Белорусский журнал международного права и международных отношений 2002 — № 3
международные отношения
"ВІЛЕНСКАЕ ПЫТАННЕ" Ў МІЖНАРОДНЫХ АДНОСІНАХ 1918—1920 гг.
Ціхаміраў Аляксандр Валянцінавіч — в. а. загадчыка аддзела ўсеагульнай гісторыі новага і навейшага часу Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт
Заснаваная вялікім князем Гедымінам у 1324 г. Вільня на працягу некалькіх стагоддзяў была сталіцай Вялікага княства Літоўскага — дзяржавы, якая стала калыскай беларускага і літоўскага народаў. Пасля Люблінскай уніі 1569 г., калі Вялікае княства Літоўскае аб’ядналася з Польшчай у "дзяржаву двух народаў" — Рэч Паспалітую, — Вільня страціла статус сталіцы, але засталася буйным адміністрацыйным цэнтрам, вакол якога аб’ядноўваліся беларускія і літоўскія землі. Захавала яна гэты статус і пасля далучэння літоўскіх і беларускіх зямель да Расійскай імперыі ў канцы XVIII ст. У пачатку ХХ ст. Вільня стала не толькі духоўным і культурна-асветным, але і палітычным цэнтрам развіцця беларускага і літоўскага нацыянальнага руху. Першапачаткова літоўцы і беларусы выступалі разам і лічылі мэтазгодным цеснае аб’яднанне накшталт былога Вялікага княства Літоўскага з цэнтрам у Вільні.
У верасні 1915 г. ва ўмовах Першай сусветнай вайны Вільня была занята немцамі. Першапачаткова немцы разглядалі Вільню як польскі горад, але ў 1917 г. змянілі свой погляд на будучыню Вільні і Віленшчыны і вырашылі перадаць адпаведную тэрыторыю ў склад Літоўскай дзяржавы, плануючы выкарыстаць яе як буфер для прыкрыцця ўсходніх межаў рэйха ад магчымых атак з боку Расіі. Літоўцы былі цалкам задаволены такім рашэннем. 16 лютага 1918 г. літоўскі нацыянальны савет — Тарыба — абвясціў незалежнасць Літвы са сталіцай у Вільні.
Супраць літоўскай манаполіі на валоданне Вільняй выступілі беларускія дзеячы, якія разглядалі "горад Гедыміна" як галоўны гістарычна-культурны цэнтр усіх беларускіх зямель. У лютым 1918 г. Віленская беларуская рада заявіла, што Тарыба не можа выступаць на міжнароднай арэне ад імя былога Вялікага княства Літоўскага1. У ІІІ Устаўнай грамаце, выдадзенай Радай БНР у Мінску 25 сакавіка 1918 г., Віленшчына разглядалася як частка этнічна беларускіх зямель (беларускія дзеячы спасылаліся на вынікі ўсерасійскага перапісу насельніцтва 1897 г., калі значная частка насельніцтва Віленскай губерні была залічана да беларусаў на падставе моўных асаблівасцей края).
У лістападзе 1918 г. Германія і яе саюзнікі пацярпелі паражэнне ў Першай сусветнай вайне. Адной з найважнейшых з’яваў пасляваеннага ўладкавання Еўропы стала адраджэнне незалежнай Польскай дзяржавы. Яшчэ ў часы сусветнай вайны палякі разглядалі Вільню як сваеасаблівы сімвал "Польшчы Ягелонскай". Кіраўнік адроджанай Польшчы Ю. Пілсудскі называў Вільню "ключом да Літвы і Беларусі" (сам ён быў народжаны на Віленшчыне)2.
У снежні 1918 г. пасля вываду з Віленшчыны нямецкіх войск Вільня апынулася пад кантролем польскіх атрадаў "самааховы", але 5 студзеня 1919 г. палякі былі выбіты з горада Чырвонай арміяй. Са згоды немцаў польскія атрады ў студзені 1919 г. перадыслацыраваліся з Віленшчыны ў Заходнюю Беларусь. Аднак афіцыйны Берлін не прызнаваў правы палякаў на тэрыторыі, якія ён фармальна перадаў Літве ў часы сусветнай вайны3. Пэўную салідарнасць з немцамі выказвалі дыпламаты Вялікабрытаніі і ЗША. У мемарандуме МЗС Вялікабрытаніі ад 20 студзеня 1919 г. падкрэслівалася, што адроджаная Польшча павінна атрымаць толькі тыя тэрыторыі, дзе палякі складаюць большасць насельніцтва. Пры тым спецыяльна звярталася ўвага на тое, што Віленшчына павінна застацца па-за межамі Польскай дзяржавы4. У каментарыях Дзярждэпартамента ЗША да праграмы "14 пунктаў" прэзідэнта В. Вільсана, складзеных у кастрычніку 1918 г., гаварылася, што да Польшчы не будуць далучаны землі з пераважна непольскім (літоўскім ці ўкраінскім) насельніцтвам, а яе канчатковая ўсходняя мяжа вызначыцца толькі з улікам вынікаў непрадузятага перапісу насельніцтва5.
Нягледзячы на супраціўленне з боку вядучых дзяржаў Захаду і літоўцаў, палякі настойліва імкнуліся авалодаць Віленшчынай. У прыватнасці, польскі сейм 14 красавіка 1919 г. прыняў спецыяльную рэзалюцыю, дзе заклікаў урад сваёй краіны "вызваліць ад бальшавікоў і ўз’яднаць з Польшчай паўночна-ўсходнія землі са сталіцай у Вільні, прызнаўшы права пражываючых на іх народаў на самастойнае вызначэнне сваёй будучыні"6.
Кіраўніцтва Савецкай Расіі разглядала Вільню як літоўскі горад. Віленшчына засталася па-за межамі абвешчанай у студзені 1919 г. Савецкай Беларусі. Аднак у канцы студзеня 1919 г. ва ўмовах падрыхтоўкі да вайны з Польшчай ЦК РКП(б) вырашыў далучыць усходнія губерні Беларусі да РСФСР, а яе застаўшуюся частку "зліць" з Савецкай Літвой. Адпаведнае рашэнне было выканана ў лютым 1919 г., калі дзве савецкія рэспублікі аб’ядналіся, утварыўшы Літоўска-Беларускую ССР (Літбел). 27 лютага 1919 г. у Вільні адбылося сумеснае пасяджэнне ЦВК З’ездаў Саветаў Літвы і Беларусі, на якім былі праведзены выбары вышэйшых органаў улады і кіравання аб’яднанай рэспублікі — Прэзідыума ЦВК і СНК. Трэба заўважыць, што ўсе кандыдатуры на вышэйшыя дзяржаўныя пасады рэспублікі былі зацверджаны ЦК РКП(б)7.
Польскае кіраўніцтва адмовілася прызнаць Літоўска-Беларускую ССР. На перагаворах паміж прадстаўніком Польскай сацыялістычнай партыі А. Вянцкоўскім і наркомам па замежных справах РСФСР Г. В. Чычэрыным, якія праходзілі ў пачатку сакавіка 1919 г. у Маскве, польскія прадстаўнікі прапанавалі правесці на спрэчных тэрыторыях Літвы і Беларусі свабоднае галасаванне і вывесці адтуль усе замежныя войскі (у тым ліку і Чырвоную армію)8. Савецкія прадстаўнікі выказалі гатоўнасць дапамагчы ў правядзенні "ў адпаведных мясцовасцях галасавання працоўных пры ўмове вываду чужіх войск", але заўважылі, што пытанне неабходна ўзгадніць з урадам Літоўска-Беларускай ССР9.
Аднак польскія кіраўнікі разглядалі перагаворы з савецкім бокам толькі як сродак, які дазваляў ім лепш падрыхтавацца да ваеннай кампаніі. 3 красавіка 1919 г. камісія па замежных справах польскага сейма заявіла, што Польская рэспубліка не можа прызнаць Саветы прадстаўнікамі народа Літвы і Беларусі, бо яны былі навязаны народам бальшавіцкімі войскамі, "не менш захопніцкімі, чым войскі былога цара". Зыходзячы з гэтага, камісія прыняла рашэнне ігнараваць усе звароты Саветаў Літвы і Беларусі10.
16 красавіка 1919 г. польскія войскі пачалі наступаць на Вільню і 21 красавіка цалкам авалодалі горадам. Польская атака стала нечаканай не толькі для кіраўнікоў Літбела, але і для кіраўніцтва РСФСР. Толькі праз тыдзень урад РСФСР атрымаў дакладную інфармацыю аб падзеях у Вільні. 24 красавіка 1919 г. да кіраўнікоў Галоўнага штаба і Заходняга фронта была накіравана тэлеграма за подпісамі кіраўніка РКП(б) У. І. Леніна і намесніка старшыні РВС РСФСР Э. Склянскага з загадам "развіць максімальную хуткасць для вяртання ў самы кароткі тэрмін Вільні, каб не даць магчымасць белым падцягнуць сілы і замацавацца"11.
25 красавіка 1919 г. урад РСФСР спыніў перагаворы з А.Вянцкоўскім, абвінаваціўшы Польшчу ў "вераломным нападзе на сталіцу брацкай рэспублікі". У канцы красавіка 1919 г. савецкія войскі паспрабавалі вярнуць Вільню. Часці Чырвонай арміі (7-й Літоўскі і 146-й стралковыя палкі 17-й дывізіі) дасягнулі ўскраін горада, але з-за адсутнасці рэзерваў адбіць яго ў праціўніка не змаглі. У пачатку мая камандаванне Заходняга фронта афіцыйна прызнала немагчымасць вярнуць Вільню12.
Страта Вільні дэзарганізавала ўрадавы апарат Літбела. 28 красавіка 1919 г. улады Літоўска-Беларускай ССР афіцыйна абвясцілі аб пераносе цэнтра дзейнасці рэспублікі з Вільні ў Мінск (рэспубліканскія наркаматы Літбела былі аб’яднаны з мясцовымі губернскімі камісарыятамі).
Захоп палякамі Вільні выклікаў абурэнне не толькі ў кіраўнікоў РСФСР, але і ў кіраўнікоў Літвы. У сакавіку 1919 г. літоўцы нават планавалі захапіць Вільню пры дапамозе немцаў, аднак тыя адмовіліся адкрыта выступаць на баку Літвы13. На перагаворах з палякамі ў красавіку—чэрвені 1919 г. у Варшаве і Коўна (Каўнасе) літоўскі бок настойваў на неабходнасці прызнання Польшчай незалежнасці Літвы са сталіцай у Вільні, але палякі з гэтым не згаджаліся.
У пачатку 1919 г. літоўцаў падтрымлівалі прадстаўнікі БНР. У лістападзе 1918 г. паміж Віленскай беларускай радай і літоўцамі было заключана пагадненне, на падставе якога беларусы далі згоду на далучэнне Віленшчыны ў склад Літоўскай рэспублікі на правах аўтаноміі. У сваю чаргу, літоўскі ўрад абавязаўся прызначаць службовых асоб на гэтай тэрыторыі толькі са згоды ўрада БНР і забяспечыць неабходныя ўмовы для развіцця на Віленшчыне беларускай культуры і адукацыі14. У снежні 1918 г. органы БНР пакінулі Вільню, але кіраўніцтва БНР разглядала Віленшчыну як беларускую тэрыторыю і абвінавачвала палякаў у тым, што яны "сілай штыкоў сваіх заводзяць у акупіраваных Беларускіх землях польскае цывільнае упраўленьне"15.
Разам з тым супярэчнасці паміж літоўцамі і беларусамі адносна прыналежнасці Віленшчыны захоўваліся. У прыватнасці, старшыня ўрада БНР А. Луцкевіч у пачатку 1919 г. пазначыў у сваіх тайных запісах, што літоўцы толькі выкарыстоўваюць беларусаў для падмацавання сваіх памкненняў на Вільню і не збіраюцца аказваць ім рэальную і эфектыўную падтрымку16.
У маі—чэрвені 1919 г. па заданню А. Луцкевіча П. Крачэўскі правёў перагаворы з літоўцамі. Вынікі кансультацый паказалі, што літоўцы не жадаюць улічваць пазіцыю беларусаў у сваёй палітыцы. "Аб Вільні, што яна этнаграфічна належыць да Беларусі, і слухаць не хочуць, на супольную працу, каб зрабіць Вільню агульнай сталіцай, з сумесным соймам ня ідуць", — адзначаў П. Крачэўскі ў данясенні ўраду БНР17.
21 ліпеня 1919 г. літоўскі міністр замежных спраў у размове з П.Крачэўскім заявіў, што яго ўрад жадае падтрымліваць з Беларуссю "найпрыязнейшыя суседскія адносіны і гэтым пунктам погляду будзе кіравацца і ў адносінах да загранічнай палітыкі Беларускага Ураду"18. Аднак прадстаўнік БНР палічыў адказ фармальным і запатрабаваў ад міністра адказаць на канкрэтныя пытанні:
"1) чы запраўды Літоўскі Урад хочэ анэксіраваць Городзеншчыну і Віленшчыну, як спакон векоў беларускія землі;
2) якую рэальна, а не на словах Літоўскі Урад можэ даць гарантыю найпрыязнейшых добрасаседскіх адносін да Беларускай Рэспублікі і
3) калі такія адносіны магчымы, то ў якой форме — федэрацыі, конфідэрацыі, чы іншэй яны могуць выявіцца"19.
Па ўсёй верагоднасці, беларусы не атрымалі належнага адказу з літоўскага боку. У канцы жніўня 1919 г. урад БНР прыняў рашэнне ліквідаваць беларускія ўстановы пры літоўскім урадзе (у тым ліку Міністэрства па беларускіх справах) пры захаванні дыпламатычнага прадстаўніцтва БНР у Літве20.
Дзяржавы Антанты першапачаткова займалі ў адносінах да пытання прыналежнасці Вільні пазіцыю неўмяшальніцтва, але лічылі, што Польшча і Літва самастойна павінны пераадолець рознагалоссі і стварыць адзіны фронт барацьбы супраць бальшавізму. У пачатку чэрвеня 1919 г., пераканаўшыся ў тым, што Літва і Польшча не могуць пераадолець супярэчнасці, дзяржавы Захаду стварылі спецыяльную ваенную місію для вызначэння часовай дэмаркацыйнай лініі паміж літоўцамі і палякамі. 18 чэрвеня 1919 г. часовая дэмаркацыйная лінія паміж Літвой і Польшчай была вызначана. Планавалася, што яна пройдзе ад граніцы Усходняй Прусіі, паблізу населенага пункта Элка, на поўнач ад Аўгустава, праз Ратніцу, потым па Аўгустоўскім канале, пакідаючы лясную зону ў раёне Аўгустава, далей у 5 км на захад ад чыгункі Гродна — Вільня — Дзвінск, пакідаючы Вільню ў польскай зоне акупацыі21.
Вызначэнне дэмаркацыйнай лініі не палепшыла польска-літоўскія адносіны. 6 ліпеня 1919 г. польскія войскі занялі паўднёвыя раёны Літвы, з якіх былі выведзены нямецкія войскі (12 чэрвеня 1919 г. Вярхоўны савет Антанты прыняў рашэнне аб вывадзе нямецкіх войск з Прыбалтыкі), і рушылі ў напрамку Коўна.
26 ліпеня 1919 г. Вярхоўны савет Антанты па прапанове маршала Ф. Фоша вызначыў новую дэмаркацыйную лінію паміж Польшчай і Літвой. Планавалася, што яна пройдзе па тэрыторыі Паўночнай Сувальшчыны (тут яна прыкладна супадала з сучаснай польска-літоўскай граніцай), а потым павернецца на паўночны захад ад чыгункі Гродна — Вільня — Дзвінск на адлегласці ў 15—20 км ад яе22.
Першапачаткова Літва адмовілася прызнаць "лінію Фоша", абвінаваціўшы французаў у тым, што яны слухалі толькі палякаў23. Аднак у канцы ліпеня 1919 г. літоўцы далі згоду на прызнанне новай дэмаркацыйнай лініі, зафіксаваўшы гэта ў спецыяльным пагадненні з Польшчай24.
На чарговых перагаворах паміж палякамі і літоўцамі ў Коўна ў пачатку жніўня 1919 г. палякі прапанавалі літоўцам адмовіцца ад усялякіх дэмаркацыйных ліній, а потым зусім спынілі перагаворы, спаслаўшыся на адсутнасць неабходных паўнамоцтваў25. 11 жніўня Пілсудскі заявіў, што Польшча пакіне за сабой тэрыторыі, адарваныя ад Літвы26. Чарговы раунд перагавораў паміж палякамі і літоўцамі, які адбыўся ў снежні 1919 г. у Вільні, ніякіх вынікаў не прынес27.
Пакуль палякі вялі перагаворы з літоўцамі, свае памкненні на Віленшчыну сталі выказваць прадстаўнікі расійскага Белага руху. У кастрычніку 1919 г. члены дзянікінскай Рускай місіі ў Варшаве распаўсюдзілі заяву, дзе гаварылася: "Адразу ж пасля ўзяцця Дзянікіным Масквы камандаванню польскай арміі будзе прад’яўлена патрабаванне неадкладнага адводу войск да граніцы "Прывіслінскага края", паколькі пытанне аб усходніх межах будзе разглядаць Парыжская канферэнцыя пры нашым удзеле; аб гістарычных межах 1772 г. не можа ісці і гаворка"28.
Патрабаванні белых генералаў знаходзілі падтрымку ў дзяржаў Антанты. 2 снежня 1919 г. Вярхоўны савет Антанты зацвердзіў тэкст дэкларацыі аб часовай усходняй граніцы Польшчы. 8 снежня 1919 г. рашэнне Вярхоўнага савета Антанты было апублікавана ў друку. Дэкларацыя змяшчала падрабязнае апісанне лініі ўсходняй граніцы Польшчы. Лічылася, што на тэрыторыі Беларусі яна ў агульных рысах пройдзе па пунктах Гродна — Ялаўка — Няміраў — Брэст-Літоўскі29. Разам з тым у дакуменце падкрэслівалася, што вызначаная лінія ўсходняй граніцы Польшчы з’яўляецца часовай і ў далейшым можа падвяргацца перагляду пры ўмове дасягнення адпаведнай дамоўленасці паміж Польшчай і Расіяй30. Першапачаткова лінія, вызначаная дэкларацыяй ад 8 снежня 1919 г., атрымала назву "лінія Клемансо", бо менавіта кіраўнік французскага ўрада падпісаў рашэнне Вярхоўнага савета Антанты, але ў ліпені 1920 г., калі міністр замежных спраў Вялікабрытаніі Дж. Керзан прапанаваў яе ў якасці магчымай граніцы паміж Польшчай і Савецкай Расіяй, яна атрымала назву "лінія Керзана" і менавіта пад такой назвай увайшла ў гісторыю.
Рашэнне Вярхоўнага савета Антанты было з задавальненнем сустрэта прадстаўнікамі "белай" Расіі, якія адзначалі, што "лінія Клемансо" ў агульных рысах супадае з лініяй граніцы Расійскай імперыі часоў трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай, калі Расія "не набыла аніводнай пядзі польскай зямлі і задаволілася тым, што вярнула сябе адвечна рускія землі, якія былі адваяваны Літвой і разам з ёй паглынуты польскай каронай і часткова, у нязначнай меры, заселены польскімі выхадцамі"31. У сваю чаргу, польскае кіраўніцтва выказала пратэст супраць рашэння дзяржаў Антанты, а пазней прыняла рашэнне лічыць пастанову Вярхоўнага савета Антанты ад 8 снежня 1919 г. "фармальнасцю" і працягваць ранейшую лінію сваёй "усходняй палітыкі", не звяртаючы ўвагі на пратэсты расійскіх антысавецкіх сіл і Антанты.
Ва ўмовах поспехаў "белых" генералаў польскае кіраўніцтва стала шукаць паразумення з бальшавікамі. На тайных перагаворах паміж прадстаўнікамі Польшчы і РСФСР, якія праходзілі ў ліпені 1919 г. у Белавежы (суч. Усходняя Польшча) і ў кастрычніку—лістападзе 1919 г. у Мікашэвічах (у Мінскай губерні), прадстаўнікі РСФСР выказвалі гатоўнасць прызнаць тэрытарыяльныя заваёвы палякаў пры ўмове вызначэння дзяржаўнай прыналежнасці спрэчных тэрыторый шляхам усенароднага апытання іх насельніцтва. У дачыненні да прызнання граніц перагаворы завяршыліся беспаспяхова, але іх галоўным вынікам стала прыпыненне наступлення польскіх войск на Усходнім фронце, што дазволіла савецкаму камандаванню сканцэнтраваць намаганні на барацьбе супраць "белых" генералаў і перамагчы іх. Пераканаўшыся ў тым, што расійскі Белы рух больш не пагражае Польшчы, Пілсудскі загадаў спыніць перагаворы с прадстаўнікамі РСФСР.
Восенню 1919 г. палякі паспрабавалі падмацаваць свае тэрытарыяльныя набыткі на ўсходзе шляхам дамоўленасці з кіраўнікамі БНР. Крокі насустрач беларусам былі зроблены яшчэ вясной 1919 г. 22 красавіка 1919 г. падчас знаходжання ў Вільні Пілсудскі выдаў дэкларацыю "Да жыхароў былога Вялікага Княства Літоўскага". У дэкларацыі ён запэўніваў беларусаў і літоўцаў у тым, што польскія войскі прыйшлі на іх землі толькі з мэтаю вызвалення ад бальшавізму і ў далейшым вызваленыя народы атрымаюць магчымасць "без ніякага гвалту ці націску з боку Польшчы вырашаць свае ўнутраныя нацыянальныя і рэлігійныя справы"32. У тым жа звароце польскі лідэр паабяцаў стварыць грамадзянскі ўрад для зямель Беларусі і Літвы33.
21 чэрвеня 1919 г. Пілсудскі прыняў у Варшаве дэлегацыю Цэнтральнай Беларускай Рады Віленшчыны і Гродзеншчыны на чале з Б. Тарашкевічам (у склад дэлегацыі ўваходзілі Аляксюк, Кахановіч, Кушнеў). У размове ён падкрэсліў, што курс, абвешчаны ў дэкларацыі ад 22 красавіка 1919 г., будзе працягвацца, нягледзячы на пэўныя разыходжанні з сеймам34. У верасні — кастрычніку 1919 г. Начальнік Польскай дзяржавы меў некалькі сустрэч у Варшаве з А. Луцкевічам, дзе абмяркоўваліся пытанні стварэння беларуска-польскай федэрацыі. У канцы кастрычніка 1919 г. у інтэрв’ю газеце "Кур’ер Польскі" кіраўнік урада БНР заявіў, што заходняя граніца Беларусі, якая будзе існаваць як самастойная дзяржава ў саюзе з Польшчай, вызначыцца спецыяльным пагадненнем паміж Беларуссю і Польшчай, а ўсходняя пройдзе па лініі 1772 г. з далучэннем да Беларусі Смаленска35.
Аднак польскае кіраўніцтва не жадала адмовіцца ад Віленшчыны на карысць беларусаў, разглядаючы яе як польскую тэрыторыю. Сам Пілсудскі ў размове з Ю. Асмалоўскім у верасні 1919 г. падкрэсліў: "Вільня ёсць і мусіць застацца ў сваім характары асяродкам польскасці на ўсходніх землях. Менск павінен стаць асяродкам беларускіх земляў..."36
Нежаданне польскіх палітыкаў улічыць асобыя нацыянальныя інтарэсы беларусаў справакавала падзел Рады БНР у снежні 1919 г. У 1920 г. палякі ігнаравалі ўсе звароты дзеячаў БНР, дзе выказваліся патрабаванні прызнаць незалежнасць Беларускай дзяржавы ў этнаграфічных межах рассялення беларускага насельніцтва.
7 мая 1920 г. у Маскве пачаліся мірныя перагаворы паміж РСФСР і Літвой. На перагаворах літоўцы патрабавалі ад савецкай дэлегацыі прызнаць незалежнасць Літвы ў яе этнаграфічных межах са сталіцай у Вільні. Савецкая дэлегацыя пагаджалася з неабходнасцю далучэння да Літвы Вільні і Віленскай вобласці, разглядаючы Вільню як "гістарычную сталіцу" Літвы, але лічыла літоўскія тэрытарыяльныя патрабаванні празмернымі. 15 мая 1920 г. літоўцам была прадэманстравана этнаграфічная карта, дзе літоўскімі былі абазначаны толькі землі Сувалкаўскай, Ковенскай і заходняй часткі Віленскай губерні (без Вільні). Дэлегацыя РСФСР лічыла, што літоўская граніца павінна прайсці ад возера Дрысвяты да Пастаў, далей да ракі Вілія, потым да Ашмян і далей, праз Дзевянішкі і Дубічы, да чыгункі Гродна — Вільня37. Аднак літоўцы працягвалі настойваць на выкананні сваіх патрабаванняў і нават адмовіліся стварыць змешаную камісію для разгляду пытання аб граніцах (адпаведная прапанова была зроблена дэлегацыяй РСФСР 21 мая 1920 г.)38.
У ліпені 1920 г. кіраўніцтва РСФСР вырашыла паскорыць ход мірных перагавораў з Літвой, даўшы згоду на максімальнае задавальненне тэрытарыяльных патрабаванняў літоўцаў39. Літоўцы прынялі прапанову, бо асцерагаліся, што ў выпадку магчымага працягу наступлення савецкіх войск у Вільні будзе зноў створаны савецкі ўрад. Да таго ж палякі катэгарычна адмаўляліся прызнаць правы літоўцаў на Вільню і не прапусцілі ў горад літоўскія войскі.
12 ліпеня 1920 г. РСФСР і Літва падпісалі ў Маскве мірны дагавор. Ён прадугледжваў безагаворачнае прызнанне самастойнасці і незалежнасці Літвы з боку РСФСР, урэгуляванне маёмасных, фінансавых і эканамічных пытанняў паміж падпісаўшымі яго дзяржавамі. Паводле артыкула II дагавора ў склад Літвы перадаваліся Віленшчына і частка Гродзенскай губерні40.
Да мірнага дагавора дадавалася асобная дэкларацыя, паводле якой Літва пагаджалася не разглядаць праход савецкіх войск па тэрыторыях, якія адыходзілі да яе, як варожы акт пры ўмове іх вываду ў далейшым41. Кіраўніцтва РСФСР нават прапанавала літоўцам самім вызваліць Вільню ад палякаў, але тыя адмовіліся42. 14 ліпеня 1920 г. Вільня была занята Чырвонай арміяй.
6 жніўня 1920 г. прадстаўнікі галоўнага камандавання Чырвонай арміі заключылі пагадненне з ваенным камандаваннем Літвы адносна передачы Вільні пад літоўскі кантроль, вызначыўшы дакладныя тэрміны і парадак вываду савецкіх войск з Віленшчыны. 27 жніўня 1920 г. літоўскія войскі ўступілі ў Вільню. 28 жніўня Літва афіцыйна абвясціла аб намеры захаваць нейтралітэт у польска-савецкім канфлікце.
Маскоўскі мірны дагавор 1920 г. палепшыў міжнароднае становішча Літвы, бо не толькі юрыдычна замацаваў факт аддзялення яе ад Расіі (хаця б і Савецкай), але і стварыў юрыдычную аснову для яе прэтэнзій на Вільню і частку беларускіх зямель. Аднак напружанасць у савецка-літоўскіх адносінах захоўвалася. Дамоўленасці з Літвой былі непрыхільна ўспрыняты кіраўнікамі Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Літвы і Беларусі, якія нават у ліпені 1920 г. планавалі аднавіць у Літве савецкую ўладу43. У канцы жніўня 1920 г. камуністы пачалі падрыхтоўку ўзброенага паўстання ў Літве і звярнуліся за дапамогай да кіраўніцтва РСФСР, аднак У. І. Ленін палічыў такое выступленне ва ўмовах паражэння савецкіх войск пад Варшавай будзе несвоечасовым і параіў літоўскім камуністам працягваць работу больш "асцярожна і сістэматычна"44.
Супраць Маскоўскага дагавора 1920 г. выступілі дзеячы БНР. Так, газета "Беларусь", якая выдавалася ў Мінску, у нумары за 16 чэрвеня 1920 г. пісала: "Беларускi народ нiколi не згадзiцца i не дазволiць, каб дзевяць дзясятых тарыбаўскай дзяржавы складалася з беларускiх зямель, каб Вiльня — наш культурны цэнтр, ваколiцы якога заселены толькi беларусамi, зрабiлася сталiцай чужой дзяржавы. Беларускаму народу застаецца толькi рабiць сваю справу: будаваць Беларуска-Лiтоўскую рэспублiку са сталiцай у Вiльнi. Няхай iснуюць пакуль што адначасна дзве Лiтвы. Гэта нас не павiнна пужаць. Мы ўпэўнены, што здаровыя i дзяржаўна разважаючыя элементы лiтоўскага народа будуць з намi. Бо яны зразумеюць, да чаго давядзе палiтыка тарыбаўцаў"45.
22 ліпеня 1920 г. В.Ластоўскі — кіраўнік урада, сфарміраванага ў снежні 1919 г. Народнай радай БНР, накіраваў зварот да ўрадаў РСФСР, Літвы, Мірнай канферэнцыі ў Парыжы, да ўсіх дзяржаў і культурных народаў свету. У звароце адзначалася, што савецка-літоўскі мірны дагавор парушае "самым грубым чынам нацыянальныя, культурна-эканамічныя і суверэнныя правы беларускага народа", паколькі заключаны коштам гістарычных і этнаграфічных беларускіх зямель. Зыходзячы з гэтага, урад БНР звяртаў увагу на тое, што ён не прызнае умоў дагавора ў частцы, што закранае Беларусь, і будзе змагацца супраць яго "ўсімі даступнымі яму сродкамі". Складальнікі дакумента патрабавалі перагледзець умовы дагавора з улікам факта волевыяўлення беларускага народа, які выказаў жаданне стварыць суверэнную і незалежную беларускую дзяржаву в этнаграфічных межах. Супярэчнасці паміж Беларуссю і Літвой яны прапаноўвалі вырашаць шляхам правядзення плебісцыту ў спрэчных раёнах46.
Катэгарычна адвергла савецка-літоўскі мірны дагавор Польшча. 5 жніўня 1920 г. польскае Міністэрства замежных спраў заявіла, што не прызнае расійска-літоўскі дагавор і будзе вырашаць спрэчныя пытанні з Літвой шляхам двухбаковых перагавораў47. 27 жніўня 1920 г. польскі Савет абароны дзяржавы вырашыў заняць тэрыторыі, якія фармальна адыходзілі да Літвы. У інструкцыі для польскіх дыпламатаў, якая была складзена польскім МЗС 10 верасня 1920 г., звярталася ўвага на тое, што Польшча імкнецца вырашыць спрэчку з Літвой мірным шляхам і разлічвае, што праблему Вільні можна будзе ўрэгуляваць без узброенага захопу горада, але ў выпадку супраціўлення з боку літоўцаў яна будзе дзейнічаць рашуча. Таксама ў інструкцыі падкрэслівалася, што польскі ўрад лічыць нейтралітэт Літвы несапраўдным і не будзе ўлічваць яго пры вядзенні кампаніі на ўсходзе48. У верасні 1920 г. паміж польскімі і літоўскімі войскамі пачаліся ўзброеныя сутыкненні.
Дзеянні палякаў выклікалі незадаволенасць кіраўнікоў вядучых дзяржаў Захаду, якія фармальна не прызнавалі Маскоўскі дагавор 1920 г., але фактычна ўлічвалі яго палажэнні ў сваёй палітыцы. Так, на канферэнцыі ў Спа ў ліпені 1920 г. прадстаўнікі Антанты патрабавалі ад Польшчы прызнаць факт уключэння Вільні ў склад Літвы49. 13 верасня 1920 г. парламент Францыі заклікаў Польшчу і Літву як мага хутчэй урэгуляваць узаемаадносіны50. Яшчэ больш жорсткай была рэакцыя Вялікабрытаніі, якая пагражала адклікаць з Польшчы свайго пасла ў выпадку, калі польскія войскі зноў трапяць у Вільню51.
20 верасня 1920 г. Савет Лігі Нацый прыняў рэзалюцыю, у якой падкрэсліў, што Вільня павінна належаць Літве, а землі на ўсход ад яе — перайсці пад кантроль Лігі Нацый. Для рэалізацыі рэкамендацый Лігі Нацый была створана спецыяльная назіральная камісія, часткай якой з’яўлялася ваенная місія пад кіраўніцтвам палкоўніка Шардзін’і. Рэзалюцыя Лігі Нацый была падтрымана літоўцамі. Польскія дыпламаты першапачаткова адмовіліся прызнаць рашэнне Лігі Нацый, але пазней польскі ўрад усё ж быў вымушаны прыняць умовы дзяржаў Антанты.
30 верасня 1920 г. пры пасрэдніцтве місіі Шардзін’і у Сувалках пачаліся польска-літоўскія перагаворы. 7 кастрычніка 1920 г. Польшча і Літва падпісалі пагадненне аб устанаўленні часовай дэмаркацыйнай лініі і спыненні з 10 кастрычніка 1920 г. баявых дзеянняў52. Сувалкаўскае пагадненне было спрыяльным для Польшчы, але яго ўмовы прадугледжвалі неабходнасць перадачы Вільні ў склад Літвы53.
29 верасня 1920 г. Пілсудскі паклікаў да сябе ў штаб-кватэру генерала Л. Жалігоўскага, ураджэнца Ашмянаў. Падчас размовы з генералам ён сказаў: "Калі цяпер мы не здабудзем Вільні, гісторыя нам не даруе. І не толькі Вільні. Мусім адбудаваць Літву. Зрабіць гэта можа толькі само насельніцтва — яе сыны з Літоўска-Беларускай дывізіі. Трэба, каб хтосьці ўзяў на сябе гэтую справу". Зыходзячы з гэтага, Пілсудскі прапанаваў генералу ўзначаліць войскі, якія ўступяць у Вільню, падкрэсліўшы, што акцыя запатрабуе настойлівасці і адвагі, бо супраць яе будуць настроены не толькі краіны Антанты, але нават грамадскасць Польшчы. Таксама ён папярэдзіў Жалігоўскага, што будзе вымушаны выступіць супраць дадзенай акцыі, але генерал не павінен "здавацца"54. Жалігоўскі пагадзіўся з прапановай Пілсудскага і пачаў падрыхтоўку да "бунту".
7 кастрычніка 1920 г. Жалігоўскі на нарадзе афіцэраў заявіў, што ён мае намер накіраваць Літоўска-Беларускую дывізію і іншыя вайсковыя адзінкі, якія знаходзяцца ў яго падпарадкаванні, на Вільню і таму спыняе кантакты з галоўным камандаваннем польскай арміі55. Словы генерала былі нечаканасцю для афіцэрскага корпуса. Некаторыя з прысутных выказалі нязгоду з такім рашэннем. Так, генерал Жандоўскі сказаў: "Трыццаць гадоў служу, а цяпер маю бунтавацца. Ня маю нічога супольнага з Вільняй, я паходжу з Кангрэсоўкі (г. зн. з былога Каралеўства Польскага. — А. Ц.)"56. Аднак большасць прысутных падтрымала Жалігоўскага.
8 кастрычніка 1920 г. аператыўная група "Беняконі" заявіла аб выхадзе з падпарадкавання вярхоўнаму польскаму галоўнакамандаванню і рушыла на тэрыторыю Літвы. У загадзе, які быў выдадзены Жалігоўскім, гаварылася аб тым, што Антанта жадае перадаць літоўцам Гродзенскую і Лідскую землі, а таксама і Вільню, якія былі здаўна землямі польскімі. У сувязі з гэтым генерал заклікаў сваіх вайскоўцаў са зброяй у руках вызваліць землі, занятыя літоўцамі, каб потым склікаць Устаноўчы сойм у Вільні, які канчаткова вырашыць лёс спрэчных тэрыторый57. 9 кастрычніка атрады Жалігоўскага занялі Вільню. Пасля невялікіх сутычак літоўскія войскі пакінулі горад, перадаўшы ўладу ў ім прадстаўнікам Антанты58. Увечары 9 кастрычніка Жалігоўскі сустрэўся з прадстаўнікамі Антанты ў Вільні. На запытанне шэфа брытанскай місіі палкоўніка Ворда, на якой падставе польскія войскі знаходзяцца ў горадзе, генерал адказаў, што прыйшоў сюды з мэтай даць магчымасць мясцоваму насельніцтву рэальна вырашыць свой лёс. Размова паміж Жалігоўскім і прадстаўнікамі Антанты завяршылася тым, што мяцежны генерал загадаў місіі Антанты пакінуць Вільню да дванаццатай гадзіны наступнага дня59.
Падштурхоўваючы Жалігоўскага да "мяцежу", Пілсудскі разлічваў на магчымасць дасягнення дамоўленасці з літоўцамі і беларусамі. Па дамоўленасці з Пілсудскім Жалігоўскі абвясціў аб стварэнні незалежнай дзяржавы пад назвай Сярэдняя Літва ў межах Віленскага, Трокскага, Свенцянскага, Лідскага, Ашмянскага і Браслаўскага паветаў (агульная плошча народжанай "дзяржавы" складала 13,5 тыс. кв. км, колькасць насельніцтва, якое пражывала на яе тэрыторыі, — каля 500 тыс. чалавек)60. Застаючыся фармальным кіраўніком новай "дзяржавы", ён стварыў 12 кастрычніка 1920 г. у Вільні Часовую камісію на чале з А. Абрамовічам, якая адыгрывала ролю часовага ўрада Сярэдняй Літвы (між іншым менавіта Часовая камісія прапанавала зрабіць назву "Сярэдняя Літва" афіцыйнай назвай новага дзяржаўнага ўтварэння61).
Пасля стварэння Сярэдняй Літвы Жалігоўскі звярнуўся да польскага кіраўніцтва з просьбай прызнаць яе незалежнасць. Таксама ён прапанаваў ураду Літвы ў Коўна і прадстаўнікам беларускіх арганізацый накіраваць сваіх людзей у Вільню для ўдзелу ў Часовай камісіі. Аднак літоўцы выказалі згоду на ўваходжанне ў склад урада Сярэдняй Літвы толькі пры ўмове роўнага прадстаўніцтва ў ім розных этнічных груп (апрача яўрэяў) і пасля таго, як палякі адхілілі адпаведныя прапановы, адмовіліся працягваць перагаворы62. Спыненне перагаворнага працэсу пацягнула за сабой новае абвастрэнне польска-літоўскіх адносін. Польскія войскі пачалі прасоўвацца ў напрамку Коўна, але жорсткі адпор з боку літоўцаў у лістападзе 1920 г. вымусіў іх спыніць наступленне.
Больш складаным было стаўленне да Сярэдняй Літвы беларусаў. Частка беларускіх палітыкаў лічыла супрацоўніцтва з органамі Сярэдняй Літвы не толькі магчымым, але і неабходным. 10 кастрычніка 1920 г. у Вільні адбылося пасяджэнне Беларускага Нацыянальнага Камітэта, дзе абмяркоўвалася пытанне аб адносінах да выступлення Жалігоўскага. Выступіўшыя на пасяджэнні Б. Тарашкевіч і В. Іваноўскі прапанавалі падтрымаць Жалігоўскага, зыходзячы з таго, што Сярэдняя Літва можа стаць асновай для стварэння ў будучыні незалежнай беларускай дзяржавы. Б.Тарашкевіч заявіў, што ў Польшчы "створаны беларускі ўрад, сфабрыкаваны адпаведныя дэкрэты і діпламатычныя ноты. Палова ўрада палякі, прэм’ер — паляк, але міністр замежных спраў — белорус"63. Таксама ён заўважыў: "Зразумела, дрэнна, што так адбываецца, але нічога нельга зрабіць. Важна тое, што ў Вільні будзе створаны Краёвы Сейм па ўсёй Сярэдняй Літвы. Увесь народ гэтага края зможа выказацца і гэта нас павінна больш-менш задаволіць"64. У рэшце рэшт Віленскі БНК даў В. Іваноўскаму паўнамоцтвы на ўваходжанне ва ўрад Сярэдняй Літвы. В.Іваноўскі заняў у Часовай камісіі пасаду кіраўніка дэпартамента грамадскага забеспячэння, яго брат Ю. Іваноўскі стаў дырэктарам дэпартамента замежных спраў, а Б. Тарашкевіч узначаліў аддзел беларускага школьніцтва ў дэпартаменце асветы.
Аднак ужо ў сярэдзіне кастрычніка 1920 г. "Газета Краёвая", якая выдавалася ў Вільні, размясціла ананімны артыкул, дзе падкрэслівалася, што Віленскі БНК не даваў санкцыі на ўваходжанне беларусаў у склад урада Сярэдняй Літвы. "Паны Іваноўскі і Тарашкевіч займаюць вышэйназваныя пасады персанальна і Нацыянальны камітэт не нясе адказнасці за іх учынкі ў якасці членаў новага ўрада. А свае адносіны да іх Камітэт акрэсліць у залежнасці ад таго, як будзе вымалёўвацца іх дзейнасць у складзе ўрада і наколькі гэтая дзейнасць будзе адпавядаць асноўным пастулатам Камітэта", — гаварылася ў артыкуле65.
16 лістапада 1920 г. Віленскі БНК выступіў супраць мабілізацыі, абвешчанай Жалігоўскім, спаслаўшыся на стомленасць народа ад вайны і цяжкае становішча мясцовай эканомікі. "Нельга прымушаць наш народ, каб ён сваёй крывёй купляў тое, аб чым яшчэ не высказаў сваёй волi, тым больш што народ беларускi — такi ж самы прэтэндэнт на спорныя землi, як польскi i лiтоўскi. I мы просiм Вашую Эксэленцыю адлажыць тэрмiн абвешчанай ужо мабiлiзацыi да таго моманту, пакуль воля насельнiцтва нашага краю адносна да прынцыповага пытання аб дзяржаўнасцi не будзе выяулена у форме, не выклiкаючай нiякага сумнення", — гаварылася ў звароце да генерала66.
Зусім адмоўна стварэнне Сярэдняй Літвы ўспрынялі Народная рада БНР і ўрад В. Ластоўскага. 11 лістапада 1920 г. у Коўна быў падпісаны дагавор паміж Народнай радай БНР і Літвой. Па ўмовах дагавора, літоўскі ўрад афіцыйна прызнаваў урад БНР на чале з В. Ластоўскім і даваў яму і Прэзідыуму Народнай рады БНР сховішча на правах экстэрытарыяльнасці. Урад БНР абавязаўся падтрымліваць літоўскі ўрад у яго барацьбе за вызваленне Віленскай тэрыторыі ў граніцах, устаноўленых дагаворам паміж РСФСР і Літвой ад 12 ліпеня 1920 г., дабівацца з’яўлення ў дзяржаўных органах, выбіраемых палякамі, прадстаўнікоў, што стаялі на платформе беларуска-літоўскага адзінства, устанавіць кантакт з прадстаўнікамі іншых народаў, якія насялялі ўсходнюю частку Польшчы, з мэтай стварэння адзінага антыпольскага фронту (у першую чаргу, з украінцамі), спрыяць "найцяснейшаму збліжэнню беларускага і літоўскага насельніцтва на граніцах тэрыторіі, вызначанай дагаворам ад 12 ліпеня 1920 г.".67 У выпадку пераходу Віленшчыны пад кантроль Літвы ўрад БНР абавязаўся садзейнічаць "стрымліванню беларускага насельніцтва гэтай вобласці ад варожых да Літоўскай Рэспублікі дзеянняў"68.
Адразу ж пасля падпісання дагавора ўрад Літвы запэўніў Ластоўскага, што ў выпадку падтрымкі пазіцыі Літвы насельніцтвам Віленшчыны і Гродзеншчыны гэтыя землі абавязкова атрымаюць аўтаномію і будуць знаходзіцца ў складзе літоўскай дзяржавы "толькі на аснове федэрацыі"69.
16 снежня 1920 г. В. Ластоўскі і Я. Ладноў, які ва ўрадзе Ластоўскага займаў пасаду міністра замежных спраў, накіравалі ў Лігу Нацый мемарандум, дзе адзначалася: "...Пастанова Лігі Народау скарыстаць плебісцыт для вырашэньня пытаньня аб будучай прыналежнасьці Віленшчыны да Літвы чы да Польшчы зьяуляецца нечаканай і не можэ быць інакш вытлумачана, як захватнае імкненьне палякоу. Вільня не можэ адыйсьці да палякоу — гэта горад літвіноу і беларусоу — гэта іх спадчына, іх святыня. Калі ж не лічучыся з усімі даннымі гісторыі і этнаграфіі Ліга Народау знойдзе магчымым не прыняць пад увагу гэтых даных — і рашыць правясьці плебісцыт, то простая справядлівасьць патрэбуе, каб плебісцытная формула была пераменена і збудована згодна данным гісторыі і этнаграфіі, г.зн. каб пытаньне рашалася аб будучай прыналежнасьці Віленшчыны чы да Літвы і Беларусі з аднаго боку, чы-ж да Польшчы — з другога боку. У карысьць прыналежнасьці горада Вільні да Літвы і Беларусі — галасы павінны складацца ў адну суму"70.
18 снежня 1920 г. быў складзены новы мемарандум, у якім беларускія прапановы адносна правядзення на Віленшчыне плебісцыту атрымалі канкрэтызацыю. У прыватнасці, дзеячы БНР настойвалі на тым, каб плебісцыт праводзіўся толькі на тэрыторыі паміж "лініяй Керзана" і рэкамі Буг і Нараў, каб картачкі для галасавання складаліся на чатырох мова (беларускай, польскай, літоўскай і яўрэйскай), каб у картачках абавязкова адзначалася, што галасаванне праводзіцца за Літву і Беларусь, а не толькі за Літву. Таксама ўрад БНР настойваў на тым, каб тэрыторыя на ўсход ад "лініі Керзана" да граніцы, "накрэсьленай польска-расейскай умовай 12 кастрычніка і літоуска-расейскай умовай 12 ліпеня 1920 г.", была перададзена пад кантроль урада БНР ці часова, на падставе спецыяльнай дамоўленасці, пастаўлена пад кіраванне Літвы71.
Заняцце Жалігоўскім Вільні мела значны міжнародны рэзананс. Першапачаткова краіны Антанты разглядалі "мяцеж" як польскую акцыю. 12 кастрычніка 1920 г. Вялікабрытанія і Францыя выступілі з заявай, дзе гаварылася, што акупацыя палякамі Вільні супярэчыць прынцыпам Лігі Нацый72. Аднак польскае кіраўніцтва падкрэслівала, што яно не мае дачынення да Жалігоўскага. У размовах з замежнымі карэспандэнтамі польскія палітыкі звярталі ўвагу на тое, што іх урад не будзе аказваць ураду Сярэдняй Літвы ўзброеную дапамогу73.
20 кастрычніка 1920 г. міністр замежных спраў Польшчы Я. Сапега падпісаў "Інструкцыю па літоўскім пытанні", першая частка якой змяшчала наступныя дырэктывы: "У сувязі са склаўшымся ў апошні час міжнародным становішчам, неабходна мець на ўвазе два магчымых варыянта вырашэння літоўскай праблемы, г. зн. 1) уключэнне ў склад Польшчы часткі Літвы, якая ў цяперашні час часткова занята войскамі ген. Жалігоўскага і знаходзіцца пад уладай Часовай камісіі па кіраванню Цэнтральнай Літвой, 2) аб’яднанне Літвы ў складзе Ковенскай, Віленскай і часткі Гродзенскай губерняў з Польшчай на федэратыўнай аснове". Сапега аддаваў перавагу стварэнню федэрацыі, падкрэсліўшы, што федэралісцкія канцэпцыі маюць шанц атрымаць большую падтрымку з боку Англіі і Франціі74.
Трэба заўважыць, што далёка не ўсе палякі віталі факт абвяшчэння Сярэдняй Літвы. Падчас абмеркавання ў сейме пытання аб прызнанні Сярэдняй Літвы (з адпаведнай прапановай выступіў Ю. Пілсудскі) значная частка дэпутатаў папракала Пілсудскага ў "здрадзе" і расцягванні польскіх зямель75. З абурэннем была ўспрынята прапанова аб перадачы Сярэдняй Літве лідскага і браслаўскага паветаў. Нават члены польскага ўрада заявілі, што гэта можа зрабіць толькі Начальнік дзяржавы76. У кастрычніку 1920 г. сейм прыняў спецыяльную заяву, дзе гаварылася: "З улікам ваеннага становішча ў паўночна-ўсходніх пагранічных вобласцях, сейм выказвае ўпэўненасць, што адзіным неабходным сродкам для мірнага ўрэгулявання становішча з’яўляецца найхутчэйшае далучэнне Віленскай вобласці да Польскай рэспублікі, у адпаведнасці з неаднаразова выказаным жаданнем насельніцтва"77.
У рэшце рэшт польскі ўрад здолеў пераканаць дзеячаў Антанты ў тым, што Жалігоўскі дзейнічаў незалежна ад Польшчы. Даволі хутка на бок Польшчы схілілася Францыя. 19 кастрычніка 1920 г. выконваючы абавязкі ваеннага аташэ Польшчы ва Францыі капітан Морстын у данясенні галоўнаму камандаванню польскай арміі звяртаў увагу на тое, што французы гатовы прымірыцца з тым, каб Вільня засталася за Польшчай у выпадку стварэння літоўска-польскай федэрацыі78. Французскі прадстаўнік у Літве Шардзін’і ў лістападзе 1920 г. перашкодзіў спробам літоўцаў перайсці ў контрнаступленне ў напрамку Вільні79.
29 лістапада 1920 г. пры пасрэдніцтве Лігі Нацый прадстаўнікі Жалігоўскага і літоўскага ўрада заключылі перамір’е, вызначыўшы дэмаркацыйную лінію паміж Літвой і Сярэдняй Літвой (паводле ўмоваў перамір’я, Вільня разглядалася як частка Сярэдняй Літвы). Пасля заключэння перамір’я на падставе рашэння Лігі Нацый на спрэчнай тэрыторыі пачалася падрыхтоўка да правядзення плебісцыту. 7 студзеня 1921 г. прынцыповую згоду на правядзенне галасавання на тэрыторыі Сярэдняй Літвы даў польскі ўрад. Аднак галасаванне не адбылося з-за таго, што палякі і літоўцы не змаглі вызначыць дакладныя межы тэрыторыі, на якой планавалася высвятляць думку насельніцтва. 2 сакавіка 1921 г. пасля некалькіх раундаў безвыніковых перагавораў Савет Лігі Нацый вырашыў перадаць спрэчнае пытанне на разгляд спецыяльнай падкамісіі пад кіраўніцтвам прадстаўніка Бельгіі ў Лізе Нацый П. Гіманса80.
Негатыўна ўспрыняла факт ўтварэння Сярэдняй Літвы Савецкая Расія, якая лічыла, што акцыя Жалігоўскага ўзмацняе пазіцыі Польшчы на мірных перагаворах. Да таго ж "жалігоўцы" перашкаджалі праводзіць курс на саветызацыю памежных раёнаў. Так, старшыня Мінскага павятовага рэўкома паведамляў, што ў ноч з 15 на 16 лістапада 1920 г. з боку Сярэдняй Літвы адбыўся напад на мястэчка Радашковічы, які ажыццявіў атрад пяхоты і конніцы колькасцю да 300 чалавек. Па яго словах, нападаўшыя дзейнічалі пад лозунгам абароны "вольнай, незалежнай Беларусі"81.
30 кастрычніка 1920 г. намеснік старшыні расійска-ўкраінскай дэлегацыі на мірных перагаворах з Польшчай Л. Абаленскі перадаў старшыні польскай дэлегацыі Я. Домбскаму ноту, у якой змяшчаліся пратэст супраць дзеянняў Жалігоўскага і патрабаванне вывесці яго войскі з тэрыторый, якія межавалі з савецкімі рэспублікамі82. 11 снежня 1920 г. да Домбскага звярнуўся непасрэдна старшыня савецкай дэлегацыі на перагаворах А. Іофе, які падкрэсліў, што Жалігоўскі арганізуе ў непасрэднай блізкасці ад граніц Беларусі ачаг безадказнага ваеннага авантурызму і такім чынам пагражае спакою і бяспецы бліжэйшых савецкіх рэспублік. "У сувязі з тым, што адказнасць за ўсё, што адбываецца на дадзенай тэрыторыі ў цяперашні час фактычна ляжыць на генерале Жалігоўскім, урад Расійскай Сацыялістычнай Федэратыўнай Савецкай Рэспублікі... вымушаны гэтую адказнасць ускласці цалкам на польскі ўрад, і ўсялякія варожыя дзеянні супраць савецкіх рэспублік, якія будуць прадпрымацца на тэрыторыі Жалігоўскага, будуць таму разглядацца як дзеянні, якія прадпрымае польскі ўрад супраць Расійскай Сацыялістычнай Федэратыўнай Савецкай Рэспублікі", — заявіў савецкі дыпламат83. Апрача таго, Іофе выступіў супраць накіравання Лігай Нацый на спрэчныя тэрыторыі ўзброеных атрадаў84.
14 снежня 1920 г. Сапега даў адказ на ноту ўрада РСФСР. Ён падкрэсліваў, што спрэчныя пытанні паміж Польшчай і Літвой не могуць і не павінны быць прадметам перагавораў паміж Польшчай і РСФСР і выключаў магчымасць пагрозы савецкім тэрыторыям з боку Жалігоўскага, заўважыўшы, што "польскі ўрад не дапусціць, каб землі Польскай рэспублікі служылі плацдармам для ўсялякіх аперацый супраць РСФСР, каб на тэрыторыі Польшчы фарміраваліся якія б ні было чужыя ёй узброеныя атрады, ён не дапусціць таксама, каб інтэрнацыянальныя часці, якія маюць на мэце падтрыманне парадку на спрэчных паміж Польшчай і Літвой тэрыторыях, выступілі супраць РСФСР...". Зыходзячы з гэтага Польшча расцаніла ноту РСФСР як нічым не абгрунтаванае непаразуменне, якое больш не адбудзецца85. Адказ польскага кіраўніка знешнепалітычнага ведамства быў перададзены Іофе праз Домбскага.
16 снежня 1920 г. Іофе перадаў Домбскаму новую ноту, у якой гаварылася: "Зусім не спрабуючы ставіць на абмеркаванне паміж Расіяй і Польшчай пытанні, адносна якіх ідзе спрэчка паміж Польшчай і Літвой, я ніяк не магу пагадзіцца, што цытуемы Вамі апошні абзац артыкула 1-га Прэлімінарнага дагавора, які сведчыць, што ўстанаўленне польска-літоўскай граніцы з’яўляецца справай гэтых дзвюх дзяржаў, абавязвае Расію не цікавіцца тым, што адбываецца на спрэчных паміж названымі дзвюмя дзяржавамі тэрыторыях. Зусім не маючы намеру квапіцца на суверэнныя правы сваіх суседзей, ні адзін урад у свеце не можа ставіцца абыякава да пытання аб тым, хто менавіта з’яўляецца яго суседам. Не можа і Расія ставіцца абыякава да таго, што адбываецца ў раёне акупацыі генерала Жалігоўскага, асабліва калі бачыць ва ўсім, што адбываецца там, падрыхтоўку варожых дзеянняў супраць Савецкіх Рэспублік і, яшчэ больш, калі ўсё, што адбываецца там, мае месца ва ўмовах, калі Польскі Урад па-сяброўску прымае прадстаўнікоў польскіх памешчыкаў з Беларусі пад выглядам дэлегацый беларускага народа, якія просяць у Варшаве дапамогі супраць Савецкіх Рэспублік, і абяцае адпаведную дапамогу, а ў так званую 3-ю літоўска-беларускую дывізію Жалігоўскага ўступаюць уцекачы з арміі Балаховіча, і, па маючыхся дакладных звестках, інтэрніраваныя салдаты Балаховіча польскімі ўладамі перапраўляюцца ў тую ж армію Жалігоўскага"86. Звяртаючы ўвагу на пагрозу з боку Жалігоўскага, Іофе адстойваў права савецкіх рэспублік на канцэнтрацыю савецкіх войск у раёне, які прымыкаў да Сярэдняй Літвы87.
30 студзеня 1921 г. урад РСФСР накіраваў ураду Літвы дыпламатычную ноту, дзе звярталася ўвага на тое, што пасіўная пазіцыя Літвы ў склаўшыхся абставінах з’яўляецца парушэннем Маскоўскага дагавора ад 12 ліпеня 1920 г. Савецкі бок патрабаваў ад Літвы прыняць "усе магчымыя меры для змянення такога становішча спраў у Вільні, пры якім гэты горад з’яўляецца месцам панавання і канцэнтрацыі ваеннага авантурызму і белагвардзейскіх элементаў, якія атрымліваюць там магчымасць рыхтаваць агрэсіўныя дзеянні супраць Савецкіх Рэспублік". Таксама ў ноце выказваўся пратэст супраць магчымага накіравання ў Віленскую вобласць войск Лігі Нацый88. Аднак спробы РСФСР падштурхнуць Літву да выступлення супраць Польшчы і Сярэдняй Літвы былі беспаспяховымі.
Сярэдняя Літва праіснавала ў якасці фармальна самастойнай дзяржаўнай адзінкі да сакавіка 1922 г. Намаганні Лігі Нацый вырашыць "віленскае пытанне" ў 1921 г. не прынеслі станоўчых вынікаў. У сакавіку 1922 г. Віленскі сейм, у складзе якога пераважалі прыхільнікі польскай арыентацыі (літоўцы і беларусы выбары ў сейм байкатавалі), выказаўся за далучэнне Сярэдняй Літвы да Польшчы. У сакавіку 1923 г. дзяржавы-пераможцы ў Першай сусветнай вайне прызналі права Польшчы на Віленшчыну і да восені 1939 г. адпаведная тэрыторыя знаходзілася ў складзе Польскай дзяржавы.
1 Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. Вільня; Нью-Ёрк; Менск; Прага, 1998. Т. І. Кн. 1. С. 51.
2 Wandycz P. S. Soviet-Polish Relations. 1917—1921. Cambridge, 1969. P. 119.
3 Lewandowski J. Federalizm. Litwa i Bialorus w polityce obozu belwederskiego. Warszawa, 1962. S. 71.
4 Nowak-Kielbikowa M. Polityka Wiaіkiej Brytanji wobec Polski. Warszawa, 1975. S. 76, 78.
5 Архив полковника Хауза. М., 1944. Т. IV. С. 157.
6 Gomolka K. Polskie ugrupowania polityczne wobec kwestii biaіoruskiej. 1918—1922. Warszawa , 1989. S. 55.
7 Круталевич В.А. История Беларуси: Становление национальной державности. 1917—1922. Мн., 1999. C. 103.
8 Документы и материалы по истории советско-польских отношений. М., 1964. Т. ІІ. С. 162.
9 Документы внешней политики СССР. М., 1958. Т. ІІ. С. 106.
10 Иностранная военная интервенция в Белоруссии. Мн., 1990. С. 190.
11 Ленин В. И. Полн. собр. соч. Т. 50. С. 289.
12 Круталевич В. А. Указ. соч. С. 120.
13 Там же. С. 116.
14 Найдзюк Я., Касяк І. Беларусь учора і сяньня. Мн., 1994. С. 166.
15 Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. Т. І. Кн. 1. С. 345.
16 Луцкевіч А. Дзённік // Полымя. 1991. № 5. С. 173.
17 Знешняя палітыка Беларусі: Зборнік дакументаў і матэрыялаў (1917—1922 гг.). Мн., 1997. Т. 1. С. 122.
18 Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. Т. І. Кн. 1. С. 382.
19 Там жа. С. 384.
20 Там жа. С. 415.
21 Рубцов А. Ф. Литва в политике французского империализма. Томск, 1988. С. 50.
22 Навицкас К. Литва и Антанта (1918—1920 гг.). Вильнюс, 1970. С.62—63.
23 Рубцов А. Ф. Указ. соч. С. 52; Lewandowski J. Op. cit. S. 184.
24 Навицкас К. Указ. соч. С. 63.
25 Там же. С. 71.
26 Там же. С. 63.
27 Lewandowski J. Op. cit. S. 197.
28 Документы и материалы по истории советско-польских отношений. Т. ІІ. С. 366. 29 История дипломатии. 1-е изд. М., 1945. Т. ІІІ. С. 80.
30 Документы и материалы по истории советско-польских отношений. Т. ІІ. С. 431.
31 Сазонов С. Д. Воспоминания. Париж, 1927. С. 370.
32 Pilsudski J. Pisma zbiorowe. T. V. Warszawa, 1937. S. 75.
33 Ibid. S. 75—76.
34 Спадчына. 1996. № 4. С. 107; Lewandowski J. Op. cit. S. 236.
35 Беларусь. 1919. 6 ліст.
36 Спадчына. 1998. № 4. С. 50.
37 Известия ВЦИК. 1920. 25 мая.
38 Там же.
39 Навицкас К. Указ. соч. С. 127.
40 Документы внешней политики СССР. М., 1959. Т.III. С. 29—30.
41 Известия ВЦИК. 1920. 15 июля.
42 Навицкас К. Указ. соч. С. 126—127.
43 Круталевич В.А. Указ. соч. С. 246.
44 Там же.
45 Беларусь. 1920. 16 чэрв.
46 НА РБ. Ф. 325, воп. 1, спр. 98, арк. 62.
47 Gomolka K. Op. cit. S. 129—130.
48 Документы и материалы по истории советско-польских отношений. М., 1965. Т. ІІІ. С. 375—376.
49 Nowak-Kielbikowa M. Op. cit. S. 214.
50 Laptos J. Francuska opinia publiczna wobec spraw polskich w latach 1919—1925. Wroclaw, 1983. S. 72.
51 Nowak-Kielbikowa M. Op. cit. S. 269.
52 Dokumenty z dziejow polskiej polityki zagranicznej. 1918—1939. Warszawa, 1989. T. 1. S. 118—119.
53 Ibidem.
54 Коўкель І. Польска-літоўскі канфлікт і роля ў ім беларускіх палітычных партыяў і арганізацыяў (1920—1923 гг.) // Беларусіка-Albaruthenica. Кн. 3. Мн., 1993. С. 261.
55 Весялкоўскі Ю. Беларусь у Першай Сусьветнай вайне. Беласток; Лёндан, 1996. С. 332.
56 Там жа.
57 Там жа.
58 Там жа. С. 333.
59 Там жа.
60 Гражданская война и военная интервенция в СССР. М., 1983. С. 566.
61 Pilsudski J. Pisma zbioriwe. T. VI. Warszawa, 1937. S. 127.
62 НА РБ. Ф. 325, воп. 1, спр. 110, арк. 10.
63 Там жа.
64 Там жа. Арк. 10 адв.
65 Туронак Ю. В. Іваноўскі і адраджэнне Беларусі // Маладосць. 1994. № 8. С. 240.
66 НА РБ. Ф. 325, воп. 1, спр. 59, арк. 280.
67 Знешняя палітыка Беларусі. Т. 1. С. 217.
68 Там жа.
69 Коўкель І. Назв. твор. С. 263.
70 Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. Т. І. Кн. 1. С. 983.
71 Там жа. С. 991.
72 Nowak-Kielbikowa M. Op. cit. S. 270.
73 Борьба трудящихся Западной Белоруссии за социальное и национальное освобождение и воссоединение с БССР. Мн., 1962. Т. I. С. 27—28.
74 Документы и материалы по истории советско-польских отношений. Т. ІІІ. С. 428.
75 Pilsudski J. Pisma zbiorowe. T. VI. S. 129.
76 Ibidem.
77 Борьба трудящихся Западной Белоруссии за социальное и национальное освобождение и воссоединение с БССР. Мн., 1962. Т. I. С. 28.
78 Документы и материалы по истории советско-польских отношений. Т. ІІІ.
79 Коўкель І. Назв. твор. С. 261.
80 НА РБ. Ф. 325, воп. 1, спр. 112, арк. 223.
81 Там жа. Ф. 8, воп. 1, спр.15, арк. 60 адв.
82 Документы внешней политики СССР. Т. ІІІ. С.308—309; Т. IV. М., 1960. С. 647.
83 Там же. С. 380—381.
84 Документы внешней политики СССР. Т. IV. С. 648.
85 Документы и материалы по истории советско-польских отношений. Т. ІІІ. С. 491.
86 Документы внешней политики СССР. Т. ІІІ. С. 386.
87 Там же.
88 Там же. С. 496—497.