Белорусский журнал международного права и международных отношений 2001 — № 2
международные отношения
БЕЛАРУСЬ У ЮНЕСКА: ПЛЁН СУПРАЦОЎНІЦТВА
Крывашэй Дзмітрый Антонавіч — кандыдат гістарычных навук, малодшы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага навукова-асветнага цэнтра імя Ф. Скарыны
Сярод міжнародных міжурадавых арганізацый, з якімі супрацоўнічае Рэспубліка Беларусь, з’яўляецца Арганізацыя Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (ЮНЕСКА)1. Гісторыя членства нашай краіны ў ЮНЕСКА бярэ пачатак з 12 мая 1954 г. Канкрэтнымі пытаннямі ўдзелу Беларусі ў рабоце ЮНЕСКА займаецца Нацыянальная камісія па справах ЮНЕСКА (створана ў 1956 г.) і наш сталы прадстаўнік пры ЮНЕСКА. Самае непасрэднае дачыненне да ўсёй праблематыкі, якая вырашаецца па лініі ЮНЕСКА, мае Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь. У сістэме Міністэрства працуе сакратарыят Нацыянальнай камісіі. Нацыянальная камісія з’яўляецца міжведамасным органам, адказным за ўзаемадзеянне з ЮНЕСКА беларускіх дзяржаўных устаноў, грамадскіх арганізацый і прыватных асоб, якія дзейнічаюць у мэтах развіцця адукацыі, навукі, культуры, камунікацыі і інфармацыі. Камісія распрацоўвае прапановы па пытаннях пазіцыі Рэспублікі Беларусь адносна супрацоўніцтва з ЮНЕСКА, вызначае прыярытэтныя для Беларусі напрамкі супрацоўніцтва ў рамках гэтай міжнароднай арганізацыі, заахвочвае і садзейнічае актыўнасці ўстаноў рэспублікі, якія ўзаемадзейнічаюць з ЮНЕСКА2.
8—10 снежня 1991 г. адбыўся першы афіцыйны візіт Генеральнага дырэктара ЮНЕСКА Федэрыка Маёра ў Беларусь па запрашэнню нашага ўрада. У яго ходзе быў падпісаны Пратакол-мемарандум аб супрацоўніцтве паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і ЮНЕСКА. У 1995 г. адбылася сустрэча Генеральнага дырэктара ЮНЕСКА з міністрам замежных спраў, у 1996 г. — з намеснікам міністра замежных спраў. Новыя перспектывы для супрацоўніцтва адкрыў афіцыйны візіт у нашу краіну Генеральнага дырэктара гэтай міжнароднай арганізацыі Федэрыка Маёра ў верасні 1998 г. Мемарандум аб супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і ЮНЕСКА, падпісаны ў яго ходзе, пацвердзіў імкненне бакоў да далейшага павышэння ўзроўню і пашырэння сумеснай дзейнасці.
У 90-я гг. у супрацоўніцтве Беларусі з ЮНЕСКА прыярытэтнымі былі такія сферы, як адукацыя, культура, экалогія.
1.Адукацыя
Сярэднетэрміновая стратэгія ЮНЕСКА на 1996—2001 гг. называе адукацыю "ключом да развіцця". Галоўная ўвага пры гэтым надаецца забеспячэнню непарыўнай адукацыі, ці адукацыі праз усё жыццё. Сыходзячы з гэтага перад вышэйшымі навучальнымі ўстановамі пастаўлена задача ператварэння іх у цэнтры непарыўнай адукацыі, даступныя для ўсіх на пастаяннай аснове3. Супрацоўніцтва ЮНЕСКА і Беларусі ў межах праграмы "Адукацыя" было накіравана на садзейнічанне рэфармаванню ў дзяржаве сістэм сярэдняй і вышэйшай адукацыі. Для яе рэалізацыі наша краіна працавала ў такіх напрамках, як выкарыстанне новых тэхналогій у адукацыі, распрацоўка сучасных падручнікаў і дапаможнікаў, перадача ў сумеснае карыстанне ведаў, стварэнне кафедр ЮНЕСКА, удзел у міжнароднай норматворчай дзейнасці4.
У 1995 г. у Беларусі быў праведзены нацыянальны семінар па праблеме рэфармавання сістэмы народнай асветы з удзелам экспертаў з краін Еўропы, Сакратарыята ЮНЕСКА, прафінансаваны Арганізацыяй.
Беларусь імкнулася па магчымасці атрымаць матэрыяльную дапамогу ад Арганізацыі для навучальных устаноў. Так, у 1993 г. ЮНЕСКА паставіла вучэбнае абсталяванне сярэдняй школе для дзяцей-сірот у Гомелі, камп’ютэрнае абсталяванне для інфармацыйнага цэнтра Міністэрства адукацыі, камп’ютэрны клас Сахараўскаму каледжу.
Беларусь актыўна ўдзельнічала ў абмеркаванні пытанняў адукацыі на сесіях Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА. У ходзе 28-й сесіі (кастрычнік 1995 г.) наша краіна выступіла як сааўтар рэзалюцый асобных краін у галіне адукацыі. Гэта дало магчымасць прыняць удзел у мерапрыемствах, якія былі ўхвалены ў адпаведнасці з гэтымі рэзалюцыямі. Беларусь падтрымала прапанову Балгарыі аб даследаванні ў галіне прэвентыўнай адукацыі супраць злоўжывання наркотыкамі і аб яго здзяйсненні. У рамках праекта ў сакавіку 1996 г. адбылася еўрапейская сустрэча экспертаў па гэтай праблеме з удзелам двух прадстаўнікоў нашай краіны.
Арганізацыя прафінансавала стварэнне ў Беларусі кафедр ЮНЕСКА, набыццё для іх абсталявання. У 1993 г. была адкрыта кафедра па правах чалавека і дэмакратыі ў БДУ, у 1995 г. — кафедра па радыёэкалогіі ў Міжнародным радыёэкалагічным каледжы імя А. Сахарава. Агульная сума выдзеленых сродкаў склала 35 тыс. дол. ЗША. У 1996 г. у БДПА была створана кафедра ЮНЕСКА па рэсурсазахаванні і аднаўляемых крыніцах энергіі, а ў Інстытуце вышэйшай адукацыі пры БДУ у 1997 г. — кафедра ЮНЕСКА па культуры міру і дэмакратыі, якія таксама атрымалі дапамогу ад Арганізацыі.
У межах Праграмы ўдзелу ў галіне адукацыі ЮНЕСКА выдзеліла сродкі на стварэнне міжуніверсітэцкай камп’ютэрнай сеткі ў Республіцы Беларусь (1995), выданне дзвюх манаграфій па праблеме правоў чалавека (1995—1996).
Аб значнай увазе Арганізацыі да праблем адукацыі ў Беларусі сведчыць фінансаванне ёю ў 1996—1997 гг. праектаў стварэння ў нашай краіне мадэлі цэнтра для распрацоўкі новай метадалогіі прафесійна-тэхнічнай адукацыі, а ў 1998—1999 гг. — міжнароднай канферэнцыі па перагляду падручнікаў і праграм па хіміі для сярэдняй адукацыі, сустрэчы міністраў адукацыі краін — членаў СНД, Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, міжнароднай канферэнцыі па развіцці прафтэхадукацыі.
Еўрапейскі цэнтр вышэйшай адукацыі ЮНЕСКА (СЕПЕС) прафінансаваў удзел прадстаўніка Беларусі ў пасяджэнні рэгіянальнага камітэта па прызнанню ступеняў і дыпломаў у Еўрапейскім рэгіёне (Парыж, верасень 1998 г.). Жаночы універсітэт "Энвіла" ў Мінску актыўна ўдзельнічае ў праекце СЕПЕС "Жанчыны, вышэйшая адукацыя і развіццё", у падрыхтоўцы гендэрных даследаванняў у рэгіёне.
2.Навука
На сённяшні момант Рэспубліка Беларусь накапіла дастатковы вопыт удзелу ў буйных міжнародных форумах ЮНЕСКА. На 28-й сесіі Генеральнай канферэнцыі наша краіна ўпершыню прапанавала 2 праекты рэзалюцый з фінансавымі наступствамі ў галіне прыродазнаўчых навук. Сесія адобрыла рэзалюцыю аб правядзенні ў Беларусі міжнароднай канферэнцыі аб ролі навуковых фондаў у развіцці фундаментальных навук, якая адбылася ў верасні 1997 г. у Мінску і з’явілася этапам у падрыхтоўцы Сусветнага кангрэса па навуцы (верасень 1999 г., Будапешт). Генеральная канферэнцыя прыняла да ведама рэзалюцыю адносна правядзення ў Беларусі Міжнароднай канферэнцыі па тэорыі іоннага абмену. Замежнымі спецыялістамі была праведзена экспертная ацэнка заканадаўства Рэспублікі Беларусь у галіне навукі.
У межах блоку праграм "Навука" Беларусь актыўна працавала і працуе па праграме "Чалавек і біясфера" (МАБ), якая накіравана на захаванне біяразнастайнасці. Плённа ў гэтым напрамку дзейнічае Беларускі нацыянальны камітэт МАБ. У 1993 г. Арганізацыя прафінансавала правядзенне XV Мендзялееўскага кангрэса, прысвечанага экалагічным аспектам хіміі, які прайшоў у Мінску, выдзеліла сродкі на аказанне дапамогі па стварэнні ў рэспубліцы сістэмы апавяшчэння насельніцтва ў надзвычайных сітуацыях. У 1995 г. Беларускі нацыянальны камітэт МАБ атрымаў сродкі на здзяйсненне падрыхтаванага ім праекта па праграме. У 1997 г. у Мінску адбылася сустрэча нацыянальных камітэтаў МАБ па праграме для краін Еўропы і Паўночнай Амерыкі, па выніках якой прадстаўнік Беларусі быў абраны Старшынёй "Еўра-МАБ" — каардынацыйнага камітэта праграмы "Чалавек і біясфера" для краін Еўропы і Паўночнай Амерыкі5. Спецыялісты з ЮНЕСКА лічаць Беларускі нацыянальны камітэт па праграме "Чалавек і біясфера" адным з найбольш актыўна працуючых на планеце6. Беларусь удзельнічае ў Сусветнай сетцы біясферных запаведнікаў, куды ўключаны Бярэзінскі запаведнік (1978) і Нацыянальны парк Белавежская пушча (1993).
Прадстаўнікі Беларусі бралі ўдзел у канферэнцыі, прысвечанай ролі навукі ў працэсах перабудовы ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, пытанням захавання навуковага патэнцыялу дзяржаў, якія праводзяць складаныя эканамічныя пераўтварэнні (1993). Дзякуючы фінансавай дапамозе Арганізацыі Мінскі лінгвістычны універсітэт наладзіў падрыхтоўку выкладчыкаў для рэабілітацыйных цэнтраў ЮНЕСКА ў рэгіёнах, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС.
Рэспубліка Беларусь яшчэ на пачатковым этапе ўключылася ў працэс распрацоўкі Сусветнай праграмы па рэсурсазберажэнню і аднаўляемых крыніцах энергіі ("сусветная сонечная праграма"). Гэта быў першы вопыт уваходжання ў буйнейшую міжнародную праграму на пачатковай стадыі. У выніку ў "сусветную сонечную праграму", сродкі на якую выдзяляюць міжнародныя фінансавыя інстытуты, уключаны сем праектаў ад Беларусі, сярод якіх — рэалізуемы ў 1998—1999 гг. праект па стварэнню камп’ютэрнай базы і адукацыйных тэхналогій у галіне захавання і аднаўлення энергіі, праект па перапрацоўцы біямасы, якая забруджана радыенуклідамі, у мэтах атрымання электраэнергіі.
Сярод навуковых праектаў, сродкі на якія выдзеліла ЮНЕСКА ў 1994—1999 гг., былі: праект распрацоўкі тэхналогіі захавання паперы шляхам нанясення ахоўнага слою, два праекты па навуковаму абагульненню наступстваў Чарнобыльскай аварыі, праект стварэння новых тэхналогій перапрацоўкі адыходаў тэхнагеннай дзейнасці чалавека, вывучэнне трансгранічных рэкаў Чарнобыльскай зоны.
У 1996 г. Беларусь уключылася ў самафінансуемы пазабюджэтны праект ЮНЕСКА "Хімія для жыцця". У яго рамках у маі 1997 г. у Мінску адбыўся Міжнародны семінар "Хімія ў грамадстве", дзе разглядалася пытанне перападрыхтоўкі выкладчыкаў хіміі школ і ВНУ. У межах гэтага праекта ЮНЕСКА падтрымала прапанову нашай краіны аб стварэнні ў Беларусі Цэнтра па хімічнай адукацыі. Арганізацыя адобрыла праект фінансавання пачатковага этапа стварэння Цэнтра праз праграму ўдзелу на 1998—1999 гг.7
Акадэмічныя інстытуты і ВНУ Беларусі актыўна працуюць не толькі са штаб-кватэрай Арганізацыі, але і з яе рэгіянальнымі аддзеламі, у першую чаргу з Еўрапейскім рэгіянальным навуковым цэнтрам у Венецыі (ROSTE). Нацыянальная Акадэмія навук далучылася да Генуэзскай дэкларацыі аб навуцы і грамадстве (падпісана Прэзідэнтам Акадэміі 20 лістапада 1996 г.).
У 1997 г. Беларусь атрымала стыпендыю для маладых вучоных у галіне малекулярнай біялогіі раслін для праходжання вучэбных курсаў у Венгрыі, стыпендыю ў галіне біятэхналогій раслін (даследаванні ў Германіі), стыпендыю ў галіне сацыялогіі камунікацый8.
Неабходна заўважыць, што беларускія вучоныя ўдзельнічаюць у міжнародным супрацоўніцтве з ЮНЕСКА ў галіне прыродазнаўчых навук пераважна ў асобных галінах навукі. Так, у галіне экалагічных навук і навук аб Зямлі Нацыянальны камітэт па Праграме геалагічнай карэляцыі ўдзельнічае ў рэалізацыі праектаў Праграмы. Яны звязаны з вывучэннем мінералаў, складаннем геалагічных карт, палеагеаграфіяй і зменамі ў палеаклімаце. Непасрэднае практычнае прымяненне пры здзяйсненні гарадскіх забудоў, для інжынернай геалогіі, вывучэння крыніц вады, абароны берагавой лініі мае праект вывучэння геадынамікі дэпрэріі Балтыйскага мора. У 1996 г. у Мінску адбылася сустрэча экспертаў у рамках гэтага праекта.
Навукоўцы Беларусі актыўна ўдзельнічаюць у рэалізацыі праграмы па сацыяльным навукам (МОСТ), якая распрацавана ЮНЕСКА ў 1993 г. У яе рамках праводзяцца навуковыя распрацоўкі праблем філасофска-эстэтычнага асэнсавання перспектыў развіцця навукі і тэхнікі, грамадства і сусветнай супольнасці, ролі навуковага асяроддзя, грамадстваў, якія знаходзяцца ў пераходным перыядзе, параўнальныя даследаванні. У рамках праграмы навукоўцы Беларусі атрымалі фінансавую дапамогу ад Арганізацыі на правядзенне даследавання па гуманізацыі грамадства ў пераходны перыяд на вопыце Беларусі (МОСТ).
З верасня 1993 г. пры ЮНЕСКА дзейнічае Міжнародны камітэт па біяэтыцы. У яго рамках Беларусь здзяйсняе абмен інфармацыяй аб рабоце па захаванню генафонду ў нашай дзяржаве, вывучэнню наступстваў Чарнобыльскай катастрофы для насельніцтва краіны і інш.
Пад эгідай ЮНЕСКА ў 1999 г. у дні святкавання 70-годдзя НАН Беларусі была праведзена міжнародная рабочая нарада прэзідэнтаў нацыянальных акадэмій навукі, кіраўнікоў навуковых фондаў краін СНД і Усходняй Еўропы.
У студзені 1999 г. у нашай краіне прайшла рэгіянальная нарада прэзідэнтаў акадэмій навук, у верасні таго ж года была праведзена канферэнцыя міністраў адукацыі краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, у снежні ў Мінску прайшоў міжнародны форум па праблемах рэгіянальнага супрацоўніцтва пры рэфармаванні сістэм прафесійна-тэхнічнай адукацыі.
Падчас візіта была падпісана пагадненне паміж НАН Беларусі і ЮНЕСКА. Яно прадугледжвае забеспячэнне ўзаемнай падтрымкі даследчых, вучэбных, інфармацыйных, навуковых абменаў і праграм, а таксама развіццё сумесных праектаў, арганізацыю семінараў, выстаў і іншых мерапрыемстваў, размеркаванне навуковай інфармацыі, якая прадугледжана двухгадовай Праграмай ЮНЕСКА, яе бюджэтам і планам. Сярод прыярытэтных сфер супрацоўніцтва названы фізіка і матэматыка, інфарматыка, сувязь, машынабудаванне, аднаўляемая энергія і новыя тэхналогіі, хімія, геалогія, біялогія і біятэхналогія, праблемы, якія датычацца сацыяльных навук і культурнай спадчыны.
НАН Беларусі і ЮНЕСКА дамовіліся аб правядзенні кансультацый па мэтам і дзейнасці, якія прадстаўляюць узаемны інтарэс, а пры неабходнасці — спецыяльных кансультацый, каб вызначыць шляхі і сродкі, што найбольш падыходзяць для забеспячэння эфектыўнага супрацоўніцтва ва ўсіх галінах навукі, а таксама па мабілізацыі фінансавай і іншай падтрымкі такога супрацоўніцтва9.
3.Культура
Разнастайнасцю выдзяляецца супрацоўніцтва Беларусі з ЮНЕСКА ў галіне культуры. Рэспубліка з’яўляецца ўдзельніцай усіх канвенцый ЮНЕСКА ў гэтай галіне, што дае ёй права браць удзел ва ўсіх мерапрыемствах, праводзімых у рамках рэалізацыі гэтых канвенцый. Так, стаўшы членам Канвенцыі ЮНЕСКА аб ахове культурнай і прыроднай спадчыны ад 16 лістапада 1972 г. (12 кастрычніка 1988 г.), Беларусь пачала выплачваць штогадовы ўзнос у Фонд сусветнай прыроднай і культурнай спадчыны. Аднак у 1991—1996 гг. узнос не выплачваўся, таму на сёння краіна пагашае запазычанасць за мінулыя гады і выплачвае чарговыя ўзносы. Кожная краіна-ўдзельніца гэтай Канвенцыі прад’яўляе, па меры магчымасці, Камітэту сусветнай спадчыны пералік каштоўнасцей культурнай і прыроднай спадчыны, якія знаходзяцца на яе тэрыторыі і могуць быць уключаны ў "Спіс сусветнай спадчыны". Уключэнне культурнага ці прыроднага аб’екта ў пералік сусветнай спадчыны з’яўляецца прыкметай яго выключнай каштоўнасці ў сусветным маштабе і з’яўляецца ганаровым для любой дзяржавы. Адначасова гэта азначае, што дзяржава бярэ на сябе абавязацельствы па належнаму захаванню аб’екта, які з моманту ўнясення ў спіс набывае сусветнае значэнне10. На жаль, на сённяшні момант у пераліку ад нашай краіны знаходзіцца толькі Белавежская пушча і Мірскі замак.
У лістападзе 1995 г. Рэспубліка Беларусь прыняла ўдзел у чарговай асамблеі краін — удзельніц Канвенцыі па ахове сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны. Урадавая дэлегацыя краіны ўдзельнічала ў Сусветнай канферэнцыі ЮНЕСКА па праблемах культурнай палітыкі ў мэтах развіцця (Стакгольм, 1998 г.) і Міжурадавай канферэнцыі па дадзенай тэматыцы ў Страсбургу (1998). Матэрыялы канферэнцый і План дзеянняў выкарыстоўваюцца пры распрацоўцы канцэпцыі Нацыянальнай праграмы "Культура" і ў ходзе парламенцкіх слуханняў па праграме.
ЮНЕСКА і Рэспубліка Беларусь выказалі намер сумеснай выпрацоўкі мер па прадухіленню і барацьбе супраць незаконнага перамяшчэння праз межы краіны культурных каштоўнасцей і садзейнічання вяртанню іх у краіны паходжання. На падставе прынцыпаў Парыжскай канвенцыі ЮНЕСКА "Аб мерах, накіраваных на забарону незаконнага ўвозу, вывазу і перадачы правоў уласнасці на культурныя каштоўнасці" (1970) у Беларусі ідзе распрацоўка праекта нацыянальнага Палажэння аб парадку перамяшчэння гісторыка-культурных каштоўнасцей праз мытную мяжу Рэспублікі Беларусь.
Міжнароднай прэміяй ЮНЕСКА ў галіне балета "Бенуа дэ ля данс" быў узнагароджаны дырэктар Дзяржаўнага Акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь вядомы харэограф В.Елізар’еў. У штаб-кватэры ЮНЕСКА адбыўся канцэрт лаўрэатаў прэміі, у якім прынялі ўдзел артысты беларускага балета.
Для падрыхтоўкі міжнароднага энцыклапедычна-даведачнага выдання "Жанчыны з легенды" быў падрыхтаваны інфармацыйны і ілюстрацыйны матэрыял па Ефрасінні Полацкай і Рагнедзе.
Беларусь з’яўлялася актыўнай удзельніцай мерапрыемстваў, праводзімых ААН у рамках дзесяцігоддзя развіцця культуры (1988—1997). Як краіна-ўдзельніца, яна атрымоўвала разнастайную дапамогу па падрыхтоўцы планаў захавання культурнай спадчыны ў межах праграмы "Развіццё культуры: спадчына і творчасць", правядзенню аднаўленчых работ і развіццю людскіх рэсурсаў, у падрыхтоўцы і павышэнні майстэрства творчых работнікаў, заахвочванні мастацкай адукацыі моладзі.
Па прапанове Міністэрства культуры РБ быў праведзены адбор кандыдатаў на ўдзел у конкурсе стыпендыятаў ЮНЕСКА ў розных галінах культуры і мастацтва. Міністэрствам былі падрыхтаваны для разгляду ў сакратарыяце ЮНЕСКА праекты па аднаўленню гістарычных і культурных помнікаў, якія адносяцца да нацыянальных каштоўнасцей Беларусі (сярод іх планы па рэстаўрацыі Нясвіжскага і Мірскага замкаў).
Нацыянальная бібліятэка Беларусі сумесна з Навуковым цэнтрам агульнаславянскіх даследаванняў (Масква), Інстытутам славяназнаўства ў балканістыкі (Масква), Беластоцкім навуковым таварыствам Польскай АН і Беларускім фондам культуры з’яўляецца асноўным выканаўцам праграмы "Гісторыя кніжнай культуры Падляшша", якая праводзіцца пад эгідай ЮНЕСКА ў рамках славянскага праекта. Праграма прадугледжвае даследаванне пісьмовай, кніжнай культуры Падляшша, якая ўяўляе сабою найбольш канцэнтраванае выражэнне галоўных рыс духоўных культур некалькіх славянскіх і неславянскіх народаў, звязаных з лёсамі гэтага края, перадусім беларусаў, палякаў, украінцаў, літоўцаў і рускіх. За 1991—1996 гг. выйшлі ў свет 5 выпускаў дапаможных інфармацыйна-бібліяграфічных матэрыялаў.
У 90-я гг. Рэспубліка Беларусь неаднаразова падавала ў ЮНЕСКА прапановы па разнастайным праектам у галіне культуры. Шмат якія з іх атрымалі фінансаванне з бюджэту Арганізацыі. Гэта дазволіла падрыхтаваць і выдаць лексічны атлас беларускіх дыялектных гаворак, правесці міжнародную навуковую канферэнцыю "Славянскія культуры пасля Другой сусветнай вайны", вывучыць традыцыйны беларускі касцюм і арнамент у Чарнобыльскай зоне, набыць рэстаўрацыйныя матэрыялы для работ у Мірскім замку, арганізаваць адраджэнне традыцыйных рамёстваў у этнаграфічным парку "Дудуткі", перанос запісаў аўтэнтычнага фальклору з магнітафонных стужак на лазерныя дыскі.
Стала традыцыяй правядзенне ў дні сесій Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА беларускай дэлегацыяй нацыянальных вечарын. У 1991 г. — з нагоды 100-годдзя з дня нараджэння М. Багдановіча, у 1993 г. — да 100-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага. У 1994 г. у штаб-кватэры ЮНЕСКА прайшлі Дні беларускай культуры, у 1996 г. — выстава "Традыцыйнае мастацтва Палесся" (да 10-годдзя Чарнобыльскай катастрофы).
Пастпрэдства Беларусі пры ЮНЕСКА перыядычна распаўсюджвала матэрыялы па культуры Беларусі, сярод якіх паведамленні па этнаграфіі, беларускай народнай музыцы, дзейнасці Саюза тэатральных дзеячаў. У выданнях ЮНЕСКА публікаваліся статыстычныя звесткі аб развіцці кінематаграфіі, тэлебачання, кнігавыдавецкай дзейнасці ў рэспубліцы.
У лістападзе 1992 г. быў створаны Беларускі нацыянальны цэнтр Міжнароднага інстытута тэатра (БНЦ МІТ) ЮНЕСКА. Мэтай Цэнтра з’яўляецца работа па некалькіх камітэтах: драматычных і музычных тэатраў, драматургіі, камунікацыі, тэатральнай адукацыі, культурнага самаразвіцця нацыі, сусветнай энцыклапедыі. Установа акумулюе інфармацыю пра фестывалі, конкурсы, семінары, канферэнцыі, навінкі драматургіі і тэатразнаўства. З самага пачатку свайго існавання Цэнтр адразу здолеў наладзіць кантакты з нацыянальнымі цэнтрамі розных краін. Ім арганізаваны ўдзел беларускіх мастакоў-сцэнографаў у міжнароднай выставе "Пражскае квадрыенале — 95". У выніку Зіновій Марголін атрымаў высокую ўзнагароду — "Срэбную трыгу". З удзелам і паводле ініцыятывы Нацыянальнага цэнтра МІТ у верасні 1995 г. з удзелам спецыялістаў з 15 краін свету адбыўся міжнародны сімпозіум "Тэатр канца ХХ стагоддзя. Пошук новых вымярэнняў". Беларускія тэатральныя дзеячы са спектаклямі і выступленнямі прынялі ўдзел у некалькіх міжнародных фестывалях і сімпозіумах. Цэнтр спрыяў пастаноўцы спектакля "Малышка Эліс" паводле п’есы Э. Олбі ў Маладзёжным тэатры11.
4.Камунікацыя, інфармацыя і інфарматыка
У рамках гэтай праграмы ЮНЕСКА вядзецца распрацоўка тэхнічных рэкамендацый па захаванню бібліятэчнай і архіўнай спадчыны ва ўсіх яе формах і па адпаведным механізмам абароны гэтай спадчыны і забеспячэнню доступу да яе. Дзейнасць у рамках праграмы праводзіцца ў цесным супрацоўніцтве з нацыянальнымі камісіямі і такімі прафесійнымі арганізацыямі, як Міжнародная федэрацыя бібліятэчных асацыяцый і ўстаноў (ІФЛА), Міжнародны архіўны савет (МАС), Міжнародная федэрацыя па інфармацыі і дакументацыі (МФД), Міжнародная федэрацыя тэлевізійных архіваў (МФТА) і Міжнародная асацыяцыя архіваў гуказапісу (МАЗА). У 1996 г. ЮНЕСКА задаволіла прапанаваны нашай краінай праект па доступу да інфармацыі з выкарыстаннем электронных сродкаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі (стварэнне электроннага каталога), у 1998—1999 гг. атрымаў фінансаванне наступны наш праект — стварэнне каталога CD-ROM для Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
На сутыку культуры, адукацыі і інфарматыкі была створана праграма ЮНЕСКА "Памяць свету" — Memoria mundi. Яна займаецца пытаннямі захавання, папулярызацыі і пераносу на электронныя носьбіты дакументальнай культурнай спадчыны. Нацыянальная бібліятэка Беларусі на вельмі высокім узроўні падрыхтавала матэрыял, у тым ліку і на электронных носьбітах, для ўключэння ў сусветны рэгістр па гэтай праграме. Якасць падрыхтоўкі была высока ацэнена ў Сакратарыяце ЮНЕСКА. Неабходна адзначыць, што членамі Нацыянальнай камісіі было ўтворана нефармальнае аб’яднанне па супрацоўніцтву ў рамках гэтай праграмы — Memoria Albaruthenica. Сама праграма і магчымасць дзеянняў у яе рамках неаднаразова абмяркоўваліся. Наступным этапам павінна стаць фармалізацыя гэтага аб’яднання і выпрацоўка тактыкі дзеянняў у галіне захавання, рэстаўрацыі, новых формаў трансляцыі, падрыхтоўкі спецыялістаў, папулярызацыі дакументальнай культурнай спадчыны. У верасні 1993 г. у Пултуске (Польшча) адбыліся рэгіянальныя кансультацыі па захаванню дакументальнай спадчыны ў краінах Усходняй і Цэнтральнай Еўропы.
У перыяд 1993—1997 гг. Беларусь з’яўлялася членам міжурадавага савета міжнароднай праграмы ЮНЕСКА па інфарматыцы, што дазволіла прыцягнуць увагу Арганізацыі да праблем, звязаных з укараненнем камп’ютэрнай тэхнікі ў адукацыі, стварэннем камп’ютэрных сетак унутры краіны, падключэннем да міжнародных сетак, браць удзел у стварэнні праекта Рэгіянальнай інфарматызаванай сеткі для краін Усходняй Еўропы. Найбольш буйны праект, распрацаваны Беларуссю і прафінансаваны ЮНЕСКА, — праект стварэння адзінай камп’ютэрнай сеткі, якая звязала 11 інстытутаў Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі. На 28-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА (кастрычнік 1995 г.) Беларусь была выбрана ў склад Міжурадавага савета праграмы развіцця камунікацыі, што дазволіла дзяржаве атрымаць больш шырокі доступ да міжнароднай экспертызы і міжнародных фондаў для развіцця камунікацыі ў Беларусі. Рэспубліка Беларусь уваходзіць у лік еўрапейскіх краін, якія прымаюць удзел у міжнародным праекце "СКАКСІС" па выкарыстанню тэлематыкі для навуковых даследаванняў.
У планах на будучае — праект па падачы выбраных твораў беларускай літаратуры праз Інтэрнет і праект "СТАКСІС", які быў распачаты ў межах Камісіі еўрапейскіх супольнасцей для сямі краін Усходняй Еўропы з мэтаю выкарыстання сродкаў тэлематыкі ў галінах адукацыі і навуковых даследаванняў.
5.ЮНЕСКА — Чарнобыль
Сярод разнастайных праграм ЮНЕСКА адной з самых важных для нашай дзяржавы з’яўлялася праграма "ЮНЕСКА — Чарнобыль" (1987—1997). Неабходна адзначыць, што ЮНЕСКА была першай міжнароднай арганізацыяй, якая пачала аказваць Беларусі канкрэтную дапамогу па пераадоленню наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Рэалізацыя разнастайных праектаў у межах праграмы дазволіла не толькі прыцягнуць увагу міжнароднай супольнасці да шматлікіх праблем, але і аказаць канкрэтную дапамогу ў іх вырашэнні. У выніку эфектыўнага супрацоўніцтва з Арганізацыяй у Беларусі былі ўведзены ў дзейнасць 3 цэнтры сацыяльна-псіхалагічнай рэабілітацыі для асобаў, якія пацярпелі ад катастрофы, і перасяленцаў. Экспертамі з ЮНЕСКА былі распрацаваны спецыяльныя праграмы для навучання школьнікаў у зоне забруджання, праграма захавання і дэзактывацыі дзяржаўных архіваў з пацярпелых раёнаў. Для сельскай гаспадаркі Беларусі практычнае значэнне маюць даныя аб прасоўванні радыяцыйных часцінак па тэрыторыі рэспублікі, адсочванне якіх праводзіцца ў рамках створанай Чарнобыльскай доследнай экалагічнай сеткі. За час існавання праграмы Беларусь атрымала ад ЮНЕСКА фінансавую і тэхнічную дапамогу на суму звыш 2 млн дол. ЗША, перадусім для забруджаных раёнаў.
Нягледзячы на тое, што ў 1997 г. Праграма "ЮНЕСКА — Чарнобыль" была закрыта, адпаведна рэзалюцыі Генеральнай канферэнцыі, у сектары навукі было створана спецыяльнае падраздзяленне па аказанню садзейнічання насельніцтву, якое пацярпела ад стыхійных бедстваў і тэхнагенных катастроф. Падраздзяленне займаецца абагульненнем вопыту, які атрыманы ў ходзе рэалізацыі праграмы "ЮНЕСКА — Чарнобыль", і яго распаўсюджаннем на іншыя рэгіёны свету.
6.Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА
Масавая падтрымка ЮНЕСКА у Беларусі адбываецца праз Беларускую асацыяцыю клубаў ЮНЕСКА (БелАЮ), заснаваную ў 1991 г. Гэтая грамадская арганізацыя ў 1999 г. налічвала звыш 10 тыс. чалавек і ахоплівала сваёй дзейнасцю 3 рэгіянальныя цэнтры, 52 клуба з ліку асацыяваных навучальных устаноў ЮНЕСКА, сярод якіх маладзёжныя і экалагічныя клубы, фальклорныя і тэатральныя групы, творчыя аб’яднанні. Сёння Асацыяцыя працуе па 14 праектам і праграмам, сярод якіх: "Універсітэты клубаў ЮНЕСКА", "Школа лідэра", "Школа маладога журналіста", "Адраджэнне" (прапаганда нацыянальных традыцый і культуры беларускага народа), "Лінгвапакс" (вывучэнне моваў народаў свету), "Лагер міру", "Правы дзіцяці", "Выхаванне ў духу міру". Толькі ў 1997 г. у Беларусі ў мерапрыемствах і акцыях асацыяцыі прынялі ўдзел звыш 36 тыс. чалавек.
БелАЮ падпісала дамовы аб прамым супрацоўніцтве з асацыяцыямі Балгарыі, Францыі, Іспаніі, што дазволіла арганізаваць больш шырокі культурны і прафесійны маладзёжны абмен, правесці міжнародныя канферэнцыі і семінары12.
З 1992 г. БелАЮ здзяйсняе праект па канфлікталогіі, выхаванню ў духу міру, у межах якога арганізаваны адукацыйныя, навукова-практычныя семінары, канферэнцыі, трэнінгі і практычныя заняткі для дзяцей і дарослых, аналіз, збор інфармацыі, стварэнне банка даных і распаўсюджанне інфармацыі, вядзецца распрацоўка і выданне практычных дапаможнікаў па канфлікталогіі. Праект рэалізуецца сумесна з партнёрамі з Вялікабрытаніі. Геаграфія семінараў па канфлікталогіі дастаткова шырокая — гэта гарады Мінск, Брэст, Гродна, Віцебск, Ліда, Кобрын, Маларыта, Слонім. З 1995 г. праходзяць штогадовыя канферэнцыі па выхаванню ў духу міру. Вопыт асацыяцыі ў гэтай галіне высока адзначаны ў г. Ліллехамеры (Нарвегія) у 1996 г. на Еўрапейскім кангрэсе па выхаванню ў духу міру, дзе БелАЮ была арганізавана рабочая секцыя. У верасні 1998 г. у Мінску прайшла міжнародная канферэнцыя па выхаванню ў духу міру, у якой прынялі ўдзел дэлегацыі з Вялікабрытаніі, Румыніі, Венгрыі, Расіі, Украіны і Беларусі. У межах праекта выдаюцца брашуры па канфлікталогіі: "Вырашэнне канфліктаў: гульні і практыкаванні", "Маладыя людзі кіруюць канфліктам", "Вырашэнне канфліктаў: трэнінгі".
У праграму універсітэтаў клубаў ЮНЕСКА таксама ўключана работа секцыі па выхаванню ў духу міру.
Праграма па правах дзіцяці ўключае ў сябе рэалізацыю праекта "Дзіцячая акадэмія", мэтамі якога з’яўляюцца павышэнне прававых ведаў вучняў у галіне правоў дзіцяці ў святле Сусветнай канвенцыі аб правах дзіцяці і Закона Рэспублікі Беларусь "Аб правах дзіцяці", распрацоўка метадычных рэкамендацый настаўнікам, педагогам школьных і пазашкольных устаноў, кіраўнікам дзіцячых і маладзёжных клубаў па выкладанню правоў дзіцяці. У ходзе праекта былі створаны 4 пілотныя класы ў 4 беларускіх школах, выдадзены 3 дапаможніка па навучанню правам дзіцяці для дзяцей трох узростаў (пачатковыя, сярэднія і старэйшыя класы). Таксама па выніках конкурсу малюнкаў і эсэ па правах дзіцяці выдадзены буклет "Я і мае правы", у якім размешчаны лепшыя работы, прысланыя на дадзены конкурс.
У межах адукацыйнага праекта ў галіне дзіцячай псіхалогіі з 1995 г. БелАЮ сумесна з псіхолагамі з Францыі пры садзейнічанні Нацыянальнага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі праводзяцца навукова-практычныя семінары па дзіцячай псіхалогіі і псіхааналізу. У верасні 1997 г. прайшоў семінар "Практычныя методыкі ў дзіцячай псіхалогіі. Вопыт французскіх псіхолагаў". Пры падтрымцы МЗС Францыі ў ліпені 1998 г. адбыўся другі семінар такой жа тэматыкі.
Вялікая ўвага Асацыяцыяй надаецца экалагічнай адукацыі. Рэгулярнымі сталі семінары сярод школьнікаў у рамках зімовых сустрэч і летніх універсітэтаў клубаў ЮНЕСКА. Для настаўнікаў і выкладчыкаў экалогіі і сумежных дысцыплін з 1996 г. сумесна з нарвежскай Асацыяцыяй садзейнічання ААН рэалізуецца праект па выкладанню пытанняў аховы навакольнага асяроддзя ў школе.
У 1999 г., пасля чатырохгадовага перапынку, Асацыяцыя аднавіла правядзенне маладзёжных валанцёрскіх лагераў, у якіх прымае ўдзел моладзь студэнцкага ўзросту. У ліпені 1999 г. у г. п. Мір прайшоў валанцёрскі лагер па рэстаўрацыі Мірскага замка і Італьянскага парку. У ліпені 2000 г. моладзь Беларусі праводзіла адзярноўку схілаў Навагрудскага замка. Праграмы абодвух лагераў уключалі ў сябе не толькі работу на аб’ектах замкаў, але і правядзенне адукацыйных праграм па менеджменту, канфлікталогіі, лідэрству і нацыянальнай культуры Беларусі. Па заканчэнні лагераў праводзіліся пленэры, на якіх удзельнікі прадстаўлялі свае творчыя работы (малюнкі, тэатральныя выступленні, канцэртную праграму).
З мэтай павышэння ўзроўню ведаў аб СНІДе і культуры сексуальных паводзін, распаўсюджання набытых ведаў сярод равеснікаў з верасня 1997 г. ажыццяўляецца праект "Школьнікі — школьнікам аб праблеме прафілактыкі СНІДа". Калі ў 1997—1998 навучальным годзе праектам былі ахоплены 5 мінскіх школ, то ў 1998—1999 — 30 школ сталіцы13.
7.Праблемы
Неабходна адзначыць між іншым і шэраг момантаў, якія не спрыялі больш цеснаму развіццю сувязей Рэспублікі Беларусь з ЮНЕСКА. Вельмі мала інфармацыі аб Беларусі паступала ў Арганізацыю, слаба выкарыстоўваліся публікацыі ЮНЕСКА для прапаганды іміджу Беларусі праз артыкулы аб навуцы, культуры, адукацыі ў нашай краіне. Не была выкарыстана магчымасць выдаць манаграфіі беларускіх аўтараў у выдавецтве ЮНЕСКА. З другога боку, у сродках масавай інфармацыі Беларусі было вельмі мала інфармацыі аб ЮНЕСКА.
Да 1994 г. Беларусь не выплачвала рэгулярны ўзнос у Фонд сусветнай спадчыны, таму не магла прэтэндаваць на выбранне ў члены Камітэта па культурнай спадчыне і атрымаць экспертную і матэрыяльную дапамогу з Фонду і з боку Камітэта.
У 1995 г. Беларусь узяла на сябе абавязак выплаціць назапашаную запазычанасць у рэгулярны бюджэт арганізацыі шасцю гадавымі выплатамі, адначасова выплачваючы ўзносы ў рэгулярны бюджэт ЮНЕСКА, і, як удзельніца Канвенцыі па ахове сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны, у Фонд культурнай спадчыны ЮНЕСКА.
Як адзначалася на пасяджэнні Камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА 5 лютага 1996 г., "Рэспубліка Беларусь, з’яўляючыся адным з найбольш значных плацельшчыкаў, і выплачваючы поўнасцю свой узнос, магла б разлічваць на атрыманне ад арганізацыі сродкаў, значна пераўзыходзячых суму яе ўзноса. Набыты вопыт самастойнага, па-за рамкамі СССР, удзелу ў арганізацыі і напрацаваны рэспублікай за гэты час аўтарытэт дазваляюць гаварыць аб гэтым з дадатковай доляю ўпэўненасці [...]. Беларусь заявіла сябе як краіна з высокім інтэлектуальным патэнцыялам, з багатымі нацыянальнымі традыцыямі і культурай, здольнай працаваць з міравым супольніцтвам на роўных і прапанаваць яму многія са сваіх дасягненняў"14.
Наша краіна ва ўмовах суверэнітэту здолела закласці і развіць асновы "беларускай школы" супрацоўніцтва з ЮНЕСКА. Беларусь атрымала магчымасць самастойна ўдзельнічаць у важнейшых міжнародных праграмах Арганізацыі, што паклала пачатак значнаму ўмацаванню прысутнасці краіны ў сусветнай культурнай прасторы, наладжванню разнастайнага супрацоўніцтва з развітымі краінамі ў межах шматбаковых адносін.
Арганізацыя пастаянна выдзяляла сродкі на фінансаванне разнастайных праектаў, падрыхтаваных беларускім бокам. Гэта дазволіла падтрымаць невытворчую сферу нашай краіны, якая знаходзілася ў неспрыяльных умовах цяжкага эканамічнага крызісу, у пэўнай ступені дапамагло пераадоленню наступстваў аварыі на ЧАЭС.
На ХХХ Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА, што адбылася восенню 1999 г., Беларусь была абрана ў Выканаўчы савет Арганізацыі. Дагэтуль наша краіна з‘яўлялася членам савета толькі адзін раз з 1989 па 1993 г. У той час (да 1992 г.) дзяржавы-члены былі прадстаўлены ў Выканаўчым савеце ў асабістай якасці. Членам савета быў выбраны акадэмік, прафесар А. Г. Лабанок. У апошні год нашага членства (1993) у выканаўчым савеце прадстаўніцтва было дзяржаўным, а не асабістым.
Як бачна, для Рэспублікі Беларусь супрацоўніцтва з ЮНЕСКА мае як практычнае, так і палітычнае значэнне. У палітычным плане ЮНЕСКА выступае ў ролі трыбуны для прапаганды дасягненняў беларускай навукі, культуры, адукацыі, такім чынам фарміруецца станоўчы імідж краіны на міжнароднай арэне. У практычным плане, ва ўмовах распрацоўкі нацыянальнай канцэпцыі развіцця культуры, правядзення рэформы сярэдняй і падрыхтоўкі рэформы вышэйшай адукацыі, здзяйснення мерапрыемстваў па захаванню навуковага патэнцыялу, супрацоўніцтва адкрывае перад установамі навукі, культуры і адукацыі нашай краіны магчымасці ўдзелу ў міжнародных інтэлектуальных абменах для далучэння да міжнароднага вопыту, інфармацыйных матэрыялаў, экспертнай, тэхнічнай і іншай дапамогі.
1 ЮНЕСКА заснавана ў лістападзе 1945 г. на адбыўшайся ў Лондане канферэнцыі прадстаўнікоў 44 краін. Статут Арганізацыі ўступіў у сілу год пазней, і 4 лістапада 1946 г. лічыцца днём стварэння ЮНЕСКА. Арганізацыя ў 2000 г. налічвала 188 краін. З ёю супрацоўнічалі каля 600 міжнародных неўрадавых арганізацый, практычна ўсе спецыялізаваныя ўстановы ААН.
2 Палажэнне аб Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА // Збор дэкрэтаў, указаў Прэзідэнта і пастаноў Урада Рэспублікі Беларусь. 1997. № 26-27.
3 Істомін А. Уклад ЮНЕСКА ў развіццё сферы адукацыі // Вышэйшая школа. 1998. № 3-4. С. 7.
4 Беларусь і ЮНЕСКА: змест супрацоўніцтва // Вестник Министерства иностранных дел. 1998. № 2. С. 55.
5 Там жа. С. 56.
6 Цякучы архіў МЗС. Матэрыялы Сакратарыята Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА. 1998.
7 Цякучы архіў МЗС. Матэрыялы Упраўлення гуманітарнага супрацоўніцтва. 1998. Спр. № 11—16. Арк. 85—86.
8 Там жа. Арк. 86.
9 Гоголева М. В ожидании высокого гостя // Веды. 1998. 28 жніўня. С. 2.
10 Цякучы архіў МЗС. Матэрыялы Сакратарыята Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА. 1998.
11 Міхальцова А. Называемся гучна. Робім... моўчкі // Літаратура і мастацтва. 1997. 10 студзеня. С. 2; Якімук У. Пышнага фуршэту не прадбачыцца? // Культура. 1998. 21—27 лютага. С. 2—3.
12 Далучэнне да ЮНЕСКА: Інтэрв’ю в. а. адказнага сакратара Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА Наталлі Жылевіч карэспандэнту часопіса “Спадчына” // Спадчына. 1994. № 3. С. 30—31; Шабалін А. Цэнтр Еўропы // Беларусь. 1996. № 9. С. 5; Бут-Гусаим И. Клубы ЮНЕСКО — за безопасный секс и возрождение белорусского языка // Белорусская деловая газета. 1999. 24 декабря. С. 7.
13 Каранкевич А. М., Чижденко О. Н. Белорусская ассоциация клубов ЮНЕСКО: проекты и программы // Праблемы выхавання. 1998. № 2. С. 7—12.
14 Рабочы фонд Сакратарыята Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА. Матэрыялы пасяджэння Камісіі 05.02.1996 г.