Журнал международного права и международных отношений. 2018. № 3-4 (86-87). С. 25—32.
Journal of International Law and International Relations. 2018. № 3-4 (86-87). С. 25—32.

международные отношения

Незабытая дапамога: дзейнасць ЮНРРА ў Беларусі (1945—1947 гг.)

Уладзімір Снапкоўскі, Раман Курбека

Аўтары:
Снапкоўскі Уладзімір Еўдакімавіч — доктар гістарычных навук, прафесар кафедры міжнародных адносін факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, e-mail: Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
Курбека Раман Генадзевіч — студэнт спецыяльнасці «Міжнародныя адносіны» факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, e-mail: Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Адрас: 4, пр. Незалежнасці, Мінск, 220030, БЕЛАРУСЬ

Рэцэнзенты:
Селіванаў Андрэй Уладзіміравіч — кандыдат гістарычных навук, намеснік дэкана факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта
Гурын Аляксандр Валер’евіч — кандыдат гістарычных навук, дацент, дэкан факультэта інавацыйнай падрыхтоўкі Інстытута кіраўніцкіх кадрай Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь

У артыкуле разглядаюцца пытанні, звязаныя са стварэннем ЮНРРА, асноўнымі напрамкамі яе дзейнасці ў 1943—1947 гг., прыняццем дзвюх савецкіх рэспублік (Беларускай ССР і Украінскай ССР) у склад гэтай арганізацыі і аказаннем дапамогі Беларусі з боку ЮНРРА. Аналізуюцца дзейнасць місіі ЮНРРА ў БССР, узаемаадносіны паміж беларускай ўладай і супрацоўнікамі місіі, назіранне з боку місіі за размеркаваннем паставак арганізацыі. Падводзяцца вынікі дзейнасці ЮНРРА ў Беларусі ў 1945—1947 гг. і даецца ацэнка гэтай важнай і значнай міжнароднай акцыі па аказанні дапамогі беларускаму народу ў пасляваенным аднаўленні. Нягледзячы на тое, што рэспубліка атрымала адносна невялікі аб’ём дапамогі ад ЮНРРА, таго, што было зроблена гэтай арганізацыяй, аказалася дастатковым, каб перажыць першыя цяжкія гады пасляваеннай разрухі і закласці падмурак для аднаўлення эканомікі.

Ключавыя словы: Адміністрацыя дапамогі і аднаўлення Аб’яднаных Нацый; Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка; міжнародная дапамога; Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік; пасляваеннае аднаўленне.


«Unforgotten Assistance: UNRRA Activities in Belarus (1945—1947)» (Uladzimir Snapkouski, Raman Kurbeka)

The article considers the questions related to the сreation of the UNRRA (United Nations Relief and Rehabilitation Administration), its main activites in 1943—1947 as well as the admission of two Soviet Republics (Byelorussian SSR and Ukranian SSR) to the organisation and UNRRA assistance to Belarus. Authors analyse the activities of the UNRRA Office in BSSR, relations between the Byelorussian authorities and mission actors, mission’s monitoring of the UNRRA deliveries. The article summarises the results of the UNRRA activity in Belarus in 1945—1947 and evaluates this important international action to help Belarusian people in post-war reconstruction. The help from the UNRRA was sufficient enough to assist in overcoming the first harsh years of post-war devastation and to provide the basis for the economic recovery, despite the fact that the Republic received comparatively lower levels of the UNRRA assistance.

Keywords: Byelorussian Soviet Socialist Republic; international assistance; post-war reconstruction; United Nation Relief and Rehabilitation Administration; Union of Soviet Socialist Republic.

Authors:
Snapkouski Uladzimir — Doctor of Sciences (History), Professor of the Department of International Relations of the Faculty of International Relations, Belarusian State University, e-mail: Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
Kurbeka Raman — student of the major «International Relations» of the Faculty of International Relations, Belarusian State University, e-mail: Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
Belarusian State University. Address: 4, Nezavisimosti ave., 220030, Minsk, BELARUS


У апошнія гады сярод навуковых, дыпламатычных і грамадскіх колаў Беларусі ўзрасла цікавасць да дзейнасці ў БССР міжнароднай арганізацыі дапамогі пад назвай ЮНРРА (UNRRA: United Nation Relief and Rehabilitation Administration, у перакладзе на беларускую мову: Адміністрацыя дапамогі і аднаўлення Аб’яднаных Нацый). Гэта арганізацыя працавала на тэрыторыі рэспублікі ў 1945—1947 гг. і аказала ёй істотную дапамогу ў пасляваенным аднаўленні эканомікі і пераходзе да мірнага ладу жыцця беларускага насельніцтва. Пасля спынення сваёй дзейнасці, што супала з пачаткам «халоднай вайны» паміж былымі саюзнікамі па антыгітлераўскай кааліцыі, ЮНРРА на доўгія дзесяццігоддзі амаль што знікла са старонак савецкіх навуковых выданняў, а ў дыпламатычных слоўніках згадвалася як інструмент умяшання імперыялістычных сіл Захаду ва ўнутранныя справы суверэнных, народна-дэмакратычных (сацыялістычных) дзяржаў. Пасля заканчэння «халоднай вайны» прыйшоў час збіраць раскіданыя камяні, сярод якіх незаслужана аказалася ЮНРРА.

Мэтай артыкула з’яўляецца кароткі агляд стварэння і дзейнасці ЮНРРА, узаемаадносін паміж ЮНРРА і СССР, аказання гэтай міжнароднай арганізацыяй дапамогі Беларускай ССР, працы місіі ЮНРРА ў БССР. Тэкст пабудаваны на выкарыстанні дакументаў арганізацыі і матэрыялаў, дакументаў знешняй палітыкі СССР, ЗША і Вялікабрытаніі, апублікаваных і неапублікаваных крыніц з беларускіх архіваў. Пачатак навуковага вывучэння дзейнасці ЮНРРА ў Беларусі адносіцца да першай паловы 1990-х гг. і звязаны з першымі публікацыцямі У. Е. Снапкоўскага [9]. Пазней у яго манаграфіі аб знешнепалітычнай дзейнасці БССР у 1944—1953 гг. дзейнасці ЮНРРА ў БССР быў прысвечаны асобны раздзел [10, с. 59—75]. У пачатку 2000-х гг. артыкулы пра ЮНРРА з’явіліся ў беларускіх энцыклапедыях [13, с. 278—279; 14, с. 694]. У падручніках па гісторыі знешняй палітыкі Беларусі гэта пытанне таксама прадстаўлена як важная частка міжнароднай дапамогі нашай рэспубліцы ў пасляваенныя гады [11, 163—167; 12, с. 336—339]. Асобныя артыкулы па тэматыцы ЮНРРА ці блізкай да яе былі апублікаваны беларускімі гісторыкамі В. А. Вялікай [2], Ю. В. Кірчук [5], І. А. Марцынкевіч [6]. Зараз назіраецца ўзрастанне навуковай і грамадскай цікавасці ў Беларусі да ЮНРРА, якая прызнаецца беларускімі ўладамі як важная міжнародная арганізацыя дапамогі, што садзейнічала эканамічнаму аднаўленню рэспублікі ў цяжкія пасляваенныя гады. Гэта адкрывае перспектывы для далейшага даследавання тэмы «Беларусь — ЮНРРА».

Стварэнне ЮНРРА і асноўныя напрамкі яе дзейнасці. Рашэнне аб стварэнні ЮНРРА было прынята на канферэнцыі ў Вашынгтоне 9 лістапада 1943 г. і замацавана «Пагадненнем аб Адміністрацыі дапамогі і аднаўлення Аб’яднаных Нацый», падпісаным прадстаўнікаміі 44 дзяржаў, у тым ліку прадстаўніком СССР, паслом СССР у ЗША А. А. Грамыкам. Мэта новай міжнароднай арганізацыі заключалася ў неадкладным задавальненні пасляваенных патрэб краін, якія былі вызвалены з-пад акупацыі дзяржаў фашысцкага блока, у харчаванні, адзенні, медыкаментах, сельскагаспадарчым і прамысловым абсталяванні (арт. 1, п. 2а пагаднення) [26, р. 23—32]. У жніўні 1945 г. у члены ЮНРРА былі прыняты БССР, УССР і Данія, у сакавіку 1946 г. — Турцыя. Напрыканцы сваёй дзейнасці ў 1949 г. арганізацыя налічвала 48 дзяржаў-членаў.

На чале ЮНРРА стаяў Савет, які складаўся з прадстаўнікоў (ці іх намеснікаў) ад кожнай краіны — члена ЮНРРА. Савет збіраўся на сесіі не радзей двух разоў на год, а ў перапынках паміж імі палітычную лінію арганізацыі праводзіў Цэнтральны камітэт ЮНРРА, у які ўваходзілі прадстаўнікі ЗША, Вялікабрытаніі, Кітая і СССР. Пазней у яго склад увайшлі таксама прадстаўнікі Аўстраліі, Бразіліі, Канады, Францыі і Югаславіі. Рашэнні Цэнтральнага камітэта падлягалі, як правіла, зацверджанню пад час сесіі Савета. Арганізацыя мела два рэгіянальныя камітэты — па справах Еўропы і па справах Далёкага Усходу, а таксама шэраг функцыянальных камітэтаў: забеспячэння, фінансавага кантролю, прамысловага аднаўлення, перамешчаных асоб, аховы здароўя, сельскагаспадарчы і грамадскага развіцця. Штаб-кватэра ЮНРРА знаходзілася ў Вашынгтоне, а Еўрапейскае рэгіянальнае бюро размяшчалася ў Лондане [13, с. 278].

Выканаўчая ўлада ў арганізацыі ў межах палітыкі, якая вызначалася Саветам і Цэнтральным камітэтам, засяроджвалася ў Генеральнага дырэктара, якога прызначаў і адклікаў Савет пры аднагалоснай рэкамендацыі Цэнтральнага камітэта. За ўсю гісторыю існавання ў ЮНРРА было тры генеральныя дырэктары (усе яны былі грамадзянамі ЗША). Гэта Герберт Леман (з 1 студзеня 1944 г. па 31 сакавіка 1946 г.), былы губернатар штата Нью-Ёрк; Фіарэла ла Гуардыя (з 1 красавіка па 31 снежня 1946 г.), былы мэр Нью-Ёрка; генерал-маёр Лоўэл Рукс (з 1 студзеня 1947 па 30 верасня 1948 г.) [16, с. 25—26].

Фонд арганізацыі складаўся з узносаў дзяржаў-членаў, тэрыторыя якіх не была акупіравана ворагам, у памеры 1 % ад нацыянальнага даходу краіны за 1943 г. На 3-й сесіі Савета (чэрвень 1945 г.) узнос быў падняты да 2 % ад нацыянальнага даходу [13, с. 278]. Астатнія дзяржавы заклікаліся Саветам ЮНРРА зрабіць уклад у падтрымку пасляваеннага аднаўлення па магчымасці. Асноўнымі атрымальнікамі дапамогі былі Кітай, Польшча, Чэхаславакія, Грэцыя, Італія, Украінская ССР, Беларуская ССР і Югаславія. Іншыя краіны, якім была патрэбна дапамога, атрымалі яе ў значна больш сціплым памеры. Усяго дзяржаў-атрымальнікаў было 16, столькі ж было і місій гэтай арганізацыі, уключаючы БССР і УССР.

Місіі — гэта асноўныя органы ЮНРРА, праз якія арганізацыя непасрэдна дапамагала дзяржавам-атрымальнікам. Місіі накіроўвалі ў дзяржавы-атрымальнікі, і колькасць іх супрацоўнікаў вар’іравалась ад паўтара дзясяткаў чалавек у БССР да некалькіх тысяч у Югаславіі, Грэцыі і некаторых іншых краінах. Як правіла, на чале місій ЗША і Вялікабрытанія намагаліся ставіць сваіх грамадзян, што рабілася як з прафесійных, так і палітычных меркаванняў. Так, грамадзяне ЗША і Вялікабрытаніі ўзначальвалі місіі ў найбольш важных для Захаду краінах — Кітаі, Грэцыі, Італіі, а таксама ў дзвюх савецкіх рэспубліках. У краінах, якія знаходзіліся пад уплывам Савецкага Саюза, дзейнасць ЮНРРА была даволі асцярожнай, што было абумоўлена патрабаваннямі прымаючага боку. У чэрвені 1946 г. кіраўнік місіі ЮНРРА ў Кіеве амерыканец М. Макдафі звольніўся з пасады ў знак пратэсту супраць намераў Кангрэса ЗША абмежаваць дапамогу краінам-атрымальнікам і запланаванага рашэння аб спыненні дзейнасці ЮНРРА ў 1947 г. [19, р. 363—364].

ЗША як асноўны пастаўшчык дапамогі пацярпелым ад вайны краінам надавалі вялікае значэнне дзейнасці гэтай новай міжнароднай арганізацыі. Прэзідэнт ЗША Г. Трумэн у пасланні Кангрэсу 13 лістапада 1945 г. назваў Адміністрацыю адным з найбуйнейшых інструмантаў у справе пасляваеннага аднаўлення свету і заклікаў дзяржавы-донары павялічыць свае ўзносы ў фонд ЮНРРА для больш хуткага і эфектыўнага аднаўлення пацярпелых краін. Кароткі пасаж у яго выступленні быў прысвечаны дзвюм савецкім рэспублікам: «Абмежаваная праграма дапамогі таксама прызначана для савецкіх рэспублік — Беларусі (названа як «White Russia». — У. С., Р. К.) і Украіны. Гэтыя рэгіёны былі асноўным полем бою ў барацьбе паміж Расіяй і Германіяй, арэнай найгоршых нямецкіх зверстваў, разбурэнняў і рабавання» [23].

Аднак значнасць дзейнасці ЮНРРА пачала паступова памяншацца пасля стварэння ААН і шэрагу спецыяльных агенстваў і камітэтаў у структуры ААН, дзейнасць якіх была так ці інакш звязана з ЮНРРА ці паўтарала яе. У прыватнасці, у снежні 1946 г. была створана Міжнародная арганізацыя па справах бежанцаў (МАБ), якая дубліравала функцыі ЮНРРА па аказанні дапамогі бежанцам і перамешчаным асобам. Але вырашальную ролю ў спыненні дзейнасці ЮНРРА адыграла рознагалоссе паміж СССР і заходнімі дзяржавамі, якое прывяло да пачатку «халоднай вайны». Рашэнне аб згортванні дзейнасці арганізацыі і яе паступовай ліквідацыі было прынята на апошняй сесіі Савета 30 чэрвеня 1947 г. Роспуск ЮНРРА быў ухвалены ў 1947 г. рэзалюцыяй другой сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Гэта арганізацыя скасоўвалася, а яе паўнамоцтвы размяркоўваліся паміж МАБ, Сусветнай харчовай праграмай і Дзіцячым фондам ААН. Аднак ЮНРРА працягвала сваю дзейнасць да 31 сакавіка 1949 г., але ўжо выключна ў межах Кітая, пасля чаго цалкам спыніла свае існаванне.

Уступленне БССР і УССР у ЮНРРА. Беларусь моцна пацярпела ў гады Другой сусветнай вайны. Жахлівыя карціны разбурэнняў беларускіх гарадоў і вёсак рабілі цяжкае ўражанне на англійскіх і амерыканскіх карэспандэнтаў, якія наведалі Украіну і Беларусь ў маі—чэрвені 1946 г. [1, дак. № 67, с. 165—166; 20, Foreign Office 371/56758, р. 135]. У справаздачы аб дзейнасці ЮНРРА за 1945 г., па словах газеты «Таймс», «самы жудасны раздзел» быў прысвечаны Беларусі і Украіне, тэрыторыя якіх зведала разбурэнні, «якіх не было да гэтага часу ніколі ў гісторыі…». Газета пісала, што больш за 2,5 млн жыхароў абедзвюх рэспублік, якія засталіся без жылля, ратуюцца, як могуць, у зямлянках, бліндажах і разбуранных будынках [22, 1946, 3 Jan.]. Першы кіраўнік місіі ЮНРРА ў БССР Р. Скандрэт называў рэспубліку «найбольш пацярпелай часткай свету» [22, 1946, 6 Sept.]. У афіцыйнай гісторыіі ЮНРРА гаварылася: «Нават людзі, якія былі сведкамі разбурэнняў у астатняй Еўропе, былі шакіраваны грудамі камянёў, у якіх ляжаў Мінск — сталіца Беларусі. Гэта нагадвала апакаліпсіс, які можна было параўнаць толькі з Варшавай. Іншыя буйныя гарады, такія як Віцебск і Гомель, мелі не лепшы выгляд. Віцебск, напрыклад, пераходзіў з рук у рукі 11 разоў, а ў Віцебскай вобласці загінула 300 тыс. жыхароў (трэцяя частка насельніцтва), што адпавядала ўсім стратам забітымі Злучаных Штатаў падчас вайны» [25, p. 232].

Юрыдычнай падставай для аказання дапамогі па лініі ЮНРРА для Беларусі і Украіны стала першапачатковае членства дзвюх рэспублік у Арганізацыі Аб’янаных Нацый. 13 жніўня 1945 г. рашэннем Савета ЮНРРА яны былі прыняты ў склад гэтай арганізацыі. 20 жніўня старшыня СНК БССР П. Панамарэнка атрымаў тэлеграму з Вашынгтона, у якой паведамлялася аб гэтым рашэнні і ўраду БССР прапаноўвалася паслаць дэлегата ў якасці прадстаўніка БССР у ЮНРРА [7, ф. 462, воп. 5, спр. 1, арк. 91; 8, дак. № 84, с. 305]. Ім пазней быў прызначаны супрацоўнік рэспубліканскага Наркамата замежных спраў Л. Камінскі. СССР запытаў для патрэб аднаўлення дзвюх рэспублік суму ў 700 млн дол. США. Цэнтральны камітэт ЮНРРА скараціў яе да 250 млн дол., паколькі савецкі запыт патрабаваў павелічэння ўзносаў дзяржаў-донараў на суму больш чым 1 % ад нацыянальнага даходу [1, дак. № 34, с. 105; 17, р. 59—63]. Пазіцыі галоўных дзяржаў-донараў наконт памеру дапамогі істотна адрозніваліся. Вялікабрытанія хацела абмежавацца мінімальнай дапамогай савецкім рэспублікам, ЗША прапаноўвалі суму ў 250 млн дол., савецкія прадстаўнікі лічылі яе малой і саступаць не жадалі. 20 верасня Вялікабрытанія, ЗША і Канада ўзгаднілі свае пазіцыі і спыніліся на суме ў 250 млн дол. ЗША, аб чым праінфарміравалі прадстаўніка СССР пры ЮНРРА В. Сяргеева [1, дак. № 39, с. 118; 20, Foreign Office 371/58068, a Letter W. L. Clayton, Ph. Noel Baker, L. B. Pearson to Mr. Sergeev from Sept. 20, 1945].

У верасні 1945 г. падкамітэт камітэта па забеспячэнню ЮНРРА падзяліў вызначаную суму на 61 млн дол. ЗША для Беларусі і 189 млн дол. для Украіны. Таксама рэспублікам было рэкамендавана заявіць аб немагчымасці аплаты паставак, паколькі яны не мелі свабодна канвертыруемай валюты, якая знаходзілася толькі ў распараджэнні ўрада СССР [25, p. 234]. Пасля атрымання з Мінска і Кіева заявак аб патрэбах дапамогі ў кастрычніку пачалася падрыхтоўка паставак. У шэрагу выпадкаў ЗША для арганізацыі дапамогі для Украіны і Беларусі часова скарачалі ці прыпынялі пастаўкі ў менш пацярпелыя краіны. У выніку першы карабель з грузамі адышоў ад берагоў ЗША ў Адэсу ў канцы лістапада 1945 г. Грузы ў БССР пастаўляліся праз Адэсу і паўночныя парты — Ленінград і Мурманск.

Пасля некалькіх месяцаў цяжкіх і складаных перагавораў 18 снежня 1945 г. у Вашынгтоне былі падпісаны пагадненні паміж ЮНРРА, з аднаго боку, і ўрадамі БССР і УССР — з другога. Ад Беларусі пагадненне падпісаў член ЮНРРА ад БССР Л. Камінскі, з боку ЮНРРА — генеральны дырэктар Г. Леман. Дакумент прадугледжваў выкананне заяўкі БССР на пастаўку дапамогі на суму 61 млн дол. да 30 жніўня 1946 г. Ратыфікацыя пагаднення не прадугледжвалася, і яно ўступала ў сілу з моманту падпісання [1, дак. № 49, с. 138; 7, ф. 462, воп. 7, спр. 12, арк. 28].

Пагадненні не ўлічвалі выдаткаў на перавозку грузаў водным шляхам. Адміністрацыя лічыла, што гэтыя выдаткі трэба ўключыць у агульную суму 250 млн дол. Савецкі Саюз, мяркуючы, што гэтая лічба вызначае толькі непасрэдны кошт фактычных паставак, жадаў атрымаць дадатковыя асігнаванні на перавозку і дабіўся свайго: члены Цэнтральнага камітэта ЮНРРА ад Канады, Вялікабрытаніі і ЗША пагадзіліся, што трэба выкарыстаць усе 250 млн дол. для паставак. На перавозку грузаў марскім шляхам было дадаткова выдаткавана 23 млн дол [25, p. 237; 26, p. 387—388]. Падпісанню пагадненняў паміж БССР, УССР і ЮНРРА ў саюзнай і беларускай прэсе было прысвечана кароткае паведамленне ТАСС на пачатку студзеня 1946 г. [15, 1946, 3 янв.]. Першая партыя паставак прыбыла ў порт Адэсы ў сакавіку 1946 г. Але прадстаўнікі ўрада БССР праверылі стан груза і высветлілі, што прадукты харчавання маюць нізкую якасць ці зусім не прыдатныя да ўжывання. Дадзены факт быў адлюстрованы ў лісце Л. Камінскага на адрас Г. Лемана ад 7 сакавіка, дзе ён прывёў прыклады праржавелых банак з сухім малаком і гнілой фасолі [1, дак. № 60, с. 155; 7, ф. 462, воп. 7, спр. 9, арк. 186]. Наколькі вядома, у далейшым падобных выпадкаў з беларускага боку зафіксавана не было.

Праца місіі ЮНРРА. 19 красавіка 1946 г. пяцёра супрацоўнікаў місіі ЮНРРА на чале з яе кіраўніком Р. Скандрэтам прыбылі ў Мінск. 22 красавіка ён адправіў у штаб-кватэру арганізацыі тэлеграму з паведамленнем аб прыбыцці на месца і першых прыемных уражаннях ад прыёма і «шыкоўнага старажытнага памяшкання, спецыяльна абсталяванага для місіі Беларускім ўрадам». Р. Скандрэт адзначаў, што ўрадавыя чыноўнікі садзейнічаюць працы, а гарадское насельніцтва ставіцца ветліва. «На вялікодную раніцу дзеці каталі яечкі на лужку каля штаб-кватэры місіі» [7, ф. 462, воп. 5, спр. 19, арк. 15]. З цягам часу склад місіі папоўніўся новымі супрацоўнікамі, дасягнуўшы вызначанай савецкім урадам колькасці ў 15 чалавек.

Місію размясцілі ў будынку, які належаў пладова-агародніннай навукова-даследчай станцыі Наркамата земляробства БССР ў Лошыцкім парку. На абсталяванне і рэнавацыю службовых памяшканняў і кватэр для супрацоўнікаў місіі ўрад выдаткаваў 300 тыс. руб. [7, ф. 462, воп. 4, спр. 1, арк. 50]. Супрацоўнікі місіі ў сваёй большасці былі грамадзянамі ЗША (14 амерыканцаў і 1 грамадзянін Новай Зеландыі), як і ўсе кіраўнікі місіі. З красавіка 1946 г. па сакавік 1947 г. беларускую місію ЮНРРА ўзначальвалі Р. Скандрэт, Р. Фрэйз і Т. Уолер. У маі Р. Скандрэт здзейсніў невялікую аглядную паездку па Мінску, падчас якой застаўся задаволеным дзеяннямі ўраду ў пераадоленні пасляваннай разрухі і размеркаванні паставак у горадзе, аб чым паведаміў у штаб-кватэру ЮНРРА [1, дак. № 65, с. 162—163; 7, ф. 462, воп. 5, спр. 19, арк. 61].

Місія ЮНРРА даволі прадуктыўна супрацоўнічала з урадам БССР. Каардынацыю працы па размеркаванні дапамогі ажыцяўляла Упраўленне па пастаўках ЮНРРА пры Саўнаркоме (пазней — Савеце Міністраў) БССР. Супрацоўніцтва, паводле ацэнак кіраўніцтва ЮНРРА, было дзелавым, хаця кіраўнікі Упраўлення па пастаўках ЮНРРА з-за перагружанасці працай не мелі дастаткова часу, каб надаць справам арганізацыі належную ўвагу. Супрацоўнікі місіі спачатку былі абмежаваны ў перамяшчэннях па рэспубліцы, а паездкі за межы Мінска дазваляліся толькі з ведама ўрада. Некаторая «адліга» у гэтым пытанні адбылася напярэдадні візіту ў Беларусь генеральнага дырэктара ЮНРРА Ф. ла Гуардыі. Перад гэтым супрацоўнікі пачалі ажыцяўляць больш частыя візіты ў розныя куткі Беларусі і стаўленне да гэтых паездак з боку ўлад стала больш памяркоўным [25, p. 241, 243].

Планы размеркавання дапамогі складаліся ва Упраўленні па пастаўках ЮНРРА разам з Дзяржпланам і Міністэрствам гандлю, а потым зацвярджаліся Саветам Міністраў БССР. 55 % дапамогі адгружалася ў крамы і гастраномы для наступнай рэалізацыі, астатнія 45 % ішлі мясцовым саветам. Тавары размяркоўваліся паміж разнастайнымі сацыяльнымі ўстановамі: шпіталямі, дзіцячымі дамамі і садкамі, школамі, а прыярытэт аддаваўся найбольш неабароненым групам насельніцтва (дзецям, інвалідам, адзінокім маці, пажылым людзям) [7, ф. 4п, воп. 61, спр. 236, арк. 6—7]. Асноўную частку тавараў размяркоўвалі сярод гарадскіх жыхароў, паколькі лічылася, што большасць вясковых жыхароў можа забяспечыць сябе ўласнымі сіламі. Місія назірала за тым, каб размеркаванне ажыццяўлялася справядліва і не было «перагінаў». Такі парадак размеркавання замежныя назіральнікі ўхвалялі. Персанал місій кваліфікаваў яго як «адну з выдатных рыс савецкага жыцця». Р. Скандрэт перад ад’ездам на Радзіму ў размове з карэспандэнтам БелТА заявіў, што асабліва вялікае ўражанне на яго зрабіла тое, што перавага ў размеркаванні тавараў ЮНРРА аддавалася дзецям [3, 1946, 8 вер.].

Супрацоўнікі місій і прадстаўнікі Адміністрацыі, якія наведвалі БССР і УССР, былі здзіўлены эканомным расходваннем харчавання. Гэта дазволіла зберагчы некаторую яго частку да найцяжэйшага 1947 г., калі ў краіне пачаўся голад, хоць пастаўкі харчавання былі завершаны ў 1946 г. Супрацоўнікі ЮНРРА не мелі фактычнага ўплыву на размеркаванне харчавання. Але ўсе яны з задавальненнем адзначалі, што кіраўніцтва БССР надзвычай умела і эканомна размяркоўвала дапамогу паміж усімі людзьмі, якія жывуць у нястачы, аддаючы пры гэтым перавагу найбольш неабароненым групам насельніцтва і самым разбураным раёнам [18, p. 41—42].

У дзейнасці ЮНРРА ў БССР і УССР меліся, вядома, цяжкасці і недахопы, звязаныя перш за ўсё з савецкай палітычнай сістэмай, яе стаўленнем да аказання дапамогі з боку заходніх дзяржаў і падазронасцю да іншаземцаў [9, с. 216—218; 19, p. 353, 356, 366]. Здараліся выпадкі, калі дапамога трапляла не па тым адрасе і размяркоўвалася сярод партыйных і савецкіх супрацоўнікаў. Другой праблемай можна назваць інфармацыйны вакуум, у якім дзейнічала арганізацыя. Савецкае кіраўніцтва намагалася па палітычных і ідэалагічных прычынах не афішыраваць аказанне дапамогі Беларусі і Украіне з боку ЮНРРА. У адпаведнасці з пастановай СНК БССР і ЦК КПБ(б) «Аб мерапрыемствах па рэалізацыі пагаднення з адміністрацыяй ЮНРРА» ад 8 студзеня 1946 г. уся дакументацыя па аперацыях ЮНРРА афармлялася з грыфам «Сакрэтна». Супрацоўнікам забаранялася ў перамовах і дакладах прыводзіць лічбы па пастаўках ЮНРРА і спасылацца на яе дапамогу [7, ф. 4п, воп. 61, спр. 236, арк. 8]. У беларускім друку пра дзейнасць арганізацыі ў рэспубліцы публікаваліся рэдкія афіцыйныя матэрыялы [3, 1947, 19 лют.; 15, 1947, 19 февр.]. У адпаведнасці з пастановай СНК СССР паведамленні місіі ў савецкай прэсе павінны былі быць абмежаваны кароткай інфармацыяй аб фактычным становішчы спраў з пастаўкамі ЮНРРА і дзейнасці місіі [7, ф. 462, воп. 4, спр. 1, арк. 90].

Трэцяй праблемай была сувязь. Паміж Кіевам, Мінскам, Белградам, Будапештам і Тыранай, якія знаходзіліся ў полі дзейнасці ЮНРРА, на пачатковым этапе работы місій не было ніякай сувязі. У Кіеве праблема была вырашана пры дапамозе тэлеграфа. Па прычыне дрэннай сувязі адзіным спосабам сувязі са знешнім светам для місіі ў Мінску была пошта, якой ЮНРРА не давярала праз тое, што яе кантралявали савецкія спецслужбы. Сувязь са знешнім светам у беларускай місіі ажыццяўлялася праз звычайную пошту ў сярэднім са спазненнем на 7—11 тыдняў(!), што негатыўна адбівалася на працы па аказанні дапамогі рэспубліцы. Адміністрацыя таксама не хацела прыймаць і адпраўляць матэрыялы па коду ЮНРРА з-за таго, што гэта можа паставіць пад небяспеку добрую волю ўрада. З цягам часу місія пачала выкарыстоўваць для сувязі са знешнім светам дыпламатычную пошту Велікабрытаніі і ЗША ў Маскве. Таксама місія выходзіла са становішча, адпраўляючы матэрыялы праз міжнародную авіяпошту [24, p. 275—276].

Пасля таго як БССР і УССР былі прыняты ў ЮНРРА, іх уключылі ў склад камітэта Савета ЮНРРА па Еўропе. Там іх прадстаўнікі актыўна праводзілі лінію савецкага ўраду, крытыкуючы кіраўніцтва арганізацыі, абвінавачваючы яго ў зацягванні паставак і іх недастатковай колькасці. На гэтым фоне было зразумела, што план па пастаўках да 30 чэрвеня 1946 г. выкананы не будзе. Тады было прынята рашэнне аб падаўжэнні тэрмінаў паставак да 31 снежня 1946 г., аднак і гэтага часу атрымалася недастаткова. Падобнае зацягванне была выклікана вялікімі аб’ёмамі паставак у Беларусь і экстрымальна кароткімі тэрмінамі выканання паставак, у якія немагчыма было ўкласціся. На гэтых тэрмінах, дарэчы, настойвалі ўрады БССР і УССР. Напрыклад, у іншых краінах Еўропы ЮНРРА наогул не мела часовых межаў для паставак прадукцыі [13, с. 279].

27 жніўня 1946 г. Мінск з афіцыйным візітам наведаў генеральны дырэктар ЮНРРА Ф. ла Гуардыя, які цёпла выказваўся аб дзейнасці арганізацыі ў Украіне і Беларусі і яе супрацоўніцтве з мясцовымі органамі ўлады [4, 1946, 27 авг.]. На прэс-канферэнцыі ў Маскве ён заявіў, што ў студзені—лютым 1947 г. план паставак дапамогі будзе цалкам выкананы, і пацвердзіў свае станоўчае ўражанне пра паездку па БССР і УССР. У гэты ж самы дзень кіраўнік ЮНРРА был прыняты старшынёй Савета Міністраў СССР І. Сталінам [1, дак. № 71, 72, с. 176—177; 4, 1946, 30 авг.]. У гэты ж час выконваючы абавязкі кіраўніка місіі ЮНРРА Р. Фрэйз здзейсніў аглядавую паездку па Беларусі з мэтай маніторынгу сітуацыі па пытаннях аднаўлення і размеркавання дапамогі. Па яе выніках 6 кастрычніка 1946 г. у Лондан і Вашынгтон была накіравана тэлеграма, дзе з задавальненнем адзначалася, што праграма выконваецца поўным ходам, аднак аб’ёмы паставак недастатковыя. Прыводзячы словы падзякі, з якой звычайныя людзі і кіраўнікі раённых, гарадскіх і абласных устаноў сустракалі дапамогу, Р. Фрэйз падкрэсліваў і іх вялікую заклапочанасць тым, што праграма хутка будзе скончана, а сама ЮНРРА закрыта [7, ф. 462, воп. 5, спр. 24, арк. 68—71; 1, дак. № 78, с. 182—185].

Вынікі дзейнасці ЮНРРА на Беларусі. Праграма паставак выконвалася з канца 1945 г. па 31 сакавіка 1947 г., хоць некаторыя тавары працягвалі паступаць пасля яе заканчэння. Прывядзем некаторыя лічбы ў параўнанні з іншымі дзяржавамі-атрымальнікамі. Памер прадстаўленай рэспубліцы дапамогі складаў 2,6 % ад агульнаеўрапейскага ўзроўню ў грашовым вымярэнні і 0,9 % — у вагавым (у тонах). Доля УССР у пастаўках ЮНРРА для Еўропы складала 7,9 % ад кошту і 1,5 % танажу. У БССР была пастаўлена тавараў на 60 820 000 дол. і 141 853 т, а ва УССР — на 188 199 300 дол. і 467 049 т адпаведна. У цэлым рэспубліка атрымала адносна невялікі аб’ём дапамогі ЮНРРА, аднак яна знаходзілася ў групе А, што значыла яе прыярытэтнае становішча сярод іншых дзяржаў-атрымальніц. Беларусь атрымала тавараў з разліку ў 5,8 дол. на аднаго жыхара, што была некалькі больш за аналагічны паказчык для Украіны, але істотна менш узроўня Грэцыі (46,5 дол. на чалавека). Аб’ём дапамогі арганізацыі, аказанай Беларусі і Украіне, быў найменшым сярод усіх еўрапейскіх краін, за выключэннем Албаніі [9, с. 217—219; 21, p. 38, 42, 62, 64].

Асноўнымі катэгорыямі паставак былі (у акругленых лічбах): харчовыя тавары — 29,6 млн дол., абсталяванне і тавары для прамысловага аднаўлення — 17,8 млн, адзенне, тэкстыль і абутак — 7 млн, тавары для аднаўлення сельскай гаспадаркі — 5,4 млн, медыцынскае абсталяванне і медыкаменты — каля 1 млн дол. Ліст намесніка кіраўніка місіі ЮНРРА ў БССР Т. Уолера начальніку Упраўлення па пастаўках ЮНРРА пры Савеце Міністраў БССР І. Былінскаму ад 20 студзеня 1947 г. паведамляў аб стане аператыўнай праграмы дапамогі Беларусі на пачатак 1947 г., якая на той час ужо была выканана на суму ў 61 млн дол. Па просьбе беларускага ўрада 100 тыс. дол. былі пераведзены з бюджэта вопраткі ў бюджэт харчавання [7, ф. 462, воп. 5, спр. 28, арк. 188; 1, дак. № 86, с. 194]. 72 % дапамогі было пастаўлена з ЗША, што давала нагоду мясцовым жыхарам называць гэтую дапамогу «амерыканскай» і ўзмацняла сімпатыі да гэтай краіны. Р. Скандрэт з гэтай нагоды адзначаў: «Афіцыйным асобам ЮНРРА тяжка растлумачыць беларусам, што ЮНРРА з’яўляецца не амерыканскай, а міжнароднай арганізацыяй» [19, p. 351; 22, 1946, 6 Sept.].

У структуры паставак дамінавала харчаванне, якое складала больш за 50 % у якасным выражэнні і 71 % ад агульнага танажу. Без гэтых паставак насельніцтва Беларусі «моцна пакутавала б ад недаядання», як заяўляў у Нью-Ёрку ў маі 1946 г. кіраўнік місіі ЮНРРА ў Беларусі Р. Скандрэт. За выключэннем хлеба, збожжавых і бульбы, харчаванне, атрыманае па лініі ЮНРРА, складала больш за 90 % усіх харчовых тавараў у крамах рэспублікі [7, ф. 462, воп. 5, спр. 19, арк. 61; 1, дак. № 65, с. 162—163]. Значная частка харчавання размяркоўвалася бясплатна. Тры чвэрці аб’ёму харчовага забеспячэння шпіталяў, дзіцячых дамоў і школ у Брэсце і Баранавічах ішло па праграме ЮНРРА. Прыярытэт сярод харчовых тавараў аддаваўся мясу, малочным прадуктам, тлушчу, алею. Гэта была абумоўлена амаль поўнай адсутнасцю ўказаных прадуктаў на ўнутраным рынку. У Беларусь пастаўлялася таксама збожжа, бабовыя, рыба і морапрадукты. Траціна ўсяго харчавання, накіраванага ў рэспубліку, паступала са складоў арміі ЗША ў Еўропе [18, p. 7—8; 26, p. 438].

Істотнымі для БССР з’яўляліся і пастаўкі прамысловай прадукцыі, станкоў і абсталявання. У той час, калі вуліцы ад завалаў вызваляліся пры дапамозе рыдлёвак і тачак з прымяненнем ручной працы, дзякуючы пастаўкам ЮНРРА ў БССР з’явіліся першыя спецыяльныя машыны. У сувязі з разбурэннем гарадскіх электрасетак, газа- і водазабеспячэння, жылога фонду, заводаў і мануфактур місія ЮНРРА зрабіла ўпор на пастаўку абсталявання для гарадской інфраструктуры і камунікацый, стымуляванне тарфяной і будаўнічай галін, вытворчасць канструкцыйных матэрыялаў. Не менш вострую патрэбу адчувала Беларусь у трактарах, аб чым місія паведаміла ў Вашынгтон. ЮНРРА прыклала шмат намаганняў, каб паставіць да пасяўной кампаніі ў 1947 г. 783 трактары (653 колавых і 130 гусенічных). Украіна, для параўнання, атрымала за гэты ж перыяд 1477 трактароў. Наша рэспубліка таксама атрымала два спецыяльныя высокатэхналагічныя комплексы па апрацоўцы збожжа [18, p. 45, 47; 24, p. 471—472, 485; 25, p. 251—252].

Адзенне і абутак (у асноўным з ЗША і Канады) размяркоўвалі ў дзіцячыя дамы і дабрачынныя установы ці праз мясцовыя саветы ўдовам, інвалідам вайны, працоўным прамысловых прадпрыемстваў. Тэкстыль размяркоўваўся ў кааператыўных майстэрнях і выстаўляўся на продаж у межах вызначаных нормаў.

Важную частку дапамогі складалі пастаўкі медыкаментаў і медыцынскага абсталявання, аднак у цэлым яны былі нязначнымі ў параўнанні з пастаўкамі іншых тавараў. Гэта тлумачылася тым, што сістэма аховы здароўя ў БССР, па ацэнках ЮНРРА, была на прымальным узроўні нават ва ўмовах пасляваеннага разбурэння. Некаторыя заводы, якія пастаўляліся на Беларусь, дапамаглі рэспубліцы не толькі справіцца з цяжкасцямі пасляваеннага аднаўлення, але і ў далейшым эканамічным развіцці. Напрыклад, прывезены з Канады ў Мінск пеніцылінавы завод пазней зрабіўся вядомым на ўвесь Савецкі Саюз прадпрыемствам па вырабу лекаў [18, p. 42, 44—45; 25, p. 256].

У лютым 1947 г. план па пастаўках у БССР быў амаль выкананы, да сакавіка дапамога была ў асноўным размеркавана і місія ЮНРРА, заявіўшы аб выкананні ўсіх пастаўленых задач, пакінула БССР. У сувязі з гэтым прадстаўнік Cавета Міністраў БССР у Еўрапейскім камітэце ЮНРРА У. Смоляр 2 чэрвеня 1947 г. накіраваў ліст на адрас першага сакратара ЦК КП(б)Б М. Гусарава, у якім адзначаў, што план паставак выкананы на 98 % і гэта аказала станоўчае ўздзеянне на ўсю рэспубліку і жыццё простых людзей [1, дак. № 98, с. 209—211; 7, ф. 4, воп. 29, спр. 591, арк. 445—447].

Варта адзначыць, што дзейнасць ЮНРРА захавала жыццё шматлікіх людзей, выратавала іх ад голаду і галечы, несучы такім чынам «прамень жыватворнага святла ў чорную пасляваенную разруху», у якой апынуліся дзесяткі краін пасля заканчэння вайны. У цэлым стасункі савецкіх рэспублік з ЮНРРА можна ахарактарызаваць як «стрыманае ўзаемадзеянне». Гэтыя кантакты не адрозніваліся вялікай інтэнсіўнасцю з-за насцярожанасці ўрада СССР у адносінах да гэтай арганізацыі, але ўсё ж дапамога, аказаная беларускаму і ўкраінскаму народам, была істотнай. У 1946—1947 гг. афіцыйныя прадстаўнікі СССР, БССР і УССР неаднаразова выказвалі падзяку ЮНРРА за дапамогу, якую атрымалі Беларусь і Украіна [7, ф. 907, воп. 1, спр. 7, арк. 394—395; спр. 8, арк. 5—7; 8, с. 73—74]. Але пазней, у гады «халоднай вайны», савецкія ўлады замоўчвалі юнрраўскую дапамогу.

ЮНРРА задавальняла толькі мінімальныя патрэбы рэспублікі. Кіраўнікі місіі ЮНРРА ў размовах з прадстаўнікамі друку БССР, ЗША, Вялікабрытаніі і Швейцарыі неаднаразова ўказвалі, што разбурэнні, прынесеныя рэспубліцы, настолькі вялікія, што пастаўкі ЮНРРА могуць кампенсаваць толькі нязначную частку гэтах стратаў і сведчаць больш аб сяброўстве дэмакратычных краін, чым аб сапраўднай міжнароднай дапамозе [15, 1947, 19 февр.; 22, 1946, 3 Jan.]. Аднак і таго, што было зроблена гэтай арганізацыяй, аказалася дастаткова, каб перажыць першыя цяжкія гады пасляваеннай разрухі і закласці падмурак для аднаўлення эканомікі. Кіраўнік місіі ЮНРРА ў БССР Т. Уолер заявіў на сваёй заключнай прэс-канферэнцыі ў Маскве 2 чэрвеня 1947 г.: «Простыя людзі вельмі добра ведаюць аб дапамозе, якую аказвалі Злучаныя Штаты, Канада і іншыя краіны, па-сапраўднаму шануюць і выказваюць падзяку за гэта» [1, дак. № 99, с. 212; 7, ф. 4, воп. 29, спр. 591, арк. 304—312].

У незалежнай Беларусі дзейнасць ЮНРРА разглядаюць як важную і незабыўную старонку гуманітарнай салідарнасці з боку міжнароднай супольнасці, аб’яднанай у антыгітлераўскую кааліцыю, і шануюць памяць супрацоўнікаў місіі Адміністрацыі, якія самаахвярна дапамагалі рэспубліцы ў пераадоленні цяжкасцяў пасляваеннага аднаўлення.

Спіс выкарыстаных крыніц

1. Беларусь у палітыцы суседніх і заходніх дзяржаў (1914—1991 гг.): зб. дак. і матэрыялаў. У 4 т. Т. 4 (4 ліпеня 1944 г. — 25 жніўня 1991 г.) / склад. У. Е. Снапкоўскі [і інш.]. — Мінск: Юніпак, 2015. — 448 с.
2. Вялікая, В. А. Ажыццяўленне харчовай праграмы ЮНРРА ў Беларусі (1945—1947 гг.) / В. А. Вялікая // Весці БДПУ. Сер. 2. Гісторыя, філасофія, паліталогія, сацыялогія, эканоміка, культуралогія. — 2007. — № 3. — С. 35—37.
3. Звязда.
4. Известия.
5. Кірчук, Ю. В. Дзейнасць Місіі ААН — ЮНРРА ў гады пасляваеннага аднаўлення гаспадаркі Беларусі / Ю. В. Кірчук // Працы гістарычнага факультэта БДУ: навук. зб. / рэдкал.: У. К. Коршук (адк. рэд.) [і інш.]. — Мінск, 2012. — Вып. 7. — С. 78—85.
6. Марцынкевіч, І. А. Месца ЮНРРА ў справе сацыяльнага запеспячэння інвалідаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны / І. А. Марцынкевіч // Достижения фундаментальной, клинической медицины и фармации: материалы 71-й науч. сессии сотрудников ун-та (27—28 янв. 2016 г.). — Витебск: ВГМУ, 2016. — С. 393—395 [Электронны рэсурс] // Электронны архіў бібліятэкі Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. — Рэжым доступа: <https://elib.vsmu.by/handle/123/2468>. — Дата доступа: 12.09.2018.
7. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.
8. Освобожденная Беларусь: документы и материалы. В 2 кн. Кн. 2. Январь—декабрь 1945 / сост.: В. И. Адамушко [и др.]. — Минск: НАРБ, 2005. — 506 с.
9. Снапкоўскі, У. Е. Аб дапамозе ЮНРРА Беларусі (1945—1947 гг.) / У. Е. Снапкоўскі // Гістарычная навука і гістарычная адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь (новыя канцэпцыі і падыходы): Усебел. канф. гісторыкаў. У 2 ч. Ч. 1: Гісторыя Беларусі.— Мінск: Універсітэцкае, 1994. — С. 214—219.
10. Снапкоўскі, У. Е. Знешнеплітычная дзейнасць Беларусі: 1944—1953 гг. / У. Е. Снапкоўскі.— Мінск: Беларус. навука, 1997. — 207 с.
11. Снапкоўскі, У. Е. Гісторыя знешняй палітыкі Беларусі: вучэб. дапам. У 2 ч. Ч. 2. Ад канца XVIII да пачатку XXI ст. — Мінск: БДУ, 2004. — 303 с.
12. Снапковский, В. Е. История внешней политики Беларуси / В. Е. Снапковский. — Минск: БГУ, 2013. — 495 с.
13. Снапкоўскі, У. ЮНРРА (Адміністрацыя Аб’яднаных Нацый па справах дапамогі і аднаўлення, 1943—1947 гг.) / У. Снапкоўскі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 Т. Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак. — Мінск: Беларус. энцыкл., 2003. — 616 с.
14. Снапковский, В. ЮНРРА / В. Снапковский // Республика Беларусь. Энциклопедия. Т. 7. — Минск: БелЭн, 2008. — 744 с.
15. Советская Белоруссия.
16. Соколов, В. В. ЮНРРА и Советский Союз. 1943—1948 годы (по новым архивным материалам) / В. В. Соколов // Новая и новейшая история. — 2011. — № 6. — C. 24—33.
17. Documents on British Policy Overseas. Ser. I. Vol. III. Britain and America: Negotiations of the United States loan. 3 August — 7 December 1945 / ed. by R. Bullen and M. E. Pelly. — London: Her Majesty’s Stationary Office, 1986. — 453 p.
18. Ford, R. UNRRA in Europe 1945—1947: Operational Analysis Papers. N 49 / R. Ford. — London: UNRRA, European Regional Office. Division of Operational Analysis, 1947. — 160 p.
19. Harder, A. The Politics of Impartiality: The United Nations Relief and Rehabilitation Administration in the Soviet Union, 1946—1947 / A. Harder // Journal of Contemporary History. — 2012. — Vol 47, N 2. — Р. 347—369.
20. The National Archives of the Great Britain.
21. Redmer, M. Economic rehabilitation in Byelorussia: Operational Analysis Papers. N 48 / M. Redmer. — London: UNRRA, European Regional Office. Division of Operational Analysis, 1947. — 56 p.
22. The Times.
23. Truman, H. S. Special Message to the Congress on U. S. Participation in the United Nations Relief and Rehabilitation Administration, November 13, 1945 / H. S. Truman [Electronic resource] // The American Presidency Project. — Mode of access: <http://www.presidency.ucsb.edu/ws/?pid=12295>. — Date of access: 08.08.2018.4. UNRRA. The History of the United Nations Relief and Rehabilitation Administration. Vol. I / Compiled by G. Woodbridge. — New York: Columbia University Press, 1950. — 564 p.
25. UNRRA. The History of the United Nations Relief and Rehabilitation Administration. Vol. II / Compiled by G. Woodbridge. — New York: Columbia University Press, 1950. — 520 p.
26. UNRRA. The History of the United Nations Relief and Rehabilitation Administration. Vol. III / Compiled by G. Woodbridge. — New York: Columbia University Press, 1950. — 540 p.

Артыкул паступіў у рэдакцыю ў жніўні 2018 г.

 


Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter

Сообщество

  • (029) 3222740
  • Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
© 2024 Международное общественное объединение «Развитие». All Rights Reserved.