Белорусский журнал международного права и международных отношений 2002 — № 1


международные отношения

МІЖНАРОДНАЯ ПАЛІТЫЧНАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ ЛIГI НАЦЫЙ
(некаторыя аспекты айчыннай i замежнай гiстарыяграфiі, 1920—1990 гг.)

Людміла Дрожжа

Дрожжа Людмiла Чэславаўна — навуковы супрацоўнiк Аналiтычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

Першая сусветная вайна дала сур’ёзны iмпульс меркаванням аб неабходнасцi стварэння мiжнароднай арганiзацыi, здольнай рэалiзаваць мэты гуманiстаў аб збаўленнi чалавецтва ад жахаў ваенных катастроф. Таму невыпадкова на Парыжскай мiрнай канферэнцыi ў 1919 г. была створана Лiга Нацый — мiжнародная арганiзацыя, асноўнай мэтай якой стала захаванне мiру i забеспячэнне мiжнароднага супрацоўнiцтва.

Дзейнасцi Лiгi Нацый прысвечана шмат лiтаратуры, прычым ацэнка яе заходнiмi i савецкiмi даследчыкамi рэзка палярная. Амерыканскiя i англiйскiя палiтолагi лiчаць Лiгу прататыпам ААН i даюць ёй станоўчую ацэнку. Прафесар Калiфарнiйскага унiверсiтэта С. Гудспiд назваў Лiгу Нацый "рэвалюцыйным эксперыментам" i падкрэслiў яе "выключны ўклад у iдэю дзейнасцi мiжнародных арганiзацый". ААН прадоўжыла "эвалюцыйны працэс стварэння мiжнароднай арганiзацыi, прадстаўляючы сабой нешта наконт палепшанай Лiгi Нацый" [1, 25]. Яго меркаванне падтрымлiвае iншы амерыканскi прафесар Ф. Хартман, якi разглядае ААН у якасцi "прамой пераемніцы Лiгi Нацый" [2, 201]. Англiйскi гiсторык Г. Нiкалас лiчыць Устаў ААН "копiяй Статута Лiгi Нацый" [3, 14].

Савецкiя гiсторыкi даваеннага перыяду дзейнасць Лiгi Нацый ацэньвалі адназначна негатыўна. Такi падыход быў абумоўлены перш за ўсё выказваннямi У. I. Ленiна, якi ў 1921 г. у iнтэрв’ю карэспандэнту "Абсэрвер" i "Манчэсцер гардзiян" М. Фарбману назваў Лiгу Нацый "саюзам драпежнiкаў, кожны з якiх намерваецца выкрасці што-небудзь у iншага". Увогуле ацэнка Лiгi Ленiным была непасрэдна звязана з яго адносiнамi да Версальскай сiстэмы, "якая настолькi прасякнута ўся наскрозь адсутнасцю чаго-небудзь падобнага на рэальнае ўсталяванне раўнапраўя нацый, на рэальныя шансы мiрнага суiснавання памiж iх, што нашыя адмоўныя адносiны да Лiгi нацый зразумелыя i не патрабуюць далейшых каментарыяў" [4, Т. 41, 350, 425; Т. 45, 241].

Айчынныя гiсторыкi 1920—1930-х гг. старанна падтрымлiвалi гэтыя пастулаты бальшавіцкага правадыра. Б. Барэцкi ў кнiзе "Лига наций — орудие войны" сцвярджаў, што Лiга Нацый — "iнструмент вайны …які служыць выключна справе прыгняцення адных народаў iншымi", з’яўляецца "сродкам рабавання … вайны i разбою" [5, 4, 14, 49]. З пункту гледжання акадэміка Л. Iванова, Лiга Нацый "дастаткова выявiла сваю сутнасць у якасцi дапаможнага органа сусветнага iмперыялiзму i дыпламатычнай бiржы, пры дапамозе якой iмперыялiстычныя дзяржавы ажыццяўляюць свае пагадненнi i праводзяць свае махiнацыi" [6, 181]. Прыемнай нечаканасцю з папярэднiх меркаванняў з’яўляецца спроба аб’ектыўнай ацэнкi прычын няўдачы Лiгi Нацый, дадзеная А. М. Макаравым яшчэ ў 1922 г.: "Корань зла ў тым, што дагавор (Дэкларацыя аб стварэнні Лігі Нацый. — Заўвага аўт.) з’яўляецца састаўной часткай Версальскага дагавора. Нельга было стварыць моцную мiжнародную арганiзацыю, прызваную забяспечыць трывалы мiр ва ўсiм свеце тым жа дагаворам, якi распалiў да крайнасцi ўчарашнiх ворагаў" [7, 60]. Асноўным недахопам даследаванняў айчынных гісторыкаў даваеннага часу з’яўляецца ідэалагічная накіраванасць і адсутнасць спасылак на архіўныя матэрыялы Лігі Нацый, якія былі надрукаваны ў пасляваенныя гады.

Айчынныя даследчыкі даперабудоўчага часу і апошняга дзесяцігоддзя В. Афанасьева [8], Р. М. Ілюхіна [9], Г. І. Марозаў [10; 11], В. Я. Сіпалс [12; 13], А. С. Пратапопаў [14], А. С. Ходнеў [15] усебакова прааналізавалі дзейнасць Лігі Нацый і яе Статут у кантэксце параўнальнага аналізу з Уставам ААН. Адрозным у іх дзейнасці, на думку гісторыкаў, з’яўляецца тое, што Ліга была створана выключна як "інструмент антысавецкай палітыкі", а ААН зацвердзіла фактычную і юрыдычную роўнасць дзвюх існуючых сацыяльных сістэм: капіталістычнай і сацыялістычнай. Да таго ж мэты ААН, згодна з яе Уставам, больш усеахопныя і мэтанакіраваныя для існавання міжнароднай супольнасці ў добразычлівых адносінах, міры і бяспецы, "на падставе суверэннай роўнасці дзяржаў і павагі да правоў чалавека і асноўных свабод для ўсіх, без разлічча расы, пола, языка і рэлігіі" [Цыт па: 14, 82].

Пры аналізе Статута Лігі Нацый даследчыкі робяць акцэнт на артыкулы 8, 10—18, у якіх раглядаюцца спрэчныя палітычныя пытанні, якія фактычна маглі перарасці ў ваенныя канфлікты, міжнародна-прававыя інструменты іх прадухілення, а таксама эканамічныя і палітычныя санкцыі краін — удзельніц Лігі Нацый супраць агрэсіўных дзеянняў суб’ектаў міжнароднага права.

Вядомы расійскі прававед Р. М. Ілюхіна ў манаграфіі "Лига Наций. 1919—1934 гг.", выдадзенай у 1982 г., падкрэслівае, што артыкулы 12, 13, 15 Статута фактычна легалiзавалi зварот да вайны, прадугледжваючы толькi трохмесячную адтэрмiноўку ваенных дзеянняў у выпадку мiжнародных спрэчак. Гэтыя так званыя "трэшчыны Статута" абыходзілі маўчаннем само паняцце "вайна", не былі вызначаны паняцці "нападаючы бок", "агрэсар" ці "агрэсія" [9, 82]. Англiйскi палiтолаг Ф. Нортэдж не лiчыць гэтыя прабелы Статута Лiгi недахопам. Ён сцвярждае, што Лiга была задумана перш-наперш "як орган расследавання, якi павiнен быў умешвацца ў небяспечныя спрэчкi i вызначаць вiнаватасць таго цi iншага боку альбо бакоў" [16, 283]. Што датычыцца далейшых падзей, грамадскае меркаванне павiнна было заставiць вiнаваты бок выправiць спрэчныя пытаннi.

З папярэдняй ацэнкай Статута Лігі згаджаецца расійскі прававед Г. І. Марозаў у манаграфічным выданні "Международные организации. Некоторые вопросы теории" (1969). На яго думку, "Статут зрабiў значны крок наперад у параўнаннi з мiжнародным правам мiнулага, калі ваюючыя бакi мелі роўны прававы стан у любым узброеным канфлiкце цi вайне"[10, 25]. У артыкуле 16 Статута былі ўведзены адрозненні памiж "нападаючым бокам" (агрэсарам) i "ахвярай агрэсii" ў якасці асновы для прыняцця рашэнняў аб аказаннi апошняй дапамогi. Аднак, на жаль, прынцып аднагалосся ўсiх членаў Лiгi для вынясення палiтычных рашэнняў, якiя прымалi Савет i Агульны сход, пазбаўлялi магчымасцi прыняцця канкретных эфектыўных мер па прадухiленню агрэсii i захаванню мiру. Вядома, напрыклад, што некаторыя малыя дзяржавы пад уплывам вядучых дзяржаў зрывалi магчымасць правядзення эканамiчных санкцый супраць агрэсара. Як сцвярджае Г. Марозаў, "Ліга Нацый не толькі не перашкаджала гэтым агрэсіўным актам, але фактычна патурала ім, стаўшы на шлях ганебнага неўмяшання" [10, 23]. З ім згодны англiйскi даследчык Д. Боуэтт, які лiчыць, што мiратворчая дзейнасць Лiгi ў адносiнах да дзяржаў-агрэсараў (Германii, Iталii i Японii) не толькi з’яўляецца дарэмнай, але і патурае агрэсii. Ён адзначае: "Вайна, як iсная, не была пастаўлена супраць закона, для яе пачатку патрабавалася вычарпаць усе сродкi мiрнага ўрэгулявання, змешчаныя ў Статуце. У гэтым выпадку вайна лiчылася вайной супраць усiх членаў Лiгi Нацый" [17, 15].

Савецкія гісторыкі 1960—1980-х гг. даюць пазітыўную ацэнку першым міжнародным крокам савецкай дыпламатыі з трыбуны Лігі Нацый. Найбольш значнымі сярод іх з’явiліся: праграма ўсеагульнага i поўнага раззбраення, прапанова аб вызначэнні паняцця "агрэсiя", удзел у распрацоўцы праекта канвенцыi аб прапарцыянальным скарачэннi ўзбраенняў і канцэпцыі стварэння сiстэмы калектыўнай бяспекi ў Еўропе.

У пачатку 1930-х гг. адносiны да Лiгi Нацый кiруючага кола савецкай дзяржавы сталi больш лаяльнымi, бо СССР павiнен быў усталявацца на мiжнароднай арэне ў якасцi раўнапраўнага суб’екта мiжнародных адносiн. I. Сталiн у кастрычніку 1933 г. на пытанне амерыканскага журналiста В. Дюранцi на конт адмоўных адносiн СССР да Лiгi Нацый адказаў, што "Лiга можа стаць некаторым тормазам для таго, каб затрымаць узнiкненне ваенных дзеянняў цi перашкодзiць iм. Калi такiм будзе ход гiстарычных падзей, то не выключна, што мы падтрымаем Лiгу нацый, нягледзячы на яе каласальныя недахопы" [Цыт. па: 8, 23]. Імкнучыся да гэтай мэты, савецкае кiраўнiцтва дало згоду на ўступленне ў Лігу Нацый у вераснi 1934 г.

Айчынныя гiсторыкi дасканала і ўсебакова адлюстравалі мiжнародную мiратворчую дзейнасць Савецкага Саюза ў 1930-я гг., а таксама двухбаковыя палітычныя адносіны савецкага кіраўніцтва з вядучымі еўрапейскімі краінамі — членамі Лігі Нацый — Англіяй, Францыяй, Германіяй, Польшчай і інш. Найбольш цiкавымi, з пункту гледжання аўтара артыкула, з’яўляюцца працы В. Я. Сiпалса [13; 18; 19], З.С. Белавусавай [20], Ю. В. Барысава [21], В. К. Сабакiна [22], I. Ф. Максiмычава [23], I. Д. Аўсянага [24], У. I. Папова [25], В. А. Рыжыкава [26], Ф. Д. Волкава [27; 28], А. А. Міхуцінай [29], І.А. Пэтэрса [30], Л. М. Кутакова [31], А.А. Шэвякова [32] i iнш.

Савецкая дыпламатычная мiсiя за даволi кароткi тэрмiн iснавання ў Лiзе Нацый з 1934 па 1939 г., які айчынныя гісторыкі выдзяляюць у асобны перыяд дзейнасці Лігі, iмкнулася ўсімi магчымымi сродкамi скарыстаць трыбуну гэтай прадстаўнiчай мiжнароднай арганiзацыi для пераўтварэння яе ў сапраўдны iнструмент мiру. На жаль, як лічыць расійскі гісторык-міжнароднік У. І. Папоў, прадстаўнікі Англii i Францыi карысталіся найбольшым уплывам у Савеце Лігі, таму яны ўзялі ў свае рукi справу кантролю за ўзбраеннем краін — членаў Лігі. Іх "лагодныя" адносіны да даўзбраення патэнцыяльных агрэсараў "васi" негатыўна адбіліся на намаганнях міжнароднай супольнасці па падтрыманню бяспекi ў Еўропе і прадухіленню новай сусветнай вайны [25, 97].

Адным з накiрункаў мiжнароднай палітычнай дзейнасцi Лiгi была канцэпцыя стварэння сiстэмы калектыўнай бяспекi ў Еўропе, iнiцыiраваная пастаяннай Кансультатыўнай камiсiяй Лiгi ў 1923 г. пасля распрацоўкi праекта дагавора аб узаемнай дапамозе. У ім канстатавалася, што "агрэсiўная вайна з’яўляецца мiжнародным злачынствам" i краiны-дамоўцы абавязваюцца яго не здзяйсняць [33, 74]. Але ж гэтыя меры не мелi праваабязуючага характару для краiн-удзельнiц i не маглi аказаць уздзеяння на хаду падзей.

Асноўнымi правадырамi палітыкі калектыўнай бяспекi ў Лiзе Нацый (са студзеня 1934 г. да сакавіка 1936 г.) выступiлi Францыя i СССР. Гэты перыяд дзейнасцi Лiгi дастаткова прааналізаваны ў айчыннай і замежнай гiстарыяграфii 1960—1980-х гг. Сярод расійскіх навуковых даследаванняў неабходна адзначыць працы З. С. Белавусавай [34], У. А. Аляксандрава [35], У. Т. Фамiна [36], В. Б. Ушакова [37], У. Б. Княжынскага [38], I. К. Каблякова [39], Ю. М. Рахманiнава [40], Л. М. Кутакова [41], У.Л. Ісраэляна [42], М.І. Лебедзева [43], У. М. Хвастова [44], В. Г. Труханоўскага [45] i iнш. Сярод замежных выданняў патрабуюць заўвагі ўспаміны амерыканскіх, англійскіх, французскіх дыпламатаў Э. Болена [46], А. Роуза [47], М. Колінга [48], Ф. Уолтэрс [49], Ж. Табуі [50], манаграфіі гісторыкаў Ф. Шумана [51], У. Скота [52], Г. Кэнана [53; 54], І. Колвіна [55], Дж. Хэслама [56], А. Фурніа [57], М. Мурына [58], Д. Гэйяра [59], О. Хаузэра [60], Г. Нэйдхарта [61] і інш.

Асноўную ўвагу даследчыкі сканцэнтравалі на распрацоўцы канцэпцыі Усходняга пакта, якая давала магчымасць агульнымi намаганнямi вядучых дзяржаў Заходняй Еўропы Англii i Францыi, а таксама Чэхаславакii, Польшчы, СССР i прыбалтыйскiх краiн ажыццявiць дзейсную сiстэму мер супраць германскай экспансii. Да таго ж прынцып "калектыўнай бяспекi" быў новым словам у дыпламатычнай практыцы i новым сродкам забеспячэння мiру. Айчынныя гiсторыкi i палiтолагi лiчаць асноўным iнiцыятарам палiтыкi калектыўнай бяспекi СССР, перыядызацыю мерапрыемстваў сiстэмы калектыўнай бяспекi яны акрэслiваюць 1933—1938 гг. Замежныя даследчыкi ролю застрэльшчыка па падтрыманню мiру i бяспекi ў Еўропе адводзяць Францыi, асаблiва ў справе рэгiянальнага пагаднення аб узаемнай бяспецы перад нацысцкай агрэсiяй (Усходняга пакта), перыядызацыю абмяжоўваюць снежнем 1936 г., калi Саветам Лiгi па iспанскаму пытанню была прынята рэзалюцыя, у якой падкрэслiвалася, што "ўсякая дзяржава павiнна ўстрымлiвацца ад умяшання ва ўнутраныя справы iншай дзяржавы" [Цыт. па: 8, 33]. Больш таго, галоўнай мэтай брытанскай дыпламатыі ў гэты перыяд было стварэнне "пакта чатырох" — Англіі, Францыі, Германіі і Італіі. Амерыканскі гісторык А. Фурніа сцвярджае, што "Брытанія не толькі не хацела, каб Францыя была звязана дагаворам аб узаемнай дапамозе з Саветамі, але і супраціўлялася таму, каб Саветы былі звязаны з Захадам Статутам Лігі Нацый" [57, 121].

Айчынныя гісторыкі даюць негатыўную ацэнку "лаяльным" адносінам кіраўніцтва Лігі да ўсіх актаў агрэсіі, развязаных у 1935—1937 гг. Італіяй, Германіяй і Японiяй. Замест ўвядзення рэальнага механізму дзеяння артыкулаў 16 і 17 Стута Лігі аб эканамiчных і ваенных санкцыях супраць агрэсараў прадстаўнiкi Англii, Францыi i ЗША праводзілі палітыку "нейтралітэту", калі выконвалі ролю "пасіўнага назіральніка" за смяротнай схваткай краін "васі" са сваімі ахвярамі. Як сцвярджае А. С. Пратапопаў, палітыка "неўмяшання" перарасла ў палітыку "прамой змовы з агрэсарам, кульмінацыйным пунктам якой з’явіўся Мюнхен" [14, 54].

Увогуле англа-французская дыпламатыя i не збiралася на самой справе падтрымлiваць якiя-небудзь сур’ёзныя дакументы ў справе барацьбы за ўсеагульны мiр. Амерыканскі гісторык Ф. Шуман, вядомы даследчык знешняй палітыкі СССР 1920—1930-х гг., лічыць, што Англія і Францыя патуралi агрэсарам Германii i Японii, накiроўваючы iх захопнiцкую дзейнасць у бок СССР. Такiм чынам яны разлiчвалі пазбавіць чалавецтва ад бальшавізму і "нейтральна" назіраць, як "фашызм і камунізм будуць знішчаць адзін аднаго" [51, 282].

Значнае месца ў стварэннi сiстэмы калектыўнай бяспекi ў 1930-я гг. мела дыпламатычнае прызнанне СССР Злучанымi Штатамi Амерыкi ў 1933 г., якое было адной з умоў уступлення Савецкага Саюза ў Лiгу Нацый. Сур’ёзнаму аналiзу амерыканскай гiстарыяграфii 1960-х гг. знешняй палiтыкі Ф. Рузвельта прысвечаны артыкул Б. І. Марушкiна [62, 129—139]. Карыстаюцца попытам сярод прафесіяналаў манаграфіі ўкраінскага гісторыка Г. Цвяткова [63], расійскага навукоўца В. К. Фураева [64], амерыканскага прафесара Т. Мэдакса [65], прысвечаныя савецка-амерыканскім адносінам у перадваенныя гады.

Нягледзячы на палітыку ізаляцыянізму, якую праводзіла амерыканская адміністрацыя ў 1930-я гг., яе прадстаўнікі прымалі актыўны ўдзел у якасці назіральнікаў у Савеце і Сакратарыяце Лігі Нацый, Міжнароднай арганізацыі працы, Міжнародным судзе, Міжнародным камітэце па справах бежанцаў і інш. Гэтыя накірункі палітычнай і сацыяльна-эканамічнай дзейнасці ЗША ў Лізе Нацый знайшлі адлюстраванне ў працах амерыканскіх даследчыкаў Э. Рансхофэна-Вэртхаймэра [66], Дж. Бэраса [67], Дж. Джойса [68], Г. Кісінджэра [69; 70] і інш.

Апошні перыяд дзейнасці Лігі Нацый з 1939 па 1946 г. падрабязна разгледжаны ў артыкуле А. С. Ходнева "Закат Лиги Наций", надрукаваным у часопісе "Вопросы истории" ў 1993 г. [15, 170—174]. Аўтар канстатуе, што з пачаткам Другой сусветнай вайны Ліга, як міжнародная арганізацыя, створаная для захавання ўсеагульнага міру, перажывала глыбокі крызіс. Англія і Францыя сваёй палітыкай бясконцых уступак агрэсарам фактычна паралізавалі яе дзейнасць. Гублялася каштоўнасць прынцыпаў міжнароднага права, не выконваліся заключаныя дамоўленасці.

Апошнім грунтоўным пытаннем, якое ставілася на абмеркаванне з трыбуны Лігі Нацый, была савецка-фінская вайна 1939 г. Гісторык А. Ходнеў упершыню ў айчыннай гістарыяграфіі разглядае гэты ўзброены канфлікт не ў якасці ізаляванага, а як складаную частку Другой сусветнай вайны [15, 172]. Англійскі дыпламат і палітолаг Ф. Уолтэрс, амерыканскі даследчык Дж. Бэрас акцэнтуюць увагу "на крывадушнасці" сталінскай дыпламатыі ў вырашэнні спрэчных савецка-фінскіх прыгранічных пытанняў "агрэсіўнымі метадамі рускіх" [49, 796; 67, 199]. Безумоўна карыснай для прафесіяналаў будзе манаграфія гісторыка М. І. Семірагі "Тайны сталинской дипломатии. 1939—1941" (1992) [71]. У кнізе раскрываецца закулісная палітыка Сталіна, якая выявілася, на думку аўтара, у акце агрэсіі СССР супраць Фінляндыі. Аднак большасць айчынных гісторыкаў стаіць на пазіцыі апраўдання ўзброенага канфлікту паміж вялікай дзяржавай і малой, таму што ў дадзеным выпадку Савецкі Саюз павінен быў захаваць свой "міжнародны прэстыж". Акрамя таго, выключэнне СССР з членаў Лігі Нацый даследчыкі вобразна параўноўваюць з "апошнім дыханнем" гэтай прадстаўнічай міжнароднай арганізацыі. Гісторык У. І. Папоў падкрэслівае, што "тая самая Лiга Нацый, якая на працягу ўсёй сваёй гiсторыi вылучалася нежаданнем барацьбы супраць агрэсii за забеспячэнне мiру, за незалежнасць, суверэнiтэт i правы народаў, праявiла незвычайную рашучасць i кемлiвасць у адносінах да СССР" [25, 62—63].

Неабходна адзначыць, што сучасныя польскiя гiсторыкi дасканала прааналiзавалi дыпламатычную дзейнасць ІІ Рэчы Паспалiтай у Лiзе Нацый у якасцi суб’екта мiжнародных адносiн. Гiсторыкi М. Камiнскi i М. Захарыяс [72; 73], M. Вайцэхоўскi [74], Г. Батоўскi [75], Ю. Карскi [76], Ю. Красускi [77], П. Ласоўскi [78], М. Мрочка [79], П. Вечаркевiч [80], П. Зарэмба [81] лiчаць, што польскае кiраўнiцтва даволi стрымана i асцярожна адносiлася да канцэпцыi калектыўнай бяспекi, таму што асноўную ролю ў рэалiзацыi гэтай палiтыкi, а таксама кантролі над Германiяй узялi на сябе Англiя i Францыя, Польшчы там не было месца [72, 120]. Польскія даследчыкі станоўча ацэньваюць мiжнародную дзейнасць Лiгi Нацый у сацыяльна-эканамiчных i культурных напрамках, а таксама першых кроках у справе аховы правоў бежанцаў, жанчын, дзяцей.

Французская гiстарыяграфiя па дадзенай праблематыцы прадстаўлена даследаваннямi Парыжскага цэнтра па вывучэнню мiжнародных адносiн Нацыянальнага цэнтра навук пад кiраўнiцтвам прафесара Жана-Батыста Дзюразэля, вучня вядомага акадэмiка П’ера Рэнувэна. Фундаментальнае 8-томнае выданне пад рэдакцыяй П. Рэнувэна "Гiсторыя мiжнародных адносiн у ХХ ст." [82] i па сённяшнi дзень з’яўляецца ўзорам гiстарычнай энцыклапедыi па колькасцi скарыстаных крынiц i спецыяльнай лiтаратуры. Праца Ж.-Б. Дзюразэля "Гiсторыя дыпламатыi з 1919 г. да нашых дзён" [83] у асноўным абапiраецца на лекцыйны курс настаўнiка. Абодва аўтары шмат увагi ўдзяляюць мiжнародным адносiнам у 1930-я гг., палiтыцы мiжнароднай супольнасцi па стварэнню сiстэмы калектыўнай бяспекi перад пагрозай гiтлераўскай агрэсii, удзелу Францыi i СССР у распрацоўцы мерапрыемстваў у Лiзе Нацый па яе ўдасканаленню, у тым лiку праекта Усходняга пакта. П. Рэнувэн падкрэслiвае важнасць савецка-французскага супрацоўнiцтва для ўтаймавання гiтлераўскай экспансii i робiць акцэнт на "лагiчнасцi i неабходнасцi пагаднення дзвюх краiн" [82, T. 3, 81—82]. Ж.-Б. Дзюразэль лічыць, што палiтычнаму зблiжэнню памiж дзяржавамi шмат у чым садзейнiчала "шырокае мiрнае наступленне, якое з’явiлася лейтматывам рускай палiтыкі" ў перыяд перад падрыхтоўкай Усходняга пакта, а потым падпiсанне ў 1935 г. франка-савецкага дагавора аб супрацоўніцтве і ўзаемадапамозе тэрмінам на 10 гадоў [83, 183]. Адказнасць за тое, што гэты дакумент не стаў сродкам забеспячэння бяспекi ў Еўропе, па думку П. Рэнувэна, цалкам кладзецца на французскае кiруючае кола, асаблiва на мiнiстра замежных спраў Лаваля [82, T. 3, 83]. Прафесар Ж.-Б. Дзюразэль дае станоўчую ацэнку прапанове савецкай дыпламатыi наконт парушэння артыкула 16 Статута Лiгi Нацый. У гэтым выпадку дапамогу дзяржавам, пацярпеўшым ад агрэсii, неабходна аказваць адразу ж, не чакая рашэння Савета Лiгi [84, 448].

Асабліва цікавым для даследчыкаў з’яўляецца пункт гледжання на дзейнасць Лігі Нацый і яе Статут вядомага французскага теарэтыка ў галіне міжнароднага права прафесара права і эканомікі К.-А. Кальяра. У заходняй літаратуры шырока распаўсюджана меркаванне, згодна з якім ААН з’яўляецца прамой пераемніцай Лігі Нацый, а яе Статут — простым паўторам асноўных палажэнняў Статута Лігі. Кальяр ў кнізе "Международные организации и учреждения", выдадзенай у перакладзе на рускую мову ў 1972 г. [85; 86], падкрэслівае, што Статут ААН значна больш складаны дакумент і мае прынцыповае адрозненне ад Статута Лігі ў забароне пагрозы сілай, г.зн. забароне вайны, а не яе рэгламентацыі [86, 66]. Аўтар асабліва ўважліва разглядае метады арганізацыі Лігі Нацый як міжнароднай супольнасці. Ён падкрэслівае, што прыняцце рэзалюцый Саветам і Асамблеяй Лігі было падпарадкавана правілу аднагалоснасці, за выключэннем прымянення правіла прыняцця рашэння большасцю галасоў пры прыёме новых членаў Лігі (арт. 1, п. 2, Статута). Кальяр канстатуе, што пастановы Савета і Асамблеі Лігі насілі рэкамендацыйны (recommandations) характар, такім чынам яны не мелі неабходнасці ратыфікацыі [85, 262]. Прафесар Кальяр выказвае смутак на конт пазіцыі слабасці і бяссілля, занятай вядучымі дэмакратычнымі дзяржавамі ў адносінах да агрэсіўных дзеянняў фашысцкіх краін у 1930-я гг. Ён сцвярджае, што філасоўская ідэя аб стварэнні Лігі Нацый грунтавалася "на міфе аб арганізаванай міжнароднай супольнасці па падтрыманню міру і бяспекі"[85, 263].

У 1980—1990-я гг. расійскія гісторыкі і прававеды зацікавіліся такім напрамкам міжнароднай палітычнай дзейнасці Лiгі Нацый, як распрацоўка і ўсталяванне ў даваенны перыяд мiжнароднага iнстытута правоў бежанцаў. Грунтоўным даследаваннем па пытаннях мiжнароднага статусу бежанцаў з’яўляецца праца расiйскага прававеда У. П. Патапава, у якой таксама аналiзуецца дзейнасць Лiгi Нацый у гэтым напрамку [87].

Безумоўным укладам у вывучэнне гэтага пытання з’яўляецца артыкул Ю. Сарашэўскага "Роль Лиги Наций в формировании права беженцев", які быў надрукаваны ў Беларускім часопісе міжнароднага права і міжнародных адносін у 2000 г. [88, 33—36.]

Аўтар падрабязна аналізуе дзейнасць "нансэнаўскага камітэта", які існаваў з 1922 по 1938 г. Ю. Сарашэўскі канстатуе, што ўпершыню камітэтам было вызначана само паняцце "бежанец", акрамя таго "нансэнаўскi пашпарт" быў сапраўдны для вяртання ў краiну, якая яго выдала. Быў створаны агульны фонд дапамогi бежанцам, а дзяржавам, на терыторыю якiх прыбывалi бежанцы цi пакiдалi яе, прапанавалася зрабiць спецыяльныя ўзносы на пакрыццё выдаткаў на пераезд i рассяленне бежанцаў. На Жэнеўскай канферэнцыi 1928 г. былi распрацаваны тры пагадненні аб прававым статусе рускiх i армянскiх бежанцаў, а таксама функцыі прадстаўнiкоў Вярхоўнага камiсара Лiгi Нацый па справах бежанцаў.

Ю. Сарашэўскі лічыць Канвенцыю Лігі Нацый аб мiжнародным статусе бежанцаў, прынятую ў 1933 г., мадэлью будучых мiжнародных дакументаў адпаведнай накіраванасці. Яна аб’яднала папярэднiя дамоўленасцi 1922, 1924, 1926 i 1928 гг. i стала асноватворнай па такiх важных пытаннях, як асабiсты статус, занятасць, сацыяльныя правы i адукацыя бежанцаў. У адпаведнасцi з ёй абмяжоўвалася практыка высылкi бежанцаў, пастаянна пражываючых у краiнах, i забаранялася адмаўляць iм ва ўездзе ў сваю краiну (Гл.: Конвенция Лиги Наций о международном статусе беженцев от 28 октября 1933 г., ст. 3) [88, 35]. Апошняя перадваенная Канвенцыя 1938 г., як падкрэслівае Ю. Сарашэўскі, увяла ў міжнародную практыку тэрмін "палiтычны бежанец" і забяспечыла сацыяльна-прававы статус яўрэяў і iншых ахвяр тэрору з нацысцкай Германii ў краiне прыстанiшча (права на правасуб’ектнасць, працу, сацыяльную дапамогу i апеку, адукацыю i прафесiйную падрыхтоўку).

Увогуле прававеды У. П. Патапаў і Ю. Сарашэўскі даюць станоўчую ацэнку дзейнасці Лігі Нацый у галіне абароны правоў бежанцаў. Калі першы надае Лізе ролю першапраходца ў распрацоўцы прававога статусу бежанцаў, то другі лічыць яе Канвенцыі 1933 і 1938 гг. асноватворнымі для распрацоўкі сучасных міжнародных нарматыўных актаў па справах бежанцаў. Карыснай для даследчыкаў дадзенай праблематыкі з’яўляецца манаграфія амерыканскага гісторыка А. Грал-Мадсэна "Ліга Нацый і бежанцы" [89], выдадзеная ў Нью-Йорку ў 1983 г.

Падводзячы вынiк зробленага даследавання, неабходна заўважыць, што айчынныя даследчыкі, як савецкага часу, так i апошнiх дзесяцiгоддзяў, даюць негатыўную ацэнку "сумнай памяцi" Лiгi Нацый, дзейнасць якой, на думку Г. І. Марозава, "была першым, і прычым няўдалым, вопытам стварэння міжнароднай арганізацыі па падтрыманню міру і бяспекі" [10, 21]. Акрамя таго, палiтычныя рэзалюцыі Савета Лiгi не мелі праваабязуючай асновы і насілі дэкларатыўны характар. Выключэннем з’яўляецца даследаванне Р. М. Ілюхiнай, якая лiчыць, што "нельга адназначна ацэньваць дзейнасць Лігі Нацый". А яе Статут, "з пункту гледжання развiцця мiжнароднага права, быў пэўным крокам наперад" [9, 3, 85]. Р. Ілюхіна красамоўна сцвярджае, што Ліга Нацый з’явілася "першай міжнароднай універсальнай арганізацыяй, да гэтага невядомым феноменам гісторыі навейшага часу, па падтрыманню міру" [9, 3].

Замежныя даследчыкi, асаблiва англiйскiя, не акцэнтуюць увагу толькi на пралiках Лiгi ў палiтычнай дзейнасцi, а даюць пазiтыўную адзнаку яе мерапрыемствам у сацыяльна-эканамiчнай, мiжнародна-прававой, навуковай i культурнай галiнах. Нельга не пагадзiцца з меркаваннем аўтараў калектыўных прац, якiя выдадзены ў Англii, у тым, што, хаця "Лiга Нацый пацярпела няўдачу ў прадухiленнi вайны ў 1939 г., яе намаганнi ў галiне аховы здароўя, мiжнародным працоўным заканадаўстве, вырашэннi праблем бежанцаў i спробы мiжнароднага iнтэлектуальнага супрацоўнiцтва апынулiся недаацэненымi. Яны праклалi шлях iнтэнсiфiкацыi мiжнароднага ўзаемадзеяння ў гэтых галiнах" [90, 153; 91, 19].

Айчынныя і замежныя гісторыкі 1960—1980-х гг. станоўча ацэньваюць ролю савецкай дыпламатыі ў барацьбе за калектыўную бяспеку напярэдадні Другой сусветнай вайны. Аднак розным застаецца іх меркаванне наконт абарончых альбо агрэсіўных дзеянняў савецкага боку ў фінска-савецкай вайне 1939 г. і выключэнне СССР з Лігі Нацый. Дадзеная праблема не паўплывала адмоўна на агульную пазітыўную ацэнку замежнымі дзеячамі ўкладу сталінскай дыпламатыі ў міжнародна-прававую дзейнасць Лігі. Нават былы намеснік Генеральнага сакратара Лігі Нацый Ф. Уолтэрс у сваіх успамінах выказаў меркаванне, што "Савецкі Саюз увайшоў у гісторыю Лігі як найбольш паслядоўны абаронца ахвяр германскай, японскай і італьянскай агрэсіі і як лідэр тых сіл, што выступалі ў ёй за няўхільнае выкананне палажэнняў Статута Лігі" [49, 783].

Беларускія гісторыкі даволі сціпла закранаюць у сваіх даследаваннях пытанні міжнароднай палітычнай дзейнасці Лігі Нацый. Гісторык-міжнароднік, прафесар У. Е. Снапкоўскі лічыць, што Беларуская Народная Рада і Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка стаялі на супрацьлеглых пазіцыях у адносінах да Лігі Нацый. Першая разглядала яе як "аўтарытэтны і дзеяздольны міжнародны форум у справе прызнання БНР, абароны незалежнасці і непадзельнасці Беларусі. БССР, як і РСФСР, а потым СССР, разглядалі Лігу Нацый як адзін з цэнтраў антысавецкай імперыялістычнай інтэрвенцыі" [92, 133].

У артыкуле І. Коўкеля "Польска-літоўскі канфлікт і роля ў ім беларускіх палітычных партый і арганізацый (1920—1923 гг.)", змешчаным у матэрыялах міжнароднай навуковай канферэнцыі "Беларуска-польскае ўзаемадзеянне ў грамадска-палітычнай, культурнай і адукацыйнай сферах" [93, 259—269], закранута пытанне аб удзеле Лігі Нацый ў вырашэнні польска-літоўскага канфлікту наконт уключэння пасля Рыжскага міру ў склад Літвы не толькі Віленшчыны і Гродненшчыны, але і ўсёй Заходняй Беларусі [93, 264]. У сакавіку 1923 г. Савет Лігі Нацый зацвердзіў усходнія граніцы Польшчы, а на тэрыторыі Сярэдзіннай Літвы было створана Віленскае ваяводства [93, 268—269].

Спадзяемся, што беларускія навукоўцы ў будучым зацікавяцца вывучэннем міжнароднай дзейнасці Лігі Нацый.

Литература


Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter

Сообщество

  • (029) 3222740
  • Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
© 2025 Международное общественное объединение «Развитие». All Rights Reserved.