журнал международного права и международных отношений 2013 — № 2


международные отношения

Развіццё беларуска-літоўскіх адносін у 1990-я гг.

Андрэй Валодзькін

Аўтар:
Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра. — кандыдат гістарычных навук, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

Рэцэнзенты:
Бабкоў Уладзімір Андрэевіч — доктар гістарычных навук, прафесар, загадчык кафедры «Паліталогія, сацыялогія і сацыяльнае кіраванне» факультэта тэхналогій кіравання і гуманітарызацыі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта
Русаковіч Андрэй Уладзіміравіч — кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры міжнародных адносін факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта


Мэтай артыкула з’яўляецца вылучэнне і даследаванне асноўных тэндэнцый і этапаў развіцця адносін паміж Беларуссю і Літвой у 1990-я гг. Па структуры ён складаецца з трох частак, прысвечаных аналізу развіцця трох асноўных сфер беларуска-літоўскіх міждзяржаўных адносін у гэты перыяд: дынамікі палітычных кантактаў (улічваючы іх колькасць і ўзровень), развіцця дамоўна-прававой базы міждзяржаўнага супрацоўніцтва, а таксама развіцця гандлёва-эканамічных сувязей.

На падставе параўнання вынікаў аналізу гэтых сфер аўтар вылучае тры асноўных перыяды развіцця беларуска-літоўскіх адносін у 1990-я гг. Першы з іх (1991—1994) характарызаваўся як час інтэнсіўных, але не надта плённых палітычных кантактаў і маруднага развіцця эканамічных сувязей і дамоўна-прававой базы. Другі этап (1994—1998) вызначаўся актывізацыяй двухбаковых адносін ва ўсіх сферах. Аднак ён быў азмрочаны пагаршэннем стасункаў афіцыйнага Мінска з Захадам пасля канстытуцыйнага рэферэндуму 1996 г. у Беларусі. Пасля непрацяглага перыяду, калі Прэзідэнт Літвы А. Бразаўскас спрабаваў выступіць пасрэднікам паміж Беларуссю і Захадам, пачаўся трэці этап паступовага «замарожвання» літоўска-беларускіх палітычных кантактаў і эканамізацыі двухбаковых адносін.


Беларускі і літоўскі народы стагоддзямі жылі разам у агульных дзяржаўных утварэннях — Вялікім княстве Літоўскім, Рэчы Паспалітай, Расійскай Імперыі і СССР. І толькі ў 1991 г. яны ўпершыню за ўсю гісторыю свайго існавання сутыкнуліся з неабходнасцю выбудоўваць далейшыя ўзаемаадносіны ўжо ў якасці самастойных суседніх нацыянальных дзяржаў. Логіка нацыянальнай бяспекі падказвае, што суседзі павінны заўсёды імкнуцца да як мага цяснейшага супрацоўніцтва, якое б зрабіла немагчымымі ўзаемныя канфлікты і варожасць. Аднак не трэба забываць, што Беларусь і Літва абралі розныя шляхі развіцця і арыентацыю на розныя цэнтры сілы ў еўрапейскай і сусветнай палітыцы, што ўнесла ў іх адносіны пэўны элемент адчужанасці і, відавочна, не спрыяла іх рэгіянальнай інтэграцыі адна з адной. Такім чынам, у беларуска-літоўскіх адносінах прысутнічалі як пазітыўныя фактары, абумоўленыя ўсведамленнем дзвюмя дзяржавамі значных агульных інтарэсаў і выгод ад узаемнага супрацоўніцтва, так і негатыўныя — звязаныя з тэндэнцыяй (хоць і не пануючай у афіцыйным дыскурсе, але пашыранай сярод палітычных эліт) да ўспрыняцця адна адной у якасці «агентаў чужынскага ўплыву» (расійскага і заходняга адпаведна). Таму дынаміка развіцця двухбаковых адносін у 1990-я гг. была вельмі неаднароднай. Яна ў значнай ступені залежала як ад унутранага раскладу палітычных сіл ва ўладзе кожнай з краін, так і ад міжнароднай сітуацыі. Такім чынам, мэтай гэтага артыкула з’яўляецца вылучэнне асноўных тэндэнцый і этапаў развіцця беларуска-літоўскіх адносін у 1990-я гг.

Характарызуючы ступень распрацаванасці тэмы, трэба адзначыць, што праблематыка беларуска-літоўскіх адносін даследавана значна менш, чым, напрыклад, адносіны Беларусі з Расіяй альбо Польшчай. У фондах нацыянальнай бібліятэкі і бібліятэкі НАН Беларусі не знойдзена ніводнай навуковай манаграфіі, цалкам прысвечанай гэтай тэме, а вынікі пошуку ў сетцы Інтэрнэт дазваляюць меркаваць, што і замежныя даследчыкі пакуль не надавалі ёй асаблівай увагі. З літоўскага боку найбольш сур’ёзнай спробай праналізаваць беларуска-літоўскія адносіны ў 1991—1997 гг. варта назваць артыкул літоўскага палітыка і эксперта А. Грыцюса [3]. Аднак, як вынікае з самой назвы артыкула, яго змест больш сканцэнтраваны на пытаннях развіцця унутрыпалітычнага становішча ў Беларусі ў азначаны перыяд і прагназавання магчымых наступстваў, якія можа мець пагаршэнне яе адносін з Захадам для Літвы, чым на ўласна двухбаковых стасунках. У беларускай гістарыяграфіі перш за ўсё трэба адзначыць артыкул дацэнта факультэта міжнародных адносін БДУ А. Ціхамірава [21], у якім у фармаце параўнальнага аналізу развіцця адносін Беларусі з яе заходнімі суседзямі даецца даволі падрабязная характарыстыка беларуска-літоўскіх палітычных кантактаў у азначаны перыяд і кароткі аналіз гандлёва-эканамічных стасункаў дзвюх краін. Асобныя аспекты адносін Беларусі і Літвы разглядаюцца таксама ў артыкулах Н. Халімановіч [22; 23].

Асноўнымі крыніцамі інфармацыі для правядзення даследавання, вынікі якога адлюстраваны ў гэтым артыкуле, былі статыстычныя матырыялы Міністэрства статыстыкі і аналізу Рэспублікі Беларусь (зараз — Нацыянальны статыстычны камітэт) [2], інфармацыйныя даведкі Міністэрства замежных спраў Беларусі [1], а таксама інфармацыя, змешчаная на афіцыйных сайтах Пасольства Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы [4] і Пасольства Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь [10]. Раздзел аб развіцці дамоўна-прававой базы двухбаковых стасункаў грунтуецца, галоўным чынам, на матэрыялах электроннай даведачна-прававой сістэмы «КансультантПлюс» [6—9, 11—20], а таксама інфармацыі з Інтэрнэт-старонкі Двухбаковай беларуска-літоўскай камісіі па гандлёвым і эканамічным супрацоўніцтве [4].

Метадалогія даследавання прадугледжвае аналіз беларуска-літоўскіх міждзяржаўных адносін па трох асноўных напрамках: развіццё палітычных кантактаў, дамоўна-прававой базы і эканамічных стасункаў. Па кожным з гэтых напрамкаў развіццё адносін аналізуецца ў храналагічным парадку. У заключнай частцы артыкула на падставе аналізу дынамікі усіх трох згаданых накірункаў вылучаюцца этапы развіцця беларуска-літоўскіх адносін
у 1990-я гг. і асноўныя тэндэнцыі кожнага этапа.

Развіццё беларуска-літоўскіх палітычных кантактаў

Першыя спробы наладзіць супрацоўніцтва паміж палітычнымі дзеячамі сучасных Беларусі і Літвы пачаліся яшчэ да афіцыйнага ўзаемнага прызнання абедзвюх краін. Так, у лістападзе 1990 г. у Мінску прайшлі кансультацыі дэпутатаў Вярхоўнага Савета БССР ад апазіцыйнай фракцыі БНФ з дэпутатамі, што прадстаўлялі нацыянальна-дэмакратычныя сілы ў Вярхоўных Саветах Літвы, Латвіі і Украіны, падчас якіх абмяркоўваліся перспектывы супрацоўніцтва рэспублік Балтыйска-Чарнаморскага рэгіёну для сумеснай барацьбы за выхад са складу СССР і далейшага стварэння рэгіянальнага палітычнага і эканамічнага саюзу суверэнных краін. Па выніках гэтых перамоў іх удзельнікі прынялі сумесную заяву аб падтрымцы ідэй стварэння Балтыйска-Чарнаморскага Саюзу і дамовіліся ўнесці на разгляд Вярхоўных Саветаў сваіх рэспублік прапановы аб стварэнні кансультацыйнай камісіі па пытаннях пашырэння супрацоўніцтва рэспублік рэгіёну і абмеркавання праектаў іх садружнасці [23, с. 56]. Аднак ажыццявіць гэтыя рашэнні не атрымалася, бо ідэя стварэння Балтыйска-Чарнаморскага Саюзу не была падтрымана кіраўніцтвам ніводнай з рэспублік рэгіёну, у тым ліку і Беларусі.

У адрозненні ад апазіцыйных палітыкаў адносіны афіцыйнага кіраўніцтва БССР з кіраўніцтвам Літвы ў 1990—1991 гг. былі даволі стрыманымі. Гэта тлумачылася прынцыповым разыходжаннем іх пазіцый наконт будучыні СССР [21]. Калі Вярхоўны Савет Літвы яшчэ 11 сакавіка 1990 г. абвясціў аб аднаўленні незалежнасці рэспублікі і скасаванні на яе тэрыторыі дзеяння канстытуцый СССР і Літоўскай ССР, а таксама падтрымліваў дэмакратычныя і рэфармісцкія сілы ў агульнасаюзных органах, то камуністычная большасць у Вярхоўным Савеце БССР вылучалася, бадай што, найбольшай сярод савецкіх рэспублік кансерватыўнасцю і лаяльнасцю да саюзнага цэнтра.

Фактычнае прызнанне краінамі адна адной адбылося восенню 1991 г. пасля правалу жнівеньскага путчу ў Маскве і прызнання 6 верасня Вярхоўным Саветам СССР незалежнасці Літвы. У кастрычніку старшыня Вярхоўнага Савета Літвы В. Ландсбергіс наведаў Мінск [21]. Тады ж, 6 кастрычніка, паміж Беларуссю і Літвой была падпісана Дэкларацыя аб прынцыпах добрасуседскіх адносін [1]. Афіцыйнае ж узаемнае прызнанне адбылося ў снежні 1991 г. пасля завяршэння распаду СССР. 20 снежня Вярхоўны Савет Літвы прызнаў незалежнасць Рэспублікі Беларусь, а 27 снежня Вярхоўны Савет Беларусі прызнаў незалежнасць Літоўскай Рэспублікі. Аднак дыпламатычныя адносіны паміж дзвюмя краінамі былі ўсталяваны толькі праз год — адпаведнае пагадненне было падпісана ў Мінску 30 снежня 1992 г. У 1993 г. былі адчынены літоўскае Пасольства ў Мінску і беларускае Пасольства ў Вільнюсе.

Існуюць супярэчлівыя ацэнкі развіцця беларуска-літоўскіх адносін у першай палове 1990-х гг. А. Ціхаміраў, напрыклад, падкрэслівае асаблівую інтэнсіўнасць палітычных кантактаў дзвюх дзяржаў у гэты перыяд: кіраўнікі ўрадаў, міністры і прадстаўнікі міністэрстваў абедзвюх краін фактычна знаходзіліся ў рэжыме «пастаяннага дыялогу», а беларускія парламентарыі часта сустракаліся са сваімі літоўскімі калегамі, як у двухбаковым, так і ў шматбаковым фармаце [21]. А. Грыцюс, наадварот, адзначае, што да 1994 г. двухбаковыя адносіны не вызначаліся ні асаблівымі дасягненнямі, ні інтэнсіўнасцю, бо абедзве дзяржавы ў гэты час былі засяроджаны на вырашэнні больш важных знешнепалітычных задач [3, с. 153]. Сапраўды, у дадзены перыяд перад дыпламатыяй Беларусі і Літвы стаялі важныя задачы замацавання іх статусу на міжнароднай арэне праз усталяванне і развіццё сувязей з уплывовымі краінамі і міжнароднымі арганізацыямі Еўропы і свету. Таму адносіны з суседзямі па постсавецкай прасторы часова адышлі на другі план. Акрамя таго, як адзначаюць абодва даследчыкі, адносіны Беларусі і Літвы ўскладніліся ўзнікненнем спрэчак па некаторых пытаннях. Па-першае, гэта былі спрэчкі наконт прыналежнасці некаторых транспартных і гаспадарчых аб’ектаў савецкай спадчыны, якія тэрытарыяльна знаходзіліся ў межах адной рэспублікі, але адміністратыўна падпарадкоўваліся ведамствам другой. З-за гэтых спрэчак нават было адкладзена больш як на два гады падпісанне падрыхтаванага яшчэ ў 1992 г. тэкста Дамовы аб дабрасуседстве і супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Літвой [21]. Па-другое, нават традыцыйна добрыя стасункі з літоўскай палітычнай элітай уплывовага на той час апазіцыйнага беларускага руху БНФ сталі больш стрыманымі. Як адзначае А. Грыцюс, гэта было абумоўлена распачатымі спрэчкамі аб тым, хто мае больш правоў на агульную культурна-гістарычную спадчыну Вялікага княства Літоўскага і выказанымі некаторымі прадстаўнікамі БНФ прэтэнзіямі на Вільнюс [3, с. 154].

І ўсё ж варта адзначыць, што ў 1991—1994 гг. прадстаўнікі вышэйшага кіраўніцтва літоўскай дзяржавы чатыры разы наведвалі Беларусь. Першым у кастрычніку 1991 г. Мінск наведаў старшыня Вярхоўнага Савета Літвы В. Ландсбергіс. А у снежні 1992 г. адбыўся візіт выконваючага абавязкі Прэзідэнта Літвы А. Бразаўскаса. У ліпені 1994 г. ён зноў прыязджаў у Мінск ужо ў пасадзе Прэзідэнта Літвы, каб прыняць удзел у святкаванні 50-годдзя вызвалення тэрыторыі Беларусі ад нямецкай акупацыі. У тым жа годзе Мінск наведаў і старшыня літоўскага Сейма, які прымаў удзел у цырымоніі інаўгурацыі Прэзідэнта Беларусі А. Лукашэнкі [3, с. 154]. Што тычыцца візітаў з беларускага боку, няма ніякіх звестак аб наведванні Літвы ў гэты перыяд прадстаўнікамі вышэйшага кіраўніцтва Беларусі.

Пачатак прэзідэнцтва А. Лукашэнкі ў Беларусі знаменаваў паляпшэнне беларуска-літоўскіх адносін. Восенню 1994 г. Беларусь пайшла на саступкі літоўскаму боку ў тэрытарыяльна-маёмасным пытанні — адмовілася ад ранейшых патрабаванняў кампенсацыі за саступку літоўскаму боку чыгуначнай станцыі Гадуцішкі, якая знаходзілася на тэрыторыі Літвы, але ведамасна падпарадкоўвалася беларускай чыгунцы. Гэта паскорыла падпісанне двух вельмі важных для развіцця беларуска-літоўскіх адносін пагадненняў: дамовы «Аб дабрасуседстве і супрацоўніцтве» і «Аб дзяржаўнай мяжы паміж Рэспублікай Беларусь і Літоўскай Рэспублікай». Абедзве дамовы былі падпісаны 6 лютага 1995 г. падчас візіта А. Лукашэнкі ў Вільнюс [гл.: 21].

Аднак ужо ў 1996 г. пазітыўная дынаміка палітычных стасункаў пайшла на спад. Гэта было абумоўлена насцярожанай рэакцыяй літоўскага боку на правядзенне ў Беларусі канстытуцыйнага рэферэндуму і роспуск Прэзідэнтам Вярхоўнага Савета 13-га склікання. 20 лістапада па ініцыятыве Прэзідэнта Польшчы А. Квасьнеўскага была прынята сумесная заява прэзідэнтаў Польшчы, Літвы і Украіны з выказваннем занепакоенасці развіццём палітычнай сітуацыі ў Беларусі і заклікам да вырашэння палітычнага крызіса канстытуцыйным шляхам, прытрымліваючыся правоў чалавека і грамадзянскіх свабод у адпаведнасці з усеагульнымі міжнароднымі нормамі і ўніверсальнымі прынцыпамі дэмакратыі [21]. Акрамя таго, услед за польскім Сеймам занепакоенасць развіццём сітуацыі ў Беларусі выказалі і літоўскія парламентарыі. У сакавіку 1997 г. віцэ-спікер Сейма Літвы А. Кубілюс заявіў, што ў літоўскіх парламентарыяў няма партнераў у Беларусі. Пры гэтым літоўскі бок дэманстраваў падтрымку беларускай апазіцыі і ахвотна прымаў у сабе яе прадстаўнікоў. Так, вясной 1997 г. Літву наведаў старшыня рады БНФ З. Пазняк, які заклікаў літоўскіх палітыкаў аказаць уціск на кіраўніцтва Беларусі [3, с. 155].

Тым не менш, адносіны Беларусі і Літвы не дасягнулі такой напружанасці, як адносіны Беларусі і Польшчы. Больш за тое, падчас прэзідэнцтва А. Бразаўскаса, які быў лідэрам «левых» палітычных сіл (у асноўным, з былых камуністаў), Літва не толькі не падтрымлівала жорсткай палітычнай лініі ў адносінах Беларусі, але і імкнулася выступіць у ролі пасярэдніка паміж ёй і еўрапейскімі структурамі. Так, на саміце АБСЕ ў Лісабоне, які адбыўся ў снежні 1996 г., А. Бразаўскас сустрэўся з А. Лукашэнкам і абмеркаваў з ім перспектывы развіцця беларуска-літоўскіх адносін у новых умовах. А літоўскі пасол у Беларусі В. Баўбліс адзначаў у якасці пазітыўнага фактару развіцця двухбаковых адносін тое, што афіцыйны Мінск, у адрозненні ад беларускай апазіцыі, не падвяргае сумневу тэрытарыяльную цэласнасць Літвы. Таму напачатку 1997 г., як адзначае А. Ціхаміраў, у беларускіх афіцыйных СМІ нават выказваліся спадзяванні на поўнае прызнанне Літвой тых палітычных змен, што адбыліся ў краіне пасля рэферэндуму. А ў лютым 1997 г. у інтэрв’ю газеце «Эха Літвы» А. Лукашэнка заявіў, што няма ніякага пагаршэння беларуска-літоўскіх адносін [гл.: 21]. Каб не абвастраць гэтыя адносіны беларускае кіраўніцтва праігнаравала заклік прадстаўнікоў КПБ паставіць перад літоўскім бокам пытанне аб спыненні «ганебнага судзілішча» над былымі кіраўнікамі савецкай Літвы М. Буракявічусам і Ю. Ермалавічусам [гл.: 21], абвінавачанымі ў спробе дзяржаўнага перавароту ў Літве і незаконным выкарыстанні ўзброеных сіл супраць мірнага насельніцтва, што прывяло да чалавечых ахвяр у студзені 1991 г. (абодва былі затрыманы на тэрыторыі Беларусі і выдадзены Літве ў 1994 г.).

Нават на міжнароднай арэне ў гэты час Літва прымала пэўныя захады, каб прадухіліць ізаляцыю Беларусі і паслабіць уціск на яе кіраўніцтва. Напрыклад, у красавіку 1997 г. на пасяджэнні Балтыйскай асамблеі, у якую ўваходзяць Літва, Латвія і Эстонія, прапанова крытычнай рэзалюцыі па сітуацыі ў Беларусі была адхілена са спасылкай на тое, што гэта будзе ўмяшальніцтвам ва ўнутраныя справы нашай краіны. А ўлетку таго ж года А. Бразаўскас накіраваў беларускаму Прэзідэнту афіцыйнае запрашэнне на міжнародную канферэнцыю «Суіснаванне народаў і добрасуседскія адносіны», якая мела адбыцца ў Вільнюсе ў верасні 1997 г. на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў. Такі крок літоўскага прэзідэнта выклікаў шмат крытыкі як ў іншых еўрапейскіх краінах, так і ў самой Літве. Напрыклад, старшыня Сейма В. Ландсбергіс засцерагаў, што беларускае кіраўніцтва можа расцаніць запрашэнне на афіцыйную сустрэчу кіраўнікоў дзяржаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы як міжнародную легітымацыю сваіх дзеянняў, і таму прапанаваў паставіць умовай удзелу беларускага Прэзідэнта ў канферэнцыі дэмакратызацыю і змякчэнне яго палітыкі ў дачыненні палітычных апанентаў [гл.: 21]. Аднак А. Бразаўскас не стаў ні адклікаць запрашэнне, ні выстаўляць Беларусі дадатковыя ўмовы ўдзелу, матывуючы гэта жаданнем зацікавіць А. Лукашэнку ў вяртанні Беларусі на шлях дэмакратычных рэформ. Але, па словах латвійскага Прэзідэнта Г. Улманіса, якія прыводзіць у сваім артыкуле Н. Халімановіч, выканаць гэтую задачу ў Бразаўскаса не атрымалася [23, с. 59]. Не атрымалася падчас беларуска-літоўскіх перамоў на канферэнцыі дасягнуць адчувальнага прагрэсу і па такіх значных пытаннях двухбаковых адносін, як падпісанне пагаднення аб рэадміссіі нелегальных мігрантаў (на чым асабліва настойваў літоўскі бок), вызначэнне ўмоў экспарту літоўскай электраэнэргіі ў Беларусь, транзіту беларускіх грузаў праз клайпедскі порт і літоўскую тэрыторыю ў Калінінградскую вобласць Расіі, а таксама літоўскага транзіту праз тэрыторыю Беларусі [1, с. 155]. Тым не менш, на заключнай прэс-канферэнцыі па выніках Віленскага саміту, А. Бразаўскас заявіў, што палітычная сітуацыя ў Беларусі з’яўляецца яе ўнутранай справай і што, паколькі ў бліжэйшыя гады Літве так ці інакш прыйдзецца мець справы з А. Лукашэнкам, ён збіраецца і надалей запрашаць беларускага прэзідэнта на сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, каб прыклад гэтых краін пераканаў яго ў неабходнасці ісці шляхам дэмакратыі [гл.: 21].

Па выніках прэзідэнцкіх выбараў у Літве ў лютым 1998 г. А. Бразаўскаса змяніў на пасадзе кіраўніка краіны В. Адамкус, якога падтрымлівалі «правыя» і права-цэнтрысцкія партыі. Гэты палітык, відавочна, не меў аніякіх сімпатый да савецкага мінулага, якое ўхвалялася ў Беларусі, — ў 1940-я гг. ён быў удзельнікам узброенага антысавецкага супраціўлення ў Літве, потым эмігрыраваў у Амерыку, дзе напрацягу некалькіх дзесяцігоддзяў узначальваў розныя арганізацыі літоўскіх эмігрантаў, а таксама некаторы час быў удзельнікам рэспубліканскай партыі ЗША. Таму, хаця у адным з першых сваіх інтэрв’ю пасля абрання Прэзідэнтам В. Адамкус заявіў, што адносіны Літвы з Беларуссю «былі і будуць карэктнымі» [2], было відавочна, што новы літоўскі лідэр будзе праводзіць больш стрыманую і скаардынаваную з заходнімі краінамі палітыку ў дачыненні Беларусі, чым яго папярэднік. Паніжэнне ўзроўню адносін Літвы з Беларуссю можна патлумачыць не толькі суб’ектыўным, але і аб’ектыўнымі фактарамі. Як вядома, адной з галоўных мэт літоўскай знешняй палітыкі ў гэты перыяд было ўступленне ў Еўрасаюз. Аднак па выніках Люксембургскага саміту ЕС 1997 г. Літва з-за недастатковых паказчыкаў развіцця і рэфармавання эканомікі не патрапіла ў лік першачарговых кандыдатаў на ўступленне. Таму цалкам зразумелым было імкненне літоўскага кіраўніцтва палепшыць шансы сваёй краіны на прыняцце ў ЕС, кампенсуючы эканамічнае адставанне палітычнай лаяльнасцю і дэманстрацыяй адданасці заходнім дэмакратычным каштоўнасцям, у тым ліку і праз далучэнне да агульнай палітычнай лініі Брюсэля ў дачыненні Беларусі.

Яшчэ адным фактарам, які відавочна не спрыяў пацяпленню літоўска-беларускіх адносін, была занепакоенасць Літвы актывізацыяй беларуска-расійскага збліжэння, асабліва ў ваеннай сферы. Н. Халімановіч прыводзіць словы В. Ландсбергіса, які заклікаў Захад «выказаць больш заклапочанасці» наконт магчымага аб’яднання Беларусі і Расіі і з’яўлення ля літоўскай мяжы буйных ваенных злучэнняў, здольных аказваць уціск не толькі на Літву, але і на ўвесь Балтыйскі рэгіён [22, с. 59]. У гэтай сувязі незадаволенасць Літвы выклікала ўмова Беларусі, што яна падпіша пагадненне аб рэадміссіі толькі тады, калі да яго далучыцца Расія, і замаруджванне тэмпаў дэмаркацыі дзяржаўнай мяжы на ўчастку выдзеленым Беларусі (якое беларускі бок тлумачыў недахопам фінансавых сродкаў) [1, с. 155]. Бо літоўскія палітыкі добра ведалі тактыку Расіі па зацягванні перамоў аб вырашэнні памежных пытанняў з Прыбалтыйскімі краінамі з мэтай перашкодзіць іх уступленню ў НАТА.

За ўвесь час свайго прэзідэнцтва (1998—2009 гг. з невялікім перапынкам у 2003—2004 гг.) В. Адамкус толькі аднойчы сустрэўся з А. Лукашэнкам — 12 лістапада 1998 г. на кантрольна-прапускным пункце беларуска-літоўскай дзяржаўнай мяжы Каменны Лог — Мядзінінкай. У распаўсюджаным па выніках перамоў двух прэзідэнтаў сумесным паведамленні для прэсы былі, галоўным чынам, агульныя фармуліроўкі пра абмен інфармацыяй аб эканамічным і палітычным становішчы ў абедзвюх краінах і абмеркаванне пытання двухбаковых адносін і рэгіянальнага супрацоўніцтва [4]. Было пацверджана імкненне развіваць адносіны дзвюх краін на падставе Дамовы аб добрасуседстве і супрацоўніцтве 1995 г. Прэзідэнты пагадзіліся з мэтазгоднасцю развіцця супрацоўніцтва ў такіх сферах, як навучанне і падрыхтоўка дзяржаўных і муніцыпальных службоўцаў у галіне грамадскага кіравання; пашырэнне кантактаў грамадзян, моладзі, няўрадавых арганізацый і СМІ; развіццё гандлёва-эканамічных сувязей на прынцыпах рынкавай эканомікі і ўзаемнай карысці; транспартныя перавозкі і супрацоўніцтва ў транспартнай галіне, а таксама ахова навакольнага асяроддзя. Акрамя таго, прэзідэнты выказалі зацікаўленасць у хутчэйшым завяршэнні дэмаркацыі беларуска-літоўскай мяжы і развіцці памежнай інфраструктуры з мэтай павелічэння яе прапускных магчымасцяў і стварэння належнай сістэмы кантролю на мяжы [21].

Такім чынам, спадзяванні, што гэтая сустрэча надасць новы імпульс беларуска-літоўскім адносінам, аказаліся марнымі. Яе вынікі, наадварот, засведчылі іх абмежаванне. Фактычна з сустрэчы прэзідэнтаў на КПП Каменны Лог — Мядзінінкай пачаўся новы этап у беларуска-літоўскіх адносінах, які можна ўмоўна назваць перыядам іх «прагматызацыі», — калі палітычныя кантакты паступова зводзяцца амаль да нуля і павестка двухбаковага ўзаемадзеяння складаецца амаль выключна з эканамічных пытанняў, кансультацыі па якіх вядуцца на ўзроўні асобных міністэрстваў і ведамстваў. Пасля яе кантакты на вышэйшым узроўні (кіраўнікі дзяржаў) спыніліся на 11 гадоў.

Колькасць кантактаў на іншых узроўнях таксама паступова змяншалася, і ўсе яны мелі характар не афіцыйных, а працоўных візітаў. Так, у сакавіку 1999 г. адбыўся працоўны візіт у Беларусь міністра замежных спраў Літвы А. Саўдаргаса, падчас якога ён сустрэўся з Прэзідэнтам Беларусі, а таксама кіраўнікамі беларускага ўраду і Міністэрства замежных спраў. Па выніках сустрэчы не было зроблена ніякіх палітычных заяў — адзначалася толькі, што абодва бакі пацвердзілі сваё імкненне да працягу дабрасуседскіх адносін і развіцця супрацоўніцтва ў «ключавых абласцях» [21]. А 22 чэрвеня таго ж года на чале ўрадавай дэлегацыі Літву наведаў з працоўным візітам прэм’ер-міністр Беларусі С. Лінг. Гэты візіт пацвердзіў відавочную перавагу эканомікі ў двухбаковых адносінах, бо акрамя Прэзідэнта Літвы С. Лінг таксама сустрэўся з прадстаўнікамі літоўскага бізнэсу і прыняў удзел у адкрыцці выставы «Дні эканомікі Рэспублікі Беларусь у Літве» [4]. Пасля гэтага кантакты на высокім узроўні (кіраўнікі ўрадаў) таксама спыніліся і ў наступныя пяць гадоў краіны падтрымлівалі сувязі галоўным чынам на ўзроўні міністраў замежных спраў і іх намеснікаў.

Развіццё дамоўна-прававой базы

Адным з першых пытанняў, якое ўзнікла ў павестцы беларуска-літоўскіх адносін, стала дакладнае вызначэнне мяжы паміж дзвюмя краінамі і рэгуляванне перамяшчэння праз яе людзей і грузаў. Таму ўжо 28 красавіка 1992 г. Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь прыняў пастанову аб дэлімітацыі і дэмаркацыі межаў Беларусі з Літвой і Латвіяй. У 1993 г. беларуска-літоўскай мяжы быў нададзены статус дзяржаўнай і на ёй уводзіўся мытны кантроль. А з 1994 г. паміж дзвюмя краінамі пачаў дзейнічаць візавы рэжым [1]. Аднак з-за наяўнасці спрэчак аб маёмасных правах на некаторыя аб’екты савецкай спадчыны (чыгуначная станцыя «Гадуцішкі», «Аб’ект 500», ГЭС «Дружба народов») падпісанне міждзяржаўнай дамовы «Аб беларуска-літоўскай дзяржаўнай мяжы» гэтак сама, як і падрыхтаванай яшчэ ў 1992 г. дамовы «Аб добрасуседстве і супрацоўніцтве», зацягнулася больш як на два гады — абедзве дамовы былі падпісаны падчас першага візіту ў Вільнюс Прэзідэнта Беларусі А. Лукашэнкі 6 лютага 1995 г. [21]. А 18 ліпеня таго ж года было падпісана міжурадавае пагадненне аб пунктах пропуску праз дзяржаўную мяжу Беларусі і Літвы [1]. У адпаведнасці з падпісанай дамовай у якасці дзяржаўнай мяжы паміж Беларуссю і Літвой была прынята ўсталяваная ў савецкія часы мяжа паміж Літоўскай і Беларускай ССР. Аднак у час існавання СССР гэтая мяжа мела толькі адміністратыўнае значэнне і не была дакладна вызначана на мясцовасці. Таму перад краінамі паўстала задача яе дэмаркацыі. Для яе правядзення, згодна другога артыкула дамовы [6], была створана двухбаковая камісія. У лістападзе 1995 г. бакі ўзгаднілі дэмаркацыйныя карты, і ў чэрвені 1997 г. пачалася працэдура дэмаркацыі беларуска-літоўскай мяжы. Напачатку жніўня 1999 г. літоўскі бок абвясціў, што ён завершыў працу па дэмаркацыі дзяржаўнай мяжы з Беларуссю ў сваёй зоне адказнасці — усталяваў усе запланаваныя 650 памежных знакаў. Беларускі ж бок на той момант усталяваў толькі 55 знакаў і, спасылаючыся на недахоп сродкаў, абвясціў аб намеры завершыць працу па дэмаркацыі дзяржаўнай мяжы з Літвой на сваім участку толькі ў 2003 г. [21].

Згаданыя пытанні аб падзеле атрыманай у спадчыну ад СССР маёмасці, правы на якую аспрэчвалі абедзве краіны, былі канчаткова вырашаны напачатку 1995 г. Яшчэ 22 студзеня 1993 г. у Мінску было падпісана шматбаковае пагадненне паміж дзяржавамі, што з’явіліся на постсавецкай прасторы, у тым ліку Беларуссю і Літвой, «Аб падзеле інвентарных паркаў грузавых вагонаў і кантэйнераў былога Міністэрства шляхоў зносін СССР...» [19]. А 6 лютага 1995 г. у Вільнюсе было падпісана міжурадавае пагадненне «Аб "Аб’екце 500" і ГЭС "Дружба народаў"», якое зафіксавала значныя саступкі з беларускага боку [12].

Вялікае значэнне для развіцця адносін дзвюх краін мела стварэнне прававой базы беларуска-літоўскага эканамічнага супрацоўніцтва. Складалася яна, галоўным чынам з міжурадавых пагадненняў. Ужо 23 снежня 1992 г. паміж урадамі Беларусі і Літвы было падпісана пагадненне «Аб супрацоўніцтве у галіне стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі», 30 чэрвеня 1993 г. — «Аб міжнародных аўтамабільных зносінах», 13 снежня 1994 г. — «Аб гандлёвым і эканамічным супрацоўніцтве», а 18 ліпеня 1995 г. — «Аб пазбяганні двайнога падаткаабкладання і папярэджанні ўхілення ад выплаты падаткаў у дачыненні падаткаў на даходы» [5]. На падставе пагаднення «Аб гандлёвым і эканамічным супрацоўніцтве» была створана Двухбаковая беларуска-літоўская камісія па гандлёвым і эканамічным супрацоўніцтве, якая на рэгулярнай аснове разглядае пытанні не толькі ўзаемнага гандлю, але і супрацоўніцтва ў галіне інвестыцый, транспарту, транзіту, энергетыкі, турызму і ўзаемадзеяння на ўзроўні рэгіёнаў [5]. Нарэшце 5 сакавіка 1999 г. падчас візіту ў Беларусь міністра замежных спраў Літвы А. Саўдаргаса было падпісана міжурадавае пагадненне «Аб садзейнічанні ажыццяўленню і абароне інвестыцый». Гэта пагадненне заклала базу для даволі актыўнага прытоку літоўскіх інвестыцый у пэўныя сектары беларускай эканомікі на працягу наступнага дзесяцігоддзя і стварэння ў Літве тавараправодных сетак беларускіх вытворцаў. Дамаўляючыеся бакі ўводзілі адносна інвестыцый адзін аднаго на сваёй тэрыторыі рэжым найбольшага спрыяння (арт. 3), вызначалі парадак кампенсацыі страт (арт. 4) і вырашэння спрэчных пытанняў (арт. 8—9) [14].

Яшчэ адным важным напрамкам ужо ў пачатку развіцця беларуска-літоўскіх адносін стала ўзаемадзеянне па прававых і сацыяльных пытаннях. Так, 20 кастрычніка 1992 г. у Вільнюсе была падпісаная міждзяржаўная дамова аб прававой дапамозе і прававых дачыненнях па грамадзянскіх, сямейных і ўгалоўных справах [8], 16 ліпеня 1993 г. — міжведамаснае пагадненне аб супрацоўніцтве міністэрстваў унутраных спраў абедзвюх краін [20], а 14 красавіка 1994 г. — міждзяржаўнае пагадненне паміж Рэспублікай Беларусь і Літоўскай Рэспублікай аб гарантыях правоў грамадзян у галіне пенсійнага забеспячэння разам з заключным пратаколам да яго [16]. 12 ліпеня 1996 г. у Вільнюсе былі падпісаны адразу тры беларуска-літоўскіх дакументы ў гэтай сферы: міждзяржаўная дамова аб узаемнай перадачы асобаў, асуджаных да пазбаўлення волі для адбыцця пакарання і асобаў, у дачыненні якіх скарыстаны прымусовыя меры медыцынскага характару [7], міжурадавае пагадненне аб супрацоўніцтве ў барацьбе з парушэннямі мытнага заканадаўства [15] і міжурадавае пагадненне аб часовай працоўнай дзейнасці грамадзян [13]. Нарэшце, 4 лютага 1999 г. у Мінску была падпісана міждзяржаўная дамова «Аб сацыяльным забеспячэнні» [9].

Пэўнае развіццё ў 1990-я гады атрымала і міжведамаснае супрацоўніцтва дзвюх краін. Так, 6 красавіка 1993 г. паміж міністэрствамі сувязі і інфарматыкі Рэспублікі Беларусь і Літоўскай Рэспублікі было заключана пагадненне аб супрацоўніцтве ў пытаннях сувязі [5]. У ліпені 1995 г. і ў жніўні 1999 г. былі падпісаны пагадненні паміж нацыянальнымі банкамі Беларусі і Літвы аб арганізацыі ўзаемных разлікаў [17; 18]. А 11 снежня 1997 г. у Мінску было заключана пагадненне паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам адукацыі і навукі Літоўскай Рэспублікі аб супрацоўніцтве ў галіне адукацыі [11].

Развіццё эканамічных стасункаў

Пасля распаду Савецкага Саюза працяг гаспадарчых сувязей паміж Беларуссю і Літвой у тых формах, у якіх яны існавалі раней, быў немагчымы. Таму ў пачатку 1990-х гг. пачаўся пошук новых шляхоў эканамічнага ўзаемадзеяння, які аказаўся даволі цяжкім і складаным. Так, у сакавіку 1993 г. было падпісана двухбаковае пагадненне аб вольным гандлі, якое, аднак, засталося нездзяй-
сняльным. Больш паспяховым прыкладам развіцця эканамічных сувязей можна назваць стварэнне ў 1994 г. Двухбаковай беларуска-літоўскай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве і яе далейшую працу.

Галоўнай сферай эканамічнага ўзаемадзеяння Беларусі і Літвы ў 1990-я гг., бязумоўна, з’яўляўся гандаль. У гэтым артыкуле прааналізавана статыстыка беларуска-літоўскага гандлю, пачынаючы з 1995 г., бо аўтар не здолеў знайсці сістэмна апублікаваных дадзеных знешнегандлёвай статыстыкі за ранейшыя гады. Верагода, гэта звязана з тым, што Беларусь перайшла на распрацаваную арганізацыяй Сусветнага Банка стандартызаваную методыку разліку знешнегандлёвай статыстыкі, прынятую зараз у большасці краін свету, толькі ў сярэдзіне дзесяцігоддзя. Гэтымі ж абставінамі, пэўна, тлумачыцца і вельмі значнае разыходжанне лічбаў, якія прыводзяцца ў інфармацыйных матэрыялах Міністэрства замежных спраў Беларусі са спасылкай на Міністэрства статыстыкі і аналізу Рэспублікі Беларусь і ў артыкуле А. Грыцюса са спасылкай на Дэпартамент статыстыкі Літоўскай Рэспублікі. Так, калі па матэрыялах Міністэрства замежных спраў Беларусі аб’ём двухбаковага гандлю ў 1996 г. склаў 298,8 млн дол. ЗША, а беларускі імпарт з Літвы — 153,4 млн дол. (гл. табліцу), то А. Грыцюс прыводзіць за гэты год лічбы ў 450 і 342 млн дол. ЗША адпаведна [3, с. 154]. Тым не менш, і беларуская статыстыка, і высновы А. Грыцюса сведчаць аб аднолькавых тэндэнцыях развіцця беларуска-літоўскага гандлю ў сярэдзіне 1990-х гг. — паступовым павелічэнні таваразвароту за кошт росту літоўскага экспарту ў Беларусь.

Дынаміка асноўных паказчыкаў беларуска-літоўскага гандлю, млн дол. ЗША

 

Таваразварот

Экспарт

Імпарт

Сальда

1995

264,2

146,4

117,8

28,6

1996

298,8

145,4

153,4

–8,0

1997

329,7

137,8

191,9

–54,1

1998

365,0

157,0

208,0

–51,0

1999

277,2

174,2

103,0

71,2

     К р ы н і ц а: [1].

Зыходзячы з дадзеных беларускай афіцыйнай статыстыкі, адзначым, што з 1995 па 1998 г. беларуска-літоўскі таваразварот штогадова павялічваўся на 20—35 млн дол. ЗША. Пры гэтым знешнегандлёвае сальда было адмоўным для Беларусі, бо рост таваразвароту дасягаўся за кошт штогадовага павышэння беларускага імпарту з Літвы на 35—38 млн дол. пры зніжэнні беларускага экспарту ў гэтую краіну. Тэндэнцыя пачала змяняцца толькі ў 1998 г., калі рост літоўскага экспарту запаволіўся, а беларускі экспарт у Літву, наадварот, упершыню павялічыўся больш як на 20 млн дол. У наступным 1999 г. гэтая тэндэнцыя яшчэ больш узмацнілася: беларускі экспарт у Літву працягваў расці амаль тымі ж тэмпамі, а літоўскі ў Беларусь, наадварот, скараціўся больш чым удвая. Гэта прывяло, з аднаго боку, да скарачэння двухбаковага таваразвароту амаль на 88 млн дол. ЗША, а з іншага — ўпершыню для Беларусі ўсталявалася станоўчае знешнегандлёвае сальда з Літвой у памеры 71,2 млн дол. ЗША. Аднак, нягледзячы на агульную тэндэнцыю да павелічэння беларуска-літоўскага таваразвароту, доля Літвы ў агульным аб’ёме знешнегандлёвага таваразвароту Беларусі няўхільна памяншалася — з 2,55 % у 1995 г. да 2,20 % у 1999 г. [2, с. 67].

На працягу 1990-х гг. адбыліся пэўныя змены ў таварнай структуры беларуска-літоўскага гандлю, абумоўленыя рэструктурызацыяй ці заняпадам некаторых галін вытворчасці ў працэсе пераходу да рынкавых адносін. Аднак у другой палове 1990-х гг. ужо можна яскрава вылучыць прыярытэтныя накірункі ўзаемнага гандлю. Аснову беларускага экспарту ў Літву складалі нафтапрадукты (19,6 % у 1997 г., 29,1 % — у 1999 г., 59,9 % — у 2000 г.), прадукцыя хімічнай прамысловасці (каля 20 % штогадова), а таксама трактары і грузавыя аўтамабілі, якія з-за свайго невысокага кошту доўгі час паспяхова канкурыравалі на літоўскім рынку з больш дарагімі заходнімі аналагамі, бо Літва, у адрозненні ад Польшчы, не ўводзіла ў 1990-х гг. абмежавальных пошлін на прадукцыю беларускага машынабудавання [21]. Беларускі імпарт з Літвы ў асноўным складаўся з прадукцыі сельскай гаспадаркі (карма для жывёлагадоўлі, пшаніца) і харчовай прамысловасці, а таксама тыпаграфскай фарбы і электраэнэргіі з Ігналінскай АЭС.

Нарэшце трэба адзначыць і такі значны для эканамічнага развіцця абедзвюх краін напрамак супрацоўніцтва, як транзіт. Для Беларусі, якая не мае ўласнага выхаду да мора, Літва з яе Клайпедскім портам уяўляе самы кароткі шлях да марскіх камунікацый. Як адзначае А. Грыцюс са спасылкай на Дэпартамент статыстыкі Літоўскай Рэспублікі, у 1994—1996 гг. транзіт беларускіх грузаў праз Клайпедскі порт павялічыўся амаль у 10 разоў [3, c. 155]. І хаця ў наступным годзе гэтая тэндэнцыя пачала змяняцца, Клайпеда заставалася важным пунк-
там транзіту беларускага экспарту, асабліва нафтапрадуктаў, паспяхова канкурыруючы з латвійскім Вентспілсам. У сваю чаргу, праз Беларусь праходзілі асноўныя транзітныя патокі грузаў з Літвы ў Расію і Украіну. І калі Беларусь мела магчымасць лёгка манеўрыраваць, пераразмяркоўваючы свае транзітныя патокі ў пошуках найбольш спрыяльных умоў паміж партамі Літвы і Латвіі, пераразмеркаванне літоўскага транзіта ў адпаведныя краіны праз тэрыторыю Латвіі і Польшчы патрабавала дадатковых затрат, на якія літоўскі бок не жадаў ісці без асаблівай неабходнасці.

Заключэнне

Такім чынам, на працягу 1990-х гг. беларуска-літоўскія адносіны прайшлі тры стадыі развіцця. Канец 1991 — сярэдзіна 1994 г. — гэта пачатак двухбаковых адносін, перыяд актыўных, але не вельмі прадуктыўных палітычных кантактаў на розных узроўнях і ў розных фарматах. Прававая база двухбаковых стасункаў развівалася досыць марудна. Асноўныя дамоўленасці ў гэты час былі дасягнуты ў галіне прававой дапамогі і пенсійнага забеспячэння, аўтамабільных перавозак, стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі. Вырашэнне пытанняў прававога забеспячэння эканамічных сувязей сутыкалася з пэўнымі цяжкасцямі, аб чым сведчыць правал пагаднення аб вольным гандлі. «Прабуксоўвала» і заключэнне дамовы аб дзяржаўнай мяжы. Згаданыя негатыўныя тэндэнцыі былі абумоўлены не столькі наяўнасцю спрэчных пытанняў у двухбаковых адносінах, колькі засяроджанасцю знешнепалітычных намаганняў абедзвюх краін на развіцці сувязей з больш прыярытэтнымі партнёрамі. Што тычыцца ўзаемнага гандлю, аўтар, на жаль, не знайшоў у афіцыйных крыніцах статыстычных звестак за гэты перыяд. Але агульны аналіз эканамічнай сітуацыі на постсавецкай прасторы, якая ў пачатку 1990-х гг. характарызавалася распадам старых сувязей, што існавалі ў межах савецкай сістэмы, і крызісам узаемных разлікаў пасля ўвядзення постсавецкімі краінамі нацыянальных валют, дазваляе меркаваць, што ён меў тэндэнцыю да скарачэння. На ўздыме быў бадай што толькі мелкі чаўночны гандаль, якому да 1994 г. спрыяла і адсутнасць паміж Беларуссю і Літвой візавага рэжыму.

Другі этап — сярэдзіна 1994 — пачатак 1998 г. Гэта быў час адноснага збліжэння дзвюх краін і актывізацыі іх узаемадзеяння, у тым ліку і кантактаў на вышэйшым узроўні. Дадзены перыяд у сваю чаргу падзяляецца яшчэ на дзве стадыі: да правядзення ў Беларусі канстытуцыйнага рэферэндуму 1996 г. і пасля яго. На першай з іх станоўчая дынаміка двухбаковых стасункаў вызначалася, галоўным чынам, унутранымі фактарамі; на другой — наадварот, вызначальнымі становяцца фактары міжнародныя, такія як пагаршэнне адносін паміж Захадам і Беларуссю і імкненне Літвы выступіць у якасці пасярэдніка паміж імі. У гэты час былі вырашаны спрэчныя пытанні і закладзены добрыя асновы далейшага супрацоўніцтва. Акрамя падпісання базавых для двухбаковых адносін дамоў аб дзяржаўнай мяжы і аб добрасуседстве пачала актыўна развівацца дамоўна-прававая база ў галіне эканомікі, значна пашырылася база супрацоўніцтва ў барацьбе з правапарушэннямі і міжведамаснае супрацоўніцтва. Прычым пераважная колькасць дакументаў была заключана на працягу першай стадыі гэтага этапа. Ва ўзаемным гандлі ўвесь другі этап вызначаўся агульнай тэндэнцыяй да павелічэння тавара-
звароту за кошт росту літоўскага экспарту ў Беларусь. Беларускі экспарт у Літву, наадварот, увесь час (хоць і нязначна) скарачаўся.

Нарэшце, з 1998 г. пачалось паступовае згортванне палітычных кантактаў і паніжэнне іх ўзроўню. Надышоў працяглы перыяд «прагматычнага дыялогу», альбо «эканамізацыі» двухбаковых адносін. Аб гэтым сведчыць і развіццё дамоўна-прававой базы — ўсе заключаныя ў гэты час дамовы і пагадненні так ці інакш тычыліся эканамічных пытанняў, а новым важным момантам стала стварэнне прававой базы для ўзаемных інвестыцый.

Літаратура

1. Белорусско-литовские отношения: справка // Текущий архив Министерства иностранных дел Республики Беларусь.
2. Внешняя торговля Республики Беларусь. 1995—2000 годы: стат. сб. — Минск, 2001. — 374 с.
3. Грицюс, А. Влияние «белорусского фактора» на внешнюю политику Литвы и стабильность в Балтийском регионе / А. Грицюс // Белоруссия на перепутье. — М.: Москов. центр Карнеги, 1998. — С. 139—162.
4. Двусторонние отношения [Электронный ресурс] // Посольство Республики Беларусь в Литовской Республике. — Режим доступа: <http://lithuania.mfa.gov.by/rus/new_page_80/>. — Дата доступа: 14.01.2013.
5. Двусторонняя Белорусско-Литовская комиссия по торговому и экономическому сотрудничеству [Электронный ресурс] // Министерство экономики Республики Беларусь. — Режим доступа: <http://www.economy.gov.by/ru/f_economic/rabota_sovmestnyh_komissij/bilateral-belarusian-lithuanian-commission>. — Дата доступа: 12.03.2013.
6. Договор между Республикой Беларусь и Литовской Республикой о белорусско-литовской государственной границе от 6 февр. 1995 г. [Электронный ресурс] // КонсультантПлюс: Беларусь. Технология 3000 / ООО «ЮрСпектр», Нац. центр правовой информ. Респ. Беларусь. — Минск, 2013.
7. Договор между Республикой Беларусь и Литовской Республикой о взаимной передаче лиц, осужденных к лишению свободы, для отбывания наказания и лиц, в отношении которых применены принудительные меры медицинского характера от 12 июля 1996 г. [Электронный ресурс] // Там же.
8. Договор между Республикой Беларусь и Литовской Республикой о правовой помощи и правовых отношениях по гражданским, семейным и уголовным делам от 20 окт. 1992 г. [Электронный ресурс] // Там же.
9. Договор между Республикой Беларусь и Литовской Республикой о социальном обеспечении от 4 февр. 1999 г. [Электронный ресурс] // Там же.
10. Связи Литовской Республики с Республикой Беларусь [Электронный ресурс] // Посольство Литовской Республики в Республике Беларусь. — Режим доступа: <http://by.mfa.lt/index.php?2239009168>. — Дата доступа: 14.01.2013.
11. Соглашение между Министерством образования Республики Беларусь и Министерством образования и науки Литовской Республики о сотрудничестве в области образования [Электронный ресурс] // КонсультантПлюс: Беларусь. Технология 3000 / ООО «ЮрСпектр», Нац. центр правовой информ. Респ. Беларусь. — Минск, 2013.
12. Соглашение между правительством Республики Беларусь и Правительством Литовской Республики об «Объекте 500» и ГЭС «Дружба народов» от 6 февр. 1995 г. [Электронный ресурс] // Там же.
13. Соглашение между правительством Республики Беларусь и Правительством Литовской Республики о временной трудовой деятельности граждан от 12 июля 1996 г. [Электронный ресурс] // Там же.
14. Соглашение между правительством Республики Беларусь и Правительством Литовской Республики о содействии осуществлению и защите инвестиций от 5 марта 1999 г. [Электронный ресурс] // Там же.
15. Соглашение между правительством Республики Беларусь и Правительством Литовской Республики о сотрудничестве в борьбе с нарушениями таможенного законодательства от 12 июля 1996 г. [Электронный ресурс] // Там же.
16. Соглашение между Республикой Беларусь и Литовской Республикой о гарантиях прав граждан в области пенсионного обеспечения от 14 апр. 1994 г. [Электронный ресурс] // Там же.
17. Соглашение об изменениях Соглашения об организации расчетов между Банком Литвы и Национальным банком Республики Беларусь от 1999 г. [Электронный ресурс] // Там же.
18. Соглашение об организации расчетов между Банком Литвы и Национальным банком Республики Беларусь от 1995 г. [Электронный ресурс] // Там же.
19. Соглашение о разделении инвентарных парков грузовых вагонов и контейнеров бывшего МПС СССР между государствами — участниками Содружества, Азербайджанской Республикой, Республикой Грузия, Латвийской Республикой, Литовской Республикой, Эстонской Республикой и их дальнейшем совместном использовании от 22 янв. 1993 г. [Электронный ресурс] // Там же.
20. Соглашение о сотрудничестве Министерства внутренних дел Республики Беларусь и Министерства внутренних дел Литовской Республики от 16 июля 1993 г. [Электронный ресурс] // Там же.
21. Тихомиров, А. В. Отношения Беларуси с соседними государствами Центральной и Восточной Европы (Польшей, Литвой, Латвией) в 1991—2001 гг. [Электронный ресурс] // Белорусская цифровая библиотека. — Режим доступа: <http://library.by/portalus/modules/belarus/print.php?subaction=showfull&id=1141347534&archive=1291800676&start_from=&ucat=20&>. — Дата доступа: 12.01.2013.
22. Халиманович, Н. Д. Белорусско-балтийские отношения в региональном контексте / Н. Д. Халиманович // Белорус. журн. междунар. права и междунар. отношений. — 2003. — № 3. — С. 56—59.
23. Халиманович, Н. Д. Общая характеристика двухсторонних отношений Беларуси со странами Балтии / Н. Д. Халиманович // Там же. — № 2. — С. 55—60.


Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter

Сообщество

  • (029) 3222740
  • Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
© 2025 Международное общественное объединение «Развитие». All Rights Reserved.