Белорусский журнал международного права и международных отношений 2004 — № 2


международные отношения

БССР І ЮНЕСКА НА ПЕРАЛОМЕ ЭПОХ: 1985—1991 гг.

Раман Раманоўскі

Раманоўскі Раман Генадзьевіч — саіскальнік кафедры міжнародных адносін факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага універсітэта

Другая палова 1980-х гг. уяўляе вялікую цікавасць з пункту гледжання вывучэння працэсаў геапалітычнай трансфармацыі еўрапейскай прасторы: ад чарговага абвастрэння напружанасці ў часы "халоднай вайны" пачатку дзесяцігоддзя да распаду Варшаўскага дагавора і ўтварэння на месцы СССР новых незалежных дзяржаў. Блокавая канфрантацыя паміж Усходам і Захадам уплывала на ўсе аспекты міжнароднага жыцця, у тым ліку на дзейнасць міжнародных арганізацый, у прыватнасці Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (ЮНЕСКА).

Дзейнасць ЮНЕСКА ў гэты перыяд ажыццяўлялася ў адпаведнасці з другім Сярэднетэрміновым планам (на 1984—1989 гг.), прынятым на 4-й надзвычайнай сесіі Генеральнай канферэнцыі арганізацыі ў снежні 1982 г. План уключаў 15 буйных праграм, якія адлюстроўвалі прыярытэты міжнароднай супольнасці ў галінах кампетэнцыі ЮНЕСКА.

Савецкі Саюз дастаткова паспяхова выкарыстоўваў ЮНЕСКА як пляцоўку для ідэалагічнага спаборніцтва з Захадам. Найбольш вострыя дыскусіі ў сценах ЮНЕСКА на тым этапе выклікалі пытанні барацьбы за мір і супраць гонкі ўзбраенняў, усталявання новага міжнароднага эканамічнага і інфармацыйнага парадку, правы чалавека і правы народаў. Пры падтрымцы сацыялістычных краін і дзяржаў, якія развіваліся, СССР дамогся ўключэння ў Сярэднетэрміновы план шэрагу праграм, якія выклікалі надзвычай вострую крытыку Захаду. Сярод іх — "Абмеркаванне сусветных праблем і даследаванні, накіраваныя на будучыню" (праграма I), "Камунікацыя на службе чалавека" (праграма III), "Інфармацыйныя сістэмы і доступ да ведаў" (праграма VII), "Прынцыпы, метады, стратэгіі і дзеянні ў мэтах развіцця" (праграма VIII), "Мір, міжнароднае ўзаемаразуменне, правы чалавека і правы народаў" (праграма XIII).

Заходнія краіны абвінавачвалі сацыялістычны лагер у празмернай "палітызацыі" ЮНЕСКА, адхіленні арганізацыі ад вырашэння злабадзённых праблем адукацыі, навукі і культуры. Адначасова крытыка Захаду была скіравана супраць Сакратарыята ЮНЕСКА і асабіста Генеральнага дырэктара А. М’Боу, якога абвінавачвалі ў "левым ухіле" і сімпатыях да Савецкага Саюза, некантралюемым росце бюджету і кепскай сістэме кіравання.

СССР і сацыялістычныя краіны, наадварот, выступалі супраць рэгіяналізацыі і звужэння ролі ЮНЕСКА да агенцтва па аказанні тэхнічнай дапамогі, за ўзмацненне універсальнага падыходу і інтэлектуальнай місіі арганізацыі ў межах сістэмы ААН. Ініцыятывы і рыторыка СССР, накіраваныя супраць гонкі ўзбраенняў, новай "ядзернай зімы", за ўсталяванне справядлівага сусветнага парадку ў эканамічнай і інфармацыйнай галінах карысталіся папулярнасцю і падтрымкай сярод краін, якія развіваліся.

Аналіз сітуацыі, якая склалася ў ЮНЕСКА ў сярэдзіне 1980-х гг., сведчыць аб тым, што пазіцыі СССР і яго саюзнікаў значна ўмацаваліся. Савецкаму Саюзу ўдавалася праводзіць праз арганізацыю выгадныя яму рашэнні і дамініраваць у дыскусіях па многіх пытаннях, што не магло не выклікаць раздражнення з боку краін Захаду, перш за ўсё ЗША.

31 снежня 1984 г. ЗША выйшлі з ЮНЕСКА. Праз год іх прыкладу паследавалі Вялікабрытанія і Сінгапур. Шэраг заходніх краін, у прыватнасці ФРГ і Японія, таксама разглядалі такую магчымасць, але ўстрымаліся ад выхаду з арганізацыі. Па меркаванні як айчынных, так і заходніх даследчыкаў (К. Хюфнер, М. Федотаў), адной з галоўных прычын гэтай з’явы было "зніжэнне празаходняга палітычнага ўплыву ў ЮНЕСКА, абумоўленага пазіцыяй "новай большасці" ў 60-я гады"1. На думку В. Ройтэра, гэты крок таксама "неабходна разглядаць у кантэксце тагачаснага агульнага адхілення ЗША ад сістэмы ААН"2. Выхад ЗША і Вялікабрытаніі аслабіў пазіцыі заходніх краін у ЮНЕСКА і ўмацаваў пазіцыі СССР, які стаў галоўным плацельшчыкам у бюджэт арганізацыі3. Паваротным момантам у дзейнасці ЮНЕСКА стала 23-я сесія Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА, якая адбылася ў 1985 г. у Балгарыі. Упершыню бюджэт ЮНЕСКА быў прыняты кансенсусам, а на сесіі загаварылі аб "духу Сафіі"4.

Падпісанне Дагавора аб ракетах сярэдняй і малой дальнасці паміж СССР і ЗША ў 1987 г., прасоўванне Савецкім Саюзам канцэпцыі "новага мыслення" М. Гарбачова спрыялі аслабленню напружанасці ў Еўропе і свеце і пазітыўна адбіваліся на агульнай атмасферы ў межах ЮНЕСКА. Паступова на змену канфрантацыі прыходзіў пошук шляхоў супрацоўніцтва паміж Усходам і Захадам. У прыватнасці, Савецкі Саюз прыглушыў танальнасць выказванняў па праблематыцы міру і раззбраення, падтрымаў кандыдатуру прадстаўніка Іспаніі Федэрыка Майора на пасаду Генеральнага дырэктара ЮНЕСКА на выбарах, якія адбыліся падчас 24-й сесіі Генеральнай канферэнцыі арганізацыі ўвосень 1987 г.5 Заходнія краіны, са свайго боку, пачалі пашыраць кантакты з краінамі Ўсходняй Еўропы і СССР, зменшылі крытыку Савецкага Саюза па пытаннях правоў чалавека.

Хуткасць пераменаў, якія адбываліся ў той час, уражвае: калі ў 1985 г. з-за выхаду ЗША ЮНЕСКА апынулася на грані крызісу, то ў 1989 г. галоўным палітычным пытаннем у межах арганізацыі было пашырэнне агульнаеўрапейскага супрацоўніцтва ў межах НБСЕ, а таксама сувязей паміж нацыянальнымі камісіямі па справах ЮНЕСКА. Увогуле ў 1989 г. быў пакладзены пачатак новаму этапу развіцця супрацоўніцтва ў межах ЮНЕСКА на рэгіянальнай агульнаеўрапейскай аснове, што прывяло да ўсталявання кантактаў з Саветам Еўропы і адчыніла перспектывы ўзаемадзеяння з СЕ ў галіне адукацыі і іншых сферах6.

ЮНЕСКА ажыццявіла комплекс ініцыятыў па заахвочванні кантактаў і сувязей у Еўропе: былі праведзены шэраг агульнаеўрапейскіх сустрэч "Усход — Захад", актывізавана праца цэнтраў у Бухарэсце (Еўрапейскі цэнтр вышэйшай адукацыі — СЕПЕС) і ў Венецыі (РОСТЕ). Пад кіраўніцтвам Ф. Майора ў 1990 г. адбылося беспрэцэдэнтнае для часоў "халоднай вайны" сумеснае пасяджэнне заходнееўрапейскай і ўсходнееўрапейскай выбарчых групаў.

Усе гэтыя фактары спрыялі ўсталяванню духу канструктыўнага супрацоўніцтва ў ЮНЕСКА і непасрэдна адбіваліся на ўдзеле ў дзейнасці гэтай арганізацыі Беларусі як саюзнай рэспублікі СССР, а потым у якасці незалежнай дзяржавы.

Унікальнасць палажэння Беларусі ў сістэме міжнародных адносін у другой палове ХХ ст. у тым, што разам з УССР і СССР яна з’яўлялася краінай — заснавальніцай Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і паўнавартасным членам большасці міжнародных арганізацый сістэмы ААН, у тым ліку ЮНЕСКА (з 1954 г.). У Беларусі была створана і дзейнічала Нацыянальная камісія па справах ЮНЕСКА.

У другой палове 1980-х гг. дзейнасць БССР у ЮНЕСКА ў палітычнай сферы была накіравана на прасоўванне агульнасаюзных ініцыятыў. Голас БССР гучаў ва унісон з хорам сацыялістычных краінаў, якія прытрымліваліся агульна выпрацаванай лініі ў рамках ЮНЕСКА. Штогод праводзіліся каардынацыйныя нарады нацыянальных камісій сацыялістычных краін па справах ЮНЕСКА, а таксама нарады экспертаў па канкрэтных напрамках дзейнасці арганізацыі (адукацыя, навука, культура), у якіх рэгулярна бралі ўдзел прадстаўнікі Беларусі. Адно з такіх пасяджэнняў прайшло з 30 чэрвеня па 4 ліпеня 1986 г. у Мінску, па выніках якога была прынята заява з нагоды саракагоддзя ЮНЕСКА.

Паміж сацыялістычнымі краінамі існавала пэўнае падзяленне працы, у адпаведнасці з якім беларускія эксперты выпрацоўвалі рэкамендацыі для саюзнага цэнтра (а фактычна для ўсяго сацыялістычнага блока) па адміністрацыйных і фінансавых пытаннях ЮНЕСКА. Гэта мела свае плюсы, паколькі БССР была ўзнавальная: на 24-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА ў 1987 г. беларускі прадстаўнік А. Б. Дзёмін быў абраны намеснікам старшыні Адміністрацыйнай камісіі, а ў 1989 г. — старшынёй Адміністрацыйнай камісіі 25-й сесіі Генканферэнцыі.

Пры падтрымцы сацыялістычных краін БССР была абрана ў Выканаўчы савет ЮНЕСКА на перыяд 1989—1993 гг. У гэтым уплывовым органе Беларусь прадстаўляў акадэмік АН БССР А. Г. Лабанок. Беларусь таксама ўдзельнічала ў працы Міжурадавага савета па агульнай праграме па інфармацыі (1985—1989 гг.), Пенсіённага камітэта персаналу ЮНЕСКА (1987—1991 гг.). У маі 1990 г. прадстаўнік БССР А. М. Лапцёнак быў абраны намеснікам старшыні Пенсіённага камітэта. У Сакратарыяце арганізацыі па беларускай квоце працавалі чатыры спецыялісты.

Практычныя намаганні БССР у сферах кампетэнцыі ЮНЕСКА патрабавалі ўзгаднення з Масквой, што пэўным чынам адбівалася на накіраванасці і інтэнсіўнасці кантактаў з гэтай арганізацыяй. З аднаго боку, гэта запавольвала ці ўвогуле рабіла немагчымым прыняцце кіраўніцтвам рэспублікі неабходных рашэнняў7. З другога боку, беларускія спецыялісты мелі магчымасць на планавай аснове ўдзельнічаць у дастаткова вялікай колькасці канферэнцый, нарадаў і сімпозіумаў па лініі ЮНЕСКА (прыкладна 15—25 мерапрыемстваў штогод), часта за саюзны кошт. З 1972 па 1990 г. пры садзейнічанні «Агентства печати "Новости"» СССР выходзіў "Бюлетэнь Камісіі БССР па справах ЮНЕСКА" на англійскай, французскай і іспанскай мовах — адзінае ў рэспубліцы выданне на замежных мовах8.

Удзел БССР у дзейнасці ЮНЕСКА ў галіне адукацыі быў накіраваны, галоўным чынам, на прапаганду беларускага і агульнасаюзнага вопыту9. Беларускія дэлегацыі актыўна ўдзельнічалі ў штогадовых канферэнцыях Міжнароднага бюро асветы ў Жэневе і іншых адукацыйных форумах ЮНЕСКА, у тым ліку такіх лёсавызначальных, як Сусветная канферэнцыя па адукацыі для ўсіх у сакавіку 1990 г. у Джомцьене, Тайланд. Падчас розных форумаў ЮНЕСКА дэманстраваліся відэафільмы аб сістэме адукацыі ў Беларусі. На французскай мове пад эгідай ЮНЕСКА была выдадзена брашура "Развіццё народнай адукацыі ў БССР у 1986—1988 гг.".

Па ініцыятыве БССР на 24-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА ў 1987 г. была прынята рэзалюцыя аб неабходнасці распрацоўкі праблем правоў чалавека і іх выкладання з улікам разнастайнасці сацыяльна-эканамічных і палітычных сістэм. Гэта быў практычна першы выпадак у рамках ЮНЕСКА эпохі "халоднай вайны", калі рэзалюцыя па такой адчувальнай тэматыцы, ініцыяваная краінай сацыялістычнага лагера, была прынята без значных пярэчанняў з боку Захаду10.

Напрыканцы 1980-х гг. Беларусь удзяляла вялікую ўвагу развіццю еўрапейскага супрацоўніцтва ў галіне адукацыі. Разам з СССР беларускія прадстаўнікі ў рамках ЮНЕСКА прасоўвалі ідэю стварэння Універсітэта народаў Еўропы. Па ініцыятыве БССР нарада міністраў вышэйшай адукацыі сацыялістычных краін у 1988 г. прыняла рэзалюцыю "Аб развіцці міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне адукацыі па лініі ЮНЕСКА".

Асабліва актыўна супрацоўніцтва БССР з ЮНЕСКА развівалася ў сферах вышэйшай, прафесійна-тэхнічнай і пазашкольнай адукацыі. БССР прымала ўдзел у нарадах упаўнаважаных па сувязях з Еўрапейскім цэнтрам вышэйшай адукацыі ЮНЕСКА. Прадстаўнік Беларусі Д. І. Шэметаў быў абраны намеснікам старшыні бюро СЕПЕС (1990—1991 гг.). Дзякуючы актыўнай працы БССР у гэтым органе беларускія спецыялісты мелі магчымасць удзельнічаць у шэрагу семінараў СЕПЕС па пытаннях павышэння кваліфікацыі і ўкаранення штучнага інтэлекту ў вышэйшай адукацыі. У журнале СЕПЕС "Вышэйшая адукацыя ў Еўропе" ў 1980-я гг. былі надрукаваны шэраг артыкулаў беларускіх аўтараў.

Спецыялісты БССР унеслі істотны ўклад у распрацоўку Канвенцыі аб тэхнічнай і прафесійнай адукацыі, якая была прынята на 25-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА ў 1989 г. Заходнія краіны на этапе падрыхтоўкі супраціўляліся прыняццю ініцыяванага СССР нарматыўнага акта ЮНЕСКА ў галіне прафтэхадукацыі, які разглядаўся як сродак прапаганды сацыялістычнай сістэмы тэхнічнай і прафесійнай адукацыі, у першую чаргу сярод краін, якія развіваліся11. Прыняцце канвенцыі стала магчымым толькі ў выніку пацяплення палітычнага клімату ў Еўропе.

БССР актыўна ўдзельнічала ў І Міжнародным кангрэсе па развіцці і паляпшэнні тэхнічнай і прафесійнай адукацыі (1987 г., Берлін, ГДР), сімпозіуме "Узаемадзеянне паміж агульнай адукацыяй, прафесійнай падрыхтоўкай і далейшым навучаннем у сістэме вышэйшай адукацыі" (1987 г., Сафія, Балгарыя). Прадстаўнік Беларусі ўваходзіў у склад рэдакцыйнага камітэта па падрыхтоўцы праекта канвенцыі. Па ініцыятыве Беларусі на 25-й сесіі Генканферэнцыі была ўхвалена рэзалюцыя па гэтай праблеме. Як вынік, у рамках праекта ЮНЕСКА беларускім спецыялістам было даручана падрыхтаваць вучэбны дапаможнік па пытаннях прафесійна-тэхнічнай адукацыі для банку даных арганізацыі.

У 1985 г. у Мінску пад эгідай ЮНЕСКА прайшоў міжнародны сімпозіум па пазашкольнай навуковай адукацы моладзі. Спецыялісты БССР узялі ўдзел у семінары ЮНЕСКА па пазашкольнай адукацыі дарослых (1987 г., Варшава, Польшча), у выніковым дакуменце якога знайшлі адлюстраванне беларускія прапановы аб узмацненні ролі ВНУ ў павышэнні кваліфікацыі работнікаў сістэмы адукацыі, неабходнасці больш дакладнага вызначэння формаў і метадаў пазашкольнай адукацыі і развіцця міжнароднага супрацоўніцтва ў гэтай галіне.

Бадай, адным з найбольш плённых кірункаў удзелу Беларусі ў міжнародным супрацоўніцтве па лініі ЮНЕСКА ў другой палове 1980-х гг. было ўзаемадзеянне ў навуковай галіне. Яно мела шматгранны характар. Перш за ўсё, гэта тычылася экалагічных навук, у прыватнасці Праграмы ЮНЕСКА "Чалавек і біясфера" (МАБ). У Беларусі быў створаны Нацыянальны камітэт па праграме МАБ, які ўдзельнічаў у каардынацыйных нарадах сацыялістычных краін па праграме МАБ і агульнаеўрапейскіх нарадах (ЕўраМАБ).

Беларускія спецыялісты праводзілі навуковыя даследаванні па экалагічных праблемах і экалагічным планаванні развіцця беларускіх гарадоў, размешчаных на рэках. Сведчаннем міжнароднага аўтарытэту БССР у гэтай сферы стала абранне беларускага прадстаўніка падчас І агульнаеўрапейскай нарады па каардынацыі і планаванні ў рамках МАБ (ФРГ, 1987 г.) старшынёй V сесіі, на якой абмяркоўваўся стан экалогіі еўрапейскіх рэкаў Дунай і Рэйн.

Міжведамасны камітэт БССР па Міжнароднай гідралагічнай праграме ЮНЕСКА ажыццявіў праект "Меліяратыўная ахова малых рэкаў і азёраў Беларусі". У 1991 г. Беларусь атрымала стыпендыю ЮНЕСКА па тэматыцы вывучэння экалагічнай ролі раслінаў азёрных зонаў.

Заслугоўвае ўвагі той факт, што ў 1983 г. менавіта ў Беларусі на базе Бярэзінскага запаведніка адбыўся Першы сусветны кангрэс па біясферных запаведніках. Беларускі тэхналагічны інстытут у 1998—1990 гг. ажыццявіў пілотны праект па падрыхтоўцы вучэбна-педагагічных матэрыялаў і відэафільмаў на тэму "Роля біясферных запаведнікаў у адукацыі аб ахове навакольнага асяроддзя для школьнікаў" на прыкладзе Бярэзінскага біясфернага запаведніка і Белавежскай пушчы. Беларускі камітэт МАБ ажыццявіў праект па генетычным маніторынгу ў Бярэзінскім запаведніку.

Яшчэ адным актыўным напрамкам быў удзел Беларусі ў працы Міжнароднай праграмы геалагічнай карэляцыі. Беларускі камітэт па гэтай праграме каардынаваў правядзенне даследаванняў па чатырох буйных праектах: "Усходнееўрапейская платформа (паўднёва-заходні край)", "Дакембрыйскія экзагенныя працэсы", "Метамарфізм і геадынаміка" і "Карэляцыя вугленосных фармацый".

Адметным фактам з’яўляецца тое, што беларускі навуковы патэнцыял карыстаўся аўтарытэтам і прызнаннем у ЮНЕСКА. Калектыў Беларускага політэхнічнага інстытута ў 1987 г. падрыхтаваў па кантракце з ЮНЕСКА вучэбны дапаможнік па ліцейнай вытворчасці. У 1991 г. у Беларускім політэхнічным інстытуце пры фінансавай падтрымцы Маскоўскага бюро ЮНЕСКА і Савета Еўропы з поспехам былі праведзены міжнародныя курсы на тэму "Магнітныя вадкасці і парашкі — новыя тэхналагічныя матэрыялы".

З другога боку, дзякуючы стыпендыям ЮНЕСКА беларускія навукоўцы ў перыяд "халоднай вайны" мелі магчымасць праходзіць стажыроўкі ў вядучых даследчых установах краінаў Захаду па праблемах фізікі, мікрабіялогіі, інфарматыкі, кібернэтыкі, лазернай тэхнікі, сельскай гаспадаркі і ў іншых галінах.

Важнае значэнне надавалася прапагандзе высілкаў Беларусі ў прыродаахоўнай галіне. Падчас розных экалагічных форумаў праводзіліся выстаўкі плакатаў, дэманстраваліся відэафільмы, такія, як "Па старонках Чырвонай кнігі БССР". Беларускія фільмы "Блакітнае і зялёнае" і "Кропля ў музее" атрымалі дыпломы на фестывалі "Экафільм-87" у ЧССР.

Дастаткова дынамічна развівалася супрацоўніцтва з ЮНЕСКА ў галіне інфармацыйных тэхналогій. У 1990 г. у Мінску пад эгідай ЮНЕСКА была праведзена Міжнародная алімпіяда па інфарматыцы. У рамках праграмы ЮНЕСКА па інфарматыцы ў Мінскім радыётэхнічным інстытуце былі арганізаваны вучэбныя курсы па лакальных інфармацыйна-вылічальных сетках на базе ПЭВМ, якія адчынялі магчымасці для пашырэння міжнароднага супрацоўніцтва для беларускіх вучоных і спецыялістаў. У 1991 г. Беларускі рэспубліканскі камітэт па інфарматыцы выканаў праект па распрацоўцы і прымяненні экспертных сістэмаў па вырашэнні вынаходніцкіх задачаў.

Дзейнасць БССР у ЮНЕСКА ў галіне культуры была накіравана, у першую чаргу, на ажыццяўленне мэтаў Сусветнага дзесяцігоддзя развіцця культуры (СДРК, 1987—1997 гг.). У 1988 г. у Беларусі быў створаны нацыянальны камітэт па правядзенні СДРК. Камітэт арганізаваў шэраг мерапрыемстваў па святкаванні пяцісотгоддзя славутага беларускага асветніка і першадрукара Францішка Скарыны, а таксама стагоддзя з дня нараджэння выбітнага паэта Максіма Багдановіча. Па ініцыятыве Беларусі Выканаўчы савет ЮНЕСКА прыняў адпаведныя рэзалюцыі, прысвечаныя гэтым датам.

У 1990 г. у штаб-кватэры арганізацыі ў Парыжы адбылася памятная цырымонія, прысвечаная 500-годдзю з дня нараджэння Ф. Скарыны, былі наладжаны выставы кніг і фотаздымкаў, прайшоў канцэрт фальклорнага ансамбля "Жывіца". У журнале "Кур’ер ЮНЕСКА" быў надрукаваны артыкул, прысвечаны беларускаму першадрукару. У серыі ЮНЕСКА "Выбітныя асобы славянскіх культураў" была выдадзена кніга аб Ф. Скарыне. У 1991 г. у штаб-кватэры ЮНЕСКА была наладжана ўрачыстая цырымонія, прысвечаная памяці М. Багдановіча.

У рамках праграм ЮНЕСКА БССР настойвала на наданні прыярытэту мерапрыемствам па тэматыцы славянскіх культураў. У 1982 г. у Мінску адбыўся Міжнародны кангрэс па славянскіх культурах і сусветным культурным працэсе. Прадстаўнікі БССР актыўна ўдзельнічалі ў працы Міжнароднай асацыяцыі па вывучэнні і распаўсюджванні славянскіх культураў (МАВРСК). Быў створаны беларускі камітэт МАВРСК, якому была даручана распрацоўка аднаго з 8 тамоў "Гісторыі культуры славянаў", які ахопліваў перыяд пасля Другой сусветнай вайны12.

Інстытутам мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР было падрыхтавана даследаванне аб уплыве хрысціянства на развіццё архітэктуры і мастацтва заходнерускіх земляў. У серыі "Музычны атлас" пры дапамозе ЮНЕСКА былі выпушчаны кампакт-дыск і аўдыё касеты с запісамі аўтэнтычнай беларускай музыкі.

У штаб-кватэры ЮНЕСКА ў Парыжы рэгулярна праводзіліся культурныя акцыі Беларусі — фотавыставы, выставы беларускага рамяства, паказы дакументальных і мастацкіх фільмаў, сярод якіх славутая карціна "Беларускі вакзал", выступленні мастацкіх калектываў. У 1988 г. у дар бібліятэцы ЮНЕСКА была перададзена Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі і карціна М. Савіцкага "Я — Скарына".

Пад эгідай ЮНЕСКА былі выдадзены і распаўсюджваліся анталогіі беларускай паэзіі і апавяданняў, юбілейная манаграфія І. Я. Навуменкі, прысвечаная творчасці Я. Купалы і Я. Коласа. Артыкулы беларускіх навукоўцаў публікаваліся ў выданнях ЮНЕСКА "Імпакт", "Кур’ер ЮНЕСКА", зборніку "Тысячагоддзе хрысціянства Старажытнай Русі".

Прадстаўнік БССР быў абраны ў 1988 г. старшынёй міжрэгіянальнага сімпозіума ЮНЕСКА па ўмовах узаемадзеяння паміж працэсамі мадэрнізацыі і традыцыйнымі культурнымі каштоўнасцямі.

На пачатку 1990-х гг. вызначыўся яшчэ адзін плённы напрамак супрацоўніцтва Беларусі з ЮНЕСКА — захаванне культурнай спадчыны, які прынёс свой плён толькі праз дзесяць год, калі жамчужына беларускага дойлідства — Мірскі замак — была ўнесена ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Падыходы савецкага кіраўніцтва, якое дбала аб падтрыманні іміджу СССР як краіны-донара, не дазвалялі Беларусі шырока карыстацца фінансавымі магчымасцямі ЮНЕСКА. Складвалася парадаксальнае становішча, калі СССР, БССР і УССР, якія ўкладалі ў ЮНЕСКА значныя сродкі і дабіваліся прыняцця арганізацыяй прагрэсіўных рашэнняў, фактычна не выкарыстоўвалі вынікі ўласных намаганняў і ўскосным чынам спрыялі ўцечцы сродкаў у заходнія дзяржавы і краіны, якія развіваліся13.

Аднак па меры змянення падыходаў СССР да супрацоўніцтва ў рамках ЮНЕСКА магчымасці карыстацца сродкамі і паслугамі арганізацыі пашыраліся. Калі на пачатку і ў сярэдзіне 1980-х гг. БССР выкарыстоўвала Праграму ўдзелу ЮНЕСКА галоўным чынам для арганізацыі стажыровак беларускіх навукоўцаў, то напрыканцы 1980-х гг. па лініі арганізацыі сталі закупаць камп’ютэрную тэхніку і абсталяванне14. Узрастаў і аб’ём сродкаў, што паступалі ў эканоміку краіны, хаця ўзнос БССР у бюджет ЮНЕСКА быў на парадак вышэйшы і складаў звыш 600 тыс. дол. ЗША, альбо 0,36 % (зараз у тры разы меней).

У снежні 1991 г. адбыўся візіт у Мінск Генеральнага дырэктара ЮНЕСКА Ф. Майора. Гэта быў другі візіт у Беларусь кіраўніцтва ЮНЕСКА15, які практычна супаў з падзеямі ў Віскулях і распадам Савецкага Саюза. Падчас візіту быў падпісаны Мемарандум аб супрацоўніцтве паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і ЮНЕСКА, які вызначыў прыярытэтныя кірункі ўзаемадзеяння нашай краіны з арганізацыяй на пачатак 1990-х гг. Адным з іх была мінімізацыя наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.

ЮНЕСКА ў ліку першых міжнародных арганізацый адгукнулася на заклік беларускага кіраўніцтва аб дапамозе ў барацьбе з Чарнобыльскай трагедыяй. У студзені 1991 г. была ўхвалена праграма "ЮНЕСКА — Чарнобыль", якая мела міждысцыплінарны характар і ахоплівала практычна ўсе сферы кампетэнцыі арганізацыі 16 .

БССР, як частка Савецкага Саюза, відавочна, не магла праводзіць самастойнай знешняй палітыкі, хаця фармальна была надзелена адпаведнымі канстытуцыйнымі паўнамоцтвамі 17 . Разам з тым удзел беларускіх прадстаўнікоў у дзейнасці міжнародных арганізацый, такіх, як ЮНЕСКА, быў неацэннай крыніцай дыпламатычнага вопыту і эфектыўным інструментам прапаганды Беларусі, яе эканамічнага патэнцыялу і здабыткаў культуры, садзейнічаў пашырэнню міжнародных кантактаў беларускіх грамадзян. У практычным плане быў створаны трывалы падмурак для пабудовы самастойнай знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь і яе поўнавартаснага ўваходжання ў сусветную супольнасць як самастойнай дзяржавы. Многія сферы супрацоўніцтва з ЮНЕСКА, фундамент якіх быў закладзены ў часы БССР, атрымалі развіццё ўжо ў знешнепалітычнай практыцы незалежнай Беларусі.

 


 

1 Хюфнер К. Обзор ЮНЕСКО // ЮНЕСКО. Цели, структуры, деятельность. Хроника, цифры, факты. М.: Рудомино, 2002. С. 25.
2 Ройтер В. История ЮНЕСКО: хроника 1921—2001 // ЮНЕСКО. Цели, структуры, деятельность. Хроника, цифры, факты. С. 240.
3 10,41 %, альбо 18 млн дол. ЗША. Сукупны ўзнос СССР, БССР і УССР складаў 12,8 %.
4 Архіў МЗС Рэспублікі Беларусь. Папка I, справа № 026 за 1985 г. Т. 2. С. 37.
5 Архіў МЗС Рэспублікі Беларусь. Папка I, справа № 023 за 1987 г. С. 83.
6 Архіў МЗС Рэспублікі Беларусь. Папка І, справа № 023 за 1989 г. С. 93.
7 Найбольш яскравым прыкладам можа служыць пазіцыя СССР па чарнобыльскай праблеме. Савецкія ўлады замоўчвалі спачатку факт, а потым памер наступстваў аварыі на ЧАЭС, у тым ліку ў рамках ЮНЕСКА. Сітуацыя кардынальна змянілася напрыканцы васьмідзесятых гадоў, калі Прэзідыум Вярхоўнага Савета і Савет Міністраў БССР прынялі заяву да краінаў свету па Чарнобылю і звярнуліся за дапамогай да сусветнай супольнасці.
8 З таго часу выданне Бюлетэня камісіі па справах ЮНЕСКА ў сілу розных прычын, на жаль, так і не было адноўлена.
9 У рамках падзялення працы па Пастаянным прадстаўніцтве СССР пры ЮНЕСКА ў Парыжы пастаянны прадстаўнік БССР В. Калбасін быў кіраўніком сектара адукацыі прадстаўніцтва.
10 Архіў МЗС Рэспублікі Беларусь. Опіс № 2, № 2749, справа № 026 за 1989 г. С. 126.
11 Там жа.
12 У сувязі з закрыццём праекта напрыканцы 1980-х гг. публікацыя выдання была спынена.
13 Архіў МЗС Рэспублікі Беларусь. Опіс № 2, справа № 026 за 1988 г. С. 101.
14 Праграма ўдзелу ЮНЕСКА ўяўляе сабой праграму фінансавай дапамогі, праз якую фінансуюцца праекты, прадстаўленыя краінамі — членамі арганізацыі. Па лініі гэтай праграмы БССР атрымала ў 1984—1985 гг. 20 500 дол. ЗША, у 1986—1987 гг. — 25 000 дол. ЗША, у 1988—1989 гг. — 46 500 дол. ЗША, у 1990—1991 гг. — 20 450 дол. ЗША.
15 Упершыню Беларусь наведаў Генеральны дырэктар ЮНЕСКА А. М’Боу ў 1977 г.
16 Праграма складалася з 84 праектаў, якія ажыццяўляліся ў трох найбольш пацярпелых краінах — Беларусі, Украіне і Расіі. Праграма фінансавалася на пазабюджэтнай аснове. Усяго за перыяд рэалізацыі праграмы з 1991 па 1997 г. на яе ажыццяўленне было прыцягнута каля 9 млн дол. ЗША.
17 Гл.: Снапковский В. Е. Белорусская ССР в ООН (1945—1985 гг.). Мн.: Наука и техника, 1985. C. 6.


Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter

Сообщество

  • (029) 3222740
  • Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
© 2025 Международное общественное объединение «Развитие». All Rights Reserved.