"ДРУГАЯ РАДЗІМА — "РАЁННЫЯ БУДНІ" (г. Пружаны) о проблеме беженцев" — 2004 г.

"ДРУГАЯ РАДЗІМА — "РАЁННЫЯ БУДНІ" (г. Пружаны) о проблеме беженцев" — 2004 г.

ІЛЬЯ ТАДАРОВІЧ: "ДАПАМАГЧЫ БЕЖАНЦАМ МЫ МОЖАМ ТОЛЬКІ РАЗАМ"

Наша даведка: Ілья Тадаровіч нарадзіўся ў 1962 годзе ў г. Медысоне, ЗША. Закончыў тры універсітэта і мае тры ступені: бакалаўра паліталогіі, доктара права і магістра ў вобласці міжнародных адносінаў. Свабодна валодае акрамя англійскай сербска-харвацкай, іспанскай і французскай мовамі. У 2002 г. пачаў вывучаць рускую мову. Раней працаваў адвакатам, а з сакавіка 1994 года — ва Упраўленні Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў.

Адной з глабальных праблем, з якімі чалавецтва ўвайшло ў ХХІ стагодзе, з'яўляецца праблема бежанцаў. Асноўнай міжнароднай арганізацыяй, дзеючай у сферы абароны правоў бежанцаў, аказання ім неабходнай дапамогі, выступае Упрауленне Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў (УВКБ ААН). Прадстаўніцтвы УВКБ ААН дзейнічаюць больш чым у ста краінах свету. Рэдакцыя нашай газеты папрасіла кіраўніка Прадстаўніцтва УВКБ ААН у Рэспубліцы Беларусь Ілью Тадаровіча адказать на некалькі пытанняў.

— Спадар Тадаровіч, якая сучасная сусветная практыка рашэння праблем бежанства?

— Упершыню гэта праблема паўстала асбліва востра пасля Другой сусветнай вайны, калі ў Еўропе налічвалася больш мільёна бежанцаў. З мэтай яе вырашэння міжнародная супольнасць стварыла Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН. Меркавалася, што на працягу некалькіх год праблема будзе вырашана. Аднак гэты аптымізм быў перакрэслены новымі рэаліямі. Падзеі ў Венгрыі, вайна ў Алжыры, бясконцыя канфлікты ў Афрыцы, распад СССР і этнічныя канфлікты на яго тэрыторыі, вайна ў Югаславіі і многія іншыя падобныя трагедыі выклікалі ўсё новыя шматлікія патокі бежанцаў. Сёння ў свеце налічваецца кала 25 мільёнаў бежанцаў і іншых катэгорый людзей, якія знаходзяцца ў аднолькавым становішчы, якім УВКБ ААН аказвае дапамогу. Міжнародна-прававой падставай для аказання такой дапамогі з'яўляюцца палаженні Канвенцыі 1951 г. аб статусе бежанцаў.

Сусветная практыка рашэння праблем бежанцаў складаная і шматгранная. Найлепшым рашэннем прызнаецца іх добраахвотная рэпатрыацыя ў краіны паходжання, зразумела, калі абстаноўка там дазваляе гэта зрабіць. Прыкладам такога рашэння з'яўляеццавяртанне ў Афганістан больш двух мільёнаў бежанцаў.

Другі варыянт — прызнанне бежанцам чалавека, які шукае прытулку, і прдастауленнеяму права пражываць угэтай краіне (інтэграцыя бежанцаў). І трэці від рашэння — перасяленне у іншую краіну.

— Беларусы на поспсавецка прасторы, магчыма, гасцінны народ. Аднак не ва ўсіх адназначныя адносіны да мігрантаў. Як у нас вырашаюцца праблемы бежанцаў?

— Рэспубліка сутыкнулася з гэтым менавіта пасля набыцця ёю незалежнасці. Праз Беларусь пайшлі ў Еўропу патокі мігрантаў не толькі з рэспублік былога СССР, але і з Блізкага Усходу, Кітая, Азіі, Афрыкі. У выніку ў краіне пачалі стварацца адпаведныя адміністрацыйныя структуры, спачатку ў Мінску, а потым і ва ўсіх абластных цэнтрах. Для канкрэтнай дапамогі ў будаўніцтве сучаснай, адпавядаючай міжнародным стандартам сістэмы кіравання міграцыяй і бежанцамі ў 1995 г. было адкрыта ў Беларусі наша прадстауніцтва. За гэты час праведзена вялікая работа па ўкараненні ў беларускае заканадаўства палажэнняў міжнароднага права. Трэба адзначыць, што за мінулыя гады ў Беларусі, нягледзячы на складанасці пераходнага перыяду, створана і дзейнічае сістэма работы з бежанцамі, якая ў значнай ступені адпавядае сучасным міжнародным стандартам. Зразумела, неабходна прыкладваць намаганні для яе дальнейшага удасканалення. Ад імя Вярхоўнага камісара па справах бежанцаў ААН я хацеў бы выказаць шчырую падзяку ўсім, хто прымаў удзел у яе стварэнні і падтрымлівае цяперашняе функцыяніраванне — ад кіраўнікоў міністэрстваў і ведамстваў да радавых пагранічнікаў або міліцыянераў, якія першымі сустракаюць бежанца ці мігранта і забяспечваюць доступам да працэдуры вызначэння статусу.

Па стану на 1 лістапада 2004 г. у Беларусі афіцыйна прызнаны бежанцамі 735 чалавек. Рэспубліка прыкладае ўсе намаганні для забеспячэння рэалізацыі іх правоў у поўнай адпаведнасці з міжнародна-прававымі стандартамі.

— У некаторых сродках масавай інфармацфі былі публікацыі аб выдзяленні грантаў на рашэнне фінансавых цяжкасцей бежанцаў і вымушаных мігрантаў. Ці дзейнічае яшчэ гэтая сістэма і якія яе ўмовы?

— УВКБ ААН падтрымлівае дзяржаўныя і грамадскія арганізацыі, якія аказваюць сацыяльную, юрыдычную дапамогу бежанцам, праводзяць інфармацыйныя кампаніі і адукацыйныя праграмы па распаўсюджанні звестак аб міжнародных стандартах у сферы абароны бежанцаў. Сярод такіх арганізацый — Беларускі Чырвоны Крыж, Беларускі рух медыцынскіх работнікаў, Міжнароднае грамадскае аб'яднанне па вывучэнні ААН і шэраг іншых. Зараз Прадстаўніцтва не абвяшчае аб выдзяленні грантаў, але адкрыта для новых ідэй супрацоўніцтва, у прыватнасці, інтэграцыі бежанцаў у беларускае грамадства.

УВКБ ААН імкнецца аказваць дапамогу бежанцам такім чынам, каб яны самі здолелі "ўстаць на ногі" і забяспечваць сябе. Мы супрацоўнічаем з дзяржаўнымі ўстановамі ў сферы прафесійнай падрыхтоўкі (курсы цырульнікаў, будаўнікоў, падтрымка бежанцаў у арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці, навучанне ў навучальна-вытворчым камбінаце па спецыяльнасцях аўтаслесар, сакратар,масажыст і т.п). Паслугі аказвае спецыялізаваная юрыдычная кансультацыя, куды можна патэлефанаваць па нумары (8 017) 228-59-64 у буднія дні з 9 да 17 гадзін. Для часовага жылля адрамантаваны і аснашчаны памяшканні ў Віцебску і Стаўбцах. Гэта адзін з прыярытэтаў дзейнасці УВКБ ААН. Дзеці бежанцаў наведваюць школы, карыстаюцца, як і ўсе, бясплатнымі абедамі і, пры падтрымцы УВКБ ААН, праводзяць летні адпачынак у аздараўленчых лагерах. Для іх арганізуюцца дадатковыя заняткі на роднай мове. Для дарослых заняткі па вывучэнні рускай мовы праводзіліся на філалагічным факультэце БДУ. Прадстауніцтва падтрымлівае два мастацкіх калектывы дзяцей бежанцаў: з Афганістана "Пандок" і з Абхазіі "Самшабло", арганізавала іх удзел ва ўнікальных мерапрыемствах — чацвёртым (2002 г.) і пятым (2004 г.) Усебеларускіх фестывалях нацыянальных культур у Гродне.

— Спадар Тадаровіч, часта мігранты, якія прыязджаюць у Беларусь, пры звароце па медыцынскую дапамогу сутыкаюцца з шэрагам праблем, ад "папяровых" да фінансавых. Ці вядомы Вам гэтыя цяжкасці і якія крокі робяцца для іх вырашэння?

— Гэта, як і іншыя праблемы бежанцаў, нам добра вядома. Экстараная медыцынская дапамога павінна аказвацца ўсім, нават нелегальным мігрантам. Таксама неабходная медыцынская дапамога павінна аказвацца ўсім дзецям. Некаторыя праблемы існуюць у дачыннені да дарослых. Але, калі чалавек зарэгісраваўся як "асоба, якая шукае прытулку", або атрымаў статус бежанца, праблема знімаецца.

Мы выдатна разумеем, што наперадзе яшчэ больш работы і цяжкасцей. Неабходна сумеснымі намаганнямі Беларусі і міжнародных арганізацый умацоўваць і ўдасканальваць створаную сістэму рэагавання на праблемы бежанцаў і міграцыі.

Вялікае дзякуй і вашай паважанай газеце за тое, што аператыўна і дасканала знаёміце сваіх чытачоў з актуальнымі праблемамі сучаснасці.

"Раённыя будні", 04 снежня 2004 г.

ЯК ГРАМАДЗЯНСТВА АТРЫМАЦЬ?

Не па ўласнай віне і ўласнай добрай волі людзі ў наш нестабільны час становяцца бежанцамі, эмігрантамі з роднага дома, роднай краіны. Войны, нацыянальныя падзелы, немагчымасць працаўладкавацца, жаданне перанесці цяжкасці жыцця разам роднымі... ды ці мала важных прычын, якія вымушаюць сарвацца з абжытага месца, часта кінуць нажытае дабро і ехаць у далёкі свет? Але, пазбавіўшыся адных праблем, людзі набываюць іншыя: як атрымаць права на пражыванне і жыллё ў чужой краіне, дзе працаваць, што стане з заробленай пенсіяй, як, нарэшце, ужыцца з суседзямі, якія маюць іншы ўклад жыцця, традыціі і звычкі...

У рубрыцы "Другая радзіма" мы пастараемся аказаць на канкрэтныя пытанні, узняць праблемы людзей, другой радзімай для якіх стала Пружаншчына.

На Пружаншчыне людзей, якія маюць афіцыйны статус бежанцаў, няма. Але ёсць шмат такіх, што пакінулі сваю радзіму ў сілу розных прычын і знайшлі прытулак у нашай Беларусі.

Для таго, каб атрымаць усе правы, гэтыя людзі павінны атрымаць дазвол на пастаяннае жыхарства ці беларускае грамадзянства. Пра парадак і асаблівасці атрымання грамадзянства і ідзе наша гутарка са старшым інспектарам пашпартна-візавай службы Н.П. Пракапеняй.

— Наталля Паўлаўна, з чаго трэба пачынаць тым, хто вырашыў застацца жыць у Беларусі?

— Спачатку трэба прыйсці з дакументамі ў адзяленне па грамадзянству і міграцыі (былая пашпартна-візавая служба) і атрымаць від на жыхарства. Для гэтага абавязкова павінна быць месца, куды асобу можна прапісаць, ці падставы для атрымання жыхарства. Далей жадаючыя атрымаць грамадзянства павінны чакаць сем год, а па заканчэнні гэтага тэрміну звярнуцца з хадатайствам у Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

— Усім асобам трэба столькі чакаць?

— Не, асобы, што прыбылі з Казахстана і Кыргызстана (з гэтымі краінамі заключана адпаведнае пагадненне), маюць права адразу хадайнічаць аб атрыманні грамадзянства, калі яны пражывалі на Беларусі да 12 лістапада 1991 года, або ў нас пражывалі ці жывуць іх блізкія родзічы, калі нарадзіліся ў Беларусі. Але ўсё роўна павінна быць магчымасць іх прапіскі. Трэба сабраць і дакументы, што пацвердзяць гэтыя факты і радство. Калі ўсё ў парадку, праз два месяца яны атрымаюць даветку аб грамадзянстве, а затым і пашпарт грамадяніна Рэспублікі Беларусь.

Спрошчаным варыянтам карыстаюцца і тыя, хто сам або чый бацька ці маці, дзядуля ці бабуля па прамой лініі пражывалі ці нарадзіліся на тэрыторыі Беларусі да 12 лістапада 1991 г. (быў прыняты Закон аб грамадзянстве РБ). Або калі нехта з пералічаных родзічаў пражываў пастаянна ў Беларусі на 12 лістапада 1991 г. Тое ж адносіцца і да мужа ці жонкі тых, хто ў гэты час жыў або нарадзіўся на Беларусі.

— Наталля Паўлаўна, а якія яшчэ сюрпрызы могуць чакаць тых, хто жадае змяніць грамадзянства?

— Каб атрымаць беларускае грамадзянства, трэба перастаць быць грамадзянінам іншай краіны. Для гэтага прадстаўніцтва той краіны павінна выдаць даведку аб выхадзе з грамадзянства. Такая даведка не патрабуецца толькі ад грамадзян Украіны. А нацбольш складанасцей — з Азербайджанам, Грузіяй і Узбекістанам: пасольстваў гэтых краін на тэрыторыі Беларусі няма. А вось жадаючых застацца ў нас адтуль хапае. Таму даводзіцца выхадзіць на сувязь з Масквой ці Кіевам, дзе ёсць пасольствы гэтых краін.

— А якое грамадзянства чакае дзяцей, народжаных на тэрыторыі Беларусі, чые бацькі не грамадзяне краіны?

— Дзіця атрымае грамадзянства сваіх бацькоў. Але калі адзін з бацькоў грамадзянін Беларусі, а другі — не, па пісьмовай згодзе бацькоў дзіця можа стаць грамадзянінам Беларусі. Раней мы вырашалі гэтае пытанне праз Брэст, але са жніўня робім гэта ў Пружанах. На што патрабуецца значна меньш часу.

Гутарыла Кацярына Пашкевіч, "Раённыя будні", 28 верасня 2004 г.

 

ДВОЙЧЫ З ЧЫСТАГА ЛІСТА

Афіцыйны статус бежанца цяпер у рэспубліцы маюць крыху больш чым 730 чалавек. У Брэсцкай вобласці прызнаны бежанцамі 9 чалавек.

Жыхар Пружан Юрый Казей не адносіцца да гэтай колькасці. Хаця двойчы вымушаны быў пакідаць абжытыя месцы.

— Памятаеце песню "Каб любіць Беларусь маю мілую, трэба ў розных краях пабываць..."? Дык гэта слова ў слова пра мяне,— пачынае ён свой аповед.

Бацькі Юрыя Паўлавіча — карэнныя беларусы. Сам вучыўся ў першай пружанскай сярэдняй школе, Адсюль, з Пружан, пайшоў на службу ў армію. Закончыў Брэсцкае музычнае вучылішча. Мог застацца ў абласным цэтры, тым больш, што прапаноўвалі добрую работу, ці вярнуцца ў Пружаны. Але да гэтага часу Юрый ужо ажаніўся, і кватэра ні ў Брэсце, ні ў Пружанах Казеям "не свяціла". А ў Таджыкістане, дзе Юра служыў у арміі і адкуль прывёз сабе жонку, абяцалі адразу ж і работу, і кватэру.

Так беларускі юнак і яго жонка-расіянка апынуліся ў Кулябе — абласным цэнтры Таджыкістана. Да граніцы з Афганістанам адтуль, як ад Пружан да Брэста.

Юрый атрымаў работу ў музчеай школе. А праз два месяцы — двухпакаёвую, з ўсімі выгодамі кватэру. З радзімай сувязі не абрывалі. Заробак дазваляў сям'і Казеяў кожны год ездзіць у вотпуск: абавязкова — на мора і ў Беларусь. У Таджыкістане яеы пражылі 20 гадоў.

Спачатку было вельмі добра, — успамінае Юрый Паўлавіч. — Мясцовае насельніцтва адносілася да нас прыязна. Практычна ніхто не задаваўся пытаннем: якой ты нацыянальнасці, чаму тут жывеш? Праблемы пачаліся з рзвалам Саюза.

Самымі агіднымі былі расавыя забабоны на бытавым узроўні. Не курыш таджыкскія цыгарэты "Лал", — "Едзь у сваю Расію". На рынку купляеш памідоры: "Чаму так дорага?". "Не падабаецца, едзь у сваю Расію..."

І ад'язджалі. Лепшыя спецыялісты з самых адказных участкаў. Па гэтай прычыне нават з'явілася пагроза спынення работы вядомага Вышскага каскада электрастанцый, дзе амаль усе галойныя спецыялісты былі рускія.

Але выехаць аказалася не вельмі проста. Для таго, каб заказаць вагон, трэба было плаціць шалёны хабар. Казеям гэта ўдалося толькі дзякуючы дапамозе земляка-беларуса — начальніка чыгуначнай станцыі ў Курган-Цюбе.

Вядома, не адбылося і без прыгод. Як дабывалі вагон, як грузіліся, як ехалі, Юрый Паўлавіч успамінае, як нядаўна прачытаны дэтэктыў. Для таго, каб таджыкі не чапляліся на кожным прыпынку, сябры зрабілі яму даведку: маўляў, палкоўнік Казей Ю.П. — ветэран вайны ў Афганістане, пасля кантузіі вяртаецца на радзіму. Просьба не затрымліваць...

Юрый сумняваецца:

— Магчыма, пра гэта і не трэба пісаць, — усё-такі супрацьзаконна... А з даведкай... Толькі пакажу: "Даруйце, таварыш палкоўнік... Шчаслівай дарогі, таварыш палкоўнік..."

У адным вагоне з Казеямі пакідалі Таджыкістан крымскі татарын, узбек і яшчэ адзін беларус. Гэтым "палкоўніцкім званнем" карысталіся ўсе. Калі што, адзін адказ: з намі палкоўнік едзе, — звяртайцеся да яго.

А ў роднай сталіцы — новая неспадзяванка: інфляцыя. Аказваецца, за тое, што вагон праехаў па чыгунцы толькі з Гомеля да Мінска, трэба было заплаціць ажно 70 тысяч рублёў.

— Усе нашы пажыткі столькі не каштавалі, — абураецца Юрый Паўлавіч.

Пасажыры ў знак пратэсту нават збіраліся абліць свае чамаданы бензінам і падпаліць. Але абыйшлося. Якраз падаспела рашэнне ўрада Беларусі аб тым, што ўсе такія як сям'я Казеяў, вяртальнікі прыроўнены да бежанцаў, што ім плаціць не трэба, вагон быў спакойна разгружаны.

У Пружанах спыніліся ў бацькоў. Афіцыйнага дакумента наконт бежанства ў Юрыя не было. Таму кватэры належала чакаць у агульнай чарзе. Але і тут ім пашанцавала: тагачасны гарадскі савет выдзеліў сям'і адзін пакойчык з кухняй у будынку падменнага фонда. А праз пяць гадоў Казеі атрымалі двухпакаёвую кватэру ў новай шматпавярхоўцы.

— Зазначце без усялякіх хабараў і нават намёкаў на іх, — удакладняе Юрый Паўлавіч, які прехаўшы з Такджыкістана, не мог уявіць сабе, што яшчэ магчыма рабіць справы па закону і за звычайнае чалавечае "дзякуй". Кватэру гэтую выдзелілі яго жонцы, як пенсіянеру-ваеннаслужачаму.

Той год у сям'і Казеяў быў знамянальны на падзеі. Юрый напісаў заяву ў вышэйшыя інстанцыі аб вяртанні беларускага грамядзянства. І праз тры месяцы яго просьба была задаволена.

За сваё жыццё мастацкі кіраўнік духавога аркестра Пружанскага палаца культуры Юрый Казей пабываў у многіх краінах: ва ўсіх саюзных рэспубліках, акрамя Грузіі, Азербайджана і Арменіі, а таксама — у Італіі, Германіі, Аўстрыі, Чэхіі. І ўпэўнены, што лепшай за родную Беларусь мясціны на зямлі няма.

— Самае галоўнае, вядома, гэта — чалавечнасць, добрасардэчнасць, — якія пануюць у нас. Я пачынаў сваё жыццё, па сутнасці, з чыстага ліста і цяпер, на старасці гадоў, упэўнены, што ёсць на зямлі краіна, дзе я — "свой чалавек". Гэта — мая Радзіма.

Анна Хадаровіч, "Раённыя будні", 28 верасня 2004 г.

 

ЯЎГЕН КРАМКО: "ГАЛОЎНАЕ ПРАВА — ЖЫЦЬ У БЕЛАРУСІ"

Наша даведка: Я.Я. Крамко працуе ў гэтай службе амаль з пачатку яе ўзнікнення. Зараз ён узначальвае аддзел па пытаннях бежанцаў і прадастаўленні прытулку. Менавіта яму разам з супрацоўнікамі даводзіцца першымі сустракаць прыязджаючых, выслухоўваць шматлікія жыццёвыя гісторыі. І першымі аказваць дапамогу тым, каму яна патрэбна. Мы сустрэліся з Яўгенам Яўгенавічам, каб больш падрабязна даведацца аб рабоце Дэпартамента, а таксама пераадрасаваць пытанні нашых чытачоў.

Пасля распаду Савецкага Саюза рассыпаліся ўшчэнт аб'ядноўваючыя людзей сяброўскія сувязі. Мы неяк за некалькі дзён сталі жыхарамі іншых краін, іншаземцамі для суседзяў. Амаль увесь поўдзень некалі магутнай дзяржавы ператварыўся ў зону баявых дзеянняў, разгарэліся міжэтнічныя канфлікты. Гэты шторм узняў такую хвалю бежанцаў, якая дакацілася і да Беларусі: па самых сціплых падліках, у першыя пяць гадоў пасля аб'яўлення сваёй незалежнасці ў нашу краіну прыехалі больш 500 тысяч мігрантаў. Неабходна было неяк кіраваць гэтым патокам, бо сярод прыязджаючых былі і тыя, хто значна "наслядзіў" у сябе не радзіме і зараз хаваецца ад правасуддзя. З гэтых меркаванняў у 1992 годзе пры Дэпартаменце па працы і сацыяльнай абароне была створана дзяржаўная міграцыйная служба, функцыі якой зараз перададзены Дэпартаменту па грамадзянству і міграцыі МУС.

— Пераважная большасць так званых мігрантаў тых гадоў, — гаворыць Яўген Яўгенавіч, — як высветлілі потым, займалася супрацьпраўнымі дзеяннямі: яны нідзе не працавалі, але жылі няблага. Дастатокова паглядзець міліцэйскую статыстыку, каб убачыць, наколікі тады ўзрасла злачыннасць, колькі зарэгістравана забойстваў і іншых зланчынстваў з удзелам прыехаўшых.

Таму неабходна было стварыць дзяржаўную міграцыйную службу, потым распрацаваць заканадаўчыя акты. Першы закон аб бежанцах быў прыняты ў 1995 годзе. На нас былі ўскладзены абавязкі па рэгістрацыі прыязджаючых з мэтай устанаўлення сапраўдных бежанцаў. Пасля таго як запрацавала адпаведнае заканадаўства, да нас звярнулася дзве з паловай тысячы чалавек. Астатнія вырашылі сваі праблемы самастойна.

Зараз мы кіруемся ў рабоце трэцяй рэдакцыяй Закона "Аб бежанцах", прынятай пасля далучэння Беларусі ў 2001 годзе да Канвенцыі ААН, якая была поўнасцю ўніфікавана з міжнародным заканадаўствам. І трэба адзначыць, што наша распрацаваная працэдура вызначэння статусу бежанцаў уплывовымі міжнароднымі арганізацыямі была прызнана лепшай на постсавецкай прасторы.

— Яўген Яўгенавіч, наколькі цесна вы супрацоўнічаеце з Вярхоўным камісарам па справах бежанцаў ААН? Ці атрымліваеце нейкую дапамогу ў вырашэнні сладаных пытанняў?

— Ва ўсім, што рабілася і робіцца ў адносінах да бежанцаў, вялікая заслуга прадстаўніцтва Вярхоўнага камісара ААН, якое адкрылася ў рэспубліцы ў 1995 годзе. З яго дапамогай мы атрымалі інфармацыю аб сусветнай практыцы ў гэтай галіне, на аснове якой сфарміравалі ўласнае заканадаўства. Акрамя таго, мы прайшлі своеасаблівыя курсы падрыхтоўкі ў розных краінах свету. Цяпер падыходзім да таго, каб аб'яднаць нашы веды для больш мэтанакіраванай работы.

— Наколькі ведаю і магу меркаваць па нашым раёне, дзе кантроль за ўсімі мігрантамі наладжаны дакладна, у межах рэспублікі работу вашы спецыялісты выканалі на "выдатна". Але сітуацыі, як правіла, часта мяняюцца. Як зараз абстаяць справы? Чым даводзіцца займацца цяпер?

— Сёння, зыходзячы са сваей прктыкі, адзначу, што сапраўдныя бежанцы амаль што да нас не прыязджаюць, акрамя грмадзян Афганістана.

Больш займаемся высвятленнем асоб. Для гэтых мэт таксама распрацавана, на аснове шматгадовай практыкі, эфектыўная сістэма.

— Ці плануецца стварэнне цэнтраў па прыёму і часовым прытулку для бежанцаў у іншых абласцях, напрыклад, у Брэсцкай, а таксама ў райцэнтрах?

— У нас дзейнічае пункт часовага пасялення бежанцаў у Віцебску, які разлічаны на 30 чалавек. Але цяпер ён загружаны напалову. Калі паглядзець, што робіцца ля нашых межаў, то зразумела, што можна і не чакаць наплыву бажанцаў адтуль. Ці ёсць сэнс адкрываць іншыя? На маю думку, неабходна сродкі выдаткаваць на стварэнне іншых арганізацый па дапамозе бежанцам. Напрыклад, у Гомелі, таксама пры дапамозе прадстаўніцтва Вярхоўнага камісара ААН, плануецца адкрыць пункт дапамогі бежанцам, якім неабходна сацыяльная абарона, на базе мясцовага цэнтра сацыяльнай і медыцынскай дапамогі.

У Брэсцкай вобласці мы спачатку планавалі адкрыць падобную ўстанову, але потым вырашылі зрабіць там пункт па часовым размяшчэнні нелегалаў, якія імкнуцца за заходнюю мяжу. На апошняй сустрэчы з прадстаўнікамі зацікаўленых краін Еўрасаюза ўжо дасягнуты дамовы аб фінансаванні.

— Наша чытачка Іванова пытаецца, як размяжоўваюцца паняцці "бежанец" і "вымушаны мігрант"?

— Бежанец — гэта той, хто вымушана пакінуў радзіму з-за праследванняў па розных матывах або дыскрымінацыі. Астатніх, каго прымусілі шукаць новага даху над галавой, мы адносім да вымушаных мігрантаў. Што дае статус бежанца? Усе сацыяльна-эканамічныя правы, якія маюць грамадзяне рэспублікі. Самае галоўнае права — гэта права жыць у Беларусі.

— Яўген Яўгенавіч, магчыма, у нашых чытачоў ёсць яшчэ нейкія пытанні, якія яны хацелі б задаць Вам асабіста. Куды яны могуць звяртацца для атрымання неабходнай кансультацыі?

— У любы рабочы дзень я гатовы іх выслухаць па тэлефоне (8-017) 226-89-93. Запэўніваю, што ў маёй камандзе сапраўдныя спецыялісты, якія дадуць самыя вычарпальныя адказы.

Гутарыў Алег Сідаренка, "Раённыя будні", 16 лістапада 2004 г.

 

БЕЛАРУСАМ МОЖАШ ТЫ НЕ БЫЦЬ, БЫЦЬ ГРАМАДЗЯНІНАМ АБАВЯЗАНЫ

ІМІГРАЦЫЯ. Распад Саветскага Саюза сарваў значную колькасць людзей з абжытых месцаў і прымусіў шукаць новага прытулку. Як цяжка ў канцы жыцця стаць імігрантам! На новым месцы, у іншай краіне не ведаеш, як сутрэнуць. Трэба даказаць, што ты годны жыць тут, а да таго часу цяжка пазбавіцца крыўднай мянушкі "навалач". Але трэба і прызнаць, што не заўсёды такія суседзі прывозяць з сабой добразычлівыя адносіны.

ДАВЕДКА "РБ": За мінулы год па лініі праваахоўных органаў трэць зарэгістраваных правапарушэнняў і злачынстваў у Пружанскім раёне прыпала на сезонных мігрантаў з Украіны, Малдовы і Расіі. У 2002 годзе два забойствы ўчынены грамадзянамі іншых краін.

І яшчэ, Беларусь стала сапраўдным кардонам для жадаючых нелегальна пабачыць даброты цывілізацыі. На выяўленне, утрыманне, адпраўку на радзіму нелегалаў рэспубліканскі бюджет штогод выдаткоўвае дзесяткі мільёнаў рублёў.

Між тым, ёсць і тыя, хто не па добрай волі, а па прычыне розных жыццёвых выпрабаванняў вымушаны быў пакінуць роднае гняздо і шукаць долі за блізкім светам. Толькі не хапае фінансавага дарабыту для пераадолення візавых патрабаванняў, установленных "добразычлівымі суседзямі" для жыхароў СНД. Вось і асядаюць яны на беларускай зямлі. Штогод тысячная хваля імігрантаў запаланяе рэспубліку: некаторыя памятаюць, як раней тут было добра, і вяртаюцца на гістарычную радзіму, у каго родныя ў Беларусі асталяваліся, а хто проста прыехаў шукаць у нас спакою. Як паведамляе старшы інспектар пашпартна-візавай службы РАУС Наталля Пракапеня, у Пружанскім раёне жывуць 850 асоб без грамадзянства і замежных грамадзян, якія маюць від на жыхарства. Асноўная маса імігрантаў з Расіі, пераважна — пенсіянеры, якія ў сталым узросте шукаюць спакою ў мірнай Беларусі.

— Згодна з заключанымі дамоўленнасцямі паміж нашымі краінамі, расіянам дастаткова мець пры сабе патрабуемы пакет дакументаў — сапраўдны пашпарт, даведкі аб тым, што ёсць дзе жыць і працаваць, каб праз тры месяцы атрымаць від на жыхарства і назаўсёды асталявацца ў нас, — гаворыць Наталля Паўлаўна.

ДАВЕДКА "РБ": Нядаўна падобныя пагадненні заключаны з Казахстанам і Кыргызстанам. Для грамадзян гэтых краін дастаткова мець на тэрыторыі нашай рэспублікі родных або даказаць, што маюцца беларускія карані ці засведчыць факт свайго ранейшага пражывання ў Беларусі.

Ёсць сярод прыязджаючых і тыя, хто пакінуў "гарачыя кропкі". Як сведчыць практыка, наша краіна прымае ўсіх жадаючых, сітуацыю на кантроле трымае сам Прэзідэнт.

Але вясной-летам, як адзначае Н.П. Пракапеня, колькасць імігрантаў значна павялічваецца за кошт сезонных работнікаў. У асноўным едуць за беларускай капейчынай маладыя украінцы з Валыні, дзе ў сельскай мясцовасці вялікі працэнт беспрацоўя. Нямала сярод падобных ім і так званых "перакаці поле", якія за год мяняюць да дзесятка месц жыхарства. Напрыклад, летась прыехала сям'я з Украіны з 11 чалавек. У бацькоў у дакументах месца няма для штампа аб прапісцы, не па адным адрасе сям'я не затрымлівалась больш года. Зразумела, што і на Пружаншчыне яны не асядуць. Адмоўны уплыў такія імігранты аказваюць на крымінагенную сітуацыю ў раёне.

— За сезон у раён прыязджае больш сотні людзей. Перад рэгістрацыяй абавязкова патрабуем у іх даведку аб праходжанні медагляду на СНІД, вензахворванні, флюраграфіі, — адказвае Наталля Паўлаўна на маё пытанне аб кантролі за міграцыяй сацыяльна небяспечных элементаў. Дарэчы, раней такое патрабаванне існавала толькі ў нашым раёне. Сёлета яно распаўсюдзілася на ўсю рэспубліку. З-за неразборлівасці дырэктараў сельскіх гаспадарак шмат работы дабавілася ўчастковым інспектарам міліцыіі.

Калі чалавек перад прыездам ў нашу краіну ўчыніў злачынства, то ніякай гутаркі аб атрыманні грамадзянства не можа быць.

ДАВЕДКА "РБ": Перад атрыманнем віда на жыхарства прэтэндэнта заўсёды правяраюць. Для гэтага на апошнее месца жыхарства накіроўваюць запыт з пашпартна-візавай службы РАУС: ці не ўчыніў прыехаўшы да нас якое-небудзь злачынства? Магчыма, ён прыехаў у нашу краіну, каб схавацца ад правасуддзя. Адказы прыходзяць з кожнай краіны, нягледзячы на наяўнасць або адсутнасць дагавораў.

Гэтак жа і ў выпадку, калі ўчыніў праванарушэнне на тэррыторыі Беларусі. Штогод падобных здарэнняў рэгіструецца некалькі дзесяткаў. Нядаўна ў полі зроку праваахоўчых органаў за крадзеж трапіла маладая ўкраінка.

Але шмат сярод сярод сезонных мігрантаў такіх, хто пасля 2-3 прыездаў застаёцца ў нас на заўсёды. Цэлымі сем'ямі прыязджаюць на Беларусь. Многія становяцца паўнаправнымі грамадзянамі, паважанымі работнікамі і суседзямі. Вялікі ўнёсак робяць яны і ў эканоміку раёна сваёй добрасумленнай працай.

Алег Сідаренка, "Раённыя будні", 25 мая 2004 г.

 

БЕЛАРУСКІ ПРАЦЯГ ГРУЗІНСКАГА РАМАНА

Сёння сям'ю Макарчукоў у Лінаве ведаюць і паважаюць. Зусім па-іншаму было ў 1995 годзе, калі Сусана Канстанцінаўна прыехала на радзіму мужа Мікалая Фёдаравіча.

Асірыйка і беларус вымушаны былі пакінуць стаўшую на пэўны час роднай Грузію.

Пазнаёміліся нашы героі ў пачатку 80-х у невялікім грузінскім горадзе Гардабані, дзе абодва працавалі ў ваенкамаце. У 1986 годзе адгулялі вяселле і зажылі звычайным сямейным жыццём. Яшчэ больш шчаслівая стала сям'я ў 1989 годзе пасля нараджэння сына Фёдара. Але ціхае шчасце было нядоўгім. Сумна вядомыя падзеі ў Грузіі ў пачатку 90-х не маглі не закрануць кожнага яе жыхара. У хуткім часе Макарчукі страцілі дзяржаўную работу. Па словах Сусаны Канстанцінаўны, на той момант у краіне дзяржаўнага ўжо не было нічога. Нават па хлеб трэба было ісці да прыватнікаў. Тры гады прайшлі ў такой неразбярысе, пакуль рашэнне пераехаць на радзіму мужа не стала канчатковым.

У 1995 годзе сям'я Макарчукоў прыбыла ў ціхую Беларусь.

Радзіма сустрэла Мікалая Фёдаравіча і яго сям'ю не зусім ветліва. Як высветлілася зараз, многія праблемы ўзнікалі менавіта з-за прававой неадукаванасці. Не ведалі, што маюць прва на жыллё, не ведалі, што маюць права атрымаць грамадзянства, не чакаючы сем год, таму што Мікалай Фёдаравіч пражываў на тэрыторыі Беларусі да 12 лістапада 1991 года. Таму пасялілася сям'я ў бацькоўскай хаце ў вёсцы Варотнае. Старая сялянская хатка знаходзілася ў аварыйным стане. Але Макарчукі радаваліся: вакол не было вайны.

Толькі два гады назад Мікалай Фёдаравіч і Сусана Канстацінаўна атрымалі бязвыплатную субсідыю і перасяліліся ў Лінава. Для гэтага давялося прачытаць не адну падшыўку газет і часопісаў у бібліятэцы, каб нарэшце даведацца пра свае правы.

Так здарылася, што пераезд на Беларусь быў матываваны ў асноўным тым, што ў тагачаснай Грузіі ўмовы для выхавання сына былі вельмі неспрыяльнымі. Але бяда прыйшла і ў мірнай Беларусі. У 95-ым 6-гадовага Федзю з Варотнага ў Лінаўскую сярэднюу школу бацька вазіў на веласіпедзе, таму што Федзя быў адзіным вучнем з той вёскі. Зіма 95-га выдалася надзвычай халоднай, і падчас адной з паездак у школу хлопчык моцна прастудзіўся. Хвароба дала ўскладненне на вочы. Сёння Фёдар вучыцца ў школе-інтэрнаце для дзяцей з аслабленым зрокам.

А ў цэлым Суана Канстанцінаўна не шкадуе, што набыла другую радзіму. У Грузіі і сёння не салодка, таму і сваіх родных яна кліча на Беларусь. Годны чалавек заўсёды зойме дастойнае месца ў грамадстве. Сусана Канстанцінаўна зараз — загадчыца магазіна ў вёсцы Гарадняны, Мікалай Фёдаравіч — ваенны пенсіянер, стараста вёскі Лінава.

Кацярына Пашкевіч, "Раённыя будні", 16 лістапада 2004 г.


Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter

Сообщество

  • (029) 3222740
  • Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
© 2024 Международное общественное объединение «Развитие». All Rights Reserved.