журнал международного права и международных отношений 2007 — № 1
международные отношения
Польшча — Беларусь: 15 гадоў міждзяржаўных адносін
Баляслаў Хмяліньскі
Аўтар:
Хмяліньскі Баляслаў — кандыдат палітычных навук, старшыня Таварыства «Польшча — Беларусь»
Рэцэнзенты:
Шадурскі Віктар Генадзьевіч — доктар гістарычных навук, прафесар кафедры міжнародных адносін факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага універсітэта
Русаковіч Андрэй Уладзіміравіч — кандыдат гістарычных навук, дацэнт, загадчык кафедры міжнароднага права і агульнаюрыдычных дысцыплін Міжнароднага інстытута трудавых і сацыяльных адносін
Мінула 15 гадоў з часу ўзнікнення на тэрыторыі былога СССР незалежных дзяржаў. Адышла ў мінулае эпоха супрацьстаяння двух сацыяльна-палітычных сістэм, зніклі Варшаўскі Дагавор, сусветная сацыялістычная сістэма, здабыткам гісторыі засталася «халодная вайна». Згаданыя падзеі і працэсы самым непасрэдным чынам закранулі Польшчу і Беларусь. У нашых краінах змяніліся дзяржаўны лад, палітычныя сістэмы, геапалітычнае становішча. Беларусь атрымала дзяржаўную незалежнасць і магчымасць самастойна рэалізоўваць нацыянальныя інтарэсы на міжнароднай сцэне. Са свайго боку Польшча таксама змяніла сваё месца ў палітычнай геаграфіі. Разам з тым, паўсталі ўмовы фарміравання адносін паміж Польшчай і Беларуссю на роўных і дэмакратычных падставах, без дыктату з боку іншаземных урадаў і ідэалогій, без свавольства манархаў і магнатаў.
Тысячагадовае суседства двух народаў мае багатую гісторыю, аднак яно не мае аналагаў сучаснаму стану, магчымасцям і запатрабаванням польска-беларускага супрацоўніцтва як на дзяржаўным узроўні, так і на грамадскім. За 15 гадоў назапашаны новы вопыт, адкрыты новыя накірункі і формы ўзаемадзеяння, у беспасрэдныя кантакты паміж сабой уступілі сотні дзяржаўных устаноў, грамадскіх арганізацый, тысячы прадпрыемстваў і фірм, мільёны грамадзян — палякаў і беларусаў.
Адначасова ўзніклі новыя, невядомыя дагэтуль праблемы, супярэчнасці і складанасці ў польска-беларускіх адносінах, якія часамі перашкаджаюць супрацоўніцтву і якія безумоўна трэба пераадольваць.
Да моманту атрымання Беларуссю незалежнасці суседняя Польшча ўжо два гады ішла па шляху сістэмных пераўтварэнняў. У 1989 г. пасля выбараў у сейм выканаўчая ўлада перайшла ад камуністаў (ПАРП) да «Салідарнасці». У канцы 1990 г. адбылася змена і лідэра краіны: прэзідэнтам замест В. Ярузельскага стаў Л. Валенса. Змяніліся і знешнепалітычныя прыярытэты краіны.
Сярод уладнай эліты сфарміравалася новае ўяўленне аб гарантыях нацыянальнай бяспекі, новае кіраўніцтва ўзяло курс на хуткую інтэграцыю краіны ў Заходнюю Еўропу, а адносіны з Масквой рабіліся ўсё больш халоднымі і нават варожымі. Польскі ўрад спрабаваў наўпрост устанаўліваць адносіны з памежнымі рэспублікамі СССР. Так, Сейм Польшчы ўжо 31 жніўня 1991 г. дэклараваў прызнанне незалежнасці Беларусі, хаця апошняя яшчэ ўваходзіла ў склад СССР [31]. 10 кастрычніка 1991 г. падчас візіту беларускай урадавай дэлегацыі ў Польшчу была падпісана польска-беларуская Дэкларацыя аб добрасуседстве, узаемаразуменні і супрацоўніцтве. Яе падпісалі Старшыня Рады Міністраў Рэспублікі Польшча Я. Бялецкі і Старшыня Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь В. Кебіч [23, s. 19].
Узнікненне новых дзяржаў на ўсходняй мяжы Польшчы было прыязна сустрэта абсалютнай большасцю насельніцтва. Дамінавала ўпэўненасць, што з новастворанымі дзяржавамі Польшча зможа ўстанавіць добрасуседскія, раўнапраўныя і ўзаемакарысныя адносіны. У поўнай ступені гэта тычылася Беларусі. Рэспубліка Польшча пастановай Рады Міністраў 27 снежня 1991 г. афіцыйна прызнала незалежнасць Беларусі [19].
Афіцыйнае ўстанаўленне дыпламатычных адносін паміж Польшчай і Беларуссю адбылося 2 сакавіка 1992 г. падчас візіту ў Варшаву міністра замежных спраў Беларусі П. Краўчанкі. Вынікам гэтага візіту было падпісанне Пагаднення аб устанаўленні дыпламатычных адносін і Консульскай канвенцыі [11]. Польшча пераўтварала сваё Генеральнае консульства ў Мінску ў пасольства і мела намер адчыніць консульскія ўстановы ў Брэсце і Гродна, рэгіёнах кампактнага пражывання польскай меншасці ў Беларусі. Беларускі бок адчыняў пасольства ў Варшаве (першым паслом быў прызначаны У. Сенька) і выказаў намер адчыніць консульскія ўстановы ў Беластоку — культурным цэнтры беларускай меншасці ў Польшчы і Гданьску, які, меркавалася, павінен быў стаць «марскімі варотамі» Беларусі.
Паслом Рэспублікі Польшчы ў Рэспубліцы Беларусь была прызначана прафесар Э. Смулкова — мовазнаўца, спецыяліст у галіне польска-беларускіх адносін [8].
Устанаўленне дыпламатычных адносін было вельмі пазітыўна ўспрынята грамадскасцю абедзвюх дзяржаў, асабліва нацыянальнымі меншасцямі. Рэспубліка Беларусь як найбліжэйшы сусед Польшчы зрабілася важным партнёрам у палітычных і эканамічных адносінах. Згодна са сцвярджэннем Міністра замежных спраў К. Скубішэўскага ў Сейме, Польшча бачыла гарантыю для ўласнай бяспекі ў поспеху дэмакратычных працэсаў, рынкавых пераўтварэнняў у гаспадарцы, а таксама для ўмацавання поўнай суверэннасці Беларусі [6].
23—24 красавіка 1992 г. ў Польшчы знаходзілася ўрадавая дэлегацыя Рэспублікі Беларусь на чале з прэм’ерам В. Кебічам. Плённым вынікам гэтага візіту было падпісанне наступных дамоўленасцей, што рэгулююць двухбаковыя адносіны:
— Пагадненне аб прынцыпах трансгранічнага супрацоўніцтва [21],
— Дагавор аб ахове і падтрымцы інвестыцый,
— Дагавор па пытанню памежных пераходаў [32],
— Пагадненне па пытанню ўтварэння польска-беларускага камерцыйнага банка [7],
— Дагавор паміж міністэрствамі замежных спраў аб супрацоўніцтве ў барацьбе з арганізаванай злачыннасцю [33].
Важнай падзеяй у польска-беларускіх адносінах у 1992 г. стаў візіт дзяржаўнай дэлегацыі Рэспублікі Беларусь на чале са Старшынёй Вярхоўнага Савета С. Шушкевічам. Падчас візіту 23 чэрвеня 1992 г. быў падпісаны Дагавор аб добрасуседстве і супрацоўніцтве Рэспублікі Польшча і Рэспублікі Беларусь [26]. С. Шушкевіч таксама ўрачыста адкрыў Пасольства Рэспублікі Беларусь у Варшаве.
Дагавор складаецца з 29 артыкулаў, з якіх асаблівай увагі заслугоўваюць наступныя. Дагавор абавязвае абедзве дзяржавы фарміраваць адносіны на прынцыпах узаемнай павагі, добрасуседства і партнёрства. Пацвярджае непарушнасць межаў, мірнага вырашэння спрэчак, неўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы, павагу правоў чалавека і асноўных свабод, а таксама права да самавызначэння (арт. 1). Бакі будуць развіваць рэгулярныя кантакты паміж органамі ўлады і дзяржаўнай адміністрацыі і парламентамі (арт. 10).
Абедзве дзяржавы вырашылі спрыяць развіццю непасрэдных кантактаў паміж рэгіёнамі, гарадамі і іншымі адміністрацыйна-тэрытарыяльнымі адзінкамі Польшчы і Беларусі. Асаблівая ўвага будзе прысвечана супрацоўніцтву на памежных абшарах. Будзе павялічана колькасць памежных пераходаў і спрошчана працэдура памежнага і мытнага кантролю грамадзян абедзвюх дзяржаў (арт. 11).
Абодва бакі абавязаліся, што будуць актыўна спрыяць пашырэнню кантактаў паміж іх грамадзянамі і будуць ствараць адпаведныя ўмовы для развіцця адносін паміж палітычнымі партыямі, грамадскімі рухамі, прафесійнымі саюзамі, навуковымі і творчымі таварыствамі, сродкамі масавай інфармацыі, культавымі ўстановамі і інш. Прызнаючы важную ролю маладога пакалення ў фарміраванні новых адносін паміж народамі, будуць падтрымліваць развіццё дружалюбных сувязей паміж моладдзю абедзвюх дзяржаў (арт. 12).
Шмат увагі ў Дагаворы прысвечана нацыянальным меншасцям (арт. 13—17). Бакі абавязаліся паважаць міжнародныя прынцыпы і стандарты, якія датычаць аховы правоў нацыянальных меншасцей, што маюцца ў міжнародных пактах правоў чалавека (Заключны акт Канферэнцыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. Дакументацыя капенгагенскай сустрэчы па пытанню чалавечага вымярэння, парыжскай Хартыі для новай Еўропы). Пацверджана, што асобы, якія належаць да меншасці ў Польшчы ці ў Беларусі, маюць права індывідуальна або супольна з іншымі членамі сваёй групы свабодна захоўваць, развіваць і выказваць сваю этнічную, культурную, моўную і рэлігійную ідэнтычнасць без якой-небудзь дыскрымінацыі і ва ўмовах поўнай роўнасці адносна закона (арт. 14). Могуць таксама засноўваць і ўтрымліваць уласныя ўстановы, арганізацыі ці таварыствы, выкарыстоўваць доступ да сродкаў масавай інфармацыі, а таксама ўдзельнічаць у дзейнасці міжнародных пазаўрадавых арганізацый. Асобы, якія належаць да нацыянальных меншасцей, маюць права прытрымлівацца і практыкаваць сваю рэлігію, у тым ліку набываць і выкарыстоўваць рэлігійныя матэрыялы і весці асветніцкую рэлігійную дзейнасць на роднай мове.
У сферы эканамічных кантактаў Польшчы і Беларусі пастанавілі ствараць належныя ўмовы для эканамічнага, фінансавага і прававога супрацоўніцтва, у тым ліку развіцця прадпрымальніц-тва. Будуць падтрымліваць і ахоўваць інвестыцыі, прытрымлівацца нормаў аўтарскага і патэнтавага права і аблягчаць рух праз мяжу тавараў, паслуг, рабочай сілы і капіталаў. Абедзве дзяржавы будуць спрыяць развіццю непасрэднага супрацоўніцтва дзяржаўных, прыватных прадпрыемстваў і іншых гаспадарчых суб’ектаў, а таксама ажыццяўляць абмен вопытам і аказваць узаемную навучальную і іншую дапамогу ў працэсе стварэння рынкавай эканомікі (арт. 18). Адначасова дзяржавы прадэкларавалі, што будуць прымаць удзел у стварэнні скаардынаванай міжнароднай стратэгіі ў галіне аховы асяроддзя, а таксама супрацоўнічаць у вырашэнні глабальных, у першую чаргу еўрапейскіх экалагічных праблем.
Звяртаючыся да пазітыўных каштоўнасцей шматвяковай культурнай спадчыны польскага і беларускага народаў і іх укладу ў еўрапейскую цывілізацыю, выяўлена воля далейшага супрацоўніцтва ў галіне культуры, навукі, асветы і інфармацыі. Абодва бакі будуць пашыраць культурны абмен паміж установамі і арганізацыямі культуры, у тым ліку творчымі саюзамі на ўсіх узроўнях.
З мэтай узаемнага распаўсюджвання ведаў аб нацыянальным даробку ў галіне культуры, навукі, асветы і інфармацыі кожны з бакоў паабяцаў стварыць культурныя цэнтры на тэрыторыі іншага боку (арт. 22).
У Дагаворы бакі абавязаліся таксама ўзаемадзейнічаць у барацьбе з арганізаванай злачыннасцю, тэрарызмам, гаспадарчай злачыннасцю, нелегальным гандлем наркотыкамі, мастацкімі творамі і г. д. Было вырашана ўдасканальваць консульскія адносіны, а на падставе асобных дагавораў рэалізаваць прававы абарот па грамадзянскіх, сямейных, крымінальных і адміністрацыйных справах (арт. 24).
Дагавор аб добрасуседстве і дружалюбным супрацоўніцтве быў заключаны на 15 гадоў, г. зн. да 23 чэрвеня 2007 г. Таму ў 2007 г. будзе нагода, каб зрабіць баланс яго рашэнняў і функцыянавання. Пасля гэтага тэрміну абавязваючая сіла Дагавора аўтаматычна прадаўжаецца на пяцігадовы тэрмін, калі ніводзін з бакоў не дэнансуе яго шляхам натыфікацыі за год да заканчэння дадзенага перыяду. Абмен ратыфікацыйнымі дакументамі Дагавора адбыўся ў Мінску 30 сакавіка 1993 г.
Пасля падпісання Дагавора аб добрасуседстве і дружалюбным супрацоўніцтве наступіла актывізацыя польска-беларускіх адносін ва ўсіх сферах жыцця. Ужо 18—19 лістапада 1992 г. візіт у Рэспубліку Беларусь зрабіла прэм’ер Рэспублікі Польшча Х. Сухоцка. Яго мэтай было далейшае развіццё польска-беларускіх палітычных кантактаў і гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, а таксама абмеркаванне сітуацыі нацыянальных меншасцей у абедзвюх дзяржавах. Былі падпісаны Дагавор аб адмове ад падвойнага падаткаабкладання, Дагавор аб тэхнічным і тэхналагічным супрацоўніцтве і Дэкларацыя аб культурным і навуковым супрацоўніцтве [13].
Істотнай справай для Беларусі, суседзяў і міжнароднай сітуацыі ў цэлым было прызнанне ваеннага статусу новай дзяржавы. Абаронная дактрына Беларусі, прынятая Вярхоўным Саветам 4 кастрычніка 1992 г., пацвярджала імкненне Рэспублікі Беларусь да статусу нейтральнай дзяржавы, якая не мае ядзернай зброі. 15—16 снежня 1992 г. па запрашэнню міністра абароны Рэспублікі Польшча Я. Анышкевіча адбыўся рабочы візіт міністра абароны Рэспублікі Беларусь П. Казлоўскага. Падчас візіту была ўзгоднена сумесная пазіцыя аб наладжванні пастаянных рабочых кантактаў, узаемнага навучання кадраў, абмену вопытам і поглядамі ў справе абаронных канцэпцый.
У адказ з візітам у Рэспубліку Беларусь 21 красавіка 1993 г. прыехаў міністр абароны Польшчы, падчас якога быў падпісаны дагавор аб ваенным супрацоўніцтве паміж Польшчай і Беларуссю [20].
У наступныя тры гады працягвалася фарміраванне прававой базы двухбаковых стасункаў. 26 чэрвеня 1994 г. у Мінску быў падпісаны Дагавор аб прававой дапамозе і прававых стасунках у грамадзянскіх, сямейных, працоўных і крымінальных справах [38]. Гэта дамова заклікана рэгуляваць неабсяжнае кола людскіх спраў і праблем у выпадку, калі яны набываюць міжнародны характар. Не менш важным для шырокіх колаў грамадскасці, на наш погляд, было падпісанне 27 лістапада 1995 г. дамовы аб супрацоўніцтве ў сферах навукі, адукацыі і культуры [39]. Сваёй эмацыянальнай узнёсласцю гэтая дамова была як бы працягам Дагавора аб добрасуседстве і дружалюбным супрацоўніцтве 1992 г., сваім багатым зместам адкрывала шырокія перспектывы сумеснай працы польскіх і беларускіх навукоўцаў і дзеячаў культуры.
Высокае людское вымярэнне меў таксама і Дагавор паміж Урадам Рэспублікі Польшча і Урадам Рэспублікі Беларусь аб ахове могілак і месцаў памяці ахвяр войнаў і рэпрэсій, падпісаны ў Брэсце 21 студзеня 1995 г. [34].
Важнейшай падзеяй у польска-беларускіх стасунках у 1996 г. з’явілася сустрэча Прэзідэнта Польшчы А. Квасьнеўскага з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А. Лукашэнкам, якая адбылася 30 сакавіка ў Белавежскай пушчы [9]. Гэта было першае (і адзінае) афіцыйнае сумеснае мерапрыемства прэзідэнтаў суседніх дзяржаў, яно мела азнаямляючы пратакольны характар.
Ва ўсім комплексе двухбаковых адносін польскую і беларускую грамадскасць асабліва турбавалі стан і ўмовы пераезду праз дзяржаўную мяжу. ПНР і СССР пакінулі сваім грамадзянам у спадчыну фармальна спрошчаны, бязвізавы парадак перамяшчэння праз дзяржаўную мяжу. На практыцы перашкод было нямала, галоўная з іх таксама засталася ў спадчыну новым дзяржавам — абмежаваная колькасць памежных пераходаў і іх малая прапускная здольнасць. Пад націскам эканамічных інтарэсаў і запатрабаванняў грамадскасці ўлады скіравалі на гэту праблему ўвагу адпаведных органаў і значныя фінансавыя сродкі.
Адначасова вяліся перамовы з беларускім бокам аб сумесных дзеяннях у памежных справах. 24 красавіка 1992 г. у Варшаве бакі падпісалі дамову аб арганізацыі працы на памежных пераходах [35], а 20 мая таго ж года ў Мінску — дамову аб арганізацыі міжнародных перавозак [36].
Агульная лібералізацыя грамадскага жыцця паспрыяла таму, што ўжо ў 1996 г. Рэспубліка Польшча ўтрымлівала парадак бязвізавага ўезду замежных грамадзян з 59 краін, зразумела, у т. л. і з Беларусі. Адначасова выбуховы ўзрост міграцыйных патокаў, які прыйшоўся на гэты перыяд, вы-клікаў вострую дыскусію ва ўладных колах і ў грамадстве аб стаўленні да мігрантаў. Планы ўступлення ў Еўрасаюз падштурхнулі Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча ў 1993 г. выказацца за скасаванне бязвізавага ўезду для грамадзян краін, што паўсталі на месцы былых СССР і Югаславіі. Праведзеныя ў тым жа годзе апытанні насельніцтва паказалі неадназначныя вынікі. На працягу некалькі наступных гадоў былі ўведзены візы для гэтых краін, за выключэннем Расіі, Украіны і Беларусі.
16—17 мая 2002 г. у Варшаве адбыліся польска-беларускія кансультацыі па консульскіх пытаннях. Польскі бок праінфармаваў, што ў сувязі з далучэннем краіны да ЕС урад Рэспублікі Польшча дэнансуе з 31 мая 2002 г. Пагадненне паміж Урадам СССР і Урадам ПНР ад 14 мая 1985 г. аб спрошчаным парадку перасячэння мяжы жыхарамі памежных рэгіёнаў і з 30 красавіка 2003 г. дэнансуе Пагадненне ад 13 снежня 1979 г. аб бязвізавых паездках грамадзян абедзвюх дзяржаў. Адначасова паведамлялася, што польскі ўрад уводзіць візавы рэжым для грамадзян Рэспублікі Беларусь з 1 ліпеня 2003 г.
На працягу другой паловы 2002 і першай паловы 2003 гг. адбыліся некалькі раундаў перамоў паміж міністэрствамі замежных спраў Польшчы і Беларусі, падчас якіх выпрацоўваліся новыя правілы перасячэння мяжы. Перанос тэрміну далучэння Польшчы да Еўрапейскага саюзу з 1 студзеня 2004 г. на 1 мая 2004 г. дазволіў польскім і беларускім дыпламатам дамовіцца аб адтэрміноўцы ўвядзення візавага рэжыму з 1 ліпеня да 1 кастрычніка 2003 г.
26 жніўня 2003 г. прадстаўнікі міністэрстваў замежных спраў абедзвюх краін падпісалі міжурадавае пагадненне аб умовах ўзаемных паездак грамадзян [37]. Былі прадугледжаныя значныя льготы для асобных катэгорый грамадзян. Так, бясплатныя візы маглі атрымоўваць удзельнікі сумесных адукацыйных, навуковых, культурных, спартыўных мерапрыемстваў, дзеці да 18 гадоў і старэйшыя — пасля 65 гадоў жыцця, супрацоўнікі рабочых органаў еўрарэгіёнаў «Белавежская пушча», «Буг», «Нёман» і некаторыя іншыя. Бакі ўзялі на сябе абавязацельствы па інтэнсіфікацыі працы консульскіх устаноў з тым, каб не дапусціць цяжкасцей у свое-часовым атрыманні візаў грамадзянамі абедзвюх краін. Палітычныя і дыпламатычныя кантакты на высокім узроўні не спыніліся і пасля далучэння Рэспублікі Польшча да ЕС. Напярэдадні гэтай падзеі міністр замежных спраў С. Мартынаў наведаў Польшчу. У маі 2004 г. адбылася сустрэча Маршала польскага Сената Л. Пастусяка са Старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Г. Навіцкім. Праходзілі рабочыя сустрэчы прадстаўнікоў розных міністэрстваў і ведамстваў абедзвюх краін. На жаль, афіцыйныя польска-беларускія адносіны, так канструктыўна і прыгожа заяўленыя ў дагаворах, не заўсёды знаходзілі адлюстраванне ў рэчаіснасці. Высвятленне аб’ектыўных і суб’ектыўных прычын такога стану не было галоўнай мэтай прапанаванага артыкула. Адзначым толькі два фактары з польскага боку, якія спрыялі пахаладанню і пагаршэнню стасункаў з Беларуссю. Гэта, па-першае, уступленне ў НАТА, паскораная інтэграцыя Польшчы ў Еўрасаюз і, як вынік, усё большая залежнасць унутранай і знешняй палітыкі краіны ад рашэнняў і пазіцыі Бруселя. На пачатку 1990-х гг. польская палітычная эліта прытрымлівалася ідэі «пацягнуць за сабой маладую дзяржаву ў бок Еўропы», аднак сустрэлася, як піша беларускі гісторык М. Часноўскі, са стрымана-негатыўным стаўленнем Мінска спачатку да намеру, а потым і факту ўступлення Польшчы ў Паўночна-атлантычны альянс [4, с. 161]. З гэтага часу ў палітычнай думцы Варшавы пачала ўкараняцца сцвярджэнне аб немагчымасці суверэннай знешняй палітыкі Беларусі, бо яна, маўляў, цалкам залежыць ад Расіі. І ў гэтым схаваны другі фактар: антырасійскія пазіцыі польскіх правых палітычных сілаў і іх сродкаў масавай інфармацыі аўтаматычна пераносіліся на Беларусь за тое, што гэта краіна падтрымлівала з Расіяй блізкія стасункі.
Беларускія гісторыкі называюць і іншую прычыну пагаршэння стасункаў паміж суседнімі краінамі. Беларусь трымала курс на пабудову сацыяльна арыентаванай эканомікі з моцным уплывам дзяржаўных інстытутаў, Польшча праводзіла сістэмную трансфармацыю з элементамі «шокавай тэрапіі» Л. Бальцаровіча [1, с. 59].
Пры дэталёвым разглядзе сутнасці праблемы, нам падаецца, нельга не заўважыць некаторыя метадалагічныя хібы ў аргументацыі, разважаннях і даследаваннях многіх польскіх аналітыкаў. Палякі ў сваёй большасці не могуць пазбавіцца элементаў ментарства, «вялікадзяржаўнасці» ў адносінах да «меншага» і «малодшага» суседа. Таму вялікае здзіўленне выклікала ў іх адмова беларускага кіраўніцтва ісці вызначаным у Варшаве курсам.
Варта зазначыць, што не толькі польскія палітыкі, але і публіцысты, а часам і навукоўцы шукаюць прычыны пахаладання польска-беларускіх адносін толькі ў палітыцы беларускіх улад і нават у нацыянальным менталітэце беларусаў. Услед за С. Ханцінгтонам многія польскія аўтары акцэнтуюць увагу на «цывілізацыйным разломе» Еўропы, які праходзіць нібы па сучаснай польска-беларускай мяжы, нібы па мяжы, што існавала да 1939 г. Каб знайсці і падкрэсліць цывілізацыйныя адметнасці, выкарыстоўваюцца сацыялагічныя даследаванні. Прафесар Ю. Вініцкі пасля аналізу сацыялагічных апытанняў насельніцтва ў Польшчы і Беларусі аб прыярытэтных рысах характару чалавека прыходзіць да высновы, што цывілізацыйны разлом у нашым рэгіёне праяўляецца ў адметнасцях нацыянальных характараў палякаў і беларусаў [2, с. 22].
З 1996 г. Польшча пачала праводзіць у адносінах да Беларусі палітыку «крытычнага дыялога». У рэчышчы такой палітыкі Сейм Рэспублікі Польшча 19 лістапада 1996 г. прыняў пастанову аб сітуацыі ў Беларусі [29], 22 студзеня 1999 г. — Пасланне да беларускага народу [30]. Шэраг падобных пастаноў і заяў былі прыняты і органамі выканаўчай улады Рэспублікі Польшча. Аднак такая палітыка сутыкнулася з нязгодай значнай часткі польскага грамадства. Гэта праяўлялася ў дзейнасці многіх недзяржаўных арганізацый, якія не толькі не парвалі сувязі з беларускімі калегамі, але імкнуліся пашыраць іх як дэманстрацыю альтэрнатыўнага стаўлення да Беларусі. Нязгода з палітыкай польскіх улад прабівалася і на старонкі прэсы. Так, урадавая газета «Rzeczpospolita» пад крыху іранічнай назвай «Рай на Беларусі» распавядала сваім чытачам аб настроях простых людзей у Беларусі падчас рэферэндуму 1996 г., на шматлікіх прыкладах паказала падтрымку большасцю сельскіх жыхароў беларускага Прэзідэнта [5]. Журналіст газеты «Zycie» А. Падольскі таксама сцвярджаў аб шырокай грамадскай падтрымцы А. Лукашэнкі і заклікаў польскія ўлады дадаць больш прагматызму ў палітыку адносна Беларусі [18]. Гэтак званы крытычны дыялог з Беларуссю паступова набываў характар псіхалагічнага націску на суседнюю краіну з боку польскай прэсы. У якасці доказу дастаткова прывесці назвы некаторых газетных публікацый за 1995—1998 гг.: «Ці зробіцца Польшча ворагам Беларусі ў бліжэйшы час» — «Zycie Warszawy», «Мы ўсе баімся» — «Sztandar Mіodych», «Лукашэнка абвінавачвае Польшчу» — «Gazeta Wyborcza», «Сцяна на Бугу» — «Wprost» [24]. Выбухі негатыўных эмоцый, якія не адпавядаюць ані дыпламатычным стасункам, ані ўвогуле этыцы міжнародных зносін, паўтараліся і ў наступныя гады. Знешняя палітыка Рэспублікі Польшча ў 1996—2004 гг. падпарадкоўвалася генеральнай задачы — інтэграцыі ў еўрапейскую і атлантычна-еўрапейскую супольнасць, г. зн. уваходжанню ў НАТА і Еўрасаюз. Антыбеларускія захады польскіх улад можна разглядаць як пратакольна-палітычную дэманстрацыю салідарнасці з лідэрамі Заходняй Еўропы. Аднак і пасля завяршэння працэсу інтэграцыі Польшча захавала ментарскі тон у адносінах да Беларусі цяпер ужо як паўнавартасны член ЕС і як прадстаўнік Еўрапейскага саюзу і НАТА на ўсходніх межах гэтых аб’яднанняў. 10 верасня 2004 г. Сейм Рэспублікі Польшча прыняў рэзалюцыю аб парушэнні правоў чалавека ў Беларусі [28], 10 сакавіка 2006 г. — заяву аб прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі [27].
Сур’ёзны канфлікт паміж Польшчай і Беларуссю ў 2005 г. выклікала непрызнанне беларускімі ўладамі новаабранага кіраўніцтва Саюза палякаў Беларусі. Заявы і пратэсты з абодвух бакоў насілі востры, эмацыянальны характар. Прэм’ер-міністр М. Бэлька нават прапанаваў непрызнанай старшыні Саюза А. Борыс пасаду ганаровага консула Рэспублікі Польшча ў Беларусі [22], не ўлічыўшы пры гэтым, што на прызначэнне грамадзяніна ганаровым консулам у замежнай краіне патрэбна ў адпаведнасці з Венскай канвенцыяй аб консульскіх зносінах згода ўлад гэтай краіны [12].
Пэўную цікавасць уяўляе сабой, на наш погляд, кароткі аналіз пазіцый палітычных партый у адносінах да Беларусі. Ён паказвае, што значная частка палітычнай эліты падпарадкавалася патрабаванням так званай еўрапейскай салідарнасці. Партыя польскіх лібералаў «Грамадзянская платформа» выступіла з ініцыятывай прыняцця Сеймам пастановы «Аб парушэннях правоў чалавека і грамадзяніна ў Беларусі» ў верасні 2004 г. Старшыня партыі Д. Туск у ліпені 2005 г. дэманстратыўна наведаў Гродзеншчыну, дзе сустракаўся з А. Борыс і іншымі актывістамі непрызнанага аб’яднання палякаў у Беларусі, а група членаў яго партыі ў той самы час пікетавала Генеральнае консульства Беларусі ў Беластоку [40]. Партыя «Права і справядлівасць», якая з 2005 г. трымае ў сваіх руках уладу ў краіне, ініцыявала стварэнне шэрагу «камітэтаў салідарнасці з Беларуссю», фондаў дапамогі беларускай апазіцыі. Варта, аднак, заўважыць, што «Права і справядлівасць» трымаецца нацыянальна-кансерватыўнай ідэалогіі, таму яе дзеянні ў меншай ступені залежалі ад пазіцыі еўрапейскіх структур, іх можна трактаваць як спробы ўзмацніць свой уплыў на пэўныя грамадска-палітычныя колы ў Беларусі. Нацыянальна-прагматычным падыходам былі абумоўлены і ініцыятывы ўрада братоў Качыньскіх па падпісанню шэрагу новых польска-беларускіх пагадненняў. Саюз левай дэмакратыі (СЛД) у першай палове 1990-х гг. быў актыўным прыхільнікам польска-беларускага супрацоўніцтва. Гэта выразна дэманстраваў і лідэр польскіх сацыял-дэмакратаў Прэзідэнт Рэспублікі Польшча А. Квасьнеўскі. Аднак у другой палове 1990-х гг. сацыял-дэмакраты паступова перайшлі на пазіцыі еўрапейскай салідарнасці. Адзін з лідэраў партыі Л. Пастусяк у верасні 2005 г., калі СЛД практычна ўжо згубіў уладу ў краіне, заявіў, што партыя не мае прынцыповай пазіцыі ў пытаннях узаемаадносін з Рэспублікай Беларусь [10]. Найбольш прагматызму выказвалі радыкальная партыя «Самаабарона Рэспублікі Польшча» (СРП) і Польская сялянская партыя. Лідэр СРП А. Лепер удзельнічаў у назіранні за ходам рэферэндуму 17 кастрычніка 2004 г. у Беларусі і пасля вяртання дамоў заявіў: «Самаабарона прытрымліваецца поглядаў, што кожны край мае права самастойна выбіраць шлях грамадска-эканамічнага развіцця» [16]. Падобную пазіцыю выказаў дэпутат Сейма ад СРП Б. Барысюк падчас выступлення на кангрэсе Таварыства супрацоўніцтва «Польшча — Усход» (ТСПУ) у кастрычніку 2006 г. [41]. Польская сялянская партыя ўсе 15 гадоў паслядоўна прытрымлівалася пазіцыі неўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы суседніх дзяржаў. На думку сялянскага дэпутата Сейма Я. Пехаціньскага, «адзіным спосабам паскорыць еўрапеізацыю і дэмакратызацыю Расіі ці Беларусі з’яўляецца адкрытае супрацоўніцтва з імі» [42].
Беларускія ўлады ацэньвалі нядобразычлівыя захады польскіх улад як спробы ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы Рэспублікі Беларусь. А ўсе спрэчныя пытанні прапаноўвалі вырашаць шляхам перамоў. Так, у сувязі з вострай дыскусіяй у 2005 г. па справе Саюза палякаў у Беларусі Пасол Рэспублікі Беларусь П. Латушка адзначаў: «Мы раней чатыры разы прапанавалі Польшчы правесці кансультацыі на ўзроўні віцэ-міністраў замежных спраў, каб вырашыць праблему Саюза палякаў. І чатыры разы мы атрымалі ад Польшчы рашуча адмоўны адказ... Я баюся, што істэрыя вакол польска-беларускіх канфліктаў адаб’ецца на нашых адносінах на многа гадоў... А ў гісторыі ж Беларусь была адзінай суседкай Польшчы, з якой ніколі не было спрэчак. Стагоддзямі мы жылі ў адной дзяржаве».
Прыхільнікі польска-беларускага добрасуседства, перш за ўсё члены Таварыства супрацоўніцтва «Польшча — Усход», Таварыства «Польшча — Беларусь» (ТПБ), Беларускага грамадска-культурнага таварыства, з вялікім непакоем назіралі за пагаршэннем афіцыйных польска-беларускіх адносін. Асаблівыя хваляванні выклікала тое, што пад уплывам антыбеларускай прапаганды дэфармуюцца погляды і настроі шырокіх колаў грамадства. Так, у снежні 2005 г. Цэнтр даследаванняў грамадскай думкі (ЦДГД) задаў палякам пытанне «Як бы Вы акрэслілі свае адносіны да іншых народаў?» Вынік апытання можа здзіўляць — па шкале ад -3 (максімальная антыпатыя) да +3 (максімальная сімпатыя) беларусы атрымалі -0,73, а, напрыклад, да ўкраінцаў антыпатыя крыху меншая, складае -0,66 [25]. Калі прааналізаваць гістарычныя падзеі як векавой даўніны, так і больш свежыя, якія здарыліся ў XX ст., то немагчыма сумнявацца, што паміж украінцамі і палякамі было намнога больш нагод адчуваць узаемную антыпатыю (аб чым яскрава сведчаць сацыялагічныя апытанні 70—80-х гг. мінулага стагоддзя) [3, с. 165]. Уяўляюць цікавасць, на наш погляд, вынікі апытання, праведзенага ЦДГД у маі 2006 г., даследчыкі Цэнтра запыталі палякаў пра адносіны іх краіны з Расіяй, Германіяй і Украінай, а таксама пра дзяржавы, якіх, на іх думку, трэба баяцца і тыя краіны, на якіх Польшча можа разлічваць у складанай сітуацыі. Вынікі апытання паказваюць, што супрацоўнічаць з украінцамі хочуць 77 % палякаў, а два гады таму назад іх было 60 %. Большасць палякаў верыць таксама ў магчымасць партнёрскіх адносінаў Польшчы з Расіяй. Адначасова менавіта Расіі баіцца аж 59 % апытаных. Значна радзей палякі ўказваюць на Германію (23 %). За Расіяй і Германіяй ідзе Беларусь — яе «баіцца» 11 % апытаных палякаў [15].
Адказам кіраўніцтва і актыву Таварыства «Польшча — Беларусь», Таварыства супрацоўніцтва «Польшча — Усход», шэрагу іншых неўрадавых арганізацый на негатыўныя з’явы было рашучае ўзмацненне сваёй працы па ўсім магчымым накірункам. З сярэдзіны 1990-х гг. ТПБ усё больш актыўна брала на сябе задачы фарміравання спрыяльнага маральна-палітычнага клімату ў польска-беларускіх стасунках. Дэманстрацыяй іншага стаўлення да ўсходняга суседа было амаль штодзённае супрацоўніцтва ТПБ з беларускімі амбасадай і генконсульствамі. Прадстаўнікі Таварыства ўдзельнічалі амаль ва ўсіх пратакольных і культурна-асветніцкіх мерапрыемствах Пасольства Рэспублікі Беларусь, дапамагалі беларускім дыпламатам наладжваць кантакты з польскай грамадскасцю як у Варшаве, так і іншых гарадах краіны. Прычым гэта рабілася ў адкрытую, з намаганнямі прыцягнуць як мага больш увагі польскай прэсы. Таварыства не мела намеру выконваць ролю «пятай калоны», яго патрыятычная пазіцыя грунтавалася на цвёрдай упэўненасці, што добрасуседскія адносіны з Беларуссю ў поўнай ступені адпавядаюць нацыянальным стратэгічным інтарэсам Польшчы.
У канкурэнцыі за грамадскую думку ТСПУ і ТПБ змагаліся за пазіцыі на інфармацыйным рынку. Зрэдку, бадай што раз на месяц, удавалася «прапіхнуць» аб’ектыўную інфармацыю на польскае радыё ці тэлебачанне, яшчэ з большымі цяжкасцямі — у прэсу. Важным рашэннем таварыстваў было выданне часопіса «Nowe Kontrasty», якое пачалося з 1994 г. і працягвалася да 2003 г. уключна. Члены Таварыства «Польшча — Беларусь», а таксама незалежныя журналісты апублікавалі за гэты час у часопісе каля 200 матэрыялаў пра Беларусь. Зразумела, што ўсе артыкулы і інфармацыі падаваліся з аб’ектыўных, прыязных да Беларусі пазіцый.
Іншы прыклад: калі ў 2006 г. польскі парламент прымаў дакумент аб парушэннях правоў чалавека ў Беларусі, з пратэстам выступіў палітык СЛД Я. Чыквін, беларус, адзін з найбольш аўтарытэтных людзей на Беласточчыне. На яго думку, прыняцце такой заявы пагоршыць і так дрэнныя адносіны з усходнім суседам і такім чынам пашкодзіць і Польшчы. «Аўтары праекту заявы ўказваюць на факты парушэння правоў чалавека ў Беларусі. Сапраўды, у Беларусі здараюцца парушэнні правоў і стандартаў, прынятых у заходнім свеце. Было б аднак вялікім спрашчэннем, палітычнай наіўнасцю, а хутчэй палітычным цынізмам, разглядаць сітуацыю ў згаданай краіне, не беручы пад увагу грамадска-гістарычнага кантэксту ўзнікнення і функцыянавання беларускай дзяржавы. На жаль, веды па гісторыі, культуры, важных фактарах, якія фарміруюць нацыянальную свядомасць аднаго з самых блізкіх суседзяў, сярод польскіх эліт мінімальныя, на практыцы амаль не існуюць. Замест таго, каб пастарацца зрабіць глыбокі аналіз дзеля зразумення феномена Беларусі, польскія эліты з дрэнна скрытым пачуццём цывілізацыйнай перавагі спрабуюць яе апісваць банальнымі стэрэатыпамі» [17]. Далей Я. Чыквін сцвярджаў, што ўмешванне ва ўнутраныя справы ўсходняга суседа не прынясе Польшчы карысці, а можа выклікаць аслабленне міжнароднай пазіцыі краіны. Парламент, аднак, не прыслухаўся да словаў дэпутата і заяву прыняў.
Прыярытэт нацыянальна-прагматычнага падыходу Польшчы ў адносінах з Беларуссю перад трансатлантычнай салідарнасцю падтрымлівалі многія незаангажаваныя ў палітыку навукоўцы: гісторыкі, палітолагі, эканамісты. Так, вядомы пісьменнік і гісторык А. Легяц вельмі крытычна паставіўся да захадаў польскіх улад адносна спраў Саюза палякаў: «Сёння мы назіраем у Польшчы вялікае напружанне вакол правамоцнасці выбараў кіруючых органаў Саюза палякаў на Беларусі. Чуваць, як звіняць шабелькі некаторых польскіх палітыкаў. Цяпер палякі, як калісьці расіяне, хочуць ашчаслівіць беларускі народ. Хочуць дапамагчы абвергнуць "рэжым" Лукашэнкі, а на яго месца ўвесці вышэйшую, "цывілізаваную", бо заходнюю форму палітычнага ладу. Зноў палякі ведаюць лепей, чым "тутэйшыя", што ім патрэбна» [14, s. 175].
Такім чынам, мы можам зрабіць высновы аб наяўнасці ў грамадска-палітычным жыцці Рэспублікі Польшча двух плыняў адносна стасункаў з Рэспублікай Беларусь. Яны пачалі фарміравацца ўжо на пачатку 90-х гг. і набывалі ўсё больш выразны выгляд і змест адпаведна этапам польскага збліжэння з Захадам. Плынь, скажам, трансатлантычнай салідарнасці патрабавала міжнароднай ізаляцыі Беларусі, маральна-палітычнага і дыпламатычнага ціску на яе кіраўніцтва. Аўтары і лідэры такой палітыкі разлічвалі на тое, што яе вынікам будуць больш глыбокая інтэграцыя Польшчы ў заходне-еўрапейскай супольнасці і нават нейкія прывілеі «за заслугі».
Супрацьлеглую арыентацыю прапанаваў выразна сфарміраваны грамадскі рух за добрасуседства з Беларуссю. Аргументацыя ўдзельнікаў руху абапіралася на нацыянальна-прагматычны падыход да беларускіх спраў і, разам з тым, улічвала гістарычную і культурную блізкасць, пазітыўна-эмацыянальнае стаўленне вялікай часткі польскага грамадства да Беларусі і беларускага народа. Шырокая эмпірычная панарама падзей і іх аналіз даюць падставы сцвярджаць, што афіцыйныя польска-беларускія адносіны ў 1991—2006 гг. мелі супярэчлівы характар. З аднаго боку, была створана фундаментальная прававая база двухбаковых адносін, падпісана больш за 70 міждзяржаўных, міжурадавых і міжведамасных дамоў. Гістарычнае значэнне для польска-беларускіх адносін меў і будзе мець на будучыню Дагавор паміж Рэспублікай Польшча і Рэспублікай Беларусь аб добрасуседстве і дружалюбным супрацоўніцтве ад 23 чэрвеня 1992 г.
Пагадненнямі паміж урадамі і асобнымі міністэрствамі дзвюх краін былі ахопленыя практычна ўсе магчымыя сферы ўзаемадзеяння. Гэта дазволіла разгарнуць у новых для суб’ектаў гаспадарання абедзвюх краін рынкавых умовах міжнародны гандаль і іншыя віды эканамічнага супрацоўніцтва, аднавіць і пашырыць грамадскія сувязі паміж суседнімі дзяржавамі.
З другога боку, дыпламатычныя і палітычныя стасункі паміж дзяржавамі ва ўсё большай ступені набывалі ідэалагізаванае і непрыязнае адценне, падпадалі пад уплыў некарысных для польска-беларускіх дачыненняў геапалітычных фактараў. Недружалюбныя захады польскіх улад і некаторых афіцыйных сродкаў масавай інфармацыі ў адрас беларускіх улад пагаршалі маральна-палітычны клімат у адносінах да суседняй дзяржавы і яе грамадства.
Такому развіццю двухбаковых адносін супрацьпаставіліся шэраг палітычных партый і грамадскіх арганізацый, многія прадстаўнікі польскай інтэлігенцыі, бізнесу, простыя грамадзяне. Таварыства «Польшча — Беларусь», Таварыства супрацоўніцтва «Польшча — Усход», Беларускае грамадска-культурнае таварыства, Цэнтр славянскай культуры, іншыя таварыствы і фонды пашырылі грамадскія сувязі з арганізацыямі і ўстановамі Беларусі, разгарнулі супрацоўніцтва з імі па розных накірунках, дэманстравалі і прапагандавалі ў польскім публічным жыцці ідэю польска-беларускага добрасуседства як імператыў польскай дзяржаўнай палітыкі.
Сукупнасць эмпірычных дадзеных, аналіз пазіцый суб’ектаў польска-беларускіх адносін, грамадскіх настрояў і тэндэнцый іх змен дазволілі аўтару зрабіць першую спробу перыядызацыі польскай палітыкі ў адносінах да Рэспублікі Беларусь падчас першых 15 гадоў існавання гэтай дзяржавы.
У якасці першага этапу прапануем вылучыць 1991—1996 гг. Гэта час ўзаемнага пазнання дзяржаў і іх палітычных эліт, фарміравання міжнародна-прававой базы двухбаковых адносін. Сярод польскай палітычнай эліты дамінавалі рамантычныя надзеі ўвесці Беларусь у фарватар сваёй еўрапейскай палітыкі, адыграць ролю вядучага партнёра ў салідарным руху абедзвюх краін у еўрапейскую супольнасць.
Другі этап складуць, бадай што, 1996—2004 гг. Гэта час энергічнага маршу Польшчы ў НАТА і ЕС, час расчараванняў польскіх правячых кол палітыкай Беларусі, пахаладання і нават абвастрэння афіцыйных адносін. Польскія ўлады праводзілі на гэтым этапе ў адносінах да Беларусі палітыку крытычнага дыялога. Менавіта на гэтым этапе ў сукупнасці польска-беларускіх сувязей станоўчая роля грамадскага руху за добрасуседства з Беларуссю была найбольш важкай і значнай.
Трэці этап распачаўся, на нашу думку, з 2004 г., пасля завяршэння працэсу інтэграцыі Польшчы ў еўрапейскія структуры. На гэтым этапе польскія ўлады працягвалі палітыку крытычнага дыялога ў адносінах да Беларусі ўжо з пазіцыі члена ЕС. Разам з тым, у польскай палітыцы ўзмацніліся матывы нацыянальнага прагматызму, што пацягнула за сабой падпісанне шэрагу новых міжурадавых пагадненняў і заўважальны рост гандлёвага абароту паміж дзвюма краінамі.
Што тычыцца меркаванняў і прагнозаў на будучае, то, на наш погляд, перспектывы палітыкі прыязнага добрасуседства маюць шматразовую перавагу над перспектывамі варожасці ці канфрантацыі. На баку дружалюбнай палітыкі Польшчы адносна Беларусі тысячагадовая гісторыя добрасуседства і шчырага ўзаемадзеяння, вялікі маральна-псіхалагічны і эмацыянальны патэнцыял прыхільнікаў польска-беларускай дружбы, прагматызм, палітычная і гаспадарчая зацікаўленасць значнай часткі сучаснай палітычнай эліты краіны.
ЛІТАРАТУРА
1. Бальцэровіч, Л. Сацыялізм, капіталізм, трансфармацыя: лекцыя. Мінск, 2000.
2. Винницкий, З. Ю. Польша—Беларусь: цивилизационный разрыв и культурное проникновение (замечания к дискуссии) // Беларусь—Польша: путь к сотрудничеству: материалы междунар. науч. конф. Минск, 11 нояб. 2004 г. Минск: БГУ, 2005. С. 10—33.
3. Лойко, Л. В. Политическая борьба в Польше (70—80 гг.). Mинск, 1995.
4. Часноўскі, М. Сістэмныя пераўтварэнні ў Рэспубліцы Польшча (1989—1999). Минск: БДУ, 2000.
5. Ceglinska, L. Raj na Bialorusi / L. Ceglinska, K. Kolasa // Rzeczpospolita. 1997. N 9.
6. Czym jest polska racja stanu wobec aktualnych wyzwan politycznych, gospodarczych i spoiecznych? : Wystapienie sejmowe ministra spraw zagranicznych RP Krzysztofa Skubiszewskiego. Warszawa, 21 stycznia 1993r. // Mode of access: <http://www.zbiorydokumentow.pl/1993/1/1.html>. Date of access: 12.10.2006.
7. Decyzje o szybkim powolaniu polsko-bialoruskiego banku komercyjnego podjeto na spotkaniu premiera Polski Hanny Suchockiej z premierem Bialorusi Wiaczeslawem Kiebiczem w Minsku w listopadzie 1992 r. // Rzeczpospolita. 1992. N 272.
8. Elzbieta Smulkowa (peinila funkcje ambasadora RP w Republice Bialorus w latach 1991–1995) // Wikipedia, wolna encyclopedia. Mode of access: <http://www.pl.wikipedia.org/wiki>. Date of access: 12.06.2006.
9. Jechac, nie jechac. Jednak jedzie // Gazeta Wyborcza. 1996. 29 marca.
10. Konarski, M. Wywiad z Longinem Pastusiakiem, marszalkiem Senatu, politykiem SLD // Portal Spraw Zagranicznych. Mode of access: <http://psz.pl/content/view/1698/53>. Date of access: 15.08.2006.11. Konwencja konsularna miedzy Rzeczapospolita Polska a Republika Bialorus, sporzadzona w Warszawie, 2 marca 1992 r. // Dziennik Ustaw Rzeczypospolitej Polskiej z 1994 r. N 50. Poz. 197.
12. Konwencja wiedenska o stosunkach konsularnych, sporzadzona w Wiedniu dnia 24 kwietnia 1963 r. // Dziennik Ustaw Polskiej Rzeczypospolitej Ludowej z dnia 17 maja 1982 r.
13. Koscinski, P. Hanna Suchocka w Minsku. Polsce zalezy na suwerennosci Bialorusi // Rzeczpospolita. 1992. 19 listopada.
14. Legec, A. Kresowe wedrowki po Bialorusi, Litwie i Ukrainie // Kresy Kresy: Wspomnienia i szkice / Wybor i opracowanie: W. Jaworski, P. Zaborny. Skierniewice, 2005.
15. Opinie o stosunkach z Rosja, Niemcami i Ukraina. Na kim Polacy moga polegac a kogo sie obawiac. Raport CBOS // Centrum Badania Opinii Spolecznej. Mode of access: <http://www.cbos.com.pl/SPISKOM.POL/2006/K_98.PDF>. Date of access: 12.12.2005.
16. Piskorski, M. Obserwatorzy Samoobrony RP na Bialorusi // Samooborona Rzeczpospolitej Polskiej. Mode of access: <http://www.samoobrona.org.pl/pages/02.Partia/03.Stanowiska/index.php?document=95>. Date of access: 03.02.2006.
17. Pod prad. (Wystapienie posla Eugeniusza Czykwina w Sejmie) // Biuletyn Informacji Publicznej Posla na Sejm RP Eugeniusza Czykwina. Mode of access: <http://www.bip.czykwin.kadan.pl/index_2php?chaoter=id101116>. Date of access: 01.11.2006.
18. Podolski, A. Wiecej pragmatyzmu. Polska nie powinna traktowac Bialorusi lekcewazaco i protekcjonalnie // Zycie. 1999. N 176 (861).
19. Polska uznala niepodlegle republiki // Rzeczpospolita. 1991. 28–29 grudnia.
20. Polsko-bialoruska umowa wojskowa // Rzeczpospolita. 1993. 22 kwietnia.
21. Porozumienie miedzy Rzadem Rzeczypospolitej Polskiej a Rzadem Republiki Bialorus o glownych zasadach wspolpracy transgranicznej. Warszawa, 24 kwietnia 1992 r. (Porozumienie weszlo w zycie 20 pazdziernika 1992r.) // Mode of access: <http://www.zbiorydokumentow.pl/1992/4/>. Date of access:12.10.2006.
22. Pusty gest Belki // Nasz Dziennik. 2005. N 210 (2315).
23. Snapkowski, Ul. Stosunki polsko-bialoruskie (1990—2003) // Bielarus—Polszcza: Polszcza — Bielarus / pod red. A. Eberhadta, Ul. Ulachowicza. Warszawa, 2003. S. 14—20.
24. Sokolski, W. Mur na Bugu // Wprost. 1998. N 40.
25. Sympatia i niechec do innych narodow. Komunikat z badan // Centrum Badania Opinii Spolecznej. Mode of access: <http://www.cbos.pl>. Date of access: 12.10.2006.
26. Traktat miedzy Rzeczapospolita Polska a Republika Bialorus o dobrym sasiedztwie i przyjaznej wspolpracy, podpisany w Warszawie dnia 23 czerwca 1992 r. // Dziennik Ustaw Rzeczypospolitej Polskiej. 1993. N 118. Poz. 527.
27. Uchwala Sejmu Rzeczypospolitej Polskiej z 10 marca 2006 r. w sprawie wyborow prezydenckich na Bialorusi // Monitor Polski. 2006. N 20. Poz. 219.
28. Uchwala Sejmu Rzeczypospolitej Polskiej z dnia 10 wrzesnia 2004 r. w sprawie lamania praw czlowieka i obywatela na Bialorusi // Monitor Polski. 2004. N 39. Poz. 679.
29. Uchwala Sejmu Rzeczypospolitej Polskiej z dnia 19 listopada 1996 r. w sprawie sytuacji w Republice Bialorus // Monitor Polski. 1996. N 71. Poz. 654.
30. Uchwala Sejmu Rzeczypospolitej Polskiej z dnia 22 stycznia 1999 r. Poslanie Sejmu Rzeczypospolitej Polskiej do Narodu Bialoruskiego // Monitor Polski. 1999. N 4. Poz. 16.
31. Uchwala Sejmu Rzeczypospolitej Polskiej z dnia 31 sierpnia 1991 r. w sprawie og?oszenia niepodleglosci Bialorusi // Monitor Polski. 1991. N 29. Poz. 206.
32. Umowa miedzy Rzadem Rzeczypospolitej Polskiej a Rzadem Republiki Bialorus w sprawie przejsc granicznych, sporzadzona w Warszawie 24 kwietnia 1992 r. // Monitor Polski. 2003. N 37. Poz. 518.
33. Umowa miedzy Rzadem Rzeczypospolitej Polskiej a Rzadem Republiki Bialorus o wspolpracy w zwalczaniu przestepczosci, podpisana w Minsku dnia 8 grudnia 2003 r. // Dziennik Ustaw. 2005. N 125. Poz. 1044.
34. Umowa miedzy Rzadem Rzeczypospolitej Polskiej a Rzadem Republiki Bialorus o ochronie grobow i miejsc pamiaci ofiar wojen i represji, sporzadzona w Brzesciu dnia 21 stycznia 1995 r. // Dziennik Ustaw Rzeczypospolitej Polskiej. 1997. N 32. Poz. 185.
35. Umowa miedzy Rzadem Rzeczypospolitej Polskiej a Rzadem Republiki Bialorus w sprawie przejsc granicznych, sporzadzona w Warszawie dnia 24 kwietnia 1992 r. // Monitor Polski. 2003. N 37. Poz. 518.
36. Umowa miedzy Rzadem Rzeczypospolitej Polskiej a Rzadem Republiki Bialorus o miedzynarodowych przewozach drogowych, sporzadzona w Minsku dnia 20 maja 1992 r. // Monitor Polski. 2001. N 46. Poz. 743.
37. Umowa miedzy Rzadem Rzeczypospolitej Polskiej a Rzadem Republiki Bialorus o ruchu osobowym, podpisana w Minsku 26 sierpnia 2003 r. // Monitor Polski. 2003. Nr 49. Poz. 754.
38. Umowa miedzy Rzeczapospolita Polska a Republika Bialorus o pomocy prawnej i stosunkach prawnych w sprawach cywilnych, rodzinnych, pracowniczych i karnych, sporzadzona w Minsku dnia 26 pazdziernika 1994 r. // Dziennik Ustaw Rzeczypospolitej Polskiej. 1995. N 128. Poz. 619.
39. Umowa miedzy Rzeczapospolita Polska a Republika Bialorus o wspolpracy w dziedzinie kultury, nauki i oswiaty, sporzadzona w Warszawie dnia 27 listopada 1995 r. // Dziennik Ustaw Rzeczypospolitej Polskiej. 1996. N 76. Poz. 365.
40. Wiec w obronie Polakow na Bialorusi // Mode of access: <http://www.platforma.org.pl/index.php/aktualnosci>. Date of access: 12.10.2006.
41. Wypowiedz Boleslawa Borysiuka na XVII Kongresie Stowarzyszenia Wspolpracy Polska — Wschod w dniu 20 pazdziernika 2006 r. // Materialy z XVII Kongresu. Archiwum Stowarzyszenia Wspolpracy Polska — Wschod. Warszawa, 2006.
42. Wywiad z Januszem Piechocinskim, poslem PSL // Portal Spraw Zagranicznych. Mode of access: <http://psz.pl/content/view/1708>. Date of access: 15.08.2006.