журнал международного права и международных отношений 2012 — № 2


международные отношения

Войны Рэчы Паспалітай са Шведскім каралеўствам 1600—1629 гг. і пазіцыя шляхты Вялікага княства Літоўскага адносна іх

Алена Дземідовіч

Аўтар:
Дземідовіч Алена Васільеўна — выкладчык кафедры гісторыі Беларусі старажытнага часу і сярэдніх вякоў гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта

Рэцэнзенты:
Бохан Юрый Мікалаевіч — доктар гістарычных навук, прафесар, загадчык кафедры эканамічнай гісторыі інстытута сацыяльна-гуманітарнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта
Сосна Уладзімір Аркадзьевіч — кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі старажытнага часу і сярэдніх вякоў гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта

У першай трэці XVII ст. Рэч Паспалітая зведала шэраг знешнепалітычных канфліктаў. Адным з іх з’явілася серыя войнаў са Шведскім каралеўствам, прычынамі якіх сталіся дынастычная барацьба ўнутры дому Вазаў і суперніцтва за Балтыку.

Войнам Рэчы Паспалітай са Швецыяй у навуковай літаратуры, пераважна польскай, прысвечаны шэраг прац, сярод якіх варта адзначыць даследаванні С. Хербста [48—49], А. Шэлянгоўскага [54—55], Г. Віснера [56—60]. Для беларускай гістарыяграфіі вышэйзгаданая тэматыка стала аб’ектам цікавасці адносна нядаўна. У манаграфіі П. А. Лойкі [4], у якой аналізуецца роля шляхецкага саслоўя Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ) у дзяржаўна-палітычным жыцці Рэчы Паспалітай другой паловы XVI — першай трэці XVII ст., прадстаўлена пазіцыя шляхты ВКЛ адносна некаторых аспектаў знешняй палітыкі, у тым ліку і стасункаў са Швецыяй. Узаемаадносінам Рэчы Паспалітай са Швецыяй прысвечаны працы беларускага даследчыка А. Катлярчука, які жыве і працуе ў Швецыі [1; 2]. Вывучэннем стаўлення шляхты ВКЛ да войн XVII ст. і іх уплыву на грамадска-палітычнае жыццё, а таксама становішча Княства займаецца Г. Сагановіч, у працах якога даецца ацэнка ўспрыманню шляхтай ВКЛ войнаў са Швецыяй адзначанага перыяду [5; 6]. Паўночны вектар знешняй палітыкі Рэчы Паспалітай разглядаецца ў першым томе 2-томнага вучэбнага дапаможніка, прысвечанага гісторыі знешняй палітыкі Беларусі ў цэлым, аўтарам якога з’яўляецца У. Е. Снапкоўскі [7]. Аналіз дыпламатыі ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай зроблены ў артыкуле У. Е. Снапкоўскага, у якім аўтар даследуе праявы адасобленасці знешнепалітычных інтарэсаў ВКЛ і Каралеўства Польскага, у тым ліку і па пытаннях стасункаў са Швецыяй [8]. Асобныя аспекты ўзаемаадносін ВКЛ і Швецыі даследуюць В. І. Лазоркіна, В. У. Якубаў [3; 10; 11].

Аб’ектам даследавання дадзенага артыкула з’яўляюцца адносіны Рэчы Паспалітай са Швецыяй перыяду 1600—1629 гг.; прадметам — пазіцыя шляхты ВКЛ адносна іх. Мэта артыкула — вызначыць стаўленне шляхты ВКЛ да абазначанага вектара знешняй палітыкі Рэчы Паспалітай, прасачыць яго дынаміку.

Дынастычны канфлікт унутры дому Вазаў абумовіў працяглую барацьбу паміж Рэччу Паспалітай і Шведскім каралеўствам. Кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт III у змаганні з Карлам Судэрманскім за шведскі прастол пацярпеў паражэнне. Стаўшы каралём Швецыі, ён не здолеў захаваць за сабою прастол і ў ліпені 1599 г. быў дэтранізаваны. Аднак Жыгімонт ІІІ не збіраўся адмаўляцца ад сваіх правоў на шведскі трон і жадаў працягнуць барацьбу за права валодаць ім. На пасяджэннях сойма 12 сакавіка 1600 г. адбылося абвяшчэнне аб ўключэнні Жыгімонтам ІІІ Паўночнай Эстоніі ў склад Рэчы Паспалітай [39,
n. 12, s. 49—57]. Гэта стала фармальнай падставай вайны. Зразумела, што супрацьстаянне паміж Рэччу Паспалітай і Шведскім каралеўствам датычылася ўжо не толькі дынастычных правоў і спадчыннасці кароны. Закранала яно і праблему тэрытарыяльных валоданняў — пытанне прыналежнасці Інфлянтаў.

Паколькі балтыйскі кірунак належаў да ліку бясспрэчных знешнепалітычных прыярытэтаў Рэчы Паспалітай і ВКЛ было ўцягнута ў вырашэнне дадзенага пытання, падаецца вартым увагі прасачыць успрыманне шляхтай ВКЛ канфлікт Рэчы Паспалітай са Швецыяй на працягу серыі войнаў паміж імі.

Вайна 1600—1601 гг. успрымалася шляхтай ВКЛ як абарончая, што было абумоўлена надзвычай актыўнымі дзеяннямі шведаў, а таксама войскаў Рэчы Паспалітай у адказ на іх. Да сакавіка 1601 г. усе Інфлянты, за выключэннем Рыгі і Кокенгузы (суч. лат. Кокнэсэ), апынуліся ў руках Карла Судэрманскага [9, с. 45].

Серыя лістоў ад паветаў і ваяводстваў ВКЛ да польнага гетмана ВКЛ Крыштофа Радзівіла, датаваных снежнем 1600 — студзенем 1601 г., адлюстравала рэакцыю шляхты на дзеянні шведаў [14—18]. Так, Упіцкі павет звярнуў увагу на «вялікую небяспеку ад Карла, дзядзькі я.к.м..., які, амаль што большую частку правінцыі інфлянцкай захапіўшы, зараз без перапынку спосабам непрыяцельскім... ваюе... і нашай Рэчы Паспалітай, ВКЛ пагражае» [16, арк. 1]. Ашмянская шляхта звярталася з такой просьбай: «Пакорна просім, абы ваша княжацкая міласць пачаў клопаты старанна ад таго ворага чыніць, пакуль канчаткова супраць яго што-небудзь пэўнае з сойму мець будзем» [18, арк. 1]. Звяртае на сябе ўвагу ліст Віцебскага ваяводства. Падаецца, што яно супрацьпаставіла небяспецы ад Швецыі пагрозу з боку Масквы: «У гэты час нічога канкрэтнага аб міры з Масквой не маем, знаходзячыся ў такім блізкім з імі суседстве, маем і так што рабіць, з сабою раючыся аб бяспецы замку я.к.м. і сваёй уласнай» [17, арк. 1].

23 чэрвеня 1601 г. Крыштоф Радзівіл нанёс паражэнне шведскаму войску пад Кокенгузай, у ліпені таго ж году ім былі ўзяты Вендэн (суч. лат. Цэсіс), Орлэ (суч. лат. Эрглі), Кремона (суч. лат. Крымулда), Трэйдэн (суч. лат. Турайда) і інш. [9, с. 45—46]. У другой палове года ў кампаніі прыняў удзел сам манарх. Войска на чале з Жыгімонтам ІІІ вызваліла Рыгу з аблогі. Карл Судэрманскі на той час схіляўся да таго, каб заключыць мір з Жыгімонтам ІІІ. Істотнай умовай яго павінна было стаць адрачэнне апошняга ад правоў на шведскую карону. Аднак Жыгімонт ІІІ не лічыў гэта магчымым і саступаць, прынамсі без барацьбы, не збіраўся. Гэта пацвярджае і змест інструкцыі каралеўскім паслам на перадсоймавыя соймікі ВКЛ, скліканыя на 1 сакавіка 1602 г. [40, n. 7].

Іншае бачанне далейшага лёсу ваеннай кампаніі прадэманстравала шляхта ВКЛ. Напрыклад, Наваградскі соймік, скліканы на 11 снежня 1602 г., зафіксаваў цяжкае становішча свайго павета, а таксама ўсяго ВКЛ. Шляхта паведамляла, што з таго часу, як пачалася Інфлянцкая вайна, «жаўнер, як конны, так і пешы, і казак нізовы ва ўсіх паветах і месцах гэтай дзяржавы цягнуўся, знаходзіўся, стацыі свавольна браў, гвалты, наезды на дамы шляхецкія чыніў, не маючы павагі і не звяртаючы ўвагі на вяршэнства каралеўскай улады» [40, n. 69, s. 251]. Увогуле інструкцыя адлюстравала настрой, з якім шляхта несла ўсе цяжкасці вайны: «Выдаткі, намаганні і працу сваю, — нічога ўсяго гэтага не лічачы для славы я.к.м. і з любові да мілай Айчыны нашай, радуючыся таму, што Пан Бог змілуецца над намі і дасць мір». Выказвалася асцярога за бяспеку ВКЛ у выпадку працягу вайны [40, n. 69, s. 256].

Нягледзячы на крытычны стан фінансаў Рэчы Паспалітай, вялікаму гетману Яну Каралю Хадкевічу ўдалося правесці паспяховую ваенную кампанію: быў здабыты Дорпат (суч. эст. Тарту), атрымана перамога над шведамі пад Белым Каменем. Поспех Рэчы Паспалітай на тэатры ваенных дзеянняў дапоўніўся славутай бітвай 27 верасня 1605 г. каля вёскі Кірхгольм, у 13 км ад Рыгі, падчас якой войскі Хадкевіча (прыкладна 4350 чалавек) разбілі амаль у тры разы большыя сілы ворага [58, s. 113].

Аднак недахоп сродкаў негатыўна ўплываў на ход падзей і не дазволіў належным чынам выкарыстаць гэтую перамогу. Восенню Ян Караль Хадкевіч заключае са шведскім бокам, прадстаўленым графам Ф. І. Мансфельдам, перамір’е да 31 кастрычніка 1608 г. [52, s. 152].

Неабходна сказаць, што шляхта ВКЛ у перыяд 1600—1611 гг. ухваляла падаткі на ваенныя патрэбы, што было абумоўлена ўспрыманнем гэтай вайны як абарончай. Акрамя таго, разумелася неабходнасць наяўнасці сродкаў для аплаты службы жаўнераў. Паказальным у гэтым плане можа быць інструкцыя ад Вількамірскага павета на вальны сойм, датаваная 24 студзеня 1606 г. У ёй зафіксавана згода на ўхваленне падаткаў: «На падтрымку вайны інфлянцкай, на заплату жаўнерам заслужанага, пабор ланавы па злотаму аднаму з галавы, чопавае, мыта новападвышанае, пагалоўнае яўрэйскае на адзін год са згоды ўсіх станаў дазваляем» [19, арк. 1]. Падобным было меркаванне троцкай, пінскай шляхты [47, k. 32]. Надзвычай лаканічным наконт канфлікту са Швецыяй быў наказ сваім паслам шляхты лідскага сойміка (інструкцыя Лідскага павета на сойм 1607 г. у вопісе памылкова датаваная 1701 г.): «І тыя звадкі з Карлам Судэрманскім з карысцю Рэчы Паспалітай скончыць» [45, n. 95, s. 511].

Добра ўсведамляючы амаль што абыякавыя адносіны шляхты Каралеўства Польскага да спраў у Інфлянтах, а таксама яе імкненне пазбягаць цяжараў, якіх патрабавала гэта кампанія, шляхта ВКЛ уздымала гэта пытанне на перадсоймавых сойміках [13, s. 335; 41, n. 26, s. 107—108; 47, k. 20—21].

ВКЛ непакоілі наступствы вайны, якія непасрэдна ставілі яго бяспеку пад пагрозу, а менавіта — дзеянні жаўнераў, якія не атрымлівалі жалавання. Пытанне вяртання шведскай кароны Жыгімонтам ІІІ шляхтай не абмяркоўвалася, прынамсі гэта не адлюстравалася ў інструкцыях на вальныя соймы.

Вясной 1607 г. шведамі быў захоплены Белы Камень, з цяжкасцю вытрымаў аблогу Дорпат. У жніўні 1608 г. былі здабыты Кокенгуза, Фелін (суч. эст. Вільяндзі). Далейшыя эпізадычныя ваенныя дзеянні на тэрыторыі Інфлянтаў, якія не прыносілі выразнай перавагі ні аднаму з ваюючых бакоў, а таксама ўплыў іншых знешнепалітычных фактараў — распачатая вайна Рэчы Паспалітай супраць Расійскай дзяржавы, пагроза Шведскаму каралеўству з боку Даніі — садзейнічалі заключэнню перамір’я паміж супернікамі за Балтыку. У красавіку 1611 г. Рэччу Паспалітай і Швецыяй быў падпісаны дагавор, адпаведна якому спыняліся ваенныя дзеянні. Дадзенае перамір’е было кароткатэрміновым і неаднаразова ўзнаўлялася.

Заключанае Янам Каралем Хадкевічам перамір’е 1611 г. не гарантавала стабільнасці Рэчы Паспалітай адносна палітычнага раскладу на Балтыцы, і шляхта ВКЛ клапацілася аб надзейнай абароне супраць ворага [20, арк. 4; 21; 42, n. 36, s. 164; 46, k. 219—223; 47, k. 36, 45]. Ідэя вайны была непапулярнай сярод грамадства ВКЛ, у той жа час для Жыгімонта ІІІ Вазы план вяртання Шведскага каралеўства становіцца зноў актуальным.

Нагадаем, што для Рэчы Паспалітай першыя дзесяцігоддзі XVІІ ст. азнаменаваліся шэрагам цяжкасцей як ва ўнутранай палітыцы (падзеі, звязаныя з рокашам Мікалая Зебжыдоўскага 1606—1609 гг.), так і ў знешняй (распачатая вайна з Расійскай дзяржавай, неўрэгуляваныя стасункі з Асманскай імперыяй). У гэты час надзвычай перапляліся знешні і ўнутраны фактары, назіраўся іх узаемаўплыў. Напрыклад, рокаш Зебжыдоўскага ў пэўнай ступені ўплываў на рэалізацыю знешнепалітычных памкненняў Жыгімонта ІІІ. Як адзначае Г. Віснер, ракашане абыякава ставіліся да падзей у Інфлянтах. Гісторык звяртае ўвагу, што непадтрыманне рокашу ў ВКЛ было адлюстраваннем не пракаралеўскай пазіцыі часткі грамадства, а перш за ўсё асцярогай, якая вынікала з тагачаснай рэчаіснасці. Так, Княства цярпела непасрэдную пагрозу ад шведскіх войск, існавала небяспека і ад маскоўскіх [59, s. 25—26].

Рэч Паспалітая 20 студзеня 1614 г. працягнула тэрмін перамір’я са Швецыяй да 29 верасня 1616 г. [56, s. 41]. Аднак для ВКЛ адносіны са Швецыяй па-ранейшаму выклікалі клопат і прымушалі ўздымаць гэтае пытанне на шляхецкіх форумах рознага ўзроўню. Даказвае гэта, напрыклад, адпаведны пункт інструкцыі Жамойці з сойміку ў Расейнах на віленскую канвакацыю 1614 г.; ухвалы віленскіх канвакацый 1614 і 1617 гг.; перадсоймавыя інструкцыі шляхты Ковенскага, Ашмянскага паветаў [12, s. 187; 22, арк. 3; 23, арк. 3; 43, n. 219, s. 914—915]. Калі скончыўся тэрмін перамір’я, шляхта ВКЛ настойліва прасіла манарха Рэчы Паспалітай, «каб зноў з тым непрыяцелем такім самым чынам, як і раней, заключыць дазволіў (перамір’е. — А. Д.), а намеры аб вайне шведскай, калі якія былі, як гэта ў нас усюды кажуць, на іншы час адклаў» [12, s. 220].

У ліпені 1617 г. пачынаецца новы этап у супрацьстаянні Швецыі з Рэччу Паспалітай. Справа абароны Інфлянтаў была даручана гетману польнаму ВКЛ Крыштофу Радзівілу. Аднак войскі Густава Адольфа дзейнічалі надзвычай хутка. Кульмінацыйным момантам шведскай экспансіі з’явіўся захоп Парнавы (суч. эст. Пярну), а таксама замка Саліс. У хуткім часе ўзбярэжжа ад Саліса да Парнавы апынулася ў руках Швецыі. Выключэннем з’явілася Рыга.

Крыштоф Радзівіл прыбыў на тэрыторыю Інфлянтаў толькі зімой 1617 г. Заняцце Дыаменту (суч. лат. Даўгаўгрыва) войскамі Рэчы Паспалітай завершыла вайну. Вынікам было не толькі вяртанне захопленых шведамі зямель і замкаў (за выключэннем Парнавы), але таксама і апанаванне часткі Курляндыі.

У лістападзе 1618 г. было заключана перамір’е да 1620 г. з умовай двум бакам устрымацца ад усялякіх варожых крокаў і сумесна выступаць супраць таго, хто б хацеў гэта перамір’е парушыць [57, s. 31]. Заключанае перамір’е не было ратыфікавана ні Жыгімонтам ІІІ, ні Густавам ІІ Адольфам. Нічога дзіўнага, што абодва бакі адчувалі сябе вольнымі ад абавязацельстваў, прадугледжаных умовамі гэтага дагавора.

Між іншым, перадсоймавыя кампаніі ў перыяд ад заключэння перамір’я 1618 г. да чарговага шведскага наступлення ў 1621 г. выявілі праблемы, якія непакоілі шляхту ВКЛ. Па-першае, ВКЛ папракала Каралеўства Польскае ў тым, што яно не дапамагае ніякім чынам у вайне, і выказвала жаданне, каб клопат аб лёсе дзяржавы стаў сумеснай справай дзвюх частак Рэчы Паспалітай [25, арк. 3; 26, арк. 1]. Па-другое, шляхта выступала за працяг перамір’я альбо заключэнне міру [27, арк. 2; 28, арк. 2; 47, k. 94—94 адв.; 50, s. 40; 53, s. 19]. Па-трэцяе, ваенныя няўдачы, згубленыя цвержы і тэрыторыі, непасрэдная пагроза для ВКЛ выклікалі ў шляхты пэўныя асцярогі, а таксама жаданне даведацца, «хто стаў аўтарам гэтай небяспекі», з мэтай, каб той быў пакараны [24, арк. 1—2; 29, арк. 1—2; 50, s. 139].

У верасні 1621 г. Густаў II Адольф авалодаў Рыгай і вусцем Дзвіны, што мела негатыўныя наступствы непасрэдна для ВКЛ. У дыярыўшы, занатаваўшым падзеі, якімі суправаджалася ўзяцце Рыгі, паведамлялася, што рыжане 27 верасня 1621 г. узгадвалі «аб няшчасці даўнім пад Кірхгольмам яго (Густава II Адольфа. — А. Д.) бацькі і аб шчасці Густавым, што таго дня Рыгу ўзяў, у які пад Кірхгольмам (Карл ІХ. — А. Д.) быў пераможаны» [44, n. 132, s. 694—695].

Крыштоф Радзівіл асцерагаўся распаўсюджвання ваенных дзеянняў на тэрыторыю ВКЛ. 10 жніўня 1622 г. у Мітаве ён падпісаў пагадненне аб перамір’і, згодна з якім Рыга і мытныя паступленні ад гандлю ВКЛ з балтыйскімі краінамі і Еўропай дасталіся Швецыі [2, с. 71]. Перамір’е было заключана тэрмінам да 1 мая 1623 г. У снежні 1622 г. яно было працягнута да 10 чэрвеня 1624 г. [54, s. 351]. ВКЛ успрыняло факт працягу перамір’я станоўча. Адваротнай была пазіцыя манарха, а таксама некаторых сенатараў Каралеўства Польскага, паколькі было яно заключана Крыштофам Радзівілам без узгаднення з імі.

Жыгімонт ІІІ не збіраўся адмаўляцца ад уласных прэтэнзій на Шведскае каралеўства, што пацвердзіла і соймавая канстытуцыя 1623 г., якая акрэсліла ўмовы, на якіх Рэч Паспалітая магла заключыць дагавор са Швецыяй. Самай галоўнай сярод іх было захаванне права Жыгімонта ІІІ на спадчыннае каралеўства [51, s. 122—123].

У адрозненні ад манарха, для якога канстытуцыя «Аб Інфлянцкай зямлі» была наступным своеасаблівым крокам да вайны, шляхта настойліва прагнула міру. ВКЛ стамілася ад вайны, і ваяўнічыя планы Жыгімонта ІІІ не карысталіся дастатковай папулярнасцю па ўсёй Рэчы Паспалітай [59, s. 38—39; 60, s. 25—27]. Асабліва выразна падкрэслілі гэта вальныя соймы 1624 і 1625 гг., на ход і рашэнні якіх істотна паўплывала пазіцыя Крыштофа Радзівіла.

У 1625 г. шведы аднавілі наступ на рэшткі Інфлянтаў і Жамойць, ўвайшлі на тэрыторыю ВКЛ. Аднак пазіцыю шляхты ВКЛ у сярэдзіне 20-х гг. XVII ст. да пытання канфлікту Рэчы Паспалітай са Швецыяй нельга назваць канкрэтнай і аднароднай. Яскравым прыкладам з’яўляецца снежаньская перадсоймавая кампанія 1625 г. Падчас яе соймікавыя інструкцыі занатавалі рознае стаўленне: ад агрэсіўнай ідэі наступальнай вайны (Упіцкі павет [34, арк. 2], Троцкае ваяводства [31, арк. 2]) да своеасаблівай палітычнай індыферэнтнасці, якая выяўлялася ў адсутнасці дакладнай пазіцыі адносна абароны і вяртання Інфлянтаў, а замест яе — наказ паслам раіцца аб гэтым са шляхтай кароннай (Віленскае ваяводства [30, арк. 2], Вількамірскі [32, арк. 4] і Ашмянскі паветы [33, арк. 1, 3]), і просьбаў аб міры (Мінскае ваяводства [36, арк. 1—2], Аршанскі павет [35, арк. 1]). Адзінае, у чым быў салідарны шляхецкі стан, дык гэта ў канстатаванні немагчымасці больш зацвярджаць падаткі на вайну і папроку шляхце Каралеўства Польскага ў пазбяганні прыняцця на сябе часткі фінансавых выдаткаў.

Няўзгодненасць дзеянняў паміж вялікім гетманам Львом Сапегай і польным гетманам Крыштофам Радзівілам, паражэнне 17 студзеня 1626 г. войск на чале з вялікім маршалкам К. Л. Сапегай — усё гэта рабіла надзвычай слабымі перад Швецыяй не толькі Інфлянты, але і ВКЛ. Чарговае кароткачасовае перамір’е тэрмінам ад 11 кастрычніка да 25 лістапада 1626 г., заключанае восенню гэтага ж года смаленскім ваяводам Аляксандрам Гасеўскім, які камандаваў сіламі ў Інфлянтах на той час, не магло выратаваць сітуацыю. Крытычна адбіваўся на ёй і недахоп грашовых сродкаў для выплаты зарплаты жаўнерам.

Падзеі сярэдзіны 20-х гг. XVII ст. надзвычай абвастрылі адносіны паміж Каралеўствам Польскім і ВКЛ, стварылі глебу для палітычнага канфлікту дзвюх частак Рэчы Паспалітай. У сакавіку 1626 г. ад імя Льва Сапегі Юрый Зяновіч без ведама і згоды Жыгімонта ІІІ падпісаў перамір’е са шведамі аб спыненні ваенных дзеянняў тэрмінам ад 15 сакавіка да 15 чэрвеня 1626 г. Гетман ВКЛ атрымаў папярэджванне ад манарха, каб у далейшым ні ён сам, ні хто іншы не адважваўся заключаць падобных дамоваў без выразнага каралеўскага дазволу [56, s. 49]. Аднак 19 студзеня 1627 г., на Інфлянцкім памежжы ў Балдэнмойжа дэлегаты, прызначаныя Львом Сапегай, заключылі дамову ад імя ВКЛ са шведскім бокам, прадстаўленым Якубам Дэлагардзі і Густавам Горнам [60, s. 271]. Паколькі гэты ўчынак выклікаў моцнае незадавальненне манарха і кароннай шляхты, сенатары ВКЛ вымушаны былі тлумачыць матывы сваіх дзеянняў. Шэраг уплывовых асоб Каралеўства Польскага атрымалі лісты, у якіх апавядалася аб прычынах заключэння перамір’я са шведамі. Безумоўна, імі з’яўляліся ваенныя поспехі непрыяцеля і няздольнасць аказаць яму належнае супраціўленне, крытычны стан войска Рэчы Паспалітай, а таксама чуткі, што шведы плануюць працягнуць наступ углыб тэрыторыі ВКЛ [37, k. 203]. Таксама гаворка ішла пра недахоп сродкаў на вайну, асабліва пра цяжкі матэрыяльны стан ВКЛ, пры гэтым падкрэслівалася, што Княства не мае «ніякай дапамогі на працягу немалога часу з Кароны» [37, k. 203 адв.].

У хуткім часе Жыгімонт III, не без націска палітычнай эліты ВКЛ, пайшоў на пагадненне са Швецыяй. Адпаведна Альтмаркскай дамове, заключанай 26 верасня 1629 г. паміж Рэччу Паспалітай і Швецыяй, усе парты, за выключэннем Каралеўца, Гданьска і Пуцка, а таксама Інфлянты да Заходняй Дзвіны адыходзілі да Швецыі. Пазбаўлены глебы для далейшага развіцця, палітычны канфлікт (які ўзнік па прычыне рознагалоссяў у поглядах на знешнюю палітыку Рэчы Паспалітай у дачыненні да Швецыі) паміж ВКЛ, з аднаго боку, і Каралеўствам Польскім і цэнтральнай уладай — з іншага, быў ліквідаваны.

Падводзячы высновы, заўважым, што шляхта ў Рэчы Паспалітай, як і ва ўсёй Еўропе, у пачатку ранняга Новага часу была вызначальным саслоўем у палітычным жыцці краіны. Асаблівасцю палітычнага ладу Рэчы Паспалітай з’яўлялася надзвычайная вага, шырокае прадстаўніцтва і ўдзел шляхецкага стану ў дзяржаўным кіраванні. Пэўная пазіцыя шляхты ВКЛ уплывала на рэалізацыю знешнепалітычнага курсу дзяржавы. Вялікае ўздзеянне на палітычную лінію Рэчы Паспалітай мелі магнаты-ураднікі, што адлюстравалася ў знешнепалітычных акцыях і дасягненнях. Прыкладам таму можа служыць факт падпісання польным гетманам Крыштофам Радзівілам Мітаўскага пагаднення, а таксама яго актыўная апазіцыйная палітыка ў адносінах да знешнепалітычных памкненняў манарха (асабліва на соймах 1624 і 1625 гг.), якая аказала ўплыў на фарміраванне стаўлення шляхты ВКЛ да тых жа пытанняў.

У сістэме знешнепалітычных прыярытэтаў Рэчы Паспалітай першай трэці XVII ст. балтыйскі кірунак вымагаў асноўных мабілізацыйна-эканамічных высілкаў дзяржавы. Жыгімонт ІІІ Ваза ў сілу сваіх дынастычных амбіцый уцягнуў краіну ў вайну са Швецыяй, мэтай якой было вяртанне спадчыннай кароны, што, па сутнасці, перарасло ў змаганне за Прыбалтыку. ВКЛ не магло застацца па-за гэтым канфліктам і было вымушана рэагаваць на яго па прычыне свайго геапалітычнага становішча. Разам з тым, адносінам шляхецтва да «шведскага пытання» была ўласціва некаторая зменлівасць, што было абумоўлена зацяжным характарам гэтай праблемы. Так, адназначная пазіцыя ВКЛ аформілася падчас вайны 1600—1611 гг.: яна ўспрымалася як абарончая, і шляхта Княства надзвычай клапацілася аб захаванні цэласнасці тэрыторый, дзеля чаго добрасумленна ўхваляла паборы на фінансаванне ваеннай кампаніі. З заключэннем часовага перамір’я ў 1611 г. паміж Рэччу Паспалітай і Швецыяй шляхецкі стан ВКЛ пачаў ускладваць надзеі на канчатковае вырашэнне канфлікту мірным шляхам: праз саюзы і пагадненні. Асабліва выразна гэта стала прасочвацца з 1614—1615 гг. Так як рэальнай перашкодай да гэтага з’яўляліся амбіцыёзныя ідэі Жыгімонта ІІІ Вазы адносна дынастычных правоў, шляхта ў лепшым выпадку раіла яму адкласці рэалізацыю гэтых прэтэнзій на іншы час, у горшым — патрабавала канчаткова адмовіцца ад гэтых намераў. Жаданні мець надзейны мір узмацніліся і пасля перамір’я 1618 г., што было абумоўлена як відавочнай стомленасцю ад вайны, так і асцярогай нападу шведаў. Рубяжом ва ўспрыманні свядомасцю шляхецтва ВКЛ неапраўданай паўночнай палітыкі Жыгімонта ІІІ з’явіўся 1621 г., калі шведы захапілі Рыгу і вусце Дзвіны. Вынікам стала Мітаўскае перамір’е 10 жніўня 1622 г. Аднак праз вядомую пазіцыю манарха дзяржавы, якая падтрымлівалася ў некаторай ступені Каралеўствам Польскім, ВКЛ вымушана было прымаць удзел у вайне 1625—1629 гг. Катастрафічнае становішча дзяржавы (а не сепаратысцкія памкненні ўраднікаў ВКЛ) прымусіла эліту Княства выступіць ад імя ВКЛ на міжнароднай арэне — заключыць аднаасобна ад цэнтральнай улады і кароннай шляхты пагадненне 1627 г., якое супярэчыла ўмовам Люблінскай уніі.

Літаратура

1. Катлярчук, А. У цені Польшчы і Расеі. Вялікае княства Літоўскае і Швецыя ў часе еўрапейскага крызісу сярэдзіны XVII ст. / А. Катлярчук. — Мінск: ARCHE, 2008, 2009. — 305 с.
2. Катлярчук, А. Швэды ў гісторыі й культуры беларусаў = Svenskar i vitrysk historia och kultur / А. Катлярчук. — Выд. 2-е, папраўл. і дап. — Вільня [Вільнюс]: Ін-т беларусістыкі, 2007. — 303 с.
3. Лазоркина, О. И. Дипломатия Великого княжества Литовского во время войны Речи Посполитой со Швецией в 1600—1629 гг. / О. И. Лазоркина // Журн. междунар. права и междунар. отношений. — 2006. — № 4. — С. 75—80.
4. Лойка, П. А. Шляхта беларускіх зямель у грамадска-палітычным жыцці Рэчы Паспалітай другой паловы XVI — першай трэці XVII ст. / П. А. Лойка; Беларус. дзярж. ун-т. — Мінск: БДУ, 2002. — 99 с.
5. Сагановіч, Г. Нарыс гісторыі Беларусі: ад старажытнасці да канца XVIII ст. / Г. Сагановіч. — Мінск: Энцыклапедыкс, 2001. — 413 с.
6. Сагановiч, Г. Шляхта Беларусі паміж Масквой і Каронай або войны XVII ст. як фактар дэцэнтралізацыі / Г. Сагановіч // Беларусы i палякi: дыялог народаў i культур X—XX стст.: матэрыялы міжнар. круглага стала, Гродна, 28—30 верас. 1999 г. / Заход.-бел. гуманітар. цэнтр даслед. Усход. Еўропы, Бел. гіст. т-ва; адк. рэд. і ўклад. Д. Караў. — Гродна, 1999. — С. 118—124. — (Наш радавод; кн. 8).
7. Снапкоўскі, У. Е. Гісторыя знешняй палітыкі Беларусі: вучэб. дапам. для студэнтаў фак. міжнар. адносін: у 2 ч. Ч. 1: Ад пачаткаў дзяржаўнасці да канца XVIII ст. / У. Е. Снапкоўскі. — Мінск: БДУ, 2003. — 281 с.
8. Снапкоўскі, У. Е. Пра калізіі знешнепалітычных інтарэсаў Польскай Кароны і Вялікага княства Літоўскага ў складзе Рэчы Паспалітай / У. Е. Снапкоўскі // Спадчына. — 1995. — № 3. — С. 189—201.
9. Форстен, Г. В. Балтийский вопрос в XVI и XVII столетиях (1544—1648): исследование: [д-р. дис.]: в II т. Т. II: Борьба Швеции с Польшей и Габсбургским домом: (30-летняя война) / Г. В. Форстен. — СПб.: Тип. В.С. Балашева и Кº, 1894. — IX, 632 с.
10. Якубаў, В. У. Да пытання ўдзелу Вялікага княства Літоўскага ў вайне Рэчы Паспалітай са Шведскім каралеўствам за Інфлянты ў 1600—1611 гг. / В. У. Якубаў // Материалы ХХХ студенческой научной конференции Полоцкого государственного университета / Полоц. гос. ун-т. — Новополоцк, 2002. — С. 12—15.
11. Якубаў, В. У. Сапегі ў барацьбе Жыгімонта Вазы за шведскую карону (1594—1611) / В. У. Якубаў // Леў Сапега (1557—1633 гг.) і яго час: зб. навук. арт. / ГрДУ імя Я. Купалы; рэдкал.: С. В. Марозава [і інш.]. — Гродна, 2007. — С. 143—149.
12. Akta zjazdów stanów Wielkiego Księstwa Litewskiego: w 2 t. T. 2: Okresy panowań królów elekcyjnych, XVI—XVII wiek / Inst. Historii Pol. Akad. Nauk; oprac. H. Lulewicz. — Warszawa: Neriton, 2009. — 452 s.
13. Archiwum Główne Akt Dawnych w Warszawie (AGAD). — Archiwum Radziwiłłów (AR). — Dz. II — Ks. 12. Miscellanea, mowy, listy, wiersze i wiele pism do dziejów polskich należących (dot. wyłącznie czasów Zygmunta III).
14. AGAD. — AR. — Dz. II. — N 418. List powiatu Wiłkomirskiego do Krzysztowa I Mikołaja księcia Radziwiłła (w grudniu 1600).
15. AGAD. — AR. — Dz. II. — N 419. List województwa Nowogródzkiego do Krzysztowa I Mikołaja księcia Radziwiłła (21 grudnia 1600).
16. AGAD. — AR. — Dz. II. — N 420. List obywateli powiatu Upickiego do Krzysztowa I Mikołaja księcia Radziwiłła (21 grudnia 1600).
17. AGAD. — AR. — Dz. II. — N 421. List województwa Witebskiego do Krzysztowa I Mikołaja księcia Radziwiłła (22 grudnia 1600).
18. AGAD. — AR. — Dz. II. — N 423. List obywateli powiatu Oszmiańskiego do Krzysztowa I Mikołaja księcia Radziwiłła (2 stycznia 1601).
19. AGAD. — AR. — Dz. II. — N 445a. Instrukcja powiatu wiłkomirskiego, dana posłom sejm walny warszawski (24 stycznia 1606).
20. AGAD. — AR. — Dz. II. — N 561. Instrukcja powiatu Wileńskiego, dana posłom na sejm (17 sierpnia 1611).
21. AGAD. — AR. — Dz. II. — N 565. Instrukcja powiatu Mińskiego, dana posłom na sejm (1611).
22. AGAD. — AR. — Dz. II. — N 620. Instrukcja powiatu Oszmiańskiego, dana posłom na sejm (2 stycznia 1615).
23. AGAD. — AR. — Dz. II. — N 621. Instrukcja powiatu Kowieńskiego, dana posłom na sejm walny warszawski (3 stycznia 1615).
24. AGAD. — AR. — Dz. II. — N 691. Wyciąg z instrukcji powiatu Wołkowyskiego, danej posłom na sejm (11 grudnia 1618).
25. AGAD. — AR. — Dz. II. — N 693. Instrukcja powiatu Wileńskiego, dana posłom na sejm (11 grudnia 1618).
26. AGAD. — AR. — Dz. II. — N 701. Instrukcja powiatu Nowogródzkiego, dana posłom na sejm walny warszawski (1618).
27. AGAD. — AR. — Dz. II. — N 729. Instrukcja powiatu Oszmiańskiego, dana posłom na sejm walny warszawski (22 września 1620).
28. AGAD. — AR. — Dz. II. — N 730. Instrukcja województwa Mińskiego, dana posłom na sejm walny warszawski (22 września 1620).
29. AGAD. — AR. — Dz. II. — N 766. Instrukcja powiatu Upickiego, dana posłom na sejm do Warszawy (29 lipca 1621).
30. AGAD. — AR. — Dz. II. — N 935. Instrukcja województwa Wileńskiego, dana posłom na sejm (16 grudnia 1625).
31. AGAD. — AR. — Dz. II. — N 936. Instrukcja województwa Trockiego, dana posłom na sejm (16 grudnia 1625).
32. AGAD. — AR. — Dz. II. — N 937. Instrukcja powiatu Wiłkomirskiego, dana posłom na sejm (16 grudnia 1625).
33. AGAD. — AR. — Dz. II. — N 940. Instrukcja powiatu Oszmiańskiego, dana posłom na sejm (16 grudnia 1625).
34. AGAD. — AR. — Dz. II. — N 942. Instrukcja powiatu Upickiego, dana posłom na sejm (16 grudnia 1625).
35. AGAD. — AR. — Dz. II. — N 943. Instrukcja powiatu Orszańskiego, dana posłom na sejm (16 grudnia 1625).
36. AGAD. — AR. — Dz. II. — N 944. Instrukcja województwa Mińskiego, dana posłom na sejm (18 grudnia 1625).
37. Biblioteka Jagiellońska w Krakowie (BJag). — Rkps. 211. Listy i relacje urzędowe do króla Zygmunta III, królewicza Władysława, podkanclerzego Zadzika i innych dostojników (przeważnie oryginały) z roku 1627.
38. Biblioteka Kórnicka Polskiej Akademii Nauk (BPANKórn). — Rkps. 326. Akta do dziejów Polski za Zygmunta III od r. 1613 do r. 1624 (Listy królewskie i odpowiedzi, instrukcje, wota sejmowe, relacje poselskie, uniwersały).
39. Biblioteka Muzeum Narodowego im. Czartoryskich w Krakowie (BCzart). — Rkps. 98. Teki Naruszewicza. T. 98 (1600—1601).
40. BCzart. — Rkps. 99. Teki Naruszewicza. T. 99 (1602— 1604).
41. BCzart. — Rkps. 103. Teki Naruszewicza. T. 103 (1607).
42. BCzart. — Rkps. 106. Teki Naruszewicza. T. 106 (1611).
43. BCzart. — Rkps. 108. Teki Naruszewicza. T. 108 (1613—1614).
44. BCzart. — Rkps. 111. Teki Naruszewicza. T. 111 (1621).
45. BCzart. — Rkps. 195. Teki Naruszewicza. T. 195 (1701).
46. Biblioteka Naukowa Polskiej Akademii Umiejętności i Polskiej Akademii Nauk w Krakowie (BPANKr). — Rkps. 360. Papiery publiczne Chodkiewiczów 1571—1672 (Listy, akty, nadania).
47. BPANKr. — Rkps. 365. «Materiały do historii polskich (...). Tomus IVtus». Instrukcje różnych województw i powiatów, diariusze kampanii węgierskiej.
48. Herbst, S. Wojna inflancka, 1600—1602 / S. Herbst. — Zabrze: Interfort, 2006. — 253 s.
49. Herbst, S. Wojna inflancka, 1603—1604 / S. Herbst // Studia historica: w 35-lecie pracy nauk. Henryka Łowmianskego / oprac. A. Gieysztor [et al.]. — Warszawa, 1958. — S. 295—307.
50. Pietrzak, J. Po Cecorze i podczas wojny chocimskiej: sejmy z lat 1620 i 1621 / J. Pietrzak. — Wrocław: Wydaw. Uniw. Wrocławskiego, 1983. — 186 s. — (Acta Universitatis Wratislaviensis. Historia; t. 38).
51. Pietrzak, J. W przygaszonym blasku wiktorii chocimskiej: sejm w 1623 r. / J. Pietrzak. — Wrocław: Wydaw. Uniw. Wrocławskiego, 1987. — 152 s. — (Acta Universitatis Wratislaviensis. Historia; t. 57).
52. Podhorodecki, L. Jan Karol Chodkiewicz, 1560—1621 / L. Podhorodecki. — Warszawa: Wydaw. Min. Obrony Nar., 1982. — 438 s.
53. Rżońca, J. Ostatni sejm przed Cecorą (w 1619 r.) / J. Rzońca // Pamiętnik Bibl. Kórnickiej. — 1983. — Z. 20. — S. 1—91.
54. Szelągowski, A. Sprawa północna w wiekach XVI i XVII: w 3 cz. / A. Szelągowski. — Lwów: Nakł. Księg. Pol. B. Połonieckiego; Warszawa: Gebethner i Wolff, 1904—1905. — Cz. 1: Walka o Bałtyk. — 1904. — 399 s.
55. Szelągowski, A. Sprawa północna w wiekach XVI i XVII: w 3 cz. / A. Szelągowski. — Lwów: Nakł. Księg. Pol. B. Połonieckiego; Warszawa: Gebethner i Wolff, 1904—1905. — Cz. 3: O ujście Wisły. Wielka wojna pruska. — 1905. — XVI, 462 s.
56. Wisner, H. Dyplomacja polska w latach 1572—1648 / H. Wisner // Historia dyplomacji polskiej (połowa X—XX w): w 6 t. T. 2: 1572—1795 / pod red. G. Labudy [et al.]. — Warszawa, 1982. — S. 5—161.
57. Wisner, H. Kampania Inflancka Krzysztofa Radziwiłła w latach 1617—1618 / H. Wisner // Zapiski hist.: poświęcone historii Pomorza i krajów Bałtyckich. — 1970. — T. 35, Z. 1. — S. 9—35.
58. Wisner, H. Kircholm, 1605 / H. Wisner. — Warszawa: Wydaw. Min. Obrony Nar., 1987. — 150 s.
59. Wisner, H. Opinia szlachecka Rzeczypospolitej wobec polityki szwedzkiej Zygmunta III w latach 1587—1632 / H. Wisner // Zapiski Hist. — 1973. — T. 38, z. 2. — S. 9—50.
60. Wisner, H. Rozejm w Baldenmojzie (1627) / H. Wisner // Lietuva ir jos Kaimynai. Nuo normanų iki Napoleono: straipsniu rinkinys / B. Dundulis [et al.]; vyr. red. I. Valikonyte; Vilniaus univ. — Vilnius, 2001. — S. 266—277.


Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter

Сообщество

  • (029) 3222740
  • Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
© 2025 Международное общественное объединение «Развитие». All Rights Reserved.