Журнал международного права и международных отношений. 2016. № 1-2 (76-77). С. 59—63.
Journal of International Law and International Relations. 2016. N 1-2 (76-77). P. 59—63.

международные отношения

Пачатак дынастычнай барацьбы ў доме Вазаў і стаўленне да яе шляхты Вялікага Княства Літоўскага

Алена Дземідовіч

Аўтар:
Дземідовіч Алена Васільеўна — кандыдат гістарычных навук, дацент кафедры гісторыі Беларусі старажытнага часу і сярэдніх вякоў гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, e-mail: Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Адрас: 4, пр. Незалежнасці, Мінск, 220030, БЕЛАРУСЬ

Рэцэнзенты:
Снапкоўскі Уладзімір Еўдакімавіч — доктар гістарычных навук, прафесар кафедры міжнародных адносін факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта
Голубеў Валянцін Фёдаравіч — доктар гістарычных навук, прафесар, загадчык цэнтра антрапалогіі і спецыяльных гістарычных навук Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

Артыкул прысвечаны разгляду стаўлення шляхты Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) да пачатку дынастычнай барацьбы ў доме Вазаў. Жыгімонт III, кароль польскі і вялікі князь літоўскі, пасля смерці свайго бацькі, шведскага караля Юхана ІІІ Вазы ў 1592 г., павінен быў стаць каралём Швецыі, што і адбылося. Аднак яго становішча ў Шведскім Каралеўстве было хісткім па шэрагу прычын. Не апошнюю ролю ў гэтым адыграла каталіцкае веравызнанне Жыгімонта ІІІ Вазы. У 90-х гг. XVI ст. манарх Рэчы Паспалітай спрабуе зацвердзіцца ў якасці караля Швецыі, чаму супраціўляецца Карл Судэрманскі, які ўзначальвае адпаведныя апазіцыйныя сілы. Аналізуючы гістарычныя крыніцы, можна сцвердзіць, што шляхта ВКЛ у асноўным пасіўна аднеслася да імкнення Жыгімонта ІІІ змагацца за дынастычныя правы, паколькі разумела, што гэта барацьба будзе пагражаць бяспецы дзяржавы, аб якой яна надзвычай клапацілася. У той жа час шляхта настойвала на выкананні абяцання Жыгімонтам ІІІ уключыць Эстляндыю ў склад Рэчы Паспалітай.

Ключавыя словы: Вялікае Княства Літоўскае, дынастычная барацьба, дынастыя Вазаў, пасол, пасольская інструкцыя, Рэч Паспалітая, сойм, соймік, унія, Швецыя, шляхта.


«Beginning of a Dynastic Struggle in the Vasa House and the Attitude of the Grand Duchy of Lithuania Aristocracy towards this» (Alena Dzemidovich)

The article is dedicated to analysis of the attitude of the Grand Duchy of Lithuania aristocracy towards the beginning of a dynastic struggle in the Vasa house. Sigismund III Vasa, the King of Poland and Grand Duke of Lithuania, after the death of his father, a King of Sweden John III Vasa in 1592 must have become a King of Sweden, which happened to be. However, his status in the Swedish Kingdom was unstable due to number of reasons. Catholic confession of Sigismund III Vasa played an important role in this process. During the 90s of the 16th century the Monarch of Rzeczpospolita attempts to prove himself in a character of the King of Sweden, to which opposes Karl Suderman who headed correspondent opposition forces. After analysing historical resources we can say that aristocracy of the Grand Duchy of Lithuania, in general, was very passive towards the intention of Sigismund III Vasa to struggle for dynastic rights as far as they understood that this struggle would only threaten to the Duchy’s security which was particularly taken care of. At the same time, the aristocracy insisted on fulfilling the promise by Sigismund III Vasa to include Estland into Rzeczpospolita.

Keywords: Ambassador, ambassadorial guide, aristocracy, dynastic struggle, the Grand Duchy of Lithuania, Rzeczpospolita, Sejm, Sweden, the Vasa dynasty, Union.

Author:
Dzemidovich Alena — Candidate of History (PhD), Associate Professor of the Department of Belarus History of the Ancient Time and the Middle Ages of the Faculty of History, Belarusian State University, e-mail: Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
Belarusian State University. Address: 4, Nezavisimosti ave., 220030, Minsk, BELARUS


У жніўні 1587 г. Жыгімонт Ваза, сын шведскага караля Юхана III і Кацярыны Ягелонкі, у выніку напружанай барацьбы за прастол стаў каралём Каралеўства Польскага. Крыху пазней, у студзені 1588 г., яго кандыдатура была зацверджана ў якасці вялікага князя ВКЛ. Прыкладна праз палову дзесяцігоддзя ён, пасля смерці свайго бацькі — шведскага караля Юхана ІІІ Вазы ў 1592 г., згодна з Вестэроскім законам 1544 г. аб спадчынасці трона (адпаведна якому форма праўлення гэтай скандынаўскай дзяржавы эвалюцыянавала ад выбарнай манархіі да спадчыннай), павінен быў стаць каралём Швецыі. Такім чынам, акрэслілася перспектыва персанальнай уніі паміж Рэччу Паспалітай і Шведскім Каралеўствам, якой суджана было стаць кароткатэрміновай і прынесці абедзвюм дзяржавам больш праблем, чым карысці. Адным з важнейшых момантаў, які раз’ядноўваў дзяржавы, з’яўлялася рэлігійная праблема. Змест яе зводзіўся да наступнага: супярэчнасці, якія існавалі паміж рознымі рэлігійнымі плынямі ў Шведскім Каралеўстве — евангелісцка-лютэранскаму пратэстантызму супрацьстаялі кальвінізм і каталіцызм, — маглі надзвычай абвастрыцца пасля таго, як на прастоле мусіў апынуцца манарх каталіцкага веравызнання, які да таго ж з’яўляўся лідэрам антырэфарматарскіх сіл у Еўропе.

Улічваючы тыя абставіны, якія спадарожнічалі абранню Жыгімонта Вазы ў якасці караля польскага і вялікага князя літоўскага, тыя ўмовы, на якіх аказала яму падтрымку шляхта ВКЛ, а таксама няпростую знешне- і ўнутрыпалітычную сітуацыю, у якой апынецца Рэч Паспалітая падчас кіравання першага прадстаўніка дынастыі Вазаў, падаецца вартым увагі прасачыць пазіцыю шляхецтва ВКЛ адносна тых падзей, якія з’явіліся своеасаблівым пралогам да знясільваючай барацьбы XVII ст. за Балтыку.

Дынастычная барацьба прадстаўнікоў дома Вазаў знайшла сваё адлюстраванне ў гістарыяграфіі, як айчыннай, так і замежнай. Шэраг даследаванняў, праўда, прысвечаных больш познім перыядам гэтага канфлікту, якія ў гістарычнай літаратуры прынята называць войнамі Рэчы Паспалітай са Шведскім Каралеўствам. Значна менш увагі адведзена першапачатковаму перыяду барацьбы, храгалагічныя рамкі якога можна акрэсліць, напрыклад, наступным (не выключаючы іншых варыянтаў) чынам: ніжняя мяжа — 1592 г. — час смерці шведскага караля Юхана III Вазы; верхняя — 1599 г. — дэтранізацыя Жыгімонта ІІІ у Швецыі. Яшчэ менш увагі даследчыкамі было адведзена аналізу пазіцыі вышэйшага саслоўя дзяржавы да супрацьстаяння прадстаўнікоў дзвюх галін дынастыі Вазаў. Сярод прадстаўнікоў замежнай гістарыяграфіі ў першую чаргу варта адзначыць працы такіх даследчыкаў, як Г. Віснер, А. Філіпчак-Коцур, С. Хербст, Я. Жоньца, у якіх адлюстроўваліся падзеі ўзаемаадносін Рэчы Паспалітай і Швецыі ў апошнім дзесяцігоддзі XVI ст. [15; 17; 26—28; 30; 31]. Закраналася дадзеная праблематыка і расійскімі даследчыкамі, аднак у кантэксце балтыйскага пытання ўвогуле альбо пры даследаванні спецыфікі міжнародных адносін у плоскасці рэалізацыі стасункаў «трохвугольніка» Расія — Рэч Паспалітая — Швецыя [8—10]. Варта адзначыць, што айчынная гістарыяграфія не можа пахваліцца увогуле багатай традыцыяй вывучэння ўзаемаадносін Рэчы Паспалітай і Шведскага Каралеўства. Вяртаючыся непасрэдна да тэмы, абмяжаваў пры гэтым час канфлікту Рэчы Паспалітай і Швецыі толькі пачаткам дынастычнай барацьбы, можна адзначыць у беларускай гістарыяграфіі працы А. Катлярчука, У. Падалінскага, А. Радамана, якія ў рознай ступені закраналі аспекты праблематыкі [3—7].

Мэтай артыкула з’ўляецца вызначэнне стаўлення шляхты ВКЛ да пачатку дынастычнай барацьбы ў доме Вазаў.

Як ужо адзначалася, 1592 г. прынёс Швецыі істотныя перамены: памірае Юхан ІІІ, сын Густава І Вазы, які з’яўляўся першым шведскім каралём з дынастыі Вазаў. Яго сын і спадчыннік павінен быў ехаць на сваю радзіму ў Швецыю, каб абмеркаваць пытанні, звязаныя з парадкам уступлення на прастол. Паездку Жыгімонта ІІІ у Швецыю абмяркоўваў сойм Рэчы Паспалітай у 1593 г. Нягледзячы на тое, што станы Рэчы Паспалітай асабліва не жадалі адпускаць манарха да Швецыі, усё ж на гэта былі ахвяраваны пэўныя сродкі — 100 000 злотых з Каралеўства Польскага і столькі ж з ВКЛ. Варта адзначыць, што ўсе ваяводствы ВКЛ адклалі рашэнне аб гэтым да рэляцыйных соймікаў, спасылаючыся на адсутнасць адпаведных паўнамоцтваў [29, s. 348]. Пастанова Віленскай канвакацыі, датаваная 7 жніўня 1593 г., адлюстравала пазіцыю, якую можна назваць станоўчай, адносна ад’езду караля ў Швецыю, выказаўшы пажаданні шанцавання Жыгімонту ІІІ у справе атрымання спадчыннага каралеўства. Пры гэтым падкрэслівалася шкадаванне аб ад’ездзе манарха і жаданне яго паспяховага вяртання [12, s. 105].

Будучы манарх прыбыў ў Стакгольм у верасні 1593 г., дзе адразу ж яго становішча ўскладнілася прад’яўленнем ультыматума з боку вядучых царкоўных дзеячаў і палітыкаў на чале з Карлам Судэрманскім. Ад Жыгімонта ІІІ патрабавалася прызнаць рашэнні Упсальскага сабора, на якім было прынята Аўгсбургскае веравызнанне, адпаведна якому евангелісцка-лютэранскае вучэнне было зацверджана ў якасці дзяржаўнай рэлігіі. Жыгімонт Ваза быў вымушаны згадзіцца з патрабаваннямі шведскіх станаў, абяцаючы, што не будзе прызначаць на дзяржаўныя пасады каталікоў, засноўваць езуіцкіх школ, парушаць законаў краіны і прывілеяў падданых [2, с. 121]. Толькі пасля гэтага шведы прысягнулі Жыгімонту III Вазе і адбылася яго каранацыя 1 сакавіка 1594 г. Восенню 1594 г. Жыгімонт ІII вярнуўся ў Рэч Паспалітую (згодна з адпаведным пунктам канстытуцыі вальнага сойма 1593 г.). У яго адсутнасць праўленне Швецыяй ускладалася на герцага Карла і рыксрод (савет Каралеўства). У 1595 г. Карл, насуперак забаронам Жыгімонта III, склікаў рыксдаг, які надзяліў яго паўнамоцтвамі кіраваць дзяржавай [23, s. 180]. Разгарнулася дынастычная барацьба, у якой Жыгімонт ІІІ меў мінімальныя шанцы на поспех, а пагроза пазбаўлення спадчыннага трона была дастаткова рэальнай.

Адпаведна рашэнням вальнага сойма 1596 г. у Швецыю было накіравана пасольства Самуіла Ласкага [16]. Тым часам улада Карла ў Швецыі толькі ўмацоўвалася.

Актыўнай падтрымкі ў справе ўмацавання свайго становішча ў Шведскім Каралеўстве кароль польскі і вялікі князь літоўскі шукаў на соймах 1597 і 1598 гг. Соймавыя кампаніі гэтых гадоў можна лічыць апагеем імкнення Жыгімонта ІІІ здабыць падтрымку «палітычнага народа» у шведскім пытанні. Абумоўлівалася гэта тым, што становішча Жыгімонта ІІІ Вазы ў Швецыі, дзе ён з’яўляўся легальным, але не зусім легітымым манархам, было вельмі хісткім. Не прыносілі плёну і яго дыпламатычныя ініцыятывы на міжнароднай арэне, у адрозненне ад Карла Судэрманскага, якому ў справе змагання з пляменнікам «спачувала» як мінімум Масква.

Пазіцыю шляхты ВКЛ на перадсоймавых сойміках 1597 г. адносна шведскай праблемы нельга назваць актыўнай і дакладнай. Напрыклад, віленскі соймік адзначыў неабходнасць заслухаць справаздачу паслоў, якія вярнуліся са Швецыі, і наказваў уласным станам (разам з кароннымі) схіляцца да таго, што будзе годна манарху, а таксама карысна Рэчы Паспалітай [14, s. 405]. Ашмянская шляхта пастанавіла: «Паслоў, якія вярнуліся са Швецыі, панам паслам сваім з і.м. панамі пасламі кароннымі выслухаць дазваляем... і дзейнічаць так, каб было найлепш і карысна у той час айчыне нашай» [14, s. 410]. Падобна гучаў наказ сваім паслам ад берасцейскай шляхты, якая пастанавіла, каб было заслухана пасольства, якое вярнулася са Швецыі, і каб «разам са станамі кароннымі аб затрыманні таго Каралеўства раіліся і абдумвалі». Пры гэтым зноў жа падкрэслівалася, каб вышэйсказанае адбывалася «без ускладнення аднак якога Рэчы Паспалітай нашай і, зразумела, з дбаннем перш за ўсё аб яе бяспецы» [14, s. 417]. Больш катэгарычна выказалася шляхта (віленская, лідская) адносна далучэння Жыгімонтам ІІІ Эстоніі да Рэчы Паспалітай, жадаючы, каб гэта справа была вырашана станоўча як мага хутчэй у адпаведнасці з прысягай манарха і пакта канвента [14, s. 407, 413]. Дыярыўш галоўнага сойміка ў Слоніме, які адбыўся 27—30 студзеня 1597 г., занатаваў толькі некалькі момантаў, калі ўздымаліся пытанні аб шведскіх справах і далучэнні Эстоніі. Гэта былі выказванні віленскага ваяводы Крыштофа Радзівіла Перуна, былога полацкага гродскага намесніка Якуба Сямашкі, наваградскага падкаморыя Адама Храптовіча [12, s. 128—132].

На самім сойме 1597 г. шведскае пытанне амаль не абмяркоўвалася. На пасяджэннях сената толькі адзін прадстаўнік ВКЛ — віленскі ваявода Крыштоф Радзівіл — закрануў дадзеную тэму, паведамляючы ў сваёй прамове, што «паслоў шведскіх не толькі патрэбна выслухаць, але, калі неабходна, адпаведна звычаям продкаў нашых дапамагаць і сцерагчы строга годнасць в.к.м. як верныя падданыя будзем» [14, s. 63]. У супрацьвагу слабой зацікаўленасці гэтай праблемай сенатарамі ВКЛ яна знайшла водгук у выступленнях прадстаўнікоў Каралеўства Польскага [14, s. 33, 34, 54, 62, 65, 69]. Аднак іх адозвы па дадзенаму пункту каралеўскай прапазіцыі былі надзвычай лаканічнымі і амаль што не давалі адказ на пытанне, якім чынам будзе аказана дапамога манарху ў справе ўтрымання ім спадчыннага шведскага трона. На пасяджэннях пасольскай ізбы шляхта ўвогуле не выказала згоды на заслухоўванне справаздачы пасольства, якое павінна было акрэсліць становішча Жыгімонта ІІІ у Швецыі [27, s. 94]. Гэта можна патлумачыць дзвюма прычынамі: нежаданнем шляхты быць уцягнутай у шведскія справы, а таксама выкарыстаннем такога пратэсту ў якасці сродку маніпулявання манархам. Да Жыгімонта ІІІ на гэты сойм шляхта назапасіла дастаткова шмат просьбаў — петыцый. Былі яны разнастайнага характару і мелі дачыненне да дзяржаўна-палітычнай, рэлігійнай і эканамічнай сфер [27, s. 95—100]. Як вядома, у гэты час вызначаўся палітычны канфлікт паміж ВКЛ і каралеўскай уладай. Гаворка ідзе аб барацьбе за віленскае біскупства: для шляхты ВКЛ істотным была намінацыі на віленскае біскупства выключна літвіна.

Сойм 1597 г. скончыўся безвынікова і пакінуў шмат адкрытых пытанняў, сярод якіх была праблема адпаведнасці дзеянняў манарха зацверджанаму ім пакту канвента адносна далучэння Эстоніі да Рэчы Паспалітай. Жыгімонт ІІІ у гэтай справе імкнуўся балансаваць паміж прыхільнасцю Швецыі і даверам Рэчы Паспалітай, што практычна было немагчымым.

Дастаткова засяродзілі ўвагу на шведскай праблеме соймікі ВКЛ у 1598 г. Напрыклад, шляхта Вількамірскага павета выразна выказала сваю пазіцыю адносна гэтай справы. Дазваляючы ад’езд Жыгімонта ІІІ у Швецыю, яна прад’яўляла яму пэўныя ўмовы, пры якіх гэта паездка магла быць здзейснена. Сярод іх быў агавораны час вяртання манарха ў Рэч Паспалітую. Таксама ў соймікавай інструкцыі было занатавана наступнае: «Даручылі панам паслам старацца разам са станамі абодвух народаў, каб на тым сойме, калі не ўсе артыкулы ў пактах апісаныя маглі быць выкананыя, тады хоць бы Эстонія ўжо вернута была Кароне і Вялікаму Княству Літоўскаму. Аднак гэты артыкул да шырэйшага кола і.м. паноў сенатараў і паслоў Вялікага Княства Літоўскага, якія да Слоніма сабраліся, да супольнага абмеркавання данесці даручылі» [24, арк. 1]. Да кампетэнцыі слонімскага галоўнага сойміка адносіла шляхта таксама і наступнае пытанне, якое выклікала відавочны непакой: патрэбу ў забеспячэнні людзьмі межаў Княства Літоўскага, «як ад знешняй, так і ўнутранай небяспекі» падчас ад’езда я.к.м. да Швецыі [24, арк. 2].

Больш грунтоўна, а разам з тым і агрэсіўна выказалася ваўкавыская шляхта. Інструкцыя дадзенага павета змяшчае інфармацыю, што мясцовая шляхта жадала, каб Жыгімонт ІІІ захаваў за сабою «спадчыннае каралеўства». У сувязі з гэтым паслы павінны былі раіцца з іншымі станамі Рэчы Паспалітай аб тым, якім чынам і з якой колькасцю людзей павінен адбыцца ад’езд манарха да Швецыі і «якім звычаем вайну супраць той дзяржавы пачаць» у выпадку, калі Карл не захоча падпарадкавацца [20, арк. 1—2]. Было выказана жаданне аб далучэнні Эстоніі да Рэчы Паспалітай [20, арк. 2]. Салідарнай у справе таго, каб «Эстонія да рук РП прыйшла», была і шляхта ашмянская, а таксама мінская, спасылаючыся пры гэтым на пакт канвета [18, арк. 2; 21, арк. 6; 22, арк. 3]. У даручэнні Наваградскага ваяводства прадпісвалася таксама згадваць на сойме пытанне далучэння гэтай тэрыторыі, аднак з агаворкай, каб яно не перашкаджала вырашэнню іншых спраў Рэчы Паспалітай [6, с. 104; 32, арк. 3]. У дадзеным выпадку, можна меркаваць аб другасным значэнні гэтага пытання для ўдзельнікаў сойміка. На некаторых сойміках пытанні, абмеркаванне якіх патрабавала сітуацыя са спадчынным шведскім тронам, былі закрануты мімаходзь [19, арк. 1; 25, арк. 1]. З гэтага вынікае, што шляхта жадала навядзення парадку ў Шведскім Каралеўстве, але пры гэтым не давала ні канкрэтных парадаў, ні рэкамендацый. Больш таго, у некаторых выпадках дадзеная праблема ўзгадвалася перш за ўсё ў сувязі з тым, што шляхце быў уласцівы непакой і клопат адносна таго, каб Жыгімонт ІІІ, ад’язджаючы да Швецыі, пакінуў Рэч Паспалітую «у добрым кіраванні і міры» [18, арк. 1—2].

Цікава адзначыць іерархію важнасці праблем, якія хвалявалі шляхту ВКЛ: амаль ва ўсіх разгледжаных перадсоймавых інструкцыях шведская праблема адыходзіць на другое месца пасля пытання аб віленскім біскупстве. На пачатку 90-х гг. XVI ст. Жыгімонт ІІІ спрабаваў абысці норму артыкула 12 раздзела III Статута 1588 г., што выявілася ў справе Бярнарда Мацяеўскага. У 1591 г. віленскі біскуп Юры Радзівіл становіцца кракаўскім біскупам. У Польшчы ўзнікае жаданне мець у Вільні біскупам паляка, чаму вельмі супраціўлялася шляхецкае саслоўе ВКЛ. У 1596 г. Леў Сапега адмовіўся паставіць дзяржаўную пячатку на акт аб прызначэнні на гэтую пасаду ўраджэнца Каралеўства Польскага луцкага біскупа Бярнарда Мацяеўскага. Такім чынам, у параўнанні з катэгарычным імкненнем абараніць статутовыя нормы «шведскае пытанне» на той час мела другаснае значэнне ў вачах шляхты ВКЛ, што бачна нават па «эмацыянальным» тоне інструкцый.

Леў Сапега ў лістах да Крыштофа Радзівіла вельмі павярхоўна выказваўся наконт жадання Жыгімонта ІІІ ехаць да Швецыі, аднак ставіўся да гэтага памкнення станоўча. Адначасова ён сцвярджаў, што той, хто не раіць гэтага рабіць, з’яўляецца ворагам манарху [13, s. 171, 174]. Увогуле, пазіцыю Льва Сапегі адносна «шведскага пытання» можна ахарактарызаваць як пракаралеўскую. Зацікаўленасць канцлера ВКЛ у ажыццяўленні актыўнай і паспяховай палітыкі Жыгімонтам ІІІ у дадзеным кірунку часткова тлумачыцца прыватнымі інтарэсамі Льва Сапегі: яго род валодаў маёнткамі на тэрыторыі Інфлянтаў і ажыццяўляў гандаль праз Рыгу [11, с. 144—148].

Справаздача на сойме 1598 г. Самуіла Ласкага, які быў накіраваны ў Швецыю ў канцы 1597 г., канчаткова пераканала Жыгімонта ІІІ у неабходнасці тэрміновага ад’езду туды [28, s. 186—187]. У жніўні 1598 г. ён, заручыўшыся падтрымкай сойма [4, с. 173], рушыў да Швецыі. Аднак пасля паражэння пад Стангебро 8 верасня Жыгімонт ІІІ 25 верасня 1598 г. вымушаны быў вярнуцца ў Рэч Паспалітую. У студзені 1599 г. рыксдаг прызнаў Карла рэгентам, а ў ліпені адбылася дэтранізацыя Жыгімонта ІІІ [23, s. 181]. Такое разгортванне падзей азначала, што Швецыя стала ворагам Рэчы Паспалітай. Жаданне Жыгімонта III вярнуць шведскую карону і кантраляваць Інфлянты паклала пачатак доўгатэрміноваму ваеннаму канфлікту паміж краінамі. У 1604 г. Карл Судэрманскі быў каранаваны і актам аб пераходзе ў спадчыну прастола, прынятым у Нарчопінге, канчаткова зацвердзіў будучае новай галіны дынастыі [1, c. 173].

Такім чынам, можна сцвярджаць, што шляхта ВКЛ у асноўным пасіўна аднеслася да імкнення Жыгімонта ІІІ змагацца за дынастычныя правы, паколькі разумела, што гэта барацьба будзе пагражаць бяспецы дзяржавы, аб якой яна надзвычай клапацілася. У той жа час шляхта настойвала на выкананні абяцання Жыгімонта ІІІ уключыць Эстляндыю ў склад Рэчы Паспалітай. У пачатку XVII ст. Рэч Паспалітая апынулася ў стане вайны са Швецыяй, падчас якой пазіцыя шляхты ВКЛ адносна канфлікту паміж Рэччу Паспалітай і Швецыяй не была статычнай. Аднак відавочна, што ВКЛ здолела адчуць у гэтай справе тонкую мяжу паміж прыватным інтарэсам Жыгімонта III Вазы і дзяржаўным інтарэсам, што стала падставай для праяўлення часам несалідарнай палітыкі са сваім саюзнікам па федэрацыі Каралеўствам Польскім, а таксама манархам.

Спіс выкарыстаных крыніц

1. Андерссон, И. А. История Швеции / И. А. Андерссон; пер. со швед. Н. А. Каринцева; под ред. и с предисл. Я. Я. Зутиса. — М.: Изд-во иностр. лит., 1951. — 408 с.
2. Жукович, П. Н. Сеймовая борьба православного западнорусского дворянства с церковной унией. В 6 вып. Вып. 1: (до 1609 г.) / П. Н. Жукович. — СПб.: Тип. Гл. упр. уделов, 1901. — XXI, 608 с.
3. Катлярчук, А. Швэды ў гісторыі й культуры беларусаў = Svenskar i vitrysk historia och kultur. Выд. 2-е, папраўл. і дап. / А. Катлярчук. — Вільня [Вільнюс]: Ін-т беларусістыкі, 2007. — 303 с.
4. Падалінскі, У. А. Ухваленне падаткаў на вальных соймах Рэчы Паспалітай як фактар палітычнай барацьбы (1593—1598 гг.) / У. А. Падалінскі // Сац.-экан. і прававыя даслед. — 2009. — № 3. — С. 157—176.
5. Падалінскі, У. А. «Шведская» палітыка Жыгімонта III Вазы / У. А. Падалінскі // Castrum, urbs et bellum: зб. навук. пр. / навук. рэд.: Г. Штыхаў, Г. Галенчанка. — Баранавічы, 2002. — С. 296—300.
6. Радаман, А. А. Інструкцыя Новагародскага сойміка паслам на Варшаўскі вальны сойм 1598 г. / А. А. Радаман // Сац.-экан. і прававыя даслед. — 2005. — № 2. — С. 97—109.
7. Радаман, А. А. Соймікавая ўхвала шляхты Браслаўскага павета ад 19 снежня 1600 года ў кантэксце вайны Рэчы Паспалітай абодвух народаў са Швецыяй (1600—1629 гг.) / А. Радаман // Браслаўскія чытанні: матэрыялы VI навук.-краязнаўчай канф., прысвеч. 150-й гадавіне з дня нараджэння браслаў. лекара, грамад. дзеяча Станіслава Нарбута (1823—1926), Браслаў, 7—8 мая 2003 г. / рэд. рада: К. Шыдлоўскі [і інш.]. — Браслаў, 2003. — С. 80—88.
8. Флоря, Б. Н. Русско-польские отношения и балтийский вопрос в конце XVI — начале XVII в. / Б. Н. Флоря; отв. ред. В. Д. Королюк; Акад. наук СССР, Ин-т славяноведения и балканистики. — М.: Наука, 1973. — 222 с.
9. Форстен, Г. В. Балтийский вопрос в XVI и XVII столетиях (1544—1648): исследование: [д-р дис.]. В II т. Т. I: Борьба из-за Ливонии / Г. В. Форстен. — СПб.: Тип. В. С. Балашева и Кº, 1893. — XV, 717 с.
10. Форстен, Г. В. Балтийский вопрос в XVI и XVII столетиях (1544—1648): исследование: [д-р дис.]. В II т. Т. II: Борьба Швеции с Польшей и Габсбургским домом: (30-летняя война) / Г. В. Форстен. — СПб.: Тип. В.С. Балашева и Кº, 1894. — IX, 632 с.
11. Якубаў, В. У. Сапегі ў барацьбе Жыгімонта Вазы за шведскую карону (1594—1611) / В. У. Якубаў // Леў Сапега (1557—1633 гг.) і яго час: зб. навук. арт. / Гродзен. дзярж. ун-т; рэдкал.: С. В. Марозава [і інш.]. — Гродна, 2007. — С. 143—149.
12. Akta zjazdów stanów Wielkiego Księstwa Litewskiego. W 2 t. T. 2: Okresy panowań królów elekcyjnych, XVI—XVII wiek / Inst. Historii Pol. Akad. Nauk; oprac. H. Lulewicz. — Warszawa: Neriton, 2009. — 452 s.
13. Archiwum domy Sapiehоw wydane staraniem rodziny — T. 1: Listy z lat 1575—1606 / oprac. dr. A. Prochaska. — Lwów: z drukarni zakładu narodowego im. Ossolińskich, 1892. — XXXV, 577 s.
14. Diaryusze sejmowe r. 1597: w dodatkach akta sejmikowe i inne odnoszące się do tego sejmu / wyd. E. Barwiński. — Kraków: Nakł. Akad. Umiejętności, 1907. — XXVIII, 545 s.
15. Filipczak-Kocur, A. Skarb Litewski za pierwszych dwu Wazów, 1587—1648 / A. Filipczak-Kocur. — Wrocław: Wydaw. Uniw. Wrocławskiego, 1994. — 120, 24 s.
16. Grzybowski, S. Łaski Samuel Gotard / S. Grzybowski, F. Mincer // Polski Słownik Biograficzny. T. 18: Lubomirski Aleksander — Machowski Walenty / red. B. Leśnodorski [et al.] / Pol. Akad. Nauk, Inst. Historii. — Wrocław [etc.], 1973. — S. 250—253.
17. Herbst, S. Wojna inflancka, 1600—1602 / S. Herbst. — Zabrze: Interfort, 2006. — 253 s.
18. Instrukcja powiatu Oszmiańskiego, dana posłom na sejm (19 stycznia 1598) // AGAD. — AR. — Dz. II. — nr 371.
19. Instrukcja powiatu Trockiego, dana posłom na sejm (19 lutego 1598) // AGAD. — AR. — Dz. II. — nr 380.
20. Instrukcja powiatu Wołkowyskiego, dana posłom na sejm (w grudniu 1598) // AGAD. — AR. — Dz. II. — nr 401.
21. Instrukcja województwa Mińskiego, dana posłom na sejm (14 lutego 1598) // AGAD. — AR. — Dz. II. — nr 378.
22. Instrukcja województwa Mińskiego, dana posłom na sejm walny warszawski (19 stycznia 1598) // Archiwum Główne Akt Dawnych w Warszawie (AGAD). — Archiwum Radziwiłłów (AR). — Dz. II. — nr 368.
23. Kersten, A. Historia Szwecji / A. Kersten. — Wrocław: Zakł. Nar. im. Ossolińskich, 1973. — 468 s.
24. Namowy sejmiku powiatu Wiłkomirskiego do instrukcji posłom na sejm (w grudniu 1598) // AGAD. — AR. — Dz. II — nr 402.
25. Punkta z instrukcji powiatu Brasławskiego, dane posłom na sejm (w grudniu 1598) // AGAD. — AR. — Dz. II. — nr 400.
26. Rzońca, J. Rzeczpospolita Polska w latach 1596—1599: wybrane zagadnienia polityki wewnętrznej i zagranicznej / J. Rzońca // Studia i monografie Wyźszej Szkoły Ped. im. Powstanców śląskich w Opolu. — 1990. — N 156. — 205 s.
27. Rzońca, J. Sejmy z lat 1597 i 1598: w 2 cz. Cz. I: Bezowocny sejm z 1597 r. / J. Rzońca. — Warszawa: Państ. Wydaw. Nauk., 1989. — 120 s.
28. Rzońca, J. Sejmy z 1597 i 1598 roku wobec spraw szwedzkich Zygmunta III Wazy / J. Rzońca // Zeszyty Nauk. Wyźszej Szkoły Ped. im. Powstanców śląskich w Opolu. Ser. A, Historia. — 1988. — T. 26. — S. 175—192.
29. Volumina legum: przedruk zbioru praw staraniem XX. Pijarów w Warszawie, od roku 1732 do roku 1782, wydanego. W 9 t. T. 2: Аb anno 1550 ad annum 1609 / wyd. S. Konarski. — Petersburg: J. Ohryzki, 1859. — 482, XIII s.
30. Wisner, H. Opinia szlachecka Rzeczypospolitej wobec polityki szwedzkiej Zygmunta III w latach 1587—1632 / H. Wisner // Zapiski Hist. — 1973. — T. 38, Z. 2. — S. 9—50.
31. Wisner, H. Zygmunt III Waza / H. Wisner. — Wrocław [etc.]: Zakł. Nar. im. Ossolińskich, 1991. — 264 s.
32. Zlecenie województwa Nowogródzkiego, dane posłom na sejm (21 stycznia 1598) // AGAD. — AR. — Dz. II. — nr 373.

Артыкул паступіў у рэдакцыю ў чэрвені 2016 г.


Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter

Сообщество

  • (029) 3222740
  • Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
© 2025 Международное общественное объединение «Развитие». All Rights Reserved.