Белорусский журнал международного права и международных отношений 2000 — № 2


международные отношения

БЕЛАРУСЬ У ГЕАПАЛIТЫЦЫ I ДЫПЛАМАТЫI ПЕРЫЯДУ ДРУГОЙ СУСВЕТНАЙ ВАЙНЫ

Уладзiмiр Снапкоўскi

Снапкоўскi Уладзiмiр Еўдакiмавiч — доктар гiстарычных навук, прафесар кафедры мiжнародных адносiн факультэта мiжнародных адносiн Беларускага дзяржаўнага унiверсiтэта, загадчык аддзела нацыянальных i мiжнародных адносiн Беларусi iнстытута гiсторыi Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi

1.Беларусь у сакрэтных пратаколах

Напярэдаднi i ў пачатку Другой сусветнай вайны тэрыторыя Беларусi (БССР i Заходняя Беларусь, якая ўваходзiла ў склад Польшчы) стала аб'ектам актыўнай дыпламатычнай i ваенна-палiтычнай дзейнасцi з боку галоўных актараў мiжнароднай палiтыкi ва Усходняй Еўропе — Савецкага Саюза i фашысцкай Германii.

Кiраўнiцтва Германii, рыхтуючыся да вайны з Польшчай, прапанавала Савецкаму ўраду заключыць пакт аб ненападзе i дало згоду на прыняцце савецкай iнiцыятывы аб размежаваннi сфер уплыву iнтарэсаў абедзвюх дзяржаў ва Усходняй Еўропе. 23 жнiўня 1939 г. нарком замежных спраў СССР В. Молатаў i мiнiстр замежных спраў Германii i. Рыбентроп падпiсалi ў Маскве савецка-германскi дагавор аб ненападзе тэрмiнам на 10 гадоў.

Дагавор прадугледжваў, што СССР i Германiя абавязуюцца ўстрымлiвацца ад прымянення сiлы i агрэсiўных дзеянняў у адносiнах адзiн да аднаго як асобна, так i сумесна з iншымi дзяржавамi. Змест дагавора, якi базiраваўся на асноўных палажэннях савецка-германскага дагавора 1926 г. аб ненападзе i нейтралiтэце, не разыходзiўся з нормамi мiжнароднага права i дагаворнай практыкай дзяржаў, што былi прыняты ў тагачаснай дыпламатыi. Аналагiчныя дамоўленасцi з Германiяй мелiся ў той перыяд у Англii i Францыi.

Да дагавора быў прыкладзены Дадатковы сакрэтны пратакол, якi размяжоўваў сферы ўзаемных iнтарэсаў СССР i Германii ва Усходняй Еўропе. У адпаведнасцi з 1-м пунктам гэтага пратакола бакi дамовiлiся аб тым, што ў выпадку тэрытарыяльна-палiтычнага пераўладкавання абласцей, якiя ўваходзiлi ў склад Прыбалтыйскiх дзяржаў (Фiнляндыi, Эстонii, Латвii, Лiтвы), паўночная гранiца Лiтвы з'яўляецца адначасова гранiцай сфер iнтарэсаў СССР i Германii. Абодва бакi прызнавалi iнтарэсы Лiтвы адносна Вiленскай вобласцi. У 2-м пункце пратакола адзначалася, што ў выпадку тэрытарыяльна-палiтычнага пераўладкавання абласцей, якiя ўваходзiлi ў склад Польскай дзяржавы, гранiца сфер iнтарэсаў СССР i Германii будзе прыблiзна праходзiць па лiнii рэк Нараў, Вiсла i Сан. Гэта азначала, што ў сферу iнтарэсаў СССР акрамя Заходняй Беларусi i Заходняй Украiны пераходзiла таксама частка Польшчы да Варшавы. Пытанне аб захаваннi незалежнасцi Польшчы i яе межах бакi пакiдалi для вырашэння ў будучым "у адпаведнасцi з дружалюбнай узаемнай згодай". У 3-м пункце Германiя прызнавала iнтарэс СССР да Бесарабii, якая з 1918 уваходзiла ў склад Румынii1.

Пасля нападу Германii на Польшчу i пачатку Другой сусветнай вайны нямецкi пасол у СССР Ф. Шуленбург паставiў 3 верасня 1939 г. перад наркомам замежных спраў СССР В. Молатавым пытанне аб магчымасцi для СССР "у зручны момант" заняць частку Польшчы, што была аднесена да "рускай сферы ўплыву"2. Для аказання цiску на савецкае кiраўнiцтва германскiя войскi 9 верасня 1939 г. перайшлi дэмаркацыйную лiнiю, што была ўсталявана сакрэтным пратаколам, занялi Брэст i сталi рухацца далей на ўсход.

10 верасня Молатаў падчас сустрэчы з Шуленбургам заявiў: у сувязi з тым, што "Польшча развальваецца на кавалкi", "Савецкi Саюз павiнен прыйсцi на дапамогу ўкраiнцам i беларусам, якiм "пагражае" Германiя". Молатаў шчыра растлумачыў нямецкаму паслу сутнасць гэтай матывiроўкi: "Такая прычына прадставiць iнтэрвенцыю Савецкага Саюза прыстойнай у вачах мас i дасць Савецкаму Саюзу магчымасць не выглядаць агрэсарам"3. У тэлеграме Шуленбургу ад 15 верасня Рыбентроп выказаў незадавальненне падобнай трактоўкай савецкай акцыi супраць Польшчы (нiбыта ўкраiнцам i беларусам пагражае Германiя). Ён адзначыў, што гэта "не адпавядае рэальным нямецкiм памкненням, якiя абмежаваны выключна добра вядомымi нямецкiмi жыццёвымi iнтарэсамi", i супярэчыць пагадненням, што былi дасягнуты ў Маскве4.

14 верасня газета "Праўда" апублiкавала артыкул "Аб унутраных прычынах ваеннага паражэння Польшчы", у якiм канстатавалася, што прыгнёт i нераўнапраўнае становiшча нацыянальных меншасцей сталi крынiцай слабасцi польскай дзяржавы i ўнутранай прычынай яе паражэння. Асаблiвая ўвага звярталася на бяспраўнае становiшча 11 млн украiнцаў i беларусаў5.

Молатаў на сустрэчы з Шуленбургам 16 верасня прызнаў, што прапанаваная Савецкiм урадам зачэпка для iнтэрвенцыi ў Польшчу змяшчае крыўдную для немцаў фармулёўку, але прасiў улiчыць, што СССР аказаўся ў далiкатнай сiтуацыi. "Савецкi ўрад, на жаль, не бачыў якой-небудзь iншай прычыны, паколькi дагэтуль Савецкi Саюз не турбаваўся аб сваiх меншасцях у Польшчы i павiнен быў так цi iнакш апраўдваць за мяжой сваё цяперашняе ўмяшанне"6. Ён таксама адзначыў, што цяпер ужо няма патрэбы ў сумесным савецка-германскiм камюнiке з нагоды пачатку савецкай акцыi ў Польшчы. Молатаў сказаў, што Савецкi ўрад мае намер наступным чынам матываваць свае дзеяннi: "Савецкi Саюз лiчыць сваiм абавязкам умяшацца для абароны сваiх украiнскiх i беларускiх братоў i даць магчымасць гэтаму няшчаснаму насельнiцтву працаваць спакойна"7.

17 верасня 1939 г. намеснiк наркома замежных спраў СССР В. Пацёмкiн уручыў польскаму паслу ў Маскве В. Гжыбоўскаму ноту Савецкага ўрада. У ёй гаварылася, што паколькi Польская дзяржава фактычна спынiла сваё iснаванне, Савецкi ўрад аддаў распараджэнне Чырвонай Армii перайсцi гранiцу i ўзяць пад сваю абарону жыццё i маёмасць насельнiцтва Заходняй Украiны i Заходняй Беларусi. Афiцыйна гэта абгрунтоўвалася тым, што Польшча стала зручным полем для ўсялякiх выпадковасцей i нечаканасцей, якiя могуць стварыць пагрозу СССР, а дзеянне папярэднiх савецка-польскiх дагавораў спынiлася8. Сцвярджэнне аб тым, што Польская дзяржава фактычна перастала iснаваць, супярэчыла нормам мiжнароднага права, таму што часовая акупацыя не магла перакрэслiць факт iснавання дзяржавы як суб'екта мiжнароднага права, якi прызнаваўся саюзнiкамi i нейтральнымi дзяржавамi.

У той жа дзень войскi Чырвонай Армii перайшлi савецка-польскую гранiцу i да 25 верасня цалкам авалодалi тэрыторыяй Заходняй Беларусi. Большасць беларускага насельнiцтва шчыра вiтала "вызваленчы паход" Чырвонай Армii, звязваючы з iм надзеi на вызваленне ад польскага нацыянальнага ўцiску i лепшае жыццё "пад Саветамi". Польская армiя практычна не аказвала супрацiўлення савецкiм войскам, атрымаўшы адпаведны загад з боку вярхоўнага галоўнакамандуючага. Савецкiя войскi былi спынены прыкладна на "лiнii Керзана".

28 верасня 1939 г. у Маскве Молатавым i Рыбентропам быў падпiсаны Дагавор аб дружбе i гранiцы памiж СССР i Германiяй. Ён прадугледжваў "аднаўленне мiру i парадку" на тэрыторыi "былой Польскай дзяржавы" i ажыццяўленне тут "неабходнага дзяржаўнага пераўладкавання" (на захад ад вызначанай мяжы яно праводзiлася Германiяй, на ўсход — СССР). Урады СССР i Германii заявiлi аб тым, што разглядаюць гэтае "пераўладкаванне" як "надзейны фундамент для далейшага развiцця сяброўскiх адносiн памiж сваiмi народамi". Дагавор усталяваў гранiцу памiж абедзвюма дзяржавамi па лiнii рэк Пiса, Нараў, Буг, Вiсла, Сан. Германiя абавязвалася не ўмешвацца ў справы Заходняй Украiны i Заходняй Беларусi9.

Быў таксама падпiсаны сакрэтны пратакол, паводле якога Лiтва ўключалася ў сферу iнтарэсаў СССР, а Германiя ўзамен атрымлiвала частку Польшчы (Люблiнскае i частку Варшаўскага ваяводства). Прадугледжвалася выпраўленне германска-лiтоўскай мяжы на яе паўднёва-заходнiм участку на карысць Германii (10 студзеня 1941 г. быў падпiсаны сакрэтны савецка-германскi пратакол аб кампенсацыi за паўднёва-заходнi "кавалачак" Лiтвы, паводле якога Савецкi ўрад уплачваў Германii за гэтую тэрыторыю 7 500 000 дол. ЗША цi 31 500 000 ням. марак10). Паводле другога сакрэтнага пратакола бакi абавязвалiся не дапускаць на тэрыторыi сваiх краiн варожай польскай агiтацыi. Даверыцельны пратакол урэгуляваў пытанне аб перасяленнi немцаў, што пражывалi на тэрыторыi СССР, на захад, а беларусаў i ўкраiнцаў, што пражывалi на захад ад усталяванай гранiцы, у СССР11.

У кастрычнiку 1939 г. была створана савецка-германская змешаная камiсiя па перасяленню. На яе пасяджэннi 7 лiстапада 1939 г. намеснiк наркома ўнутраных спраў В. I. Масленiкаў заявiў, што СССР "не патрэбны заможныя перасяленцы з беларусаў i ўкраiнцаў, а толькi пралетарыят i шырокiя народныя масы"12. 16 лiстапада 1939 г. было падпiсана савецка-германскае пагадненне аб узаемным перасяленнi з СССР асоб нямецкай нацыянальнасцi i з вобласцi дзяржаўных iнтарэсаў Германii (тэрыторыi Польшчы) — асоб украiнскай, беларускай i лiтоўскай нацыянальнасцi. Рашэннi аб перасяленнi грамадзян у сувязi з тэрытарыяльнымi зменамi ў Польшчы хоць i дэкларавалiся як добраахвотныя, але фактычна адбывалiся прымусова i супярэчылi заключанаму пагадненню. Паводле яго каля 25 тыс. немцаў выехала ў Германiю з Заходняй Беларусi, а з Польшчы ў Беларусь вярнулася каля 15 тыс. беларусаў. Савецкi ўрад не праявiў зацiкаўленасцi ў перасяленнi яўрэяў з нямецкай зоны акупацыi ў СССР. Тым не менш праз слаба абсталяваную савецка-германскую гранiцу ў 1939—1940 гг. уцяклi з Польшчы ў Заходнюю Украiну i Заходнюю Беларусь каля 200 тыс. яўрэяў, у тым лiку каля 120 тыс. апынулiся ў Заходняй Беларусi13. Дагавор аб "сяброўскiх" адносiнах памiж СССР i фашысцкай Германiяй з'яўляўся сур'ёзнай палiтычнай памылкай Сталiна i яго акружэння, паколькi гэта фактычна абяляла фашызм, дэфармавала свядомасць савецкiх людзей i зневажала прынцыпы савецкай знешняй палiтыкi.

Дамоўленасць памiж СССР i Германiяй аб ненападзе была часовым кампрамiсам, вымушаным з абодвух бакоў, хоць i па розных прычынах. Гэты дакумент з'явiўся для СССР вымушаным крокам ва ўмовах крытычнай мiжнароднай сiтуацыi, нарастання небяспекi фашысцкай агрэсii ў Еўропе i японскага мiлiтарызму ў Азii, пагрозы мiжнароднай iзаляцыi i магчымай вайны на два фронты. Але мэта адвесцi ад СССР пагрозу вайны не была дасягнута, а пралiкi, што былi звязаны з абавязацельствамi Германii перад СССР, абцяжарылi наступствы вераломнай нацысцкай агрэсii. Наступныя падзеi паказалi, што напад нацысцкай Германii на СССР быў адцягнуты, але не прадухiлены. Дагавор аказаў уплыў на палiтыку Японii, якая пасля паражэння ў раёне ракi Халхiн-Гол павiнна была адмовiцца ад антысавецкiх агрэсiўных планаў. Важным вынiкам дасягнутых у жнiўнi—вераснi 1939 г. савецка-германскiх дамоўленасцей з'явiлася ўсталяванне межаў экспансii Германii ва Усходняй Еўропе.

Але цану за падпiсанне пакта аб ненападзе з гiтлераўскай Германiяй, якi шмат у чым напамiнаў дагавор аб сяброўстве, I. Сталiну, савецкаму кiраўнiцтву, усiм народам i рэспублiкам СССР прыйшлося заплацiць недаравальна высокую. Гэты дагавор, а таксама Дагавор аб дружбе i гранiцы памiж СССР i Германiяй i iншыя савецка-германскiя дамоўленасцi нанеслi ўрон мiжнароднаму прэстыжу СССР як асноўнай антыфашысцкай сiле, мiжнароднаму антываеннаму руху. Па патрабаванню Сталiна кiраўнiцтва Камiнтэрна адмовiлася лiчыць фашызм галоўнай крынiцай агрэсii i зняло лозунг Народнага фронту. Другая сусветная вайна была названа iмперыялiстычнай i несправядлiвай з абодвух бакоў, прычым акцэнт рабiўся на барацьбу з Англiяй i Францыяй. Дагаворы з Германiяй аказалi дэзарыентуючы i дэзарганiзуючы эфект на савецкi народ ва ўмовах узрастаючай фашысцкай пагрозы.

Сакрэтныя пратаколы, падпiсаныя СССР i Германiяй у 1939—1941 гг., як па форме i метадам iх падрыхтоўкi, так i па зместу супярэчылi суверэнiтэту шэрага трэцiх краiн, лёс якiх вырашаўся без iх удзелу. Пратаколы былi выкарыстаны Сталiным i яго акружэннем для ультыматумаў i сiлавога ўцiску на iншыя дзяржавы, у парушэнне ўзятых у дагаворах з iмi абавязацельстваў. Сталiн i Молатаў вялi перагаворы з Германiяй па сакрэтных пратаколах употай ад народа, ЦК УКП(б) i ўсёй партыi, Вярхоўнага Савета i ўрада СССР, не маючы нiякiх паўнамоцтваў ад вышэйшых дзяржаўных органаў на iх распрацоўку i падпiсанне. Пратаколы не праходзiлi працэдуру ратыфiкацыi i з'яўлялiся па сутнасцi i па форме актамi асабiстай улады. Абавязацельствы па Дагавору аб ненападзе ўступалi ў сiлу неадкладна пасля яго падпiсання, хаця дагавор падлягаў зацвярджэнню Вярхоўным Саветам СССР. Пастанова аб ратыфiкацыi была прынята ў Маскве 31 жнiўня 1939 г., а абмен ратыфiкацыйнымi граматамi адбыўся 24 верасня 1939 г.

Другi з'езд народных дэпутатаў СССР прыняў 24 снежня 1989 г. пастанову "Аб палiтычнай i прававой ацэнцы савецка-германскага дагавора аб ненападзе ад 1939 года", у якой пацвердзiў, што гэты дагавор, а таксама Дагавор аб дружбе i гранiцы памiж СССР i Германiяй ад 28 верасня 1939 г. i iншыя савецка-германскiя дамоўленасцi ў адпаведнасцi з нормамi мiжнароднага права страцiлi сiлу ў момант нападу Германii на СССР. Быў асуджаны сам факт падпiсання сакрэтнага дадатковага пратакола ад 23 жнiўня 1939 г. i iншых сакрэтных дамоўленасцей з Германiяй; сакрэтныя пратаколы прызнаны юрыдычна неправамернымi i несапраўднымi з моманту iх падпiсання14.

Важнейшым наступствам савецка-германскага дагавора аб ненападзе i сакрэтнага пратакола да яго для Беларусi стала гiстарычна справядлiвая для беларускага народа падзея — уз'яднанне Заходняй Беларусi з БССР. Аднак нацыянальнае ўз'яднанне было дасягнута экстрэмальнымi сродкамi ў надзвычайна складаных мiжнародных абставiнах. Яно было ажыццёўлена дзякуючы гвалтоўнаму парушэнню Рыжскага мiрнага дагавора 1921 г. i лiквiдацыi Польскай дзяржавы, з'явiлася вынiкам зговару дыктатарскiх рэжымаў Сталiна i Гiтлера. Лiтаральна праз некалькi тыдняў уз'яднанай Беларусi давялося заплацiць за "вызваленчы паход" Чырвонай Армii перадачай Вiленшчыны з Вiльняй Лiтве, а потым i iншых беларускiх зямель, што былi ўключаны ў склад Лiтоўскай ССР. Гэта была ўжо плата Беларусi за iнкарпарацыю Лiтвы ў склад СССР.

Апынуўшыся пад Саветамi, Заходняя Беларусь была хутка ўключана ў склад СССР i БССР. Менш як праз тры тыднi пасля прыходу новая ўлада абвясцiла выбары ў Народны сход Заходняй Беларусi. Гэтыя выбары адбылiся 22 кастрычнiка 1939 г. пад пiльным наглядам Камунiстычнай партыi i НКУС. 30 кастрычнiка 1939 г. Народны сход у Беластоку прагаласаваў за прыняцце Заходняй Беларусi ў Савецкi Саюз i яе ўз'яднанне з БССР. Гэтыя просьбы былi задаволены Вярхоўным Саветам СССР 2 лiстапада 1939 г. i Вярхоўным Саветам БССР 12 лiстапада 1939 г.

Тэрыторыя БССР павялiчылася са 125, 6 тыс. кв. км да 225, 6 тыс. кв. км, насельнiцтва — з 5 млн 562 тыс. чал. да 10 млн 239 тыс. чал. Такiм чынам, быў скасаваны падзел Беларусi паводле Рыжскага мiрнага дагавора i беларускi народ зноў апынуўся ў адной дзяржаве. Але гранiца памiж дзвюма часткамi рэспублiкi заставалася пад моцнай аховай аж да лета 1941 г., пакуль яе не знеслi па дарозе на Маскву нямецкiя танкi.

Пасля ўз'яднання Заходняя Беларусь паступова саветызавалася i ачышчалася ад "ненадзейных элементаў". Паводле падлiкаў беларускага гiсторыка А. Хацкевiча, з кастрычнiка 1939 г. па 20 чэрвеня 1941 г. у заходнiх абласцях Беларусi было рэпрэсiравана (выключаючы ваеннапалонных польскай армii) больш як 125 тыс. чал., з iх дэпарцiравана ў Сiбiр, Казахстан i iншыя месцы СССР больш за 120 тыс. чал.15 iншыя беларускiя i польскiя гiсторыкi даюць больш значныя лiчбы ахвяр дэпартацый. Я. Запруднiк адзначае, што да часу нямецкага нападу на СССР з Заходняй Беларусi (разам з Вiльняй) было дэпарцiравана каля 300 тыс. чал.16 Паводле беларускага эмiгранцкага гiсторыка М. Волацiча, з гэтай тэрыторыi было вывезена 305 тыс. чал., у тым лiку каля 200 тыс. палякаў. Астатняя лiчба прыпадае на беларусаў i iншыя нацыянальнасцi17. Страты насельнiцтва кампенсавалiся наплывам кадраў з iншых рэгiёнаў СССР — пераважна не беларусаў.

2.Далучэнне Вiленшчыны да Лiтвы

Падчас паходу Чырвонай Армii ў Заходнюю Беларусь была вызвалена Вiльня, якую беларускiя кiраўнiкi ўпэўнена разглядалi як будучую сталiцу Заходняй Беларусi18. Савецкiя ўлады пачалi падрыхтоўку да склiкання ў Вiльнi Народнага сходу Заходняй Беларусi. Але насельнiцтву Вiльнi i Вiленшчыны ўдзельнiчаць у iх не давялося. У Маскве i Берлiне выспявалi ў гэты час iншыя планы. Нагадаем, што паводле сакрэтнага пратакола да Дагавора аб ненападзе ад 23 жнiўня 1939 г. прадугледжвалася ўключэнне Лiтвы з Вiльняй у склад Германii. Паводле iншага сакрэтнага пратакола да Дагавора аб дружбе i гранiцы памiж СССР i Германiяй Лiтва ўжо пераходзiла ў савецкую сферу ўплыву, узамен чаго СССР уступаў Германii Люблiнскае i частку Варшаўскага ваяводства з правабярэжнай часткай Варшавы, якiя былi захоплены нямецкiмi войскамi. Праблема прыналежнасцi Вiльнi пераходзiла са сферы мiждзяржаўных савецка-германскiх узаемаадносiн у сферу савецка-лiтоўскiх узаемаадносiн i пераважна сферу савецкай унутранай палiтыкi.

Загад аб далучэннi Вiльнi да Лiтвы савецкiя ўлады ў Заходняй Беларусi атрымалi, верагодна, у канцы верасня 1939 г. Аб гэтым сведчыць спешка з рэпрэсiямi супраць беларускiх палiтычных лiдараў на тэрыторыi Вiленшчыны, якiя НКУС iмкнуўся завяршыць да перадачы яе Лiтве. Былi арыштаваны лiдэр беларускага нацыянальнага руху ў Заходняй Беларусi А. Луцкевiч, сенатар польскага сейма В. Багдановiч, адзiн з пачынальнiкаў беларускага нацыянальнага адраджэння А. Трэпка, паэт М. Краўцоў, журналiст У. Самойла, адзiн з лiдэраў беларускiх хрысцiянскiх дэмакратаў Я. Пазняк i iнш.19

3 кастрычнiка 1939 г. у Маскве пачалiся перагаворы памiж урадамi СССР i Лiтвы, якiя завяршылiся падпiсаннем 10 кастрычнiка Дагавора аб перадачы горада Вiльнi i Вiленскай вобласцi i аб узаемадапамозе памiж Савецкiм Саюзам i Лiтвой. Яго падпiсалi Старшыня СНК, нарком замежных спраў, упаўнаважаны Прэзiдыума Вярхоўнага Савета СССР В. Молатаў i мiнiстр замежных спраў, упаўнаважаны Прэзiдэнта Лiтвы Ю. Урбшыс.

У артыкуле 1 дагавора гаварылася: "У мэтах замацавання дружбы памiж СССР i Лiтвой горад Вiльня i Вiленская вобласць перадаюцца Савецкiм Саюзам Лiтоўскай Рэспублiцы з уключэннем iх у склад дзяржаўнай тэрыторыi Лiтвы i ўстанаўленнем гранiц памiж СССР i Лiтоўскай Рэспублiкай згодна з прыкладзенай картай, прычым больш дакладна гэтая гранiца будзе апiсана ў дадатковым пратаколе"20. Вiленшчына (тэрыторыя 7 129 кв. км з насельнiцтвам 457 тыс. жыхароў) адлучалася ад Заходняй Беларусi i перадавалася Лiтве. Дагавор прадугледжваў пропуск савецкiх войскаў праз лiтоўскую тэрыторыю, узбраенне на льготных умовах лiтоўскага войска, няўдзел у каалiцыях, накiраваных супраць аднаго з бакоў. СССР абяцаў Лiтве не перашкаджаць у яе самастойнай унутранай i знешняй палiтыцы, захоўваць яе суверэнiтэт. Тэрмiн дзеяння дагавора ў частцы, што датычылася абявязацельстваў узаемнай дапамогi, складаў 15 гадоў. Канфiдэнцыяльны пратакол устанаўлiваў колькасць савецкага ваеннага кантынгенту ў Лiтве ў 20 тыс. чалавек наземных i паветраных узброеных сiл. Ён таксама прадугледжваў, што бок, якi меў абавязацельствы для аказання дапамогi, мог у выпадку вайны другога боку з трэцяй дзяржавай заставацца нейтральным. Дагавор быў ратыфiкаваны Прэзiдыумам Вярхоўнага Савета СССР 12 кастрычнiка 1939 г. i Сеймам Лiтвы ў кастрычнiку 1939 г.

Супраць далучэння Вiльнi i Вiленшчыны да Лiтвы выступiў урад Польшчы, не падтрымалi дагавор Англiя i Францыя. Германiя яшчэ да пачатку ваеннай кампанii супраць Польшчы падбухторвала Лiтву на захоп Вiленшчыны, аб чым лiтоўскi ўрад iнфармаваў Лондан. Берлiн абяцаў Лiтве ваенную дапамогу ў выпадку паходу на Вiльню, але лiтоўскi ўрад стаў на шлях мiрнага вырашэння вiленскага пытання. У час сустрэчы В. Молатава з лiтоўскiм пасланнiкам у Маскве Л. Наткевiчусам 22 верасня 1939 г. апошнi запытаў, як савецкi ўрад акрэслiвае межы Заходняй Беларусi, улiчваючы тое, што Вiльня i некаторыя лiтоўскiя раёны знаходзяцца па-за тэрыторыяй Лiтоўскай Рэспублiкi. Асцярожны адказ Молатава даў лiтоўцам глебу для пэўнага аптымiзму21. Сталiн у час сустрэчы з латвiйскай дэлегацыяй 2 кастрычнiка 1939 г. адзначыў, што лiтоўцы, магчыма, атрымаюць Вiльню22.

В. Молатаў у прамове на сесiii Вярхоўнага Савета СССР 31кастрычнiка 1939 г. даў наступнае тлумачэнне факту перадачы Вiленшчыны Лiтве: "Савецкi Саюз пайшоў на перадачу горада Вiльнi Лiтоўскай Рэспублiцы не таму, што ў iм пераважае лiтоўскае насельнiцтва. Не, у Вiльнi большасць складае нелiтоўскае насельнiцтва. Але Савецкi ўрад лiчыцца з тым, што горад Вiльня, якi Польшчай быў прымусова адарваны ад Лiтвы, павiнен належаць Лiтве як горад, з якiм звязана, з аднаго боку, гiстарычнае мiнулае Лiтоўскай дзяржавы, а з другога — нацыянальныя памкненнi лiтоўскага народа. У замежным друку ўказвалася, што ў сусветнай гiсторыi не было яшчэ такога выпадку, каб вялiкая дзяржава па ўласнай волi аддавала малай дзяржаве такi вялiкi горад. Тым ярчэй гэты акт Савецкай дзяржавы дэманструе яе добрую волю... "23 Але за "маральнымi меркаваннямi" савецкага кiраўнiцтва хавалiся вялiкадзяржаўныя iнтарэсы СССР, накiраваныя на ўмацаванне ваеннай прысутнасцi ў Лiтве i на яе наступную iнкарпарацыю ў склад СССР.

Пасля ратыфiкацыi дагавора, 17 кастрычнiка 1939 г., Лiтва паставiла пытанне аб унясеннi карэктываў у вызначэнне гранiцы, каб далучыць да яе тэрыторыi, што былi "заселены лiтоўцамi"24. Савецкi ўрад выказаў гатоўнасць да нязначных карэктываў гранiцы, не меняючы яе асноўнага накiрунку. 22 кастрычнiка 1939 г. Молатаў заявiў Наткевiчусу, што СССР супраць змяненняў устаноўленай дагаворам ад 10 кастрычнiка 1939 г. гранiцы, але не пярэчыць супраць таго, каб лiтоўцы, што жадаюць выехаць з Заходняй Беларусi ў Лiтву, зрабiлi гэта25. Лiтоўская грамадскасць пашырала думку, што калi Савецкi Саюз "дадаткова перадасць Лiтве некалькi лiтоўскiх воласцей, што засталiся ў яго", то сiмпатыi да СССР яшчэ больш узрастуць26. Пазiцыя лiтоўскага ўрада характарызавалася замоўчваннем факта добраахвотнай перадачы Савецкiм Саюзам Вiльнi. У снежнi 1939 г. прэм'ер-мiнiстр Лiтвы нават заявiў, што "Вiльня i Вiленскi край, хоць i ўскосна, заваеваны нашай армiяй"27.

У жнiўнi 1940 г. канчаткова праявiлiся мэты перадачы Вiленшчыны Лiтве, калi Чырвоная Армiя заняла ўсю гэтую краiну разам з дзвюма iншымi балтыйскiмi рэспублiкамi, Латвiяй i Эстонiяй. На 7-й сесii Вярхоўнага Савета СССР разглядалася пытанне аб уваходжаннi балтыйскiх рэспублiк у склад СССР. Першы сакратар ЦК КП(б)Б П. Панамарэнка ўнёс ад iмя ўрада i Прэзiдыума Вярхоўнага Савета БССР прапанову "аб далучэннi да Лiтоўскай Савецкай Сацыялiстычнай Рэспублiкi Свенцянскага раёна i часткi тэрыторыi з пераважаючым лiтоўскiм насельнiцтвам Вiдзаўскага, Гадуцiшскага, Астравецкага, Воранаўскага i Радуньскага раёнаў". У той час яны знаходзiлiся ў складзе Вiлейскай i Баранавiцкай абласцей БССР. Прапанова Панамарэнкi ўвайшла ў Закон аб прыняццi Лiтоўскай ССР у склад СССР ад 3 жнiўня 1940 г.28 У лiстападзе 1940 г. ад Беларусi на карысць Лiтвы былi адлучаны Свенцяны (зараз Швянчонiс), Салечнiкi (зараз Шальчынiнкай) i вядомы курорт Друскенiкi (зараз Друскенiнкай). Гэта тэрыторыя складала 2 600 кв. км з насельнiцтвам 65 тыс. чал.

Адзiнай беларускай сiлай, якая пратэставала супраць чарговага падзелу Беларусi, была Рада БНР, што знаходзiлася ў Празе. 12 кастрычнiка 1939 г. старшыня Рады БНР В. Захарка накiраваў пратэст прэзiдэнту Лiтвы А. Сметоне супраць падпiсання дагавора "аб пераходзе да Лiтвы беларускага гор. Вiльнi i беларускiх зямель Вiленскай вобласцi", у якiм указаў на адказнасць Лiтвы перад беларускiм народам за гэты незаконны акт29.

Уключэнне Вiльнi i iншых тэрыторый Заходняй Беларусi ў склад Лiтвы адбылося за кошт Беларусi. Зразумела, што галоўнымi прычынамi такiх "падарункаў" былi не меркаваннi ўлiку нацыянальнага складу насельнiцтва, а палiтычныя i ваенна-стратэгiчныя разлiкi сталiнскага кiраўнiцтва. Яно вырашыла чарговы раз "аддзякаваць" Лiтву i ўзбуўнiць яе за кошт паслухмянай Беларусi.

3.Беларусь у планах фашысцкай Германii

Беларускае пытанне не набыло ў Германii колькi-небудзь iстотнага значэння пасля прыходу нацыстаў да ўлады ў 1933 г. Да 1940 г. тут не было распрацавана анiякiх праграм расчлянення СССР. Праўда, беларускiм i ўкраiнскiм пытаннем у Польшчы цiкавiлiся некаторыя нямецкiя дзяржаўныя органы i разведка. Без улiку геапалiтычнага фактару Польшчы (антысавецкае супрацоўнiцтва з ёй або вывад яе з гульнi як дзяржавы) для Германii немагчыма было дасягнуць непасрэднага кантакту з межамi СССР. Пачынаючы з 1935 г. Гiтлер неаднаразова спрабаваў схiлiць польскi ўрад да сумеснага паходу на СССР, мэтай якога было б, мiж iншым, заняцце Украiны i Беларусi. Апошнi раз гэтая прапанова ўзнаўлялася Гiтлерам у студзенi 1939 г. у час спаткання з польскiм мiнiстрам замежных спраў Ю. Бэкам, аднак польскi ўрад на яе не пагадзiўся. На пэўны час праблема Украiны i Беларусi знiкла з палiтычнага далягляду Германii30.

Прыхiльнiкам расчлянення СССР выступаў кiраўнiк ведамства знешняй палiтыкi НСДАП А. Розенберг, якi iмкнуўся стварыць на тэрыторыi Заходняй Беларусi палiтычны плацдарм для запланаванага нападу на СССР. Шэф штаба Розенберга А. Шыкеданц пiсаў 14 чэрвеня 1939 г. у сваiм мемарыяле начальнiку рэйхс-канцылярыi Г. Ламерсу, што ў выпадку нямецка-польскай вайны СССР можа заняць тэрыторыю Заходняй Украiны i Заходняй Беларусi, што пагоршыла б для Германii перспектывы яго расчлянення. "Землi з беларускiм i заходнеўкраiнскiм насельнiцтвам мелi б неацэннае значэнне як ясяродкi i базы для глыбокага расколу Расii ... Гэта быў бы найбольш адпаведны момант для таго, каб увесцi абодва гэтыя народы ў арбiту нямецкiх iнтарэсаў для адпору Расii ..."31

У 1939—1940 гг. на тэрыторыi Германii i акупiраваных немцамi тэрыторыях Польшчы i Чэхii, галоўным чынам у Варшаве, Лодзi i Празе, узнiкла некалькi беларускiх арганiзацый. Акрамя эмiгрантаў, яны аб'ядноўвалi беларусаў, якiя служылi ў польскай армii i ў вераснi 1939 г. папалi ў нямецкi палон, а таксама дзеячаў, што перайшлi ў зону нямецкай акупацыi пасля перадачы Вiленшчыны Лiтве. На базе гэтых арганiзацый у Берлiне ўтварылася некалькi палiтычных згуртаванняў беларускай дыяспары — Беларускае прадстаўнiцтва, Беларускi камiтэт самапомачы, група "Цэнтр". Гэтыя групы спадзявалiся выступiць у ролi прадстаўнiкоў беларускага народа i патэнцыяльных палiтычных партнёраў Германii, iмкнучыся навязаць ёй аптымальныя, на iх погляд, рэцэпты вырашэння беларускага пытання пасля спадзяванага разгрому СССР. Беларускiя згуртаваннi iмкнулiся атрымаць у немцаў прызнанне i падтрымку, каб дасягнуць галоўнага палiтычнага ўплыву ў Беларусi пасля яе акупацыi нямецкiмi войскамi. Створаная 19 чэрвеня 1941 г. група "Цэнтр" (кiраўнiк — М. Шчорс) прэтэндавала на ролю правадыра i каардынатара дзейнасцi беларускай эмiграцыi ў Германii i Генеральнай губернi. Стварэнне гэтага органа за некалькi дзён да нападу на СССР сведчыла аб тым, што ён збiраўся ў спрыяльных умовах аб'явiць сябе часовым урадам Беларусi32.

Пасля заняцця Чэхii нямецкiмi войскамi лiдэры беларускай дыяспары ў Празе — I. Ермачэнка i прэзiдэнт Рады БНР В. Захарка — накiравалi Гiтлеру 20 красавiка 1939 г. мемарыял з просьбай прыняць пад увагу беларускае пытанне ў планаваным разгроме i расчляненнi СССР. Гэты дакумент не быў праiгнараваны. Беларускiх дзеячаў запрасiлi 3 жнiўня 1939 г. на канферэнцыю ў МЗС у Берлiне, дзе iх запэўнiлi, што Германiя супраць канцэпцыi "адзiнай i непадзельнай Расii".

У той час як пераважная большасць беларускiх колаў спадзявалася на падтрымку "Трэцяга рэйха" для справы беларускай дзяржаўнасцi, група Я. Станкевiча i В. iваноўскага арыентавалася на заходнiх саюзнiкаў, лiчачы iх галоўнай сiлай пры арганiзацыi пасляваеннага ладу ў Еўропе. Асаблiвыя надзеi яны звязвалi з адроджанай Польшчай, з дапамогай якой разлiчвалi вывесцi беларускае пытанне на мiжнародны форум на базе федэратыўнай канцэпцыi. Але ў тагачасных умовах фашысцкага дамiнавання ў Еўропе арыентацыя на Германiю сярод беларускiх груп пераважала i выглядала больш рэалiстычна33.

Палiтычныя мэты адносна заходнiх савецкiх рэспублiк Гiтлер упершыню сфармуляваў 21 лiпеня 1940 г., калi паведамiў аб рашэннi напасць на СССР. На яго думку, на заходнiх абшарах СССР павiнны былi ўтварыцца тры асобныя дзяржаўныя арганiзмы — Украiна, Беларусь i федэрацыя Прыбалтыйскiх рэспублiк. У наступных выказваннях Гiтлер акрэслiваў iх ролю як залежных ад Германii i "вольных ад Сталiна рэспублiк", як буфераў "Трэцяга рэйха". У сакавiку 1941 г. ён гаварыў пра Украiну, Беларусь i балтыйскiя краiны як аб дзяржавах-пратэктаратах, якiя "павiнны быць сацыялiстычнымi, аднак не мець уласнай iнтэлiгенцыi"34. У пачатку 1941 г. пры распрацоўцы дырэктыў для плана "Барбароса" нямецкае галоўнае камандаванне ўзброеных сiл прадугледжвала падзел акупiраваных тэрыторый паводле нацыянальнай спецыфiкi i тактычнага размежавання вайсковых груп на тры абшары: "Поўнач" (Прыбалтыка), "Цэнтр" (Беларусь) i "Поўдзень" (Украiна).

Пазiцыi Розенберга, прызначанага мiнiстрам акупiраваных усходнiх земляў, адносна Беларусi былi больш скептычнымi. Ён не планаваў прызнання незалежнага дзяржаўнага статусу Беларусi, як, напрыклад, Украiны. У маi 1941 г. Розенберг выказаўся за злучэнне Беларусi з прыбалтыйскiмi краiнамi ў адным рэйхскамiсарыяце "Остланд", што i было потым рэалiзавана ў час акупацыi.

Падчас гутаркi рэйхсляйтэра А. Розенберга з кiраўнiком абвера Канарысам 31 мая 1941 г. першы выклаў палiтычныя планы рэйха ў сувязi з патэнцыяльным ваенным канфлiктам з СССР. Прадугледжвалася расчляненне рускай прасторы на 4 дзяржавы: 1) пашыраная на ўсход Фiнляндыя; 2) пашыраная за кошт беларускiх зямель Прыбалтыка (у якасцi нямецкага пратэктарата, с перспектывай наступнай германiзацыi); 3) самастойная Украiна; 4) Каўказ як федэратыўная дзяржава пад германскiм упраўленнем. Розенберг прасiў Канарыса выдзялiць з агентурнай сеткi абвера людзей з мясцовых ураджэнцаў (украiнцаў, каўказцаў i iнш.) цi добра знаёмых з мясцовымi ўмовамi для працы ў органах кiравання гэтымi тэрыторыямi. Канарыс абяцаў поўную падтрымку35.

Увогуле пазiцыя германскага кiраўнiцтва наконт будучага адмiнiстратыўна-тэрытарыяльнага ўладкавання Беларусi не была дакладна вызначана. Па словах польскага i беларускага гiсторыка Е. Туронка, "калi 22 чэрвеня 1941 г. нямецкiя войскi ўваходзiлi на тэрыторыю Беларусi, нiводная акупацыйная iнстанцыя не арыентавалася ў справе прызначанага ёй палiтычнага статуса"36.

4.Акупацыйная палiтыка i калабарацыянiзм

Пасля хуткай акупацыi Беларусi (да канца жнiўня 1941 г.) яе тэрыторыя была падзелена на некалькi асобных частак. "Генеральная акруга Беларусь", якая складала прыкладна трэцюю частку тэрыторыi БССР, была ўключана ў рэйхскамiсарыят "Остланд" з рэзiдэнцыяй у Рызе. Яна была падзелена на 10 акруг (гебiтаў): Баранавiцкую, Барысаўскую, Вiлейскую, Ганцавiцкую, Глыбоцкую, Лiдскую, Мiнскую, Навагрудскую, Слонiмскую, Слуцкую. Паўночна-заходнiя раёны Брэсцкай i Беластоцкай абласцей далучылi да Усходняй Прусii; паўднёвыя раёны Брэсцкай, Пiнскай, Палескай i Гомельскай абласцей — да рэйхскамiсарыята "Украiна"; паўночна-заходнiя раёны Вiлейскай вобласцi ўключылi ў "Генеральную акругу Лiтвы"; Вiцебскую, Магiлёўскую, частку Гомельскай i Мiнскай абласцей — у зону армейскага тылу.

Каб кампенсаваць тэрытарыяльныя страты Беларусi на карысць Украiны i Лiтвы, якiя складалi 68 тыс. кв. км, цi 30 % ад даваеннай плошчы БССР, мiнiстэрства Розенберга планавала далучыць да "Генеральнай акругi Беларусь" Смаленшчыну са Смаленскам. Але Гiтлер не падтрымаў гэтай iдэi, i мiнiстэрства Розенберга са снежня 1941 г. лiчыла, што даваенная гранiца памiж БССР i РСФСР павiнна аддзяляць беларускi абшар ад расiйскага37.

Паводле генеральнага плана "Ост" у Беларусi прадугледжвалася пакiнуць для анямечвання i выкарыстання ў якасцi рабочай сiлы не болей за 25 % беларусаў, астатнiх меркавалася знiшчыць цi перасялiць на ўсход. План быў разлiчаны на 30 гадоў. У заўвагах да плана "Ост" было запiсана: "Да пытання аб беларусах ... Трэба зыходзiць з таго, што беларусы з'яўляюцца найбольш бяскрыўдным i таму самым бяспечным для нас народам"38. Тым не менш i гэты "бяскрыўдны" народ чакала незайздросная будучыня.

З пачаткам савецка-германскай вайны вылучанае Гiтлерам пытанне "вольных ад Сталiна рэспублiк" было знята з парадку дня берлiнскай палiтыкi. Ён разлiчваў, што перамога над СССР прыйдзе хутка, i таму не бачыў патрэб у палiтычным супрацоўнiцтве з насельнiцтвам занятых земляў. Замест раней запланаваных адмiнiстратыўных адзiнак-Прыбалтыкi, Беларусi i Украiны — дэкрэт Гiтлера ад 17 лiпеня 1941 г. прадугледжваў стварэнне рэйхскамiсарыятаў на чале з нямецкiмi чыноўнiкамi. Гэта азначала адмову Гiтлера ад iдэi пераўтварэння названых абшараў у васальныя тэрыторыi i пераход на пазiцыi поўнай iх каланiзацыi39.

У дакуменце А. Розенберга ад 21 лiпеня 1941 г., накiраваным шэфу галоўнага камандавання вермахта, кiраўнiку абвера i рэйхскамiсару Остланда Х. Лозе, змяшчалiся першыя iнструкцыi для рэйхскамiсарыята "Остланд". "Мэта дзейнасцi рэйхскамiсара Эстонii, Латвii, Лiтвы i Беларусi заключаецца ў фармiраваннi тут рэйхспратэктарата, а потым у пераўтварэннi гэтай тэрыторыi ў частку вялiкагерманскага рэйха шляхам прыцягнення да супрацоўнiцтва паўнацэнных з расавага пункту погляду элементаў i мер па перасяленню. Балтыйскае мора павiнна стаць унутраным паўночным морам пад уладаннем Германii"40.

Адносна Беларусi ў дакуменце канстатавалася, што тут ёсць "даволi моцна акрэслены рух за незалежнасць. Можна дапусцiць, аднак, што бальшавiкам удалося падавiць гэты рух". Прадугледжвалася, што Беларусi трэба будзе ўзяць на сябе нялёгкую задачу па прыёму перасяленцаў з Эстонii, Латвii, Лiтвы i Польшчы. Меркавалася перасяляць палякаў не на тэрыторыю генерал-губернатарства Беларусь, а ва ўсходнiя раёны Беларусi (раён Смаленска), каб яны занялi там месца рускiх. Ставiлася таксама i наступная задача: "Неабходна таксама распальваць непрыязныя адносiны беларусаў да Расii"41.

Паводле Розенберга, нямецкая палiтычная прапаганда павiнна пастаянна падкрэслiваць, што бальшавiзм лiквiдаваў бы ўсе гэтыя народы, калi б германскi рэйх не ўзяў iх тэрыторыi пад абарону. "Гэты факт мае знешнепалiтычныя i ваенна-палiтычныя наступствы. Рэйхскамiсар Остланда павiнен перашкаджаць любым спробам стварэння эстонскай, латышскай i лiтоўскай дзяржаў", — адзначалася ў дакуменце. Але пра гэта не трэба заяўляць публiчна. Таксама трэба прадухiляць стварэнне так званых незалежных нацыянальных армiй. "Ваенны суверэнiтэт таксама павiнен быць у руках германскага рэйха, а не малых народаў Остланда". Але адмiнiстрацыю мунiцыпалiтэтаў могуць узначальваць прадстаўнiкi мясцовага насельнiцтва, трэба сфармiраваць надзейную эстонскую, латышскую, лiтоўскую i беларускую палiцыю.

Пры вырашэннi царкоўных пытанняў рэкамендавалася праяўляць стрыманасць. "Што датычыцца культурнага жыцця, то трэба адразу прысекчы спробы стварэння ўласных эстонскiх, латышскiх, лiтоўскiх i беларускiх унiверсiтэтаў i вну. Не трэба пярэчыць супраць адкрыцця рамесных вучылiшчаў i невялiкiх тэхнiчных навучальных устаноў"42.

Жахi сталiнскага рэжыму выклiкалi ў многiх беларусаў неабгрунтаваныя спадзяваннi, што нацысцкi "новы парадак" будзе больш гуманным. У шэрагу гарадоў i вёсак Беларусi нямецкiя войскi сустракалi з хлебам-соллю, а Гiтлера называлi "вызвалiцелем". Беларускiя нацыянальныя дзеячы, памятаючы аб трагедыях камунiстычнага i польскага рэжымаў, рабiлi стаўку на немцаў, якiя дазволiлi ў "Беларускай генеральнай акрузе" пачаткi цывiльнай адмiнiстрацыi i нацыянальна-культурнай дзейнасцi. Генеральны камiсар В. Кубэ з цярплiвасцю ставiўся да беларускiх нацыянальных памкненняў i нават спрыяў развiццю пачатковай i сярэдняй адукацыi. Паводле яго iнструкцый, асноўнай мовай навучання павiнна была быць беларуская мова. У мясцовасцях з пераважнай колькасцю польскага насельнiцтва дапускалася iснаванне школ з польскай мовай навучання, аднак i ў iх беларуская мова заставалася абавязковым прадметам з аб'ёмам выкладання 6 гадзiн на тыдзень. Стварэння школ з рускай мовай навучання не дапускалася43.

Але даволi хутка насельнiцтва акупiраванай Беларусi змянiла свае адносiны да немцаў з прыязных або нейтральных на рэзка варожыя. Яно зразумела, што папала з агню ў полымя. Пастаўленыя перад жорсткiм выбарам памiж дзвюма таталiтарнымi сiстэмамi, беларусы выбiралi найменшае зло, якiм здаваўся Савецкi Саюз i ягоная барацьба супраць фашызму.

Пасля забойства генеральнага камiсара В. Кубэ яго наступнiк, генерал К. фон Готберг, iмкнуўся спалучаць жорсткiя рэпрэсii з далейшымi ўступкамi беларускаму нацыяналiзму. У снежнi 1943 г. была створана Беларуская Цэнтральная Рада (БЦР) — дапаможны орган кiравання, асноўнай статутнай задачай якога было "мабiлiзаваць усе сiлы беларускага народа на знiшчэнне бальшавiзму"44.

27 чэрвеня 1944 г. БЦР з дазволу нямецкiх уладаў склiкала Другi ўсебеларускi з'езд, на якiм прысутнiчала 1039 дэлегатаў. З'езд вынес прысуд бальшавiцкаму рэжыму за знiшчэнне "1 800 000 лепшых сыноў нашага народа" i прыняў кароткую рэзалюцыю. Дэлегаты пацвердзiлi Трэцюю Статутную Грамату БНР ад 25 сакавiка 1918 г., заявiлi аб непрызнаннi беларускай дзяржаўнасцi ў форме БССР, абвясцiлi аб канчатковым разрыве з Расiяй, падкрэслiўшы, што "голас Масквы i СССР у беларускiх справах не мае нiякай праўнай сiлы". З'езд аб'явiў несапраўднымi дагаворы i аднабаковыя рашэннi СССР i Польшчы адносна тэрыторыi Беларусi. Апошнiм пунктам рэзалюцыi абвяшчалася, што БЦР з'яўляецца "адзiным сапраўдным прадстаўнiком беларускага народа з прэзiдэнтам Радаславам Астроўскiм на чале". Па прапанове Астоўскага з'езд паслаў тэлеграму Гiтлеру, у якой запэўнiваў, што "беларускi народ будзе рашуча змагацца разам з нямецкiм салдатам супраць нашага агульнага ворага — бальшавiзму"45.

5.Беларусь i праблема ўсходняй мяжы Польшчы

Вераснёўская 1939 г. ваенная акцыя Германii i СССР супраць Польшчы прывяла да пагаршэння савецка-польскiх адносiн. Польскi эмiграцыйны ўрад, падначаленыя яму падпольныя палiтычныя i ваенныя арганiзацыi на тэрыторыi былой польскай дзяржавы, куды ўключалiся i землi Заходняй Украiны i Заходняй Беларусi, фактычна знаходзiлiся ў стане вайны як з Германiяй, так i з СССР. Польскi эмiграцыйны ўрад, створаны ў кастрычнiку 1939 г. у Францыi на чале з генералам У. Сiкорскiм, не прызнаваў законнасць дагавораў памiж Германiяй i СССР адносна Польшчы, у тым лiку ўключэнне тэрыторый Заходняй Украiны i Заходняй Беларусi (разам з Вiленшчынай) у склад СССР. Пасля 17 верасня 1939 г. СССР у прапагандзе польскага супрацiўлення падаваўся як "акупант нумар два", саюзнiк "Трэцяга рэйха".

Пасля нападу Германii на СССР польскаму ўраду пад цiскам Вялiкабрытанii прыйшлося адкарэкцiраваць сваю пазiцыю. 30 лiпеня 1941 г. у Лондане быў заключаны Дагавор памiж СССР i Польшчай аб устанаўленнi дыпламатычных адносiн i аб супрацоўнiцтве ў вайне, якi падпiсалi савецкi пасол у Вялiкабрытанii i. Майскi i генерал У. Сiкорскi. СССР прызнаваў, што савецка-германская дамоўленасць 1939 г. адносна тэрытарыяльных змен у Польшчы страцiла сваю сiлу. Аднак такая фармулёўка давала магчымасць яе рознай iнтэрпрэтацыi. Палякi лiчылi Заходнюю Украiну i Заходнюю Беларусь сваёй тэрыторыяй, Савецкi ўрад таксама не збiраўся адмаўляцца ад гэтых зямель.

У лютым 1942 г. польскi ўрад стварыў Армiю Краёву (АК), падпольную ваенную арганiзацыю, якая дзейнiчала на тэрыторыi як Польшчы, так i Заходняй Беларусi, Заходняй Украiны i Лiтвы з мэтай аднаўлення польскай дзяржавы ў межах 1 верасня 1939 г. АК прытрымлiвалася лозунга "двух ворагаў" i вяла барацьбу на два фронты — супраць немцаў i супраць бальшавiкоў.

Сярод палiтычных сiл Польшчы iснавалi ў той час дзве супрацьлеглыя пазiцыi наконт усходняй мяжы дзяржавы. З аднаго боку, Польская рабочая партыя, Саюз польскiх патрыётаў прызнавалi права этнiчнай большасцi беларусаў i ўкраiнцаў на тэрыторыi Заходняй Беларусi i Заходняй Украiны. З другога боку, эмiгранцкi ўрад адмаўляў законнасць уз'яднання беларусаў i ўкраiнцаў у нетрах сваiх нацыянальных дзяржаў, выступаў за захаванне мяжы памiж СССР i Польшчай, вызначанай Рыжскiм мiрным дагаворам 1921 г.46

Вялiкабрытанiя i ЗША хоць i не прызнавалi законнасць уключэння Заходняй Беларусi i Заходняй Украiны ў склад СССР i новай мяжы памiж СССР i Польшчай, але схiлялiся да прызнання лiнii Керзона ў якасцi савецка-польскай мяжы. Па меры ўзмацнення пазiцыi СССР у антыгiтлераўскай каалiцыi роля Сталiна ў польскiм пытаннi станавiлася ўсё больш падобнай на ролю арбiтра. Ён добра разумеў, што ў пытаннi мяжы польскi ўрад не можа разлiчваць на падтрымку заходнiх дзяржаў.

Дзяржаўны дэпартамент ЗША ў 1943—пачатку 1944 г. разглядаў розныя варыянты савецка-польскай мяжы з улiкам этнiчнага складу насельнiцтва. Напрыклад, Беластоцкае ваяводства амерыканцы лiчылi амаль што "чыста польскiм". У аналiтычным дакуменце знешнепалiтычнага ведамства ЗША ад 26 сакавiка 1943 г., што быў прысвечаны характарыстыцы палiтычных памкненняў розных этнiчных груп Усходняй Польшчы, беларусы квалiфiкавалiся як "культурна адсталае сялянскае насельнiцтва, якое не мае пэўных палiтычных груповак i праграм". Падкрэслiвалася яго антыпольская i прасавецкая накiраванасць. Рабiлася выснова, што беларусы былой Польшчы будуць мець больш магчымасцей для развiцця ў складзе Савецкай Беларусi, чым у якасцi жыхароў адроджанай Польшчы47. У цэлым адмiнiстрацыя ЗША была настроена на падтрымку лiнii Керзона, хоць Рузвельт i iмкнуўся пазбягаць заяў адносна савецка-польскай мяжы.

На Тэгеранскай канферэнцыi 1943 г. кiраўнiкi СССР, ЗША i Вялiкабрытанii прызналi лiнiю Керзона ў якасцi савецка-польскай мяжы48. У заяве Савецкага ўрада ад 11 студзеня 1944 г. выказвалася гатоўнасць унесцi змены ў межы 1939 г. на карысць Польшчы ў раёнах з перавагай польскага насельнiцтва49. Польскi эмiгранцкi ўрад адрэагаваў на савецкую заяву мемарандумам Мiнiстэрства замежных спраў ад 13 студзеня 1944 г., у якiм увага Савецкага ўрада звярталася на тое, што змены гранiц саюзных рэспублiк павiнны быць санкцыянiраваны гэтымi рэспублiкамi. Таксама канстатавалася, што лiнiя Керзона не абапiраецца на юрыдычную базу i не можа служыць гранiцай памiж Польшчай i СССР50.

У сакавiку 1944 г. на 6-й сесii Вярхоўнага Савета БССР Старшыня Прэзiдыума Вярхоўнага Савета Н. Наталевiч у дакладзе аб стварэннi наркаматаў абароны i замежных спраў БССР значную ўвагу надаў адносiнам памiж Беларуссю i Польшчай. Ён адзначыў, што ў адпаведнасцi з заявай Савецкага ўрада ад 11 студзеня 1944 г. да Польшчы павiнна была адысцi большасць раёнаў Беластоцкай вобласцi. Н. Наталевiч звярнуўся да Вярхоўнага Савета БССР з просьбай разгледзець пытанне аб межах i папрасiў Савецкi ўрад пры вызначэннi мяжы памiж СССР i Польшчай улiчыць законнае i справядлiвае жаданне беларускага народа аб'яднаць усе спрадвечныя беларускiя землi ў адзiную Беларускую савецкую дзяржаву51. Але гэтыя просьбы не былi ўлiчаны нi савецкiм кiраўнiцтвам, якое валюнтарысцкi вырашала праблемы саюзных рэспублiк, нi Вярхоўным Саветам БССР, якi не адважыўся без згоды Масквы разглядаць пытанне аб змяненнi гранiцы Беларусi.

15 лiпеня 1944 г., за два днi да пачатку фарсiравання савецкiмi войскамi Буга i ўступлення на польскую зямлю, упаўнаважаны Краёвай Рады Нарадовай Э. Асубка-Мараўскi i старшыня Галоўнага ўпраўлення Саюза польскiх патрыётау В. Васiлеўская звярнулiся з лiстом да Сталiна, дзе паставiлi пытанне аб перадачы Польшчы заходняй часткi Беластоцкай вобласцi52.

24—26 лiпеня 1944 г. у Маскве адбылiся перагаворы памiж Савецкiм урадам i дэлегацыяй Польскага камiтэта нацыянальнага вызвалення (ПКНВ), важнае месца ў якiх заняло пытанне аб дзяржаўнай мяжы памiж СССР i Польшчай. Польская дэлегацыя прапанавала лiнiю мяжы ў адпаведнасцi з этнiчным прынцыпам, што азначала прызнанне факта ўваходжання Заходняй Беларусi i Заходняй Украiны ў склад СССР. Савецкi праект спалучаў этнiчны прынцып са стратэгiчнымi меркаваннямi адносна Усходняй Прусii — перадачу СССР Кёнiгсберга — i прадугледжваў перадачу Польшчы Беластоцкай вобласцi i Сувалак. Перагаворы праходзiлi цяжка. Палякi вылучылi на пярэднi план пытанне аб перадачы Белавежскай пушчы. Калi дэлегацыi ПКНВ не ўдалося дабiцца пагаднення ў час гутарак з В. Молатавым i А. Вышынскiм, абмеркаванне было перанесена ў кабiнет Сталiна. Пасля настойлiвых просьбаў членаў польскай дэлегацыi ён нарэшце згадзiўся перадаць Польшчы Белавежу разам з часткай Белавежскай пушчы. Сталiн, аднак, адзначыў, што ён павiнен узгаднiць гэтае пытанне з беларусамi53.

27 лiпеня 1944 г. В. Молатаў i кiраўнiк польскай дэлегацыi Э. Асубка-Мараўскi падпiсалi пагадненне памiж СССР i ПКНВ аб савецка-польскай мяжы. У яе аснову была пакладзена лiнiя Керзона з адступленнямi на карысць Польшчы на беларускiм участку мяжы Беластоцкай вобласцi i часткi Белавежскай пушчы54. Гэтае пагадненне мела падрыхтоўчы, часовы характар, паколькi яшчэ не быў сфармiраваны польскi ўрад нацыянальнага адзiнства. Што тычылася сталiнскай рэплiкi "параiцца з беларусамi", то яна гучала яўна крывадушна, але пакiдала прастору для манеўра. Нiякага сапраўднага абмеркавання пагранiчных праблем з беларускiм кiраўнiцтвам не было. Яно прымала ўсё тое, што вырашалася ў Крамлi.

Польскi эмiгранцкi ўрад па-ранейшаму адмаўляўся прызнаваць лiнiю Керзона i заключанае ПКНВ з СССР пагадненне аб мяжы. Аб гэтым сведчылi перагаворы ў Маскве прадстаўнiкоў СССР з дэлегацыяй польскага эмiгранцкага ўрада ў Лондане на чале з прэм'ер-мiнiстрам С. Мiкалайчыкам, якiя адбылiся ў жнiўнi i кастрычнiку 1944 г. У мемарандуме польскага ўрада ад 29 жнiуня 1944 г. гаварылася, што канчатковае ўрэгуляванне польска-савецкай мяжы павiнен зацвердзiць канстытуцыйны сейм, што неабходна таксама правесцi добраахвотны абмен насельнiцтвам (польскiм, беларускiм i ўкраiнскiм). Лонданскi ўрад не прызнаваў пагадненняў аб абмене насельнiцтвам, што былi заключаны Украiнскай, Беларускай i Лiтоўскай ССР з ПКНВ, падкрэслiваючы, што ўрады савецкiх рэспублiк робяць спробы змянiць на сваю карысць этнiчны склад тэрыторый Заходняй Беларусi i Заходняй Украiны55. Аднак нельга забываць, што польскi ўрад у 1921—1939 гг. праводзiў на "ўсходнiх крэсах" палiтыку змянення этнiчнага складу насельнiцтва, перасяляючы сюды асаднiкаў.

На Крымскай канферэнцыi 1945 г. Сталiн, Рузвельт i Чэрчыль дамовiлiся, што ўсходняя мяжа Польшчы пройдзе ўздоўж лiнii Керзона з адступленнямi ад яе ў некаторых раёнах ад 5 да 8 км на карысць Польшчы56. На думку беларускага эмiгранцкага гiсторыка М. Волацiча, у Ялце Сталiн выявiў сутнасць бальшавiцкай антыбеларускай палiтыкi. Савецкi лiдэр сцвярджаў, што лiнiя Керзона на беларускiм участку ёсць няправiльная, што Беласточчына належыць да беларускай этнiчнай тэрыторыi, але тым не менш ён аддаваў яе Польшчы57.

Пасля Патсдамскай канферэнцыi 1945 г., якая ўрэгулявала пытанне аб заходняй мяжы Польшчы, узнiкла неабходнасць падвесцi юрыдычную базу i пад усходнюю мяжу. 16 жнiўня 1945 г. у Маскве намеснiк Старшынi СНК СССР В. Молатаў, па ўпаўнаважанню Прэзiдыума Вярхоўнага Савета СССР, i Старшыня Савета Мiнiстраў Польскай Рэспублiкi Э. Асубка-Мараўскi, па ўпаўнаважанню Прэзiдэнта Краёвай Рады Нарадовай (КРН) Б. Берута, падпiсалi Дагавор аб савецка-польскай дзяржаўнай мяжы. Падпiсанне дагавора ўзамен пагаднення ад 27 лiпеня 1944 г. азначала прызнанне ўрадам Польшчы лiнii Керзона ў якасцi савецка-польскай мяжы. iмкнучыся мацней прывязаць Польшчу да СССР, Сталiн пайшоў далей насустрач яе iнтарэсам. Дагавор прадугледжваў адступленнi на карысць Польшчы ад лiнii Керзона не да 5—8 км, як было вырашана ў Ялце, а да 30 км. СССР уступаў Польшчы тэрыторыю на 30 км у глыбiню Украiны i на 17 км у глыбiню Беларусi58. Гэта азначала, што ад Беларусi адыходзiлi 17 раёнаў Беластоцкай вобласцi з Беластокам i 3 раёны Брэсцкай вобласцi (частка Белавежскай пушчы). Польскi бок перадаваў БССР 15 вёсак, населеных пераважна беларусамi.

Савецкi варыянт лiнii Керзона адразаў ад Беларусi тэрыторыю плошчай 14,3 тыс. км з насельнiцтвам (паводле перапiсу 1931 г.) каля 722 тыс. чалавек, а паводле перапiсу 1946 г. — каля 638 тыс. чалавек. Беласточчына, далучаная да Польшчы, уяўляла сабой тэрыторыю, якая раўнялася палове плошчы такiх сярэднiх еўрапейскiх краiн, як Албанiя цi Бельгiя. Савецкае кiраўнiцтва, пiсаў М. Волацiч, ахвотна аддавала сатэлiтнай Польшчы Беласточчыну таму, што яе насяляла ў большасцi беларускае каталiцкае насельнiцтва, да якога Масква ставiлася варожа. Згодна з данымi 1921 г., там пражывалi 61 % каталiкоў, каля 23 % праваслаўных, 15 % яўрэяў59.

Аналiзуючы геапалiтычныя разлiкi Сталiна, неабходна звярнуць увагу i на тое, што паўночная частка Усходняй Прусii, якая з'яўлялася б для Беларусi натуральным выхадам да Балтыйскага мора, была тым не менш далучана да РСФСР. Тут мы зноў бачым праяўленне сталiнскай вялiкадзяржаўнай палiтыкi.

Дагавор ад 16 жнiўня 1945 г. быў ратыфiкаваны КРН 31 снежня 1945 г. i Прэзiдыумам Вярхоўнага Савета СССР 13 студзеня 1946 г. Ён прадугледжваў стварэнне спецыяльнай змешанай камiсii па дэмаркацыi мяжы з месцазнаходжаннем у Варшаве. Камiсiя пачала працу ў маi 1946 г. i закончыла дэмаркацыю мяжы ў красавiку 1947 г.

Падрыхтоўка, падпiсанне i ратыфiкацыя Дагавора аб савецка-польскай мяжы былi ажыццёўлены без удзелу ўпаўнаважаных прадстаўнiкоў БССР, як i iншых зацiкаўленых саюзных рэспублiк. Дагавор не абмяркоўваўся ў вышэйшых органах дзяржаўнай улады i кiравання УССР, БССР i Лiтоўскай ССР, чые нацыянальна-дзяржаўныя iнтарэсы ён непасрэдна закранаў. У савецкай дзяржаўнай сiстэме не было прадугледжана палiтыка-прававога механiзму ўзаемадзеяння i каардынацыi памiж цэнтрам i рэспублiкамi пры вырашэннi пытанняў аб межах рэспублiк i Саюза. Дагавор парушаў палажэннi Канстытуцыi СССР i Канстытуцыi БССР, якiя патрабавалi згоды саюзнай рэспублiкi на змяненне яе межаў60.

М. Хрушчоў пiсаў у сваiх мемуарах, што да Польшчы "адышлi i асобныя землi з чыста беларускiм i ўкраiнскiм насельнiцтвам". Ён тлумачыў гэты крок Сталiна тым, што той, жадаючы "задобрыць" палякаў, уступiў iм, каб аслабiць непрыемныя пачуццi, якiя засталiся ў польскага народа ў вынiку савецка-германскага дагавора ад 23 жнiўня 1939 г.61

6.Заключэнне

Такiм чынам, у гады Другой сусветнай вайны Беларусь з'яўлялася аб'ектам геапалiтычных "разборак", а потым i тэатрам ваенных дзеянняў памiж СССР i Германiяй. Гэтая вайна пачалася з гiстарычна справядлiвай для беларускага народа падзеi — уз'яднання Заходняй Беларусi з БССР, якая, аднак, была дасягнута сродкамi iмперскай палiтыкi, стала вынiкам зговару дыктатарскiх рэжымаў Сталiна i Гiтлера. Лiтаральна праз некалькi тыдняў уз'яднанай Беларусi давялося заплацiць за "вызваленчы паход" Чырвонай Армii перадачай Вiленшчыны з Вiльняй Лiтве, а потым i iншых беларускiх зямель, што былi ўключаны ў склад Лiтоўскай ССР. Гэта была ўжо плата Беларусi за iнкарпарацыю Лiтвы ў склад СССР.

З пачаткам савецка-германскай вайны Беларусь спазнала iншы варыянт таталiтарызму — нямецкi нацызм. У "Трэцiм рэйху" Беларусь чакаў незайздросны лёс. Нацысты планавалi каланiзаваць яе тэрыторыю, знiшчыць большасць насельнiцтва, астатнiх беларусаў ператварыць у танную рабочую сiлу. iснаванне без дзяржаўнасцi i ўласнай нацыянальнай iнтэлiгенцыi — вось што нёс для Беларусi "новы парадак". Але як першая (1915—1918 гг.), так i другая (1941—1944 гг.) нямецкая акупацыя выкарыстоўвала заганы расiйскай i савецкай нацыянальнай палiтыкi ў Беларусi. Гэта праяўлялася ў падтрымцы з боку акупантаў беларускай мовы i ажыўленнi нацыянальна-культурнай дзейнасцi беларускiх арганiзацый. Русiфiкацыя i жахi сталiнскага тэрору выклiкалi пэўныя спадзяваннi на нацысцкiх акупантаў з боку беларускага нацыяналiзму i нарадзiлi такую супярэчлiвую з'яву, як калабарацыянiзм.

Уздым беларускага нацыянальнага руху ў час вайны, якi праяўляўся таксама ў партызанскай i падпольнай барацьбе, прымусiў Сталiна, савецкае кiраўнiцтва шукаць сродкi кампенсацыi за самаахвярнае змаганне беларускага народа супраць фашызму. Гэта была адна з прычын, якiя прывялi Беларусь у ААН. Але i гэта важнае дасягненне беларускай дзяржаўнасцi было ў значнай ступенi дэвальвiравана нягодным статусам дэлегацыi БССР у ААН як "дадатковага голаса" для СССР.

Другая сусветная вайна завяршылася для Беларусi вызваленнем ад нямецка-фашысцкiх захопнiкаў i вяртаннем сваёй "роднай" таталiтарнай савецкай сiстэмы. Аб тым, хто ў беларускiм доме i на беларускай зямлi сапраўдны гаспадар, Крэмль напомнiў у 1944—1945 гг. падпiсаннем пагранiчных пагадненняў з "сатэлiтнай" Польшчай аб перадачы ёй Беласточчыны i часткi Белавежскай пушчы. Гэта быў апошнi падзел Беларусi перыяду 1918—1945 гг. Нават ганаровы статус дзяржавы — заснавальнiцы ААН не выратаваў БССР ад чарговага падзелу.

Другая сусветная вайна мела для Беларусi з пункту погляду яе геапалiтычнага становiшча i знешнепалiтычнай актыўнасцi вельмi супярэчлiвыя вынiкi. За кожнае дасягненне ў справе ўмацавання дзяржаўнасцi прыходзiлася плацiць дарагую цану. Да гэтага, несумненна, спрычынiлiся шэраг унутрысаюзных i мiжнародных абставiн. Беларусь як саюзная рэспублiка не магла адыгрываць сур'ёзнай ролi нi ў савецкай дзяржаве iмперскага тыпу, нi на мiжнароднай арэне. Уз'яднанне 1939 г. i ўваход у Аб'яднаныя Нацыi 1945 г. сталi вынiкам агульнасаюзнай ваеннай палiтыкi i дыпламатыi i былi выкарыстаны ў агульнасаюзных, вялiкадзяржаўных iнтарэсах. Зразумела, што БССР унесла свой уклад у дасягненне гэтых задач, якiя адпавядалi яе нацыянальна-дзяржаўным iнтарэсам як саюзнай рэспублiкi. Але усё ж такi галоўным кырыстальнiкам дасягненняў Беларусi, як i ўсiх астатнiх саюзных рэспублiк, быў саюзны цэнтр, савецкая вярхушка, якiя "прыватызавалi" iх перамогi, асаблiва перамогу над фашызмам у Другой сусветнай вайне. У гэтым сэнсе паляпшэнне мiжнароднага становiшча Беларусi ў вынiку вайны было звязана з умацаваннем пазiцый СССР i ўключэннем у сферу яго стратэгiчных iнтарэсаў Усходняй Еўропы. У "халоднай вайне" СССР з Захадам Беларусi адводзiлася свая роля. Але гэта ўжо прадмет iншай тэмы

1 СССР—Германия 1939. Т. 1. Документы и материалы о советско-германских отношениях с апреля по октябрь 1939 г. Вильнюс, 1989. С. 62—64.
2 Там жа. С. 80—81.
3 Там жа. С. 87.
4 Там жа. С. 93.
5 О внутренних причинах военного поражения Польши // Правда. 1939. 14 сент.
6 СССР—Германия 1939. Т. 1. С. 94.
7 Там жа; Семиряга М. И. Тайны сталинской дипломатии. 1939—1941. М., 1992. С. 90.
8 Правда. 1939. 18 сент. ; СССР—Германия 1939. Т. 1. С. 96.
9 СССР—Германия 1939. Т. 1. С. 107—108.
10 СССР—Германия 1939. Т. 2. Документы и материалы о советско-германских отношениях с сентября 1939 г. по июнь 1941 г. Вильнюс, 1989. С. 141.
11 СССР—Германия 1939. Т. 1. С. 109—110.
12 Семиряга М. И. Тайны сталинской дипломатии. 1939—1941. С. 36.
13 Волацiч М. Насельнiцтва Заходняй Беларусi i яго перасяленьне мiж сучаснай Польшчай i БССР // Беларускi зборнiк. Мюнхен, 1956. Кн. 4. С. 16—17.
14 О политической и правовой оценке советско-германского договора о ненападении от 1939 года (Постановление Съезда народных депутатов СССР 24 декабря 1989 г.) // Правда. 1989. 28 дек.
15 Хацкевiч А. Арышты i дэпартацыi ў заходнiх абласцях Беларусi (1939—1941 гг.) // Беларускi гiстарычны часопiс. 1994. № 2. С. 76.
16 Запруднiк Я. Беларусь на гiстарычных скрыжаваннях. Мн, 1996. С. 105.
17 Волацiч М. Насельнiцтва Заходняй Беларусi i яго перасяленьне мiж сучаснай Польшчай i БССР С. 16.
18 iваноў М. Праблема прыналежнасцi Вiльнi i беларускае нацыянальнае пытанне ў 1939 г. // Беларускi гiстарычны часопiс. 1994. № 1. С. 33, 35—36.
19 Там жа. С. 36—37.
20 Полпреды сообщают... Сборник документов об отношениях СССР с Латвией, Литвой и Эстонией. Август 1939 г.—август 1940 г. М., 1990. С. 92.
21 Там жа. С. 56.
22 Там жа. С. 76.
23 Там жа. С. 159.
24 Там жа. С. 132.
25 Там жа. С. 140.
26 Там жа. С. 136.
27 Там жа. С. 208.
28 Там жа. С. 496.
29 Васiль Захарка — другi прэзiдэнт БНР // Спадчына. 1994. № 1. С. 72—74.
30 Туронак Е. Беларусь пад нямецкай акупацыяй. Мн., 1993. С. 26.
31 Там жа. С. 27—28.
32 Там жа. С. 31—34.
33 Там жа. С. 36.
34 Там жа. С. 38.
35 Прибалтика: свидетельствуют документы // Правда. 1990. 8 апреля.
36 Там жа. С. 40.
37 Туронак Е. Беларусь пад нямецкай акупацыяй. С. 66—67.
38 Матуковский Н. Ни простить, ни забыть нельзя! // Рэспублiка. 1993. 28 верасня. С. 5.
39 Туронак Е. Беларусь пад нямецкай акупацыяй. С. 64.
40 Прибалтика: свидетельствуют документы // Правда. 1990. 8 апреля.
41 Там жа.
42 Там жа.
43 Туронак Е. Беларусь пад нямецкай акупацыяй. С. 75.
44 Соловьев А. К. Белорусская Центральная Рада: Создание, деятельность, крах. Мн., 1995. С. 111.
45 Там жа.
46 Гл.: Снапкоўскi У. Е. Знешнепалiтычная дзейнасць Беларусi 1944—1953 гг. Мн., 1997. С. 75—76.
47 Postwar Foreign Policy Preparation, 1939—1945. Wash., 1949. P. 492—510.
48 Советский Союз на международных конференциях периода Великой Отечественной войны 1941—1945 гг. : Сборник документов. Т. 2. Тегеранская конференция руководителей трех союзных держав СССР, США и Великобритании (28 ноября — 1 декабря 1943 г.). М., 1978. С. 165—167.
49 Документы и материалы по истории советско-польских отношений. Т. VIII: Январь 1944—декабрь 1945 г. М., 1974. С. 21—22.
50 Documents on Polish-Soviet Relations 1939—1945. Vol. 2. 1943—1945. London, 1967. P. 733—734.
51 Шостая сесiя Вярхоўнага Савета БССР. 21—24 сакавiка 1944 г. Стэнаграфiчная справаздача. Мн., 1946. С. 218—224.
52 Документы и материалы по истории советско-польских отношений. Т. VIII. С. 129—130.
53 Kowalski W. T. Polityka zagraniczna RP. 1944—1947. Warszawa, 1971. S. 360; Ён жа. Walka diplomatyczna o miejsce Polski w Europie (1939—1945). Warszawa, 1972. S. 492—493.
54 Документы и материалы по истории советско-польских отношений. Т. VIII. С. 156.
55 Там жа. С. 207—208, 272—274; Documents on Polish-Soviet Relations. Vol. 2: 1943—1945. P. 319—320, 401.
56 Документы и материалы по истории советско-польских отношений. Т. VIII. C. 367.
57 Волацiч М. Лiнiя Керзона на фоне падзеяў i тэрытарыяльных зменаў у Усходняй Еўропе // Беларускi зборнiк. Мюнхен, 1955. Кн. 3. С. 124.
58 Документы и материалы по истории советско-польских отношений. Т. VIII. C. 541—542.
59 Волацiч М. Насельнiцтва Заходняй Беларусi i яго перасяленьне мiж сучаснай Польшчай i БССР. С. 21—22.
60 Снапкоўскi У. Е. Мiжнародныя аспекты вызначэння савецка-польскай мяжы ў 1943—1945 гг. // Беларускi гiстарычны часопiс. 1994. № 3. С. 12—13.
61 Мемуары Никиты Сергеевича Хрущева // Вопросы истории. 1990. № 7. С. 89.


Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter

Сообщество

  • (029) 3222740
  • Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
© 2025 Международное общественное объединение «Развитие». All Rights Reserved.