нтэрв'ю з І. Тадаровічам — жнівень 2005 г.
КАЛІ ДАДЗЕНЫ ШАНС ЗНАЙСЦІ СЯБЕ НА НОВАЙ РАДЗІМЕ
Чалавек, якога бяда вымушае пакінуць свае радзіму, дом, часта губляе практычна ўсё: уласнасць, асабістыя зберажэнні, дах над галавой, сваякоў. Калі ён трапляе ў іншую краіну, яму няпроста прыстасоўвацца да жыцця на новым месцы; неабходна вучыцца размаўляць на іншай мове і прызвычайвацца да новага ладу і побыту. Хаця напрацягу многіх стагоддзяў узнікалі хвалі вымушаных перасяленняў людзей у пошуках прытулку, праблема бежанцаў пачала звяртаць на сябе асаблівую ўвагу каля ста гадоў таму. Міжнароднае супольніцтва стала аказваць дапамогу бежанцам толькі ў XX стагоддзі пасля стварэння ў 1919 годзе Лігі Нацый. З 1950 года гэтымі пытаннямі займаецца Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў (УВКБ ААН).
У Беларусі Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў адкрыла сваё прадстаўніцтва ў 1995 годзе. Сёльта яно адзначае дзесяцігоддзе.
Пра дзейнасць Упраўлення Вярхоўнага Камісара ААН па справах бежанцаў у Рэспубліцы Беларусь, пра дапамогу, якая аказваецца вымушаным перасяленцам у духоўным станаўленні, вядзе расповед Прадстаўнік УВКБ ААН — Ілля ТАДАРОВІЧ.
— Працую на Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў болей за адзінаццаць гадоў, — адзначае Ілля Тадаровіч. — Я — грамадзянін ЗША. Пачынаў сваю кар'еру ў якасці спецыяліста па прававой дапамозе, бо па адукацыі я юрыст.
Увогуле, мне пашанцавала ў маёй прафесійнай кар'еры, бо я сутыкаўся з рознымі сітуацыямі. Працаваў у Сербіі і Чарнагорыі, у Іарданіі. Адпраўляўся з місіямі ў Афрыку. Мне даводзілася дзейнічаць падчас узброеных канфліктаў, у сітуацыях, калі людзям патрабавалася хуткая дапамога, калі яны знаходзіліся ў дарозе ў пошуках прытулку. Пасля дзейнасці ў былой Югаславіі быў накіраваны ў Рэспубліку Беларусь.
— Спадар Тадаровіч, а колькі вы працуеце ў Беларусі?
— Я працую два з паловай гады. 2005 года для нас, як вядома, асаблівы. Мы адзнааем дзесяцігоддзе сваёй дзейнасці ў Беларусі. З 1995 года мы шчыльна супрацоўнічаем з дзяржаўнымі органамі, якія вырашаюць праблемы бежанцаў і міграцыі. УВКБ ААН з'яўляецца каталізатарам па прыцягненні донарскіх сродкаў на праграмы, ажыццяўленне якіх падтрымлівае наша арганізацыя.
Трэба зазначыць, што я — ужо трэці кіраўнік Прадстаўніцтва. Да мяне працавалі ў Мінску два іншыя міжнародныя супрацоўнікі: першы быў грамадзянінам Нарвегіі, другі — грамадзянінам Велікабрытаніі. Сваю стратэгію я імкнуўся будаваць такім чынам, каб праца, зробленая да мяне, атрымлівала далейшае развіццё, каб развіваліся найбольш перспектыўныя накірункі.
Рэспубліка Беларусь, як вядома, з'яўляецца краінай, якая дае прытулак. Перш за ўсё — мы аказваем дапамогу Беларусі ў рэалізацыі Канвенцыі 1951 года з тым, каб беларускае заканадаўства адпавядала міжнародным стандартам і імпрымітавалася ў адпаведнасці з нормамі права. Мы аказваем і інфармацыйную падтрымку, і тэхнічную дапамогу па ўдасканалені канкрэтных момантаў, пачынаючы ад працэдуры прыёму бежанцаў і заканчваючы доступам да інфармацыі, якая тычыцца правоў па інтэграцыі. Другі важны накірунак: аказанне дапамогі — сацыяльнай, юрыдычнай, гуманітарнай — асобам, якія шукаюць прытулак. Трэці накірунак — праца, якая праводзяцца па інфармаванні грамадскасці, розных прафесійных груп па міжнародных аспектах, стандартах абароны бежанцаў. Чацвёрты накірунак — дапамога Рэспубліцы Беларусь у наладжванні кантактаў на міжнародным узроўні. Мы асабліва вызначаем супрацоўніцтва Беларусі на двухбаковай аснове са Шведскім міграцыйным Саветам, якое было ініцыявана і ўмацавана пры дапамозе УВКБ ААН. Міграцыйная сістэма Швецыі — адна з самых перадавых, яна працуе вельмі эфектыўна.
— Наколькі вядома, ваша арганізацыя дапамагае не толькі ўладкавацца на новым месцы людзям, якія воляй лёсу пакінулі радзіму, але і захоўваць сваю культуру, інтэграваць яе ў наш асяродак…
— Культура з'яляецца мастом, што аб'ядноўвае беларусаў і бежанцаў, якія прыехалі сюды з іншых краін і якія прыўносяць сюды культурную разнастайнасць. Адзін з прыкладаў такога культурнага ўзаемадзеяння: лёс Джымі Нэльсана, вядомага дыск-жакея і музыканта. Ён грамадзянін Ліберыі. Зараз Джымі Нэльсан жыве ў Беларусі. Ён часткова трансфармуе сваю культуру, свой этнас у культуру Рэспублікі Беларусь, узбагачаючы яе новымі элементамі. У Беларусі працягвае ствараць свае жывапісныя карціны кабульскі мастак Фарыд Мохд Хабір Шуджаўдзін. Бежанец з Абхазіі Элгуджа Манія стаў ініцыятарам стварэння Грамадскага аб'яднання грузін і арганізацыі грузінскага фальклорнага калектыву, адкрыцця ў 9-й гродзенскай сярэдняй школе класа, дзе вучацца на сваёй мове грузінскія дзеці. І такіх прыкладаў можна прывесці шмат.
Прыемна зазначыць, што некаторыя з мерапрыемстваў, якія мы падтрымліваем, сталі традыцыйнымі. Адно з такіх — Рэспубліканскі конкурс дзіцяцых творчых прац, які мы арганізуем сумесна з Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь на працягу трох гадоў. У сёлетнім конкурсе прымалі ўдзел каля тысячы школьнікаў з усіх куткоў Беларусі. Дзеці стваралі малюнкі, пісалі вершы, кароткія апавяданні на тэму бежанцаў. Вікторыя Ламбадская з вёскі Вялікая Гута Мінскай вобласці сталася пераможцай Рэспубліканскага конкурсу дзіцячых творчых прац 2005 года, прысвечанага сусветнаму Дню бежанцаў.
Лаўрэаты былі запрошаны ў Мінск прыняць удзел у разнастайных мерапрыемствах. Дзеці пабывалі на экскурсіі, наведалі гістарычныя месцы, для іх была арганізавана прагулка на цеплаходзе, на гала-канцэрце пераможцам былі ўручаны дыпломы і падарункі, а ўсім ўдзельнікам — граматы і сувеніры.
— А колькі ўвогуле ў Беларусі бежанцаў, і колькі сярод іх дзяцей?
— Бежанцамі ў Рэспубліцы Беларусь прызнана 778 чалавек. З іх каля 26 працэнтаў — дзеці. Яшчэ прыкладна каля трох тысяч чалавек падпадае пад мандат УВКБ ААН. Гэтыя людзі могуць разлічваць на дапамогу і падтрымку ад нас.
— Як яны трапляюць у Беларусь?
— У асноўным праз усходнюю мяжу, бо яна празрыстая. Гэтыя людзі не звяртаюцца непасрэдна ва УВКБ ААН. Наша місія — аказваць дапамогу дзяржаўным органам у рэалізацыі Канвенцыі, абавязкаў па прыёме бежанцаў, як узгадвалася ўжо, мы праводзім маніторынг, як рэалізуецца Канвенцыя і Закон Рэспублікі Беларусь "Аб бежанцах". Аддзел па справах бежанцаў і прытулку Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь — рэспубліканскі орган, які мае тэрытарыяльныя офісы ў кожнай з абласцей Рэспублікі Беларусь. Бежанцы маюць магчымасць звяртацца туды або могуць падаць хадайніцтва непасрэдна на мяжы, а памежнікі ў адпаведнасці з заканадаўствам накіроўваюць асоб, якія звярнуліся з хадайніцтвам, у міграцыйныя органы. Сярод бежанцаў — прадстаўнікі розных нацыянальнасцей: выхадцы з Афганістана, Грузіі, Эфіопіі, Таджыкістана, Азербайджана, Ірана, Ірака, Індыі, Пакістана, Палесціны і іншых краін.
Мы зараз маем дастаткова вялікую колькасць праектаў, накіраваных на падтрыманне ўзаемаразумення, на стварэнне сацыяльна-гарманічнага грамадства. Ужо некалькі гадоў з'яўляемся адным з арганізатараў Усебеларускага фестывалю нацыянальных культур. Сумесна з Міністэрствам культуры, Гродзенскім гарадскім і абласным выканаўчымі камітэтамі аказваем фінансавую і арганізацыйную дапамогу ўдзельнікам фестывалю. Разам з іншымі творчымі калектывамі ў фестывалі прымаюць удзел калектывы бежанцаў з Афганістана і вымушаных мігрантаў з Абхазіі. Таксама стала традыцыяй правядзенне Тыдня некамерцыйнага кіно, прысвечанага праблеме бежанцаў. Сёлета Тыдзень праходзіў з 20 па 25 чэрвеня на базе кінатэатра "Перамога". Прэзентавалася шэсць мастацкіх стужак. Гэтыя кінатворы — высокага кшталту і з мастацкага пункта гледжання, і з асвятлення праблематыкі беженцаў. Усе яны былі адзначаны на кінафестывалях у Берліне, Венецыі і іншых прэстыжных міжнародных кінафорумах. Пачаўся Тыдзень дэманстрацыяй фільма "Мяне завуць Дэвід". А завяршыўся фестываль фільмам "Гатэль "Руанда", які намініраваўся на "Оскара". Каля 3000 чалавек наведалі кінапаказы.
— Якія праекты былі ажыццёўлены вамі з беларускімі творцамі?
— Сумесна са студыяй "ФІТ" быў ажыццёўлены вельмі цікавы праект. На беларускім тэлебачанні ў межах праграмы "Лёс чалавека" былі паказаны два фільмы. Адзін распавядаў аб лёсе бежанцаў з Абхазіі, другі, які называўся "Жанчына з Каранам", — пра лёс афганскай жанчыны. Нядаўна гэтыя дакументальныя фільмы, знятыя беларускім творчым калектывам, я паказаў вядомаму амерыканскаму прадзюсеру, які адзначыў высокі мастацкі ўзровень і змястоўнасць кінастужак.
Зрэшты, дзейнасць, якую рэалізуе і падтрымлівае УВКБ ААН у сферы культуры, была на ўсіх этапах вельмі паспяховай і не патрабавала з нашага боку вялікіх высілкаў. Гэта стала магчымым перш за ўсё таму, што ў Беларусі нам пашанцавала супрацоўнічаць з вялікай колькасцю таленавітых людзей. Таленты нам сустракаюцца паўсюль — сярод мастакоў, дызайнераў, спевакоў, танцораў, адміністратараў. Мы маем магчымасць, так бы мовіць, бачыць зроблены беларускімі майстрамі культуры прадукт заўсёды найвысокай якасці.
Мы надаём дзейнасці ў сферы культуры вялікую ўвагу, разумеючы яе вялікую важнасць і плён. Менавіта сродкамі культуры можна выказаць тыя эмоцыі і тыя складанасці, з якімі сутыкаюцца людзі, вымушаныя пакінуць сваю радзіму. З іншага боку — нам удаецца адкрыць і паказаць патэнцыял іншых культур, паказаць, што могуць гэтыя людзі, калі ім дадзены шанц знайсці сябе на новай радзіме.
Нядаўна мы абвясцілі конкурс сярод сродкаў масавай інфармацыі на лепшы журналісцкі твор, прысвечаны тэматыцы, звязанай з бежанцамі, зацвердзілі прызы. Дарэчы, гэты конкурс таксама робіцца традыцыйным. Пераможцам папярэдняга конкурсу сталася газета "Пружанскія будні", калектыў якой атрымаў прыз — ноутбук новага пакалення.
Наталля Кірпічэнкава, "Культура", 6 жніўня 2005 г.