ДРУГАЯ РАДЗІМА. З ЧАГО ПАЧЫНАЕЦЦА?
Аб паняцці "бежанцы" і ягоных носьбітах Беларусь даведалася ў першыя постсавецкія гады, калі былыя саюзныя рэспублікі "даслалі" на беларускую тэрыторыю больш як 30 тысяч вымушаных мігрантаў. А разам з імі — мора самых розных праблем… З 1995 года на дапамогу Беларусі прыходзіць Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў (УВКБ ААН) — праз сваё Прадстаўніцтва ў Мінску. З 96-га, пасля Жэнеўскай канферэнцыі па праблемах міграцыі і бежанцаў у СНД, у краіне ўзрасла колькасць — і актыўнасць! — рознага кшталту грамадскіх арганізацый, што маюць самае непасрэднае дачыненне да гэтай справы. Найпершая з іх — Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа, генеральнаму сакратару якого Антону Раманоўскаму мы і адрасавалі наступныя пытанні:
Статус — "бежанец"
— Наколькі мне вядома, УВКБ ААН станоўча ацэньвае намаганні беларускіх улад, якія за параўнальна кароткі тэрмін змаглі распрацаваць прававыя асновы абароны бежанцаў, стварыць адпаведныя дзяржаўныя структуры, забяспечыць якасную працэдуру набыцця статуса бежанца. Але ўсё гэта — прэрагатыва дзяржавы. А ў чым, Антон Аляксеевіч, клопат вашай арганізацыі — перш-наперш, у ракурсе сацыяльным?
— Адразу заўважу: ужо з 1997 года рэспубліканскі камітэт БТЧК з'яўляецца партнёрам УВКБ ААН у справе абароны праў бежанцаў. Мінулы год карэнным чынам змяніў прынцыпы сацыяльнай работы: цяпер "пануе" індывідуальны падыход да кожнага канкрэтнага чалавека, кожнай сям'і. Апошнім часам у краіне істотна палепшылася сітуацыя з правамі бежанцаў, што адчувальна паўплывала на іх сацыяльную адаптацыю. Усе пенсіянеры з відам на жыхарства атрымліваюць пенсіі. Праўда, працэнт жанчын, што маюць доступ да сацыяльных дапамог на дзяцей, пакуль ніжэйшы. Прычын некалькі: непрацаўладкаванасць, несупадзенне месцаў прапіскі і пражывання, у асобных выпадках — некампетэнтнасць супрацоўнікаў некаторых мясцовых дзяржаўных сацыяльных службаў у пытаннях праў бежанцаў… Гэта сур'ёзная кропка прыкладання сіл на бліжэйшы час.
У 2004-ым змяніўся сам працэс вызначэння статуса "бежанец". Гэтыя функцыі перайшлі ад Міністэрства працы і сацыяльнай абароны да Міністэрства ўнутраных спраў, што напачатку не лепшым чынам паўплывала на якасць працэдуры прадастаўлення прытулку ў нашай краіне. Патрабаваліся перамовы з ведамствам — "навічком", супрацоўнікі якога ў асобных выпадках яшчэ не былі знаёмы з тонкасцямі справы, не валодалі сітуацыяй.
Прыярытэт у нашай рабоце мы аддаём справе інтэграцыі бежанцаў, стварэнню спрыяльных умоў для іх актыўнага ўдзелу ў жыцці грамадства, забеспячэнню роўных правоў і магчымасцей для мужчын і жанчын. Дарэчы, большасць з іх — грамадзяне Афганістана, астатнія — з Абхазіі, Эфіопіі, Судана…
Толькі калегіяльна!
— Шчыра кажучы, у некаторых дзяржаўных кабінетах прытрымліваюцца думкі, што Чырвоны Крыж занадта апякае сваіх падапечных фінансава. А як на думку кіраўніка?
— Мы дапамагаем толькі тым, хто найбольш мае ў гэтым патрэбу. Штомесячна 45 сум'яў, а гэта 140 чалавек, дзе ёсць людзі непрацаздольныя, непаўналетнія дзеці без суправаджэння дарослых, пенсіянеры, інваліды атрымліваюць грашовую дапамогу. Рашэнне аб яе выдзяленні прымаецца калегіяльна. У мінулым годзе супрацоўнікі пабывалі ў 48 сем'ях, і неаднаразова, каб азнаёміцца з іх матэрыяльным станам і адпаведна дапамагчы.
Бежанцы таксама маюць права на атрыманне экстраннай матэрыяльнай дапамогі ў выпадку непрадбачанай сітуацыі. Гэта можа быць цяжкая хвароба, нядаўняе прыбыццё ў нашу краіну. Кожны выпадак разглядаецца індывідуальна, абавязкова — у супрацоўніцтве з юрыстамі УВКБ ААН. Акрамя таго, маламаёмная сям'я можа атрымаць так званы школьны грант: летась гэта стала адчувальнай дапамогай для 116 дзяцей.
— Пераважная большасць афіцыйных бежанцаў імкнецца асесці ў гарадах: тут, прама скажам, прасцей уладкавацца…
— Ведаеце, ёсць такая форма фінансавай падтрымкі, як інтэграцыйны грант. І атрымліваюць яго людзі, якія выказалі жаданне пражываць у сельскай мясцовасці. Рабочая група ў складзе прадстаўнікоў Чырвонага Крыжа, УВКБ ААН, міграцыйнай службы выязджае ў пасёлкі, вёскі, дзе ўладкаваліся бежанцы, і толькі тады прымае канкрэтнае рашэнне аб магчымасці фінансавай дапамогі. Летась яе атрымалі восем сем'яў.
— Бежанцу, як і кожнаму з нашых суайчыннікаў, патрабуецца медыцынская дапамога. Можа, нават і ў большай ступені: такі пакручасты пералом у жыцці! Ёсць прапановы?
— Вось ўжо тры гады на базе Ленінскай раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа, у цесным супрацоўніцтве з 11-й паліклінікай г. Мінска, працуе медыка-санітарны цэнтр для бежанцаў. Урач-кансультант таксама з іх ліку. Такім чынам, няма моўнай перашкоды, узрастае ступень даверу. Гэты ж урач аказвае мноства пасрэдніцкіх паслуг: дагаворваецца аб шпіталізацыі, абследваннях вузкіх спецыялістаў, рыхтуе меддакументы на перасяленне тых, каму адмоўлена ў статусе бежанца. Штомесяц цэнтр наведваюць 55-65 чалавек. Той, хто мае патрэбу ў набыцці жыццёва важных дарагіх медыкаментаў, могуць атрымаць грашовую кампенсацыю пры наяўнасці пацвярджаючых дакументаў. У выпадку немагчымасці набыцця лекаў самім хворым, гэтым займаюцца супрацоўнікі цэнтра. Кожны месяц у такой дапамозе ўзнікае патрэба ў 8—10 чалавек.
Калі мігрант знаходзіцца на нашай тэрыторыі не як прызнаны бежанец, а як замежны грамадзянін, яго лячэнне аплачвае Чырвоны Крыж за сродкі УВКБ ААН. Многія з гэтых людзей пакутуюць ад вынікаў раненняў, ды і проста ад больш халоднага клімату Беларусі. Мы арганізуем летняе аздараўленне на базе айчынных санаторыяў. Стаўленне да гэтай праблемы выключна індывідуальнае.
— Інтэграцыя ў любое грамадства абсалютна немагчымая без ведання прасцейшых моўных навыкаў тых людзей, поплеч з якімі давядзецца жыць і працаваць…
— Зразумела! Ужо пяць гадоў мы плённа супрацоўнічаем з філалагічным факультэтам Белдзяржуніверсітэта ў гэтым напрамку. Два прафесары вядуць заняткі для чатырох груп рознай ступені навучання. Абавязковы ўлік наведваемасці заняткаў слухачамі. А "вянец" усяго працэсу абучэння — літаратурны вечар, які па заканчэнні рыхтуюць самі слухачы з выкладчыкамі.
Альтэрнатыва рынку
— Што далей? Цяпер, зыходзячы з логікі патрэбна набываць прафесію. Ці існуе толькі адзін варыянт — праца на рынку?
— Альтэрнатыва рынку — прафесійныя курсы. Дзякуючы ім мы атрымліваем швачак, будаўнікоў, цырульнікаў, сакратароў-рэферэнтаў, бухгалтараў, візажыстаў, майстроў манікюру… Дарэчы, выбар спецыяльнасцей абумоўлены не толькі выключна жаданнем саміх бежанцаў, але і тым, што яны запатрабаваныя як у нашай краіне, так і ў сябе на радзіме — у выпадку магчымасці вяртаня туды.
Улетку ў Віцебску намаганнямі абласной арганізацыі Чырвонага Крыжа, пры садзейнічанні гарадской службы занятасці, быў арганізаваны працоўны лагер, у рамках работы якога ладзілася вывучэнне міжнароднага гуманітарнага права. Беларускія, афганскія, грузінскія дзеці мелі магчымасць пасільна працавць, атрымаць плату і разам з гэтым — павысіць культурны і адукацыйны ўзровень, пазнаёміцца з традыцыямі Рэспублікі Беларусь.
— Як жа спалучаюцца традыцыі — нашы і "прывезеныя"?
— Мы шмат працуем над стварэннем грамадскіх аб'яднанняў бежанцаў, арганізацыяй на іх базе сацыяльных прадпрыемстваў. У мінулым годзе ў Гродне грамадскае аб'яднанне грузін стварыла прадпрыемства па выпечцы нацыянальных страў, якое не толькі паспяхова працуе, але і трымае на сваіх плячах клопаты аб маламаёмных гродзенскіх бежанцах.
Афганская супольнасць зарэгістравала фонд дапамогі вымушаным мігрантам у Гомелі "Інтэграцыя-А" і падрыхтавала пакет дакументаў для абсталявання культурна-спартыўнага цэнтра, у якім будуць працаваць бежанцы, а найбольш маламаёмныя змогуць разлічваць на фінансавую і сацыяльную падтрымку.
— Трэба думаць, пройдзе шмат часу, пакуль таварыствы бежанцаў трывала стануць на ногі: будуць паспяхова вырашаць і "глабальныя", і дробязныя жыццёвыя праблемы. А што, Антон Аляксеевіч, мы сёння маем па лініі тых самых асабістых "дробязей", якія для чалавека — самае галоўнае ў жыцці?
— Ёсць прыклады, калі мігранту, што атрымаў адмову ў прызнанні бежанцам, але мае гуманітарны статус, патрабуецца жыллё для часовага пражывання. Яго шукаюць нашы супрацоўнікі…
Мы пастаянна займаемся індывідуальнымі кансультацыямі з бежанцамі па розных пытаннях іх правоў і абавязкаў. Тлумачым правілы атрымання дзяржаўных сацыяльных дапамог.
Варта зазначыць, што наша работа, ва ўсёй сваёй сукупнасці, пабудавана на цесным супрацоўніцтве з дзяржаўнымі органамі і грамадскімі аб'яднаннямі. Да прыкладу, летась плённа папрацавалі з прадстаўнікамі службы міграцыі Мінска, Віцебска, Магілёва, з грамадскімі аб'яднаннямі "Афганская супольнасць. Зямляцтва і бежанцы", "Незалежная сацыяльная дапамога" і многімі іншымі. А напрыканцы года было дасягнута пагадненне з Камітэтам Пагранвойск РБ аб маніторынгу граніц у 2005 годзе. Усё гэта дазволіла ўзняць работу з бежанцамі на якасна новы ўзровень, дасягнуць адчувальных вынікаў.
Інеса Петрусевіч, "Літаратура і мастацтва", 13 мая 2005 г.