Журнал международного права и международных отношений. 2020. № 3-4 (94-95). С. 42—48.
Journal of International Law and International Relations. 2020. N 3-4 (94-95). P. 42—48.

международные отношения

УДК 94(476)

Роля метраполіі ў культурнай дзейнасці беларускай дыяспары

Дзмітрый Крывашэй

Аўтар:
Крывашэй Дзмітрый Антонавіч — кандыдат гістарычных навук, дацент, вучоны сакратар Беларускага наукова-даследчага цэнтра электроннай дакументацыі, e-mail: Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
Беларускі навукова-даследчы цэнтр электроннай дакументацыі. Адрас: 51, вул. Ф. Скарыны, Мінск, 220141,

У артыкуле праналізавана падтрымка дзяржаўнымі органамі Беларусі культурнай дзейнасці беларускай дыяспары. Аўтар адзначае, што за амаль трыццацігадовы перыяд незалежнасці ў Беларусі былі рэалізаваны толькі дзве дзяржаўныя праграмы «Беларусы ў свеце» (1993—1999 і 2013—2015 гг.) і падпраграма на перыяд 2016—2020 гг., якія мелі фінансавае забеспячэнне. Відавочны ўплыў палітычнага фактару як на прыняцце адзначаных дакументаў, так і на адбор суполак для аказання падтрымкі. Аднак абмежаванасць дапамогі з боку метраполіі не перашкаджала развіццю грамадска-культурнай дзейнасці арганізацый беларусаў замежжа.

Ключевые слова: беларуская дыяспара; грамадска-культурная дзейнасць; дзяржаўная праграма; метраполія; фінансавая падтрымка.


«The Role of the Metropolis in the Cultural Activities of the Belarusian Diaspora» (Dzmitry Kryvashei)

Author:
Kryvashei Dzmitry — Candidate of History, Associate Professor, Scientific Secretary of the Belarusian Research Centre for Electronic Records, e-mail: Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
Belarusian Research Centre for Electronic Records. Address: 51, F. Scorina str., Minsk, 220141, BELARUS

The article analyses the governmental support of cultural activities to the Belarusian diaspora. The author points out that over the thirty-year period of independency there were only two governmental programmes with the financial provision have been realised in Belarus. They are: «Belarusians in the World» (1993—1999 and 2013—2015) and the subprogramme for 2016—2020. The impact of political factor both on the acceptance of these documents and on the selection of communities for providing support is obvious. But the limited support from the metropolis hasn’t prevented the development of social and cultural activities of Belarusian organisations abroad.

Keywords: Belarusian diaspora; financial support; governmental programme; metropolis; social and cultural activity.


Як адзначаецца на сайце Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, у 2018 г. за межамі нашай краіны пражывалі 1 484 875 беларусаў. Беларусы замежжа былі аб’яднаны ў 207 арганізацый, якія ажыццяўлялі дзейнасць па захаванню і папулярызацыі беларускай культуры, гісторыі, мовы, удзельнічалі ў рэалізацыі бізнес-праектаў [5].

Значная актыўнасць беларусаў замежжа па аб’яднанню ў таварыствы назіралася ў канцы 1980-х — першай палове 1990-х гг. Гэта было абумоўлена дэмакратызацыяй грамадска-палі-тычнага жыцця ў саюзных рэспубліках і наступным распадам Савецкага Саюза. Напрыклад, у Латвіі пачалі дзейнічаць тры таварыствы беларускай культуры, беларуская школа, існаванне якой залежала ў пэўнай ступені ад падтрымкі яе беларускай дзяржавай. Па двухбаковым пагадненні паміж міністэрствамі адукацыі двух краін беларусы Латвіі мелі права на атрыманне адукацыі на роднай мове ў Рэспубліцы Беларусь [41]. У 1988 г. атрымала афіцыйны статус Маскоўскае гарадское таварыства беларускай культуры імя Францыска Скарыны (ТБК) — першая афіцыйна ўтвораная суполка беларускай дыяспары ў Расіі [10]. У тым жа годзе было створана Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў Санкт-Пецярбургу [37, c. 169]. У 1990 г. у расійскім Якуцку пачало дзейнічаць беларускае таварыства «Суродзіч» [9, с. 24]. У 1992 г. у Калінінградскай вобласці Расіі паўстала Беларускае культурнае таварыства [23], а ў Казахстане — Беларускі культурны цэнтр [32].

На сёння існуе істотная колькасць даследаванняў розных напрамкаў дзейнасці беларусаў замежжа ў перыяд пасля 1990-х гг. Сярод аўтараў неабходна адзначыць Н. Голубеву [4], А. Вярцінскага [7], У. Снапкоўскага [34], Г. Сяргееву [35]. У той жа час толькі адзінкавыя працы прысвечаны вывучэнню пытання дзяржаўнай палітыкі Рэспублікі Беларусь адносна беларускай дыяспары (С. Самкова [33], Д. Тарас [36; 37], Т. Шупенька [42]).

Мэтай дадзенага артыкула з’яўляецца аналіз падтрымкі Беларуссю культурнай дзейнасці беларускай дыяспары, вызначэнне фактараў, якія ўплывалі на яе дынаміку.

Вядома, што актывісты дыяспары выступаюць ініцыятарамі правядзення разнастайных культурных мерапрыемстваў у краінах свайго пражывання. Часам яны бываюць значнымі па маштабнасці, узроўні і ахопе аўдыторыі. Напрыклад, у снежні 1994 г. у Таліне (Эстонія) па ініцыятыве Беларускага культурнага цэнтра «Бацькаўшчына» прайшлі Дні беларускай культуры «Спатканне» [20]. Пачынаючы з верасня 1996 г. Згуртаванне беларускіх грамадскіх арганізацый у Літве штогод арганізоўвала ў мястэчку Вісагінас Свята беларускай песні. У ім прынялі ўдзел мастацкія калектывы беларусаў усіх трох Прыбалтыйскіх краін, а таксама калектывы з Беларусі [16]. Традыцыйнымі былі Дні беларускай культуры, якія праводзіла з сярэдзіны 1990-х гг. беларускае таварыства «Каралевец», якое размяшчалася ў Калінінградзе (Расія) [15].

У пачатку 1990-х гг. падтрымка дыяспары з боку метраполіі набыла праграмны характар — у 1993 г. была прынята Дзяржаўная праграма «Беларусы ў свеце». Яна складалася з трох раздзелаў: сацыяльная і прававая абарона беларусаў замежжа; развіццё сувязей Рэспублікі Беларусь з беларускай дыяспарай; эканамічная і навукова-тэхнічная дзейнасць. Сярод разнастайных мерапрыемстваў быў намер адкрыць у Miнску Усебеларускi дом з навуковым аддзелам «Беларусы ў свеце», адпаведнай музейнай экспазiцыяй, банкам iнфармацыi, бiблiятэкай, архiвам аудыёвiдэаматэрыялаў, рукапiсаў даследчыкаў беларускай дыяспары i нашых замежных суайчыннiкаў. Па рэкамендацыях кiраўнiцтва беларускiх суполак з iншых краiн прадугледжваліся прыём маладых суайчыннiкаў на вучобу ў вышэйшыя i сярэднiя спецыяльныя ўстановы адукацыі Беларусi з выдзяленнем для iх пэўнай колькасцi дзяржаўных стыпендый, забеспячэнне стыпендыямi студэнтаў — грамадзян Рэспублiкi Беларусь, якiя паступiлi на вучобу ў iншых краiнах. Асобны блок уключаў шэраг загадаў па знаёмству грамадскасці Беларусі з культурна-мастацкай спадчынай яе суайчыннікаў за мяжой [24]. У дзяржаўным бюджэце на 1994 г. прадугледжвалася мэтавае фінансаванне Дзяржаўнай праграмы «Беларусы ў свеце». Пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь быў створаны Каардынацыйны савет па справах беларускай дыяспары. Праз створаны ў 1994 г. Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур сталі накіроўвацца беларускія калектывы мастацкай творчасці ў краіны пражывання суайчыннікаў, а пры правядзенні ў Рэспубліцы Беларусь культурных мерапрыемстваў запрашацца творчыя калектывы беларусаў замежжа. Рэгулярнасць набылі перадачы набораў кніг на роднай мове, нацыянальных строяў, арганізацыя курсаў павышэння кваліфікацыі кіраўнікоў мастацкіх калектываў землякоў замежжа.

Далейшыя палітычныя падзеі ў краіне ўнеслі карэктывы ў адносіны дзяржавы з дыяспарай, падзялілі нашых суайчыннікаў. Стаўленне ўлады нашай краіны да беларусаў замежжа зноў, як і ў савецкі час, стала дыферэнцаваным: падтрымліваць кантакты толькі з той часткай эміграцыі, якая лаяльна ставіцца да ўлады ў метраполіі. Была згорнута большасць мерапрыемстваў, прадугледжаных праграмай «Беларусы ў свеце», а цалкам яе выкананне спынілася ў 1999 г., калі Міністэрства фінансаў не выдзеліла сродкі на гэтыя мэты, хаця планавалася, што Міністэрства культуры атрымае іх амаль на 80 % болей, чым у папярэднім годзе (за 1998 г. выкарыстана звыш 1200 млн руб., ці 11 215 дол. ЗША на 30 снежня 1998 г.) [1, л. 256].

Ва ўмовах падзелу беларускай дыяспары органы дзяржаўнага кіравання Беларусі спрабавалі «перацягнуць» на свой бок беларускія суполкі замежжа. Важную ролю ва ўзаемадзеянні з дыяспарай пачалі адыгрываць дыпламатычныя прадстаўніцтвы. Напрыклад, у Пасольстве Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі пачаў працаваць аддзел па гуманітарнай рабоце і сувязях с суайчыннікамі. У 1999 г. пры актыўным удзеле Пасольства Беларусі ў Маскве была створана Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія «Беларусы Расіі» [11], у 2001 г. у Калінінградскай вобласці — рэгіянальная нацыянальна-культурная аўтаномія «Калінінградскае зямляцтва беларусаў». Гэтая арганізацыя разглядалася ў якасці палітычнай альтэрнатывы Беларускаму культурнаму таварыству і актыўна ўзаемадзейнічала з аддзяленнем беларускага пасольства ў Калінінградзе [23].

Арганізацыі беларусаў замежжа, якія выказалі падтрымку дзеючай уладзе ў Рэспубліцы Беларусь, атрымлівалі разнастайную дапамогу ад метраполіі. Напрыклад, у кастрычніку 1997 г. Беларуска-эстонскае аб’яднанне «Спадчына» г. Йыхві (Эстонія) сумесна з упраўленнем культуры Гомельскага аблвыканкама выступіла арганізатарам правядзення ў горадзе выстаўкі твораў удзельнікаў гомельскага мастацкага аб’яднання «МЭЯ» [18]. У наступным годзе мерапрыемствы прайшлі ў Нарве і Йыхві. Сярод іх — выстаўка беларускага нацыянальнага мастацтва ў гарадскім музеі Нарвы і ўстанаўленне мемарыяльнага знака Яну Скрыгану (аўтар — В. Янушкевіч) у Йыхві [18].

Асноўнай формай дапамогі ў адпаведнасці з просьбамі з’яўляліся перадача бібліятэчак беларускай літаратуры, нотных зборнікаў, сцэнічных строяў, музычных інструментаў, абсталявання, накіраванне прафесійных і самадзейных мастацкіх калектываў на святы беларускай культуры, фестывалі песні і танца, рэгіянальныя сустрэчы беларусаў. Толькі за 1998 г. сцэнічныя строі атрымалі беларускія фальклорныя калектывы з Калінінградскай вобласці, Рэспублікі Комі, Масквы Расійскай Федэрацыі, Шальчынінкайскага раёна Літвы [1, л. 254—255].

З 3 па 11 ліпеня 1999 г. у Рызе па ініцыятыве беларускай дыяспары Латвіі, пры падтрымцы Пасольства Рэспублікі Беларусь у Латвійскай Рэспубліцы прайшлі Дні культуры, майстэрства і традыцый беларускага народа, у якіх прынялі ўдзел майстры народнай творчасці з Беларусі. На ўрачыстым адкрыцці Дзён культуры Таварыству беларускай мовы «Прамень» ад Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь былі перададзены кросны і жаночыя нацыянальныя строі ручнога вырабу [3].

Аб’яднанне беларускіх грамадскіх арганізацый Літвы і Пасольства Рэспублікі Беларусь у Літве ў кастрычніку 2002 г. правялі ў Вільнюсе Міжнародны фестываль беларускай песні, прысвечаны 120-годдзю з дня нараджэння Якуба Коласа і Янкі Купалы [19].

У 2001—2003 гг. у Ашдодзе (Ізраіль) праходзілі Дні культуры Рэспублікі Беларусь, прымеркаваныя да Дня незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Арганізатарамі мерапрыемстваў выступалі Усеізраільскае аб’яднанне выхадцаў з краін СССР/СНД, Усеізраільскае аб’яднанне выхадцаў з Беларусі, Муніцыпалітэт Ашдода і Пасольства Беларусі ў Ізраілі. У 2003 г. адбыўся святочны канцэрт з удзелам артыстаў ізраільскай і беларускай эстрады [28].

У снежні 2004 г. у Новасібірску прайшоў фестываль беларускай культуры «У гасцях у Лявоніхі». Арганізатарамі выступілі Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур Беларусі, Новасібірскі цэнтр беларускай культуры і адміністрацыя вобласці. У рамках фестывалю прайшлі семінары, майстар-класы па традыцыйнай народнай вышыўцы, фотавыстаўкі, гала-канцэрт [20].

Аднак падтрымка з боку Беларусі суайчыннікаў за мяжой мела фрагментарны характар. Пасля завяршэння праграмы «Беларусы ў свеце» падобных праграм на агульнадзяржаўным узроўні да 2006 г. не прымалася. У перыяд 1997—2000 гг. дзейнічалі асобная Праграма падтрымкі нацыянальна-культурнага развіцця беларусаў Польшчы і праграма «Беларусы ў Польшчы ў 2005—2010 гадах» [40]. У розныя гады Гродзенскі аблвыканкам прымаў праграмы, накіраваныя на супрацоўніцтва з дыяспарай. Напрыклад, Праграма культурнай дапамогі беларусам Беластоцкага ваяводства Рэспублікі Польшча на 1998—2000 гг. і Праграма падтрымкі нацыянальна-культурнага развіцця беларусаў у Рэспубліцы Польшча на 2002—2005 гг. [20].

Падтрымка была вельмі абмежаванай. З больш чым палутара дзесяткаў грамадскіх арганізацый беларусаў Польшчы пастаянную дапамогу атрымлівалі толькі Беларускае грамадска-культурнае таварыства у Беластоку і Музей і асяродак беларускай культуры ў Гайнаўцах.

У 2002 г. быў створаны Кансультатыўны савет па справах суайчыннікаў за мяжой і нацыянальных меншасцей Беларусі пры Камітэце па справах рэлігій і нацыянальнасцей пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь. Дакладна не вядома, як доўга ён праіснаваў. У 2006 г. пачала дзейнічаць Праграма развіцця канфесійнай сферы, нацыянальных адносін і супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой на 2006—2010 гг. [30]. Праграма прымалася і на наступныя пяцігоддзі (2011—2015, 2015—2020 гг.). Усе праграмы прымаліся без адпаведнага фінансавага забеспячэння. У іх змесце акрэсліваліся напрамкі супрацоўніцтва і пералічваліся дзеянні. Пры параўнанні зместа часткі «Развіццё сферы супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой» першай (2006—2010) і апошняй (2016—2020) [26] праграм, трэба адзначыць, што ў абодвух дакументах прадугледжваюцца арганізацыйна-прававыя мерапрыемствы па забеспячэнні супрацоўніцтва з суайчыннікамі; супрацоўніцтва ў галіне культуры і інфармацыі.

У Праграме на 2006—2010 гг. апарат Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей і Міністэрства замежных спраў (МЗС) вызначаны асноўнымі выканаўцамі мерапрыемстваў па стварэнні міжнародных і рэгіянальных саюзаў арганізацый суайчыннікаў. Апарат Упаўнаважанага сумесна з МЗС, абласнымі выканаўчымі камітэтамі і Мінскім гарвыканкамам павінны былі садзейнічаць арганізацыям суайчыннікаў і мясцовым выканаўчым і распарадчым органам Беларусі ў наладжванні прамых сувязей, пошуку партнёраў для супрацоўніцтва, а таксама арганізаваць сетку шэфскіх сувязей паміж арганізацыямі беларусаў замежжа і адміністрацыйна-тэрытарыяльнымі адзінкамі Беларусі і юрыдычнымі асобамі.

У мэтах выканання мерапрыемстваў праграмы развіцця канфесійнай сферы, нацыянальных адносін і супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой з 2007 г. пачалася рэалізацыя буйнога праекта «Адміністрацыйны рэгіён Беларусі — арганізацыя суайчыннікаў за мяжой». Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей быў арганізаваны конкурс на лепшае супрацоўніцтва адміністрацыйных рэгіёнаў Беларусі са структурамі дыяспары за мяжой. Гэты праект дзейнічае і да сёння. Так, у 2020 г. за паспяховую рэалізацыю праекта Дыпломам Упаўнаважанага па справах рэлiгiй i нацыянальнасцей з уручэннем каштоўнага падарунка былі адзначаны Воранаўскі райвыканкам Гродзенскай вобласці, Глыбоцкі і Лёзненскі райвыканкамы Віцебскай вобласці, Лідскі райвыканкам Гродзенскай вобласці, Магілёўскі гарвыканкам, Слаўгарадскі райвыканкам Магілёўскай вобласці [13].

У Праграме на 2016—2020 гг. у параўнанні з Праграмай на 2006—2010 гг. відавочна значнае скарачэнне колькасці мерапрыемстваў: усяго 13 (было 45). Напрыклад, калі ў Праграме на 2006—2010 гг. культурнае супрацоўніцтва ўключала 10 мерапрыемстваў, сярод якіх арганізацыя работы па пошуку, вывучэнню і садзейнічанню захаванню каштоўнасцей беларускай спадчыны за мяжой, у тым ліку здзяйсненне кантролю за ўтрыманнем у належным стане могілак, мемарыяльных дошак, помнікаў дзеячаў гісторыі, культуры, мастацтва, навуковых дзеячаў з ліку суайчыннікаў (выканаўцы: міністэрствы культуры, замежных спраў, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, аблвыканкамы, Мінскі гарвыканкам), то ў Праграме на 2016—2020 гг. толькі 2.

Знакавай падзеяй у развіцці супрацоўніцтва беларускай дзяржавы з суайчыннікамі за мяжой стала стварэнне пры Міністэрстве культуры Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа. Сярод задач Савета былі аказанне суайчыннікам практычнай дапамогі ў захаванні і развіцці нацыянальна-культурнай самабытнасці, заахвочванне беларусаў замежжа да ўдзелу ў рэалізацыі сацыяльна-эканамічных, грамадска-культурных і іншых праграм, што праводзяцца Рэспублікай Беларусь, да супрацоўніцтва ў сферы турызму, арганізацыя культурнага абмену, падтрымка інфармацыйных сувязей. У склад Кансультатыўнага савета ўвайшлі прадстаўнікі шэрагу органаў дзяржаўнага кіравання, кіраўнікі беларускіх аб’яднанняў Латвіі, Літвы, Малдовы, Польшчы, Расіі, Украіны і Эстоніі, грамадскіх аб’яднанняў Беларусі і інш. Першае пасяджэнне Савета адбылося ў чэрвені 2010 г. [2; 29]. У тым жа годзе Беларускае таварыства па сувязях з суайчыннікамі за мяжой (Таварыства «Радзіма») дапамагло беларускай дыяспары ў Аргенціне ўпершыню ў гісторыі беларускага руху ў Лацінскай Амерыцы стварыць самастойны Культурны цэнтр імя Кастуся Каліноўскага. Намаганнямі беларускага боку ў 2010 г. была створана арганізацыя беларусаў Грузіі «Беларускія сябры» [21].

З 2011 г. у Беларусі пачалі ладзіць фестываль мастацтваў беларусаў свету. Мэтай гэтага фестывалю былі прэзентацыя і папулярызацыя дзейнасці беларусаў замежжа, іх творчых здабыткаў. У першым фестывалі прынялі ўдзел амаль 250 беларусаў з 12 краін (Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Латвіі, Літвы, Малдовы, Нідэрландаў, Польшчы, Расіі, Украіны, Эстоніі) [39]. У верасні 2014 г. другі фестываль сабраў амаль 250 беларусаў з 18 краін (Аргенціны, Арменіі, Бельгіі, Германіі, Італіі, Іспаніі, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Мексікі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны, Францыі, Швейцарыі, Эстоніі) [12]. Асноўныя мерапрыемствы трэцяга фестывалю мастацтваў беларусаў свету (7—11 верасня 2017 г.) адбыліся ў Мінску. Акрамя гэтага, быў арганізаваны выезд калектываў у аграгарадкі Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцей. У фестывалі бралі ўдзел прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў суайчыннікаў з 19 краін. Агульная колькасць гасцей склала каля 200 чалавек. У рамках фестывалю адбылося адкрыццё знака «Беларусам замежжа» на Троіцкай набярэжнай Мінска. У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі прайшла выстаўка твораў дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва беларусаў замежжа. Экспазіцыю склалі творы мастакоў з 9 краін [38].

З 2012 г. Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур выступаў асноўным арганізатарам конкурсу сярод грамадскіх арганізацый беларусаў замежжа на лепшыя дасягненні ў арганізацыі і рэалізацыі праектаў па папулярызацыі беларускай культуры ў краінах пражывання беларускай дыяспары (конкурс «Культура»). Ён праводзіўся штогод з мэтай вывучэння грамадска-культурнай актыўнасці грамадскіх аб’яднанняў беларусаў замежжа.

Аднак з боку прадстаўнікоў беларускай дыяспары гучалі нараканні на адсутнасць фінансавай падтрымкі. У 2010 г. прэзідэнт Згуртавання грамадскіх арганізацый белару-
саў у Літве (аб’ядноўвала на той момант 19 арганізацый) В. Вайніцкі заявіў, што беларускія ўлады не аказваюць ніякай дапамогі беларусам замежжа, акрамя квот на навучанне ў вышэйшых навучальных установах Беларусі. «Фінансавай падтрымкі з боку Беларусі мы ніколі не мелі. Зараз распрацоўваецца праграма ‘‘Беларусы ў свеце’’, якая раней працавала, і па ёй нашы вучні былі ў Беларусі на экскурсіі два разы на год, наведвалі музеі, тэатры, мы атрымлівалі падручнікі, камп’ютары. Нашы дзеці ездзілі ў моладзевыя лагеры», — адзначаў В. Вайніцкі [6].

Новая Дзяржаўная праграма «Беларусы ў свеце» была прынята праз 14 гадоў пасля завяршэння папярэдняй і была разлічана на 2013—2015 гг. [27]. На рэалiзацыю мерапрыемстваў Праграмы патрабавалася 6447 млн руб. ці 689 519 дол. ЗША, на момант яе зацвярджэння. Асноўнай крыніцай фінансавання быў рэспубліканскі бюджэт. З яго выдзялялася 14 130,7 млн руб., ці 96,7 %, з мясцовых бюджэтаў (толькі Гродзенскі аблвыканкам) — 490 млн руб. З iншых крынiц фінансавыя сродкі не прадугледжваліся. Адметна, што на 2013 г. выдзялення сродкаў не прадугледжвалася.

Пры распрацоўцы дзяржаўных праграм на новае пяцігоддзе была пастаўлена задача змяншэння іх колькасці. У выніку на 2016—2020 гг. у Дзяржаўную праграму «Культура Беларусі» увайшла падпраграма «Беларусы ў свеце» [26].

У якасці мэтавых паказчыкаў выканання падпраграмы «Беларусы ў свеце» былі абраны: 1) колькасць культурных мерапрыемстваў з удзелам замежных калектываў мастацкай творчасці і дэлегацый нацыянальна-культурных аб’яднанняў беларусаў замежжа, якія праводзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь (не менш за 20 у год); у папярэдняй праграме прадугледжвалася, што ў 2015 г. гэты паказчык складзе 25; 2) колькасць мерапрыемстваў з удзелам беларускіх прафесійных і непрафесійных (аматарскіх) калектываў мастацкай творчасці, якія праводзяцца беларусамі замежжа (не менш за 20 у год); у папярэдняй праграме было прадугледжана, што ў 2015 г. гэты паказчык будзе раўняцца 15.

Аб’ём фінансавання падпраграмы «Беларусы ў свеце» — 30 845 756,3 тыс. руб., ці прыкладна 1 443 955 дол. ЗША, на момант яе зацвярджэння, з якіх з мясцовых бюджэтаў — 394 200 тыс. руб., ці 12,7 % агульнага фінансавання.

Адметна, што пастаўленыя задачы па колькасных паказчыках, выконваліся задоўга да прыняцця падпраграмы. Так, за 2013 г. у святах і фестывалях у Беларусі прынялі ўдзел больш за 20 беларускіх творчых калектываў замежжа [22, c. 152—153].

Як адзначаў міністр замежных спраў Беларусі У. Макей на другім пасяджэнні Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа ў верасні 2016 г. (адзначым, што адпаведна Закону «Аб беларусах замежжа» (2014 г.) функцыі Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа перайшлі да кампетэнцыі МЗС): «Мы ведаем, што большасць арганізацый беларусаў за мяжой маюць патрэбу ў фінансавай падтрымцы. Згодна з нацыянальным заканадаўствам мы не маем магчымасці праводзіць, скажам так, прамое фінансаванне замежных грамадскіх устаноў. Але і гэта пытанне не з’яўляецца невырашальным. Так, дзякуючы сумеснай рабоце Пасольства Беларусі ў Літве і Згуртавання беларускіх грамадскіх арганізацый Літвы, вырашаны пытанні аб выдзяленні спонсарскай дапамогі з боку літоўскіх кампаній для згуртавання на 2015 і 2016 гг., а таксама перадачы мэрыяй Клайпеды для арганізацыі ‘‘Крыніца’’ ў карыстанне на бязвыплатных умовах асобнага памяшкання ў Клайпедзе і выдзяленні спонсарскай дапамогі на рамонт гэтага памяшкання» [8].

Выніковасць работы Кансультатыўнага савета, на думку міністра замежных спраў У. Макея, цесна звязана з трываласцю сувязі арганізацый суайчыннікаў за мяжой і Беларуссю. Найбольш зручным механізмам такой сувязі, на думку міністра, з’яўляецца непасрэдны кантакт арганізацый з дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі Беларусі за мяжой. «Нашы дыпламаты маюць маё асабістае ўказанне аказваць неабходную падтрымку арганізацыям беларусаў у кантактах як з дзяржаўнымі ўстановамі Рэспублікі Беларусь, так і з установамі краін акрэдытацыі», — адзначыў У. Макей [8].

Пытанні супрацоўніцтва з дыяспарай упершыню ўвайшлі ў заканадаўства аб культуры. Так, у Кодэксе аб культуры (2016 г.) з шасці задач міжнароднага супрацоўніцтва (арт. 26) дзве тычацца дыяспары. Гэта «умацаванне і развіццё культурных сувязей паміж Рэспублікай Беларусь і беларусамі замежжа» і «захаванне нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці беларусаў замежжа». Асобны артыкул Кодэкса (арт. 31) цалкам прысвечаны падтрымцы беларусаў замежжа ў сферы культуры.

У 2015—2017 гг. працягвалася практыка накіравання за мяжу беларускіх нацыянальных строяў, музычных інструментаў, кніг і падручнікаў на беларускай мове, арганізацыі пазнавальных паездак беларускай моладзі ў Беларусь, правядзення майстар-класаў для кіраўнікоў творчых калектываў беларускай дыяспары і іншыя мерапрыемствы [5].

Такім чынам, падтрымка метраполіяй дзейнасці беларускай дыяспары па захаванню і папулярызацыі беларускай культуры на працягу апошніх трох дзесяцігоддзяў мела абмежаваны і нерэгулярны характар. Былі рэалізаваны толькі дзве дзяржаўныя праграмы «Беларусы ў свеце» (1993—1999 і 2013—2015 гг.) і падпраграма на перыяд 2016—2020 гг., якія мелі фінансавае забеспячэнне. З іх толькі першая праграма прад-
угледжвала шырокі спектр мерапрыемстваў. Відавочны ўплыў палітычнага фактару як на прыняцце адзначаных дакументаў, так і на адбор суполак для аказання падтрымкі, а таксама выніковасць рэалізацыі планаў. Ва ўмовах падзелу беларускай дыяспары па палітычных поглядах важную ролю пачалі адыгрываць дыпламатычныя прадстаўніцтвы. З 2007 г. назіраюцца перамены ў супрацоўніцтве беларускай дзяржавы з дыяспарай. Рэгулярна сталі праводзіцца фестываль мастацтваў беларусаў свету, конкурс «Культура», рэалізоўваўся праект «Адміністрацыйны рэгіён Беларусі — арганізацыя суайчыннікаў за мяжой», пытанні супрацоўніцтва з дыяспарай упершыню ўвайшлі ў заканадаўства аб культуры. Але колькасць арганізацый, ахопленых падтрымкай, заставалася вельмі абмежаванай. Не ахопленымі рэальнай, а не дэклараванай падтрымкай заставаліся дзясяткі беларускіх арганізацый — пераважна ў далёкім замежжы. Аднак абмежаванасць дапамогі з боку метраполіі не перашкаджала развіццю грамадска-культурнай дзейнасці арганізацый беларусаў замежжа
.

Спіс выкарыстаных крыніц

1. Аб дапамозе таварыствам беларускай культуры замежжа: ліст міністра культуры Рэспублікі Беларусь А. У. Сасноўскага ў Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 5 крас. 1999 г., копія // Нац. архіў Рэсп. Беларусь. — Ф. 974. — Воп. 4. — Спр. 566. — Л. 254—256.
2. Антановіч, К. Стратэгія лучнасці з Бацькаўшчынай / К. Антановіч [Электронны рэсурс] // Культура. — 2010. — № 27 (947). — Рэжым доступу: <http://kimpress.by/index.phtml?page=2&id=4268>. — Дата доступу: 01.09.2020.
3. Бабіцкі, А. Латышы знаёмяцца з беларускай культурай / А. Бабіцкі // Кантакты і дыялогі. — 1999. — № 9/10. — С. 19—20.
4. Беларускае замежжа = Белорусское зарубежье / склад. Н. А. Голубева. — Мінск: Беларус. энцыкл. імя П. Броўкі, 2010. — 480 с.
5. Белорусы зарубежья [Электронный ресурс] // Министерство иностранных дел Республики Беларусь. — Режим доступа: <http://www.mfa.gov.by/mulateral/diaspora/>. — Дата доступа: 20.08.2020.
6. Белорусы Литвы: Минск деньгами не помогает [Электронный ресурс] // Белорусский партизан. — 14.03.2010. — Режим доступа: <https://belaruspartisan.by/politic/157716/>. — Дата доступа: 01.09.2020.
7. Вертинский, О. П. Федеральная национально-культурная автономия «Белорусы России» — 10 лет деятельности / О. П. Вертинский // Беларусь в современном мире: материалы VIII междунар. науч. конф., посвящ. 88-летию образования Белорус. гос. ун-та, Минск, 30 окт. 2009 г. / редкол.: В. Г. Шадурский [и др.]. — Минск: Тесей, 2009. — С. 258—260.
8. Выступленне Міністра замежных спраў Беларусі У. Макея на другім пасяджэнні Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа (5 верас. 2016 г., г. Мінск) [Электронны рэсурс] // Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь. — Рэжым доступу: <http://mfa.gov.by/be/press/statements/b932b883b9c68167.html>. — Дата доступу: 18.07.2020.
9. Вярцінскі, А. П. Беларуская дыяспара Сібіры: гісторыя і сучасны стан / А. П. Вярцінскі // Беларусь в современном мире: материалы VII Междунар. конф, посвящ. 87-летию образования Белорус. гос. ун-та, 30 окт. 2008 г. / редкол.: В. Г. Шадурский [и др.]. – Минск: Тесей, 2008. – С. 23–25.
10. Г. Л. Гісторыя Грамады / Г. Л. [Электронны рэсурс] // Грамада Беларускай культуры імя Франьцішка Скарыны. – Рэжым доступу: <http://belhramada.ru/about/gstoryja-stvarjennja--snavannja/>. — Дата доступу: 01.09.2020.
11. Гуманитарное сотрудничество [Электронный ресурс] // Официальный сайт Посольства Республики Беларусь в Российской Федерации. — Режим доступа: <http://embassybel.ru/belarus-russia-relations/associations/>. — Дата доступа: 20.08.2020.
12. ІІ Фестываль мастацтваў беларусаў свету адбудзецца ў Мінску 12—14 верасня [Электронны рэсурс] // Belarus.by: афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь. — 12.09.2014. — Рэжым доступу: <http://www.belarus.by/by/press-center/press-release/-festyval-mastatstva-belarusa-svetu-adbudzetstsa--mnsku-12-14-verasnja_i_0000014847.html>. — Дата доступу: 18.07.2020.
13. Итоги реализации проекта «Административный регион Беларуси — организация соотечественников за рубежом» в 2020 году [Электронный ресурс] // Уполномоченный по делам религий и национальностей. — Режим доступа: <https://belarus21.by/Articles/itogi-realizacii-proekta-administrativnyj-region-belarusi-organizaciya-sootechestvennikov-za-rubezhom-v-2020-godu>. — Дата доступа: 08.08.2020.
14 Культурныя сувязі Беларусі // Культурная жыццё Беларусі (хроніка падзей) / М-ва культуры Рэсп. Беларусь, Нац. бібліятэка Беларусі. — 1994. — № 12. — С. 4.
15. Культурныя сувязі // Там жа. — 1996. — № 4. — С. 11.
16. Культурныя сувязі // Там жа. — 1997. — № 5. — С. 7.
17. Культурныя сувязі // Там жа. — № 10. — С. 6.
18. Культурныя сувязі // Хроніка культурнага жыцця / М-ва культуры Рэсп. Беларусь, Нац. бібліятэка Беларусі. — 1998. — № 10. — С. 9.
19. Культурныя сувязі // Там жа. — 2002. — № 10. — С. 15.
20. Культурныя сувязі // Там жа. — 2004. — № 12. — С. 13—14.
21. Курлович, К. Меморандум о сотрудничестве по вопросам диаспоры подписали Беларусь и Грузия / К. Курлович [Электронный ресурс] // БЕЛТА. — 08.12.2011. — Режим доступа: <https://www.belta.by/society/view/memorandum-o-sotrudnichestve-po-voprosam-diaspory-podpisali-belarus-i-gruzija-106452-2011>. — Дата доступа: 16.11.2019.
22. Лемцюгова, І. В. Нацыянальна-культурныя аб’яднанні ў Рэспубліцы Беларусь і грамадскія аб’яднанні беларусаў замежжа / І. В. Лемцюгова, Л. І. Лебедзь // Беларуская культура сёння: гадавы агляд, 2013 / укл.: К. І. Рэмішэўскі, А. А. Галкін; рэдкал.: Б. У. Святлоў (старш.) [і інш.]; М-ва культуры Рэсп. Беларусь, ДУА «Інстытут культуры Беларусі». — Мінск: Інбелкульт, 2014. — С. 148—155.
23. Национально-культурные автономии Калининградской области [Электронный ресурс] // Калининградская областная дума. Официальное Интернет-представительство. — Режим доступа: <http://duma39.ru/activity/public-pelations/national/nka1.php?sphrase_id=49644>. — Дата доступа: 26.07.2020.
24. Об областной программе поддержки национально-культурного развития белорусов в Республике Польша: решение Гродн. обл. Совета депутатов, 24 апр. 2002 г., № 80 // Нац. реестр прав. актов Респ. Беларусь. — 2002. — № 9/1942.
25. Об одобрении Государственной программы «Белорусы в мире» и мерах по ее выполнению: постановление Совета Министров Респ. Беларусь, 31 мая 1993 г., № 354 // Там же. — 2006. — № 5/21753.
26. Об утверждении Государственной программы «Культура Беларуси» на 2016—2020 годы: постановление Совета Министров Респ. Беларусь от 4 марта 2016 г. № 180 [Электронный ресурс] // Официальный правовой Интернет-портал Республики Беларусь. — Режим доступа: <https://www.pravo.by/document/?guid=3871&p0=c21600180>. — Дата доступа: 20.08.2020.
27. Об утверждении Государственной программы сотрудничества с белорусами зарубежья «Беларусы ў свеце» на 2013—2015 гг.: постановление Совета Министров Респ. Беларусь от 3 дек. 2013 г. № 1035 // Нац. реестр правовых автор Респ. Беларусь. — 2013. — № 5/38108.
28. О дне культуры Беларуси в Израиле [Электронный ресурс] // Министерство иностранных дел Республики Беларусь. — 07.07.2003. — Режим доступа: <http://mfa.gov.by/press/news_mfa/c9dcb6d0de64aef8.html>. — Дата доступа: 24.07.2020.
29. Першы Кансультацыйны савет па справах беларусаў замежжа створаны ў Беларусі [Электронны рэсурс] // TUT.BY: беларускі партал. — 24.06.2020. — Рэжым доступу: <https://news.tut.by/society/174498.html>. — Дата доступу: 01.09.2020.
30. Программа развития конфессиональной сферы, национальных отношений и сотрудничества с соотечественниками за рубежом на 2006—2010 годы: решение коллегии аппарата Уполномоченного по делам религий и национальностей Респ. Беларусь от 26 янв. 2011 г. № 1 [Электронный ресурс] // Уполномоченный по делам религий и национальностей. — Режим доступа: <http://www.belarus21.by/ru/zakonod/new_url_1750943773>. — Дата доступа: 01.09.2015.
31. Программа развития конфессиональной сферы, национальных отношений и сотрудничества с соотечественниками за рубежом на 2016—2020 годы: решение коллегии аппарата Уполномоченного по делам религий и национальностей Респ. Беларусь от 2 февр. 2016 г. № 1 [Электронный ресурс] // Могилевский областной исполнительный комитет. — Режим доступа: <http://mogilev-region.gov.by/category/religiya-i-nacionalnosti/programma-razvitiya-konfessionalnoy-sfery-nacionalnyh-otnosheniy-i>. — Дата доступа: 01.09.2020.
32. РОО «Белорусский культурный центр» [Электронный ресурс] // Беларускі партал у Казахстане. – Режим доступа: <http://belarus.kz/KZ6ALM0000010>. – Дата доступа: 01.09.2020.
33. Самкова, С. Л. Аб ролі Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве культуры ў дыяспаральнай палітыцы Беларусі / С. Л. Самкова // Беларусь в современном мире: материалы XI Междунар. конф., посвящ. 91-летию образования Белорус. гос. ун-та, Минск, 30 окт. 2012 г. / редкол.: В. Г. Шадурский [и др.]. — Минск: Изд. центр БГУ, 2012. — С. 321—132.
34. Снапковский, В. Е. Белорусская эмиграция / В. Е. Снапковский // Белоруссия и Россия: общества и государства. — М.: Права человека, 1998. — С. 88—105.
35. Сяргеева, Г. Дыяспара / Г. Сяргеева // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3. Гімназіі — Кадэнцыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск: БелЭН, 1996. — С. 328—336.
36. Тарас, Д. А. Диаспоральная политика Республики Беларусь в отношении белорусской диаспоры в России / Д. А. Тарас // Актуальные проблемы международных отношений и глобального развития: сб. науч. ст. Вып. 5. — Минск, 2017. — С. 119—134.
37. Тарас, Д. А. Организации белорусской диаспоры в России в конце ХХ — начале ХХI в. / Д. А. Тарас // Актуальные проблемы международных отношений и глобального развития: сб. науч. ст. Вып. 6. — Минск: БГУ, 2018. — С. 165—185.
38. Трэці фестываль мастацтваў беларусаў свету пройдзе з 7 па 11 верасня [Электронны рэсурс] // Афіцыйны сайт Беларускага тэлеграфнага агенцтва // БЕЛТА. — 07.09.2017. — Рэжым доступу: <http://blr.belta.by/culture/view/tretsi-festyval-mastatstvau-belarusau-svetu-projdze-z-7-pa-11-verasnja-61644-2017/>. — Дата доступу: 18.07.2020.
39. Фестываль мастацтваў беларусаў свету [Электронны рэсурс] // Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур. — Рэжым доступу: <http://bel.nationalcultures.by/arts-festival-of-the-belarusians/>. — Дата доступу: 18.07.2020.
40. Халадоўскі, М. Беларусы ў Польшчы 2005—2010 / M. Халадоўскі [Электронны рэсурс] // Ніва. — 27.03.2005. — Рэжым доступу: <http://niva.bialystok.pl/issue/2005/13/13_2005.pdf>. — Дата доступу: 01.09.2020.
41. Целеш, В. Нацыянальная школа як фактар захавання беларускай дыяспары ў Латвіі / В. Целеш // Беларусь паміж Усходам i Захадам: праблемы міжнацыянальнага, міжрэлігійнага ўзаемадзеяння, дыялогу і сінтэзу. Ч. 2. — Мінск: ННАЦ імя Францыска Скарыны, 1997. — С. 246—247.
42. Шупенько, Т. И. Взаимодействие государства и диаспоры в культурной сфере / Т. И. Шупенько // Весн. БДПУ. Сер. 2. Гісторыя. Філасофія. Паліталогія. Сацыялогія. Эканоміка. Культуралогія. — 2017. — № 3. — С. 30—37.

Артыкул паступіў у рэдакцыю ў верасні 2020 г.


Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter

Сообщество

  • (029) 3222740
  • Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
© 2022 Международное общественное объединение «Развитие». All Rights Reserved.