Белорусский журнал международного права и международных отношений 2004 — № 2


международные отношения

ЗНЕШНЕПАЛІТЫЧНЫЯ ІНТАРЭСЫ ШЛЯХТЫ ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА І МЕХАНІЗМ ІХ РЭАЛІЗАЦЫІ У 60–70-я гг. XVI ст.

Сяргей Лашкевіч

Лашкевіч Сяргей Анатольевіч — аспірант кафедры міжнародных адносін факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага універсітэта

У другой палове XVI ст. шырокае кола замежнага і сярэднезамежнага шляхецкага саслоўя ВКЛ пачало адыгрываць вядучую ролю ў грамадска-палітычным жыцці краіны. Гэта было звязана з імкненнем шляхты Княства пашырыць свае палітычныя правы, якія відавочна саступалі палітычным вольнасцям шляхты Польшчы. Ужо ў першай палове XVI ст. шляхецкае саслоўе Кароны рашуча ўплывала на ўнутраную і знешнюю палітыку сваёй краіны. У такім выпадку польскія шляхецкія вольнасці мроіліся прывабным здабыткам і з’яўляліся ўзорам для вялікакняскай шляхты.

Шляхта ВКЛ па сваёй колькасці ў другой палове XVI ст. пераўзыходзіла адпаведнае саслоўе як Маскоўскай дзяржавы, так і Польшчы, складаючы 10% ад колькасці ўсяго насельніцтва Княства. Яе барацьба за свае палітычныя правы ў пачатку 60-х гг. набыла востры характар, што і прывяло да рэформаў дзяржаўнага ладу ВКЛ. Галоўнай мэтай адзначаных рэформаў было павелічэнне ўплыву вялікакняскай шляхты на ўсе бакі дзяржаўнага жыцця краіны [11, 37].

У адзначаны перыяд ВКЛ адыгрывала актыўную ролю ў міжнародных адносінах не толькі Усходняй Еўропы, але і ўсёй еўрапейскай прасторы. Відавочна, што шляхта Княства не магла заставацца па-за межамі міжнароднай палітыкі. Яе ўплыў на знешнюю палітыку краіны павялічваўся з кожным дзесяцігоддзем, дасягнуўшы сваёй крытычнай кропкі ў сярэдзіне XVII ст., калі адпаведныя знешнепалітычныя вольнасці шляхты пачалі пагражаць не толькі ВКЛ, але і ўсёй Рэчы Паспалітай.

Знешнепалітычныя інтарэсы шляхты ВКЛ і шляхты Кароны істотна адрозніваліся як у далюблінскі перыяд, так і пасля аб’яднання дзяржаў. Адным з галоўных крытэрыяў, якія размяжоўвалі знешнепалітычныя інтарэсы шляхты абедзвюх дзяржаў, былі дзяржаўная бяспека і эканамічная выгада. Трэба сказаць, што адрозніваліся знешнепалітычныя інтарэсы не толькі шляхты Княства і Кароны, але і шляхецкага саслоўя ВКЛ і магнатаў Беларуска-Літоўскай дзяржавы. Хаця ў сваёй большасці шляхта Княства і пасля рэформаў 60-х гг. засталася залежнай ад буйных землеўладальнікаў-магнатаў, усё ж адасобленасць знешнепалітычных інтарэсаў шляхецкага саслоўя Княства ад магнатэрыяў яскрава прагледжваецца ў адзначаныя два дзесяцігоддзі [10, 150].

У выніку ўнутрыдзяржаўных рэформаў у ВКЛ шляхта атрымала рэальную магчымасць уплыву на знешнюю палітыку краіны. Ініцыятарам гэтых рэформаў быў Жыгімонт Аўгуст, кароль Польшчы і вялікі князь Вялікага княства Літоўскага. Імкненне дараваць шляхецтву Княства больш палітычных правоў было абумоўлена двухдзяржаўнымі адносінамі таго перыяду. Справа ў тым, што польскі ўрад рыхтаваўся да аб’яднання дзвюх дзяржаў. Буйныя ж землеўладальнікі Княства выступалі супраць аб’яднання, бо гэта пазбаўляла іх выключнага лідэрства ў дзяржаве. Стаўка Польшчы была зроблена на шляхту, якая была ўрэзана ў сваіх правах з боку магнацтва ВКЛ і імкнулася выправіць сваё становішча праз будучы саюз Кароны і Княства [11, 38].

У 1564 г. Жыгімонт Аўгуст на Бельскім сойме ВКЛ выдаў прывілей, згодна з якім у Княстве на ўзор Кароны Польскай уводзілася дзейнасць павятовых соймікаў. Шляхта ВКЛ атрымала як асабістыя, так і палітычныя правы. Каб карыстацца большаю часткаю сваіх палітычных правоў, яна павінна была належаць да таго альбо іншага павета. На першым месцы сярод палітычных правоў было права выбару караля Польшчы і вялікага князя літоўскага. Тым самым шляхта магла рэалізаваць свае знешнепалітычныя інтарэсы [9, 174].

Акрамя права выбрання караля шляхта валодала палітычным правам соймікавання. У другім статуце ВКЛ 1566 г. соймікі падзяляюцца на два віды: перадсеймавы і судова-выбарчы. У перыяд паміж другім і трэцім статутам ВКЛ яшчэ дабавіцца рэляцыйны сойм. Сойм перадсеймавы меў на мэце азнаямленне павятовай шляхты з прадметам заняткаў вальнага (агульнадзяржаўнага) сойма, выбар сваіх паслоў і выпрацоўку для іх інструкцый, дзе было прапісана, як яны павінны дзейнічаць у тых ці іншых пытаннях. Рэляцыйны сойм склікаўся праз два-тры тыдні пасля вальнага сойма, дзе адбывалася слуханне тых пытанняў, якія абмяркоўваліся на агульнадзяржаўным сойме, і правядзенне выпрацаваных канстытуцый (законаў) у жыццё [7, 17]. Такім чынам, два соймікі давалі шляхце непасрэдны ўдзел у палітычных справах, як знешніх, так і ўнутраных. Юрыдычна правы павятовых соймікаў былі замацаваны ў другім статуце ВКЛ, дзе было запісана, што мэтаю павятовага сойміка з’яўляецца вядзенне ўнутрыпавятовых спраў на месцы, а таксама абарона земляў ад знешняй пагрозы. Сойм павятовы збіраецца па волі караля і вялікага князя. Другі статут не абмяжоўваў прадмет абмеркавання сойма толькі тымі пытаннямі і справамі, якія прапаноўваліся каралём. Сойм мог па асабістай ініцыятыве абмяркоўваць пытанні, пры тым як свайго, павятовага, так і дзяржаўнага характару. Менавіта пад гэты пункт падлягалі пытанні знешняй бяспекі, пагранічных канфліктаў, міждзяржаўнага гандлю і г. д.

Наступнай дзяржаўнай установай, дзе шляхта ВКЛ магла рэалізаваць свае знешнепалітычныя інтарэсы, быў вальны сойм Княства. Як правіла, вальны сойм праводзіўся ў Вільні, Гародні, Навагрудку, Бярэсці, Менску, Бельску. У склад вальнага сойма пасля рэформаў першай паловы 60-х гг. XVI ст. уваходзілі ўсе паны-рада (біскупы, ваяводы, кашталяны, маршалкі земскі і дворны, гетман найвышэйшы, падскарбі), асобныя князі і паны па персанальных запрашэннях і прадстаўнікі павятовай шляхты. У часы паседжанняў сойм падзяляўся на дзве палаты: кола паноў-рада і шляхецкае кола. Як ужо было адзначана вышэй, ад кожнага павятовага сойміка на вальны сойм накіроўваліся па два прадстаўнікі, якія і складалі другую палату парламента. Кожная палата сойма разглядала справы паасобку. Тэарэтычна знешнепалітычныя рашэнні шляхты ВКЛ маглі не прыняць паны-рада, і, наадварот, шляхта магла ізаляваць рашэнні магнатаў. Фактычна такіх выпадкаў было няшмат, бо шляхта прыслухоўвалася да паноў-рада і не ішла ўразрэз з іх рашэннямі. Гэта было абумоўлена як палітычным, так і эканамічным уплывам магнатаў на шляхту [8, 208—209].

Пасля заключэння Люблінскай уніі ў склад супольнага вальнага сойма трапілі не ўсе паны-рада, што спрыяла не толькі Кароне, але і шляхце ВКЛ, якая вяла барацьбу з магнатамі Княства за палітычнае панаванне. Сойм цяпер складаўся з сената і пасольскай ізбы. Да апошняй і належала разглядаемае намі саслоўе.

Пасля аб’яднання народаў у адзіную Рэч Паспалітую ВКЛ праводзіла і асабістыя незалежныя соймы, дзе павятовыя прадстаўнікі разам з панамі-рада выпрацоўвалі адзіную знешнепалітычную лінію. Такія з’езды называліся галоўнымі альбо генеральнымі. Як правіла, яны праходзілі ў Ваўкавыску і Слоніме.

Як ужо было адзначана вышэй, знешнепалітычныя інтарэсы шляхты ВКЛ істотна адрозніваліся ад інтарэсаў як польскай шляхты, так і магнатаў. На першае месца выступаюць асабістая бяспека і эканамічная выгада, якія час ад часу супярэчылі знешнепалітычным поглядам шляхты Кароны, нягледзячы на палітычны саюз.

Падчас Люблінскай уніі 1569 г. адасобленасць знешнепалітычных інтарэсаў шляхты ВКЛ ад інтарэсаў польскай шляхты праявілася яскрава, хаця ў сваёй большасці прадстаўнікі шляхецкага саслоўя не выступалі супраць ідэі палітычнага саюза абодвух народаў, дзе б шляхта ВКЛ заняла больш прыстойнае месца, чым гэта было раней. Нараканні са боку шляхты вызывалі толькі некаторыя палажэнні саюзнага пагаднення, якія былі поўнасцю альбо часткова звязаны са знешнепалітычнай дзейнасцю будучай аб’яднанай дзяржавы. Так, напрыклад, шляхта разам з магнатамі ВКЛ выступала за тое, каб акт уніі захаваў тытул Вялікага княства Літоўскага, што давала ў будучым магчымасць захавання знешнепалітычнай самастойнасці [5, 65].

Люблінскае пагадненне падпісвалася ў цяжкіх знешнепалітычных умовах для ВКЛ. Лівонская вайна працягвалася больш за дзесяць год, паставіўшы як эканоміку, так і навогул палітычную самастойнасць Княства пад пагрозу знішчэння. У такіх умовах шляхта ВКЛ патрабавала ад Польшчы на Люблінскім з’ездзе хутчэй аказаць вайсковую дапамогу [1, 608].

Шляхта ВКЛ на Люблінскім сойме выступала за павелічэнне ролі беларуска-літоўскай грашовай адзінкі. Прадстаўнікі Княства патрабавалі ўстанавіць пастаянны абменны курс польскай і вялікакняскай грашовай адзінкі. Гэта б давала магчымасць ВКЛ істотна пашырыць свой гандаль як унутры дзяржавы, так і за яе межамі [10, 84].

На думку расійскага дарэвалюцыйнага гісторыка І. І. Лапо, сама Люблінская дамова стварала шмат прэцэдэнтаў для будучай палітычнай незалежнасці, як унутрыпалітычнай, так і знешнепалітычнай. Ён адзначаў, што Люблінскі сойм патрабаваў толькі таго, каб літоўцы селі з палякамі за адным сталом, не думаючы пра больш глыбокую рэформу ў Літве, дзякуючы якой яна б стала Польшчай [10, 85].

У 70-я гг. XVI ст. знешнепалітычная актыўнасць ВКЛ была накіравана на вырашэнне двух пытанняў: гэта вайна з Маскоўскай дзяржавай, якая вялася з пераменным поспехам, і нейтралізацыя Крымскага ханства, адкуль час ад часу рабіліся спусташальныя набегі на паўднёвыя землі ВКЛ.

У сакавіку 1570 г. у Маскву накіравалася пасольства Рэчы Паспалітай. У склад гэтага пасольства ўваходзілі і прадстаўнікі Княства. Галоўнай тэмаю абмеркавання было заключэнне мірнага пагаднення. Палякі на перамовах, у адрозненне ад прадстаўнікоў ВКЛ, былі больш міралюбіва настроены ў адносінах да Расіі, бо працяг вайны мог каштаваць Кароне значных сродкаў. Беларуска-літоўская шляхта настойліва выступала ў Маскве за вяртанне захопленых земляў Іванам IV падчас вайны. Пасля катэгарычнай заявы Івана IV паслы ВКЛ пагадзіліся на трохгадовае перамір’е [15, 63].

Ад заключэння Люблінскай уніі да смерці Жыгімонта Аўгуста II Польшча і Літва двойчы збіраліся на супольны сойм — у 1570 і 1572 гг. Адпаведна шляхта Княства за тры тыдні прыняла ўдзел у павятовых сойміках, на якіх сярод шматлікіх пытанняў стаяла і пытанне вяртання паўднёвых земляў, якія адышлі да Кароны ў 1569 г. Пазіцыя павятовых соймікаў праз прадстаўнікоў была накіравана на вальныя соймы [9, 455].

Пасля смерці ў 1572 г. караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта Аўгуста II у гісторыі краіны пачаўся перыяд безкаралеў’я, які працягваўся з перапынкам да 1576 г. Спыненне адной з самых моцных дынастый Еўропы стала фактарам, які выклікаў істотныя змены ў еўрапейскай сістэме міжнародных адносін і паставіў землі Польшчы і ВКЛ у цэнтр міжнароднага жыцця. Менавіта ў гэты гістарычны перыяд шляхта ВКЛ правяла актыўную знешнепалітычную дзейнасць, якая была абумоўлена палітычнымі рэаліямі таго часу. Шляхецкае саслоўе паўстала як адзінае цэлае, як адзіны палітычны арганізм, які павінен быў цяпер вырашаць усе дзяржаўныя праблемы, як унутрыпалітычнага, так і знешнепалітычнага характару. Разам з панамі-рада шляхта ВКЛ фактычна ўзяла на сябе абавязкі кіраўніцтва дзяржаваю [1, 729].

За развіццём сітуацыі ў Рэчы Паспалітай назіралі суседзі. У 1570 г. маскоўская дыпламатыя падчас перамоў з ВКЛ хацела даведацца пра магчымасць выбрання ў ВКЛ і Польшчы прадстаўнікоў з дынастыі Рурыкавічаў. Дыпламатыі Княства давялося тады гэта выкарыстаць для дэзарыентацыі маскоўскай дыпламатыі. Прадстаўнікі ВКЛ на чале з мінскім каштэлянам Мікалаем Сапегам сустрэліся з Іванам IV, дзе заявілі, што хацелі б бачыць на чале Рэчы Паспалітай славянскага прадстаўніка [10, 111].

Пазіцыя шляхты і магнацтва ВКЛ наконт выбрання на трон Рэчы Паспалітай прадстаўнікоў Масквы адрознівалася. Паны-рада стаялі на прамаскоўскай пазіцыі больш рашуча, чым шляхта. Гэта тлумачыцца тым, што магнаты бачылі ў такім дыпламатычным ходзе прэцэдэнт для разрыву уніі з Польшчай. Шляхта, парваўшы з Польшчай, баялася страціць тыя правы, якія яна атрымала ў апошняе дзесяцігоддзе. Пасля смерці караля Рэчы Паспалітай паны-рада двойчы накіроўвалі дэлегацыі да цара. Першы раз у 1572 г. Варапай выказваў жаданне бачыць царэвіча Фёдара Іванавіча на прастоле аб’яднанай польска-літоўскай дзяржавы. Другі раз было паслана пасольства ВКЛ на чале з пісарам Княства Міхаілам Гарыбурдай. Аднак у апошні момант магнаты ВКЛ адмовіліся ад свайго плана, бо даведаліся аб намерах цара далучыць да Расіі землі Княства [10, 102].

Элекцыйны сойм адбыўся 5 красавіка 1573 г. у вёсцы Камень, што пад Варшаваю. Шляхта ВКЛ, хаця і падзялялася ў гэты час на дзве партыі на чале з віленскім ваяводам Мікалаем Радзівілам і Янам Хадкевічам, выступіла адзіным фронтам за выбранне Генрыка Валезы каралём і вялікім князем Рэчы Паспалітай. Гэта было абумоўлена тым, што зараз шляхта магла б палепшыць сваё становішча ў аб’яднанай дзяржаве, ведаючы, што Генрык Валезы можа пайсці на ўступкі. Да значных знешнепалітычных рашэнняў, якія былі прыняты на элекцыйным сойме на карысць шляхты ВКЛ, можна аднесці рашэнне аб зборы падаткаў у Польшчы на абарону Княства [10, 210].

Запрасіць на прастол Рэчы Паспалітай Генрыка Валезы выправілася аб’яднанае пасольства Рэчы Паспалітай. На чале дэлегацыі ВКЛ стаяў Крыштаф Радзівіл. Трэба адзначыць, што падчас свайго падарожжа беларуска-літоўскае пасольства паказвала сваю адасобленасць ад дэлегацыі польскай. На афіцыйнай цырымоніі Крыштаф Радзівіл заявіў аб рашэнні Віленскага з’езда ВКЛ дараваць Генрыку Валезы тытул Вялікага князя Літоўскага, што падкрэслівала самастойную знешнепалітычную пазіцыю Вялікага княства Літоўскага ў такі найважнейшы момант, як выбары караля.

Пасля таго як Генрык Валезы збег у Францыю, пачаўся другі перыяд безкаралеў’я. Літоўская шляхта накіравала яшчэ адно пасольства да Генрыка, дзе было паведамлена ва ультыматыўнай форме, што калі ён не вернецца да 12 мая 1575 г., то ВКЛ будзе сабе шукаць новага караля. У шляхецкім асяроддзі панавала непаразуменне ад такога рашэння Генрыка Валезы [7, 17].

На элекцыйным сойме 7 лістапада 1575 г. прадстаўнікі магнатэрыі падтрымалі кандыдатуру Габсбургаў — Максімільяна II. Кандыдатура Габсбургаў мела вялікія шансы, але вызывала нараканні з боку шляхты. У выніку, пасля таго, як 12 снежня 1575 г. архіепіскап гнезенскі Якаў Уханскі назваў каралём Максімільяна II, праз тры дні адзін з прадстаўнікоў шляхты Мікалай Сененскі назваў каралём Стэфана Баторыя. Супрацьстаянне скончылася тым, што праз некаторы час магнаты ВКЛ перайшлі на бок Баторыя. Гэта тлумачыцца паспяховымі аперацыямі маскоўскіх войскаў у Лівоніі, адміністратарам якой з’яўляўся Хадкевіч, які меў намер з дапамогаю новага караля выправіць складанае становішча.

У часы кіравання Стэфана Баторыя знешнепалітычныя інтарэсы шляхты ВКЛ былі накіраваны на вырашэнне наступных пытанняў. Па-першае, патрэбна было паспяхова для ВКЛ скончыць вайну з Расіяй. Па-другое, умацаваць паўднёвыя межы ВКЛ, якія час ад часу спусташаліся набегамі крымскіх татараў. Па-трэцяе, вярнуць паўднёвыя землі Княства, якія адышлі да Кароны. Гэтыя тры знешнепалітычныя прыярытэты былі ў цэнтры ўвагі падчас правядзення павятовых соймікаў.

Геапалітычнае становішча Княства і рэальны ход гістарычных падзей накладвалі свой адбітак на распрацоўку знешнепалітычных прыярытэтаў шляхты адзначанага перыяду. Знешнепалітычныя інтарэсы шляхты зыходзілі з прынцыпаў шляхецкай свабоды і эканамічнай выгады. Рэформы ВКЛ 60-х гг. XVI ст. стварылі трывалы падмурак для рэалізацыі шляхтай сваіх знешнепалітычных інтарэсаў. Механізм іх рэалізацыі праходзіў шлях ад пастаноў павятовых соймікаў да вальнага сойма ВКЛ, а пасля ўтварэння Рэчы Паспалітай — і агульнага федэратыўнага сойма. Пасольская ізба, шляхецкая палата сойма, у другой палове XVI ст. пачынае адыгрываць выключную ролю ў працэсе рэалізацыі знешнепалітычных інтарэсаў. Дзякуючы рэформам шляхта ВКЛ не толькі выказвае адасобленую знешнепалітычную лінію, але і часам супрацьпастаўляе яе інтарэсам магнацтва.

ЛІТАРАТУРА

1. Historia diplomacji polskiej. T. I / Pod red. Z. Wojcika; Oprac. J. Gierowski. Warszawa: PWN, 1982.
2. Historia polski. T. I. Do roku 1764. / Pod red. H. Lownianskego. Warszawa, 1969.
3. Polska sluzba dyplomatyczna od XVI do XVIII w. Warszawa, 1966.
4. Абецедерский Л. С. Белоруссия и Россия: Очерки русско-белоруских связей второй половины XVI—XVII в. / Под ред. З. Ю. Копыского. Мн.: Вышэйшая школа, 1978.
5. Аніпяркоў В. Вялікае княства Літоўскае ў палітычнай сістэме РП // Гісторыя: праблемы выкладання. 2000. № 4. С. 64—77.
6. Бардах Ю., Леснодарский Б., Пиетрчак М. История государства и права Польши / Пер. с пол. М., 1980.
7. Закшэўскі А. Б. Юрыдычна-адміністрацыйны рэгіяналізм у I Рэчы Паспалітай // Беларусіка — Albaruthenica. Кн. 3. Нацыянальныя і рэлігійныя культуры, іх узаемадзеянне / Рэд. А. Малдзіс і інш. Мн.: Навука і тэхніка, 1994. С. 16—23.
8. Книга Посольской Метрики Великого княжества Литовского, содержащая в себе дипломатические сношения Литвы в государствование короля Сигизмунда Августа (с 1545 по 1580 год) / Изданная по поручению Императорского московского общества истории и древностей российских М. Оболенским и проф. И. Даниловичем. Т. 1. М., 1843.
9. Лаппо И. И. Великое княжество Литовское во второй половине XVI столетия: Литовско-русский повет и его сеймики. Юрьев: Тип. К. Маттисена, 1911.
10. Лаппо И. И. Великое княжество Литовское за время от заключения Люблинской унии до смерти Стефана Батория (1569—1586): Опыт исследования политического и общественного строя. Т. 1. СПб.: Тип. И. Н. Скороходова, 1901.
11. Лойка П. А. Шляхта беларускіх зямель у грамадска-палітычным жыцці Рэчы Паспалітай у другой палове XVI—першай трэці XVII ст. Мн.: БДУ, 2002.
12. Любавский М. К. Литовско-русский сейм: Опыт по истории учреждений в связи с внутренним строем и внешнею жизнью государства. М.: Университ. тип., 1900.
13. Петрыкаў П. Ц. Гістарыяграфія Вялікага княства Літоўскага // Весці АН Беларусі. № 3. 1993. С. 51—64.
14. Юхо Я. А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі: Вучэб. дапам. Мн.: Універсітэцкае, 1992.
15. Яновский О. А., Бобышев В. И. Дипломатия и дипломаты России (от Ивана III до Петра Великого). Мн.: БГУ, 2000.


Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter

Сообщество

  • (029) 3222740
  • Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
© 2025 Международное общественное объединение «Развитие». All Rights Reserved.