Журнал международного права и международных отношений. 2018. № 1-2 (84-85). С. 57—62.
Journal of International Law and International Relations. 2018. N 1-2 (84-85). P. 57—62.
международные отношения
Удзел Максіма Танка ў рабоце дэлегацыі БССР на сесіях Генеральнай Асамблеі ААН (1960—1962 гг.)
Ігар Аўласенка
Аўтар:
Аўласенка Ігар Міхайлавіч — кандыдат гістарычных навук, дацент кафедры дыпламатычнай і консульскай службы факультэта міжнародных адносін Беларускаго дзяржаўнага ўніверсітэта, e-mail: Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Адрас: 4, пр. Незалежнасці, Мінск, 220030, БЕЛАРУСЬ
Рэцэнзенты:
Свілас Святлана Францаўна — кандыдат гістарычных навук, дацент кафедры міжнародных адносін факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта
Гурын Аляксандр Валер’евіч — кандыдат гістарычных навук, дацент, намеснік дэкана факультэта інавацыйнай падрыхтоўкі Інстытута кіраўніцкіх кадрай Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь
Мэта артыкула — раскрыць ролю паэта Максіма Танка ў рабоце дэлегацыі БССР на XV і XVII сесіях Генеральнай Асамблеі ААН (1960—1962 гг.). У даследванні былі выкарыстаны тэксты афіцыйных прамоў паэта, дакументы асабістага паходжання (дзённікавыя запісы, лісты), творчая спадчына (вершы, нарысы, артыкулы, напісаныя пад час ці адразу пасля паездкі ў ЗША), а таксама мемуары тых людзей, якія суправаджалі паэта ў падарожжах. Зроблена выснова пра тое, што выкананне афіцыйных дыпламатычных абавязкаў накладвала пэўныя абмежаванні на свабоду выказвання творчай думкі паэта. Разам з тым, дзякуючы высокаму рытарычнаму майстэрству, Максім Танк стаў адным з найбольш славутых прадстаўнікоў БССР у ААН. Кіраўніцтва рэспублікі імкнулася ўключаць пісьменнікаў у склад дэлегацыі, бо эмацыянальныя прамовы літаратараў павышалі ўвагу да беларускай дэлегацыі.
Ключавыя словы: Арганізацыя Аб’яднаных Нацый; Беларуская ССР; Генеральная Асамблея; дыпламатыя; літаратурная творчасць; «халодная вайна».
«Participation of Maxim Tank in the Activities of the Byelorussian SSR Delegation at the UN General Assembly (1960—1962)» (Ihar Aulasenka)
The purpose of the article is to reveal the role of the poet Maxim Tank in the activities of the Byelorussian SSR delegation at the UN General Assembly (1960—1962). The study is based on the wide range of sources: the texts of official speeches, personal origin documents (notes from diary, letters), the items of his literary heritage (poems, essays and articles that were written during or immediately after a trip to the United States), as well as memoirs of people who accompanied him during the trips. It is concluded that official diplomatic duties set up some restrictions on the freedom of thought expression for the poet. However, due to the high rhetorical skills, M. Tank has become one of the most prominent representatives of the Byelorussian SSR. The republic’s leadership seeked to include poets and writers in the delegations on the reason that their emotional speeches often raised attention to the BSSR delegation.
Keywords:Byelorussian SSR; Cold War; diplomacy; General Assembly; literary activity; United Nations .
Author:
Aulasenka Ihar — Candidate of History, Associate Professor of the Department of Diplomatic and Consular Service of the Faculty of International Relations, Belarusian State University, e-mail: Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
Belarusian State University. Address: 4, Nezavisimosti ave., Minsk, 220030, BELARUS
У савецкі час беларускія літаратары неаднаразова прымалі ўдзел у пасяджэннях Генеральнай Асамблеі ААН. Сярод іх можна назваць М. Лынькова, П. Панчанку, А. Куляшова і многіх іншых. Большасць з пісьменнікаў былі запрошаны ў склад афіцыйных дэлегацый БССР толькі адзін раз, але некаторым з іх давялося прадстаўляць БССР на міжнародным форуме неаднойчы. Так, напрыклад, беларускі паэт Яўген Іванавіч Скурко (Максім Танк) браў удзел у дзвюх сесіях Генеральнай Асамблеі ААН і наведаў Злучаныя Штаты тры разы — у 1960—1962 гг. Прымаючы за ўвагу афіцыйны характар дыпламатычнай дзейнасці кожнага члена дэлегацыі БССР у Нью-Ёрку, паўстае пытанне аб ролі, якую адыгрывалі пісьменнікі ў яе складзе.
Удзел Максіма Танка ў рабоце сесій Генеральнай Асамблеі ААН у беларускай гістарыяграфіі падрабязна не асветлены. Асобныя згадкі ёсць толькі ў работах гісторыкаў, якія займаюцца праблемай дзейнасці БССР у ААН (У. Е. Снапкоўскага, С. Ф. Свілас), і літаратуразнаўцаў, якія даследуюць жыццёвы і творчы шлях паэта (В. П. Рагойшы, М. У. Мікуліча, А. М. Карлюкевіча) [6; 8—10; 12]. Акрамя таго, роля Максіма Танка ў развіцці знешніх культурных сувязей БССР закранаецца ў манаграфіі В. Г. Шадурскага [18], але прадмет гэтага даследвання ахапіў толькі стасункі БССР з краінамі Еўропы.
Разам з тым, існуе шырокае кола крыніц, якія дазваляюць рэканструяваць дыпламатычную дзейнасць паэта пад час сесій Генеральнай Асамблеі ААН. Першая група дакументаў — гэта тэксты яго афіцыйных выступленняў, змешчаныя ў фондзе № 907 Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь [1—5]. Другая група — гэта дакументы асабістага паходжання — дзённікавыя запісы, эпісталярная спадчына [14; 15]. Трэццюю групу дакументаў складае творчая спадчына паэта — вершы, нарысы, артыкулы, напісаныя пад час ці адразу пасля паездак у ЗША [13; 16, с. 145—148; 17]. Чацвёртая група дакументаў — успаміны людзей, якія ўдзельнічалі ў сесіях Генеральнай Асамблеі ААН разам з Максімам Танкам, у прыватнасці мемуары пастаяннага прадстаўніка БССР пры ААН В. С. Смірнова [11].
Дзённік паэта як крыніца асабістага паходжання адрозніваецца пэўнай дваістасцю. З аднаго боку, ён адлюстраваў уражанні паэта, яго цікавыя назіранні і ацэнкі амерыканскай рэчаіснасці. З іншага боку, дзённікавыя запісы былі пакладзеныя ў аснову афіцыйных публікацый — артыкулаў «Карабель міру» і «Недыпламатычныя нататкі» [16, с. 145—148; 17]. Гэта дае падставу меркаваць пра пэўную недасказанасць дзённікавых запісаў. Большай шчырасцю і інфарматыўнасцю вызначаюцца яго лісты да жонкі Любові Андрэеўны Скурко, якія змяшчаюць цікавыя звесткі пра паўсядзённае жыццё і побыт дэлегатаў [15, c. 492—562].
Першы візіт Максіма Танка ў ЗША адбыўся ў верасні—снежні 1960 г. у складзе дэлегацыі БССР, якая прыбыла ў Злучаныя Штаты на турбаэлектраходзе «Балтыка» сумесна з прадстаўнікамі СССР, Украінскай ССР, а таксама Балгарыі, Венгрыі, Румыніі [14, с. 34]. На юбілейнай XV сесіі Генеральнай Асамблеі ААН краіны сацыялістычнага блоку былі прадстаўлены на вышэйшым узроўні. Дэлегацыю СССР узначаліў першы сакратар ЦК КПСС М. С. Хрушчоў, а беларускую — першы сакратар ЦК КПБ К. Т. Мазураў. Праз месяц кіраўнікі дзяржаў пакінулі Нью-Ёрк, і старшынёй дэлегацыі БССР застаўся міністр замежных спраў К. В. Кісялёў.
Традыцыйна прадстаўнікі афіцыйнай дэлегацыі БССР у ААН уздымалі ў сваіх выступленнях наступныя пытанні: праекты міжнародных пактаў аб правах чалавека, апартэід у Паўднёва-Афрыканскім Саюзе, прадстаўніцтва Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі ў ААН і шэраг іншых. Афіцыйная пазіцыя БССР амаль не змянялася ад сесіі да сесіі, адлюстроўваючы палітычную барацьбу ва ўмовах «халоднай вайны» паміж дзяржавамі сацыялістычнага блоку і краінамі Захаду. Пасля перыяду некаторага пацяплення ўзаемаадносінаў паміж Вашынгтонам і Масквой у другой палове 1950-х гг. міжнароднае становішча восенню 1960 г. зноў пачало абвастрацца ў выніку інцыдэнту са збітым над тэрыторыяй СССР амерыканскім самалётам-разведчыкам U-2. Паказчыкам абвастрэння супярэчнасцей паміж ЗША і СССР сталі рэзкія выступленні М. С. Хрушчова на трыбуне Генеральнай Асамблеі ААН. У гэтым жа годзе дасягнуў кульмінацыі працэс дэкаланізацыі: 17 афрыканскіх калоній атрымалі суверэнітэт. Змяненне міжнароднага становішча знайшло сваё адлюстраванне і ў выступленнях прадстаўнікоў БССР.
Пад час XV асенняй сесіі Генеральнай Асамблеі ААН, у снежні 1960 г., Максім Танк выступаў двойчы: у першым і трэцім камітэтах. У сваёй першай прамове (9 снежня 1960 г.) у трэцім камітэце, дзе разглядаліся пытанні сацыяльнага і гуманітарнага характару, беларускі паэт выказаўся ў падтрымку румынскага праекту рэзалюцыі «Аб мерах па распаўсюджванню сярод моладзі ідэй міру, узаемнай павагі і ўзаемаразумення паміж народамі». Значная частка яго выступлення была прысвечана праблеме фарміравання духоўнага свету моладзі: «Агульнавядома велізарнае ўздзеянне літаратуры і мастацтва на выхаванне маладога пакалення. Літаратура, мастацтва, школа не маюць у сваіх руках зброі, але яны выхоўваюць чалавека, а ад выхавання шмат залежыць, што чалавек бярэ ў рукі — зброю ці плуг, па якой дарозе ён пойдзе» [16, с. 324—325]. У гэтай прамове Максім Танк закрануў і глабальныя праблемы, для вырашэння якіх патрабавалася аб’яднанне намаганняў міжнароднай супольнасці, і звярнуў увагу на ўзрастаючую пагрозу атамнай вайны: «Упершыню чалавецтва павінна задумацца не толькі над горам і лёсам паасобных людзей, а над лёсам усіх народаў і жыцця на Зямлі. Быць ці не быць? — гэта пытанне стаіць перад кожным» [16, с. 327].
Другое выступленне М. Танка на XV сесіі (13 снежня 1960 г.) адбылося ў першым камітэце, дзе разглядаліся пытанні палітычнага характару, і было прысвечана алжырскай праблеме. У сваёй прамове беларускі паэт асудзіў французскія ўлады і заклікаў міжнародную супольнасць звярнуць увагу на Алжыр, прадаставіць яму незалежнасць. «Народы патрабуюць пакласці канец рабству, каланіяльнаму прыгнёту і войнам, — адзначыў ён у сваім выступленні, — каб рабочы спакойна мог стаяць ля свайго станка, араты — засяваць сваю ніву, вучоны — працягваць сваю працу на карысць людзей, мастак і паэт — ствараць новыя творы аб велічы і харастве чалавека, а маці, схіліўшыся над калыскай, ніколі не праклінаць горкай сваёй долі і долі сваіх дзяцей» [1, л. 23]. Паэт выказаўся ў падтрымку савецкага праекта Дэкларацыі аб прадастаўленні незалежнасці каланіяльным краінам і народам.
Пад час знаходжання на сесіі Генеральнай Асамблеі ААН беларуская дэлегацыя актыўна сачыла за ходам прэзідэнцкай кампаніі ў ЗША, якая адбылася восенню 1960 г., а асноўная барацьба разгарнулася паміж пераемнікам дзеючага прэзідэнта ЗША Д. Д. Эйзенхауэра, віцэ-прэзідэнтам Р. Ніксанам і прадстаўніком Дэмакратычнай партыі, сенатарам Дж. Ф. Кенэдзі. Дзякуючы больш упэўненаму выступленню на тэледэбатах, Дж. Ф. Кенэдзі ўдалося скараціць першапачатковае адставанне і перамагчы на выбарах у лістападзе 1960 г. У лісце да жонкі (10 лістапада 1960 г.) Максім Танк пісаў: «Апошнія дні ўся Амерыка была ўзбударажана выбарамі прэзідэнта... І хоць мала чым адрозніваюцца кандыдаты ў прэзідэнты адзін ад другога, усе ‘‘балелі’’ за Кенэдзі. Перамога, якую ён атрымаў, з’явілася досыць моцнай аплявухай Эйзенхауэру і Ніксану за бязглуздую агрэсіўную палітыку, якую яны праводзілі» [15, с. 517]. Прэзідэнцкай кампаніі ў ЗША паэт прысвяціў верш «Выбары прэзідэнта», у якім у саркастычнай манеры апісаў асаблівасці амерыканскай перадвыбарчай кампаніі [13, с. 177—178].
Другі візіт Максіма Танка ў ЗША адбыўся на пачатку сакавіка 1961 г. Паэт быў запрошаны выступіць на вясновай частцы сесіі ў першым камітэце Генеральнай Асамблеі па карэйскім пытанні. Такое запрашэнне было дастакова рэдкім выпадкам, бо звычайна беларускія літаратары прысутнічалі на пасяджэннях восенню. Дэбаты па карэйскім пытанні нязменна адбываліся на сесіях Генеральнай Асамблеі на працягу дзесяці год, таму прамова Максіма Танка ў 1961 г. мала адрознівалася ад папярэдніх выступленняў дэлегатаў ад БССР. Беларускі паэт заклікаў да таго, каб дапусціць прадстаўнікоў Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі да ўдзелу ў пасяджэннях Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый [2, л. 24]. У сваім дзённіку Максім Танк пазначыў, што рыхтаваў яшчэ адну прамову, аднак з-за абмежаванасці часу выступіць не паспеў [14, с. 68].
Цікавы той факт, што выступленне Максіма Танка па карэйскім пытанні супала з першым палётам чалавека ў космас. Адразу пасля прамовы позна вечарам 11 красавіка у Нью-Ёрку (у Маскве была ўжо раніца 12 красавіка) ён пакінуў у дзённіку такі запіс: «Ходзяць чуткі, што Савецкі Саюз вывеў касмічны карабель з чалавекам на арбіту. Вось дык навіна!» [14, с. 67]. На наступны дзень ён працягнуў гэтую думку: «...чуткі спраўдзіліся! Імя касманаўта Ю. Гагарын. Уся Амерыка са здзіўленнем і зайздрасцю гаворыць аб яго подзвігу. Купіў жмут газет. У кожнай — партрэт Ю. Гагарына і яго біяграфія... Нат не верыцца, што нам першым выпала шчасце зрабіць такі гіганцкі крок у космас. Ходзім, як імяніннікі, — усе дэлегацыі нас віншуюць» [14, с. 68]. Сын паэта Максім Скурко расказаў са слоў бацькі, што на наступны дзень пасля палёту Гагарына вартаўнік штаб-кватэры ААН павітаўся з прадстаўнікамі савецкай дэлегацыі на рускай мове [7].
Удзел Максіма Танка ў вясновай частцы сесіі Генеральнай Асамблеі ААН супаў і з абвастрэннем сітуацыі вакол Кубы. У красавіку 1961 г. абылася няўдалая інтэрвенцыя Злучаных Штатаў. Паэт атрымоўваў інфармацыю, галоўным чынам, з амерыканскага тэлебачання і газет, якія прадказвалі хуткі канец рэжыму Ф. Кастра, таму быў істотна занепакоены. Так, у сваім дзённіку (18 красавіка 1961 г.) ён адзначаў: «І так, ЗША пад прыкрыццём флота пачалі агрэсію супраць Кубы. А ў ААН, перад вачамі ўсёй Асамблеі, разыгрываецца фарс, які пагражае перарадзіцца ў новую сусветную бойню. Яшчэ не ясна, як разгортваюцца падзеі, да якіх зараз прыкута ўвага ўсяго свету» [14, с. 68]. Але праз два дні, калі няўдача інтэрвенцыі стала відавочнай, Максім Танк напісаў: «На Кубе, здаецца, справы абстаяць не так дрэнна, як аб гэтым пісалі амерыканскія газеты» [14, с. 68].
У трэці раз паэт прыбыў у Злучаныя Штаты праз паўтара гады, у верасні 1962 г., на XVII асеннюю сесію Генеральнай Асамблеі ААН. Цікава адзначыць, што на першыя дні чарговага візіту ў ЗША прыпаў яго ўласны 50-гадовы юбілей (17 верасня). У гонар Максіма Танка быў арганізаваны вечар, на якім прысутнічаў не толькі старшыня беларускай дэлегацыі К. В. Кісялёў, але і кіраўнік Міністэрства замежных спраў СССР А. А. Грамыка [11, с. 65]. Разам з тым, гэтая сесія для Максіма Танка аказалася самай напружанай як з-за больш шчыльнага графіка выступленняў, так і па прычыне абвастрэння міжнароднай сітуацыі пад час Карыбскага крызісу.
У 1962 г. Максім Танк выступаў толькі ў трэцім камітэце Генеральнай Асамблеі ААН. Яго прамовы былі прысвечаныя абмеркаванню сацыяльных і гуманітарных пытанняў. Першыя два выступленні паэта тычыліся праекта Канвенцыі аб шлюбе. Ён раскрытыкаваў прапанову ЗША і Злучанага Каралеўства пра тое, каб дзеянне канвенцыі не распаўсюджвалася на краіны, якія не з’яўляюцца членамі ААН, а таксама падкрэсліў, што праз такую ініцыятыву краіны Захаду «імкнуцца паставіць па-за рамкамі канвенцыі шматлікія краіны, што не ўваходзяць у ААН, насельніцтва якіх налічвае больш за 1 млрд чалавек» [5, л. 112].
Выступленне М. Танка 15 кастрычніка 1962 г. было прысвечана абмеркаванню даклада Эканамічнага і Сацыяльнага Савета ААН. Як і прамовы іншых прадстаўнікоў БССР у розныя гады па гэтым пытанні, яно традыцыйна насіла крытычны характар. Паэт адзначыў, што ў тэксце «зусім не паказаныя дзеянні Савета па кантролю і праверцы выканання рэзалюцый» [3, л. 120]. Пры гэтым у супрацьвагу Максім Танк пералічыў значныя дасягненні ў эканамічным развіцці БССР, падрабязна спыніўся на развіцці адукацыі, пашырэнні пасяўных плошчаў, масавым будаўніцтве жылля, якія аднёс да заслуг «сацыялістычнага планавання». Адным з цэнтральных пунктаў яго даклада было выступленне ў падтрымку прапанаванай савецкім урадам Дэкларацыі аб пераключэнні на мірныя патрэбы сродкаў і рэсурсаў, якія вызваляюцца ў выніку разбраення [3, л. 126]. Нягледзячы на зададзенасць пазіцыі Максіма Танка і крытычны характар выступлення, яго прамова выклікала шырокі рэзананс сярод прадстаўнікоў іншых дзяржаў. Як адзначыў паэт у сваім дзённіку, яго віншавалі з удалым выступленнем «і нашы, і члены іншых дэлегацый, і нат старшыня камітэта» [14, с. 79].
Апошняя прамова Максіма Танка на XVII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН 23 лістапада 1962 г. была прысвечана абмяркаванню даклада Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў. Гэты даклад, галоўным чынам, тычыўся праблемы кітайскіх бежанцаў у Ганконгу. Адстойваючы афіцыйную савецкую пазіцыю, паэт выказаў думку, што гэтае пытанне не вартае таго, каб разглядацца трэцім камітэтам, а таксама звярнуў увагу на тое, што Кітайская Народная Рэспубліка дагэтуль не прадстаўлена ў ААН. У гэтай прамове Максіма Танка было шмат іранічных элементаў. Напрыклад, характарызуючы прадстаўнікоў заходніх краін, што працягвалі падтрымліваць рэжым Чан Кайшы, паэт узгадаў верш з кнігі прэзідэнта ЗША Дж. Ф. Кенедзі пра доўгую-доўгую таксу, настрой якой вельмі доўга блукаў ад мозга да хваста, і калі яе вочы ўжо былі сумнымі, хвост яшчэ працягваў радасна віляць [4, л. 145—146].
Рытарычнае майстэрства Максіма Танка праявілася і ў іншых прамовах. Невыпадковым было даручэнне яму пад час XV сесіі двойчы выступіць у першым камітэце Генеральнай Асамблеі: па алжырскаму і карэйскаму пытаннях. Гэта было звязана з вопытам удзелу паэта ў нацыянальна-вызваленчай барацьбе ў Заходняй Беларусі, з франтавым мінулым, а таксама з уменнем выкарыстоўваць самыя разнастайныя моўныя сродкі для дакладнай перадачы сваіх думак і пачуццяў. Пра гэта сведчаць, напрыклад, такія радкі, прысвечаныя нацыянальна-вызваленчай барацьбе афрыканскіх краін: «Заходнія краіны НАТА нясуць адказнасць за ўсе злачынствы на афрыканскім кантыненце, які сапраўды стаў чорным, але не ад колеру людзей, якія яго насяляюць, а ад агню і напалму, бомб і снарадаў, ад крывавых распраў, якія там учыняюць каланізатары» [1, л. 14—15]. На высокае рытарычнае майстэрства беларускага паэта звярнулі ўвагу і амерыканскія журналісты. У газеце «Нью-Ёрк Таймс» быў апублікаваны артыкул «Вайна прыказак», у якім аўтар узгадаў, як Максім Танк, пракаментаваўшы абяцанні Ш. дэ Голя пра тое, што на алжырскую зямлю хутка прыйдзе мір, прывёў старую беларускую прымаўку: «Калі прамову трымае ліса, няхай яе добра абдумаюць пеўні» [14, с. 74].
Пад час XVII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН, у кастрычніку 1962 г., адбыўся Карыбскі крызіс. Максім Танк пільна сачыў за падзеямі і фіксаваў свае назіранні ў дзённіку. Яго запісы адлюстроўваюць хваляванне за мірную будучыню: «Што чакае нас заўтра?.. Перад небяспекай вайны ўсе нашыя штодзённыя справы здаюцца малазначнымі і пазбаўленымі сэнсу. Небяспека вайны навісла над чалавецтвам. І як яе пазбыцца?» [14, с. 79—80]. 25—26 кастрычніка Максім Танк прысутнічаў на паседжанні Савета Бяспекі ААН, дзе абмярковалася сітуацыя на Кубе, і быў сведкам вострай палемікі паміж пастаяннымі прадстаўнікамі ЗША і Савецкага Саюза пры ААН. Як сведчаць радкі дзённіка, Максім Танк даволі крытычна ставіўся да афіцыйнай пазіцыі, якую заняў савецкі бок у палеміцы: «Мы гаворым, што на Кубе няма савецкіх ракет. А Стывенсан у ААН выставіў іх здымкі, якія былі больш пераканаўчым аргументам, як аргументы Зорына, які пярэчыў гэтаму. Прызнацца, прыкра нам было слухаць гэты паядынак і, згодна з указаннем, пераконваць іншых, што сапраўды на Кубе няма ніякіх ракет» [14, с. 80]. Аб непрыняцці паэтам прымусовай адзінагалоснасці сведчыць і такі запіс: «На апошняй нарадзе выказаўся крытычна аб выступленні намесніка Т. Мікалаевай Астроўскага (прадстаўнікі дэлегацыі СССР. — І. А.). І сёння яна ўжо занепакоілася і дала мне зразумець, што гэта нельга рабіць, бо ён — член саюзнай дэлегацыі і г. д. Відаць, у нас нельга рабіць ніякіх заўваг» [14, с. 81].
Пад час знаходжання на сесіях Генеральнай Асамблеі ААН паралельна з выкананнем дыпламатычных абавязкаў Максім Танк працягваў займацца творчасцю. Пра гэта сведчаць старонкі дзённіка і лісты да жонкі. Яшчэ на борце электратурбахода «Балтыка» ў 1960 г. паэт пакінуў такі запіс: «Я гляджу на мора і думаю: а ці ўдасца вылавіць якую тэму? Столькі тут рыбачыла нашага брата! Толькі з Беларусі за апошнія гады не раз пабывалі тут Лынькоў, Глебка, Броўка, Панчанка… І хіба пасля іх тут магло што астацца? Але мора ёсць мора… І я з надзеяй углядаюся ў яго далячынь» [14, с. 36]. Інтэнсіўнасць літаратурнай дзейнасці залежала ад напружанасці графіка ўдзельніка паседжанняў Генеральнай Асамблеі ААН. Пад час першых дзвюх паездак — у 1960 і 1961 гг. — вольнага часу ў Максіма Танка было значна больш. У 1962 г. часу на творчую дзейнасць заставалася нашмат менш. Тым не менш, нават у такіх умовах Максім Танк паспяваў накідваць вершы і пасылаць сваёй жонцы па пошце. У лісце да Л. А. Скурко (ад 5 лістапада 1962 г.) паэт паведаміў, што за паўтара месяцы знаходжання ў ЗША адаслаў дадому ўжо 11 вершаў [15, с. 551]. А праз некалькі дзён у чарговым лісце, наадварот, ён паскрадзіўся, што «няма калі падумаць аб вершах» [15, с. 554].
Творы, напісаныя Максімам Танкам пад час падарожжаў у ЗША, увайшлі ў зборнікі «Мой хлеб надзённы» (1962 г.) і «Глыток вады» (1964 г.). У іх пераважалі матывы тугі па Радзіме (вершы «Лістапад на чужыне», «У цэнтральным парку», «***Калі пакідаеш Радзіму…»), а таксама крытыка амерыканскага палітычнага ладу і сацыяльных парадкаў (вершы «Ля Статуі Cвабоды», «***Сонца, якое ты бачыш…», «Уол-Стрыт»). Пры гэтым, у адрозненні, напрыклад, ад вершаў амерыканскага цыклу Пімена Панчанкі, у творах Максіма Танка менш прасочваецца прымірэнчая, пацыфістская тэматыка.
Дакументы асабістага паходжання сведчаць пра тое, што Злучаныя Штаты пакінулі ў паэта супярэчлівае ўражанне. З аднаго боку, Максім Танк адзначаў станоўчыя бакі амерыканскага ладу жыцця. «Я часта дзіўлюся, як тут умеюць абслугоўваць, — пазначыў ён у дзённіку. — Аднойчы зайшоў у магазін прыцаніцца, колькі каштуе нейкая куртка, а потым, праз месяц, зноў зайшоў, мяне адразу пазналі. І гэта я наглядаў шмат дзе» [14, с. 85]. З другога боку, паэта не пакінула раўнадушным назіранне высокай матэрыльнай і сацыяльнай няроўнасці, агрэсіўнай рэкламы. Блізкае знаёмства з рознымі бакамі амерыканскай сацыяльнай рэчаіснасці натхніла яго на напісанне наступных радкоў у кастрычніку 1962 г.:
Колькі ног, якія мараць
Пра абутак самы модны,
Колькі плеч, якія хочуць
Грэцца ў футрах, аксамітах,
Колькі рук мець хоча скарбы,
Залатыя бранзалеты,
І як мала галоў бачыў,
Каб шукалі ў свеце праўды [13, с. 324].
Цікава, што апошні верш не быў апублікаваны пры жыцці паэта, а ўпершыню пабачыў свет толькі ў 2002 г.
Такім чынам, прыклад дыпламатычнай дзейнасці Максіма Танка на сесіях Генеральнай Асамблеі ААН у 1960—1962 гг. паказвае, што, дзякуючы высокаму рытарычнаму майстэрству, эмацыянальнай зараджанасці выступленняў, пісьменнікі былі найбольш яскравымі прадстаўнікамі афіцыйнай дэлегацыі БССР на сесіях Генеральнай Асамблеі ААН. Эмацыянальныя прамовы літаратараў гучалі больш пераканаўча і павышалі ўвагу да беларускай дэлегацыі. Літаратурнае майстэрства Максіма Танка асабліва выразна праявілася ў выступленнях, прысвечаных вострым палітычным пытанням. Тэксты выступленняў і вершы Максіма Танка гэтага перыяду характарызуюцца палемічнасцю, рэзкай рыторыкай. Гэта абумоўлена як асаблівасцямі літаратурнага стылю і асабістым жыццёвым вопытам паэта (удзелам у нацыянальна-вызваленчай барацьбе ў Заходняй Беларусі і франтавым мінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны), так і вастрынёй тых міжнародных праблем, якія прыпалі на час правядзення XV i XVII сесій Генеральнай Асамблеі ААН — моцнага руху дэкаланізацыі, а таксама росту напружанасці савецка-амерыканскіх адносін, якая дасягнула кульмінацыі ў час Карыбскага крызісу.
Афіцыйныя дыпламатычныя абавязкі, а таксама абвастрэнне міжнароднай сітуацыі накладвалі адбітак на літаратурны стыль Максіма Танка і абмяжоўвалі свабоду выказвання творчай думкі. Дзённікавыя запісы Максіма Танка сведчаць пра тое, што ён не заўсёды падзяляў афіцыйную савецкую пазіцыю і часам крытычна ставіўся да неабходнасці праяўляць адзінадушша з прадстаўнікамі іншых савецкіх рэспублік. Разам з тым, нягледзячы на адзначаныя абмежаванні, падарожжы ў Злучаныя Штаты ўзбагацілі светапогляд паэта і сталі крыніцай яго новых творчых здабыткаў.
Спіс выкарыстаных крыніц
1. Выступление Е. И. Скурко в первом комитете XV сессии Генеральной Ассамблеи ООН по алжирскому вопросу (13 дек. 1960 г.) // Выступления представителей Белорусской ССР на заседаниях 15-й сессии Генеральной Ассамблеи ООН (5 окт. — 17 дек. 1962 г.) // Нац. архив Респ. Беларусь. — Ф. 907. — Оп. 1. — Д. 433. — Л. 13—23.
2. Выступление Е. И. Скурко в первом комитете XV сессии Генеральной Ассамблеи ООН по корейскому вопросу (11 апр. 1961 г.) // Выступления представителей Белорусской ССР на заседаниях 15-й сессии Генеральной Ассамблеи ООН (19 сент. 1960 г. — 11 апр. 1961 г.). // Там же. — Л. 24—26.
3. Выступление Е. И. Скурко в III Комитете по вопросу «Доклад Экономического и Социального Совета» (15 окт. 1962 г.) // Выступления представителей Белорусской ССР на заседаниях 15-й сессии Генеральной Ассамблеи ООН (5 окт. — 17 дек. 1962 г.) // Там же. — Д. 583. — Л. 119—128.
4. Выступление Е. И. Скурко в III Комитете по докладу Верховного комиссара ООН по делам беженцев (23 нояб. 1962 г.) // Там же. — Л. 142—146.
5. Выступление Е. И. Скурко в III Комитете XVII сессии Генеральной Ассамблеи ООН по колониальной статье Конвенции о браке (5 окт. 1962 г.) // Там же. — Л. 112—116.
6. Карлюкевич, А. М. Максим Танк и Куба / А. М. Карлюкевич // Нарачанская зара. — 07.08.2012. — Режим доступа: <http://narachanka.by/?p=14146>. — Дата доступа: 20.03.2018.
7. Лашкевіч, К. Король преферанса, спикер парламента и поэт-классик. Максим Танк без глянца / К. Лашкевіч // TUT.by: белорусский портал. — 17.09.2017. — Режим доступа: <https://news.tut.by/culture/560526.html>. — Дата доступа: 20.03.2018.
8. Мікуліч, М. У. Максім Танк: талент, заручаны з небам / М. У. Мікуліч. — Мінск: ЛіМ, 2012. — 332, [2] с., [24] л. іл.
9. Рагойша, В. П. Паэтыка Максіма Танка / В. П. Рагойша. — Мінск: Выд. БДУ, 1968. — 228 с.
10. Свилас, С. Ф. Деятельность Белорусской ССР в ЮНЕСКО (1954—1964 гг.) / С. Ф. Свилас. — Минск: БГУ, 2013. — 463 с.
11. Смирнов, В. С. Беларусь в Совбезе ООН: воспоминания белорусского посла / В. С. Смирнов // Беларус. думка. — 2011. — № 1. — С. 64—71.
12. Снапковский, В. Е. Белорусская ССР в ООН (1945—1985 гг.) / В. Е. Снапковский; под ред. С. Д. Войтовича. — Минск: Наука и техника, 1985. — 104 с.
13. Танк, М. Збор твораў. У 13 т. Т. 3: Вершы (1954—1964) / М. Танк; рэд. тома В. П. Рагойша. — Мінск: Бел. навука, 2007. — 446, [1] с., [2] л. іл.
14. Танк, М. Збор твораў. У 13 т. Т. 10: Дзённікі (1960—1994) / М. Танк; укл.: У. І. Мархель, С. У. Калядка. — Мінск: Бел. навука, 2010. — 917, [2] c., [2] л. іл.
15. Танк, М. Збор твораў. У 13 т. Т. 12: Лісты / Максім Танк; укл.: У. І. Мархель, С. У. Калядка. — Мінск: Бел. навука, 2011. — 941, [1] с.
16. Танк, М. Збор твораў. У 13 т. Т. 13: Публіцыстыка / М. Танк; укл.: У. І. Мархель, С. У. Калядка. — Мінск: Бел. навука, 2012. — 969, [1] с., [1] л. іл.
17. Танк, М. Недыпламатычныя нататкі / М. Танк // Полымя. — 1961. — № 3. — С. 123—141.
18. Шадурский, В. Г. Культурные связи Беларуси со странами Центральной и Западной Европы (1945—1990-е гг.) / В. Г. Шадурский. — Минск: БГУ, 2000. — 285 с.
Артыкул паступіў у рэдакцыю ў чэрвені 2018 г.