2 интервью главы Представительства УВКБ ООН в Республике Беларусь Ильи Тодоровича — июнь 2004 г.
БЕЖАНЦЫ — ЧАСТКА БЕЛАРУСКАГА ГРАМАДСТВА
Хто сярод беларускай моладзі не ведае цёмнаскурага музыканта Джымі Нельсана, які у ансамблі "Сябры" выконвае на беларускай мове песню "Беларускія прыгажуні", а па нядзелях праводзіць дзіцячую дыскатэку "Лімпапо"? Джымі — бежанец з афрыканскай краіны Ліберыі. Сярод бежанцаў у Беларусі ёсць кабульскі мастак-інвалід Фарыяд Мохд Хабір Шуджаўдзін, які жыве у Пінску, кандыдат навук, дацэнт Полацкага дзяржаунага універсітэта Мухізі Жан Банзекуліваха з Руанды, рэдактар часопіса "Голас Афгана" Саід Мохамад Касім Масур і іншыя.
Праблема бежанцаў для большасці з нас здаецца нерэальна далёкай, хаця сёння на тэрыторыі Беларусі афіцыйна атрымалі статус бежанцаў больш за семсот вымушаных перасяленцаў з іншых краін. Нелегальных бежанцаў у рэспубліцы яшчэ больш, іх дзесяткі тысяч. Вялікую дапамогу ў атрыманні статуса бежанцаў і адаптацыі ў чужой краіне аказвае Упраўленне Вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па справах бежанцаў у Рэспубліцы Беларусь. Пра гэта шла гаворка з прадстаўніком УВКБ ААН у Беларусі Іллёй Тадаровічам.
— Міжнародная супольнасць пачала аказваць дапамогу бежанцам пасля стварэння Лігі Нацый у 1919 г. А з 1950 г. гэтымі пытаннямі займаецца Упрауленне Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў. Асноўныя накірункі дзейнасці УВКБ ААН — дапамагаць дзяржавам, іх урадам на належным узроуні вырашаць праблемы людзей, якія шукаюць у іх краінах выратавання ад беззаконня, самавольства на сваёй радзіме.
У 1951 г. была падрыхтавана і падпісана Канвенцыя аб статусе бежанцаў, якая стала юрыдычнай асновай абароны іх правоў. У 1967 г. Канвенцыя была дапоўнена Пратаколам, які надаваў Канвенцыі ўніверсальны характар па часе і ўжыванні ў розных краінах свету. Больш за 120 краін з'яуляюцца ўдзельнікамі Канвенцыі 1951 года аб статусе бежанцаў і Пратакола 1967 года. Беларусь далучылася да іх у 2001 г., якраз у час пяцідзесяцігадовага юбілею Канвенцыі.
Канвенцыя з'яуляецца асноўным дакументам, які забяспечвае абарону правоў бежанцаў. Права шукаць прытулку з'яуляецца адным з фундаментальных правоў чалавека. Не можа быць ніякіх выключэнняў з гэтага правіла.
— Сістэма прадастаўлення прыстанішча ў Рэспубліцы Беларусь з'яуляецца дастаткова маладой.Якія зрухі за восем гадоў працы УВКБ ААН на Беларусі адбыліся ў заканадаўстве нашай рэспублікі ў дачыненні да бежанцаў?
— У Рэспубліцы Беларусь Закон "Аб бежанцах" быў прыняты ў 1995 г., а для большай адпаведнасці міжнароднаму заканадаўству ў яго два разы ўносіліся папраўкі. УВКБ ААН прымала непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы кожнай мадыфікацыі закону. Апошняя рэдакцыя закону была прынята ў ліпені 2003 г. У існуючым сёння варыянце Закон "Аб бежанцах" у Рэспубліцы Беларусь максімальна поўна адпавядае патрабаванням міжнароднага заканадаўства ў гэтай сферы.
Афіцыйна статус бежанца у Беларусі атрымаў сёння 731 чалавек. Каля трох тысяч чалавек знаходзяцца ў працэдуры вызначэння іх статуса. 75 працэнтаў бежанцаў у Беларусі — выхадцы з Афганістана. На другім месцы па колькасці знаходзіцца грузінская дыяспара з Абхазіі. Іншыя групы бежанцаў прадстаўляюць Азію і Афрыку: Руанду, Эфіопію, Іран, некалькі чалавек з Ірака, а таксама выхадцы з краін СНД: з Арменіі, Азербайджана, Казахстана, Грузіі.
— Ці ёсць бежанцы з Расіі, з краін Балтыі, Польшчы?
— Сітуацыя такая, што з Расіяй, напрыклад, у сувязі з саюзнымі адносінамі з Беларуссю, дзейнічае правіла непрызнання, непрыняцця іх як бежанцаў. Але ў нас было некалькі выпадкаў калі перасяленцы з Літвы, Латвіі шукалі прытулку ў Рэспубліцы Беларусь.
Магу засведчыць, што ў беларускім грамадстве існуе моцнае станоўчае пачуццё да бежанцаў. А сістэма прадастаўлення прыстанішча на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь з'яўляецца адной з найбольш прагрэсіуных у параўнанні з іншымі краінамі СНД. Хутка Беларусь будзе мець адзіную мяжу з новымі членамі Еўрапейскага саюза, і таму большая ўвага будзе надавацца краіне, транзітнай для бежанцаў, і краіне, якая бежанцаў прымае.
— На тэрыторыі нашай рэспублікі атрымалі статус бежанцаў за апошнія восем гадоў не так ужо многа вымушаных перасяленцаў. Але пра вялікую колькасцъ нелегальных бежанцаў, якія разглядаюць Беларусь як кропку свайго транзіту ў Еўропу, гаворыцца ва ўладных структурах і сродках масавай інфармацыі ўжо даўно.
— У адпаведнасці з лічбамі, прадастаўленымі рэспубліканскімі ўладамі, колькасць асобаў, якія выкарыстоўваюць Беларусь для транзіту ў заходнія краіны, складае ад сарака да ста тысяч чалавек. На жаль, УВКБ ААН не можа незалежна пацвердзіць і абвергнуць дадзеныя лічбы, таму яны выкарыстоўваюцца як афіцыйныя.
Тысячы нелегальных эмігрантаў ствараюць многа праблем. Першае пытанне ў гэтай сувязі — рассяленне, пражыванне людзей да моманту перасячэння імі мяжы з Еўрасаюзам. Безумоўна, асноўная ўвага УВКБ ААН аддаецца тым, хто зацікаўлены ў атрыманні статуса бежанца непасрэдна ў Рэспубліцы Беларусь. Але і для тых, хто чакае афіцыйнага рашэння ад уладаў Беларусі, застаюцца актуальнымі праблемы з месцам пражывання на гэты час. УВКБ ААН актыўна дапамагала ў стварэнні пункта часовага размяшчэння асоб, якія хадайнічаюць аб прызнанні іх бежанцамі, у Віцебску і Віцебскай вобласці. Пункт можа адначасова прыняць да трыццаці чалавек. УВКБ ААН узяло на сябе частку выдаткаў, астатняе фінансаванне ідзе з рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў. Запланавана таксама стварэнне пункта часовага размяшчэння непасрэдна ў Мінску, дзе жыве зараз большасць бежанцаў і тых, хто імкнецца атрымаць гэты статус у Беларусі.
— Як доўга чалавек чакае афіцыйнага надания яму статуса бежанца?
— У адпаведнасці з Законам Беларусі "Аб бежанцах", гэта працэдура ідзс не больш за шэсць месяцаў. УВКБ ААН дапамагае і тым, хто ужо афіцыйна прызнаны бежанцам. Існуе праблема інтэграцыі ў традыцыі, вобраз жыцця новай радзімы, так званай сацыялізацыі. Такая інтэграцыя дастаткова складаная ў рэалізацыі, патрабуе вялікага фінансавання. У тым ліку рашэння пытанняў пражывання, працы для бежанцаў. УВКБ ААН падтрымлівае таварыствы, якія ствараюцца самімі бежанцамі, каб тыя, хто прыехаў раней і ўжо адаптаваўся ў Беларусі, дапамаглі новым перасяленцам.
Менавіта таму УВКБ ААН з'яўляецца непасрэдным спонсарам і ўносіць вялікую долю фінансавання ў правядзенне V Усебеларускага фестывалю нацыянальных культур. Мы лічым важным удзел у фестывалі прадстаўніцтваў таварыстваў бежанцаў, у дадзеным выпадку афганскага і грузінскага, што дазваляе паказаць нацыянальнае багацце, культуру, гісторыю гэтых этнасаў у Рэспубліцы Беларусь.
Сярэдні ўзрост бежанцаў у Беларусі — сорак гадоў. Гэта найбольш творчы ўзрост. Традыцыі афганскай і грузінскай кухні, танцаў, спеваў, музыкі, літаратуры, народнага мастацтва могуць многае прынесці ў мультынацыянальнае грамадства Беларусі, узбагаціць яго, дапамагчы зразумець іншыя культуры.
— Якія праграмы ажьццяўляе УКВБ ААН у Беларусі разам са структурамі Еўрапейскага союза?
— УВКБ ААН імкнецца аблегчыць узаемадзеянне паміж новай, маладой сістэмай прадастаўлення прытулку бежанцам у Беларусі і сталымі, што склаліся дзесяцігоддзі таму, сістэмамі ў Цэнтральнай і Заходняй Еўропе для кантактаў, абмену вопытам. Гэты працэс мае назву содэрчопінгскі і фінансуецца шведскім урадам і Еўрапейскай камісіяй.
Праблемы бежанцаў самастойна адной Беларусі не вырашыць. Шукаць выйсце трэба на рэгіянальным узроуні, праз сумесныя дзеянні з суседнімі дзяржавамі. Сёння існуюць тры працэсы супрацоўніцтва паміж рознымі краінамі па пытаннях бежанцаў: гэта згаданы содэрчопінгскі працэс, будапешцкі працэс, працэс па краінах СНД. У канцы мая ў Мінску адбудзецца канферэнцыя краін СНД па пытаннях бежанцаў. Расія таксама ўдзельнічае ва ўсіх гэтых працэсах.
Дзейнасць УВКБ ААН падтрымліваецца таксама Еўрапейскай камісіяй. Беларусь як краіна на мяжы з Еўрасаюзам павінна атрымаць дастатковую падтрымку і фінансаванне для стварэння, умацавання, развіцця нацыянальнай сістэмы прытулку бежанцам, каб частка эмігрантаў заставалася ў рэспубліцы, што памяншала б ціск на краіны Еўрасаюза.
— 3 якімі дзяржаўнымі ўстановамі Беларусі актыўна супрацоўнічае УВКБ ААН?
— Узровень супрацоўніцтва вельмі высокі. УВКБ ААН мае падарымку ад усіх структур, занятых у дадзенай сферы. Нашымі асноўнымі партнёрамі з боку Беларусі з'яуляюцца Дзяржаўны камітэт прыгранічных войскаў, Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Міністэрства культуры, Міністэрства адукацыі і рэгіянальныя структуры.
— Зразумела, што правядзенне Усебеларускага фестывалю нацыянальных культур — гэта адзін з пунктаў супрацоўніцтва з Міністэрствам культуры Беларусі. Якія новыя сумесныя праекты плануюцца?
— Мы маем фармальныя і нефармальныя дамовы з Міністэрствам культуры, выступаем спонсарам Усебеларускага фестывалю нацыянальных культур у Гродне. Але гэта не адзінае такога плана мерапрыемства. Мы дапамагаем правядзенню конкурсу дзіцячых малюнкаў, прысвечаных тэматыцы бежанцаў, у якім удзельнічаюць як дзеці бежанцаў, так і беларускія дзеці. Ёсць тэматычныя конкурсы для студэнтаў на тэматыку бежанцаў. Усё гэта прымеркавана да Сусветнага дня бежанцаў, які праводзіцца штогод 20 чэрвеня.
У мінулым годзе конкурс дзіцячага малюнка называўся "Мы такія розныя, гэтым мы прыгожыя". Конкурс праводзіцца па ўсёй рэспубліцы, а выстава прац пераможцаў (звычайна каля сарака малюнкаў) адбываецца ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі ў Мінску. Конкурс малюнкаў — адзін з найбольш дзейсных сродкаў растлумачыць моладзі Беларусі, хто такія бежанцы.
Увогуле ўвесь чэрвень прысвечаны мерапрыемствам па тэматыцы бежанцаў. Усебеларускі фестываль нацыянальных культур адкрывае праграму Пасля адбудзецца некамерцыйны паказ дакументальных і мастацкіх фільмаў, прысвечаных бежанцам, конкурс дзіцячых малюнкаў.
— Тыдзенъ некамерцыйнага кіно па тэме бежанцаў ужо праводзіўся ў Расіі і Украіне, у Беларусі гэта мерапрыемства адбудзецца ўпершыню. У якой стадыі знаходзіцца падрыхтоўка мерапрыемства і ці плануецца зрабіцъ яго штогадовым?
— УВКБ ААН вядзе перамовы з Мінгарвыканкамам для прадастаўлення кінатэатра "Перамога", дзе з 21 па 25 чэрвеня плануецца правесці паказ фільмаў. УВКБ ААН прадаставіць мастацкія і дакументальныя стужкі, пакрые выдаткі на іх набыццё для некамерцыйнага паказу, транспарціроўку, страхоўку, сінхронны пераклад. Уваход гледачоў павінен быць бясплатным. Зараз мы вядзём перамовы з аўтарамі фільмаў. Па тэматыцы бежанцаў існуе вялікая колькасць дакументальных і мастацкіх стужак, мы плануем паказаць лепшыя з іх і часткова тыя, што паспяхова дэманстраваліся на аналагічным паказе фільмаў ва Украіне. Мы спадзяёмся на поспех гэтага тыдня некамерцыйнага кіно. Калі ідэя знойдзе зацікаўленасць з боку гледачоў, мы можам рабіць яго штогоднім.
Актрыса Анджэліна Джолі з'яўляецца паслом добрай волі УВКБ ААН, яна ахвяравала мільён долараў для стварэння фільмаў па тэматыцы бежанцаў. Іншымі пасламі добрай волі сталі такія сусветна вядомыя майстры мастацтва, як Лучана Павароці, Барбара Хэндрыкс, Джорджыа Армані. Такім чынам, сёння паміж светам мастацтва і бежанцамі ёсць сталыя сувязі. Многія вядомыя людзі былі ў свой час бежанцамі і ведаюць, як складана жыць на чужыне. Сярод іх Марлен Дзітрых, Мсціслаў Растраповіч, Міхаіл Барышнікаў, Рудольф Нурыеў, Уладзімір Набокаў, Аляксандр Салжаніцын, Альберт Эйнштэйн, 3ігмунд Фрэйд, Надзя Каманечы і многія іншыя. Тыя нягоды, якія перажылі ў свой час гэтыя людзі, зрабілі іх мацнейшымі, яны адкрылі талент да самавыражэння ў самых розных сферах культуры, палітыкі, навукі.
Беларусь сама перажыла нямала войнаў. Магчыма, таму яна такая талерантная ў адносінах да людзей, якія сталі бежанцамі. Людзей раз'ядноўваюць войны і дзяржаўныя межы, іх аб'ядноўваюць мастацтва, культура і нацыянальныя традыцыі. На гэтай глебе людзі розных нацыянальнасцей заўжды могуць знайсці агульную мову, кропкі сутыкнення і адзінства поглядаў.
Гутарыла Наталля Шаранговіч, "Мастацтва", 5 чэрвеня 2004 г.
Ілля Тадаровіч: "КАЛІ Б Я МОГ ВЫБІРАЦЬ МЕСЦА, ДЗЕ ПРАЦАВАЦЬ, ТО ВЫБРАЎ БЫ Ў ТЫМ ЛІКУ І БЕЛАРУСЬ"
Стаўленне да бежанцаў вызначае адносіны кожнага ўрада і народа да абароны правоў чалавека. Для беларускага грамадства справа бежанцаў новая. На пачатку яшчэ 1990 гадоў у дзяржавы не было ні вопыту вырашэння такіх спраў, ні структур, ні рэсурсаў, што ўпарадкавалі б патокі бежанцаў. На сучасны ж момант на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь створаны прыстойныя ўмовы надання статуса бежанца. Аднак, нягледзячы на ўсе дасягнутыя поспехі, сістэма яшчэ новая і слабая.
Нагадаем, што з мая 2001 года наша краіна далучылася да 143 дзяржаў-удзельніц Канвенцыі 1951 года аб статусе бежанцаў і Пратакола да яе 1967 года.
Па даных Міністэрства працы і сацыяльнай аховы Рэспублікі Беларусь на 1 мая 2004 года, у краіне 732 чалавекі маюць статус бежанцаў. А з хадатайніцтвамі аб прызнанні статуса звярнуліся 2 754 чалавекі.
"Голас радзімы" неаднойчы ўжо асвятляў гэтую тэму. Напярэдадні Міжнароднага дня бежанцаў, які адзначаецца 20 чэрвеня, мы друкуем інтэрв'ю з прадстаўніком Упраўлення Вярхоўнаго камісара ААН (УВКБ ААН) по справах бежанцаў у Беларусі Іллёй Тадаровічам. Дапамагае весці размову Таццяна Селіванава, саветнік па праграмнай дзейнасці УВКБ ААН.
— Чалавек фактычна становіцца бежанцам з моманту, калі пакідае краіну свайго грамадзянскага паходжання, а не з моманту, калі яго статус юрыдычна прызнаецца краінай прыстанішча. І тут вельмі важна, каб чалавек і й транзітнай зоне меў міжнародную ахову, згодна з Канвенцыяй 1951 года. Тысячы людзей праязджаюць праз тэрыторыю рэспублікі, і толькі некаторыя з іх шукаюць прытулак, большасць жа — не. Аднак кожны з іх мае права быць прынятым у краіне і звярнуцца па прызнанне статуса бежанца, згодна з Канвенцыяй 1951 года і Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека.
— Колькасць бежанцаў у рэспубліцы не налічвае і тысячы чалавек. Ці можна гаварыць аб справах бежанцаў як аб праблеме?
— Я б не сказаў, што гэта праблема. Беларусь робіць крокі да вырашення спрэчных пытанняў. Я назваў бы гэта сучасным выклікам грамадству. Так, мы не гаворым пра вялікія лічбы. Аднак сістэма павінна існаваць і быць добра арганізавана, каб нават для аднаго чалавека, які шукае прыстанішча, былі створаны ўсе ўмовы эфектыўнай і справядлівай працэдуры прызнання статуса бежанца як на рэспубліканскім, так і на абласных узроўнях. Прычым гэты выклік узмацняецца яшчэ некалькімі фактарамі. Па-першае, адкрытая мяжа з Расіяй, а гэта 11 часавых паясоў. Кожны, хто трапляе на тэрыторыю Расіі, можа вольна праехаць і на тэрыторыю рэспублікі. Па-другое, Беларусь зараз ужо мяжуе з Еўрапейскім саюзам. Большасць мігрантаў імкнецца трапіць у Заходнюю Еўропу праз Беларусь. І рэспубліка павінна быць гатовай да павелічэння патоку мігрантах.
— Вырашэннем якіх спраў зараз неабходна займацца ў сферы работы з бежанцамі ў Беларусі?
— Зараз, пасля падпісання міжнародных дакументаў, перш за ўсё важна прывесці заканадаўства ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі. Акрамя таго, грамадства па-ранейшаму дакладна не адрознівае бежанцаў і мігрантаў. І тыя, і другія могуць выкарыстовываць нелегальныя шляхі, несапраўдныя дакументы, аднак яны імкнуцца да розных мэт.
Згодна з палажэннямі Канвенцыш, дзяржава павінна размясціць тых, хто шукае прыстанішча. Асаблівая неабходнасць існуе ў тэрміновых пунктах на межах краіны, дзе ў гуманых умовах могуць утрымлівацца нелегальныя мігранты. Не хапае такіх цэнтраў размяшчэння і для тых, хто ўжо падаў хадайніцтва на статус бежанца і чакае вырашэння сваёй справы. Тэрмін іх пражывання там ад 6 месяцаў да года. Адзін такі пункт ёсць у Віцебску, дзе могуць размясціцца каля 30 чалавек. Існуе патрэба такіх пунктаў у Гомелі і Мінску. Не так даўно пачаў дзейнічаць пункт тэрміновага ўтрымання мігрантаў і бежанцаў у нацыянальным аэрапорце "Мінск".
Няпростая і справа інтэграцыі прызнаных бежанцаў у беларускае грамадства. Яна патрабуе ад дзяржавы існавання шматбаковай праграмы падтрымкі людзей, што знайшлі тут другую радзіму. Адзначу яшчэ адзін прыярытэтны накірунак у дзейнасці сістэмы кіравання міграцыйнымі патокамі і працы з бежанцамі: для Беларусі важна мець дзейсны механізм дэпартацыі, іншымі словамі, вяртання на радзіму тых, хто нелегальна знаходзіцца на тэрыторыі рэспублікі і не мае падстаў для звяртання па статус бежанца. Дзяржаўнага фінансавання на гэта недастаткова.
— Якая існуе сістэма дэпартацыі на сучасны момант?
— Дзеючая сістэма не зусім эфектыўная. Нелегальных мігрантаў адпраўляюць не ў краіны іх паходжання непасрэдна, а цягніком у Расію, адкуль яны могуць трапіць у Беларусь зноў. На празрыстай мяжы няма кантролю за тымі, хто прыязжае ў рэспубліку.
— У жніўні 2002 года пачаў дзейнічаць новы закон "Аб грамадзянстве". Зараз ён не змяшчае палажэнняў папярэдняга закона аб працэдурных перашкодах пры атрыманні грамадзянства бежанцамі і асобамі, што шукаюць прыстанішча. З новай рэдакцыі закона "Аб бежанцах" што была надрукавана 4 студзеня 2003 года, былі скасаваны адсутнасць доступу да працэдуры вызначэння статуса бежанца па фармальных прыметах, трохгадовы тэрмін дзеяння статуса бежанца, дадатковыя артыкулы. Быў таксама дабаўлены артыкул, які прадугледжвае працэдуру суправаджэння непаўналетніх асоб. Як змены ў заканадаўчай сферы адбіліся на практыцы?
— Рэалізацыя гэтых палажэняў знайшла сябе на практыцы. Спрасцілася і працэдура прызнання статуса бежанца. Адзначу, што раней на ступені рэгістрацыі хадайніцтваў некаторыя з іх маглі быць адхілены. Гэта датычылася, напрыклад, тых, хто праязджаў праз Расію. А зараз разглядаюцца ўсе заявы па сутнасці.
— Ці засталіся яшчэ якія-небудзь неадпаведнасці па галоўных пазіцыях, што па-ранейшаму выклікаюць заклапочаннасць з боку УВКБ ААН?
— Нягледзячы на тое, што трэцяя версія закона была прынята не так даўно, засталіся яшчэ некаторыя неадлюстраваныя моманты. Неабходна больш дакладна вызначыць і зацвердзіць правы людзей, што маюць гуманітарны статус. Такія людзі не адпавядаюць статусу бежанца па палажэннях Канвенцыі 1951 года, аднак не могуць быць дэпартаванымі па некаторых прычынах гуманнага характару. Напрыклад, бежанец прабыў у Беларусі даволі доўгі час, але ў выніку так і не здолеў атрымаць афіцыйны статус. Такім чынам, згодна з беларускім заканадаўствам, ён павінен быць дэпартаваны ў краіну паходжання. Пазіцыя ж УВКБ ААН у тым, што гуманітарны статус абараняе такога чалавека ад гэтага па прычыне, напрыклад, неспрыяльнага сацыяльна-эканамічнага становішча там.
Агульную сітуацыю ўскладняе таксама і неадпаведны ўзровень супрацоўніцтва паміж замежнымі і мясцовымі органамі, што займаюцца справамі бежанцаў. Больш сур'ёзнага разгляду вартае паўсюднае выкарыстанне паняцця "трэцяй бяспечнай краіны" ў дачыненні да Беларусі. Іншымі словамі, гэта адна з краін транзіту, праз якую праехаў чалавек і дзе ён меў магчымасць атрымаць статус бежанца. Беларускія ўлады да нядаўняга часу лічылі адной з такіх краін для сябе Расію. Аднак Расія не мае эфектыўнай і справядлівай сістэмы прыняцця бежанцаў. Напрыклад, людзі з Афрыкі і Азіі там амаль не маюць доступу да працэдуры атрымання статуса бежанца. Калі людзей, што маюць патрэбу ў міжнароднай ахове сваіх правоў, пераправіць у Расію, там, мінуючы працэдуру, іх могуць дэпартаваць у краіну паходжання. Гэта парушае міжнародныя прынцыпы канвенцыі. Складанасць яшчэ і ў тым, што Беларусь не мае пагадненняў аб рэадмісіі ні з адной краінай трансферу (Расіяй і Украінай).
Існуюць таксама недапрацоўкі ў законе "Аб грамадзянстве". Ён павінен быць больш гібкім у дачыненні да людзей, што маюць статус бежанцаў. Вядомы выпадкі, калі пры атрыманні беларускага грамадзянства ад бежанцаў патрабавалася іх адмаўленне ад грамадзянства краіны паходжання, а гэта — парушэнне норм міжнароднага права. Больш таго, Беларусі варта было б ратыфікаваць Міжнародную канвенцыю 1954 года аб асобах без грамадзянства.
— З 2002 года разам з ростам колькасці прызнаных бежанцаў назіралася і адмоўная тэндэнцыя — павелічэнне адмоваў у статусе бежанца людзям пераважна з Афганістана. Ці назіраецца такая тэндэнцыя і цяпер?
— Наша прадстаўніцтва спрыяе і падтрымлівае станоўчае развіццё. На жаль, некаторыя моманты выклікаюць заклапочаннасць з нашага боку. Гэта датычыцца не толькі Беларусі, але і іншых краін, што занадта хутка прымаюць рашэнне аб бяспечнасці сітуацыі ў краінах паходжання бежанцаў. Так, у Афганістане яшчэ вельмі нестабільна, каб адмаўляць людзям у прыстанішчы і казаць, што яны могуць спакойна вяртацца на радзіму. Наша штаб-кватэра падрыхтавала і перадала беларускаму кіраўніцтву дакумент, што адлюстроўвае сучасныя ўмовы ў Афганістане. Яго неабходна ўлічваць, прымаючы рашэнне аб групах бежанцаў, якія ўсё яшчэ адчуваюць патрэбу ў міжнароднай ахове.
Яшчэ адзін фактар, што негатыўна ўплывае на міграцыю, гэта павелічынне пагрозы тэрарызму ў свеце. Бежанцы паходзяць пераважна з так званых "гарачых месцаў", што стварае аб іх памылковае ўяўленне як аб небяспечных людзях. Аднак да іх трэба станоўча падыходзіць. Яны не патэнцыяльныя тэрарысты, а перш за ўсё ахвяры. А пакзальнік адмоў складае каля 20 працэнтаў. Так што лічба не дазваляе казаць, тэнденцыя набывае характар праблемы.
— Як можна вызначыць рэакцыю беларускага кіраўніцтва і грамадства на праблемы бежанцаў, калі параўноўваць з іншымі краінамі, дзе адбываюцца такія ж працэсы?
— Ёсць краіны, дзе не заўсёды дастаткова рэсурсаў для дзейнасці, але адчуваецца вялікая палітычная воля з боку дзяржавы. Ёсць і такія, дзе рэсурсаў больш, чым адчуванне палітычнай ініцыятывы. Калі б я мог выбраць месца, дзе працаваць, то выбраў бы краіну з першай групы. Да яе адносіцца і Рэспубліка Беларусь.
Гутарыла Аляксандра Папейка, "Голас радзімы", 17 чэрвеня 2004 г.