О "круглом столе" "Проблема беженцев и методика воспитания толерантности и терпимости к иным культурам в учреждениях образования Республики Беларусь" — лістапад 2004 г.
НОВЫ ДОМ ДЛЯ АМЕРЫ
Што рабіць, калі Радзіма-маці стала мачыхай?
Альберт Эйнштэйн і Зігмунд Фрэйд, Марлен Дзітрых і Аляксандр Салжаніцын, Віктор Гюго і Марк Шагал. Гэтых розных людзей аб'ядноўвае тое, што ўсе яны ў свой час былі бежанцамі. Яны былі вымушаны паехаць са сваёй краіны, кінуць дом, маёмасць, сям'ю, радзіму. У 50-х гадах мінулага стагоддзя большасць бежанцаў былі еўрапейцамі. Сёння гэтую большасць складаюць жыхары краін Азіі і Афрыкі. І 80 працэнтаў бежанцаў — гэта жанчыны і дзеці…
Пасяджэнне круглага стала па тэме "Праблема бежанцаў і методыка выхавання талерантнасці і цярпімасці да іншых культур ва ўстановах адукацыі Рэспублікі Беларусь" адбылося ў Мінску напярэдадні Міжнароднага дня талерантнасці, які адзначаецца 16 лістапада. Сустрэчу арганізавалі Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў, Міжнароднае грамадскае аб'яднанне па вывучэнню ААН і інфармацыйна-адукацыйных праграмах і Цэнтр праблем выхавання Нацыянальнага інстытута адукацыі. У рамках сустрэчы адбылася прэзентацыя дапаможніка для педагогаў "Бежанцы і мы" (аўтары — Л. І. Смагіна, В. Р. Саматыя і А. У. Селіванаў), а супрацоўнікі Цэнтра праблем выхавання НІА А. С. Чарняўская і Л. А. Майор правялі прыкладныя ўрокі, якія распрацаваны ў дапаможніку.
Каму лягчэй — "белай вароне" ці "чорнай авечцы"?
Па словах начальніка аддзела па пытаннях бежанцаў і прыстанішча Дэпартамента па грамадзянству і міграцыі МУС Беларусі Яўгена Яўгенавіча Крамко, толькі за пяць гадоў пасля распаду СССР у Беларусь эмігравала больш за паўмільёна чалавек. У лютым 1995 года быў прыняты "Закон аб бежанцах", які дакладна вызначыў падставы і парадак прызнання замежных грамадзян і асоб без грамадзянства бежанцамі на тэрыторыі нашай краіны.
Беларусі неабходна выконваць міжнародныя нормы, у тым ліку і па абароне правоў бежанцаў, упэўнена саветнік па праграмнай дзейнасці Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў у Беларусі Таццяна Міхайлаўна Селіванава. Сёння 735 чалавек у нашай краіне афіцыйна маюць статус бежанцаў, каля 2,5 тысяч могуць атрымаць яго пры звароце. Сярод людзей, якія прыехалі ў Беларусь, шмат таленавітых: кандыдат навук з Руанды, якая цяпер выкладае ва універсітэце ў Наваполацку, урач з Палесціны, які працуе ў інстытуце павышэння кваліфікацыі медработнікаў у Мінску і многія іншыя.Зараз у Беларусі жывуць 270 дзяцей-бежанцаў. Яны прыязджаюць у нашу рэспубліку непадрыхтаванымі, часта некалькі гадоў да гэтага праводзяць у транзіце (у Таджыкістане, Узбекістане, Афганістане), не размаўляюць на рускай мове, не валодаюць сацыяльнымі нормамі жыцця ў нашым грамадстве. Каб вырашыць дзіцячыя праблемы, Упраўленне вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў супрацоўнічае з дзяржаўнымі структурамі, у прыватнасці з Цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі "Эўрыка" Фрунзенскага раёна сталіцы, з сярэдняй школай № 136 Мінска, якая сумесна з Міністэрствам адукацыі была абрана базавай для адаптацыі дзяцей-бежанцаў.
Грыт Гірт, член грамадскай арганізацыі "Кураж" (Германія), паведаміла, што праблема выхавання талерантнасці да бежанцаў характэрна і для нямецкай сістэімы адукацыі. Пасля аб'яднання Германіі абвастрыліся праблемы, звязаныя з праваэкстрымізмам, неанацызмам, нянавісцю ў адносінах да іншаземцаў. Праект "Дэмакратыя ў дзеянні", пра які расказала спадарыня Гірт, почаўся ў 1998—1999 гг. і зараз ахоплівае практычна ўсю Германію.
Сутнасць праекта ў наступным. Каманда валанцёраў прыходзіць у школу і арганізуе 6-гадзінны дзень-семинар у канкрэтным класе. Дзецям расказваюць пра людзей — "белых варон" (нямецкі аналаг — "чорная авечка"). Бывае, што дзеці прыносяць непрыхільнасць да іншаземцаў з дому: маўляў, іншаземцы забіраюць у карэнных немцаў працоўныя месцы, перашкаджаюць немцам жыць і г. д. Дзеці ўпершыню пачынаюць пра гэта гаварыць, гаварыць сваімі словамі, а не завучанымі фразамі.
Часта дзеці не ведаюць, чаму бежанцы прыязджаюць у Германію. Яны думаюць: людзі ў іншай краіне вырашылі, што ў Германіі жыць лепш, сабралі свае пажыткі і пераехалі сюды. Валанцёры тлумачаць ім, што такое палітычныя праследаванні, беднасць, прыродныя катастрофы. Гэта і ёсць прычыны, чаму людзі становяцца бежанцамі. А што рабілі б яны, дзеці, калі б у іх краіне ішла вайна?
Нашы дзеці "не нашай нацыянальнасці"
Валянціна Яўгенаўна Мастаўлянская, намеснік дырэктара Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі "Эўрыка", расказала аб праграме "Сацыялізацыя і адаптацыя дзяцей бежанцаў у Беларусі", якая працуе ў беларускай сталіцы на працягу пяці гадоў. Зараз у ёй задзейнічана каля 200 дзяцей бежанцаў і асоб, якія шукаюць прыстанішча. А пачалася яна з работы з дзецьмі афганскіх бежанцаў
Дарослыя людзі, якія прыехалі ў чужую для іх краіну, займаліся вызначэннем свайго статуса, пошукамі жылля і сродкаў для існавання. Пытанні, звязаныя з адукацыяй, арганізацыяй вольнага часу дзяцей, іх духоўным развіццём, адышлі на другі план. Перш за ўсё трэба было ўладкаваць дзяцей-бежанцаў у школу. Аднак яны не валодалі рускай мовай і адставалі па агульнаадукацыйных прадметах. Акрамя таго, адсутнічала матывацыя бацькоў да таго, каб іх дзеці атрымалі адукацыю. У сярэдняй школе № 136 былі арганізаваны кансультацыйныя заняткі. Дзеці, дасягаючы неабходнага адукацыйнага ўзроўню, праходзілі тэсціраванне і залічваліся ў класы. А яшчэ востра стаяла пытанне сацыяльнай адаптацыі дзяцей-бежанцаў.
Дзеці-бежанцы перажываюць моцны эмацыянальны дыскамфорт з-за няпэўнасці ўяўленняў аб патрабаваннях людзей у пакуль невядомай краіне, асаблівасцях і ўмовах навучання, аб каштоўнасцях і нормах паводзін у калектыве. Асаблівую цяжкасць уяўляе і той факт, што мова навучання не з'яўляецца для дзіцяці роднай, а многія дзеці раней наогул не вучыліся.
Таму да работы з дзецьмі-бежанцамі была далучана сацыяльна-псіхалагічная служба школы. На першым этапе была праведзена псіхолага-педагагічная дыягностыка школьнай гатоўнасці дзяцей, а таксама выпрацавана карэкцыйна-развіццёвая праграма для кожнага дзіцяці.
Так, у 2000 годзе толькі 18 працэнтаў дзяцей-бежанцаў дзякуючы сваім індывідуальным псіхалагічным асаблівасцям змаглі адразу ўліцца ў школьны калектыў і стаць сваімі ў сацыяльнай структуры класа. 23 працэнта дзяцей мелі павышаны ўзровень трывожнасці і займалі месца тых, на каго не звяртаюць ўвагі. У 59 працэнтаў дзяцей назіралася поўная дэзадаптаванасць, якая праявілася ў перажыванні стрэсу, страху самавыяўлення, у праблемах з настаўнікамі і аднакласнікамі.
Спачатку дзеці-бежанцы былі ахоплены празмернай увагай. У выніку яны адчулі сябе галоўнымі ў калектыве і з задавальненнем размаўлялі па-руску. Але ішоў час, дзеці бежанцаў пачалі атрымліваць столькі ж увагі, колькі іх беларускія равеснікі. І вось ужо нехта некага штурхнуў, пакрыўдзіў неасцярожным словам. Дзеці-бежанцы ў нейкі момант пачынаюць разумець, што не ўсё так выдатна, як ім уяўлялася. Поспехі ў вучобе ў іх горшыя, на іх насцярожана пазіраюць ў грамадскім транспарце. Тады яны ствараюць сваё кола па нацыянальнай прыкмеце, прычым размаўляюць толькі на роднай мове. Дзякуючы таму, што дзеці знаходзяцца пад патранажам сацыльна-псіхалагічнай службы, сітуацыя праз некаторы час паляпшаецца. Пасля гэтага этапа адбываецца выраўноўванне адносін з навакольным светам і поўная адаптацыя ў грамадстве. Аднак калі не садзейнічаць інтэграцыі дзяцей у калектыў, яны становяцца злоснымі, грубымі і агрэсіўнымі.
Вынікі дыягностыкі бягучага года паказалі, што колькасць дэзадаптаваных дзяцей знізілася да 18 працэнтаў, дзяцей з сярэднім узроўнем адаптацыі стала 36 працэнтаў і 46 працэнтаў — з поўнай адаптацыяй.
Асабліва дзейсныя ў фарміраванні талерантнасці да бежанцаў выязныя семінары. Падчас такіх мерапрыемстваў дзеці розных нацыянальнасцей жывуць і працуюць разам. Тэмы семінараў наступныя: "Міжкультурныя ўзаемаадносіны", "Грамадзянская мужнасць", "Здаровы лад жыцця", "Акадэмія правоў і магчымасцей", "Калі я стану дарослым" і г.д. Акрамя таго, ужо тройчы былі арганізаваны сумесныя эколага-краязнаўчыя экспедыцыі на Браслаўскія і Блакітныя азёры, па памятных мясцінах Беларусі.
Палюбі бліжняга свайго
Прынята лічыць, што беларускае гамадства талерантна па прыродзе. Але вопыт паказвае, што талерантнасць у беларускіх дзецях і дарослых трэба выхоўваць, як любую іншую якасць. Хочацца прывесці маналог адной мамы, чыя дачка вучыцца ў сярэдняй школе № 136:
"Надзя Каманечы, Іван Бунін былі бежанцамі", — не раз бачаны рэкламны ролік. Гучныя прозвішчы і лёсы, вядомыя людзі. Амеры, Асадзі, Махамад — гэтых прозвішчаў не пачуеш у рэкламе, але яны таксама бежанцы, шукаюць прыстанішча ў іншых краінах. Так здарылася, што жыццё сутыкнула мяне з такімі людзьмі і рэклама стала часткай майго жыцця. Вось ужо некалькі гадоў я прыходжу ў школу і бачу чародку шумных афганскіх дзяцей. Спачатку яны для мяне былі ўсе на адзін твар — "не нашай нацыянальнасці". Але пасля стасункаў з імі "твараў" стала шмат — заўсёды з усмешкай Забі, крыху журботная Зора, гарэзлівы Кайс і сарамлівая Рангіна. Розныя дзеці, якіх аб'ядноўвае страшны статус — бежанец. І не іх віна ў гэтым. Мы, дарослыя, абавязаны дапамагчы ім забыцца пра той кашмар, з якога яны вырваліся, дзе Радзіма-маці стала мачыхай. Не хапае сшыткаў? Парваліся штаны? Няма цёплай курткі? Дакупім. Пашыем. Падзелімся. Баліць галава? Вылечым. Бяда? Падтрымаем, суцешым. Баліць душа? Адагрэем, зробім усё магчымае, каб не адчувалі сябе чужымі.
Самыя простыя ісціны цяжэй за ўсё выконваць на практыцы. Да такой высновы прыйшла я, калі мая дачка пасябравала з Амеры, сваёй афганскай аднакласніцай. Палюбі бліжняга свайго. Запавет, які чулі шмат разоў, стаў бар'ерам, таму што Амеры была для мяне зусім не блізкай, а далёкай, невядомай. Дзве зусім розныя дзяўчынкі пасябравалі. Мая — бялявая, блакітнавокая, усмешлівая. Амеры — чорнавалосая, каравокая, заўсёды крыху сумная.
Стасуюцца дзеці — стасуюцца мамы. З мамай Амеры я пазнаёмілася на адным з канцэртаў, якія традыцыйна ладзяць у школе напярэдадні свят. Нашы дзеці спявалі нейкую песеньку, і розніца паміж імі амаль знікла. Як не падобна была Амеры на змучаную маленькую дзяўчынку ў чорнай сукенцы і чорнай хустцы. Такой я ўбачыла Амеры на фотаздымку, зробленым яшчэ ў тым, мінулым жыцці. Мама Амеры расказала, хоць і неахвотна, чаму іх сям'і давялося пакінуць Афганістан. Сухія радкі навін аб рэжыме талібаў паўсталі перада мной у выглядзе пакут адной сям'і. Якімі дробнымі, нязначнымі падаліся ўласныя праблемы. Сям'я Амеры ў адзін дзень страціла ўсё. Потым — доўгія вандраванні па Афганістану, пераезд у чужую краіну, бясконцыя інстанцыі і дакументы. Дзе жыць? Працаваць? Чужая краіна — чужая мова. І мама разам з Амеры садзіцца за парту вучыць рускую мову. Зараз яна размаўляе не горш нас з вамі. Пастасаваўшыся з ёй, я зразумела, наколькі ў нас шмат агульнага: ад "чым лячыць насмарк?" да праблем з англійскай.
Яны такія, як мы. Не, гэта спрашчэнне праблемы. Важна ўбачыць — яны іншыя — і прыняць гэтую непадобнасць як каштоўнасць. На працягу некалькіх гадоў у 136-й школе існуе вакальна-харэаграфічны афганскі калектыў "Пандок", які выступае на ўсіх значных мерапрыемствах школы, раёна, горада. Убачыўшы дзяцей на сцэне, разумееш: яны не такія ж, яны — іншыя. Але ад гэтага толькі лепш.
Наталля Кастэнка, "Настаўніцкая газета", 18 лістапада 2004 г.