Белорусский журнал международного права и международных отношений 2003 — № 4


международные отношения

Знешнепалiтычная гiсторыя Беларусi (канец XVIII—пачатак XXI ст.): спроба сiнтэтычнага агляду

Уладзімір Снапкоўскі

Снапкоўскі Уладзімір Еўдакімавіч — доктар гістарычных навук, прафесар кафедры міжнародных адносін факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага універсітэта

Знешнепалітычная гісторыя Беларусі ад канца ХVІІІ ст. да пачатку ХХІ ст. падзяляецца на тры перыяды. Першы перыяд ахоплівае час знаходжання Беларусі ў складзе Расійскай імперыі (канец ХVІІІ ст.—1917 г.). Другі перыяд уключае ў сябе знешнепалітычную дзейнасць Беларускай Народнай Рэспублікі і Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі як новаствораных беларускіх дзяржаў (1918—1991 гг.). Трэці перыяд пачынаецца распадам СССР і абвяшчэннем незалежнасці Беларусі ў 1991 г. і працягваецца па сённяшні дзень. Ён вызначаецца станаўленнем знешняй палітыкі і дыпламатыі Рэспублікі Беларусь.

Ніжэй аўтар дае агульную характарыстыку трох перыядаў гісторыі знешняй палітыкі Беларусі ад канца ХVІІІ ст. да пачатку ХХІ ст., удзяляючы асноўную ўвагу развіццю беларускага нацыянальнага руху і гістарычных форм беларускай дзяржаўнасці, эвалюцыі геапалітычнага і міжнароднага становішча Беларусі, фарміраванню асноў беларускай знешняй палітыкі, яе прыярытэтных кірункаў, форм і метадаў; знешнепалітычным канцэпцыям, ваеннай і знешняй палітыцы іншых дзяржаў адносна Беларусі і іншым пытанням, што маюць дачыненне да знешніх, міжнародных аспектаў гісторыі Беларусі ў ХІХ—ХХ стст.

Перыяд знаходжання Беларусі ў складзе Расійскай імперыі ахоплівае час ад першага падзелу Рэчы Паспалітай і ўваходжання ўсходнебеларускіх зямель ВКЛ у склад Расіі ў 1772 г. да распаду Расійскай імперыі ў выніку Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. Гэты амаль паўтаравекавы перыяд беларускай гісторыі падзяляецца з пункту гледжання палітычнай гісторыі на два этапы, рубяжом паміж якімі з’яўляецца паўстанне 1863—1864 гг. у Польшчы, Літве і Беларусі.

Галоўным зместам першага этапа знаходжання Беларусі ў складзе Расійскай імперыі (1772—1862 гг.) былі з пункту гледжання знешняй палітыкі наступныя гістарычныя з’явы, падзеі і працэсы: інтэграцыя беларускіх зямель у склад імперыі і асіміляцыя беларускага этнасу; зараджэнне беларускай ідэі і беларускага нацыянальнага руху; ваенна-стратэгічныя планы ўрадаў царскай Расіі і напалеонаўскай Францыі па выкарыстанню заходніх губерняў Расіі, у тым ліку беларускіх і літоўскіх тэрыторый, у мэтах падрыхтоўкі і вядзення вайны 1812 г.; праекты польскіх і літвінскіх палітыкаў па аднаўленню незалежнасці Польшчы і ВКЛ у час напалеонаўскіх войнаў (планы А.Чартарыйскага і М. К. Агінскага); узнікненне "славянскага пытання" ў Расіі і распрацоўка дзекабрыстамі і расійскімі рэвалюцыйнымі дэмакратамі праграм дзяржаўна-палітычнага пераўладкавання Расійскай дзяржавы (адзінай і непадзельнай ці федэратыўнай Расіі); польскае паўстанне 1830—1831 гг. і змяненне расійскай палітыкі ў Беларусі ў бок русіфікацыі.

Другі этап знаходжання Беларусі ў складзе Расійскай імперыі ахоплівае час ад польска-літоўска-беларускага паўстання 1863—1864 гг. да знікнення Расійскай імперыі ў 1917 г. Пасля расійска-французскай вайны 1812 г., адным з галоўных тэатраў ваенных дзеянняў якой была Беларусь, яе тэрыторыя на працягу 50 гадоў развівалася ў мірных умовах, пакуль не выбухнула паўстанне 1863—1864 гг. У гэты час Заходні край і Літва зноў сталі аб’ектам пэўнай увагі еўрапейскіх дзяржаў. У еўрапейскіх сталіцах абмяркоўвалі розныя варыянты вырашэння польскага пытання, у тым ліку вызначэння межаў незалежнай польскай дзяржавы. Але еўрапейская дыпламатыя яшчэ не саспела да таго, каб на міжнародным узроўні разглядаць пытанні аб падтрымцы нацыянальных рухаў народаў Расійскай імперыі, якія толькі ўступілі ў паласу фарміравання нацый, у дадзеным выпадку ўкраінскага, беларускага і літоўскага народаў. Час іх міжнароднай падтрымкі надыйдзе пазней, у гады Першай сусветнай вайны. Для царскага ўрада польска-літоўска-беларускае паўстанне 1863—1864 гг. уяўляла сур’ёзную небяспеку адзінству і цэласнасці шматнацыянальнай расійскай дзяржавы, бо яно пагражала распаўсюджваннем рэвалюцыі на ўнутрырасійскія губерні і адрывам беларускіх і літоўскіх тэрыторый ад Расіі.

Пасля задушэння паўстання царскі ўрад пачаў рэалізацыю на тэрыторыі Паўночна-Заходняга краю татальнай палітыкі русіфікацыі з мэтай вынішчэння "шкоднага польска-каталіцкага ўплыву" на мясцовае насельніцтва. Гэтая палітыка з пэўнымі мадыфікацыямі працягвалася аж да 1917 г. Яе ідэалагічнай асновай стала канцэпцыя "заходнерусізму", якая абмяжоўвала этнанацыянальныя і палітычныя памкненні беларусаў вузкімі рамкамі "сціплага абласнога развіцця" ў неразрыўнай сувязі з існаваннем вялікарасійскага этнасу.

Пасля паўстання 1863—1864 гг. тэрыторыя Беларусі зноў уступіла ў паласу паўвекавога мірнага развіцця. Да пачатку Першай сусветнай вайны Беларусь прайшла перыяд паскоранага развіцця капіталістычных адносін, фарміравання беларускай нацыі і нацыянальнага абуджэння. Але гэтыя прагрэсіўныя працэсы далёка не завершыліся.

Новая хваля геапалітычнай, ваеннай і дыпламатычнай актыўнасці еўрапейскіх дзяржаў ва Усходняй Еўропе ўзнялася з выбухам Першай сусветнай вайны ў 1914 г. Беларусь уступіла ў цяжкі, драматычны і працяглы перыяд ваеннага ліхалецця, інтэрвенцый і акупацый, дзяржаваўтваральных працэсаў, тэрытарыяльна-палітычнага пераўладкавання, падзелаў і перадзелаў яе этнічных зямель. Гэты перыяд войнаў і нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва закончыўся Рыжскім мірам 1921 г. і ўступленнем БССР у склад СССР у 1922 г.

У час вайны 1914—1918 гг. тэрыторыя Беларусі была тэатрам ваенных дзеянняў паміж Расіяй і Германіяй, зведаўшы ўсе непазбежныя для вайны наступствы: бежанства, эвакуацыю, мабілізацыі, рэквізіцыі, трохгадовую нямецкую акупацыю, партызанскую барацьбу. Для царскага і кайзераўскага ўрадаў беларускія губерні ўяўлялі ваенна-стратэгічны і аператыўна-тактычны інтарэс, разглядаліся як эканамічная і сыравінная крыніца ўтрымання сваіх армій. Царскія вярхі нічога не зрабілі ў гады вайны для задавальнення нацыянальных патрэбнасцей беларусаў, штурхаючы іх шукаць падтрымкі ў нямецкіх акупацыйных улад. Акупацыйная палітыка кайзераўскай Германіі ў Беларусі не прадугледжвала падтрымку мясцовага нацыянальнага руху і рэалізацыю пэўных дзяржаўна-палітычных праектаў, як гэта было, напрыклад, ва Украіне і ў Літве. Але ў 1918 г. нямецкія ваенныя ўлады праяўлялі ўсё большы інтарэс да "беларускага пытання", не выключаючы магчымасцей стварэння тут залежнай ад Берліна дзяржавы. Ваенныя няўдачы не дазволілі нямецкаму ўраду разыграць "беларускую карту" ў сваіх інтарэсах.

На рубяжы ХІХ—ХХ ст. на новы ўзровень узняўся беларускі нацыянальны рух, хаця ён саступаў па арганізаванасці, масавасці і ідэйна-палітычнай спеласці ўкраінскаму і літоўскаму нацыянальным рухам. У ім выкрышталізоўваўся палітычны кампанент, ідэя дзяржаўнай самастойнасці Літвы-Беларусі, хаця яна насіла пакуль што абстрактны характар. Нацыянальна-палітычныя патрабаванні, сфармуляваныя К. Каліноўскім і беларускімі народнікамі (іх федэрацыйныя праекты), у пачатку ХХ ст. знайшлі развіццё ў праграмных устаноўках Беларускай сацыялістычнай грамады, якія прадугледжвалі патрабаванні дзяржаўнай аўтаноміі Беларусі ў складзе Расійскай федэратыўнай дэмакратычнай рэспублікі.

У 1915—1917 гг. віленскія беларускія дзеячы выступілі з больш канкрэтнымі і распрацаванымі дзяржаўнымі праектамі: стварэння "Канфедэрацыі ВКЛ", "Балтыйска-Чарнаморскай садружнасці", "Сувязі незалежнасці і непадзельнасці Беларусі". Гэтыя планы, якія беларусы вылучалі разам з літоўцамі, палякамі, украінцамі, адлюстроўвалі эвалюцыю беларускай палітычнай думкі ад ідэй федэратыўных сувязей Беларусі з іншымі народамі ў складзе будучай Расійскай федэратыўнай дэмакратычнай рэспублікі да большай ступені самастойнасці, хаця ніводная з нацыянальных палітычных сіл не ставіла пытанне аб поўным аддзяленні ад Расіі і стварэнні незалежнай дзяржавы. Такі стан рэчаў зафіксавалі і рашэнні Усебеларускага з’езда (снежань 1917 г.), якія не ішлі далей патрабаванняў аўтаноміі Беларусі ў складзе Расійскай федэратыўнай дэмакратычнай рэспублікі.

У гады вайны актывізаваўся нацыянальна-вызваленчы рух народаў Расійскай імперыі, накіраваны на дасягненне нацыянальных памкненняў, аўтаноміі ці незалежнасці. На канферэнцыях народаў Расіі, што адбыліся ў 1916 г., беларусы ўпершыню агучылі на міжнародным узроўні свае нацыянальныя патрабаванні: вызваленне беларускага народа ад нацыянальнага прыгнёту царызму і барацьба супраць яго асіміляцыі. Так упершыню на міжнароднай арэне было сфармулявана "беларускае пытанне", якое ў той момант зводзілася да задавальнення нацыянальна-культурных патрэбнасцей беларускага этнасу і не патрабавала яго дзяржаўнай самастойнасці.

У пачатку ХХ ст. беларускае адраджэнне і развіццё нацыянальнага руху сталі прадметам увагі і вывучэння з боку публіцыстаў і палітыкаў суседніх народаў, якія таксама былі ў складзе шматнацыянальнай Расійскай імперыі. Гэта датычылася расійскіх, польскіх, літоўскіх, украінскіх вучоных і палітычных дзеячаў, што непасрэдна былі зацікаўлены яго мэтамі і перспектывамі. Іх дзяржаўныя праекты і ўстаноўкі па-рознаму трактавалі становішча беларускага этнасу і ўзровень развіцця беларускага руху, ступень падрыхтаванасці беларусаў да самастойнасці, будучыя формы ўзаемаадносін народаў Расійскай імперыі пасля ліквідацыі самадзяржаўя.

Расійская палітычная думка па-ранейшаму стаяла на пазіцыях захавання "адзінай і непадзельнай Расіі", апраўдання імперскіх ці жорстка цэнтралізаваных форм існавання Расійскай дзяржавы і кіравання шматлікімі нацыямі і народнасцямі. Тэзіс аб іх зліцці ў адзіны расійскі суперэтнас, куды аўтаматычна ўключалі ўкраінцаў і беларусаў, аб’ядноўваў кансерватараў і лібералаў, манархістаў і кадэтаў, хаця ў іх былі разыходжанні наконт шляхоў і метадаў дасягнення гэтай стратэгічнай мэты.

У польскай палітычнай думцы сфарміраваліся дзве канцэпцыі ўзаемаадносін палякаў з народамі былой Рэчы Паспалітай (беларусамі, літоўцамі, украінцамі) – інкарпарацыйная і федэралісцкая. Барацьба прыхільнікаў гэтых канцэпцый вызначала шляхі распрацоўкі і рэалізацыі польскай палітыкі адносна Беларусі ў перыяд стварэння польскай дзяржавы і польска-савецкай вайны 1919—1920 гг.

Літоўскія палітычныя дзеячы арыентаваліся на канцэпцыю "этнаграфічнай Літвы", якая прадугледжвала стварэнне літоўскай дзяржавы на базе літоўскага этнасу з уключэннем у яе склад Вільні і часткі Заходняй Беларусі. Літоўскія палітыкі адхілілі прапановы прадстаўнікоў іншых народаў, якія былі спадкаемцамі ВКЛ, у першую чаргу беларусаў, наконт адраджэння дзяржаўнасці на падставе канцэпцыі "гістарычнай Літвы". Гэта прадвызначыла няўдачу праекта стварэння Канфедэрацыі ВКЛ, што быў вылучаны ў 1915—1916 гг. Канцэпцыя "этнаграфічнай Літвы" лягла ў аснову літоўскай урадавай палітыкі адносна Беларусі пасля стварэння літоўскай дзяржавы ў 1918 г.

Бліжэйшымі да беларусаў з пункту гледжання гістарычнага вопыту ўзаемаадносін з іншымі народамі ў складзе Расійскай імперыі, узроўню развіцця этна-нацыянальных працэсаў і нацыянальнага руху былі ўкраінцы. Украінскія публіцысты раней іншых заўважылі зараджэнне беларускага руху, падтрымалі беларускае адраджэнне. Палітычныя канцэпцыі ўкраінскіх дзеячаў абапіраліся на федэрацыйныя праекты сумеснага жыцця разам з беларусамі ў складзе славянскай дэмакратычнай федэрацыі. Але трэба адзначыць, што "ўкраінскае пытанне" як міжнародная праблема ўзнікла раней, чым беларускае (у сярэдзіне ХІХ ст.), а ўкраінскі нацыянальны рух быў значна больш развіты ў параўнанні з беларускім.

Напярэдадні Першай сусветнай вайны беларуская праблематыка ўскосна трапіла ў поле зроку нямецкіх публіцыстаў і палітыкаў, якія абмяркоўвалі планы абыходжання з нярускімі народамі Расійскай імперыі ў выпадку захопу яе заходняй часткі. Яны разглядалі разнастайныя вырыянты выкарыстання рэйхам вызваленчых імкненняў палякаў, літоўцаў, латышоў, эстонцаў, фінаў і нават украінцаў, але не выказвалі зацікаўлення беларусамі. У нямецкіх навуковых і палітычных колах Беларусь трактавалі як гаспадарча і культурна адсталую частку Расіі, што вылучалася толькі сваёй этнічнай спецыфікай, а народ якой быў мацней за іншых народаў параднёны з рускімі. У сувязі з гэтым нямецкія аўтары не бачылі рэальных магчымасцей узнікнення сярод беларусаў сепаратысцкіх тэндэнцый. Але гэта пазіцыя, як адзначалася, змянілася ў апошнія гады нямецкай акупацыі Беларусі, калі ваенныя і палітычныя колы Германіі пачалі больш сур’ёзна ставіцца да "беларускага пытання".

Увогуле, знаходжане Беларусі ў складзе Расійскай імперыі – гэта перыяд бездзяржаўнага існавання беларускага этнасу, зараджэння і развіцця нацыянальнага вызваленчага руху, галоўнай мэтай якога было стварэнне незалежнай беларускай дзяржавы. Беларусь з’яўлялася ў гэты час толькі геаграфічным паняццем, якое было растворана афіцыйнай царскай тэрміналогіяй у тэрмінах "Заходні край" ці "Паўночна-Заходні край". У складзе Расійскай імперыі яна выступала выключна як аб’ект знешняй і ваеннай палітыкі еўрапейскіх дзяржаў (у час напалеонаўскіх войнаў — Францыі, у гады імперыялістычнай вайны — Германіі). Геапалітычнае становішча Беларусі вызначалася яе месцам і роляй заходняга фарпосту велізарнай еўраазіяцкай імперыі. Беларускай праблемы як пытання міжнароднай палітыкі і дыпламатыі не існавала.

Другі перыяд гісторыі знешняй палітыкі Беларусі разглядаемага часу ахоплівае 1918—1991 гг. Ён пачынаецца абвяшчэннем незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, якая была першай гістарычнай формай беларускай дзяржаўнасці ХХ ст., і заканчваецца спыненнем існавання СССР, састаўной часткай якога была Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, і абвяшчэннем незалежнасці Рэспублікі Беларусь. У гэты перыяд беларуская дзяржаўнасць існавала ў дзвюх формах — БНР і БССР, якія адрозніваліся паміж сабой многімі істотнымі характарыстыкамі ў галіне дзяржаўнага будаўніцтва, унутранай і знешняй палітыкі, ідэалагічнай накіраванасці, а галоўнае — ступенню і формамі залежнасці ад іншых дзяржаў. Аб’ядноўвала іх тое, што гэтыя дзве гістарычныя формы беларускай дзяржаўнасці ХХ ст. не пераўтварыліся ў паўнацэнныя (суверэнныя і незалежныя) сучасныя еўрапейскія дзяржавы. У параўнанні з БНР, якая дзейнічала на тэрыторыі Беларусі не больш чым 2 гады, БССР праіснавала 72 гады і стала аўтэнтычнай тэрытарыяльнай, эканамічнай і этнічнай базай для незалежнай Рэспублікі Беларусь.

Характар абедзвюх беларускіх дзяржаў асабліва яскрава праяўляўся ў іх знешняй палітыцы. БНР дзейнічала ў інтарэсах беларускай нацыі, непадзельнасці і незалежнасці Беларусі, а цэнтр прыняцця знешнепалітычных рашэнняў знаходзіўся ў беларускіх руках. Стваральнікі БССР (па меншай меры значная іх частка) не лічылі беларусаў самастойнай нацыяй, кіраваліся камуністычнай ідэяй-утопіяй аб зліцці нацый і дзяржаў. Яны (маецца на ўвазе перш за ўсё плынь камуністаў-інтэрнацыяналістаў) выступалі з пазіцый нацыянальнага нігілізму і ахвяравалі беларускімі тэрыторыямі дзеля інтарэсаў сусветнай рэвалюцыі і яе аплоту — Савецкай Расіі.

З пункту гледжання геапалітычных характарыстык і міжнароднага становішча Беларусі гэты перыяд падзяляецца на два этапы: 1918—1945 гг. і 1945—1991 гг. Першы этап ахоплівае адрэзак часу ад заканчэння Першай сусветнай да заканчэння Другой сусветнай вайны. Храналагічныя межы гэтага этапу мелі важнае гістарычнае значэнне не толькі для сусветнай і еўрапейскай гісторыі, але і для гісторыі Беларусі. Найбольш важнымі характарыстыкамі міжнароднага становішча Беларусі ў 1918—1920-я гг. былі: дзяржаваўтваральныя працэсы ва Усходняй Еўропе, якія прывялі да стварэння ў гэтым рэгіёне шэрагу новых дзяржаў і дзяржаўных арганізмаў, у тым ліку БНР і БССР; барацьба еўрапейскіх дзяржаў за ўплыў і дамінаванне ва Усходняй Еўропе; палітыка Савецкай Расіі, геапалітычна накіраваная на аднаўленне межаў былой Расійскай імперыі, вынікам якой стала ўтварэнне Саюза ССР; неаднаразовыя падзелы (анексіі) і перадзелы тэрыторыі Беларусі з боку суседніх дзяржаў у 1918—1921 гг., а таксама ўзбуйненні тэрыторыі БССР у 1924 і 1926 гг.

Напярэдадні і ў пачатку Другой сусветнай вайны Беларусь зноў стала аб’ектам геапалітычных камбінацый і вялікадзяржаўнай палітыкі, якую планавалі і ажыццяўлялі дзве самыя магутныя дзяржавы Усходнееўрапейскага рэгіёна — Савецкі Саюз і нацысцкая Германія. У выніку іх узгодненай палітыкі, накіраванай на пераразмеркаванне сфер уплыву ў рэгіёне, была падзелена Польшча і дасягнута ўз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР. Другім вынікам сакрэтных савецка-германскіх дамоўленасцей і савецка-літоўскіх перагавораў стала перадача Літве Вільні і Віленскага краю, а таксама іншых беларускіх тэрыторый. Такім чынам, Беларусь заплаціла за аб’яднанне Віленшчынай.

У выніку бяздарнага сталінскага кіраўніцтва Беларусь стала адной з першых ахвяр гітлераўскага нападу на СССР, а пасля летняга "бліцкрыгу" 1941 г. на працягу трох гадоў была пад нямецка-фашысцкай акупацыяй. З пачаткам савецка-германскай вайны Беларусь спазнала іншы варыянт таталітарызму — нямецкі нацызм. У "трэцім рэйху" Беларусь чакаў незайздросны лёс. Нацысты планавалі каланізаваць яе тэрыторыю, знішчыць большасць насельніцтва, астатніх беларусаў ператварыць у танную рабочую сілу. Існаванне без дзяржаўнасці і ўласнай нацыянальнай інтэлігенцыі — вось што нёс для Беларусі "новы парадак". Але другая, як і першая (1915—1918 гг.), нямецкая акупацыя выкарыстоўвала заганы расійскай і савецкай нацыянальнай палітыкі ў Беларусі. Гэта праяўлялася ў падтрымцы з боку акупантаў беларускай мовы і ажыўленні нацыянальна-культурнай дзейнасці беларускіх арганізацый. Русіфікацыя і жахі сталінскага тэрору выклікалі пэўныя спадзяванні на нацысцкіх акупантаў з боку беларускага нацыяналізму і нарадзілі такую супярэчлівую з’яву, як калабарацыянізм.

Уздым беларускага нацыянальнага руху ў час вайны, які праяўляўся таксама ў партызанскай і падпольнай барацьбе, прымусіў Сталіна, савецкае кіраўніцтва шукаць сродкі кампенсацыі за самаахвярнае змаганне беларускага народа супраць фашызму. Гэта была адна з прычын, якія прывялі Беларусь у ААН. Але і гэта важнае дасягненне беларускай дзяржаўнасці было ў значнай ступені дэвальвіравана нягодным статусам дэлегацыі БССР у ААН як "дадатковага голаса" для СССР.

Другая сусветная вайна завяршылася для Беларусі вызваленнем ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і вяртаннем сваёй "роднай" таталітарнай савецкай сістэмы. Аб тым, хто ў беларускім доме сапраўдны гаспадар, Крэмль напомніў у 1944—1945 гг. падпісаннем пагранічных пагадненняў з "сатэлітнай" Польшчай аб перадачы ёй Беласточчыны і часткі Белавежскай пушчы. Гэта быў апошні падзел Беларусі перыяду 1918—1945 гг. Нават ганаровы статус дзяржавы — заснавальніцы ААН не выратаваў БССР ад чарговага падзелу.

Другі этап, які характарызаваў новае геапалітычнае і міжнароднае становішча Беларусі, ахоплівае 1945—1991 гг. Яго храналагічныя межы пачынаюцца завяршэннем Другой сусветнай вайны і новым выхадам БССР на міжнародную арэну, а заканчваюцца распадам СССР і абвяшчэннем незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Амаль цалкам гэты 46-гадовы адрэзак часу супадае з гісторыяй "халоднай вайны". Паляпшэнне міжнароднага становішча БССР у выніку вайны было звязана з умацаваннем пазіцый СССР і ўключэннем у сферу яго стратэгічных інтарэсаў краін Усходняй Еўропы.

У канфрантацыі СССР з Захадам Беларускай ССР, як заходняй рэспубліцы, праз тэрыторыю якой пралягаў самы кароткі шлях на Маскву і ў цэнтр Расіі, адводзілася асобная роля. Гэта была роля заходняга плацдарма звышдзяржавы, якой стаў СССР пасля Другой сусветнай вайны. Пасля першага, знешняга пояса сацыялістычнага лагера, які складалі Польшча, ГДР і Чэхаславакія (так званы "жалезны трохвугольнік"), савецкія заходнія рэспублікі складалі другую лінію стратэгічнай абароны СССР. Беларусь была насычана стратэгічнай і тактычнай ядзернай зброяй, звычайнымі ўзброенымі сіламі. Беларуская ваенная акруга з’яўлялася адной з самых баяздольных у савецкай ваеннай сістэме. Узровень мілітарызацыі рэспублікі быў адным з самых высокіх у свеце, пераўзыходзячы адпаведныя паказчыкі рэспублік Прыбалтыкі, Украіны і Расійскай Федэрацыі. З гэтага вынікала і тое, што тэрыторыя Беларусі была першай мішэнню натаўскіх ракет і самалётаў.

Роля БССР у савецкім кантролі над Усходняй Еўропай праяўлялася ў час унутраных крызісаў і народных паўстанняў у дзяржавах "сацыялістычнай садружнасці". З беларускіх аэрадромаў ажыццяўлялася савецкая ваенная акцыя па задушэнню "пражскай вясны" 1968 г. У час польскіх падзей 1980—1981 гг. беларуская тэрыторыя была напагатове для выкарыстання савецкім генералітэтам у мэтах "навядзенню парадку" ў "брацкай" Польшчы.

Выгады геаграфічнага становішча Беларусі ў складзе СССР выкарыстоўваліся ў інтарэсах партыйна-дзяржаўнай наменклатуры. Звычайным беларусам было цяжка трапіць з турысцкімі ці іншымі пазнавальна-гуманітарнымі мэтамі ў суседнюю Польшчу, якая была аддзелена ад Беларусі той жа "жалезнай заслонай". Найкарацейшы шлях ад Мінска да Варшавы пралягаў праз Маскву. Пэўныя аблягчэнні ў чалавечых кантактах праз беларуска-польскую мяжу наступілі толькі ў час перабудовы.

У канцы 1980-х гг. міжнароднае палітычнае асяроддзе вакол БССР уступіла ў паласу глыбокіх геапалітычных перамен. Спынілі існаванне аўтарытарна-бюракратычныя рэжымы краін Усходняй і Паўднёва-Усходняй Еўропы. Першая з пут камунізму вызвалілася суседняя Польшча. Распаліся Арганізацыя Варшаўскага Дагавору і Савет Эканамічнай Узаемадапамогі. Краіны рэгіёна рашуча пераарыентаваліся на Захад. Адбылося аб’яднанне Германіі. "Парыжская хартыя для новай Еўропы" абвясціла канец эры расколу Еўропы і пачатак эпохі супрацоўніцтва еўрапейскіх дзяржаў.

У перыяд узрушэнняў, дэзінтэграцыі і распаду ўступіў Савецкі Саюз. 8 снежня 1991 г. у Віскулях (тэрыторыя Белавежскай пушчы) кіраўнікі Беларусі, Расійскай Федэрацыі і Украіны абвясцілі аб спыненні існавання СССР як геапалітычнай рэальнасці і суб’екта міжнароднага права. Адначасова яны прынялі рашэнне аб утварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў як міждзяржаўнага аб’яднання новых незалежных дзяржаў, што паўсталі ў выніку распада СССР. Сімвалічна, што дакументы аб скасаванні СССР былі падпісаны на тэрыторыі Беларусі, самай прасавецка і прарасійска настроенай рэспублікі, якая меньш за астатнія саюзныя рэспублікі імкнулася да незалежнасці. Фактычна Белавежскія пагадненні з’яўляліся актам падтрымкі беларускай незалежнасці з боку прэзідэнтаў Расіі і Украіны. Ратыфікацыя Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь Белавежскіх і Алма-Ацінскіх пагадненнняў разам з дэнансацыяй Саюзнага дагавора 1922 г. дэ-юрэ азначала пачатак самастойнага, незалежнага існавання новай дзяржавы — Рэспублікі Беларусь.

З пункту гледжання знешнепалітычнай актыўнасці перыяд 1918—1991 гг. характарызуецца знешнепалітычнай і дыпламатычнай дзейнасцю дзвюх гістарычных форм беларускай дзяржаўнасці — БНР і БССР.

Беларуская Народная Рэспубліка з’явілася першай спробай адраджэння беларускай дзяржаўнасці ў XX ст. Яна нарадзілася ва ўмовах нямецкай акупацыі і непрызнання з боку Савецкай Расіі і Польшчы права беларускага народа на самавызначэнне. Пад уціскам неспрыяльных знешнепалітычных абставін, адсутнасці міжнароднай падтрымкі БНР не змагла аформіцца як суверэнная і незалежная дзяржава, і даволі хутка яе кіруючыя органы павінны былі эмігрыраваць з тэрыторыі Беларусі.

Разам з тым абвяшчэнне БНР і дзейнасць (як унутры краіны, так і за яе межамі) маюць вялікае гістарычнае значэнне. З прыняццем Трэцяй статутнай граматы да народаў Беларусі 25 сакавіка 1918 г. беларуская нацыянальная ідэя ўвасобілася ў акт стварэння новай незалежнай дзяржавы. Канстытуіраванне БНР адбывалася на ўсіх беларускіх этнічных землях у форме дэмакратычнай, парламенцкай рэспублікі. БНР, як першая беларуская дзяржава, заявіла свае законныя правы на беларускія землі, прадставіўшы дэтальнае іх апісанне Парыжскай мірнай канферэнцыі і Лізе Нацый. Дзякуючы дыпламатыі БНР "беларускае пытанне" было выведзена на міжнародную арэну, аднак яго вырашэння ў інтарэсах беларускай нацыі дасягнута не было. Знешняя палітыка і дыпламатыя БНР былі накіраваны на міжнароднае прызнанне рэспублікі, абарону яе суверэнных правоў, барацьбу за незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі. Найбольш актыўна яны ажыццяўляліся ў 1918—1925 гг., да самаліквідацыі ўрада БНР.

Адной з прычын унутранай слабасці БНР была адсутнасць адзінства поглядаў і дзеянняў у яе кіраўніцтве. Яно падзялялася паміж прыхільнікамі рознай знешнепалітычнай арыентацыі (на Расію, Польшчу, Германію, Літву), аслаблялася ўнутрыпалітычнымі і асабістымі (асабліва ў час эміграцыі) канфліктамі. Будаўніцтва незалежнай беларускай дзяржавы на ўласна нацыянальным грунце ва ўмовах слабасці нацыянальнай свядомасці насельніцтва, акупацыі розных частак яе тэрыторыі практычна ўсімі суседнімі дзяржавамі, адсутнасці міжнароднай падтрымкі не магло прынесці поспеху. Але абвешчаны сімвал беларускай дзяржаўнасці ў выглядзе БНР зрабіу сваю справу. Гэтага не маглі не улічваць бальшавікі, калі вярнуліся ў Мінск у снежні 1918 г.

Нягледзячы на тое, што БССР была абвешчана праз 8 месяцаў пасля абвяшчэння БНР, знешнепалітычныя фактары яе ўтварэння і міжнароднае асяроддзе ўжо былі іншымі. У стварэнні БССР была зацікаўлена самая моцная дзяржава рэгіёна — Савецкая Расія, якая стварыла БССР як дзяржаву-буфер, каб палітычна аддзяліць сябе ад небяспекі з Захаду. Знешнепалітычныя меркаванні мелі вырашальнае значэнне ў планах ленінскага ўрада па стварэнні Беларускай савецкай дзяржавы. Палітыка Савецкай Paciі ў "беларускім пытанні" з’яўлялася самым важным знешнепалітычным фактарам, які прадвызначаў дзяржаватворныя працэсы на тэрыторыі Беларусі.

Знешнепалітычная дзейнасць БССР падзялялася на тры этапы: 1) 1919—1923 гг.; 2) 1923—1944 гг.; 3) 1944—1991 гг.

Першы этап ахоплівае адрэзак часу ад абвяшчэння ССРБ 1 студзеня 1919 г. да стварэння СССР і абмежавання знешнепалітычных паўнамоцтваў рэспублікі ў ліпені 1923 г. У гэты час, асабліва ў 1921—1922 гг., адбыўся выхад Беларускай савецкай дзяржавы на міжнародную арэну. Але гэты выхад быў даволі сціплым і праяўляўся пераважна ва ўзаемаадносінах БССР з суседнімі дзяржавамі Усходняй Еўропы. Рэспубліка атрымала юрыдычнае прызнанне сваёй незалежнасці з боку РСФСР і іншых савецкіх рэспублік, а таксама Польшчы і Германіі. Адносіны дэ-факта падтрымліваліся з шэрагам еўрапейскіх краін. БССР прымала самы актыўны ўдзел у фарміраванні федэратыўных адносін з РСФСР і іншымі савецкімі рэспублікамі, складанні іх дыпламатычнага саюза, стварэнні Саюза ССР.

Знешнепалітычная дзейнасць БССР у 1919—1923 гг. адбывалася ў вельмі складаных міжнародных і ўнутраных умовах, кантэксце дзяржаваўтваральных працэсаў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, замежнай інтэрвенцыі і вострай палітычнай барацьбы па пытаннях нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва на тэрыторыі Беларусі. Створаная па волі і ў знешнепалітычных інтарэсах Савецкай Расіі, Савецкая Беларусь выступала ў рэгіянальнай палітыцы як праваднік знешнепалітычнай лініі Масквы.

Дыпламатычная служба БССР фарміравалася таксама пад вырашальным уплывам РСФСР і ў кантэксце складвання федэратыўных адносін паміж дзвюма рэспублікамі. У рамках дыпламатычнага саюза савецкіх рэспублік БССР дэлегавала сваі знешнепалітычныя паўнамоцтвы РСФСР. Але адначасова рэспубліка ажыццяўляла і пэўныя самастойныя акцыі ў адносінах з суседнімі дзяржавамі.

Другі этап знешнепалітычнай дзейнасці БССР ахоплівае адрэзак часу ад абмежавання знешнепалітычных паўнамоцтваў рэспублікі ў ліпені 1923 г. да прыняцця закона СССР аб аднаўленні знешнепалітычных паўнамоцтваў саюзных рэспублік у лютым 1944 г. У гэты больш чым 20-гадовы перыяд БССР, як і іншыя саюзныя рэспублікі, не ажыццяўляла знешнепалітычнай дзейнасці, не маючы на гэта ні канстытуцыйных паўнамоцтваў, ні адпаведных інструментаў у выглядзе знешнепалітычнага ведамства ці іншых органаў знешняй палітыкі. З уваходжаннем у склад СССР рэспублікі перадалі свае знешнепалітычныя паўнамоцтвы саюзным органам, у першую чаргу Наркамату замежных спраў СССР, што было замацавана ў Канстытуцыях СССР 1924 і 1936 гг. і Канстытуцыях БССР 1927 і 1937 гг.

Беларускае кіраўніцтва ў адрозненне ад украінскага не настойвала на захаванні свайго дыпламатычнага ведамства, як і ўвогуле знешнепалітычнай самастойнасці ў складзе СССР. З 1923 г. знешнепалітычная дзейнасць БССР хутка затухае і фактычна спыняецца. Створаны замест НКЗС БССР новы дзяржаўны інстытут, Упраўленне упаўнаважанага НКЗС СССР пры СНК БССР, меў значна больш вузкія правы і функцыі і рэальна дзейнічаў толькі да канца 1920-х гг.

У 1920-я гг. развіваліся замежныя эканамічныя і культурныя сувязі рэспублікі, але і яны значна аслабелі ў канцы дзесяцігоддзя. Суверэнітэт БССР набыў чыста фармальны і дэкларатыўны характар. З усталяваннем ваенна-бюракратычнай мадэлі сацыялізму ў СССР, умацаваннем унітарызму ў развіцці савецкай федэрацыі і нарастаннем пагрозы вайны рэспубліка пападае ў міжнародную ізаляцыю і самаізаляцыю. У геапалітычных пераменах і дыпламатычнай актыўнасці дзяржаў Усходняй Еўропы канца 1930-х гг. БССР адыгрывала ролю аб’екта іх знешняй палітыкі.

Трэці і апошні этап знешнепалітычнай дзейнасці БССР ахоплівае 1944—1991 гг., ад вяртання БССР знешнепалітычных паўнамоцтваў і яе абмежаванага выхаду на міжнародную арэну да распаду СССР і абвяшчэння незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

Гэты 47-гадовы адрэзак часу адметны тым, што ажыўленне і ўздым знешнепалітычнай дзейнасці БССР прыпадалі на пачатак гэтага этапа (1944 г.—канец 1940-х гг.) і на яго заканчэнне (другая палова 1980-х—пачатак 1990-х гг.). У пачатку гэтага этапа адбыўся другі выхад Беларусі на міжнародную арэну, аб чым сведчылі такія падзеі, як: аднаўленне дзейнасці рэспубліканскага НКЗС, падпісанне беларускім урадам двухбаковага пагаднення аб абмене насельніцтвам з Польшчай, удзел беларускай дэлегацыі ва Устаноўчай канферэнцыі Аб’яднаных Нацый у Сан-Францыска і падпісанне ёю Статута ААН, пачатак дзейнасці БССР у ААН, удзел беларускай дэлегацыі ў Парыжскай мірнай канферэнцыі і падпісанне БССР мірных дагавораў з былымі саюзнікамі фашысцкай Германіі, уступленне БССР у некаторыя спецыялізаваныя ўстановы ААН, атрыманне Беларуссю дапамогі з боку ЮНРРА, заява беларускага ўрада па германскаму пытанню. Але пачатак і абвастрэнне "халоднай вайны" не дазволіў Беларускай ССР нарошчваць і пашыраць сваю дыпламатычную актыўнасць. У канфрантацыі з Захадам савецкаму кіраўніцтву не патрэбна была дыпламатыя саюзных рэспублік.

Выхад Беларусі на міжнародную арэну ў сярэдзіне 1940-х гг. не ператварыўся ў актыўную знешнюю палітыку наступных дзесяцігоддзяў. Ён быў абмежаваны рамкамі ААН і некалькіх яе спецыялізаваных устаноў, а таксама трансгранічным супрацоўніцтвам з суседнімі дзяржавамі "сацыялістычнай садружнасці", перш за ўсё Польшчай. Беларусь, нягледзячы на свой ганаровы статус заснавальніцы ААН, не ўспрымалася ў свеце як незалежная і суверэнная дзяржава, а разглядалася як неад’емная частка савецкай звышцэнтралізаванай дзяржавы, якая толькі на паперы лічылася федэрацыяй. Знешнепалітычная дзейнасць (пра сапраўдную знешнюю палітыку рэспублік гаворкі ісці не магло) БССР не адпавядала нацыянальным інтарэсам Беларусі і яе народа. Гэтыя інтарэсы не маглі быць вызначаны і ўспрыняты камуністычнай наменклатурай у Мінску, якая адрознівалася найбольшай ступенню адданасці вялікадзяржаўным інтарэсам Крамля.

Пэўнае ажыўленне знешнепалітычнай дзейнасці БССР адбылося ў час перабудовы і новага палітычнага мыслення (другая палова 1980-х—пачатак 1990-х гг.). Гэта праявілася перш за ўсё ў актывізацыі замежных сувязей з Польшчай і іншымі дзяржавамі, развіцці знешнегандлёвых, культурных і гуманітарных кантактаў, пастаноўцы праблемы Чарнобыля на форуме нацый, развіцці міжпарламенцкіх сувязей і іншых новых момантах, якія асабліва былі бачны ў 1990—1991 гг.

У параўнанні з дыпламатычнай актыўнасцю БНР і БССР канца 1910-х—пачатку 1920-х гг. знешнепалітычная дзейнасць БССР у пасляваенныя дзезсяцігоддзі выглядала больш рэспектабельнай і выніковай, паколькі рэспубліка атрымала самастойнае членства ў ААН і некаторых іншых міжнародных міжурадавых арганізацыях. Але за ганаровым статусам заснавальніцы ААН хавалася незайздросная роля "дадатковага голасу" для дэлегацыі СССР.

Няпэўны палітыка-прававы статус БССР і УССР у складзе СССР даваў падставы заходнім вучоным у галіне міжнароднага права называць гэтыя дзве саюзныя рэспублікі — заснавальніцы ААН "дзяржавамі особнага роду", "паў- ці квазідзяржавамі". БССР у пасляваенныя дзесяцігоддзі не атрымала міжнародна-прававога прызнання як суверэнная і незалежная дзяржава. Яна не выступала на міжнароднай арэне як самастойны суб’ект міжнароднага права, еўрапейскай і сусветнай палітыкі. Рэспубліка не мела дыпламатычных адносін ні з адной дзяржавай свету, а яе прадстаўніцтвы пры міжнародных арганізацыях фактычна з’яўляліся філіяламі агульнасаюзных прадстаўніцтваў. Толькі дасягненне рэальнага суверэнітэту адкрывала перад Беларуссю перспектыву ўваходжання ў сусветную супольнасць дзяржаў і правядзення знешняй палітыкі ва ўласных нацыянальных інтарэсах.

Трэці перыяд у гісторыі знешняй палітыкі Беларусі азначанага часу пачынаецца абвяшчэннем незалежнасці Беларусі ў 1991 г. і працягваецца па сённяшні дзень. Ён вызначаецца станаўленнем знешняй палітыкі і дыпламатыі Рэспублікі Беларусь.

Пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусь выйшла на міжнародную арэну ў дзвюх якасцях: як новая незалежная дзяржава і як еўрапейская краіна, маючая глыбокія гістарычныя традыцыі дзяржаўнасці і знешняй палітыкі. Як спадкаемніца дзяржаў, што існавалі на тэрыторыі Беларусі, старажытнабеларускіх дзяржаў-княстваў, Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага, Беларускай Народнай Рэспублікі, Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, Рэспубліка Беларусь з’яўляецца гістарычным нашчадкам іх багатай знешнепалітычнай спадчыны і геапалітычных традыцый.

Сярод знешнепалітычных прыярытэтаў беларускай дзяржаўнасці, якія маюць асобнае значэнне для сучаснай беларускай дзяржавы, трэба выдзеліць наступныя: неабходнасць захавання суверэнітэту і незалежнасці Беларусі пры ўступленні ў федэратыўныя дзяржавы з іншаэтнічным дамінаваннем; улік гістарычнага вопыту знаходжання беларускага этнасу і беларускай дзяржавы ў федэратыўных і імперскіх дзяржавах з іншаэтнічным дамінаваннем (Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі, Савецкага Саюза); забеспячэнне непадзельнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці беларускай дзяржавы; улік фактару поліэтнічнасці і поліканфесійнасці народа Беларусі ў планаванні і правядзенні знешняй палітыкі дзяржавы; геапалітычная важнасць сбалансаванага і раўназначнага развіцця двух вектараў беларускай знешняй палітыкі — ўсходняга і заходняга.

Больш чым 10-гадовы вопыт самастойнага існавання суверэннай Беларусі паказвае, што Рэспубліка Беларусь у значнай ступені здзейснілася як еўрапейская дзяржава з уласнымі геапалітычнымі традыцыямі, нацыянальнымі інтарэсамі і знешнепалітычнымі прыярытэтамі. Яна значна прадвінулася па шляху ўмацавання незалежнасці і даказала здольнасць беларускай нацыі і дзяржаўных структур да самастойнага існавання. Адбылося міжнароднае прызнанне Рэспублікі Беларусь, пашыраны яе ўдзел у міжнародных арганізацыях і сістэме сусветных гаспадарчых сувязей. Паслядоўная палітыка беларускай дзяржавы ў галіне ядзернага раззбраення атрымала падтрымку з боку вялікіх дзяржаў і міжнароднай грамадскасці. Упершыню ў гісторыі краіна, якая валодала ядзернай зброяй, добраахвотна і без папярэдніх умоў адмовілася ад статуса ядзернай дзяржавы. Склаліся дружалюбныя адносіны з суседнімі дзяржавамі.

Разам з тым трэба прызнаць, што міжнароднае становішча Рэспублікі Беларусь у другой палове 1990-х гг. пагоршылася. Гэтая тэндэнцыя захавалася і ў пачатку ХХІ ст. Несбалансаванасць усходняга і заходняга вектараў беларускай знешняй палітыкі істотна ўплывала на аслабленне міжнародных пазіцый дзяржавы. Патэнцыял супрацоўніцтва з дзяржавамі Захаду і еўрапейскімі міжнароднымі арганізацыямі аказаўся нерэалізаваным. Сур’ёзны выклік суверэнітэту і незалежнасці маладой беларускай дзяржавы прадстаўляла палітыка, накіраваная на аб’яднанне з Расійскай Федэрацыяй і стварэнне адзінай дзяржавы.

Праблемы і цяжкасці на шляху посткамуністычнай трансфармацыі сведчаць аб тым, што перыяд станаўлення Рэспублікі Беларусь як незалежнай і дэмакратычнай дзяржавы яшчэ не завяршыўся.

Гісторыя беларускай дзяржаўнасці дзвюх апошніх стагоддзяў уяўляе сабой гістарычную парадыгму развіцця ад бездзяржаўнасці (у складзе Расійскай імперыі) праз паў- ці квазідзяржаўныя формы існавання (БНР і БССР) да набыцця класічных рыс незалежнай і суверэннай дзяржавы (Рэспубліка Беларусь). Адпаведным чынам ішоў гістарычны працэс станаўлення беларускай знешняй палітыкі і эвалюцыі геапалітычнага і міжнароднага становішча Беларусі. Ад адсутнасці беларускай знешняй палітыкі і "беларускага пытання" як міжнароднай праблемы (у складзе Расійскай імперыі) праз непаўнацэнную знешнепалітычную дзейнасць ці "протадыпламатыю" БНР і БССР і з’яўленне "беларускага пытання" як рэгіянальнай усходнееўрапейскай праблемы (пасля Першай сусветнай вайны) да станаўлення знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь і ўзнікнення "беларускага пытання" як праблемы вяртання Беларусі ў дэмакратычную супольнасць еўрапейскіх дзяржаў.

Гісторыя змагання за беларускую дзяржаўнасць у ХІХ—ХХ стст. дае падставы для гістарычнага аптымізму, што набыццё Беларуссю незалежнасці ў канцы ХХ ст. стане неабарачальным працэсам, а беларуская знешняя палітыка будзе канструктыўным фактарам міжнародных адносін у Еўропе і за яе межамі.


Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter

Сообщество

  • (029) 3222740
  • Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
© 2022 Международное общественное объединение «Развитие». All Rights Reserved.