Белорусский журнал международного права и международных отношений 2000 — № 2
международные отношения
БЕЛАРУСКI АСПЕКТ УСХОДНЯЙ ПАЛIТЫКI ПОЛЬШЧЫ Ў 1996—1999 гг.
Часноўскi Мечыслаў Эдвардавiч — кандыдат гiстарычных навук, дацэнт кафедры мiжнародных адносiн Беларускага дзяржаўнага унiверсiтэта
Да сярэдзiны 1990-х гг. Польшча не ўяўляла нейкай ваенна-палiтычнай цi эканамiчнай пагрозы з боку суседняй суверэннай Беларусi. Наадварот, незалежная i абвясцiўшая курс на нейтралiтэт маладая беларуская дзяржава бачылася з Варшавы як перспектыўная буферная тэрыторыя, аддзяляючая Польшчу ад Расii — традыцыйнай крынiцы небяспекi для палякаў. Аднак пазнейшае беларуска-расiйскае зблiжэнне пазбавiла iлюзiй польскiх кiраўнiкоў. Адначасова для афiцыйнай Варшавы, атрымаўшай 8 лiпеня 1997 г. на Мадрыдскiм самiце Паўночнаатлантычнага альянса запрашэнне стаць членам НАТО, набывала другараднае значэнне былое дактрынальнае iмкненне не ператварыць Буг у лiнiю, падзяляючую Беларусь i Польшчу i раз'ядноўваючую Еўропу. I ў беларускай пазiцыi пачалi пераважаць матывы "Польшча — памост Беларусi на Захад", якiя замянялi сабою непасрэдныя прыярытэты ў сувязях Мiнска i Варшавы. У новай сiтуацыi для краiн-суседак двухбаковыя адносiны ў пытаннях бяспекi адыходзiлi на другi план, большую вагу набывалi рэгiянальныя прыярытэты. Але для кожнай з iх яны мелi процiлеглыя вектары: для Рэспублiкi Беларусь — Расiю, а для Рэспублiкi Польшча — НАТО i ЕС.
На словах польскiя ўладныя колы, ад прэзiдэнта Аляксандра Квасьнеўскага да пасла ў Мiнску Марыюша Машкевiча, выказвалi гатоўнасць да паглыбленага дыялога з Беларуссю i ў вобласцi двухбаковых адносiн, стан якiх не адпавядаў iх аб'ектыўным магчымасцям i патрэбнасцям, i ў сферы агульнаеўрапейскiх праблем. Iх "астуджала" толькi верагоднасць размяшчэння на тэрыторыi Беларусi ядзернай зброi, што азначала б разбурэнне iснуючага мiжнароднага ўпарадкавання ў Цэнтральнай i Усходняй Еўропе i на ўсiм кантыненце. Негатыўны ўплыў расiйскай ядзернай прысутнасцi на адносiны Польшчы з Беларуссю вымусiў бы Варшаву прадпрыняць адэкватныя дзеяннi i прасiць Вашынгтон перадыслакаваць у Польшчу частку натаўскага ядзернага патэнцыялу1. Фактычны стан рэчаў быў прыкметна iншы. Далучэнне Польшчы да Паўночнаатлантычнага альянса рабiла другараднай яе стаўку на буферную ролю Беларусi. Таму паглыбленне двухбаковага дыялога трацiла актуальнасць. У сваю чаргу, стварэнне беларуска-расiйскага саюза азначала працяг аслаблення стратэгiчнага iнтарэсу Мiнска да сваёй заходняй суседкi. Разам з гэтым трацiлi сэнс i супольныя рэгiянальныя палiтычныя прыярытэты. Узнiкала новая геапалiтычная рэальнасць.
У пэўным сэнсе i Беларусь, i Польшча ў пытаннях еўрапейскай бяспекi ператваралiся ў адвакатаў уласных саюзнiкаў-патронаў. У разглядаемы перыяд вызначыўся набор пастулатаў для абгрунтавання кожным свайго курсу i механiзмаў яго ажыццяўлення. Для беларускага кiраўнiцтва iмi сталi агрэсiўны курс НАТО, дэстабiлiзацыя еўрапейскай бяспекi ў вынiку яго пашырэння на Усход, iмкненне ЗША распаўсюдзiць уплыў на рэгiён Цэнтральнай i Усходняй Еўропы (ЦУЕ), усходнеславянскае адзiнства; для польскага — "прасунутая стабiльнасць" у вынiку пашырэння НАТО на Усход, пагроза адраджэння iмперскага курсу Расii, рэгiянальная кансалiдацыя дзеля сумеснага руху ў структуры еўрапейскай iнтэграцыi. Цалкам вiдавочна, што рэалiзацыя згаданых пастулатаў амаль не пакiдала месца для рэгiянальнага ўзаемаразумення памiж Мiнскам i Варшавай.
Калi беларускi бок не выказваў нават прыкмет жадання рэгiянальнай кансалiдацыi з удзелам Польшчы, то яго заходнi сусед не адмаўляўся ад спроб наблiзiць Беларусь да Захаду, пазбягаючы, аднак, непасрэдных кантактаў з Аляксандрам Лукашэнкам. Нацiск Варшавы на захаванне заходняга ўплыву ў Беларусi выразна праявiўся пры ўрэгуляваннi палiтычнага крызiсу, выбухнуўшага тут восенню 1996 г. у сувязi з правядзеннем рэферэндума аб прыняццi новай канстытуцыi, пашырыўшай паўнамоцтвы прэзiдэнта. Паводле ацэнак заходнiх аналiтыкаў, да лета 1998 г. расстаноўка палiтычных сiл у рэспублiцы iстотна змянiлася. Да антыпрэзiдэнцкай апазiцыi лiбералаў далучылiся камунiсты i аграрыi, што было ацэнена як "новы вiток супрацьстаяння з главой дзяржавы"2. Згаданая дынамiка ўнутрыпалiтычнага развiцця дадавала польскiм стратэгам надзеi на ажыццяўленне Беларуссю канцэпцыi "раўнавектарнасцi iнтарэсаў", што абяцала замаруджанне працэсу нагнятання рэгiянальнай напружанасцi, а ў перспектыве i ўзнiкненне новых камбiнацый ва ўзаемадзеяннi на абшары ЦУЕ.
Названую канцэпцыю польскi бок выводзiў з унутранага iнтарэсу беларускай дзяржавы. У прыватнасцi, пункт погляду зводзiўся да таго, што важнейшай справай для Беларусi з'яўляецца ўмацаванне яе незалежнасцi, якая, у сваю чаргу, арганiчна спляталася з умацаваннем дзяржаўных структур i рашучым паглыбленнем iх самастойнасцi адносна расiйскiх структур — нашчадкаў былога СССР. Гэта не ўяўлялася магчымым поўнасцю рэалiзаваць без рашучага пашырэння адносiн Беларусi з усёй Еўропай — яе дэмакратычнымi iнстытутамi, палiтычнымi i эканамiчнымi структурамi. Толькi ўключэнне краiны ў асноўныя структуры Еўропы, увядзенне яе ў агульную сiстэму двух- i шматбаковых дагавораў забяспечвала поўную рэалiзацыю iдэi дзяржаўнай незалежнасцi i прыналежнасцi да сям'i суверэнных народаў Еўропы. З другога боку, умацаванне незалежнасцi Беларусi не лiчылася магчымым без рацыянальнага афармлення яе адносiн з Расiяй, гiстарычна звязаных настолькi глыбокiмi грамадскiмi i эканамiчнымi вузамi, што вынiкi гвалтоўнага i механiчнага iх разрыву маглi мець катастрафiчны канец для ўсiх адасобленых патэнцыялаў. На гэтай падставе фармуляваўся тэзiс, што абодва непазбежныя накiрункi — еўрапейскi i расiйскi — Беларусь не магла ўспрымаць у катэгорыi дылемы, а толькi як узаемазвязаных рэалiй. Расiя, у сваю чаргу, жадаючы захаваць з беларусамi ўсебаковыя i глыбокiя сувязi, абавязвалася пагадзiцца з новай сiтуацыяй i захоўваць у адносiнах з iмi прынцыпы, абавязковыя для суверэнных суб'ектаў.
Пры гэтым Польшча выказвала зацiкаўленасць у спакойным, але паслядоўным пераўтварэннi Беларусi i Расii ў дэмакратычныя дзяржавы, а таксама ў фармiраваннi памiж iмi раўнапраўных i гарманiчных адносiн. Зварот да таталiтарнай сiстэмы або iмкненне да канфрантацыйнага вырашэння мiж iмi ўнутраных i знешнiх супярэчнасцяў Варшава мела намер трактаваць як iстотную знешнюю пагрозу, вымушаючую прадпрымаць адпаведныя абарончыя высiлкi. Такой мадэлi беларуска-расiйскiх дачыненняў прарочыўся пазiтыўны ўплыў на стан адносiн ва ўсiм рэгiёне, у тым лiку — з Польшчай, i спрыянне супольным намаганням па ўзвядзеннi яднанай Еўропы3.
Трэба аддаць належнае аргументаванасцi выкладзенай канцэпцыi. Яе прынцыповай заганай было патрабаванне для беларускай дзяржавы iстотнай карэкцiроўкi рэгiянальнай палiтыкi i адначасовае захаванне польскiм бокам свайго выключна аднабокага праатлантычнага курсу. Агульнавядома, што ў мiжнароднай палiтыцы маюць плён саступкi дзеля ўзаемнага зблiжэння. А такiх крокаў Варшава якраз не рабiла.
У польскай рэгiянальнай палiтыцы рабiўся таксама акцэнт на ўзаемасувязь эканамiчнага развiцця з бяспекай дзяржавы i канстатавалася, што стабiльнасць i прагназаванасць эканамiчных змен у Беларусi непасрэдна ўплывае на бяспеку яе суседкi. У гэтай сувязi заяўлялася аб польскай падтрымцы (па меры сваiх магчымасцяў) працэсаў эканамiчных рэформ i дэмакратычных пераўтварэнняў у рэгiёне. Саму Польшчу асаблiва непакоiла энергетычная бяспека. Гарантаваныя шматгадовыя пастаўкi энергетычнай сыравiны ў значнай ступенi залежалi ад стабiльнага цiску ў трубаправодах, перасякаючых беларускую тэрыторыю. А дыверсiфiкацыя крынiц i каналаў забеспячэння польскага спажыўца нафтай i газам не ўяўлялася простай справай4.
Гэтым не абмяжоўвалiся польскiя ацэнкi рэгiянальнай ролi Беларусi. За апошнiя гады выявiлiся своеасаблiвыя аголеныя нервы, утаймаваць якiя былi ў стане выключна беларускiя ўлады. З дзяржавы, палiтыка якой раней не прабуджала выразных эмоцый, Беларусь ператварылася для суседзяў у краiну — лакмусавую паперку. Да яе аказалiся звернутымi погляды маскоўскiх палiтыкаў, што бачылi бяспечны калiдор на Захад, якi дазваляе абмiнуць ненадзейныя Лiтву i Украiну. Назiральнiкi з Вiльнюса i Кiева сталi ўважлiва прыглядвацца да Мiнска, разумея пры гэтым, што, калi той страцiць волю да суверэнiтэту, гэта драматычна пагоршыць iх уласны геапалiтычны стан. Аб Беларусi безупынна гаварылася i ў Варшаве, дзе задавалiся пытаннем: якая дзяржава будзе iх суседкай: што налiчвае 10 млн цi 150 млн жыхароў? Невядомым заставаўся адказ адносна дылемы аб напрамку эвалюцыi ўнутранай i знешняй палiтыкi Беларусi. Польскiя палiтыкi амаль згодна лiчылi, што прэзiдэнт А. Лукашэнка рабiў небяспечныя крокi зблiжэння з Расiяй, якiя пагражалi сцерцi беларускую дзяржаўнасць з еўрапейскай карты5.
Рэакцыяй на змест i характар беларускай унутранай i рэгiянальнай палiтыкi стала iмкненне Варшавы наколькi магчыма скарэкцiраваць афiцыйны Мiнск. У спалучэннi з аналагiчнымi контрмерамi з боку Захаду гэта вылiлася ў новую канцэпцыю "самаiзаляцыi Беларусi адносна Заходняй Еўропы". Адтуль разгарнулася кампанiя санкцый i iзаляцыi. На навагодняй сустрэчы з дыпламатычным корпусам у пачатку 1999 г. прэзiдэнт А. Квасьнеўскi назваў польска-украiнскiя i польска-лiтоўскiя адносiны прыкладам гарманiчнага развiцця суседскiх адносiн, прымiрэння i стратэгiчнага партнёрства. Адносна Беларусi ён заявiў: "Спадзяюся, што наш сусед Беларусь пераадолее свае праблемы i актыўна далучыцца да рэгiянальнага супрацоўнiцтва". Тады ж пацяпленне двухбаковых адносiн польскi прэзiдэнт паставiў у залежнасць ад пазiтыўных iнiцыятыў беларускага боку i змяншэння тэмпературы антыпольскай крытыкi6.
"Карэкцiроўка" афiцыйнага Мiнска паступова набывала вострую форму. На факт роспуску Вярхоўнага Савета XIII склiкання прэзiдэнты Лiтвы, Польшчы i Украiны адрэагавалi сумесным выступленнем у абарону дэмакратычнага парадку, а восенню 1997 г., у час вiльнюскай сустрэчы на вышэйшым узроўнi дванаццацi кiраўнiкоў цэнтральна- i ўсходнееўрапейскiх дзяржаў, А. Квасьнеўскi i А. Бразаускас беспаспяхова спрабавалi пераканаць свайго беларускага калегу змянiць унутраную палiтыку7. Пазней "карэкцiроўка" перарасла ў байкот прэзiдэнта Беларусi з-за яго непрымальных для заходнiх суседзяў iнiцыятыў па iнтэграцыi з Расiяй. Так, яшчэ на этапе падрыхтоўкi шостай нефармальнай сустрэчы прэзiдэнтаў дзяржаў Цэнтральнай Еўропы (Львоў, 14—15 мая 1999 г.) аўстрыйскiя прадстаўнiкi заявiлi аб немагчымасцi пашырыць кола ўдзельнiкаў за кошт Беларусi, хоць асабiста яны прымалi аргументы аб геапалiтычнай ролi нашай дзяржавы i недапушчальнасцi яе iзаляцыi. Такая ж сiтуацыя склалася i вакол удзелу прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь у Эканамiчным форуме на вышэйшым узроўнi для краiн ЦУЕ (Зальцбург, 30 чэрвеня—2 лiпеня 1999 г.). А перад вiзiтам ва Украiну ў студзенi 2000 г. прэзiдэнт А. Квасьнеўскi прызнаў, што менавiта ён быў iнiцыятарам адклiкання запрашэння беларускаму кiраўнiку яшчэ на адну рэгiянальную сустрэчу ў вярхах — Мiжнародную канферэнцыю ў Ялце ў вераснi 1999 г.
Тым часам беларускi бок лiчыў такiя паводзiны нявартымi вялiкай увагi i прапаноўваў актывiзацыю ўзаемадзеяння ў пяцiвугольным фармаце — памiж Беларуссю, Лiтвой, Расiяй, Польшчай i Украiнай8. Патрэба актывiзацыi супрацоўнiцтва на рэгiянальным абшары Беларусi не падлягала сумненню. Краiны Прыбалтыкi з часу распаду СССР трымалiся цесным гуртам, палiтычна адасобiўшыся i ад Расii, i ад СНД у цэлым. Гэты рэгiён натуральным чынам падпадаў пад усё большы ўплыў магутных дзяржаў Балтыйскага ўзбярэжжа. Нiшто не перашкаджала iх зблiжэнню з Рэспублiкай Беларусь. Украiна, якая з-за супярэчнасцяў з Расiяй аддалялася ад ядра Садружнасцi — Мытнага саюза ў складзе Беларусi, Расii, Казахстана i Кыргызстана, iмкнулася ўпiсацца ў iнтэграцыйныя структуры краiн Чарнаморскага басейна. Яна спрабавала iграць актыўную ролю на поўднi Еўропы, на Балканскiм паўвостраве i, несумненна, не iгнаравала б узмацнення на поўначы саюзных адносiн з Беларуссю.
Мэтазгоднасць зблiжэння з Польшчай абумоўлiвалася тым, што гэта краiна сярод нашых суседзяў за апошнiя гады дасягнула найбольш важкiх вынiкаў у эканамiчным рэфармаваннi. Разам з Чэхiяй i Венгрыяй яна значылася ў спiсе галоўных кандыдатаў на першачарговае далучэнне да НАТО i Еўрасаюза. Афiцыйнаму Мiнску было нежаданай з'явай уцягнуцца ў працэс узвядзення санiтарнага кардона на мяжы з Польшчай, якi пагражаў адначасова стаць лiнiяй геапалiтычнага разлому кантынента. (Заўважым, што згаданая лiнiя выразней акрэслiлася насуперак волi беларусаў пасля акцыi НАТО ў Косаве). Iмклiвае зблiжэнне Беларусi з Расiяй, у вынiку якога ў мiжнародным плане ўзнiкла пытанне аб незалежным статусе беларускай дзяржавы, яшчэ больш узнiмала ролю Польшчы як патэнцыяльнага фарпоста заходнiх дэмакратый. Па гэтай прычыне яна карысталася асаблiвай увагай вядучых еўрапейскiх сталiц. Спецыфiчнае значэнне Польшчы было станоўча ацэнена яе суседзямi — Лiтвой i Украiнай9. Беларусь жа на працягу незалежнага iснавання не спрабавала завязаць больш цесных адносiн з кiм-небудзь з суседзяў, акрамя Расii. Верагоднасць адступлення Мiнска ў перспектыве ад гэтай лiнii для iх здавалася мiзэрнай.
У той жа час рэгiянальны ўплыў Беларусi меў перспектыву ўзмацнення не толькi ва ўсходнiм, але i ў заходнiм напрамку. З сярэдзiны 90-х гг., калi Беларусь стала членам Цэнтральнаеўрапейскай iнiцыятывы, адкрывалiся новыя магчымасцi супрацоўнiцтва на абшары ЦУЕ. Стваралiся магчымасцi для яго адкрытасцi i на Захад, i на Усход. Такая двуадзiная арыентацыя не толькi не пярэчыла правiлам мiжнародных зносiн, але i дазваляла Беларусi як ва ўласных нацыянальных iнтарэсах, так i дзякуючы унiкальнаму геапалiтычнаму становiшчу iграць ролю прывiлеяванага паўпрэда Расii ў Цэнтральнай Еўропе i наадварот. Гэта быў сцэнарый, ад якога выйгравалi ўсе. На жаль, у наступныя гады сiтуацыя змянiлася карэнным чынам. Яе каталiзатарам стала не толькi стагнацыя СНД, правакуючая "глядзець убок", але перш за ўсё — пашырэнне НАТО на Усход, якое "выкрала" чарговую частку Еўропы i аб'ектыўна не пакiнула Беларусi папярэдняга выбару10. Перспектывы сярэднееўрапейскага рэгiянальнага супрацоўнiцтва звужалiся, хоць i не знiкалi на зусiм. Выйсцем заставалася знешняя адкрытасць Мiнска да заходнiх суседзяў, якая расла адэкватна змяншэнню закрытасцi заходнiх партнёраў.
У сваю чаргу, для афiцыйнай Варшавы падставай стрыманасцi ў адносiнах з непасрэднай усходняй суседкай выступала няяснасць беларуска-расiйскiх iнтэграцыйных перспектыў. Праўда, прымаўся да ўвагi акцэнт беларускiх уладаў на захаванне ў працэсе iнтэграцыi з Расiяй не толькi традыцый i супольных славянскiх карэнняў, але i суверэнiтэта беларускай дзяржавы. Адначасова згадвалася эканамiчная залежнасць апошняй ад Масквы i "асабiстыя амбiцыi А. Лукашэнкi стаць прэзiдэнтам федэрацыi Беларусi i Расii". Эксперты варшаўскага Цэнтра ўсходнiх даследаванняў сцвярджалi, што "незалежна ад таго, утрымаецца А. Лукашэнка ва ўладзе цi не, Мiнск у агляднай перспектыве не зможа пераарыентаваць сваю палiтыку". Разам з тым яны не выключалi перамен у будучым11.
Варшава шукала больш дзейсныя крокi. Адным з iх стала прапанова ўплыву на афiцыйны Мiнск спалучэннем агульнаеўрапейскiх i рэгiянальных намаганняў. Механiзм калектыўнай волi стаў яскрава выкарыстоўвацца пасля лiстападаўскага 1996 г. рэферэндума ў Рэспублiцы Беларусь. У Варшаве пачалi часцей паўтараць, што Захад раней часу адрокся ад Беларусi, i растлумачваць сваiм партнёрам, што не ў iх iнтарэсах скiдаць гэтую краiну з рахунку. Адначасова жорсткiя i прамалiнейныя заклiкi да нацiску на беларускiя ўлады не стабiлiзавалi рэгiён, а, насупраць, радыкалiзавалi там антызаходнiя настроi. Беларусь заставалася "глухой" да нацiску Захаду, таму што не прывязвалася да яго трывала ў фiнансава-эканамiчных адносiнах. Але, як заўважыў адзiн з высокапастаўленых чыноўнiкаў Еўрапейскай камiсii, "Польшча ўжо даўно спрабуе пераканаць Захад у тым, каб той не перапыняў сваiх намаганняў па ўцягваннi Беларусi ў сферу свайго ўплыву. Польшча прапануе для Мiнска метад бiзуна i пернiка...".
"Бiзун" быў ужыты на канферэнцыi ў Каiры, дзе 11 верасня 1997 г. Мiжпарламенцкi саюз узнавiў членства парламента Беларусi, прыпыненае ў красавiку таго ж года з-за дзеянняў прэзiдэнта А. Лукашэнкi, якi, па меркаваннi саюза, распусцiў легальна абраны парламент. Па прапанове аб аднаўленнi членства прадстаўнiк Польшчы галасаваў "супраць". Пры гэтым ён нагадаў, што палякаў у 80-я гг. падзяляў значна глыбейшы канфлiкт, якi аказаўся развязаны шляхам кампрамiснага "круглага стала". "Адзiны шлях да вырашэння беларускага канфлiкту пралягае праз кампрамiс", — сцвярджаў польскi парламентарый. "Пернiк", як не дзiўна, выявiўся ў спробе Варшавы ўплываць на беларускую знешнюю палiтыку эканамiчнымi рычагамi. У студзенi 1997 г. была вылучана iдэя праграмы аказання калектыўнай эканамiчнай дапамогi Беларусi сiламi Польшчы, Украiны, Лiтвы i Латвii пры падтрымцы мiжнародных фiнансавых iнстытутаў i Еўрапейскага саюза. Умовай прадастаўлення такой дапамогi была названа "поўная незалежнасць Беларусi". Пасля ўхвалення гэтага плана зацiкаўленымi бакамi нават адбылiся папярэднiя кансультацыi з Мiнскам. Пазней iдэя незаўважна сканала.
Польшча iмкнулася выкарыстаць у сваiх адносiнах з Беларуссю i механiзмы АБСЕ, тым больш, што ў 1998 г. яна старшынствавала ў гэтай арганiзацыi. У справаздачы дзеючага старшынi Б. Герэмека Парламенцкай асамблеi АБСЕ (Вена, 19—20 лютага) выказвалася задавальненне ў сувязi з рашэннем беларускiх уладаў прыняць мiсiю АБСЕ ў Мiнску. "АБСЕ гэта не палiцэйская арганiзацыя, а свайго роду еўрапейскае сумленне. Кансультатыўная група акажа дапамогу Беларусi ў забеспячэннi эвалюцыi ў правiльным накiрунку", — падкрэслiваў прамоўца. На пытанне, цi стане Беларусь прыярытэтам польскай знешняй палiтыкi, ён адказаў: "Няможна забывацца аб значэннi Беларусi. Гэта праблема не толькi самiх беларусаў, але i праблема Еўропы. Калi б Беларусь апынулася па-за светам рынкавай эканомiкi, прынцыпаў прававой дзяржавы i правоў чалавека, гэта было б вельмi дрэнна для Еўропы..." Сапраўды, большая частка палiтычных элiт суседнiх дзяржаў зыходзiла з таго, што спробы iзаляваць Беларусь толькi вымасцяць прамую дарогу да саюза памiж Мiнскам i Масквой. Верагодна, таму паралельна з дэмаршамi ў шэрагу мiжнародных арганiзацый з-за парушэнняў дэмакратычных правоў i свабод у Беларусi яе суседзi давалi зразумець, што гатовы прызнаць прайшоўшыя тут канстытуцыйныя перамены. Гэта i прадвызначыла адкрыццё Б. Герэмекам 27 лютага 1998 г. у Мiнску спецыяльнага прадстаўнiцтва АБСЕ (Кансультатыўна-назiральнай групы)12. Пайшоўшы ў гэтых прапановах насустрач, беларускiя ўлады, безумоўна, занялi канструктыўную пазiцыю. Ды i прадэклараваную Варшавай мэту не дапусцiць iзаляцыi Беларусi трэба прызнаць разумнай, калi б толькi ёю не прыкрывалiся iншыя намеры.
Як нагадвалася вышэй, прыём Польшчы ў НАТО аб'ектыўна абмяжоўваў беларускi стымул да цесных адносiн з Захадам. Прэзiдэнт А. Лукашэнка адхiлiў звязаныя з пашырэннем НАТО на Усход польскiя заявы аб прагрэсiруючым аб'яднаннi кантынента i даў процiлеглую ацэнку: пашырэнне альянса ўсталёўвае лiнiю падзелу Еўропы па Бугу. У новай рэальнасцi акрэслiвалася пагроза для Беларусi i тэндэнцыя панiжэння ўзроўню бяспекi суседнiх краiн. Ясна давалася зразумець, што польскае членства ў НАТО супраць кагосьцi накiраванае. У Варшаве ж сцвярджалi, што падобныя ацэнкi могуць зыходзiць ад палiтыкаў, якiя iмкнуцца цi адцягнуць увагу грамадства ад унутраных праблем, цi навязаць людзям вобраз ворага, штучна ўзбудзiць адчуванне знешняй пагрозы дзеля дасягнення сваiх часовых кан'юнктурных палiтычных мэтаў.
Уступленне ў Паўночнаатлантычны саюз там абгрунтоўвалася незалежным i падтрыманым большасцю грамадзян выбарам, якi ўмацоўвае не толькi ўласна польскую бяспеку, але i стабiльнасць ва ўсiм рэгiёне. Польшча ўяўлялася яе грамадзянам больш прадказальным партнёрам для суседзяў, трывала ўбудаванай у структуры НАТО, чым у былой зоне бяспекi — няўпэўненай ў сваiм стане i камплексуючай у сувязi з незадавальненнем сваiх iмкненняў. Планаванае памяншэнне колькасцi Войска Польскага на чвэрць выдавалася за добры знак для ўсходнiх суседзяў, якiя заклiкалiся пайсцi тым жа шляхам. Аднак мераў даверу да ўсходнiх партнёраў Варшава не прадпрымала. Гэта варта лiчыць стратэгiчным пралiкам, таму што нават па меркаваннi Захаду разам з уступленнем у НАТО Варшаве належала заявiць аб адсутнасцi патрэбы ў размяшчэннi на тэрыторыi дзяржавы ядзернай зброi i iншаземных войск. Такую дэкларацыю зрабiў бы i альянс. Палякам таксама было варта падтрымлiваць пашырэнне рэгiянальных блокаў накшталт Цэнтральнаеўрапейскай iнiцыятывы за кошт краiн Балтыi, Беларусi, Украiны i Расii13.
Праўда, у якасцi ўжо паўнапраўнага члена НАТО афiцыйная Варшава стрымана прарэагавала на заяву беларускага прэзiдэнта аб магчымасцi вяртання на тэрыторыю Рэспублiкi Беларусь расiйскiх ракет. Мiнiстр замежных спраў Б. Герэмек безапеляцыйна аргументаваў, што гэтае пытанне складае прэрагатыву не прэзiдэнта Беларусi, а кiраўнiцтва Расii, адкуль не прадпрымалiся якiя-небудзь крокi ў гэтым напрамку. Аднак i палякi ненадоўга захавалi "ўпэўненасць у сваiм стане". Балканскiя падзеi 1999 г. аказалiся ў пэўнай ступенi для iх нечаканымi. Аб гэтым сведчыла далёка не адназначная рэакцыя на натаўскiя бамбардзiроўкi ў Косаве. Натаўскi "парасон" палякам мыслiўся як ахоўны. I вось не паспелi яны адчуць асалоду ад пачуцця бяспекi i магутных гарантый Захаду, як у паветры запахла нестабiльнасцю, якая зноў пачала давiць на грамадзянскую псiхiку; 56 % апытаных палякаў не выключалi, што падзеi ў Косаве могуць прывесцi да новай сусветнай вайны14.
У новых умовах, для якiх стаў характэрным працяг беларуска-польскага двухбаковага аддалення, рэгiянальная палiтыка Беларусi вызначалася iмкненнем не даць суседзям, i ў тым лiку Польшчы, забыцца пра нашу дзяржаву. Афiцыйная пазiцыя беларускага ўрада заключалася ў тым, што з улiкам пашырэння на Усход i набыццём новых суседзяў для НАТО ўзрастала неабходнасць абмеркавання i прыняцця комплексу мер па ўмацаваннi даверу, празрыстасцi i гарантый бяспекi не толькi на ўзроўнi Мiнск-Брусель, але i на лiнii Мiнск-Варшава. А ў згаданым кантэксце Польшча штораз мацней ацэньвалася ў Мiнску як незычлiвы сусед. Так было пракаментавана, мiж iншым, рашэнне Варшавы, якая з пачатку 1998 г. завастрыла адносна Беларусi i Расii прынцыпы перасячэння мяжы, тым самым ускладнiўшы пагранiчны гандаль. Сапраўдная прычына новай сiтуацыi на мяжы была ў набiраючых сiлу еўрапейскiх iнтэграцыйных працэсах, патрабуючых ад Польшчы адэкватнай унiфiкацыi пэўных правiлаў i законаў. Аднак фактычна на беларуска-польскай мяжы вырастаў "мур", якi ўсё цяжэй было перасягнуць. Па iнерцыi абодва бакi таму пярэчылi, але на практыцы цаглiна па цаглiне яго ўзносiлi вышэй. У прынятым на пачатку 1999 г. "Пасланнi Сейму Рэчыпаспалiтай Польшчы да беларускага народа" павучальным тонам дэманстравалася "жыццёвая зацiкаўленасць Польшчы ў аднаўленнi дэмакратычных iнстытутаў на Беларусi"15. Абодвум бакам востра не хапала канструктыўнага iмпульсу нават для пастаноўкi пытанняў аб двухбаковым цi рэгiянальным (не кажучы ўжо аб еўраатлантычным)16 супрацоўнiцтве. У труну добрасуседства заганяўся чарговы цвiк.
Крокi, якiя Польшча прадпрымала адносна ўсходнiх суседзяў, натыкалiся на абвiнавачваннi з боку Масквы аб намеры стварыць санiтарны кардон i iзаляваць Расiю ад Еўропы. Вельмi падобнымi па тоне сталi крытычныя заўвагi Мiнска; часам яны прымалi больш мяккую форму папрокаў у тым, што Варшава паварочваецца спiной да сваiх усходнiх суседзяў. Для Польшчы складвалася спрыяльная сiтуацыя, ствараўшая магчымасць калi не выйгрышу, то хоць бы дэманстрацыi перавагi над малаэфектыўнай рэгiянальнай палiтыкай беларускiх уладаў.
Польскiя аналiтыкi ўсё часцей рабiлi акцэнт на асаблiвую вагу дэмакратычных механiзмаў у мiжнародных адносiнах, значна большую, чым iм схiльныя прыпiсваць суб'екты ўсходнееўрапейскай палiтычнай сцэны. Так, палiтолаг Войцех Заянчкоўскi сцвярджаў, што дзякуючы гэтым механiзмам стаў магчымы пералом у польска-лiтоўскiх адносiнах, яны ж ляглi ў аснову дружалюбных польска-украiнскiх адносiн. Iх адсутнасць, у сваю чаргу, нiбыта прывяла да правалу ў польска-беларускiх адносiнах. У будучым, паводле меркавання Варшавы, Еўропа можа аказацца падзеленай, але не пад уплывам чыста ваенных разлiкаў цi рэцыдываў "халоднай вайны". Такi падзел уяўляўся перш за ўсё як вынiк унутрыдзяржаўных працэсаў: дэмакратызацыi i эканамiчных рэформ, або iх адсутнасцi. Адсюль Варшава выстройвала дзяржавы ў шэрагi: у першы тых, што асмелiлiся на глыбокiя перамены i дапасаванне ўласных палiтычных сiстэм да стандартаў, прынятых у еўрапейскiх структурах (Польшча, Лiтва, верагодна, Латвiя), у другi — краiны, выбраўшыя iншы шлях (Беларусь). На гэтым фоне няўпэўнена вырысоўвалася будучыня Украiны i Расii. Парушэнне ўнутранай раўнавагi ў якой-небудзь з гэтых дзяржаў пагражала дэстабiлiзацыяй усяго рэгiёна. Яе вынiкам меркавалася пашырэнне або звужэнне праатлантычнага рэгiянальнага фронту17.
Такiм чынам, у розных польскiх мадэлях фармiраванне i эвалюцыя згаданай раздзяляльнай лiнii выводзiлася пераважна з эканамiчнай i палiтычнай мадэлi, стаўшай фундаментам заходнiх дэмакратый. Iснуючая ж практыка сведчыць, што ў аснове рэгiянальнага ўзаемадзеяння абавязкова ляжаць геапалiтычныя iнтарэсы. Наяўнасць або адсутнасць дэмакратычных механiзмаў — хутчэй элемент кан'юнктурнага падыходу. Iнакш гiсторыя нiколi не пакiнула б магчымасцi для суседскага супрацоўнiцтва дзяржаў з рознымi формамi палiтычнага кiравання.
Тым часам у сярэдзiннай паласе Еўропы тэрыторыя Беларусi i Польшчы ператваралася ў зону павышанай рызыкi. Аб гэтым сведчыў прыняты урадам Рэспублiкi Польшча 4 студзеня 2000 г. дакумент "Стратэгiя бяспекi Польшчы". У iм адзначана, што членства ў Паўночнаатлантычным альянсе iстотна змянiла геапалiтычную i геастратэгiчную пазiцыю Рэспублiкi Польшча, якая стала часткай эфектыўнай абарончай сiстэмы. Адначасова на фоне адсутнасцi непасрэднай пагрозы ваеннай агрэсii нагадвалiся небяспечныя для яе рэгiянальныя крызiсныя сiтуацыi, канфлiкты. Калi "паблiзу будзе размешчана ядзерная зброя", сказана ў дакуменце, то пагроза ўзрасце, таму што Польшча апынецца побач з тэрыторыяй павышанай рызыкi, звязанай з распаўсюджаннем зброi масавага знiшчэння. На такi выпадак "Стратэгiя" прадугледзела "адэкватныя меры"18. Зразумела, што пашырэнне НАТО на Усход у сваю чаргу ператварала польскую тэрыторыю ў зону павышанай рызыкi для Беларусi.
Падсумоўваючы стан беларуска-польскiх адносiн з улiкам iх геапалiтычнага ўладкавання, варта звярнуць увагу на парадаксальную сiтуацыю: геаграфiчнае становiшча Беларусi i Польшчы натуральным чынам падводзiла iх да ролi памосту памiж Захадам i Усходам, тым часам у пытаннi пашырэння НАТО i шляхах усталявання рэгiянальнай бяспекi ўсе ўдзельнiкi дыскусiй падпiхвалi iх да ролi перадполля. Узаемадзеянне двух дзяржаў на рэгiянальным полi набыло надзвычай супярэчлiвы характар.
Як згадвалася вышэй, для афiцыйнай Варшавы, атрымаўшай у красавiку 1999 г. статус паўнапраўнага члена НАТО, сапраўды набыло другараднае значэнне былое дактрынальнае iмкненне не ператварыць Буг у лiнiю, падзяляючую Беларусь i Польшчу i раз'ядноўваючую Еўропу. Але ў адпаведнасцi з натаўскай канцэпцыяй еўрапейскай бяспекi польскiя палiтыкi абавязвалiся захоўваць добрасуседства i знаходзiць агульныя iнтарэсы. У сваю чаргу, афiцыйны Мiнск, пераняўшы ад Масквы варожасць да еўраатлантычнай стратэгii, паслухмяна паўтараў асуджэннi ў адрас iнiцыятараў пашырэння альянса. Разам з тым, добраахвотная адмова беларускага кiраўнiцтва ад ядзернага статусу дзяржавы дэманстравала мiралюбiвасць яе знешняга курсу. Кропкi сутыкнення мелiся, i ўсё ж стала фактам разыходжанне стратэгiчных iнтарэсаў Польшчы i Беларусi. Яны па-ранейшаму заставалiся тэрыторыяй, дзе сустракаюцца дзве часткi Еўропы. Пагэтаму iх важнейшым супольным iнтарэсам станавiлася захаванне сярэдзiннай паласы Еўропы як абшару мiру, стабiльнасцi i дружалюбнага супрацоўнiцтва. У гэтым сэнсе суверэнныя, стабiльныя i дэмакратычныя беларуская i польская дзяржавы неабходныя не толькi сваiм народам, але i ўсёй Еўропе. Са згаданай акалiчнасцi выцякаў доўг велiзарнага значэння для палiтычных элiт нашых краiн: будучыня Еўропы, перспектывы яе адзiнства ў значнай ступенi залежалi ад уладкавання беларуска-польскiх адносiн.
З пазiцыi рэтраспектывы яны пастаянна вызначалiся недахопам дынамiзму, паслядоўнасцi i яснасцi. Не ўвайшло ў практыку ўзгадненне пазiцый бакоў, не закладзены падмурак вырашэння ўзнiкаючых праблем бяспекi ў духу партнёрства, не створана мадэль супрацоўнiцтва ў галiне пабудовы сродкаў даверу. Бакi не ўздымалi праблему рознiцы iнтарэсаў Беларусi i Польшчы ў сваiм рэгiёне. У знешнепалiтычных канцэпцыях абедзвюх дзяржаў — адна i тая ж памылка. Яны ўтрымлiвалi практычна толькi па адным геастратэгiчным iнтарэсе: заходнi для Польшчы i ўсходнi для Беларусi. Логiка суiснавання падказвала мець таксама сустрэчны iнтарэс i пераадольваць рэгiянальную замкнутасць.
Практычна былi замарожаны беларуска-польскiя адносiны на мiжпарламенцкiм узроўнi. Пры гэтым польскi бок спасылаўся на вядомыя высновы Еўрасаюза i Савета Еўропы па Беларусi i выказваўся за ўзнаўленне правоў Вярхоўнага Савета XIII склiкання. Адначасова Сенат i Сейм Рэспублiкi Польшча кантактавалi з дэпутатамi, не ўвайшоўшымi ў Нацыянальны сход Рэспублiкi Беларусь. Пасля стварэння Саюза Беларусi i Расii ўвага польскага боку сканцэнтравалася на негатыўных наступствах гэтага працэсу для Польшчы i "адраджэннi iмперскiх амбiцый Масквы".
Па пытаннi пашырэння НАТО на Усход бакi слухалi, але не чулi адзiн аднаго. Пэўныя беларускiя колы асцерагалiся, што ўваход Польшчы ў альянс, узмацнiўшы размежаванне ў Еўропе, дасць стымул Расii да новага "паглынання" Беларусi i Украiны. З польскага боку верагоднасць паўторнага размяшчэння ядзернай зброi на тэрыторыi Беларусi выкарыстоўвалася не толькi як знешняя пагроза, але i як спосаб адвесцi непакой народаў з-за цiхай iнтэрвенцыi НАТО, апраўдаць магчымыя планы перамяшчэння на польскую тэрыторыю часткi ядзернага патэнцыялу альянса i паскорыць экспансiю заходнiх каштоўнасцяў на прастору былога Савецкага Саюза. Далучэнне ўсходнiх краiн кантынента да еўрапейскай цывiлiзацыi было апраўданым, але Польшча няўдала iграла ролю "перадаючага механiзма".
Адсутнiчала рэгiянальная актыўнасць беларускай дыпламатыi ў заходнiм напрамку. Далучэнне да Цэнтральнаеўрапейскай iнiцыятывы засталося "адзiнай ластаўкай". Дарэчы, для краiны, iдучай у адзiнай звязцы з еўра-азiяцкай звышдзяржавай, гэтага варта было спадзявацца. Як вынiк, паступова заканчваўся перыяд свабоднага перамяшчэння на лiнii Расiя-Захад, якi наступiў у 1990-1991 гг. Польшча прыводзiла у парадак свае законы i правiлы ў адпаведнасцi з дзеючымi ў ЕС. Беларус, пераехаўшы праз польскую мяжу, станавiўся "iншародным целам". Афiцыйны ж Мiнск у пэўным сэнсе падмяняў паняццi, сцвярджаючы, што ездзiць стала складаней з-за ўступлення Польшчы ў НАТО. Прыналежнасць Варшавы да Паўночнаатлантычнага блока была выкарыстана беларускiмi ўладамi як своеасаблiвы падарунак для ўзмацнення рэгiянальнай адасобленасцi. Але эфектам такой палiтыкi аказалася мiжнародная iзаляцыя Беларусi.
Для вырашэння задачы iнтэнсiфiкацыi адносiн у двухбаковым i рэгiянальным вымярэннi патрабавалiся некалькi абавязковых першых крокаў: актывiзацыя кантактаў афiцыйных асоб падчас мiжнародных форумаў i канферэнцый; сумесная беларуска-польская заява аб адхiленнi палiтыкi "iзаляцыi" або "самаiзаляцыi" Рэспублiкi Беларусь на мiжнароднай арэне; стварэнне пастаянна дзеючага двухбаковага механiзма ў выглядзе кансультацыйнага органа пры прэзiдэнтах Рэспублiкi Беларусь i Рэспублiкi Польшча; паўнакроўнае аднаўленне палiтычнага дыялогу
1 Белорусская газета. 1999. 26 апр.
2 Кучинская М. Новая парадигма польской восточной политики // Pro et Contra. Том 3. № 2. Весна 1998. С. 25.
3 Rychlowski B. Transformacja geopolityczna w srodkowej strefie Europy // Regiony graniczne. Wspуlzaleznosci i wspуlpraca. W-wa, 1993. S. 57*72.
4 Ржевский В. Стратегия безопасности Польши // КОМПАС. ИТАР-ТАСС. 2000. 20 янв. С. 17.
5 Зайончковски В. Восточная Европа в польской дипломатии // Pro et Contra. Том 3. № 2. Весна 1998. С. 48.
6 Бягучы архiў МЗС Рэспублікі Беларусь. Упраўленне Еўропы. Дакументы па двухбаковых узаемаадносiнах з Рэспублiкай Польшча. 23.11.1998—1.03.1999.
7 Зайончковски В. Восточная Европа в польской дипломатии // Pro et Contra. Том 3. № 2. Весна 1998. С. 50.
8 Бягучы архiў МЗС Рэспублікі Беларусь. Упраўленне Еўропы. Дакументы па двухбаковых узаемаадносiнах з Рэспублiкай Польшча. 23.11.1998—1.03.1999.
9 Звязда. 1997. 5 сак.
10 Белорусская деловая газета. 1999. 7 апр.
11 Parzymies S. Stosunki miedzynarodowe w Europie 1945—1999. W-wa, 1999. S. 257.
12 Gazeta Wyborcza. 1997. 26 wrzes.; Кучинская М. Новая парадигма польской восточной политики // Pro et Contra. Том 3. № 2. Весна 1998. С. 27.
13 Гл.: O aktywna polityke wschodnia Polski // Wprost. 1996. № 5. S. 33—34; Белорусская газета. 1999. 26 апр.
14 Белорусская газета. 1999. 5 апр.
15 Бягучы архiў МЗС Рэспублікі Беларусь. Упраўленне Еўропы. Дакументы па двухбаковых узаемаадносiнах з Рэспублiкай Польшча. 23.11.1998—1.03.1999; 2.03—30.04.1999; Kultura (Paryz). 1999. № 3. S. 103.
16 Беларусь доўгi час па ўласнай iнiцыятыве была iзалявана ад кантактаў з НАТО. Так працягвалася да таго, пакуль расiйскi прэзiдэнт у чэрвенi 1997 г. у Парыжы не ўзаконiў адносiны Расii i Пакта спецыяльным дагаворам — Асноватворным актам. Беларусь у тэрмiновым парадку ўзялася рыхтаваць уласны дагавор аб адносiнах з НАТО; аднак i час, i iнiцыятыва былi страчаны. Мiнску давялося на хаду карэкцiраваць курс, падладжвацца пад сiтуацыю, згладжваць вострыя вуглы, якiх пазней нямала ўзнiкала ў кантактах з Захадам. Гл.: Звязда. 1997. 10 лiп.
17 Зайончковски В. Восточная Европа в польской дипломатии // Pro et Contra. Том 3. № 2. Весна 1998. С. 51.
18 Гл. падрабязней: Ржевский В. Стратегия безопасности Польши // КОМПАС. ИТАР-ТАСС. 2000. 20 янв. С. 17—20.