журнал международного права и международных отношений 2015 — № 2


международное право — вопросы теории

Утварэнне канцэпцыі меркаванай кампетэнцыі ў ЗША

Максім Карлюк

Аўтар:
Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра. — аспірант кафедры міжнароднага права факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта

Рэцэнзенты:
Дэйкала Кацярына Аляксандраўна — кандыдат юрыдычных навук, дацэнт, загадчык кафедры міжнароднага права факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта
Канавалава Жанна Чэславаўна — кандыдат юрыдычных навук, дацэнт, загадчык кафедры права і эканамічных тэорый факультэта эканомікі і кіравання Беларускага таргова-эканамічнага ўніверсітэта спажывецкай кааперацыі


У артыкуле разглядаецца ўтварэнне канцэпцыі меркаванай кампетэнцыі, якое адбылося напрыканцы XVIII — пачатку XIX ст. у ЗША. Сутнасцю меркаванай кампетэнцыі з’яўляецца тое, што паўнамоцтвы дзяржавы (або міждзяржаўнага ўтварэння) не абмяжоўваюцца паўнамоцтвамі, прама замацаванымі ва ўстаноўчых дакументах. Аўтар разглядае погляды і аргументы асноўных гістарычных прыхільнікаў і праціўнікаў канцэпцыі, прасочвае яе ўмацаванне праз дзяржаўную дзейнасць і судовую практыку ЗША. Аўтар прыходзіць да высновы, што канцэпцыя меркаванай кампетэнцыі з’яўляецца неабходнай для эфектыўнага дасягнення пастаўленых перад дзяржавай мэт.


Пытанне паўнамоцтваў любой дзяржавы з’яўляецца істотным фактарам яе функцыянавання. Нормы, якія замацоўваюць паўнамоцтвы ў прававых актах, могуць фармулявацца па-рознаму: часам вельмі дакладна і пэўна, часам дастаткова абстрактна і шырока. Адпаведна, могуць узнікнуць рознагалоссі датычна прачытання і інтэрпрэтацыі таго ці іншага палажэння. Сутнасцю меркаванай кампетэнцыі з’яўляецца тое, што паўнамоцтвы дзяржавы (ці міждзяржаўнага ўтварэння) не абмяжоўваюцца прама замацаванымі ва ўстаноўчых дакументах.

У артыкуле разглядаецца ўтварэнне дадзенай канцэпцыі ў ЗША. Значэнне і актуальнасць аналізу абумоўлена дзвюма прычынамі. Першая, тэарэтычная, заключаецца ў тым, што канцэпцыя меркаванай кампетэнцыі недастаткова даследавана ў беларускай і расійскай прававой навуцы. Дадзеная канцэпцыя разглядаецца толькі ў агульных рысах у працах па канстытуцыйным праве замежных краін шэрагу аўтараў: Г. А. Васілевіч, Н. М. Кандратовіч, Л. А. Прыходзька [1], М. В. Баглай, Ю. И. Лейба, Л. М. Энцін [2], А. А. Мішын [4], И. А. Сізько, Н. М. Чапурнова [5], В. Е. Чыркін [8] і інш. Другая прычына, практычная, абумоўлена пачаткам функцыянавання новай міжнароднай арганізацыі рэгіянальнай эканамічнай інтэграцыі — Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС). Паколькі канцэпцыя меркаванай кампетэнцыі была перанятая міжнароднымі арганізацыямі, такімі як Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ААН) і Еўрапейскі саюз (ЕС) [7; 9; 12; 13; 17— 19; 22], то праведзены аналіз важны для будучага развіцця ЕАЭС, які можа сутыкнуцца з пытаннямі інтэрпрэтацыі паўнамоцтваў і адпаведнага гэтаму забеспячэння эфектыўнага функцыянавання арганізацыі.

Канцэпцыя меркаванай кампетэнцыі ўзнікла на шляху да стварэння федэрацыі ЗША па новай канстытуцыі. Ідэя прагучала са старонак «Федэраліста» — зборніка артыкулаў у падтрымку ратыфікацыі Канстытуцыі ЗША, які публікаваўся ў 1787—1788 гг. А. Гамільтан у артыкуле № 33 разгледзеў палажэнне, якое атрымала назву «эластычны пункт», або «неабходны і належны пункт» (necessary and proper clause [21, p. 1050]). Гэтае палажэнне раздзела 8 артыкула 1 Канстытуцыі, якое апісвае паўнамоцтвы Кангрэса:

«выдаваць усе законы, якія неабходны і належны для ажыццяўлення вышэйпазначаных паўнамоцтваў і ўсіх іншых паўнамоцтваў, якія надаюцца дадзенай Канстытуцыяй ураду Злучаных Штатаў, або якому-небудзь яго дэпартаменту, або службовай асобе» [3].

А. Гамільтан сцвярджаў, што дадзены пункт «толькі дэкларуе ісціну, якая была б неабходным і непазбежным наступствам самога факта заснавання федэральнага ўрада і надзялення яго канкрэтнымі паўнамоцтвамі» [14, p. 155]. Дж. Мэдысан у сваім артыкуле № 44 пазначыў, што без «эластычнага пункта» уся Канстытуцыі ператварылася б у «мёртвую літару» [14, p. 224]. Справа ў тым, што дакумент, які папярэднічаў Канстытуцыі, — Артыкулы Канфедэрацыі, утрымліваў норму, у адпаведнасці з якой было забаронена ажыццяўленне любых прама не перададзеных паўнамоцтваў (арт. 2) [21, p. 1074—1078].

Пасля прыняцця Канстытуцыі А. Гамільтан быў прызначаны міністрам фінансаў і ў снежні 1790 г. прапанаваў Кангрэсу стварэнне першага цэнтральнага банка ЗША [11, p. 344]. Да падпісання адпаведнага закона прэзідэнт Дж. Вашынгтон звярнуўся па меркаванне членаў кабінета, у прыватнасці дзяржаўнага сакратара Т. Джэферсана.

Т. Джэферсан засноўваў свае аргументы на палажэнні дзясятай папраўкі да Канстытуцыі:

«Паўнамоцтвы, не дэлегаваныя Злучаным Штатам дадзенай Канстытуцыяй і не забароненыя асобным штатам, захоўваюцца адпаведна за штатамі або за народам» [3].

Т. Джэферсан прааналізаваў прама замацаваныя ў Канстытуцыі паўнамоцтвы і агульныя палажэнні Канстытуцыі з мэтай знайсці тое з іх, якое дазволіла б стварыць банк [16]. На яго думку, ніводнае з трох найбольш падыходзячых замацаваных паўнамоцтваў — усталёўваць і збіраць падаткі, ажыццяўляць запазычанні і рэгуляваць гандаль — не выкарыстоўваецца для стварэння банка. Датычна агульных палажэнняў Канстытуцыі, такіх як «усталёўваць падаткі для мэтаў забеспячэння агульнага дабрабыту», Т. Джэферсан сцвярджаў, што ўсталяванне падаткаў і забеспячэнне агульнага дабрабыту адносяцца адно да аднаго як паўнамоцтва і мэта. Гэта значыць, што падаткі ўсталёўваюцца толькі для забеспячэння агульнага дабрабыту і, наадварот, агульны дабрабыт можа забяспечвацца толькі праз усталяванне падаткаў. Інакш, як сцвярджаў Т. Джэферсан, шырокая інтэрпрэтацыя дадзенага палажэння робіць прамы пералік паўнамоцтваў у Канстытуцыі бескарысным.

Другім прааналізаваным агульным палажэннем быў «эластычны пункт». Т. Джэферсан адзначыў, што ўсе прама замацаваныя паўнамоцтвы могуць быць ажыццёўленымі без банка, што не рабіла яго неабходным у адпаведнасці з «эластычным пунктам». Ён бачыў розніцу ў словах «неабходны» і «прыдатны», дзе апошняе, як ён сцвярджаў, скарачае ўсё да аднаго паўнамоцтва. Ён разумеў «неабходнасць» як «незаменнасць».

Пасля атрымання кароткага меркавання Т. Джэферсана Дж. Вашынгтон звярнуўся да А. Гамільтана, які даў разгорнуты і глыбокі адказ на аргументы дзяржаўнага сакратара.

Паводле А. Гамільтана, любыя паўнамоцтвы дзяржавы па сваёй прыродзе суверэнныя. Гэтая думка прадугледжвае права прымяняць усе сродкі, якія патрабуюцца і належным чынам прымянімы для дасягнення мэт такіх паўнамоцтваў і на якія не распаўсюджваюцца абмежаванні і выняткі, замацаваныя ў Кансты-
туцыі, ці якія не з’яўляюцца амаральнымі і не супярэчаць асноўным грамадскім мэтам. А. Гамільтан лічыў, што дадзены прынцып з’яўляецца аксіёмай дзяржавы ў цэлым. Ён сцвярджаў, што гэты прынцып вырашае праблему наяўнасці ў ЗША паўнамоцтваў ствараць карпарацыю, бо яны ўласцівыя суверэнным паўнамоцтвам у адносінах да аб’ектаў, даручаных кіраванню дзяржавай.

А. Гамільтан сцвярджаў, што колькасць перададзеных паўнамоцтваў у кожным канкрэтным выпадку з’яўляецца пытаннем факта, усталяванне якога павінна ажыццяўляцца вывадам і вытлумачэннем пэўных палажэнняў Канстытуцыі ў адпаведнасці з агульнымі прынцыпамі і агульнымі мэтамі дзяржавы. Ён пачаў са сцвярджэння, што адмаўляла існаванне як меркаваных, так і прама замацаваных паўнамоцтваў і што меркаваныя паўнамоцтвы перадаюцца таксама як і прама замацаваныя. Сапраўды, Т. Джэферсан не адмаўляў існаванне перададзеных паўнамоцтваў. З гэтага вынікае, што паўнамоцтвы па стварэнні карпарацый, што з’яўляецца сродкам для дасягнення мэты, могуць быць таксама меркаванымі і могуць прымяняцца ў якасці сродку для выканання любога прама вызначанага паўнамоцтва. Пытанне заключалася ў тым, ці меў такі сродак дачыненне да якіх-небудзь прызнаных задач ці законных мэт дзяржавы.

На погляд А. Гамільтана, інтэрпрэтацыя «эластычнага пункта», дадзеная Т. Джэферсанам, адыходзіць ад агульнапрынятага сэнсу слова «неабходны», якое звычайна азначае «патрэбны, запатрабаваны, уласцівы, прыдатны».

Ён сцвярджаў, што кожная дзяржава мае права прымаць толькі тое заканадаўства, якое неабходна, з’яўляецца прыдатным для выканання пастаўленых задач і не можа дзейнічаць як заўгодна. Ступень патрэбнасці мер не можа быць крытэрыем правамернасці іх прыняцця, бо гэта пытанне, якое залежыць ад пункту гледжання і можа быць толькі крытэрыем мэтазгоднасці. Крытэрыем канстытуцыйнасці павінны быць адносіны меры, прынятай для выканання паўнамоцтва, і мэты дадзенага паўнамоцтва.

А. Гамільтан удакладніў, што «эластычны пункт» дае не новыя ці незалежныя паўнамоцтвы, але яўную санкцыю на меркаваныя паўнамоцтвы і толькі ў межах задач прама запісаных паўнамоцтваў. А. Гамільтан прапанаваў наступны крытэрый канстытуцыйнасці: калі мэта можа быць выразна зразумелая ў межах любых прама пазначаных паўнамоцтваў, а мера мае яўную сувязь з дадзенай мэтай і не забаронена ніякім з палажэнняў Канстытуцыі, такая мера можа лічыцца правамернай. Наступным крытэрыем з’яўляецца пытанне, ці парушае такая мера дзейнае права штата ці індывіда. Калі не, то прэзумпцыя на карысць канстытуцыйнасці абгрунтавана. Такім чынам, А. Гамільтан паказаў дачыненне банка да задач шэрагу замацаваных у Канстытуцыі паўнамоцтваў.

Аргументы А. Гамільтана пераканалі Дж. Вашынгтона, і ён падпісаў закон. Т. Джэферсан падчас свайго прэзідэнцтва адмовіўся ад строгага тлумачэння Канстытуцыі, ва ўсялякім разе часова, калі была магчымасць набыцця Луізіяны [22, p. 34]. Справа ў тым, што Канстытуцыя не дае паўнамоцтваў на набыццё замежных тэрыторый, і спачатку Т. Джэферсан хацеў прыняцця канстытуцыйнай папраўкі. Аднак, Дж. Мэдысан пераканаў яго ўжыць меркаваную кампетэнцыю дзеля часовых абмежаванняў прапановы Напалеона [22, p. 34—35]. Т. Джэферсан пагадзіўся з аргументамі Дж. Мэдысана і прыняў прапанову Напалеона без змянення Канстытуцыі і без афіцыйнай згоды Кангрэса.

Справа McCulloh v. Maryland з’яўляецца першай і асноўнай справай Вярхоўнага суда па пытанні меркаванай кампетэнцыі і лічыцца адным з канонаў амерыканскага канстытуцыйнага права [20]. Яна тычылася Другога банка ЗША, які ўзгадніў Дж. Мэдысан. Штат Мэрыленд, незадаволены дзейнасцю банка, увёў падатак на ўсе банкі, інкарпараваныя па-за штатам. Аднак, Другі банк быў адзіным такім банкам, гэта азначала, што падатак быў накіраваны непасрэдна супраць яго. Банк адмовіўся плаціць падатак, і супраць яго штатам быў пададзены іск у суд, дзе ў першай і апеляцыйнай інстанцыях рашэнне было вынесена на карысць Мэрыленда, а справа перайшла ў Вярхоўны суд. Было вынесена адзінагалоснае рашэнне, прадстаўленае старшынёй Дж. Маршалам, які развіў у ім дактрыну меркаванай кампетэнцыі.

Суддзя Дж. Маршал пералічыў некалькі аргументаў, сярод якіх ён адзначыў суверэнітэт народа, а не штатаў, бо народ стварыў ЗША. Таксама ён адзначыў, што нават калі ў пераліку ў Канстытуцыі няма паўнамоцтва па заснаванні банка, то няма і выразу, які выключаў бы меркаваныя паўнамоцтвы, як гэта рабілася ў Артыкулах Канфедэрацыі. Вядомым стала яго наступнае выказванне: «Разглядаючы дадзенае пытанне, мы ніколі не павінны забывацца, што мы інтэрпрэтуем Канстытуцыю» [20]. Гэта азначае, што Канстытуцыя адрозніваецца ад звычайнага заканадаўчага акта і было б немагчыма пералічыць у дэталях усе сродкі для выканання замацаваных паўнамоцтваў. Такім чынам, Канстытуцыя павінна інтэрпрэтавацца інакш, і суд палічыў, што Кангрэс не абмежаваны дзеяннямі, прама пазначанымі ў Канстытуцыі.

Разглядаючы «эластычны пункт», Дж. Маршал паказаў, што ў выпадку легітымнай мэты ў рамках Канстытуцыі ўсе сродкі з’яўляюцца дапушчальнымі, калі яны ясна прыстасаваны да дадзенай мэты, не забаронены і адпавядаюць літары і духу Канстытуцыі. Дж. Маршал не прыняў разумення «неабходнасці» як «незаменнасці», прапанаванага прадстаўніком Мэрыленда (якое таксама з’яўлялася інтэрпрэтацыяй Т. Джэферсана). Таксама, як і А. Гамільтан, ён прыйшоў да высновы, што слова «неабходны» выкарыстоўваецца звычайна як «прыдатны, зручны ці ўласцівы». З аднаго боку, гэта звязана з прыродай Канстытуцыі, існаванне якой прадугледжваецца на гады наперад і павінна быць адаптавана да магчымых крызісаў. З іншага боку, дадзенае палажэнне змешчана ў частцы Канстытуцыі, якая пашырае паўнамоцтвы, а не ў той, якая іх абмяжоўвае. У той жа час гэта не стварае неабмежаваных паўнамоцтваў, і суд падкрэсліў судовы кантроль за канстытуцыйнасцю федэральнага заканадаўства [20].

Таксама важна, што з аргументацыі Дж. Маршала, падобна пазіцыі А. Гамільтана, вынікае, што «эластычны пункт» толькі спрыяе выяўленню меркаваных паўнамоцтваў, якія інакш маглі б быць выведзены іншым чынам [20]. Гэта значыць, што наяўнасць палажэння, падобнага да «эластычнага пункту», не з’яўляецца неабходнай для выяўлення меркаваных паўнамоцтваў.

На гэтай падставе і паводле шэрагу іншых аргументаў Вярхоўны суд прызнаў падатак неканстытуцыйным. Дадзеныя аргументы з юрыдычнага пункту гледжання ўсталявалі дактрыну меркаванай кампетэнцыі.

Дактрына меркаванай кампетэнцыі адыграла стваральную і у некаторых пытаннях ключавую ролю ў забеспячэнні жыццяздольнасці ЗША як федэрацыі. Аргументы А. Гамільтана прывялі да прызнання меркаванай кампетэнцыі часткай Канстытуцыі. Пасля судовай справы McCulloh v. Maryland асноўным прынцыпам стала тое, што Кангрэс можа дзейнічаць, калі ёсць як прама замацаваная, так і меркаваная кампетэнцыя ў Канстытуцыі [10, p. 234].

Безумоўна, дзясятая папраўка і дактрына меркаваных паўнамоцтваў гістарычна былі часткай шматлікіх дыскусій. Дзясятая папраўка, у прыватнасці, прымянялася па-рознаму ў розныя перыяды [10, p. 3]. Аднак дадзеная дактрына мела велізарны ўплыў на развіццё ЗША і стала адным з асноўных рухавікоў федэралізацыі: ад нацыянальнага банка і развіцця фінансавай сістэмы да дапамогі ў дасягненні такіх вех, як вызваленне нявольнікаў А. Лінкальнам і ўвядзенне Новага курса Ф. Д. Рузвельтам, якія маглі не адбыцца праз вузкае разуменне паўнамоцтваў дзяржавы.

Такім чынам, заснавальнікі дзяржавы або міждзяржаўнага ўтварэння не могуць прадбачыць усе магчымыя шляхі гістарычнага развіцця. Адпаведна, любыя ўстаноўчыя дакументы будуць заўжды мець пэўныя недахопы. У такой сітуацыі абмежаванне толькі паўнамоцтвамі, прама пазначанымі падчас заснавання, магло б стаць перашкодай на шляху дасягнення мэт заснавання ў розных сітуацыях гістарычнага развіцця. Канцэпцыя меркаваных паўнамоцтваў дазваляе пазбягаць гэтага. Менавіта дадзеная канцэпцыя адыграла важную ролю ў дынамічным развіцці ЗША. Больш за тое, мы лічым, што падыход Гамільтана—Маршала з’яўляецца збалансаваным, паколькі прадугледжана, што меркаваныя паўнамоцтвы не існуюць самі па сабе, але выводзяцца з прама перададзеных паўнамоцтваў і з’яўляюцца іх часткай.

Як было пазначана вышэй, ААН і ЕС перанялі дактрыну меркаваных паўнамоцтваў. Што тычыцца еўразійскай інтэграцыі, то ў рамках Еўразійскай эканамічнай супольнасці (ЕўрАзЭС) не быў скарыстаны патэнцыял дадзенай дактрыны, а ў рамках ЕАЭС для гэтага стала менш магчымасцей праз увядзенне ў Статут Суда ЕАЭС палажэння, у адпаведнасці з якім Суд ЕАЭС не можа надзяляць органы ЕАЭС дадатковай кампетэнцыяй, акрамя той, якая прама прадугледжана Дамовай аб ЕАЭС і (або) міжнароднымі дамовамі ў рамках ЕАЭС (п. 42 Статута Суда ЕАЭС [6]). Аднак, як адзначалася вышэй, вывядзенне меркаванай кампетэнцыі не тоеснае надзяленню дадатковай кампетэнцыяй. Такая кампетэнцыя толькі вынікае з прама вызначанай кампетэнцыі, таму дадзенае палажэнне не павінна быць перашкодай на шляху выяўлення меркаваных паўнамоцтваў. Больш за тое, гэта не перашкаджае іншым органам ЕАЭС выкарыстоўваць канцэпцыю меркаванай кампетэнцыі ў сваёй дзейнасці.

Спіс выкарыстаных крыніц

1. Василевич, Г. А. Конституционное право зарубежных стран: учебник / Г. А. Василевич, Н. М. Кандратович, Л. А. Приходько. — Минск: Книжный Дом, 2006. — 480 с.
2. Конституционное право зарубежных стран / М. В. Баглай [и др.]; под общ. ред. М. В. Баглая, Ю. И. Лейбо, Л. М. Энтина. — М.: Норма, 2004. — 832 с.
3. Конституция Соединенных Штатов Америки 1787 г. [Электронный ресурс] // Московский государственный университет им. М. В. Ломоносова. — Режим доступа: <http://www.hist.msu.ru/ER/Etext/cnstUS.htm>. — Дата доступа: 15.05.2015.
4. Мишин, А. А. Конституционное (государственное) право зарубежных стран / А. А. Мишин. — М.: Юстицинформ, 2009. — 559 с.
5. Сизько, И. А. Конституционное право зарубежных стран / И. А. Сизько, Н. М. Чепурнова. — М.: МЭСИ, 2007. — 184 с.
6. Статут Суда Евразийского экономического союза: Приложение № 2 к Договору о Евразийском экономическом союзе [Электронный ресурс] // КонсультантПлюс. Беларусь / ООО «ЮрСпектр», Нац. центр правовой информ. Респ. Беларусь. — Минск, 2015.
7. Тункин, Г. И. Теория международного права / Г. И. Тункин; под общ. ред. проф. Л. Н. Шестакова. — М.: Зерцало, 2009. — 416 с.
8. Чиркин, В. Е. Конституционное право зарубежных стран / В. Е. Чиркин. — М.: Норма, 2014. — 528 с.
9. Certain Expenses of the United Nations (Article 17, Paragraph 2, of the Charter): Advisory Opinion of 20 July 1962 [Electronic resource] // International Court of Justice. — Mode of access: <http://www.icj-cij.org/docket/files/49/5259.pdf>. — Date of access: 27.08.2014.
10. Chemerinsky, E. Constitutional Law: Principles and Policies / E. Chemerinsky. — New York: Aspen Publishers, 2006. — 1286 p.
11. Chernow, R. Alexander Hamilton / R. Chernow. — New York: Penguin Books, 2005. — 818 p.
12. Effect of Awards of Compensation Made by the United Nations Administrative Tribunal: Advisory Opinion of 13 July 1954 [Electronic resource] // International Court of Justice. — Mode of access: <http://www.icj-cij.org/docket/files/21/2123.pdf>. — Date of access: 27.08.2014.
13. Engstrom, V. Constructing the Powers of International Institutions / V. Engstrom. — Leiden: Martinus Nijhoff, 2012. — 160 p.
14. Goldman, L. Alexander Hamilton, James Madison, and John Jay: The Federalist Papers / L. Goldman (ed.). — Oxford: Oxford University Press, 2008. — 470 p.
15. Hamilton’s Opinion as to the Constitutionality of the Bank of the United States: 1791 [Electronic resource] // Yale University. — Mode of access: <http://avalon.law.yale.edu/18th_century/bank-ah.asp>. — Date of access: 20.01.2014.
16. Jefferson’s Opinion on the Constitutionality of a National Bank: 1791 [Electronic resource] // Yale University. — Mode of access: <http://avalon.law.yale.edu/18th_century/bank-tj.asp>. — Date of access: 20.01.2014.
17. Judgement of the Court of 31 March 1971. Commission of the European Communities v Council of the European Communitis. — European Agreement on Road Transport. Case 22/70 [Electronic resource] // EUR-Lex: Access to European Union law. — Mode of access: <http://eur-lex.europa.eu/LexUriServ/LexUriServ.do?uri=CELEX:61970J0022:en:HTML>. — Date of access: 20.01.2014.
18. Klabbers, J. An Introduction to International Institutional Law / J. Klabbers. — Cambridge: Cambridge University Press, 2009. — 393 p.
19. Martinez, M. National Sovereignty and International Organizations / M. Martinez. — The Hague; Boston; London: Kluwer Law International, 1996. — 353 p.
20. McCulloch v. Maryland 17 U.S. 316 (1819) [Electronic resource] // Justia US Supreme Court. — Mode of access: <https://supreme.justia.com/cases/federal/us/17/316/case.html>. — Date of access: 15.05.2015.
21. Mikhail, J. The Necessary and Proper Clause / J. Mikhail // The Georgetown Law Journal. — 2014. — Vol. 102, N 4. — P. 1045—1132.
22. Newbold, S. All But Forgotten: Thomas Jefferson and the Development of Public Administration / S. Newbold. — New York: State University of New York Press, 2010. — 131 p.
23. Reparation for Injuries Suffered in the Service of the United Nations: Advisory Opinion of 11 April 1949 [Electronic resource] // International Court of Justice. — Mode of access: <http://www.icj-cij.org/docket/files/4/1835.pdf>. — Date of access: 27.08.2014.


Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter

Сообщество

  • (029) 3222740
  • Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
© 2025 Международное общественное объединение «Развитие». All Rights Reserved.