О дополнительной/вспомогательной защите — март 2007 г.
ЗАМЕЖНЫЯ ГРАМАДЗЯНЕ ЗМОГУЦЬ АТРЫМАЦЬ ДАДАТКОВУЮ АБАРОНУ Ў БЕЛАРУСI
Замежныя грамадзяне або асобы без грамадзянства змогуць атрымаць дадатковую абарону ў Беларусi. Такое права iм будзе прадастаўлена пасля прыняцця законапраекта «Аб прадастаўленнi замежным грамадзянам або асобам без грамадзянства статуса бежанца, дадатковай або часовай абароны ў Рэспублiцы Беларусь».
Як адзначыў намеснiк начальнiка Дэпартамента па грамадзянству i мiграцыi МУС Сяргей Матус, у апошнiя гады ў свеце назiраецца тэндэнцыя замацавання дадатковых правоў за замежнымi грамадзянамi або асобамi без грамадзянства, якiя не падпадаюць пад палажэннi аб атрыманнi статуса бежанца, аднак якiя ў той жа час не могуць быць высланы з краiны. Адпаведныя законапраекты ўжо былi прыняты краiнамi Балтыi, Польшчай, Чэхiяй, Малдовай.
Дадатковая дапамога прадугледжана i ў законапраекце, якi знаходзiцца цяпер у Палаце прадстаўнiкоў. У адпаведнасцi з iм, замежныя грамадзяне або асобы без грамадзянства, якiя не прэтэндуюць на атрыманне статуса бежанцаў, змогуць атрымаць часовы дазвол на прыжыванне ў Беларусi. Гэты дазвол можна будзе працягваць на той тэрмiн, пакуль не знiкнуць прычыны, па якiх ён быў прадастаўлены. Пасля гэтага замежны грамадзянiн або асоба без грамадзянства будзе пакiдаць нашу краiну. Па словах С. Матуса, падлiкi паказалi, што штогадовая дадатковая абарона ў Беларусi можа быць прапанавана каля 20 замежным грамадзянам або асобам без грамадзянства, прычым палова з iх будуць непаўналетнiя.
За перыяд правядзення працэдуры прызнання бежанцам з 1997 года ў беларускiя органы па грамадзянству i мiграцыi звярнулiся больш за 3 тысячы iншаземцаў з 42 краiн свету. На пачатак сакавiка гэтага года ў Беларусi ўсяго было прызнана бежанцамi 797 чалавек з 13 краiн. Цяпер у нашай краiне пражывае 459 бежанцаў. У апошнiя гады колькасць хадайнiцтваў аб прызнаннi бежанцамi панiжаецца i складае недзе 100—120 зваротаў у год. Летась было прынята 112 рашэнняў па хадайнiцтвах. Прызнана бежанцамi было 13 чалавек, яшчэ ў адносiнах да такой жа колькасцi было вынесена рашэнне аб нявысылцы i выданы часовы дазвол на часовае пражыванне.
У 2006 годзе на пастаяннае жыхарства ў Беларусi было пакiнута звыш 12 тысяч iншаземцаў, прычым колькасць адпаведных дазволаў у параўнаннi з 2005 годам павялiчылася на 13 працэнтаў. Асноўная частка мiгрантаў, якiя ўязджаюць у нашу краiну, — рускамоўнае насельнiцтва (беларусы, рускiя, украiнцы). Увогуле ж на пачатак гэтага года ў Беларусi пастаянна пражываюць звыш 117 тысяч замежных грамадзян i каля 9 тысяч асоб без грамадзянства. Таксама летась было зарэгiстравана больш за 339 тысяч iншаземцаў, якiя часова прыбывалi ў Беларусь, што амаль на 25 тысяч больш у параўнаннi з 2005 годам. Па iнфармацыi Дэпартамента па грамадзянству i мiграцыi МУС, у мiнулым годзе за парушэнне правiлаў знаходжання замежных грамадзян i асобаў без грамадзянства ў Беларусi да адмiнiстрацыйнай адказнасцi было прыцягнута звыш 21 тысячы чалавек. У адносiнах да 2,2 тысячы iншаземцаў, якiя груба парушылi правiлы, былi вынесены пастановы аб дэпартацыi, з iх 911 — выгнаны пад канвоем.
Сяргей КАРАЛЕВIЧ, "Звязда", 13 сакавіка 2007 г.
Оригинальный текст см.: <http://www.zvyazda.minsk.by/second.html?r=1&p=21&archiv=13032007>.