — у спісе выкладчыкаў за 1816 г. таксама значацца прафесары фізікі Х. Лаўпман, фармакалогіі Й. Вольфганг, англійскай і нямецкай літаратуры В. Хаўштэйн, настаўнік танцаў А. Дзевані і фехтавання Й. Хуллет [21, t. 1, s. 100—108]. Прысутнасць у Вільні значнай колькасці ўраджэнцаў розных еўрапейскіх краін вельмі не падабалася шмат каму з ліку патрыятычна настроеных мясцовых грамадскіх дзеячоў. Рэзкай крытыке І. Страйноўскі падвергся з боку сваіх супрацоўнікаў Ф. Дмахоўскага i Ф. Чацкага, якія адкрыта адзначалі, што «Вильна сделалась колонией чужеземцев» [17, с. 234—235].
Кіраўніцтва Віленскага універсітэта, безумоўна, не магло не адрэагаваць на падобныя заўвагі. Для павелічэння колькасці прафесараў мясцовага паходжання была распрацавана праграма стажыроўкі лепшых выпускнікоў за мяжой. Ужо ў 1803—1804 гг. у Парыж быў адпраўлены З. Нямчэўскi, стаўшы ў далейшым дэканам фізіка-матэматычнага факультэта, а ў Берлін — Ф. Нiшкоўскi, які пасля вяртання заняў пасаду прафесара хірургіі [11, с. 249—253]. Акрамя гэтага, для актывізацыі міжнародных сувязяў былі наладжаны кантактамі з заходнееўрапейскімі выдаўцамі навуковай літаратуры. Толькі замежных часопісаў у Віленскі універсітэт рэгулярна дасылалася 34 (18 нямецкіх, 11 французскіх, 4 англійскіх і 1 італьянскі) [21, t. 1, s. 217].
Азначаныя захады дазволілі не толькі хутка ўкамплектаваць Віленскі універсітэт высокакваліфікаванымі выкладчыцкімі кадрамі, але і ўмацаваць яго сувязі з вядучымі навукова-асветнымі цэнтрамі Еўропы. Нажаль, меўся значны негатыўны фактар — стракатасць прафесарскага корпусу зрабіла немагчымым стварэнне ва універсітэце цэласнага і гарманічнага педагагічнага калектыва. Самі еўрапейцы лічылі асноўным віноўнікам гэтага І. Страйноўскага, які, па словах прафесара медыцыны I. Франка: «Не смог сплотить разнородный профессорский корпус, вселить в него уважение к университетскому уставу, ликвидировать внутренние раздоры». Лагічным працягам апошніх стала паступовае фарміраванне ва універсітэце асобных груп выкладчыкаў, размежаваных па нацыянальнаму прызнаку. Найбольш уплывовымі з іх былі «нямецкая партыя» (11 прафесараў, 1 ад’юнкт) і «польская партыя» (9 прафесараў, 8 выконваючых абавязкi прафесараў, 7 ад’юнктаў). Мясцовыя ўраджэнцы панавалі ў час рэктарства Я. Снядэцкага (1807—1815). Але іх кантроль над універсітэтам прывёў да таго, што вучэбна-выхаваўчы працэс набыў антыімперскі нацыянальна-патрыятычны характар, а задача падрыхтоўкі высокакваліфікаваных навукоўцаў адыйшла на другі план. Падзеі 1812 г. яскрава пацвердзілі гэта — віленская прафесура і студэнты у большасці сталі на бок Напалеона. Менавіта таму пасля перамогі Пецярбург паспрабаваў змяніць унутранае становішча ва універсітэце праз прызначэнне новым рэктарам у 1815 г. выхаванца Венскага унiверсiтэта прафесара I. Лабенвэйна. Аднак ён не карыстаўся шырокай падтрымкай у Вiльнi нават сярод сваiх калег-немцаў. Той жа I. Франк ва ўласных мемуарах перыяд кiраўнiцтва I. Лабенвэйна называе «ничем более, как медленным, но верным расстройством университета» [4, с. 15—38].
У выніку на выбарах рэктара ў 1816 г. перамог прафесар права і палiтэканомii Ш. Малеўскі, якi абяцаў працягваць справу Я. Снядэцкага. Акрамя іншага, гэта датычылася і праблемы папаўнення прафесарскага корпусу. Было вырашана прыпыніць практыку запрашэння ў Вільню еўрапейцаў, а ўзамен актывізаваць уласную праграму стажыровак. У Англіі, Галандыі, Францыі і Германіі ў 1817—1820 гг. вучыўся прафесар батанікі Ю. Юндзіл; у 1817—1819 гг. у Францыі — прафесар архітэктуры К. Падчашынскі; у 1817—1821 гг. у Германіі, Галандыі і Англіі — прафесар практычнай механікі В. Горскі; у 1819—1820 гг. у Германіі — прафесар агранаміі М. Ачапоўскі; у 1820—1823 гг. у Аўстрыі, Германіі і Францыі — прафесар паталогіі А. Абіхт. У выніку гэтага з 47 прафесараў, якія працавалі ў Вільні ў сярэдзіне 1820-х гг., мясцовымi ўраджэнцамi былi ўжо 36, акрамя таго, мелася 2 прафесара з Царства Польскага, 6 — з еўрапейскiх краiн, 2 — з Расii i 1 — з Курляндыi [18, с. 12]. Зыходзячы з гэтага відавочна, што еўрапейская прафесура ў Вільні страціла ранейшы імідж непахісных аўтарытэтаў. Да таго ж іх пачалі абвінавачваць у касмапалітычных паводзінах, нежаданні разабрацца ў нацыянальнай, палітычнай і культурнай спецыфіке тутэйшага рэгіёну.
Такім чынам, хаця Віленскі універсітэт і з’яўляўся ў той час вядучым айчынным цэнтрам вышэйшай адукацыі, яго роля ў пашырэнні міжнародных навукова-асветных кантактаў была не адназначнай. Так, мясцовую прафесуру за яе навуковыя дасягненні ведалі ва ўсім свеце (І. Лялевель, Л. Баянус, М. Баброўскі, І. Анацэвіч, І. Даніловіч, К. Ельскі), а студэнтаў з Вільні можна было сустрэць практычна ва ўсіх асноўных вышэйшых навучальных установах Еўропы. На жаль, узмацненне руху за аднаўленне Рэчы Паспалітай спрыяла пераарыентацыі дзейнасці універсітэта на патрыятычнае выхаванне, што спачатку адасобіла мясцовых ураджэнцаў ад прафесараў, меўшых еўрапейскае паходжанне, а потым садзейнічала нарастаючай ізаляцыі Вільні як ад іншых асветных цэнтраў Расійскай імперыі, так і ад сусветнай навуковай супольнасці.
Магчыма, якраз гэтым тлумачыцца тое, што шмат хто з прадстаўнікоў мясцовага дваранства вырашыў не абмяжоўвацца ў навучанні толькі Віленскага універсітэта. Як і раней, некаторыя адпраўляліся ў Еўропу. Так, Я. Быхавец з ваколіц Слоніма ў канцы XVIII ст. вучыўся ў І. Канта ва універсітэце Кенігсберга (у 1796—1806 гг. удасканальваў свае веды таксама ў Франкфурце-на-Одэры і Гейдэльберге). А вядомы айчынны жывапісец І. Аляшкевіч (родам з Радашковічаў) у 1808 г. на сродкі графа А. Хадкевіча адправіўся на вучобу ў Парыж да Давіда. Разам з тым, подых новага капіталістычнага часу паступова пачынаў уплываць і на падобныя замежныя вандроўкі. Л. Ельскі з-пад Гродна ў 1807—1810 гг. у Парыжы вывучаў ужо эканоміку, а не больш звычныя для шляхты гуманітарныя прадметы. Нажаль, выдатная замежная адукацыя дазваляла выхадцам з Беларусі не вяртацца на Радзіму, дзе становішча з-за нарастання нацыянальна-вызваленчага руху і рэпрэсій з боку рускіх улад істотна пагоршылася. Той жа Я. Быхавец зрабіў кар’еру ў французскай арміі (у 1812 г. ад’ютант Мюрата). Л. Ельскі заняў у 1828 г. пасаду прэзідэнта Польскага банка ў Варшаве. І. Аляшкевіч з’ехаў у Пецярбург, дзе стаў членам Імператарскай акадэміі мастацтваў [5, с. 20].
Унутраныя рознагалоссі ў Вільні спрыялі і таму, што пэўная частка таленавітай беларускай моладзі абірала для атрымання вышэйшай адукацыі Полацкую езуіцкую акадэмію (1812—1820). Тутэйшы педагагічны калектыў таксама быў шматнацыянальны, але дзейнічаў куды больш арганізавана з-за жорсткай дысцыпліны, якая панавала ў гэтым манаскім ордэне. Прафесара з еўрапейскіх краін тут складалі да паловы ад агульнай колькасці. Найбольш сярод іх было прадстаўнікоў Германіі, Францыі і Бельгіі, Італіі, Швейцарыі, Чэхіі, Англіі, Галандыі і Партугаліі. Пры гэтым вялі яны самыя разнастайныя прадметы — тэалогію (А. Месераці, Б. Скардыяло, Ж. Розавен), філасофію (Дж. Маньяні, А. Ландэс, А. Пуэл, Ш. Баландрэ), усеагульную гісторыю (Д. Рышардо), матэматыку (Дж. Анджаліні, Ф. Новак), фізіку, прыродазнаўства і хімію (Ф. Ріка), батаніку і заалогію (П. Ланге). Амаль цалкам быў ім «аддадзены» факультэт класічных і сучасных моў. Французскую мову ў акадэміі выкладалі Ж. Дзюжардэн, А. Моріц, Я. Пірлінг, Ф. Гаво; нямецкую — М. Тайн, А. Шэдлер, І. Мейер, Р. Кюферлін, Ф. Азум; старажытнаяўрэйскую — М. Малінары; старажытнагрэчаскую — Я. Вісінгер; арабскую і сірыйскую — Б. Війём. Ды і кіравалі вышэйшай навучальнай установай немцы А. Люстыг (1812—1814) і А. Ландэс (1814—1817), а ўраджэнец Беларусі Р. Бжазоўскі заняў гэтую пасаду толькі напрыканцы яе дзейнасці (1817—1820) [7, с. 161—163].
Менавіта выгнанне езуіцкага ордэну з Расійскай імперыі ў 1820 г. паклала пачатак працэсу вымушанай эміграцыі навуковай і творчай інтэлігенцыі з беларускіх зямель. Айчынныя езуіты раз’ехаліся па ўсяму свету. Толькі ў Аўстрыі (Галіцыя) іх асела ажно 158 (з 358), 88 выгнаннікаў знайшлі прытулак у Італіі, яшчэ 38 перасялілася ў Францыю. Астатнія адправіліся ў Англію, Іспанію, ЗША і г. д. Шэраг з іх, дарэчы, сталі вядомымі педагогамі і навукоўцамі. І. Будзько атрымаў званне прафесара матэматыкі і выкладаў у Рыме і Спалета. Ю. Дмахоўскі заняў пасаду рэктара езуіцкага калегіума ў Мадэне і быў шырока вядомы як філосаф-неасхаласт. Ураджэнец Оршы Ф. Дзеружынскі лічыцца заснавальнікам у ЗША сеткі каталіцкіх навучальных устаноў, а таксама адным з арганізатараў Джорджтаўнскага універсітэта ў Вашынгтоне [9, с. 4].
Наступная хваля масавай эміграцыі з Беларусі адукаваных колаў мясцовага насельніцтва была звязана з падаўленнем нацыянальна-вызваленчага паўстання 1830—1831 гг. Царскі ўрад жорстка ставіўся да падазроных ва ўдзеле ў гэтым «мяцежу» — іх чакала канфіскацыя ўсёй маёмасці і адпраўка простымі салдатамі на Каўказ альбо на катаргу ў Сібір. Зразумела, што шмат хто ў якасці альтэрнатывы абраў нелегальны выезд за мяжу. Найбольш славутым з тагачасных айчынных эмігрантаў, безумоўна, быў А. Міцкевіч. Замежны перыяд яго жыцця пачаўся яшчэ ў 1829 г. У час уласнага вандравання ён пазнаёміўся з Гётэ і Ф. Куперам, з якімі ў далейшым падтрымліваў рэгулярную перапіску. У 1830—1840-х гг. паэт выкладаў антычную літаратуру ў Лазанскай акадэміі і гісторыю літаратур славянскіх народаў у Калеж дэ Франс у Парыжы. Дарэчы, сярод яго выхаванцаў была будучая знакамітая пісьменніца Ж. Санд. Пазней А. Міцкевіч выконваў абавязкі пасланца Міністэрства асветы Францыі і, нажаль, у час адной з такіх паездак у Стамбул у 1855 г. памёр ад халеры [6, с. 126].
Яшчэ адзін вядомы айчынны эмігрант — сябар А. Міцкевіча І. Дамейка з-пад Навагрудка таксама спачатку пераехаў у Парыж, дзе скончыў Вышэйшую школу горнай справы пры Сарбоне. У 1837 г. яго запрасілі ў Чылі, дзе ў сталічным універсітэце ён спачатку ўзначаліў кафедру хіміі, а ў 1867—1883 гг. займаў пасаду рэктара. Дзякуючы намаганням І. Дамейкі ў Сант’яга была арганізавана служба метэаралогіі, пабудаваны новы водаправод, адкрыты мінералагічны і этнаграфічны музеі. Яго навуковыя доследы Чылі прывялі да пачатку распрацоўкі радовішчаў салетры, медзі, срэбра і золата. Памятаюць аб ім чылійцы і сёння — у
Сант’яга стаіць помнік «Грандэ Эдукатору», у яго доме зроблены мемарыяльны музей, а адзін з партовых гарадоў гэтай краіны названы Пуэрта-Дамейка [10, с. 27—44].
Лёс большасці іншых эмігрантаў-бежанцаў з Беларусі быў не такі слаўны. Аказаўшыся на чужыне яны былі вымушаны прыстасоўвацца да новых абставін, уносячы ўласны ўклад у развіццё гаспадаркі, асветы ды навукі сваёй новай Радзімы. Прадстаўнік старадаўняга айчыннага шляхецкага роду Н. Жаба пасля падаўлення паўстання 1830—1831 гг. з’ехаў у Англію, а потым шмат вандраваў па Паўночнай і Паўднёвай Амерыке, Аўстраліі, Новай Зеландыі. Пэўны час у сярэдзіне ХІХ ст. ён выкладаў усеагульную гісторыю і класічныя мовы ва універсітэце Буэнас-Айрэса. Актыўны ўдзельнік паўстання на Дзісненшчыне А. Рыпінскі з-пад Віцебска абаснаваўся ў Парыжы і стаў членам французскай Акадэміі прамысловасці, сельскай гаспадаркі, рамёстваў і гандлю. У 1846 г. ён пераехаў у Лондан, дзе займаўся выдавецкай дзейнасцю, а таксама выкладаў у прыватных пансіёнах класічныя мовы, матэматыку і маляванне. Знаходзіўся пэўны час у эміграцыі (да 1856 г.) і будучы вядомы айчынны мастак Н. Орда з-пад Пінска. У Парыжы ён вучыўся ігры на фартэпіяна ў Ф. Шапэна і Ф. Ліста, а таксама жывапісу ў студыі П. Жэрара. У сярэдзіне ж 1840-х гг. Н. Орда нават працаваў дырэктарам тутэйшай Італьянскай оперы [12, с. 6].
Менавіта Парыж, такім чынам, з’яўляўся тым месцам, куды імкнуліся бежанцы з Беларусі. Выклікана гэты было не толькі сусветнай славай горада як цэнтра навукі і культуры, але і тым, што менавіта тут склаўся ў 1830-я гг. буйнейшы эмігранцкі асяродак выхадцаў з Польшчы, Беларусі і Літвы. У самім Парыжы асноўным месцам іх сустрэч стала гасцініца «Ламберт», дзе жыў былы кіраўнік Віленскай навучальнай акругі і ўладар Валожына князь А. Чартарыйскi. Значную ролю адыгрывала і Таварыства Віленскай бібліятэкі, якое было створана ў 1841 г. у Версалі. Студэнт Віленскага універсітэта І. Клімашэўскі з Мазыршчыны стаў першым бібліятэкарам тутэйшага кнігазбора, які ствараўся за кошт прыватных ахвяраванняў. Усяго ў Версалі захоўвалася звыш 20 тыс. кніг, 5 тыс. малюнкаў і гравюр, больш 500 рукапісоў (пазней перавезены ў Варшаву) [22, s. 415—416].
Разам з тым, відавочна і тое, што ніякія рэпрэсіі царскіх улад не былі ў стане цалкам знішчыць у заходніх губернях асветную і навуковую дзейнасць. Безумоўна, ліквідаванне Пецярбургам Полацкай езуіцкай акадэміі (1820) і Віленскага універсітэта (1832), а таксама забарона тутэйшым ураджэнцам з 1824 г. атрымліваць вышэйшую адукацыю за межамi Расiйскай iмперыi сталі значным негатыўным фактарам у культурным развіцці беларускіх зямель. Аднак нават гэта не здолела цалкам адарваць іх ад удзелу ў міжнародным навукова-асветным супрацоўніцтве. Асобныя ўраджэнцы тагачаснай Беларусі мелі шырокае прызнанне ў навуковых колах Еўропы. Я. Тышкевіч з Лагойска з’яўляўся ганаровым членам Стакгольмскай акадэміі навук, а таксама Лонданскага археалагічнага інстытута. Замежныя калегі не аднойчы запрашалі яго да сябе. У час свайго знаходжання ў Даніі і Швецыі ён вывучаў мясцовыя архівы, што дазволіла яму ўзбагаціць айчынную гісторыю каштоўнымі дакументальнымі крыніцамі [8, с. 22—23]. Актыўныя навуковыя кантакты з Заходняй Еўропай падтрымліваў і С. Горскі з Кобрыншчыны, які пасля навучання ў Вільні захапіўся прыродазнаўствам і прысвяціў сваё жыццё збору гербарыяў, якія дасылаліся ім у музеі Вены, Неапаля, Жэневы, Падуі, Фларэнцыі, Дрэздэна. Шырока было вядома за мяжой і імя айчыннага гісторыка М. Маліноўскага. У сярэдзіне ХІХ ст. ён узначальваў палітычны аддзел «Віленскага весніка» і яго аналітычныя артыкулы рэгулярна перадрукоўваліся ў лонданскай «Таймс». Членам Лукскай, Падуанскай і Фларэнтыйскай акадэмій, а таксама Парыжскага філаматычнага таварыства быў матэматык М. Палінскі-Пчолка родам з-пад Слоніма, які зараз лічыцца заснавальнікам айчыннай трыганаметрыі [2, с. 60—62].
Добра было вядома за мяжой і прозвішча выхаванца Віленскага універсітэта А. Шэмета — прафесара Кракаўскага універсітэта, члена ўсходазнаўчых таварыстваў Лондана і Парыжа, манаграфія якога «Гісторыя Абасідаў» (1823) уваходзіла ў лік лепшых тагачасных гістарычных даследванняў. У бібліятэке кожнага еўрапейскага універсітэта меўся таксама і 7-томны падручнік «Хімія» (1816—1817) члена Пецярбургскай акадэміі навук і выхадца са старадаўняга айчыннага магнацкага роду А. Хадкевіча. Першым даследчыкам мангольскай мовы ў Еўропе стаў ураджэнец Гродна В. Кавалеўскі, які пасля двух дзесяцігоддзяў працы выдаў у 1844—1849 гг. «Мангола-руска-французскі слоўнік». Першынства ж у вывучэнні вуснай народнай творчасці народаў Усходу належыць А. Ходзьке з Навагрудчыны, які ў 1850-я гг. працаваў прафесарам Калеж дэ Франс і выдаў на англійскай ды французскай мовах пераклады народных песен іранцаў, туркменаў, калмыкаў і г. д. [14, с. 72].
Асобна неабходна адзначыць удзел беларускіх навукоўцаў у буйнейшым агульнаеўрапейскім праекце ХІХ ст. па вымярэнню 25-градуснай дугі мерыядыяна ад Ледавітага акіяна да Дуная (2820 км). Ён атрымаў назву «Дугі Струвэ» і быў неабходны для вызначэння формы і памераў Зямлі. Мінчанін М. В. Глушневіч у якасці памочніка, а потым і выконваючага абавязкі дырэктара Віленскай астранамічнай абсерваторыі (1826—1848) кіраваў ажыццяўленнем праекта ў Беларусі, дзе было закладзена ажно 31 геадэзічны пункт (усяго 258 на тэрыторыі 10 сучасных еўрапейскіх краін). Пэўны ўклад у пачатак новай хвалі НТР зрабілі і айчынныя вынаходнікі. І. Бараноўскі са Смілавіч распрацаваў прыстасаванне для друку ў некалькі фарбаў, за што ў 1851 г. у Лондане ў час правядзення сусветнай выстаўцы атрымаў залаты медаль. З. Слонімскі, у сваю чаргу, зканструяваў лічыльную машыну, за што атрымаў у 1845 г. Дзямідаўскую прэмію. Акрамя гэтага, ім быў створаны больш дасканалы варыянт тэлеграфа, здольны адначасова прымаць і адпраўляць некалькі паведамленняў. Яго вынаходніцтвы былі высока ацэнены нямецкім навукоўцам А. Гумбальтам, які арганізаваў для яго аўдыенцыю ў прускага караля і запрашаў перасяліцца ў Берлін [13, с. 363, 396, 552].
Прыкладам для іншых еўрапейскіх краін Беларусь стала ў 1848 г., калі менавіта тут — у мястэчку Горкі Магілёўскай губерні на базе адкрытай у 1836 г. земляробчай школы быў заснаваны адзін з першых у свеце земляробчых інстытутаў. Значную частку пасад выкладчыкаў спачатку займалі прыбалтыйскія немцы — выпускнікі Дзерптскага універсітэту (А. Больман, Р. Кнюпфер, Э. Рего, К. Шмідт, В. Краўзе, Б. Міхельсон, Р. Штэйгер, Ф. Юнгмейстар). Італьянскае паходжанне меў прафесар А. Кампіёні, які чытаў курс па вясковай архітэктуры і распрацаваў праект самаго інстытуцкага гарадка [19, с. 48—54]. Разам з тым, у далейшым кіраўніцтва інстытута ўзяла курс на ўласную падрыхтоўку выкладчыцкіх кадраў. Лепшыя выпускнікі з гэтай нагоды адпраўляліся за кошт дзяржавы ў еўрапейскiя навучальныя ўстановы (да 2 год). Пасля вяртання яны здавалi ў Пецярбургскiм цi Маскоўскiм унiверсiтэтах экзамены на магiстра сельскай гаспадаркi i маглi разлiчваць на месца ад’юнкта Горы-Горацкага земляробчага iнстытута. Так, будучы прафесар I. Сцебут у 1858—1859 гг. стажыраваўся ў Англiі, Германiі, Бельгіі i Францыі, дзе праслухаў цыклы лекцый вядомых тагачасных навукоўцаў — хіміка А. Лемана, філосафа К. Фішэра і інш. А. Саветаў у 1853—1854 гг. наведаў нямецкi Гогенштэйнцкi земляробчы iнстытут, а таксама Бельгiю, Галандыю, Данiю, Iталiю i Чэхiю. I. Чарнатаў у 1848—1849 гг. вучыўся ў Германii. А. Бажанаў у 1861 г. быў накiраваны ў Англiю, Бельгiю, Германiю, Францыю i Швейцарыю. М. Неручаў у 1853 г. камандзіраваны ў Германію і Бельгію, дзе вывучаў працэс дрэнажа [15, с. 68]. Важным напрамкам міжнароднага навуковага супрацоўніцтва стала выданне з 1851 г. штогодніка «Записки Горы-Горецкого земледельческого института» (выйшла 6 нумароў). Тут друкавалiся навуковыя працы мясцовых i замежных аўтараў па найноўшых дасягненнях тагачаснай сусветнай агранамiчнай навукi, праблемах развiцця сельскай гаспадаркi, удасканаленню вучэбна-выхаваўчага працэса i г. д. [3, с. 36—47]. На жаль, як след умацаваць замежныя кантакты інстытут у Горках не здолеў, бо пасля падаўлення паўстання 1863—1864 гг. ён быў зачынены.
У цэлым, аднак, відавочна тое, што ў першай палове ХІХ ст. навукова-асветнае супрацоўніцтва айчыннага грамадства з еўрапейскімі краінамі было даволі інтэнсіўным. Галоўным станоўчым вынікам яго стала пашырэнне ў Беларусі найноўшых дасягненняў сусветнай навукі і культуры, а таксама ўзрастанне цікавасці міжнароднай навуковай супольнасці да заходніх губерняў Расійскай імперыі. На жаль, менавіта ў гэты перыяд беларускія землі пачалі паступова страчваць уласны інтэлектуальны патэнцыял, што было выклікана як эміграцыяй адсюль адукаваных колаў насельніцтва, так і закрыццём усіх тутэйшых вышэйшых навучальных устаноў. Дадзены фактар абумовіў паступовае згасанне непасрэдных навуковых і культурных кантактаў Беларусі з Захадам і ўзмацненне з сярэдзіны ХІХ ст. сувязяў з асветнымі цэнтрамі ўнутры Расійскай імперыі (Пецярбург, Масква, Кіеў, Варшава).
Літатарура
1. Белецкий, А. В. Исторический обзор деятельности Виленского учебного округа за первый период его существования. Вильна: Тип. А. Г. Сыркина, 1906.
2. Беспамятных, Н. Д. Математическое образование в Белоруссии. Исторический очерк. Минск: Вышэйш. шк., 1975.
3. Бусько, В. Н. Экономическая мысль Белоруссии середины ХIХ — начала ХХ вв. Минск: Наука и техника, 1990.
4. Буяковский, З. Из истории Виленского университета // Журн. Мз-ва Народного Просвещения. 1917. № 5. С. 1—44.
5. Дробаў, Л. М. Беларускія мастакі ХІХ ст. Мінск: Беларусь, 1971.
6. Живописная Россия: в 12 т. / под ред. П. П. Семенова [и др.]. Т. 3: Литовское и белорусское Полесье / А. К. Киркор [и др.]. СПб.: Тип. М. О. Вольфа, 1882.
7. Инглот, М. Общество Иисуса в Российской Империи и его роль в повсеместном восстановлении Ордена во всем мире. М.: Ин-т философии, теологии и истории св. Фомы, 2004.
8. Каханоўскі, А. Г. Руплівец нашай старасветчыны: Яўстах Тышкевіч / А. Г. Каханоўскі, Г. А. Каханоўскі. Мінск: Навука і тэхніка, 1992.
9. Кіпель, В. Полацк, Полаччына і палачане на Захадзе // Полацк: карані нашага радавода / пад рэд. А. Мальдзіса [і інш.]. Полацк: Полацкі дзярж. ун-т, 1996. С. 3—4.
10. Клейн, Б. С. Взгляд из прошлого. Минск: Наука и техника, 1989.
11. Крачковский, Ю. Ф. Исторический обзор деятельности Виленского учебного округа. Вильна: Тип. А. Г. Сыркина, 1905.
12. Кулагін, А. М. Талент, аддадзены Радзіме // Беларусь у малюнках Напалеона Орды / уклад. У. А. Герасімовіч [і інш.]. Мінск: Ураджай, 2001. С. 6—9.
13. Мысліцелі і асветнікі Беларусі / склад. Г. А. Маслыка. Мінск: БелЭн, 1995.
14. Праз смугу стагоддзяў / склад. М. Багадзяж. Мінск: Народн. асвета, 1993.
15. Самусік, А. Ф. Навучальны працэс у Горы-Горацкiм земляробчым iнстытуце // Адукацыя i выхаванне. 2001. № 2. С. 65—69.
16. Сборник материалов для истории просвещения в России: в 4 т. / под ред. И. П. Корнилова. Т. 1. СПб.: Тип. П. П. Сойкина, 1893.
17. Шолкович, С. Польская пропаганда в учебных заведениях Северо-Западного края // Сборник статей, разъясняющих польское дело по отношению к Западной России. Вып. 1. Вильна: Тип. А. Г. Сыркина, 1885. С. 233—311.
18. Цвикевич, А. Белорусь. Берлин: Славянская типография, 1919.
19. Цитович, С. Г. Горы-Горецкий земледельческий институт — первая в России высшая сельскохозяйственная школа. Горки: Изд-во БСХА, 1960.
20. Ambroise, J. Komisja Edukacji Narodowej w Polsce. Wroclaw: PAN, 1979.
21. Beauvois, D. Szkolnictwo polskie na ziemiach Litewsko-Ruskich. 1803—1832: w 2 t. Lublin: Redakcja Wydawnictw KUL, 1991.
22. Slownik pracownikow ksiazki polskiej: w 2 t. T. 1 / pod red. I. Treichel. Warszawa; Lodz: PWN, 1972.