Бежанцы і культура — ліпень—жнівень 2004 г.

Бежанцы і культура — ліпень—жнівень 2004 г.

БЕЖАНЦЫ І КУЛЬТУРА

Гэтая праблема, якая з апошняй чвэрці XX стагоддзя ўсё больш прыцягвае да сябе ўвагу ўсяго чалавецтва, апошнім часам закранула і жыццё нашага народа. У Беларусі афіцыйны статус бежанцаў атрымала амаль 750 чалавек. Яшчэ каля трох тысяч чалавек, па сведчанню кіраўніка Упраўлення Вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па справах бежанцаў у Рэспубліцы Беларусь Іллі Тадаровіча, чакаюць рашэння наконт вызначэння іх статуса, і большасць з іх таксама можна ўжо сёння залічыць у лік гэтых самых людзей, асаблівых і па лёсу свайму, і па прынцыпах, на якіх будуецца іх жыццё. А яшчэ можна весці гаворку аб іншых дзесятках тысяч чалавек, якія пакінулі родныя мясціны і страцілі сваю кропку "апоры". Таму што перш за ўсё чалавек асэнсоўвае сваю прысутнасць на зямлі як далучаннасць да пэўнага месца, дзе ён нарадзіўся, дзе пачаў сваё быццё і духоўнае станаўленне.

Нездарма вялікі апостал нашай культуры Францыск Скарына абгрунтаваў людскую прыцягнёнасць да роднага месца як вызначальную рысу сапраўднай чалавечнасці — "люди, игде зродилися и ускормлены суть по бозе, к тому месту великую ласку имають".

І праз стагоддзі з думкамі вялікага беларускага гуманіста перакрыжоўваюцца думкі выдатнага нямецкага мысліцеля: "Чалавек прымае прысутнасць Месца як дар… Пры нез'яўленні гэтага дару быццё з'явілася б не проста таямнічым і не проста ўсяго толькі за замком, але чалавек не быў бы чалавекам" (Марцін Хайдэгер).

Але мы ведаем з гісторыі і таксама бачым на свае вочы, як можа істотна памяняцца жыццё чалавека, калі парываецца яго сувязь з жыццём роднай зямлі. Ён імгненна адчувае вострае пачуццё дыскамфортнасці. Таму што ўсё, да чаго ён прызвычаіўся падчас жыцця на роднай глебе, усё змяняецца і часам так істотна, што чалавек не можа прыйсці ў сябе, не можа ідэнтыфікаваць сябе ў разнастайным жыцці соцыуму. І згодна псіхааналітычнай традыцыі, якая ідзе ад З. Фрэйда і ў наш час шырока выкарыстоўваецца ў сацыялогіі і сацыяльнай псіхалогіі, менавіта ідэнтыфікацыя выступае як найважнейшы механізм сацыялізацыі, якая складаецца з прыняцця індывідам сацыяльных роляў, засваення соцыякультурных норм і мадэляў паводзін. Але аб якой якаснай сацыялізацыі можа ісці гаворка, калі чалавек пападае ў сітуацыю, калі і мова, на якой размаўляюць людзі, для яго незразумелая, і іх паводзіны прадстаўляюцца дзіўнымі, і ментальнасць таямнічай…

І, канешне, без вялікіх на тое прычын аніводзін чалавек добраахвотна не пакіне родную зямлю. А да вымушанага перасялення вядзе, па большай частцы, бяда чалавечая…

…Цікава, што падчас правядзення V Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур у Гародні ў червені гэтага года давялося выслухаць ад бежанца-грузіна аповед аб тым, што слова "бежанец" у грузінскай ментальнасці мае вельмі негатыўны сэнс. Звычайна гэта чалавек, які нешта неверагоднае "ўтварыў" у роднай мясцовасці, і суседзі з пагардай ад яго адмовіліся. І вось ён, адчужаны, павінен пакінуць родныя мясціны…

Але ёсць і такія людзі, якія па свайму жаданню, па сваёй волі пакідаюць Радзіму. І тыя тэндэнцыі, якія атрымалі перамогу ў другой палове XX ст. у самасвядомасці чалавецтва, падтрымліваюць і такое рашэнне асобнага чалавека як суб'екта дзеяння.

Таму што ў другой палове мінулага стагоддзя канчаткова галоўнай ідэяй жыцця чалавецтва робіцца ідэя забеспячэння правоў чалавека і асноўных свабод, абвешчаных ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і агульнапрызнаных прававых актах (асабліва важнымі можна лічыць два Міжнародныя пакты 1966 г., адзін з якіх датычыць грамадзянскіх і палітычных правоў, а другі — эканамічных, сацыяльных і культурных правоў)…

Такім чынам напярэдадні 3-га тысячагоддзя новай эры збылося прадбачанне вялікага нямецкага мысляра І. Канта, які лічыў, што настане час, калі чалавечая асоба з'явіцца самамэтай усяго грамадскага развіцця, а культура стане сродкам культывавання здольнасцяў чалавека.

І гэты час цяпер настаў, хаця, праўду кажучы, трэба адзначыць, што не па ўсёй планеце Зямля аднолькава моцна яно гучыць…

Аднак у большасці краін планеты гэта ўжо асэнсавана і ўвайшло ў самую сутнасць народнага разумення: чалавек мае права на вольны выбар, права на свабодны пераезд з краіны ў краіну, права на павагу сваіх уяўленняў аб жыццёва важных каштоўнасцях.

А сярод гэтых каштоўнасцяў амаль першае месца займае культура. Таму што нацыянальна-этнічная культура з'яўляецца найвялікшым выразам духоўнасці як народа, так і асобнага чалавека. І магчымасць жыцця наогул для чалавека ператвараецца ў нішто (альбо проста ў жывёльнае існаванне), калі ён не мае магчымасці ўдзельнічаць у сваім нацыянальным культурным жыцці, не мець права доступу і доступу сваіх дзяцей да каштоўнасцяў нацыянальнай культуры, да вераванняў і традыцый свайго этнасу. Зразумела, што само паняцце "культура" ў сучаснасці вельмі шырокае і шматсэнсавае. Але для канкрэтнага чалавека заўсёды ёсць (як і былі ў мінулым) прыярытэты ў гэтым магутным полі. І галоўны з іх: як не страціць сваю самабытнасць, сваё асаблівае адчуванне свету. І зноў у гэтым разе ён павінен звяртацца да культуры як адзінага выйсця.

А калі чалавек — бежанец, вымушаны перасяленец, то галоўны яго клопат: як не страціць свае духоўныя каштоўнасці, сваю веру і погляд на свет і сумясціць іх з светаўспрыманнем людзей, якія жывуць побач.

… Але ўсе гэтыя высокія (і неабходныя) словы набываюць зусім іншае гучанне, калі яны супадаюць (альбо не супадаюць!) з рэальным жыццём людзей, якія знайшлі прытулак у іншых краінах і апынуліся па-за межамі (і па-за абаронай) сваёй, уласнай дзяржавы.

І як яны задавальняюць свае духоўныя патрэбы, свае культурныя жаданні?

Можна было б проста і па разуменню адказаць: па абставінах і як ім дазваляюць магчымасці. Тут якраз рэальней весці гаворку аб магчымасцях, таму што жадання ў вымушаных перасяленцаў хоць адбаўляй. І, пры гэтым, чалавечы доўг кожнага грамадзяніна краіны, дзе гэтыя людзі знайшлі прытулак, — дапамагчы ім у іх намаганнях зберагчы іх родную культуру, іх мову, іх своеасаблівасць.

І як вынік гэтага сумеснага жадання — найноўшыя культурныя дасягненні бежанцаў на нашай зямлі.

Прыемна было чуць, што адкрыты клас у адной з гродзенскіх школ, дзе ідзе навучанне на грузінскай мове. Прыемна было бачыць, як у магутны паток зіхацення нацыянальных культур, які так моцна прадэманстраваў V Усебеларускі фэст, упляліся ручаіны афганскай і грузінскай дыяспар.

Асабліва хацелася б адзначыць пазітыўную ролю Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў і падкрэсліць станоўчасць яго стаўлення да гэтых людзей не толькі ў жыццёва-сацыяльным ракурсе (таму што розныя справы сацыяльна-эканамічнага ўладкавання заканамерна выходзяць на першы план), але і ў напрамку развіцця культуры, прыцягнення да яе. Аб гэтым яскрава сведчаць такія неардынарныя мерапрыемствы, як правядзенне Тыдня некамерцыйнага кіно, прысвечанага Сусветнаму Дню бежанцаў, і конкурс дзіцячага малюнка "…І так цудоўна вяртацца пад дах дому свайго…", вядучым "будатарам" якіх выступіла прадстаўніцтва УВКБ ААН у Беларусі. З'яўленне гэтых з'яў цяжка пераацаніць (і ў гэтым нумары яны атрымліваюць ацэнку нашых высокапрафесійных экспертаў). І, акрамя ўсяго, гэта ёсць хоць невялічкі, але і ўклад у нашу айчынную культуру. Вось так, рухаючыся разам, мы ўсе агульнымі намаганнямі зможам падтрымаць "жывую ваду" агульначалавечай культуры, знайсці ў ей месца, дзе будзе ўтульна кожнаму чалавеку на нашай зямлі.

І гэтым, як гаворыцца ў Кнізе кніг, і пераможам!

Вадзім Салееў, доктар філасофскіх навук прафесар, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, "Мастацтва", № 7—8, 2004 г."

 

ГАДЗІННІК СА ШТУЧНАЙ ПТУШКАЙ
НАТАТКІ З ТЫДНЯ НЕКАМЕРЦЫЙНАГА КІНО, ПРЫСВЕЧАНАГА СУСВЕТНАМУ ДНЮ БЕЖАНЦАЎ

У лепшых сваіх традыцыях кінамастацтва заўсёды востра адгукаецца на глыбінныя праблемы гуманізму. Не стала выключеннем на экране і тэматыка, што ў апошнія гады звязана з асэнсаваннем кардынальных змен, якія на пераломе стагоддзяў адбываюцца з народанасельніцтвам Зямлі, асабліва ў тых рэгіёнах планеты, якія з лёгкай рукі сусветнай журналістыкі атрымалі назву гарачых кропак. Пакуль аўтары бясконцых рэпартажаў на розных мовах не стамляюцца ў адлюстраванні ўсё новых і новых драматычных фактаў, якія, здаецца, толькі і патрэбны ім, каб падсцёбнуць адрэналін публікі і рэйтынг інфармацыйных каналаў, дзеячы кінематографа ставяць перад сабой іншую задачу — паспрабаваць разабрацца ў тым, што напаткала звычайнага чалавека ў заблытаных лабірынтах сучаснай геапалітыкі.

Праграма фільмаў, якія былі паказаны ў мінскім кінатэатры "Перамога" ў рамках Тыдня некамерцыйнага кіно, прысвечанага Сусветнаму дню бежанцаў, па-свойму падцвярджае гэтае назіранне. Характэрна, што стварэнне стужак у гэтым напрамку хвалюе ў асноўным заходніх кінематаграфістаў. Справа тут, бачна, не толькі ў тым, што айчыннаму кіно з яго сённяшнімі фінансавымі ўмовамі цяжка ўзняць подобную праблематыку, мастацкая распрацоўка якой немагчыма без маштабных экспедыцый, у тым ліку і ў краіны блізкага замежжа. Пытанне хутчэй за ўсё ў іншым — у тым псіхалагічным клімаце, які ўласцівы зараз заходняй ментальнасці. Цывілізацыя, якая з часоў Другой сусветнай вайны ганарылася сваім курсам на дабрабыт і абарону правоў кожнага асобнага грамадзяніна, тым самым паволі зрабілася для астатняга свету прывабным, амаль райскім кутком на грэшнай зямлі. Аднак з той жа самай прычыны яна ператварылася і ў своеасаблівую ахвяру ўласнага сацыяльнага росквіту і ладу жыцця. У гэтым сэнсе "вялікае перасяленне народаў" напрыканцы ХХ стагоддзя выклікае да сябе далёка не адназначныя адносіны. З аднаго боку, дэмакратычная свядомасць не дазваляе выкрасліць з поля зроку масы няшчасных чужынцаў, якія інстыктыўна цягнуцца да "раю" як лепшай долі. З другога — усіх абагрэць немагчыма. Таму невыпадкова апошняе дзесяцігоддзе ў многіх навукоўцаў і дзейных палітыкаў асацыіруецца з "канцом гісторыі", як, напрыклад, у Ф. Фукаямы, альбо са "сутыкненнем цывілізацый", як у С. Ханцінгтана, ці са "смерцю Захаду", як у П. Д. Б'юкенена.

Гэтая супярэчнасць надае асаблівае адценне творчаму вырашэнню сладанай тэматыкі экраннымі сродкамі. Мастацкі вымысел вымагае адмежавацца ад палітызацыі. Але ж жыццёвыя рэаліі такія, што палітыка сама ўмешваецца ў эстэтычна арганізаваныя дзеянні, вымушаючы творцаў уздымацца да ўзроўню публіцыстычнага абагульнення і тыпізацыі.

Вось швейцарскі фільм з ключавым словам ў цітрах: "Вароты да раю". Гэта ў рускім перакладзе. Па-англійску гучыць больш адпаведна ідэі сюжета — "Уцёкі ў рай". У аснове стужкі ляжыць сапраўдная гісторыя нацыянальнага руху курдаў за стварэнне сваёй дзяржавы. Гэты рух ахоплівае і тэрыторыю Турцыі. Як вядома, барацьба гэта працягваецца ўжо другое стагоддзе. Пры падтрымцы сусветнай палітычнай супольнасці прэтэнзіі курдаў разглядаюцца як экстрэмісцкія. Таму курды жывуць у Турцыі пад пастаянным праследаваннем. Не мінае гэтая горкая чаша і герояў карціны. Глава сям'і за расклейванне лістовак трапляе за краты. Яго дапытваюць. Дом, дзе бацьку чакаюць трое дзяцей і жонка, паліцэйскія ноччу падвяргаюць разгрому. Сям'я пасля наўмыснага падпалу дома фактычна пазбаўлена надзейнага даху над галавой. Тады і прыходзіць шчаслівая думка дабрацца да райскай Швейцарыі…

За кадрам застаецца няпросты, напэўна, шлях сям'і праз некалькі краін і дзяржаўных межаў. Тым больш пад пытаннем і магчымасць уезду ў нейтральную Швейцарыю, якая не ўваходзіць ні ў Еўрапейскі Саюз, ні ў НАТА, ні ў Шэнгенскую зону. Аднак дзякуючы мастацкаму вымыслу палітыка тут адступае, і кіно пачынае распавядаць у поўны голас на сваёй мове. На чыгуначным вакзале бежанцаў сустракае зямляк Азіз. Гэта бывалы мужчына. Па-ўсходняму гаваркі, ён прыстасаваўся да жыцця ў Швейцарыі, аброс пэўнымі сувязямі і не шкадуе даваць, як ён лічыць, карысныя парады Шаймузу. Ва ўсіх тут адна запаветная мэта — атрымаць законны від на жыхарства. Для гэтага трэба мець доказы, што на далёкай цяпер радзіме жыць было зусім немагчыма. Азіз ужо адправіў у Берн неабходныя дакументы, на самай справе падробленыя за вялікія грошы. Тое ж ён дапамагае зрабіць і Шаймузу. Каб заплаціць за паслугі, той прадае апошняе — сямейныя каштоўнасці, падораныя бабуляй старэйшай дачцы Зелал перад ад'ездам.

Але не жабрацтва, не страх за няясную будучыню дзяцей, што назаўсёды страцілі свае карані, больш за ўсё прыгнятаюць Шаймуза. Бяссоннымі начамі яго мучаюць дакоры сумлення за падман, на які падштурхнуў Азіз. Апошняй кропляй перад цяжкім выбарам: ці сказаць праўду на інтэрв'ю, ці лгаць зноў, — становіцца адмоўны адказ улад на заяву такога ўдачлівага быццам бы Азіза. Шаймуз нарэшце гаворыць усё, як было. Сям'я атрымлівае доўгачаканы дазвол.

Бадай, найбольш цікавы ў фільме Ніно Джыкуса роздум над годнасцю чалавека. Яна ўзвышае асобу нават у самых цяжкіх абставінах жыцця бежанцаў, якія паказаны на экране ў даставерных дэталях больш чым убогага побыту. Выхадцы з розных краін, не ўсе прэтэндэнты на абарону іх грамадзянскіх правоў вытрымліваюць гэтае выпрабаванне. Як, скажам, тыя ж каларытныя рускамоўны персанажы, якія не знаходзяць нічого лепшага, чым глушыць "гора" на чужой сстаране тарэлкай.

Наогул, "рускі след" так ці інакш адшукваецца ў многіх карцінах.

У нямецкай стужцы "Дальняе святло" Ханса-Крысціяна Шмідта, сюжэтную лінію адной з навел складаюць адносіны паміэ польскім танкістам Антоніем і рускімі эмігрантамі. Каб зарабіць на сукенку для любімай дачкі, Антоній займаецца тым, што перавозіць апошніх праз Одэр. Яшчэ ўчора грамадзяне краін адзінага сацыялістычнага лагера, гэтыя людзі поўныя наіўных надзей. Яны ўспрымаюць небяспечную аперацыю як прыгоду, як перамогу над агульным праціўнікам, не разумеючы ўсіх драматычных перыпетый. Рэжысёр па-майстэрску будуе дзеянне, раскрываючы псіхалагічныя нюансы ў характарах герояў. Нездарма гэты фільм атрымаў прыз ФІПРЭСІ на Берлінале—2003.

Прызам ФІПРЭСІ на Лонданскім фестывалі ў 2001 годзе адзначана і "Апошняе прыстанішча" рэжысёра Паўла Паўлікоўскі, знятае ў Англіі. Зноў жа ў цэнтры сюжэта гераіня з рускім імем Таццяна. З дзесяцігадовым сынам Арцёмам і 85-цю далярамі ў кішэні жанчына прыехала ў Велікабрытанію з надзеяй сустрэць сябра Марка. Згодна з мясцовымі законамі, з такімісціплымі сродкамі яна не праходзіць мытнага кантролю. Жанчына ідзе на падман, кажучы, што яна бежанка. У зоне для прымусовых перасяленцаў таццяна праводзіць паўтара года, поўныя горкіх роздумаў.

Былой савецкай грамадзянкай з'яўляецца і бойкая маладая жанчына Соня, гераіня камедыйнай меладрамы "Зімовая гарачыня". Нелегальная эмігрантка, Соня якімсьці цудам трапляе з Адэсы ў Брусель, каб знаўсці мужа. Вядомая актрыса Індэборга Дапкунайтэ стварае выразны вобраз. Яе гераіня паводзіць сябе так, што ёй адмовіць немагчыма. Вось і мексіканец Мігель аднойчы пагаджаецца яе падвезці. Выпадковая сустрэча перарастае ва ўзаемную сімпатыю. У Мігеля жонка паехала ў Амерыку па грошы і славу, на руках засталася маленькая дачка, і жыццё яму больш не ўсміхаецца. Анак Соня рашуча бярэцца за настрой Мігеля, знаходзіць агульную мову з яго дачкой, і маленькая кампанія кранальна згуртоўваецца супраць агульнага пачуцця — адзінокасці ў прыгожым, але не вельмі ветлівым горадзе.

Створаная кінематаграфістамі Бельгіі, Францыі, Іспаніі і Расіі, "Зімовая гарачыня" пакідае яшчэ адно запамінальнае ўражанне. Гэта імкненне аўтараў не толькі да таго, каб выклікаць сентыментальнае спачуванне да становішча дзеючых асоб, перш за ўсё да маленькай гераіні карціны. Насуперак гэтаму, інтрыга развіваецца такім чынам, што нараджаецца ў сваім родзе гонар за вынаходлівасць і жыццястойкасць "нашай жанчыны" ў Бруселі. Яна ўжо дакладна з тых, што і каня на скоку спыніць. Калі гэта спатрэбіцца каму-небудзь цяпер у залітай сонечным святлом Бельгіі. Спалучэнне гумару з лірычнымі інтанацыямі надае сюжэту адначасова пранікнёнасць і павучальнасць.

Зусім іншым прадстае на экране яшчэ адзін наш нядаўні суайчыннік, Валерый з фільма "Англія!" Знакавае слова яго лёсу — Чарнобыль. Праз колькі год пасля ўдзелу ў ліквідацыі аварыі Валерый у ходзе медыцынскага агляду даведваецца, што дні яго злічаны. Тады ён рашаецца ажыццявіць сваю амаль дзіцячую мару — убачыць Англію. Пра гэта калісці марыў і яго чарнобыльскі сябра Віктар. Па некаторых звестках, Віктар жыве ў Германіі. Не раздумваючы ні хвіліны, Валерый адпраўляецца на пошукі сябра. У аўтобусе ён знаёміцца з дзяўчынай (вядомая актрыса Чуплан Хаматава). У яе падобная праблема. У Кіеве цяжка хварэе бацька, патрэбны вялікія грошы на аперацыю. У Германіі дзяўчына хоча выйсці замуж і тым самым дапамагчы бацьку. За размовай непрыкметна цягнецца час да нямецкай мяжы. Перад кантрольнымі пастамі Валерый пакідае аўтобус і праз раку, ноччу, нелегальна дабіраецца да нямецкага берага. Пошукі Віктара зводзяць Валерыя з нядаўнімі "таварышчамі". Тут і таленавіты балгарын-мастак, і рускі, не вельмі ўдалы гаспадар невялікага рэстарана, і маладая жанчына-немка, грамадзянка былой ГДР. Яна трошку гаворыць па-руску, і ад яе Валерый даведваецца, што Віктара больш няма. Ён памёр ад хваробы, якая точыць цяпер і Валерыя.

Дзеянне ў карціне развіваецца нібы з ланцуга выпадковых эпізодаў. Так раптам на начной вуліцы Валерый сустракае спадарожніцу з аўтобуса. Яна ўжо з жаніхом, і яе прастадушнае шчасце на імгненне асвятляе маркотны твар Валерыя. Шкадуе яго і сяброўка-немка. Адорваючы яго пяшчотай і ласкай, жанчына сэрцам адчувае, што гэта апошняя радасць у жыцці згасаючага чалавека. Але Валерый усё ж рвецца да Англіі. Тут на дапамогу прыходзіць балгарын. На апошнім уздыху Валерый нарэшце бачыць жаданы бераг, ад якога яго аддзяляе вузкая палоска праліва. На пустынным марскім пляжы, пад крыкі чаек і пляск хваляў, душа яго адлятае.

Рэжысёр Ачым фон Борыа здолеў падняцца да філасофскага абагульнення лёсу простага чалавека ў няпростым свеце, да месца цытуючы мастацкія міфалагемы, поўныя глыбокага сэнсу. Чарада журавоў у халодным восеньскім небе, белы калядны снег, марская прастора — гэтыя прыродныя стыхіі выкліканы падкрэсліць індывідуальнасць і разам з тым тыповасць характару галоўнага героя. Да гэтага імкнецца і выканаўца Іван Шведаў, які быў адзначаны за гэтую ролю як лепшы акцёр на Міжнародным фестывалі ў Бруселі ў 2001 г.

У падтэксце гэтых карцін адчуваецца пэўная маральная і палітычная адказнасць пераможцы за пераможанага. Бо бяскроўная "халодная" вайна, потым раптоўнае падзенне "жалезнай заслоны", бурная перабудова і паўкрымінальная хада постсавецкага капіталізму не маглі не сказіць людзей на абодвух крылах еўразійскага кантынента. Таму мастацкае ўяўленне асабліва цікавіцца менавіта рускамоўным тыпажом, учынкі якога не заўсёды ўкладываюцца ў лагічны парадак рэчаў. Атрымаўшы ніколі не бачаную раней свабоду, былы савецкі чалавек хутчэй маргіналізуецца, чым пранікаецца духам адказнасці за ўласны лёс. Глабалізацыю ён разумее як касмапалітызм, і ў гэтым бясконцым космасе волі раствараецца бесцялеснай істотай.

Зусім інакш адлюстроўваецца ў кіно псіхалогія носьбіта этнаграфічна ўсходняй культуры, якая захоўвае нормы і правілы, традыцыйна непараўнальныя з заходнім стылем жыцця. Апынуўшыся на краі існавання, не ўсялякі ўсходні чалавек здольны пераадолець у сабе нізкія інстынкты, каб не апусціцца да парушэння агульнапрынятых маральных законаў. Менавіта такога кшталту ўнутраная барацьба закранаецца нямецкім фільмам "Жменя травы" рэжысёра Роланда Рыхтэра. Зноў на экране сямейны род курдаў, якія на гэты раз трапілі ў Еўропу не ў пошуках палітычнага прыстанішча, але ў пагоні за грашыма. Герой карціны яшчэ зусім дзяця. Аднак пасля смерці бацькі Кадай застаецца ў сям'і за старэйшага. Сястра збіраецца замуж. Патрэбны грошы на вяселле і калым. Іх павінен зарабіць Кадай. Дзядзька прывозіць хлопчыка ў Германію.

Ужо з першых кадраў ясна, што землякі Кадая займаюцца бруднымі справамі і не ў ладах з паліцыяй. Так яно і адбываецца далей. Хлопчыка выкарыстоўваюць для продажу наркотыкаў. Не ведаючы мовы, ён тым не менш служыць добрай заслонай ад нямецкіх законаў. Бо прававую адказнасць злачынца нясе толькі з 14-гадовага ўзросту. Цэлымі днямі Кадай круціцца сярод наркаманаў на бульварах і вуліцах. З цягам часу недурны хлопчык пачынае разумець, што з'яўляецца проста прыладай у руках арганізаванай мафіі. Нікому няма справы да яго перажыванняў. Не прыносяць радасці і тыя мізерныя медзякі, якія ён атрымлівае за рызыкоўную працу. Толькі адзіны чалавек здагадваецца, як цяжка Кадаю. Гэта мясцовы таксіст, у мінулым паліцэйскі. Да яго аднойчы і прыходзіць Кадай, аб схавацца ад дзядзькі. Аднак у схватцы паміж мафіяй і паліцыяй землякі хлопчыка не шкадуюць. Яго раняць нажом: за здраду клану, за дапамогу нямецкай Фемідзе.

У фінале Кадаю з'яўляецца цудоўнае уяўленне. Ён дома, у родным сяле. З усмешкамі сустракаюць яго сёстры. Задаволеныя, любуюцца прыгожым гадзіннікам з зязюляй, які ў падарунак прывёз хлопчык. Падобнае дзіва ён бачыў зусім маленькім, а цяпер ажыццявіў мару — мець гадзіннік, як ён распавядаў сябру-таксісту, "з птушкай". Ці наварожыць гэтая штучная зязюля шчасце юнаму герою — гэтае пытанне вырашаць, відавочна, не яму.

Нарэшце, нельга абысці ўвагай і ўдзел беларускіх творцаў у Тыдні некамерцыйных фільмаў. На адкрыцці была паказана дакументальная відэастужка з тэлевізійнага цыкла кампаніі ФІТ "Лёс чалавека". Мар'ям некалі жыла ў Кабуле, працавала настаўніцай літаратуры. Але талібы забілі мужа, і жанчына з дзецьмі вымушана была бегчы з Афганістана. За 2,5 тысячы даляраў аферысты абяцалі дапамагчы дабрацца да Германіі. Высадзілі ў Мінску і сказалі: гэта Германія. Тыповая гісторыя для шматлікіх мігрантаў праз беларускую тэрыторыю. Цяпер Мар'ям жыве ў Лёзне. Старайшая дачка Сюзан добра гаворыць па-руску, вучыцца ў мясцовай школе. Падрастае яе малодшая сястра, якая нарадзілася ўжо пасля гібелі бацькі. Можа, і адбудзецца так, што для дзяўчынак Беларусь станецца другой радзімай. Ва ўсялякім разе, маці спадзяецца на гэта.

Рэальная драма Мар'ям не дазваляе паставіць апошнюю кропку ў вычарпальнасці актуальнай для сённяшнега экрана тэмы. Яна будзе трывожыць творчую свядомасць, пакуль сусветная хада гістарычнага часу не супадзе з біццём сэрца чалавека.

Ніна Фральцова, "Мастацтва", № 7—8, 2004 г."

 

"… І ТАК ЦУДОЎНА ВЯРТАЦЦА ПАД ДАХ ДОМУ СВАЙГО…"

"Я — бежанка… Мне нават страшна пра гэта падумаць. У мяне няма радзімы, дома, сяброў… Усё забрала з сабою вайна! А раней, яшчэ месяц таму, у мяне былі свая школа, дом, сад, у якім летнімі вечарамі чароўна спяваў салавей. Хацелася ўсю ноч стаяць і слухаць, слухаць… А сябры? Я цяпер не ведаю, дзе яны.

Мне нікога не хочыцца бачыць, ні з кім не хочацца гаварыць, але даводзіцца ўладкоўвацца на новым месцы. Людзі тут розныя. Але большасць, дзякуй ім за гэта, разумеюць наш стан і шкадуюць нас. Але мяне не трэба шкадаваць…"

Гэтыя радкі дзіцячага дзённіка падкупляюць сваёй шчырасцю. Яны поўныя болю, перажыванняў і прымушаюць задумацца пра душэўны стан бежанцаў і асабліва дзяцей, адарваных ад радзімы і звыклага сацыяльнага і культурнага асяроддзя.

Кожны год тысячы людзей вымушаны пакідаць свае родныя мясціны з-за глабальных сацыяльных катастроф, войнаў і шукаць прытулку ў чужых краінах. Праблемы, з якімі яны звяртаюцца ў прадстаўніцтвы УВКБ ААН, самыя розныя, і найперш яны датычаць статуса, умоваў жыцця. Бежанцы, якія вымушаны прыстасоўвацца да жыцця на чужой зямлі, перажываюць і змену ў сваіх поглядах, звычках, побыце. Дзеці першымі адчуваюць на сабе такія глыбокія перамены, яны хутчэй за бацькоў трапляюць у новае культурнае асяроддзе — у дзяцячых садках, школах, на вулічных пляцоўках. Шкадаванне, сяброўства, пагарджанне — якія адносіны яны сустракаюць тут да сябе?

Беларусь шчыра і талерантна прымала як стагоддзі таму, так і цяпер тых, хто мусіў пакінуць свой дом з-за непазбежных абставінаў жыцця. Бежанцы адчуваюць сябе ў нашай краіне ўтульна. А іх дзеці натуральна ўваходзяць ў дзіцячыя калектывы. Асаблівасць дзіцячай псіхікі ў тым, што яна лёгка, хутчэй, чым у дарослых, прыстасоўваецца да зменаў знешніх абставінаў, да мовы і культуры чужых народаў. Вайна, якая прымусіла іх бацькоў бегчы з дому, застаецца для іх толькі жахлівым успамінам, а не штодзённай рэальнасцю барадзьбы за выжыванне ў іншай дзяржаве.

Усе дзеці малююць, незалежна ад таго, кім яны стануць у будучым. Вельмі папулярна сёння ў свеце анцэпцыя спантаннага дзіцячага малявання. Лічыцца, што ў дзяцей генетычна запраграмаваны механізм пазнання свету праз "выяўленне-прысваенне" набыткаў цывілізацыі. Для дзяцей любых нацыянальнасцей і рэгіёнаў характэрны пэўныя універсальныя рысы выяўлення вобразаў, іх своеасаблівая кодавая сістэма, што дазваляе ім знаходзіць агульную, зразумелую ўсім мастацкую мову.

Прадстаўніцтва УВКБ ААН разгарнула ў Беларусі конкурс дзіцячага малюнка "…І так цудоўна вяртацца пад дах дому свайго…" з дапамогай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі "Эўрыка". Да конкурсу запрашаюцца таксама дзеці з любых рэгіёнаў Беларусі. Галоўная ідэя правядзення конкурсу — прыцягнуць увагу грамадскасці да праблем бежанцаў, даць магчымасць дзецям выказаць затоеныя думкі ў малюнках. Што хвалюе маленькага бежанца? На паперы ён можа выказаць тое, што не заўсёды выкажаш словамі. Вось і малюе маленькі мастак партрэт свайго сябра з далёкай краіны, раявід родных мясцінаў ці маці са слязамі на вачах, тое, што найбольш глыбока засталося ў яго памяці. А беларускія дзеці, якія вучацца і бавяць вольны час разам з маленькімі бежанцамі, малююць той свет, пра які ідуць размовы ў дзіцячым калектыве.

Наіўныя дзяцячыя малюнкі. Шахерызада з жар-птушкай, вітражная яркасць колераў, далёкія казачныя пагоркі на гарызонце (Вольга Лямешчанка, "Шахерызада", 15 годоў). Вярблюды на фоне бэзавага колеру мячэці (Саша Дар'ін, "Усходні горад", 10 гадоў). Негрыцяначка каля пальмы на разагрэтым аранжавым пяску, а на гарызонце спыняе ўвагу кропля расплаўленага сонца (Аліна Некрашэвіч, "Пад гарачым сонцам Афрыкі", 7 гадоў). Цёмнаскурая дзяўчынка з рознакаляровымі банцікамі на галаве, склаўшы па-турэцку ногі, прысела пад аголенымі галінамі, на якіх гэтак жа адзінока прытуліўся чорны крумкач (Аня Сушкевіч, "Адзінота", 14 гадоў). Жанчына ва ўсходнім убранні сярод кветак пад вялікім рознакаляровым парасонам (Каця Сушкевіч, "Парасон радасці", 7 гадоў).

На жаль, сёння гэтай унікальнай з'яве — споведзі дзіцячай душы на паперы — не заўсёды даецца належная ацэнка. Творчае самавыражэнне дзяцей вельмі каштоўнае для псіхолагаў і сацыёлагаў, якія павінны быць заклапочаны інтэграцыяй дзяцей у сацыяльнае і культурнае асяроддзе іншай краіны. Ад гэтага залежыць, застануцца гэтыя дзеці жыць у рэспубліцы ў якасці паўнапраўных грамадзян, якія цалкам прынялі новы для іх стан жыцця, або жаданне вярнуцца дадому, як няспраўджаная мара, будзе пераважаць над рэальнымі магчымасцямі існавання. Духоўнасць нельга атрымаць звонку. Маленькі чалавечак знаходзіць яе таксама ў працэсе малявання, і гэта дапамагае нарадзіцца творчай індывідуальнасці і асобе, якая ўмее перадаць свае думкі іншым людзям моваю мастацтва.

Наталля Шаранговіч, "Мастацтва", № 7—8, 2004 г."

 

УЦЁКІ ДА ЖЫЦЦЯ

Калісці ў прынца Садруддзіна Ага Хана, які шмат гадоў узначальваў Упраўленне Вярхоўнага Камісара ААН па справах бежанцаў, спыталі, якую канчатковую мэту ставіць перад сабой Упраўленне Вярхоўнага Камісара ААН па справах бежанцаў. І ён адказаў: "Спыніць сваю дзейнаць". Іншымі словамі, сталы і дасведчаны чалавек марыць, каб настаў час, калі не будзе людзей, якіх можна назваць бежанцамі. Ён думае пра змяненне свету. Сапраўды, УВКБ ААН было створана як часовая структура ўсяго на 5 гадоў. У 1951 годзе пасля жудасных ахвяр Другой сусветнай вайны людзі верылі, што нічога падобнага не можа паўтарыцца і свет здабудзе цярплівасць і мудрасць.

Сёння ж на пяці кантынентах — каля 22 мільёнаў чалавек, якія, ратуючы сваё жыццё, мусілі пакінуць родны дом і шукаць прытулку ў чужых краінах ці перамяшчацца ўнутры сваёй. І рамантызм пакалення, якое перанесла на сваіх плячах і праз уласную душу ваеннае ліхалецце, здаецца дзіўным. Людзі памыліліся.

2

Замест старых праблем з'явіліся новыя. Эміграцыя як адлюстраванне натуральнага жадання людзей жыць лепш была ў свеце заўсёды. Але трэба разумець, што бежанцы — людзі, якія шукаюць паратунку на чужыне, не маючы абароны сваёй дзяржавы. І асноўная праблема для Беларусі — не колькасць бежанцаў, а існаванне соцень тысяч нелегальных мігрантаў. Нелегальную міграцыю немагчыма спыніць, але неабходна кантраляваць. Недапушчальна атаясняць гэтыя паняцці. Іншая справа, што большасць тых, хто перасякае дзяржаўную мяжу нашай краіны, не маюць намеру хадайнічаць тут аб статусе бежанца. Іхняя мэта — Захад. Па словах Іллі Тадаровіча, прадстаўніка УВКБ ААН у Беларусі, ён неаднойчы сустракаўся з людзьмі, якія мелі падставы хадайнічаць аб статусе бежанца ў нашай краіне і не рабілі гэтага, бо імкнуліся перасекчы беларуска-польскую мяжу. Аляксей Бягун, намеснік начальніка Дэпартамента па грамадзянству і міграцыі МУС РБ, сцвярджае, што толькі за мінулы год на нашай тэрыторыі аказалася больш за 500 чалавек, патэнцыяльных бежанцаў. Аднак прыстанішча ў Беларусі папрасілі адзінкі. Зразумела, наша краіна не зацікаўлена у тым, каб выконваць функцыі толькі транзіту ці адстойніка для людзей, якія праз нейкі тэрмін плануюць нелегальна перасекчы дзяржаўную мяжу. А. Бягун падкрэсліў, што пра памеры нелегальнай міграцыі праз нашу тэрыторыю ведаюць дакладна толькі злачынцы, якія займаюцца транспарціроўкай людзей. Аднак толькі за 2003 год было вынесена больш за 1675 пастаноў аб дэпартацыі іншаземцаў і асоб без грамадзянства. Для бюджэту Беларусі дэпартацыя з'яўляецца непасільным грузам. Тым не менш каля 700 чалавек былі выдвараны за межы РБ пад канвоем у прымусовым парадку. Характэрна, што крымінальную адказнасць за нелегальную міграцыю нясуць толькі арганізатары. Тыя ж, каго яны перавозяць, выдвараюцца, калі на тое хапае грошай. Паслугі перавозчыкаў, як сведчаць затрыманыя, каштуюць ад 1 да 10 тысяч долараў ЗША.

3

Бежанцы — зусім іншая катэгорыя грамадзян. Гэта людзі, вымушаныя ўцякаць са сваёй краіны, каб уратаваць жыццё — сваё і дзяцей. Яшчэ адно адрозненне — яны абсалютна законна знаходзяцца на нашай тэрыторыі, бо звярнуліся да дзяржаўных органаў з хадайніцтвам аб прадастаўленні статуса бежанца. І з гатага часу маюць права на пражыванне ў краіне.

Ілля Тадаровіч лічыць, што Беларусь мае значны прагрэс у галіне заканадаўства і сістэмы абароны бежанцаў. Наша краіна падпісала Канвенцыю 1951 года і Пратакол 1967 года, якія тычацца абароны правоў бежанцаў. Нядаўна з'явілася 3-я рэдакцыя Закона Беларусі "Аб бежанцах".

Сёння ў Беларусі прызнана бежанцамі 730 іншаземцаў з 13 дзяржаў.

З іх 40 працэнтаў — жанчыны. Большасць працаздольныя, больш як 210 чалавек маюць вышэйшую ці сярэднеспецыяльную адукацыю. Бежанцам няпроста інтэгравацца ў грамадства. Яны аб'ектыўна неканкурэнтаздольныя на рынку працы. Тут уплывае шмат фактараў, у тым ліку нязвыкласць асяроддзя, моўны бар'ер. Тым не менш некалькі дзесяткаў чалавек са згаданай катэгорыі працуюць па найму і з'яўляюцца прадпрымальнікамі. Сярод тых, хто жыве ў Мінску, працаўладкаваныя 10 працэнтаў ад колькасці працаздольных. І гэта пры тым, што рынак працы ў сталіцы больш развіты, чым у правінцыі. Таму і існуе нераўнамернасць размеркавання бежанцаў па рэгіёнах: большасць жыве ў Мінску і Мінскай вобласці. Ёсць шмат пытанняў, звязаных х жыллём. Не сакрэт, што для Беларусі праблематычна забяспечыць жыллём нават сваіх грамадзян. Аднак, дзякуючы намаганням УВКБ ААН, гэта пытане з цягам часу здымаецца. І ўсё больш сем'яў бежанцаў набывае такое месца ў Беларусі, якое могуць назваць домам.

Свае стасункі с бежанцамі Беларусь павінна і імкнецца будаваць гуманна. Бежанцы маюць права атрымліваць абарону праз законныя прававыя працэдуры. Галоўная перашкода — эканамічныя складанасці, якія не даюць магчымасці цалкам рэалізаваць патэнцыял. Калі б у Беларусі была больш спрыяльная эканамічная сітуацыя, гэта дазволіла б ажыццявіць лепшую падрыхтоўку спецыялістаў, павялічыць колькасць персаналу беларускіх міграцыйных службаў і, вядома, павысіць узровень тэхнічнага аснашчэння.

Беларусь аказвае бежанцам падтрымку не меншую, чым сваім грамадзянам. Так, бежанцы пенсійнага ўзросту атрымліваюць у нас пенсіі. Жанчыны, якія выхоўваюць трох і болей дзяцей, — матэрыяльную дапамогу. І, канешне, малыя ходзяць у школу і дзіцячыя садкі на аднолькавых з нашымі ўмовах.

Вельмі важнае пытанне — стаўленне грамадскасці да бежанцаў. Часта можна пачуць думку, быццам бежанцы спрыяюць крыміналізацыі абстаноўкі. Але паводле статыстыкі працэнт злачыннасці сярод іншаземцаў у нашай краіне нязначны. А з 1997 года, калі Беларусь пачала прынімаць бежанцаў, адзінкі з іх былі прыцягнуты да крымінальнай адказнасці. Праводзілася сацыяльнае апытанне, якое выяўляла стаўленне беларускага грамадства да бежанцаў. Так, 59 працэнтаў апытаных адказалі, што пазітыўна ставяцца да права любога чалавека на пошук прыстанішча. А 89 працэнтаў рэспандэнтаў выказалі думку, што кожны з бежанцаў можа жыць там, дзе хоча. Талерантнае стаўленне да бежанцаў у грамадстве, з аднаго боку, сведчыць пра эфектыўнасць працы структур, звязаных з гэтай катэгорыяй насельніцства, а з другога, — пра тое, што праблемы бежанцаў як такой у нашай краіне не існуе. Ёсць чалавечае гора і людзі, якім патрэбна прыстанішча. Ёсць сістэма, спецыялісты — і міжнародныя, і беларускія — якія ў стане працаваць з імі па нашых законах, што, як прызнана, не супярэчаць міжнародным пагадненням, падпісаным Рэспублікай Беларусь.

Значную дапамогу аказвае бежанцам прадстаўніцтва УВКБ ААН праз дзяржаўныя структуры, Беларускі Чырвоны Крыж. Стаўленне да бежанцаў — гэта пытанне агульнай цывілізаванасці грамадства. Можна сказаць, яго гуманнасці. Гісторыя кожнага чалавека які апынуўся ў Беларусі ў якасці бежанца і хоча назваць яе сваім домам, — асобная драма.

4

Мы раскажам пра адну із ніх, афганскую. Афганцы — нацыя бежанцаў. Сярод тых, хто прызнаны бежанцамі ў Беларусі, большасць — таксама афганцы. Па ўсім свеце ў пошуках прытулку іх раскідана каля 4 мільёнаў. І гэта пры тым, што ўжо другі год ідзе працэс вяртання дадому.

Кабір Фарыяд — сталы ўжо чалавек, нарадзіўся ў 1946 годзе. Бог даў яму і ягонай жонцы Хамідзе пецярых сыноў. Жылі ў Кабуле і няблага жылі. Свой дом, свая зямля, праца. Бацькі Кабіра былі непісьменныя, працавалі на зямлі. Кабір жа быў галоўным мастаком у Міністэрстве культуры і камуністам. Жонка — урачом. Кабір Фарыяд, які рэжа па дрэве, піша алеем і стварае графічныя творы, — хутчэй самадзейны майстар. У Афганістане не было навучальнай установы, дзе можна было б вывучыцца на мастака. Адукацыю набываў у школе Свабоды. Апошняя ягоная выстава адбылася дзесьці ў 1987 годзе ў кабульскім Доме культуры. У 1992 годзе ў Афганістане ўладарыў Рабані.

Сёння Кабір з мужчынскай стрыманасцю кажа пра гора, якое здарылася з ім. У адзін дзень страціў усю вялікую сям'ю — бацькоў, 14 братоў і сясцёр. Яго проста не было побач з імі : "Калі я прыйшоў дадому, не знайшоў жывых нікога". Тады ўжо Кабір меў запрашэнне ў Беларусь на вучобу: "Некалькі месяцаў быў вымушаны хавацца. Калі б мяне знайшлі, то таксама забілі б, як гэта рабілі з усімі камуністамі і людзьмі, якія працавалі на дзяржаву. А мне трэба было выжыць дзеля дзяцей, жонкі і сябе. Мы не мелі іншага выйсця, як бегчы."

Па прыездзе ў беларусь бацька Хаміды патэлефанаваў і сказаў яму, што спалілі іхні дом, карціны Кабіра, створаныя за 20 гадоў працы. Такім чынам, прыезд у Беларусь на самай справе ўратаваў жыццё сям'і. І гэтая сям'я бясконца ўдзячная ўсім, хто дапамагаў ім, — УВКБ ААН, Чырвонаму Крыжу, беларускім уладам і іншым людзям. Яны сталі аднымі з першых бежанцаў у нашай краіне і адзіныя ў Пінску, дзе цяпер жывуць. Дарэчы, паехалі з Кабірам і Хамідой не ўсе іхнія дзеці, а толькі двое. Нават давялося разлучыць блізнятаў, якім тады было па 6 месяцаў. У іх не хапіла грошай на білеты. Трое хлопчыкаў пазней ад'ехалі з жончынай сясірой у Нідэрланды, дзе цяпер і жывуць. Старэйшым ужо па дваццаць гадоў (яны таксама блізняты). Як балюча жыць столькі гадоў, не бачачы любых вачэй сваіх дзяцей! Рабілі спробу выехаць госці ў Нідэрланды. Але ім не далі візу.

Дзеці Кабіра ходзяць у школу, добра ведаюць рускую і беларускую мовы. Што тут скажаш, выраслі ў Беларусі! У іх ёсць сябры. І хлопчыкі не памятаюць вайну. Мабыць, гэта ўжо шмат з таго, што мог зрабіць бацька і другая радзіма для гэтых малых.

Ні Кабір, ні ягоная жонка не працуюць. Работу, кажа, яшчэ можна было б знайсці ў Мінску, але не ў Пінску. Але тут ёсць двухпакаёвая кватэра. Галоўны занятак і аддушына Кабіра — маляванне.

Не так даўно ён фактычна ўстаў з ложка, бо доўга хварэў. Сёння Кабір марыць пра выставу ў Беларусі. Ён гатовы і падарыць свае работы. Малюе пейзажы, нацюрморты. Працуе алеем, акварэллю, тушшу. Палюбіў беларускую прыроду і з задавальненнем пераносіць яе на палатно.

Алена Спасюк, "Мастацтва", № 7—8, 2004 г.


Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter

Сообщество

  • (029) 3222740
  • Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
© 2025 Международное общественное объединение «Развитие». All Rights Reserved.