журнал международного права и международных отношений 2015 — № 2
международные отношения
Асаблівасці ўплыву ўкраінскай дыяспары на беларускую эміграцыю ў міжваеннай Чэхаславакіі
Вольга Коваль
Аўтар:
Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра. — кандыдат гістарычных навук, старшы выкладчык кафедры гісторыі Беларусі і паліталогіі факультэта інфармацыйных тэхналогій Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта
Рэцэнзенты:
Райчонак Аляксандр Аляксандравіч — кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі і паліталогіі факультэта інфармацыйных тэхналогій Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта
Шумскі Ігар Іванавіч — кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры гісторыі новага і навейшага часу гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта
Дадзены артыкул прысвечаны аналізу ўплыву ўкраінскай эміграцыі на беларусаў замежжа ў працэсе фарміравання нацыянальнай і культурнай ідэнтыфікацыі. Разгледжаны шырокі спіс пытанняў, звязаных з гісторыяй беларускага і ўкраінскага супрацоўніцтва ў Чэхаславакіі, што было абумоўлена правядзеннем культурных і палітычных мерапрыемстваў праграмы «рускай акцыі». У матэрыяле даследуюцца праблемы развіцця беларускай і ўкраінскай палітычнай эміграцыі, агульных арганізацый, асаблівасці сацыяльнай адаптацыі эмігрантаў. Аналіз зроблены на падставе новых гістарычных крыніц, у тым ліку на дакументах Архіва горада Прагі і Нацыянальнага архіва Чэшскай Рэспублікі.
Гісторыя беларускай эміграцыі ў міжваеннай Чэхаславакіі будзе яшчэ доўгі час выклікаць нямала спрэчак вучоных, бо далёка не ўсе аспекты дзейнасці эмігрантаў атрымалі дакладныя і абгрунтаваныя ацэнкі. Асобным пытаннем патрэбна вывучаць і аналізаваць узаемадзеянне беларускага і ўкраінскага замежжа, якое адрознівалася сталымі кантактамі і значнымі беларуска-ўкраінскімі праектамі. На сённяшні дзень тэма ўзаемасувязей дыяспар дазваляе прадэманстраваць падабенства ментальнасцей і блізкасць народаў, таму да яе звяртаюцца не толькі беларускія гісторыкі, але і ўкраінскія даследчыкі.
Асаблівасцю вывучэння беларускага і ўкраінскага замежжа ў міжваеннай Чэхаславакіі з’яўляецца шырокая крыніцазнаўчая база з ліку архіўных дакументаў. Разнастайныя палітычныя арганізацыі, навучальныя ўстановы, грамадскія аб’яднанні, культурныя цэнтры, гурткі, музеі, самадзейныя калектывы беларусаў і ўкраінцаў замежжа пакінулі багатую дакументальную спадчыну, якая на сённяшні дзень захоўваецца ў архівах Чэхіі, Славакіі, Украіны, Беларусі і Расіі.
Даследчыкі беларускага замежжа пачалі пісаць пра шчыльныя ўзаемасувязі беларусаў і ўкраінцаў у міжваеннай Чэхаславакіі яшчэ ў савецкі час [6], аднак гэта была фрагментарная інфармацыя пра факты супрацоўніцтва дыяспар. Тэму ўзаемаўплываў зусім па-новаму прадставілі гісторыкі Л. Мірачыцкі і Г. Сяргеева ў пачатку 90-х гг. ХХ ст. [8]. Гэтае пытанне ў сваіх работах закранаюць сучасныя спецыялісты па творчай спадчыне беларускага замежжа. Яскравым прыкладам з’яўляецца манаграфія М. І. Чмаравай [16]. Разам з тым, тэма ўплываў украінскай дыяспары на беларускую эміграцыю яшчэ з’яўляецца слаба распрацаванай, патрабуе грунтоўнага і ўсебаковага аналізу.
Мэтай дадзенага артыкула з’яўляецца ацэнка ступені ўплыву ўкраінскай супольнасці замежжа на дзейнасць беларускіх арганізацый, аналіз значэння агульных палітычных праектаў, студэнцкіх мерапрыемстваў, адукацыйнай падтрымкі беларускага грамадства ў Чэхаславакіі з боку ўкраінскіх вышэйшых школ.
Дзейнасць беларускай і ўкраінскай эміграцыі ў Чэхаславакіі моцна залежала ад этапаў правядзення «рускай дапамогавай акцыі» — праграмы падтрымкі эмігрантаў з тэрыторыі былой Расійскай імперыі, якая пачалася ў 1921 г. [4, с. 8]. Механізмы легалізацыі і прававой адаптацыі для прадстаўнікоў беларускай і ўкраінскай дыяспар былі падобнымі, што аб’ядноўвала эмігрантаў у Чэхаславакіі. Прававы статус і сацыяльная адаптацыя міжваеннай эміграцыйнай хвалі ў Чэхаславакіі адзначаліся тым, што чэхаславацкі ўрад актыўна супрацоўнічаў з Лігай Нацый з мэтай арганізацыі дапамогі для рускіх, украінскіх і беларускіх эмігрантаў [12, с. 24]. Акцыя была накіравана на падтрымку студэнцкай моладзі, культурнай эліты нацыі і на прадстаўнікоў палітычнай эміграцыйнай хвалі. Беларусы і ўкраінцы разам ладзілі творчыя вечарыны ў Празе, жылі ў адных інтэрнатах, вучыліся ў адных гімназіях і ўніверсітэтах, аб’ядноўваліся дзеля дасягнення агульных палітычных мэтаў.
Урад Чэхаславакіі пры фінансавай падтрымцы буйных краін Захаду ажыццяўляў шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на захаванне інтэлектуальнага патэнцыялу эміграцыі, каб выкарыстаць яго ў перспектыве. «Руская акцыя» была разлічана на змену палітычнага ладу ў Савецкім Саюзе, на перыяд фактычнай ліквідацыі савецкай ўлады. Праграму шчыра падтрымліваў прэзідэнт Чэхаславакіі Томаш Гары Масарык, які меў сталыя кантакты з выбітнымі ўкраінскімі дзеячамі эміграцыі [3, с. 7]. Фактычна Чэхаславакія забяспечвала развіццё культурна-асветніцкіх эмігранцкіх цэнтраў і ўстаноў, спрыяла стварэнню беларускіх і ўкраінскіх аб’яднанняў і суполак, адкрыццю вышэйшых украінскіх школ, студый, музеяў і бібліятэк.
«Руская акцыя» як праграма мела дакладна акрэсленыя палітычныя мэты. Некаторыя сучасныя гісторыкі прыходзяць да памылковых высноў, калі абапіраюцца ў сваіх даследаваннях на афіцыйныя дакументы эмігранцкіх арганізацый і саюзаў у Чэхаславакіі. Нярэдка афіцыйныя справаздачы ў дзяржаўныя органы мелі фармальны характар. Напрыклад, статуты арганізацый беларускіх і ўкраінскіх эмігрантаў часта пісалі пра сваю непалітычную дзейнасць [22; 23], аднак гэта былі толькі стандартныя фразы, якія не адлюстроўвалі сутнасць «рускай акцыі». Асноўнай задачай праграмы стала праца з моладдзю, падтрымка гэтак званых «агентаў уплыву», якія ў перспектыве павінны былі лаяльна ставіцца да палітыкі заходніх краін. Лічылася, што фарміраванне інтэлігенцыі дыяспар дазволіць аказаць уздзеянне на сітуацыю ў Савецкім Саюзе. «Руская акцыя» пачала згортвацца ў канцы 1920-х гг., калі стала відавочнай памылковасць і бесперспектыўнасць ідэй.
У артыкулах эмігранцкай і віленскай беларускамоўнай прэсы ўкраінская дыяспара нярэдка была прыкладам для беларускіх эмігрантаў [24]. Беларусы замежжа падкрэслівалі, што ўкраінская супольнасць у Чэхаславакіі была прадстаўлена разнастайнымі палітычнымі плынямі, аднак адрознівалася сваёй арганізаванасцю, кансалідаванасцю і высокім узроўнем энтузіазма. «Найшчырэйшымі прыяцелямі беларусаў у Празе зьяўляюцца, як і ўсюды, украінцы. Ад іх пачулі беларусы самыя лепшыя пажаданьні без ніякай задняй думкі», — сцвярджала папулярная віленская газета «Беларускі Звон» [3, с. 3].
Прыкладам дынамічнасці і ідэйнасці ўкраінскай дыяспары стаў Украінскі музей у Празе. Дакументы музея на сённяшні дзень складаюць дастаткова вялікі фонд у Нацыянальным архіве Чэшскай рэспублікі [19]. Варта падкрэсліць, што музей не атрымліваў фінансавай дапамогі з боку ўрада міжваеннай Чэхаславакіі, таму ўтрымліваўся выключна на ахвяраванні прадстаўнікоў дыяспары. Супрацоўнікі музея працавалі бясплатна, рупліва збіралі выданні і экспанаты для ўстановы [15, с. 15]. У шэрагу сучасных украінскіх даследаванняў [4, с. 14] нярэдка падкрэсліваюцца ахвярны характар працы эмігрантаў, іх шчырая вера ў будучыню нацыі і, як вынік, адмысловая адмова атрымліваць матэрыяльнае ўзнагароджанне, каб грошы перайшлі на карысць усёй дыяспары.
Украінская эміграцыя была больш кансалідаванай, арганізаванай і дынамічнай за беларускую супольнасць замежжа. Беларускія эмігранты нярэдка ставілі ў прыклад дабрачынныя акцыі, якія рэгулярна праводзілі ўкраінцы. Украінская супольнасць распрацавала сістэму мерапрыемстваў, накіраваных на падтрымку моладзі замежжа, хворых дзяцей, культурных устаноў і г. д. Матэрыяльная дапамога ўкраінскай дыяспары была значнай і маштабнай, рэалізоўвалася ў разнастайных формах: стварэнне дапамогавых камітэтаў, правядзенне «тыдняў» і «месячнікаў» дапамогі, самаабкладанне рознага кшталту падаткамі [14, с. 13]. Найбольш паспяхова праводзіліся акцыі, а часам нават «тыдні» і «месячнікі», на карысць украінскага студэнцтва ў Празе. Беларусы замежжа, на жаль, не рэалізоўвалі сістэму падобных мерапрыемстваў, а пытанне фінансавання нярэдка ператваралася ў вострае і фактычна невырашальнае. Нерэгулярныя дапамогавыя акцыі ў асяродку беларусаў замежжа збіралі нязначныя сумы, таму не мелі рэальнага ўплыву на развіццё дыяспары.
Аналіз дзейнасці беларускай палітычнай эміграцыі ў Чэхаславакіі дазваляе зрабіць выснову пра распаўсюджанасць канфліктаў на матэрыяльнай глебе. На старонках перыядычных выданняў беларускага замежжа і Заходняй Беларусі ў міжваенны перыяд рэгулярна пісалася пра імкненне шэрагу беларускіх дзеячоў да ўласных матэрыяльных здабыткаў, што перашкаджала развіццю ўсёй дыяспары. Міжваенныя карэспандэнты нават падзялялі эмігрантаў на свядомых і несвядомых. Напрыклад, у артыкуле «Наша эміграцыя» дзейнасць членаў Урада БНР у Празе характарызавалася наступным чынам: «Usia ''praca'' zwodziłasia na toje, kab dastać dzie-niebudź hrošy na swajo asabistaje žyccio, ci zarabić sabie na ''čorny dzien''» [18]. Відавочна, пытанне фінансавання пэўных праграм, арганізацый ці ўстаноў раз’ядноўвала беларусаў замежжа. Менавіта таму дадзены аспект абавязкова неабходна вывучаць і даследаваць пры аналізе дзейнасці асобных палітычных цэнтраў.
Беларуская інтэлігенцыя вымушана была звяртацца да арганізацыйнага вопыту ўкраінскай дыяспары з мэтай зняць напружанне ў асяродку беларускай супольнасці, выкліканае фінансавымі пытаннямі. Беларускамоўная прэса рэгулярна падкрэслівала поспехі ўкраінскіх эмігрантаў па арганізаванаму збіранню грошай. «Якія-ж нашы магчымасці? Жалімся на брак матэр’яльных сродкаў, а каля нашага носу працякаюць мільёны дабравольных складак ад нас-жа саміх. Чысьленныя сумы, з якіх мы маглі-б ня толькі зарганізаваць шырокае выдаўніцтва, а выгадоўліваць сотні і тысячы беларускай інтэлігенцыі з гэтых-жа не сьвядомых беларускіх мас і іх дзяцей, пасылаць іх на высокія універстытэцкія студыі і ствараць цэлыя кваліфікованыя арміі барадзьбітоў — як то робяць украінцы…» [1, с. 5], — пісаў эмігранці часопіс «Рэха».
Асобнай старонкай гісторыі і каштоўнай спадчыны эміграцыі можа стаць жыццё і дзейнасць беларускага і ўкраінскага студэнцтва ў Чэхаславакіі. Нягледзячы на тое, што да адзначанай тэмы ўсё часцей звяртаюцца сучасныя даследчыкі, шматлікія аспекты яшчэ з’яўляюцца нераспрацаванымі і непрааналізаванымі, не ўсе высновы аўтараў вытрымліваюць крытыку і абапіраюцца на шырокую крыніцазнаўчую базу.
Беларуская дыяспара ў Чэхаславакіі складалася з прадстаўнікоў розных палітычных перакананняў, якія аб’ядноўваліся ў сталыя цэнтры і арганізацыі. Найбольш яскравую культурную, палітычную і навуковую спадчыну беларускага замежжа пакінула студэнцкая моладзь. Беларускія студэнты сталі самай дынамічнай часткай дыяспары ў міжваеннай Чэхаславакіі. Менавіта таму іх дзейнасці павінна падавацца пільная ўвага сучасных спецыялістаў у галіне эмігрантазнаўства.
Пры вывучэнні спадчыны беларускай студэнцкай моладзі ў міжваеннай Чэхаславакіі важна адзначыць міжнародныя ўплывы, у тым ліку варта падрабязна вывучыць ўзаемадзеянне з украінцамі. Гэта пытанне было яскрава абгрунтавана на старонках газеты «Сын беларуса» за 1924 год. У матэрыялах выдання аналізавалася канферэнцыя студэнцкіх арганізацый у Празе, на якой у інфармацыі пра даклад Прэзідэнта Цэнтральнага саюза ўкраінскага студэнцтва Масюкевіча падкрэслівалася: «Паказваючы на супольную долю беларускага і ўкраінскага студэнцтва, ён кажа, што ўкраінскае студэнцтва пільна прыглядаецца да жыцьця беларускага студэнцтва і заўсёды прыйдзе яму з дапамогай» [7].
Важнай гістарычнай крыніцай, якая сведчыць пра ўзаемасувязі студэнцкай моладзі беларускай і ўкраінскай дыяспар, з’яўляецца кніга Сымона Нарыжнага «Украінская эміграцыя. Культурная праца ўкраінскай эміграцыі паміж дзвюма сусветнымі войнамі» [9]. На старонках выдання нямала звестак пра супольныя праекты беларусаў і ўкраінцаў у рамках «рускай акцыі». Сам С. Нарыжны з 1922 г. жыў у Чэхаславакіі, дзе скончыў Карлаў універсітэт і Украінскі вольны ўніверсітэт, а пасля займаўся педагагічнай і музейнай працай. Аўтар манаграфіі прымаў актыўны ўдзел у палітычным, адукацыйным, культурным і навуковым жыцці ўкраінскай дыяспары. Гістарычная адукацыя і руплівая праца дазволілі С. Нарыжнаму стварыць адно з асноўных выданняў па міжваеннай украінскай эміграцыі ў Еўропе.
Лёс вучонага і педагога С. Нарыжнага дастаткова трагічны. Яго былыя паплечнікі абвінавацілі аўтара ў стварэнні дадзенай манаграфіі. У навуковай літаратуры і эмігранцкай прэсе можна сустрэць меркаванні ўкраінскіх аўтараў аб тым, што матэрыялы кнігі былі выкарыстаны органамі савецкай контрразведкі ў 1944—1945 гг. у Чэхаславакіі [4, с. 18]. Пасля Другой сусветнай вайны С. Нарыжнаму пачалі ставіць у віну, што яго манаграфія змяшчае спісы выпускнікоў украінскіх вышэйшых школ у Чэхаславакіі, дакладныя прозвішчы найбольш актыўных дзеячоў эміграцыі, апісанні найбольш паспяховых і ўдалых мерапрыемстваў за мяжой і г. д. Нягледзячы на тое, што аўтар не мог прадбачыць наступстваў апублікаванай інфармацыі, а менавіта зацікаўленасць да выдання савецкіх следчых, абвінавачванні дыяспары не спыняліся. У выніку С. Нарыжны пераехаў з сям’ёй у Аўстралію, дзе да апошніх дзён свайго жыцця фактычна больш не займаўся навуковай дзейнасцю.
Гістарычныя крыніцы пра дзейнасць беларускага і ўкраінскага студэнцтва ў Чэхаславакіі часам паведамляюць пра сапраўдную мужнасць і адвагу юнакоў і дзяўчат, якія шчыра імкнуліся атрымаць вышэйшую адукацыю, каб пасля працаваць на карысць Бацькаўшчыны. Варта падкрэсліць, што ў Другой Рэчы Паспалітай нярэдка беларускае і ўкраінскае паходжанне станавілася перашкодай пры залічэнні ва ўніверсітэт. Да таго ж не ўсе маладыя людзі мелі магчымасць аплаціць сваё навучанне. Найбольш здольныя і амбіцыйныя юнакі і дзяўчаты з тэрыторый Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны намагаліся атрымаць стыпендыю, каб вучыцца ў вышэйшых школах Чэхаславакіі, некаторых з іх у Прагу накіроўвалі арганізацыі ці аб’яднанні (напрыклад, Таварыства беларускай школы).
Пра дыскрымінацыйную адукацыйную палітыку польскіх улад у дачыненні да беларускай і ўкраінскай моладзі рэгулярна пісала прэса міжваеннага часу. На старонках газет і часопісаў можна знайсці нямала матэрыялаў пра перашкоды ў набыцці вышэйшай адукацыі ў Другой Рэчы Паспалітай для беларусаў і ўкраінцаў і, як вынік — апісанні гаротных лёсаў студэнтаў у эміграцыі. Папулярная сярод беларускага грамадства газета «Крыніца» падкрэслівала: «Dziela taho, što Palaki stawiać rožnyja pieražkody u nawucy biełarusam u polskim uniwersyteci ŭ Wilni, mnohija belarusy-studenty z Wilenščyny wyjechali na nawuki za hranicu, asobliwa u Prahu» [17]. Шырокі студэнцкі рух рэгулярна на міжнародным узроўні падымаў праблемы дыскрымінацыі беларускай і ўкраінскай моладзі ў Другой Рэчы Паспалітай, пра што сведчаць пратаколы выступленняў, перыядычныя выданні і дэкларацыі. Беларускія і ўкраінскія эмігранты выступалі адзіным фронтам у барацьбе з несправядлівасцю польскай палітыкі, падкрэсліваючы падабенства цяжкага становішча нацыянальных меншасцей на тэрыторыях гэтак званых «усходніх крэсаў».
Матэрыялы перыядычных выданняў дазваляюць даследаваць складанасці, з якімі сустракалася моладзь падчас падарожжа, праблемы адаптацыі ў прымаючым грамадстве, асаблівасці побыту студэнцтва і нават традыцыі баўлення вольнага часу ў Празе. Пераважная большасць беларускіх і ўкраінскіх студэнтаў была родам з тэрыторый Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны, як правіла, гэта былі вясковыя юнакі і дзяўчаты. Нярэдка маладым асобам востра не хапала грошай, таму ім даводзілася ісці ў Прагу пешшу [21]. Толькі неверагоднае жаданне вучыцца штурхала моладзь у цяжкое і небяспечнае падарожжа.
Пытанню ўзаемасувязей беларускіх і ўкраінскіх студэнцкіх арганізацый важнае значэнне надавалі яшчэ самі эмігранты ў міжваенны час. Да яго звярталіся як беларусы, так і ўкраінцы. Грунтоўны аналіз кантактаў зрабіў старшыня Аб’яднання ўкраінскіх студэнцкіх арганізацый Васіль Аралэцкі ў сваім артыкуле «Украінска-беларускія студэнскія ўзаемаадносіны» [10]. Аўтар матэрыялу стаў выбітным грамадска-палітычным дзеячом міжваеннай эміграцыі, да постаці якога актыўна звяртаюцца сучасныя ўкраінскія вучоныя [13, с. 15]. З 1925 па 1933 г. В. Аралэцкі займаў пасаду старшыні Цэнтральнага саюза ўкраінскага студэнцтва. Арганізацыя мела статус і рэальны ўплыў на кірункі дзейнасці ўкраінскай супольнасці Чэхаславакіі. Сам В. Аралэцкі актыўна падтрымліваў беларуска-ўкраінскае супрацоўніцтва, неаднаразова выступаў з дакладамі па дадзенай тэме на міжнародным узроўні, меў сапраўдны аўтарытэт у беларускай супольнасці замежжа.
«Галоўны цэнтр эміграцыі нашага студэнства — гэта Чэская Прага, гэта Славянская Мэкка. Тут-жа і знаходзяцца нашыя абедзьве цэнтралі, якія галоўным чынам рэгулююць і пасіляюць супрацоўніцтва беларускага і ўкраінскага студэнства. Гэтае супрацоўніцтва выражаецца ў першай меры ў тым, што студэнства ўкраінскае і беларускае стварылі сабе супольны дапамагаўчы Камітэт, каб умагчыміць сабе студыі, а далей — стварыліся розныя статутовыя, культурныя ўкраінска-беларускія студэнскія арганізацыі. Сталая замена часопісамі і частыя супольныя ўкраінска-беларускія студэнскія сходкі родняць нас паміж сабою» [10, с. 12], — пісаў В. Аралэцкі ў сваім артыкуле. Матэрыял украінскага дзеяча абагульняе асобныя кірункі супольнай працы беларусаў і ўкраінцаў у Празе. Сапраўды, у Чэхаславакіі ствараліся беларуска-ўкраінскія арганізацыі, студэнтамі праводзіліся агульныя культурныя вечарыны, актыўна развіваліся палітычныя сувязі і г. д.
Факты супрацоўніцтва беларусаў і ўкраінцаў у Чэхаславакіі неабходна аналізаваць і даследаваць на прыкладзе дзейнасці агульных арганізацый. Адной з такіх міжнацыянальных арганізацый стаў Чэшска-ўкраінскі камітэт дапамогі ўкраінскім і беларускім студэнтам, заснаваны ў 1921 г. у Празе. Камітэт займаўся фінансавай і матэрыяльнай дапамогай, якая накіроўвалася найбольш здольным і таленавітым студэнтам. Арганізацыя фактычна стварыла цэлую сістэму падтрымкі студэнцкай моладзі ў рамках «рускай акцыі», менавіта таму пры скарачэнні маштабаў фінансавання акцыі камітэт прыйшоў у заняпад. Чэшска-ўкраінскі камітэт дапамогі ўкраінскім і беларускім студэнтам вызначыўся сваёй актыўнай працай у 1920-я гг. За дзесяцігоддзе дапамогу атрымалі 1992 украінскія студэнты і больш за 150 беларусаў [9, с. 73—74]. Не ўсе адзначаныя студэнты змаглі атрымаць дыплом аб заканчэнні ўніверсітэта, частка моладзі была адлічана, некаторыя самі кінулі вучыцца, а былі і тыя, хто моцна хварэў. С. Нарыжны ў сваёй кнізе больш дэталёва апісвае статыстыку ўкраінскіх стыпендыятаў: з 1992 чалавек толькі 1128 атрымалі дыпломы, 566 не змаглі скончыць навучанне, 270 кінулі вучыцца і 28 памерлі [8, с. 75]. Падобныя тэндэнцыі назіраліся таксама ў асяродку беларускага студэнцтва.
Згортванне «рускай акцыі» стала прычынай заняпаду дзейнасці камітэта. У 1931 г. ён быў заменены новай арганізацыяй пад назвай «Камітэт для магчымасці навучання расійскім і ўкраінскім эмігрантам», куды быў уключаны Расійскі студэнцкі дапамогавы камітэт [9, с. 75]. У выніку новай рэарганізацыі ў тым жа 1931 г. камітэт ператварыўся ў Дапамогавы фонд украінскага і беларускага студэнцтва ў Празе.
Афіцыйныя дакументы фонда сабраныя ў Архіве горада Прагі. У Статуце назва арганізацыі на беларускай мове падаецца як «Фонд дзеля дапамогі ўкраінскім і беларускім студэнтам у Празе», аднак дадзены пераклад назвы з чэшскай мовы не атрымаў шырокага распаўсюджання ў міжваенны час. Пры стварэнні камітэт узначальваў доктар Станіслаў Дністранскі, яго намеснікам быў вядомы беларускі палітычны дзеяч Васіль Захарка. Варта вызначыць прозвішчы найбольш актыўных членаў арганізацыі: Тамаш Грыб, Франк Грыцкевіч, Уладзімір Гайдоўскі-Патаповіч, Іван Падрыгула, Ежы Дабрылоўскі [23]. Актывам фонда таксама сталі чэшскія, ўкраінскія і беларускія прафесура і грамадскія дзеячы.
Арганізацыя не мела такіх вялікіх грошай, як Чэшска-ўкраінскі камітэт дапамогі ўкраінскім і беларускім студэнтам, таму маштабы яе дзейнасці былі больш сціплымі. Разам з тым палітычныя дзеячы і выкладчыкі рабілі велізарную працу, каб сабраць ахвяраванні для студэнцтва. У 1930-я гады вялікія аб’ёмы дапамогі маладым людзям у Чэхаславакіі збіралі праз спецыяльныя дабрачынныя акцыі пераважна ва ўкраінскіх эмігранцкіх асяродках розных краін свету. Асабліва паспяхова яны праходзілі ў Злучаных Штатах Амерыкі.
Складанасці індывідуальнай адаптацыі ў Чэхаславакіі нярэдка ядналі беларускіх і ўкраінскіх студэнтаў: яны сутыкаліся з падобнымі пабытовымі і юрыдычнымі цяжкасцямі, таму разам іх пераадольвалі. Беларускія і ўкраінскія юнакі і дзяўчаты вымушаны былі вырашаць праблему легалізацыі, што часам моцна ўскладняла іх жыццё. Без дакументаў замежныя студэнты не мелі правоў на атрыманне дапамогі і стыпендыі ад Міністэрства адукацыі Чэхаславакіі.
Большасць беларускіх і ўкраінскіх студэнтаў спецыяльна афармлялі візу для навучання ў Чэхаславакіі, а пасля ездзілі ў консульства працягваць яе дзеянне. З ліку беларусаў замежжа некаторыя нават мелі пашпарты БНР. Узор такога пашпарту захоўваецца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь [11, л. 3—7]. Дакумент аформлены на імя Міколы Чарнецкага, маладога беларуса, які вучыўся на падрыхтоўчых курсах ва ўкраінскім лагеры Йозефове, што размяшчаўся ў Празе.
Цікава тое, што пашпарт БНР ствараўся па ўзоры аналагічных дакументаў пачатку ХХ ст., таму меў такія графы, як прафесія, рост, колер валасоў, колер вачэй, апісанне асабістых прыкмет. Пералічаныя дэталі знешнасці абавязкова дапаўняў фотаздымак, што дазваляла поўнасцю ўявіць асобу. М. Чарнецкі быў адным са шматлікіх студэнтаў, якія вучыліся на ўкраінскіх курсах, у школах і ўніверсітэтах.
Асобную тэму ў галіне даследавання беларуска-ўкраінскага супрацоўніцтва замежжа складае беларускае студэнцтва ва ўкраінскіх вышэйшых навучальных установах Чэхаславакіі. Беларускага ўніверсітэта ў Празе не было, менавіта таму ўкраінская дыяспара рэалізоўвала адукацыйную падтрымку беларускай моладзі ў выглядзе спецыяльна адведзеных стыпендый. Абвесткі пра магчымасць набываць адукацыю ва ўкраінскіх вышэйшых навучальных установах рэгулярна публікаваліся ў беларускамоўнай прэсе Заходняй Беларусі: «У украінскай сельска-гаспадарчай Акадэміі ў Празе на 1922—23 год маецца дваццаць стыпендый для беларусаў», — пазначалася ў віленскай газеце «Беларускі Звон» [2]. Згодна з дакументамі ўкраінскіх вышэйшых навучальных устаноў, беларускія юнакі і дзяўчаты цанілі магчымасць набыць адукацыю, а таму ехалі ў Прагу, каб атрымаць стыпендыю.
Беларуская дыяспара некалькі разоў выступала з ініцыятывай стварэння ўніверсітэта ў Празе, аднак задума так і не была рэалізавана. Разам з тым украінская грамада пазітыўна ставілася да навучання беларусаў ва ўкраінскіх вышэйшых установах. Беларуская моладзь адчувала сябе камфортна ў асяродку ўкраінскага студэнцтва, бо падабенства моў спрыяла камунікацыі. Беларусы набывалі адукацыю ва Украінскім вольным універсітэце, Украінскім вышэйшым педагагічным інстытуце імя М. Драгаманава, Украінскай акадэміі ў Падэбрадах, Украінскім тэхніка-гаспадарчым інстытуце, а таксама ва ўкраінскіх гімназіях і на падрыхтоўчых курсах.
У эміграцыі апынуліся сусветна вядомыя вучоныя, якія хутка стварылі ў Празе і Падэбрадах свае навуковыя школы. Асаблівых поспехаў украінскія выкладчыкі дасягнулі ў галіне педагогікі. У Празе былі створаны спецыяльныя таварыствы, мэтай якіх стала развіццё навукова-педагагічнага патэнцыялу ўкраінскай эміграцыі. Кафедры ўкраінскіх вышэйшых школ рэгулярна выдавалі навуковыя часопісы, вучоныя публікавалі манаграфіі, рыхтавалі будучыя педагагічныя кадры для сваіх нацыянальных устаноў. Варта падкрэсліць, што навуковай супольнасцю ўкраінскай эміграцыі была арганізавана падтрымка беларусам у адкрыцці кафедры беларусазнаўства ва Украінскім вышэйшым педагагічным інстытуце імя М. Драгаманава.
Самай вядомай з прафесійных арганізацый выкладчыкаў дыяспары стала Украінскае педагагічнае таварыства ў Празе. Таварыства з’явілася па ініцыятыве ўкраінскіх педагогаў у 1930 г., за першы год дзейнасці ў ім прынялі ўдзел 34 члены [9, с. 234]. Арганізацыя займалася развіццём педагагічнага вопыту ў вышэйшых школах дыяспары і культурна-асветніцкіх цэнтраў Бацькаўшчыны, супрацоўнічала з асобнымі дзеячамі ўкраінскага нацыянальнага руху.
Выкладчыкі дастаткова хутка атрымалі сусветнае прызнанне, пачалі выступаць са сваімі прагрэсіўнымі педагагічнымі напрацоўкамі на міжнародных канферэнцыях. Украінскае педагагічнае таварыства актыўна займалася арганізацыяй кніжных выстаў, выданнем навуковых зборнікаў і часопісаў, адкрыццём педагагічных курсаў, правядзеннем з’ездаў і конкурсаў педагогаў [22]. Члены таварыства бачылі перспектывы ў развіцці педагагічнай навукі, таму пашыралі і карэктавалі аб’ёмы і праграмы навучальных курсаў ва Украінскім вышэйшым педагагічным інстытуце імя М. Драгаманава і Украінскім вольным універсітэце, дзе рыхтавалі будучых выкладчыкаў таксама і для беларускіх школ.
Цікава адзначыць, што ўкраінская эмігранцкая супольнасць намагалася ўстана-віць сталыя сувязі паміж асобамі, якія вучыліся ці выкладалі ва ўніверсітэтах. Менавіта таму з’явілася ініцыятыва стварэння грамадскіх арганізацый. Падобныя аб’яднанні не толькі імкнуліся дапамагчы эмігрантам у працэсе сацыялізацыі ў прымаючым грамадстве, але і спрыялі кансалідацыі дыяспары ў цэлым. Прыкладам яднаючай грамадскай арганізацыі з’яўляецца Саюз украінцаў, скончыўшых вышэйшыя школы ў Чэхаславацкай Рэспубліцы [20]. Членам саюза мог стаць кожны ўкраінскі эмігрант, які скончыў вышэйшую навучальную ўстанову і атрымаў дыплом. Беларускія эмігранты намагаліся пераймаць падобны арганізацыйны вопыт у развіцці нацыяльнай дыяспары, што віталася ўкраінскай грамадой.
Такім чынам, украінская дыяспара спрыяла захаванню гістарычнай памяці, этнічнай самабытнасці і нацыянальнай ідэнтычнасці беларускіх эмігрантаў у міжваеннай Чэхаславакіі. Асабліва моцны ўплыў украінскай супольнасці назіраўся у перыяд актыўнай рэалізацыі «рускай акцыі». Неабходна падкрэсліць доўгатэрміновы характар палітычных, эканамічных і культурных сувязей беларусаў і ўкраінцаў замежжа, якія абапіраліся на падабенства ментальнасцей нацый, блізкасць матэрыяльнай культуры і моў, агульныя гістарычныя карані, роднасць матэрыяльнай культуры, падобныя фальклорныя традыцыі. Украінская дыяспара ўключала беларусаў у свае культурныя, палітычныя і адукацыйныя праекты, аказвала арганізацыйную, фінансавую і маральную падтрымку. Яскравымі прыкладамі беларуска-ўкраінскага супрацоўніцтва сталі супольныя арганізацыі, у тым ліку дапамогавыя камітэты.
Спіс выкарыстаных крыніц
1. Беларуская эміграцыя і Беларусь // Рэха. — Парыж, 1938. — № 2. — С. 5.
2. Весткі з Прагі // Там жа. — Вільня, 1922. — № 15. — С. 4.
3. Віднянський, С. В. Культурно-освітня і наукова діяльність української еміграції в Чехо-Словаччині: Український вільний університет (1921—1945 рр.) / С. В. Віднянський. — Київ: НАН України, 1994. — 82 с.
4. Винар, Л. Симон Наріжний — дослідник української історії та еміграції / Л. Винар, А. Атаманенко // С. Наріжній. Українська еміграція. Культурна праця української еміграції між двома світовими війнами. — Львів; Кент; Острог: Наукове товариство ім. Шевченка у Львові, 2008. — С. 7—20.
5. Д. Прага, 10.Х.21 / Д // Беларускі Звон. — Вільня, 1921. — № 17. — С. 3.
6. Калеснік, У. Ветразі Адысея. Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі / У. Калеснік. — Мінск: Маст. літ., 1977. — 328 с.
7. Канфэрэнцыя Беларускага Студэнцтва Заходняе Беларусі і Беларускае Эміграцыі ў Празе Чэскай // Сын Беларуса. — Вільня, 1924. — № 35. — С. 2.
8. Мірачыцкі, Л. Беларуска-ўкраінскія культурныя сувязі ў замежным свеце / Л. Мірачыцкі, Г. Сяргеева // Українська еміграція. Історія і сучасність: матеріали міжнар. наук. конф. / упоряд. Ю. Сливка. — Львів: Каменяр, 1992. — С. 367—368.
9. Наріжний, С. Українська еміграція. Культурна праця української еміграції між двома світовими війнами / С. Наріжний. — Прага: Музеї візвольної боротьби України, 1942. — 372 с.
10. Орэлэцькій В. Украінска-беларускія студэнскія узаемаадносіны / В. Орэлэцькій // Студэнская думка. — Вільня, 1928. — № 3. — С. 11—13.
11. Пасведчанне аб сканчэнні ІІ Кароткачасовых вучыцельскіх курсаў у Вільні, пашпарт грамадзяніна БНР і пропуск ва Украінскі лагер у Юзэфове М. А. Чарнецкага // Нац. архіў Рэсп. Беларусь. — Фонд 459. — Воп. 1. — Спр. 29.
12. Піскун, В. М. Українська політична еміграція 20-х років ХХ ст.: автореф. дис. … д-ра іст. наук: 07.00.01 — Історія України / В. М. Піскун; Київ. нац. ун-т ім. Т. Шевченка. — Київ, 2007. — 43 с.
13. Савка, М. Українська еміграційна преса у Чехословацькій Республіці (20—30-ті рр. ХХ ст.): історико-бібліографічне дослідження / М. Савка. — Львів: Львів. наук. б-ка ім. В. Стефаника НАН України, 2002. — 308 с.
14. Сенюк, М. Я. Зарубіжні зв’язки українських громадських організацій Галичини у 20—30-ті роки ХХ століття: автореф. дис. … канд. іст. наук: 07.00.01 — Історія України / М. Я. Сенюк. — Івано-Франківськ: Прикарпат. нац. ун-т ім. В. Стефаника, 2006. — 20 с.
15. Український музей у Празі 1925—1948. Опис фонду. Науково-довідкові видання з історії України / упоряд. Р. Махатова. — Київ; Прага, 1996. — 296 с.
16. Чмарава, М. І. Шляхі ўзаемнага пазнання: беларуская літаратура ў Чэхаславакіі (1920—1945) / М. І. Чмарава. — Магілёў: МДУ ім. А. А. Куляшова, 2004. — 136 с.
17. Biełaruskija studenty u Prazie // Krynica. — Wilnia, 1923. — N 1. — S. 4.
18. B. S. Našaja emihracyja / B. S. // Biełaruskaja Krynica. — Wilnia, 1925. — N 3. — S. 1.
19. Národní archiv České Republiky. — Fond 922. Ukrajinské museum v Praze.
20. Spolek Ukrajinců ukončivšich vysoké školy v ČSR // Archiv hlavniho mĕsta Prahy. — Fond. Spolkový katastr. — Sygn. XXII/1548.
21. Student-biełarus. Piśma z Čechasławakii / Student-biełarus // Krynica. — Wilnia, 1924. — N 4. — S. 2.
22. Ukrajinský pedagogický spolek // Archiv hlavniho mĕsta Prahy. — Fond. Spolkový katastr. — Sygn. IX/0714.
23. Ukrajinských a Bĕloruských student v Praze // Archiv hlavniho mĕsta Prahy. — Fond. Spolkový katastr. — Sygn. II/0868.
24. Z žyćcia ǔkrainskaha // Białaruskaja Krynica. — Wilnia, 1927. — N 30. — S. 3.