Белорусский журнал международного права и международных отношений 1999 — № 2


международные отношения

ДЗЯРЖАЎНАЯ МIГРАЦЫЙНАЯ ПАЛIТЫКА БЕЛАРУСI I ЯЕ ЎПЛЫЎ НА СТАН СУЧАСНАЙ ДЫЯСПАРЫ (90-я гг.)

Галiна Сяргеева

Сяргеева Галіна Гаўрылаўна — кандыдат гістарычных навук, старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі

Абвяшчэнне незалежнасцi Беларусi стала пачаткам фармiравання ўласнай мiграцыйнай палiтыкi. Важным крокам на гэтым шляху, актам заканадаўчага замацавання правоў замежных суродзiчаў i тых беларускiх грамадзян, якiя жывуць па-за межамi краiны, стаў Закон аб грамадзянстве Рэспублiкi Беларусь (уведзены ў дзеянне ў кастрычнiку 1991 г.)1. Прынцыпова новым i iстотным для суродзiчаў, якiя аказалiся за межамi дзяржавы, з'явiлася захаванне права на набыццё грамадзянства за тымi асобамi, якiя пастаянна пражывалi на тэрыторыi рэспублiкi, але былi прымусова выселены цi выехалi за яе межы да ўвядзення ў дзеянне гэтага закона, а таксама за iх нашчадкамi. Такое ж права набылi i беларусы, а таксама асобы, якiя iдэнтыфiкуюць сябе як беларусы, i ix дзецi, што нарадзiлiся за межамi сучаснай тэрыторыi Беларусi. Па закону грамадзянства iм прадастаўлялася на агульных асновах, за выключэннем неабходнага для iншых пастаяннага сямiгадовага тэрмiну пражывання ў Беларусi. Закон гарантуе, што нiхто з грамадзян рэспублiкi не можа быць адвольна пазбаўлены права змянiць грамадзянства, што пашырыла магчымасцi людзей эмiгрыраваць, выбiраць месца пражывання. Артыкулы закона аб абароне правоў i законных iнтарэсаў грамадзян Беларусi не толькi на сваёй тэрыторыi, але i за яе межамi, а таксама аб тым, што пражыванне на тэрыторыi iншай дзяржавы само па сабе не вядзе да страты грамадзянства, спрыяюць павышэнню абароненасцi тых суродзiчаў, якiя стала цi часова жывуць за мяжой (праца, вучоба, замужжа i iнш.).

Прыняцце ў мai 1993 г. Закона аб парадку выезду грамадзян з Беларусi i ўезду ў яе (дзейнiчае з 1 студзеня 1994 г.) адкрыла iстотна новыя магчымасцi папаўнення дыяспары новымi эмiгрантамi, у тым лiку захаваўшымi грамадзянства Беларусi (паехаўшыя з СССР на сталае пражыванне за мяжу адразу пазбаўлялiся грамадзянства), спарадзiла новую, немагчымую ў савецкiя часы з'яву — часовую працоўную мiграцыю. Гэты закон у адпаведнасцi з прынцыпамi Усеагульнай дэкларацыi правоў чалавека i iншымi агульнапрызнанымi мiжнароднымi актамi гарантуе грамадзянiну Беларусi права свабодна пакiдаць сваю краiну i вяртацца ў яе, рэгулюе парадак афармлення дакументаў для выезду за мяжу i ўезд у Рэспублiку Беларусь2. Часовае абмежаванне выезду дапускаецца толькi ў выпадках валодання асобай дзяржаўнымi сакрэтамi, узбуджэння крымiнальнай справы, учыненага злачынства. Закон гарантуе недапушчальнасць якога-небудзь адвольнага абмежавання грамадзянскiх, працоўных, жыллёвых i iншых правоў тых грамадзян, якiя выязджаюць за мяжу на сталае жыхарства.

Канстытуцыя Рэспублiкi Беларусь, прынятая Вярхоўньм Саветам 15 сакавiка 1994 г., замацавала за грамадзянамi права "свабодна перамяшчацца i выбiраць месца жыхарства ў межах Рэспублiкi Беларусь, пакiдаць яе i безперашкодна вяртацца назад" (артыкул 30). Яна гарантуе абарону сваiх грамадзян як на тэрыторыi Беларусi, так i за яе межамi, а таксама тое, што нiхто не можа быць пазбаўлены грамадзянства або права змянiць яго (артыкул 10).

З мэтай дзяржаўнага рэгулявання мiграцыi, абароны правоў бежанцаў, мiгрантаў-працоўных у лiпенi 1992 г. прынята пастанова ўрада аб стварэннi Дзяржаўнай мiграцыйнай службы пры Дзяржкамiтэце па працы i сацыяльнай абароне насельнiцтва. У адпаведнасцi з Палажэннем аб Дзяржаўнай мiграцыйнай службе (зацверджана ўрадам у жнiўнi 1993 г.) асноўнымi яе задачамi вызначалiся выпрацоўка i рэалiзацыя дзяржаўнай палiтыкi ў галiне мiграцыi насельнiцтва, каардынацыя i кантроль дзейнасцi ўcix структур (дзяржаўных, грамадскiх, камерцыйных) па пытаннях мiграцыi, у тым лiку i знешняй, абмену працоўнымi рэсурсамi3. У адпаведнасцi з палажэннем створаны i дзейнiчаюць тэрытарыальныя органы па мiграцыi пры камiтэтах працы аблвыканкамаў i Мiнгарвыканкама. У складзе Савета Мiнiстраў рэспублiкi паявiлася эмiграцыйная служба. У студзенi 1997 г. Дзяржаўная мiграцыйная служба Мiнiстэрства працы пераўтворана ў Камiтэт па мiграцыi пры Мiнiстэрстве працы. Уяўленне аб асноўных тэндэнцыях эмiграцыйна-iмiграцыйных працэсаў у Беларусi i адпаведных зменах у беларускай дыяспары даюць наступныя звесткi. З 1992 па 1997 г. з Беларусi выехала больш за 245 тыс. асоб, а iмiгравала сюды больш 347 тыс. чалавек4. Рэгулярны прыток беларусаў i выхадцаў з Беларусi ў заходнюю дыяспару выявiўся напрыканцы 80-х гг., хоць i стрымлiваўся штучна (адсутнасць у СССР свабоднага ўезду-выезду, складаная працэдура афармлення дакументаў). Але i пасля абвяшчэння незалежнасцi Беларусi, iстотнай змены мiграцыйнай палiтыкi ён пакуль што невялiкi. I гэта нягледзячы на сацыяльна-эканамiчны i жорсткi экалагiчны крызiс у Беларусi, запаволенасць яе пераходу да рыначных адносiн, наяўнасць беспрацоўя, катастрафiчнае знiжэнне жыццёвага ўзроўню насельнiцтва. Калi ў 1988—1991 гг. з БССР эмiгрыравала больш за 74 тыс. асоб (пры гэтым у 1990—1991 г. — больш за 56 тыс.), то ў 1992—1997 гг. за межы Рэспублiкi Беларусь выехала на захад больш 50 тыс. чалавек5. У гэтыя гады выхадцы з Беларусi накiроўвалiся ў Iзраiль (67 %), ЗША (36 %), Германiю (4,6 %), Аўстралiю, Польшчу, Канаду. Пры гэтым у заходнiя краiны выязджалi пераважна суайчыннiкi яўрэйскага паходжання, якiх няблага прымала гiстарычная радзiма цi ўплывовая i багатая ў свеце дыяспара. Па даных пасольства Беларусi ў Iзраiлi цяпер там пражывае ад 60 да 100 тыс. яўрэяў — выхадцау з нашай краiны6. Аб запавольваннi тэмпаў эмiграцыi на захад, а затым павольным павелiчэннi сведчаць лiчбы таблiцы 1.

Таблица 1
Гады 1992 1993 1994 1995 1996 1997 1992—1997
Выехалі з Беларусі на Захад (чал.) 9727 6901 6950 8780 8917 8891 50 166

Тлумачыцца гэта многiмi прычынамi, у тым лiку адсутнасцю сродкач для першачарговага ўладкавання за мяжой, а таксама мiграцыйнай палiтыкай гэтых краiн, якiя абмяжоўваюць i жорстка кантралююць прыток перасяленцаў.

У новыя незалежныя дзяржавы на постсавецкай прасторы з 1992 па 1997 г. з Беларусi выехалi больш за 195 тыс. чалавек, з ix у Расiю — 144 тыс., Украiну — 35 тыс., у краiны Балтыi — 4,7 тыс., Казахстан — 4 тыс., Сярэднюю Азiю — больш за 3 тыс., Малдову i Закаўказзе — амаль па 2 тыс.7 Пры гэтым характэрна запавольванне эмiграцыi жыхароў Беларусi практычна ва ўсе новыя незалежныя дзяржавы. Пра дынамiку выезду ў гэтыя краiны з Беларусi ў гады яе незалежнасцi дае ўяўленне таблiца 2.

Таблица 2
Гады 1992 1993 1994 1995 1996 1997 1992—1997
Колькасць эмігрантаў з Беларусі (чал.) 50 837 46 889 47 746 26 102 14 045 9711 195 330

Аб папаўненнi нацыянальнай дыяспары на постсавецкiм абшары можна меркаваць толькi па даных з 1995 па 1997 г., калi афiцыйная статыстыка з патоку эмiгрантаў пачала вылучаць беларусаў. Яны склалi менш за 30 % пакiнуўшых Беларусь (7558 чал. у 1995 г., 4201 — у 1996 г., 3052 — у 1997 г., усяго 14 811 чал.). Пры гэтым у Расiю накiравалiся 11 842 беларусаў (цi амаль 80 % эмiгрыраваўшых), ва Украiну 2044 (каля 14 %), ва ўсе астатнiя краiны — 925 чал.8

Пасля распаду СССР праявiлася тэндэнцыя вяртання на бацькаўшчыну суродзiчаў з новых незалежных дзяржаў, якая абумоўлена сацыяльна-эканамiчнымi, нацыянальнымi, этнiчнымi i iншымi прычынамi. З 1992 па 1997 г. Рэспублiка Беларусь прыняла з гэтых краiн больш за 347 тыс. чалавек, у тым лiку каля 162 тыс. беларусаў, што складае 46,6 %9. Такiм чынам, насельнiцтва Беларусi ў мiграцыйным абмене прырастае ў асноўным за кошт iншанацыянальных прадстаўнiкоў, якiя склалi 53,4 % ад ycix перасялiўшыхся ў 1992—1997 гг.

Дынамiку iмiграцыi ў Беларусь з тэрыторыi экс-СССР (у тым лiку i беларусаў), яе знiжэнне з года ў год раскрывае таблiца 3.

Таблица 3
Гады 1992 1993 1994 1995 1996 1997 1992—1997
Перасяленцы ў Беларусь (чал.) 117 697 85 971 50 043 33 301 30 069 29 955 346 991
     з іх — беларусы (чал.) 54 327 40 610 23 977 15 919 13 555 13 459 161 847

Абумоўлена гэта пагаршэннем сацыяльна-эканамiчнага становiшча ў Беларусi, цяжкасцямi ўладкавання на бацькаўшчыне (прапiска, праца), прыстасаваннем часткi суродзiчаў да новых умоў жыцця на постсавецкай прасторы.

На працягу 1992—1997 гг. з Расiйскай Федэрацыi вярнулiся на бацькаўшчыну 97 157 беларусаў, Украiны — 22 013, краiн Балтыi — 21 096, Казахстана — 9665, Сярэдняй Азii — 5916, Закаўказзя — 4453, Малдовы — 4453 беларусаў10. Прыведзеныя даныя сведчаць, што найбольшы прыток беларусаў (адносна колькасцi асеўшых там суродзiчаў) назiраўся з краiн Балтыi: адтуль выехала столькi, колькi з Украiны (з насельнiцтвам у 5 разоў большым), i значна больш, чым з Сярэдняй Азii, Закаўказзя, Малдовы разам узятых. Абумоўлена гэта немагчымасцю цi няпэўнасцю атрымання грамадзянства (Латвiя, Эстонiя), складанасцямi адаптацыi да новых умоў (асваенне дзяржаўнай мовы, без ведання якой нельга заняць пэўныя пасады цi нават проста знайсцi працу). Калi ўлiчыць, што ў 1995—1997 гг. з постсавецкага абшару ў Беларусь перасялiлася 42 933 беларусаў, а выехала ix туды 14 811 чал., то за гэты час нацыянальная дыяспара зменшылася больш чым на 28 тыс. асоб.

Прытоку суродзiчаў з постсавецкiх абшараў паспрыяла, хоць i запознена прынятае, права на набыццё грамадзянства Беларусi ў спрошчаным парадку (шляхам рэгiстрацыi), якое атрымалi з 1993 г. асобы (а таксама муж цi жонка, ix нашчадкi), што пастаянна пражывалi на тэрыторыi рэспублiкi, але выехалi за яе межы да ўвядзення ў дзеянне Закона аб грамадзянстве, маюць доказы сваей прыналежнасцi да грамадзянства былога СССР i не сталi грамадзянамi iншай краiны. Рэалiзацыя гэтага права прадугледжвалася законам да 1 студзеня 1996 г., а затым у 1995 г. тэрмiн быў падоўжаны да 1 студзеня 1998 г.11 Аднак нельга лiчыць натуральным, што рэпатрыяцыя праходзiць без падтрымкi дзяржавы, якая не знаходзiць на гэта сродкаў i не разумее важнасцi кансалiдацыi карэннай нацыi. Пры ўдзеле адпаведных дзяржаўных органаў i ix падтрымцы адбылося вяртанне на радзiму толькi тысяч беларусаў-афiцэраў з "гарачых" рэгiёнау былога Саюза. Аб жаданнi многiх афiцэраў-землякоў, якiх лёс раскiдаў па ўсiх былых рэспублiках СССР, вярнуцца на бацькаўшчыну сведчыць тое, што на чэрвень 1992 г. больш за 7 тыс. з ix прыслалi адпаведныя просьбы ў Вярхоўны Савет i Савет Мiнiстраў12.

Праблемы рэпатрыяцыi вайскоўцаў вырашаюцца складана з прычыны не толькi сацыяльна-эканамiчнага крызiсу, скарачэння apмii, але i значнай колькасцi ў новых незалежных дзяржавах беларускiх афiцэраў (па афiцыйных даных у расiйскай apмii яны складаюць 3,8 %)13. У чэрвенi 1996 г. мiнiстр абароны Беларусi канстатаваў: "Мiнiстэрства завалена просьбамi афiцэраў аб пераводзе ў Беларусь з Расii, крыху менш — з Украiны"14. Беларусь тэрмiнова павiнна была вырашаць пытанне аб перасяленнi сем'яў ваеннаслужачых запасу (у адстаўцы) i служачых Узброеных Сiл былога СССР — грамадзян Беларусi ў сувязi з тым, што ў Эстонii, напрыклад, яны не маюць права не толькi на грамадзянства, але i на пражыванне. У вераснi 1995 г. заключана пагадненне з Латвiяй аб парадку перасялення ў рэспублiку гэтай жа катэгорыi грамадзян Беларусi.

Тысячы беларусаў вяртаюцца на бацькаўшчыну ў якасцi бежанцаў, найперш з тых дзяржаў на постсавецкай прасторы, дзе праявiлiся нацыянальныя, этнiчныя канфлiкты, ускладнiлася сацыяльная цi палiтычная сiтуацыя. Калi ў рэспублiцы ў 1992—1994 гг. паявiлася 25 тыс. прэтэндэнтаў на статус бежанца, то ў 1998 г. ix ужо было больш за 30 тыс. з Сярэдняй Азii, Закаўказзя, Латвii, Лiтвы, Эстонii, Прыднястроўя i iнш.15 Больш паловы з гэтага лiку складаюць асобы беларускага паходжання16. Беларусь прыняла Закон аб бежанцах (уступiў у сiлу з 1 лiпеня 1995 г.), якi адпавядае мiжнародным канвенцыям i пактам17. Ён вызначае прававы статус бежанцаў, рэгулюе парадак яго набыцця i страты, устанаўлiвае прававыя, эканамiчныя i сацыяльныя гарантыi абароны бежанцаў на тэрыторыi Беларусi. Хоць паводле прынятых i ўступiўшых у сiлу законаў i ўказаў ёсць магчымасць атрымаць статус бежанца i прытулак, у адпаведнасцi з пастановай Кабiнета Мiнiстраў ад 20 чэрвеня 1995 г. вызначаны парадак выплаты грашовай дапамогi iншаземцам, якiя падалi хадайнiцтвы аб прызнаннi ix бежанцамi, а таксама бежанцам, але фактычна нiякай падтрымкi яны не маюць. Да таго ж бежанцы-беларусы цi выхадцы з Беларусi, што вярнулiся на бацькаўшчыну, не ўкладваюцца ў класiчнае азначэнне "бежанцы", а Закон аб бежанцах не дае iм нiякiх iльгот, пераваг перад iншымi прэтэндэнтамi на гэты статус. Перасяленцы сутыкаюцца з абыякавасцю ўлады, адсутнасцю помачы. Першай, зацягнуўшайся спробай вырашэння iх праблем на двухбаковай аснове стала пагадненне памiж урадам Беларусi i Pacii аб рэгуляваннi працэса перасялення i абароне правоў перасяленцаў (падпiсана ў 1996 г., ратыфiкавана ў 1998 г.)18. Яно павiнна прымяняцца да бежанцаў, працоўных мiгрантаў i iнш. Дзяржавы ў iм вызначылi права штогод устанаўлiваць квоты на перасяленне, i толькi на ix распаўсюджваецца гэтае пагадненне.

У жыццi беларускай дыяспары можна адзначыць i непазбежнае нарастанне новай з'явы — наяўнасцi значнай колькасцi грамадзян Беларусi, якiя стала пасялiлiся за мяжой (у савецкi час гэта былi xiбa што некалькi тысяч грамадзян БССР з лiку так званай "загсавай" эмiграцыi). Заканадаўства Беларусi дае магчымасць захоўваць грамадзянства Беларусi пры пасяленнi на сталае жыццё за мяжой, шлюбе, адкрывае мажлiвасць вучобы, працы па кантракту i iнш. Аб прызнаннi цi атрыманнi беларускага грамадзянства звяртаюцца суродзiчы з новых незалежных дзяржаў, найчасцей асобы беларускага паходжання ў Латвii, Эстонii. Гэта звязана з тым, што ў адпаведнасцi з заканадаўствам гэтых дзяржаў грамадзянства атрымалi толькi тыя, хто меў яго да 1940 г. i ix нашчадкi (дарэчы, незалежна ад нацыянальнасцi). Каля трэцi насельнiцтва Латвii аказалiся неграмадзянамi, у тым лiку 80 % беларусаў, якiя жывуць у гэтай дзяржаве19. Праблемай для многiх суродзiчаў — прэтэндэнтаў на грамадзянства Латвii i Эстонii — з'яўляецца неабходнасць здачы экзамена на веданне дзяржаўнай мовы, гiсторыi i канстытуцыi краiны. Складаная працэдура атрымання грамадзянства ў Латвii i Эстонii, дзе вялiкая доля рускамоўнага насельнiцтва, успрымаецца iмi як дыскрымiнацыя, а чладамi гэтых краiн тлумачыцца як клопат пра будучыню карэннага народа, мера па стрымлiванню русiфiкацыi, стварэння ўплывовай прарасiйскай фракцыi ў парламенце.

Па афiцыйных даных, на канец 1996 г. па-за Беларуссю стала пражывала больш за 7 тыс. яе грамадзян, якiя зарэгiстравалiся ў консульскiх аддзяленнях20. Звесткi гэтыя далёка не поўныя, бо многiя грамадзяне працяглы час не звяртаюцца ў консульствы аб прызнаннi свайго грамадзянства. Усё больш частымi становяцца выпадкi, калi беларусы эмiгруюць з краiн пражывання, але не вяртаюцца на бацькаўшчыну. Так, у 1997 г. з Лiтвы выехалi больш за 130 беларусаў, пераважна ў Расiю i заходнiя краiны21. Са спазненнем, толькi ў чэрвенi 1998 г. зменамi Закона аб грамадзянстве Рэспублiкi Беларусь спрошчаны парадак набыцця грамадзянства (неабавязковасць пастаяннага пражывання на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь на працягу апошнiх 7 год, наяўнасцi законнай крынiцы iснавання) для асоб, якiя нарадзiлiся за межамi сучаснай тэрыторыi Беларусi, з'яўляюцца беларусамi (цi iдэнтыфiкуюць сябе як беларусы), а таксама iх дзецi, унукi, праўнукi22. Асобны парадак устаноўлены для асоб, якiя нарадзiлiся за межамi сучаснай Беларусi i з'яўляюцца крэўнымi сваякамi (дзецi, унукi, праўнукi) грамадзян рэспублiкi, якiя пражывалi ў Беларусi да ўступлення ў сiлу Закона аб грамадзянстве. Такiя ж умовы прадастаўлены грамадзянам былога СССР, якiя маюць высокiя дасягненнi ў навуцы, тэхнiцы, культуры, спорце, або прафесiю, квалiфiкацыю, у якiх мае патрэбу Беларусь. Нямала суродзiчаў на постсавецкiм абшары, не дачакаўшыся гэтага закона i сутыкнуўшыся са складанасцямi атрымання цi вяртання беларускага грамадзянства, набылi расiйскае цi iншае. Вастрыню праблемы набыцця суродзiчамi грамадзянства ў новых незалежных дзяржавах Беларусь вырашае на аснове двухбаковых пагадненняў. Дарэчы, у лiку 9 краiн — членаў СНД яна не падпiсала Канвенцыю аб спрошчаным парадку набыцця грамадзянства грамадзянамi дзяржаў — удзельнiц садружнасцi, заключаную ў Маскве 19 студзеня 1996 г. i падпiсаную толькi Расiяй, Казахстанам i Таджыкiстанам. Канвенцыя дае права на рэгiстрацыйны парадак атрымання грамадзянства на тэрыторыi адна адной пры пэўных умовах23. Для Беларусi далучэнне да яе можа азначаць значны прыток мiгрантаў, дзеля ўладкавання якiх патрэбны вялiкiя сродкi.

У 1996 г. памiж Беларуссю i Казахстанам, а ў 1999 г. — з Украiнай падпiсаны пагадненi аб спрошчаным парадку атрымання грамадзянства. З утварэннем Супольнiцтва Беларусi i Pacii (1996), ix Саюза (1997) бакi дэкларавалi роўныя правы сваiх грамадзян на тэрыторыi адна адной. Так, на першым пасяджэннi Парламенцкага сходу Супольнiцтва Расii i Беларусi (чэрвень 1996 г.) прынята пастанова аб статусе грамадзян яго дзяржаў-членаў. У адпаведнасцi з ёй камiсiям Парламенцкага сходу даручана ўнесцi прапановы па замацаванню ў заканадаўствах Беларусi i Расii гарантый свабоды перамяшчэння па тэрыторыях абедзвюх дзяржаў, роўных правоў пры атрыманнi адукацыi, у ахове здароўя, працаўладкаваннi, аплаце працы, сацыяльнай абароне, набыццi маёмасцi, уключаючы жылыя памяшканнi i iншую нерухомасць24. У студзенi 1999 г. Беларусь ратыфiкавала дагавор з Расiйскай Федэрацыяй аб роўных правах грамадзян.

Свабодны выезд паставiў праблему прававой абароны грамадзян Беларусi, якiя стала пражываюць у замежжы. Першымi крокамi на гэтым шляху сталi мiжурадавыя пагадненнi па абароне правоў сваiх грамадзян на тэрыторыi адна адной з сумежнымi дзяржавамi — Польшчай, Расiяй, Украiнай, Лiтвой, а таксама з Казахстанам, Славакiяй, Кубай. Аб гарантыi правоў грамадзян у галiне пенсiйнага забеспячэння заключаны пагадненнi з Лiтвой (1994) i Малдовай (1995). Пагадненне аб гарантыях правоў грамадзян краiн — удзельнiц СНД у сферы пенсiённага забеспячэння падпiсана ў 1992 г., у галiне аховы працы — у 1994 г. Уступленне ў сiлу з 1997 г. пратакола да Канвенцыi аб прававой дапамозе i прававых адносiнах па грамадзянскiх, сямейных i крымiнальных справах дае магчымасць ажыццяўляць сацыяльную абарону грамадзян, якiя выязджаюць за межы Республiкi Беларусь або пражываюць у iншай краiне25.

Складанае сацыяльна-эканамiчнае становiшча Беларусi, нестабiльная праца большасцi яе прадпрыемстваў, беспрацоўе абумовiлi лiшак рабочай сiлы, якая не знаходзiць прымянення на ўнутраным рынку працы цi не згодна з неадпаведнай квалiфiкацыi аплатай, узроўнем жыцця. Паводле сацыялагiчных даследаванняў колькасць жадаючых выехаць на заробкi за мяжу вагаецца ад 15 да 45 % у залежнасцi ад узроставай групы26. Экспарт рабочай сiлы з Беларусi адбываецца найперш у памежныя дзяржавы — Польшчу, Расiю, Лiтву, а таксама ў Германiю, Чэхiю, Славакiю, iзраiль, арабскiя краiны, якiя маюць патрэбу (найчасцей) у высокаквалiфiкаваных рабочых прафесiях (на будаўнiцтве, лесараспрацоўках, сельгасработах, перавозках пасажыраў i грузаў). Амаль да сярэдзiны 90-х гг. адсутнiчала прававая база для легальнага, сацыяльна абароненага ўладкавання нашых грамадзян на работах за мяжой, i значная колькасць жыхароў Беларусi працавала там на свой страх i рызыку. Падставай для вырашэння гэтай праблемы сталi спецыяльныя мiжурадавыя пагадненнi, у якiх акрэслiваецца кола праблем, у тым лiку ўмовы i парадак прыняцця на работу, сацыяльныя гарантыi (страхоўка i iнш.). Так, пагадненнем памiж Беларуссю i Расiяй аб працоўнай дзейнасцi i сацыяльнай абароне грамадзян на ix тэрыторыi (падпiсана ў 1993 г., ратыфiкавана ў 1994 г.) вызначаны парадак налiчэння стажу, пенсiй, урэгулявання праблем пры прафесiйным захворваннi, калецтве, часовай непрацаздольнасцi, цяжарнасцi i родах, iнш.27 Новыя ўмовы для працаўладкавання дэкларавалi Дагавор аб стварэннi Супольнiцтва, а затым i Саюза Беларусi i Pacii: роўныя правы грамадзян пры ўладкаваннi на працу, яе аплаце, прадастаўленне iншых сацыяльных гарантый. Пастановай Кабiнета Мiнiстраў Беларусi ад 1 жнiўня 1996 г. з грамадзян Pacii фактычна зняты статус iншаземцаў, забараняецца якая-небудзь дыскрымiнацыя ix пры прыёме на працу. Пры гэтым былi парушаны некалькi дзеючых заканадаўчых актаў, у тым лiку закон аб службе ў дзяржаўным апараце, якiм замежным грамадзянам забараняецца працаваць у дзяржаўных, адмiнiстрацыйных, рэжымных установах. Федэральная мiграцыйная служба Pacii з 1996 г. змянiла дазвольны парадак працаўладкавання грамадзян Беларусi на яе тэрыторыi на рэгiстрацыйны, што павялiчыла прыток сюды новых работнiкаў з Беларусi.

З улiкам рынку свабоднай рабочай сiлы Беларусь заключыла двухбаковыя пагадненнi аб магчымасцi ўзаемнага працаўладкавання i сацыяльнай абароны сваiх грамадзян з Польшчай, Украiнай, Лiтвой, Малдовай, Казахстанам. Важным крокам па ўрэгуляваннi i сацыяльнай абароненасцi працоўных мiгрантаў у заходнееўрапейскiх краiнах стала падпiсанае ў Бруселi (6 сакавiка 1995 г.) i ратыфiкаванае Вярхоўным Саветам Беларусi (12 красавiка 1995 г.) Пагадненне аб партнерстве i супрацоўнiцтве Беларусi з Еўрапейскiм супольнiцтвам i яго дзяржавамi-членамi (Бельгiя, Данiя, ФРГ, Грэцыя, Iспанiя, Францыя, Iталiя, Iрландыя, Люксембург, Нiдэрланды, Аўстрыя, Партугалiя, Фiнляндыя, Швецыя, Злучанае каралеўства Вялiкабрытанii i Паўночнай Iрландыi)28. Бакi гарантуюць, што абыходжанне з беларускiмi грамадзянамi, якiя легальна працуюць на тэрыторыi любой з дзяржаў — членаў Еўрапейскага супольнiцтва, i адпаведна з грамадзянамi краiн — членаў ЕС, якiя легальна працуюць у Беларусi, "будзе пазбаўлена ўсялякай дыскрымiнацыi па нацыянальнай прыкмеце, што датычыць умоў працы, аплаты цi звальнення". Пагадненнем прадугледжана каардынаванне сацыяльнага забеспячэння, у тым лiку акрэслены прынцыпы вызначэння пенсii ў сувязi з узростам, iнвалiднасцю i смерцю, атрымання медыцынскай дапамогi легальнымi мiгрантамi i iнш. Бакi дэкларавалi, што прыкладуць сумесныя намаганнi, каб узяць пад кантроль нелегальную эмiграцыю, улiчваючы прынцып i практыку другаразовага ўезду.

Паўнамоцным органам Беларусi па рэалiзацыi пагадненняў аб супрацоўнiцтве ў галiне працоўнай мiграцыi i сацыяльнай абароны працоўных-мiгрантаў прызначана ў чэрвенi 1994 г. Дзяржауная мiграцыйная служба (з 1997 г. — Камiтэт па мiграцыi пры Мiнiстэрстве працы)29. У складзе гэтага органа створана Упраўленне знешняй працоўнай мiграцыi. Згодна з пастановай Кабiнета Miнiстраў ад 21 жнiўня 1995 г. Дзяржаўная мiграцыйная служба пачала выдаваць лiцэнзii як на прыцягненне замежнай рабочай сiлы ў Беларусь, так i на працаўладкаванне яе грамадзян за мяжой. Было зарэгiстравана некалькi дзесяткаў фiрм, якiя атрымалi дазвол на такi род дзейнасцi i адпраўляюць людзей на заробкi ў Расiю, Польшчу, Германiю, Iзраiль, ЗША, краiны Блiзкага Усходу. Фiрма "Астрахан" (Мiнск) атрымала права накiроўваць на будаўнiчыя работы ў Маскву i Уфу, прапануюць работу ў Расii мiнская фiрма "Вiлената" i бабруйская "Дар". Сталiчная фiрма "Амiда" арганiзуе выезд на працу ў Германiю тынкоўшчыкаў-муляроў, а "Савекс" — у Чэхiю на лесараспрацоўкi. Адсутнасць вопыту ўладкавання на працу за мяжой, недасведчанасць i даверлiвасць грамадзян прыводзяць да таго, што яны нярэдка становяцца ахвярамi махлярства, злоўжыванняў нелегальных фiрм (цi нават тых, што маюць адпаведныя лiцэнзii). У Гродне раскрыты махiнацыi i спынена нелегальная дзейнасць кааператыва "Каларыт" (1996) i фiрмы "Мерана" (1997), прадухiлены махiнацыi маладзечанскай фiрмы "Славянiн" па вывазу 1,5 тыс. жыхароў Беларусi на будаўнiцтва дарогi ў Бацване. У 1998 г. шэраг фiрм былi пазбаўлены лiцэнзiй з-за невыканання абумоўленых абавязацельстваў. Па даных Камiтэта па мiграцыi пры Мiнiстэрстве працы напачатку 1999 г. лiцэнзii на працаўладкаванне за мяжой мелi 74 суб'екты гаспадарання ў 12 гарадах (Мiнску, Гомелi, Гродна, Брэсце, Вiцебску, Магiлёве, Пiнску, Светлагорску, Смаргонi, Жодзiна, Бабруйску, Шчучыне).

Пэўнае, але далёка не поўнае ўяўленне аб памерах часовай працоўнай эмiграцыi даюць лiчбы тых, хто зарэгiстраваў свае кантракты ў Мiнiстэрстве працы: за межамi Беларусi ў 1994 г. — 1314 асоб, у 1995 г. — 1692, 1996 г. — 1894, у 1997 г. — 3226, у 1998 — 3692 асобы30. Але рэальна толькi ў Расii за першае паўгоддзе 1996 г. работу знайшлi больш за 10 тыс. грамадзян Беларусi31. За першае паўгоддзе 1998 г. 334 жыхара Беларусi атрымалi дазвол на працу ў Польшчы32. Уладкоўваюцца працоўныя мiгранты пераважна будаўнiкамi, вадзiцелямi гарадскога транспарту ў Pacii, на сельскагаспадарчых работах, нiжэйшых прыступках сферы абслугоўвання ў Польшчы, iншых дзяржавах.

На палiўна-энергетычным комплексе Pacii працуе ад 5 да 8 тыс. беларускiх вахтавiкоў (так званая маятнiкавая мiграцыя), якiх прываблiваюць традыцыйна высокiя заробкi33. Але ў апошнiя гады ix становiшча моцна ўскладнiлася ў сувязi са скарачэннем здабычы нафты ў Pacii i павелiчэннем беспрацоўя, невысокай аплатай працы i затрымкамi з яе выплатай, няпэўнымi перспектывамi на будучыню. Беларускiя будаўнiчыя арганiзацыi ў пошуках працы выходзяць на рынак Pacii. Вярхоўны Савет Беларусi адмянiў у 1996 г. падатак на дабаўленую вартасць (каб пазбегнуць двайнога падаткаабкладання) на будаўнiчыя работы за межамi рэспублiкi, тым самым значна палепшыў ix эканамiчнае становiшча. Бeлapycкiя будаўнiкi ўзвялi шэраг аб'ектаў у Маскве i Падмаскоўi, у гарадах Варонеж, Багучараў, Пятрова-Дальняе Расiйскай Федэрацыi34. Танная рабочая сiла, добрая квалiфiкацыя, дысцыплiнаванасць дазваляюць беларускiм работнiкам укаранiцца ў некаторых сферах на замежным рынку працы i такiм чынам захаваць працоўны патэнцыял, квалiфiкацыю, прывезцi з-за мяжы лепшыя тэхналогii i заробкi.

Ва ўмовах эканамiчнага крызiсу, адсутнасцi рэформ i павароту ўлады да адмiнiстратыўна-каманднага кiравання працоўная мiграцыя — гэта выйсце, але ўсё ж не для большасцi жыхароў краiны. Па неафiцыйных ацэнках, цяпер за межамi Беларусi працуюць да 100 тыс. чалавек. Праявiлася ўстойлiвая тэндэнцыя павелiчэння дыяспары (у асноўным па эканамiчных матывах) за кошт здольных, творчых, перспектыўных, прагматычных, высокапрафесiйных выхадцаў з Беларусi. Улады ж яе пакуль не прымаюць эканамiчных мер для стрымлiвання адтоку за мяжу iнтэлектуальнай, навуковай, культурнай, спартыўнай элiты дзяржавы. Не праяўляецца клопат аб захаваннi нацыянальнага генафонду, засцярогi з нагоды "уцечкi розуму" i "залатых рук", практычна за свой кошт дзяржава рыхтуе добрых спецыялiстаў для iншых краiн. Праўда, ёсць i станоўчы бок гэтага: паехаўшыя найчасцей могуць плённа рэалiзаваць свае магчымасцi, захаваць прафесiйны ўзровень, палепшыць дабрабыт.

Па даных апытання, праведзенага iнстытутам сацыялогii Акадэмii навук Беларусi сумесна з Дзяржаўнай мiграцыйнай службай, каля 300 навукоўцаў i выкладчыкаў ВНУ (з iх — амаль палова дактары i кандыдаты навук) выехалi ў 1991—1995 гг. у ЗША (38 %), Iзраiль (32 %), Расiю (10 %), Германiю (7 %), Канаду (3 %)35. У ЗША пражываюць спевакi Л. Барткевiч, В. Пархоменка, А. Забора, кампазiтар З. Яўтуховiч, мастак Ю. Пучынскi, акцёры Р. Харык, Р. Маленчанка, А. Караблёў, пiянiст Л. Кузьмiн, гiтарыст А. Растопчын, у Iталii — оперная спявачка М. Гулегiна, у Францыi — мастакi Б. Забораў, М. Паўлоўскi, спявак А. Валодась, скрыпачка Л. Колас, у Германii — скрыпач А. Крамараў, Англii — мастак В. Мартынчык, Аўстрыi — мастачка З. Лiтвiнава, Чэхii — паэт С. Сокалаў-Воюш, Польшчы — мастак С. Захарынскi, Iзраiлi — музыкант Л. Тышко i iнш.

У апошнiя гады прычынай сталай цi часовай эмiграцыi становяцца не толькi эканамiчныя матывы, але i непрыманне палiтычнай сiтуацыi ў Беларусi, адносiнаў дзяржаўных структур да нацыянальнай культуры. Першыя палiтычныя эмiгранты атрымалi прытулак у ЗША, Чэхii, Польшчы. "Некамфортна цяпер у Беларусi многiм, — заўважае мастак С. Захарынскi, — у першую чаргу творцам — паэтам, музыкантам, мастакам, артыстам. Беларуская культура — сума iндывiдуальнасцяў, а гэтыя "iндывiдуальнасцi" спрабуюць зноў нiвелiраваць "зверху", падзялiць на свaix i чужых як уладатрымальнiкi, так i самi творцы. Але ж нам патрэбны моцная, цэльная нацыя i cyчасная дэмакратычная дзяржава, за якую не трэба было б саромецца"36.

З 1993 па 1997 г. Беларусь пакiнулi цi выехалi на працу па кантракту 220 перспектыўных спартсменаў i больш за 100 трэнеpaў37. У апошнi час неспрыяльныя ў дзяржаве падатковыя, iнвестыцыйныя ўмовы гаспадарання выштурхоўваюць у iншыя краiны людзей прадпрымальных, як i ix капiталы. Так, на працягу 1997 г. дэпартамент эмiграцыi МУС Чэхii выдаў вiзы на пастаяннае жыхарства некалькiм сотням беларускiх бiзнесменаў, якiя перанеслi сваю дзейнасць на тэрыторыю Чэшскай Рэспублiкi38. Па ацэнцы апазiцыйных палiтыкаў, напрыканцы 1998 г. больш за 30 тыс. грамадзян вялi свой бiзнес у Pacii, ва Украiне, у Польшчы, Чэхii, Прыбалтыцы, паляпшаючы дабрабыт гэтых дзяржаў39. Цi асэнсоўваюць улады Беларусi вынiкi таго, што ў патоку эмiгрантаў краiну пакiдае найбольш прафесiйны кантынгентi Эксперты прадказваюць, што гэта адна з прычын змяншэння ў блiжэйшы час працоўнага i iнтэлектуальнага патэнцыялу дзяржавы40. Безумоўна, нельга вяртацца да закрытага грамадства (як было ў СССР), пазбаўляць асобу права жыць, працаваць там, дзе яна хоча (нават у iмя росквiту краiны цi якой iншай высакароднай мэты), але шукаць эканамiчныя шляхi вырашэння гэтай праблемы на карысць народа неабходна.

Вышэйзгаданыя тэндэнцыi прывялi да папаўнення беларускiх замежных арганiзацый новымi сябрамi, ажыўлення працы беларускiх асяродкаў у ЗША, Чэхii, Канадзе i iнш. Як заўважыў вядомы ў эмiграцыi i на бацькаўшчыне дзеяч Я. Запруднiк, у Нью-Йоркскiм аддзеле Беларуска-амерыканскага задзiночання на 60 % — новыя людзi41.

Новая з'ява ў жыццi дыяспары — папаўненне яе нелегальнай, некантралюемай эмiграцыяй, найчасцей часовай. Па меркаваннi даследчыкаў, колькасць тых, хто ўладкоўваецца такiм чынам за мяжой (без дазволу на пражыванне i працу), вызначаецца ўжо не тысячамi, а дзесяткамi тысяч (летам 1998 г. — амаль 50 тыс.)42. Нягледзячы на абарону большасцi заходнiх краiн ад наплыву мiгрантаў, дэпартацыю нелегальных працаўнiкоў, яны ўладкоўваюцца чорнарабочымi, хатнiмi работнiкамi, у агароднiцтве, сферы абслугоўвання, працуюць на самых разнастайных, але найчасцей на нiзкааплатных сезонных работах. Павялiчваецца выезд на часовыя заробкi ў Расiю, iншыя краiны без кантрактаў, часамi па папярэдняй дамоўленасцi, а найчасцей i без яе. "Ненатуральна танныя беларускiя рабочыя на нелегальным рынку працы Pacii, — падкрэслiвае расiйскi эканамiст О. Лацiс, — i ненатуральна танныя беларускiя тавары на маскоўскiх рынках даўно ўжо служаць неабвержным доказам цяжкай хваробы беларускай эканомiкi"43. Пры гэтым нелегалы сацыяльна неабароненыя (пры аплаце працы, захаваннi тэхнiкi бяспекi i iнш.). Гаспадары, якiя выкарыстоўваюць iх працу, рызыкуюць (бо не плацяць падатку, страхоўкi, адлiчэння на пенсii), але маюць з гэтага выгаду (мала плацяць, не клапоцяцца аб умовах працы i быту, не маюць праблемы з паслухмянасцю, выкiдваюць пры першай нязгодзе). Сродкi масавай iнфармацыi прыводзяць шмат выпадкаў поўнага бяспраўя, падману, шантажу, калецтва цi нават смерцi нелегальных працаўнiкоў у Польшчы, Расii i iншых месцах. Нелегальная мiграцыя звязана i з такiмi адмоўнымi з'явамi, як наркабiзнес, прастытуцыя, грабяжы. У Германii былi скандальныя гiсторыi, калi паехаўшыя за "легкiм" заробкам беларускiя дзяўчаты траплялi ў становiшча рабынь. У поле зроку гандляроў "жывым таварам", частка якiх актыўна дзейнiчае ў Польшчы, трапляюць i суайчыннiцы, якiя "практыкуюць" у гэтай i iншых краiнах. Некаторых з жанчын прымусiлi стаць прастытуткамi шляхам падману, бо наймалi ix на зусiм iншую працу44.

Разуменнем важнасцi, неабходнасцi асэнсаванай палiтыкi ў галiне эмiграцыi-iмiграцыi стала прыняцце пастановай Савета Мiнiстраў Беларусi ад 8 красавiка 1998 г. Дзяржаўнай мiграцыйнай праграмы, кантроль за выкананнем якой ускладзены на мiжведамасную камiсiю па пытаннях мiграцыi пры Савеце Miнiстpaў45. У ёй асаблiвая ўвага надаецца рэалiзацыi закона "Аб бежанцах", больш эфектыўнаму супрацоўнiцтву з суседнiмi i iншымi дзяржавамi i ў сферы кантроля за мiграцыяй, папярэджванню i выкараненню незаконнай мiграцыi. Адным з прававых актаў па рэалiзацыi гэтай праграмы стаў прыняты ў чэрвенi 1998 г. закон "Аб знешняй працоўнай мiгpaцыi", якi вызначае парадак выезду грамадзян Беларусi для працы за мяжу, прыцягнення iншаземнай рабочай сiлы ў рэспублiку, юрыдычныя нормы абароны працоўных мiгрантаў46. У законе вызначаны тэрмiны "знешняя працоўная мiграцыя", "маятнiкавая " ("прыгранiчная"), "працоўны-мiгрант", "прыгранiчны працоўны", уведзены прынцыпы квотаў для працоўных-мiгрантаў, заключэння iмi працоўнага дагавора i забеспячэння дзяржавамi роўнасцi сацыяльных правоў, прадухiлення нелегальнай працоўнай мiграцыi i iнфармацыi, якая ўводзiць у зман.

Беларусь апошнiм часам робiць больш рэальныя захады па вырашэннi праблем мiграцыi супольна з iншымi дзяржавамi. У пагадненнi аб стварэннi Садружнасцi Незалежных Дзяржаў пытаннi мiграцыйнай палiтыкi аднесены да сферы сумеснай дзейнасцi, "рэалiзуемай на раўнапраўнай аснове праз каардынуючыя iнстытуты Садружнасцi"47. У дагаворах памiж Рэспублiкай Беларусь i Узбекiстанам (1991), Кыргызстанам (1991), Расiйскай Федэрацыяй (1995) i iнш. бакi прызналi мэтазгодным аб'яднанне намаганняў па пытаннях мiграцыйнай палiтыкi i ўзаемадзеянне ў барацьбе з нелегальнай мiграцыяй48.

Беларусь стала членам мiжурадавай Мiжнароднай арганiзацыi па мiграцыi (у снежнi 1996 г. у Мiнску адкрылася яе прадстаўнiцтва), прымае ўдзел у Кансультацыйным савеце па працы, мiграцыi i сацыяльнай абароне насельнiцтва дзяржаў — удзельнiц СНД (1996), падпiсала ў 1998 г. Пагадненне краiн СНД аб супрацоўнiцтве ў барацьбе з незаконнай мiграцыяй (ратыфiкавана Беларуссю ў 1999 г.).

Дапамогу Беларусi ў вырашэннi складаных праблем мiграцыi, якiя часта носяць мiжнародны характар, аказвае адкрытае ў вераснi 1995 г. у Мiнску Прадстаўнiцтва Упраўлення Вярхоўнага камiсара AAH па справах бежанцаў. Урад Беларусi прызначыў свайго паўнамоцнага прадстаўнiка ў Адмiнiстратыўны савет Мiждзяржаўнага фонду дапамогi бежанцам i вымушаным перасяленцам. Упраўленне Вярхоўнага камiсара ААН па справах бежанцаў, Прадстаўнiцтва ААН i Мiжнародная арганiзацыя па мiграцыi наладзiлi ў 1996 г. семiнар для супрацоўнiкаў мiнiстэрстваў i ведамстваў Беларусi па пытаннях мiграцыi i бежанцаў (аналагiчныя семiнары праведзены ў Лiтве i Эстонii). Ён паспрыяў азнаямленню канкрэтных кiраўнiкоў з мiжнародным гуманiтарным правам i правамi бежанцаў, практыкай ix ажыццяўлення ў краiнах Заходняй Еўропы. Да нявырашаных праблем трэба аднесцi тое, што да гэтага часу ў рэспублiцы не падпiсаны Мiжнародная канвенцыя па абароне правоў працоўных мiгрантаў, Еўрапейская канвенцыя аб прававым стане рабочых-мiгрантаў (1977), канвенцыя "Аб злоўжываннях у галiне мiграцыi i забеспячэннi працоўным мiгрантам роўнасцi магчымасцей" (1975). Не адрэгуляваны правы замежных суродзiчаў, хаця ўжо распрацоўваецца закон аб суайчыннiках, якiя жывуць за мяжой. Ён павiнен юрыдычна замацаваць правы i льготы суродзiчаў, якiя прадаставiць iм бацькаўшчына (гэта можа быць палёгка ў адносiнах набыцця маёмасцi, большае спрыянне прадпрымальнiкам, iнвестарам з беларускай дыяспары i iнш.). Дзяржава абавязана прызнаць пэўныя правы дзеля захавання iх iнтарэсаў у краiне ix паходжання, гiстарычнай радзiме. Адно з такiх правоў — права на рэпатрыяцыю i дзяржаўную падтрымку ў гэтым суродзiчаў з новых незалежных дзяржаў, якiя жадаюць вярнуцца на бацькаўшчыну (дапамога ў працаўладкаваннi, прапiсцы, крэдытаваннi пры набыццi жылля i iнш.).

Абароне правоў замежных суайчыннiкаў спрыяюць мiжнародныя дагаворы аб узаемаадносiнах Беларусi з Польшчай, Расiяй, Украiнай, Кыргызстанам, Узбекiстанам, якiя ўтрымлiваюць артыкулы аб магчымасцi свабоднага выяўлення, захавання i развiцця суайчыннiкамi этнiчнай, культурнай, моўнай, рэлiгiйнай самабытнасцi. Першае мiжурадавае пагадненне аб абароне iнтарэсаў суродзiчаў Беларусь падпiсала з Малдовай (1997), такiя пагадненнi рыхтуюцца з памежнымi дзяржавамi — Украiнай, Расiяй, Лiтвой.

З набыццём самастойнасцi Беларусь ажыццяўляе свае вiзавую палiтыку, якая аказвае значны ўплыў на самаадчуванне замежных суродзiчаў, ix повязi з бацькаўшчынай, а таксама на працэсы мiграцыi. Пасля распаду СССР эмiграцыi-мiграцыi паспрыяла пагадненне аб бязвiзавым перамяшчэннi грамадзян СНД па тэрыторыях яе ўдзельнiкаў (кастрычнiк 1992 г.). Да 1993 г. Беларусь ужо мела дагаворы з 11 краiнамi па бязвiзаваму перамяшчэнню (Чэхiя, Славакiя, Польшча, Балгарыя, Венгрыя, Куба, Македонiя, Боснiя i Герцагавiна, Сербiя i Чарнагорыя, Манголiя). Беларусь i Польшча спросцiлi парадак перасячэння мяжы для жыхароў прыгранiчных населеных пунктаў: Кабiнет Мiнiстраў Беларусi ў лiстападзе 1995 г. прыняў пастанову "Аб правапераемстве ў дачыненнi Пагаднення памiж СССР i ПНР аб спрошчаным парадку пропуску цераз дзяржаўную мяжу жыхароў прыгранiчных населеных пунктаў, якое было заключана ў маi 1985 г.". Пагадненнем памiж урадамi Беларусi i Кубы аб узаемных бязвiзавых паездках грамадзян (1997) вызначана, што тыя з ix, што прыязджаюць на тэрмiн больш за 30 дзён, на пастаяннае жыхарства цi па працоўнаму кантракту, павiнны мець вiзу адпаведнай дзяржавы49. Да 1993 г. на 8 краiн распаўсюджваўся вiзавы рэжым (КНДР, КНР, Iндыя, Лiтва, Латвiя, Румынiя, Турцыя, Iран). Са студзеня 1996 г. да ўзаемнага вiзавага рэжыму перайшлi Беларусь са Славенiяй i Харватыяй. З памежных з Беларуссю дзяржаў вiзавы рэжым увялi Латвiя (1993), Эстонiя (1993), Лiтва (1994), а з 1 жнiўня 1998 i Польшча (гэта адна з умоў яе прыняцця ў Еўрапейскi саюз). Але з улiкам наяўнасцi ў памежных з Беларуссю дзяржавах этнiчных беларусаў для пэўных ix катэгорый зроблены выключэннi, прадастаўлены льготы. З 1994 г. дзейнiчае беларуска-лiтоўскае пагадненне аб спрошчаным парадку (па прапусках) перасячэння дзяржаўнай мяжы жыхарамi прыгранiчных тэрыторый50. Права на бязвiзавае перасячэнне мяжы маюць i тыя, хто працуюць цi вучацца ў Беларусi, асобы, якiя старэй за 60 гадоў51. Памiж дзяржавамi заключана пагадненне, што асобы, якiя дакументальна пацвердзiлi сваё паходжанне з Беларусi i маюць тут блiзкiх сваякоў, атрымлiваюць пасведчанне на права шматразовага наведвання бацькаўшчыны тэрмiнам да двух гадоў. Для атрымання такога пасведчання яны афармляюць шматразовыя беларускiя вiзы праз Пасольства Беларусi ў Лiтве.

Аналагiчная практыка iснуе памiж Беларуссю i Латвiяй. Але ёсць i асаблiвасцi, якiя вынiкаюць з iснавання ў суседняй дзяржаве вялiкай колькасцi беларусаў-неграмадзян (цяпер ix 80 тыс.). Беларусь дамаглася падаўжэння да 1 студзеня 1998 г. бязвiзавага ўезду на бацькаўшчыну асобам без грамадзянства, якiя мелi пашпарты былога СССР з адзнакай Рэгiстра сталага жыхара Латвii. Тыя, хто маюць пасведчанне неграмадзянiна, павiнны атрымоўваць беларускiя вiзы, але i для гэтай катэгорыi ўстаноўлены адпаведныя льготы (права на набыццё шматразовай гадавой вiзы, калi ў Беларусi ў iх пражываюць блiзкiя сваякi цi калi яны валодаюць тут уласнай нерухомасцю). Такое ж права маюць i грамадзяне Латвii (сярод ix больш за 20 тыс. беларусаў) пры наяўнасцi ў ix блiзкiх сваякоў у Беларуci. З 1 красавiка 1996 г. для асоб без грамадзянства знiжана аплата за шматразовую гадавую i транзiтную вiзы. Бясплатныя вiзы выдаюцца ў сувязi са смерцю блiзкiх цi наведваннем могiлак сваякоў.

Больш складаная сiтуацыя ў суродзiчаў Эстонii. "Упэўнена, што не толькi я адна, — адзначае эстонская беларуска Я. Харытоненка, — але многiя не згодны з тым, што нам патрэбна вiза. Пакуль што я не маю нiякага грамадзянства, атрымлiваю вiзу, якая каштуе 10 долараў толькi на месяц. Яшчэ больш крыўдна становiцца ад таго, што ўкраiнцы, рускiя, якiя таксама не маюць нiякага грамадзянства, гэтак жа, як i мы, але едуць на сваю бацькаўшчыну без вiзы. Цiкава, што ў Расiю я магу ехаць без вiзы... Калi падумаеш без прадузятасцi пра вiзавы рэжым у Эстонii, то, можа, так яно i павiнна быць. Але ж беларусы ў нас галоўным чынам людзi ўжо ва ўзросце, на пенсii"52.

Што тычыцца заходнееўрапейскiх краiн, то для грамадзян Беларусi i iншых краiн СНД патрэбна вiза для ўезду на тэрыторыю дзяржаў Шэнгенскага саюза, але, атрымаўшы вiзу ў адным з пасольстваў, можна перамяшчацца па тэрыторыi 10 еўрапейскiх краiн — Аўстрыi, Бельгii, Германii, Галандыi, Грэцыi, Iспанii, Iталii, Люксембурга, Партугалii i Францыi.

Такiм чынам, юрыдычнае права на свабодны ўезд i выезд з Беларусi яе грамадзян, заканадаўча замацаванае ў якасцi аднаго з асноўных правоў асобы, практыка яго рэалiзацыi абумовiлi натуральнае папаўненне заходняй дыяспары, вяртанне суродзiчаў на бацькаўшчыну з новых незалежных дзяржаў на тэрыторыi былога СССР. Пэўную частку дыяспары складаюць часовыя працоўныя эмiгранты, у тым лiку i нелегальныя. Беларусь зрабiла пэўныя захады на падставе мiжнародных, мiжурадавых пагадненняў па рэгуляванню мiграцыйных працэсаў, вырашэнню пытанняў сацыяльнай абароненасцi грамадзян за мяжой. Намецiлiся пэўныя зрухi ў падрыхтоўцы заканадаўчых актаў, якiя паўплываюць на жыццё замежных суайчыннiкаў i адпаведна на стан дыяспары. Але пакуль яны яшчэ не даюць дастатковых гарантый для замежных беларусаў, асаблiва на постсавецкай прасторы, iх сацыяльнай абароны, магчымасцей для iх наступнага вяртання i ўключэння ў працоўны працэс на бацькаўшчыне. Змянiлiся адносiны да выезду грамадзян Беларусi за мяжу на працу, i дзяржава зрабiла першыя крокi па наданню працэсу заканадаўча аформленых, цывiлiзаваных форм.

Павелiчэнне разрыву жыццёвага ўзроўню жыхароў Беларусi ў параўнаннi з iншымi краiнамi пагражае павелiчэннем эмiграцыi, стратамi iнтэлектуальнага i працоўнага патэнцыялу. Папаўненне, такiм чынам, дыяспары, паяўленне ў ёй значных творчых сiл, квалiфiкаваных працаўнiкоў патрабуе iншага зместу i ўзроўню ўзаемадзеяння на дзяржаўным i грамадскiм узроўнi з замежнымi грамадзянамi Беларусi i суродзiчамi.

1 Ведамасцi Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь. 1991. № 32. Арт. 421.
2 Ведамасцi Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь. 1993. № 22. Арт. 274.
3 Збор пастаноў урада Рэспублiкi Беларусь. 1993. № 23. Арт. 449.
4 Падлiчана па: Республика Беларусь в цифрах: Стат. зб. Мн., 1997. С. 33; Основные итоги миграции населения Республики Беларусь: Стат. зб. Мн., 1998. С. 29.
5 Республика Беларусь в цифрах. 1997: Стат. зб. С. 33, 50.
6 Белорусская деловая газета. 1996. 26 августа.
7 Падлiчана па: Население Республики Беларусь: Стат. зб. Мн., 1997. С. 167—168; Основные итоги миграции населения Республики Беларусь: Стат. зб. С. 29.
8 Падлiчана па: Республика Беларусь в цифрах: Стат. зб. Мн., 1997. С. 33.
9 Падлiчана па: Республика Беларусь в цифрах. 1993: Стат. зб. Мн., 1994. С. 61—62; Республика Беларусь в цифрах. 1995: Стат. зб. Мн., 1996. С. 35; Основные итоги миграции населения Республики Беларусь: Стат. зб. С. 30.
10 Падлiчана па: Население Республики Беларусь. 1994: Стат. зб. Мн., 1995. С. 411—418; Население Республики Беларусь. 1995: Стат. зб. Мн., 1996. С. 176—177. Население Республики Беларусь: Стат. зб. Мн. 1997. С. 172—173; Основные итоги миграции Республики Беларусь. С. 30.
11 Ведамасцi Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь. 1995. № 32. Арт. 421.
12 Там жа. 1992. № 21. Арт. 344.
13 Звязда. 1995. 22 верасня.
14 Там жа. 1996. 22 чэрвеня.
15 Звязда. 1994. 14 кастрычнiка; 1996. 27 сакавiка.
16 Звязда. 1996. 5, 19 красавiка; Беларусь: среда для человека. Мн., 1996. С. 48.
17 Ведамасцi Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь. 1995. № 19. Арт. 229.
18 Ведамасцi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь. 1998. № 18. Арт. 211.
19 Звязда. 1995. 9 верасня.
20 Звязда. 1996. 29 мая.
21 Свабода. 1997. 28 кастрычнiка.
22 Ведамасцi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь. 1988. № 25—26. Арт. 432.
23 Гл.: Содружество. 1996. № 1 (21). С. 76—80.
24 Звязда. 1996. 25, 26 чэрвеня.
25 Звязда. 1998. 13 сакавiка.
26 Звязда. 1996. 26 чэрвеня.
27 Ведамасцi Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь. 1994. № 28. Арт. 497.
28 Ведамасцi Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь. 1996. № 1—2. С. 3—71.
29 Збор пастаноў урада Рэспублiкi Беларусь. 1994. № 17—18. Арт. 361.
30 Звязда. 1996. 26 верасня; Там жа. 1998. 28 лiпеня; Голас Радзiмы. 1999. 25 сакавiка.
31 Звязда. 1996. 5 верасня.
32 Навiны. 1998. 23 снежня.
33 Свободные новости. 1996. Апрель.
34 Звязда. 1997. 8 жнiўня.
35 Звязда. 1996. 8 кастрычнiка.
36 Там жа. 11 кастрычнiка.
37 Белорусская газета. 1998. 6 апреля; Белорусская деловая газета. 1998. 28 декабря.
38 Свабода. 1997. 2 верасня.
39 Народная воля. 1998. 3 кастрычнiка.
40 Беларусь: среда для человека. Национальный отчет о человеческом развитии ' 96. Мн., 1997. С. 47.
41 Голас Радзiмы. 1998. 19 лiстапада.
42 Звязда. 1998. 28 лiпеня.
43 Известия. 1996. 15 декабря.
44 Звязда. 1996. 17 мая.
45 Збор дэкрэтаў, указаў прэзiдэнта i пастаноў урада Рэспублiкi Беларусь. 1998. № 10. Арт. 284.
46 Ведамасцi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь. 1998. № 25—26. Арт. 430.
47 Ведамасцi Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь. 1992. № 6. Арт. 121.
48 Там жа. 1993. № 16. Арт. 195; 1995. № 24—25. С. 39.
49 Ведамасцi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь. 1998. № 17. Арт. 204.
50 Народная газета. 1994. 1 красавiка.
51 Прамень. 1996. Лiпень. № 7.
52 Звязда. 1994. 9 верасня.


Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter

Сообщество

  • (029) 3222740
  • Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
© 2021 Международное общественное объединение «Развитие». All Rights Reserved.