Белорусский журнал международного права и международных отношений 2002 — № 2


международные отношения

БЕЛАРУСКА-ПОЛЬСКІЯ ГАНДЛЁВА-ЭКАНАМІЧНЫЯ СУВЯЗІ Ў 1923–1939 гг.

Валерый Цынкевіч

Цынкевіч Валерый Міхайлавіч — другі сакратар Консульскага ўпраўлення Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь

За час фармальна незалежнага існавання Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка ўсталявала трывалыя гандлёвыя сувязі з Польшчай, нягледзячы на існаваўшыя палітычныя супярэчнасці. БССР пэўным чынам адыграла ролю аднаго з плацдармаў, з якога пачалося аднаўленне знешняга гандлю савецкіх рэспублік з Захадам.

Востры таварны голад, а таксама неабходнасць барацьбы эканамічнымі метадамі (канкурэнцыя і паніжэнне цэн) з кантрабандай спрыялі развіццю прыгранічнага гандлю ў БССР прыкладна з канца 1920 г. Гэта вяло да ажыўлення эканомікі памежных раёнаў. У перыяд пасля заключэння Рыжскага міру афіцыйныя ўлады Польшчы нават спрабавалі правесці перагаворы аб заключэнні гандлёвага дагавора з БССР. У пачатку 1922 г. ураду БССР неафіцыйна стала вядома, што палкоўнік Клім — старшыня польскай часткі ваенна-пагадняльнай камісіі па ліквідацыі пагранічных інцыдэнтаў — мае паўнамоцтвы ад МЗС Польшчы на перагаворы аб заключэнні польска-беларускага гандлёвага пагаднення. Кіраўніцтва БССР рабіла запыты ураду РСФСР аб вызначэнні пазіцыі ў гэтым пытанні. Дакладна невядома, ці дайшла справа да канкрэтных прапаноў з польскага боку1.

Ва ўмовах дзяржаўнай манаполіі знешняга гандлю яго каардынацыя адбывалася праз наркамат знешняга гандлю РСФСР. Апарат упраўлення ўпаўнаважанага НКЗГ РСФСР у БССР быў арганізаваны ў сярэдзіне 1921 г. Як паведамляў у жніўні упаўнаважаны НКЗГ РСФСР І. Цеўмін, беларускі бок за месяц актыўнай дзейнасці закупіў тавараў на мяжы на 3 млрд савецкіх рублёў. Асноўная частка набывалася на сродкі кааперацыі і па яе заяўках. Хутка былі завязаны непасрэдныя кантакты з польскімі фірмамі. З верасня 1921 г. была ўсталявана сувязь з акцыянерным таварыствам "Брытаполь", у Мінску адкрылася гандлёвае прадстаўніцтва польска-амерыканскага акцыянернага таварыства "Палатайн". Праз іх Белзнешгандаль імпартаваў з Польшчы тавары і прадаваў іх дзяржаўным установам і кааператыўным арганізацыям2. Белзнешгандаль атрымліваў 25 % кошту ад імпартных і экспартных аперацый, што давала значны прыбытак3.

За 1921—1922 гг. была наладжана нарыхтоўка экспартных тавараў, умацаваліся сувязі з адносна буйнымі замежнымі фірмамі, перш за ўсё польскімі. Узнікла патрэба выходзіць на кантакты з непасрэднымі вытворцамі прадукцыі альбо скарачаць колькасць пасрэднікаў.

Са стварэннем СССР пачаўся новы этап беларуска-польскіх гандлёвых зносін. Знешні гандаль станавіўся ўсё больш цэнтралізаваным, яго мэты і формы падпарадкоўваліся не рэспубліканскім, а агульнасаюзным патрэбам.

Паводле статыстычных даных, гандаль з Польшчай у 1922/23 гаспадарчым годзе складаў 64,9 % ад усяго экспарту і 72,4 % ад імпарту БССР, у 1923/24 — адпаведна 9,4 % і 58,6 %, у 1924/25 — 4,0 % і 31,2 %. У Польшчу з БССР вывозілася сыравіна і прадукцыя жывёлагадоўлі, у тым ліку скурсыравіна, прычым толькі невялікая частка сыравіны пераапрацоўвалася на польскіх прадпрыемствах. Астатняе, асабліва прадукты сельскай гаспадаркі, перапрадавалася палякамі далей на Захад4. Для БССР гэта было нявыгадна, таму экспарт даволі хутка быў перанакіраваны на Германію, Англію. З 1924 г. у Польшчу ўжо вывозілі пераважна шчацінне, конскі волас, алей, сухафрукты, дугі, беларускія кнігі; прывозілі свінец, цынк, жалезныя бочкі, іглы, парафін, капіравальную паперу, іншую прамысловую прадукцыю і нязначна — тавары народнага спажывання5. Напрыклад, у 1922 г. у Польшчы было закуплена 4 тыс. плугоў польскіх фірм "Сталь" і "Завадскі". Цікава, што беларускія кнігі да 1923 г. БССР завозіла з Польшчы, і Прэзідыум ЦВК зняў пошліну з кніг на беларускай мове6.

Знешні гандаль на беларускіх тэрыторыях, якія да размежавання ўваходзілі ў склад РСФСР, вёўся праз Заходняе абласное ўпраўленне НКЗГ, што дзейнічала ў Смаленскай, Гомельскай, Бранскай губернях. Пашырэнне тэрыторыі БССР істотна не змяніла структуры гандлю з Польшчай. Для пазбягання канкурэнцыі НКЗГ у 1922 г. падпарадкаваў Віцебскую губерню ўпраўленню ўпаўнаважанага НКЗГ у БССР7.

Падставамі працяглай арыентацыі БССР на імпарт з Польшчы былі добрыя кантакты з польскімі гандлярамі і адсутнасць іх з вытворцамі краін Заходняй Еўропы, хуткая і бесперабойная, у адрозненне ад Германіі, дастаўка тавараў з Польшчы. Але адзначаліся і недахопы ў арганізацыі знешняга гандлю БССР, такія, як адсутнасць інфармацыі аб знешніх рынках, доўгія тэрміны дастаўкі тавара да месца прызначэння (1—2 месяцы), марудная рэалізацыя тавара (напрыклад, партыя воўны, што паступіла ў Польшчу ў 1922 г., была прададзена толькі праз паўгода), адсутнасць інфармацыі аб прададзеных таварах, продаж часткі тавараў ніжэй сабекошту, дрэннае захаванне тавараў на складах (прычым частка іх гублялася па дарозе), дрэнная якасць экспартнага тавару, слабая дзейнасць прадстаўнікоў Дзяржгандальбелу ў Варшаве і Берліне8.

Неаднаразова ўзнікалі супярэчнасці паміж экспартнымі інтарэсамі БССР і мытна-тарыфнай палітыкай СССР (РСФСР). Зацверджаны СНК РСФСР у чэрвені 1922 г. першы экспартны тарыф забараняў экспарт хлеба, грыбоў, масла, яек, птушкі і іншых прадуктаў харчавання. Гэтыя абмежаванні, а таксама пошліны на вываз дзёгцю, шкіпінару, пянькі былі зняты новым тарыфам ад 6 сакавіка 1923 г.: былі зніжаны пошліны на лес і лён, але адначасова ўводзіліся пошліны на вываз кішак, скур, ануч9. На нарадзе з прадстаўнікамі эканамічных камісарыятаў і арганізацый Беларусі пры СНК СССР у сакавіку 1923 г. прадстаўнік СНК БССР Каплан скардзіўся на адмову ў выдачы дазволу на вываз спірту ў Польшчу, што прывяло да скарачэння яго вытворчасці ў БССР10.

Праблемы ў развіцці знешняга гандлю БССР былі аналагічныя, што і для суседняй УССР: адсутнасць адзінай сістэмы ўліку, справаздач, прававых норм, стратэгіі знешняга гандлю, кадраў, да таго ж непрадказальныя рэквізіцыі тавараў, адмовы ад аплаты, адсутнасць крэдытаў, дрэнная тарыфная і мытная палітыка11.

З 1922 г. у Варшаве працаваў прадстаўнік БССР, спачатку самастойна, пасля ў складзе гандлёвага прадстаўніцтва СССР. Пазней гэтую пасаду скарацілі з-за пераарыентацыі беларускага экспарту і імпарту на Германію і іншыя краіны Заходняй Еўропы12. У далейшым гандаль з Польшчай праходзіў праз гандлёвае прадстаўніцтва СССР у Варшаве, якое за перыяд з 1 студзеня па 1 кастрычніка 1923 г. выдала 124 пасведчанні на ўвоз тавараў з Польшчы, прычым 94 з іх — Дзяржгандальбелу. Столькі ж ад яго было атрымана і заявак на імпарт. Такім чынам, прадстаўніцтва ў Варшаве працавала ў гэты час па імпарту пераважна на заказы з БССР13. Амаль усе тавары на рэалізацыю ў Польшчы паступалі таксама ад Дзяржгандальбела14. Акрамя таго, пэўны час у Стаўбцах працавала агенцтва гандлёвага прадстаўніцтва СССР у Польшчы.

За кантроль над выгаднай экспартнай галіной прамысловасці БССР — лясной і дрэваапрацоўчай — паміж Масквой і Мінскам доўгі час ішла барацьба. Яшчэ ў час мірных перагавораў у Рызе польскі бок узняў пытанне аб выдзяленні Польшчы лясных канцэсій на тэрыторыі БССР. Супраць гэтага запярэчыла кіраўніцтва рэспублікі, і пытанне было знята з абмеркавання15.

Нягледзячы на вычарпанасць лясных рэсурсаў БССР у выніку бессістэмнага карыстання ў час Першай сусветнай і Грамадзянскай войн, яны заставаліся каштоўным экспартным рэсурсам, у першую чаргу з-за выгаднага размяшчэння недалёка ад межаў і наяўнасці сеткі наземных і водных шляхоў. 2 снежня 1921 г. пастановай Савета Працы і Абароны РСФСР, нягледзячы на адмоўнае стаўленне да гэтага беларускіх уладаў, было створана дзяржаўнае аб’яднанне экспартнай лясной прамысловасці Заходняга раёна "Захадалес"16. За трэстам "Захадалес" былі замацаваны лепшыя лясы БССР. Працу разгарнулі з пачатку 1922 г., але спробы наладзіць рэгулярны сплаў лесу на экспарт праз тэрыторыю Польшчы праваліліся. Нягледзячы на тое, што паводле артыкула 331 Версальскага дагавора Нёман прызнаваўся міжнароднай ракой ад г. Гродна да вусця, з-за польска-літоўскіх супярэчнасцей і цяжкасцей з перасячэннем польска-савецкай мяжы рух па ім быў спынены, што перапыніла і сплаў па рацэ драўніны з БССР. Насуперак неаднаразовым намаганням Лігі Нацый, НКЗС СССР (а да яго стварэння — БССР і РСФСР) пытанне так і не было вырашана. Вываз драўніны "Захадалес" ажыццяўляў праз Латвію, што павышала яе сабекошт і рабіла экспарт менш выгадным. Так, у 1923/24 гаспадарчым годзе быў заключаны дагавор з фірмай "Дава-Брытаполь" на сплаў драўніны па Нёмане, але неўрэгуляванае пытанне руху праз Польшчу прымусіла сплаўляць лес па Заходняй Дзвіне17. "Захадалес" даў у 1922/23 гаспадарчым годзе каля 20 % савецкага экспарту лесу. Праўда, перагаворы аб распрацоўцы лясных участкаў на паях з "Захадалесам", якія вялі польскія фірмы "Палатайн" і "Якаў Цырынскі" ў пачатку 1920-х гг., скончыліся безвынікова18. Гандаль лесам з Віцебскай губерні вёў трэст "Дзвіналес", таксама створаны ў 1921 г. спецыяльна для экспарту19. У складзе лясных аддзелаў Цэнтральнага лесаэкспартнага бюро пры гандлёвых прадстаўніцтвах СССР у Германіі і Польшчы былі прадстаўнікі "Лесбела", якi з лета 1924 г. сканцэнтраваў экспарт лесу ў сваiх руках20.

З 1923 г. пачынаецца працэс цэнтралізацыі экспарту і вывад яго з-пад кантролю рэспубліканскіх уладаў. Першым крокам было стварэнне бюро экспарцёраў як аб’яднанняў для каардынацыі экспарту. У студзені 1923 г. Цэнтральнае лесаэкспартнае бюро аб’яднала буйнейшых лесаэкспарцёраў, у тым ліку "Дзвіналес" і "Захадалес". З’явіліся Цэнтральнае льноэкспартнае бюро (красавiк 1923 г.), Цэнтральнае пушное экспартнае бюро (красавік 1924 г.), Цэнтральнае маслаэкспартнае бюро (верасень 1924 г.), іншыя бюро — па экспарту яек, рыбапрадуктаў, шчаціння. Гандаль у гэты час экспартныя бюро вялі самастойна, а Дзяржгандаль рэспублікi — праз гандлёвыя прадстаўніцтвы СССР21.

Такім чынам, на першым этапе, у 1923—1924 гг., наладжванне сувязей СССР з непасрэднымі вытворцамі і спажыўцамі з Германіі, Англіі, Чэхіі і іншых краін Еўропы прывяло да змяншэння спачатку экспарту беларускіх тавараў у Польшчу, а пасля і імпарту польскіх. Акрамя таго, у гэты час пачалася цэнтралізацыя знешняга гандлю ў саюзных структурах.

На 1925—канец 1920-х гг. прыпадае другі перыяд, які характарызуецца далейшай цэнтралізацыяй знешняга гандлю, згортваннем прамых кантактаў беларускіх вытворцаў і дзяржаўных знешнегандлёвых структур з польскімі партнёрамі. Паступова роля БССР у знешнім гандлі зводзіцца да нарыхтоўкі экспартных тавараў, а сам экспарт і размеркаванне імпарту адбываюцца праз саюзныя структуры. Адначасова абвастраецца канкурэнцыя тавараў з БССР і Польшчы на сусветным рынку, перш за ўсё лесу і лесапрадуктаў, сельгаспрадукцыі.

У 1925/26 гаспадарчым годзе аб’ём нарыхтовак драўніны ў БССР перавысіў узровень 1913 г. БССР давала 4—5 % усёй драўніны СССР22. Аднак часопіс "Лесное хозяйство" адзначаў з 1928 г. iстотнае скарачэнне экспарту з Заходняга раёну — з-за вычарпанасці запасаў лесу i росту попыту на лес ва Украiне23. Гэтая нястача лесу яшчэ раней выклікала дыскусію паміж лесаперапрацоўчымі арганізацыямі БССР, УССР i РСФСР. Да рэвалюцыі лес пілавалі на Палессі і ў Падняпроўі, сплаўлялі на поўдзень Украіны, дзе пераапрацоўвалі на мясцовых тартаках. З будаўніцтвам тартакаў і буйных дрэваапрацоўчых камбінатаў (у Бабруйску) больш лесу стала перапрацоўвацца на месцы i экспартавацца на Захад і менш сплаўляцца для ўкраінскіх заводаў. У спрэчку пра размеркаванне квотаў лесасек у БССР умяшалiся кіруючыя органы народнай гаспадаркі СССР24.

Не маючы такіх запасаў сыравіны, як РСФСР ці УССР, БССР павінна была развіваць перапрацоўчую прамысловасць, да чвэрцi якой iшло на экспарт. У вытворчасцi фанеры i запалак БССР і Польшча выступалі канкурэнтамі на сусветных рынках25.

З канца 1920-х гг. пачалося стварэнне манапольных таварыстваў для экспарту асобных відаў прадукцыі замест экспартных бюро, якія былі аб’яднаннем самастойных вытворцаў ці нарыхтоўшчыкаў экспартных тавараў і толькі каардынавалі экспарт тавараў. У 1927 г. было зарэгістравана АТ "Экспартлён", якому давалася манаполія на экспарт iльну з СССР. Далей створаны Кустаэкспарт (1928), Саюзхарчэкспарт, Тэхнаэкспарт, Пладаэкспарт, Экспартхлеб, Саюзпушнiна. З 1932 г. дзейнічаў Саюзнарыхтэкспарт (вываз шчаціння, конскага воласа, кішак, ягад, мёду). Такія ж аб’яднанні былі створаны дзеля імпарту — Скурiмпарт, Текстыльiмпарт. Галоўным экспарцёрам лесу ў 1926/27 гаспадарчым годзе быў Экспартлес — 68,9 %. "Лесбел" пачаў спецыялізавацца на экспарце каштоўнай сыравіны з палескага дуба26.

У 1925 г. Г. Юнгерц у артыкуле аб перспектывах знешняга гандлю Беларусi адзначаў, што рэспубліка пачала развіваць знешнегандлёвыя сувязі з польскага рынку. Але хутка галоўнай мэтай стала пазбаўленне пасрэднікаў. Аўтар прагназіраваў ажыўленне гандлю з Польшчай па прычынах цесных эканамічных сувязей, што склаліся гістарычна, і зацікаўленасці Польшчы як у экспарце сваіх тавараў на Усход, так і транзіце праз сваю тэрыторыю27. Прагнозы не спраўдзіліся. Экспарт БССР канчаткова пераарыентаваўся на Заходнюю Еўропу28.

Імпарт з Польшчы, які ў 1921 г. дасягаў 95 % ад усяго імпарту, скараціўся i ў другой палове 1920-х гг. вагаўся ў межах 5—10 %29. Экспартны асартымент у Польшчу ў гэты час складалi ў асноўным прадукты жывёлагадоўлі на перапрацоўку — конскі волас, шчацінне, воўна, грыбы, а таксама льносемя і жмыхі. З-за падабенства спецыялізацыі гаспадаркі Польшча не мела патрэбы ў беларускім зерні, прадуктах раслінаводства, лесе, мясе, прамысловых таварах. Імпарт з Польшчы складалі прамтавары, сельскагаспадарчыя прылады30.

Улады рэспублікі надавалі вялікую ўвагу развіццю экспарту. Вываз з БССР у 1926/27 гаспадарчым годзе склаў у параўнанні з папярэднім 151,3 %, а ў наступным годзе ўзрос на 157,9 %31. Разгарнулася будаўніцтва прамысловых аб’ектаў, спецыяльна арыентаваных на экспарт тавару за мяжу. На першую пяцігодку было запланавана пашырыць экспарт у 2—3 разы за кошт стварэння першаснай базы перапрацоўкі экспартнай сельгаспрадукцыі непасрэдна ў БССР (чым раней займаліся ў Польшчы, Латвіі, перапрадаючы тавары далей на Захад), пашырэння наменклатуры экспартных тавараў32.

Быў забаронены экспарт неапрацаванай сыравіны: шчаціння, конскага воласа і г. д. У гэты час адзначалася падзенне попыту на сыравіну з СССР, таму i стаўка рабілася на развіцце другаснага экспарту33. У 1927 г. СНК і НКГ БССР прынялі рашэнне аб экспарце свіней у Чэхаславакію і Аўстрыю, але дэкрэтам урада Польшчы быў забаронены транзіт праз тэрыторыю краiны шэрагу тавараў, у тым ліку прадуктаў раслінаводства і жывёлагадоўлі. Нягледзячы на звароты афiцыйных уладаў, Польшча не дала дазволу на транзіт. Правоз жа праз Украіну каштаваў занадта дорага, пастаўкі атрымліваліся стратнымі34.

Польскія эканамісты ў 1920-я гг. адзначалі, што ў адносінах да СССР Польшча выступае як прамыслова развітая краіна (у той час, як да Германіі — як адсталая сельскагаспадарчая), экспартуючы прамысловую прадукцыю і набываючы сыравіну. Гэтая выснова цалкам прымальная і да структуры беларуска-польскага гандлю. Адзіным вiдам сыравіны, паступаўшай з Польшчы ў БССР, былі неперыядычныя закупкі каменнага вугалю для чыгункі35.

З польскага пункту гледжання галоўнай перашкодай для развіцця гандлёвых зносін была манаполія знешняга гандлю ў СССР і залішняя яго цэнтралізацыя. На з’ездзе консулаў Польшчы ў СССР у лiстападзе 1927 г. абмяркоўваліся магчымасці пераарыентацыі экспарту і імпарту з Масквы на саюзныя рэспублікі. Аднак паводле савецкiх правiлаў усе знешнегандлёвыя кантакты павінны былі весціся праз НКЗГ, што зацягвала іх па часе, павышала кошт кантрактаў. Тым не менш, нават ва ўмовах нэпу манаполія НКЗГ строга захоўвалася. За яе парушэннi кiруючыя органы асобных прадпрыемстваў былi прыцягнуты да крымiнальнай адказнасцi36.

З савецкага пункту погляду галоўнай праблемай (акрамя пытання транзіту) была адсутнасць у польскіх прадпрымальнікаў магчымасці гандляваць у крэдыт. Яшчэ ў 1926 г. польскі навуковец Е. Гжымала-Грабавецкі пісаў, што гандаль з СССР зменшыўся, бо Масква, не маючы валюты, хоча набываць тавары ў крэдыт, а Польшча не ў стане гэтага рабіць. СССР не можа пастаўляць сыравіну, бо яна ўжо наперад (пад крэдыты) прададзена ў Германію37. Гэта праблема ўзрастала i далей.

Як адзначае А. Смірноў, у 1921—1925 гг. дэфіцыт савецкага знешняга гандлю пакрываўся ў асноўным продажам золата за мяжой. У 1926—1934 гг. асноўнай формай сталі крэдыты: урады замежных краін давалі сваiм прадпрыемствам гарантыі на пакрыццё векселяў савецкіх гандлёвых арганізацый. Гэта практыка была шырока распаўсюджана ў Германіі, Англіі, Італіі. У 1931 г. назiраўся пік крэдытавання савецкага гандлю. Далей, у 1933—1935 гг., у СССР вырасла здабыча золата, за кошт якога пакрывалі дэфіцыт. Паволі адбывалася замяшчэнне імпарту нацыянальнай прадукцыяй38.

У гэтым рэчышчы развіццё беларуска-польскага гандлю не мела вялікіх перспектыў. Экспартаваць сыравіну ў Польшчу, беручы пад увагу геаграфічную блізкасць, яшчэ было адносна выгадна, хоць i гэтая выгада з развіццём сувязей з Заходняй Еўропай увесь час скарачалася. Імпартаваць жа прамысловую прадукцыю было лепш з краін-вытворцаў, а не праз пасрэдніцтва Польшчы.

Развіццю гандлёва-эканамічных зносін таксама перашкаджала адсутнасць адпаведнага гандлёвага дагавора, хоць уплыў гэтага фактара нельга перабольшваць. Асноўнай прычынай адсутнасці пагаднення былі палітычныя супярэчнасці. У час працяглых перагавораў 1923 г., калі аднаўленне гандлю было патрэбным Польшчы, СССР звязваў яго са спыненнем нападаў банд з тэрыторыi Польшчы. Калі ж дагавор набыў вагу для СССР, Польшча абумовiла яго выплатамі золата паводле Рыжскага дагавора39. Вынікам перагавораў стала стварэнне ў маi 1925 г. польскага таварыства гандлю з Расіяй "Польрас" і пагадненне гэтага таварыства з Наркаматам знешняга і ўнутранага гандлю СССР ад 20 студзеня 1926 г. аб стварэнні акцыянернага таварыства Савпольгандаль, якое праіснавала да 1934 г. З СССР вывозілі пераважна сыравіну, прычым яе значную долю — у краіны Заходняй Еўропы40. Частку сыравіны нарыхтоўвалі ў БССР. 31 студзеня 1926 г. была адкрыта польска-савецкая гандлёвая палата ў Варшаве. Абедзве краіны некалькі разоў абменьваліся дэлегацыямі прамыслоўцаў41. Гандлёвы ж дагавор СССР з Польшчай быў заключаны толькі 19 лютага 1939 г.

Афіцыйная пазіцыя БССР па пытаннi гандлёвых зносін з Польшчай па зразумелых прычынах не адрознівалася ад агульнасаюзнай. Жорсткая антыпольская рыторыка змянялася заклікамі да супрацоўніцтва ў перыяды "пацяплення" адносін. Так, у 1927 г. А. Чарвякоў выказаўся за развіццё эканамічных сувязей з Польшчай, каардынацыю дзеянняў ў пытаннях меліярацыі на Палессі42.

На трэцім этапе, у 1930-я гг., увогуле цяжка гаварыць аб знешнім гандлі БССР. Правамерна вызначыць яго як удзел БССР у агульнасаюзным гандлі з Польшчай. Роля ж Польшчы ў савецкім знешнім гандлі заставалася нязначнай, бо на знешніх рынках абедзве краіны выступалі як экспарцёры сыравіны і канкурыравалі між сабой у асобных галінах (лес, сельскагаспадарчая прадукцыя). Прамысловыя тавары СССР імкнуўся набываць непасрэдна ў вытворцаў — развітых краін Захаду: Германіі, Англіі. Інтарэсы БССР у развіцці гандлю з Польшчай як памежнай дзяржавай ва ўмовах жорсткай цэнтралізацыі знешняга гандлю практычна не браліся пад увагу.

З 1930 г. знешнегандлёвыя акцыянерныя таварыствы былі заменены на ўсесаюзныя знешнегандлёвыя аб’яднанні, асноўнай функцыяй якіх з’яўляліся манапольныя аперацыі па зацверджанай наменклатуры тавараў43. З гэтага часу рабіць аналiтыка-статыстычныя выкладкі аб удзеле Беларусі ў савецкім экспарце ў Польшчу практычна немагчыма, бо статыстыка экспарту вядзецца цэнтралізавана, без уліку долі рэспублік у экспарце тавараў у канкрэтную краіну. Увогуле ж доля БССР у агульнасаюзным экспарце пастаянна ўзрастала. Калі экспартны аб’ём БССР у 1926/27 гаспадарчым годзе прыняць за 100 %, то ў 1930 г. ён складаў 269 %, у 1931 — 294, у 1932 — 301 % (паказчыкі значна лепшыя, чым у РСФСР ці УССР)44.

Канкурэнцыя з Польшчай у экспарце сельгаспрадукцыі ішла на карысць Беларусi. У пачатку 1930-х гг. БССР займала першае месца ў СССР па якасці вывезеных за мяжу многіх відаў прадукцыі45. Назiраліся спробы экспарту прамысловых тавараў. Так, Наркамлегпрам у пачатку 1930-х гг. абмяркоўваў пытанне экспарту ў Польшчу прадукцыі мінскай галантарэйнай фабрыкі "Беларуска"46.

Такім чынам, у развіцці беларуска-польскіх гандлёва-эканамічных сувязей у разгледжаны перыяд вылучаюцца 3 этапы: 1923—1924 гг. — перыяд паступовага скарачэння імпарту з Польшчы і падзення экспарту ў гэтую краіну за кошт пераарыентацыі яго на Захад. У гэты час пачынаецца цэнтралізацыя знешняга гандлю. На другім этапе, у 1925—канцы 1920-х гг., працэсы цэнтралізацыі ўзмацняюцца, знешні гандаль усё больш адбываецца праз саюзныя структуры. Удзельная вага гандлю з Польшчай працягвае змяншацца. На трэцім этапе, у 1930-я гг., увесь імпарт і экспарт ажыццяўляецца праз Маскву, у БССР вядзецца толькі нарыхтоўка тавараў на экспарт і размяркоўваюцца атрыманыя з цэнтра імпартныя пастаўкі.

1 Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (далей — НА РБ). Ф. 15, воп. 1, спр. 35, л. 74.
2 Внешняя торговля. 1922. № 26. С. 3.
3 Кравченко П. К. Внешняя торговля БССР в период восстановления народного хозяйства (1921—1925 гг.) // Вопросы истории СССР и БССР: Межвузовский сборник. Вып. 2. Мн., 1975. С. 136.
4 Теумин И. Объединение Западной области с точки зрения внешней торговли // Народное хозяйство Белоруссии. 1922. № 2-3. С. 42.
5 НА РБ. Ф. 101, воп. 1, спр. 100, л. 16.
6 НА РБ. Ф. 6, воп. 1, спр. 90, л. 14.
7 Теумин И. Указ. соч. С. 42.
8 Гармизе Н. Л. Внешняя торговля в Белоруссии (Обзор деятельности Госторгбела и НКВТ Белоруссии) // Советское строительство Белорусской Советской Социалистической Республики. 1925. № 8-9. С. 77—82.
9 Внешняя торговля. 1923. № 14. С. 4.
10 НА РБ. Ф. 15, воп. 1, спр. 27, л. 12.
11 Журавльова С. П. Зовнiшня торгiвля Украiны та держави Центральноi Европи у 1921—1922 рр. // Актуальнi проблеми вiтчизняноi та всесвiтньоi iсторii: Збiрник наукових праць. Харкив, 2000. С. 98—102.
12 Польско-советская война 1919—1920 (Ранее не опубликованные документы и материалы). М., 1994. С. 185—186.
13 Внешняя торговля. 1923. № 44. С. 16.
14 Внешняя торговля. 1923. № 29. С. 20.
15 Польско-советская война 1919–1920. С. 185—186.
16 Советская Белоруссия. Мн., 1921. С. 174.
17 Кравченко П. К. Экономические и культурные связи БССР с зарубежными странами (1921—1932 гг.): Дис. ... канд. ист. наук. Мн., 1976. С. 53.
18 Бягучы архіў МЗС РБ. Ф. 3, спр. 20, л. 4.
19 Звезда. 1926. 27 января.
20 Кравченко П. К. Экономические и культурные связи БССР с зарубежными странами (1921—1932 гг.). С. 55.
21 Итоги внешней торговли СССР. 1923—1924. М., 1925. С. 42.
22 Ярошук С. В. Лесная и деревообрабатывающая промышленность Беларуси в условиях нэпа (1921—1929 гг.) // Веснік Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Сер. 3. 1999. № 2. С. 18.
23 Лесное хозяйство. 1928. № 3. С. 14.
24 Лесопромышленное дело. 1926. №№ 2, 5, 8, 10.
25 Лесопромышленное дело. 1927. № 1. С. 21; № 12. С. 39.
26 Советская торговля. 1928. № 33. С. 8.
27 Юнггерц Г. Пути и перспективы внешней торговли Белоруссии в связи с ее экспортными возможностями // Бюллетень Госплана Б.С.С.Р. 1925. № 1. С. 87.
28 Юнггерц Г. Внешняя торговля БССР и ее достижения (к итогам 1924/25 г.) // Советское строительство. 1926. № 6; Доклад Совета Народных Комиссаров БССР Совету Народных Комиссаров СССР. Мн.,1926. С.105; Краўчанка П. К. Знешнегандлёвыя сувязі БССР у перыяд стварэння эканамічнага фундамента сацыялізма (1926–32) // Веснік Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Серыя 3. 1975. № 1. С. 18.
29 Доклад Совета Народных Комиссаров БССР Совету Народных Комиссаров СССР. Мн.,1926. С. 105.
30 Юнггерц Г. Н. К вопросу о нашей торговле с Польшей // Советское строительство. 1926. № 1. С. 64—72.
31 Стэнографічная справаздача ХІІ з’езду КП(б)Б (5—14 лютага 1929 году). Мн., 1929. С. 5.
32 Асноўныя вынікі работы ўраду БССР. Да перавыбараў Саветаў. 1928—29 г. Менск, 1928. С. 95.
33 Кравченко П.К. Экономические и культурные связи БССР с зарубежными странами (1921—1932 гг.). С. 106.
34 Там жа. С. 111.
35 Polska na tle gospodarki swiatowej. Warszawa, 1928. S. 414.
36 Внешняя торговля. 1923. № 12. С. 24.
37 Grzymaіa-Grabowiecki J. Polityka zagraniczna Polski w roku 1926. Warszawa, 1928. S. 150.
38 Смирнов А.М. Международные кредитные отношения СССР за 40 лет // Министерство внешней торговли Союза ССР. Институт внешней торговли МВТ СССР: Научные записки. М., 1958. С. 405.
39 Olszanski P. N. Starania rzadu Radzieckiego o wznowienie stosunkow gospodarczych z Polska w 1923 r. // Z dziejow stosunkow polsko-radzieckich. Studia i materiaіy. Warszawa, 1975. T. XI-XII. S. 112.
40 Лечик М. Торгово-экономические отношения между Польшей и СССР // Очерки истории советско-польских отношений. 1917–1977. М., 1979. С.185; Grzymaіa-Grabowiecki J. Op cit. S. 150.
41 Савецкае будаўніцтва. 1927. № 7-8. С. 177.
42 Червяков А. Итоги ІV сессии Центрального Исполнительного Комитета БССР // Савецкае будаўніцтва. 1927. № 2. С. 12.
43 Внешняя торговля. 1930. № 4-5. С. 20.
44 Бакулин С. Н., Мишустин Д. Д. Статистика внешней торговли СССР. Москва; Ленинград, 1935. С. 78.
45 Флиор И. Белоруссия в борьбе за экспортный план // Внешняя торговля. 1934. № 5. С. 10.
46 Кравченко П. К. Экономические и культурные связи БССР с зарубежными странами (1921—1932 гг.). С. 97.


Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter

Сообщество

  • (029) 3222740
  • Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
© 2022 Международное общественное объединение «Развитие». All Rights Reserved.