журнал международного права и международных отношений 2012 — № 1


международное право — влпросы теории

Еўрапейскі саюз і трэція краіны: метадалогія прававой апраксімацыі

Максім Карлюк

Аўтар:
Карлюк Максім Уладзіміравіч — аспірант кафедры міжнароднага права факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта

Рэцэнзенты:
Вашкевіч Аляксандр Яўгенавіч — кандыдат юрыдычных навук, дацэнт кафедры міжнароднага права факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта
Бязлюдаў Алег Артуравіч — кандыдат юрыдычных навук, дацэнт, загадчык кафедры міжнароднага эканамічнага права Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта 

Дадзены артыкул закранае актуальную для прававой навукі тэму, паколькі шэраг краін па розных прычынах прыкладаюць намаганні па збліжэнні нацыянальнага заканадаўства з правам Еўрапейскага саюза (ЕС). Нягледзячы на вялікі практычны досвед, атрыманы падчас апошніх пашырэнняў ЕC, адчуваецца недахоп тэарэтычнага асэнсавання ўніверсальнай метадалогіі прававой апраксімацыі. Пра гэта сведчыць абмежаваная колькасць літаратуры на дадзеную тэматыку, нават у краінах ЕС. У некаторай ступені гэтае пытанне закранаецца ў буйнейшых працах, прысвечаных пашырэнню ЕС, пад рэдакцыяй А. Отт (A. Ott), К. Інгліс (K. Inglis) [7] і А. Келермана (A. Kellermann), Е. Цуцая (J. Czuczai), С. Блокманса (S. Blockmans), А. Албі (A. Albi), У. Доўма (W. Douma) [15]. Самыя вядомыя спецыялісты ў сферы апраксімацыі права — гэта Е. Цуцай (J. Czuczai) [2; 3], А. Келерман (A. Kellermann) [8], А. Лазоўскі (A. Łazowski) [12; 13]. Аднак на жаль, ніводны з аўтараў не ставіць пытанне пра ўніверсальную метадалогію. У большасці выпадкаў распрацоўкай метадалогіі займаюцца эксперты, якія працуюць з канкрэтнымі краінамі і, адпаведна, іх метадалогія заўжды адаптаваная да адмысловай мясцовай сітуацыі. Вынікам гэтага з’яўляецца істотная фрагментацыя ведаў у дадзенай сферы. На наш погляд, існуе шэраг агульных элементаў, што могуць утварыць універсальную метадалогію, якая, у сваю чаргу, можа быць адаптавана любой краінай, што жадае распачаць або працягнуць працэс апраксімацыі права. Адсутнасць універсальнай метадалогіі прававой апраксімацыі з’яўляецца недахопам у прававой навуцы, і дадзены артыкул закліканы часткова запоўніць яго.

У артыкуле разглядаюцца агульныя характарыстыкі працэсу прававой апраксімацыі, у прыватнасці даецца азначэнне і вызначаецца спецыфіка, фармулюецца тыпалогія сродкаў, метадаў і тэхнік, выяўляюцца асаблівасці, апраксімацыі з рэгламентамі і дырэктывамі ЕС, а таксама разглядаецца роля практыкі Суда ЕС.

Паняцце і асаблівасці правовой апраксімацыі

Не існуе ўніверсальна ўзгодненага паняцця прававой апраксімацыі. Аднак паколькі ўдзел у тэрміналагічнай дыскусіі не з’яўляецца прадметам дадзенага даследавання, пазначым толькі, што гэты тэрмін спецыфічны менавіта для права ЕС і ў дачыненні да краін па-за ЕС выкарыстоўваецца ў якасці трыхатаміі: транспазіцыі, прымянення і забеспячэння нормаў права ЕС у нацыянальным правапарадку [3, p. 4]. Без прыніжэння ролі двух апошніх аспектаў для мэты артыкула вылучаецца толькі першы аспект і прапануецца вузкае значэнне прававой апраксімацыі як працэсу заканатворчай дзейнасці з мэтай паступовага дасягнення адпаведнасці нацыянальнага заканадаўства трэціх краін з правам ЕС шляхам гарманізацыі і ўніфікацыі.

Сферы прававой апраксімацыі першапачаткова вызначаюцца міжнароднымі пагадненнямі з ЕС, а потым удакладняюцца ў адпаведнасці з патрабаваннямі асобнай краіны. Такія патрабаванні могуць адлюстроўвацца ў неабходнасці часу для адаптацыі пэўнай галіны эканомікі (напрыклад, адкрыццё дзяржаўных закупак для замежных кампаній) [8, p. 222] або ў недастатковасці адміністрацыйных мажлівасцяў, фінансавых або чалавечых рэсурсаў. У адпаведнасці з гэтым паслядоўнасць апраксімацыі можа быць зменена [11, p. 83]. Такім чынам, працэс прававой апраксімацыі з’яўляецца паступовым. Трэба мець на ўвазе, што права ЕС знаходзіцца ў пастаянным змяненні і развіцці і можа быць азначана як «зменлівая мэта» [2, p. 60]. Гэта азначае, што права ЕС не статычнае і павінна разглядацца ў развіцці.

Тыпалогія прававой апраксімацыі

У літаратуры прысутнічае розная тэрміна-логія для апісання тых ці іншых дзеянняў, звязаных з апраксімацыяй права [9; 13], але для мэтаў гэтага артыкула тыпалогія падзеленая на сродкі, метады і тэхнікі прававой апраксімацыі.

Сродкі

Сродкі прававой апраксімацыі — гэта дэрэгуляванне, паўторнае рэгуляванне, новае заканадаўства, далучэнне да міжнародных пагадненняў, стандартызацыя.

Дэрэгуляванне прадугледжвае скасаванне нацыянальных прававых нормаў у выніку адсутнасці патрэбы ў іх або ў выніку іх неадпаведнасці праву ЕС. Дэрэгуляванне шырока выкарыстоўваецца ў самім ЕС [3, p. 12]. У той жа час гэты сродак знаходзіць шырокае прымяненне у працэсе апраксімацыі права, у прыватнасці датычна лібералізацыі. Дэрэгуляванне грае адмысловую ролю адразу пасля прыняцця краіны ў ЕС, калі, напрыклад, усё нацыянальнае заканадаўства, апраксімаванае з рэгламентамі ЕС, мусіць спыніць сваё дзеянне ў выніку набыцця рэгламентамі прамога дзеяння.

Паўторнае рэгуляванне выкарыстоўваецца ў выпадках, калі пэўная галіна грамадскіх адносін ужо ўрэгулявана ў нацыянальным праве, але такое рэгуляванне састарэла і патрабуе адаптавання да новых умоў і да права ЕС. Прыклады галін права, у якіх часта выкарыстоўваецца паўторнае рэгуляванне, — антыманапольнае права, дзяржаўныя закупкі і прававая метралогія.

Новае заканадаўства прымаецца ў выпадках, калі паўторнае рэгуляванне патрабуе шмат выдаткаў або значна ўскладняе наяўнае заканадаўства. Аднак асноўнай функцыяй прыняцця новага заканадаўства з’яўляецца ахоп раней неўрэгуляваных сфер. Адмысловую ролю гэты сродак іграе ў экалагічным праве і рэгуляванні генетычна мадыфікаваных прадуктаў. Ён таксама выкарыстоўваецца пры лібералізацыі шэрагу сеткавых галін прамысловасці: на энергетычным рынку, чыгуначным транспарце, у тэлекамунікацыях і паштовых паслугах.

Многія шматбаковыя міжнародныя пагадненні з’яўляюцца часткай права ЕС. Такім чынам, мэтазгодна вылучыць далучэнне да міжнародных пагадненняў у якасці асобнага сродку прававой апраксімацыі, які кіруецца сваімі правіламі. Прыкладамі сфер, дзе можа ўзнікнуць патрэба ў далучэнні да міжнародных пагадненняў, з’яўляюцца ахова навакольнага асяроддзя і права інтэлектуальнай уласнасці.

Стандартызацыя таксама з’яўляецца неад’емнай часткай права ЕС. Адпаведна, тэхнічныя стандарты прымаюцца ў працэсе прававой апраксімацыі. Гэта стала асобнай задачай пры апраксімацыі з так званымі дырэктывамі «новага падыходу», якія ўводзяць агульную сістэму стандартызацыі ў некалькіх сектарах эканамічнай дзейнасці [5].

Метады

Вылучаюць пяць метадаў прававой апраксімацыі: перафармуляванне, капіраванне, «голд плэйтынг» (gold plating), далучэнне і «стандартная практыка».

Перафармуляванне — найбольш ужывальны метад. Ён дазваляе карэктаваць прававую тэрміналогію і стыль, які выкарыстоўваецца ў праве ЕС да тых, што выкарыстоўваюцца ў нацыянальнай прававой сістэме [14, p. 205]. Аднак такі метад можа таксама выкарыстоўвацца ў дачыненні да недастаткова дэталізаваных палажэнняў права ЕС.

Метад капіравання, або апраксімацыі адзін у адзін, прадугледжвае паўтарэнне мовы прававога акта, з якім ажыццяўляецца апраксімацыя. Іншымі словамі, захоўваюцца фармулёўкі акта права ЕС. Гэта можа быць дасягнута шэрагам шляхоў. Па-першае, шляхам простай копіі: тэкст адпаведных палажэнняў капіруецца ў нацыянальнае заканадаўства. Па-другое, можа рабіцца простая адсылка да пэўных палажэнняў. Такая адсылка можа быць статычнай, г. зн. адсылаць да палажэнняў, якія ёсць на момант адсылкі, і дынамічнай, якая адсылае і да будучых зменаў [14, p. 37].

«Голд-плэйтынг» (gold plating) выкары-стоўваецца, калі нацыянальны заканадаўца жадае пайсці далей за патрабаванні права ЕС. Гэта дазваляе дадаць нацыянальныя элементы да прававых захадаў, праз якія ажыццяўляецца апраксімацыя. Такія дапаўненні могуць уключаць пашырэнне сферы дзеяння, невыкарыстанне выключэнняў, стварэнне дадатковых механізмаў забеспячэння і палажэнні, якія ідуць далей за мінімальныя патрабаванні (як цяжар даказвання) [14, p. 205].

Метад далучэння азначае, што акт права ЕС проста далучаецца да нацыянальнага прававога акта ў форме дадатку [14, p. 205]. Такім чынам нацыянальныя захады прававой апраксімацыі складаюцца з дзвюх частак: першая частка ўяўляе кароткі тэкст са спасылкай на акт ЕС, а другая — дадатак, які ўключае сам акт. Такі метад карысны для краін у апошняй стадыі апраксімацыі падчас надання прававой моцы рэгламентам ЕС. Увядзенне рэгламентаў у нацыянальныя прававыя сістэмы метадам далучэння спрашчае іх ўступленне ў прамы эфект і прымяненне пасля прыняцця дзяржавы ў ЕС. Краіна можа потым проста скасаваць такі нацыянальны акт без негатыўных наступстваў. Больш за тое, такі метад скасоўвае праблему памылак у апраксімацыі і добра рыхтуе прававую сістэму да ўступлення дзяржавы ў ЕС. Аднак такі метад не рэкамендуецца дзяржавам, якія не маюць блізкую перспектыву ўступлення ў ЕС і/або на ранніх стадыях прававой апраксімацыі. Гэта можа стварыць супярэчанні з нацыянальнай прававой сістэмай, бо рэгламенты могуць мець паняцці і працэдуры, невядомыя нацыянальнаму праву, што, у сваю чаргу, зробіць іх непрацоўнымі або паменшыць эфектыўнасць іх дзеяння.

«Стандартная практыка» з’яўляецца спецыфічным метадам прававой апраксімацыі, які прапаноўваецца ў дактрыне [9, p. 34—35]. Сутнасць — у пошуку лепшай практыкі прававой апраксімацыі: збіраюцца некалькі прававых актаў іншых дзяржаў і аб’ядноўваюцца ў адзін новы, які ў выніку і з’яўляецца ўсталяванай стандартнай практыкай. Потым рыхтуецца новы прававы акт, які мусіць адпавядаць вызначанай стандартнай практыцы і выкарыстоўваецца ў якасці мадэльнага акта для апраксімацыі нацыянальнага заканадаўства. Асноўнай рызыкай выкарыстання такога метаду з’яўляюцца супярэчнасці, якія могуць утрымлівацца ў мадэльным акце [9, p. 35].

Тэхнікі

Існуюць чатыры тэхнікі прававой апраксімацыі: адтэрміноўка, паслядоўная, структураваная і сектаральная апраксімацыя.

Прававая апраксімацыя з адтэрміноўкай дазваляе зрабіць усю неабходную апраксімацыю, але прадугледжвае ўступленне ў моц заканадаўства або яго палажэнняў з пэўнай даты ў будучыні. Гэта асабліва карысна для краін, што знаходзяцца ў працэсе ўступлення ў ЕС, калі пэўнае заканадаўства ўступае ў моц з даты прыняцця дзяржавы ў якасці члена ЕС.

Паслядоўная прававая апраксімацыя грунтуецца на прынцыпе градуалізма, калі заканадаўства апраксімуецца паступова, а не ўсім масівам адначасова. Гэта звязана з плаўнай адаптацыяй прававой сістэмы, а таксама эканамічнай і сацыяльнай сітуацыі ў краіне да новых правіл. Гэтая тэхніка вядзе да сітуацыі, калі розныя часткі заканадаўства уступаюць у моц у розныя перыяды часу.

Тэхніка структураванай прававой апраксімацыі звязана са складанасцю пэўных галін права, асабліва пры неабходнасці экспертызы, як у выпадку экалагічнага права. Нацыянальны заканадаўца часам не здольны забяспечыць усе неабходныя рэгулятыўныя дэталі, што вынікаюць з права ЕС. Адпаведна, прымаецца рамкавае заканадаўства, якое змяшчае рэгулятыўныя прынцыпы і ўключае палажэнні, што даюць права міністэрствам або мясцовым органам улады прымаць больш дэталізаваныя нормы. Такія палажэнні таксама выкарыстоўваюцца для больш хуткага прыняцця змен без неабходнасці праходзіць парламенцкую працэдуру [10, p. 57]. Гэтая практыка — вынік прыняцця заканадаўства рознага парадку і можа прывесці да складанай рэгулятыўнай структуры, якая патрабуе эфектыўнага функцыянавання сувязі між прававымі актамі.

Сектаральная прававая апраксімацыя прадугледжвае, што прававыя акты не заўжды будуць знаходзіцца ў рамках адной галіны права. Могуць быць розныя падыходы да гэтага. Адзін з іх — гэта інкарпарацыя палажэнняў, напрыклад дырэктыў, у адзін кадыфікацыйны прававы акт, нягледзячы на іх прыналежнасць да розных галін права. Другое рашэнне — гэта выяўленне палажэнняў, якія належаць розным галінам права, і іх інкарпарацыя ў розныя нарматыўныя акты.

Нарматворчасць ў працэсе прававой апраксімацыі

Агульныя прынцыпы

Існуе шэраг фундаментальных прынцыпаў, якія граюць істотную ролю ў працэсе прававой апраксімацыі: заканадаўства мусіць быць узгодненым, лагічна паслядоўным і недвухсэнсоўным [11, p. 45]. Дасягненне гэтага можа быць складаным, бо характэрнай рысай працэса прававой апраксімацыі з’яўляецца неабходнасць адпаведнасці апраксімаванага акта адначасова да права ЕС і нацыянальнага права.

Нацыянальная нарматворчасць павінна кіравацца нацыянальнымі канстытуцыйнымі нормамі пра прававую працэдуру [12, p. 8]. Для карэктнага ажыццяўлення прававой апраксімацыі нарматворчы орган павінен браць да ўвагі як узровень развіцця дзяржавы і адпаведны стан прававой сістэмы, асабліва адміністратыўныя (напрыклад, наяўнасць супрацоўнікаў з адпаведнымі ведамі) і фінансавыя пытанні, так і наступствы для адрасатаў заканадаўства. Гэта асабліва важна для дзяржаў у пераходны перыяд. У гэтым сэнсе, па-першае, нарматыўны акт павінен мінімізаваць задачы адміністрацыі, і адміністрацыйны цяжар ускладзены на адрасатаў; па-другое, апраксімацыя павінна выконвацца шляхам, які мінімізуе дзяржаўныя выдаткі і выдаткі адрасатаў [9, p. 21].

Прававая апраксімацыя заўжды мусіць быць заснавана на методыцы рэгулятыўнай ацэнцы ўплыву (Regulatory Impact Assessment), якая прадугледжвае грунтоўнае даследаванне мажлівых выдаткаў і выгод ва ўсіх сферах рэгуляваных праваадносін [6; 10]. Дадаткова трэба мець на ўвазе, што нормы не мусяць стварацца ў выпадку, калі няма гарантыі іх выканання і забеспячэння [8, p. 224]. Адпаведна, прымаецца да ўвагі будучае прымяненне і забеспячэнне. Проста фармальнага ўвядзення новых нормаў заканадаўства недастаткова для дасягнення чаканага эфекта.

Напісанне праекта апраксімаванага нарматыўнага акта

Падчас напісання праекта апраксімаванага нарматыўнага акта важна ў першую чаргу прааналізаваць першаснае і другаснае права ЕС. Калі гэта зроблена, абавязковым наступным крокам ажыццяўляецца пошук судовай практыкі Суда ЕС. Невыкананне гэтага патрабавання зробіць больш верагоднымі памылкі апраксімацыі. Далей рэкамендуецца, у выпадку наяўнасці, прааналізаваць прапановы па змяненні адпаведных нормаў права ЕС. Для большай дакладнасці і пазычання лепшага досведу мэтазгодна вывучыць практыку апраксімацыі дзяржаў — членаў ЕС.

Асноўнай складанасцю ў выяўленні дзейных нацыянальных нормаў, што патрабуюць змянення, з’яўляецца сітуацыя, калі некалькі нарматыўных актаў рэгулююць падобныя пытанні. У такім выпадку рэкамендуецца выкананне кадыфікацыі з выкарыстаннем тэхнікі сектаральнай прававой апраксімацыі для спрашчэння як у момант апраксімацыі, так і ў выпадку будучых змен. Інакш, калі кадыфікацыя немажлівая або занадта складаная, можна выкарыстоўваць такія сродкі, як дэрэгуляванне (пакіданне толькі аднаго нацыя-
нальнага акта і скасаванне іншага) або прыняцце новага акта.

Для эфектыўнай праверкі адпаведнасці новага нарматыўнага акта з палажэннямі права ЕС орган, які адказвае за прававую апраксімацыю, мусіць ажыццявіць аналіз адпаведнасці. Карыснымі інструментамі для гэтай мэты з’яўляюцца табліцы адпаведнасці [16, p. 48—49]. У такіх табліцах ажыццяўляецца параўнальны аналіз, норма за нормай, з наступным указаннем ступені адпаведнасці. Таксама могуць указвацца прычыны такой ступені адпаведнасці і дата поўнага прывядзення ў адпаведнасць. У выпадку моцнага разыходжання паказаныя прычыны павінны быць падмацаваны пэўным аналізам або даследаваннем. Кожны нарматыўны акт запісваецца ў асобную табліцу.

Спецыфіка апраксімацыі з рэгламентамі і дырэктывамі ЕС і роля судовай практыкі

Падчас прававой апраксімацыі да ўвагі бярэцца ўсё права ЕС, уключна з агульнымі прынцыпамі права, першасным правам, другасным правам і практыкай Суда ЕС. Ніжэй больш дэталёва спынімся на двух самых запатрабаваных актах ЕС і іх спецыфіцы, а таксама на судовых рашэннях.

Рэгламенты ЕС маюць асаблівае дзеянне — яны з’яўляюцца актамі, якія не патрабуюць нацыянальных захадаў па транспазіцыі і маюць прамы эфект у нацыянальных правапарадках [1, p. 98—99]. Аднак гэта тычыцца дзяржаў — членаў ЕС. Так як рэгламенты не маюць такога дзеяння ў дзяржавах па-за ЕС, існуе неабходнасць апраксімацыі і з гэтымі прававымі актамі [9, p. 17]. У адпаведнасці са спецыфікай іх дзеяння ў праве ЕС для забеспячэнне адпаведнага эфекта ўзнікае неабходнасць выкарыстання фармулёвак, як мага больш набліжаных да арыгіналу [4, p. 184]. Гэта прыводзіць нас да высновы, што найбольш адэкватныя метады апраксімацыі з рэгламентамі з’яўляюцца капіраванне і далучэнне.

Дырэктыва ЕС — гэта акт другаснага права ЕС, які абавязковы для выканання для тых, каму ён накіраваны, і пакідае выбар формаў і метадаў імплементацыі [1, p. 99]. Дырэктывы звычайна менш дакладныя за рэгламенты і, адпаведна, пакідаюць больш свабоды ў працэсе апраксімацыі. Аднак для карэктнай апраксімацыі неабходна ажыццявіць шэраг крокаў у аналізе тэкста дырэктыў. Па-пер-
шае, найбольш важны крытэрый апраксімацыі з дырэктывай — гэта мэта, якую яна імкнецца дасягнуць. Мэта звычайна знаходзіцца ў прэамбуле (неабходнасці апраксімацыі непасрэдна з прэамбулай няма). Прэамбула таксама паказвае, ці дырэктыва накіраваная на мінімальную або поўную гарманізацыю. Мінімальная гарманізацыя дазваляе прымяненне больш жорсткіх захадаў з боку дзяржаў і, адпаведна, «голд-плэйтынг» можа прыдацца як метад апраксімацыі. Поўная гарманізацыя выключае гэта і патрабуе жорсткай адпаведнасці палажэнням дырэктывы і больш жорсткіх метадаў апраксімацыі. Нарэшце, важна высветліць, ці прадугледжвае дырэктыва папярэднюю апраксімацыю з іншымі дырэктывамі [8, p. 217—221].

Важна падкрэсліць, што ў адпаведнасці з рашэннямі Суда ЕС пэўныя палажэнні дырэктыў могуць мець прамы эфект [гл.: 17], што робіць недапушчальнымі адхіленні ад такіх палажэнняў.

Што да ролі самой судовай практыкі, то ў дактрыне вылучаецца як асобны элемент апраксімацыя права з рашэннямі Суда ЕС [9, p. 20]. Гэта актуальна ў выпадку дзяржаў — нечленаў ЕС, бо для ніх не існуе механізма звароту ў Суд ЕС для выяўлення неадпаведнасці нацыянальнага заканадаўства да права ЕС і правільнасці апраксімацыі. Адсюль вынікае неабходнасць пастаяннага маніторынга судовай практыкі.

Рашэнні Суда ЕС з’яўляюцца важнай крыніцай інтэрпрэтацыі права ЕС, што робіць іх абавязковымі для правільнай прававой апраксімацыі. Аднак важна зазначыць, што Суд ЕС не звязаны сваімі папярэднімі рашэннямі і, адпаведна, калі існуе шэраг розных рашэнняў па падобным пытанні, толькі апошняе павінна брацца да ўвагі.

Апраксімацыя з рашэннямі Суда ЕС павінна ажыццяўляцца як ex ante, так і ex post. Першае прадугледжвае, што на кожнай ступені працэса апраксімацыі выяўляюцца судовыя рашэнні з інтэрпрэтацыяй адпаведных палажэнняў права ЕС. Другое азначае, што ў выпадку, калі нацыянальнае заканадаўства было апраксімаванае з прававым актам ЕС, які Суд ЕС прызнаў несапраўдным, нацыянальны прававы акт павінен быць неадкладна зменены або скасаваны, а ў выпадку, калі пэўныя палажэнні права ЕС былі растлумачаны такім чынам, што апраксімацыя становіцца нявернай, — павінны быць унесены адпаведныя змены [9, p. 20].

Высновы

Дадзены артыкул з’яўляецца спробай зрабіць унёсак у стварэнне ўніверсальнай тэарэтычнай метадалогіі працэса прававой апраксімацыі ў дзяржавах, якія жадаюць стаць членамі ЕС або апраксімуюць сваё заканадаўства з правам ЕС па іншых прычынах. У гэтым дачыненні былі выяўлены асноўныя характарыстыкі прававой апраксімацыі і прапанавана тыпалогія сродкаў, метадаў і тэхнік. Сродкамі з’яўляюцца дэрэгуляванне, паўторнае рэгуляванне, прыняцце новага заканадаўства, далучэнне да міжнародных пагадненняў і стандартызацыя — кожны са своеасаблівымі ўмовамі прымянення. Метады ўключаюць перафармуляванне, капіраванне (апраксімацыя адзін у адзін), «голд плэйтынг», далучэнне і стандартную практыку, самы распаўсюджаны з якіх — гэта перафармуляванне. Нарэшце, тэхнікі — гэта адтэрміноўка, паслядоўная, структураваная і сектаральная апраксімацыя.

Працэс нарматворчасці ў рамках прававой апраксімацыі мае шэраг агульных прынцыпаў, а абавязковай часткай працэса з’яўляецца адпаведнасць новаўтвораных нормаў як праву ЕС, так і нацыянальнай прававой сістэме. Сваю спецыфіку мае апраксімацыя з рэгламентамі і дырэктывамі ЕС. У адпаведнасці з гэтай спецыфікай апраксімацыя з рэгламентамі і дырэктывамі павінна ажыццяўляцца рознымі метадамі — капіраванне і далучэнне ў першым выпадку і, у залежнасці ад мэт, вызначаных у прэамбуле, перафармуляванне, «голд плэйтынг» і капіраванне — у другім. Неабходнай умовай карэктнай апраксімацыі з’яўляецца маніторынг судовых рашэнняў. Апраксімацыя з рашэннямі Суда ЕС складаецца з ex ante і ex post падыходаў.

Такім чынам, у артыкуле зроблены першы крок у накірунку стварэння ўніверсальнай тэарэтычнай метадалогіі працэса прававой апраксімацыі, які патрабуе далейшай, больш дэталёвай, прапрацоўкі.

Літаратура

1. Chalmers, D. European Union Law: Cases and Materials / D. Chalmers, G. Davies, G. Monti. — 2nd ed. — Cambridge: Cambridge University Press, 2010. — 1150 p.
2. Czuczai, J. The legal alignment process with the constantly evolving constitutional acquis of the EU in Central and Eastern Europe / J. Czuczai // Perspectives of the legal approximation process in Central and Eastern Europe: mutual experiences / L. Finczere [et al.]; ed. by L. Finczere, A. Kellermann, A. Nikodém. — Budapest, Szerzök: Academia Euroenea Studiorum Iurum, 2000. — 275 p.
3. Czuczai, J. The notion of the acquis communautaire in the EU Eastward Enlargement-driven pre-accession as well as post-accession dimension? / J. Czuczai. — Warsaw, 2005 [mimeo]. — 12 p.
4. Dona, M. Consumer Protection Law and Policy: Law Approximation to EU Standards in the Republic of Moldova / M. Dona, E. Stuart. — Chisinau: Sectoral Law Approximation Guidelines Series, 2010. — 216 p.
5. European standards [Electronic resource] // European Commission. — Mode of access: <http://ec.europa.eu/enterprise/policies/european-standards/key-players/index_en.htm>. — Date of access: 17.12.2011.
6. Futó, P. Methodological note on special features of RIA within EU Legal Harmonization / P. Futó [Electronic resource] // Ukrainian-European Policy and Legal Advice Centre. — Mode of access: <http://ueplac.kiev.ua/downloads/ria/methodological_note_on_special_features_of_ria_within_eu_legal_harmonization.pdf>. — Date of access: 17.12.2011.
7. Handbook on European Enlargement: a Commentary on the Enlargement Process / A. Ott [et al.]; ed. by A. Ott, K. Inglis. — The Hague: T.M.C. Asser Press, 2003. – 1116 p.
8. Kellermann, A. Procedures for the Approximation of Albanian Legislation with the Acquis Communautaire / A. Kellermann // Drafting Legislation: a Modern Approach / C. Stefanou [et al.]; ed. by C. Stefanou, H. Xanthaki. — Hampshire: Ashgate Publishing Limited, 2008. — P. 213—231.
9. Lachat, S. Methodology for Approximating National Normative Acts / S. Lachat, D. Lachat, — Paris: Lachat, 2008. — 62 p.
10. Law drafting and regulatory management in Central and Eastern Europe: Sigma Papers N 18 [Electronic resource] // OECD. — Mode of access: <http://dx.doi.org/10.1787/5kml618wrlg7-en>. — Date of access: 17.12.2011.
11. Law drafting manual: a guide to the legislative process in Albania [Electronic resource] // Legislation online. – Mode of access: <http://www.legislationline.org/documents/id/15019>. — Date of access: 17.12.2011.
12. Lazowski, A. Adaptation of the Polish legal system to European Union law: Selected aspects / A. Lazowski: SEI Working Papers, N 45. — Brighton: Sussex European Institute, 2001. — 31 p.
13. Łazowski, A. Approximation of Laws / A. Łazowski // Handbook on European Enlargement: a Commentary on the Enlargement Process / A. Ott [et al.]; ed. by A. Ott, K. Inglis. — The Hague: T.M.C. Asser Press, 2003. — P. 631—640.
14. Steunenberg, B. The Transposition of EC Directives: A Comparative Study of Instruments, Techniques and Processes in Six Member States / B. Steunenberg, W. Voermans, — Leiden: Leiden University; The Hague: Research and Documentation Centre (WODC) of the Ministry of Justice, 2006. — 205 p.
15. The Impact of EU Accession on the Legal Orders of New EU Member States and (Pre-)Candidate Countries: Hopes and Fears / A. Kellermann [et al.]; ed. by A. Kellermann, J. Czuczai, S. Blockmans, A. Albi, W. Douma. — The Hague: T.M.C. Asser Press, 2003. — 465 p.
16. Vurmo, G. Relations of Albania with the EU / G. Vurmo [Electronic resource] // Institute for Democracy and Mediation Albania. — Mode of access: <http://idmalbania.org/sites/default/files/publications/Albania_EU_Relations_VURMO.pdf>. — Date of access: 17.12.2011.
17. Yvonne Van Duyn v Home Office (Case 41/74): Judgement of the Court of 4 December 1974 // European Court Records. — Luxembourg: Office for Official Publications of the European Communities, 1974. — P. 1338—1352.


Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter

Сообщество

  • (029) 3222740
  • Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
© 2025 Международное общественное объединение «Развитие». All Rights Reserved.